Нож

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Нож. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Вук Драшкавiч

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №1 2000 ГОД


Вук Драшкавiч (нар. 1946) — з адукацыi юрыст, пасьля журналiст, пiсьменьнiк-дысыдэнт. Цяпер лiдэр памяркоўна-нацыяналiстычнай апазыцыi, Сэрбскага Руху Аднаўленьня. Перад вамi першы разьдзел яго раману „Нож" (1982), эпiчны зачын твору. Далей дзея разьвiваецца ўжо праз шмат гадоў, у сацыялiстычнай Югаславii. Галоўны герой, басьняк-мусульманiн Алiя Асманавiч праходзiць доўгi шлях да самапазнаньня, то бо ўсьведамленьня сваёй сэрбскасьцi. Раман трохi падобны да памфлету з эмацыйным пералiчэньнем „гiстарычных крыўдаў" i „крыўдзiцеляў" сэрбскага народу. Для многiх сэрбаў гэты мастацкi твор стаў „гiстарычным" падмацаваньнем права на зьвядзеньне рахункаў з суседзямi, моцна паспрыяўшы ўздыму шавiнiзму. Дабро ў рамане, безумоўна, толькi на адным баку, а ўсё зло сканцэнтравана на другiм. Наратар iснуе ў мiталягiчнай прасторы герояў сэрбскага гiстарычнага эпасу. Час спынiўся — там заўсёды прысутнiчае Косава, дзейнiчаюць Абiлiчы й Бранкавiчы, а сьвет падзелены на „сваiх" i „ворагаў". Ёсьць абсалютныя ворагi - туркi, альбанцы, швабы, зь iмi ня можа быць кампрамiсу. У стаўленьні да народаў-суседзяў аўтар кіруецца прынцыпам „Каiн-Абэль" — усе яны або заблукалi, або здрадзiлi братам-сэрбам. Славяне-каталiкi цi славяне-мусульмане — iстоты, сапсаваныя чужымi ўплывамi, якiх трэба „выправiць", то бо вярнуць у сэрбскае ўлоньне, а сэрбаў, сапраўдных славянаў, абраны Богам чысты i пакутны народ, акружае нянавiсьць i здрада.

Прысьвячаецца старому Вукашыну зь вёскi Клепац у Герцэговiне.
Калi ўсташоўскi кат у Ясэнаўцы1 адсёк яму вуха, Вукашын са спакоем сьвятога адказаў: „А ты, сыне, рабi сваю працу!“ Калi ўсташ адарваў яму i другое вуха, а потым нос, i калi яму i вочы выбраў, атрымаў ад старога той самы адказ: „А ты, сыне, рабi сваю працу!“

Згарэлая зямля, як шнар на дне душы,
Забылiся аб ёй багi ў сваiм паходзе,
Яна жыве i змагаецца,
каб яе крынiцы не перасохлi,
Крумкач цiкуе над хлявом, iзноў чуючы нягоды,
Згарэлая зямля, як шнар на дне душы!

(Мiлiмiр Мiлошавiч.
„У краiне Герцэговiнскай“)

Паганятыя валоў, самотнiкi!
Летуценьнiкi, гаротнiкi!
Цяжка нам памiж вамi,
Ад зла чакаючы дабра!

(Надпiс на адным з прыдарожных
памятных знакаў паблiзу Гацка)

Адна за адною запальваюцца ў вёсцы газоўкi. Зь цiшынi i змроку вынырваюць слаба асьветленыя i заледзянелыя вакенцы, больш падобныя да мiгатлiвых i мутных лiхтарыкаў.

Узялося на мароз, вецер сьвiшча, анi сьледу ад сьцежкi, пратаптанай учора ў сьнезе. Нiчога не чуваць. Анi кот ня мяўкне, анi сабака не забрэша, анi чалавек не загаворыць.

Толькi мiргаюць газоўкi, i здаецца, што на ўзгорыстай белi параскiданыя сьветлякi альбо пэрлiны. Колькi сьветлякоў — столькi й хатаў у вёсцы, ды толькi хто схоча пералiчваць iх у такую страшную замець?

З аднаго боку вёскi ўздымаюцца стромкiя скалы: у цiхую ноч яны гудуць, у iх адбiваюцца рэхам выцьцё ваўкоў i галасы людзей. Але гэтым ранкам чуваць адно завiруху, яна перакрывае ўсё, i першых пеўнiкаў чуе толькi вецер.

Дый Нэрэтва, якая звычайна шумiць у цясьнiне, нiбы спынiлася й прыцiхла: не чуваць анi як падаюць гурбкi сьнегу ў ваду, анi шолаху дрэваў на беразе.

Днее, i з боку Вучава i Зэленгоры разьлiваецца на небе чырвань.

Серада, 7 студзеня 1942 году.

У хаце двох братоў, старога пратапопа Нiчыфара й дзеда Станоі Югавiчаў, за вялiкаю софраю2 сабралiся ўсе шаснаццаць дамачадцаў. У галаве стала, як належыць па ягоных гадох i старшынстве, хударлявы й кашчавы пратапоп Нiчыфар. У мiнулым месяцы яму споўнiлася семдзесят дзевяць гадоў. „Пагнаў восьмы дзясятак“, — казаў ён жартам сваякам i суседзям.

Пратапоп, адзiн зь нямногiх пiсьменных людзей у блiзкім навакольлi, быў чалавекам моцнага здароўя, меў востры розум, шмат чаго перажыў у жыцьцi, i памяць ягоная сягала далёка. У такiя ночы запрашалi яго па вёсках, садзiлi на пачэснае месца й першым частавалi.

Нават жанчыны й дзецi годзе ўжо былi балбатаць, цапы вязаць i пляткарыць па кутох, калi пратапоп пачынаў аб нечым распавядаць альбо браў у рукi гуслы3 i, падмазаўшы смык ладанам, прыплюшчваў вочы, падымаў правае брыво, закiдваў галаву i, даючы волю голасу, пачынаў сьпяваць.

I сьпяваў, i распавядаў ён роўна спрытна й цiкава. Зважаў на тое, каб не паўтарацца, заўсёды казаў нешта новае, а калi да яго чаплялiся, каб iзноў апавёў ён тое, што ўжо чулi, рабiў гэта iншымi словамi, у iншай пасьлядоўнасьцi, з новымi падрабязнасьцямi, i выглядала гэта як новы аповед i зусiм новая прыгода.

Калi выбухнула Нэвэсiнскае паўстаньне4, пратапопу мiнуў чатырнаццаты год, а калi пала Турцыя й парадным крокам, з барабанамi, увайшлi ў Герцэговiну аўстрыйскiя жаўнеры5, быў ён ужо хлопцам, здатным для жанiцьбы. Расказваў, што ў тыя даўнiя й смутныя часы хату ягонага бацькi Божыдара наведвалi Васа Пэлагiч, Мiца Любiбрацiч, а таксама князь i сьвятар Богдан Зiмонiч6 з Гацка. Зазiрнуў аднойчы, мiмаходзь, i Пэтар Мрконiч, унук Караджорджы й будучы кароль Сэрбii7.

Ведаў пратапоп i Нэдэльку Чабрынавiча8: пазнаёмiў iх у Трэбiнi пратапоп Парэжанiн, за паўгода якраз перад тым, як у Сараеве, на бульвары побач зь Мiляцкай вулiцай, Чабрынавiч кiнуў бомбу ў аўстрыйскага эрцгерцага Франца-Фэрдынанда.

Часта гаварыў ён пра гэтую ды iншыя падзеi, маляўнiча апiсваў, хто й як быў апрануты, як выглядаў i што каму казаў. Слухачы ягоныя сядзелi разявiўшы рот i стрымаўшы подых. I каб у гэты момант якое дзiця раптам пачало сьмяяцца цi плакаць, добра б яму папала ад бацькоў.

Памятаў ён i адсочваў у глыбi стагодзьдзяў шмат розных рэчаў i падзеяў, пачынаючы ад звычаяў, якiя панавалi ў гады ягонай маладосьцi, i аж да сямейных радаводаў ды гiсторыi паўстаньня вёсак. Калi нехта ў Югавiчах альбо ў навакольлi хацеў ажанiцца, пратапопу досыць было толькi даведацца, хто бацькi маладой, каб адразу прыгадаць увесь род i па бацькоўскай, i па матчынай лiнii на сто гадоў таму, а часта й да самога Косава9. Пра заснаваньне вёсак, пра паходжаньне сем’яў у iхным павеце, ды шырэй, па ўсёй Герцэговiне, вёў пратапоп i нейкiя свае нататкi, але невядома, наколькi дакладна i рэгулярна.

Запрашалi яго й цанiлi далёка за Югавiчамi. Перад вайною клiкалi пратапопа нават у Стоц, Фочу, Калiновiк i Нэвэсiне, каб ахрысьцiў дзяцей i завязаў новыя кумоўствы. У першыя гады пасьля распаду Аўстрыi і паўстаньня Югаславii10 дзеля кумоўства й пабрацiмства часта запрашалi яго землякi i мусульманскае, i каталiцкае веры, i рабiлi гэта бяз страху, што за iмi будуць потым шпегаваць з Мостару, Сараева, Рыму цi Стамбулу, як гэта было ў турэцкiя цi швабскiя11 часiны. Але паступова гэтых запрашэньняў рабiлася ўсё меней, а пачынаючы з гэтае вясны, калi ня стала Югаславii й стварылi Незалежную Дзяржаву Харватыю12, яны і ўвогуле зьвялiся. Прыйшлi новыя кепскiя часы, i стары Нiчыфар у свой нататнiк, якi хаваў пад падушкаю, замест новых сваяцкiх повязяў, заносiў цяпер зацемкi пра братнія магілы, панажоўшчыну й разьню.

На ўвесь сьвет было абвешчана, што iтальянцы й немцы зруйнавалi Югаславiю. Але пратапоп, тымчасам, у самiх Югавiчах i вакол iх за ўсе дзевяць месяцаў, як iшла вайна, ня бачыў яшчэ нiводнага чалавека ў швабскай альбо iтальянскай форме. Чуў ён, што ёсьць яны ў гарадох, але ж i там не было iх так шмат, каб сьцьвярджаць, што менавiта яны трымалi Герцэговiну на каленях у страху. Рабiла гэта, сьпiсваючы ўсе грахi свае на немцаў ды iтальянцаў, iншае войска, тое, якое — куды б ня рушыла — пакiдала за сабою руiны i крывавыя сьляды.

„Нашае галоўнае няшчасьце ў тым, здаецца, што нашыя найбольшыя ворагi гавораць з намi адною моваю“, — запiсаў сабе ў нататнiк колькi дзён таму пратапоп Нiчыфар.

Пратапоп ня меў дзяцей, ягоная жонка маладою памерла ад сухотаў, а ў яго зь цягам часу прайшло жаданьне новага шлюбу й пачатку. Неадданую бацькоўскую любоў замянiў ён частымi вандроўкамi, новымi знаёмствамi й цiкавымi размовамi, а ўвагу й клопаты, якiмi калiсьцi хацеў адарыць сваiх нашчадкаў, перанёс на дзяцей брата Станоi, зь сям’ёю якога жыў разам i ў згодзе, без анiводнага горкага слова альбо дакорлiвага погляду. Станоя быў маладзейшы ад пратапопа на тры гады, але — мо таму, што быў задышлiвы й згорблены, — выглядаў на старэйшага. Гэтай ранiцай, за софраю, сядзiць ён праваруч ад пратапопа Нiчыфара. Побач са Станоем — ягоны старэйшы сын Страхiня, каля Нiчыфара — малодшы Драгiша. Сярэднi, Радаван, памёр ад кохлiку ў два годзiкi.

Страхiня i Драгiша — яшчэ дужыя мужыкi, хаця абодвум ужо за пяцьдзясят, таму i не было iх у сьпiсах тых, каго палiчылi досыць спрытным i моцным, каб баранiць бацькаўшчыну гэтай вясною, пад час красавiцкае вайны13. Гэты абавязак i гонар выпаў iхным дзецям: адзiнаму сыну Страхiнi Братамiру й байцом Драгiшы — Войку i Боiцы. Трэцi, Трыфка, таксама дасьпеў да зброi, але, дзякуючы сувязям пратапопа, яго пакiнулi дома як адзiную падпору i адзiны мужчынскi парастак у сям’i. Пратапоп гэта зрабiў умела й патаемна, каб не даведаўся нi Трыфка, нi хто iншы зь сямейнiкаў.

На вайну йшлi сьцяўшы зубы, але зь песьняю. Сорамам лiчылася выказаць боязь, унiкнуць прызыву й не апрануць вайсковае формы. Так рабiлi ў Югавiчах, можа, нясьведама, але без ваганьняў i ў адпаведнасьцi з тым, што тыя хлопцы, прастадушныя й збольшага неадукаваныя, адчувалi да сваёй раднi й бацькаўшчыны. Тымчасам iхныя гадкi зь некаторых суседнiх вёсак рабiлi ўсё, каб пазьбегнуць мабiлiзацыi й ня браць стрэльбы ў рукi. Многiя з тых, хто ўсё ж такi рушыў насустрач непрыяцелю, пiльнавалi зручнага моманту, каб драпануць з калёны альбо пры першай стралянiне падняць рукi й перакiнуцца да працiўнiка. З Асманавiчаў, суседняй вялiкай вёскi, якая ляжыць вышэй на Нэрэтве, на вайну пайшло ўсяго трыццаць хлопцаў, а прызывалi разоў у пяць болей. Астатнiя схавалiся па навакольных лясох i равох, забiлiся ў ямы й варыўнi ды аб’явiлiся, з трыюмфам i песьнямi, толькi тады, калi да iх дайшла вестка, што вайна скончаная, а Югаславii няма.

Тры ўнукi пратапопа залiчаныя былi ў Зэцкую дывiзiю й накiраваныя пад Шкодар, у Альбанiю. Нiчыфар, асядлаўшы каня, правёў iх да Гацка i там разьвiтаўся. Панесьлi яны з дому ў сваiх вайсковых заплечнiках пару шкарпэтак, трохi зьменнага нацелiва, шматок сала й кавалак пшанiчнае погачы14, якую iм на добры шлях выпекла жонка Страхiнi Мара, якая, хоць i не была старэйшаю памiж жанчынамi, лiчылася за гаспадыню дому. Да таго як падзялiць погачу, Мара, агледзеўшы нейкiя ўзоры й знакi на скарынцы і прасачыўшы, як куды разыходзяцца трэшчынкi, сказала: „Угледзела тры шляхi, i кожны вяртаецца дадому, уратуюць i абароняць вас Госпад Бог i Сьвяты Васiль“.

Дадому яны вярнулiся на чацьверты дзень пасьля капiтуляцыi, сьпярша Войка й Боiца, а ўвечары, калi таго найменш чакалi, i Братамiр. Прыйшлi галодныя, няголеныя й прыгнечаныя няслаўем. Яны атрымалi загад аб капiтуляцыi пад Шкодарам, калi iтальянцы як зайцы ўцякалi ад iх у глыбiню Альбанii. Трох афiцэраў з палка Братамiра ня зьнесьлi ганьбы, павымалi пiсталеты й на вачох у жаўнераў вынесьлi сабе прысуд.

Прыйшлi браты пешшу, ад Шкодара, праз Зэцкую Банавiну: iшлi рэчышчам Бояны, потым выйшлi на лысыя ўзгоркi пад Лоўчанам, абмiнулi Цэціне i Падгорыцу, потым цераз Востраг дабралiся да Банянаў. Хавалiся ад рэдкiх iтальянскiх аддзелаў, якiя траплялiся на пыльных дарогах, пазьбягалi сустрэчаў са старымi чарнагорцамi, якiя, зьняважаныя паразаю, адварочвалiся ад iх, рабiлi выгляд, што не заўважаюць, нешта бурчэлi пад нос i плявалiся. Калi браты адчулi пад сабою герцэговiнскую глебу i прыкмецiлi знаёмыя шляхi наперадзе, адразу прайшлi ў iх i стома, i крыўда, i дрэнны настрой. Уздыхнулi на поўныя грудзi: паўсюль пахла вясною, на навакольных верхавiнах i на Гацкiм полi пасьвiлiся авечкi й каровы. Ня верылася iм, што тутака, на родным парозе, ля Сарычавай грады, напаткае iх засада.

Акрамя Войкi i Боiцы, было iх яшчэ васьмёра: двое з Фойнiцы, адзiн хлапец з Рыбара, двое з Калешанiна i трое са Сьлiўля. Усiм загадалi падняць рукi й кiнуць зброю. „У iмя нашага правадыра Антэ Павэлiча15 й Незалежнай Дзяржавы Харватыi!“ — закрычаў нейкi мужчына й высунуўся з-за каменя, наставiўшы на iх стрэльбу. Першым, зблытаўшы i сваiх, i чужых, адрэагаваў адзiн са сьлiўлянаў. Скiнуў стрэльбу з пляча ды бухнуў наўздагад, i гэтага было дастаткова, каб i астатнiя скочылi ў роў, падаставалi гранаты й разагналi хеўру па навакольных мусульманскiх халупах.

Зброю прынесьлi з сабою дадому, але ўладам не здалi, хоць i быў такi загад. Са зброяю адчувалi сябе больш пэўна: разумелi, што вайна толькi пачынаецца i што шкодарскiя вiнтоўкi ды патроны хутка яшчэ прыдадуцца.

На няшчасьце, не прадбачылi яны, што памiж паўстанцамi — „кукардамi“ i „чырваназорнымi“16 — пачнуцца звады, а неўзабаве i разьня. Сьпярша са сваёй зброяю йшлi яны пад сьцягi й тых, i другiх — хто першы клiкаў, бо лiчылi барацьбу з усташамi больш важнаю, чым бязглуздыя сутычкi й спрэчкi наконт таго, у чыё iмя — караля цi партыi — зь iмi змагацца.

Потым, калi палiлася кроў i брат пачаў лупiць з брата скуру, калi людзей сталi жыўцом кiдаць у равы, яны зноў вярнулiся дахаты, выйшаўшы з гэтага забойчага кола, а зброю сваю, каб не ржавела й чакала на больш разумныя часы, пачапiлi на цьвiк.

I была б яна там, напэўна, i да гэтае ранiцы, калi б месяц зь нечым таму не ўвалiлiся ў хату пратапопаву партызаны. Пратапоп хаваўся ад iх у лесе, атрымаўшы нейкiм чынам знак, што па яго прыйдуць, бо ведаюць пра ягоныя сувязi з чэтнiцкiм ваяводам Мiтрам Жэравiцам, i што, пэўна, прыйдуць забiваць.

„Сяброўства з ваяводам, — казаў пратапоп брату Станою, — для iх толькi падстава. Вырашылi б мяне зьлiквiдаваць i бяз гэтага: кажуць пра iх, што пачалi ўжо гамузам забiваць усiх самавiтых людзей i заможных гаспадароў. Распавёў мне адзiн чалавек, што прыйшлi яны нават да хворага князя Сэкулы Тошкавiча, узьнялi яго са сьмяротнае пасьцелi, пасадзiлi на каня і застрэлiлi ў першай лагчыне. Забiлi, а быў ён ад мяне старэйшы на адзiнаццаць гадоў“.

Пратапоп ня меў ахвоты чакаць на iх, седзячы ўдома, але не таму, паводле ягоных словаў, што баяўся за сваё жыцьцё й не хацеў дражнiць лёс:

„Калi б мяне забiлi, я б i мёртвы саромеўся iхнага злачынства. Iхнага, але разам з тым i свайго, i нашага, бо мы зь iмi адной косткi й мяса, i ў гэтым, а не ў маёй сьмерцi, гора нашае i бяда“.

Пратапоп казаў тады брату, што калi б даведаўся, што прыйдуць яго рэзаць усташы, ня стаў бы ад iх уцякаць.

„Няхай на iх, а не на нас, назаўсёды застанецца ганебнае кляймо забойцаў невiнаватых людзей“.

Партызаны яго тады не знайшлi, хоць ператрэсьлi ўсю хату, зазiрнулi ў лёх ды ясьлi, нават на вышкi залезьлi і тыкалi штыхамi ў сена. Знайшлi яны нешта iншае, тое, на што не спадзявалiся: тры стрэльбы, дзевяць гранатаў i торбу з патронамi. Усё забралi сабе.

„Навошта гэта iм, баязьлiўцам, — казаў адзiн з партызанаў, — народным мсьцiўцам зброя больш трэба“.

З таго часу не надаралася выпадку, каб набыць зброю. Пратапоп, праўду кажучы, думаў, што ў гэтым i патрэбы няма. Вёска iхная была ў глушы, далёка ад места i ад шляхоў, якiмi рухаюцца войскi, а ў моцныя завiрухi дык у яе толькi ваўкi й наведвалiся. Ваўкi ды Асманавiчы — адзiныя суседзi Югавiчаў. Першыя бяз дай прычыны на людзей ня кiдалiся, а другiя цяпер далёка ад сваёй вёскi не адыходзiлi: рукi ў iх былi па локаць у крывi, i таму кожны раз, калi яны выходзiлi з сваiх умацаваных cядзiбаў, рызыкавалi трапiць на сваяка каго з забiтых, якi толькi й чакаў моманту, каб зь iмi палiчыцца.

Былi яны вiнныя i партызанам, i чэтнiкам, дык дзесяць дзён запар сядзелi ў аблозе, у абцугох, без усялякае надзеi на дапамогу. Завiруха й моцны сьнег прымусiлi мсьцiўцаў адступiць, i зараз Асманавiчы цешацца спакоем, хаваюць мёртвых, перавязваюць параненых i латаюць дзiркi ў абароне. Але каб i не сядзелi яны ў аблозе, ня верыў пратапоп, што суседзi маглi б рушыць на Югавiчы. Патрэбна было б iм, перадусiм, дзьве гадзiны брысьцi праз гурбы сьнегу ды ў гэткую непагадзь. Было й яшчэ нешта ў iх на шляху, адна неадольная перашкода, адна кроўная повязь, пра якую напрыканцы месяца казаў пратапоп чэтнiцкаму ваяводу, калi той прасiў яго сьцерагчыся й берагчыся асманавiцкiх стрэльбаў.

— Цi ўсе сабралiся тут? — запытаўся дзед Станоя.

— Усе, дзякуй Богу, тутака, — кажа Нiчыфар. — Мара, хай цябе лiха возьме, цi ж мы дачакаем калi цыцвары17?

— Яшчэ крышачку, толькi даб’ю масла, пачакайце хвiлiнку, яшчэ цукар у вадзе не разышоўся.

— Гэй, дзеўкi, падвядзiцеся, дапамажыце крыху, будзе вам сiдма сядзець ды пазяхаць, — накiнуўся Станоя на сваiх чатырох унучак, якiя, седзячы з жаночага краю, паапускалi галовы, змораныя сном.

Нiводная зь iх яшчэ не была замужам. Старэйшай, Косi, было дзевятнаццаць, найменшай, Сiмане, пятнаццаць гадоў. Дзьве сярэднiя, блiзьнючкi, Анджа i Вэра, хоць i нарадзiлiся ў адзiн дзень, былi ня надта падобныя адна да адной. Анджа — смуглявая, дзябёлая і для сваiх гадоў вялiкая й разьвiтая. Вэра — маленькая, хударлявая, з рэдкiмi каштанавымi валасамi, блядая на твар.

— Не крычы сёньня на дзетак, — баронячы iх, падала голас жонка Станоi, баба Стана, i прытулiлася да малой Сiманы.

— Вэра, дачушка, падай цётцы шклянку вады, нешта ў мяне ў роце перасохла, — адазвалася Драгiшава жонка Ёка.

— Не памрэш, падымiся й вазьмi сама, — з гатоўнасьцю ўблытаўся Драгiша.

— Любiца, здаецца мне, што малы прачнуўся, крычыць, схадзi, паглядзi, што зь iм, — зьвярнуўся да сваёй жонкi Братамiр.

Любiца ўскочыла з-за стала, змучаная, жоўтая, як воск, ледзь трымаючыся на нагах. Учора ўвечары нарадзiла, перад самаю вячэраю, калi была нанесеная салома ў пакой i пратапоп Нiчыфар паклаў быў на вогнiшча дубовае палена. Баба Мара адрэзала й завязала дзiцёнку пупавiну, выкупала яго ў драўляных начоўках зь цёплаю вадою, пацягнула тры разы за нос, перажагнала й спавiла. Потым паклала ўнука каля мацi, пацалавала яе ў шчаку й сказала: „Адпачнi, насьпiся, дачушка, каб заўтра, калi Бог дасьць, паднялася да царквы“.

Салому ў хату гаспадыня ўчора прынесла з клунi на сьпiне. Пераскочыўшы зь ёю праз парог, пачала квахтаць, нiбы тая курыца. За ёю прынадзiлiся, папiскваючы, бы кураняты, чатыры дачкi Страхiнi ды сыны Драгiшы, Трыфка i Боiца. На раскiданую па хаце салому пратапоп кiнуў дзьве жменi арэхаў. Вяроўку, у якой прынесьлi вязку саломы, Мара вынесла з хаты й кiнула на дварэ неразьвязанаю. З ранiцы, як толькi разьвiднелася, яна на вяроўцы, як патрабуе звычай, насыпала жменьку пшанiчных зярнятак курам, i пакуль яны дзяўблi, голасна паўтарала: „Колькi ў маёй вяроўцы дзяўбецца, гэтулькi ж у курнiку нясецца“.

Як скончылi з саломаю, Мара з сынам Братамiрам па сьнезе й голым лёдзе пайшлi па ваду да прыледзянелай крынiчкi Зьмiйкавiцы. Братамiр пасыпаў крынiчку пшанiцай, якую трымаў у прыгаршчы, потым нахiлiўся, разьбiў лёд, захапiў вады ў далонi й тры разы лiнуў сабе на твар. Толькi пасьля гэтага набрала Мара вады ў вядро. На вадзе гэтай потым гатавалi ўсю ежу на калядную вячэру, на ёй замяшаны быў і вялiкi калядны пiрог, якi, гарачы, дыхаў параю цяпер на стале перад дзедам Станоем i пратапопам Нiчыфарам.

— Цяжкi сон прысьнiў, братку, вось усё раздумваю, цi распавесьцi табе яго? — раптам зьвярнуўся Станоя да брата Нiчыфара.

— Мабыць, ты проста ляжаў няёмка альбо ногi твае тырчалi з-пад коўдры, — паспрабаваў пажартаваць пратапоп.

— Не, вось паслухай, Нiчыфар: зьявiлася перад маiмi вачыма, — пачынае Станоя, — нейкая бясконцая вада альбо паляна, а на ёй усё толькi дзiцячыя галовы й нажы. Апынуўся аднекуль на сярэдзiне тае паляны драўляны трыножак, а на трыножку — нябожчык наш дзед Вук, вялiкi, з доўгiм сiвым вусам, у аблямаваным золатам чарнагорскiм строi і з кляновымi гусламi ў руках. Пагладжвае й закручвае свой вус, нацягвае струны на гуслах, i разносiцца па той паляне альбо па возеры нейкая добра знаёмая мне песьня, нават здаецца мне, што я яе ў дзяцiнстве безьлiч разоў чуў.

— Цi прыгадаў ты, што гэта была за песьня? — перапыняе яго Нiчыфар.

— Песьня гэтая была пра Паўла, пра ягоную жонку й сястру, варанога каня й шэрага сокала… Памятаеш, пэўна, колькi разоў мы яе чулi ад нябожчыка-бацькi.

— I я гэтую песьню ведаю, — зь цiкаўнасьцю ўмешваецца малая Сiмана. — Прачытала яе ў адной старой кнiзе, на гарышчы.

— А ну, памаўчы, што ты тамака можаш ведаць? — асадзiў яе Братамiр.

— А вось ведаю, хочаце, распавяду? — абурылася дзiця й пакрыўджана нахiлiла галаву.

— Распавядзi, распавядзi, дачка, слухайма, — падышоў i пагладзiў яе па валасох Страхiня.

— Ну, дык вось… Паўле быў такi юнак, якi меў найлепшыя срэбраныя нажы і найлепшых каня й сокала. Тыя нажы падараваў ён сястры сваёй Елiцы, якая была вельмi добрая і надта яго любiла…

— Што ты тамака, малая, можаш ведаць, хто, каго й як любiць, — зьдзеклiва сказала Мара, яе мацi, якая ўсё яшчэ вазiлася з цыцвараю.

— Гэй, няхай дзiцё дагаворыць, — махнуў рукою пратапоп Нiчыфар.

— Ну вось, жонка Паўла зайздросьцiла праз той падарунак і таму аднойчы ноччу, пакуль Елiца спала, выкрала ў яе срэбраныя нажы, выцягнуўшы iх з-пад падушкi, ды забiла iмi Паўлавых каня й сокала. Хацела пасварыць сястру з братам, каб сястру ў гэтым абвiнавацiлi. Калi ж i гэта не дапамагло, Паўлiха зноў выкрала нажы ў Елiцы і зарэзала свайго сына ў калысцы, паклала нажы пад падушку Елiцы й пабегла да Паўла, галосячы, што ягоная сястра забiла дзiцё ў калысцы..

— Дакладна так, дачушка, — не дае ёй працягнуць дзед Станоя. — Дапамагла ты мне прыпомнiць, як далей iдуць вершы… Там далей Паўлiха зарвалася да мужа й загаласiла:

На зло, Паўле, ты сястру любiў,
На бяду ёй мiласьць даваў.
Зарэзала тваё дзiцятка ў калысцы!

— Сапраўды, так, — iзноў умяшалася малая Сiмана. — А потым Паўле загадаў разьдзерцi Елiцу, прывязаўшы яе да конскiх хвастоў…

— Якая ж ты спрытная, — засьмяяўся Станоя, — ну, зараз бачым, што ўсё ведаеш i што вельмi разумная. А цяперака памаўчы трошкi, дазволь дзеду скончыць… Якраз тую частку, дзе разьдзiралi Елiцу, гэтай ноччу i сьпяваў дзед Вук, бачыў я ягоныя сьлёзы, калi граў ён на гуслах:

Дзе кроплi яе крывi ўпалi,
Там цьмен i базылiк усталi.
А дзе яна сама ўпала,
Там царква ўстала!

— Божухна, чаго толькi ты ня памятаеш, няшчасны ты Станоя, — перабiла яго жонка Стана, захiтала галавою й скрыгатнула зубамi.

— Паслухай, старая! — узьняў ён бровы. — Рабi сваё й ня тыкай носу туды, куды ня трэба… Ну вось, больш ня памятаю вершаў, выцерла мне iх жонка з памяцi, апруцянела б, каб ня ўлезла, марна я зь ёй размаўляю вось ужо шэсьцьдзесят гадоў: усё адно, што зь ёю, што з каменем. Ну, карацей, Паўлiха раскаялася ў сваiм граху і просiць яна… Ат, успомнiў я песьню:

Праляцеў час,
Расхварэлася маладая Паўлiха,
I хварэла дзевяць год.
Скрозь косьцi ёй трава прарасла,
У траве гэтай лютыя зьмеi хаваюцца,
Вочы яе п’юць, па траве поўзаюць,
Моцна сумуе маладая Паўлiха!

— Ну дык вось, ня буду больш марудзiць, — працягвае дзед Станоя, — Паўлiха бачыць, што спасьцiгнула яе Боская кара i не дапамагаюць ёй анi малiтвы, анi зельле. Клiча яна Паўла й молiць яго ды заклiнае, каб яе, як колiсь Елiцу, прывязаў ён да конскiх хвастоў… Трыножак пад нябожчыкам-дзедам усё глыбей i глыбей правальваецца ў зямлю, паўсюль вакол яго зьмеi з высалапленымi языкамi, а ён сьпявае й сьпявае, колькi яму хапае голасу, i патанае разам з гусламi… Чакайце, як гэтая песьня сканчаецца? А, так, у канцы, як Паўлiху разьдзiраюць:

Дзе кроплi яе крывi ўпалi,
Там крапiва й цёран усталi,
А дзе яна сама ўпала,
Там возера стала.
Па возеры вараны конь плыве,
А за iм залатая калыска.
На калысцы сядзiць шэры сокал,
У калысцы той хлопчык,
На горле ягоным рука матчына,
А ў руцэ цётчыны нажы!

— Дай Божа, каб сон гэты быў на дабро, — казаў, як бы сам сабе, пратапоп Нiчыфар. — Кожны раз, калi мне сьнiцца дзед Вук, чакай добрых навiнаў i прыемных падзеяў.

— Ня ведаю, Нiчыфар, цi быў гэта дзед Вук альбо сам сатана. На хвiлiну пазнаў я дзедавы голас i вус. Але потым здалося мне, што на Вукаву шыю ды насаджаная галава д’ябла.

— Кiнь, не ўспамiнай д’ябла, хай бы ён там i быў, не кажы ты пра яго за софраю ды пры ўсёй раднi, — працэдзiла Ёка скрозь зубы й тры разы перахрысьцiлася.

— Праўду кажаш, — задуменна ўсьмiхнуўся пратапоп Нiчыфар. — Ану, падай мне мае рызманы, Братамiру.

Шукае Нiчыфар у кiшэнi белую хустаўку, каб сьцерцi пот з iлба i броваў. Ад нядаўна б’е яго гарачынь ды напала зьнямогласьць, абцяжэлi ногi, падрыгваюць каленi. Хавае гэта ад родных, каб не прыкмецiлi.

Замест хустаўкi намацаў пакамечаны кавалак паперы, крыху падумаў, а потым хутка адхiнуў руку, быццам дакрануўся да гадзiны.

На памяць ведае ён, што напiсана на гэтай паперцы. Прынёс яе пратапопу тыдзень таму нейкi маладзён з Чэмэрны, ня памятае ягонага iмя.

„Ойча пратапопе! — казаў хлапец. — Шчыра вiтае цябе спадар ваявода“.

Запрасiў пратапоп яго на падвячорак, пачаставаў ракiяй18. Той выпiў дзьве чаркi, але сесьцi пад’есьцi адмовiўся.

„Дзякуй табе, ойча, я не галодны, а да таго ж мушу засьветла дайсьцi да Чэмэрны. Ты толькi скажы мне, што перадаць ваяводу?“

„Пачакай, сынок, пагляджу толькi, пра што гэта мне паведамляе ваявода й чаго ад мяне хоча“, — адказаў Нiчыфар.

Чытаў сам сабе, каля вакна, сур’ёзны, нахмурыўшы маршчынiсты лоб зь белымi брывамi:

„Дарагi браце Нiчыфару! Апошнi раз табе кажу: падымай сям’ю, падымай вёску й бяжы зь Югавiчаў! Паведамi, калi прыедзеш, буду чакаць цябе з войскам у Чэмэрне. Калi ня можаш, тады я прыйду ў Югавiчы. Але ж хачу табе нагадаць, што войска ў мяне няшмат, галоўная частка адышла ў кiрунку Фочы i Горажды, а з партызанамi б’емся мы мала ня кожны дзень. З усташамi калi-нiкалi, а памiж сабою штодня. Нож, якi мы ўзьнялi адзiн на аднаго, больш, на нашае гора, у похвы не вяртаецца. Вабяць нас, як наканаваньне, Косаўская вячэра i лёс Абiлiча з Бранкавiчам19. Казаў я табе пра гэта апошнiм разам. Рады быў бы цябе ўбачыць як мага хутчэй, тады й пагутарым. Перадай мне праз гэтага хлапца, калi рушыце й дзе вас трэба чакаць. Цi трэба пасылаць людзей у Югавiчы? Баюся, каб ня высачылi нас усташоўскiя шпегi або Асманавiчы не падрыхтавалi пастку, помсьцячы за марную аблогу. Небясьпечныя яны, а зараз небясьпечнейшыя, чым калi-кольвек. Не падманвайся, не спадзявайся на сваяцтва, Нiчыфар. Калi б ведаў, што партызаны ня ўдараць нам у сьпiну, заўтра б рушыў на Асманавiчы, хаця й рызыкоўна па гэткiм сьнезе ды ў непагадзь штурхаць людзей у котла. Выходзьце ноччу, калi вас ня змогуць высачыць i калi Асманавiчам у галаву ня прыйдзе вас чакаць. Чакаю цябе не пазьней як праз тры днi ў Чэмэрне. Паведамi праз гэтага хлапца, калi вы выйдзеце. Твой Мiтар“.

Паклаў пратапоп тады лiст у кiшэню, пачухаў галаву, пагладзiў доўгую й сiвую бараду, выдраў балонку з аднаго iз сваiх сшыткаў i коратка адказаў:

„Вялiкi дзякуй за павагу й клопат, спадару ваяводзе! Можа, усё так яно й ёсьць, як ты кажаш, але мы не пабяжым, мы адсюль нiкуды ня пойдзем. Анiкога не пасылай сюды й не чакай нас у Чэмэрне. Ня буду палохаць сваiх i ня веру ў тое, што ты пiшаш, ваяводзе. Дзякуй табе яшчэ раз за брацкi клопат. Твой Нiчыфар“.

Пратапоп стаiў ад сваiх i ад вёскi i лiст ваяводы, i свой адказ. Не хацеў палохаць людзей i нiшчыць iхныя спадзяваньнi ды псаваць калядныя сьвяты. Брату Станою сказаў, што клiча яго ваявода на кумоўства ў Чэмэрну i што падзякаваў ён яму за павагу ды адказаў, што ў чэтнiцкiм войску альбо ў навакольных вёсках ёсьць багата маладзейшых, больш адукаваных i ня менш шанаваных сьвятароў. Распавёў гэта брату нiбы церазь сiлу i толькi тады, калi ваяводаў лiстаноша пакiнуў iхную хату й Югавiчы.

Сон Станоi цяпер нагадаў яму пра гэты лiст. А таксама пра нейкае чорнае й дрэннае прадчуваньне, што зьнянацку ўвайшло ў яго й лягло на цела каменем, з-пад якога нiяк ён ня можа вырвацца. Ня можа пратапоп зразумець усе спружыны гэтага непакою, якi перацякае ў страх, у нядужасьць, у боязь, што ўсё тое, што напiсаў ваявода пра суседзяў i крэўных Асманавiчаў i пра што яго два з паловай месяцы таму ў гэтым самым пакоi i за гэтым самым сталом папярэджваў, — праўда.

Узгадваецца яму: сядзiць ваявода на ложку, скiнуў боты, на нагах — белыя шкарпэткi й сiнiя суконныя сялянскiя чакшыры20. Барада ў ваяводы невялiкая, але густая й шорсткая. Рэдка калi сiвiзна забялее ў гэтым чорным лесе, што аточвае выцягнуты й змучаны твар селянiна-земляроба, якому ўжо за пяцьдзясят. Ваявода скулаты, нос у яго вялiкi, лоб маршчынiсты, вочы вадзянiстыя й стомленыя. На шырокiх плячох Мiтра афiцэрскi кiцель, якi да вайны насiлi каралеўскiя гвардзейцы (гэты кiцель яму падарыў адзiн з афiцэраў, якiмi зараз Мiтар камандуе). На галаве — чорная кучма, а на ёй — вялiкая кукарда каралеўскага войска. Калi ваявода здымае шапку i афiцэрскi кiцель, ён нi ў чым не падобны да жаўнера, а тым больш да камандзiра. Нiчога тады не адрозьнiвае яго ад герцэговiнскiх земляробаў, якiх можна сустрэць тут на кожным кроку i якiм быў да вайны ён сам. З тых часоў пратапоп яго й ведаў. Ваявода быў сябрам Сялянска-Работнiцкай Партыi і адным з самых вядомых i паважаных гаспадароў. Цягнуў, праўду кажучы, заўсёды трохi ў бок, не любiў вадзiцца з уладамi, агiтаваў, каб зямлёю надзялялi i безьзямельных, нават шапталi пра яго, што ён „чырвоны“ i водзiць шашнi з камунiстымi. У школу ваявода нiколi не хадзiў, а почырк меў — казалi — як нiхто з жандараў альбо настаўнiкаў у Нэвэсiні. Пад час кароткай i сумнай красавiцкай вайны яго не паклiкалi ў войска. Для гэткiх справаў палiчылi яго застарым i недасьведчаным. Папраўдзе, ён i цяпер, ваяводзтвуючы, не насiў пры сабе зброi. Можа, толькi пiсталет, хаця й яго ў ваяводы нiхто ня бачыў. Камандзiраваў ён у сялянскай вопратцы, без чыноў, бразготак i ордэнаў. Неахвотна згадзiўся, ледзь яго ўгаварылi, каб апрануў гэты афiцэрскi кiцель; ня можа прызвычаiцца да яго ваявода, цiсьне ён яму ў плячох. Не было ў яго i асаблiвага жаданьня рабiцца ваяводаю. Ня вабяць яго нi чыны, нi ўхвалы. Гэтае глупства ён i да вайны ахвотна саступаў iншым. Але людзi чамусьцi заўсёды гуртавалiся вакол яго i давяралi яму. Мо за тое, што ўмеў ён знайсьцi патрэбнае моцнае слова i заваражыць пры размове.

I вось сядзiць ваявода на ложку й кажа Нiчыфару:

— Прыемна цябе паслухаць, але ў дабро, на якое ты спадзяешся, i ў моц, якую згадваеш, я асаблiва ня веру. Калi сьцены ў хаце трухлявыя, не дапаможа пабелка i шалёўка.

— Хата была ў нас новая, а сьцены за дваццаць год не трухлеюць, спадару ваяводзе.

— Была яна хаця й новая, але ж толькi з аднаго боку мела падвалiны. Таму, як толькi наляцеў мацнейшы вецер, так лёгка й завалiлася.

— Браце Мiтру, цi ня хочаш ты сказаць, што й Францыя была без падмурку? I Чэхiя, i Польшча, i… выбач мне, i гэтая нашая спустошаная й гаротная Расея?

— Францыя, пратапопе, толькi занятая, не зруйнаваная, ня зрынутая, не паваленая. Хоць i акупаваная, але i далей застаецца Францыяй. Нiхто яе, як гэтую нашую гаротную хату, не разьбiваў на некалькi малых i дробных дзяржаваў.

— А Расея, што з Расеяю, ваяводзе?

— Ведаю толькi адно: карак сабе ламаў кожны, хто налятаў на Расею.

— Тады, дзякуй Богу, хутка ўсё зьменіцца. Цi верыш ты ў гэта, ваяводзе?

— Пакiнуў нас Бог, даўно ўжо мы пад д’яблам ходзiм! Швабы ды iтальянцы яшчэ не перайшлi нашай мяжы, а ўжо знутры пачалi сыпацца нашыя сьцены. Маленькая Сэрбiя ў чатырнаццатым годзе, як адна душа, сустрэла зь мячом два швабскiя каралеўствы. Войска рабiла немагчымае. Ведала, што баронiць i чаго хоча, было заадно i мела надзейны тыл. А што адбылося гэтаю вясною, Нiчыфару? За тыдзень да капiтуляцыi Югаславii Павэлiч абвесьцiў Незалежную Дзяржаву Харватыю! Ня мог вытрываць, каб хаця сьпярша завалiлася старая хата, а толькi тады пачынаць будаваць новую. Арнавуты21 загаманiлi аб Вялiкай Альбанii, вугорцы — аб Вялiкай Вугоршчыне, а гэтыя нашыя гаротнiкi, гэтае нашае лiхое семя ўскочыла нам на шыю раней, чым мы разабралiся ў тым, што адбываецца!

— Цi гэта ты пра Асманавiчаў?

— Эх, ня можна, браце мой, — саскочыў ваявода з ложку i гэтак басанож пачаў хадзiць па пакоi, — уздымаць агульны дом толькi на сэрбскай крывi i сэрбскiм падмурку! Ня можна й годзе, Нiчыфару!

— Тады што ж нам рабiць, ваяводзе?

— Падымай сваiх, падымай вёску i ўцякай у лес! Вось што я ведаю i табе раю. Бяжы, схавайся дзе, зьберажы галаву, пакуль усё гэта ня скончыцца!

— Каб я ўцякаў ад Асманавiчаў? Дык яны гэтага, браце Мiтру, толькi й чакаюць!

— Беражы галаву на плячох, а то яны яе адрэжуць табе, як пеўню, Нiчыфару! Кiнь ганарыцца ды харабрыцца, ня маем часу на гэта, цi не разумееш ты, хто мы i хто яны, ты ж разумны чалавек, не павiнен, можа, табе гэтага тлумачыць.

— Але ж мы мацнейшыя за iх, нас болей, сорам


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Нож


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.