Трактат пра мудакоў

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Трактат пра мудакоў. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Юры Іздрык

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


Юры Іздрык (нар. 1962). Жыве ў гарадку Калуш і Львове. Належыць да Станіслаўскае (Івана-Франкоўскае) групы творцаў. Празаік, паэт, культуразнаўца. Заснавальнік і галоўны рэдактар часопісу “Четвер”. Аўтар аповесьці “Острів Крк” (1994), паэтычнага зборніку “Станіслав і 11 його визволителів” (1996), а таксама раману “Воццек” (1996), адкуль і перакладзены гэты кавалак. Адзін зь лідэраў постмадэрнізму ва ўкраінскай літаратуры 90-х.

Для мудака няма большае ўцехі, як пабачыць, што хтосьці спатыкнуўся і паваліўся, або камусьці на галаву сернула варона, або хтосьці сеў на толькі што пафарбаваную лаўку ці ўбіўся ў лужыну. Мудак — ён розны, але заўжды мудак. Ён будзе старанна адрыгваць пасьля абеду, ведаючы, што ты гэтага на дух не пераносіш, і весела рагатаць, заўважыўшы на тваім твары гідлівасьць. У паэтычным роздуме ён чысьціць пазногці грабянцом, вуха — запалкай, а ў зубах калупаецца нажніцамі, адмыслова адгадаваным жоўтым пазногцем мезенца, сашчэпкай альбо ангельскай шпількай. У пубэртатны пэрыяд ён несупынна выціскае перад люстэркам бясконцыя болькі, а ў сэзон спароўваньня практыкуецца на сваёй самцы, прычым робіць гэта пераважна ў людных месцах, скажам, на пляжы. Калі мудакоў зьбіраецца некалькі, яны п’юць піва з трохлітровага слоіка, пакуль не пасінеюць, а потым распачынаюць чэмпіянат па гучным газавыпусканьні ці каліграфічным сіканьні. Аднак, нягледзячы на каліграфічныя здольнасьці, мудак ніколі ня можа патрапіць ні ва ўнітаз, ні ў пісуар, ня кажучы ўжо пра дзірку ў прыбіральні. Затое ён з задавальненьнем нацурболіць ва ўмывальнік. Тыя ж рарытэтныя віды мудакоў, якіх прырода адзначыла трапнасьцю, ніколі за сабой не змываюць, завяршаючы акт спаражненьня разьлезлай кропкай укі­нутага ў жоўтую лужыну недапалка.

У сталоўках і кавярнях мудак ня можа адолець шлях да касы без таго, каб ня выпіць адразу свой кампот або не пачаць ласавацца салодкім коржыкам, не чакаючы ні рахунку, ні дэсэрту. А калі кампоту нават і пашчасьціць захавацца нейкім чынам да канца абеду, мудак спачатку спаласьне ім рот, і толькі пасьля праглыне. Я бачыў вар’ятаў, якія паласкалі ляпу кефірам, чорнай кавай, шампанскім — апошняе звычайна завяршалася катастрофай.

Мудак мае неадольныя сантымэнты да жуйкі. Яму незвычайна цяжка выплюнуць яе, а тым больш выкінуць. Ён ганарыцца сваім уменьнем выдзі­маць зь яе шарыкі (той, хто ня ўмее, суцяшаецца выцягваньнем з-паміж зубоў даўжэзных калібраваных сопляў). На час яды, пацалунку ці афіцыйнай размовы мудак вымае гумку і кладзе яе навідавоку, каб кожны змог падзівіц­ца на адбітак ягоных дасканалых сківіцаў. Самыя далікатныя ў такіх выпадках скручваюць кампактны белы шарык і прылепліваюць за вухам. Выкарыстаныя, высмактаныя да апошняй клейкай субстанцыі жуйкі мудакі лепяць на ўслоны і сьцены, пад сталы і вокны, прасьцей кажучы — усюды. Мудак ніколі не скарыстаецца сурвэткай, перш чым пакаштаваць напой. Таму сьвяточны стол заўсёды ўпрыгожаны засьліненымі ім, тлустымі з краёў шклянкамі (засьліненымі — запомні). Мудачкі ж шчодра пэцкаюць посуд нязмыўнымі сьлядамі сваёй вада-газа-ацэтонанерастваральнай шмінкі.

За мудачкамі ўвогуле балюча назіраць падчас яды — яны (відаць, вінаваты ў гэтым нейкі нявывучаны дагэтуль сындром нескаардынаванасьці рухаў) бесьперапынна стукаюць сабе па дрэнных і без таго зубах відэльцамі, лыжкамі, лыжачкамі; сьняданак зь імі — гэта фэерыя гукаў, вячэра — са­праўдны стаматалягічны шал.

Мудачка непасрэдная, больш за тое — яна прыродная. Прыходзячы да цябе проці ночы, ёй анігадкі, што справа ідзе да капуляцыі — куды там! Яна нізавошта не апусьціцца да такіх вульгарных і прагматычных меркаваньняў! — але ў нейкі момант, неспадзявана сама для сябе, яна раптам падае на сьпіну, шырока раскідае ногі, чым дае табе магчымасьць атрымаць асалоду ад непаўторных водараў яе пазаўчорамытага цела.

Пасьля ночы з мудачкай ты робішся ўласьнікам агідных пачвараў: гары напамаджаных бычкоў, кучаравага, да нечаканасьці густавалосага мыла (бо ўрэшце, на сваё гора, ты адсылаеш-такі яе ў ванну) і падазроных новаўтварэньняў у сьметніцы.

Сьляды жыцьцядзейнасьці гэтых прычэплівых стварэньняў атручваюць жыцьцё ўсюды:

кілбасу яны крояць нажом, які толькі што пабываў у канфітуры;

цурболяць, не прычыніўшы дзьвярэй (відавочна, лічаць, што гэта цябе ўзбуджае);

пасьля візыту да дантыста пераканаўча просяць цябе паглядзець на новенькую плёмбу ў глыбіні разяўленай пашчы, а твае спробы асьцярожна адмовіцца без ваганьняў трактуюць як фальш;

іх пікантная манера размаўляць падчас абеду пераканаўча дазваляе прасачыць усе стадыі ператварэньня шніцалю ў фарш;

сьмяюцца яны адкрыта, шчыра і бестурботна, дэманструючы пры гэтым зьмесьціва храпаў і асьляпляючы бляскам залатых каронак, што цалкам беспаваротна ператварае заляцаньне ў фарс;

яны здатныя захапляцца кожнай птушачкай, кожнай хмаркай, яны адшукваюць прыгажосьць у малым і пакланяюцца розным бажкам;

між зубоў (вось навязьлівая тэма!) у іх заўсёды застаецца пасьля яды кавалачак салаты або зялёная цыбулька, што стварае непаўторны паводле калярыту і фактуры вобраз; чорнае дрэва і слановая костка, варыяцыі кармазынавых рысак і заключны акцэнт смарагдавай кропкі;

іх выкарыстаныя гігіенічныя пракладкі можна знайсьці ў самых немагчымых месцах, не выключаючы высакагорныя вяршыні (прынамсі, кожны твой адпачынак на моры атручаны пасмамі карычневай ваты, якія тырчаць з усіх шчылінаў згвалтаваных кабінак для перапрананьня, дзе гарластыя мудацкія дзеці спраўляюць разнастайныя свае патрэбы);

як і дзеці, мудачкі дужа элегантна лузаюць семкі (пры гэтым вусны іх раскрываюцца зь неўласьцівай аральным вырастам драпежнасьцю);

яны п’юць піва з хвацкасьцю Гарганцюа, Пантагруэля і Томаса Мана, узятых разам з братам яго Гайнрыхам;

з асалодай сапраўднага філёляга ўслухоўваюцца ў лямант і мацюкі;

плююцца густа, як салдаты;

і любяць чытаць, і пісаць, і сьпяваць

і кажуць цытаты,

і ўмеюць кахаць,

і гэта сапраўды ісьцінна бясспрэчна так, бо яны шчыра і аддана, бязьмерна паддана кахаюць сваіх мудакоў.

Мудак, мудак, мудак...

Што там яшчэ?

Мудак — чалавек прынцыпаў, у якія ён сьвята верыць і якіх ён сьвята верыць, што прытрымліваецца. Адзін крэтын, зь якім я вымушаны быў жыць побач некалькі год і які ператварыў гэныя гады ў пекла таварыскіх стасункаў, разьвітваючыся, за колькі хвілін лёгка пераканаў мяне, што ўсе ягоныя ўчынкі адпавядаюць закону сусьветнай справядлівасьці і раўнавагі. І я зразумеў, наколькі прымітыўна і непрадбачліва трактаваў яго раней як дробнага нягодніка і помсьлівага нікчэму.

Мудак заўжды прыхільнік нечага-такога-арыгінальнага. Ён заўзята шукае экзатычныя, крытычныя і маргінальныя праявы быцьця.

Мудак — страшэнны энтузіяст выездаў на прыроду. З шашлычкамі, дзевачкамі, музычкай.

Мудак надзвычай настраёвы, часам сэнтымэнтальны. Ён з прыемнасьцю згадвае дзяцінства і юнацтва, як сапраўдны сноб гатуе кактэйлі паводле рэцэптаў, вычытаных з Гема, а каву п’е з пэрыядычнасьцю, падказанай постэйзэнштэйнаўскім мантажам францускіх стужак.

Мудак — прыроджаны турыст. Кожны турыстычны аўтобус пад завязку напханы мудакамі.

Мудакі захапляюцца талісманамі, сувэнірамі і адзнакамі, усё адно якімі — ад паштовак і бірулек да даверчых грамат і фамільнай зброі. Мудак, які ня мае бранзалета або пярсьцёнка, ланцужка або фенечкі, а можа, татуяваньня, а можа, значкі на штрыфлі, а можа, анаграмы на бялізьне — такі мудак не мудак або не зусім мудак. Ва ўсякім разе, я ўзяў бы ягоную мудакаватасьць пад сумнеў як непаўнацэнную і падазроную.

Мудак — заўжды індывідуальнасьць. Ён вылучаецца ў натоўпе — ён стыльны, ён мае сваю, уласьцівую толькі яму прычоску, манэру апранацца, ён старанна падбірае абутак і ўпрыгожаньні — відавочна, таму натоўп складаецца з мудакоў.

Мудак ахвочы да ведаў, бадай, нават да ўсёведаньня. Ён прагне Мудрасьці, Ісьціны і Праўды (вшыстко, очэвісьце з дужых літэр). Ён хоча сваімі ручкамі ўвесь сьвет абхапіць. Сваім сьмярдзючым усёахопным каханьнем.

Мудаку заўсёды мала аднае толькі бацькоўскае веры — ён хоча зьведаць усе існыя і ўяўныя рэлігіі. Мудак дасьледнік і экумэніст. Ён аж пішчыць ад цікаўнасьці й сэнсарнага голаду.

Гэта мудакі зладзілі першыя падарожжы на Ўсход (і на Захад), гэта яны прыдумалі словы “Сідхартха”, “катарсыс”, “нірвана”. Гэта яны завезьлі памідоры, порах, анашу і склалі першы міталягічны слоўнік.

Яны змагаліся за дэклярацыі незалежнасьці і правоў. Яна абараняюць роўнасьць і дэмакратыю. Яны прапаведуюць слова Божае паўсюль.

Мудакі ствараюць навуку і так званы “аб’ектыўны падыход”, згодна зь якім чорнае і белае, верх і ніз, сьвятое й мярзотнае, гаўно й віно, яно й яно — зьяўляюцца раўназначнымі аб’ектамі клясыфікацыі.

Мудакам уласьцівае глыбока мэтафарычнае і эзатэрычнае бачаньне. Яны й толькі яны могуць угледзець у зямлі і вадзе, пячорах і каморах, камэрах і тунэлях, у вокнах і ваннах, калёшах і шкарпэтках — сымбалі похвы, чэрава, вагіны, а па-простаму кажучы — п(...). Гэта ім мроіцца ў дрэве і ў пальцы, у цягніку і ў смыку, у страле і ў адзінарогу, у сурме і ў руры, у кілбасе, агурку і нават у шарыкавай асадцы — адзін вялікі і непераможны х(...).

Мудакі вынайшлі мастацтва і любымі сродкамі падтрымліваюць яго культ. Яны, маўляў, толькі перадатчыкі гармоніі нябесных сфэраў. Мастакі, маўляў, найлепшая, самая безабаронная частка чалавецтва. Яны так носяцца са сваімі “аголенымі нэрвамі” і сусьветнай журбой, што даводзяць публіку да шалу, да ўсрачкі. А публіка шалее ахвотна. Яны дамагліся для сябе чарговага неабмежаванага права ўпівацца, ушывацца, абкурвацца, абколвацца, кахаць чужых жонак і ўласных цешчаў, непаўналетніх і старых, парнакапытных, яйцародных, сумчатых, перапончатакрылых, і нават права не кахаць увогуле. Яны ня здольныя засекчы курыцу, але ня супраць вены перарэзаць на сцэне — вось дзе мяжа балючасьці невымоўна ахвярнай экзыстэнцыі найадчувальнейшага мастацкага сэрца!

Аднак я загаварыўся!

Мудак яшчэ, здаецца, сумленны, цырымонны (або бесцырымонна-нахабны) і, як кожны чалавек, грэшны і слабы.

І нарэшце:

Мудак, як правіла, — добры таварыш. Таму мудакі гуртуюцца. Няма ніводнага самотнага мудака.

Яго памкненьне да калектыву пераважае ўсе іншыя жаданьні і інстынкты, нават інстынкт самападваеньня. Табуны мудакоў-тубыльцаў надзвычай стабільныя, маюць уласныя табу і займаюць больш-менш вызначаныя арэалы. І таму праблема вынішчэньня мудакоў не зьяўляецца такой ужо складанай. Гэта, уласна, эсхаталягічная праблема, бо мудакі — практычна ўсе.

Пераклаў з украінскай Андрэй Скурко

паводле Опудало. Антологія. — Кіеў: Генэза, 1997.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Трактат пра мудакоў


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.