Беларускі “эканамічны цуд” 90-х: уява або рэальнасьць?*

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Беларускі “эканамічны цуд” 90-х: уява або рэальнасьць?*. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Аляксандар Гатоўскі.

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №6 2001 ГОД


Аляксандар Гатоўскі

супрацоўнік Міністэрства эканомікі Беларусі.

Тэкст паўстаў дзякуючы стажу ў Польшчы, арганізаванаму Фондам Сьцяпана Батуры, Фондам “Ведаць як” і National Endowment for Democracy.

Падчас выбарчай кампаніі 2001 году асноўныя кандыдаты на пасаду прэзыдэнта многа гаварылі пра перагляд дагэтулешняй эканамічнай палітыкі. Як правіла, пры гэтым мелася на ўвазе адмова ад умяшальніцтва дзяржавы ў гаспадарчую дзейнасьць прадпрыемстваў, напры­клад, у рэгуляваньне цэнаў, валютнага курсу і г.д. Але ў перадвыбарных праграмах асноўных кандыдатаў выбарцы так і не пабачылі сумленнай ацэнкі стрэтэгіі эканамічнага разьвіцьця апошніх год. Разам з тым, толькі аналіз эканамічных працэсаў апошніх гадоў, параўнаньне з сытуацыяй у іншых краінах, якія ўдала рэалізавалі рынкавыя рэформы, дазваляе выявіць найбольш пэрспэктыўныя крокі для рэфармаваньня эканомікі Беларусі.

Лібэралізацыя пад прымусам?

Існуючая ў цяперашні час эканамічная сыстэма была сфармаваная ў 1990—1995 гадох. Цяжка назваць гэта пэрыядам мэтанакіраванага рэфармаваньня беларускай эканомікі, таму што зьмены ўводзіліся, як правіла, нерашуча, пад ціскам абставінаў і з аглядам на суседзяў. У гэты пэрыяд у краіне яшчэ не сфармавалася дастаткова моцная палітычная эліта, здоль­ная распрацаваць і пасьлядоўна рэалізаваць праграму рынкавых рэформаў. Не было і дастаткова актыўнай падтрым­кі такіх рэформаў з боку грамадзтва, якое ўспрымала гэтую ідэю хутчэй як модны павеў, прынесены звонку, чымся як аб’ектыўную неабходнасьць. Таму зьмены ў Беларусі ішлі надзвычай павольна, мелі палавіністы характар. Узяць, напрыклад, лібэралізацыю цэн. У Расеі цэны былі цалкам адпушчаны ў студзені 1992 году. Паколькі Беларусь у той час знаходзілася яшчэ ў рублёвай зоне, то й ёй давялося абвясьціць лібэралізацыю са студзеня 1992 году. Аднак, нягледзячы на дэкляраваны пераход на вольнае цэнаўтварэньне, цэны на асноўныя спажывецкія тавары і па­слугі, такія як хлеб, мясамалочныя прадукты, дзіцячыя тавары, жыльлёва-камунальныя і транспартныя паслугі і інш., за­ставаліся фіксаванымі. Падобным жа чы­нам пераход на ўласную грашовую адзін­ку заняў амаль тры гады і быў цалкам завершаны толькі ў верасьні 1994-га. З-за нерашучасьці ў правядзеньні рэформаў эканамічная сытуацыя з 1991 году пачала пагаршацца. Стрымліваньне цэн і затрымка зь пераходам на ўласную грашовую адзінку стварылі дэфіцыт тавараў на ўнутраным рынку. Калі ў Расеі ў 1992 годзе цэны вырасьлі ў 26,11 разу, то ў Беларусі — толькі ў 16,6 разу, што пры адзінай грашовай адзінцы і ўзьніклым камэрцыйным гандлі не магло не прывесьці да татальнага вывазу беларускай прадукцыі за межы краіны. Пры канцы 1992 году ўрад ужо не кантраляваў сытуацыі і тэмпы інфляцыі вырасьлі — 20,97 разу ў 1993 і 20,6 разу ў 1994 гадох, — тады як у Расеі інфляцыя ўжо пайшла на спад — 9,4 і 3,2 разу ў 1993 і 1994 гадох адпаведна.

Няскончаная стабілізацыя?

Пасьля рэкорднага павышэньня цэнаў у жніўні 1994 году — 53,4 % за месяц — урад адважыўся канчаткова перайсьці на ўласную грашовую адзінку, забараніўшы рабіць на тэрыторыі краіны плацяжы ў любой замежнай валюце. Толькі з гэтага моманту ў Беларусі пачала рэалізоўвацца самастойная грашова-крэдытная палітыка.

Ува ўмовах гіпэрінфляцыі прадпрыемствы і гандлёвыя арганізацыі фармавалі цану не ў нацыянальнай валюце, а ў так званых умоўных адзінках, ці, па-простаму, у далярах ЗША. І толькі пры дапамозе бягучага абменнага курсу даляравыя цэны пераводзіліся ў беларускія рублі. Таму спыніць рост цэнаў у краіне можна было, толькі запаволіўшы рост валютнага курсу. У сувязі з гэтым Нацыянальны банк, па-першае, абмежаваў павелічэньне колькасьці беларускіх грошай у эканоміцы, якія насельніцтва і прадпрыемствы імкнуліся адразу ж абмяняць на замежную валюту, што аказвала ціск на валютны курс. І, па-другое, пачаў продаж замежнай валюты ў такіх колькасьцях, што адбылося насычэньне рынку і рост курсу спыніўся, замацаваўшыся з сакавіка 1995 году на адзнацы ў 11 500 беларускіх рублёў за 1 даляр ЗША.

Рост цэнаў у эканоміцы пачаў запавольвацца, рэальныя працэнты стаўкі па рублёвых дэпазытах выйшлі на дадатны ўзровень, што паслужыла дадатковым фактарам стрымліваньня росту грашовай масы ў абарачэньні. Узровень інфляцыі ўпаў з 1960 % прыросту спажывецкіх цэнаў у 1994 годзе да 244 % у 1995 і да 39,3 % у 1996 годзе.

Здавалася, што поўны посьпех у барацьбе з інфляцыяй не за гарамі. Аднак у сытуацыю ўмяшаліся палітычныя фактары. Пасьля прыходу да ўлады А. Лукашэнка паспрабаваў адразу ж рашучымі дзеяньнямі (у адпаведнасьці зь перадвыбарнымі абяцаньнямі) “навесьці парадак” у краіне. Найбольш яскравай праявай ягонай палітыкі зьявіўся знакаміты лістападаўскі (1994 году) указ, у якім загадвалася вярнуць назад надзвычай узрослыя цэны на сацыяльна значныя тавары і паслугі.

Асноўнай ідэяй новай палітыкі стала падпарадкаваньне эканамічных адносінаў інтарэсам “простых” людзей і фармаваньне грамадзтва сацыяльнай справяд­лівасьці. У афіцыйнай ідэалёгіі ўзьнік нават спэцыяльны тэрмін для абазначэньня мадэлі беларускай эканомікі — “сацыяльна-арыентаваная рынкавая эканоміка”.

У 1996 годзе ў пералік прыярытэтаў дзяржаўнай эканамічнай палітыкі трапляюць жыльлёвае будаўніцтва і сельская гаспадарка. Людзі павінны быць накормленыя, што, на думку афіцыйных ідэолягаў, могуць зрабіць толькі кантраляваныя дзяржавай калгасы, а таксама мець страху над галавой. Паколькі дзяржаўныя фінансы пакідалі жадаць лепшага, то для падтрыманьня калгасаў і будаўніцтва жытла была выкарыстаная эмісійная крыніца фінансаваньня (запушчаны варштат для друкаваньня грошай).

Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. Узровень інфляцыі вырас з 39,3 % прыросту спажывецкіх цэн у 1996 годзе да 63,1 % у 1997 годзе, 181,7 % у 1998 годзе і 251,2 % у 1999 годзе. Рэальныя працэнтавыя стаўкі па рублёвых дэпазытах ізноў сталіся адмоўнымі, а рынкавы валютны курс пачаў расьці тэмпамі, якія апярэджвалі цэны.

Апроч таго, з-за нежаданьня ўраду прызнаць сваю няздольнасьць стрымліваць рост валютнага курсу ўзьнікла сытуацыя, пры якой Нацыянальны банк устанаўляў свой курс, а камэрцыйныя арга­нізацыі — свой. Да 1999 году даляр па афіцыйным курсе каштаваў у тры разы таньней, чымся па курсе чорнага рынку, з-за чаго назіраўся надзвычай востры дэфіцыт замежнай валюты. Каб забясьпечыць закупкі неабходных краіне імпартных тавараў, такіх як энэрганосьбіты, лекі, збожжа, цукар і інш., урад быў вымушаны забіраць у экспарцёраў значную частку іх валютнага прыбытку па афіцыйным абменным курсе.

Такім чынам, з-за папулісцкіх мераў новага ўраду фінансавая стабілізацыя беларускай эканомікі так і не была скончаная.

Беларускі “эканамічны цуд”

Другая палова 1995 — пачатак 1996 году сталі найбольш удалымі з пункту гледжаньня фінансавай стабільнасьці беларускай эканомікі. З канца 1996 году сытуацыя крута мяняецца. Нягледзячы на глыбокі палітычны крызыс, зьвязаны зь пераглядам Канстытуцыі і роспускам парлямэнту, дэвальвацыю рубля і ўзрослую інфляцыю, беларуская прамысловасьць пачала ажываць.

У 1997 годзе рост прамысловай вы­творчасьці становіцца ўсё больш пры­кметным. Калі за папярэдні год быў дасягнуты толькі 3,5 %-ны прырост аб’ёму вытворчасьці, то за гэты статыстыка за­фіксавала 18,8 %. На фоне прамысловага спаду ў Расеі і іншых краінах былога Савецкага Саюзу такое ажыўленьне прамысловасьці выглядала эканамічным цудам.

А за кошт чаго быў дасягнуты экана­мічны рост канца 1996—1997 гадоў?

Найперш неабходна адзначыць, што ў гэты і ў папярэдні пэрыяд нейкіх значных інвэстыцыяў у тэхнічнае пераабсталяваньне прадпрыемстваў, у распрацоўку новых узораў прадукцыі не было дый не магло быць, таму што ў эканоміцы ўсё яшчэ пераважала дзяржаўная ўласнасьць.

Прыватызацыя ў Беларусі была яшчэ менш пасьпяховай, чым лібэралізацыя і фінансавая стабілізацыя. Нягледзячы на тое, што першыя невялікія прадпрыемствы былі прыватызаваныя яшчэ ў 1990 годзе, да 1996 году толькі 20 % ВУП Беларусі стваралася на прыватных фірмах, што было найніжэйшым паказьнікам сярод краін былога Савецкага Саюзу (70 % у Расеі, Літве і Эстоніі, 60 % у Латвіі, 55 % ува Ўкраіне і 45 % у Малдове).

Віной таму была ўсё тая ж нерашучасьць у правядзеньні эканамічных рэформаў. Закон “Аб разьдзяржаўленьні і прыватызацыі” быў прыняты Вярхоўным Саветам толькі ў 1993 годзе і толькі з чацьвертай спробы, нягледзячы на тое, што ягоныя канцэптуальныя палажэньні былі ўхваленыя яшчэ ў траўні 1991 году. А поўнае заканадаўчае афармленьне беларуская прыватызацыйная стратэгія атрымала толькі ў сярэдзіне 1996 году. Паколькі з канца 1996 году на ўсю моц разгарнулася новая эканамічная палітыка А. Лукашэнкі, то аб прыватызацыі ўжо размовы не ішло, і яна скончылася, так і не пасьпеўшы пачацца.

Такім чынам, да пачатку ажыўленьня ў эканоміцы ў прыватнай уласнасьці знаходзіліся толькі невялікія прадпрыемствы гандлю, побытавага абслугоўваньня, лёгкай і дрэваапрацоўчай прамысловасьці. А бальшыня прадпрыемстваў знаходзілася ў дзяржаўнай уласнасьці, што не дазваляла прыцягнуць інвэстара, абнавіць вы­творчыя фонды і дывэрсыфікаваць выпуск прадукцыі. Адпаведна, рост у прамысловасьці ня быў ініцыяваны прад­­прыемствамі.

Каб выявіць рухальныя сілы эканаміч­нага росту канца 1996—1997 гадоў, неабходна зьвярнуцца да сытуацыі 1995 году, калі рэалізоўвалася праграма фінансавай стабілізацыі беларускай эканомікі. Дадзеная праграма ў якасьці асноўнага захаду прадугледжвала жорсткую фіксацыю валютнага курсу з мэтай запавольваньня тэмпаў інфляцыі. Цэлы год — з сакавіка 1995-га да сакавіка 1996-га — валютны курс трымаўся на адзнацы 11 500 беларускіх рублёў за 1 даляр ЗША, тады як цэны ў рублях вырасьлі за гэты пэрыяд у 1,7 разу. Як вынік — страта канкурэнта­здольнасці беларускай прадукцыі ня толь­кі на вонкавым, але й на ўнутраным рынку. Запасы гатовай прадукцыі на складах у той пэрыяд расьлі, а аб’ёмы вытворчасьці падалі.

У 1996 годзе адбылася дэвальвацыя беларускага рубля, якая зь лішкам кампэнсавала ранейшае яго ўзмацненьне. Даляравыя цэны рэзка зьнізіліся, збыт прадукцыі за мяжу вырас, яе запасы на складох пачалі скарачацца, прадпрыемствы запрацавалі на поўную магутнасьць, пачалі адклікаць работнікаў з вымушаных адпачынкаў.

Такім чынам, рост у прамысловасьці канца 1996—1997 гадоў быў пабочным эфэктам некампэтэнтнай манэтарнай палітыкі органаў дзяржаўнага кіраваньня, якія выкарыстоўвалі эмісійную крыніцу фінасаваньня для крэдытаваньня сель­скай гаспадаркі і будаўніцтва і справакавалі дэвальвацыю беларускага рубля. Гэты рост быў дасягнуты толькі за кошт таго, што невялікі пад’ём прыйшоў на зьмену глыбокаму падзеньню. Пры гэтым абсталяваньне ў прамысловасьці не абнаўлялася, новыя ўзоры прадукцыі не распрацоўваліся, а збыт за мяжу стымуляваўся толькі за кошт нізкіх цэн прапановы. Такая стратэгія не прывяла да ліквідаваньня эканамічных праблем, а толькі да адтэрміноўкі іх вырашэньня.

Момант ісьціны?

Ажыўленьне ў прамысловасьці было выкліканае дэвальвацыяй беларускага рубля, якая прывяла да зьніжэньня даляравых цэнаў экспарту і стымулявала такім чынам збыт прадукцыі за мяжу. У той жа час зьніжэньне цэнаў стала магчымым толькі за кошт падзеньня сярэдняга заробку ў даляравым выражэньні (пералічаным праз рынкавы валютны курс). У выніку насельніцтва стала працаваць болей за меншую колькасьць даляраў.

Каб не дапусьціць падзеньня жыцьцёвага ўзроўню ў краіне, урад пачаў актыўна рэгуляваць спажывецкія цэны і дамогся ў гэтым такога посьпеху, што пры зьніжэньні заробку ў даляровым выражэньні назіраўся рост яго пакупніцкай здольнасьці ў беларускіх таварах і паслугах. Стваралася ўява павышэньня дабрабыту насельніцтва.

Сьпярша жорсткае абмежаваньне цэнаў на спажывецкія тавары і паслугі прывяло толькі да зьніжэньня заробкаў у сельскай гаспадарцы проці сярэдняга ўзроўню ў прамысловасьці. Насельніцтва зь сельскай мясцовасьці памкнулася на заробкі ў горад.

2000 год краіна сустрэла з новым прэм’ер-міністрам, якім стаў мэр Менску У. Ярмошын. Зьмена прэм’ера была знакавай для Беларусі. Акурат з гэтага моманту адбываецца паварот у дзяржаўнай эканамічнай палітыцы.

У 2000 годзе стала больш жорсткай грашова-крэдытная палітыка, было абмежавана льготнае крэдытаваньне сель­скай гаспадаркі і будаўніцтва, ліквідавана множнасьць валютных курсаў, адпушчаныя цэны на харчовыя тавары. Як вынік — зьніжэньне тэмпаў інфляцыі з 251,2 % прыросту спажывецкіх цэнаў у 1999 годзе да 107,5 % у 2000, дадатны прырост сельскагаспадарчай вытворчасьці ўпершыню з 1997 году, рост сярэдняй заработнай платы ў даляравым эквіваленце.

І тут выявілася, што, пакуль у Беларусі стымулявалі прамысловасьць дэвальвацыямі, у асноўнага яе гандлёвага партнэра — Расеі — прыватызаваныя прадпрыемствы ня толькі ачомаліся ад крызысу, але і пачалі выпускаць новую, больш якасную прадукцыю, здольную канкураваць зь беларускімі таварамі. Да таго ж Расея пачала абмяжоўваць замежнагандлёвыя бар’еры, што яшчэ больш зьнізіла канкурэнтаздольнасьць тавараў зь Беларусі. У выніку беларускія вытворцы сутыкнуліся зь вельмі непрыемнай дылемай. З аднаго боку, іх прадукцыю куплялі толькі па вельмі нізкіх цэнах, а з другога, рост сярэдняй заработнай платы ў даляравым эквіваленце з-за ўзмацненьня беларускага рубля прывёў да значнага росту выдаткаў вытворчасьці. На пачатак 2001 году ў прамысловасьці налічвалася ўжо 40 % нерэнтабэльных прадпрыемстваў, ізноў пачаўся пераход на няпоўны працоўны тыдзень.

Такім чынам, нягледзячы на пяць год, здавалася б, незвычайнага росту, эканомі­ка Беларусі вярнулася да пачатковага стану 1995—1996 гадоў з той толькі розьніцай, што сельская гаспадарка аказалася практычна разбуранай, вытворчыя фонды ў прамысловасьці маральна й фізычна састарэлі, а сярэдні заробак у прамысловасьці так і не дасягнуў адзнакі ў 100 даляраў ЗША — узроўню сьнежня 1995 году.

Высновы

Аналіз дзяржаўнай эканамічнай палітыкі і створанай ёй сытуацыі выяўна паказвае, што апошняе дзесяцігодзьдзе не было для Беларусі пэрыядам рашучага, мэтанакіраванага і пасьлядоўнага рэфармаваньня эканомкі. Калі ў 1990–1995 гадох яшчэ адбываліся нейкія зьмены, вы­кліканыя тым, што дзеялася ў суседніх краінах былога СССР, то апошнія пяць год назіраліся толькі ваганьні вакол дасягнутага стану — пэрыяд лібэралізацыі зьмяніўся рухам да цэнтралізацыі, пасьля якога ізноў адзначаецца паварот да лібэралізацыі.

Трэба, аднак, адзначыць, што ўсе апошнія гады ўрад не забываўся зноўку і зноўку называць эканоміку Беларусі пераходнай. Але пераходны стан мае на ўвазе зьмены, якія радыкальна мяняюць прынцыпы функцыянаваньня ўсёй сыстэмы, і з гэтых пазыцыяў працэсы ў Беларусі выглядаюць хутчэй таптаньнем на месцы, чым рухам у якім-небудзь кірунку.

За дзесяць год так званага “пераходу” ўрад так і не распрацаваў аніводнай пра­грамы рынкавых пераўтварэньняў у Беларусі. Пісаліся праграмы стабілізацыі, сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, але ня рынкавага рэфармаваньня. Чамусьці лічылася (і лічыцца дагэтуль), што ўсім і так вядома, якія зьмены павінны быць праведзеныя для пабудовы рынкавай эканомікі. І тым больш незразумела, чаму за ўсе гэтыя гады такая праграма не была распрацаваная апазыцыйнымі сіламі.

Сёньня Беларусь ізноў робіць крок у бок лібэралізацыі, выкліканы абвастрэньнем нявырашаных эканамічных праблем. Крок гэты пакуль яшчэ нерашучы, з агляд­кай назад.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Беларускі “эканамічны цуд” 90-х: уява або рэальнасьць?*


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.