Плач па Косаве (7)

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Плач па Косаве (7). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Ісмаіл Кадарэ

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №2 1999 ГОД


VII

Рэшткі вечаровага гоману расталі ў ночы, вызваліўшы месца сабачай зьвязе, а слаўная дама ўсё ніяк не магла заснуць. Каму, як ня ёй, было ведаць, што пасьля сьвята сон або зморыць адразу, або доўга не ідзе. Але ў той вечар яе апанавала нейкая зусім іншая бяссоньніца. Ня толькі звыклыя думкі віліся ў яе ў галаве, але і новая, самотная і грозная, як зімовая ваўчыца, дзіўна кружляла ў змроку пакоя. Гэтая новая госьця яшчэ кепска ведала тую галаву, за якую зачапілася, дый, магчыма, увесь гэты сусьвет; яна спрабавала аформіцца, але ў той самы момант разьляталася на кавалкі, білася, нібы засіліўшыся, рвала путы, але толькі аслабаніўшыся, зракалася волі і пнулася зноў у тую пастку ў мазгох, скуль толькі вырвалася. Візіі задняга двору з высаджанай брамай, мангольскай дзіды і толькі што атрыманай з Амстэрдаму карты мацерыка спрабавалі знайсьці сувязь паміж сабой і злучыцца.

Урэшце старая пані паднялася з ложку, накінула хустку на плечы і падышла да вакна. У яе галаве яшчэ прамянілася думка, што прагнала сон. У гэтай думкі не было ні акрэсьленай формы, ні зьмякчальнай абалонкі, яна была свабоднаю й забойчай. Пастаяўшы перад высокім акном, кабета здолела суцішыць асьляпляльны віхор, прыручыць яго, узяць ласкай. Усё стала ясьней. Адшукалася сувязь паміж мапай і барбарскай дзідай, пакрэмзанай незразумелымі напісамі і аздобленай пасмай валасоў.

Увесь эўрапейскі кантынэнт ляжаў перад ёю: краіна валійцаў і германскія княствы, а далей балтыйскія маркі і падобны да сьпячае львіцы скандынаўскі паўвостраў. Ніжэй, пад шырокім цэнтральным масівам, выступалі тры паўднёвыя паўвыспы: Ібэрыйская, Італійская і трэцяя, якую колісь называлі Ілірыяй і Бізантыяй, а цяпер нахрысьцілі Балканамі. Яна ўявіла сабе краіны, адкуль паходзілі нябогі–ўцекачы: Харватыя, Альбанія, Сэрбія, Грэцыя, Босьнія, Валахія, Македонія. Пракляцьцем вісела над гэтым краем новая назва — Балканы — здранцьвелая й нежывая; цягнэць цяпер ім гэтую назву празь вякі, як чарапасе панцыр.

Быццам памежны слуп, барбарская дзіда заўсёды вызначала межы кантынэнту. Эўропа забылася пра гэта зарана, як стараюцца хутчэй забыцца пра кашмар, што зьнікае на досьвітку. Так забыліся пра Атылу і Чынгісхана, так, магчыма, некалі забудуцца і пра асманаў.

Дзівуюся я, што вы так перажываеце, — сказаў ёй пару месяцаў таму барон Мэленхтон, — непакоіцеся за нейкія абстрактныя, а значыць, неўміручыя рэчы — Эўропу, Азію... Гэта зборныя паняцьці ніколі і нідзе не існавалі, апроч як у галовах барбараў і ў ствараных імі вобразах. Гэта нейкія хімэры, напаўжанчыны, напаў невядома хто...

Гэтыя словы моцна зачапілі яе, і яна не адказала ні слова.

“Які жах!” — падумала яна, ўглядаючыся ў цемру, нібы размаўляючы з ноччу ў думках. Асманы захапілі задні двор, а тым, хто жыве ў доме, хоць бы хны! Яны ўмацоўваюць брамы, выстаўляюць дадатковую варту, але нічога па–за сваёй хатай ня бачаць.

Эўропа... Паўтарыла яна сама сабе, быццам жадаючы вярнуць сэнс гэтаму слову, абясцэненаму кпінамі і пагардай. Як канаюць словы, як урэшце адлятае ад іх душа, пасьля таго як іх кідае розум... Яна заўважыла гэта. Эўропа... неяк боязна паўтарыла яна. Дваццатак імпэрый, сотня народаў. То ідуць брат на брата, то пазьбягаюць адзін аднаго. Калі Эўропа была ў сваім нармальным памеры? Калі яна сьціскалася да абсягу палёў бітваў ці калі яе часткі адштурхоўвалі адна ад другой у непрыяцельстве? Вучоныя людзі пераказвалі ёй, што колісь–колісь гэты кантынэнт быў свайго роду цьвёрдай галяктыкай сярод сусьветнай пусткі, а апошнім часам, асабліва пасьля Вялікай Чумы, ён сам стаў як пустэчай сярод размаітага шматлюдзьдзя. Таму барбары зноў высадзілі ягоныя брамы і трасьлі перад носам жыхароў кантынэнту сваімі дзідамі, не тлумачачы, што значыць гэтыя сыгналы — злагаду ці сьмерць.

Яна яшчэ раз перабрала ў галаве сваіх магутных знаёмцаў, прынцаў, кардыналаў, філёзафаў і нават рымскага біскупа, спрабуючы ўзгадаць рысы іхных твараў, вочы, моршчкі на лобе, так, перадусім моршчкі на лобе, той частцы твара, якая надзейней за любую іншую выказвае ўсе беспакойствы чалавека. Ці думалі гэтыя людзі, як разам абараніць сябе, асабліва цяпер, калі паваліўся паўднёвы тын іхнага падворку? Ці іх думкі не ішлі далей найбліжэйшай п’янкі?

Быццам перамір’е запанавала ў яе стомленай галаве. І даўжэзная стужка прыляцела ў яе ўяўленьне невядома адкуль. Грэцыя... падумалася ёй, нібы ёй гэта адкрылі зь неба. Яе сябар Уайкліф казаў, што менавіта так і ўяўлялі спачатку грэцкі сьвет: бясконцая стужка земляў, што працягнулася больш чым на тысячу пяцьсот міляў ад берагоў Малай Азіі, ахінуўшы Эладу і ілірыйскі бераг, і аж да пляжаў Калябрыі і Сыцыліі, а тады аж да паўднёвых галаў. І гэтая тонкая сыпучая стужка, калі–нікалі разрываная хвалямі, усё ж добра, цесна трымалася ў адным цэлым з нутром кантынэнту.

Цяпер грэкі, як і іншыя народы, таміліся ў ярме. Адзінаццаць народаў гатовыя былі задыхнуцца пад панцырам, называным Балканамі, і калі цяпер нехта і згадваў пра іх, дык хіба што, дзеля таго, каб кінуць на іх адрас нейкую зьнявагу. У яе ўсё не ішлі з галавы вочы тых небарак, што гаварылі і сьпявалі на бяседзе. У змрочнай глыбі вачніцаў спачывала нябожчыца–Эўропа, якая была ўжо проста тугой. О Госпадзе, як Ты ўладзіў гэты нізкі сьвет! — падумала яна. Трэба страціць, каб пачаць цаніць.

У яе памяці паступова ўставала ўсё пачутае: ахвярапрынашэньні ля падмуркаў мастоў, эрыніі, падобныя да прачак, на берагах рачулак, абібокі ў вясковых корчмах, мсьціўца, якога абавязваюць удзельнічаць у хаўтурным абедзе па сваёй ахвяры... Божа мой! Там усё гэта яшчэ ёсьць, уздыхнула яна. Рэшткі тых велічных руінаў, дзе ўсё пачыналася.

Не кідайце задняга двара! — ледзьве не сказала яна ўголас. Калі ён прападзе, прападзем і мы! Ізноў нясьцерпны галавакружны вір падхапіў яе розум. Ёй страшэнна балела ў скронях, здавалася, мозг ірваўся з–пад чэрапу. Яна паспрабавала ўстаць, і ёй нават здалося, што яна ўстае, яна ўзяла паперу і пяро і пачала пісаць князям, свайму сябру Ўайкліфу, самому папу. Яна адчувала дзіўную лёгкасьць, здольнасьць ня толькі напісаць ліст, але й самой даставіць яго нябеснай дарогай.

* * *

На ранак яе знайшлі мёртвай і халоднай. Бяздоннасьць нябыту белай маскаю забяліла яе твар.

Ва ўрачыстай цырымоніі пахаваньня, што адбылася ў суседнім княстве, у яе на радзіме, бралі ўдзел усе ўчорашнія субяседнікі. Пасьля імшы і перазвону нехта падумаў паклікаць рапсодаў, бо яна жадала, каб яны сьпявалі ў яе на магіле. Іх адшукалі. Яны нясьпешна выцяглі свае інструмэнты і завялі свой тужлівы сьпеў. Адзін зь іх сьпяваў: “Чорна хмара сонца засьціць, нежывая ясна пані... Туману ў полі не ляжаці, Сэрбе, устань! Ідуць альбанцы наша Косава адняці!” — ... А другі падцягваў: “Якая хмара насунула, ясна пані вочы заплюшчыла... Ворле альбанскі, зьляці, Поле Драздоў барані!”

Іх паслухалі ўважліва, задуменна, сумна і неўразумела — ніхто не разьбіраў ні слова.

Пераклалі з альбанскай Андрэй Дынько і Юсуф Вроні паводле
Tri kenge zie per Kosoven. Tirana, 1998.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Плач па Косаве (7)


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.