Дзень нараджэньня

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Дзень нараджэньня. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Уладзімер Дзіброва

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №15 2001 ГОД


Уладзімер Дзіброва (нар. 1951, Данбас). Празаік, драматург, пера­кладнік з ангельскай, літаратура­знаўца, навуковы супрацоўнік Украінскага навуковага інстытуту Гарвардзкага ўнівэрсытэту (ЗША). Жыве і працуе ў Кіеве і Гарвардзе. Аўтар дысэртацыі па ірляндзкай літаратуры. Апошнія кнігі — раман “Бурдик” (1995), “Збіговиська” (Критика, 1999), “Вибгане”(Критика, 2001). Творам Дзібровы ўласьцівыя гратэскнасьць, абсурдызм, простасьць наратыву, гульня з моўнымі адхіленьнямі.

1.

Сваё саракагодзьдзе Бойка сьвяткуе ў Амэрыцы. Яго туды на сэмэстар запрасіў доктар Когут, таксама Юры, або, па-іхнаму, Джордж.

Бойка — вядомы ў пэўных колах філёляг, кандыдат навук, сябар Саюзу пісьменьнікаў. Ягоны даробак — юнацкія вершы, колькі перакладаў, кніжка крытычных артыкулаў, манаграфія па марфалёгіі (супольна з групай аўтараў). Зь ім — жонка Люда й дзьве дачкі — дванаццацёх і сямёх год.

Бойкі хочуць адзначыць юбілей у цесным сямейным коле. Але доктар Когут ведае пра дзень нараджэньня. Не запросіш яго — абавязкова пакрыўдуе, яшчэ й падумае, што яны — няўдзячныя сьвіньні.

Тым больш што дзякаваць яму ёсьць за што. Доктар ім даслаў запрашэньне, падшукаў недарагую кватэру і зладзіў Бойку выступы перад дыяспарай.

Сам-насам яны — на ты. Когут за кавай (Бойка паміж парамі заўсёды зазірае да яго) дзеліцца сваімі задумамі. То ён хоча арганізаваць нейкі камітэт, то нешта перакладае, то дбае пра кагосьці. А за тры месяцы на базе Когутавай катэдры мае адбыцца канфэрэнцыя. Зьбяруцца ўкраінцы сусьветнага маштабу. Прыканцы заплянаваны сярэднявечны славянскі банкет. Когут падкрэсьлівае, што разьлічвае на Бойку.

“Абавязкова! — кажа той. — Мне гэта вельмі цікава”.

Жывуць Бойкі за колькі вуліцаў ад Когутаў і часта па-суседзку заходзяць да іх. Доктар мае жонку і пятнаццацігадовага сына, але госьці рэдка бачаць іх дома.

Бойкавы дзяўчаты адразу асвоілі Когутаў падворак (арэлі, батут і горку) і пасябравалі зь мясцовай дзятвой. Тут жывуць унівэрсытэцкія выкладчыкі, растуць дубы, клёны і штосьці падобнае да нашае ляшчэвіны.

Раз на тыдзень Бойка зграбае доктару лісьце (бо ўжо пахне зімой) і напіхвае ім цэляфанавыя мяхі. А яшчэ яны за выходныя разабралі варывеньку. Когут марыць на гэтым лапіку вырошчваць памідоры ўвесну.

2.

Бойка бярэ пераклад сучаснай украінскай прозы (з навінак літаратурнага маладняку), над якім цяпер б’ецца Когут, супастаўляе з арыгіналам і стогне. Бо проза і бяз Когута мае падвойны запал вар’яцтва, якое лезе з усіх шчылі­наў савецкай жыткі і ўзмацняецца асабістымі бзікамі кожнага з аўтараў. Таму творы гэтыя, як ты іх ні апрацоўвай, з-за сваёй расхрыстанасьці не перакладаюцца.

Але Когут гэтага ня ведае. Штораніцы ён сумленна сядае за кампутар і да пятай вечара перацягвае словы з аднае замежнае мовы ў іншую. Каб зьберагчы літару і смак арыгіналу, усё тое, што ён ня можа перакласьці, ідзе ў спасылкі і тлумачыцца адметнасьцямі ўкраінскага нацыянальнага характару. Ува ўсіх іншых выпадках дапамагае слоўнік. Усё гэта разам надае Когутавым перакладам шызафрэнічнае адценьне. “Дуля” ў яго, як і раіць слоўнік, “фруктовае дрэва сямейства ружакветных”, “касяк”, адпаведна, “бакавы брус у дзьвярной асадзе”, а выгук аднаго з пэрсанажаў “а скульля вам, блін, саўкі даўбаныя!” у ягоным перакладзе гучыць як “адкуль у вас, аладка, зламаныя дзіцячыя рыдлёўкі”.

“Блін! — зьвярэе Бойка і бяжыць да жонкі з чарговым пэрлам. — Ну што мне рабіць?! Тут трэба ўсё перапісваць!”

“Забудзься!” — раіць Людміла.

“Што значыць — “забудзься”? Ён прасіў перачытаць! Хоча, каб я яму ўсе хібы павыпраўляў”.

“Вось і знайдзі яму са дзьве драбнічкі, а болей, скажы, я ня бачу. Не пасьпеў, скажы за гэты час так засвоіць мову, каб адчуваць нюансы”.

“Нюансы?! Ды я за гэткае калы стаўлю студэнтам!”

“Ну і што?”

“Як гэта — што?! Ён мяне папрасіў. Тут пытаньне прэстыжу. Прафэсійнай этыкі”.

“Ты што, з глузду зьехаў?! Ды ён цябе зьненавідзіць за гэткую этыку! Хто нам тады візу да вясны падоўжыць?”

Бойка зьнішчае ўсе свае алоўкавыя пазнакі, пакідае дзьве дэкарацыйныя заўвагі й хваліць Когута за тое, што так тонка перадаў арыгінал.

“На жаль, — кажа Бойка, — я яшчэ не настолькі добра ведаю ангельскую, каб цябе выпраўляць. Ня маю права”.

Когут згаджаецца.

“Відаць, — дадае Бойка, каб і намёку не было на нейкую двухсэнсоўнасьць, — мне гэта ня дадзена”.

Доктар Когут разводзіць рукамі. Бойка ня ведае, як гэта разумець, але Когут свайго жэсту ніяк не камэнтуе.

“Дарэчы, — кідаецца Бойка ў паўзу, — ёсьць адно пытаньне. На нас насоўваецца мой дзень нараджэньня...”

Когут не разумее.

“Ну, урадзіны, юбілей, бёрздэй! — тлумачыць Бойка. — У вас такія рэчы сьвяткуюць? Карацей, парадзь”.

Когут кажа, што для гэтага тут ёсьць звычайныя й этнічныя рэстарацыі. Кітайскія, карэйскія альбо мэксыканскія.

Бойка запрашае Когута (ясная справа, зь сям’ёй) дый прапануе адразу і вызначыць, дзе ім было б зручней пасядзець. Когут кажа, што тут паблізу ёсьць недарагая рэстарацыя, абяцае завезьці іх усіх туды ды яшчэ й паклапаціцца пра напоі.

“Навошта вам траціцца, — кажа ён. — Лепш дахаты больш прывезьці”.

3.

Бойкі варожаць над сьпісам запрошаных, зводзячы яго да мінімуму. Але, акрамя свайго дабрадзея, мусяць запрасіць яшчэ колькі землякоў, якія з розных прычынаў апынуліся ў гэтым мястэчку — Алексу Самбура, Уляну Жаўцянскую (гэтыя ўвесь час так і круцяцца каля Когута) і сям’ю Краўцоў з сынам (Краўцы дапамаглі Бойкам, падзяліліся зь імі коўдрай і цьвікамі, малатком і падушкамі). Самбур — рэжысэр, наватар эстрады й тэатру. Дома ён спэцыялізаваўся на пастаноўках маштабных нацыянальных імпрэзаў — конкурсаў, сьвятаў, фэстаў, сустрэчаў. А сюды яго, як мастака й факультэцкага госьця, выпісаў Когут. Апошнія тры месяцы Самбур жыве ў інтэрнаце й атрымлівае пяцьдзесят даляраў на тыдзень. Ніхто ад яго нічога не патрабуе, хоць у іх з Когутам і была вусная дамоўленасьць, што Самбур дапаможа яму з банкетам.

“Не пытаньне! — паабяцаў тады Самбур. — Ты толькі сьвістай”.

Але Когут нібыта забыўся на тое. Мовы Алекса ня ведае, грошай яму ледзьве хапае на ежу, а падзарабіць ён можа толькі праз Когута. Штодня за дзесяць восьмай Самбур выскоквае на скрыжаваньне й цікуе Когутаву “мазду”. Па дарозе на катэдру той робіць круг, каб падкінуць Самбура пад самую бібліятэку. У пятніцы яны ходзяць у спартовую залю, потым — у саўну, дзе гавораць пра ўкраінскую культуру.

“Прынамсі, — супакойвае сябе Самбур, — ён ня будзе плявузгаць, што я тут лайдачыў”.

Ад самоты Алекса выразае з часопісаў фоткі і клеіць зь іх каляжы. На ўсякі выпадак ён накідаў два банкетныя сцэнары. Адзін — на ўсе застаўкі, з палавецкімі скокамі й лязэрамі, другі — калі ўсё будзе стоячы й сухама.

Як кожны сапраўдны прафэсіянал, Самбур трызьніць Брадвэем і Галівудам. Чаму б і не — не разумее ён. Што я — горшы за іх? Вось калі б Когут мяне тут пакінуў на год, я б усе сілы кінуў на мову. І пры канцы вясны ўжо б заціўкаў. У горшым выпадку — на пачатку лета.

“А хочаш, — пытаецца штопятніцы Самбур у Когута, — я ім пастаўлю п’есу? Задарма. Ува ўнівэрсытэце ж, мабыць, ёсьць тэатар? Калі ты будзеш перакладаць, я ім з чаго скажуць зраблю новае прачытаньне. Татальны нэаавангард!”

Але Когут маўчыць.

“Можа ён, — непакоіцца Самбур, — укрыўдаваў на мяне? Але за што? Аб’ектыўных падставаў — нуль. Калі гэта праз Уляны, дык я яе не чапаў. Бо я разумею. Я — не ідыёт. А калі ён на яе вока паклаў — калі ласка. Поўны наперад. Я — пас. Я дзеля сябра і пад манастыр, і нават у сам манастыр пайду!”

Уляна — вядомая паэтка. У мінулую сераду яна прыехала зь Нью-Ёрку і разьлічвае, што ў наступным сэмэстры Когут як загадчык катэдры прапануе ёй чытаць курс па барока. Ва ўнівэрсытэтах тут, як ёй казалі, на гэткі выпадак існуюць асобныя фонды. Уляна — кандыдат мастацтвазнаўства па барокавых матывах. Гэта — яе трэцяя Амэрыка. Выбіла яна яе сама, своечасова падаўшы заяву на комплекснае навуковае дасьледаваньне. Тэма, пад якую ёй далі стыпэндыю, ляжыць на мяжы культураў, фэмінізму, праблемаў мяншыняў і экалёгіі.

І апошнія з запрошаных — Краўцы. Ларыса й Аляксандар. Ён тут абараніў дысэртацыю, дахаты не паехаў, а знайшоў працу ўва ўнівэрсытэце, пры хімічнай лябараторыі. Жонка, пакуль ён выходзіў у людзі, сядзела зь дзіцем. Яны ўжо падалі заявы на зялёныя карткі, чакаюць адказу. Цяпер і Ларыса хоча дзе-небудзь працаваць. А па адукацыі яна — раманскі філёляг. Таму доктар Когут для яе — наўпросты (і адзіны!) шанец атрымаць месца выкладчыка. Тым больш што ў яго, як яны дазналіся, на наступны сэмэстар вы­зваляецца група расейскай мовы.

Краўцовага заробку хапае на файную кватэру й заможнае жыцьцё, але, зь іншага боку, іхны Ігарок у свае сем год не гаворыць (ні “тата” ім ня кажа, ні “мама”) і не разумее, дзе ён цяпер і што зь ім робіцца. Часам Краўцам здаецца, што іхнае дзіця хтосьці скраў і трымае за глухім мурам. А ім пакінуў толькі ягонае бязьвіннае спакутаванае цельца.

4.

Доктар Когут за два разы завозіць усіх (акрамя Краўцоў, якія маюць машыну) у кітайскую рэстарацыю. У Когутавай жонкі й сына прыйсьці ня выйшла, але яны перадаюць усім прывітаньне. Кітайская абслуга — у белых нэйлёнавых кашулях і чорных камізэльках. Усе яны — нягеглыя, дробненькія і несартавыя. Адразу бачна, што ўцекачы не з Ганконгу ці Тайваню, а з глыбіняў мацерыка.

Когут тлумачыць, што кантрабанда ўцекачоў — вялікі бізнэс. Бо людзі аддаюць дзялкам усе свае грошы, толькі б трапіць на карабель. Тыя напіхваюць нелегаламі трумы, вязуць праз акіян і выкідаюць ля амэрыканскага берагу ў ледзяную ваду. Але цярплівыя кітайцы ня скардзяцца. Яшчэ й радуюцца, што жывыя.

Кельнэрцы, якая іх абслугоўвае, год сямнаццаць, ня болей. Яна выпраменьвае шчасьце, ніяк не прывязанае да рэчаіснасьці й патрэбаў моманту.

Мову кельнэрка яшчэ не зусім вывучыла, хоць і стараецца. Апроч мэню, яна ўсім раздае алоўкі й просіць пазначыць, хто й што жадае замовіць. Усе пазіраюць на Когута, чакаючы ягонае парады.

Доктар апісвае кітайскія стравы. Там, дзе ён спатыкаецца, Уляна падказвае, з чаго робіцца бачным, што яна абазнаная як у рэстараннай ежы, так і ў нюансах абедзьвюх моваў. У адрозьненьне ад Когута, Уляна ведае, што “эг-ролз” — гэта піражкі, “шрымпы” — крэвэткі, а “брокалі”, хоць яго на нашых кірмашох і ня знойдзеш, трэба перакладаць як “брокалі”.

Нечакана распачынаецца дыскусія пра перавагі й недахопы ўкраінскай кухні. Когут лічыць, што ў ёй задужа тлушчу й халестэрыну й замала марскіх страваў.

Бойкавы дзяўчаткі таксама хочуць ведаць, чым іх будуць частаваць. Яны змагаюцца за мэню і ўжо даўно разьдзерлі б яго, калі б тое было на паперы, а не на трывалым плястыку. Перакласьці з ангельскай назвы страваў яны, зразумела, ня могуць, затое разумеюць, што ў правым слупку пададзеныя цэны.

“Ого, колькі даляраў! Глядзі, як дорага! Тата, не бяры такога! Бяры што таньнейшае!”

Дарослыя сьмяюцца зь іх.

Раксаланка ў свае сем гадкоў ведае ўсе лічбы, а старэйшая, Аксана, спачатку сама сабе, а потым услых, канвэртуе валюту ў грыўні. Лік ідзе на мільёны. Відаць будучыя характары. Старэйшая — выдатніца, а Раксалана — гарэза й свавольніца. Людміла сыкае на іх, але, разам з тым, і ганарыцца матэматычнымі здольнасьцямі Аксанкі. А Бойка болей патурае меншай.

Доктар Когут вымае з торбы пляшкі — трохлітровую бутлю бургундзкага, гішпанскі херас ды чылійскае «кабэрнэ савіньён». Усе пляшкі адкаркаваныя, запыленыя ды добра панадпіваныя. Госьці дзівяцца. Прынесьці ў рэстарацыю сваё бухло, каб цішком пад сталом пераліць яго ў казённыя ёмістасьці — гэта яны разумеюць.(На гэткі выпадак Самбур прыцягнуў сюды апошнюю бутэльку “пярцоўкі”.) Але што ў Амэрыцы такая завядзёнка — гэта ім у навіну. Зноў жа, невядома, чым усё гэта абернецца. Таму яны, каб ня выявіць ніякаватасьці, бяруцца за пляшкі, чытаюць цэтлікі ды нахвальваюць.

“Глядзіце, Чылі! Піначэт Піначэтам, а вінаграднікі ніхто ня сек. Гэта табе — не Савецкі Саюз. А во бургундзкае! Гэта ж трэба! А якога, цікава, году? Няўжо з самой Францыі везьлі? Не? Каліфарнійскае? Яшчэ лепш! Але ж гэта, мабыць, дарагое віно. Нашто ты, Юрка, далібог... Мы б абышліся. Нават няёмка неяк”.

Когут кажа, што гэта ёсьць о’кэй, налівае сабе віна і, не чакаючы пачатку цырымоніяў, робіць вялікі глыток. Бойкі пераглядаюцца (як гэта так, ува ўсіх парожнія келіхі, ежы яшчэ не прынесьлі, а ён ужо п’е!)

На дапамогу прыходзіць Кравец з тостам за юбіляра. Госьці цягнуцца па віно. Бойка ўстае і неяк вінавата хваліць доктара Когута і ўсю дыяспару за тое, што на чужыне яны зьбераглі мову.

“Ня ведаю, як каго, а мяне гэта ўражвае, — прызнаецца ён. — А менавіта — стаўленьне, то бок любоў да роднай старонкі і нейкая такая надзея... Бо я скажу шчыра: самі сабою мы ніколі б... Вось, напрыклад, ты, Юрка, як навуковец, як украінец, як кіраўнік. Тое, што ты як загадчык катэдры робіш для нас, украінцаў, і для Ўкраіны. Бо ў нас ёсьць жаданьне, але няма магчымасьці. І практыкі. І веданьня таго, як функцыянуе цывілізаваны сьвет. Таму нам трэба трохі пажыць тут, добра засвоіць усё, а тады ўжо грамадой уздымаць духоўнасьць”.

“Вядома”, — пагаджаецца доктар Когут.

“А што гэта вы п’яце?” Раксаланка з-пад стала.

“Віно”, — кажа Когут.

“Віно — атрута! Вылівайце яго хутчэй!”

“Я ведаю, — падскоквае Людміла і цягне гарэзу на іншы бок стала, — што ты любіш дзядзьку Когута!”

Прыносяць ежу. Згодна з кітайскім звычаем, усё выстаўляецца на круглы паднос. Когут тлумачыць, што паднос можна круціць, каб кожны браў сабе, што каму выгадней.

“І што на каго глядзіць”, — дадае Бойка.

“О, так, бо гэта — круціцца”, — і доктар Когут паказвае, як менавіта рухаецца поўны прысмакаў паднос.

“А што вы сабе налілі?” — Бойкава Раксалана выкруцілася з матчыных рук, запаўзла пад стол, заблукала між каленяў і чаравікаў, але, урэшце, знайшла выхад. Вынырваючы, яна штурхае Самбура , і той разьлівае віно.

“Вы хіба ня ведаеце, як гэта шкодна?”

Самбур мачае палец у віно й прыціскае яго да вуснаў гарэзы. “А вось табе буська!”

Дзяўчынка вішчыць і зноў хаваецца пад стол. Кітаянка хоча пажадаць усім смачна есьці, але ня ведае, як сказаць гэта па-ангельску. Госьці зь відэльцамі й лыжкамі абклалі карусэль.

“Гэта ўсё можна есьці палачкамі”, — тлумачыць доктар Когут і ляпае дзеля прыкладу драўлянымі сторчыкамі.

5.

Усе хутка прывязваюць душу. Адчуўшы, што тостаў не прадбачыцца і што віна болей ня будзе, некаторыя (Уляна, напрыклад, Самбур дый Бойка таксама) хуценька наліваюць сабе.

Бойка кажа: “Ці мог я калісьці сабе ўявіць, што буду сядзець у Амэрыцы, у кітайскай рэстарацыі, і піць бургундзкае віно?!”

“Гэта, — падтрымлівае яго жонка, — як кіно нейкае. Як “Тры мушкецёры”!”

“Пяць... не! Нават меней! Чатыры гады таму, калі мяне яшчэ не друкавалі, — далучаецца Уляна, — калі б хтосьці мне сказаў...”

“А мне?! — лезе Самбур. — Ды я б...”

“А я, — цягне руку Аксанка, — калі была ў першай клясе...”

“А ты памаўчы!” — абсаджвае дачку Люда.

“Ды ў страшным сьне ня ўбачыш гэткага!” — дадае Кравец. Жонка б’е яго ў лытку боцікам. Яна баіцца, што сваім перакрыўленым гумарам ён усё са­псуе. Яна не заўжды можа ўпільнаваць, ці дарэчы тут ягоныя жарты, бо Ігар раз-пораз зрываецца зь ейных каленяў і ляціць да выхаду. Калісьці ён так выбег з хаты й ледзьве ня трапіў пад грузавік. А год таму, калі яны былі на Атлянтыцы, зайшоў у халодную ваду й пачаў хлябтаць яе. А яшчэ ён любіць біць відэльцам па талерках й чарках. Маці вымушаная, стрымліваючы непераадольнае жаданьне, так адабраць у дзіцяці відэлец, каб не раструшчыць яму ўсіх пальцаў. Пазбыўшыся цацкі, Ігар спаўзае на падлогу й ляціць да дзьвярэй. Ларыса роспачна глядзіць на мужа й бяжыць сьледам. Але ні жончын позірк, ні нават ейны штуршок не спыняюць Краўца.

“Калі б мне хто-небудзь сказаў тады, што жыцьцё гэтак павернецца, дык я б, — абвяшчае ён, — яму ў вочы плюнуў!”

“Я ўсе гады быў невыязны!” — згадвае Бойка.

“А я, — кажа Уляна, — гадамі не магла надрукаваць свой другі зборнік”.

“А я неяк прачынаюся, — рагоча Самбур, — ну, як звычайна, пасьля п’янкі. Зірк у акно, а там, дзе заўжды вісела “Слава КПСС”, — голая сьцяна. Ну, кажу сабе, Лёша, дапіўся ты да галюноў. Трэба завязваць!”

“Так, гэта цуд, — пагаджаюцца зь ім усе.— ня мог гэткага прадбачыць”.

“Але чаму?” — намагаецца зразумець Когут.

“Зь некалькіх прычынаў, — кажа Бойка, бо ён ня толькі філёляг, але й палітоляг. — Возьмем толькі адзін аргумэнт. Войска. Калі мы ў тыя часы зьбіраліся й марылі пра незалежнасьць, дык заўжды казалі сабе: паглядзі на мапу, скрозь — акупацыйныя вайсковыя акругі, базы, падземныя сховішчы, ядравая зброя. І гэта стрымлівала. Як змагацца з такім? Калі чыгунка, марскія шляхі, камунікацыі — усё завязана на Маскву”.

“Але цяпер, — раіць доктар Когут, — вы мусіце ўсё перагледзець. Узяць курс на NATO і на Эўропу. Збудаваць новыя шляхі. У нас гэтым займаліся сто год таму. Калі Генры Форд распачаў выпуск сваіх аўто. У Італіі тое самае хутка зрабіў Мусаліні, бо ён разумеў, якое значэньне маюць дарогі. Гэта, між іншым, першае, з чаго пачыналі рымляне на новых тэрыторыях. У Брытаніі, напрыклад. Яшчэ да Хрыстовага нараджэньня”.

“Так, — падхоплівае Людміла думку Когута, — але ж у нас духоўнасьць забаранялі. Ня дай Божа ляпнуць дзе-небудзь, што ты вернік. Але мы сваіх дзетак пахрысьцілі. Аксанка ў нас — грэка-каталічка (мы гэта ў Львове зрабілі, на кватэры знаёмага скульптара), а Раксалану ўжо ў Кіеве, у праваслаўным храме”.

Тыя, хто спачатку набраў мяса, частуюцца цяпер дарамі мора. І наадварот. Пачынаюць згадваць уціск, які ім усім давялося зазнаць.

Самбур з канкрэтных прыкладаў складае карціну таго, як цяжка яму было ставіць п’есы. Кожнаму ёсьць што дадаць пра перасьлед усяго нацыянальна сьвядомага.

“Вось вам маленькая дэталь, — кажа Ўляна, — таго, да чаго вы звыклі і з чым зьмірыліся. Мы неяк, яшчэ калі мне было гадоў сем-восем, здымалі ў Крыме халупу”.

“Што гэта такое?” перапытвае Когут.

Яму тлумачаць.

“Ну дык вось, — працягвае Уляна, — гаспадар чуе, што я да бацькоў гавару па-ўкраінску. Гэта яго вельмі абурае, і ён мне кажа: ты ж — культурная дзевачка, а гаварыш па-дзеравенскі. Неперсьпякціўна!”

“Як, — не разумее Когут, — як ён табе сказаў?”

Яму тлумачаць, што да чаго. Ён уражаны.

“Але ж чаму вы не пратэставалі?!”

“Як?”

“Трэ было ісьці да іншага ўласьніка! Хай бы той хоць фінансава (калі нельга прыцягнуць яго да суду) быў пакараны за свой шавінізм!”

“О, гэта лёгка сказаць!”

“У нас за такое судзяць, бо гэта ёсьць расізмам!”

“А ў нас не зьвярталі ўвагі. У нас казалі: добра, што не расстралялі!”

“О, як такое магчыма!”

“І гэта яшчэ — дробязі. У нас голад замоўчвалі. Трыццаць трэцяга году”.

“І дваццаць другога!”

“І сорак сёмага!”

“А тое, што Кіеў у дваццатым годзе стаяў халодны, галодны й зусім пусты! Чаму пра гэта ніхто ня ведае?!”

Згадваюць нават, як за Хрушчовым, у шэсьцьдзесят трэцім годзе, нармавалі хлеб і ў школах дзецям па сьпісе давалі белыя булачкі. Але, што праўда, ня ўсе такое памятаюць. Толькі Самбур (яму было пятнаццаць год) і Бойка. Людміла маладзейшая за мужа і жыла тады ў вёсцы. Уляне і Краўцам недзе каля трыццаці.

“Чаму? — пытаюць яны сябе і падчас дыскусіі знаходзяць адказ. — Бо мы вельмі доўга былі ў рабстве. Дзе нас наўмысна калечылі. Ампутавалі ў нас годнасьць. Але мы нарэшце вырваліся з путаў. Мы ня толькі ня ўмёрлі, мы зьбераглі дух і памкненьне да волі. І мову”.

За гэта дапіваюць кабэрнэ і бургундзкае. А херас — не, бо ён вельмі пада­зроны на колер і на смак.

Навыперадкі выхваляюцца, хто колькі сваякоў і сяброў украінізаваў.

“А я — сваю швагерку, — кажа Людміла. — Ведаеце, якое ў яе дзявочае прозьвішча? Барынава! А цяпер яна гаворыць на мове лепей за брата, вяжа, робіць выцінанкі й засвоіла палтаўскае вышываньне. А родам яна — з Луганску”.

“Цяпер трэба казаць Луганскае, а не Луганск”, — папраўляюць яе.

“І Данецкае”.

“І Гэмінгуэй”.

“І Сапегаў”.

“А дзе гэта?” — цікавіцца доктар Когут.

“У Цярнопальскай вобласьці. Файнае такое мястэчка. Але зь яго зрабілі “Сапогов”. А трэба Сапегаў. Бо гэта — ад Сапегі. Быў такі ваявода літоўскі”.

“Літоўскі, але ўкраінізаваны!”

“Кім?”

“Кім-кім — жонкай вядома! Шаршэ ля фам. Яны ўсе ў нас — чараўніцы. Ён сам, хоць і шляхціц, а ўзяў простую. Затое прыгажуню”.

“Хіба? Гэта ж, здаецца, у турэцкага султана была жонка-ўкраінка. З Рагаціна”.

“У султана — так. Але ў Сапегі — таксама”.

Дзяўчаты гуляюць у ладку. Ігарэц стаіць асобна. Калі хтосьці да яго да­кранаецца, ён трасе рукамі, падскоквае на месцы й радасна сьмяецца. На выгляд ён (калі не зважаць на гэтае целяпаньне галоўкі й дзіўныя выгукі замест словаў) — цалкам нармальны хлопчык, стройны, высокі, прыязны. Але дзеці адчуваюць, што зь яго — не гулец, бо само ўяўленьне пра правілы гульні дзесьці па-за ім.

“А чаму ён ня хоча з намі гуляць?” — пытае Аксана ў Ларысы Кравец.

“Ён хоча, — тлумачыць тая, — але ня можа”.

“Ня ўмее?”

“Не чапай хлопчыка!” — кажа Людміла дачцэ.

“Не, — кажа Ларыса, — проста ён не разумее гэтай гульні. А вось вы пагуляйцеся зь ім, ён адразу і зразумее. Навучыце яго. Ён вельмі хоча”.

Аксана падыходзіць да Ігара, бярэ яго за руку і кажа: “Цяпер ты — ладка. Давай, даганяй нас!”

Ігар — у захапленьні. Ён сьмяецца, аж заліваецца і б’ецца галавой па столе. Маці торгае яго да сябе й гэтым ратуе посуд. Дзяўчаты бачаць, што з хлопчыка толку ня будзе і, каб зрабіць гульню цікавейшай, лезуць пад стол ды спрабуюць далучыць дарослых.

“Я вам ладку аддала!” — крычыць Когуту на вуха Раксаланка. Ад нечаканасьці той давіцца, кашляе й абдае ўсіх мяккім брудна-карычневым рысам.

“Ах ты! Раксалана!” — падскоквае Бойка. Але свавольніца ўжо шаснула пад абрус. Перш чым зьнікнуць між каленяў дарослых, яна ўказальнымі пальцамі абедзьюх рук расьцягвае рот, выстаўляе язык і кажа Когуту: “Бэ-гэ-гэ!”

“Гэта — ты!” — адказвае ёй доктар.

“Рокся! — зрываецца Людміла. — А ну... Аксана, цягні яе сюды!”

Аксана кідаецца пад стол. Адтуль чуваць плач, віск, гукі барацьбы. Бойкі расьцягваюць дачок. “Мы ніколі, — кажуць яны гасьцям, — у гэта не мяшаемся. Няхай самі разьбіраюцца”.

Тым часам не заўважаны бацькамі Ігар Кравец таксама лезе пад стол, каб дасьледаваць ногі. Ён дапаўзае да доктара Когута й палохае яго. Когут падскоквае й заляпвае сабе пінжак, кашулю і штаны віном.

6.

Доктар Когут бегма бяжыць у прыбіральню змываць плямы.

“Соль! — крычыць Ларыса. — Саша! Вазьмі соль! І добра пасып ёй усе плямы! Што ты сядзіш?! Дапамажы яму!”

Кравец адразу зьнікае за дзьвярыма, на якіх выява парасону й портак.

Бойка падазрае, што ў прыбіральні Кравец будзе ня плямы выводзіць, а падбухторваць Когута ўзяць Ларысу да сябе на катэдру. А калі той пагодзіцца, яна ж яму абавязкова скажа: “Я магу весьці і ўкраінскую групу!” І Бойку зь ягонымі бабамі трэ будзе складаць валізы. Бо ахвотных вывучаць украінскую на дзьве групы не набярэцца. Ды навошта ёй гэта?! У яе і так вось-вось будзе зялёная карта, а Бойку, каб застацца тут на нейкі занюханы сэмэстар, трэба, каб Когут, як бацька катэдры, клапаціўся пра яго, хадзіў некуды, дурыў сабе галаву, выбіваў фонды... Ды што яна сабе думае?!

Самбур у выкладчыкі ня пхнецца, але ён адным месцам адчувае, што Когута на ўсіх ня хопіць. Добра, калі яшчэ на каго аднаго. Ці адну. Хто першы падсунецца. Самбур ведае, што Когут, вядома, ёлуп, але душа ў яго мяккая. Таму на яго можна ўплываць. І хто мацней націсьне, таму ён і дасьць.

Бойка з Самбурам, не ўзгадняючы дзеяньняў, высьлізгваюць з-за стала, ляцяць у прыбіральню й бачаць там такую сцэну. Когут — безь пінжака (пінжак — на сушылцы, шчодра пасыпаны сольлю) ляжыць дагары жыватом на ракавіне (бо калі ён устане, соль абсыпецца й не пасьпее ўвабраць віно). Над ім схіліўся Кравец і трасе сальніцай над Когутавым крокам. З апошняй фразы Краўца зразумела, што ён ужо прабачыўся за сына і цяпер тлумачыць Когуту, што Ігарэц зрабіў гэта не са злосьці, а праз свой прыкры дыягназ. Когут хоча ўзьняцца, Кравец яго не пускае, бо трэба счакаць дзьве-тры хвіліны, каб соль выцягнула з тканіны ўсю вадкасьць.

“Я яшчэ хацеў сказаць, — дадае ён, — што яна ў мяне, Ларыса, і гэта ня тое, што я нахвальваю яе, то бок перабольшваю здольнасьці. Не! Яна мае чырвоны дыплём. Яна — мовавед, лінгвіст. Працавала над дысэртацыяй. Але тут — цяжарнасьць, дэкрэт, роды. Але яна здала два іспыты. Спэцыяльнасьць і францускую. Яна магла б на Вашай катэдры выкладаць і мову, і нават спэцкурсы. Фанэтыку, лексыку, тыпалёгію... Тэма яе дысэртацыі — “Часьці­цы і злучнікі ў розных мовах”. Калі б ёй ня трэ было сядзець з сынам...”

“Дык у нас на гэта, — Когут узьнімаецца-такі, — ёсьць розныя “дэй-кеар”. Вы ў сябе гэта завяцё ясьлі”.

“Хвіліначку! — зноў кладзе яго на сантэхніку Кравец. — Вось яшчэ кропля”. На Когутавых штанах імгненна ўтвараецца саляная гурба. “Вось так. Зараз яно ўсмокчацца. Вось так! Ёй хаця б пагадзінна, хаця б на паўстаўкі...”

“Ну што? — Бойка з Самбурам спрабуюць сьпінамі адціснуць Краўца ад Когута. — Дзе наш герой? Яшчэ жывы?”

Гэта дае Когуту магчымасьць зьлезьці з ракавіны. Ён выцягвае пару сурвэтак, страсае імі соль з адзеньня. Нагледзеўшыся на плямы, Самбур, а за ім і Бойка, займаюць па пісуары. Але заўважыўшы, што Когут рухаецца да дзьвярэй, перапыняюць працэс і хапаюць яго пад рукі.

“Я... гэта, — сьпяшаецца Самбур, — чуеш, доктар, я ўсё хацеў спытацца адносна банкету. Яго яшчэ не забаранілі? Бо я заўжды гатовы. Такі фэстывальчык закруцім. Татальны авангард!”

Когут ня можа ўцяміць, пра што гаворка.

“Таталішэ авангардэйшан! — тлумачыць Самбур. — Я — поўны гатоўчык! Сцэнар. Банкет. Славяне”.

“О! О! — да Когута пачало даходзіць. — Канфэрэнцыя!”

“Ес-і-ціз!” абдымае яго Самбур. — Я напісаў два сцэнары. Наступны крок — за табой. Бо ангажамэнт мой сканчаецца ў сьнежні. А банкет у лютым. Так што, таварыш камандзір, бяры курс на валявое рашэньне!”

“Трэба сказаць маёй сакратарцы. Яна знае, якая для гэтага ёсьць форма”.

“Ну!”

“Дарэчы! — Бойка цісьнецца паміж дзьвярыма й Когутам. — Юрка! Ты казаў калісьці нешта адносна падручніка. Украінскай мовы. Што няма добрых дапаможнікаў. У сувязі з гэтым у мяне зьявілася адна ідэя. І калі б па­працаваць над ім, то бок у вашай бібліятэцы, ну хоць бы паўгоду... Набрацца новых павеваў...”

“Гэта трэба падумаць. Да дваццатага...”

“Ларыса, — крычыць ім у сьпіну Кравец, — прайшла курсы. Яна ведае ўсе мэтады. Інтэнсіўны, з татальным пагружэньнем, баўгарскі. Гэтага... ну як жа яго... я забыўся імя!”

“І падручнік гэты выйшаў бы, — малюе Бойка карціну сьветлай будучыні, — пад эгідай тваёй катэдры!”

“Гэта трэба будзе з Джэніфэр, — цягнецца да дзьвярэй Когут. — Яна — мая сакратарка. Яна ведае, як гэта ўладкаваць. Каб аплікацыю падаць да дваццатага”.

“Я дзесяць год у Львове быў галоўрэжам, — адпіхвае Бойку Самбур. — Львоў — гэта ж украінская Вена! Разьвітая культура кабарэ і кавярняў. Я табе не распавядаў, як мы калісьці зладзілі сэкс-шоў па матывах украінскае клясыкі? Уяві сабе! Ты не паверыш! Я ўзяў Нячуя...”

“Мы гэта зробім, — мармыча з усіх бакоў заблякаваны Когут, — дваццатага”.

“Як? Аж дваццатага? — ня верыць Самбур. — Дык сёньня ж дваццаць трэцяга!”

Хтосьці з таго боку расчыняе дзьверы нагой. Атрымаўшы ў каршэнь, Самбур, раскінуўшы рукі, валіцца на падлогу. Празь яго з грукатам пералятае штосьці дзябёлае ў джынсах на рэмені з зубачысткай у роце. Ніхто не пасьпявае й спалохацца, як бамбіза займае скрайнюю кабінку й ляпае замком.

Пакуль Бойка з Краўцом падымаюць сябра, неўпільнаваны Когут выскоквае прэч.

Пад дзьвярыма яго пераймае Ўляна. Яе душыць злосьць. “Як гэта так! — захлынаецца яна. — Як яны пасьмелі! Гэта — яшчэ адна праява тысячагодзьдзяў несупынных абразаў і полавага ўціску. І хто? Нікчэмы. Яны кіруюць сьветам. І менавіта яны выцыганяць у яго тое, што па справядлівасьці мусіць належаць ёй! Бо нікому тут не баліць будучыня Ўкраіны!”

“Юрасік!” — жэст, разьлічаны на выпадковыя сустрэчы, атрымліваецца выдатна. Па дарозе да століка яна засаджвае ў Когута рэзюмэ курсу культуры й цывілізацыі Ўкраіны. Пачынаючы недзе ад трыпольскіх часоў. Гэты праект — унікальны. І разьлічаны ён на год. Уляна хоць цяпер магла б падаць плян. Там усё расьпісана. Трэба толькі дзе-нідзе падшліфаваць. Але гэта — драбніцы, на якія месяцы два, ня больш. Патрэбна толькі хадайніцтва ад Когутавай катэдры, што яны хочуць Уляну. Мінімум на два сэмэстры.

“О, гэта было б добра, — згаджаецца Когут. — Трэба сказаць Джэніфэр”.

“На веснавы й восеньскі”, — удакладняе Ўляна.

“Так, — кажа Когут, — бо зіма тут не такая, як у вас”.

“Або ўжо на той навучальны год, — імправізуе Ўляна. — Гэта было б лягічна. Але ў такім выпадку мне неабходна мець запрашэньне ці якое-небудзь прыкрыцьцё да наступнага верасьня. Бо мой грант, то бок стыпэндыя, да канца сьнежня. А гэта азначае, што агаляецца канец зімы, вясна й лета”.

“Лета ў нас сьпякотнае, — з кожнай фразай Когут павольна, але рухаецца ў бок стала. — Без кандыцыянэраў — цяжка. Але можна будзе паехаць у горы. Там ня так горача”.

“А ўвесну я магла б мову тут выкладаць. Да восені”.

“А ўвосень у нас цёпла, — спыняецца Когут, прыгадаўшы штосьці прыемнае. — За якія дзьве з паловай гадзіны язды адсюль ёсьць чыгунка. І пячоры. А ў лістападзе мы маем сьвята мясцовасьці. Адусюль прыяжджаюць фэрмэры і пад адкрытым небам вараць яблычнае масла”.

“Павідла, — ня можа ня выправіць яго паэтка, — яблычнае павідла”.

“О! — доктар Когут заплюшчвае вочы. — Гэта ёсьць славутым!”

7.

Пакуль мужыкі недзе таўкуцца, Ларыса зь Людмілай страсаюць соль і аднаўляюць парадак на стале. Раксалана лётае за Аксанай. Ігар махае рукамі, падскоквае, ірвецца на вуліцу. Маці трымае яго за руку.

“Ну, а ў астатнім як ён? — пытаецца Людміла. — Усё нармальна?”

“Што значыць — “нармальна?” — ледзьве стрымліваецца Ларыса.

“Ну, алергіі ж у яго няма?”

“Алергіі?”

“А ў маіх, ведаеш, ратунку няма! Што ў Раксаланкі, што ў Аксанкі. І на памаранчы, і на манга, і нават на гэтыя... як іх... што з Новай Зэляндыі...?”

“Ківі”.

“Вось-вось. Страшэнна!” (Люда сыпле дэталямі — што, у якой колькасьці й на якіх месцах выскачыла ў ейных дзяўчат.)

Ларыса кажа, што была б самай шчасьлівай маці, калі б алергіі былі яе найбольшым клопатам.

“А што ён у цябе, не гаворыць?”

“Як бачыш”.

“А мне здалося, ён штосьці нібы казаў”.

“Ён казаў “а-тэ-пэ-тэ-пэ”. Вось што ён казаў!”

“Дык, можа, ён гаворыць мовай, якую вы не разумееце?”

“Можа”.

“Мае таксама, ты ведаеш, як пачнуць дражніцца адна перад адной!” Аксана спыняецца, пачуўшы, каго тут абгаворваюць. Раксалана таксама. “Во, прыбеглі! Сьвінтусы вы! Ты навошта дражніла дзядзьку Когута? Я цябе, Рокся, пытаю! Га?”

Рокся хаваецца пад стол.

“Гэта ў яго што, — пытаецца Людміла, — нібы такая разумовая адсталасьць?”

“Не, гэта не адсталасьць, — тлумачыць Ларыса, — гэта аўтызм”.

“Што?”

“Мэдычная загадка. Недасьледаваны фэномэн, — кажа Ларыса. — Да васемнаццацёх месяцаў разьвіцьцё ішло нармальна. Ігарэц мог нават казаць сказы з двух-трох словаў. Потым яму, перш чым ехаць у Амэрыку, зрабілі прышчэпку (бяз гэтага ў паліклініцы не давалі даведкі). З таго часу ў яго пачаўся рэгрэс, нібыта ён з кожным днём ссоўваўся ў нябачную яміну. Пазабываўся амаль што ўсе словы, навыкі, не пазнаваў людзей, ня ведаў, што рабіць з цацкамі”.

“Не, дарма ты пра прышчэпкі так! — пратэстуе Людміла . — Я асабіста ня думаю, што гэта ад прышчэпак. Прышчэпкі патрэбныя. У маёй школе...”

“Забыўся нават тое, што ўмеў у год! — Ларыса зьмяняе руку й садзіць Ігара на крэсла. — Пасядзі спакойна хвіліну! Цяпер яго трэба ўсяму з нуля вучыць. Усяму! Як хадзіць па прыступках, як мыць рукі, як лыжкай карыстацца. Нармальныя дзеці зь лёту хапаюць такое, а яму паспрабуй растлумачыць! І дзе гарантыя, што заўтра ён ізноў усё не забудзецца!”

“Але наўрад ці гэта ад прышчэпак! — не адступае Людміла. — Я думаю, што гэта Чарнобыль. Нейкія, відаць, генныя мутацыі ўжо пачаліся. Бо што мы ведаем! Яны ад нас інфармацыю, ты ж памятаеш, тады як прыхоўвалі! Во дзе злачынцы! Дый цяпер, ты думаеш, яны нам праўду кажуць? Я перад ад’ездам чытала, што недзе ў Жытомірскай вобласьці зьявіліся невядомыя навуцы жывёлы. І дзеці бяз пальцаў... А колькі дэбілаў нараджаецца!”

“Наш сын — не дэбіл! — зрываецца Ларыса. — У восем месяцаў ён упершыню стаў на ножкі і зранку ў сваім ложку так паглядзеў на нас, што ажно ў сярэдзіне перавярнулася ўсё. Нібы ня ён — дзіцянятка, а мы — ягоныя бацькі, а наадварот. Нібы ён разумее ўсё, і больш за тое...”

“Ну, я табе скажу, дзеці часта незразумела глядзяць”, — не здаецца Людміла.

“Ну, што, што ты хочаш ад мяне?! — Ларыса абедзьвюма рукамі прыціскае Ігара да крэсла. — Ты можаш не вырывацца адну хвіліну?!”

“Ну, і што вы робіце? — пытае Людміла. — Неяк лякуеце гэта? Трэба ж дзейнічаць!”

Ларыса адным сказам пералічвае ўвесь свой шлях ад чарнаротай участковай дакторкі да споўненых годнасьці амэрыканскіх лекараў.

“Яно, я табе скажу, — кажа Людміла, — знаёмствы — гэта яшчэ ня ўсё. Вось у нас Тома, суседка зь пятага паверху, мае ўнучку. Ейны мужык — генэрал-маёр, ужо дзесяць год на пэнсіі. Само сабой, харчы там адпаведныя, мэдабслугоўваньне з чацьвертага ўпраўленьня, карацей усё “ад і да”. І што ты думаеш? Некалі іхнюю Алёну так абсыпала пухірамі, што мусілі выклікаць “хуткую”. А прычыну дагэтуль ня выявілі! Мо, зьела што”.

“Бывае”.

“А можа, трэ было вам, — хапаецца за новую думку Людміла, — зьвярнуцца да чагосьці нетрадыцыйнага?”

“Было!” — адмахваецца Ларыса й распавядае, да якіх народных і саматужных лекараў яны хадзілі. Ня тут, бадай, а дома, куды яны зь Ігарам езьдзяць штолета.

“Пакуль дацягнешся да Барыспалю1, — скардзіцца Ларыса, — дык пра­клянеш усё на сьвеце! У Сашкі — праца, ён мусіць тут быць. А мне адной цяжка. На сьпіне — заплечнік, там — валіза, цераз плячо — торба (бо ўсе чакаюць гасьцінцаў, крый Божа абмінуць кагосьці — на ўсё жыцьцё абраза будзе!), а з гэтага боку — Ігар. На яго й дзьвюх рук замала”.

“Сьвятая праўда! — радуецца Людміла . — Я таксама месяц таму адправіла праз баптыстаў пасылку і адразу ж сьвякрусе сваёй патэлефанавала. Так, маўляў, і так, чакайце! І ведаеш, што яна мне на гэта сказала?”

“Я разумею, — усхваляваная Ларыса хоча завершыць думку. — Вадзілі мы яго й да бабак, да экстрасэнса (ён сам — кандыдат навук)...”

Людміла таксама, распачаўшы штосьці, ня любіць кідаць справу на паў­слове. Але, каб Ларыса пачула пра тое, што менавіта сказала сьвякруха, калі Людміла папрасіла выслаць ёй муміё, яна павінна, як мінімум, перакрычаць Ларысу.

“А потым бацькі, — надрываецца Ларыса, — выслалі фатаздымак Ігарца жанчыне, што жыве пад Луцкам...”

“І патлумачыла, — змагаецца зь ёй Людміла, — дзе менавіта яно ляжыць. І ў чым загорнутае. У сінім цэляфане! Пад маразілкай! Там, дзе й праполіс!”

“Яна паглядзела й кажа, — на ўсю рэстарацыю выдае Ларыса сямейную таямніцу Краўцоў, — што гэта нехта са сваіх яго пракляў!”

Яе сын тузаецца, б’ецца грудзьмі аб стол, хоча вырвацца. У яго не атрымліваецца. Ён выгінаецца, цягнецца ротам да столі й вые.

Людміла прыгаломшана змаўкае.

“Хтосьці са сваіх?” — перапытвае яна.

“Так”.

“Я б гэтую падлу дастала, — абяцае Людміла, — з-пад зямлі. І душыла б, пакуль бы яна сама...”

“А яшчэ тая жанчына, — Ларыса спаўзае на крэсла, — сказала мне: адпусьці ім. Усім! Тым, хто вінаваты перад табою! Не трымай ні кроплі злосьці, бо яна цябе атруціць. І прабач ім. А пасьля схадзі ў царкву...”

“Павольнай сьмерцю! — імгненна пераймаецца чужой бядой Люда. — Душыла б яе штодня, з ранку і да ночы! І сярод ночы таксама!”

“Адзінае, што мяне цяпер падтрымлівае, — ціха, невядома каму кажа Ларыса, — гэта нейкае... і ня веданьне, і не адчуваньне... Вера? Наўрад ці... Хутчэй, надзея... Так. Бліжэй да надзеі... На тое, што й погляд той у восем месяцаў, і тое, што адбылося пасьля, і тое, што ён прыгожы такі, — усё ня проста так”.

“Думаеш, перарасьце? — цікавіцца Людміла. — У мяне на працы дачка калегі таксама не гаварыла да чатырох год”.

“Не, не! — перапыняе яе Ларыса. — Я — не пра тое”.

“Ты яшчэ маладая, — вучыць яе Людміла . — Адкуль табе ведаць, што далей будзе? Я, напрыклад, не выключаю, што гэта вы яго дзьвюма мовамі сапсавалі. Нельга так — у садку ён чуе ангельскую, а дома... Як вы гаворыце дома? Напэўна ж, па-расейску... А з разумова адсталымі дзецьмі...”

“Ён — не разумова адсталы!”

“Ты не крыўдуй. Бо гэта — жыцьцё. Веданьне дыягназу — гэта палова посьпеху”.

Ігар зрываецца са свайго крэсла. Ларыса бяжыць за ім, хапае і лупцуе. Ігар трымціць, заплюшчвае вочы, трапеча рукамі, але не крычыць і ня плача.

Наведнікі аглядаюцца. Яны ня ўпэўненыя, ці падпадае тое, што яны бачаць, пад катэгорыю парушэньня правоў дзіцяці. На ўсякі выпадак яны ўсьміхаюцца. Бойкавы дзяўчаты, што круціліся ля акварыюма з залатымі рыбкамі, лятуць навыперадкі, пабачыць, што будзе далей.

Ларыса цягне сына да стала.

“Як я стамілася! — кажа яна Раксалане. — Бі яго ня бі, ён ніколі ня скардзіцца. Ну вось як дазнацца, што яму баліць? Дзе? І чаго ён хоча? ... Ну, куды ты бег? Кажы! Чаму ты маўчыш!.. Хоць бы раз хтосьці пасядзеў зь ім! Адпусьціў бы нас. Мы б пайшлі куды-небудзь. Набухаліся б. Або ў кіно якое. За чатыры гады ніводнага разу не былі ў кінатэатры!”

Людміла адпіхвае дачок далей ад Ігара.

“Нам таксама, — супакойвае яна Ларысу, — ніхто не дапамагаў. Толькі мае бацькі. А сьвякроў — каб калі хоць...”

Ігарэц па-зьвярынаму раве.

Ларыса даланёй заціскае яму рот. “Сьціхні! А то я цябе зараз прыб’ю!”

“Ты яшчэ маладая...” — цісьне на яе Людміла.

“І ты памаўчы”, — агрызаецца Ларыса. Яна змахвае сьлёзы кулаком, прыціскаецца да сына й выцірае вочы аб ягоны плячук.

“Як я цябе разумею! — даруе ёй рэзкасьць Людміла. — Бо ты — маці. Мужык — ён заўжды застанецца мужыком”.

“А часам я бачу, як гэта будзе, — больш да сына, чым да Людмілы, шапоча Ларыса, — як ён аднойчы ўранку прачнецца і загаворыць да мяне. Як прыгажуня ў сонным лесе”.

“Ты думаеш, у нас з Бойкам заўжды й скрозь мякка было?” — таксама шэптам пытаецца Людміла.

“Але хто ж яго, — ня чуе яе Ларыса, — вызваліць ад гэтага сну? Калі, у лепшым выпадку, вакол нас сьляпыя й абыякавыя людзі. Дурныя краты. Зайздросныя, грубыя, тупыя, злосныя...”

“Дакладна! — згаджацца зь ёй Людміла. — Каб ты ведала, як я зь ім намучылася! Я табе некалі раскажу...”

Раптам яна заўважае, што па праходзе ў іхны бок кіруюцца Ўляна з Когутам і адразу ж зьмяняе тэму.

“Але трэба больш чытаць яму, — радзіць яна Ларысе. — І тлумачыць. Вось, напрыклад, бярэш вілку і кажаш яму: “Глядзі сюды. Бачыш? Гэта — вілка. Кажы за мной!” Але што я кажу! — ня “вілка”, а “відэлец”!”

“Няўжо такі цуд магчымы?” — Ларыса ледзь стрымлівае сьлёзы.

“Гэта, ведаеш, — апраўдваецца Люда, — калі ўжо змалку пачуеш нешта... Хоць, вядома, трэба казаць “відэлец”. А дома ў нас чамусьці казалі “вілка”. Між сабой — дзеці, бацькі — заўжды гаварылі выключна па-ўкраінску, а замест “відэльца”!”

Ігар хапае відэлец і торкае ім у соўсьнік.

“Бачыш! Ён разумее мяне! Ану кажы: відэлец, відэлец, відэлец...”

Пад настаўніцкім позіркам Люды Ігарэц сьціскаецца й напружваецца.

“Не!” — Ларыса стае на кукішкі й лезе пад стол.

“Што? У чым справа?” — палохаецца Людміла, нахіляецца й бачыць лужыну, што падпаўзае да ейнага новага, у далёкай Бразыліі зробленага абутку.

Ларыса цягне сына праз Уляну з Когутам да мужчынскай прыбіральні і, рассоўваючы Бойку й Самбура, перадае сына бацьку. “На!”

“А што сталася?” — не разумее той.

“Во што! Зірні сюды! Зрабі што-небудзь, бо мне трэба лужыну прыбраць. Ты ўзяў вопратку на зьмену?”

“Кашулю і штаны. У торбе на заднім сядзеньні”.

“А майткі?”

“Не!”

“Як так?”

“А гэтак! Што ты на мяне глядзіш?! Не я ж абасцаўся! Ён жа на табе быў!”

8.

Спаражняюць пляшкі, выскрабаюць сподачкі, чакаюць гарбаты.

Самбур шырокім жэстам дае ўсім зразумець, што зараз ён распавядзе показку, як дзьве тэлефонныя кампаніі (адна з Эўропы, другая з Амэрыкі) прабіваліся на ўкраінскі рынак.

Але яго апярэджвае Ўляна. Яна перахоплівае ўвагу доктара Когута і так, каб да ўсіх дайшло, згадвае пра канфэрэнцыю, зь якой яна толькі-толькі вярнулася. Сярод удзельнікаў былі тры нобэлеўскія ляўрэаты. А ў апошні дзень на прыёме ў гатэлі “Ўолдарф-Асторыя” Ўляна дыскутавала па-польску з адным зь іх.

Люда прымушае дачок даесьці крэвэткі (бо ў крэвэтках многа калію). Дзяўчаты скуголяць. Людміла між кухталямі й пагрозамі пасьпявае яшчэ й распавесьці ўсім, што калі ейныя дзеці рыхтаваліся ехаць у Амэрыку, дык дзед і баба, Людзіны бацькі, загадвалі ім насіць з сабою мыла і ваду ў бутэлечцы, бо ў ЗША людзі мруць ад СНІДу. “Едзьце самі, куды хочаце, — прасілі яны, — а ўнучак пакіньце нам!” Праз гэта Аксана першыя дні ў школе не датыкалася ні да чога й не хацела сядаць за парту. Ад перажываньняў яна пачала заікацца, на целе зачырванелі плямы, тэмпэратура падскочыла да сарака. Гэта — у Аксаны. А Роксі — як з гусі вада.

Самбур па-мастацку пераўвасабляўся то ў немца, то ў амэрыканца, то ў старшыню аблвыканкаму, паказваючы, як менавіта прымалася гістарычнае рашэньне. Сьмяяцца трэ было з таго, што, пакуль адзін бізнэсмэн раскладаў свае праспэкты і дэманстраваў перавагі, іншы даведаўся, колькі й каму трэба даць і ў выніку вырваў кантракт.

Кравец з сынам сядаюць за стол. На Ігару — сухія штонікі. Кравец, каб разгрузіць жонку, садзіць яго сабе на калені. Дачакаўшы паўзы, ён пытаецца ў Когута, як тут праходзіць тэхагляд (бо ў яго ўжо пратэрміноўка).

“Дзе ў іх адпаведная кантора? І як гэта робіцца? Па тэлефоне ці можна без папярэдняга запісу?”

“Гэта можна езьдзіць шмат месяцаў, — супакойвае Когут Краўца. — У нас шмат хто так робіць. Таму ня мусіш журыцца”.

“А як зловяць?”

“Дык будзе штраф. Некалькі соцень даляраў. Бо ў Амэрыцы ніхто так ня робіць. Бо на тое ёсьць закон”.

“Ну дык дзе ж тая кантора?” — дабіваецца Кравец.

“Мы ўжо колькі год у Амэрыцы, — далучаецца Ларыса, — і я ніколі ня бачыла тут зялёнага часныку. Цыбуля — ёсьць, некалькіх відаў, і зялёная, і галоўкамі. А часнык — толькі зубкамі. Вы ня ведаеце, чаму тут не прадаюць маладога часныку?”

“Дык у мяне жонка езьдзіць купляць, — тлумачыць Когут. — У адзін з супэрмаркетаў. Гэта ёсьць вялікія крамы, або “чэйн сторз”. “Чэйн” азначае ланцуг. Па ўсіх штатах. А я іду да лядоўні, адчыняю яе і кажу сабе: “Ага! сёньня я гатую сабе штосьці мэксыканскае!” Бо гэта можна купіць у этнічных крамах”.

“Ну а жонка, — пытаецца Ларыса, — яна штосьці гатуе?”

“О, так!”

“Дык вы ўдваіх гатуеце, разам?”

“Гэта пэўна. Бо ў нас цяпер фэмінізм. Мужчыны мусяць дбаць пра ўсё самі. Жанчыны таксама жадаюць мець асобную кар’еру. Самы час грунтаваць сваё, мужчынскае звальненьне”.

Але гэтая тэма ніяк не разьвіваецца. Затое з падачы Ўляны сьледам за ейнай згадкай пра банкет у гатэлі “Ўолдарф-Асторыя” ўсе кідаюцца абмяр­коўваць лёс пісьменства. Бо ўсе шмат чытаюць і знаёмыя ці не з усімі найлепшымі творцамі. Людміла прымушае Аксану расказаць верш, які тая склала ў трэцяй клясе на стары Новы год. Пакуль Аксана дзічыцца, Рокся агучвае вершык пра муху, якая села на варэньне.

Когут, які некалі рэцэнзаваў пераклад “Сабору” Ганчара1, пытаецца ўва ўсіх, ці сацрэаліст Ганчар. Погляды падзяляюцца. Лунае думка, што, калі хто зь іх і заслугоўвае Нобэлеўкі, дык гэта Шаўчук2. Бо ў яго — псыхалягічная проза. А яшчэ ён — гісторык, стыліст і філёзаф. Чалавек франкоўскага3 дыяпазону.

Бойка лічыць, што Нобэлеўка ператварылася ў палітычную самадайку. Усе кандыдатуры расьпісаныя наперад, пануе жалезная каньюнктура, і хіба што алігафрэн не разумее, у чыіх руках лейцы.

Уляна крытыкуе Шаўчука (яна калісьці зь ім ехала ў адным купэ). Шаўчук — папуліст. А гэта ўчорашні дзень.

Іншыя за Шаўчука стаяць гарой. Бо ён не баіцца пісаць пра места, ня лезе ў палітыку, працуе дзень і ноч, выкарыстоўвае арыгінальныя й паўзабытыя лексычныя пласты.

Самбур у захапленьні ад Шаўчука. “Чувак — хадзячая энцыкляпэдыя!” — кажа ён. Самбур калісьці ставіў Шаўчукову п’есу, бываў у яго дома й колькі разоў піў зь ім гарбату.

“Народніцтва — гэта анахранізм, — адкідае гэтыя аргумэнты Ўляна. — Бо цяпер — часы дэканструкцыі й постмадэрну”.

Когут пагаджаецца. “А ў вас, — не хавае ён зьдзіўленьня, — ня ведаюць фэнамэналёгіі! Ня ладзяць полавых штудыяў! У 90-м я меў панэль на зборах вашай Акадэміі Навук. І я бачыў, што яны ня ведаюць тэрміналёгіі! Ну дык як можна было весьці паўнацэнную дыскусію!” На думку Когута, прычына ўсіх адставаньняў — калектывізм. Ён не дае ўкраінскай культуры ўліцца ў заходні кантэкст. Таму яна й дагэтуль выконвае не эстэтычную, а выключна сацыяльную функцыю. Гэта разумеюць маладыя творцы, бо яны ўжо ня скутыя догмамі й адкідаюць табу. Когут спадзяецца, што той пераклад, над якім ён цяпер працуе, разьвее клішэ й зробіць уражаньне.

“Бо Ўкраіна, — лічыць ён, — мусіць абудзіцца. І пераняцца духам антрэ­прэнэрства... Ці як вы гэта завяцё?”

“Прадпрымальніцтва”, — знаходзіць слова Ўляна.

“Так, — кажа Когут, — бо тое самае было калісьці ў Амэрыцы. Але мы працавалі! Мае бацькі мелі па некалькі працаў! Бо, калі ляжаць на печы, нічога ня будзе”.

Люда сёньня, выправіўшы дзяўчат у школу, глядзела па тэлевізары баявік. А гэта ж — частка іхнай культуры. У іх арганізм патрабуе гэтага, як у нас — алькаголю. “І я зразумела, — дзеліцца яна сваім адкрыцьцём, — што яны, белыя, перш чым прыйсьці, усіх зьнішчылі! Калі ўсталёўвалі сваю ўладу й падзялялі сфэры”.

“Якія сфэры? Дзе? Хто й каго нішчыў?” — пытаюцца ў яе.

“Сфэры ўплыву! На Дзікім Захадзе! — раскрывае Люда сваю думку. — Калі каўбоі забівалі тубыльцаў! Бо да канстытуцыі ў іх было беззаконьне! Яшчэ горшае, чым у нас! Яны самі прызнаюць гэта!”

Ларыса за тыя гады, што яна тут, абрасла амэрыканскімі знаёмымі. Камэнтуючы Людміліну здагадку, яна тлумачыць землякам, што ў іх, у амэрыканцаў, усё ня так, як у нас. Бо яны — не такія, як мы.

“Скажам, ідзяцё вы да некага на пікнік. І несяцё з сабой салату. А пасьля, па сканчэньні, спакойна забіраеце яе (тое, што не даелі, вядома) дамоў. Ніхто й не падумае абразіцца за гэта на вас. Наадварот! Бо ў іх такая завядзёнка”.

“Затое ў нас — шырыня, — кажуць ёй. — Мы для госьця нічога не па­шкадуем. Усё, што ёсьць у хаце, — на стол. І ня ўчорашняе, і не з канцэнтрату. Усё сьвежае й якаснае. І недапіткамі сяброў у нас не частуюць. Няхай мы для іх — дурныя скіты. Затое яны для нас — жлабы!”

Тут размова спатыкаецца. Госьці адчулі, што нагаварылі лішняга. Але ня ведаючы, як з усяго гэтага выблытацца, усе па чарзе правяраюць, ці засталося што на стале. Нічога, акрамя парэшткаў жоўтае падлівы, ніхто не знаходзіць. А іхная ўсьмешлівая афіцыянтка з вазком забірае тым часам брудны посуд, вызваляючы месца для дэсэрту.

“Але ж мы ўкраінцы, — знаходзіцца нарэшце Бойка, — калі мы ўжо апынуліся тут, маглі б наваліцца і... то бок, супольна... зрабіць нешта такое... ну хоць бы... я ведаю... карацей, каб пра нас пачулі!”

Усе хапаюцца за гэтую думку. Бо кожны хацеў бы і мае чым паслужыць нацыянальнай справе. Курсамі мовы, культуры й цывілізацыі. Выставамі каляжаў. Заснаваньнем тут украінскага клюбу з рэгулярнымі штотыднёвымі літаратурна-мастацкімі вячоркамі. З дэгустацыяй украінскіх страваў, лекцыямі пад магнітафон і слайды. Яны па-сяброўску маглі б дапамагчы Юрку Когуту зь ягоным перакладам. Бо там шмат русізмаў, трасянкі, незразумелых алюзіяў і намёкаў. Каб гэты пераклад стаўся падзеяй у іхным літаратурным жыцьці. Тады б да іх дайшло, што мы — гэта ня Раша й не Параша.

“Як табе, Юрка, гэтая ідэя? — падсумоўвае Бойка. — Рэальна гэта ці не?”

“Можа быць, — пагаджаецца з усім Когут. — Унівэрсытэт увесну тут ладзіць этнічны фэстываль. Студэнты танчаць, сьпяваюць і маюць іншыя забавы. На катэдры ў мяне ёсьць розныя строі. Вам Джэніфэр пакажа. Чаму б і не?”

Усе разгублена маўчаць.

“Дык вось на банкеце, — падхопліваецца Ўляна, — я размаўляла з адным брытанскім празаікам. І спыталася ў яго, што ён ведае пра Ўкраіну. Дык ён мне сказаў, што гэта вельмі вялікі горад і што там шмат каталікоў. А іншы, таксама вядомы паэт, так мне проста і сказаў: “Якая літаратура? Украінская? А хіба ёсьць такая?”

“О, — згаджаецца Когут, — гэта распаўсюджаная думка!”

“Ну дык, — Уляна абураная, — трэба неяк прасьвятляць іх! Няхай твая катэдра адкрые курсы...”

“Але я ня маю вакансіяў, — злуе Когут. — І дзе я вазьму фонды?! У нас так ня робіцца!”

“Ясна, — Бойка падтрымлівае Когута, — якія яшчэ курсы?! Калі не існуе сучасных падручнікаў! Вось з чаго варта было б пачаць! З падручнікаў!”

“І трэба да выкладаньня, — прапануе Кравец, — прыцягваць ня творцаў, а спэцыялістаў!”

Уляна абдае Краўца (а разам і ўсіх іншых) пякучай нянавісьцю. Яна не хавае, хто тут хто. Кандыдатка ў спэцыялісты (то бок Ларыса Кравец) — нахабная хатняя гаспадыня. Самбур — алкаш. Бойка — нікчэма, які заве сябе доктарам і прафэсарам, хоць насамрэч ён толькі кандыдат навук і дацэнт. А што да творцаў, гэта праўда. Яна — творца, бо ейныя творы перакладаліся і на ангельскую, і на румынскую. І навуковых прац яна мае болей, чым усе прысутныя разам. Акрамя доктара Когута. А яшчэ яна выкладала ў двух амэрыканскіх каледжах!

“Малайчынка! — кажуць ёй. — Павыкладала й адпачні. Няхай іншыя сваё возьмуць”.

Але адзіны фронт, які аб’яднаў усіх супраць Уляны, крышыцца з кожнай рэплікай. І ў хуткім часе ўжо ўсе б’юцца з усімі.

“Якое ты маеш права, — пытаюцца яны адно ў аднаго, — мяне асуджаць?! Як ты можаш казаць “мне б твой клопат”?! Ды што ты ведаеш пра мяне?!” Выяўляецца, што ў кожнага ёсьць свая (і добра, калі адна!) нагода, каб затрымацца тут. Але туга па бацькаўшчыне і заўсёдная стрыманасьць, якая сталася іхным лёсам у гэтай хоць і шчодрай, але чужыне, цяпер выбухае бурлівымі споведзямі.

Гучней за ўсіх спавядаецца Ўляна. Бо як паэтка яна адчувае прыгажосьць і боль сьвету мацней за ўсіх. І з усіх толькі яна здольная ператапіць навакольную мітусьню ў асэнсаваныя радкі. І хоць гэтак, але ўвайсьці ў вечнасьць.

З Людмілы наадварот лезе прыкрая штодзённасьць — благія сны (а адсюль і адпаведны настрой), дзіцячыя хваробы, згадкі, як змагалася за мужыка з рознымі лярвамі (чаго толькі яна ні піла, каб схуднець! Чаго толькі ні вырабляла, каб дагадзіць яму і зьберагчы сям’ю!).

“Як мне абрыдла ўсё! — галосіць Люда. — Вось, далібог, пехам дахаты б пайшла! Праз увесь іхны акіян!”

Бойка таксама напляваў бы на ўсё й вярнуўся б у свой інстытут, калі б не бацькі. Ягоныя й Людзіны. Бо, пакуль яны тут, у іхнай хаце жыве грэцкі журналіст. А грошы, сумленна падзеленыя напалам, ідуць бацьком-пэнсіянэрам.

“Глядзі ты! Ён і тут зарабляе, і там яму капае! Ну ты, Юрасік, і жук! — пляскае ў далоні Самбур. — А ў мяне ні тут, ні там свайго кутка няма!” (І гэта праўда. Ледзьве іхны сын паступіў у школу міліцыі, жонка выкінула Самбура з хаты.)

Кравец кладзецца тварам на стол, закрывае яго рукамі й стогне. Бо ўсе яны распараджаюцца сваім жыцьцём, а яны з жонкай — не.

“Каб нельга было са сваім дзіцем па-людзку пагаварыць! Або на хвіліну яго адпусьціць куды! Бо ён калі ня ў шкоду ўлезе, дык калецтва сабе нейкае зробіць! Хто б з вас такое вытрымаў? Га?!”

“Замаўчы! — кажа Ларыса, — каму й на што ты скардзішся! Хіба яны зразумеюць!”

“Вось толькі ня трэба думаць, — закіпае Люда, — што вы тут такія незвычайныя. Ува ўсіх ёсьць дзеці!”

Уляна ня мае дзяцей, таму ўспрымае гэтую заяву як чарговы нізкі закід у ейны бок. За гэта яна абзывае абаіх Бойкаў камунякамі. Бо і Люда, і Юры былі ў партыі. Людміла нават два гады была парторгам у той сярэдняй школе, дзе выкладала мову.

У адказ Бойка нагадвае Ўляне, што яна таксама — камуністка, хоць і колішняя.

“Таму чыя б карова...”

Уляна не чакала такога ўдару. Яна ўжо даўно забылася на гэты факт.

“Дык я ж была вымушаная! — не здаецца яна. — Іначай я не абаранілася б!”

“Вось і маўчы!”

Але яна не маўчыць. “Не табе судзіць мяне!”

“Ня мне?”

“Не табе!”

“А каму? Можа, табе?”

“Так! Мне!”

“Ой! Можна падумаць!”

Самбур разводзіць партыйцаў. “Ня лайцеся, — кажа ён лагодна, — у чужой руцэ заўжды таўсьцейшы”. Ён можа дазволіць сабе такі жарт, бо ніколі ня меў партбілета. Але й гэта Алексу не ратуе. Ён атрымлівае за тое, што ставіў тэатралізаваныя дзеі да камсамольскіх нарадаў, канфэрэнцыяў і зьездаў. І тым услаўляў іхную банду. А гэта — нашмат горш, чым знаходзіцца фармальна ў шэрагах, а насамрэч быць у апазыцыі. Самбур ня толькі ім падыгрываў, але й гроб за гэта грошы. Як бульдозэр.

“Я? — вырачвае Самбур вочы. — Ды ў мяне прыстойнага гарнітуру ніколі не было!”

Когут, якога ўжо даўно зьбілі з панталыку, ня можа ўцяміць, пра што яны спрачаюцца, тутака разумее раптам праблему Самбура й раіць яму:

“О, ня мусіш хадзіць у дарагія крамы. Бо ў іншых месцах таксама абвя­шчаюць сэйлы (гэта такія распродажы), дзе можна выгадна што-небудзь купіць. А яшчэ ёсьць крама, якая дзейнічае ў чацьвер. Людзі зносяць туды старыя апранахі. А акрамя таго, ёсьць такія цэрквы, дзе ў піўніцах па суботах можна яшчэ таньней усё ўзяць. Бо гэта завецца дабрачыннасьць”.

“У піўных? Дзе гэткае ёсьць? — дзівяцца ўсе. — Ці ў царкве? У якой? Часам не ўва ўкраінскай?”

“Не, тут ёсьць усіх дэнамінацыяў, — тлумачыць Когут. — А ўкраінская знаходзіцца за якія тры гадзіны ад нас. Яна — досыць новая. Яе расьпісваў індус. Але ён, акрамя таго, ёсьць напалову кітайцам”.

Ад такога нечаканага павароту ўсе губляюцца й пераглядаюцца. Бойкавы дзяўчаты й тыя сьціхаюць.

А шчасьлівая кітаянка нясе ім гарбату й традыцыйныя рагалікі (ні марозіва, ні торт яны не замаўлялі). На пытаньне афіцыянткі, ці жадае спадарства яшчэ чаго-небудзь, Бойка просіць рахунак. Ён жадае разьлічыцца наперад і дастае наяўныя.

“Тут можна, — падказвае Когут, — і чэкам”.

“Лепей усё ж грашыма, — адказвае Бойка. — Яно неяк надзейней”.

“А можна — карткай, — настойвае Когут. — Крэдытнай або той, што ты грошы здымаеш”.

“Я ведаю, я ведаю, дзякую. Але наяўнымі, нібыта, прасьцей”.

“Бо карткай трэба за паслугі яшчэ дадатковы даляр”.

Пакуль бацька разьлічваецца, Раксалана з Аксанай цягнуць Ігара пад стол. Там яны падсоўваюць яму прыхаваны якраз на гэткі выпадак відэлец, бо хочуць, каб ён ім пабразгаў па посудзе.

“Але ты мог плаціць і чэкам”, — ня можа супакоіцца Когут і бярэ імбрычак. Да яго з-за сьпіны падкрадаецца Ігарэц. Ён заглядае доктару ў вочы і ўсьміхаецца.

“Хай!” — кажа Когут.

Ігар рагоча й датыкаецца да ягонай рукі відэльцам. Споўнены жаху Когут торгаецца, падскоквае й абварваецца кіпенем. Ён хапаецца за пахвіну, курчыцца, валіцца на крэсла.

“Што такое? — не разумее ніхто. — У чым справа?”

“Я меў гэтага досыць!” — шэпча абвараны Когут. Ён доўга ўздымаецца і на вачах перапалоханай рэстарацыі чыкільгае ў бок дзьвярэй.

9.

Ларыса лупцуе сына і сварыцца на мужыка, які яго не дагледзеў. Ігарэц не пратэстуе, толькі заплюшчвае вочы й торгае ручкамі. Бойкавы дзяўчаты схаваліся пад стол і рагочуць.

Бойка, ледзьве не абярнуўшы крэсла, бяжыць за Когутам. Ларыса робіць тое самае. Але першым доктара даганяе Самбур.

“Я зразумеў, — перахоплівае ён яго ўжо на выхадзе, — пра прадпрымальніцтва. Я цалкам згодны. І хацеў табе ў сувязі з гэтым канкрэтна прапанаваць штосьці”.

І задыханы Самбур у двух словах апісвае Когуту свой бізнэс-плян, як у хуткім часе стацца багатым. Для гэтага Когут павінен зьвесьці яго з кім-небудзь з рэктарату. Бо ў Самбура ёсьць вусныя паўнамоцтвы ад некалькіх бізнэсмэнаў адносна праекту макароннай фабрыкі. “Нам не патрэбныя ні маркетынгі, ні мэнэджмэнты. Вы нам дайце толькі грошы, даляры, а пра дэталі мы й самі паклапоцімся. У нас ёсьць усё — і памяшканьне, і мука, і тара, і ўпакоўка. Няма толькі капіталу. Калі вы нам дапаможаце, мы закупім факсы, кампутары, карацей, увесь інтэр’ер — і адразу ж вернем вам грошы. Клянуся! Ты толькі зьвядзі мяне з рэктарам. Або з прарэктарам па гаспадарчай рабоце. Бо гэта — ня жарты. Мы і сябе, і вас зробім мільянэрамі! За год! На макароне!“

“О, адчапіся ад мяне!” — вырываецца Когут.

Да іх падбягаюць Ларыса, Уляна й Бойка.

Кожны на свой лад кліча яго — “пане Юры!”, “Юрачка!” і нават “бацька!”

“Што, моцна апёкся? — трасе яго Бойка. — Я ведаю спосаб. Пайшлі ў прыбіральню...”

“Я не хачу! — абвяшчае Когут. — Мне абрыдла!”

“Ён не хацеў! — бароніць сына Ларыса. — Ён не разумее, што так нельга!”

“Вы ўсе таго не разумееце! — ужо з-за дзьвярэй выносіць ім вырак доктар Когут. — І гэта ёсьць у вашай культуры. Як асаблівасьць коду. Бо за словамі ў вас стаіць ня тое, што ў нас!”

“Як гэта? — госьці зьдзіўленыя. — Чым гэта мы цябе абразілі?”

“Не аб тым ідзе!”

“Хто ідзе? Дзе? — яны атачаюць яго з усіх бакоў. — Патлумач!”

Когут глядзіць у амэрыканскае нізкае неба, бачыць, як самалёты разрываюць сузор’і, але замест прыкладаў загадкавасьці коду згадвае сваё цяжкое маленства. І ўсе пачынаюць разумець, чаму ён гэтак спудзіўся Ігаравага відэльца. Бо ягоная сям’я жыла цяжка. Бацькі-эмігранты працавалі і ў будні, і ў сьвяты. Апраналіся сьціпла, за сталом не выбандалі, зьядалі ўсё, што было ў паўміску. Неяк малы Юрасік (а ён не любіў ні храсткоў, ні тлушчу) па­спрабаваў выкінуць пад стол кавалачак сала. Бацька заўважыў гэта і ледзьве не раструшчыў яму руку відэльцам. Каб ведаў. Затое ўсе дзеці атрымалі пасьля вышэйшую адукацыю.

“А мы тут пры чым?” — ня бачаць сувязі госьці.

“Бо вы лічыце, што ўсё ў Амэрыцы робіцца задарма. І што ўсе павінны з вамі цацкацца. Ні ўдзячнасьці не дачакаеш ад вас, ні дапамогі!”

“Як так? Ды мы... Ды я... — б’е сябе ў грудзі кожны. — Заўжды радыя дапамагчы. З апошніх сілаў. З поўнай удзячнасьцю. А тое, што мы разьлічваем на тваю ласку, дык ты сам нібыта абяцаў. Калі б ты не казаў тады — без пытаньняў. Мы не прэтэндуем. Бо не — дык не! Але чым мы табе, то бок канкрэтна хто й калі не дагадзіў?”

Усе чакаюць тлумачэньняў. З называньнем імёнаў і зрываньнем масак. І, наваліўшыся, выціскаюць з загнанага ў кут Когута ўсе ягоныя крыўды ды абразы.

І дазнаюцца, што, напрыклад, Людміла ведала, што ейныя дзяўчаты зламалі гаспадарскі батут, але зваліла ўсё на суседзкіх дзяцей. Але тут так ня робіцца! Бо Когуціха бачыла ўсё праз акно, калі займалася на трэнажорах.

Бойка, якому ён зладзіў выступ ва ўнівэрсытэце, прачытаў там свой стандартны патрыятычны тэкст, разьлічаны на дыяспару. Праз што пайшлі чуткі, нібыта ён, Когут, разьвёў у сябе на катэдры галушкавы антысэмітызм. А гэта ўжо ня подласьць, а злачынства! Бо Когут, каб узначаліць катэдру, вымушаны быў перабудаваць увесь свой славістычны кагал. Друкуйся або прападай! — такі закон акадэмічных джунгляў. А хто ж яго пасьля такога будзе друкаваць?!

Уляна таксама вінаватая. Бо, ведаючы мову, не захацела дапамагчы яму перакладаць найноўшую прозу. (Когут, праўда, яе не прасіў, але яна сама мусіла здагадацца.) Акрамя таго, выступаючы ў Нью-Ёрку, яна не згадала яго ў сьпісе дабрачынцаў. (Когут ня чуў прамовы, але яму ўвечары пра ўсё распавялі па тэлефоне.) І ён абразіўся.

“Бо ў нас прынята дзякаваць. Гэта ёсьць амэрыканскай сыстэмай”.

Віна Самбура (а перад ім Когут раскрыўся больш, чым перад кім іншым) — у тым, што ён не ацаніў разнастайнасьці духоўнага сьвету Когута (доктар і малюе, і складае музыку, і піша контравэрсійныя вершы ў прозе).

Ларыса Кравец таксама не бязгрэшная. Некалі яна, стоячы ў супэрмаркеце, рабіла выгляд, што ня бачыць Когута.

“Я таго не разумею, — абураецца ён, — што гэта ўсё азначае ў вашай культуры? Гэта, напэўна, ёсьць знак, але знак чаго?”

“Калі я рабіла выгляд? — ажно прысядае Ларыса. — У якім супэрмаркеце гэта было?”

Іншыя таксама адзін перад адным гучна апраўдваюцца.

“Але я ўжо меў таго дастаткова! — спыняе іх Когут. — Прашу звольніць мяне! Дабранач!” І ён, увесь пры сваіх абразах, раскірэчыўшы ногі, дыбае на стаянку.

Юбіляр з гасьцямі сочаць за ім, покуль ён не сядае ў сваю “мазду”. Потым усе вяртаюцца за стол.

“Вось табе, бабулька, і Юраў дзень! Усё! Накрылася наша Амэрыка! — страшаць яны сябе. — Цяпер ён нам пакажа. І курсы, і візы, і запрашэньні”.

10.

Над сталом вісіць густая журба. Кожны, як-ніяк, на нешта ціхенька разьлічваў. “Чаму мы гэткія нешчасьлівыя? — хочуць ведаць усе. — Можа, гэта нейкае нацыянальнае пракляцьце?”

Бойка іх супакойвае. “Што вы, далібог, містыку тут наганяеце! Як маскалі! “Пракляціе!” “Умом не паняць!” Усё мае свае аб’ектыўныя прычыны. Стагодзьдзі чужынскага панаваньня, прыгон, безьдзяржаўнасьць, адсутнасьць сваёй эліты — вам што, гэтага замала? Яны, гэтыя чыньнікі, і выпрацавалі ў нас пэўны погляд на сьвет, модус паводзінаў і спосабы абароны. Усё гэта ўкладаецца ў каляніяльны сындром. Палова сьвету ад яго пакутуе”.

Такая навіна дадае ўсім упэўненасьці й бадзёрасьці. Зьяўляецца ўсьведамленьне, што гэта ня мы ад яго, а ён ад нас залежыць. Бо мы яму больш па­трэбныя, чым ён нам. Іначай ён бы нас не выпісваў. Дый гэта — не канец сьвету. Пражывем і без ЗэШэА. Вось будзе свая цьвёрдая валюта — усё адразу зьменіцца. На тое ў нас і незалежнасьць.

“Пярцоўка”, якую выцягвае Самбур, яшчэ больш узмацняе пачуцьцё задавальненьня. Па-братэрску разьліваюць гарэлку ў кубкі і ўздымаюць тост за Бойкавы сорак.

“Ну не! — крычыць юбіляр. — Мы ўжо за гэта пілі! Давайце за жанчын!”

Жанчыны ня супраць, але Люда хацела б выпіць асобна за ўсіх нас. Каб нам заўжды і скрозь добра было. Нам і нашым дзецям.

Усе згодныя. А паколькі гарэлкі болей не прадбачыцца, усе тры тосты складаюцца ў адзін. Мужыкі п’юць да дна й стоячы, па-гусарску, так, каб рука ад пазногцяў да локця ішла паралельна падлозе.

На закуску абгаворваюць Когута. (Бойка прапанаваў быў што-небудзь яшчэ замовіць, але без барацьбы даў сябе адгаварыць.)

Уляна лічыць, што Когут — геній банальнасьці.

“А вось я не разумею яго, — кажа Людміла. — Ён часам нешта як ляпне... Ці ён наўмысна гаворыць загадкамі?”

Ёй тлумачаць, што гэта ў яго, відаць, — ад няўпэўненасьці. Або ад таго, што зь яго ўсе зьдзекаваліся. У школе ж, напэўна. За тое, што ён — сын эмігрантаў. Як у нас гарадзкія — зь дзярэўні. Дзеці — усе жорсткія. Дый потым, аж пакуль ён не абараніўся й не адваяваў сабе пасаду. Гэта ў нас усё проста. Уступіў у партыю, і ўжо табе скрозь зялёнае сьвятло. А ім як? Ні партыі, ні гэбэ, ні камсамолу... Вось ён цяпер і зьдзекуецца з нас. Бо на кім яму яшчэ паказваць сваю вышэйшасьць?!

Не абмінаюць і сямейнае жыцьцё Когута. Чаму ягоная жонка заўжды за кадрам? Жыве ён зь ёй ці не? Можа, ён гомік?

Самбур кажа, што, калі яны сядзяць у саўне, доктар хоць скоса, хоць раз, але заўжды зірне яму т у д ы.

“Куды? Куды?” — Кравец з Бойкам робяць выгляд, што не зразумелі.

Людміла гоніць дачок да акварыюма з залатымі рыбкамі.

“Гэта ён дасьледуе цябе, — кпяць мужыкі, — хоча ведаць, абрэзаны ты ці не. Га, Лёша, адкрыйся нам”.

“Проста тут?”

Адсьмяяўшыся, усе, не трымаючы злосьці, аддаюць належнае Когуту. Бо, калі б ня ён, ні Бойкі, ні Самбур тут не сядзелі б. Дый Уляна, калі б у дзевяностым годзе не пазнаёмілася зь ім у Кіеве, дык невядома, ці выйшла б калі-небудзь на міжнародную арбіту. Наш Когут — гэта ўсё-такі постаць. Яго нездарма ведаюць і па-за ўкраінскімі коламі.

Высьветліўшы ўсё з Когутам, крытыкуюць Амэрыку. За тое, што тут няма сапраўднага хлеба. І паляніца — як гумовая. І кавуны — хоць цэлы год, але які яны маюць смак! У жніўні кавуны трэба есьці! Або ў верасьні. У скрайнім выпадку — у кастрычніку. Але каб у сакавіку ці ў траўні... У гэтым ёсьць нешта ненатуральнае.

“Мы, — распавядае Люда, — ямо толькі тое, што самі згатуем. Дранікі, яечню, мясное, сырнікі. Без амараў не пакутуем. І хіміяй сябе ў іхных “макдональдах” ня труцім”.

Усе адзначаюць, што вопратка тут ёсьць. Але што цікава! На які цэтлік ні зірні — скрозь “мэйд ін чына”. Абутак, посуд, цацкі, канцтавары — усё для іх робяць кітайцы. А так, каб самі, ды шчэ й рукамі, яны і не жадаюць, і ня ўмеюць. А, напрыклад, Людміліна швагерка такія вяжа швэдры, што і ў салёнах ня знойдзеш!

Чуюцца трапныя назіраньні, краіназнаўчыя заўвагі, аналіз як сацыя-, так і культуралягічных зьяваў. Выснова адна: гэта — вельмі дзіўная краіна. Бо тут дзяцей змалку вучаць быць дарослымі, а пасьля, калі падрастуць, вымушаюць дзяцінець. Даюць ім такую колькасьць правоў і свабодаў, што заблытваюць, даводзяць да перанасычанасьці й зьвіху.

“Ну навошта тут кожнаму гэтулькі розных крэдытных картак? Маеш адну — і хопіць! Купляй, карыстайся, пазычай! Не, ім усё мала!”

А гісторыя вучыць, што усякае надмернае выбанданьне вядзе да вар’яцтва, да вычварэньняў. І ледзьве цывілізацыя дасягае піку, адкуль-небудзь абавязкова налятае арда й каменя на камені не пакідае ад усяе дасканаласьці.

“Так! — кожны з прысутных наганяе патроху жуды. — Яны даскачуцца! Пускаюць да сябе ўсіх — чорных, блакітных, касавокіх. А потым дзівяцца, чаго іх трасе. І карачун (я вам кажу!) ім будзе зусім не адтуль, адкуль яны яго чакаюць. Гэта можа быць азонавая дзірка, віхор або землятрус. Але ён накрые іх неспадзявана і з галавой. Бо яны — зусім незагартаваныя. Ня тое, што мы. Яны супраць нас — падлеткі. І нам ёсьць што ім сказаць. Бо наш досьвед, ён — людзкі. А ў іх усё на тэхніцы. Якая заўжды можа гэпнуцца”.

Ад такой высновы ўсе супакойваюцца. Хтосьці ў думках зьбіраецца дахаты. Уляна з гонарам абвяшчае, што страшэнна засумавала па ўкраінскай мове. Нават па той абрыдлай ды тройчы клятай трасянцы.

Людміла плачацца, што гэта ж ёй цяпер трэба будзе даваць завучу хабар (а яна ж такая недасьведчаная!). Бо з Раксаланай праблемаў ня будзе (яна ўсю праграму першай клясы ў шэсьць год вывучыла). А Аксана праз гэтую Амэрыку дзьве чвэрці прапусьціла. Ці возьмуць яе ў шостую клясу? А калі не захочуць, дык колькі даць — пяцьдзесят даляраў ці сто? І якімі купюрамі? Запхаць грошы ў пушку з парфумай ці пакласьці ў капэрту? І як усё гэта абставіць?

Згадваюць часы, калі даляр быў забаронены. І што тады было на прылаўках. Зэфір хоць белы, хоць ружовы, сырковая маса з разынкамі, масла простае й чакаляднае, каўбасны сыр, перац рэзаны.

А якія цукеркі некалі спакойна ляжалі! І “белачка”, і “мішкі ў сасновым бары”, і “тузік”, і “а ну-ка атнімі”.

Мужыкі да капейкі згадваюць тагачасныя цэны на віно й гарэлку. “Бія­міцын” за руп дваццаць дзьве, “кісьляк” па семдзесят сем, “чарніла” за нуль дзевяноста сем, “рубін”, “іршаўскае”, “рымніцкае”, “санцадар” (усе — з паведамленьнем цэнаў і градусаў). Нават тыя, хто не засьпеў “санцадару” й “тузіка”, памятаюць, што некалі на рубель можна было купіць у колькі разоў болей, чым тут на даляр. Супольныя ўспаміны яднаюць.

“Усё ж было! І якой якасьці! — цмокаюць усе. — У нас такая зямля й такі клімат, што мы маглі б быць найсыцейшым народам у Эўропе. А можа, і ў сьвеце”.

З-за недахопу закускі надломваюць свае рагалікі й здабываюць устаўленыя ў іх паперкі. Чытаюць, што каму зь іх прадказалі кітайцы, і супастаўляюць шчасьлівыя лічбы. Нехта дазнаецца, што новы ўбор зьменіць ягонае жыцьцё. А нехта — што галоўнай рысай уласнага характару зьяўляецца паяднаньне лёгкага нораву з глыбінёй здабытых ведаў. Для некага ўдалыя лічбы — сорак шэсьць і пяць, а для некага — трыццаць два і восем.

Дамаўляюцца штотыдня ў каго-небудзь зьбірацца. На гарбату й тое, што да гарбаты. Пагутарыць свой са сваім. Бо хто ж яшчэ зразумее нас!

Дзеці таксама маюць рагалікі й хочуць ведаць усю праўду пра сябе, разам са шчасьлівымі лічбамі. Аксана за гэтыя тры месяцы вывучыла ангельскую лепей, чым ейны бацька за ўсё сваё папярэдняе жыцьцё.

Вось чаму (раптам разумеюць усе) мы дагэтуль ня мелі дзяржавы. Бо кожны сядзеў у сваёй нары й марыў, каб у суседа карова здохла. А трэ было наадварот. Калі нехта табе жадае благога, даруй яму гэта, бо, хто ведае, можа гэта ён — ад няпэўнасьці, ад таго, што сам баіцца сябе. Даруй таму, хто чакае ад цябе хабару. І таму, хто ў палоне нянавісьці сурочыў тваё дзіця. Або заганяе цябе ў партыю. Даруй і прытулі. Бо ўсе яны — нашыя людзі. І тады мы пабачым, як нас многа! Ня меней за габрэяў. Дарэчы, Когут казаў некалі, што Ўолт Дыснэй — таксама ўкраінец.

“А чаму ваш Ігар, — падбягае да Ларысы Аксана, — адбірае ў нас печыва?!”

“Сынку! Ідзі сюды! Не чапай! Аддай!” — загадвае Ларыса сыну.

“Ён яго крышыць!”

“Гэта ён ненаўмысна. Ён болей ня будзе! Ігару!”

“Скажыце, калі ласка, яму, што гэта — мой рагалік. У яго ж ёсьць свой!”

“На жаль, ён гэтага не разумее”.

“А вы яму скажыце!”

“Аксана! — умешваецца Людміла . — Не чапай ты яго! На, вазьмі мой!”

“Мама! — скардзіцца Раксалана . — Я не хачу сядзець поруч зь ім!”

Самбур рукой кудлаціць Ігараў чуб. “Гэта ён, мабыць, так заляцаецца да дзяўчат. Колькі яму? Сем? Ну, даўно пара! Так я кажу? — глядзіць ён Ігару ў вочы. — Ты хто ў нас? Казак?”

Але з казака ірвуцца жывёльныя выгукі. З таго, як яго круціць, зразумела, што ён сваім целам не кіруе.

Уляна прыгаломшаная. “Што зь ім?”

Пакуль Ларыса тлумачыць, Людміла ціхенька распавядае Самбуру, што хлопчыка нехта сурочыў.

“І чым вы яго лечыце?” — пытае Ўляна.

“Гэта ня лечыцца”, — адказвае Ларыса.

“Чаму? Гэта ў нас ня лечыцца, а вось у Францыі, я чула, ужо знайшлі спосаб, як з гэтым змагацца”. І Ўляна распавядае, што, згодна з францускімі дадзенымі, хворыя на аўтызм дзеці ўвесь час чуюць гоман. І шум кожнага зь іх мае асобную частату. Таму на іх надзяваюць навушнікі, на генэратарах падбіраюць патрэбную частату і здымаюць шум. Пасьля гэтага ўсе яны пачынаюць успрымаць сьвет.

“Вам у Францыю зь ім трэба зьезьдзіць”, — прапануе Ўляна.

Кравец на гэта ёй кажа, што ў колішнім Саюзе таксама дастаткова псыхолягаў (ленінградзкая школа, напрыклад), якія досыць арыгінальна працуюць з такімі дзецьмі. Ня ўсе, а псыхолягі-энтузіясты, якім не давалі пры камуністах раскрыць свае новыя нетрадыцыйныя мэтады. На выходныя гэтыя звычайна маладыя навукоўцы вывозяць гэткіх дзяцей за горад на электрычках, у поле ці ў лес, каб яны там, у балоце, у соплях, на сіберы, мокрыя, але задаволеныя, спазнавалі навакольны сьвет. Бо не заўжды для гэтага ёсьць апаратура.

Уляна ня любіць, калі зь ёй спрачаюцца, і цісьне на Краўцоў, каб тыя зараз жа ляцелі ў Францыю. “Вы ж тут працуеце. Выкладзіце пару тысячаў. Хіба на здароўі можна эканоміць?!”

Ларыса не пасьпявае адказаць, яе спыняе дзіцячы гвалт.

“Мама! — вішчыць Раксалана. — Ён ізноў! Яшчэ й крышыць! Ану аддай! Гэта — маё! Ды што такое-е-е!”

Мабыць, яна ўбрыкнула Ігара пад сталом, бо ён аж выгнуўся ад болю. Праўда, сьлёзы паплылі не адразу, а толькі як мінуўся шок. Бо абы з чаго ён ня плача. Толькі калі ўжо няма як трываць.

11.

“Ну, што цяпер? — абяртаецца Ларыса. — Што табе зараз ня так?”

“Гэта — ня я! Ён — сам!” — Рокся хаваецца за маці.

“Я таксама яго не чапала!” — крычыць Аксана.

“Можа, яму не туды пайшло?” выключае Бойка.

“Аксана, — загадвае маці, — а ну хадзі сюды!”

Раксалана, пабачыўшы, што Кравец пад сталом мацае сынаву нагу, б’е Ігара кулачком па шчацэ.

Але Кравец заўважае гэта і, больш за тое, ловіць яе за руку.

“Гэй, асьцярожней!” — папярэджвае Людміла Краўца.

“Зь дзецьмі заўжды праблемы, — падсоўваецца Бойка да малодшай дачкі. — Таму я ў гэта ня ўмешваюся”.

“Я бачыў! — Кравец паказвае чырвоным ад гневу пальцам на Роксю. — Навошта ты біла Ігара? Ён жа цябе не чапаў!”

“Ён у яе адабраў рагалік! — тлумачыць Бойка Краўцу. — І раскрышыў яго! А гэта — тое самае, што калі б я прыйшоў да цябе і зламаў... ну... хоць бы... твой кампутар! Га? Добра б табе было?”

“Ды ён да яе не даткнуўся!” — трасе кулакамі Кравец.

Спалоханы, заліты сьлязьмі Ігар раве й выкручваецца.

“Забярыце яго! — патрабуе Людміла. — І трымайце дзе-небудзь каля сябе. Чаму ўсе павінны ведаць пра вашую праблему?! Калі ён у вас дзікі і б’е дзяцей, дык сядзіце зь ім дома. Або наймайце гувэрнантку!”

“Пайшлі адсюль! — плача Ларыса. — Я ж казала: адзін ідзі! Не! Табе трэ было ўсіх цягнуць!”

“Не крычы на мяне! — сыкае Кравец. — Я хацеў як лепей. Каб ты разьвеялася”.

“Яшчэ трохі — і я звар’яцею!”

“Хопіць! Я тут пры чым? У мяне і так няма жыцьця!”

“Што ж тады мне казаць? Ты хоць на працу ходзіш!”

“Калі б я не працаваў, дзе б мы былі зараз! Не забывайся, дзякуючы каму мы тут!”

“Я... — рыдае Ларыса, — ты... Ігар...” А далей — не разабраць.

Усім робіцца ніякавата. Люда першая не вытрымлівае маўчанкі й кажа, што трэба ім яшчэ нарадзіць дзіця. Але гэтым разам — нармальнае. Тады ўсё стане на свае месцы.

“Як у цябе гэта проста! — ажно торгаецца Ўляна. — Але жыцьцё жанчыны не абмяжоўваецца дзетанараджальнай функцыяй”.

“А табе што?! — адмахваецца Люда. — Ня хочаш — не нараджай!”

Юбіляр кідаецца між жанчынамі й тлумачыць Уляне, што ў дзяцей свая псыхалёгія.

“Гэта як табе, напрыклад, напісаць раман, а пасьля нехта прыйшоў бы і пры табе парваў яго. Адзіны асобнік!”

Але, насуперак прымірэнчым Бойкавым інтанацыям, дух міжусобіцы й раздраю выходзіць па-за вузкую дзіцячую тэму й ахоплівае ўсіх. На паверхню выплываюць усе крывыя словы й погляды, якімі хтосьці кагосьці калісьці. Ніхто ня хоча стрымлівацца, і дзеці, паразяўляўшы раты, глытаюць новыя выразы.

Бойку вінавацяць у тым, што ён падхалім, бо зграбае Когуту лістоту. Уляну — што паклала вока на доктара й перадком прабівае сабе чарговую Амэрыку. Самбура — што ён, як гліст, бяз мыла лезе ў кожную шчыліну. Краўцоў — што, маючы машыну, ніводнага разу не павезьлі нікога зь землякоў на прыроду.

“А вы падпаўзіце да свайго дабрадзея, — шчэрыцца Кравец, — няхай ён вас звозіць. А то вы яму падстаўляецеся, а ён вам — не”.

“Гэта яшчэ невядома, — мудра ўсьміхаецца Бойка, — хто тут каго выкарыстоўвае. Бо я кажу яму адно, раблю іншае, а што пры гэтым думаю, гэтага ні ён, ні ты знаць ня можаце. І ніколі не дазнаецеся!”

“І пра мяне таксама!” — выхваляюцца й іншыя.

“Але, — абяцае Ўляна, — вось я выпішу яго ў сваім рамане, тады ён па­круціцца. І ня ён адзін!”

Самбур разваяваўся так, што пры ўсіх дае зарок паслаць Когута на тры літары.

“Ня трэба! — просяць яго. — не зразумеюць!”

“Не, трэба! Як акт крайняга вызваленьня!”

Кравец шкадуе, што так абразіў жонку і, пакуль землякі падколваюць Самбура, спрабуе суцешыць Ларысу.

“Нічога, — шэпча ён ёй на вуха. — Усё ня так дрэнна. Затое мы тут. А памятаеш, тая жанчына з Луцку, што яна сказала табе? Памятаеш? Што трэба верыць, і ўсё мінецца”.

“Лёгка ёй казаць — верыць! — Ларыса выцірае сурвэткай вочы. — Калі на гэта няма ніякіх падставаў. Ён пазабываўся ўсё, што ведаў у два гады! Як тут паверыш? І яна гэта ня толькі мне казала, але й табе!”

“Але ж я працую! Я на працы ўвесь дзень! Гэта ж ты зь ім сядзіш!”

Ягоныя апошнія, шэптам сказаныя словы чуюць усе, бо ўжо колькі сэкундаў ніхто не варушыцца. Кравец падымае галаву й заўважае, што Ігара за сталом няма.

“Дзе ён? — хрыпіць Кравец. — Куды ён падзеўся?”

Павярнуўшыся, бачыць леваруч доктара Когута. Толькі цяпер замест гарнітуру на ім жоўта-чырвоныя шорты і швэдар.

Ніхто не насьмельваецца ні ўдыхнуць, ні выдыхнуць. Бо хто ведае, пачуў Когут нешта ці не? А калі пачуў, дык колькі? І, галоўнае, што з гэтага ён зразумеў?

Ларыса, нарэшце, знаходзіць вачыма сына. Ён стаіць у канцы праходу, каля дзьвярэй на кухню. Перад ім на каленях — тая самая прыязная маладая кітаянка, што абслугоўвае іх. Яна прыціскае Ігара да сябе й нешта яму кажа. Ларысе здаецца, што Ігар не маўчыць, а адказвае ёй.

“Ня можа быць!” — замірае Ларыса.

Когут, ня вытрымаўшы дзікіх поглядаў, што прыкіпелі да ягонага плямістага ўбору, нязграбна разводзіць рукамі.

“Я заўжды ў сваім аўто маю зьменную вопратку, — тлумачыць ён. — Тут — ня тое, што ў вас. У нас у рэстарацыю можна і ў шортах хадзіць. Бо гэта вольная краіна”.

Пераклаў Андрэй Скурко паводле

Володимир Діброва. Збіговиська. — Київ: Критика, 1999.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Дзень нараджэньня


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.