Cуржык: правілы ўтварэньня бязладзьдзя

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Cуржык: правілы ўтварэньня бязладзьдзя. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Майкл Флаер

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


Майкл Флаер — славіст, прафэсар катэдры ўкраінскае філялёгіі, кіраўнік дэпартамэнту славянскіх моваў і літаратураў Гарвардзкага ўнівэрсытэту.

23 жніўня 1994 году ўкраінскае дзяржаўнае радыё, якое было зьмяніла савецкую мадэль абвяшчэньня часу (“У Києві вісім годин”), зноў да яе вярнулася. Гэта выклікала вострую рэакцыю. Адзін навуковец з Львова нават зьвярнуўся да органаў улады са скаргай. Пра вынікі ён распавёў у лісьце ў “Літературну Україну”:

“Як паведаміла мне дырэкцыя радыёвя­шчаньня, яна вымушаная зрабіць гэта на падставе распараджэньня прэзыдыюму Дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Ўкраіны, прынятага нібыта ў сувязі са шматлікімі лістамі слухачоў, якія “не понімают” украінскага “восьма година”.

Расцэньваючы гэтую зьмену як спробу ажыцьцявіць перадвыбарную абяцанку прэзыдэнта Кучмы надаць расейскай мове дзяржаўны статус (ад якой ён пазьней адмовіўся), да­пісчык скончыў свой ліст саркастычнай прапановай: “Тады дарэчней адразу перайсьці на “восемь часов”, абмінаючы хахляцкі суржык “вісім годин””.

Гэты эпізод — вельмі паказальны для становішча ў цяперашняй Украіне. У бітве за моўнае першынство выбар наагул абмяжоўваецца двума моўнымі стандартамі — украінскай ці расейскай мовы. Ды пакуль яны змагаюцца міжсобку за ролю высокай мовы ўва Ўкраіне, ролю нізкай выконвае ўкраінска-расейская трасянка — суржык.

За апошнія 5 гадоў у гэтай сваёй функцыі ён стаўся своеасаблівым моўным прытулкам для адчужаных і бунтароў, тых, хто ідзе су­праць нормаў грамадзкіх умоўнасьцяў, — прадстаўнікоў моладзевай культуры, крымінальнага элемэнту, вайскоўцаў ці сьвядомай свайго сацыяльнага статусу “тусоўкі”. У той жа час той-сёй з сучасных аўтараў у сваіх празаічных творах (пераважна апавяданьнях на гарадзкую тэматыку) выкарыстоўвае суржык як дзейсны стылістычны сродак. Увод яго ў мастацкі тэкст дае эфэкт рэзкага пераходу, зьмены атмасфэры, тэматычнага зруху, глыбейшага раскрыцьця пэрсанажа.

Суржык крытыкуецца ў газэтных і кніжных публікацыях. Ці не найвастрэйшы выступ супраць яго — брашурка пад назваю “Антисуржик”, даведнік стылістычных нормаў і этыкету (Львоў, 1994). Рэдактар Аляксандра Сэрбэнская апісвае расейскі складнік суржыку як вірус, што паражае ўсё новыя й новыя часткі безабароннага арганізму ўкраінскае мовы. Яна мяркуе, што зьмешваньне кампанэнтаў расейскае і ўкраінскае мовы адбываецца адвольна. На карысьць ейнага цьверджаньня гаворыць таксама аўтарытэтны “Словник української мови”, які дае суржыку наступнае азначэньне: “элемэнты дзьвюх ці некалькіх моваў, аб’яднаныя штучна, без захаваньня нормаў літаратурнае мовы; нячыстая мова”.

Але наколькі суржык насамрэч штучны ці адвольны? Ці сапраўды можна, як сьцьвярджае Сэрбэнская, зьмешваць любыя ўкраінскія словы зь любымі расейскімі, атрымліваючы нешта накшталт макаранічнай мовы шырокага ўжытку? Ці, можа, наадварот, існуюць абмежаваньні на іх ўзаемаспалучэньне? Ці ўсе ўкраінскія назоўнікі, займеньнікі, прыметнікі й дзеясловы могуць зьмяняцца па расейскіх мадэлях, ці толькі асобныя зь іх? Ці фаналягічныя нормы ўкраінскае мовы ў суржыку парушаюцца як заўгодна, ці тут дзейнічаюць пэўныя правілы? Ці існуюць наагул якія-небудзь правілы ў гэтым моўным паядынку?

Аналіз суржыку вымагае надзейных зьвестак, якія робяць магчымымі далекасяжныя высновы. На жаль, такой базы зьвестак не існуе. Ігнараваны афіцыёзам і зьняважаны пурыстамі, суржык застаецца ўва ўкраінскім грамадзтве зьявай малазразумелай. Аб ім няма статыстыкі, бо ён не прызнаецца мажлівай альтэрнатывай у апытальніках. Нават больш, яго субстандартны статус часта накладае на яго своеасаблівае моўнае таўро, якое, у сваю чаргу, уплывае на рэакцыю апытваных.

Другі разьдзел брашуры “Антисуржик” падае пары прыкладаў, прыводзячы правільныя ўкраінскія адпаведнікі суржыкавых формаў. Фактычна ўсе выпадкі суржыку ёсьць першасным тыпам лексычнай альбо сынтаксычнай субстытуцыі і выяўляюць наступствы марфалягічных ці фаналягічных уплываў. Сярод іх лексычныя запазычаньні (“прихожа” — замест “передпокій”); запазычаньні новых значэньняў для ўжо наяўных словаў (“столова” — замест “їдальня”), а таксама калькі: лексычныя (“розположення” ці “розположеніє” замест “розміщення” ці “розташування”) і сынтаксычныя (“нарада по проблемам” замест “нарада з проблем”).

Існуе няшмат безумоўна відавочных абмежаваньняў на цэлыя ці частковыя лексычныя пазычаньні ды калькі для назоўнікаў, дзеясловаў і прыметнікаў. Будучыя дасьледаваньні выявяць маштабы абмежаваньняў, якія накладаюць на выбар формаў сынтаксычныя адносіны, стылістыка, прагматыка і іншыя дыскурсіўныя чыньнікі. Назіраньні над мастацкімі тэкстамі, дзе пісьменьнік выкарыстоўвае суржык, паказваюць, што прапорцыя формаў, утвораных як наступства расейскіх уплываў, і формаў украінскіх ды ўласьці­вых абедзьвюм мовам, складае прыблізна 1/4, то бок дзесьці 25 працэнтаў.

Марфалягічны кампанэнт, які кіруе фанэмнай формай марфэмаў, аказваецца ў граматыцы суржыку найбольш кансэрватыўным. Цікава, што ўва ўсіх прыкладах суржыку з брашуры Сэрбэнскай украінскія канчаткі займеньнікаў, прыметнікаў і (зь нямногімі выняткамі) дзеясловаў захоўваюцца некранутымі; канчаткі назоўнікаў і лічэбнікаў зьмяняюцца мінімальна. Такія за­крытыя клясы марфэмаў, як займеньнікі, прыназоўнікі, прэфіксы ды суфіксы, выяўляюць тэндэнцыю самага пасьлядоўнага зьберажэньня ўкраінскіх фармальных уласьцівасьцяў. Таму суржык будзе мець такія формы, як, напрыклад, займеньнік “він”, а не *он, “тобі”, а не *тєбє, “носить”, а не *носит, “читав”, а не *читал, прыметнік “заказний”, а не *заказной, дзеяслоўны прэфікс “при-”, а не *прі-, прыназоўнік “від/од”, а не *от.

У выбарцы Сэрбэнскай суржык дэманструе выразныя тэндэцыі морфафанэмнага мадэляваньня найчасьцей па расейскіх узорах. Замірэньне паміж украінскім [г] і расейскім [ґ] пасьлядоўна схіляецца на карысьць першага: расейскае [ґрузчік] — суржыкавае [грузчик]; характэрныя чаргаваньні перад канчаткам [і] захоўваюцца незалежна ад таго, ці ёсьць аснова слова ўласна ўкраінскай, ці пазычанай з расейскай: рука — руці, Бог — Бозі, остановка — на остановці. У карэляцыях, дзе расейскаму мяккаму зычнаму + і процістаўляецца ўкраінскі цьвёрды зычны + ў, суржык часьцей захоўвае ўкраінскую пасьлядоўнасьць, калі няма ўмяшаньня з боку спэцыфічных марфэмных швоў. У такіх выпадках расейскі мяккі зубны + і становіцца на месца ўкраінскага цьвёрдага зубнога + ў. Параўнайце расейскае і суржыкавае “ротік” (мяккае т’) і ўкраінскае “ротик” (цьвёрды т, памяншальны суфікс назоўніка), але ўкраінскае і суржыкавае “ходити” (цьвёрды д) і расейскае “ходить” (мяккі д, дзеяслоўны суфікс). Аналягічнага замяшчэньня няма для губных, напрыклад, з тым самым памяншальным суфіксам, украінскае і суржыкавае “кубик”, але расейскае “кубік”.

У адрозьненьне ад гэтага, расейскія галосныя “е” і “о” найчасьцей становяцца аб’ектамі суржыкавых карэляцыяў, незалежна ад адпаведных морфафанэмных паводзінаў украінскай мовы. Таму ўва ўкраінскай діло, сміх, а ў суржыку дєло, смєх, ува ўкраінскай тік — току, ремінь — ременя, а ў суржыку ток — тока, ремень — ремня, ува ўкраінскай теща, сйла, клен, а ў суржыку тьоща, сьола, кльон. Замену галоснага суправаджае памякчэньне папярэдняга зубнога зычнага — [те] становіцца [т’о].

Як і ўкраінская мова, суржык супраціўляецца фанэматычна мяккім губным, палятальным і вэлярным у пазыцыях перад галоснымі. Расейскае пазычаньне “ковер” у суржыку перадаецца, як “ковйор” зь цьвёрдым губным + й. У адрозьненьне ад гэтага фанэматычна спараныя цьвёрдыя і мяккія зубныя дазваляюць простую рэалізацыю апошніх перад галоснымі задняга раду, калі такую пасьлядоўнасьць дыктуе расейская мадэль. Сярод суржыкавых прыкладаў, у прыватнасьці, ёсьць такія, як багато ступєньок, тьоща, посьолок і вперьод.

Нашмат больш складаныя ў суржыку паводзіны зычных перад галоснымі пярэдняга раду, асяродзьдзе, традыцыйнае ўва ўкраінскай мове для нэўтралізацыі ці прадказальнай варыятыўнасьці па цьвёрдасьці/мяккасьці. Калі няма ўмяшаньня з боку спэцыфічных марфалягічных швоў, цьвёрдасьць ці мяккасьць усіх украінскіх зычных можна прадбачыць. Фанэтычная рэалізацыя такога зычнага залежыць ад формы галоснага пярэдняга раду незалежна ад мяккасьці ці цьвёрдасьці асновы, параўнайце слова [ліс] са словаформай [бабус’]. Затым зычны фанэтычна рэалізуецца як цьвёрды перад [ў] ці [е] і як мяккі перад [і]. Нэўтралізацыя фанэматычна цьвёрдых зычных як мяккіх у расейскай мове абмежаваная толькі пазыцыяй перад [е].

Расейскае ленты адразу стварае праблему для суржыку. Магчымая морфафанэмная рэпрэзэнтацыя гэтага слова была б лент + и, якое ўва ўкраінскай фаналёгіі гучала б як [ленти]. Аднак больш пашыраная ў суржыку форма [л’енти], здавалася б, сьведчыць пра тое, што цьвёрдасьць зычных ува ўкраінскай мове перад “е” перамагаецца памякчэньнем губных, зубных і вэлярных перад [е] у расейскай мове, згодна з чым усе яны становяцца мяккімі, таму маем лєнти [л’енти]. Прынцыповай мадэльлю для суржыку была тая, у якой губныя, зубныя і вэлярныя зазнаюць памякчэньне перад [е] аналягічна таму, як гэта адбываецца ў расейскай мове. Але з увагі на тое, што ў суржыку няма фанэматычна цьвёрдых губных і вэлярных, расейскае правіла прыстасаванае да ўкраінскае фаналёгіі так, каб любы прынцыпова цьвёрды зычны — а ня толькі фанэматычна цьвёрды — мог зазнаць памякчэньне перад [е], якое для незубных было б хутчэй варыяцыяй, чымся нэўтралізацыяй. Згодна з суржыкавым правілам (П становіцца П’), у пазычаньнях з расейскай перад “е” зьяўляюцца фанэтычна мяккія губныя: свєт, примєрочна, ­убєжала.

Аднак пры больш глыбокім аналізе замена аднаго фаналягічнага закону іншым не тлумачыць суржыкавых формаў са зьмяшанымі ўкраінска-расейскімі рэалізацыямі, якія знаходзім у Сэрбэнскай: “клєвер” (мяккі зубны, цьвёрды губны), “Петєнька” (цьвёрды губны, мяккі зубны) у той час, калі ў расейскай у абодвух выпадках маем мяккімі як зубныя, так і губныя. Ужываньне суржыкавага закону (П становіцца П’), відавочна, абмяжоўваецца чыньнікамі, якія абумоўліваюць большую ці меншую верагоднасьць яго дзеяньня. У выпадку слова “клєвер”, напрыклад, памякчэньне зазнаў [л], але не [в], вынік, які часткова мог бы засьведчыць адносную сілу мяккасьці ў сыстэме ўкраінскага кансанантызму. Для зубных існуе большая, чымся для губных, верагоднасьць зазнаць памякчэньне перад “е” ў суржыку, бо зубныя бяруць удзел у парах апазыцыяў па мяккасьці. Тымчасам усе іншыя, улучна з губнымі, у такіх парах удзелу не бяруць: так [й] ёсьць залішне мяккім, тады як іншыя ёсьць, па сутнасьці, нефанэматычна цьвёрдымі. Таму суржыкавае правіла (П становіцца П’) абмяжоўваецца гіерархіяй кантэкстуальнай мяккасьці: зубны больш верагодна за губны, вэлярны, палятальны. А суржыкавае правіла можна было б ужыць толькі пры ўмове скасаваньня правіла (П становіцца П’) ува ўкраінскай мове. Таму гіерархія па мяккасьці прадугле­джвае суржыкавую форму Петєнька. Такая гіерархія дазваляла б Пєтєнька (мяккі губны і зубны), затое забараняла б Пєтенька (мяккі губны, але цьвёрды зубны). У такіх імплікацыйных адносінах няма нічога адвольнага.

Падводзячы вынікі нашага аналізу, што грунтуюцца на матэрыяле Сэрбэнскай, адзначу, што найбольш адкрытыя для зрасейшчваньня сынтаксыс і лексыка суржыку, у той час як найбольш супраціўляецца яму ягоная інфлекцыйная марфалёгія. На ўзроўні фаналёгіі маюць месца пэўныя прыстасаваньні да расейскіх мадэляў, хаця і з выкарыстаньнем у іх рэалізацыі гіерархіяў абмежаваньняў, заснаваных на законах украінскае мовы. Было б карысна параўнаць гэтыя ўражаньні з суржыкам, прадстаўленым у сучаснай мастацкай літаратуры.

Трэба ад самага пачатку цалкам ясна ўсьведамляць тое, што аўтары суржыку ў мастацкай літаратуры не зьяўляюцца прафэсійнымі мовазнаўцамі. Яны намагаюцца перадаць пэўныя дэталі суржыкавай мовы, якія яны ўважаюць характэрнымі ці асабліва вострымі, з мэтай стварыць пэўны жаданы тон ці эфэкт, але гэтыя аўтары не заўжды пасьлядоўныя. Відавочна, што літаратурны суржык няздольны замяніць вялікую затранскрыбаваную базу зьвестак зьвязнага маўленьня на суржыку, стварэньне якой застаецца дасьледчыцкай патрэбай. Але шэраг тыпалягічных рысаў літаратурнага суржыку сустракаецца ў розных аўтараў з дастатковай частатой, каб пераканаць мяне ў тым, што яны добрыя кандыдаты на ўключэньне ў канчатковую граматыку (ці граматыкі) суржыку.

Марфалягічнае зрасейшчваньне суржыку, прыклады якога падае Сэрбэнская, выяўляе некаторую кансэрватыўнасьць у параўнаньні зь літаратурным. У літаратурным суржыку яно толькі час ад часу пашыраецца на карані займеньнікаў, канчаткі прыназоўнікаў, а таксама на катэгорыі марфэмаў, адзначаных у Сэрбэнскай. Наагул, матэрыял літаратурнага суржыку прыводзіць да думкі пра тое, што фразавыя маркеры могуць адыграваць пэўную ролю ў абмежаваньні зрасейшчваньня. Таму спалучэньні з украінскімі азначэньнямі ці азначанымі менш верагодна будуць дапускаць зрасейшчваньне, чымся тыя, якія ня маюць такіх азначэньняў альбо маркаваныя па-расейску. Напрыклад, суржыкавыя спалучэньні цілу смєну альбо вечірній туалєт сьведчаць пра тое, што маркаваньне назоўнікавага спалучэньня як расейскага не вядзе да маркаваньня як расейскага дамінантнага прыметнікавага спалучэньня. Цікава, што адваротная зьява, хаця й магчымая тэарэтычна, адбываецца значна радзей, прынамсі ў літаратурным суржыку.

Літаратурны суржык пацьвярджае сфармуляваную раней тэзу, што суржык складаецца з украінскай асновы з дамешкам зукраінізаванай расейскай мовы. Зрасейшчваньне абмяжоўваецца шкаламі верагоднасьці, якія мяняюцца ў залежнасьці ад ролі кожнага элемэнту ў маўленьні, а таксама гіерархіямі імплікацыйных адносінаў. Апошнія могуць спрыяць ці, наадварот, абмяжоў­ваць засваеньне ўкраінскіх рысаў. Пэўныя русізмы могуць уключацца ў суржык пры асаблівых абставінах, у той час як іншыя ўвогуле ня могуць. Паказальнай у гэтым сэнсе будзе падборка з апавяданьня Аляксандра Ірванца “Гібель Голяна”.

На пачатку галоўная гераіня Ізэліна зьвяртаецца да таксіста на чыстай украінскай. Яе тэлефонная размова зь сяброўкай Наташкай, зь якой яна неў­забаве сустракаецца, адразу прапануе кантэкст для выкарыстаньня суржыку. Гэты ўзор сапраўднага суржыку, то бок зьмешваньня кодаў, можа быць аб’ектам цікавага параўнаньня зь літаратурнымі ўзорамі зьмешваньня кодаў, у якіх герой ці апавядальнік украпвае ўва ўкраінскі ці суржыкавы тэкст расейскія словы ці цэлыя выразы. Таму расейскі выраз, пададзены апавядальнікам, які звычайна карыстаецца ўкраінскай мовай і час ад часу суржыкам, ня трэба зьмешваць з суржыкам: “Мальчікі, — кресонула навідліг голосом, аж забриніло, — да што ж ви ето, в самом дєлє, а?!” і вирвала хлопця...” У гэтым прыкладзе заўважаем розьніцу паміж мальчікі, якое ёсьць простай перадачай расейскай формы, і мальчик, суржыкавая форма з суфіксам [чик], што зьберагае сваю ўкраінскую форму на “и”. Суржыкавая форма назоўнага склону множнага ліку была б мальчики. Аналягічна, мова аповеду Ўладзімера Даніленкі “Київський мальчик” па сутнасьці ёсьць расейскаю, адначасова апавядальнік пераключаецца з украінскай на суржык. “Перєсечьомся? — запропонував Мальчик. — Как у теб’я нащот времєні?” У адрозьненьне ад гэтага проза Міколы Закусыла зьмяшчае суржык уперамежку зь вялікай колькасьцю формаў субстандартнай украінскай мовы, уключна з дыялектызмамі, але бязь яўнага расейскага ўплыву: з кров’єю, конхіскація, і п’ють єє.

Цалкам асобна ад шматлікіх камбінацыяў стандартных і субстандартных моваў, а таксама дыялектных формаў, якія, без сумневу, сустракаюцца ў штодзённай украінскай гаворцы, для мэтаў дасьледаваньня трэба адрозьніваць уласьцівасьці спэцыфічных гібрыдаў. З гэтага пункту гледжаньня важна адрозьніваць суржык, то бок украінска-расейскі гібрыд, ад усіх іншых магчымых суржыкаў, што, несумненна, існуюць ва Ўкраіне.

Нават гэтая вельмі папярэдняя тыпалёгія ўзаемадзеяньня на ўзроўні лексыкі, сынтаксысу, марфалёгіі і фаналёгіі сьведчыць, што працэс зрасейшчваньня ў суржыку ні ў якім разе ня ёсьць выпадковым ці адвольным. Наадварот, ім кіруюць спэцыфічныя гіерархіі й імплікацыйныя сувязі, якія маюць аднолькавую сілу як у граматыках, так і ў літаратурным суржыку. Будучае дасьледаваньне шырокай базы дадзеных пра суржык несумненна ўнясе па­праўкі і ўдакладненьні ў гэтую тыпалёгію, у гіерархіі русіфікацыі і правілы вядзеньня бою. Аднак усё гэта не аспрэчыць саму рэальнасьць іхнага йснаваньня.

З украінскай мовы пераклаў Сяргей Богдан

паводле: Критика, 6/2000.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Cуржык: правілы ўтварэньня бязладзьдзя


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.