Плач па Косаве (6)

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Плач па Косаве (6). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Ісмаіл Кадарэ

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №2 1999 ГОД


VI

Дзясятак сьпевакоў чакалі сваёй чаргі. Французы апявалі свайго героя Ралянда, як ён перад сьмерцю трубіў у рог; пасьля немцы баялі пра пярсьцёнак Зыгфрыда; пасьля шчэ нейкі іншы, не падобны ні да француза, ні да немца, сьпяваў пра доблесьць нейкага Вільгельма, што патрапіў у яблык, які паставіў на галаве ў сына.

Нарэшце прыйшла іх чарга; зараз вы пачуеце балканскіх рапсодаў, якія прыбылі проста з поля Косаўскай бітвы, дзе хрысьціянству нанесьлі цяжкае параненьне, — зьвярнуўся да прыяцельства гаспадар і папрасіў прысутных памаліцца, каб гэта была апошняя параза хрысьціянскага сьвету.

Запанавала цішыня, і ў ёй асабліва выразна прагучалі старыя сьпевы, халодныя, як камень: “Туману ў полі не ляжаці, Арлу над садам не лятаці, Сэрбе, устань! Ідуць альбанцы наша Косава адняці!” — “Полем ляжаць туманы. Ворле альбанскі, зьляці, Поле Драздоў барані!”

Калі гасьцям патлумачылі сэнс песень, яны зьдзівіліся й падумалі, што недачулі: як жа так, вораг растаптаў Балканы, а гэтыя людзі працягваюць сваю старую сварку?

— Вядома, ладу на зямлі няма нідзе, але каб знайсьці такую зацятую варожасьць, як ваша, трэба добра пашукаць! — пагардліва заўважыў адзін з запрошаных.

— Няшчасныя! — сувора паківаў галавой гаспадар.


Апусьціўшы галовы долу, слухалі яны папрокі. Дарма яны апраўдваліся, як тады ўначы ў княскім шатры; ніхто іх не разумеў.

Лепш бы мы былі там загінулі абодва, чым цяпер сядзець за гэтым праклятым сталом, падумаў Г’ёрг.

Адна старая, і, калі меркаваць па строі і месцы за сталом, знатная дама ня зводзіла зь іх вачэй. Вочы ў яе былі пытлівыя, але твар — белы й халодны, нібы яна ўжо належала іншаму сьвету.

Рапсоды маўчалі.

— А якіх вы песень ад іх чакалі? Яны толькі і ўмеюць, што ненавідзець, — сказаў нехта.

— Яны й мёд сумеюць заквасіць як малако, — паддаў іншы, падтрыманы сьмяшкамі.

— Не зьневажайце іх, — кінула старая, ня зводзячы вачэй з Г’ёргавай рукі, што сьціскала кінджал. — Там, скуль яны прыехалі, зьняважыць госьця, значыць, зганьбіць сябе. Прычым гэта нават большая зьнявага, чым параза на полі раці.

За сталом запанавала цішыня. У Г’ёргавай галаве каменнай лавінай несьліся нядаўнія папярэджаньні й мольбы таварышоў па няшчасьці: “Толькі не нарабіце дурасьці! Не загубіце нас усіх!” Яго зацёклыя пальцы не хацелі адрывацца ад сталі, а на вачах блішчэлі сьлёзы.

— Ніколі не прагучыць крыўднае слова ў мяне за сталом, — абвесьціў гаспадар.

Погляд старой дамы стаў яшчэ больш прыязным.

— Калі вы ня хочаце ці ня можаце сьпяваць, — сказала яна, — апавядзіце нам нешта. Мне казалі, што ў вашай бацькаўшчыне шмат цікавостак... Раскажыце пра жывых, пра мёртвых, пра целы без душы, што блукаюць паміж гэтым і тым сьветам...

Владан зірнуў на Манола, на харвата, але тыя лёгка паціснулі плячыма. Дый праўда, ім было чаго мяцца: адзін ведаў толькі казкі, другі адно ўмеў пераймаць галасы птушак і воўчае выцьцё. А прасіць, каб яны, лірнікі, проста расказвалі гісторыі, гэта ўсё адно што прасіць рыцараў падмятаць вуліцы... Але там, за замкавай брамаю, чакала, спадзявалася ўсё іхнае зямляцтва.

Владан павёў расказ, сам дзівуючыся сваёй здольнасьці. Ён заўжды сьпяваў, а расказваць слухачам ён ніколі не расказваў. Сьмех, і грэх, і сорам падпіралі яму пад горла. Двойчы ці тройчы яму здавалася, што словы вось–вось прысохнуць яму да горла. “Трымайся, браце!” — падбадзёрвалі яго поглядам таварышы, але ён махнуў, што больш ня можа. Тады яны прыйшлі яму на дапамогу, спачатку валах Манола, пасьля харват і нарэшце Г’ёрг, якому яшчэ хвіліну таму было здавалася, што само неба не прымусіць яго расчапіць вусны пасьля нанесенай крыўды нават для перадсьмяротнага стогну.


Дзіўныя гэта былі апавяданьні, то жорсткія і жудасныя, то бясконца маркотныя. Усе ўслухоўваліся ў іх зь вялікай увагай, асабліва прычараванай здавалася знатная дама. Ейны твар па–ранейшаму выглядаў на маску, але вочы палалі.

— Яны ўваскрашаюць для вас грэцкія трагедыі, — пару разоў ціха сказала яна. — Тое ж насеньне, той жа дыямэнтавы пыл.

— А што гэта за грэцкія трагедыі? — зацікавіўся гаспадар дому.

Яна глыбока ўздыхнула і так коратка патлумачыла яму: мусіць, гэта быў найвялікшы набытак чалавецтва. Яны ўсе зьмясьціліся б у скрынку, у якой любы магнат хавае золата, але людзі ня толькі не захавалі, а са стагодзьдзя ў стагодзьдзе губілі тое, што магло б зрабіць сьвет, то бо душу сьвету, настолькі харашэйшай.

Гаспадар пакачаў галавой: такая нядбайнасьць была папросту не да веры. Знатная дама сумна ўсьміхнулася, бо ёй і самой спачатку ня верылася, што так можа здарыцца. Нядбайнасьць навукоўцаў, кляштарных бібліятэкараў, рэктараў, перапісчыкаў. Яна пісала на гэты конт князям, кардыналам, самому папу. Адказы штораз рабіліся ўсё халаднейшымі, урэшце яе недвухсэнсоўна папракнулі: замест таго, каб яшчэ больш палка прысьвяціць сябе Хрысту, вы, выкшталцоная знатная дама, магчыма, самая вучоная ва ўсіх францускіх і нямецкіх правінцыях, застаецеся апантанаю паганскімі бажышчамі. Днямі а днямі ценем блукала яна ў сваёй вялізнай бібліятэцы, але праз пэўны час усё стала ясным ёй: даўно ўжо на небе не засталося месца для колішніх багоў.

І вось праз столькі гадоў яна, як у трансе, нібы пачула далёкае водгульле грому дальняга сьвету. Аскепкі кароны, што зрынулася са старажытнага неба, прынесьлі ёй гэтыя нябогі з тварамі, парэпанымі вайной. Хаўтурныя трызны, ахвяры дзеля выкупленьня, кліч крыві надзейней за любы летапіс вялі пракляцьце з аднаго тасячагодзьдзя ў другое.

Руінаю сталі ўжо амфітэатры, і ніхто ня ставіў больш трагедыяў. Толькі сюд–туд засталіся вось такія абрыўкі былой велічы. Цяпер, калі ноч апусьцілася на паўднёвы ўсход Эўропы, можа, прыйшоў час ёй, знатнай даме, аднавіць сваю перапіску. Пра гэты край казалі, што ён зьяўляецца заднім дваром Эўропы, а ён насамрэч ёсьць каморай, поўнай скарбаў. У гэтым краі яшчэ заставаліся карані, зь якіх усё пачало расьці, вось чаму нельга зракацца гэтай зямлі.

Балканскія госьці працягвалі расказваць, цяпер ужо наперабой адзін перад адным. Спадзевы зрабіць добрае ўражаньне выцясьнілі горыч крыўды, цяпер да ўцекачоў з–за Дунаю вярнулася красамоўства, і за словамі праглядалася амаль адкрытая, аж прыніжаная просьба: мы хочам стаць такімі, як вы; мы з вамі, не праганяйце нас!

У старой пані было такое ўражаньне, нібы нечага гэтым апавяданьням не стае.

— А прасьпяваць нам тое, што распавялі, можаце? — спыталася яна.

Словы прыгаломшылі вандроўнікаў, і яны не адразу прыйшлі ў сябе. “Не”, — адказалі яны па чарзе, спачатку на роднай мове, а пасьля па–лацінску.

— Чаго ж так, мо спробуйце? — мякка настойвала яна.

— Domina magna, не! Мы ня можам. Мы вайсковыя сьпевакі...

Але жанчына заступала настойліва. Задунайцы спахмурнелі, узмакрэлі, нібы іх ганялі катаваць. І што яны там сабе мармыталі трывожна, як у кашмары: мы вайсковыя сьпевакі... Палкасьці й нянавісьці ім не бракавала, але іншых часьцінак таленту... У нас няма такіх прыкладаў... Зрэшты, і старых трэ было б спытацца... І зь мёртвымі параіцца... Дачакацца, пакуль яны прысьняцца, і спытацца рады... Не, гэта немагчыма. Не!


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Плач па Косаве (6)


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.