Дамавікамерон найноўшы. Навелы з кнігі

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Дамавікамерон найноўшы. Навелы з кнігі. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Адам Глобус

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2000 ГОД


Бабнiк

Бабнiк дастаў мужчыну. Натуральна. Давёў да злому, да iстэрыкi і бойкi з нажом. Гэткая пачвара — Бабнiк.

Некалi даўно паэт спытаў у мужчыны:

— Цi не ахоплiвае цябе жаданне забiць чалавека?

Тады не ахоплiвала, мужчына заставаўся перакананым пацыфiстам i ненавiдзеў зброю.

— Нож не зброя, — настойваў паэт. — Можна ўзяць кухонны мясарэз i развалiць горла, каб паскуда крывёю засмяялася.

Бывай, бывай, сонца з перарэзаным горлам! Так напiсаў iншы паэт. Але хопiць пра лiрыку.

Бабнiк з паганялам Кумляк з’явiўся ў Менску вясною. Дэмбельнуўся з дэсантнага батальёну ў горадзе Кнураве, што недзе ў Хахляндыi, і прывалокся ў беларускую сталiцу. Пагуляў, папiў, пабiўся з мiлiцыянтамi і пакацiўся да бацькоў пад Магілёў. Дзе зноў пiў...

Варта сказаць: з таго часу Бабнiк квасiў штодня. Ва ўсялякiм разе, нiхто за наступныя чатырнаццаць гадоў нi разу не пабачыў яго цвярозым, ступенi ап’янення варыявалi ад весялосцi пасля ранiшняга пiва да абсiкання ў ложку з жанчынай, якую людзi называюць Бібліятэчніцай, а Бабнiк клiча Похвай.

П’янкi-гулянкi ў пасёлку Прапойск скончылiся канфлiктам на танцах. Дэмбельнуты дэсантнiк патаптаў мiлiцыянтаву фуражку. Ахоўнiкi парадку, каб не садзiць боўдзiлу, стрэслi з Бабнiкавых бацькоў хабар i прапанавалi яму вымятацца з пасёлка. Бабнiк прыпёрся ў Менск да брата-жывапiсца. Той пасялiў Бабнiка ў майстэрнi i ўладкаваў на аўтазавод электрыкам. Прапойскаму хлопцу выдзелiлi iнтэрнат. Стасункi з пралетарыятам не вельмi натхнялi электрыка. Яго вабiла мастацкая элiта, асаблiва жаночая палова. Бабнiк соваўся па майстэрнях, весялiўся, трахаўся, абрастаў знаёмствамi i з дапамогаю брата паступiў ва ўнiверсітэт, на завочны геафак. У тыя часы і адбылася першая Бабнiкава прыгода з нажом...

Мужчына сядзеў у майстэрнi, рабiў шыльду для камiсійнай крамы, дзе гандлявалi ўжыванымi строямi для нявестаў. Увалiўся Бабнiк. Чырвоны, вочы гараць, рукi калоцяцца...

— Слухай, я твайго разьбяра зарэжу... Й-ён — сука, маю бабу... Я прывёў... А-а-а йон — сабака, яе... Дупы адно аднаму нюхаюць... Ты...

— Ды не зарэжаш ты разьбяра. Ён тры гады адсядзеў i бiцца навучыўся. Так што аглядайся, каб самому не атрымаць стамескаю ў нырку. I што здарылася, у рэшце рэшт? Ты прыйшоў да разьбяра ў майстэрню? Так?

— Так!

— Прыйшоў не адзiн, а з лахудраю?

— Ды не лахудра яна! Жанiцца я сабраўся... Бо-о-ожа! Яна — дачка рэктара кансерваторыi...

Менавiта сям’я рэктара ўпячэ Бабнiка за краты, але пра тое пазней. А цяпер раз’юшаны Бабнiк марыў зарэзаць разьбяра.

— Вы шмат выпiлi? — пацiкавiўся мужчына.

— Шмат, i леглi... Я з ёю, а разьбяр на канапе.

— Ты яе трахнуў?

— Канечне, i не адзiн раз, а потым заснуў, а прачнуўся... Яны на канапе перапiхваюцца...

— Ты кiнуўся бiцца?

— А што рабiць?

— Ты пачаў бiцца з разьбяром? Цi не?

— Пачаў, хацеў...

— I разьбяр набiў табе пысу?

— Ды не набiў ён мне морды...

— А-а-а, не набiў, проста сказаў, каб ты сыходзiў з майстэрнi?

— Ну, сказаў... Бо-о-ожа мiлы, я зарэжу яго, зарэжу, падпiльную ўвечары п’янага i заб’ю.

— А што далей?

— Не ведаю...

— Тады скажы, чаго ты хочаш?

— Каб ён не чапаў маёй нявесты...

На спрошчанае мужчынам пытанне: „Нашто ты нюхаў Бабнiкаву лахудру?“ Разьбяр даў досыць пераканаўчае тлумачэнне:

— Касавокая сама захацела. У цемры ж не вiдаць, хто касавокi, а хто не...

Няцяжка здагадацца: ніхто так i не прышыў разьбяра. Бабнік замiрыўся з касавокай лахудраю i ўзяў у жонкi, i ў iх нарадзiлася дзiця. Бабнiк пасялiўся ў кватэры галоўнага цымбалiста БССР. Пiць ён кiнуць не змог, з дзеўкамi качацца працягваў. І свой сацыяльны статус змяніў дзякуючы не толькі сям’і, але і перамене месца працы — з аўтазаводу ён перабраўся працаваць у Саюз кампазітараў Беларусi, вядома ж, электрыкам, але і не толькi. Бабнiк выконваў у Саюзе шмат далікатных даручэнняў. Капаў магiлы для майстроў ноты i ўкладаў творцаў у труны.

Толькi на першы погляд пакласцi нябожчыка ў труну лёгка. А калi ў моргу не даглядзелi i ў якога віртуоза адна нага была выпрастаная, а другая сагнутая? Мала таго, што сваякi не далi грошай на касцюм, i сакратару Саюза давялося здымаць з плечыкаў свой святочны гарнiтур, дык i калена нябожчыка востра тырчала з труны. У такiх сітуацыях Бабнiк быў незаменны. Хай завярнуў труну, хай падраў абiўку, але нагу віртуозу зламаў i выпрастаў. Скупыя сваякi нiчога і не заўважылi — нi добрага гарнiтура, нi зламанай нагi, нi ўсмешкі далакопа. Праз слёзы і смутак цяжка нешта заўважыць. Як i праз смех. Менавiта праз смех Бабнiк гаварыў, што пахавае ўсiх беларускiх кампазітараў. Толькi наўрад ці гэта зробiць адзiн чалавек. Праўда, пахаваў Бабнiк шмат чаго, у тым лiку і сваю першую сям’ю.

Не склалiся ў Бабнiка адносiны з цешчаю, i ён паслаў яе ў похву. Так i сказаў, вярнуўшыся з чарговых хаўтураў:

— Iдзi ты ў похву.

Тая прапанавала, каб ён памыў пялюшкi, а Бабнiк яе адаслаў. У цешчы схапiла сэрца, i Бабнiка выгналi з кватэры знакамiтага цымбалiста. Выперлi яго i з унiверсітэту, за двойкi i пропускi. Толькi ён не перажываў. Урачыстых вечарын у Саюзе кампазітараў не бракавала. Сыты і п’яны Бабнiк крочыў па жыццi кульгавай хадою. Нагу пашкодзiў у войску, няўдала скокнуў з парашутам. Але кульгавасць не замiнае ў ложку. I Бабнiк качаўся з дзявулямi i, як мог, паўтараў подзвiгi Казановы. Нi век, нi выгляд, нi сацыяльны статус партнёрак не мелi анiякага значэння. Ён нават змог трахнуць хорам, разам з двума лiтаратарамi — лiрыкам i драматургам — пажылую жонку аднаго алкаголiка-чыноўнiка, пра што шэптам распавёў усяму сярэдне-культурнаму Менску. Чорт яму суддзя.

Тым часам у СССР набiраў сiлу нацыянальна-вызваленчы рух паняволеных народаў. Палiтыка пазабiвала ўсе галовы савецкага насельнiцтва, i хто як маркiтуецца ў ложку, а не на трыбуне апошняга з’езду КПСС, мала каго цiкавiла. Бабнiк зафарбаваўся ў нацыяналiста, беларускага, вядома. Махаў бел-чырвона-белым сцягам на мiтынгах. Хадзiў на пасяджэннi нацыяналiстычных суполак, таварыстваў, франтоў i партыяў. I разам з гэтым не забываўся азiрацца на матэрыялiстычны бок хуткаплыннага жыцця. Не было такога змагара за незалежнасць, якога б не ведаў Бабнiк, не было той вечарыны цi з’езду патрыётаў, дзе б не прысутнiчаў ён. Бабнiк быў у курсе падзей. I ўсё, што ведаў дэсантнiк з Кнурава, ведалi ў КДБ. Iнфармацыi хапала. За яе плацiлi. Электрык атрымаў на ўскрайку Менску, у Малінаўцы, навюткую кватэру. Кампазітары чакалi кватэры па пяць-дзесяць гадоў, а электрыку далi без чаргi за iнфарматарскiя паслугi. Ну, не за выпростванне ж нагi віртуоза даюць бясплатнае жытло?!

А што за кватэра без гаспадынi? Бабнiк узяў за сябе бухгалтарку. На вяселлi Бабнiк напiўся так, што на гаўбцы ў кутку адтрахаў лепшую бухгалтарчыну сяброўку. Бухгалтарка, праўда, спала i таму не стала рэзаць i забiваць паскуду, што спакусiла яе законнага мужа — Бабнiка.

Жыццё бегла хутка. Незалежнасць такая-сякая адваявалася. Саюз кампазітараў пацiху пачаў здыхаць. Загаварылi пра бiзнес i капiталiзм. Бабнiк завёў сваю справу: падрабляў пячаткi ў пашпартах. Быў такi перыяд у жыццi тубыльцаў, калi ў чырванаскурым дакуменце, каб выехаць за мяжу, трэ было паставiць пару пячатак: адну пра тое, што грамадзянiн РБ, другую, што маеш права перасякаць беларускiя межы. Яе вялiкасць Бюракратыя красавала. Пры ёй квiтнеў Бабнiк. Ён праз знаёмых беларусаў з Польшчы даставаў запрашэннi, упiсваў туды прозвiшчы менскiх бандзюганаў i дробных спекулянтаў, заносiў дакументы ў мiнiстэрства замежных справаў, дзе і ставiлiся без чаргi патрэбныя пячаткi. Толькi не такiя наiўныя людзi працавалi ў мiнiстэрстве, каб ставiць, хай i за хабар, пячаткi бандытам. I тады Бабнiк, хаваючыся за знаёмства з мiнiстрам, пачаў наймаць мастака-рок-н-рольшчыка, каб той маляваў патрэбныя ўзоры ўсiм, каго не вітала МЗС. Грошы цяклi праз Бабнiкавы кiшэнi. А гарэлка з пiвам лiліся праз ягонае прагнае горла. I ўсё гэта здавалася бясконцым, але надышоў час Ч. Памежнiк у Берасцi ўгледзеў пяць несапраўдных пячатак. Ён не стаў арыштоўваць крымiнальнiкаў. Парваў пашпарты.

Бандзюгi вярнулiся ў Менск, знайшлi Бабнiка, завезлi ноччу на родны аўтазавод, пасадзiлi на ланцуг на дно пустога басейна і пачалi пускаць ваду. Бабнiк ледзь не захлынуўся. Яго дасталi. Пабiлi. Паказалi паяльнiк, якi наступным разам будзе ўстаўлены ў дупу i ўключаны, калi не знойдуцца 2500 даляраў, каб сплацiць доўг за збаёданыя дакументы.

Напужаны і збiты дэсантнiк прыбег да мужчыны.

— Я тут пры чым?

— А ў цябе ёсць грошы.

Во логiка.

— Мае грошы належаць маiм дзецям. А дзяцей чапаць нельга. А што сказаў твой брат?

— Не дае.

— Прадай кватэру.

— А дзе я жыць буду?

— А ты жыць не будзеш...

— Брат дасць, ты з iм пагавары, у яго ж толькi адзiн брат на свеце.

Зноў логiка.

Брат грошы даў. Толькi спачатку Бабнiк напiсаў запiску, у якой прызнаваўся, што падрабляў пячаткi ў пашпартах на замову крымiнальнiкаў. Прозвiшчы ўсiх бандытаў красавалiся ў тым даносе на самога сябе.

Бандзюганы даляры ўзялi, запiску пачыталi, паабяцалi кампазітарскага далакопа болей не чапаць.

Бабнiкаў брат стаў бяднейшы на 2500 даляраў. А Бабнiк пабагацеў. Крымiнальнiкi вярнулi яму 600 з 2500. Сказалi, што ён абуў лоха i сумленна зарабiў. Увечары Бабнiк шырока баляваў у бары Саюзу пісьменнікаў з лiрыкам i драматургам за грошы абрабаванай братавай сям’i.

— Што ж ты робiш, падла пуставокая? — спытаў мужчына.

— Бо-о-ожа, сам падумай — а за што мне жыць? I мацi сказала, каб я брату з ягонай сквапнай жонкаю доўг не вяртаў, яны яшчэ заробяць...

Мужчына зразумеў: Бабнiк — чума, інфекцыя на кульгавай назе з чырвонай мордай. Ад чумы трэба трымацца на адлегласцi, на максімальнай аддаленасцi. Пэўна, тое сама дапетрыла і бухгалтарка i кiнула Бабнiка.

А ён прыбiўся ў ложак да лыжкамыйкi з бара. I пераехаў да яе ў Калодзiшчы, дзе ўладкаваўся на аэрадром грузчыкам. Вайсковыя лётчыкi вазiлi сякую-такую кантрабанду. Бабнiк лётаў па Менску і гандляваў прасавальнымi дошкамi, памперсамi i ўсiм-усялякiм. Але на аэрадроме быў адзiн закон, якi Бабнiк каб i хацеў, выканаць не мог: на працы мусiш быць цвярозы. Бабнiка выперлi з аэрадрома, пагнала яго і лыжкамыйка, бо заспела ў сваiм каладзiшчанскiм ложку з непаўналетняй суседкаю.

Бабнiк вярнуўся ў сталiцу i пачаў ляпiцца да Бібліятэчнiцы, самотнай мілажальнай асобы, якой, як яна ўсiм казала, не было каму пашкрэбцi чэляс. Завязаўся турэмны раман. Бо аднаго разу ў Бабнiкаву кватэру пастукалi мiлiцыянты. Сям’я рэктара падала на Бабнiка ў суд за доўгатэрмiновую нявыплату алiментаў. Суд некалькi разоў папярэджваў i нарэшце асудзiў боўдзiлу на тэрмiн. Мiлiцыянтам Бібліятэчніца сказала, што Бабнiка няма, але тыя не паверылi, ператрэслі хату i знайшлi злоснага алiментшчыка ў прыбiральнi. Бабнiка пасадзiлi на паўгода.

У турме пачалiся прыпадкi. Арганiзм патрабаваў гарэлкi. А дзе яе возьмеш за кратамi? Бабнiк бiўся галавою аб сцяну, курчыўся ў сутаргах i пускаў пену. Сукамернiкi спачувалi, трымалi за рукi, за ногi i ўстаўлялi дошку ў рот, каб кусаў, грыз яе і не выў. Гэнай дошкаю і павыбiвалi Бабнiку зубы. Шчарбатага, яго перавялi з турмы на Валадарскага ў родную Магiлёўскую вобласць, на пасяленне. Там ён зноў пачаў пiць.

Мужчыны тое тычылася мала. Але, зноў з’явiўшыся ў Менску, Бабнiк не знайшоў лепшага месца для распуснага жыцця за мужчынаву кватэру. Так склалася, што мілажальная Бібліятэчніца жыла ў кватэры, купленай у крэдыт за мужчынавы грошы. Яна, у адрозненне ад свайго сужыцеля, працавала й пацiху сплочвала пазыку. Такая была дамоўленасць. I раптам — гангрэна. Дзе Бог? Вiрусалiм, Вiрусалiм!!! Мужчына папярэдзiў. Не дапамагло. Наагул, размовы чумы не лечаць. А ў мужчынавай-бібліятэчніцынай кватэры загулi п’янкi-гулянкi. Звычайна, зайшоўшы да Бібліятэчніцы, мужчына бачыў голага Бабнiка на канапе з адкаркаванай бутэлькаю гарэлкi і тэлевiзарам на поўны гук. Бібліятэчніца пiла меней за Бабнiка. Яна глытала гузiкi без дзiрачак, супакойвалася рэланiўмам i да таго падобным.

Нарэшце Бабнiк дастаў мужчыну, i той узяў нож i сказаў:

— Адрэжу галаву! Калi кульгавая нага хоць раз пераступiць парог яшчэ маёй кватэры!

Бабнiк ачах. Брат звазiў яго ў псіхiятрычную клiнiку і закадаваў ад алкагалiзму.

Бібліятэчніца з’ехала з мужчынавай кватэры ў Малінаўку, да Бабнiка.

Мiлiцыянты зноў маюць намер вярнуць яго ў турму, бо не працуе і не плоцiць алiментаў у сям’ю рэктара-цымбаліста.

Людзi кажуць, што мужчына пабiўся з Бабнiкам i прагнаў Бібліятэчніцу з-за рэўнасцi. Гэта няпраўда. Яна проста зняважыла мужчыну сваiмi паводзiнамi, сваiм сужыцельствам з Бабнiкам.

27.10.1997

Віннік

Віннік шанаваў вермут. Сярод вінаў ён аддаваў перавагу горкім напоям. Ісціна, якая тоіцца ў віне, на думку Вінніка — горкая. Сярод вермутаў ён лічыў за найлепшы сухі марціні з Італіі, але з асалодаю смакаваў любы з іх, і самы найтаннейшы быў у радасць. Кактэйлі ён не паважаў. Адзінае, што ён дазваляў сабе ў спякотны дзень, — кінуць у шклянку колькі крышталікаў колатага лёду. Піць свой вермут Віннік мог з раніцы да вечара і цалюсенькую ноч. Напіваўся зрэдку, пад настрой і выключна сам-насам. Размаўляў з сабою ўголас, спяваў і танчыў, плакаў і клаўся спаць на падлозе. Ён, пэўна, спіўся б ушчэнт, каб не яшчэ адно моцнае захапленне: калекцыянаванне размаітых трункаў. Віннік збіраў алкагольную калекцыю з дзяцінства. Напачатку складаліся ў альбом налепкі, знятыя з пляшак. Пазней састаўляліся на палічку бутэлькі незвычайных формаў, а ў шуфляду хаваліся разнастайныя коркі. Праспекты і каталогі трункаў вельмі лагічна знайшлі сваё месца ў зборы разам з рэцэптурнымі кнігамі па вінаробстве і самагонаварэнні. Таму над выбарам асноўнага занятку ў жыцці асабліва задумвацца не давялося. Пры першай магчымасці Віннік узяў крэдыт і адчыніў краму. Нясквапнасць і дасведчанасць у хуткім часе ператварылі маленькі магазінчык у невялікі гандлёвы склад.

Чаго толькі не было на тым складзе! Трункі, напоі, алкагольныя вадкасці з усяго свету. Пералік назоваў і коштаў прымусіў Вінніка набыць кампутар. Паміж стэлажамі з бутэлькамі давялося ставіць люстэркі, каб сачыць за наведнікамі. Пад касавым апаратам Віннік трымаў газавы рэвальвер. Шмат людзей цягнуцца да алкаголю, і жабракоў сярод іх болей, чым заможных, бедных нашмат больш, чым багатых, такі свет.

Канфлікты, інцыдэнты і дробныя казусы давялі самастойнага Вінніка да думкі пра тое, што варта наняць памочнікаў. На касе села шыкоўнавалосая дзеўка. Пры дзвярах стаў шыракагруды ахоўнік. У каморку за кампутар нанялася сухарлявая бухгалтарка.

Неяк сам сабою расклаўся пасьянс з вяселлямі. Рудая, абсыпаная з галавы да пятаў залацістым рабаціннем касірка выскачыла за Вінніка. А шыракаспіны ахоўнік узяў сабе бляклатварую бухгалтарку.

Віно, як ісціна, мае завядзёнку пералівацца з адной формы ў другую. Яно лілося ў прагны рот ахоўніка, у вусны вогненнай касіркі і ў страўнік гаспадара гандлёвага складу. Бухгалтарка не піла, суцяшалася тытунёвым дымам.

Калі ў Вінніка была ў жыцці мара: сабраць найлепшую калекцыю вінаў, купіць на поўдні зямлі пад вінаграднікі, пабудаваць вінзавод, адчыніць сетку фірменных крамаў і кантраляваць увесь замкнёны цыкл вінаробства — дык у астатніх супрацоўнікаў ніякіх вялікіх планаў не вымалёўвалася. Жылі днём сягонняшнім. І штовечар напіваліся ці накурваліся марыхуаны, як жонка ахоўніка.

Каб здзейсніць мару, Віннік шмат ездзіў па розных краінах. Пад час вандровак ён займеў рогі, настаўленыя ахмялелай жонкаю і зусім п’яным ахоўнікам. Рогі не дапякалі Вінніка. Бадацца ён не збіраўся. Побыт, не знітаваны з мараю, яго не абыходзіў. Пераліванне вадкасці з адной істоты ў другую Віннік лічыў працэсам нятворчым, а для сябе — не лёсавызначальным.

Іншы кшталт — шкода, утвораная жонкаю ў калекцыйным серванце. Зло ўдарыла Вінніка ў самае сэрца. Паскудства рабілася ў п’яным дурмане, без усялякіх зламысных намераў. Распусніца бавілася з цяглявістым каханкам, ісці на склад яны паленаваліся і скралі бутэльку з запаветнай паліцы. Нараніцу, убачыўшы недаравальны памер шкоды, вырашылі не прызнавацца і не каяцца. Такая звычка ў большасці жанчын — рабіць, што заманецца, а праўды не казаць. Замест бясцэннага каньяку ў бутэльку налілі густазапаранай гарбаты.

Віннік, згледзеўшы падмену, засмуціўся да смерці. Каб адпомсціць, вырашыў пазабіваць палюбоўнікаў. Напачатку ён замацаваў сексуальную сувязь сваіх рагадаўцаў тым, што пазбягаў полавага жыцця з жонкаю.

Асноўная падрыхтоўка да злачынства пачалася з татальнага сачэння за наёмнымі супрацоўнікамі. Выкрылася, што наркаманка-бухгалтарка хоць і не ўжывае трункаў, але пляшкі крадзе пастаянна. Па якасці і моцы напояў Віннік вызначыў: жанчына зладзейнічае дзеля мужа. Калі той напіваўся, дык дазваляў жонцы накурвацца да бяспамяцтва. Зыходзячы з гэтага, Віннік вырашыў спачатку атруціць ахоўніка. Давялося з’ездзіць на лікёра-гарэлачны завод, дзе і быў насыпаны ў пляшку мыш’як. Атрутны напой быў закаркаваны на станку, і таму не адрозніваўся ад астатніх бутэлек. Заставалася падмяніць пляшкі ў торбачцы зладзейкі!

План забойства выконваўся марудней, чымся жадалася. Рудагрывая распусніца інтуіцыйна пачула небяспеку. Жанчыны маюць такую здатнасць — адчуваць набліжэнне зла.

Касірка зрабілася асцярожная і перастала піць з не ёй адкаркаваных бутэлек. У дадатак пачала сачыць за мужам. Адкрылася шмат дадатных якасцяў у Вінніку, пра якія раней яна і не здагадвалася. Да прыкладу, муж быў вельмі дасціпны і акуратны ў побыце, прыбіраў і стаўляў на месцы рэчы не толькі за сабою, але і за ёю. Праўда, дадатныя якасці мужа не спынілі рыжую лахудру, і яна панасыпала цыяністага калію ў калекцыйныя вермуты.

Вядома, Віннік любіў вермут, але, каб пераканаць жонку і ўсіх астатніх у тым, што хворы на імпатэнцыю, цалкам адмовіўся ад ужывання алкаголю, замест якога паліў па абедзе духмяныя цыгары.

Здзяйсненне помсты адбылося прэсна і будзённа. Наркаманка скрала пляшку. Віннік падмяніў бутэлькі. І ледзь не папаўся на гарачым. Каб схаваць сполах і ліхаманку, ён пачаў запрашаць бухгалтарку ў рэстарацыю. Кампутаршчыца расчулілася нечаканай увагаю гаспадара і дала згоду.

Пра запрашэнне яна мужу не сказала, спаслалася на неабходны візіт да краўчыхі і ўручыла ахоўніку пляшку з атрутаю. Той узрадаваўся вольнаму вечару і запрасіў на кілішак рудагрывую палюбоўніцу.

Пакуль бухгалтарка банкетавала з Віннікам, які скардзіўся на распусную жонку, тая разам з каханкам сканала ў ложку.

Следства цягнулася доўга і звялося да арышту бухгалтаркі-наркаманкі. На судзе Віннік выступіў як сведка.

Гэтыя смутныя падзеі адбываліся ў час, калі ў краіне ўжо дазвалялася мець прыватныя крамы, але яшчэ не скасавалі смяротнае пакаранне.

Наркаманку асудзілі на смерць за спланаванае забойства мужа і ягонае палюбоўніцы. Жанчыну, хутчэй за ўсё, не расстралялі б. Але яна сама не вытрымала несправядлівага абвінавачання і засілілася ў камеры.

Дазнаўшыся пра самагубства, Віннік захацеў напіцца. З паліцы на яго прынадна пазіралі бутэлькі з вермутам і цыяністым каліем. Віннік ведаў, што ісціна ў віне, што яна страшэнна горкая. Ён піў віно, гаварыў уголас з тымі, хто, дзякуючы яму, пакінуў алкагольна-наркатычны свет. Віннік тапіў і тапіў віну ў віне. Каб ён каўтаў вермут, дык даўно б сустрэўся са сваімі ахвярамі твар у твар. Але ён напіваўся херасам.

З таго памятнага вечара Віннік стаў аматарам херасу, бо ісціна ў вермуце занадта горкая, як палын.

17.07.1998

Грашавік

Грашавік зрабіў важнае ў бізнесе адкрыццё і назваў яго законам падабенства. Ён грунтаваўся на тым, што чалавек кепска адрознівае падобныя рэчы. Зыходзячы з такой высновы і рабіліся справы. Выбіраліся найдаражэйшыя, эксклюзіўныя тавары, і запускалася вытворчасць падобных, толькі значна таннейшых рэчаў. Такім было першае правіла — зніжэння цаны. Другое правіла, павышэння цаны, дзейнічала ў супрацьлеглым накірунку. Для ўзораў масавай прадукцыі ствараўся тэхналагічны эталон з якасных матэрыялаў.

Справы ў Грашавіка ішлі добра, бо ён не залежаў ад нейкай адной галіны ў таваравытворчасці, лёгка мяняў накірункі, лавіў моду і любіў заўтрашні дзень. Найсаладзейшае ў жыцці: вечарам думаць пра золак... — любіў паўтараць удачлівы Грашавік.

Захапленне імправізацыямі, вывучэнне селекцыі, праца з копіямі і перайманьнямі самі сабою адбіліся і на інтымным жыцці. Грашавік пазнаёміўся з сёстрамі-блізнятамі. Доўга не мог выбраць паміж старэйшай на паўгадзіны і малодшай. Нарэшце запрасіў да сябе жыць старэйшую. Грашавік ёсць Грашавік. Ён выбраў большую лічбу, хоць цудоўна ведаў: болей не заўсёды лепей.

Сямейнае жыццё не заладзілася. Мужа цікавілі абнаўленні, рух, стылёвыя пошукі. Жонка ж мела схільнасць да кансерватызму, стабільнасці і санлівага мяшчанства. Як большасць мяшчанак, яна мусіла завесці і завяла каханка. У інтымныя таямніцы яна пасвяціла сястру. Тая са злой радасцю дапамагала падманваць Грашавіка. Помсціла за тое, што выбралі не яе. Сёстры пераапраналіся адна ў адну, ствараючы жонцы бездакорныя алібі. Каб на месцы Грашавіка з ягоным законам быў іншы, падманы і здраджванні доўжыліся б да бясконцасці. Грашавік жа праз месяц ведаў праўду. Чым больш ведаеш, тым болей журбы носіш у сэрцы.

Дзеля ўратавання сям’і і рэпутацыі Грашавік сустрэўся з палюбоўнікам жонкі. Прапанавалася круглая сума за спакушэнне жончынай сястры. Палюбоўнік, што з радасцю зазначыў пра сябе падмануты муж, выглядаў рыхтык ён сам, толькі бедны. Калі не ведаць пакрыўджанага і крыўдзіцеля, можна было б прыняць іх калі не за блізнюкоў, дык за родных братоў адназначна. Матэматычныя і псіхалагічныя разлікі Грашавіка не спраўдзіліся толькі наконт лічбы, за якую распуснік пагадзіўся дзейнічаць. Да сумы давялося прыпісаць ажно два нулі з правага боку. Кожная рэч мае цану, і добра таму, хто можа заплаціць належны кошт. Грашавік дзеля прыліку патаргаваўся і перадаў найміту пачак банкнотаў.

Бедная копія Грашавіка слова стрымала. Калі Грашавік разам з жонкаю нібыта нечакана наведаўся на лецішча жончынае сястры, дык перад наведнікамі прадстала такая карціна. Малодшая з блізнятаў ляжала на краі ложка і юрыла похву металёвым вібратарам. Чэлес палюбоўніка, які стаяў каля ложка на каленях, быў загнаны ёй у дупу. Нулі прыпісваліся дзеля менавіта такой адкрытай сцэны. Пабачыўшы Грашавіка, палюбоўнік палічыў, што напоўніцу адпрацаваў трыццаць срэбранікаў, выцягнуў чэляс, апрануўся і рушыў на электрычку. Ён сыходзіў годна, як сапраўдны артыст. Прысутныя маўчалі, бо здавалася, палюбоўнік яшчэ вернецца на сцэну, каб пакланіцца і паслухаць воплескі ўдзячных гледачоў.

Жонка, як і мусіць быць у падобных выпадках, працягнула істэрыку, якую пачала, калі муж абвінаваціў яе ў здрадзе і паабяцаў неўзабаве паказаць доказы. Вінаваціць сябе, сястру і палюбоўніка яна не бачыла сэнсу. Смяротныя грахі, кшталту распуснасці, сквапнасці і зайздрасці, прыпісваліся Грашавіку. Да істэрыкі старэйшай далучылася малодшая, яна размахвала ў паветры бліскучым вібратарам і крычала, што ў Грашавіка няма ніякай павагі да інтымнага жыцця іншых людзей, што яго нічога не цікавіць, акрамя ўласных капіталаў і іх павелічэння за кошт таленавітых людзей, якім ён зайздросціць. Грашавік разліў па шклянках ледзяное шампанскае, якім астудзіў гарачы гвалт, і спакойна запярэчыў. Яго цікавіць у жыцці не столькі капітал і секс, колькі феномен падабенства. І ён, не то што яны, навучыўся бачыць розніцу ў рэчах падобных і знаходзіць супольныя рысы ў рэчах далёкіх. Гэта яны не адрознілі лепшае ад горшага і палічылі, што два мужчыны лепш за аднаго. Толькі ён не пакрыўдаваў, бо на пакрыўджаных ваду возяць. Наадварот, ёсць прапанова годна выйсці з сітуацыі і жыць утраіх. Лічба 3 не толькі большая за лічбу 2, але і лепшая на 33, 3333... адсоткі.

Блізняты параіліся адна з адной і прынялі прапанову.

2 лепш за 1 на 100 працэнтаў... — палічыў пра сябе Грашавік.

19.07.1998

Даносчыца

У кабінеце замала святла. Дастаткова, ці амаль дастаткова для чалавека з добрым зрокам. А ў Даносчыцы зрок кепскі. Яна напружвае вочы. Літары на паперы плывуць, радкі хвалююцца, тэкст зліваецца ў суцэльную кашу.

— Можа Вы, таварышу міліцыянер, запішаце? — Даносчыца бліскае акулярамі ў бок вусатага капітана.

— Не дазволена. Цябе, як ты кажаш, білі, ледзь не гвалтавалі. Пабоі зняла ты. Заява мусіць напісацца ўласнаручна. А ў чым праблема?

— Лямпачка ў вас слабая. Нічога не бачу.

— Сядай за мой стол, — вастраносы міліцыянт уключае настольную лямпу.

Жаўтлявае святло робіць выразнымі краі аркуша, а тэкст так і не праясняецца.

„Супакойся. Гэта з-за хвалявання. Ты ўсё згадаеш да драбніцаў. Гэтыя сытыя, задаволеныя жыццём вепрукі адкажуць за ўсё. Яны думаюць, маючы грошы, можна беспакарана крыўдзіць людзей? Так не будзе. Іх асудзяць і пасадзяць. Ці пасадзяць і асудзяць. Без розніцы.“

— У чым затрымка? — капітан ссоўвае на патыліцу плямістую шапку.

— Я напісала, каму і ад каго заява, а далей не ведаю, з якога моманту пачынаць, я ж іх дзесяць гадоў ведаю, а можа і болей.

— Пачні з сустрэчы. Дзе і як вы сустрэліся ў той вечар?

„Сапраўды. Глупства нейкае. Я іх ведаю дзесяць гадоў. Старэйшага, дык дакладна гадоў дзесяць. Ён прыходзіў у школу, чытаў свае вершы. Нармальныя вершы… Якія вершы? Якая школа?“

Мы: я і браты Грамовічы — сустрэліся на скрыжаванні вуліцаў Маркса і Валадарскага. Сустрэча адбылася ў чацвер 21 красавіка, прыблізна а палове на дванаццатую ўвечары. З імі быў…

„Сапраўды. З імі нехта быў. Хто? Не помню. Яны былі з кімсьці…“

... нейкі знаёмы. Я з братамі выйшла на праспект Скарыны, дзе мы ўзялі таксоўку і паехалі на пляц Перамогі. Яны прапанавалі зайсці ў бар „STAR“. Я збіралася пайсці ў кінатэатр „Перамога“, на фуршэт з нагоды прэм’еры спектаклю, дзе іграе мая маці.

„Ідыёцкі спектакль. Маці там іграе вялізны мужчынскі чэляс. Хуй як такі. Ну і роля! Прамаўчым пра ролю…“.

Але прапанова Грамовічаў мне спадабалася. Я іх даўно ведаю і не думала, што ўсё скончыцца бойкаю. У бары мы выпілі віскі. Усе па сто грамаў. Бар зачыняўся, але барменка ведала старэйшага з Грамовічаў, таму дазволіла нам пасядзець хвілінаў дзесяць пасля закрыцця. Мы выйшлі.

„І мне захацелася сцаць. Так захацелася, што я ледзь не ўсцалася на месцы. Я сказала, што паміраю, хачу ў прыбіральню. Мы перабеглі праз пляц Перамогі. Але прыбіральня за крамаю „Прадукты“ зачынілася. Старэйшы з Грамовічаў прапанаваў зайсці да яго“.

Старэйшы з братоў прапанаваў зайсці да яго. Мы зайшлі.

„Дзякаваць Богу, жыве ён поруч з пляцам Перамогі. Пасля прыбіральні мне стала весела. І зусім не ад апаражнення мачавога пузыра. У мяне заставаліся яшчэ дзве таблеткі экстазі. Пра экстазі пісаць не будзем. Зрэшты, правільна казалі: не накладай кайф на кайф. А тут яшчэ і гарэлка“.

На стале з’явілася гарэлка. Мы выпівалі. Пачалі размаўляць пра тэатр.

„Сапраўды. Мы гаварылі пра лёс тэатру. Смешна. Сяджу ў мянтоўцы. Пішу заяву, як артыстка з драматургамі гаворыць пра тэатр“.

— Прабач, я не прыспешваю, — думкі Даносчыцы перарывае міліцыянт, — але мне сапраўды не надта ёсць калі.

— Я хуценька. Зараз скончу.

Я сказала, што браты прадалі свой талент. Іх не цікавіць мастацтва, толькі капітал.

„Няпраўда. Не! Праўда! Я і такое казала. Я казала, што яны тлустыя кабаны. Што яны прыгнятаюць людзей. Што пакідалі сваіх першых жонак з дзецьмі. Старэйшы спрабаваў мяне супакоіць. А малодшы сказаў, каб валіла „на хуй“. А я сказала, што нікуды не пайду. Ён схапіў мяне за шыю і пацягнуў да дзвярэй. Старэйшы вызваліў мяне“.

Малодшы Грамовіч схапіў мяне за шыю й пачаў біць. Старэйшы адцягнуў яго. Я сышла.

„Я не сышла. Я зачынілася ў шафе. У вялізнай люстраной на ўсю сцяну шафе. Малодшы. Сука. Казёл. Вырадак. Выцягнуў мяне з шафы. Як толькі люстэрка не пабілася?! Нам былі б капцы. Люстэрка метры на тры. Ён выкінуў мяне на лесвічную пляцоўку. Як сабаку. Без курткі, без сумкі, без чаравікаў. Нічога! Адрыгнуцца ваўку авечыя слёзы. Суд і краты“.

Прашу праваахоўчыя органы міліцыі разабрацца і пакараць вінаватых.

„Трэ было напісаць, як маці вучыла. Білі. Спрабавалі згвалтаваць. Не, і гэтага хопіць“.

— Таварышу міліцыянер, я скончыла.

Капітан уважліва чытае заяву.

— Праўду напісала?

— Іх пасадзяць?

— Суд вырашыць…

„Вось, блядзюга! Прыйшла да мужыкоў, напілася, істэрыку закаціла. Яе выкінулі, а яна данос накатала“.

— Вы заўсёды носіце акуляры? — удакладняе міліцыянт.

— Так.

— Вы ў гэтых акулярах былі ў той вечар?

— У гэтых.

„Ну і артыстка. Не чырванее. Білася з двума мужыкамі, а акуляры цэлыя“.

— Будзем разбірацца! — міліцыянт насунуў шапку на лоб.

24.08.1999

Стварэнне

Каменная альтанка. Раніца. Зімна. Марозна. Піва бутэлечнае. З рыльца. Пакрысе. Па глытку. Па кропельцы. Сняжынкі круцяцца, лунаюць, падаюць. Дыяментавыя парушынкі. Ляцяць праз мяне. Празрыстасць. Бязважкасць. Супакоенасць.

Уздоўж рэчкі. На праспект. У падземны пераход. Станцыя метро „Плошча Перамогі“. Бар „Казачок“. Стоячы. З пластыкавай шклянкі. Пяцьдзесят каньяку „Глорыя“. Размова з барменам. Душэўная. Пра футбол. Прапануе яшчэ паўста. Адмаўляюся.

Паўз Оперны тэатр. У Траецкае прадмесце. Карчма. Цёпла. Смажаным мясам пахне. За чорным столікам. Сто гарэлкі „Крышталь“ і шклянка тоніку. Іскрыстыя вадкасці. Адна за адною. Змешваюцца з крывёй.

Праз мост. На гару. Да царквы. Каля раённнага ДАІ. Па прыступках. У сутарэнні. Бар байкераў. Johnni B. Good. Руды бармен. Лыбіцца. Порцыя тэкілы. Хлабысь. Рок-н-рол. Дзеўка. Радзімая плямка на шчацэ. Смачная. Шакаладная манетка. Смяецца.

У скверык. Да мастакоў. Дзеўка з плямкаю ўчапілася ў мой локаць. Мастачка-няздара. Гандлярка грабеньчыкамі і драўлянымі крыжыкамі. Кіруем у майстэрню. Праз гастраном. Штоф. Джын „Ведрыч“. Капшук разбух.

Платная прыбіральня. За McDonald’s-ам. Чыста. Светла. Цёпла. Выструменьваецца боль. Клас! Хаваемся ў каморку прыбіральшчыцы. „Ведрыч“ з хлебам. Са шклянак. Млосць. Поўны ўнітаз. Хлеб. „Ведрыч“. Тэкіла. „Крышталь“. Піўны шум. Мыю твар. Спалоскваю рот джынам.

Больш ні глытка. Мароз цверазіць. Гастраном „Узвышша“. Мінералка. Для мяне. Джын „Ведрыч“ для сябровак. Секс уратуе свет. У бамбасховішча. Пад салонам мастацтваў. Яны п’юць, я іх распранаю. Падабаюся. Падабаюцца. Сплятаемся ў клубок. Смочкі. Пальцы. Секелі. Языкі. Локці. Скабы. Валасы. Пахі. Уздыхі. Вадкасці. Канвульсіі. Заціханне. Заміранне. Сон. Салодкі. Цяжкі.

Золак. Таксоўка. Дом. Лазенка. Мыюся. Люстэрка. Я — самае прыгожае на свеце Стварэнне.

Менск, 1999—2000 гады


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Дамавікамерон найноўшы. Навелы з кнігі


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.