Saha pra Klimienkau

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Saha pra Klimienkau. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Jan Kakupala

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №1 1999 ГОД


Пачатак гэтая гісторыя атрымала больш за чатырыста гадоў таму, калі ў Рэчыцы з’явіўся Клім — магутны, вусаты і чубаты. Клім прыехаў на белым кані аднекуль з ніжняга Дняпра, можа, нават, з самой Запарожскай Сечы, з вялікім ятаганам і трыма хатулямі скарбу, нарабаванага на вялікіх паўднёвых абшарах.

Праз некалькі гадзін Клім без праблем адшукаў найпрыгажэйшую на Рэчыцу сірату з хатай і прыстаў да яе ў прымы. Апроч хаты, якая стаяла на маляўнічым дняпроўскім беразе, сірата мела човен, на якім займалася перавозам усялякага люду па яго патрэбах. Стаўшы прымаком, перавозам заняўся Клім. Кіруючы чоўнам, ён займеў за звычай спяваць меладычныя і бясконцыя песні сваёй паўднёвай радзімы. А сірата займела за звычай раз’язджаць па справах ды на шпацыр на яго белым коніку.

Праз пэўны час у шчаслівай Клімавай сям’і пачалі нараджацца дзеці.. А калі старэйшы сын, удалы ў бацьку — дужы, чубаты, з першымі мяккімі вусамі — ужо часцяком замяняў бацьку на перавозе, давялося яму сустрэцца з незвычайным, нават для гэтых цывілізаваных месцаў, чалавекам.

Чалавек пад’ехаў да перавоза ў суправаджэнні размаітай світы, на кані той жа пароды, што і ў Кліма. Стары Клімаў жарабок быў яшчэ жывы. Ён пасвіўся недалёк пад наглядам малодшага Клімавага сына і патрапіў на вочы невядомага, якраз калі той даводзіў старэйшаму Клімаваму на дзіўнай моўнай мяшанцы сваё жаданне пераправіцца на супрацьлеглы дняпроўскі бераг.

Невядомы нечакана перарваў ім пачатую прамову і накіраваўся да Клімавага жарабка…

Праз дваццаць хвілін Клім і John Smith (так Невядомы прадставіў сябе) сядзелі ў Клімавай хаце і глушылі Клімаву самагонку, закусваючы свежымі гуркамі з Клімавага гароду. Яшчэ праз дзве гадзіны J.S. абвясціў, што ягоная пераправа на той бераг адмяняецца, бо ён знайшоў чалавека, які дапаможа знайсці ўсё неабходнае для яго J.S. справы ў самой Рэчыцы.

А яшчэ праз два тыдні John Smith з павялічанай за кошт мясцовых жыхароў світай пакінуў Рэчыцу ў заходнім напрамку, пабраўшыся за гэты час шлюбам па праваслаўнаму абраду са старэйшай Клімавай дачкой. У сувязі з рызыкоўнасцю намечанага J.S. на бліжэйшыя гады прадпрыемства, яго маладая жонка засталася жыць з бацькам, які пасля нараджэння ўнука запісаў таго на прозвішча Smith і пабудаваў яму хату ў блізкім ад Рэчыцы Гарошкаве. Нашчадкі гэтага Smitha па нядбайнасці пісарчукоў сталі насіць ужо прозвішча Sith, якое пасля трансфармавалася пасля ў Syth і Sys.

Затое, сярод сыйшоўшых, у камандзе Johna Smitha быў старэйшы сын Кліма, запісаны ў яе па настойлівай парадзе бацькі, як Cliemenka. На шляху Smith–аўскай каманды па Заходняй Еўропе гэты Cliemenka паспеў закахаць у сябе дачку венецыянскага дожа і закахацца сам, а так як дож быў супраць далейшага развіцця зносін дачкі з чужынцам, проста скраў яе з Венецыі, разам з сямейнымі брыльянтамі. У суседняй з Венецыяй Падуі быў заключаны шлюб па каталіцкіх канонах, пасля чаго маладзён, дзякуючы жончыным брыльянтам, без праблем здаў у мясцовым універсітэце экзамены на званне доктара медыцыны і тэалогіі, а таксама атрымаў спецыяльны дыплом у галіне герменэўтыкі.

У далейшым, дзякуючы тым жа брыльянтам, Cliemenki набылі фазэнду з усімі выгодамі ў ваколіцах варожай для Венецыі Генуі. Малады доктар медыцыны і тэалогіі пасяліў цяжарную жонку там, а сам працягнуў вандроўку ў камандзе Johna Smitha, які рушыў да Ангельшчыны.


* * *

Праз тры гады капітан John Smith, пераадолеўшы з камандай шматлікія выпрабаванні, стаў заснавальнікам і кіраўніком першай англійскай калоніі на амерыканскім кантыненце. І сярод тых, хто дапамог яму ў гэтым, быў ягоны швагор Cliemenko. На жаль, хронік мудрагелістая вязь не данесла нам яго імя.

А нованароджаны сын Cliemenki, у мэтах унармавання з генуэзскім правапісам, стаў ужо Clementi. Ён так і пражыў у Генуі да скону, пакінуўшы пасля сябе вялікую сям’ю. Малодшы з сыноў гэтага Clementi накіраваўся на пошукі шчасця ў суседнюю Францыю, вярнуў там дзедава прозвішча і стаў заснавальнікам дынастыі інтэлектуалаў–буржуа Clemenceau.

Старэйшы з сыноў Clementi адкрыў у сабе музычны талент і заснаваў у Генуі школу піянізму, якой і кіраваў да адыходу ў іншы свет, пасля чаго ёй стаў кіраваць яго старэйшы сын. Ягоны праўнук перабраўся па шляху далёкага продка ў Ангельшчыну і стаў заснавальнікам ды галавой лонданскай школы піянізму.

* * *

Паступова Клім „завязаў“ з перавозам, перадаўшы гэтую справу цалкам у рукі сына, і цалкам перайшоў на выраб уласных алкагольных напояў з лекавымі кампанентамі. Напоі карысталіся попытам, дабрабыт сям’і няўхільна паляпшаўся…

Тым часам, пад уплывам грамадска–палітычнай сітуацыі ў суседняй дзяржаве з захаду ў Рэчыцу прыбыў узброены атрад, з намерам у далейшым паўплываць на тую сітуацыю з вялікімі дывідэндамі для сябе. На чале атрада стаяла маладая прыгожая авантурыстка Марына М.

Марыніны ўзбраенцы хутка ацанілі якасць клімаўскіх лекавых напояў, пасябравалі з Клімам ды раскрылі яму падрабязнасці авантуры. У Кліма загарэліся вочы, і да Марыны ён падышоў ужо са сваімі прапановамі. Пэўна, бакі прыйшлі да нейкага кансенсуса, бо, вярнуўшыся дахаты, Клім абвясціў, што прызначаны намеснікам па тыле ў войску маскоўскага цэсарэвіча Дзмітрыя і наспеў час таму рушыць на сваю сталіцу…

* * *

Каб прадухіліць крадзяжы з прынятай, згодна пасадзе, матэрыяльнай базы, Клім правёў інвентарызацыю і ўвёў за звычай меціць усе вайсковыя рэчы вынайдзеным ім асаблівым спосабам, які не дазваляў тыя меткі сцерці. Метад атрымаў назву „клімленне“, а меткі, ім зробленыя, сталі звацца „клімамі“ (малаадукаваныя еўрапейскія наёмнікі перайначылі іх у „клеймы“).

З прызначэннем Кліма палову заробку ў войску цэсарэвіча Дзмітрыя пачалі выдаваць Клімавымі напоямі, і гэта дало Марыне больш свабоды ў рабоце з бюджэтнымі сродкамі. Наёмнікаў цяпер здолелі назбіраць нават звыш запланаванага.

Скончыўшы з арганізацыйнымі праблемамі, войска рушыла на ўсход і стала на зіму ў Бранскіх лясах. Тут пад кіраўніцтвам Кліма была збудавана драўляная крэпасць Клімцы.

Наступнай вясной, пакінуўшы ў Клімцах невялічкае алкагольнае прадпрыемства з некалькімі падрыхтаванымі Клімам спецыялістамі, войска прыступіла да рэалізацыі спланаванай Марынай аперацыі па захопу ўлады ў Маскоўскай дзяржаве… Аперацыя прайшла паспяхова. Клім па яе выніках атрымаў ва ўзнагароду валоданне князёў Шуйскіх на паўночны ўсход ад Масквы. Гэты гарадок Шуйск аператыўна перайменавалі ў горад Клім, для забеспячэння занятасці насельніцтва там было пабудавана прадпрыемства па вырабе гарэлкі для Крамля і створана конна–спартыўная база імя Марыны М. Кліму быў ганарова нададзены радавы герб, выдзелена пачэснае месца ў Маскоўскай баярскай думе. Яшчэ моцны фізічна, Клім ажаніўся з маладой баярыняй Марозавай. Народжаныя дзеці атрымалі ўжо тытул князёў Клімавых. Клім імкліва набліжаўся да вяршыняў улады…

* * *

Трагічныя падзеі, у выніку якіх Марына М., яе муж і малы дзіцёнак былі закатаваны, а да ўлады ў Крамлі з дапамогаю авантурыста і злачынцы Мініна ды здрадніка і перараджэнца Пажарскага прыйшла групоўка Міхаіла Раманава, прымусілі Кліма развітацца з атрыманымі валоданнямі і шукаць з невялічкім атрадам шчасця ў лясах на ўсход ад Масквы.

Новай уладзе так і не ўдалося вярнуць Шуйску даклімаву назву — такой вялікай была любоў гараджан да заснавальніка гарэлачнага прадпрыемства і конна–спартыўнай базы, да чалавека, які прынёс дабрабыт у іх гаротныя сем’і. Адзінае, на што пасля доўгага ўціску пагадзіліся клімчане, была змена апошняй літары ў назве горада. Так Клім стаў Клінам.

Непакоячыся з нагоды магчымай спробы вяртання ва ўладу папулярнага палітыка і гаспадарчага дзеяча, крамлёўскія валадары прызначылі за злоў Кліма вялікі грашовы прыз. Жадаючыя яго здабыць пайшлі па Клімавых слядах сотнямі і тысячамі. Дзеля ўратавання Клім вымушаны быў пераваліць Уральскі хрыбет ды фарсіраваць плойму сібірскіх рэк. Аматары юдавых грошай адсталі, але не нашмат. У мэтах зімняга выжывання яны сталі будаваць у тайзе перавалачныя базы і патрабаваць дзяржаўнага фінансавання, прысягаючы дзеля таго ў бясконцай вернасці Маскоўскаму цару. Цар сапраўды пагадзіўся фінансаваць зламыснікаў, а каб схаваць ад прагрэсіўнага грамадства амаральнасць адрасатаў адтоку грошай, стаў зваць у сваіх паперах тых мярзотнікаў землепраходцамі.

А Клім адыходзіў усё далей. У рэшце рэшт ён спыніўся на беразе хуткаплыннай таёжнай ракі, назвы якой ніхто не ведаў, бо людзей там не было. Клім назваў гэтую рэчку ракой Кліма і некалькі месяцаў даводзіў тое паляўнічым з чукчаў ды якутаў, што з’яўляліся тут час ад часу. Назва прыжылася.

Праз некалькі дзесяцігоддзяў атрад „землепраходца“ Мікіткі Дзяжнёва нечалавечымі намаганнямі дасягнуў гэтых месцаў. На беразе хуткаплыннай таёжнай ракі прыхадні натыкнуліся на вялізны валун, які змяшчаў надпіс „Рака мая“ і незразумелы аўтограф лацінкай. Мікітка пэўны час стаяў перад камянём у задуменні, а пасля накіраваў свайго сына–падлетка да здарыўшагася недалёк чукчы па тлумачэнне. Сёмка Дзяжнёў з радасцю кінуўся выконваць бацькоўскую волю. На пытанне „А чия речка–то?“, чукча адказаў без затрымкі: „Кылыма, однако“. Так Мікітка і запісаў.

Толькі Кліма на Калыме ўжо не было.

* * *

Праз невялікі час свайго атаборвання ля рэчкі свайго імя, Клім вынайшаў, што рэчка вымывае залаты пясок. Ён хутка арганізаваў усіх былых з ім людзей на золатаздабычу, а каб работа спорылася, паралельна распачаў выраб гарэлкі, настоенай на мясцовай флоры. З дапамогай гарэлкі да прамыўкі золата ўдалося прыцягнуць нават вузкавокіх паляўнічых.

Работа закіпела. На жаль, зімы ў гэтых краёх доўжацца амаль па паўгады, і ўзімку беспрацоўнае насельніцтва Клімавай факторыі вар’яцела, співалася і замярзала ў снягах. Алкагольная залежнасць перашкаджала паляўнічым сыходзіць у тайгу больш чым на некалькі дзён. Звычайнай з’явай стаў цыроз печані. Доўга так працягвацца не магло…

На трэцюю восень золатаздабычы Клім, папаліўшы некалькі гектараў тайгі і пераплавіўшы залаты пясок у зліткі, выказаў намер рушыць да цывілізацыі. Гадамі споены калектыў супярэчанняў не выказваў.

На самаробных чоўнах людзі Кліма на чале з мудрым кіраўніком падняліся да вытокаў залатой ракі. Тут чоўны былі кінуты, групоўка пераваліла хрыбет Сунтар–Хаята і сышла ў басейн Ахоцкага мора. Зіма прайшла ў паморскіх стойбішчах, дзякуючы шаманізму з „вогненнай вадой“ амаль без канфліктаў з мясцовымі. Увесну былі зроблены новыя чоўны, і далейшы шлях пайшоў уздоўж узбярэжжа на поўдзень.

Але цывілізацыя ўсё не траплялася. Толькі глыбокай восенню парадзелы і знясілены атрад Кліма выйшаў да Карэйскай паўвыспы, дзе нарэшце атрымаў належны адпачынак і камфорт. Цану золата тут разумелі выдатна. Дзякуючы Кліму, карэйцы яшчэ зразумелі і тое, які чароўны магутны напой можна стварыць са звычайнага рыса. Тутэйшыя не ўжывалі ў чалавечых імёнах гуку „л“, таму для іх Клім стаў Кімам. Кім ажаніўся з дачкою вярхоўнага галоўнакамандуючага карэйскімі Ўзброенымі Сіламі, зрабіўся паважаным і ўплывовым чалавекам на ўсёй Карэйскай паўвыспе, атрымаў доступ да кабінета Карэйскага Імператара.

Такое ўзвышэнне, несумненна, не магло не выклікаць інтрыг зайздроснікаў. І яны перамаглі. Пасля імператарскай смерці (а памёр той ад алкагалізму), Кім аблыжна быў абвінавачаны ў дзяржаўнай змове і быў вымушаны ноччу на вайсковай галеры раптоўна пакінуць сталіцу Імперыі ў паўднёвым кірунку. Усенародная любоў да сям’і абылганага не дазволіла расправіцца з ёю новым кіраўнікам Феадальнай Карэі. Карэйскія нашчадкі Кіма паспяхова дажылі да Справядлівых Часін і дасягнулі найвышэйшай улады ў Карэйскай Народнай Дзяржаве.

* * *

Пасля некалькіх месяцаў блукання па бурных марах хвалі прыбілі галеру з саноўным выгнаннікам на борце да велічэзнага вострава ў экватарыяльнай зоне. Востраў быў населены шматлікімі паўдзікімі плямёнамі, якія беспрыпынна ваявалі паміж сабой.

Клім хутка зарыентаваўся ў спрыяльнасці новай для сябе сітуацыі і з уласцівым для сябе энтузіязмам узяўся за дзяржаўнае будаўніцтва. Перш за ўсё была распрацавана тэхналогія вырабу гарэлкі з элементаў мясцовага расліннага свету. Затым, з дапамогай прыплылых разам на галеры баевікоў–карэйцаў, Клім пабудаваў гарэлачнае прадпрыемства і арганізаваў яго граматную абарону ад агрэсіі раз’яднаных і цёмных тубыльцаў. Пасля пачаліся перамовы з кіраўнікамі варагуючых груповак, суправаджаемыя бясконцымі п’янкамі.

Мірная палітыка дазволіла Кліму на працягу двух год падпарадкаваць сабе востраў са шматмільённым насельніцтвам і надаць яму сваё імя. Востраў Кліма (на самай распаўсюджанай з тутэйшых моваў — Калімантан) упершыню ў сваёй гісторыі стаў адзінай і непадзельнай дзяржавай. Над востравам залунаў сцяг з двух колераў роднай Клімавай зямлі — белага і чырвонага. Клім дасягнуў вяршыні ўлады.

* * *

Падзенне адбылося праз чатыры месяцы. Ля берага вострава спынілася эскадра Галандскага флоту, што здзяйсняла падарожжа вакол свету ў захопніцкіх мэтах. Не ведаючы пра захопніцкія мэты, Клім, як галава вострава, вырашыў з невялічкай світай наведаць галандцаў з візітам ветлівасці. Памятная яму па часах візіта Johna Smitha ў Рэчыцу Галaндыя змагалася з Гішпаніяй за ўласную незалежнасць і ўжо таму выклікала глыбокую сімпатыю.

Але подлыя каланізатары па–здрадніцку жорстка расправіліся з Клімавай світай, а ён сам быў звязаны і кінуты ў карабельны трум. Ад смерці яго выратавала толькі ягоная славутая гарэлка, прыхопленая на карабель у якасці прэзэнта. Нават пад катаваннем Клім не скарыўся і не выдаў сакрэту яе вырабу. Галандцам не заставалася нічога іншага, як чакаць, і яны вымушаны былі падтрымліваць у Кліма жыццё і ясную памяць.

А Калімантан быў абвешчаны галандскай калоніяй, з чым тутэйшыя плямёны ніяк не захацелі пагаджацца і зноў распачалі бясконцую вайну, на гэты раз з каланізатарамі. З–за адсутнасці моцнага лідара адзіная Калімантанская дзяржава распалася і, у рэшце рэшт, праз некалькі стагоддзяў галандцы ўсё ж пакарылі востраў. Але ненадоўга. Цяпер Калімантан — Востраў Кліма — неад’емная частка суверэннай Інданэзіі. І, як і пры Кліме, ганарыста лунае над ім бела–чырвоны дзяржаўны сцяг.

* * *

Праз адзінаццаць тыдняў карабель, на якім знаходзіўся Клім, трапіў у буру і быў выкінуты на прыбярэжныя скалы Заходняй Афрыкі. Зляпіўшы з драўляных абломкаў нешта падобнае да плыта, Клім удала дабраўся да вялікага берага і амаль адразу трапіў у палон да чорнаскурых тубыльцаў. Спачатку тыя проста вадзілі яго па прыбярэжных сяленнях, дэманструючы незвычайны для тутэйшага люду выгляд: светлую скуру, доўгую сівую чупрыну і такія ж доўгія сівыя вусы. Але ў хуткім часе Клім стаў для прыбярэжных звычайным відовішчам, і яго абмянялі на двух парсючкоў жыхарам саваны.

Жыхары саваны, у адрозненне ад прыбярэжных рыбаедаў, жылі сярод надзвычай багатай расліннасці, і Клім ізноў пабачыў перспектыву ўзвышэння. Праз некалькі тыдняў бадзяння па саване ён выпрацаваў рэцэпт сваёй новай гарэлкі. Твор сапраўды зрабіў Кліма свабодным. Але гэта было яшчэ не ўсё. Клім прагнуў улады, прычым улады абсалютнай. Ён ужо ведаў яе смак. Ды як яе мог узяць светласкуры, не першай маладосці чалавек, не меўшы тут ні сяброў, ні служак, не прайшоўшы ініцыяцый, ды яшчэ зусім нядаўна быўшы рабом для дэманстрацыі няправільнага, ненармальнага выгляду?

Неўзабаве шлях да ўзвышэння стаў зразумелым. Тутэйшыя чорныя мелі за святыню велізарны, не так даўна змоўклы вулкан Арушанджара. Па паданнях, на самым яго версе здолеў пабыць толькі адзін чалавек — продак вышэйшай касты мясцовых чорнаскурых Аруша. Аруша быў звышчалавекам. Усе звычайныя людзі, якія спрабавалі ўзняцца на верх вулкана, непазбежна гінулі, больш таго, выклікалі яго вывяржэнні. І вось ужо некалькі пакаленняў ніхто не спрабаваў падняцца на Арушанджару, гэта стала табу.

Толькі сам Клім ведаў, чаго яму каштавала пакарэнне Арушанджары. Але з тога часу Арушанджара стала Кіліманджарай, а Клім быў прызнаны за жывога бога.

* * *

На пасту жывога бога чорных Клім сустрэў сваё сямідзесяцігоддзе.

Усё часцей яго ахоплівала настальгія, усё часцей хацелася падзяліцца сваім вопытам, успамінамі, назіраннямі… Але з кім тут было гэтым дзяліцца? Дзень за днём, дзень за днём ён пісаў мемуары. Але для каго пісаў?..

І таму, калі ля недалёкіх акіянскіх берагоў кінула якар ангельская ваенная эскадра, а на бераг высадзіліся ўзброеныя людзі, паўбог Клім з ахвотай перадаў свае валоданні пад Брытанскую Карону і выказаў жаданне плыць у Англію. Яму пакінулі для абслугоўвання паўсотні чорных рабоў (Так! Ён быў паўбогам, а яны для яго рабамі) і пераправілі да метраполіі.

Тут Клім ужо праз некалькі месяцаў выдаў гісторыю свайго жыцця, што імгненна стала бестсэлерам. Аказалася, што і для навукі тыя расповеды пра асаблівасці паўночных і паўднёвых, заходніх і ўсходніх умоваў жыцця аказаліся надзвычай каштоўнымі. Гэтыя асаблівасці, на прапанову Брытанскай Акадэміі Навук, ад імя Кліма сталі звацца кліматам (climate), а працэс адаптацыі да іх — акліматызацыяй (acclimatisation).

Публікацыя бестсэлера прынесла Кліму немалыя грошы, прынамсі дастатковыя для таго, каб адправіцца разам з чорнымі рабамі ў Новы Свет, у брытанскія калоніі, заснаваныя Клімавымі сватам і сынам. Клімавы чорныя сталі першымі чорнымі рабамі ў Новым Свеце, і з тога часу мець іх увайшло ў моду.

* * *

Кранальная сустрэча праз трыццаць год. Губернатар калоніі Вірджынія сівы, хударлявы John Smith і сівы, хударлявы Клім цёпла абдымаюцца пад пранізлівым акіянскім ветрам. Скупыя мужчынскія слёзы… Недалёка стаіць яшчэ магутны, але таксама ўжо сівы Cliemenka, у атачэнні вялікай сям’і, дзяцей ды ўнукаў.

* * *

Энергічны, нягледзячы на ўзрост, Клім яшчэ паспеў прыступіць да здзяйснення апошняга прыжыццёвага праекта. Для Амерыканскага кантынента ім была распрацавана праграма мірнай каланізацыі тутэйшых зямель праз набыццё іх у абмен на высокаякасную гарэлку, вырабленую па ўласных Клімавых рэцэптах з выкарыстаннем лекавых раслін тутэйшай флоры. Набытыя такім чынам землі сталі звацца Клімлендамі (climlands), а ўзніклыя на іх паселішчы — Клімтаўнамі (climtowns). Сяліліся ў іх пераважна людзі з кланаў Cliemenki ці Johna Smitha. Тут, у гэтых месцах, узніклі імёны Кліўленд (Сleveland) ды Клінтан (Clinton).

* * *

Нашчадкі Cliemenki ў наступныя стагоддзі рассяліліся па ўсіх Амерыканскіх Злучаных Штатах, але не пазбавіліся чатырох рэчаў: чубоў, вусоў, любові да вадкасцяў і любові да белых коней. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя адзін з такіх нашчадкаў, які меў імя Samojla Clemens і ганяў параходы па Міsіsіpі, адкрыў у сабе талент прыгожага пісьменства і праз хуткі час увайшоў у сусветную літаратуру пад псеўданімам Mark Twain.

Але поспех не бывае татальным. Удалы ў пісьменстве Samojla не меў сыноў і часам са скрухай думаў пра сканчэнне на ім вялікага роду. І калі любімая дачка прывяла ў хату маладога чубатага і вусатага чалавека з падобным на ўласнае прозвішчам Клімовіч, які прыехаў у Штаты ў пошуках заробку аднекуль з берагоў Дняпра, радасці старога не было канца. Праз тры месяцы адбылося заключэнне шлюбу па пратэстанцкіх канонах. Малады Клімовіч паходзіў з вёскі Пранцаўка Аршанскага павету, але вялікі пісьменнік не ведаў мовы еўрапейскіх продкаў, і падазроная для беларусаў этымалогія малой радзімы зяця яго зусім не засмуціла.

Трэба адзначыць, Клімовіч лайдаком не быў. Як і іншыя нашчадкі Кліма, ён меў талент якасна вырабляць алкагольныя напоі, а таму планаваў, здабыўшы ў Амерыцы грошай на абсталяванне, зрабіць на радзіме звышсучасны высокатэхналагічны бровар. І калі грашовая праблема была вырашана з дапамогай далёкага сваяка–цесця, прыняўся за рэалізацыю плана. На выраб і камплектацыю абсталявання, падрыхтоўку спецыялістаў пайшло некалькі гадоў. У Аршанскі павет Клімовічы прыехалі ўжо з маленькай дачкой.

У глухім лесе паміж Пранцаўкай і Копысем закіпела работа. На шасці гектарах вырубкі былі ўзведзены: дом Клімовічаў, будынак бровару і стайня з чырвонай цэглы, у якой размясціўся тузін белых коней, паўсталі драўляныя катэджы спецыялістаў прадпрыемства. Месца атрымала назву Амерыка.

І тут са Штатаў прыйшла сумная навіна: Samojla Clemens памёр. Клімовічыха з’ехала на пахаванне бацькі, ды так і засталася ў Новым Свеце, сустрэўшы чарговае каханне.

А Клімовіч з гора пачаў співацца. Звышбровар так і не быў дабудаваны. Адзін цэх, праўда, выдаваў дабраякасную прадукцыю, якая карысталася нязменным попытам, імператар Мікалай II нават перанёс сваю стаўку ў недалёкі адсюль Магілёў, каб мець магчымасць карыстацца „Климовичской“ без вялікіх трат на адлегласць і час.

* * *

Рэвалюцыя змяла бяздарнага імператара. Але разам з ім яна змяла і Клімовіча. Людзі ў скуранках проста расстралялі яго як контррэвалюцыйнага элемента, помсцячы за забойства Саламона Ўрыцкага ў Петраградзе. Белыя коні пайшлі на мяса для комсаставу Чырвонай Арміі, а стайню разабралі, каб зрабіць прыбудову з чырвонай цэглы для Аршанскага Настаўніцкага Інстытута. Пазней там вучыліся будучы маршал Ваенна–Паветраных Сілаў Сакалоўскі і будучы класік савецкай гістарычнай навукі Абэцэдарскі.. Астатнія чырвоныя будынкі доўгі час стаялі ў занядбанні, пакуль нейкі разумны старшыня калгасу не ператварыў былы бровар у кароўнік, а дом Клімовічаў — у сельпо.

Дзесяцігадовую дачку Клімовіча выратавала адна з былых работніц бровару. Проста паклікала: „Дачушка!“, калі тыя ў скуранках прыйшлі па контррэвалюцыйны элемент. І яны паверылі, балазе, дзяўчынка была разумная — падыграла. Так з таго часу і жыла ў вёсцы: пад чужым прозвішчам, толькі зрэдку з’яўляючыся на людзях.

* * *

Намеснік наркама асветы БССР Хацкель Д. ужо некалькі месяцаў біўся над невырашальнай праблемай: знайсці ў фондах уласнага камісарыята сродкі і паперу для выдання беларускамоўнай культурніцкай газеты. Ні тога, ні другога не знаходзілася, нават з улікам яго нацыянальнасці і сувязяў. А партыя патрабавала, патрабавала строга і ў рэшце рэшт прызначыла крайні тэрмін — люты, іначай непазбежнымі рабіліся Салаўкі і выгнанне з партыйных шэрагаў. „Добра яшчэ, што год высакосны“, — падумаў тады намнаркама.

Але пачалася апошняя дэкада лютага, а не было ні грошай, ні паперы. Хацкель, у роспачы абхапіўшы рукамі галаву, сядзеў у сваім абабітым дзермацінам фатэлі і аднымі вуснамі далдоніў да бясконцасці: „Лічыце мяне камуністам!.. Лічыце мяне камуністам…“ Раптоўна дзверы з неўласцівым для іх стогнам расчыніліся, і ў кабінет намнаркама ўваліўся чубаты чалавек з доўгімі вусамі…

— Мне распавялі пра вашае гора! — без падрыхтоўкі пачаў ён. — І я магу вам дапамагчы!

Вочы Хацкеля засвяціліся радасным здзіўленнем.

— Але ёсць адна ўмова, — працягнуў чалавек, — газета будзе павінна насіць маё імя.

— А як вас завуць? — палахліва запытаўся намнаркама.

— Клім! — з глыбінным гонарам прамовіў наведвальнік.

* * *

Першы нумар беларускамоўнай культурніцкай газеты ўбачыў свет 26 лютага. Хацкелю Д. удалося ўгаварыць магутнага чубатага ды вусатага не выкарыстоўваць у назве выдання першую літару яго імя. З нагоды дамовы кампаньёны распілі пляшку моцнага алкагольнага напою, якую Клім прынёс з сабой.

* * *

Стаўпы беларускай літаратуры наведвалі Аршаншчыну. Пакуль калегі– літаратары распівалі нейкую саўковую брыдоту на бясконцым сяброўскім абедзе з партыйнымі функцыянерамі вядомага сваімі кафлёвымі прадпрыемствамі мястэчка Копысь, класік Я.К. і другі, таксама Я.К., вырашылі завітаць у недалёкую вёсачку з прыгожай назвай Амерыка, дзе, як ім казалі, яшчэ захавалася некалькі „нярускіх“ будынкаў з чырвонай цэглы.

ЯК–1 і ЯК–2 падманулі дзяжурнага шафёра НКВД, зрабіўшы выгляд, што ідуць спаць, стомленыя ўзростам і абедам, а самі, акуратна расчыніўшы акно адведзеных для іх апартаментаў, выбраліся ў прылеглы да дому садзік, затым на ціхую вулачку, а ўжо па ёй, незаўважаныя ўласнай аховай, мірна пакрочылі да лесу, у бок Амерыкі.

У Амерыцы класікам трапіла на вочы зграбная маладзіца з поўнымі вёдрамі вады. ЯК–1, вялікі знаўца і аматар жанчын, высока ацаніў яе прыгажосць, аб чым і сказаў па–французску свайму калегу, ЯКу–2. ЯК–2 французскай не разумеў, і таму з ім можна было дзяліцца самымі рызыкоўнымі кампліментамі.

Але маладзіца рызыкоўны камплімент зразумела, уся залілася чырванню і нават нешта адказала на яшчэ лепшай французскай, пасля чаго здаўна чырвоны твар ЯКа–1 пакрыўся плямамі, але на ім запалала й радасць…

Маладзіца насіла ваду для лазні. Для абодвух класікаў гэтая лазня стала незабыўнай, а ЯК–1 нават пасяліўся праз некалькі месяцаў у блізкім адсюль урочышчы Ляўкі, каб мець магчымасць бываць тут рэгулярна ды прыносіць пачастункі нарадзіўшымся праз дзевяць месяцаў пасля той сустрэчы з Амерыкай дзяўчынкам–блізняткам.

* * *

Будучы класік беларускай савецкай літаратуры, студэнт 4 курса філфаку Кіеўскага дзяржуніверсітэта У.К. адчуў у сабе неабходнасць бліжэй далучыцца да беларушчыны. Ён пачаў даследаваць творчасць папярэдніх беларускіх класікаў, дасылаць свае творы і лісты жонцы ЯКа–1 і яшчэ жывому ЯКу–2, вандраваць па мясцінах іх жыццядзейнасці..

У глыбокую восень напярэдадні свайго дваццацідвухгоддзя разам з полацкім сябрам–юрыстам з гучным прозвішчам будучы класік прыехаў на радзіму ў Воршу. Сябра–юрыст раскапаў у нейкіх архіўных дакументах паперку, напісаную ЯКам–1 пра лазню і двух дзяўчынак–блізнятак у Амерыцы. Сябры вырашылі прашпацыраваць да той Амерыкі, балазе яна не так далёка, а там па–магчымасці і лазню тую наведаць, і з дзяўчынкамі пазнаёміцца.

* * *

Амерыканская лазня і для гэтых сяброў стала незабыўнай. Дзяўчынкі– блізняткі былі не менш гасцінныя ды ласкавыя да У.К. і яго гучнапрозвішчнага сябра, чым іх маці да ЯКаў. Ды і маці дзяўчынак, відаць, прадчувала за гасцямі будучую веліч і таму толькі спрыяла больш цеснаму знаёмству сваіх дачок з новымі хлопцамі..

Адна з унучак Клімовіча сапраўды знайшла тады сваё шчасце. Малады юрыст з гучным прозвішчам забраў яе да сябе ў Полацк, яны распісаліся ў ЗАГСе і праз дзевяць месяцаў пасля незабыўнай лазні ў шчаслівай сям’і нарадзіўся сын. У гонар агульнага сябра У.К. сына таксама назвалі У. Стаўшы вялікім, ён стаў працаваць у тым жа, што і У.К., жанры, і таксама зрабіўся класікам беларускай літаратуры.

Другой з дзяўчынак пашанцавала меней. Шчаслівай сям’і з У.К. у іх не атрымалася, дакладней, не атрымалася ніякай сям’і... У.К. паехаў вучыцца ў Кіеў далей, каб з’явіцца зноў толькі на свой наступны дзень народзінаў — наступнай глыбокай восенню. Тады ён вучыўся ўжо на апошнім курсе універсітэта, і ў душы праўнучкі вялікага амерыканскага пісьменніка бліснула надзея, што па яго сканчэнні вернецца ён на радзіму і забярэ яе ў вялікі горад Воршу.

Ізноў была незабыўная лазня. Ізноў У.К. з’ехаў у Кіеў…

Яна ўжо ведала, што цяжарная, калі з Кіева прыйшоў гэты ліст. У.К. размяркоўвалі ў глухую вёску Кіеўскай вобласці…

Яна доўга плакала. А пасля ціха сышла з Амерыкі. Чубаты бабыль–лодачнік пераправіў яе на другі бераг Дняпра ў Александрыю, а там пасяліў ва ўласнай хаце.

Каб не быць баластам, яна ўладкавалася на Аршанскі ільнокамбінат. Тут, не саромеючыся, прама ў працоўны час заігрывала з кладаўшчыком Гіршам, які на людзях чамусьці называў сябе не іначай як Грыгорыем. Яна ведала, што Гірш насамрэч імпатэнт, але для людзей яны гулялі гэтую патрэбную абаім жыццёвую камедыю.

Пасля работы яна вярталася ў Александрыю.

Калі пачаліся схваткі, лодачнік–бабыль ізноў пераправіў яе праз Днепр, і сына — Аляксандра — яна нарадзіла ў Копысі, пад наглядам урачоў.

Будучы класік У.К. вярнуўся на Аршаншчыну праз два гады.

Яна не хацела з ім сустракацца, не хацела нават, каб ён ведаў, дзе яна і што ў яе ёсць сын. Яго сын.

Яшчэ праз год У.К. напісаў стаўшы пазней шырока вядомым верш, дзе ўзгадваў „найлепшую ў свеце Амерыку“ (Вёску Амерыку, што пад Воршай).

А Аляксандр прайшоў праз многія жыццёвыя выпрабаванні і дасягнуў найвышэйшай пасады ў новай незалежнай дзяржаве.

* * *

Нашчадкі чубатага ды вусатага Кліма, што калісьці прыскакаў на белым кані ў Рэчыцу, рассяліліся ва ўсе бакі ад месца, дзе іх вялікі продак перавозіў кліентуру праз сівы Дняпро. Яны сталі Кліменкамі, Клімовічамі, Клімавымі, Клемансо, Клеменсамі, Кліменці, Кліўлендамі і Клінтанамі, проста Клімамі і Кімамі… Яны „засвяціліся“ ва ўсіх сферах жыцця планеты. І менавіта сынам нашай зямлі быў, узняўшыся да зораў, будучы генерал–лейтэнант Клімук.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Saha pra Klimienkau


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.