Плач па Косаве

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Плач па Косаве. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Ісмаіл Кадарэ

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №2 1999 ГОД


Ісмаіл Кадарэ — найбольш вядомы з альбанскіх пісьменьнікаў, аўтар вершаў, апавяданьняў, раманаў “Генэрал мёртвага войска”, “Заход стэпавых багоў”, “Трохарачны мост”, “Хроніка каменя”, “Канцэрт”, “Палац мрояў”, “Пачвара”, “Цень”, “Spiritus” (1995), а таксама кнігі апавяданьняў “Сьляпы фірман” і эсэ “Альбанская вясна” (1991). Апавяданьні са зборніку “Тры плачы па Косаве” — спроба ўваскрасіць на паперы страчаную шляхетнасьць колішняй балканскай цывілізацыі.

I

Яшчэ ніколі ён не апынаўся пасьля бітвы ў стане пераможаных. Аднак у гэты раз на схіле дня яму прымроіліся першыя прадвесьці паразы. Ад стомы ён заплюшчыў веі, а калі расплюшчыў зноў, ягоным вачам адкрылася тая самая карціна: жаўнераў і афіцэраў круціў вялізны чалавечы вір. Двойчы ці тройчы яму здавалася, што нехта выгукваў: Г’ёрг Шкрэлі! — але пасьля ён дапяў, што гэта ўласнае імя мроіцца яму ў галаве. У навакольным хаосе ён нікога не пазнаваў. Яшчэ апоўдні ён згубіў сваіх альбанцаў.

Песьняры заўсёды гінуць у бітве апошнімі, сказаў надоечы князь Лазар, начальнік над усім хрысьціянскім войскам, загадаўшы, каб усе сэрбскія гусьляры, валаскія і басьняцкія дудары і альбанскія барды, што прынесьлі з ілірыйскіх Альпаў свае аднаструнныя лагуты, сабраліся разам на ўзгорку побач зь ягоным намётам, каб зь бясьпечнага месца сачыць за бітвай. Песьняроў, як заўжды, ашчаджае лёс, кінуў адзін з княскіх намесьнікаў, расьцягнуўшы вусны ва ўсьмешцы, і іскры рэўнасьці заскакалі ў яго ў вачах; але князь абарваў яго: калі мы страцім нашых пеюноў, хто засьпявае нам славу?

Сонца схілялася на захад, сьпевакі стаялі за намётам ўладара і назіралі за рухам войскаў, іншы раз выціраючы сьлёзы.

Жудаснае сьвятло залівала спражаную невыноснай сьпёкай косаўскую раўніну. У гэты сьляпучы дзень палкі, здавалася, перамяшчаліся без усякага ладу. Калі ў нейкі момант туркі адкаціліся назад у цэнтры сваіх пазыцыяў і іх загоны лукам выгнуліся пад націскам хрысьціянаў, з–пад вялікакняскага шатра данесьліся пераможныя крыкі, пасьля зноў і зноў, але рапсоды ўжо добра ня бачылі, як там разгортваюцца падзеі. Яны стомлена сачылі за мільгаценьнем штандараў, ім здавалася, што Крыж топча Маладзікі, але залева сьвятла можа спараджаць міражы. Як і наступствы ўчарашняй гулянкі могуць... “Яны занадта наперад рвуцца!” — прашаптаў стары басьняк–дудар, той самы, які ўчора ўначы нагадаў, што нікому, нават князям, нельга піць перад бітвай.

Новыя выгукі раздаліся, калі перад шатром князя Лазара праскакаў сэрбскі загон. Ваяры подбегам кінуліся за ім, і музыкі здагадаліся аб прычынах іх радасьці: коні павымазвалі капыты ў мёдзе, а да мёду прыстаў рыс. Вой жа, што хрысьціянскае войска разарвала турэцкія парадкі, дасягнуўшы самых тылоў і пранёсшыся па сховішчах з харчамі.

То стуль, то сьсюль даляталі лікаваньні, і ўсё ж смутная трывога не пакідала Г’ёрга. І ад гэтага пранізьлівага сьвятла яму тачылася галава. Неўзабаве ён убачыў, што не яму аднаму так нядужа. Раптам і коні рыцараў замарудзіліся: да капытоў, да мёду наліпла калу, і воіны не маглі вярнуцца назад на поле сечы.

Г’ёрг зноў доўга ўзіраўся ў мора сьцягаў над людзкою прорвай. І менавіта над галовамі ваяроў прачытаў ён першае прадвесьце паразы. Здавалася, шоўк харугваў дрыжыць ад хваляваньня, а крыжы, ільвы й вышытыя каранаваныя арлы пагубілі ўсю сваю пыху. Маладзікоў жа, было такое ўражаньне, большала а большала. І не давала спакою беспадстаўная і трохі дзіцячая думка, што калі гэтым месячыкам і пякучае сонца не ў перашкоду, дык з набліжэньнем ночы і чорт іх не стрымае.

Праваруч, ля намёту князя Лазара, усчалася нейкая сумятня, але Г’ёрг ня мог адарваць вачэй ад сечы. Толькі калі нехта крыкнуў: “Князь перабіраецца куды інш!” — ён усё зразумеў.

— А нам, што ж нам рабіць? — спытаўся гусьляр Владан.

Ніхто не паклікаў сьпяўцоў, значыць, князь ня ў слаўную вылазку кінуўся, а проста палічыў патрэбным памяняць месца знаходжаньня.

Г’ёрг паспрабаваў супакоіць сябе, кажучы, што няма нічога больш натуральнага, чым рух галоўнага начальніка над войскамі пад час бітвы, але трывога мацнела.

Цяпер княскі шацёр запоўніўся параненымі, і ўсё гучней там стагналі. Песьняры сноўдаліся сюды–туды, ня ведаючы, куды падзець свае музычныя інструмэнты, якія раптам сталі ім цяжкімі, як камень.

— Пайду зірну, дзе мае валахі! — усклікнуў адзін.

І іншыя шукалі вачыма свае родныя колеры.

У Владана выступілі сьлёзы. Вось ужо ня думаў ён і не гадаў, што ў гэтай мітусьні забудуцца ня толькі пра іншых сьпевакоў, але й пра сваіх, пра сэрбаў.

Г’ёрг таксама выглядваў сярод безьлічы штандараў альбанскіх арлоў і злаваў на сябе, што не даведаўся, зь якога боку пайшлі ў бой палкі графа Бальшы і графа Янімы. Але шукаць іх было ўжо запозна.

Грукацелі непрыяцельскія барабаны. Урэшце ён адзначыў альбанскія сьцягі, але белыя і чорныя арлы нібы пераскідала бурай.

Багародзіца, Збаў нас! — маліўся ён сам сабе.

Пасьля разам зь іншымі ён некуды бег, ня ведаючы куды, у сьвет. Нехта крыкнуў: тут туркі прарваліся!

Іншыя крычалі сваё. Спачатку здавалася, што гэта загады, але пасьля яны пераходзілі ў журбу. Двухгаловыя арлы згубіліся, але ён ішоў далей. Які разгром! — енчыў нехта. Другі гукнуў: Наперад! — але дзе ж быў цяпер той перад і дзе зад? Г’ёрг пабачыў, як падаўся налева сьцяг караля Босьніі Тврка, а пасьля ў хмарах пылу мільгнулі флагі князя Лазара побач–побач са страшнымі маладзікамі.

Людзі беглі. Блукалі, сьціскаючы меч у руцэ, нейкія незнаёмцы, узіраючыся ў сустрэчных выпучанымі вачыма. Суайчыньнікаў было не знайсьці. Ён, як у сьне, вярнуўся да кінутага шатра галоўнага камандуючага задзіночанымі войскамі і ледзьве не сутыкнуўся з Владанам. Сэрб рваў на сабе валасы з плачам: князя Лазара забралі ў палон, загінула наша сэрбская зямля!

Госпадзе Ісусе, збаў нас! — вырвалася ў Г’ёрга, і ён падставіў плячо свайму калегу Владану, каб разам выбірацца з сумятні. Владан усё наракаў — нібы трызьніў: “Няма ў мяне больш гусьляў, браце; выкінуў я гусьлі. Навошта яны мне цяпер, падумаў я. Калі князь Лазар у палоне, дык і мы ўсе пойдзем у ярмо. А дзе падзеліся твае альбанцы?”

— Ня ведаю, — адказаў Г’ёрг. — Я ня бачу нашых сьцягоў.

— Няма сэнсу шукаць іх, — сказаў Владан. — Яны ўсе палеглі. Пакінь і ты сваю лагуту, браце. Ці мо табе карціць сьпяваць цяпер на лад турэцкі?

— Маці Божая, як нас разьбілі! — усклікнуў Г’ёрг замест адказу.

Байцы беглі хто куды, спатыкаліся аб трупы і стагналі. Некаторыя былі выкінулі зброю, а цяпер нахіляліся да нябожчыкаў, забіралі мячы, а неўзабаве зноў адкідалі іх. З усіх бакоў лямантавалі: “Стойце, куды вы бяжыце? Хто вы?”

Абрыўкі навінаў міжволі дасягалі вушэй у гэтай куламесе. Ваявода Мірча з рэшткамі сваіх валахаў імкнуўся прарвацца за Дунай. Кароль Тврко, згубіўшы карону, адступаў у Босьнію. Альбанскія каталікі на чале з графам Бальшам шукалі сьцежак у туманныя горы заходняй Альбаніі, а праваслаўныя сьцякаліся за Янімай на македонскую раўніну. Толькі мёртвыя не сьпяшаліся пакідаць праклятае поле.

— Так я й думаў, — мармытаў Владан. — У мяне даўно было прадчуваньне бяды.

Чаму ж ты не папярэджваў пра гэта, нябога? — карцела спытацца Г’ёргу, — але стомленыя вусны адмаўляліся варушыцца.

Здалёк даляцелі глухія крыкі: “Вяртайцеся! Добрая навіна! Султана забілі!”

Але дзіўна: ніхто не павярнуў назад. Усе пачулі вестку, але ўсе, такое ўражаньне, адразу выкінулі яе з галавы. Сутонела. Позна было нешта мяняць. Уцекачы нейкую хвілю абводзілі вачыма абшар, быццам шукаючы тое месца, дзе абарвалася жыцьцё султана, і празь нейкі момант, занадта стомленыя, каб думаць, казалі самі сабе, што й гэтая падзея, як і ўсе астатнія, здарылася занадта позна.

Хутка цямнела. Дзень згасаў. Такі невыносна сьляпучы дзень мог спарадзіць адно такую бясконца цёмную ноч. У падвойна змрочнай ночы бадзяліся афіцэры, што пазрывалі свае камандзірскія значкі, і шараговыя, маркітанты, захавальнікі цяпер ужо нікому не патрэбных сакрэтаў і пячатак, забойцы, якія шчэ ня зьдзейсьнілі злачынстваў, сьвятары, што толькі звар’яцелі, і ўбогія розумам, да якіх ад страху вярнуўся глузд.

Двойчы Г’ёрг гатовы быў зашпурнуць сваю лагуту куды далёка, але абодва разы ён казаў сабе, што ў такім учынку не было б сэнсу, і прыціскаў інструмэнт да грудзёў. Калі я застануся ў розуме да раніцы, я застануся ў розуме назаўжды, — падумаў ён. Калі рука ўзьнялася трэці раз, струна лагуты ціха прастагнала: “Скажы, чым я табе не ўгадзіла, Божае дзіця?”

Так ляцелі яны з Владанам, быццам два бухматыя чмялі ў змроку. У бляску запаленай некім паходні твары здаваліся ім яшчэ страшнейшымі. Сабакі лізалі капыты мёртвага каня. О неба! — крыкнуў Г’ёрг. Гэта той мёд, які нам паказаўся раніцай знакам перамогі.

“Мы мёртвыя, браце”, — прашаптаў Владан. — Ты ўпэўнены, што мы не прывіды?


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Плач па Косаве


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.