Пераклады эміграцыі

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Пераклады эміграцыі. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Лявон Юрэвіч

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №3 1999 ГОД


Лявон Юрэвіч

архівіст Рады БНР, супрацоўнік Нью-Ёрскай публічнай бібліятэкі. Аўтар гістарычнае кнігі “Вырваныя бачыны. Да гісторыі Саюзу Беларускае Моладзі” (Энцыклапедыкс, 2001). Ягоная апошняя публікацыя ў “ARCHE” — артыкул “Сьвет эміграцыйнага эпісталярыю” (“ARCHE-Скарына”, № 3-2001).

Артыкул напісаны паводле дакладу на канфэрэнцыі, прысьвечанай 30-годзьдзю Скарынаўскай бібліятэкі (2930 верасьня 2001 году).

Пераклад як літаратурны жанр вылучае сярод іншых пэўная безабароннасьць, асабліва ва ўмовах таталітарнай краіны. Бо забараніць грамадзянам думаць і пісаць у роднай мове сваё, патаемнае, вольнае, як мы пераканаліся на лёсе беларускае літаратуры, немагчыма. Зусім іншае -- адлучыць ад сусьветнай культуры празь ненавучаньне замежным мовам, праз старанны адбор дазволенага да перакладу дазволенымі перакладчыкамі. Дзяржава магла кантраляваць гэты працэс, робячы аддзелы іншамоўнай літаратуры ў бібліятэках даступнымі адно па пропусках (чым прыраўноўвала яе да антысавецкай, эміграцыйнай літаратуры, у аддзелы захоўваньня якой, каб патрапіць, таксама быў патрэбны адмысловы дазвол). І тут цяжка не пагадзіцца з Андрэем Дыньком: “Савецкі рэжым у Беларусі ставіў задачу поўнага сьціраньня ранейшае культурнае традыцыі... і татальнай падмены яе культурай новага, “сацыялістычнага” зьместу. ...Існавала негалоснае вэта на пераклады з сусьветных моваў на беларускую. Кантакт беларускай думкі з сусьветам мусіў адбывацца праз расейскае пасрэдніцтва”.

Што гэта насамрэч так, што фактычна дзяржава перашкаджала разьвіцьцю перакладчыцкай дзейнасьці, знаёмству празь пераклады з сусьветнаю культураю, добра даказваюць падзеі 90-х гадоў, калі, як толькі ў краіне запанавала адносная свабода творчасьці, першыя здабыткі вызваленае беларускае літаратуры былі зьвязаныя найперш зь перакладамі: адразу зьявілася плеяда новых перакладчыкаў (Андрэй Хадановіч, Валерка Булгакаў, Мікола Раманоўскі, Валеры Буйвал, Юрась Бушлякоў, Сяржук Мінскевіч), а людзі старэйшага веку, як Васіль Сёмуха, змаглі нарэшце перакладаць жаданае.

Эміграцыя атрымала такую магчымасьць нашмат раней.

Значэньне перакладчыцкай дзейнасьці нашае эміграцыі адзначыў ува ўласьцівай яму манеры Сакрат Яновіч, беларус на заходне-ўсходнім памежжы (гэта ня столькі геаграфічная прывязка да пэўнага месца, колькі вытлумачэньне комплексаў пісьменьніка), у прыватным лісьце да Часлава Найдзюка ад 11 сакаві­ка 1983 году: “Выданьне па-ангельску твораў Купалы ці Коласа беспараўнальна болей значыць для справы нашага народу і яго культуры, чымся розныя “про­шчы” і “маніфэстацыі” -- гаворачы нейкім вобразным прыкладам, каб быць правідлова зразуметым у галоўным. Чаму ідуць дзясяткі тысячаў даляраў у тую яму херні, а няма грошай, каб заплаціць перакладчыку Купалавага й выдаўцу Купалавага?! Ёсьць на Фларыдзе Пятроўскі, які сам абеларушчыў і выдаў Плятона, Аўрэлюса. Каб Вы тое бачылі, як ён гэтым падняў нас тут на духу: жартанькі -- Плятона можна ўжо чытаць па-беларуску! І Аўрэлюса! Яго гэтыя кніжкі афіцыйна даходзяць да нас тут, за імі ганяецца проста нашая інтэлігэнцыя, як за кніжкай прафэсара МакМіліна з Англіі аб беларускай літаратуры ці бо анталёгіяй Веры Рыч “Як агонь, як вада” (выбар беларускага вершу на ангельскай мове, якую ў нас ведае сёньня амаль што другі малады інтэлігэнт). Мы прагнем далучыцца да сусьветнае культуры й чакаем помачы ў гэтым так жа ад эміграцыі, зразуменьня ёю, што праз гэткае далучэньне зробімся бесьсьмяротнымі, вечнымі, здольнымі жыць далей, а не гібець у нікому не цікавых сьлёзах-крыўдзе (каму мілы жабрак-неўдалота?). Амэрыканцы любяць і ўмеюць паказацца з добрага, самага моцнага ім боку. І нам трэба таго, і маем чым. Ня ведаю, ці акурат не памыляюся, але менавіта гэтак я разумею айца Надсана і лічу яго адным зь немнагалікіх, якія ўмеюць думаць цьвяроза, без шалёных фантасмагорый ды дзіцячасьці ў палітыцы. Скарынінская бібліятэка выклікае ў нас самыя добрыя спадзяваньні, ганарымся ёю ды ўсяляк успамагаем яе. Беларускае вакно на Захад! Але аднаго вакна ў хаце мала, трэба больш!”1 .

Пераклады зь беларускай мовы і ў беларускую, скіраванасьць на Захад і Ўсход -- вось два напрамкі перакладніцкай дзейнасьці нашае эміграцыі, два ейныя вэктары.

Эміграцыяй перакладаліся рэчы чатырох катэгорый.

Першая -- палітычныя. Пераважна гэта былі адозвы, дэклярацыі (у тым ліку й знакамітая Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека), адным словам, дакумэнты, што перакладаліся й пашыраліся ў справе змаганьня за вызваленьне Беларусі, як намаганьне растлумачыць таму амаль мітычнаму Захаду сваю праўду.

Другая катэгорыя -- тэксты Сьвятога Пісаньня, Стары й Новы Запаветы, малітвы, багаслужбы. Гэтая дзялянка ня проста была занядбаная на Бацькаўшчыне; яна сьвядома й неаднаразова праполвалася службоўцамі з розных інстанцый -- да поўнага вынішчэньня. Фактычна, за рэдкім выняткам (а гэта пераклады айца Чарняўскага, Анатоля Клышкі, Васіля Сёмухі), усё, што сёньня мае беларус у гэтай галіне, ён мае дзякуючы створанаму на эміграцыі.

Трэцяя -- пераклады, якія сёньня ўяўляюць больш гістарычную цікавасьць, як практычную, але адыгралі немалую ролю ў лягерох ДП. Маю на ўвазе тыя падручнікі для кіроўцаў альбо “Асновы скаўцкай мэтоды” -- кніжачкі, што дапамаглі практычна ўваходзіць у новае жыцьцё, ствараць на эміграцыі сваё школьніцтва, сваю адукацыйную сыстэму з адною мэтаю: не згубіць моладзь, даць ёй добрую адукацыю й даць яе ў беларускай мове.

Хацеў бы спыніцца на чацьвертай катэгорыі -- перакладах мастацкіх твораў, хоць бы подбегам акрэсьліць агульную карціну зробленага эміграцыяй у гэтай галіне, якая да сёньня бадай што не рабілася аб’ектам самастойнага дасьледаваньня2 . Зрэшты, такая няўвага ўласьціва й гуманітарным навукам у мэтраполіі: прыкладам, нават у апошняй па часе акадэмічнай гісторыі літаратуры ХХ стагодзьдзя, два тамы якой ужо пабачылі сьвет у Менску, таксама няма разьдзелу “Пераклады”.

Першым эміграцыйным перакладным выданьнем Новага часу стаўся друк кніжачкі “Про багацтво і бедносць” у 1881 годзе ў Жэнэве. Гэта быў пераклад з украінскай брашуры, напісанай Сяргеем Падалінскім.

Беларуска-ўкраінскі ўзаемапераклад на эміграцыі -- сапраўды даўняя традыцыя. Маючы супольнага ворага й падобныя перашкоды, украінцы й беларусы былі цікавыя адзін аднаму.

Прыязна складваліся асабістыя адносіны й паміж пісьменьнікамі, што таксама спрыяла перакладчыцкай дзейнасьці. Перакладалі шмат і ахвотна: Міхась Кавыль -- Яра Славутыча, М. Рыльскага, П. Тычыну; Натальля Арсеньнева -- М. Драй-Хмару; Алесь Салавей -- Леаніда Палтаву; Масей Сяднёў -- Славутыча й Палтаву; Уладзімер Дудзіцкі -- Тараса Шаўчэнку; Янка Золак -- Я. Пітруса, А. Навіцкага, Ул. Сьвідзінськага, Тараса Шаўчэнку, Лесю Ўкраінку3 . У 1989 годзе ў Эдмантане было выдадзена “Выбранае” Яра Славутыча ў перакладах М. Сяднёва, М. Кавыля, В. Бірыча (Ант. Адамовіча)4.

Нямала перакладалі й з польскай мовы. Найбольш значным дасягненьнем, відаць, трэба лічыць зроблены ў 1956 го­дзе айцом Пятром Татарыновічам пера­клад раману Г. Сянкевіча “Quo Vadis”5 . Калі ж перакладалі творы сучасных польскіх паэтаў, кіраваліся, як і ў выпадку з украінскімі пісьменьнікамі, ня толькі мастацкімі крытэрамі, але й ідэалягічнымі.

Ідэалёгія перакладу ішла побач з культураю перакладу; істотна было ня толькі каго перакладаць, але і як. Патлумачу сказанае на прыкладзе “Песьні пра зубра” Міколы Гусоўскага ў перастворы Натальлі Арсеньневай.

Праца над перакладам пачалася яшчэ пры канцы 70-х гадоў з ініцыятывы дырэктара БІНІМу доктара Вітаўта Тумаша. Зробленыя на той час пераклады ён лічыў недасканалымі: Каспровічаў -- дакладным, але недастаткова паэтычным, са зьмененым рытмам, да таго ж няскончаны; літоўскі пераклад Казлаўскаса -- пэдантычна дакладным, але па памеры набліжаным да Каспровічавага; пераклад на расейскую мову менскага знаўцы лаці­ны Парэцкага, наадварот, недакладным, бо быў большым за арыгінал на 72 радкі. Зробленае ж Язэпам Семяжонам ацэньвалася як палітычная пераробка паэмы.

Таму дырэкцыяй БІНІМу было прапанавана зрабіць з дапамогаю біскупа Часлава Сіповіча новы пераклад, які б адпавядаў арыгіналу паэмы і ў мастацкіх якасьцях, і з палітычнага гледзішча. Праца над перакладам была цяжкой, заняла нямала часу, і твор быў надрукаваны адно ў 1996 годзе6 .

Захаваліся лісты Н. Арсеньневай да В. Тумаша, якія даюць уяўленьне пра тую розьніцу ў падыходзе да арыгіналу й пераствору паміж эмігранткаю Арсеньневай і савецкім дзеячам Семяжонам: “Даражэнькі спадар Доктар, нарэшце сабралася Вам адпісаць. Матар’ялаў да пера­кладу ў мяне цяпер хіба хапае. Ідэалам, праўда, быў бы так званы падрадкоўнік -- даслоўны пераклад прозай кожнага лацінскага радка, але я разумею, што пры нястачы ў нас сапраўдных лаціністых гэта немагчыма. І таму трэба абысьціся тым, што ёсьць. Каспровічаў пераклад бліжэйшы да арытмэтыкі, чымся да паэзіі, у ім чамусьці шмат чаго няма. Думаю, што пры карацейшым радку яму даводзілася выпушчаць некаторыя падрабязнасьці. Але, ведама, калі “на чорна” перакладу ўсё, буду карыстацца й Каспрові­чам. Перакладаць, заглядаючы ў кажны радок, я ня ўмею. Бо, калі чалавек занурыцца ў пераклад, словы ў сказе неяк самі пачынаюць імкнуць, і перарываць іхны імпэт, штораз заглядаючы ў пераклад чужы, спрычыняешся да таго, што перарываецца натхненьне й трэба нанова “разаграваць машыну”. Ну, а калі будзе скончана праца, дык “на халодна” можна бу­дзе й пераглядаць, і параўноўваць, і папраўляць. Дагэтуль я пераклала 272 радкі. Ад Калядаў, у студзені, блізу нічога не пераклала, розныя клопаты і іншае не давала часу спакойна ўзяцца за працу. За тыдзень мяркуем ехаць у Фларыду, там -- Вялікдзень, шмат за гэты час ня зробіцца. Але тады спадзяюся зноў памкнуць наперад. Я перакладаю “Зубра” з прыемнасьцяй. Да душы мне й разьмер верша, зусім быццам вецер плыве на вершалінах дрэваў у пушчы. Гусоўскі, відаць, быў са­праўдным паэтам”.

І яшчэ адзін ліст: “Даражэнькі спадар Доктар, зь вялікім спазьненьнем адказваю на Вашыя лісты ў справе “Песьні пра Зубра”. Пераклад Семяжона прачытала пару разоў. Ён добры з аднаго боку, але немагчымы -- зь іншых. Першае, ён цалкам супярэчыць асьведчаньням аўтара “Песьні”. У адным месцы сам Гусоўскі кажа, што ён стараецца ўжываць толькі гэткія словы й выразы, якія будуць даспадобы ягонаму апекуну й працадаўцу Біскупу Эразму Плоцкаму, і “ў згодзе із станам сьвятарскім”. А ў Семяжона раз-пораз гэткія выразы, як “нагой у азадак”, “дрэйфіў”, “адвальваў ня скупа” (гэта Вітаўт -- сьвятарству!). Гэтаксама ў яго поўная супярэчнасьць з аўтарам у пагля­дзе на князя Вітаўта. Для Гусоўскага Вітаўт -- ідэал, якім ён захоплены, а ў Семяжона Вітаўт -- “князь вар’ят”, із “шалёнай прыхамацяй”, “факельшчык войнаў са слабым, а з дужым -- анёл-міра­творца”. Тэндэнцыя тут гэткая выразная, што нават не патрабуе аніякае праверкі з лацінскім тэкстам. Калі я скончыла чытаць, у мяне застаўся вялікі нясмак, ну й пратэст. У расейскім перакладзе нічога гэткага няма. Пераклад гэты спакойны, у меру паэтычны і амаль заўсёды ў згодзе з аўтарам “Песьні”. Вітаўта Парэцкі нідзе ня лае. Дый мова ягоная скрозь “у згодзе із станам сьвятарскім”.

Паколькі размова зайшла аб Н. Арсеньневай, хацелася б згадаць і іншыя творы, перакладзеныя ёю, адзначыўшы шырыню абсягу: Уільям Шэксьпір, “Рамэо і Джульета. Пралёг”7 , Г. фон Кляйст, “Разьбіты кубак”8 , Гэргард Гаўптман, “Затонуты звон”9 , вершы Гётэ, Адама Міцкевіча (у тым ліку ўрыўкі знакамітых “Дзядоў”10 ).

Пры параўнальнай нешматлікасьці перакладаў мастацкай літаратуры ўсё ж набытак даволі значны. Асобнымі выданьнямі выходзілі кнігі Р. Стывэнсана “Чортава бутэлька”11 , О. Уайльда “Шчасьлівы прынц”12 , Д. Дэфо “Рабінзон Круза”13 , Д. Сьвіфта “Падарожжа Гулівэра да волатаў у краіне Бробзынгнаг”14 , “Парсіваль”15 .

Друкаваліся цэлыя блёкі перакладных твораў; прыкладам, у адным з нумароў часопісу “Сакавік”16 пад рубрыкаю “З сусьветнае скарбніцы” былі надрукаваныя імпрэсія “Выгнанец” Дэ Лем’ен у перакладзе І. Дальняй, “Зварот у далі дзён маленства” У. Сараяна ў перакладзе М. Вольнага, казка Г.Х. Андэрсэна “Сьвінапас” у перакладзе Ул. Ш-ца, а таксама пачатак казачнай драмы Г. Гаўптмана “Затонуты звон”.

Уладзімер Клішэвіч перакладаў рубаі Амара Гаяма17 .

Сваймі перакладамі зь Мікелянджэла, Гётэ, Гайнэ ведамы Масей Сяднёў18. Рыльке перакладаў Алесь Салавей.

Міхась Кавыль, акрамя згаданай ужо ўкраінскае мовы, перакладаў з ангельскае (Н. Гімбел), польскае (В. Гамуліцкі, ­Л. Падгорскі-Аколаў), расейскае (Б. Пастарнак).

Але перакладамі займаліся ня толькі прызнаныя пісьменьнікі, ды друкаваліся яны ня толькі ў “Конаднях” ці “Сакавіку”, “Бацькаўшчыне” ці “Беларусе”. Магчымасьць навучаньня замежным мовам -- як сучасным, гэтак і клясычным, вольны доступ да карыстаньня культурным набыткам заходніх культураў вабілі беларусаў розных пакаленьняў, рознай адукацыі паспрабаваць сябе ў перакладзе19 .

Адсутнасьць муру -- як палітычнага, гэтак і моўнага -- паміж пісьменьнікамі -- эмігрантамі зь Беларусі і вольным сьветам дазваляла ня толькі далучацца да таго, што мы звыкла мянуем здабыткамі сусьветнай культуры, але й -- што ня менш істотна -- рабіць гэта своечасова, не запозьнена -- на гады й дзесяцігодзьдзі.

Прыкладам, калі ў 1950 годзе да друку рыхтаваўся чарговы, 10 нумар часопісу “Шыпшына”, акрамя апавяданьня Сараяна “Грунт пад нагамі” ў перакладзе ­М. Вольнага і ўрыўку з раману С. Максімава “Алім Ахтураў у Патокіна” ў пера­кладзе Юркі Віцьбіча, акрамя перакладаў Ул. Клішэвіча з Сафо й М. Кавыля з Гётэ, мелася быць надрукаванай Нобэлеўская прамова Ўільяма Фолкнэра 1949 году (ў перакладзе Міколы Вярбы (Сільвановіча): “Я адчуваю, што ўзнагарода гэтая прысуджана ня мне як чалавеку, але маёй працы -- працы майго жыцьця, што складаецца з поту й душэўных пакутаў і рабілася ня дзеля славы й меней за ўсё дзеля выгоды, але дзеля таго, каб з матар’ялаў чалавецкага духу стварыць нешта тое, чаго дагэтуль не існавала. Такім чынам, я лічу, што ўзнагарода гэтая мне не даецца, але толькі даручаецца. Няцяжка будзе знайсьці грашоваму ейнаму боку прыстасаваньне. Але я хачу знайсьці такое ж прыстасаваньне й зьвязанай з гэтай узнагародай вядомасьці, карыстаючыся гэтым момантам як вяршыняй, зь якой мяне, магчыма, пачуе мужчынская й жаночая моладзь, што прысьвяціла сябе такой жа пакутнай працы й што ўжо мае ў сваім асяродзьдзі таго, хто калісьці будзе стаяць на тым мейсцы, дзе зараз стаю я.

Сучасная нашая трагедыя -- усеагульны й паўсюдны фізычны жах. Мы адчуваем яго гэтак доўга, што ён робіцца ня­зносны. Гэта ўжо не духоўная праблема. Цяпер гэта толькі пытаньне: калі мяне ўзарвуць у паветра. У сувязі з гэтым малады пісьменьнік спакідае без увагі праблемы чалавечага сэрца -- адзіныя праблемы, якія зьяўляюцца крыніцай добрае гістарычнае працы, бо гэта адзінае, аб чым варта пісаць, бо толькі яно заслугоў­вае працы й пакутаў”20 .

Аўтары перакладаў адгукаліся ня толькі на запатрабаваньні часу, але й на канкрэтныя патрэбы пашырэньня ведаў пра Беларусь. Прыкладам, пераклады вершаў Эзры Паўнда ў выкананьні Янкі Юхнаўца, Зоры Кіпель і Янкі Запрудніка (непрафэсійных перакладчыкаў) суправаджаліся наступным тлумачэньнем: “Беларускі інстытут навукі й мастацтва надоечы атрымаў запытальнік аб перакладах твораў Эзры Паўнда на беларускую мову для ўключэньня ў бібліяграфію, якая рыхтуецца ды неўзабаве мае выйсьці ў амэрыканскім выдавецтве. З ініцыятывы Інстытуту зроблена колькі першых перакладаў вершаў Эзры Паўнда”21 . Інакш кажучы, пераклад быў выкарыстаны для зазначэньня самога назову Беларусь у амэрыканскім бібліяграфічным даведніку сусьветна вядомага паэта -- вось тое клясычнае паяднаньне ідэалёгіі й культуры ў перакладах эміграцыі.

Янка Юхнавец пазьней надрукаваў нізку перакладаў яшчэ аднай культавай постаці заходняй культуры -- Томаса Эліята22 . Гаварыць аб перакладах на эміграцыі і абмінуць постаць Яна Пятроў­скага -- наўрад ці магчыма. Хоць ягоная дзейнасьць добра вядомая, дазвольце прынамсі пералічыць тыя выданьні: Вільгельм фон Гумбольдт, “Унутраная хворма мовы” (1988), Вэрнэр Ёгер, “Тэалёгія грэцкіх думаньнікаў” (1980), “Роздумы” (1978) Марка Аўрэлюса (сумесна з М. Кавылём). І, натуральна, пераклады “Дыялёгаў” Плятона. Пры ўсіх магчымых (і часам даволі слушных) закідах аўтару перакладаў трэба прызнаць: нічога падобнага ў Беларусі ня зроблена да сёньня.

Дасюль гаварылася аб перакладах у беларускую мову, аб тым самым акне на Захад. Час сказаць і пра значнасьць культурнага акна на Ўсход -- аб перакладах зь беларускае мовы.

У 1948 годзе Мікола Вольны (Панькоў) у артыкуле “Сусьветная літаратура й мы”23 выказаў наступнае: “Калі найперш папытаемся, што ж гэта гэткае -- сусьветная літаратура, дык адразу пабачым, што гэтае паймо вельмі туманнае. [...] Шукаючы паважнага ўяўленьня аб сусьветнай літаратуры, часова можам чыста тэхнічна адзначыць яе гэтак: да сусьветнае літаратуры належаць тыя творы, якія пера­кладзеныя ў 45 вялікіх, г.зв. сусьветных моваў. Найперш успомнім ангельскую, францускую, нямецкую, пасьля яшчэ італьянскую й гішпанскую мовы. Маскоўская мова дзеля пашырэньня твораў блізу ня мае ніякага значэньня. [...] Найперш трэба, каб творы нейкага пісьменьніка пераклалі ў адну з 45 вялікіх моваў”.

І гэтак сталася! Эмігранты спрыялі перакладу ў заходнія мовы клясычных твораў нашай літаратуры. Для ацэнкі зробленага ў адносінах да твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа існуе цэлая бібліяграфія “Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе”, укладзеная Зораю Кіпель і Вітаўтам Кіпелем24 .

Перакладалі й Максіма Багдановіча. Адным зь першых, у 1948 годзе, часопіс “Сакавік” зьмясьціў пераклады двух вершаў пад назовам “Максім Багдановіч панямецку” -- “Meine Lieder” і “Emigran­ten”, пазначыўшы, што “вершы гэтыя ўзятыя з падрыхтаванага да друку ў нямецкай мове зборніку вершаў Максіма Багдановіча ў перакладзе Аўгена Энгельгарта”25 . У тым самым 1948 годзе газэта “Бацькаўшчына” выдрукавала нэкралёг Аўгена фон Энгельгарта, напісаны ­В. Максімовічам (Вітаўтам Тумашам), і зьмясьціла побач верш у перакладзе нябожчыка “Mein Letzter Wunsh”. У ягоным жа перакладзе ў 1996 годзе быў надрукаваны і “Апокрыф”26 . Усім вядомыя пера­клады вершаў Багдановіча ў ангельскую мову, зробленыя Вераю Рыч. Яны сталі ўжо амаль клясычнымі, як і анталёгія “Як агонь, як вада” -- унікальнае выданьне як у станоўчым пляне -- сваёю якасьцю, ахопам, гэтак і ў адмоўным -- тым, што яна адзіная.

Вельмі істотным падаецца той факт, што эмігранты перакладалі не адно клясыкаў, але й сучасных пісьменьнікаў, таксама эмігрантаў. Гэтак, канадзкая газэта The Winnіpeg Tribune ад 24 сьнежня 1952 году зьмясьціла ці ня першы ў ангельскай мове твор эмігранта-беларуса -- апавяданьне Вольгі Таполі Orphan of Forest Wept з пазначэньнем “Беларуская народная легенда” ў перакладзе Леон Косар. Нашмат раней, у 1947 годзе, Ю. Ві­тан-Дубейкаўскаю ў нямецкую мову быў зроблены пераклад кнігі Сяргея Хмары “Аб багох крывіцкіх сказы” -- Ueber­lieferungen von den Goettern der Kriwitschen (Weissruthenischer Mythos). Але пераклад быў адбіты толькі ў некалькіх асобніках у лягеры Ватэнштэт, а таму застаўся невядомым шырокаму колу нямецкамоўных чытачоў і беларускіх дасьледнікаў.

Ёсьць і свае загадкі ў перакладчыцкай дзейнасьці нашае эміграцыі. Адна з найбольшых, як для мяне, -- пераклады, і шматлікія, вялікай колькасьці твораў беларускіх пісьменьнікаў у англамоўнай кнізе Антона Адамовіча “Супраціў саветызацыі ў беларускай літаратуры”.

Магчыма, самай перакладанай кнігаю сталіся ўспаміны айца Язэпа Германовіча “Кітайiбір, што былі выда­дзеныя ў літоўскай27 , італійскай28 , поль­скай мовах29 . Вяліся перамовы аб пера­кладзе і ў ангельскую мову30 .

Сьведчаньнем узроўню, дасягнутага эміграцыяй у перакладчыцкай дзейнасьці, і пэўным сымбалем і гэтай дзейнасьці, і самой эміграцыі, урэчаісьненай ідэяй яе бачыцца “Беларускі Трыстан”, перакладзены сп. Зораю Кіпель у ангельскую мову31 : твор заходняй культуры, перакладзены ў беларускую мову і ўспрыманы як твор нашае культуры, “вярнуўся” на Захад у перакладзе дзеяча дыяспары.

1 Ліст захоўваецца ў архіве Фундацыі імя П. Крачэўскага.

2 Дзеля гістарычнай праўды трэба адзначыць, што адным зь першых аб перакладах напісаў Барыс Сачанка. Дзеля той самай праўды трэба й зацытаваць напісанае: “Пераклады. Іх няшмат, і амаль усе яны, за невялікім выключэньнем, ня надта высокай якасьці”. (Б. Сачанка. Сьняцца сны аб Беларусі... Менск, 1990. С. 62). Першым сур’ёзным і бадай адзіным дасьледаваньнем на сёньня варта лічыць артыкул В. Кіпеля “Notes on Belarusian-American-English Literary Relations”. Гл.: “Запісы БІНІМ”, # 20, 1992. С. 108118.

3 Л. Палтава. Пераклады.[Алеся Салаўя, Натальлі Арсеньневай]. “Конадні”, # 3, 1955. С. 4748.; З украінскага. Пера­клады [М. Кавыля, В. Бірыча]. “Конадні”, # 4, 1955. С. 4950; З украін­скае літаратуры: Яр Славуціч, Ігар Кастэцкі, Леанід Палтава, Олэкса Вератэнчанка ў перакладах Масея Сяднёва, Янкі Юхнаўца, Алеся Салаўя. “Шыпшына”, # 5, 1947. С. 4348; Янка Золак. Творы. Том другі. 1981. Разьдзел “З чужога палетку”.

4 Падрабязьней пра беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі гл.: Л. Юрэвіч. Да гісторыі беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей. “Беларус”, # 454, травень 1998. С. 5.

5 Sienkievic, H. Quo Vadis. U bielaruskim pierakіadzie ks. Dr. P. Tatarynovica. -- Rym: Vydavectva bielaruskaha peryjodyka “Znic”, 1956.

6 “Запісы БІНІМ”. #22, 1996. C. 434.

7 “Наперад”, Лювэн, #25, 1953. C. 5155.

8 Пераклад быў зроблены ў 1943 г. у Менску.

9 “Сакавік”, #1 (2), 1948. C. 2634; “Конадні”, # 1, 1954. С. 5268; “Конадні”, # 2, 1954. С. 5167.

10 Н. Арсеньнева. Між берагамі. Ню Ёрк, 1979. C. 309317.

11 Стывэнсан, Робэрт Люі. Чортава бутэлька. Пераклад з ангельскае Б. Г. [Баляслаў Грабінскі] і В. Т. [Вітаўт Тумаш]. Ватэнштэт, 1947.

12 Уайльд, Оскар. Шчасьлівы прынц. Пераклад з ангельскай Л. Хвалько. Ватэнштэт, 1947. Шкода, што пра гэтыя пера­клады нічога не вядома ў Беларусі сёньня. Гэта ня проста мёртвая спадчына; перавыдадзеныя, творы й зараз могуць працаваць на культуру. І ня трэба было б тады, друкуючы пераклад турэмнай споведзі Оскара Ўайльда ў часопісе “Крыніца”, згадваць як адзінае выданьне “Салавей і Ружа” 1978 году (Галіна Дубянецкая. Пра жэўжыкаў і горкія лекі. -- “Крыніца”, # 64, 2001. С. 132).

13 Даніэль Дэфо. Рабінзон Крузо. Пераклаў з ангельскае мовы на беларускую ­С. Коўш. Ватэнштэт, 1947.

14 Swift, J. Падарожжа Гулівэра да волатаў у краіне Бробзынгнаг. Пераклаў В. П. [Вацлаў Пануцэвіч]. Фленсбург, 1949.

15 Парсіваль. Сярэдневяковая легэнда. Пераклад зь нямецкае Л. Галяка. Выдавецтва “Я.С.” Ватэнштэт. 1947.

16 “Сакавік”, #1 (2), 1948. С. 2637.

17 Гл. Лявон Юрэвіч. Архіўная кніга. Нью Ёрк, 1997. С. 212256.

18 Масей Сяднёў. А часу больш, чым вечнасьць. Глен Коў -- Нью Ёрк, 1989. С. 6191; Ён жа. Масеева кніга. Менск, 1994. С. 183192. Дарэчы, цікава па­раў­наць перакладніцкую дзейнасьць ­М. Сяд­­­нёва з мастацкай літаратуры, разуменьне ім важнасьці перакладаў для разьвіцьця нацыянальнай культуры -- і адначасова непрыманьне й неразуменьне ня меншай важнасьці перакладаў рэлігійных тэкстаў (М. Сяднёў. Да пытаньня перакладаў рэлігійных тэкстаў на бела­­рускую мову. У кн.: “Беларусіка 5: Культура беларускага замежжа; Беларуска-амэрыканскія гістарычна-культурныя ўзаемадачыненні”. Менск, 1995. С. 7174).

19 Напрыклад: Фэдрус. Варона і ліса. Воўк і ягнё. Жаба і вол. Ліса і вінаград. Пераклады баек з лацінскае мовы. Пера­кладаў М. Фабулевіч. “У выраі”, # 1, 1947. С. 2829; “Два залатыя яблыкі”. Калядная зага зь Ніжняе Аўстрыі. Пераклаў Ал. Крыжаноўскі. “Сьветач Хрыстовае навукі”, # 12 (60). Сьнежань 1961. С. 78.

20 Пра нявыдрукаваны нумар часопісу “Шыпшыны” й матар’ялы зь яго гл.: Літаратурная спадчына: новы ўгляд. “Беларус”, # 432. Люты 1996. С. 7.

21 “Запісы БІНІМ”, # 19, 1989. С. 150157.

22 T.S. Elliot у перакладах Янкі Юхнаўца. “Беларус”, # 462. Красавік-травень 1999. С.7.

23 “Сакавік”, # 1 (2), 1948. С. 3839.

24 Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: бібліяграфія. Уклад. Вітаўт Кіпель i Зора Кіпель. Нью Ёрк: БІНІМ, 1985.

25 “Сакавік”, # 2 (3), 1948. С. 31.

26 “Запісы БІНІМ”. # 22, 1996. С. 3544.

27 Hermanovicius, Juozapas, Mic, Kun. Rau­donuju Stovyklose... Londonas, 1969.

28 Hermanovic, Giuseppe. Cina--Siberia--Mosca. Marx e Lenin in Ralta. Roma, Ed. Paoline, 1969.

29 Hermanovicz, J., Ks. Chiny--Sybir--Mos­kwa. Wspomnienia misjonarza z lagrow sowieckich. London, Veritas, 1966.

30 Л. Юрэвіч. Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. БІНІМ, Нью Ёрк, 1999. C. 65.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Пераклады эміграцыі


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.