Выйсці са штольні

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Выйсці са штольні. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Леанід Галубовіч

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №6 2001 ГОД


“Грэць камень,

Каб потым

Сагрэцца ля каменя?”

(“Паэзія”. В.Слінко)

Апошнім часам даводзіцца шмат чытаць і проста перагортваць дзесяткі новых паэтычных зборнікаў, якія цяпер раз-пораз выскокваюць з розных выдавецтваў, як першыя восеньскія апенькі з утравелых пнёў... Зазвычай іх прыносяць самі аўтары з разлікам, што ты, прыняўшы падарунак, раптам аддзячыш ім водгукам ці рэцэнзіяй на тую кніжачку... Аднак гэта здараецца вельмі рэдка з той прычыны, што тыя зборнікі вершаў не выклікаюць у тваёй душы аніякага творчага ці хоць бы таварыскага водгуку. Як любіць жартаваць адзін мой літаратурны знаёмец, уся каштоўнасць гэтых кніжачак аплачваецца самімі аўтарамі...

Я ж люблю чытаць тое, што прыносіць не толькі эстэтычнае задавальненне, але і змушае да глыбокага роздуму, а то і ўвогуле вучыць нечаму новаму, адкрываючы перад тваім до­сведам тое, да чаго ты сам з тых ці іншых прычынаў не змог “дакапацца”... ды шчымліва й хвалююча будзіць у памяці даўно забытае й ціха прыспанае...

Нешта падобнае здарылася ў мяне з паэтычным зборнікам Віктара Слінко “Штольні вясны”. Аўтар гэты як для паэта -- не малады, а як для сучасніка-грамадзяніна -- то ў самым зеніце сталасці. Аднак яму не хапае веры і ўпэўненасці ў сваёй паэтычнай сіле... І, мажліва, гэта не горшая адзнака творцы. Бо, да прыкладу, у адрозненне ад папярэдняй сяброўскай іроніі наконт самакаштоўнасці звершаваных кніжачак, у Слінко сваё ўласнае разуменне і стаўленне да жыццёвых і чалавечых вартасцяў, таму што

“тое, за што заплочана, губляе сваю цану”, --

афарыстычна кажа ён свайму чытачу, і гэтаму верыш, не зважаючы на маладосць аўтара.

Яшчэ раней ад людзей, якія блізка ведаюць Віктара Слінко, я дачуўся, што ў юнацтве ён захапляўся вершамі і жыццёвай планідай трагічнага расійскамоўнага паэта Ігара Паглазава, таленавітага трынаццацігадовага менскага васьмікласніка, што ў 1980 годзе самохаць сышоў з яшчэ толькі распачатага жыцця...

Ці не шчымліва-роспачныя радкі таго паэта-юнака часта перачытваў сам сабе такі ўражлівы і прымхлівы да ўсіх праяваў свайго лёсу Віктар Слінко?

Мне не простит Господь

Моих святых грехов.

Его я проклял плоть,

Его я пролил кровь.

Я не боюсь Тебя.

Услышь мой глас земной.

Я вышел из огня,

Чтоб умереть с тобой!

Параўнайце гэтыя радкі з загалоўнымі (эпі­графнымі) радкамі да першага зборніка вершаў Віктара Слінко “Апошні снег”:

Узнёслы -- шукаю прыгажосць,

прыгнечаны -- вострае лязо.

Усё патрабуе выйсця

натхненне і самота,

словы і кроў...

Новы ж зборнік паэта “Штольні вясны” пачынаецца вершам “Дэмасфен”, філасофская аснова якога падсвядома праектуецца на ўсю змястоўную пространь кнігі.

я не ўмеў гаварыць над плячамі падвешваў

мячы

каб валодаць сабою; выходзіў да мора казаць

свае словы і ў доўгай прамове сябе пакідаць

прывітаннем аблокам і птушкам якія былі

толькі сведкі маўчання майго

У жыццяпісе Дэмасфена незраўнаны Плутарх, аспрэчваючы Эўрыпіда, які нібыта сказаў, што “для поўнага шчасця чалавеку найперш неабходна мець бацькаўшчынай места знакамітае і слаўнае”, піша, што “ўсё ж калі нашы помыслы і ўчынкі не зусім бездакорныя, то вінаваціць за гэта па справядлівасці трэба саміх сябе, а не сціплыя памеры сваёй бацькаўшчыны”, не прамінуўшы, аднак, бессаромна зазначыць напрыканцы, што асабіста ён жыве “ў невялікім гарадку і, каб не зрабіць яго яшчэ меншым, збіраецца ў ім жыць і надалей”...

Спадзяюся, што гэтая цытацыя цікавая для большасці чытачоў, таму працягну далей Плутархавы домыслы наконт аракула Дэмасфена, які, будучы слабасільным ад прыроды і не маючы задаткаў трыбуна, усё ж сілай сваёй волі дамогся пастаўленай мэты, -- менавіта адсюль, як мне падаецца, “скрадзеная” і таемна прыхаваная сама сарцавіна ідэі гэтай паэтычнай кніжкі сучаснага аўтара.

Не на пустой глебе “вырастаюць” такія радкі:

Вакол Цябе аблога... Невядомасць.

Пазнай мяне па тым, як гавару.

Дык вось Плутарх, які, кажучы пра іншых, тым самым гаворыць і пра сябе, са шкадаваннем распавядаючы пра тое, як позна ён вывучыў мову рымлянаў і толькі на схіле гадоў пачаў чытаць рымскія кніжкі, піша наступнае: “І -- дзіўная рэч, але гэта праўда -- са мною здарылася вось што: не так са слоў даведваўся я пра змест, як, наадварот, са зместу, пра які так ці інакш я ўжо меў пэўнае ўяўленне, прыадкрываў значэнне саміх слоў. Вядома, у поўнай меры адчуць прыгажосць рымскага складу, яго сцісласць, мноства метафар і стройнасць -- адным словам, усё, чым упрыгожваецца мова, -- мне здаецца справай цікавай і не пазбаўленай прыемнасці, але яна патрабуе нялёгкай працы і ўпартых заняткаў і па сіле толькі тым, у каго больш вольнага часу і чый узрост яшчэ не з’яўляецца перашкодай для такога роду заняткаў”.

Віктар Слінко разумее кошт людскога слова і цану чалавечага жыцця і таму ў сваіх паэтычных інтэрпрэтацыях, у “адцягнутых у часовай прасторы” праекцыях на беларускую моўную сітуацыю не можа не сумнявацца ў некаторых вартасцях цывілізаванага свету, у тым ліку і ў тых, якія зыходзяць не ад чалавека нават, а ад самога Слова. Абсалютна адмежаваўшыся ад палітычных праяваў жыцця, ён -- хоча таго ці не -- пераносіць грамадскую сітуацыю ў свой унутраны свет і міжвольна сам робіцца “палітыкам” свайго, адстароненага ад шырокіх слаёў грамадства суверэннага жыцця, бо

залатыя там кажуцца

словы

...але раптам усё гэта -- ловы?

Калі спакойна паставіцца да сітуацыі “чалавека ў самім сабе” і паразважаць над тым, што “быццё вызначае свядомасць”, а не наадварот, то

Куды прывядзе мяне дым,

Акрамя папялішча?

Не стой на скрыжаванні: гэта месца,

Дзе ты належыш усім.

Аднак, прызнаюся, гэта ўжо мае ўласныя домыслы, наўзбоч аўтарскіх тэкстаў і ўсёй паэзіі агулам, напісанай на палях бясконцых сацрэа­лістычных палотнаў айчыннай прозы...

Ізноў Плутарх: “Арыстон Хіёскі прыгадвае словы Тэафраста пра некаторых аратараў. На пытанне, які, на яго думку, Дэмасфен як аратар, ён адказаў: “Варты свайго места”, а Дэмад -- “Пераўзыходзіць сваё места”.

Я не хачу прысутнічаць пры тым,

Як будуць праклінаць, а можа, славіць

Паэта, спевака ці валацугу,

Як быццам песні выкупляюць смерцю --

напісаў Віктар Слінко, і мы цяпер паспрабуем вярнуцца да самага пачатку і перайсці канкрэтна да яго сціплай асобы. Іранічна заўважу, што вышэй успомненым мыслярам хапіла аднаслоўных імёнаў, каб увайсці ў сусветную гісторыю, а нашым сучаснікам не заўжды дастаткова і двух, а то яшчэ й бацькоўскага імя наўздагон, каб сцвердзіць сябе ў сучаснай літаратуры...

Усведамляючы свае чалавечыя слабасці, наш паэт спрабуе “адплыць” ад надзённага да метафарычнай, яшчэ помнай па “Дэмасфене” “нена­гляднай радасці”: любіць альбо жыць для лю­дзей... Бо там -- своеасаблівы свет, дзе на дапамогу твайму бяссіллю могуць прыйсці такія блізкія вобразы твайго далёкага маленства, як дзяды і бацькі, сябры і суседзі і нават помныя салодкімі тагачаснымі пахамі хата, двор і сцежка ў траве -- з двара...

І адцягнецца час вяртання

Да мясцін, дзе прагляне дарога.

...І цябе там ужо не пазнае

Незагоены брук

Учарашні.

Развагі над рэчамі, з’явамі, дзеямі і людзьмі, якія засталіся за смугой гадоў і сёння паўстаюць толькі настальгічнымі згадкамі, зводзяцца паэтам да своеасаблівай часовай панацэі ад свайго душэўнага болю. Нават гуляючы ў парку са сваім немаўлём, можна схавацца за ягоны век і ўжо адтуль чыстымі і бязгрэшнымі вачыма дзіцяці вызірнуць з-пад павек у свой сталы сённяшні свет... Але

...немагчыма вярнуцца адтуль, дзе ніколі

не быў

Целам сваім. І таму прыкаваны ланцуг.

Аўтар, магчыма, і вярнуўся б адтуль, ды яго “трымае матчына ўлонне”... Каханне й любоў, што ўлагоджваюць і задавольваюць нашу душу й плоць, бянтэжаць і прысаромліваюць ягоны дух. Кожны свой зямны плоцкі і цялесны грэх паэт хоча не толькі апраўдаць, але і ўзвысіць...

Дзе, на якіх скрыжалях

Напісаць імёны кахання,

Каб блізарукае неба

Іх прачытала?

Малады паэт ужо не можа задаволіцца, як, скажам, вопытны і майстравіты Рыгор Барадулін, простай чалавечай зямной радасцю на дваіх:

Табе найлепшыя радкі

Яшчэ я напішу.

Яшчэ я іх кармлю з рукі

І не ўзлятаць прашу.

Падобныя “комплексы” “даганяюць” Віктара Слінко і ў таварыскіх, творчых і прафесійных узаемаадносінах з блізкімі людзьмі. Стасункі з імі не дадаюць нашаму аўтару ўпэўненасці ў сваіх сілах. Ён -- максімаліст і не можа да­зволіць сабе прыняць версіфікатарства за Паэзію. І таму зайздросціць нават свайму самаму блізкаму сябру, калі таго спасцігае сапраўдная ўдача.

Ты помніш, як падалі зоркі?

Нехта страсаў іх з нябачнага дрэва.

А ты даў патрымаць мне сваю:

Яна ўпала ў тваю далонь, а значыць --

Абрала цябе...

Адным словам, псіхалагічна жыццё ў гэтым свеце даецца нашаму паэту вельмі няпроста... І ці не таму хаваецца ён ад яго негатыўных праяваў за чыстым аркушам паперы, нібы за тэатральнай заслонай.

У глухаце так добра гаварыць

З самім сабой у перспектыве смерці.

Матывы глыбокага песімізму, прастрацыі і смерці ў сучаснай беларускай паэзіі хоць і не новыя, але менавіта ў паэзіі Віктара Слінко яны адметна-заўважныя, бо асабіста перажытыя і пераасэнсаваныя.

А за вакном нябожчыцаю ў белым

Мая зіма. Навокал пацямнела.

Як дыхаецца цяжка пахаваным!

Безумоўна, у наш час, калі моладзь “адрываецца” і “адцягваецца”, а хмарачосы бурацца, немагчыма выказваць уласны боль і звяртаць увагу грамадства на свае асабістыя праблемы ранейшымі спосабамі. Прасцей “закрыцца” ў сваім абмежаваным свеце і ратаваць уласную душу ў дыялогу са Словам, не задавольваючыся сваім зямным жыццём, але маючы патаемны спадзеў на яшчэ не пражытае ім, хоць унутрана ўжо і перажытае, магчымае пасмяротнае жыццё... У Слінко гэта так:

І тое, што я маю, падзяліць

Я не магу ні з кім, ніколі. Гэта

Ёсць перспектыва.

Яшчэ ад першай кніжкі паэта цягнецца гэты меланхалічны шлейф “апошняга снегу”, “апошняга слова” ажно да сённяшніх “апошніх” дзён, у якіх таксама нібыта “ў пустых калідорах жыве прадчуванне фіналу”...

Я свой апошні верш не пакажу нікому.

Я свой апошні верш не прачытаю сам.

Аднак падобны вобраз жыцця і пісання небяспечны для кожнага аўтара; як казаў Вяземскі адносна згаданай тэматыкі ў Жукоўскага, “Жукоўскі больш за іншых павінен сцерагчыся аднастайнасці: ён вельмі ж лёгка звыкае. Быў час, што ён натрапіў на думку пра смерць і кожны свой верш завяршаў жалобаю. Прадчуванне смерці ўражвае, калі вырываецца; але калі мы бачым, што чалавек кожны дзень чакае смерці, а ўсё-ткі жыве, то прадчуванні яго, у рэшце рэшт, робяцца смешнымі”... Гэтае цытаванне маё не параўнальнае, а ўсяго толькі паралельнае, і ўвогуле як бы наўзбоч тэкстаў і зямнога лёсу нашага паэта. А лёс гэты там, дзе ён не адпавядае аўтарскаму ўяўленню пра яго, паэт намагаецца “ўласнаручна” зблізіць са сваімі тэкстамі ажно да патаемнага спавядання, а часам і самую паэзію намагаецца паставіць на месца ўласнага лёсу, зрабіць яе такім чынам лёсавы­значальнай альбо хоць адпаведнай свайму жыццёваму выраку...

Што дзяліла нас, да канца так і

не раздзяліўшы?

Што яднала ў адно, да канца ўсё ж

не аб’яднаўшы?

Але ўжо ў гэтай цытаце адчуваецца, няхай яшчэ й незавершаны (няпэўны і няўпэўнены), філасофскі пошук новых шляхоў і поглядаў на гэты наш нялюбы свет. І яшчэ -- адчуваецца “рука настаўніка”.

Некаторыя раннія тэксты Віктара Слінко, асабліва ў спробах ліра-эпічнага жанру, да прыкладу, з першай кніжкі “Апошні снег” -- скажам, “Паэма непрачытанага раману”, -- ці не ёсць інерцыйным паваротам аўтара да разанаўскага фармальна-пошукавага “Шляху-360”? Вось што пісаў Разанаў у прадмове да першага зборніку вершаў нашага паэта: “У свае юныя гады ён шмат прачытаў, перажыў, перадумаў, яго вершы, як споведзь, гучаць надзвычай шчыра і мужна. Інакш яны не атрымаліся б, інакш мяжа між тым, хто застаецца тут, і тым, што застаецца там, не была б такой празрыстай, а далечыня, адкрытая стратай, такой знаёмай. /.../ Вядучы матыў паэзіі Віктара Слінко -- развітанне, ён у паэзію прыходзіць, як бы развітваючыся з ёю. Не бяруся прадказваць і прадвызначаць яго далейшы шлях. Як усякага сапраўднага “пры­званніка”, яго вядзе “неспазнаная мэта”.

І ў “Апошнім снезе”, і ў “Штольнях вясны” Віктар Слінко выкарыстоўвае не толькі паэтычныя і філасофскія метады і прыёмы вядомага майстра, але часам збіваецца і проста на голыя фактурныя заёмы, як у вершы “***Я -- залаты, прыгожы...” альбо як у гэтых вось радках з іншага верша:

Дзе разбурыцца хата, там сад забуяе

нястрымна.

Там шалее бур’ян; гэта горкія яблыкі -- мне,

пераможцу.

Аднак у новай кніжцы Віктара Слінко ўжо адчуваецца стомленасць Разанавым і паступовы пошук новых класічных аўтарытэтаў, а заадно і змена ўласнага паэтычнага вектару, хоць пакуль яшчэ й не зусім асабова выразнага. Скажам, у вершы “***Лінейка нотная на шкле...” класічны стыль Барыса Пастарнака праяўляецца аж празмерна.

Я не чытала да канца

Той партытуры,

Якую ты іграў з ліста,

З клавіятуры.

Ну, а чыё мастацкае жыццё спрабуюць працягваць гэтыя радкі Віктара Слінко, пэўна, аба­знаным у паэзіі людзям казаць не трэба было б, але стыль Іосіфа Бродскага тут проста відавочны.

Жыву я мужам і сынам, бацькам і братам, але

Казюрка аднойчы ноччу завязне ў густой

смале

Дрэваў, хоць лес -- я знаю! -- не хоча ў сваёй

журбе

Як горад, нямы і хворы, накласці ўраз на сябе

Рукі. Ну што ж, тым болей у алгебры небыцця

Месца тваёй свабодзе адводзіцца на прасцяг

Гэтых імгненняў. Проста, няўхільна сказаць:

“Хачу...”,

З заплюшчанымі вачыма ступаючы на шашу.

Празмернае захапленне “чужой прыгажосцю” нікому шчасця не прыносіла, “свая кашуля бліжэйшая да цела”, няхай яна нават і зацыраваная. Дый век вучнёўскі на сыходзе. Ці не адсюль і роспач гэтых радкоў:

Імкнешся ўсё жыццё да аднаго:

Даведацца свой рост і вышыню,

Ускінуць рукі да якой ты здольны.

Але ёсць дні, перад якімі ўсе

Календары бяссільна адступаюць.

Галоўнае -- не надламацца псіхалагічна, празмерна “перагінаючы палку” асабістай недасканаласці, не “гвалціць самога сябе”, не прыбядняцца пры багацці ўласнай душы, бо -- Паэт. Віктар Слінко, бадай, адзіны з вучняў Разанава, хто, як той Дэмасфен высокапрафесійнага мастацкага аратарства, дамогся ўласнай паэтычнай самасці і па праве з’яўляецца сёння адным з найбольш выбітных і перспектыўных нашых маладых паэтаў (паколькі айчынная аморфная крытыка не рупіцца заўважаць лакальных літаратурных удач і здабыткаў беларускіх аўтараў, то насуперак гэтай заганнай звычцы, адзначу ў гэтым радзе і паэтку Людку Сільнову, якая доўгі час таксама “ішла ў разанаўскім фарватэры”, асабліва вылучыўшы яе сёлетнюю адметную публікацыю ў “Нашай Ніве”)...

Назоў зборніку “Штольні вясны” блізкі да асацыяцый з сучаснымі прыроднымі катаклізмамі, чалавечымі трагедыямі і агульначалавечым апакаліпсісам увогуле. А ўнутраны свет самога Віктара Слінко настолькі тонкі й датклівы, што пры першым жа выпадковым падзенні аўтара можа разбіцца на вострыя аскепкі прасталюднай будзёнасці...

Крый Божа.

Тым болей што ў нашага паэта ёсць заўважная схільнасць да адметнай мастацкай прозы, якая ў крытычныя моманты магла б дапамагчы яму ў пераадоленні прозы жыццёвай... Магчыма, на гэта і паказвае аўтар у сваёй “Прытчы”.

...Так ішлі яны раней і не ведалі, хто

з іх шукаў смагі, а хто -- вады...

Я дужа спадзяюся, што, апусціўшыся ў глыбокую штольню чалавечай свядомасці, паблукаўшы ў яе змрочных лабірынтах, надыхаўшыся атрутным цяжкім паветрам, паэту, у рэшце рэшт, трэба выйсці наверх (на-гара), каб адчуць нутром і ўбачыць над галавой высокае неба -- тое, па якім

Бог ідзе з посахам

пчалінага рою

Бог хоча

развязаць нам

языкі

Віктар Слінко. Штольні вясны. -- Менск: Беларускі кнігазбор, 2001.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Выйсці са штольні


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.