Страшны год (успаміны нядаўніх дзён)

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Страшны год (успаміны нядаўніх дзён). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Юр. Монвід (Францішак Аляхновіч)

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №12 1999 ГОД


Францішак Аляхновіч (1883—1944) — драматург, “беларускі Мальер ХХ стагодзьдзя”, аўтар хрэстаматыйных “Чорт і баба”, “Круці не круці...”, “На Антокалі”, “Пан міністр”, а таксама дакумэнтальнай аповесьці “У кaпцюрох ГПУ”. За цара — вязень Лукіскай турмы, за Саветаў — Салавецкіх астравоў. У вайну рэдагаваў штотыднёвік “Беларускі голас”. Ён заўсёды трымаўся думкi, якой ня надта ўтульна ў беларускiх сюжэтах: “Я не палiтык, я — культурнiк, я — тэатральны работнiк”. Жыцьцё насьмiхалася з правiла ды даравала яму ўсялякiх нягод.
З пачатку 1944–га яго ўспамiны пра перадваенныя туляньнi пад назваю “Страшны год” друкаваў часопiс “Новы шлях”. 3 сакавiка ўвечары ў дзьверы вiленскай кватэры Аляхновiча пазванiлi. Не дапiсаўшы чарговага сказу “Страшнага году”, гаспадар пайшоў адчыняць. Было двух вiзытантаў. Зайшлi. Аляхновiч павёў неспадзяваных гасьцёў у свой габiнэт. Пэўны час iшла спакойная размова. Каля восьмае гадзiны выбухнуў стрэл... Успамiны абарвалiся на слове.
Пра Ф.А. таксама — у пасьлямове пры канцы “Страшнага году”.
Рэдакцыя дазволіла сабе зьмяніць падзел на абзацы з улікам таго, што ў 1944 годзе твор друкаваўся ў газэтным фармаце. Мусім заўважыць, што твор не свабодны ад ідэалягічных забабонаў свайго часу.

Нечаканыя госьці

Я тады працаваў на электрычнай станцыі ў Вільні... У вячэрнія гадзіны тры разы на тыдзень мы зьбіраліся на лекцыі літоўскае мовы... Праз пару дзён ужо быў назначаны экзамэн, які меўся вырашыць пытаньне, хто з нас застанецца на працы, а хто — павялічыць лік беспрацоўных...

Гадзіна 6 увечары. Лекцыя скончылася. Разыходзімся. Я вяртаюся дахаты, думаючы аб блізкіх экзамэнах. Каб не “праваліцца”! Цяжка мне давалася літоўская мова!

І канчаючы ўжо шосты дзясятак гадоў майго жыцьця, я перанёсься ў шчасьлівыя дзіцячыя гады, калі пытаньне аб тым, ці вытрымаеш экзамэны і ці пяройдзеш у вышэйшую клясу, зьяўлялася найважнейшым. Цяпер пытаньне, што стаяла перада мной, было таксама не малой вагі: ці буду мець магчымасьць зарабляць на хлеб для сябе і сваёй сям’і? Сівы чалавек, бацька дзяцей, я перажываў перадэкзамэнацыйныя эмоцыі школьніка. Было мне і страшна, і сьмешна, і крыўдна...

Прыбліжаючыся да Зялёнага мосту, я глянуў і — адзервянеў. Праз мост у бок Кальварыйскай вуліцы каціліся–грукаталі нейкія вазы–скрыні. З круглых, адчыненых на іх вежаў высоўваліся галовы у шэрых сьпічастых шапках...

Гэта былі яны: бальшавікі!..


Прафэсар М.Зьдзяхоўскі, які памёр перад сучаснай вайной у Вільні, не дачакаўшыся бальшавікоў, верыў, што бальшавізм зьяўляецца творам нячыстых сілаў. Ён, падыходзячы да справы містычна, зусім шчыра і паважна пісаў, што ў сучасны мамэнт пачынаюць збывацца прадбачаныя ў Апакаліпсісе падзеі...

Пры спатканьні з бальшавікамі мяне агартае страх. Гэта ня толькі ведамы кажнаму чалавеку страх сьмерці. Тут ёсьць нешта болей. Хто з нас, пражыўшы больш за паўсотні гадоў, не глядзеў сьмерці ў вочы! Гэта іншы страх. Гэта страх дзіцяці, зачыненага ў цёмным пакоі, якое баіцца чагосьці нерэальнага. Гэта страх, які перажываем у сьне, змагаючыся зь нечым і ня могучы яго перамагчы, калі непаслухмяныя рукі ня могуць нанесьці забойчага ўдару, а ногі ня здолеюць варушыцца, каб уцячы...

І мне часам прыходзіць на дум, ці запраўды ў факце існаваньня бальшавізму няма чагосьці “патустароньняга”, бо, глянуўшы на гэтыя шапкі, на гэтыя чырвоныя зоркі, я перажываю містычны страх, нібы я спаткаўся з чортам...

Лепш у голым полі спаткацца са зграяй галодных ваўкоў, чымся неспадзявана пабачыць гэтыя шапкі, гэтыя зоркі, гэтыя скуластыя мангольскія твары, зь якімі, здавалася, ужо ніколі не сустрэнешся.

Уцёкі

Няздольны, як у сьне, да лягічнага разважаньня, я пабег да свае хаты. Там яшчэ нічога ня ведалі. “Бальшавікі прыйшлі!” — я першы прынёс гэтую вестку.

У гэты мамэнт мне здавалася, што я не павінен ні аднае ночы начаваць у сябе дома. Я сеў на аўтабус і паехаў у другі канец гораду да прыяцеля. Тут мы пачалі ўсебакова разважаць палажэньне. Мы прыйшлі да гэткага выснаву: бальшавікі тут ужывуць іншую тактыку, чымся ўсюды дагэтуль. Літва — незалежная дзяржава, Літва — што атрымала так нядаўна ад бальшавікоў Вільню, Літва — што падтрымоўвала прыязныя адносіны з СССР — перажыве працэс саветызацыі ў павольным тэмпе, шляхам эвалюцыйным. Ня будзе раптоўнай ломкі з НКВД, падваламі, расстрэламі. Яшчэ ня хутка пачне зямля гарэць пад нагамі. А цяпер яшчэ можна даўжэйшы час сядзець спакойна і глядзець, як будуць разгортвацца падзеі. Чорт яшчэ пакуль што будзе сядзець спакойна, схаваўшы свае капцюры ў рукавічках. Гэтак мы тады думалі, гэтак пацяшалі сябе ў гэты непацешны час.

Але ў сваёй хаце мне, аднак, начаваць не хацелася.

На другі дзень радыё апавясьціла, што ўцёк прэзыдэнт рэспублікі Смэтона.

На трэйці дзень я пайшоў да прыяцеляў і мы рашылі назаўтра ўвечары перабірацца ў Нямеччыну.

Падзеі шпарка ішлі. Прыяцелі безь мяне пастанавілі прысьпешыць час выезду. Заміж увечары, выехалі ўраньні. Мяне не маглі паведаміць, бо мяне трудна было знайсьці — я не начаваў дома. Паехалі на граніцу, у бок Нямеччыны. Я застаўся. Даведаўшыся аб іхным ад’езьдзе, пагнаўся за імі. Цягнікі тады хадзілі акуратна. Я знайшоў іх на аўтобуснай станцыі ў Коўні. Мы паехалі ў прыгранічнае мястэчка Л. Добра. У кампаніі сьмялей.

Едзем. Ня маем яшчэ ніякага пляну датычна пераходу граніцы. На мейсцы пабачым, разьмяркуем, вырашым... За Коўняй на кажным масточку — савецкая варта. Кілёмэтар за кілёмэтрам пралятаем шпарка. Нарэшце, на нейкай рэчцы мост — бяз варты. Я штурхнуў у бок майго прыяцеля:

— Бачыш?

— Бачу.

— Тут іх няма...

— Няма...

Мы ўздыхнулі: бальшавікі да граніцы яшчэ не дайшлі.

А вось і мястэчка Л. Жыдкі абкружылі аўтабус. Публіка высядае. Прыехала пара ксяндзоў, літоўскі афіцэр, нейкія цывільныя, у іхным ліку і мы...

Мы знайшлі патрэбнае знаёмства... Пераначавалі... Знайшоўся і шофэр са сваім аўтам. Мы з камфортам паехалі да граніцы. Затрымаліся ў хутары чвэрць кілёмэтра ад граніцы. На стале зьявілася гарэлка і закуска. Наша прабываньне тут павінна мець характар вясёлага пікніку, на выпадак, калі б заглянула сюды пагранічная старожа. Мы глядзелі праз вакно: вось там, за гэтым гародам горка, на ёй бачна хатка. Гэта ўжо — за граніцай! Але каб было больш пэўна — тутэйшы чалавек правядзе нас праз гэты гародчык, паможа нам несьці нашыя клункі. Гэтак блізка! Там бальшавікі ўжо нас не дастануць!

Прыбегла, задыхаўшыся, дзяўчына.

— Пагранічная старожка, — кажа па літоўску, — атрымала тэлефонную вестку: з мястэчка Л. дзьве гадзіны таму выехалі два грузавікі з бальшавікамі абстаўляць граніцу...

Нельга марнаваць часу. Гарэлка і закуска засталася стаяць на стале, як стаяла. Мы схапілі свае клункі. Кінуліся ў гарод. Адзін за адным, гуськом пабеглі мяжой у кірунку хаты, што стаяла на горцы. На самай граніцы — рэчка. Там нас затрымала нямецкая старожа...

За мяжой

Спачатку прымежнікі гавораць з намі строгім тонам, пасьля, даведаўшыся, хто мы, перамянілі тон на больш ветлы. Вядуць нас у сваю старожу. Адносіны ўжо зусім добрыя. Трактуюць нас сваімі цыгарамі. Паслалі ў суседнюю вёску па хурманкі. Яшчэ перад захадам сонца павезьлі нас у найбліжэйшае мястэчка. Там мы пераначавалі ў камэндатуры. На другі дзень павезьлі нас цягніком у горад С. Мае таварышы ўжо даўно рыхтаваліся да выезду у Нямеччыну. Яны падрыхтавалі сабе грунт. У нямецкім прадстаўніцтве ў Коўні атрымалі дазвол на пераезд у Нямеччыну. Мой выезд быў непрадбачаны, дазволу я ня меў. Мае таварышы засталіся, мяне — скіравалі назад на граніцу. Ня я адзін апынуўся ў гэткім няўдалым палажэньні. Разам са мной скіроўвалі на граніцу аднаго зь віленскіх адвакатаў, які перабіраўся ў Варшаву. Яго ў горадзе С. судзілі, далі яму за нелегальны пераход граніцы тры дні астрогу і пасьля адсідкі перакідалі назад у Літву.

Назад...

У выгодным аўта ехалі мы... назад... Вось і пагранічная старожа. Прыехалі хутка. Цяпер палудзенная гадзіна. Мы расьселіся на траўцы, курылі папяросы і чакалі. Нявесела было нам. Вокны казармаў былі адчыненыя. Быў бачны рух у кухні, дзе кухаркі варылі страву для жаўнераў. Ужо сонца падыходзіла да небасхілу, калі мы пачулі ў кухні гутарку, ад якой нам мурашкі прабеглі па целе. А можа мы недачулі? Можа нешта ня так? Мой таварыш добра гаварыў па нямецку. Ён пайшоў да нашага сымпатычнага афіцэра, каб праверыць чуткі...

Але. Гэта была праўда. Нядаўна, пад вечар, ня больш гадзіны часу таму, на граніцу зьявіліся бальшавікі... Ужо і гэты адрэзак літоўска–нямецкай мяжы заняты бальшавікамі. Але што казаць бальшавікам, калі апынемся на іхным баку? Уцякаем зь Нямеччыны? А якія дакуманты? У мяне пашпарт, выдадзены ў Вільні і зарэгістраваны толькі ў Вільні. Казаць, што заблудзіліся? Але дзе былі? Мой кумпан раіць: скажам, што былі ў гасьцях у маёнтку. У якім? У каго? Няма што казаць, няма выкруту...

Гэтак мы мучыліся, перабіраючы ўсе магчымыя тлумачаньні... Я ведаў адно: калі не ўцячэм — гэта мой канец. Страшны канец. Буду ўцякаць, што ёсьць сілаў, колькі дазволіць маё немаладое сэрца, хай страляюць, хай заб’юць — гэта добра, каб толькі не застацца жывым у бальшавіцкіх руках.

Вечарэла... Загараліся першыя зоркі... Надыходзіць страшная часіна: пераход граніцы — туды! Назад! дзе чырвоная нечысьць “будуе новы сьвет”... Афіцэр выйшаў на панадворак. Значыцца, ужо хутка. Я здымаю боты, папраўляю свае шкарпэткі, каб нідзе ня ціснула нагу, бо цяпер увесь ратунак у нагах... Ну і ў сэрцы!... Каб сэрца вытрывала! Але яго не абкруціш ні лахманамі, ні ватай. А яно цяпер б’ецца моцна, быццам папераджаючы: “На мяне, браток, шмат не спадзявайся... Я ўжо зморанае, старое, слабое... Службу сваю ўжо адслужыла... Пара ўжо і на супачын...”

— Бітэ... Комэн зі...

Афіцэр кіўнуў на нас. Мы ўсхапіліся зь зямлі і пайшлі за ім... Падыйшлі да нейкага ручайка. Затрымаліся на мосьціку...

Начное падарожжа

Мы арыентаваліся па зорах. Гледзячы на Вялікую Мядзьведзіцу, мы ішлі на паўночны ўсход, спрачаючыся па дарозе. Мой камрат меў тэндэнцыю паварачваць больш направа, а я сьцьвярджаў, што трэба кіравацца больш улева. Мы не шукалі дарог. Ішлі проста праз палі, сенажаці, жыта. О, калі траплялі ў жыта, дык чуліся зусім добра! Трохі толькі схіліўшы галаву, мы ўжо ведалі, што нас тут ніхто ня ўбачыць. Калі спатыкалі на дарозе нейкі хутар, стараліся яго старанна абмінаць, каб ня ўбачылі нас людзі, не пачулі сабакі... А хто яго ведае, можа там пад страхой сядзяць бальшавікі...

У нас было пастаноўлена: будзем кіравацца на мястэчка Л. — гэтае самае, каля якога я перайшоў граніцу, ідучы ў Нямеччыну. Пад гэтым мястэчкам мой камрат меў знаёмага. Там мы меліся выспацца ў стадоле і нанач зноў ісьці далей, кіруючыся на Коўню.

Перасякаем нейкую дарогу. Зьлева нешта бліснула. Раптам на павароце зазіхацелі поўным сьвятлом два рэфлектары аўта. Ні перад намі, ні за намі няма ні кусточка, ні дрэўца, ні ямы. Толькі згараная зямля. Мы кінуліся тварам на зямлю. Цішыня. Ніхто нас не чапае. Аўта праляцела, не заўважыўшы нас. Я асьцярожна падымаю галаву. Гляджу. Майго таварыша падарожжы няма. Што за ліха! Што сталася? Куды ж ён падзеўся?..

Месяц схаваўся за хмары, і навокал запанавала цемра. Я ўглядаюся ў цемру ночы. Раптам бачу: нейкі цень... Нехта ідзе ў маім кірунку. Уцякаць няма часу. Дагоніць. А мо’ ня ўбачыць. Я зноў шчыльна прылягаю да зямлі... Нехта тармошыць мяне за плячо...

— Што з вамі? Вы жывы ці ўжо памёрлі?

Гэта вярнуўся мой камрат.

Як выясьнілася, пасьля праезду аўта ён падняўся і, думаючы, што я зрабіў гэтаксама, пайшоў далей. Адыйшоўшы крыху і ўбачыўшы, што мяне няма, ён вярнуўся і пачаў мяне шукаць...

Ізноў ідзём. Ізноў спрачаемся. Я хачу паварачваць улева, ён кіруецца управа. Зноў месяц выпаўз з–за хмараў. Праклінаем гэты зрадлівы сьвет. Страшэнна піць хочацца. Паміж кустамі спатыкаем нейкае балотца. П’ём сваймі шапкамі гэтую цёплую, брудную, балотную жыжу. На небасхіле пачынае сьвятлець. Ужо золак. Хутка трэба будзе недзе спыніцца, адпачыць. Ужо пачынаецца ўсход сонца. Мы бачым раскінутае ўнізе пад намі нейкае мястэчка. Гэта ня Л. Мы прыглядаемся да касьцельных вежаў, да агульнага выгляду гэтага аселішча і аднагалосна сьцьвярджаем: але, гэта не мястэчка Л. Гэта іншае. Але якое? Дзе мы? На якой тэрыторыі? Каго спытацца? Як спытацца? Што людзі падумаюць, калі ўбачаць на досьвітку двух брудных, абмызганых балотам тыпаў з партфэльчыкамі пад пахай, якія пытаюцца, што гэта за мястэчка. Дык жа апошні дурань зразумее, што тут справа нячыстая. Мы рашылі не паказвацца людзям на вочы, праспацца ў жыце, а ўначы ізноў ісьці ў кірунку паўночна–ўсходнім.

Папаліся

Мой таварыш, як сьпіць, мае благую прывычку храпсьці. У мяне ж яшчэ горшы недахоп, вынесены яшчэ з Саловак. Калі я засну пасьля нейкіх цяжкіх перажываньняў, я ў часе сну стагну, енчу... Ня памятаю, што мне тады сьнілася. Але было нешта такое, што прымусіла мяне прачнуцца. Я падняў галаву і пачаў разглядацца. Мой камрат спаў і хроп, як мядзьведзь. Непадалёк чутны былі галасы і чуўся шум расхіляных рукамі каласоў. Ішлі да нас нейкія людзі. Я разбудзіў свайго храпуна.

— Ня сьпеце! Нехта ідзе!

Уцякаць ужо позна. Што будзе, то будзе. З трох бакоў зьяўляюцца між каласоў сярдзітыя сялянскія твары. Кажны зь сялян зь віламі ў руках... Справа няважная. Я ведаю, што зараз будуць нас пытацца, хто мы, адкуль, як мы тут апынуліся... Гэта вось гэтыя пытаньні, на якія мы не хацелі б даваць адказу, а прыдумаць нешта накшталтнае дапраўды нам не ўдалося. Я, крыху ведаючы літоўскую мову, стараюся ратаваць палажэньне. Галоўнае, каб адсунуць гэтую часіну, калі будуць нас пытацца. Я пачынаю плясьці розную неразьбярыху... Сьмяюся, дзякую, што нас разбудзілі, прашу прабачэньня, што мы патапталі жыта, паказваю свой пашпарт, пытаюся, якое гэта мястэчка, кажу, што былі ў знаёмых на выпіўцы, уначы заблудзіліся, ня ведаем, куды трапілі, хацелі супачыць крыху... і г.д.

Сяляне глядзяць на нас зь недаверам. Разглядаюць мой пашпарт. Круцяць галавой...

— Пашпарт, здаецца, як мае быць... Хто вас ведае, што вы за людзі...

Мястэчка, якое мы перад сабой бачым, — гэта Кальварыя. Цяпер справа была для мяне ясная, што нас затрымаюць, ня пусьцяць далей ісьці, аддадуць у рукі ўлады. Каб нам не сказалі: “Хадзеце з намі!”, я сам выклікаюся ісьці на хутар. Пытаюся, ці можна купіць малака. Прапаную ім закурыць. Закурваюць, але глядзяць на нас спадылба. Ідзём на хутар. Я ўвесь час бязупынна трайкачу то аб тым, то аб сім, з аднэй думкай, каб ня даць магчымасьці задаваць нам пытаньні...

У хаце нам далі малака. Прагавіта п’ём. Расказваюць нам, як нас знайшлі ў жыце. Пастушок непадалёк ад нас пасьціў жывёлу. Пачуўшы ў жыце нейкія стогны–храпы, падумаў, што там акалявае якійсьці паранены зьвер. Паведаміў людзей. Тры сьмялейшыя, узброіўшыся віламі пайшлі дабіваць непажаданага госьця... І былі надта зьдзіўленыя, убачыўшы ў жыце, заміж зьвера, двух падарожных... Гэты мамэнт уносіць крыху гумару ў нашы суадносіны. Гэта ўжо добра. Там, дзе сьмяюцца, там віламі ня колюць. Можа нават нас пусьцяць сваёй дарогай...

Ізноў уцёкі

Я глянуў праз вакно. Ля хаты стаяў хлапец, які майстраваў каля вэлясыпэду: пампаваў паветра ў кола... Мне зрабілася ясна: ён сьпяшаўся ў мястэчка, каб там паведаміць каго трэба аб знойдзеных у жыце незвычайных падарожных. Я штурхануў свайго камрата: трэба ўцякаць. Ён зразумеў... Мы хутка разьвіталіся, за малако ад нас грошай ня ўзялі, і пайшлі... Прайшоўшы крокаў ля сотні, мы, не зважаючы ні на што, кінуліся бегчы. Беглі праз поле, праз сенажаці, стараючыся абмінаць людзкія аселішчы, так як і ўначы пасьля пераходу граніцы, з тым толькі адрозьненьнем, што тэмп нашых уцёкаў быў шмат шпарчэйшым за начное падарожжа... Людзі кідалі работу ў полі і доўга глядзелі нам усьлед. Але ніхто за намі ня гнаўся. Гэтак мы прабеглі каля трох кілёмэтраў. Нарэшце трапілі ў густое жыта. Тут зваліліся бязьсільна долу, цяжка дыхаючы і чакаючы пагоні. Але ніхто ня гнаўся, было ціха.

Сонца падыймалася ўсё вышэй ды вышэй. Пачынаўся гарачы летні дзень. Мы парашылі ляжаць тут да ночы, а ўначы абыйсьці Кальварыю ды ісьці далей пехатой у напрамку Коўні. Мой таварыш быў таго пагляду, што зьяўляцца нам у Кальварыі небясьпечна.

Мы ляжалі ў жыце, чакаючы змроку. Нас мучыла страшэнная смага. У мяне гэтак высахла ў горле, што я ня мог гаварыць. Зь вялікай натугай вырывалася ў мяне з вуснаў слова, як у цяжка хворага чалавека... Нягледзячы на пратэсты, пераконваньні і просьбы майго таварыша падарожжы, я катэгарычна заявіў яму, што ня маю сілаў даўжэй тут заставацца, што пайду да людзей, няхай будзе, што мае быць, каб напіцца вады...

Піць! піць! піць! — адно было ў мяне жаданьне і яно было мацнейшае за страх.

Камрат неахвоча пайшоў за мной. Што яму было рабіць! Аставацца аднаму ў гэтай чужой мяйсцовасьці? Удвох усё ж сьмялей. Мы выйшлі з жыта і пачалі спускацца з горкі. Унізе відаць была дарога, а пры дарозе нейкія хаты. Там ужо ішоў дым з коміна, людзі варылі вячэру, спакойныя, мо’ задаволеныя пераменаю ўлады, зараз лягуць спаць у сваёй хаце, сярод сваіх... О, як жа я зайздраваў цяпер гэтым няведамым мне людзям, якія жылі там, у гэных хатах!..

Пераступаем парог. “Лабас вакарас!”*

Просім вады напіцца. Людзі глядзяць на мяне зь дзівам. Відаць, ніколі ў жыцьці сваім ня бачылі, каб чалавек мог выпіць адзін за адным тры літры вады. Закурваю папяросу. Смага прайшла — вярнуўся страх. Апавядаем нейкія небыліцы, стараемся паказаць сябе спакойнымі і вясёлымі. Просім, каб нам дазволілі пераначаваць на сене. — Добра, калі ласка, але трэба раней зьвярнуцца да солтыса, чужых людзей прыймаць на начлег без дазволу солтыса забаронена. — А дзе жыве солтыс? — А тут недалёчка. Дзе? У гэтай хаце, што там відаць пад горкай? Добра. Мы зараз пойдзем да солтыса. Папросім. Мы ж нікога не баімося. У нас дакуманты у парадку. Мы толькі любім падарожнічаць пехатой... Гэткія мы арыгіналы... Спартсмэны!... Але заўтра мы паедзем аўтaбусам у Коўню... А цяпер да солтыса!..

* Добры вечар.

Ізноў у жыце

Мы выйшлі з хаты. Сонца ўжо зайшло. Зьмяркаецца. Ідзём спакойна дарогай. Там, далей, відаць жыта. Мы азірнуліся. Тут нас ніхто ня бачыць. Бяз слова мы адзін аднаго зразумелі. Адзін вомірг — і мы зноў ляжым між каласамі, прытаіўшыся. Тут наш начлег. Тут праляжым да раніцы, а ўраньні — на аўтабус і ў Коўню. Я заявіў свайму кумпаньёну, што далей бадзяцца гэткім чынам і хавацца па начох у жыце і не зьбіраюся. Гэта ня менш небясьпечна, як зьявіцца сьмела сярод людзей, сесьці на аўтабус і ехаць. Дык жа ў нас не напісана на ілбе, што мы былі ў Нямеччыне, што спатканьне з прадстаўнікамі бальшавіцкай улады для нас вельмі непажадана і г.д. Мой камрат быў іншых паглядаў, бо ў яго дакуманты былі не ў парадку. Але мусіў са мной згадзіцца. Што яму было іншага рабіць!

Настала ноч. Навучаныя сумным дасьведчаньнем, мы ўжо не засыналі адразу абодвы, але па чарзе, паводле гадзіньніка. Адну гадзіну дзяжурыў адзін, другую — другі. І ў выніку гэтага мы абодвы ня спалі. Прача таго, мяне пачаў душыць кашаль. Я ўстрымоўваўся, як мага, ня мог дыхаць, затыкаў сабе рот хусткай — і раптам выбух кашлю вырываўся з грудзей няўстрыманай каскадай. Мой суначлежнік злаваўся на мяне, шыпеў як вужака: “ціха! што вы робіце! нас пачуюць! ды кіньце гэта!” — а я ня мог кінуць, ня мог устрымацца, пакуль ня мінуў параксызм кашлю. Бяссонная ноч цягнецца марудна. Пры сьвятле месяца заглядаем на гадзіньнік. О, як жа памалу пасоўваюцца гэтыя стрэлкі, якія мераць вечнасьць!..

Ша!... Мы ўстрымоўваем дых... Нешта далёка ад нас заварушылася... Зашумелі каласы... Хто гэта? Вораг? Ці гэткі самы, як мы, загнаны зьвер?... Гэта, мабыць, ня вораг. Прытаіўся гэтаксама, як і мы. Ён нас баіцца, так як і мы яго. Хто гэта? Можа ўцёкшы з Кальварыйскага лягеру для палонных польскі жаўнер, мо’ гэткі, як мы, бяздомны, а мо’ нейкі крымінальны тып. Ці так, ці гэтак — новае знаёмства для нас непатрэбна. Ні мы яму, ні ён нам не паможа. Хай ідзе сваёй дарогай. Калі гэта ўцякач ад “бальшавіцкай справядлівасьці” — хай Бог яму памагае і сьцеражэ ад злой прыгоды...

Нарэшце, гэтая праклятая ноч канчаецца. Ужо сьвітае. Ужо на дарозе чутны галасы першых прахожых. Ужо да адыходу аўтабуса застаецца толькі тры з паловай гадзіны. Трэба яшчэ крыху пачакаць, бо ня сьлед паказвацца на шашы надта рана, каб ня ўзяць на сябе ўвагі... Ну вось, нарэшце, мы вылазім са свайго сховішча. О, благаславёнае будзь жыта! Зь цябе працавітая рука хлебароба вытварае хлеб, а мы цябе топчам, дратуем у часе сваіх імправізаваных начлегаў. Даруй нам. Хлеба для людзей хопіць, а наша жыцьцё нам раз толькі даецца... Абчышчаем сябе, як можам, ад пяску, ад каласоў, выпростваем пакурчаныя нагавіцы, выходзім на дарогу... Ідзём спакойна, роўным крокам... Вось ідуць сабе два падарожныя... Хто падумае, што яны перажылі й перажываюць...

У аўтабусе

Аўтабус нясецца ў Коўню. Публікі поўна. Ёсьць пара маладых жыдкоў. Гавораць–па расейску. Захопленыя, узьнятыя, поўныя энтузіязму. Рэшта публікі сядзіць спакойна, ціха. Маўляў, баіцца. Маўляў, ня хоча нейкім нялоўкім словам увесьці дысананс у настрой маладых сыноў Ізраіля. Маўчым і мы, стараючыся нават не глядзець адзін на аднаго, каб у гэтым паглядзе нехта нешта не прачытаў. Вочы нашы глядзяць толькі на пэйзажы, якія мільгаюць перад вокнамі аўтабусу... Каб хутчэй да Коўні!... Адно толькі я шапнуў свайму кумпану:

— А што? Бачыце? Даўно гэтак трэ было зрабіць... А вы не хацелі мяне слухацца...

Кумпан кіўнуў галавой.

Калі топішся, дык за брытву хопішся

У Коўні мы разьвіталіся. У піўнушцы на Лайсвос Алеі выпілі піва, прыпомнілі сабе свае перажываньні апошніх дзён, пасьмяяліся крыху, бо часта жудаснасьць, калі яна ўжо ў мінуўшчыне, не выклікае страхаў, а пакідае пасьля сябе вясёлы ўспамін.

Іншая рэч — тое, што нас чакае ў будучыні. Перад намі — шмат неспадзяванак, страхаў; хто ведае, можа сьмерць ідзе нам на спатканьне і хто ведае, колькі часу гэтак прыйдзецца жыць?

Паціснулі адзін аднаму рукі, паабяцалі адзін аднаму, што калі спаткае нас злы лёс, аб нашым знаёмстве і аб нашай падарожжы ня скажам ні слова — і разыйшліся...

Праз гэтыя апошнія дні, якія я патраціў на сваю падарожжу, Коўня яшчэ больш перамяніла свой вонкавы выгляд. На вуліцах поўна бальшавіцкага войска і — жыдзюкоў. Божа! Колькі іх тут! Ці затрымаешся, каб спытацца, як прайсьці на нейкую вуліцу, ці пачнеш таргавацца з хурманшчыкам, — усюды навокал цябе цікаўныя, што нахальна глядзяць у вочы, маладыя сыны Ізраіля, што напіраюць на цябе. Адчуваеш сябе як ува сьне, калі хочаш уцякаць ад нейкага страхацьця, а яно цябе не пускае, а ногі непаслухмяныя, ня маюць сілы адпіхнуць жудасьці; крычаць хочаш, а з горла вырываецца толькі цяжкі стогн. Але ад сну прачынаешся, а тут сон не спыняецца: усюды, на кажнай вуліцы, у кажным завулку ты бачыш сьпічастыя бальшавіцкія шапкі і жыдзюкоў, жыдзюкоў, жыдзюкоў... Куды падзецца? Тут у вадным манастыры ў мяне быў чалавек знаёмы, колішні салавецкі таварыш. Першая думка: паеду туды! Хоць гэта было недалёка, я ўзяў вазьніцу, каб ня блытацца сярод гэтага натоўпу...

У манастыры я прасіў, каб далі мне працу вартаўніка, памочніка агародніка, ці хоць што колечы... Гэта была неразумная просьба, манастыр — гэта была брытва, за якую хапаецца чалавек, які тонець. Мне адказалі так, як гэтага можна было спадзявацца:

— Даражэнькі! Куды вы лезеце! Дык жа ў нас вас хутчэй спаймаюць, як нейдзе ў іншым мейсцы.

Запраўды — шалёная думка хавацца ад бальшавікоў у манастыры!

Я меў у Коўні сваяка. У сваім безвыходным палажэньні я ня мог спакойна разважаць. Мне патрэбна была рада чалавека, які глядзіць на падзеі больш цьвяроза. Бо я кідаўся, як рыба аб лёд, ня ведаючы, што рабіць, куды ехаць, дзе хавацца. Майго сваяка не было ў Коўні — ён выехаў. Пераначаваўшы ў гатэлі, я на другі дзень першым цягніком паехаў у Вільню.

У Вільні

Жонка вохнула: што сталася? чаму вярнуўся? Я расказаў аб сваіх злыбедах. І пачалося трывожнае віленскае жыцьцё.

Першым чынам трэба было выявіцца з кватэры. Пасьля — не начаваць у хаце. Самая небясьпечная пара — гэта ноч. Бальшавікі, як усялякая нечысьць, як клапы, вошы, пацукі, мышы — праяўляюць найбольшую актыўнасьць уначы. Я начаваў у сваім складзіку. Там ляжала крыху саломы. Было яшчэ цёпла, было лета. Раніцай я прабіраўся ў сваю хату, сьнедаў і, узяўшы вудачку і кошык з правізіяй, ішоў далёка за горад на бераг ракі. Я не рыбалоў і не люблю гэтага занятку. Гэта была маска, каб надаць сабе выгляд бесклапотнасьці, каб выглядаць на чалавека, які нікога не баіцца і ў гэтыя жудасныя часы спакойна ловіць рыбку...

У адну ноч я пачуў сільны званок да вартаўніка. Званок быў вонкі, на панадворку, а кватэра вартаўніка была непадалёк ад майго складзіка. Я ўжо ў гэту ноч больш ня спаў.

У гэту ноч узялі майго суседа, былога польскага афіцэра.

На хутары

Сем кілёмэтраў за Вільняй мой знаёмы меў хутарок. Я папрасіўся да яго на працу. І зь дзівам пабачыў, што я тут не адзін: у гэтакім самым палажэньні земляроба–работніка тут ужо быў мой віленскі сябра, беларус Ш. Мы начавалі ў стадоле на сене, абмеркаваўшы добра, празь якую дзірку і куды ўцякаць, калі б быў начны налёт НКВД. Месца было вельмі добрае: навокал — кусты, горкі, недалёка лясок. На панадворку — злы сабака, які ў часе небясьпекі падымець трывогу. Адна бяда: мне, непрывыкшаму да сельскай гаспадаркі, цяжка было. Далі мне ў рэшце рэштаў найлягчэйшую работу — пасьціць жывёлу. Я меў пад сваёй апекай чатыры каровы, якія пасьціў на лясным квадраце, па бакох якога расьлі: жыта, бульба, капуста... Як я ні сачыў за сваймі кароўкамі, заўсёды адна ішла ў шкоду. Выганю адну з жыта, бачу — другая ўжо гаспадарыць у бульбе, выганю яе з бульбы, а тут трэйцяя ўжо пажырае капусту... І гэтак увесь час даводзілася кідацца з аднаго боку ў другі, прабіраючыся празь лясныя кусты, гальлё.

Набліжалася зіма. Што далей?

Я перабраўся ў Вільню.

Жонка мая тымчасам займалася шыцьцём. Я намаляваў ёй шыльду, якая стаяла на вакне. Мы ўмовіліся так: калі шыльда стаіць на вакне — усё спакойна, я, значыцца, магу зайсьці ў хату. Калі шыльды на вакне ня будзе, — значыцца, небясьпека...

Мае начлегі

Я раздабыў сабе сем начлегаў у Вільні ў сваіх прыяцеляў і знаёмых. Гэтыя начлегі былі падзелены паводле дзён тыдня. Гэткім чынам мне ня трэба было папераджаць свайго знаёмага, што прыйду да яго на начлег: кожны меў свой дзень у тыдні. Раніцай ішоў у сваю хату. Шыльда стаіць на вакне, значыцца, добра, ноч тут прайшла спакойна, можна зайсьці... І, зайшоўшы ў сваю хату, увесь дзень сядзеў несупакойны, гледзячы праз вакно на вуліцу. Кажны аўтамабіль, які затрымоўваўся непадалёк ад майго дому, будзіў трывогу. Ужо я хапаў паліто і шапку, гатовы выскачыць праз другое вакно, якое выходзіла на панадворак, гэтак аблічаючы час, каб бальшавікі не пасьпелі абкружыць дом...

Як зьмяркалася, я ішоў на начлег. Вокны НКВД ужо блішчэлі сьвятлом, там ужо пачыналася праца начной нечысьці. Праходзячы праз Лукіскую плошчу, я на сярэдзіне затрымоўваўся, глядзеў навокал. Нікога нідзе не відаць. Мяне ня сочаць. Ну, дзякуй Богу! Толькі асьветленыя вокны НКВД глядзелі моўчкі на мяне, кідаючы снапы сьвету на залітую восеньскім дажджом вуліцу.

Мой вонкавы выгляд зьіначыўся. Я аброс сівой барадой, адпаведна да гэтага перамяніў хаду, цяжка варушачы нагамі, як чалавек, змораны жыцьцём і хваробай. Згорбіўся. Усклаў акуляры. Усё гэта з такім разьлікам, што фігура слабасільнага чалавека менш падазрона выглядае, чымся здаровага і дужага. Якая ж нямілая бывала для мяне неспадзеўка, калі нейкі знаёмы, спаткаўшы мяне ўвечары на вуліцы, клікаў: “А! Спадар Монвід! Як маецеся? Вы ў Вільні? Ня выехалі? Ня раю... лепш выяжджайце...”

— Як жа ж вы мяне пазналі? — пытаўся я са свайго боку зь вялікім дзівам.

— Вас?! Як жа ж вас не пазнаць! Я вас здалёк пазнаю...

Вось і не памагае ні барада, ні акуляры, ні старэчая хада... А каб цябе!

* * *

Увосені мне ўдалося дастаць працу пад Ляндваровам, 30 кілёмэтраў за Вільняй. Тут бальшавікі будавалі шашу. Я быў пастаўлены аблічаць вазы, якія прыяжджалі зь пяском. Трэба было сварыцца зь сялянамі за лік вазоў. Кажны зь іх хацеў, каб яму запісаць большы лік, як быў узапраўды.

Тут я жыў у сялянскай хаце, адчуваючы сябе ў сякой–такой бясьпецы.

Праз колькі дзён тэхнік заявіў мне, што трэба ісьці ў мястэчка Трокі, дзе была галоўная ўправа будовы, каб зарэестравацца і выпаўніць анкету.

Я ведаў, чым гэта пахне. У галоўнай управе я мог спаткацца зь людзьмі, якія мяне знаюць зь Вільні. Тады — капут! Ізноў трэба было вяртацца ў Вільню. Ізноў шукаць начлегаў. Спачатку ішло сяк–так. Знаёмыя прыймалі мяне ў сваю хату. Кажную ноч прыходзілася начаваць у іншым мейсцы. Пасьля напалоханыя бальшавіцкім тэрорам людзі ня так ахвотна дазвалялі мне начаваць у сваёй хаце. Бывала, што прыймуць вельмі ветла, патрактуюць вячэрай з гарэлкай, але калі ў канцы спытаюся: “Брацейкі! А ці ня можна ж было ў вас сяньня застацца нанач?” — адказ вельмі часта бываў гэткі:

— Ведаеш, браток, мы бы з ахвотай, але ў нас небясьпечна, тут побач жыве нейкі падазроны тып. Хто яго ведае, хто ён такі!

І прыходзілася ісьці далей.

Усяляк бывала. А бывала і гэтак: не прынялі мяне на начлег. Баяліся. На другі дзень я даведаўся, што ўначы у гэтай кватэры быў вобыск, арыштавалі гаспадарскага сына. Мне пашанцавала.

А бывала і гэтак, што прыходзілася начаваць у людзей, якія спадзяваліся зь дня на дзень арышту. Што было рабіць, калі няма куды падзецца. Ужо зіма. У лесе або ў жыце не пераначуеш. Я клаўся не распранаючыся, гатовы кажную часіну, як пачуецца званок пры браме, выскачыць праз вакно ў агарод. Кусок хлеба, намазаны маслам, ляжаў напагатове, каб кінуць яго сабацы, як пачне брахаць. А там праз агарод, на другую вуліцу — і Бог бацька!...

У сваю собскую хату я ўжо рэдка зьяўляўся, а начаваць дык зусім ужо ня мог. Адзін пакой быў заняты кватарантамі, другі заняў упраўдом на сваю канцалярыю, трэйці — “уплатнілі” — разам з маёй жонкай памясьцілі кватарантку з пакою, занятага пад канцэлярыю. Часьцей за ўсё я ішоў на могілкі і там, сеўшы перад нейкім помнікам, рабіў выгляд, быццам малюся за пахаваных тут сваіх сваякоў.

Міласьціна

Адзін раз увечары я затрымаўся перад кіёскам з папяросамі, каб купіць сабе курава. Каля мяне затрымаўся нейкі работнік. Быў крыху падвыпіўшы.

— А якія ж, бацька, папяросы курыш? — спытаўся.

— Я куру самыя танныя, — адказаў я.

Незнаёмы меў нейкія намеры. Мне здавалася, што хацеў распачаць са мной гутарку.

— Мусіць, калісь добра жылося, а цяпер...

І незнаёмы спагадліва пакачаў галавой.

Я адчыніў сваю папяросную бляшаную скрыначку, каб схаваць купленыя папяросы, як раптам нешта бразнула: у скрыначку пасыпаліся мэталёвыя грошы. Я быў зьдзіўлены.

— Што вы?... нашто гэта?... — пасьпеў я толькі крыкнуць, але мой незнаёмы ўжо прапаў у вячорнай цемры вуліцы.

Я палічыў кінутыя мне грошы. Там было 45 капеек, акурат на пачак папяросаў. Нешта мяне сьціснула за горла. Па твары пакацілася сьляза... Бальшавікам не ўдалося заразіць віленскія работніцкія масы клясавай нянавісьцяй.

НКВД працуе

Ужо даўно адбыліся “вольныя” выбары ў Сойм, ужо даўно адбылося “дабравольнае” прылучэньне Літвы да Саюзу Савецкіх Рэспублік, ужо бальшавіцкі тэрор быў ува ўсёй сваёй моцы. Лукіскі вастрог быў перапоўнены. Падвалы НКВД на Гэдыміна вул., дзе раней памяшчаўся суд, былі таксама поўныя вязьняў. Ад часу да часу нехта зь вязьняў, якога вялі на допыты, выскокваў з вакна на вуліцу. Часам падымалі з вуліцы чалавека з паламанымі нагамі, часам спрытнейшы, выскачыўшы, здолеў уцячы. На суседніх вуліцах рабілі аблаву, шукалі, урываліся ў памешканьні... Ці знаходзілі — ня ведаю.

Цяжка было знайсьці сьлед чалавека, што трапіў у лапы НКВД. На Лукішках казалі, што арыштаваны, мабыць, сядзіць у падвале НКВД, а там адказвалі, што яго няма, што трэба шукаць у Лукіскім астрозе. Людзей арыштоўвалі не дзясяткамі, ня сотнямі, а тысячамі... Ніхто, кладучыся спаць, ня ведаў, ці яму ўдасца спакойна праспаць гэту ноч у сваёй хаце.

Начлегаў у мяне было ўсё менш ды менш. Няма дзіва. Найлепшыя прыяцелі неахвотна прыймалі мяне ў сваю хату. Я за гэта ня меў да іх ніякага жалю. Я на іхным мейсцы быў бы ня лепшы. Але начаваць недзе трэба.

У гэткім палажэньні чалавек робіцца нахальным.

Нецярпліва я чакаў вясны, калі будзе магчыма начаваць у лесе.

Надзея

І заўсёды зьяўлялася ў галаве пытаньне: як доўга гэта будзе трываць? Добра, калі месяцы. Ну, можна неяк вытрываць, калі год. А што рабіць, калі гэткае палажэньне пратрывае колькі гадоў? А можа гэтак застанецца ўжо назаўсёды?!

Адзін раз я спаткаўся на Сьніпішках з Улад. Казлоўскім. Мы затрымаліся з боку, на беразе Вяльлі і пачалі гутарку на гэтую тэму.

— Калі можа распачацца вайна? — пытаюся.

— Я думаю, — кажа Казлоўскі, — што не раней як за дзесяць год. Цяпер вайна з бальшавікамі немагчыма...

Божа мой! Празь дзесяць гадоў! Хто ж гэта вытрывае!

А тымчасам усюды і ўсе гаварылі пра вайну. Розныя палітрукі, упраўдомы на сходах, п’яныя камандзеры — усе гаварылі аб немінучай вайне. Усе бальшавіцкія агенты пагражалі кулаком у бок Нямеччыны і, не скрываючыся, казалі, што вось–вось пачнецца вайна. І гэткія змораныя, як я, людзі жылі толькі гэтай надзеяй. Бо бяз гэтай надзеі жыцьцё было б неўмагату, і калі часам у часіны пэсымізму гэтая надзея слабела, дык сілаў ужо не было далей хавацца, сілаў да жыцьця не было і ўжо чалавек хацеў выйсьці з падпольля і дабраахвотна аддацца у рукі бальшавікоў: каб хутчэй ужо быў канец... Але людзі ўпорыста шапталі: будзе хутка вайна — і гэтай надзеяй падтрымоўвалі сябе...

* * *

Было нас у Вільні трох салаўчан, гэта значыць людзей, якія былі на салавецкай катарзе і пасьля такім ці іншым чынам вызваліліся зь яе. Др. Ф. П., я і К. С. Апошні ўладзіўся за тэхніка і працаваў 60 кілём. ад Вільні ў мястэчку А. пры пабудове мосту. Першы зь іх адразу, як прыйшлі бальшавікі, прапаў недзе. Як я пасьля даведаўся, уцякаў праз граніцу, там злавілі яго бальшавікі і пасадзілі ў астрог. Апошні з нашай тройкі абяцаў мне, што, як толькі будзе ваканс, уладзіць мяне за вартаўніка пры мосьце... Адзін раз, заглянуўшы ў сваю хату, я даведаўся, што К.С. быў у мяне зь весткай, што ваканс вольны, што сяньня трэба ехаць. Да адыходу цягніка ўжо заставалася мала часу. Я ўсхапіўся і пабег на вакзал. Пасьпеў. Уздыхнуў з палёгкай, седзячы ў вагоне і пакідаючы Вільню, дзе зямля ў мяне пад нагамі гарэла. Там, у мястэчку А., будзе шмат бясьпечней. І я не памыліўся.

Спакойнае месца

На беразе рэчкі Мэрэчанкі, два кілёмэтры ад мястэчка А., будавалі мост. Ужо другі год цягнуліся работы, а канца не было відаць. Былі дошкі, дык цьвікоў не хапала, былі цьвікі, дык іншага матар’ялу не было. Адным словам, усё ішло па–бальшавіцку. Вось пры гэтым мосьце я быў назначаны за вартаўніка. Пры мосьце была будка, дзе перахоўваліся інструмэнты: пілы, сякеры ды інш. Тутака, у гэтай будцы жыў, абеды варыў на вогнішчы перад будкай. Нідзе ня трэ было заяўляцца, толькі трэба было запісацца ў прафсаюз. Я пайшоў з гэтай мэтай у мястэчка і там зарэгістраваўся ў прафсаюзе як работнік зь дзеда–прадзеда і атрымаў прафсаюзную кніжку.

Жылося ціха, спакойна, бясклопатна, а галоўная рэч — бясьпечна. Ніхто тут мяне ня ведаў, нікога са знаёмых я тут не спаткаю, ніхто тут не здагадаецца, хто я.

Быў ужо месяц травень. Ужо было цёпла. Можна было ўжо купацца. Блізка быў лес. Пасьля трывожных віленскіх перажываньняў тут я адчуваў сябе, як на летнім адпачынку. Працы не было ніякай. Раніцай трэ было выдаць работнікам інструмэнты, а пасьля — сядзі сабе з папяроскай на сонцы і раскошуйся жыцьцём.

Было нас трох вартаўнікоў на зьмену, кажны меў па восем гадзінаў дыжурства. Яны не цікавіліся шмат маёй асобай, глядзелі на мяне як на свайго таварыша, ні аб чым не распытваючы. Мой вонкавы выгляд зусім адпавядаў майму становішчу. Сядзеў я босы, вопратка на мне была падзёртая, латаная, дый усёй вопраткі на мне ў гэту летнюю гарачыню былі толькі порткі ды кашуля... Калі хто ішоў ці ехаў каля маёй будкі, — не зьвяртаў на мяне ўвагі. Але вось раз затрымаліся каля мяне нейкія два праходзячыя інжынэры, каб прыкурыць папяросу. Пачалі гутарку.

— Вы тут хто гэткі?

— Я вартаўнік.

— Гм... Так... Цяпер усе... “былыя людзі” ў вартаўнікі пайшлі — заўважыў адзін з іх.

Гэтая гутарка вялася пры адным з работнікаў, што сядзеў пры мяне. Той глянуў на мяне падазрона. Пасьля, як пайшлі незнаёмыя, пытаецца:

— Яны вас ведаюць?

— Не. Першы раз бачу.

— А чаму ж яны гэта?...

Больш не сказаў нічога.

І запраўды я гэтых людзей першы раз бачыў. Хто яны: ворагі ці прыяцелі? — я дагэтуль ня ведаю. Але іхная гутарка была неасьцярожная.

Што далей?

Ня раз у галаву прыходзіла думка: а што рабіць, як мост ужо будзе закончаны? Бо ж нават пры бальшавіцкіх тэмпах працы мост у рэшце рэштаў калісь будзе збудаваны. А тады зноў шукаць з дня ў дзень новага начлегу ў Вільні, хавацца, як загнаны зьвер, і жыць у вечным страху і небясьпецы?

Тэхнік, мой салавецкі камрат, пацяшаў мяне, што ўладзіць мяне на зіму работнікам на дарозе. Але для гэтага патрэбны фізычныя сілы і трэба будзе жыць у вёсцы, значыцца, сярод людзей...

22 чырвеня

Быў цёплы сонечны дзень. Я сядзеў перад сваёй будкай і варыў на вогнішчы сьнеданьне. Глянуўшы на дарогу, я ўбачыў аднаго з маіх таварышоў–старажоў, які ішоў да мяне. На зьмену — яшчэ рана. Сяньня нядзеля. Мусіць выйшаў прагуляцца.

— Добры дзень!

— Добры дзень!

— Чулі?

— Што?

— Вайна.

— Ха–ха–ха! Жартачкі. У нас заўсёды гэткія незвычайныя навіны.

— Сяньня Молатаў гаварыў па радыё... Вайна!..

— Вы чулі?

— Не, я ня чуў, але мне сказаў чалавек, які чуў.

— Вось заўсёды гэтак: я ня чуў, але нехта чуў... калі вы самі ня чулі, дык і не кажэце...

— Калі ўсе ў мястэчку кажуць.

— Брахня. Ерунда. Ня веру.

Селі. Закурылі. Да нас падыйшоў работнік з суседняй фабрыкі, якая стаяла за мястэчкам, непадалёк ад майго маста. Ізноў:

— Добры дзень!

— Чулі?

— Аб чым? Аб вайне?

— Але.

— Не паверу...

Па дарозе з боку мястэчка паказаўся нейкі вэлясыпэдысты. Відаць было, як моцна націскаў пэдалі, сьпяшаючыся. Едзе ў кірунку маста, хоць дарогі праз мост няма, бо яшчэ нават падлога не пакладзена. Чаго яму сьпяшацца ў гэты цёплы, сьвяточны дзень? Куды імкнецца гэты спацелы, чырвоны, змораны вэлясыпэдысты? Параўнаўшыся з намі, саскочыў са сваёй машыны. Гэта быў нейкі малады жыдок, якога я першы раз у жыцьці бачыў.

— Хто тут стораж?

— Я! — адказваю, падняўшыся са свайго мейсца і падыходзячы яму на спатканьне.

— Ві стораж? Ві стойте на этот мост, не адхадіте, чтоб чаго тут не падлажылі... На вашу атветственнасть эты мост...

— Слушаю–с.

Незнаёмы жыдок сеў на сваю машыну і паехаў назад, гэтак сама сьпяшаючыся, як раней.

*

Цяпер мне стала ясна. Цяпер я паверыў. З радасьці я нават забыўся спытацца жыдка, хто ён і ад імя каго дае мне загад. Ці ня ўсё роўна? Самае важнае — вайна! Канец маіх мукаў, канец бадзячага жыцьця, я буду магчы вярнуцца ў сваю хату і жыць як чалавек. Ужо чырвоная нечысьць не дасягне мяне.

Першыя “ластаўкі”

Паявіліся на небе самалёты. Гэта былі нямецкія самалёты! Зь якой радасьцяй я ім прыглядаўся! Неўзабаве пачуліся гукі выбухаў. Гэта было для мяне найпрыгажэйшай мэлёдыяй, якую я чуў у сваім жыцьці...

У мястэчку было шмат жыдоў. Хутка мой лес за мостам пачаў напаўняцца жыдамі. Зь пярынамі, падушкамі, клункамі беглі яны ў лясны гушчар, каб схавацца ад выбухаў бомбаў. Я таксама пацягнуўся ў лес, дзе чакаў, што далей з гэтага будзе. Да мяне падыходзіць нейкі жыд. Закурваем папяросы. Гутарым.

— А я вас, здаецца, ведаю, — кажа раптам незнаёмы. — Мы з вамі спатыкаліся ў Вільні ў рэдакцыі. Вы — Монвід? Праўда?

Мурашкі прабеглі па маёй сьпіне.

— Вы памыляецеся, — кажу, — гэта мусіць нехта падобны да мяне. Часта мяне спутваюць зь некім... Я ня Монвід.

— Са мной можаце сьмела гутарыць. Аднак я ведаю, што вы Монвід.

У паветры лёталі нямецкія самалёты, але на зямлі яшчэ былі бальшавікі. Факт, што мяне пазналі, зусім мяне абяскуражыў.

Бальшавікі ўцякаюць

Нехта казаў, што адзін з бальшавіцкіх камандзераў заявіў насельніцтву, што ў мястэчку будуць жорсткія баі, што бальшавікі думаюць заядла бараніцца. Дык няхай лепш насельніцтва пакіне свае хаты.

І вось цягнуцца вазы, наладаваныя ўсячынай. На кучы клункаў сядзяць дзеці, жанчыны. Мужчыны ідуць побач, падганяюць каня, папраўляюць зьвіслыя з возу манаткі. Усе пруцца ў лес, каб схавацца ў гушчары. Рэчку можна перайсьці ўброд. Цяпер, у канцы чырвеня, вада даходзіць людзям да калена. Людзі і вазы імкнуцца праз рэчку на другі бок, каб далей ад мястэчка, каб глыбей у лес.

Аднак, да бітвы не дайшло. Бальшавікі ўцякаюць. Ужо на другі дзень раніцай праходзяць апошнія аддзелы. На дарозе застаюцца паламаныя вазы, папсаваныя машыны, стрэльбы, газавыя маскі. Недзе скубе траву пакінуты асядланы конь. Празь лясны гушчар прабіраецца нейкі невялічкі аддзел, чалавек мо з трыццаць. Заселі між кустамі. Але зусім ня маюць баявога выгляду. Адзін кідае на зямлю свой шлём, які яму гняце галаву. Іншы, каб пазбыцца лішняга багажу, адшпільвае скрынку з газавай маскай. Не чуваць гутаркі. Няма аб чым казаць. Ува ўсіх у галаве адна думка... Гэта тыя, якія, чакаючы, пакуль праваліцца хваля ўцякаўшага войска, думаюць аддацца ў палон. Прытуліўшыся да сваіх вазоў, мястэчкавыя людзі з трывогай паглядаюць на гэтую маўклівую вайсковую групу, ня ведаючы аб ейных плянах...

На другі дзень

У панядзелак пад вечар зь мястэчка далятае гудзеньне матораў, грымота зялезных машынаў. Па пясчаных дарогах пасоўваецца авангарда нямецкага войска. З трэскам матораў імкнуцца матацыклістыя, выпераджаючы цяжкія, засеўшыя ў пяску машыны. Жаўнеры ў шэрых запыленых шынэлях, пот плыве па твары, мяшаючыся з пылам...

недапісана
Францішак Аляхновіч быў забіты невядомым ва ўласнай кватэры 03.03.1944.

Лёс беларуса

Усё сваё жыцьцё ён трымаўся думкi, гэткага нязьменнага правiла, якому ня надта ўтульна ў беларускiх сюжэтах: „Я не палiтык, я — культурнiк, я — тэатральны работнiк“. А жыцьцё сваёй чаргою насьмiхалася з правiла ды даравала яму ўсялякiх нягод.

У новай беларускай лiтаратуры Францiшак Аляхновiч быў тады, на заранку нашага стагодзьдзя, адным з нешматлiкiх людзей места. Ён нарадзiўся на год пазьней за Купалу й Коласа ў Вiльнi. У пяць гадоў сваiх ён ужо ведаў тэатар — i з маленства застаўся ў тэатры. Варшаўская драматычная школа, вiленская журналiстыка, жанiцьба, а тады й знаёмства зь беларускiм рухам. У 1910–ым разам з Ігнатам Буйнiцкiм, Алесем Бурбiсам i Леапольдам Родзевiчам ён ужо рупiцца пра беларускi тэатар: рэжысэруе публiчны спэктакль i грае ў iм адну з роляў.

І вось абрынаюцца перасьледы: прыходзiць позва ў суд за „крамольны“ артыкул у гумарыстычным тыднёвiку „Perkunas“. Аляхновiч едзе зь Вiльнi — на тры гады ў Галiчыну, акторам у польскiх правiнцыйных трупах. У 1913–ым палiтычная амнiстыя дазваляе вяртацца дадому. Жонкi ён не засьпявае, выяўляецца, што й ня ўсе вiнавачаньнi паздыманыя — суд дае яму год астрогу. „Сяджу — i пачынаю пiсаць, — прыпамiнаў пазьней Аляхновiч. — Вiленскiя Лукiшкi... былi iмпульсам да мае лiтаратурнае працы“. Ён пiша першую п’есу „На Антокалi“, спачатку польскаю мовай, пасьля перастварае па беларуску. Пры канцы 1916-га п’еса пастаўленая на вiленскай сцэне — Аляхновiч зазнае першае ўдачы й пiша далей...

Усё, што ў iм намножылася да 33 гадоў, iмклiва ўвасабляецца ў п’есах: камэдыi, драмы, фарсы, мэлядрамы йдуць адна за адной. Аляхновiчавы партыi становяцца асноўнымi ў беларускiм тэатры новага часу. Ён пiша дынамiчна й iнтрыгоўна, таленавiта рэжысэруе й грае — у Вiльнi i ў Менску. Ён жэнiцца другога разу — неспакой ваеннае пары кiдае яго памiж абедзьвюма сталiцамi. Нарэшце ў Менску асталёўваюцца бальшавiкi, i зь сярэдзiны 1920-га ён затрымлiваецца ў Вiльнi — раскручвае вiр тэатральнага жыцьця, закладае з калегамi Таварыства беларускае школы, рэдагуе тыднёвiк „Беларускi звон“. А ў 1924-ым у сьвет выходзiць яго навуковая праца — „Беларускi тэатар“ — упершыню агляд тэатральнае нашае гiсторыi ад старажытнасьцi да новых дзён. Калi налета, у 1925–ым, Аляхновiч выпусьцiў драму „Дрыгва“ — сямнаццатую за 10 год творчае працы — нiхто не дапускаў, што наступную п’есу ён напiша толькi праз 17 гадоў.

Увосень 1926-га яго запрасiлi на менскую Акадэмiчную канфэрэнцыю па рэформе правапiсу й азбукi. Ехаў ён туды „бацькам беларускае драматургii“. Пабыў у Менску ў Першым Беларускiм дзяржаўным тэатры — i захапiўся. Калi запрашалi на адкрыцьцё БДТ–2 у Вiцебск, ужо схiляўся застацца на жыцьцё ў ССРБ. Нават сустрэўся з гэтае нагоды з наркамам асьветы Балiцкiм, але той, празарлiвец, ня раiў заставацца — за фасадам тэатральнага ўзьлёту ў Савецкай Беларусi зеўрала крывавая сапраўднасьць. Аляхновiч яе ня ўбачыў, бадай, не пасьпеў убачыць: як госьць з–за заходняе мяжы ён дапускаўся адно на сьвяты. Сьвяточны стол, аднак, без адвалокi перамянiлi яму на сталую прапiску там, дзе, як напiша ён пазьней, „чырвоная нечысьць будуе новы сьвет“.

Яго арыштавалi на чацьверты дзень пасьля атрыманьня iм савецкага грамадзянства — 1 студзеня 1927 году. Якуб Колас i Язэп Лёсiк зьбiралi подпiсы ў абарону. Не памагло: маскоўская калегiя ГПУ засудзiла Аляхновiча завочна на 10 год салавецкiх лягераў. Сьпярша быў год на востраве Мяч насупраць карэльскага мястэчка Колежма, ну а затым — Салаўкi. Вязьнi стварылi там свой самадзейны тэатар — Аляхновiч хоць як мог, на далёкай чужыне, у найбрыдчэйшых умовах, але мог заставацца ў тэатры...

Выбаўленьне прыйшло ў 1933–iм — яго мянялi на Бранiслава Тарашкевiча, тады польскага палiтычнага вязьня, якi йшоў у савецкае жыцьцё з надзеяй — iшоў на сваю загубу. Яны сустрэлiся на памежным мастку — парукалiся, коратка перамовiлiся i ўсё: для Аляхновiча гэта быў канец няволi. Тае няволi, дзе пытаньне „За што?“ выглядала марнаю марнасьцю. Вярнуўшыся, ён заўзята верыў, што такога больш як раз у жыцьцi не бывае. У вечар пасьля вызваленьня ён сядзеў у шынку ў Стоўпцах i еў мясную вячэру. Еў праўдзiвы валовы бiфштэкс. З цыбуляй! З бульбай! Зь белым хлебам! Еў пасьля шматгадовае галадоўлi. А затым, уначы, яму сьнiлiся бальшавiкi. Тады, у 33-iм, яго й iх разьдзяляла польска–савецкая мяжа.

Аляхновiч вярнуўся ў сваю Вiльню. Жонка яго не чакала — другi раз разьбiлася ягоная сям’я. Ён разумеў, што мусiць пасьведчыць аб перажытым. Кніга ўспамінаў „У капцюрох ГПУ“ выйшла ў 1935—37–ым на сямi мовах. У пару шалёнага разгулу чырвонае стыхii гэтае дакумэнтальнае слова несла на сьвет цэлы праўду пра злачынствы ў краiне Саветаў. Бальшавiцкая агентура, цяпер ужо ў Вiльнi, не магла дараваць. ГПУ ня дрэмле. З Аляхновiча спрабуюць зрабiць у масавай сьвядомасьцi сьпярша агента ГПУ, пасьля агента дэфэнзывы. „Нейкая блытанiна, хаос, сьмех“, — так успомнiць пазьней тыя звыродлiвыя спробы сам Аляхновiч. Сьмяяцца, аднак, не выпадала ў 1940–ым — мяжы для савецкае навалы больш не было. Улетку 40–га ён убачыў на вулiцах Вiльнi савецкiя танкi.

Ілюзiяў не засталося — ён ратаваўся як мог. Унiкаючы расправы, уцякаў, блытаўся ў Вiльнi па знаёмых, штоноч у кагосьцi iншага, пасьля маскаваўся — на падвiленскай будоўлi, пусьцiўшы бараду, увесь у зрэб’i. Што далей? — дзень у дзень у страху й небясьпецы. Бальшавiцкi малёх высiляў дарэшты. І кожная патэнцыйная перамена чакалася як шанец — проста выжыць. Перамену прынесла нямецкая армада. „Самае важнае — вайна! — Аляхновiч даваў волю эмоцыям. — Канец маiх мукаў, канец бадзячага жыцьця, я буду магчы вярнуцца ў сваю хату i жыць як чалавек“. Дома яго чакала жонка — у перадваенную шчэ пару ён трэйцяга разу жанiўся.

Падступная iнтрыга жыцьця — прыход немцаў, чарговых нам акупантаў, станавiўся для яго збаўчым. Цi, праўдзiвей, дазваляў перавесьцi дыханьне. Навокал ужо дзеялi правiлы новае чужое гульнi, таксама на сьмерць. Наступная пастка ў непераборлiвым часе. Нiхто ня ведаў, цi надоўга — было звычайнае для меншага з бакоў жаданьне не прапасьцi. Аляхновiч баранiў беларусаў — як i заўжды ў сваiм жыцьцi, загнаны ў рамкi, накiнутыя мацнейшым. Ён рэдагаваў тыднёвiк „Bielaruski holas“, вярнуўся да драматургii. У 43-iм выйшла яго новая камэдыя–батлейка, фантастычна–рэалiстычны гратэск „Круцi не круцi — трэба памярцi“. Таго ж году яму споўнiлася шэсьцьдзесят: беларуская грамадзкасьць ушаноўвала юбiляра. У Маскве карэктавалi сьпiс асобаў, якiх належала зьнiшчаць у першую чаргу. Быў там Францiшак Аляхновiч.

Ён пасьпеў шчэ пасьведчыць пра перадваенныя туляньнi — з пачатку 1944-га яго ўспамiны „Страшны год“ друкаваў часопiс „Новы шлях“. Успамiны, ня вольныя ад знакаў часу, абарвалiся на слове. 3 сакавiка ўвечары ў дзьверы вiленскай кватэры Аляхновiча пазванiлi. Не дапiсаўшы сказа „Страшнага году“, гаспадар пайшоў адчыняць. Было двух вiзытантаў. Зайшлi. Аляхновiч павёў неспадзяваных гасьцёў у свой габiнэт. Пэўны час iшла спакойная размова. Каля восьмае гадзiны выбухнуў стрэл...

Яго хавалi на кальвiнiсцкiм могiльнiку ў цэнтры Вiльнi. Хавалi, як вялiкага беларуса, якi загiнуў ад бандыцкае кулi. „Чым быў Мальер для Францыi, тым Аляхновiч для Беларусi“, — пiсаў пасьля пiсьменьнiкавай сьмерцi беларускi крытык.

Юрась Бушлякоў


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Страшны год (успаміны нядаўніх дзён)


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.