Новае поле бітвы. Расійскі культурны ўплыў у “блізкім замежжы”: украінскі варыянт

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Новае поле бітвы. Расійскі культурны ўплыў у “блізкім замежжы”: украінскі варыянт. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Мікола Рабчук

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №25 2001 ГОД


Культура, як мяркуюць спецыялісты, можа быць і часта з’яўляецца дзейснай прыладай як псіхалагічнага панявольвання адных нацый другімі, так і палітычнага дамінавання адных нацый над другімі. Незалежна ад таго, ці з’яўляліся савецкія рэспублікі палітычнымі і эканамічнымі калоніямі Расіі, у культурным сэнсе яны, безумоўна, уяўлялі сабой ніжэйшыя, маргінальныя часткі імперскай культуры, чыя цэнтральная, вышэйшая частка стваралася ў Расіі, дакладней у Маскве, і грунтавалася на расійскай мове, гісторыі, нацыянальных сімвалах і міфах. Усім сваім яўным зместам і прыхаваным ідэалагічным пасланнем гэтая культура свядома праводзіла ці несвядома падтрымлівала каланіяльную палітыку імперскага цэнтру. Яна цалкам адпавядала агульнай мадэлі, апісанай даследчыкамі каланіялізму: “Культурныя феномены (творы мастацтва, культурныя інстытуцыі, працэсы ў культурным жыцці грамадства) могуць разглядацца як каланіяльныя, калі яны ўдзельнічаюць ва ўзмацненні ці развіцці імперскай магутнасці — праз змяншэнне прэстыжу, звужэнне сферы функцыянавання, абмежаванне праяваў альбо нават знішчэнне ўсяго таго, што з’яўляецца мясцовым, аўтахтонным. Адным словам, каланіяльнае — гэта тое, што ўсяляк падкрэслівае каштоўнасць, сусветнае значэнне, сучаснасць, неабходнасць і натуральнасць усяго, што належыць да метраполіі і да цэнтру”1.

Не дзіўна, што “ўніверсальны”, “вышэйшы” характар расійскай культуры і мовы быў прызнаны не толькі самімі расійцамі, але і мноствам прадстаўнікоў іншых савецкіх народаў. Фактычна толькі ў прыбалтаў і заходніх украінцаў з іхняй паўрэальнай, паўміфічнай прыналежнасцю да культурна “вышэйшага” Захаду не выпрацаваўся комплекс непаўнавартасці, які навязваўся дамінантнай культурай. Толькі ў гэтых рэгіёнах зацята трымаліся сваёй духоўнай повязі з “сапраўдным” культурным цэнтрам, лакалізаваным недзе ў Еўропе, а не ў Маскве.

Пасля развалу СССР расійская культура захавала свае моцныя пазіцыі ў былых савецкіх рэспубліках дзякуючы наступнаму шэрагу прычынаў.

(1) Па-першае, яна па-ранейшаму мае высокі міжнародны аўтарытэт і несумненныя дасягненні. Падабаецца гэта камусьці ці не, расійская культура ўваходзіць у “першую дзесятку” ці нават “першую пяцёрку” культураў апошніх двух стагоддзяў.

(2) Па-другое, моваю расійскай культуры з’яўляецца расійская, якая застаецца адной з “мiжнародных” моваў і дагэтуль з’яўляецца важнай рэгіянальнай мовай, lingua franca для ўсіх постсавецкіх рэспублік і многіх посткамуністычных краінаў.

(3) Па-трэцяе, расійская культура — гэта культура краіны з адносна магутным эканамічным, палітычным і ваенным патэнцыялам; расійская культурная прысутнасць у постсавецкіх рэспубліках не толькі сама спрыяе ра­сійскаму палітычнаму і эканамічнаму ўплыву на іх, але і адпаведная эканамічная, палітычная і дэмаграфічная моц спрыяе расійскай культурнай прысутнасці.

(4) І апошняе, але таксама важнае. Расійская культура атрымала ў спа­дчыну большасць культурных структураў і інстытуцыяў, матэрыяльных і людскіх рэсурсаў былой імперыі — не толькі галоўныя музеі і бібліятэкі, найлепшыя ўніверсітэты і даследчыя інстытуты, тэле- і кінастудыі, выдавецтвы і рэдакцыі найбуйнейшых перыядычных выданняў, але таксама і найлепшых прафесіяналаў у розных галінах культуры, якія ў пошуках кар’ернага росту сцякаліся ў імперскі цэнтр з усяго Савецкага Саюзу.

У выніку расійскай дзяржаве не спатрэбілася высілкаў, каб захаваць канкурэнтаздольнасць і ўплыў расійскай культуры фактычна ва ўсіх постсавецкіх рэспубліках. Незалежна ад таго, наколькі гэты ўплыў спрыяльны для Расіі, культурныя і палітычныя эліты “новых незалежных дзяржаваў” гля­дзяць на яго не без падазронасці як на гэткі сумнеўны дарунак лёсу і сур’­ёзную пагрозу сваім уласным праектам будавання дзяржаваў і нацыяў. Такое ўспрыманне можа значна розніцца ад краіны да краіны, але пэўныя агульныя тэндэнцыі можна прасачыць паўсюль.

У цэнтры ўвагі гэтага эсэ — украінскі варыянт расійскага культурнага ўплыву. Ён найбольш цікавы, складаны і, магчыма, важны ў перспектыве далейшага (геа)палітычнага развіцця постсавецкай прасторы. Праблема, якую я буду аналізаваць з дапамогаю апарату посткаланіяльных даследаванняў, — гэта дваістасць сітуацыі, спароджанай у выніку культурнага ўплыву Расіі на Ўкраіну, і наступствы гэткай культурнай дваістасці ў будучыні.

Раглядаючы гэтую праблему, я буду, па-першае, аналізаваць ацэнкі культурнай сітуацыі расійскімі палітыкамі, СМІ і актывістамі арганізацый, што гуртуюць расійскамоўных Украіны; па-другое, бачанне сітуацыі ўкраінскімі культурнымі і палітычнымі элітамі; па-трэцяе, тое, як гэтая сітуацыя выглядае на самой справе і ў чым заключаецца яе двухсэнсоўнасць; і чацвёртае, як можна мінімізаваць цяперашнія культурныя і моўныя супярэчнасці (калі гэта ўвогуле можна зрабіць), і якія могуць быць лепшы і горшы сцэнары развіцця падзеяў у рэгіёне.

Украіна як “нацыяналізуючая дзяржава”?2

Паводле савецкага перапісу 1989 году, этнічныя ўкраінцы складалі 73 % украінскага насельніцтва, у той час як этнічныя расійцы — 22 %, то бок апошнія прадстаўляюць досыць вялікую па колькасці нацыянальную меншасць, хаця і не такую шматлікую, як у Латвіі, Эстоніі ці Казахстане. Нават калі ўлічыць, што некаторыя этнічныя ўкраінцы (9 % ад усяго насельніцтва) абвясцілі расійскую сваёй “роднай мовай”, расійскамоўныя ва Ўкраіне ўсё адно колькасна нашмат саступаюць украінскамоўным. У такой сітуацыі пазіцыі ўкраінскіх “нацыяналістаў” выглядаюць дастаткова моцнымі, каб яны маглі правесці “палітыку нацыяналізацыі” і навязаць сваю мову і культуру расійскай/расійскамоўнай меншасці. У 1989 годзе яны правялі праз Вярхоўны Савет Украіны нібыта “нацыяналістычны” Закон аб мове, у 1991 годзе яны сабралі 90 % галасоў у падтрымку незалежнасці Ўкраіны, у 1996 годзе пад іх ціскам парламент у новай Канстытуцыі абвясціў украінскую мову адзі­най дзяржаўнай, а ў 1999 годзе яны прымусілі расійскамоўнага прэзідэнта Кучму прызначыць двух “нацыяналістычных” (украінскамоўных) міністраў на пасады міністраў культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны.

У той самы час доля вучняў, якія навучаюцца на ўкраінскай мове, узрасла з 48 % ў 1990/91 навучальным годзе да 63 % у 1997/98-м; доля студэнтаў, якія навучаюцца на ўкраінскай мове ў вышэйшых навучальных установах, узрасла з 37 % у 1992/93-м да 51 % у 1995/96-м3. Паводле іншых крыніцаў, доля ўкраін­скамоўных школаў узрасла з мізэрных 16 % у 1987 годзе да паважных 75 % у 1998/99-м, доля педагагічных інстытутаў з выкладаннем на ўкраінскай мове дасягнула 66 %, а доля падручнікаў на ўкраінскай мове таксама паднялася да 70 % у 1998-м4. Бясспрэчна таксама, што пэўныя, няхай і фармальныя, і павярхоўныя захады былі зробленыя дзеля ўкаранення ўкраінскай мовы ў былым савецкім, а цяпер украінскім войску, міліцыі, дзяржаўным апараце.

З 1992 году расійская мова ўжо больш не з’яўляецца абавязковым прадметам у школах Украіны, а расійская літаратура ўключаная ў новы, больш агульны курс сусветнай літаратуры. Мясцовыя ўлады і дырэктар школы цяпер самі вырашаюць, пакінуць расійскую мову як прадмет, замяніць яе якой-небудзь іншай замежнай мовай ці проста выкрасліць з раскладу. У выніку амаль 40 % украінскіх школьнікаў увогуле не вывучаюць расійскай мовы5. Гэты факт відавочна раздражняе расійскіх актывістаў, хоць такая завядзёнка не датычыць расійскамоўных школаў і не пашыраецца нават на ўкраінскія школы ў русіфікаваных рэгіёнах.

14 снежня 1999 году Канстытуцыйны Суд Украіны пацвердзіў, што, згодна з артыкулам 6 Канстытуцыі Ўкраіны, украінская мова абавязковая для вывучэння ва ўсіх дзяржаўных асветных установах і з’яўляецца “афіцыйным сродкам камунікацыі ў працэсе выканання сваіх паўнамоцтваў органамі дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання, а таксама ў іншых сферах грамадскага жыцця”6. Грунтуючыся на гэтым рашэнні, у лютым 2000 году ўкраінскі ўрад падрыхтаваў праект пастановы “Аб дадатковых мерах па пашырэнні функцыянавання ўкраінскай мовы як дзяржаўнай”. Сярод іншага, праект прадугледжваў здачу дзяржаўнымі службоўцамі атэстацыйных тэстаў на веданне ўкраінскай мовы. (Аднак прайшоў год, а ў лютым 2001 году ні праект не набыў сілу закону, ні тэстаў нідзе не было запланавана.)

У верасні 2000 году ўкраінскі парламент ухваліў (у першым чытанні) прэзідэнцкі праект закону аб адмене падаткаабкладання ўкраінскамоўных выданняў. У лістападзе прэзідэнт выдаў дэкрэт аб фінансавай падтрымцы ўкраін­­скамоўнага кнігавыдання7. Урад жа апублікаваў спіс 106 украінскіх перыядычных выданняў, пераважна культурнае і адукацыйнае скіраванасці, якія мелі права на скідкі пры дастаўцы падпісчыкам8. Усе гэтыя захады, аднак, можна разглядаць як нешта накшталт праяў “пазітыўнай дыскрымінацыі”, якія расійскамоўную друкаваную прадукцыю і перыядычныя выданні напрамую не закранаюць.

Больш сур’ёзны ўдар па расійскіх СМІ быў нанесены Камітэтам па інфармацыйнай палітыцы Ўкраіны (урадавая структура) і Нацыянальнай радай па тэлебачанні і радыёвяшчанні (супольная прэзідэнцка-парламенцкая структура па назіранні за СМІ). 4 кастрычніка 2000 году Камітэт папярэдзіў маскоўскія газеты, зарэгістраваныя ва Ўкраіне як “украінскія”, што яны павінны на працягу месяца прывесці свой змест у адпаведнасць з запісамі ў па­сведчаннях аб рэгістрацыі, дзе ўсе яны абавязваліся публікаваць матэрыялы на ўкраінскія тэмы і хаця б часткова на ўкраінскай мове, а таксама адкрыць прадстаўніцтвы на тэрыторыі Ўкраіны. Менш чым праз тыдзень, 10 кастрычніка, Рада папярэдзіла ўкраінскія тэле- і радыёстанцыі, што яны павінны мець ліцэнзіі на рэтрансляцыю маскоўскіх праграмаў. Указвалася, што гэтыя ліцэнзіі могуць быць скасаваныя, калі прынамсі 50 % праграмаў не будзе ісці па-ўкраінску9. (Украінскае заканадаўства прадугледжвала гэтую норму даўно, але раней яе дакладнае выкананне нікога асабліва не турбавала.) Апроч таго, украінскія ўлады таксама выказалі незадаволенасць сітуацыяй на рэкламным рынку: украінскія і замежныя кампаніі, якія дзейнічаюць ува Ўкраіне, ахвотней змяшчаюць сваю рэкламу ў расійскіх газетах, што распаўсюджваюцца таксама ва Ўкраіне, і тэлепраграмах, якія ідуць таксама ва Ўкраіне, а не ва ўкраінскіх газетах і на ўкраінскіх тэлеканалах, бо тым самым яны трапляюць адначасова і на ўкраінскі, і на расійскі рынкі. З-за гэтага ўкраінскі бок церпіць матэрыяльныя страты.

Дзіва што ўсе гэтыя захады і нават проста размовы пра іх раздражняюць расійскіх нацыяналістаў, выклікаюць дыпламатычную рэакцыю Масквы, палохаюць шматлікіх украінскіх русафонаў перспектывай “гвалтоўнай украінізацыі”. У СМІ можна пачуць пра “антырасійскую істэрыю”, “свяшчэнную вайну супраць расійскай прэсы” і нават пра “газетны генацыд” ва Ўкраіне10. Палітыкі ў Маскве перыядычна выказваюць глыбокую занепакоенасць “істотным зніжэннем выкарыстання расійскай мовы ў галіне культуры і CMI”11, “нарастаючай хваляй антырасійскай дыскрымінацыі”12 і “не совсем доброжелательными” спробамі некаторых украінскіх чыноўнікаў “выціснуць” расійскую мову з украінскіх СМІ, “дэрусіфікаваць” усе сферы грамадскага жыцця ва Ўкраіне” і “пашкодзіць станоўчым тэндэнцыям” у расійска-ўкраінскіх адносінах13.

Большасць людзей у Расіі і за яе межамі, апрыёрна давяраючы інфармацыі такога кшталту, наўрад ці ўяўляюць сабе, што існуе і цалкам іншы — прычым не менш абгрунтаваны — погляд на гэтую сітуацыю.

“Украіна без украінцаў”?14

Па іншы бок ідэалагічных барыкадаў украінскія актывісты імкнуцца прадставіць незалежную Ўкраіну “крэольскай дзяржавай”, у якой дамінуе “белая” расійскамоўная меншасць, што паспяхова маргіналізавала “чорную” ўкраінскамоўную большасць, падкупіла значную частку ўкраінскамоўнай эліты і легітымізавала сваё панаванне, часткова прысвоіўшы і толькі на словах шануючы ўкраінскія гістарычныя сімвалы, герояў з украінскага пантэону, ідэі і гістарычныя падзеі.

“Дзяржава называецца ўкраінскай, — скардзіцца ўкраінскі публіцыст, — але нічога ў ёй не змянілася, акрамя фразеалогіі... Дзяржаўная ўлада, кіраўнікі дзяржавы тыя самыя. Увогуле, украінская мова і культура заўсёды былі чужымі для савецкай наменклатуры, якая ўсё яшчэ кіруе краінай... Недахоп нацыянальнай волі на вярхах дае карт-бланш колькасна дамінуючай украінафобскай бюракратыі, якая ўсё яшчэ жыве старымі стэрэатыпамі нецярпімасці... Моўная сітуацыя ва Ўкраіне — адбітак сацыяльнай. Украінцы ва Ўкраіне заўжды былі прыгнечанай групай і цяпер застаюцца такімі”15.

Нават да радыкальных, на першы погляд, захадаў новых міністраў, накіраваных на абарону і адраджэнне ўкраінскай мовы і культуры, якія былі зробленыя ў 2000 годзе, шмат хто з украінафілаў ставіцца з падазрэннем як да чыста бюракратычнай гульні16.

Ізноў жа, незадаволенасць украінскіх нацыяналістаў грунтуецца на фактах і лічбах. Напрыклад, у 1999 годзе тэлевяшчанне ва Ўкраіне вялося на ўкраінскай мове толькі 18 % ад агульнага яго часу. Доля ўкраінскамоўных газет у агульным накладзе паменшылася з 68 % у 1990 годзе да 39,6 % у 1998 годзе. За той самы час доля ўкраінскамоўных часопісаў паменшылася з 90,4 % да 11,5 %. Больш за тое, хоць колькасць кніг, выдадзеных ва Ўкраіне па-ўкраінску, знізілася толькі недзе з 55,8 % у 1990 годзе да 54,5 % у 1998 годзе, колькасць асобнікаў украінскамоўных кніг у агульным аб’ёме прада­дзеных ва Ўкраіне (за выключэнем школьных падручнікаў) упала вельмі адчувальна — аж да 10 % украінскага кніжнага рынку17.

Гэта значыць, што кніг на расійскай мове абарачаецца прыблізна ў дзесяць разоў больш, чым кніг на ўкраінскай. Звычайна наклад апошніх не перавышае 2000 аcoбнікаў — мізэрная лічба для краіны з насельніцтвам 50 мільёнаў чалавек. У dе facto двухмоўнай краіне, дзе большасць грамадзянаў чытае і па-ўкраінску, і па-расійску, людзі будуць, безумоўна, выбіраць кнігу таннейшую, асабліва калі яна выдадзеная на традыцыйна больш прэстыжнай, “белай”, а не “чорнай” мове. На цяперашні час расійскамоўныя кнігі, лічы, удвая таннейшыя за ўкраінскія: па-першае, дзякуючы больш шырокаму рынку і вышэйшым абаротам; па-другое, дзякуючы мяккай падатковай палітыцы ў Расіі. Не абкладаецца падаткамі толькі продаж украінскамоўных кніг, тым часам з кошту паперы, выдаткаў на друк, перавозкі і іншых па­слуг плаціць ПДВ неабходна, і ўсё гэта кладзецца на плечы выдаўцоў. Ужо толькі з-за гэтага ўкраінскамоўныя кнігі абыходзяцца на 36 % даражэй за расійскамоўныя18 (калі лічыць, што кошт іх друку прыкладна аднолькавы — хаця ў большасці выпадкаў гэта не так).

Згодна з апошнімі (2000 году) звесткамі, пяць буйных маскоўскіх газет — “Известия”, “Труд”, “Комсомольская правда”, “Аргументы и факты” і “Мо­с­ковский комсомолец” (іх тыражы пададзеныя ў табліцы) — выходзяць ва Ўкраіне большымі накладамі, чым большасць украінскіх газет (найбуйнейшая з якіх, дарэчы, — “Факты и комментарии” — выходзіць толькі па-расійску, а з сямі астатніх тры выходзяць па-ўкраінску, а чатыры маюць асобную расійскую і ўкраінскую версію)19:



газета тыраж, тыс. экз. мова

“Факты и комментарии” 1019 Р

“Сільскi вісті” 474 У

“Известия-Украина” 272 Р

“Труд” (Украина) 185 Р

“Голос Україны” 179 У & Р

“Комсомольская правда на Украине” 130 Р

“Урядовий Кур’єр” 121 У

“Аргументы и факты на Украине” 110 Р

“Киевские ведомости” 110 Р(штодзённік) & У(тыднёвы дайджэст)

“Україна молода“ 107 У

“Московский комсомолец на Украине” 100 Р

“Робiтнича газета” 96 У & Р

“День” 62 У & Р

“Нас накрыла хваля расійскай культуры”, — з сумам адзначыў Iван Драч, вядомы ўкраінскі паэт і лідэр украінскіх нацыяналістаў, які ўзначальваў у мінулым годзе Дзяржаўны камітэт па інфармацыйнай палітыцы. “Мы ўсвядомілі, што расійская культура пранікае ўсюды. Расійская культура і мова захлёстваюць нас сёння больш нават, чым за савецкім часам”20.

Усё гэта вымушае ўкраінскіх інтэлектуалаў сумнявацца ў будучыні сваёй мовы і культуры: “Немагчыма ўявіць Украіну культурна і палітычна незалежнай (у сапраўдным сэнсе гэтага слова) на доўгі час, нават у самых спрыяльных умовах. На доўгі час, калі не навечна, украінскамоўныя ўкраінцы застануцца сацыяльнай і культурнай меншасцю ва Ўкраінскай дзяржаве. Украінская мова і культура безумоўна застануцца, але выключна як каштоўнасныя атрыбуты меншасці”21.

Дваістасці дысфункцыянальнай дзяржавы

Рэзкую розніцу паміж украінскім і расійскім поглядамі на тую самую сітуацыю з мовай і культурай цяжка патлумачыць проста перадузятасцю адных і другіх. Безумоўна, на поглядзе ўкраінцаў адбіваецца тое горкае расчараванне Ўкраінай, якую яны атрымалі, замест той Украіны, пра якую яны марылі. Безумоўна, на погляд расійцаў моцна ўплывае іхняя звычка быць у СССР нашмат больш “роўнымі”, чым іншыя, і цяпер кожная страта былых прывілеяў успрымаецца імі як “дыскрымінацыя”. І, безумоўна, як украінскі, так і расійскі погляды вызначаюцца “чаканнем найгоршага”: як украінскія, так і расійскія актывісты гучна крычаць пра магчымыя праблемы “загадзя”, каб прыцягнуць увагу да патэнцыйнай небяспекі, перш чым яна паўстане. Сапраўдныя мэты малявання ўкраінскага ўраду прынцыпова антырасійскім ці прынцыпова антыўкраінскім — мабілізацыя прыхільнікаў, уплыў на грамадскую думку ў краіне і за яе межамі і ўрэшце, што таксама важна, шантаж ураду з мэтай аслабіць ягоныя пазіцыі і падштурхнуць яго да задавальнення пэўных патрабаванняў.

Аднак усе гэтыя сумнеўныя гульні наўрад ці былі б магчымыя, калі б уся ўкраінская рэчаіснасць не забяспечвала гульцоў неабходным полем для дзейнасці. Здаецца, дваістасць робіцца галоўнай рысай украінскага жыцця, з 1991 году пачынаючы. Яна паходзіць ад агульнай непаслядоўнасці і павярхоўнасці ўкраінскай “няскончанай рэвалюцыі”, якая фактычна азначала кампраміс паміж кіруючымі “прамаскоўскімі” камуністамі і апазіцыяй антымаскоўскіх “нацыянал-дэмакратаў”. Гэтая дзіўная каліцыя, ці, дакладней, сімбіёз, усебакова абумовіла дваісты характар палітычнай і эканамічнай сістэмы сучаснай Украіны, якая не з’яўляецца ні таталітарнай, ні дэмакратычнай, ні “камуністычнай”, ні “капіталістычнай”, ні “еўрапейскай”, ні “савецкай”.

Культурная дваістасць сучаснай Украіны — вынік узаемадзеяння мноства фактараў, якія абумовілі супрацьлеглыя, несумяшчальныя вектары развіцця: да далейшай русіфікацыі/саветызацыі (беларускі сцэнар) ці да ўкраінізацыі/дэсаветызацыі (балтыйскі сцэнар).

Першы вектар абумоўлены як сілаю інерцыі старой каланіяльнай спадчыны, так і дынамічнымі сіламі сучаснай канкурэнтнай сістэмы вольнага рынку. Супрацьлеглы вектар утвораны традыцыйным “стыхійным” патрыятызмам мясцовага насельніцтва і сучасным нацыяналізмам украінскай нацыяналістычнай інтэлігенцыі, таксама як і інстытуцыйным нацыяналізмам (то бок этатызмам) кіруючай эліты. Апошняя, аднак, вельмі сумнеўны саюзнік украінафілам, бо прадстаўляе не толькі “нацыяналізуючыя” інтарэсы незалежнай дзяржавы, але таксама, па вялікім рахунку, інерцыйныя сілы каланіяльнай спадчыны.

(a) Спадчына каланіялізму

Каланіяльная спадчына, якая значна затрымлівае развіццё сучаснай Украіны, была трапна ахарактарызаваная амерыканскім антраполагам Аксанай Грабовіч, якая сцвердзіла, што стагоддзі каланіяльнага прыгнёту прыводзілі да пачварнага ўплыву як на каланізатараў, так і на каланізаваных22. Першыя паступова выпрацавалі пагардлівае стаўленне да “непаўнавартай” тубыльскай культуры. А апошнія глыбока інтэрыярызавалі такое да сябе стаўленне, у іх выпрацаваўся комплекс непаўнавартасці, яны ўспрынялі стэрэатыпны, “арыентальны” погляд на сябе, навязаны каланізатарамі.

Ва Ўкраіне, аднак, адрозненне між дзвюма групамі, што супернічаюць, галоўным чынам культурнае і моўнае, не расавае. Такім чынам, праблема сацыяльнай непаўнавартасці тубыльскіх калхозных рабоў вырашаецца (ці прынамсі змякчаецца) спосабам, які цяжка ўявіць у Афрыцы ці Амерыцы: пераходам у лік белых; іншымі словамі, праз адмаўленне ад “ніжэйшай” украінскай мовы і прыняцце “вышэйшай” расійскай.

Часцей за ўсё пярэваратні-тубыльцы саромеюццца свайго тутэйшага паходжання (то бок бацькоў, якія гавораць на ўкраінскай мове) і нават выяўляюць менш за этнічных расійцаў інтарэсу да ўкраінскай культуры, якую яны лічаць непаўнавартай — нягледзячы на факт, што ўкраінская культура ХХ стагоддзя і, у прыватнасці, апошняга дзесяцігоддзя мае вельмі значныя су­светна прызнаныя дасягненні23. Хаця ўкраінскамоўныя грамадзяне Ўкраіны складаюць прынамсі палову насельніцтва Ўкраіны, гэта перадусім насельнікі правінцыі — традыцыйна палітычна, культурна, сацыяльна і эканамічна адсталых вёсак і мястэчкаў. Яны ўсе сапраўды, як сказаў бы Франц Фэнан, жывуць у “ніжэйшым свеце, населеным ніжэйшымі людзьмі”.

Паводле апошняга савецкага перапісу, толькі 8 % украінцаў ва Ўкраінскай ССР мелі вышэйшую адукацыю, у той час як як доля людзей з вышэйшай адукацыяй сярод расійцаў Украіны, якія пражывалі пераважна ў гарадах, была ўдвая вышэйшай (16 %)24. І яшчэ больш яскравы факт: вельмі мала хто з этнічных украінцаў, перабраўшыся ў горад і атрымаўшы вышэйшую адукацыю, застаўся ўкраінскамоўным. Ад “матчынай мовы” іх адахвочвалі і адукацыя, і гарадское атачэнне, і палітычны клімат. Толькі палова этнічных украінцаў з вышэйшай адукацыяй, пераважна жыхары правінцыі, назвалі тады ўкраінскую мову сваёй асноўнай мовай зносінаў25.

Усе гэтыя фактары разам узятыя значна стрымліваюць здольнасць укра­ін­скай культуры ўплываць на грамадства і спрыяць усеaгульнай “украінізацыі”.

(b) Пагрозы капіталізму

Другая, параўнальна новая група фактараў, праз якую ўкраінская культура робіцца ва Ўкраіне няздольнай да канкурэнцыі ў барацьбе з метраполіяй, выкліканая прыходам дзікага “алігархічнага” капіталізму і знікненнем сацыяльнай дзяржавы сацыялістычнага тыпу з яе гуманітарнымі інстытуцыямі. Нягледзячы на той відавочны факт, што расійскі і ўкраінскі віды “паразітычнага” капіталізму шмат у чым падобныя, на культурную сферу дзвюх краінаў яны ўздзейнічаюць па-рознаму.

У Расіі непазбежнае змяншэнне дзяржаўнай падтрымкі нацыянальнай культуры збольшага кампенсавалася хуткім развіццём вольнага рынку, у выніку чаго расквітнелі такія папулярныя жанры, як поп-музыка і відэа, тэлешоў і фільмы, жоўтыя газеты і часопісы, вострасюжэтныя трылеры і камп’ютэрныя гульні, не кажучы ўжо пра пірацкія пераклады, перадрукоўкі і рэпрадукаванне. Безумоўна, некаторыя сферы нацыянальнай культуры ў Расіі заняпалі амаль у гэткай жа ступені, як і ва Ўкраіне, — вясковыя бібліятэкі, напрыклад, правінцыйныя тэатры і музеі і г.д. Але ва Ўкраіне бяспрыкладны заняпад дзяржаўных культурных інстытуцыяў ніяк не кампенсаваўся развіццём самадастатковай, арыентаванай на рынак масавай культуры. Пад цяжарам каланіяльнай спадчыны, апісанай у папярэднім падраздзеле, украінскі рынак стаўся толькі правінцыйнай часткай вялікага расійскага рынку — тае самае па сутнасці прадукцыі (мас)культуры, што для Кіева, што для Масквы. Па іроніі лёсу культуру пазбавілі дзяржаўнай апекі акурат тады, калі яна была канечне патрэбная, каб загаіць раны, нанесеныя каланіялізмам, і адрадзіць дзесяцігоддзямі ўцісканыя культуру і мову.

Паводле звестак супрацоўнікаў украінскага Інстытуту эканамічных і палі­тычных даследаванняў, агульны тыраж украінскіх перыядычных выданняў знізіўся з 4,608 мільёна асобнікаў у 1985 годзе да 3,024 мільёна ў 1999 годзе. Гэта значыць, што сярэдні ўкраінец атрымлівае каля 60 асобнікаў перыядычных выданняў у год, тады як у развітых краінах сярэдняя лічба складае каля 300 аcoбнікаў на чалавека ў год. Амаль дзве траціны ўкраінцаў (62,4%) не выпісваюць ніводнае газэты26.

За гэты ж прамежак часу колькасць кніг, выдаваных ва Ўкраіне, знізілася амаль на 2000 назваў у год; іх агульны выдавецкі тыраж паменшыўся больш чым у сем разоў — са 160 мільёнаў асобнікаў у 1985 годзе да 20 мільёнаў у 1999-м. Сёння ва Ўкраіне выдаецца менш за паўкнігі (0,4) на душу насельніцтва ў год (у Расіі — 3,2 кнігі, у Польшчы — 9,5, у Нямеччыне — 12). Вось дык унікальны паказчык для краіны з надзвычай высокім узроўнем пісьменнасці насельніцтва. Амаль палова ўкраінцаў (49,8 %) летась не набыла ніводнай кнігі, калі не лічыць падручнікаў.

Агульная колькасць кніг ва ўкраінскіх бібліятэках за гэты час паменшылася на 72,2 мільёна асобнікаў (на 17 %); больш за 5000 бібліятэк, пераважна на вёсцы (населенай украінскамоўнымі), былі зачыненыя.

З 1991 па 1999 гады лічба працуючых кінатэатраў зменшылася ў тры разы — амаль да 7800, а агульная колькасць гледачоў зменшылася проста катастрафічна — з 552 мільёнаў да менш чым 5 мільёнаў у год. Украіна выпусціла ў 2000 годзе нейкія чатыры фільмы супраць 136 фільмаў у 1991 годзе (трэба адзначыць, што большасць з іх тады была на расійскай мове).

Даход украінскіх тэлекампаній ад рэкламы складае толькі 35 мільёнаў долараў у год. Гэта ў 10 разоў менш, чым у польскіх ці расійскіх.

Фактычна, капіталізм ва ўсіх постсавецкіх рэспубліках імкнецца размаўляць па-расійску27 — перадусім і пераважна таму, што гэта першая, калі не адзіная мова мясцовых “капіталістаў”. Большасць з іх — аднолькавага наменклатурнага (камуністы-камсамольцы-КДБ) паходжання, і палітычная ды эканамічная сістэмы, якія яны будуюць у Кіеве і Маскве, Астане і Баку, падобныя, як і іхнія сацыяльныя, культурныя і моўныя асновы. Алігархічны капіталізм з ягоным laissez-faire спрыяе мацнейшаму — расійскай/расійскамоўнай алігархіі — як у Расіі, так і ў постсавецкіх рэспубліках. У культурнай сферы гэты спецыфічны “капіталізм” садзейнічае развіццю адмысловай формы расійскай культуры (“піджын”), дае пэўны шанц для развіцця вышэйшых формаў расійскай культуры, але фактычна адмаўляе ў развіцці любым формам нацыянальнай культуры, акрамя пэўнага мясцовага фальклорнага каларыту.

(c) Жывучы нацыяналізм

Русіфікацыйным тэндэнцыям, абапёртым на каланіяльную спадчыну і капіталістычны прынцып laissez-faire, упарта супрацьстаіць украінская інтэлігенцыя, якая дзесяцігоддзямі старалася прапагандаваць украінскую мову і культуру і дэрусіфікaваць суграмадзянаў ці, прынамсі, не дапусціць іхняй далейшай русіфікацыі. Гэтым высілкам традыцыйна спрыяў мясцовы патрыятызм, культурныя і моўныя асаблівасці, каларытны фальклор, добра распрацаваны гістарычны наратыў, гераічныя міфы, сімвалы, жыццяздольная і прыцягальная высокая культура. У незалежнай Украіне ўсе гэтыя фактары набылі дадатковую сілу, дзякуючы свабодзе слова і доступу да СМІ, хаця і абмежаванаму, а таксама значнай дэсаветызацыі і ўкраінізацыі сістэмы адукацыі, частковай дэсаветызацыі дзяржаўных інстытутаў і самому факту існавання незалежнай дзяржавы, якая ўзаконьвае і сімвалы, і наратывы.

Нягледзячы на тое, што ўкраінскія нацыяналісты ва Ўкраіне ў “меншасці”, гэта найбольшая, найлепш арганізаваная і самая адданая сваім ідэалам “меншасць”, якая складае прыблізна трэцюю частку ўкраінскага насельніцтва. Трэба адзначыць, што гэтая група не адасобленая ад іншых групаў ніякай выразнай тэрытарыяльнай і ідэалагічнай мяжой. Як заўважыў расійскі навуковец, “калі мяжа, што аддзяляе заходніх украінцаў ад расійцаў, можа здацца такою ж акрэсленаю, як і паміж расійцамі і эстонцамі, паміж рознымі групамі ўкраінцаў, што цяпер існуюць (украінскамоўныя ўкраінцы, расійскамоўныя ўкраінцы, украінскія расійцы), межы рухомыя”. “Калі украінафільская меншасць, — працягвае аўтар, — праяўляе нацыятворчы напор, (...) іншыя, менш радыкальныя групы гэты напор педалююць...”28.

Насуперак пашыранаму стэрэатыпу, украінскі нацыяналізм не носіць этнацэнтрычнага характару: яго галоўны клопат — гэта культура і мова, а не этнас. Ён даволі ахвотна прымае кожнага, хто прымае ўкраінскую культуру і мову ці, прынамсі, прызнае іхнюю каштоўнасць і неабходнасць іх ратаваць. Ягоны “асіміліцыянісцкі” напор, аднак, стрымліваецца нізкім сацыяльным статусам пераважнай большасці ўкраінскамоўных і традыцыйнай перадузятасцю стаўлення шматлікіх расійскамоўных грамадзянаў Украіны да ўкраінскай культуры і мовы, якое грунтуецца на няведанні (і яго ж абгрунтоўвае).

Можна зрабіць выснову, што ўкраінскі нацыяналізм, які перажыў жорсткія рэпрэсіі мінулых дзесяцігоддзяў, можа быць жыццяздольнай сілай супраціву агрэсіўнай русіфікацыі і паспяхова бараніць сваю “духоўную” тэрыторыю, сваю “ўяўленую супольнасць” — а гэта прыблізна адна трэцяя частка насельніцтва Ўкраіны — тых, хто рашуча, праз уласны выбар i перакананне, атаясамлівае сябе з украінскай культурнай нацыяй. Дагэтуль няясна, ці здолее ўкраінскі нацыяналізм пашырыць свой уплыў на рэшту насельніцтва ці, прынамсі, тую яго частку, якая цяпер схільная разглядаць такое пашырэнне як пагрозу “ўкраінізацыі”.

(d) Дваісты этатызм

Культуратворчыя высілкі ўкраінскай нацыянальнай інтэлігенцыі не знаходзяць дзейснае падтрымкі ў выглядзе адпаведнай выразнай і паслядоўнай дзяржаўнай палітыкі — і гэтак будзе да тае пары, пакуль дзяржава застанецца дысфункцыянальнай29 і пакуль не будуць вызначаныя базавыя прынцыпы развіцця дзяржавы і грамадства, “ад прыватнай уласнасці і асноўных сацыяльных пытанняў да культурнай і геапалітычнай арыентацыі”30.

Пра нежыццяздольнасць нефункцыянальных дзяржаваў, званых таксама “квазідзяржавамі”31, шмат пісалі даследчыкі посткаланіялізму. Яны сцвяр­джаюць, што многія калоніі, атрымаўшы незалежнасць трыццаць-сорак гадоў таму, гэтак і не здолелі стварыць інстытуцыйныя і культурныя перадумовы жыццяздольнай незалежнасці. Пол д’Аньеры ахарактарызаваў Украіну як “слабую дзяржаву” — “дзе пад слабасцю разумеецца не магутнасць дзяржавы ў параўнанні з іншымі дзяржавамі, а няздольнасць улады да правя­дзення пэўнае палітыкі і ажыццяўлення яе ў грамадстве”. “Украінскае грамадства аказалася расколатым, — працягвае ён, — а ягоныя інстытуты ані дбаюць пра гэты раскол. А фактычна, улада, відаць, расколатая нават мацней, чым грамадства”32.

Некаторыя назіральнікі называюць гэты ўнутраны раскол “постсавецкай шызафрэніяй”33. Постсавецкія эліты разрываюцца між супрацьлеглымі імператывамі. З аднаго боку, паколькі ім удалося прыватызаваць розныя часткі былой імперыі пад “нацыянальнымі” сцягамі, яны павінны займацца ў сваіх вотчынах “будаваннем нацыянальных дзяржаваў”, з развіццём дзяржаўных інстытуцыяў і ўзмацненнем выразнай культурнай саматоеснасці ўключна34. З другога боку, яны жыццёва зацікаўленыя ў захаванні старых інстытуцыяў савецкага тыпу і старой, моцна саветызаванай культурнай ідэнтычнасці. І інстытуцыйная, і культурная дэсаветызацыя, калі яе праводзіць настойліва і паслядоўна, непазбежна б стварыла вакол іх абсалютна новае, менш камфорт­нае атачэнне. У выніку гэтага можа значна звузіцца іх “aмбівалентны”, а таму лёгка маніпуляваны электарат, а кіраваць аўтарытарна стане нашмат цяжэй.

Таму яны звяртаюцца адначасова і да расійскамоўнага, і да ўкраінскамоўнага насельніцтва, фліртуюць і з Масквой, і з Вашынгтонам, робяць саступкі і Данецку, і Львову, і самі моцна спрычыняюцца да тае вычварнай блытані­ны, якая дзеецца ў шматлікіх сферах украінскай дзяржаўнай палітыкі. Яны, па сутнасці, спрабуюць збудаваць незалежную Ўкраіну, але ў той самы час пакінуць яе савецкай. “Савецкасць”, аднак, шмат для каго з украінцаў непрымальная, а “незалежнасць” і “ўкраінскасць” усё яшчэ чужыя для мноства расійцаў.

Ніякага замірэння?

У рэчаіснасці ўкраінская сітуацыя нагадвае стары прыклад пра шклянку вады — паўпоўную або паўпустую. Для ўкраінскіх лідэраў яна, відавочна, паўпоўная: пры любой нагодзе падкрэсліваюць яны, што нідзе ў Еўропе ніводнай меншасці не гарантаваныя такія шырокія культурныя правы, як ра­сійцам ва Ўкраіне35.

А вось расійцам шклянка адназначна здаецца паўпустой. Яны прызвычаіліся быць большасцю, культурнаму панаванню якой, здавалася, не будзе канца. Яны ніколі не дапускалі думкі, што ўкраінскамоўныя грамадзяне могуць мець тыя самыя правы на стасункі з дзяржавай на сваёй уласнай мове і што кожны расійскамоўны грамадзянін, прыняты на дзяржаўную службу, павінен ведаць украінскую. Яны цалкам слушна мяркуюць, што любое пашырэнне сферы функцыянавання ўкраінскай мовы і культуры будзе непазбежна азначаць звужэнне сферы расійскае мовы — прынамсі ў адносным, калі не ў абсалютным сэнсе і вымярэнні. Tакім чынам, яны безумоўна будуць працівіцца любым спробам змяніць каланіяльны status quo i вывесці ўкраінцаў з сацыяльнага і культурнага “гета”. Яны ніколі не пагодзяцца на статус меншасці, якія б шырокія моўныя і культурныя правы ўкраінафоны ім ні прапаноўвалі.

Але таксама малаверагодна і тое, каб украінцы некалі прымірыліся са статусам “меншасці” ў сваёй уласнай краіне — хай нават і замаскаваным пад “роўнасць” дзвюх “дзяржаўных моваў”, як у Беларусі, што на самай справе азначае проста кансервацыю няроўнасці савецкага ўзору. Працяглая “культурная” (а па сутнасці, сацыяльная) вайна паміж двума канкурэнтамі здаецца непазбежнай, а мірнае вырашэнне малаверагоднае, пакуль супраціўныя бакі імкнуцца да супрацьлеглых мэтаў і спасылаюцца на аднолькава абгрунтаваныя, але несумяшчальныя аргументы. Пытанне, аднак, ці можа быць нейкі трэці шлях, апроч “балтыйскага” i “беларускага”?

Некаторыя навукоўцы мяркуюць, што Ўкраіне трэба развіваць “грама­дзянскую” самасвядомасць, але дагэтуль няясна, на якой сталай культурнай аснове або магутнай трансцэндэнтнай ідэі павінна грунтавацца гэтая сама­свядомасць. Украінскія cives яшчэ “не дасягнулі добрых вынікаў у тых рэчах, на якіх можа грунтавацца чыста грамадзянская самасвядомасць (свабода, дабрабыт, забяспечанасць, усеагульны грамадскі дагавор пра ўзаемныя правы і абавязкi)”36. Альбо, як мяркуе іншы прафесар, хаця “між жыхарамі Ўкраіны ёсць вялікая згода ў тым, што неабходна будаваць кансалідаваную нацыю на падставе грамадзянскіх прыкметаў... гэтых прыкметаў недастаткова, каб больш згуртаваць украінскі народ. Часткова таму, што грамадзянскія прыкметы па азначэнні ў меншай ступені, чым этнічныя і культурныя, здольныя абуджаць эмацыйную прывязанасць да нацыі. Аднак таксама той факт, што ўкраінская дзяржава яшчэ маладая, ейныя палітычныя інстытуцыі — не вельмі дзейсныя, азначае, што толькі грамадзянскага кампаненту нацыянальнай самасвядомасці недастаткова для кансалідацыі грамадства. Такім чынам, украінскім будаўнікам нацыі, каб аб’яднаць народ, трэба ў значнай ступені зважаць на этнічныя і культурныя фактары”37.

Таму мала спадзяванняў, што культурная напружанасць ва Ўкраіне ў найблі­жэйшы час знізіцца. Не дапаможа і заходні рэцэпт федэралізму: паколькі ўкраін­скамоўнае і расійскамоўнае насельніцтва жыве поплеч, Украіну не “кан­танізуеш”, не падзеліш адміністрацыйна на анклавы з адноснай культурнай аўтаноміяй. Для ўкраінцаў уся тэрыторыя Ўкраіны “карэнная”, i яны наўрад ці пагодзяцца на жыццё ў “гета” вясковых рэгіёнаў — тaкую культурную аўтаномію для ўкраінцаў гатовыя прапанаваць расійскамоўныя нацыяналісты.

Але гэта яшчэ не азначае, што трэба адрачыся любых спробаў вырашэння пэўных праблемаў i падтрымліваць “халодную грамадзянскую вайну”. Дый “поле змагання” мусіць быць выбрана такое, каб утрымаць “грамадзянскую вайну” хутчэй у “халодным”, чым у “гарачым” стане.

(1) Перш за ўсё, як расійскамоўныя, так і ўкраінскамоўныя грамадзяне Ўкраіны павінны быць шчыра зацікаўленыя ва ўзмацненні грамадзянскіх прыкметаў сваёй дзяржавы, яе інстытутаў і дэмакратычнага працэсу ў ёй. Хто б ні з’яўляўся меншасцю ў такой дзяржаве (калі ўвогуле пра гэта будзе весціся гаворка), правы меншасці, безумоўна, будуць абароненыя лепей, чым у аўтарытарнай краіне накшталт Беларусі.

(2) Абодва бакі зацікаўленыя ў эканамічных рэформах, у прыватнасці, у ліквідацыі калгаснай сістэмы, якая значна стрымлівае развіццё і ўкраінскай правінцыі, і нацыі ўвогуле. Яснае разуменне сацыяльнае асновы культурных разыходжанняў (паміж урбанізаваным “першым светам” i слаба развітым “трэцім светам” правінцыі) перадусім павінна істотна зменшыць спекуляцыі на тэму сацыяльнай несправядлівасці і няроўнасці, да якіх нібыта вядзе “ўкраінізацыя”.

(3) Трэцяе, абодва бакі павінны быць зацікаўленыя ў пераадольванні савецкай спадчыны, асабліва ва ўласнай культуры і мове, а таксама ў больш aдкрытай і “ўніверсалісцкай” праеўрапейскай арыентацыі. Гэта выглядае больш спрыяльным для ўкраінцаў, але, у прынцыпе, мусіць задаволіць і ра­сійскамоўнае насельніцтва.

(4) I ўрэшце, абодва бакі павінныя быць зацікаўленыя ў “сумленнай гульні”, г.зн. у прыняцці і выкананні пэўных правілаў, якія б выключалі выказванне нянавісці, абразы i наўмысныя фальсіфікацыі i скажэнні фактаў. Дыялог павінен перамагчы прапаганду, i як украінскамоўныя, так і расійскамоўныя інтэлектуалы могуць дапамагчы ў гэтай справе сваімі публікацыямі на старонках двухмоўных газет і выступамі на тэлебачанні.

Расія застаецца галоўным закулісным гульцом на гэтай сцэне. Культурная прысутнасць за мяжой карысная для любой нацыі, i Расія цалкам натуральна спрабуе прасоўваць сваю культуру i мову паўсюль, дзе толькі можа. Аднак у гэтым спрыянні свайму незвычайнае тое, што многія ўяўляюць сабе яго выключна ў спалучэнні з непасрэдным палітычным і эканамічным ціскам, накіраваным на дасягненне пэўных палiтычных і эканамічных мэтаў. Многія назіральнікі заўважылі, што расійскія СМІ і палітыкі выказваюць глыбокую зацікаўленасць становішчам расійскамоўнага насельніцтва ў “блізкім замежжы” найчасцей напярэдадні парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў і становяцца больш талерантнымі, як толькі дабіваюцца неабходных палітычных і эканамічных саступак38.

Такая “прагматычная” палітыка можа дасканала пасаваць новаімперскім гегеманісцкім амбіцыям расійскіх элітаў, але наўрад ці дапаможа пераадолець падазронасць i ўсталяваць “нармальныя”, сяброўскія адносіны паміж суседзямі. “Пакуль у Mаскве будуць існаваць моцныя сілы, якія працягваюць разглядаць Украіну як спрадвечна, спадчынна расійскую зямлю, украінскія нацыяналісты будуць адчуваць патрэбу дыстанцыявацца ад усяго расійскага”. Больш за тое, супольны вораг можа парадаксальным чынам аб’яднаць украінскую інтэлігенцыю i пераважна расійскамоўную алігархію, прымусіўшы іх разам “трымаць Украіну далей ад расійскіх абдымкаў i выхоўваць у яе народзе асобную ідэнтычнасць”39.

Пакуль мадэлі i механізмы культурнага дамінавання яшчэ не дастаткова прааналізаваныя, перш за ўсё расійскімі навукоўцамі, імперскія міфы не цалкам дэканструяваныя, а культурны мэйнстрым не прасякнуўся палітычнай карэктнасцю, расійска-ўкраінская напружанасць у культурнай сферы не можа быць урэгуляванай.

Дагэтуль расійская культура разглядаецца ўкраінскамоўнымі грамадзянамі Ўкраіны не толькі як цалкам чужая, але, па сутнасці, як варожая. Расія дэманізуецца як цёмная “азіяцкая” сіла, між тым як супраціў расійскаму культурнаму ўплыву прадстаўляецца як глыбінны цывілізацыйны выбар паміж “Еўропай” і “Еўразіяй”: “Процістаянне дзвюх моваў ва Ўкраіне” вядучы ўкраінскі пісьменнік аб’яўляе “на самай справе адной з выразных праяваў глыбейшага процістаяння: між новымі [“European”] магчымасцямі Ўкраіны як новага дзяржаўнага ўтварэння ды імперскаю [“Eurasian”] інерцыяй”40.

Праеўрапейская арыентацыя дае ўкраінскім інтэлектуалам вельмі прывабную альтэрнатыву “Цэнтру” i дапамагае ім у іхнім супраціве расійскаму дамінаванню ў галіне культуры. “Універсітэты, студэнты i выкладчыкі больш не глядзяць на ўвесь свет праз Маскву, але праз інтэграцыю з Еўропай і Злучанымі Штатамі...” “Украінскую мову павінен ведаць абсалютна кожны, — кажа сп. Крэмень [міністр адукацыі], — але ангельскую я стаўлю на першае месца: гэта мова Інтэрнету, міжнародных адносінаў”41.

Гэта ўжо выразна “балтыйскі” (“цэнтральнаўсходнееўрапейскі”) выбар, які ўжо цяжка было б спалучыць з “беларускім” сцэнарам, прапанаваным расійскамоўнымі ўкраінцамі i падтрыманым Расіяй. Ніякі кампраміс паміж дзвюма гэтымі пазіцыямі немагчымы i спадзявацца на якое-колечы замірэнне ў культурных войнах не выпадае.

Замест высновы

Расійская культура i мова ў найбліжэйшай будучыні безумоўна захаваюць моцныя пазіцыі і ва Ўкраіне, i ў іншых постсавецкіх рэспубліках. І старая каланіяльная спадчына, i новыя механізмы laissez-faire свабоднага рынку ўсё яшчэ спрыяюць таму, што расійская культура ў “блізкім замежжы” працягвае панаваць, асабліва дзякуючы мас-культуры i СМІ. Нават калі расійская мова будзе цалкам выціснутая з ужытку на афіцыйным узроўні, яна ўсё ж надоўга захавае свае пазіцыі дзеля культурных і эканамічных патрэбаў, а таксама з-за прысутнасці шматлікай расійскамоўнай меншасці.

З іншага боку, усе мясцовыя эліты (і беларускія ў тым ліку)42 маюць свае ўласныя прычыны лічыць расійскую культурную прысутнасць у сваіх краінах завялікай i шукаць розныя сродкі яе змяншэння. Культурныя эліты відавочна зацікаўленыя ў пашырэнні сваёй уласнай культуры, якой пагражае мацнейшы праціўнік; палітычныя эліты, амаль скрозь расійскамоўныя, аба­знаныя з расійскай культурай лепш, чым са сваёй роднай, тым не менш адчуваюць прагматычную патрэбу падтрымліваць нацыятварэнне шляхам вы­працоўкі асобнай культурнай тоеснасці i яшчэ больш прагматычную патрэбу абмежаваць уплыў палітычна падрыўных расійскіх СМІ. Першае мае больш значэння для Беларусі і Ўкраіны, культура і мова якіх “занадта” блізкія да расійскай. Другое больш непакоіць рэспублікі Цэнтральнай Азіі, настолькі надзейна аддзеленыя ад Расіі расавымі і рэлігійнымі бар’ерамі, што расійская мова можа шырэй ужывацца там для надзённых патрэбаў, і гэтае ўжыванне не ўяўляе такой пагрозы, як расійскія СМІ.

Усе гэтыя рэспублікі, аднак, і палітычна, і эканамічна занадта слабыя i залежныя ад Расіі, каб аб’явіць адкрытую вайну расійскай мове і культуры. Многае залежыць таксама ад расійскамоўнай меншасці ў той ці іншай краіне, а яшчэ больш ад страху мясцовай постсавецкай эліты, якая баіцца, што паслядоўная і грунтоўная дэрусіфікацыя будзе ў канчатковым выніку азначаць і дэсаветызацыю сваёй айчыны, дэлегітымізацыю іхняга аўтарытарнага кіравання. Тым не менш, noblesse oblige. Кіраўнікі ўсіх постсавецкіх рэспублік, безумоўна, будуць казаць Маскве тое, што ў Маскве любяць больш за ўсё: прыгожыя словы пра вялікую расійскую мову і культуру, гістарычныя сувязі, сяброўства i патрэбу далейшай інтэграцыі. Але ўсе яны будуць праводзіць сваю ўласную нацыяналістычную палітыку, паволі выціскаючы Расію — ціха, але незваротна. Дзеля гэтай мэты яны будуць саступаць некаторыя ідэала­гічныя або культурныя пазіцыі мясцовым “нацыянал-дэмакратам”. Гэта, па-першае, супакоіць іх i стане сведчаннем “плюралістычнай” волі да супрацоўніцтва з “канструктыўнай апазіцыяй”, а па-другое, будзе каго зняць з пасады, як толькі Масква заўважыць, што “ўкраінізацыя” (“казахізацыя” і г.д.) заходзіць задалёка43.

Рана ці позна, а расійскі культурны ўплыў у “блізкім замежжы” аслабее. Расійская дыяспара будзе, відаць, змяншацца, пазіцыі расійцаў сярод мясцовага насельніцтва будуць паступова слабець, а значнасць Расіі як палітычнага, культурнага і эканамічнага цэнтру ўпадзе, і, верагодна, яе заменяць іншыя рэгіянальныя і глабальныя цэнтры прыцягнення. У Расіі ёсць два выбары: або пераплавіць яе цяперашні культурны ўплыў у больш канкрэтныя палітычныя, эканамічныя і вайсковыя набыткі, або замест яго атрымаць нешта менш матэрыяльнае, але больш трывалае — свайго роду маральны капітал, які можна будзе інвеставаць у “нармалізацыю” складаных адносінаў паміж былымі калоніямі і метраполіяй (“aсіметрычныя” адносіны паміж ЗША i Канадай ці краінамі Брытанскай Садружнасці могуць быць прыкладам). Больш верагодным выглядае развіццё па першым варыянце, аднак застаюцца пэўныя шанцы і для другога.

1 Марко Павлишин “Що пере-творюеться в “Ре-креаціях” Юрія Андруховича?” — Сучаснiсть, № 12, 1993, с. 116.

2 Гл. Dominique Arel, “Ukraine: The Temptation of the Nationalizing State”, in Vladimir Tismaneanu (ed.), Political Culture and Civil Society in Russia and New States of Eurasia (Armonk, NY: M.E.Sharpe, 1995), pp. 157—188.

3 Jan Germen Janmaat, Nation-Building in Post-Soviet Ukraine. Educational Policy and the Response of the Russian-Speaking Population (Universiteit van Amsterdam, 2000), p. 62, 113, 115.

4 “Factors in the Russification of Ukraine: Changes and Influences since 1991”, Romyr Report, No. 5, Winter 2000.

5 RFE/RL Polish, Belarus, and Ukraine Report, Vol. 2, No. 40 (31 October 2000).

6 Цыт. па: Inna Pidluska in “Russian Language in Ukraine: Surrealistic Notes”, UCIPR Research Update (www.ucipr.kiev.ua), Vol. 6, No. 161 (21 лютага 2000).

7 Taras Kuzio, “Status of Russian Language Again Threatens Ukrainian-Russian Relations”, RFE/RL Newsline, Vol. 5, No. 6, Part II, 10 January 2001.

8 Mикола Сунгуровський, Iгор Жданов “Простiр свободы?” — Дзеркало тижня 20—26 сту­дзеня 2001.

9 “Ukraine: Ukrainian Leaders Move Against Moscow Press, TV, and Radio”, FBIS Media Analysis, 8 December 2000.

10 Иванна Горина “Kиeв объявил войну российской прессе”. — Российская Газета, 27 кастрычніка 2000.

11 Прэс-рэліз расійскага міністра замежных спраў, 9 лютага 2000, цыт. Iннай Пiдлускай, тамсама.

12 Рэзалюцыя Расійскай Дзяржаўнай Думы, 19 ліпеня 2000, цыт. па: “Our Take: Living with the Lingua Franca”, Transition Online (www.tol.cz), 29 August 2000.

13 Зварот расійскага міністра замежных спраў 3 студзеня 2001, надрукаваны ў: День, 5 студзеня 2001.

14 Гл. “Manifesto of the Ukrainian intelligentsia” у: Ralph Lindheim and George S.N. Luckyj (eds.), Towards an Intellectual History of Ukraine. An Anthology of Ukrainian Thought from 1710 to 1995 (Toronto: University of Toronto Press, 1996), pp. 395—397.

15 Эвген Сверстюк, “Проблема замiни oснов культури” у: Theofil Kis and Irena Makaryk (eds.), Towards a New Ukraine II: Meeting the Next Century (Ottawa: Chair of Ukrainian Studies, University of Ottawa, 1998), p. 144.

16 Роман Kульчинський “Чим більше розмов точиться навколо захисту української мови, тим менше шaнсів в неї вижити”, Полiтика i культура, 21—27 лістапада 2000, с. 11.

17 Romyr Report, No. 5, Winter 2000.

18 Надія Tисячна “Цивілізований патріотизм”. — Українське слово, 7—13 снежня 2000, с. 14; Margarita Zabavchik, “Farewell to Russian?” www.ukraine-observer.com/last/archive/arch5/dialog10.shtml

19 FBIS Media Analysis, 8 December 2000.

20 Geoffrey York, “Ukraine Looking to Canada in Fight to Protect Culture”, The Globe and Mail, 3 July 2000.

21 Сергій Грабовський. “Україна наша совкова”. — Критика, т. 3, № 9 (верасень 1999). — С. 7.

22 Oxana Grabowicz, “The Legacy of Colonialism and Communism in Ukraine: Some Key Issues,” Perspectives on Contemporary Ukraine, vol. 2, No. 2 (March-April 1995).

23 Хаця фільмы Аляксандра Даўжэнкі і Сяргея Параджанава, скульптуры Архіпенкі ці музыку Сільвестрава на Захадзе дагэтуль прадстаўляюць як “расійскія”, ва ўкраінскіх публікацыях гэтага не сустрэнеш. Нядаўна на Захадзе выйшла некалькі анталогіяў сучаснай украінскай літаратуры, якія атрымалі добрую прэсу. Напрыклад, амерыканская анталогія From Three Worlds. Writing from Contemporary Ukraine (Boston: Zephyr Press, 1996) была перадрукаваная ў цвёрдай вокладцы пасля таго, як неспадзяваны поспех мела выданне ў тонкай вокладцы. Трэба тут узгадаць і некалькі іншых пры­кладаў: проза Юр’я Андруховіча і Аксаны Забужкі была перакладзеная на многія еўрапейскія мовы (у тым ліку фінскую і вугорскую), а паэзія Алега Лышэгі ў перакладзе на ангельскую была азначана прэміяй Амерыканскага ПЭН-клубу за найлепшы пераклад кнігі паэзіі.

24 Гл.: Ian Bremmer, “The Politics of Ethnicity: Russians in the New Ukraine”. Europe-Asia Studies, Vol. 46, No. 2 (March-April 1994), p. 266.

25 Сергiй Ляшенко, “Етноцентризму є альтернатива — ландспатрioтизм”, День, 12 сту­дзеня 2001.

26 Mикола Сунгуровський, Iгор Жданов, “Простiр свободы?”

27 “Our Take: Living with the Lingua Franca”, Transitions Online (www.tol.cz), 29 August 2000.

28 Eduard Ponarin, “The Prospects of Assimilation of the Russophone Populations in Estonia and Ukraine: a Reaction to David Laitin’s Research”, Europe-Asia Studies, Vol. 52, No. 8, 2000, pp. 1535, 1537.

29 Гэта развіў Джэймз Мэйз у сваёй лекцыі “Ukraine on the Threshold of the Twenty-First Century.” Гл.: Teofil Kis, Irena Makaryk and Roman Weretelnyk (eds.), Towards a New Ukraine II: Meeting the Next Century (Ottawa: Chair of Ukrainian Studies, University of Ottawa, 1999).

30 Sherman W. Garnett, “Ukraine: Strategic Partner or Strategic Problem”, у: Teofil Kis and Irena Makaryk (eds.), Towards a New Ukraine III: Geopolitical Imperatives of Ukraine: Regional Contexts (Ottawa: Chair of Ukrainian Studies, University of Ottawa, 2001).

31 Robert H. Jackson, Quasi-States: Souvereignty, International Relations and the Third World (Cambridge University Press, 1996).

32 Paul D’Anieri, “The Impact of Domestic Divisions on Ukrainian Foreign Policy: Ukraine as a “Weak State”, in: Taras Kuzio, Rоbert S. Kravchuk, Paul D’Anieri, State i Institution Building in Ukraine (New York: St.Martin Press, 2000), p. 84.

33 Украінскі сацыёлаг Яўген Галаваха, верагодна, першы даследаваў гэты феномен у сваім артыкуле “Oсобливості політичної свiдомостi: амбiвалентнiсть суспільства та особовості”, — Пoлітологiчні читання, т. 1, № 1 (1992) сс. 24—39. Гл. таксама “Post-Soviet Schizophrenia”, The Economist, 4 February 1995, p. 27.

34 Пал Колста адзначыў прыклад Леаніда Кучмы, які стаў “уцягвацца ў логіку ўкраінскага праекту нацыятварэння i паступова станавіўся ўсё больш і больш украінцам”. Pal Kolsto, Political Construction Sites. Nation-building in Russia and Post-Soviet States (Boulder: Westview Press, 2000), p. 193.

35 Згодна з афіцыйнай статыстыкай, апублікаванай урадам у лютым, “у дадзены момант у 2399 расійскамоўных школах навучанне 2106 тысячаў школьнікаў адбываецца на расійскай мове (31,7 % усяго насельніцтва школьнага веку); амаль 280 000 дзяцей наведваюць 17 600 расійскамоўных дашкольных дзіцячых установаў; 35 % украінскіх студэнтаў вучацца ва ўніверсітэтах і школах па-расійску. Працуюць 14 дзяржаўных расійскіх тэатраў; расійскамоўныя бібліятэчныя фонды складаюцца з 440 мільёнаў тамоў, ці 55 % ад усіх бібліятэчных фондаў; выходзіць 1195 расійскамоўных газет, то бок 49,7 % ад усіх друкаваных выданняў, што выходзяць ва Ўкраіне”. Спасылка на гэтыя звесткі з ноты ўкраінскага міністра замежных справаў міністру замежных справаў Расійскай Федэрацыі ў Iнны Підлускай у “Russian Language in Ukraine: Surrealistic Notes”, Ukrainian Center for Independent Political Research (www.political.kiev.ua). 14 February 2000.

36 Andrew Wilson, “Elements of a Theory of Ukrainian Ethnonational Identities”, — 2001 (ненадрукаваны рукапіс).

37 Stephen Shulman, “Nation-Building and Ukrainian Foreign Policy”, forthcoming in Theofil Kis and Irena Makaryk, eds., Towards a New Ukraine III: Geopolitical Imperatives of Ukraine: Regional Contexts (Ottawa: Chair of Ukrainian Studies, University of Ottawa, 2001).

38 Апошні прыклад такога “прагматычнага апартунізму” можна заўважыць у раптоўнай змене расійскага стаўлення да “тэмы расійскай мовы” ва Ўкраіне. Пасля шэрагу гучных абвінавачванняў у расійскіх СМІ на адрас украінскага ўраду, які нібыта ўціскае расійскую мову, пасля ноты расійскага міністра замежных справаў ад 3 студзеня 2001 году расійскі пасол у Кіеве Іван Абоімаў раптам праз тры тыдні паінфармаваў журналістаў, што “расійская мова ва Ўкраіне не прыгнятаецца” [“Русский язык в Украине в угнетенном состоянии не находится”] (День, 25 студзеня 2001). Назіральнікі не заўважылі ніякіх важных зменаў ва ўкраінскай культурнай і моўнай палітыцы за гэтыя тры тыдні, але заўважылі два важныя пагадненні, падпісаныя ўкраінскім урадам. Па-першае, Леанід Кучма пагадзіўся на ўдзел расійскіх кампаній у прыватызацыі шэрагу буйных украінскіх прадпрыемстваў (Financial Times, 16 студзеня 2001 году), па-другое, украінскі міністр абароны падпісаў пагадненне, згодна з якім Расія будзе браць удзел у планаванні любых вайсковых вучэнняў на ўкраінскай тэрыторыі (Financial Times, 22 студзеня 2001 году).

39 Kolsto, op. cit., pp. 189, 193.

40 Юрій Андрухович. “Фрагмент і коментар”. Российско-украинский бюллетень. — №№ 5—6, 2000.

41 Гэта паведамляе Bryon MacWilliams у “Conflicts over Language Impede Ukraine’s Higher-Education System”, The Chronicle of Higher Education, 2 February 2001.

42 Выпадак Лукашэнкі падаецца хутчэй выключэннем, чым правілам: ён больш абумоўлены псіхалагічнымі, так бы мовіць, асаблівасцямі мясцовага дыктатара, чым інтарэсамі мясцовых элітаў. Ёсць шмат падставаў меркаваць, што эліты рана ці позна заменяць яго нейкім памяркоўна “нацыяналізуючым” лідэрам кшталту Кучмы ці Кебіча.

43 Апошнім прыкладам стала адстаўка міністра замежных справаў Украіны Б. Тарасюка, чыя адкрыта праеўрапейская і пранатаўская палітыка выклікала раздражненне Масквы.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Новае поле бітвы. Расійскі культурны ўплыў у “блізкім замежжы”: украінскі варыянт


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.