Пабудова нацыяў і дзяржаваў. Гістарычная спадчына і нацыянальная самасьвядомасьць у Беларусі і Ўкраіне. Параўнаўчы аналіз

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Пабудова нацыяў і дзяржаваў. Гістарычная спадчына і нацыянальная самасьвядомасьць у Беларусі і Ўкраіне. Параўнаўчы аналіз. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Марк Нордбэрг, Тарас Кузё

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


Марк Нордбэрг і Тарас Кузё — супрацоўнікі Цэнтру расейскіх і ўсходнеэўрапейскіх студыяў Бірмінгемскага ўнівэрсытэту (Вялікая Брытанія). Пра Тараса Кузё можна прачытаць ва ўрэзцы да артыкулу “Чацьверты элемэнт пераходнага пэрыяду”.

Беларусь і Ўкраіна, разьвіцьцё якіх мы параўноўваем у гэтым артыкуле, маюць шмат супольнага. І можна было б чакаць, што й іх пост­савецкая трансфармацыя будзе ісьці паралельна. Замест гэтага Ўкраіна абрала курс дыстан­цыяваньня ад Расеі, у нейкай ступені нават не на карысьць сваім эканамічным інтарэсам, а Беларусь, наадварот, дзеля падтрыманьня сваёй эканомікі гатовая саступіць Расеі частку свайго сувэрэнітэту. Узьнікае пытаньне: чаму ж гэтыя суседнія і такія падобныя адна да адной краіны абралі настолькі розныя палітычныя курсы? Каб адказаць на яго, мы разгледзім асаблівасьці нацыянальных ідэнтычнасьцяў і працэсы станаўленьня ўкраінскай і беларускай нацыяў, асабліва канцэнтруючы ўвагу на падзеях пасьля 1991 году.

Падабенствы

Пры канцы савецкага пэрыяду Ўкраіна і Беларусь разглядаліся як краіны, што маюць прыблізна аднолькавыя шанцы на пасьпяховае постсавецкае разьвіцьцё. У падрыхтаваным Нямецкім Банкам у 1990 годзе індэксе савецкіх рэспублік у адпаведнасьці зь іх пэрспэктывамі на посткамуністычнае разьвіцьцё Ўкраіна і Беларусь атрымалі прыблізна аднолькавыя балы па дзесяцібальнай шкале (дзесяць — самая добрая адзнака). Па гамагеннасьці насельніцтва і блізкасьці да Эўропы (гэта спрашчае эканамічныя сувязі з разьвітымі краінамі) абедзьве краіны атрымалі даволі высокія адзнакі. Украіна — 9 за ўзровень індустрыялізацыі і 8 за разьвіцьцё інфраструктуры, а Беларусь — адпаведна 8 і 6. Абедзьве атрымалі высокую адзнаку за ўзровень адукацыі і тройку за псыхалягічную гатоўнасьць да рынку. У цэлым Украіне былі пастаўленыя самыя высокія адзнакі з усіх савецкіх рэспублік — 83 з 100 магчымых, а Беларусь апынулася на пятым месцы, атрымаўшы 55 балаў1. Украіна атрымала больш высокія балы, чым Беларусь, найперш дзякуючы сваім запасам сыравіны і рэсурсам сельскай гаспадаркі. Але з-за вялізнай узаемазалежнасьці прадпрыемстваў былога СССР і перанасычанасьці эўрапейскага рынку прадуктамі сельскай гаспадаркі гэтыя перавагі насамрэч не ад­біліся на ўкраінскім разьвіцьці.

У выкананым Аляксандрам Матылём менш эканамічна арыентаваным параўнаньні чыньнікаў, якія спрашчаюць ці ўскладняюць рэформы ў постсавецкіх рэспубліках, Украіна і Беларусь атрымалі блізкія адзнакі. Украіна мела крыху вышэйшую адзнаку, але абедзьве краіны занялі месца адразу пасьля балтыйскіх рэспублік2.

Абедзьве краіны — прамыслова разьвітыя, з адукаванай рабочай сілай і параўнальнымі інфраструктурамі. У абедзьвюх падобныя цяжкасьці — аграмадная энэргетычная залежнасьць ад Расеі, вялікі і неэфэктыўны вайскова-прамысловы комплекс, заняпалыя сыстэмы кіраваньня эканомікай і амаль аднолькавыя эканамічныя структуры, памеры ВНП на душу насельніцтва і этнапалітычныя праблемы. Абедзьве краіны атрымалі ў спадчыну значныя долі савецкага вайсковага патэнцыялу. У элітаў абедзьвюх краінаў аднолькава няма досьведу кіраваньня незалежнай дзяржавай. Пералічэьне гэтых падабенстваў можна працягваць. Але адкуль тады пры такіх падабенствах настолькі розныя шляхі постсавецага разьвіцьця?

Гісторыя і нацыянальная самасьвядомасьць

На наш погляд, адрозьненьні паміж Украінай і Беларусяй, асабліва ў іх стасунках з Расеяй, тлумачацца найперш адрозьненьнем у нацыянальных ідэнтычнасьцях. Нацыянальныя ідэнтычнасьці (ці самасьвядомасьці) — канцэпцыя, блізкая да канцэпцыі нацыяналізму, але ня тоесная ёй3. Нацыяналізм беспасярэдне зьвязаны з этнічнасьцю і імкнецца да ідэяў выключнасьці і перавагаў дадзенага этнасу. А нацыянальная ідэнтычнасьць — гэта ўсьведамленьне асаблівасьці дадзенай групы, адрозьненьне яе ад іншых і натуральнасьці для яе сваёй дзяржавы. Нацыянальныя ідэнтычнасьці часта маюць у сваёй аснове этнічнасьць і нацыяналізм. Але галоўнае тут — гэта менавіта ўсьведамленьне сваёй асаблівасьці і натуральнасьці свайго дзяржаўнага існаваньня, на чым бы яно ні грунтавалася — на этнічнасьці, мове, рэлігіі, супольным мінулым, геаграфічнай супольнасьці і адасобленасьці, на факце ўжо існуючай дзяржавы са сваімі сымбалямі, якія выклікаюць супольныя эмоцыі, — сьцягам, гербам, гімнам і г.д. Нацыянальныя ідэнтычнасьці ня ёсьць чымсьці дадзеным раз і назаўсёды. Яны могуць нараджацца, зьнікаць і “пераінтэрпрэтоўвацца”. Бэнэдыкт Андэрсан пісаў пра нацыі як пра “ўяўленыя палітычныя супольнасьці і ўяўленыя як такія, якім іманентна ўласьцівыя асаблівасьць і сувэрэнітэт”4. Таму чым мацнейшая нацыянальная ідэнтычнасьць, тым мацнейшае імкненьне да незалежнасьці і сувэрэнітэту. Нацыянальная ідэнтычнасьць і сувэрэнітэт ўрэшце прадугледжваюць адно аднаго. Але яны не заўсёды маюць адпаведны ўзровень. І калі нацыя імкнецца да сувэрэннасьці дзяржавы, то дзяржава імкнецца да ўмацаваньня нацыянальнай самасьвядомасьці, ад узроўню якой, урэшце, залежыць яе здольнасьць выжыць.

Нацыянальнае будаўніцтва — гэта дзейнасьць дзяржавы ці нейкай моцнай групы, накіраваная на ўмацаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці. Нацыянальнае будаўніцтва — ня разавае дзеяньне, а працэс. Яно ніколі ня можа быць цалкам скончанае, але стала намагаецца пераадолець рэгіянальныя, сацыяльныя, палітычныя і іншыя падзелы народу, аб’ядноўваючы людзей усьведамленьнем еднасьці, вышэйшай за падзелы. Гэта можа дасягацца праз прапаганду ў сродках масавай інфармацыі, уплыў сыстэмы адукацыі і асымі­лятарскую ролю войска. Далёка не заўсёды чалавек захоўвае тую нацыянальную самасьвядомасьць, якая была ў яго бацькоў ці ў яго самога ў маленстве.

І ў Беларусі, і ва Ўкраіне нацыянальныя ідэнтычнасьці ў нейкай ступені грунтуюцца на этнічным падмурку. Але ня толькі на ім. Этнічны нацыяналізм у іх не пераважае, і яны імкнуцца ўлучыць у адзіную нацыю прадстаўнікоў нятытульных народаў, у першую чаргу расейцаў. Якія ж крыніцы нацыянальных ідэнтычнасьцяў у гэтых краінах?

Найперш паглядзім на гісторыю гэтых краін, паколькі гісторыя адыгрывае вялізную ролю пры станаўленьні нацыянальных самасьвядомасьцяў і легітымізуе сучасныя намаганьні, накіраваныя на дзяржаўнае і нацыянальнае будаўніцтва. У гэтых адносінах Украіна мае вялікія перавагі перад Беларусяй.

Вытокі Ўкраіны, Беларусі і Расеі — у вялікай старадаўняй дзяржаве Кіеўскай Русі ІХ—ХІІІ стагодзьдзяў. Украінскія гісторыкі заўсёды прэтэндавалі на выключныя правы Ўкраіны на Кіеўскую Русь, бо цэнтар гэтай дзяржавы быў на тэрыторыі сучаснай Украіны і яе сталіца — сталіца Ўкраіны. Кіеўская Русь, такім чынам, — адзін зь міталягічных “залатых вякоў” украінскай гісторыі, адна з асноваў яе нацыянальнага гонару і ўсьведамленьня ёю права на сувэрэнітэт. Беларускія ж гісторыкі маглі прэтэндаваць толькі на Полацкае княства, што ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі і ў якім яны бачылі эмбрыён Беларускай дзяржавы.

У 1648 годзе дамаглося незалежнасьці ад палякаў казацкае Гетманства (другі “залаты век” Украіны, стагодзьдзе гераічных войнаў за вызваленьне). У 1654 годзе паводле Пераяслаўскай дамовы яно ўступіла ў саюз з Масквой, які самі казакі разглядалі як саюз роўных. Аднак Масква глядзела на гэта іначай, і моцы ў яе было больш. Пад Палтавай у 1709 годзе казакаў разьбілі, а ў канцы XVIII стагодзьдзя апошнія рэшткі казацкай аўтаноміі былі зьнішчаныя Кацярынай Вялікай.

У Расейскай Імпэрыі Ўкраіна называлася Маларосіяй і ўкраінцам адмаўлялі ў праве існаваць як асобнаму, адрознаму ад расейцаў народу. Публікацыі на ўкраінскай мове былі забароненыя. Аднак нейкая самасьвядомасьць ува ўкраінцаў захавалася. У ХІХ стагодзьдзі ўзьнікла паэзія Шаўчэнкі на ўкраінскай мове, а кнігі кшталту “Истории русов” разглядалі Ўкраіну як гістарычна асобнае ад Расеі палітычнае ўтварэньне. А ў больш лібэральнай Аўстра-Вугорскай Імпэрыі украінцаў, што жылі там, разглядалі як асобны народ, які мае пэўныя нацыянальныя правы5.

У пэрыяд расейскай рэвалюцыі 1917 году Ўкраіна абвясьціла незалежнасьць. Прэзыдэнтам абралі гісторыка Міхала Грушэўскага, які стаў рабіць вялікія захады па адраджэньні і ўмацаваньні нацыянальнай самасьвядомасьці. Ён не прызнаваў расейскіх прэтэнзіяў на спадчыну Кіеўскай Русі і абраў для Ўкраіны старадаўнія кіеўскія сымбалі — трызуб і назву грашовай адзінкі — грыўню. (У верасьні 1996 году ўва Ўкраіне ізноў увялі грыўню. Гэта было зроблена сьвядома, дзеля ўсталяваньня легітымізуючай сучасную дзяржаву сымбалічнай сувязі з украінскай дзяржавай 1917—1921 гг. і з Кіеўскай Русяй.) Пасьля заваяваньня Ўкраіны Саветамі Грушэўскаму дазволілі вярнуцца на радзіму. Ён быў прэзыдэнтам рэспубліканскай Акадэміі навук і карыстаўся сваім становішчам для ўмацаваньня і прапаганды ідэі адрознасьці Ўкраіны ад Расеі.

Лібэралізм у нацыянальным пытаньні зьнік, калі Сталін кансалідаваў сваю ўладу. Нацыянальных лідэраў зьнішчылі, іх месца занялі цьвёрдыя прарасейскія бальшавікі. На пачатку 30-х Сталін нанёс Украіне новы ўдар — калектывізацыяй сельскай гаспадаркі. Гэта справакавала голад, які ў выніку зьнішчыў ад 5 да 7 мільёнаў украінцаў і разглядаецца ўва Ўкраіне як украінскі варыянт галакосту — “галадамор”. У 1939 годзе Расея па дамове зь Нямеччынай захапіла ў Польшчы прыналежную ёй у той час Заходнюю Ўкраіну.

Няма нічога дзіўнага, што, калі ў 1941 годзе ўварваліся немцы, многія ўкраінцы віталі іх як “вызвольнікаў”. Паводле ацэнак, на баку германскага войска змагалася 220 тыс. украінцаў, а на савецкім баку — два мільёны. Украінская паўстанцкая армія (УПА) налічвала каля 100 тыс. байцоў і працягвала супраціў да пачатку 50-х. Па вайне за супрацоўніцтва зь немцамі былі рэпрэсаваныя і высланыя ў Сыбір многія тысячы людзей (уключаючы і цэлую этнічную групу крымскіх татараў). У 1956 годзе Мікіта Хрушчоў распавёў у таемным дакладзе на партыйным зьезьдзе, што Сталін выношваў пляны дэпартацыі ўсіх украінцаў, але для іх ажыцьцяўленьня не было дастатковай колькасьці транспартных сродкаў. (У Беларусі ў пэрыяд Другой сусьветнай вайны сытуацыя была цалкам іншай. Калі ў Заходняй Украіне пераважалі партызаны-нацыяналісты, то ў Заходняй Беларусі — савецкія партызаны.)

Тэрыторыя Беларусі таксама была некалі часткай Кіеўскай Русі. Але, як мы ўжо казалі, цэнтар Кіеўскай Русі знаходзіўся на тэрыторыі Ўкраіны і сталіцай яе была сталіца Ўкраіны, і ўва ўкраінцаў ёсьць падставы прэтэндаваць на кіеўскую спадчыну, у той час як у беларусаў такой ідэі ніколі не ўзьнікала. Пасьля мангольскага ўварваньня тэрыторыю сучаснай Беларусі апанавала анархія, і Беларусь паступова ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У гэтай дзяржаве роля Беларусі была вельмі вялікай, і зводы законаў тут складаліся на старабеларускай. І ўсё-такі Вялікае Княства Літоўскае не было беларускай дзяржавай. Пасьля таго як ВКЛ аб’ядналася з Польшчай, у вышэйшых клясах стаў пераважаць польскі ўплыў. Аналягу гетманскай дзяржаве беларусы не стварылі, і ў вайне 1654—1657 гадоў Беларусь удзельнічала як частка Рэчы Паспалітай. У канцы XVIII стагодзьдзя Расея набыла Беларусь проста як частку Польскай дзяржавы, а не заключала зь ёй дамовы кшталту Пераяслаўскай.

У адрозьненьне ад заходніх украінцаў у беларусаў не было й досьведу існаваньня ўва ўмовах адносна лібэральнай нацыянальнай палітыкі Аўстрый­скай імпэрыі, дзе фармавалася ўкраінская грамадзянская супольнасьць і дзе захавалася зьнішчанае ў Расеі ўніяцтва — царква, якая праводзіла выразную мяжу паміж украінцамі і беларусамі з аднаго боку і палякамі і расейцамі — з другога. Да 1918 году Беларусь была складнікам Расеі. У гэтым годзе на кароткі час яна набыла прывідную незалежнасьць — і адразу яе згубіла, падзеленая паміж СССР і Польшчай.

Адносна большая слабасьць беларускай дзяржаўнасьці і культурнага адраджэньня пэрыяду расейскай рэвалюцыі зьвязана з кволасьцю базы гістарычнай міталёгіі, і беларускія нацыяналісты ня здолелі кампэнсаваць гэтую кволасьць уласнымі намаганьнямі, стварыўшы новую гістарычную міталёгію — падмурак для новых, наступных спробаў.

Затое савецкі партызанскі рух пэрыяду Другой сусьветнай вайны і пасьляваеннае аднаўленьне стварылі такія гістарычныя міты, на якія потым абапіраўся Лукашэнка, — але гэта не нацыянальныя, а спэцыфічна беларуска-савецкія гістарычныя міты.

Розныя шляхі да незалежнасьці

Легітымнасьць Савецкага Саюзу пачала ставіцца пад сумнеў і ў Беларусі, і ва Ўкраіне з прыходам у канцы 80-х гарбачоўскай публічнасьці і наступным раскрыцьцём савецкіх злачынстваў — “пакту Молатава-Рыбэнтропа”, сталін­скага тэрору, паводзінаў уладаў у час Чарнобыльскай катастрофы. У 1989 годзе ўкраінскі парлямэнт прыняў закон, у якім прадугледжваўся перавод усёй адміністрацыйнай дакумэнтацыі на ўкраінскую мову да сярэдзіны 90-х гадоў. Тады ж была легалізаваная ўніяцкая царква.

У сакавіку 1990 году ў СССР адбываюцца выбары ў Вярхоўныя Саветы рэспублік. Ва Ўкраіне дэмакратычная апазыцыя атрымала 25% месцаў. 16 ліпеня 1990 году парлямэнт 355 галасамі супраць 4 прыняў Дэклярацыю аб сувэрэнітэце. Жнівеньскі путч адыграў ролю той саломінкі, якая зламіла хрыбціну імпэрыі. Адна за адной рэспублікі сталі дэкляраваць сваю незалежнасьць. (Расея так і не прыняла Дэклярацыі незалежнасьці і сьвяткуе як “Дзень незалежнасьці” гадавіну прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, ухваленай летам 1990 году.) Украінскі парлямэнт абвясьціў незалежнасьць Украіны 24 жніўня 1991 году 346 галасамі супраць аднаго. 1 сьнежня адбыўся народны рэфэрэндум, на якім больш за 90% галасуючых падтрымалі незалежнасьць6.

Важным чыньнікам, які садзейнічаў гэтаму рашэньню, былі меркаваньні эканамічнага парадку. Лічылася, што адасабленьне ўкраінскай эканомікі ад расейскай прынясе Ўкраіне вялікую карысьць, бо рэспубліка пастаўляе свае тавары ўнутры СССР па штучна заніжаных цэнах і можа з большай выгадай прадаваць на Захад вугаль і збожжа. У гэта верылі нават этнічныя расейцы, 60% якіх падтрымалі на рэфэрэндуме адасабленьне ад Расеі. Але адны эканамічныя ўяўленьні не маглі б прывесьці да абвяшчэньня незалежнасьці, калі б не было ўжо існуючых сэпаратысцкіх настрояў, шчыльна зьвязаных з нацыянальнай самасьвядомасьцю і ўзмоцненых Чарнобыльскай катастрофай, калі Кіеў быў папярэджаны пра радыяцыйную небясьпеку толькі празь некалькі дзён пасьля таго, як яе ўжо выявілі ў Эўропе.

Абвясьціўшы незалежнасьць, Украіна сутыкнулася з мноствам праблемаў. Можа быць, самай цяжкай сталася праблема вызваленьня ад комплексу “малодшага брата”, пачуцьця нацыянальнай непаўнавартасьці і няўпэўненасьці ў сабе ў стасунках з Расеяй. Украінскае імкненьне ўзмацніць нацыянальную самасьвядомасьць — рэакцыя на гэты комплекс непаўнавартасьці. Былы пасол Расеі ў ЗША Ўладзімер Лукін так апісаў гэтую праблему: “Сытуацыя ўскладняецца тым, што многія ўкраінскія палітыкі імкнуцца да пабудовы нацыянальнай самасьвядомасьці не на глебе пазытыўнага “Мы”, што цяжка для краіны, якая ніколі ня мела стабільнай і трывалай сучаснай дзяржавы, але на больш прымітыўнай глебе “анты-яны”, прычым “яны” тут — Расея”7. Напрыклад, калі ў 1992 годзе данскія казакі прынялі прысягу на вернасьць Расеі, украінскія адразу ж адмовіліся ад хаўрусу з Масквой 1654 году і прысягнулі на вернасьць Украіне.

Як і ўва Ўкраіне, у Беларусі рух да незалежнасьці быў паскораны Чарнобыльскай катастрофай і рэакцыяй на яе маскоўскай улады. Чарнобыльская аварыя прывяла да забруджваньня 25% беларускай тэрыторыі. Савецкія ўлады ня толькі не эвакуявалі насельніцтва з забруджаных мясцовасьцяў, але й выдаткоўвалі вельмі нязначныя сродкі на ліквідацыю наступстваў аварыі, у той час як Беларусь была вымушана аддаваць на гэта 17% свайго бюджэту. Другой падзеяй, якая нанесла ўдар па ўяўленьнях аб легітымнасьці савецкага кіраваньня, было выяўленьне ў 1988 годзе ў Курапатах месца масавых пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, што паслужыла непасрэдным штуршком да стварэньня Беларускага народнага фронту (БНФ). Эканоміка таксама адыгрывала пэўную ролю. Вячаслаў Кебіч, прызначаны ў чэрвені 1990 году прэм’ер-міністрам, заявіў пры сваім уступленьні на пасаду, што Беларусі патрэбны эканамічны сувэрэнітэт. У кастрычніку гэтага году было абвешчана, што Беларусь пойдзе шляхам рынкавых рэформаў.

Першапачаткова магло скласьціся ўражаньне, што Беларусь ідзе па ўкраінскім шляху, але менш рашуча і павольней. БНФ быў афіцыйна зарэгі­страваны толькі ў ліпені 1991 году, праз шаснаццаць месяцаў пасьля рэгістрацыі яго ўкраінскага аналягу — Руху. На выбарах у Вярхоўны Савет у 1990 годзе беларуская дэмакратычная апазіцыя атрымала 10% месцаў (украінская — каля чвэрці, таму ўкраінскія нацыянал-дэмакраты маглі ў пэўных сытуацыях пазбаўляць парлямэнт кворуму, а ў беларускіх такога вагара ціску на большасьць не было). Нягледзячы на гэта, 27 ліпеня 1990 году, пасьля таго як 16 ліпеня была прынята ўкраінская Дэклярацыя аб сувэрэнітэце, Беларусь таксама абвясьціла аб сувэрэнітэце, а пасьля правалу ў 1991 годзе жнівеньскага путчу дэмакратычная апазыцыя здолела дамагчыся адстаўкі Старшыні Вярхоўнага Савету, прыпыненьня дзейнасьці КПБ і нацыяналізацыі яе ўласнасьці. 25 жніўня Беларусь абвясьціла сваю незалежнасьць, але, у адрозьненьне ад Украіны, тут ня быў праведзены рэфэрэндум, які б легітымізаваў гэты акт. Дэклярацыя незалежнасьці была прынятая Вярхоўным Саветам адзінагалосна — намэнклятурная бальшыня ўбачыла ў ёй адзіна магчымы шлях захаваньня ўлады.

У адрозьненьне ад Украіны, пасьля распаду СССР і абвяшчэньня незалежнасьці Беларусь захавала многія старыя сымбалі — індыкатары сама­сьвядомасьці. Напрыклад, афіцыйная газэта працягвала называцца “Советской Белоруссией” і друкавацца на расейскай мове, КДБ засталося КДБ, і нават сваю старую назву захавала Вайсковая акадэмія імя Суворава — расейскага военачальніка, якога за падаўленьне польскага паўстаньня 1794 году Кацярына ўзнагародзіла, аддаўшы яму ў прыгон беларускіх сялянаў.

Але сапраўднымі ростанямі гісторыі, падзеяй, пасьля якой разьвіцьцё Ўкраіны і Беларусі пайшло зусім рознымі шляхамі, былі прэзыдэнцкія выбары 1994 году (ва Ўкраіне — другія, у Беларусі — першыя). Адрозьненьні, якія можна было ўспрымаць як “колькасныя”, ператварыліся ў “якасныя”. Ва Ўкраіне Кучма перамог былога прэзыдэнта — нацыяналіста й былога нацыянал-камуніста Краўчука, атрымаўшы на 7% галасоў болей (Краўчук — 45%, Кучма — 52%). У Беларусі абодва нацыянал-дэмакратычныя кандыдаты — Шушкевіч і Пазьняк — не прайшлі ў другі тур, дзе барацьба ішла паміж двума прарасейскімі кандыдатамі — Кебічам і Лукашэнкам, прычым перамога Лукашэнкі (81% галасоў супраць 14%, пададзеных за Кебіча) была значна большых памераў, чым перамога Кучмы.

І Кучма, і Лукашэнка надавалі першаснае значэньне эканоміцы. Але дзейнічалі яны зусім па-рознаму. Аніякіх драматычных зьменаў ні ў палітыцы нацыянальнага і дзяржаўнага будаўніцтва, ні ў палітыцы бясьпекі ва Ўкраіне з заменай Краўчука Кучмам не адбылося, толькі паскорыўся рух у рынкавым напрамку.

А Лукашэнка пайшоў па шляху ўсталяваньня аўтарытарызму, стрымліваньня ці нават згортваньня рынкавых рэформаў і ператварэньня Беларусі ў квазідзяржаву, сатэліта Расеі (што, між іншым, рэзка пагоршыла пэрспэктыву ўсталяваньня нармальных стасункаў Украіны і Расеі, бо Расея, натуральна, бачыць ў беларуска-расейскіх адносінах і гатоўнасьці Лукашэнкі прыняць на сябе ролю “малодшага брата” мадэль, якой абавязана прытрымлівацца Ўкраіна). Пры гэтым цяга да аўтарытарызму і да зьвязу ці нават аб’яднаньня з Расеяй — розныя аспэкты аднае зьявы: руху назад грамадзтва, што не дало рады цяжкасьцям, ад спробы пабудовы нацыянальнай і эўрапейскай сама­ідэнтыфікацыі да “эўразійскай” савецкай самаідэнтыфікацыі.

Прычыны адрозьненьняў

Мы ўжо казалі, што бачым асноўнай прычынай адрозьненьняў эвалюцый Украіны і Беларусі розны гістарычна абумоўлены ўзровень разьвіцьця нацыянальных ідэнтычнасьцяў і самасьвядомасьцяў, які стварае падмурак для пабудовы сучаснай нацыі і дзяржавы. Ступень разьвіцьця нацыянальнай самасьвядомасьці вызначае ступень магчымай мабілізацыі грамадзтва для дасягненьня незалежнасьці і пераадоленьня магчымых цяжкасьцяў пераходу да незалежнасьці (якія ў былым СССР ўскладняліся яшчэ й тым, што пераход гэты адначасова быў пераходам ад таталітарызму да дэмакратыі і ад планавай эканомікі да рынку). Чым вышэйшая самасьвядомасьць, тым лягчэйшы пераход, бо гэты чыньнік волі народу, гатоўнасьці “ператрываць” аказваецца важнейшым за “аб’ектыўныя” чыньнікі. Не выпадкова, што сярод краінаў былога СССР найбольш лёгкім пераход аказаўся ў краінах Балтыі — не таму, што ў іх былі нейкія асаблівыя эканамічныя рэсурсы й іншага кшталту аб’ектыўныя перавагі, а найперш таму, што гэта краіны зь вельмі разьвітай нацыянальнай ідэнтычнасьцю, дзе народы сьвядома ішлі на цяжкасьці і не баяліся іх. І Ўкраіна, і Беларусь значна саступаюць у гэтых адносінах балтыйскім краінам. Але нацыянальная самасьвядомасьць украінцаў усё ж значна больш разьвітая, чым беларуская, і хаця ва Ўкраіне, асабліва ўва ўсходніх рэгіёнах, цяжкасьці пераходу таксама прывялі да расчараваньня ў незалежнасьці, якое дасягнула, верагодна, свайго піку ў 1994 годзе, годзе прэзыдэнцкіх выбараў, Украіна здолела прайсьці праз гэты крытычны пункт, Беларусь жа сарвалася, “ня вытрымала выпрабаваньняў”.

Разгледзім цяпер больш падрабязна асобныя праявы і вынікі гэтага галоўнага адрозьненьня паміж Украінай і Беларусяй, а таксама некаторыя дадатковыя чыньнікі, што ўплывалі на постсавецкую трансфармацыю гэтых дзяржаваў.

Тэрыторыі, межы і роля сталіцаў

Украніская ССР пасьля 1939 і 1945 гадоў атрымала ад Польшчы, Румыніі і Чэхаславаччыны Галіччыну, Валынь, Паўднёвую Букавіну і Закарпацьце, Беларусь — свае заходнія землі. Але палітыка СССР адносна ўкраінскіх земляў, што былі раней ня ў складзе Расейскай імпэрыі, а належалі Аўстра-Вугоршчыне, і заходнебеларускіх земляў была вельмі рознай. У Заходняй Украіне, арэне магутнага антысавецкага партызанскага руху, які доўжыўся да 50-х гадоў, савецкая ўлада дзейнічала зь вялікай асьцярогай. Сродкі масавай інфармацыі тут у савецкі час практычна ўсе былі ўкраінамоўныя, што са­дзейнічала далейшай кансалідацыі ўжо дастаткова разьвітой нацыянальнай сьвядомасьці8. І менавіта Заходняя Ўкраіна стала рухавіком украінскага руху за незалежнасьць у 1989—1991 гадах. Вялізную ролю пры гэтым адыграў Львоў — горад, які мае ва Ўкраіне значнасьць культурнай сталіцы, блізкую да значнасьці Кракава ў Польшчы. (Для Беларусі ў свой час аналягічную ролю адыгрывала Вільня-Вільнюс, якая стала пасьля далучэньня да СССР Ўсходняй Польшчы і Літвы сталіцай Літвы. І беларускія нацыянал-дэмакраты, і беларускія камуністы неаднаразова абвяшчалі, што Вільня — “беларуская этнаграфічная тэрыторыя”, і былі блізкія да тэрытарыяльных прэтэнзіяў да Літвы.)

Пералічваючы розныя чыньнікі, што ўплываюць на постсавецкае разьвіцьцё Ўкраіны і Беларусі, трэба адзначыць і ролю сталіцаў. У адрозьненьне ад Менску, Кіеў — былая сталіца Кіеўскай Русі, горад, які ў 1982 годзе сьвяткаваў сваё 1500-годзьдзе і, хаця гэтая дата можа лічыцца сумнеўнай, прынамсі гадоў на 500 старэйшы за Маскву. І гэтым Кіеў дапамагае Ўкраіне ў яе імкненьні адкінуць ролю “малодшай сястры” Расеі і дамагчыся роўнасьці ў расейска-ўкраінскіх адносінах. Для некаторых украінцаў размова ідзе нават не пра роўнасьць, а пра тое, што гэта яны, а не расейцы ёсьць “старэйшымі братамі” (радыкальна-нацыяналістычная Ўкраінская нацыянальная асамблея нават вылучыла ідэю стварэньня вялікай ўсходнеславянскай дзяржавы, але з цэнтрам не ў Маскве, а ў Кіеве, “матери городов русских”9.

Кіеў ня толькі горад зь вялікім мінулым. Ён здолеў таксама ў значна большай ступені, чым Менск, захаваць сваё нацыянальнае аблічча. Расейская перавага ў Кіеве адносна позьняя (да польскага паўстаньня 1863 году пануючая кляса ў Кіеве была польскай ці палянізаванай), а ў апошнія дзесяцігодзьдзі савецкага кіраваньня Кіеў стаў нават больш, а ня менш украінскім. Падтрымка нацыянал-дэмакратыі ў Кіеве была значна большай, чым у Менску, і нацыянал-дэмакратызм меў на Ўкраіне дзьве базы — Заходнюю Ўкраіну і Кіеў. Абедзьве аналягічныя базы ў Беларусі былі альбо надзвычай кволыя, альбо папросту адсутнічалі.

Рэлігія

У Беларусі няма царквы, у якой пераважала б беларуская мова. У каталіцкай пераважае польская, у праваслаўнай — расейская. Ёсьць спробы ўзнавіць не існуючае на тэрыторыі Беларусі з 1839 году ўніяцтва, якое разглядаецца многімі беларускімі нацыянал-дэмакратамі як адзіная “сапраўды беларуская царква”, але посьпех іх вельмі сьціплы. Галасы ж на карысьць праваслаўнай аўтакефаліі гучаць зусім ціха.

Мітрапаліт Філарэт, кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, знахо­дзіцца пад юрысдыкцыяй Маскоўскай патрыярхіі і падтрымлівае лукашэнкаўскі панславізм на праваслаўнай глебе.

Ва Ўкраіне, наадварот, у заходніх рэгіёнах існавала моцнае ўніяцкае “падпольле”, якое адыграла вялікую ролю ў гальванізацыі нацыяналізму і сэпаратызму ў гарбачоўскі пэрыяд і якое з 1989 году легалізавалася. Апроч таго, Расейская Праваслаўная Царква страціла мноства прыходаў, якія перайшлі пад юрысдыкцыю дзьвюх праваслаўных аўтакефальных цэркваў, адрозьненьні між якімі хутчэй асабовага, чым ідэалягічнага кшталту. У трох нацыянальных цэрквах (уніяцкай і дзьвюх аўтакефальных) болей прыходаў, чым ува Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы, якая засталася пад маскоўскай юрысдыкцыяй.

Дысыдэнцтва

У Беларусі быў толькі адзін паўнавартасны дысыдэнт. У 70-я гады тут не была створана гельсынская група, у той час як ва Ўкраіне гэтым часам дзейнічала самая шматлікая гельсынская група ў СССР. Да пачатку 80-х яе ліквідавалі, але ў 1987—1998 яна была рэанімаваная як Украінскі Гельсынскі саюз, які ў 1990 годзе стаў ядром Украінскай рэспубліканскай партыі. Выпушчаныя зь лягераў украінскія дысыдэнты ўліліся ў шэрагі апазыцыі гарбачоўскай эпохі, і ў Руху адбылося іх аб’яднаньне зь лібэральнай інтэлігенцкай апазыцыяй. У Беларусі ж адсутнасьць такіх дысыдэнтаў была адным з чыньнікаў, якія садзейнічалі адноснай кволасьці БНФ.

Нацыянал-камунізм

Вялізную ролю ў дасягненьні Ўкраінай незалежнасьці адыгралі ўкраінскія нацыянал-камуністы на чале з Краўчуком, якія грунтаваліся на гістарычнай традыцыі, што сягае каранямі пэрыяду Грамадзянскай вайны і 20-х гадоў. Нацыянал-камунізм заўсёды падымаў галаву ва Ўкраіне ў эпохі савецкіх лібэралізацый. У апошні пэрыяд перад гарбачоўскай лібэралізацыяй ягонай значнай праявай была дзейнасьць лідэра ўкраінскай кампартыі Пётры Шэлеста, зьнятага ў 1972 годзе за “нацыянал-ухілізм”. Пасьля зьняцьця Шэлеста ў шэрагах украінскай кампартыі была зьдзейсьнена суровая чыстка, і адначасова пачалася кампанія супраць дысыдэнтаў.

У Беларусі некаторыя элемэнты нацыянал-камунізму можна было пабачыць у пазыцыях “партызанскай групоўкі” беларускага партыйнага кіраў­ніцтва, якая дамінавала ў 50—60-я гады, прадстаўнікі якой пры ўсёй сваёй ляяльнасьці да СССР насілі нацыянальныя строі і дэманстратыўна размаўлялі па-беларуску. Але да 80-х гг. гэтая групоўка сышла на нішто. У нейкай меры можна казаць, што ў 1990—1991 гадах, да распаду СССР, да нацыянал-камуністычных пазыцыяў быў блізкі Лукашэнка, але да 1994 году, калі ён прыйшоў да ўлады, ягоны флірт з нацыянал-камунізмам даўно скончыўся.

Роля асобаў

З. Пазьняк, лідэр БНФ, скардзіўся, што сярод беларускіх лідэраў няма “палітыкаў і асобаў маштабу Краўчука”10. Краўчук — дасьведчаны палітык, цудоўна ведае “бізантыйскі сьвет” партыйных намэнклятурных кланаў, сам належыць да гэтага сьвету і ўмела выкарыстоўвае свой досьвед. У сьнежні 1991 году ён, фактычна прысвоіўшы да гэтага часу праграму Руху, становіцца прэзыдэнтам, а другі палітык, таксама нацыянал-камуністычнага напрамку, Іван Плюшч пры падтрымцы нацыянал-дэмакратаў — кіраўніком украінскага парлямэнту. Гэтыя два чалавекі дамінавалі ўва ўкраінскай палі­тыцы ў 1991—1994 гады, у цяжкі пэрыяд дзяржаўнага будаўніцтва, і зрабілі вельмі шмат для таго, каб да 1994 году ўкраінская незалежнасьць стала незваротнай.

У Беларусі сытуацыя была зусім іншай. Прэзыдэнта не абіралі да 1994 году, Старшынём Вярхоўнага Савету ў верасьні 1991 году стаў Шушкевіч. Шушкевіч таксама, як і Краўчук і Плюшч, імкнуўся да пабудовы нацыі і дзяржавы. Але, у адрозьненьне ад іх, ён быў не прадстаўніком намэнклятуры, а інтэлігентам, псыхалягічна чужым для большасьці парлямэнтароў і чынавенства, і ня меў ніякага савецкага намэнклятурна-палітычнага досьведу. Разам з тым, ён зусім ня быў дысыдэнтам, і пазыцыі ягоныя заўсёды былі адносна памяркоўнымі. Да жнівеньскага путчу ён быў членам КПСС і, у адрозьненьне ад Краўчука і Плюшча, ніколі не пярэчыў супраць падпісаньня новай саюзнай дамовы і ўступленьня ў мытны саюз СНД. І побач зь ім не было блізкага яму па духу кіраўніка выканаўчай улады.

Адрозьненьне асобаў і становішчаў украінскага і беларускага кіраўнікоў яскрава бачнае ў іх ролі ў перамовах 7—8 сьнежня 1991 году ў Белавескай пушчы. Краўчук, маючы за сабой падтрымку 90% выбаршчыкаў, пачуваўся дастаткова ўпэўненым, каб прапанаваць плян, згодна зь якім Саюзная дамова 1922 году прызнавалася нядзейснай і СССР замяняўся СНД, якая ня мае кіруючага цэнтру. Паколькі такі плян меў на ўвазе таксама адхіленьне Гарбачова ад улады і спыненьне супрацьстаяньня расейскіх і саюзных органаў улады, Ельцын з радасьцю падтрымаў Краўчука. Шушкевіч, які граў у перамовах нязначную ролю, пры гэтым толькі сказаў: “Мы — маленькая краіна і прымем тое, на што пагодзяцца Ўкраіна і Расея. Але вы, вялікія, вы ж прадумалі ўсё да канца?”11.

Мова, культура, гісторыя

Савецкі перапіс 1989 году паказаў, што 20% этнічных беларусаў лічыць сваёй роднай мовай расейскую (ва Ўкраіне — 12% этнічных украінцаў). Але гэтыя лічбы не даюць уяўленьня аб рэальных маштабах русіфікацыі. Спэцыяльныя дасьледаваньні даюць іншыя лічбы. Так, апытаньне 1997 году паказала, што ў штодзённым жыцьці найперш беларускай мовай карыстаюцца менш за 10% насельніцтва Беларусі12. Гэта самы нізкі ўзровень “моўнай ляяльнасьці” ў рэспубліках былога СССР.

Натуральна, што ў гэтых умовах Закон аб мовах, прыняты 26 студзеня 1990 году, нягледзячы на намаганьні Шушкевіча і Кебіча, выконваўся зь вялікімі цяжкасьцямі ці ўвогуле не выконваўся. Лукашэнка мог публічна казаць пра беларускую мову як пра “бедную” мову і практычна не выкарыстоўваць яе ў сваіх выступах, аддаючы перавагу расейскай, на якой ён, аднак, гаворыць з моцным беларускім акцэнтам. На рэфэрэндуме 15 траўня 1995 году 83,1 % выбарцаў выказаліся за роўны статус беларускай і расейскай моваў, што і паклала канец кволай спробе беларусізацыі.

Ва Ўкраіне пазыцыі ўкраінскай мовы ў канцы савецкага пэрыяду былі значна мацнейшымі. У Заходняй Украіне ўкраінская мова пераважала, а наагул у будзённым жыцьці размаўляюць у асноўным на ўкраінскай больш за 40% насельніцтва. Пры апытаньні 1997 году апытаным прапанавалі вы­браць мову анкетаваньня. Украінскую абралі 41,6%, расейскую — 43,4%, астатнім было ўсё адно13. Натуральна, гэта таксама вельмі высокі ўзровень русіфікацыі, але ўсё-такі значна ніжэйшы, чым у Беларусі. Ня дзіва, што і лёс беларускай і ўкраінскай моваў у постсавецкі пэрыяд быў розным. Калі Лукашэнка адмовіўся ад беларускай, то Кучма, які кепска ведаў украінскую, наадварот, вывучыў яе і стаў выкарыстоўваць у сваіх выступах як родную. І калі ў гарбачоўскі пэрыяд у Кіеве менш чым у траціне школак выкладаньне вялося на ўкраінскай, дык цяпер — у 90%. Апытаньне ўкраінскай эліты, праведзенае ў канцы 1996 году, паказала, што толькі 17,2% падтрымліваюць прапанову надаць роўны статус украінскай і расейскай мовам (як у Беларусі пасьля 1995 году). Больш чым траціна прадстаўнікоў эліты выказаліся наагул супраць якога б там ні было афіцыйнага статусу расейскай мовы, а больш за палову — за тое, каб надаць ёй статус адной з афіцыйных (але не дзяржаўнай мовы)14.

У пэрыяд паміж 1991 і 1994 гадамі ў Беларусі была зроблена слабая спроба пераарыентацыі нацыянальнай гісторыі і выкладаньня нацыянальнай гісторыі. Акадэмія навук і знакамітыя грамадзкія дзеячы прапагандавалі “беларускі дух”. Уводзіліся новыя гістарычныя героі, якія змагаліся ўжо ня толькі з тэўтонскімі рыцарамі, палякамі і татарамі, але і з расейцамі (маскалямі). Упор рабіўся на беларускіх культурных і палітычных сувязях з Захадам і ўсяляк падкрэсьлівалася (і перабольшвалася) нацыянальная своеасаблівасьць беларусаў і іх адрозьненьне ад расейцаў. У 1991 годзе упершыню быў перавыдадзены надрукаваны ў 1926 годзе “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі” У. Ігнатоўскага, які спрабаваў, як гэта зрабіў М. Грушэўскі для Ўкраіны, адасобіць беларускую гісторыю ад расейскай.

Не гаворачы ўжо пра тое, што ў дасавецкай гісторыі Беларусі было ня­шмат рэальных пунктаў апоры для стварэньня нацыянальных мітаў і легітымізацыі дзяржаўнай незалежнасьці, у нацыянал-дэмакратаў аказалася зусім мала часу для таго, каб пераінтэрпрэтацыя гісторыі трапіла ў масавую сьвядомасьць большасьці. У ёй працягвалі дамінаваць савецкія міты пра рэспубліку-партызанку і слаўную эпоху пасьляваеннага аднаўленьня. І пры Лукашэнку адбываецца вяртаньне да савецкай канструкцыі гісторыі (якая сама з 1934 году абапіралася на расейскую імпэрскую гістарыяграфію) і да савецкіх школьных падручнікаў як крыніц гістарычнай легітымізацыі ягонага “панславізму” і курсу на аб’яднаньне з Расеяй.

Ва Ўкраіне і задача была прасьцейшай, і посьпехі ў яе рэалізацыі — большыя. Школа Грушэўскага, што абвяшчала Ўкраіну непасрэднай спадкаемцай Кіеўскай Русі, а вытокі расейскага этнасу зьмяшчала ва Ўладзімера-Суздальскім княстве і Маскоўскай дзяржаве, што адмаўляла Расеі ў праве прэтэндаваць на ўсю кіеўскую спадчыну, як, да прыкладу, Францыі (Галіі) — у праве на спадчыну Рыму, стала ва Ўкраіне пануючай.

Эканамічная трансфармацыя і энэргетычная залежнасьць

Розны ўзровень масавай падтрымкі незалежнасьці паўплываў таксама на рознае стаўленьне Ўкраіны і Беларусі да эканамічнай рэформы. “Параўноў­ваючы эканамічнае разьвіцьцё Ўкраіны і Беларусі, нельга не адзначыць ролі ідэі незалежнасьці. Калі крызыс стаў пагражаць адзінству і незалежнасьці Ўкраінскай дзяржавы, моцная прысутнасьць гэтага чыньніку на Ўкраіне мабілізавала эліту ў 1994 годзе на барацьбу з крызысам на шляхах экана­мічнай рэформы. Наадварот, беларускія лідэры — прэм’ер Кебіч да ліпеня 1993 году і потым прэзыдэнт Лукашэнка — на аналягічны крызыс рэагавалі іначай: як замену эканамічнай рэформе яны сталі шукаць грашовага і эканамічнага саюзу з Расеяй”15. Украінскі парлямэнт адмовіўся прыватызаваць стратэгічна важныя сфэры эканомікі — індустрыю нафты й газу і, такім чынам, зрабіў немагчымым іх набыцьцё расейскімі кампаніямі. (Расея ў адно­сінах з Украінай заўсёды імкнулася праводзіць прынцып, згодна зь якім ўкраінскія пазыкі павінны пагашацца нафтаправодамі, нафтаачышчальнымі прадпрыемствамі і Чарнаморскім флётам, чаму Ўкраіна заўсёды супраціўлялася.) Наадварот, у Беларусі “Лукойл” набыў 51% акцыяў мазырскага, а “Юкос” — 74% акцыяў наваполацкага нафтаперапрацоўчых заводаў*16.

Праўда, пры тлумачэньні гэтых адрозьненьняў трэба ўлічваць і шэраг чыста эканамічных і геаграфічных пераваг Украіны перад Беларусяй. Энэргетычная залежнасьць Беларусі ад Расеі большая, чым Украіны17. Апроч таго, у Беларусі няма такога сродку ціску на Расею, як кантроль над нафтавымі і газавымі трубаправодамі, па якіх расейскія энэрганосьбіты пастаўляюцца на Захад. Ёсьць ува Ўкраіны і яшчэ адзін рычаг ціску — больш за 300 тыс. украінцаў, якія працуюць на нафта- і газаздабыўных прадпрыемствах у Цюмені. Яны ня сталі б падтрымліваць надта жорсткую палітыку адносна сваёй краіны. Таму Расея імкнецца правесьці новыя трубаправоды празь Беларусь, мінаючы Ўкраіну.

Украінскія атамныя электрастанцыі, хаця на Чарнобыльскай АЭС і адбылася самая страшная катастрофа ў сусьветнай гісторыі, таксама зьяўляюцца перавагай Украіны. За зіму 1995/96 г. яны выпрацавалі 50% неабходнай краіне энэргіі. Для забесьпячэньня энэргетычнай незалежнасьці Ўкраіна плянуе павялічыць магутнасьці сваіх АЭС.

Перавагай Украіны зьяўляецца і яе геаграфічнае становішча, якое дазваляе ёй шукаць альтэрнатыўныя расейскім крыніцы энэргіі. У Адэсе Ўкраіна будуе новы нафтавы тэрмінал для перавалкі імпартнай азэрбайджанскай і іранскай нафты (хаця ня вельмі зразумела, як яна будзе за яе разьлічвацца). Яна вельмі настойліва імкнецца наладзіць сувязі з Туркмэністанам, сваім другім па значнасьці пастаўнікам газу, а таксама з Азэрбайджанам і Грузіяй — для забесьпячэньня паставак азэрбайджанскай нафты праз грузінская парты. Турцыя, якая зь недаверам пазірае на дзейнасьць Расеі ў Чарнаморскім рэгіёне, падтрымлівае грузінскі маршрут для азэрбайджанскай нафты (у той час як Расея стварае маршрут праз Грозны і Наварасійск).

Высновы

З 1991 году палітычнае разьвіцьцё Ўкраіны і Беларусі пайшло ў розных, у многіх аспэктах — дыямэтральна супрацьлеглых напрамках. Гэта можа падацца дзіўным, бо ў канцы савецкага пэрыяду паміж гэтымі рэспублікамі існавала шмат падобнага. Аднак, як мы імкнуліся паказаць, падмуркам сучасных адрозьненьняў у палітыцы зьяўляюцца шматвекавыя адрозьненьні ў гісторыі. У гісторыі Ўкраіны было некалькі пэрыядаў незалежнасьці, зь якіх яна чэрпае нацыянальныя міты, што дапамагаюць ёй у будаўніцтве нацыянальнай самасьвядомасьці. Украіна мае таксама шэраг перавагаў перад Беларусяй, зьвязаных і не зьвязаных з гэтай гістарычнай спадчынай: 1) Заходнюю Ўкраіну і Львоў, 2) Кіеў — сталіцу зь вялікай гісторыяй, якая пасьпяхова перамагае русіфікацыю, 3) значна большую ступень захаваньня нацыянальнай мовы, 4) існаваньне ўкраінамоўных цэркваў, альтэрнатыўных расейскаму праваслаўю, 5) магутную дысыдэнцкую традыцыю і дысыдэнцкія кадры — важную базу элітаў, гатовых змагацца за незалежнасьць, 6) лідэраў, якія адначасова маглі працаваць у савецкай сыстэме і пачаць працэс пабудовы нацыянальнай ідэнтычнасьці (Краўчук) ці працягнуць гэты працэс (Кучма). Беларусь ня мела гэтых перавагаў і аказалася менш здольнай і, самае галоўнае, менш жадала пачаць будаўніцтва нацыі і дзяржавы. Гэта — унікальная краіна былога СССР, адзіная краіна, ня вельмі зацікаўленая ў статусе незалежнасьці.

Зараз, пасьля пяці год незалежнай палітыкі і будаўніцтва нацыі і дзяржавы, будучыня Ўкраіны бачыцца гарантаванай. А будучыня Беларусі вельмі няпэўная. Поўная інтэграцыя з Расеяй уяўляецца малаверагоднай. Але малаверагодна й дасягненьне ўкраінскай ступені незалежнасьці. Самы імаверны варыянт — гэта паўнезалежная Беларусь, якая саступіла Расеі багата сваіх дзяржаўных атрыбутаў.

Само па сабе такое разьвіцьцё ня ёсьць нечым благім. Але, па-першае, яно аказваецца непарушна зьвязаным з адыходам ад дэмакратыі і зьяўленьнем у Беларусі аўтарытарнай дзяржавы. Па-другое, яно становіцца небясьпечным у выніку свайго ўзьдзеяньня на расейскі нацыяналізм. Зьбігнеў Бжазіньскі пісаў: “Без Украіны Расея перастане быць імпэрыяй, але з падпарадкаваньнем Украіны яна становіцца імпэрыяй аўтаматычна”18. У гэтай фразе цалкам можна замяніць Украіну на Беларусь. Беларуская квазідзяржава можа стаць каталізатарам, які ператварае працэс будаўніцтва ў Расеі сучасных нацыяў і дзяржавы ў працэс аднаўленьня імпэрыі.

Пераклала з расейскай Наста Бакшанская паводле кнігі
“Беларуссия и Россия: общества и государства”. (Пад рэд. Д. Фурмана.) — Масква: Права человека, 1998.

Заўвагі:

1 Гл.: Jurgen Corbert. The Soviet Union at the Crossroads: Facts and Figures on the Soviet Republics. — Frankfurt: Deutsche Bank. 1990.

2 Alexander J. Motyl. Dilemmas of Independence: Ukraine after Totalitarianism. — New York: Council on Foreign Relations Press, 1993, p. 58.

3 Гл.: Anderson B. Imagined Communities. — London: Verso, 1991; Isaiah Berlin. Against the Current. — London: Hogarth Press. 1979; Antony D. Smith. National Identity. — Reno. NA: University of Nevada Press, 1991.

4 Op. cit. Anderson B., p. 6.

5 Падрабязьней гл.: Paul. R. Magosci. “The Ukrainian National Revival: A New Analitical Framework” // “Canadian Review of Studies in Nationalism”, vol. XVI. nos 1—2, 1989, pp. 45—62.

6 Л.Краўчук, у той час прэзыдэнт Украіны, пазьней казаў, што Саюз распаўся, “поскольку СССР держался на двух опорах — КПСС и КГБ”. Гл.: “У каждого своя правда” // “Аргументы и факты”, апрель 1993 года.

7 Vladimir P. Lukin. “Our Security Predicament”// “Foreign Policy”. № 88 (Fall 1992). p. 63.

8 Гл.: Szporluk R. “West Ukraine and West Belarussia” // “Soviet Studies”, vol. 31, №1 (January 1979), pp. 76—98.

9 Выказваючы ў парадыйнай й іранічнай форме свой пратэст супраць расейскіх прэтэнзіяў на Крым, украінскі парлямэнт высунуў патрабаваньне вярнуць Украіне шэраг расейскіх абласьцей і паўночны флот, абгрунтоўваючы свае прэтэнзіі на спадчыну Кіеўскай Русі. Гл. “Голос Украпни”. 25.10.1996 г.

10 Гл.: “Московские новости”. №48. 1992.

11 Гл.: Peter Rutland. “How the Soviet Union Ended: Yegor Gaidar Reflects on the Events of Fall 1991” // “OMRI Analitical Brief”, № 453 (11. November 1996).

12 Гл.: “Белорусская деловая газета”. №3. 19.01.1997 г.

13 Гл.: Гринев В. СЛОН о языковой политике в Украине. Киев, 1997. с. 11.

14 ИТАР-ТАСС. 10.11.1996 г.

15 Marek Dаbrowski and Rafal Antezak. Economic Transition in Russia. Ukraine and Belarus: A Comparative Perspective // B. Kaminski (ed). “Economic Transition in Russia and the New States of Eurasia” / “The International Politics of Eurasia”, vol. 8 — Armonk. NY.: M.E. Sharpe, 1996, p. 77.

16 “Интерфакс”. 25.01.1996 г.

17 Украіна імпартуе 75% неабходнай нафты й газу, найперш з Расеі, але чвэрць імпартаванага газу ідзе з Туркмэністану. Апроч таго, яна вырабляе значна больш электра­энэргіі, чым Беларусь, якая, акрамя гэтага, вымушана імпартаваць 25% неабходнай электраэнэргіі з Расеі і Літвы.

18 Цытуецца паводле артыкулу: Szporluk R. After Empire: What? // “Daedealus”, vol. 123. №4 (Summer 1994), p. 35


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Пабудова нацыяў і дзяржаваў. Гістарычная спадчына і нацыянальная самасьвядомасьць у Беларусі і Ўкраіне. Параўнаўчы аналіз


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.