Сутоньне ідалаў. Успамiны пра былую Югаславiю

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Сутоньне ідалаў. Успамiны пра былую Югаславiю. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Алеш Дэбэляк

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №1 2000 ГОД


Aлеш Дэбэляк — славенскi паэт i эсэiст, адзiн з найбольш вядомых пiсьменьнiкаў Цэнтральнай Эўропы. Спэцыялiст у галiне параўнальнага лiтаратуразнаўства. Цiкавiцца постмадэрнiзмам. Аўтар паэтычных кнiг Zamenjave, zamenjava (1982), Imena smrti (1985), Slovar tisine (1987), Minute strahu (1990), зборнiку прозы Pisma iz tujine (1992), некалькiх томiкаў эсэяў Melanholicne figure (1988), Postmoderna sfinga (1989).

I.
Хто цяпер памятае Вукавар?

Усе прыкметы часу сьведчаць, што клiч „няхай жыве разнастайнасьць“ зрабiўся дэвiзам гэтага канца тысячагодзьдзя.

На глянцавых старонках модных часопiсаў i на рагах бэрлiнскiх, нью-ёркскiх i парыскiх вулiц можна ўбачыць сьляды гэтага „трыюмфу разнастайнасьцi“: сары прыйшло на зьмену дзелавому касьцюму, а заношаныя анучы гiпi — элегантнаму крою alta moda di Versace. Трыюмф разнастайнасьцi праяўляецца на старонках ранiшнiх газэт, што змагаюцца за нашу ўвагу пры дапамозе тэлевiзiйна прыгожых, усыпляльных вобразаў далёкiх краiн i экзатычных iншаземцаў, якiя намагаюцца адцягнуць нас ад таго, што Гегель называў „ранiшняй малiтвай буржуазii“.

У сапраўднасьцi гэтыя iншаземцы зусiм не падобныя да нас, бо нам належыць улада — пульт дыстанцыйнага кiраваньня ў руцэ — над апошнiм прытулкам нашае самоты. Гэтыя ўцекачы i вандроўнiкi, працаўнiкi-iмiгранты i перамешчаныя асобы адрозьнiваюцца ад нас. Бегучы ад рэпрэсiяў ды галечы, яны плацяць высокую цану за сваю „iншасьць“ на кожнай заходняй мяжы, якую спрабуюць перасекчы.

„Разнастайнасьць — гэта рэсурс, якi эгалiтарызм страўнiкаў i мазгоў ставяць пад пагрозу зьнiкненьня“, — абвяшчаюць з трыбуны палiтычныя лiдэры перад тым, як накiравацца на абед у аплот сваёй дыпляматычнай i эканамiчнай улады. Iмпэрская мудрасьць Даўнiнг-стрыт, Белага Дому i Ке Д’Арсэ ўзьвяла гэты пазбаўлены вокнаў аплот знарок, каб „лiдэры свабоднага сьвету“ выпадкова не заўважылi, як iхнае падобнае да Пiлатавага ўмываньне рук прывяло да палiтычных вiвiсэкцыяў, што ператварылi суседзкiя двары ў перадавыя лiнii сьмертаноснага вар’яцтва.

Дый чорныя, белыя, жоўтыя i чырвоныя твары, што сарамлiва ўсьмiхаюцца з рэклямы United Colors of Benetton, крычаць пра той самы трыюмф. Разнастайнасьць — гэта абяцаньне надзеi, што расьце, у катастрафiчным сьвеце, дзе надзея зрабiлася раскошай жменькi абраных. Разнастайнасьць — гэта слабы праменьчык надзеi, за якi ўхапiлiся жанчыны, геi, лесьбiянкi, нэгры, турэцкiя працоўныя ў Нямеччыне, мараканцы i альжырцы ў Францыi, амэрыканскiя тубыльцы, курды i тыбэтцы, тамiлы i лiтоўцы. Мабыць, яны лiчаць, што праменьчык разнастайнасьцi дазволiць-такi iм дыхаць пад добра скамечаным каўпаком сучаснага грамадзтва, якое яшчэ ўчора здавалася аднародным, але чыя форма i сутнасьць зьмяняюцца хутчэй, чым яго напалоханыя члены здольныя гэта ўспрыняць.

У сьценах iнтэлектуальных цэнтраў Заходняй Эўропы i Паўночнай Амэрыкi гіерархi асьветы нясуць слова новай фiлязофii разнастайнасьцi, талерантнасьцi i мультыкультуралiзму. Гэта самыя апошнiя слоўцы зь лексыкону суiснаваньня ў складаным, узаемазалежным грамадзтве, дзе людзi больш не абавязаны падпарадкоўвацца ўплыву амэрыканскага melting pot-у i яго слабенькай эўрапейскай копii.

Пад час эпiчнага пэрыяду сусьветнай эмiграцыi ХIХ стагодзьдзя разнастайныя культуры, рэлiгii i тоеснасьцi зьмяшалiся так, што стала зусiм немагчыма iх адрозьнiць. Iмкнучыся адаптавацца ў грамадзтве, прадстаўнiкi меншасьцяў былi вымушаныя размаўляць на мове паноўнай культуры. Сёньня, як сьцьвярджаюць экспэрты, мы можам цешыцца здабыткамi так званага постсучаснага грамадзтва, якое зблiзу нагадвае салатнiцу. Карысьць яе — у магчымасьцi разгледзець кожны з iнгрэдыентаў, не хвалюючыся аб тым, што з салатай нешта здарыцца пры разьмешваньнi, бо менавiта яно i вызначае канчатковы смак.

Зразумела, усё гэта гучыць прагрэсiўна i натхняльна.

Але тыя з нас, хто нарадзiўся ў краiне шматтысячных палiтычных мiтынгаў i блiскучай камунiстычнай рыторыкi, якую выкарыстоўваў Цiта, каб прывабiць цяплiчных левых Эўропы i Амэрыкi, тыя з нас, каго школьнiкамi выстройвалi ўздоўж „маршрутаў урачыстага сьледаваньня“ па былой Югаслаўскай фэдэрацыi, каб мы махалi сьцягамi Вялiкаму Маршалу, тыя з нас, хто ашаломлена глядзеў, як сэрбскiя масы ў аргазьме назiраюць за сьвяткаваньнем шасьцiсотай гадавiны паражэньня iхных продкаў у бiтве з туркамi на Косаўскай раўнiне, а альбанскiя касавары, што трапiлi ў пастку ўсталяванага сэрбамi апартэiду, не наважваюцца сунуць i носу на вулiцы ўласных гарадоў i вёсак, тыя з нас, хто зблiзу назiраў, як паталягiчна амбiцыйныя пiсьменьнiкi, самаабвешчаныя „бацькi нацыi“ i няўдалыя паэты мяняюць пёры на спускавыя гачкi кулямётаў зь непахiснай верай ў тое, што гэта найлепшы спосаб перакананьня масаў у неабходнасьцi аб’яднаньня ўсiх сэрбаў ў адной дзяржаве, тыя з нас, хто з жахам глядзеў, як помсьлiвыя югаслаўскiя падбрэхiчы, прыкрываючыся дэмакратыяй, зьнiшчаюць рэальна iснуючую культуру разнастайнасьцi, — мы, жыхары калi ня сэрца Эўропы, дык ейнай ускраiны, зьяўляемся адзiнымi, каго бяда навучыла той iсьцiне, што шырокiм масам людзей пляваць на разумнае суiснаваньне ў „разнастайным грамадзтве“.

Масам больш падабаюцца прывабныя сырэны, чые песьнi былi для iх такiмi зразумелымi, — сырэны атрыманых у спадчыну мiталягiчных архетыпаў, сырэны пляменных традыцыяў. Людзi ўвабралi словы i мэлёдыi гэтых песень з малаком мацярок. Пакаленьне за пакаленьнем, яны навучалiся iм з казак, якiя ўвечары распавядалi iхныя дзяды. Калектыўная памяць любой нацыi даражыць досьведам мiнулага, безь якога не бывае летуценьняў аб будучынi.

Давайце прыпынiмся на гэтым: пад час крызысу мы ўсе — у рознай ступенi — здольныя знаходзiць атавiстычны прытулак у даўно спраўджанай стратэгii выжываньня, якая дапамагала нашым продкам вытрымаць зьмену iдалаў безь неабходнасьцi мяняцца самiм. I цi ня робiцца гэтая калектыўная памяць, што прывязвае нас да ўспадчыненых формулаў, наймацнейшай менавiта тады, калi мы сутыкаемся з выклiкам новых даляглядаў, перажываем крушэньне старых рэжымаў, пачынаем велiчны шлях да сьветлае будучынi?

Вось чаму калектыўная памяць — гэта палка з двума канцамi: адзiн канец абараняе крынiцу бясьпекi ад пагрозы высыханьня, а другi перасьцерагае ўсiх членаў грамадзтва ад разьвiцьця крытычных здольнасьцяў i незалежнасьцi ад традыцыi. Нацыя прыстасоўваецца да сучаснай парадыгмы толькi калi сацыяльныя паводзiны вызначае не племянны шаман, а разважлiвыя i здольныя асобы, якiя клапоцяцца пра супольны дабрабыт на аснове ўсеагульнай згоды.

Калi нацыя пасьпяхова, з розумам вызначае, у чым заключаецца яе супольнае дабро, адбываецца пераход ад аднастайнае супольнасьцi да структураванага грамадзтва, ад традыцыi да сучаснасьцi. Адначасова яна павiнна вызвалiць сябе ад мiталягiчнай цыклiчнай канцэпцыi часу, у якой сталае зьяўленьне адных i тых прататыпаў сьцiрае адрозьненьнi памiж учора, сёньня i заўтра. Толькi час як непаўторная прагрэсiя, хуткаплынны, бесьперапынны бег зьменлiвых iмгненьняў, можа сапраўды спарадзiць сучасную сьвядомасьць. Сучаснае ўяўленьне пра час кажа, што мiнулыя падзеi самi сабою зьяўляюцца не прадпiсаньнем нашых учынкаў у цяпершчыне, а нагодай для крытычнай самаацэнкi, што грунтуецца на памылках мiнулых пакаленьняў. Калi таленавiтая асоба паглыбляецца ў лябiрынты сваёй памяцi, чалавецтва ўзнагароджваецца чарговым шэдэўрам мастацтва. Калi ж цэлая нацыя засмоктваецца вiрамi памяцi, чалавецтву пагражае катастрофа. Уцёкi ў памяць — гэта права i прывiлей людзей мастацтва, якiя плацяць за нарцысізм сваiх дасягненьняў асабiстай iзаляцыяй. Калектыўныя ўцёкi ў мiнулае, якiя выкарыстоўваюцца для апраўданьня крывавай сучаснасьцi, робяць iншых адказнымi за шавiнiзм, перакiдваюць правiны на плечы тых, хто не зьяўляецца носьбiтам калектыўнае памяцi „этнiчна чыстай“ нацыi i асуджаныя быць ейнымi ахвярамi.

Слова i справа не разыходзяцца адно ў мiтах. Таму не павiнна зьдзiўляць, што цяперашняя сэрбская элiта ўцягнулася ў вайну словаў i зброi дзеля таго, каб адрадзiць колiшнi мэнталiтэт, а разам зь iм культурную i нацыянальную iдэнтычнасьць. Iдэфiкс сэрбскiх iнтэлектуальных, палiтычных i вайсковых лiдэраў (не гаворачы ўжо пра абсалютную большасьць сэрбскага простага люду), навязьлiвая мара пра Вялiкую Сэрбiю можа ператварыць успрыманьне цяперашняй зьнiшчальнай вайны ва ўспрыманьне яе як подзьвiгу патрыятычнае велiчы. Дымавая заслона сэрбскага amor patriae засьцiць вочы i дурыць галовы шмат каму з назiральнiкаў з боку.

Падумайце: хто зараз памятае Вукавар? Горад на мяжы Харватыi i Сэрбii. Горад палацаў у стылi барока, зьбяднелай арыстакратыi i Sachertorten, якi зьяўляўся адным з самых усходнiх аванпостаў цэнтральна-эўрапейскай культуры. Зараз яго нiхто ня памятае. Насамрэч, здаецца, што ўжо шмат зiмаў мiнула ад таго часу, як узброеная банда сэрбскiх ваякаў з падтрымкай Бялграду зраўняла зь зямлёй гэты харвацкi горад, хаця ўсё здарылася толькi ў лiстападзе 1991 году. Каменя на каменi не пакiнулi ад таго, што яшчэ нядаўна было чароўным правiнцыйным местам з насельнiцтвам у 100 тысяч чалавек. „Вызваленым“, паводле афiцыйнай сэрбскай прапаганды.

Лёс Вукавару такi ж або, прынамсi, вельмi падобны да лёсу Сараева. I на жахлiвых руiнах Сараева выпаляць сваю прымiрэнчую люльку палiтычныя сiлы Захаду, а потым i заходняя грамадзкасьць, якая прынамсi на крок апярэджвае сваiх лiдэраў у справе змаганьня супраць дасюль нябачанай сэрбскай кампанii генацыду. Гэты крок аддзяляе мараль ад палiтыкi, хоць мараль i не дапамагае нам выратаваць нiчога, акрамя душы. Мы ня можам выратаваць мусульманаў, ахвярных ягнятаў новага сусьветнага бязладзьдзя. Калi хто i выжыве, iх запруць у спэцыяльных рэзэрватах як цiхi дакор чалавецтву. З нацiскам на слове „цiхi“.

З прыняцьцем у 1986 годзе ганебнага „Мэмарандуму Сэрбскай Акадэмii мастацтва i навукi“ сэрбская гiсторыя — багатая на народныя песьнi, танцы i архiтэктуру — забiлася ў агонii на мапах бялградзкiх камунiстычных генэралаў, якiя вывелi зь яе сэрбскi варыянт „Drang nach Westen“, „рушма на Захад“.

У гэтым дакумэнце сэрбскiя акадэмiкi, члены вышэйшага i самага аўтарытэтнага iнтэлектуальнага цэнтру Сэрбii, далi палiтычнае i псэўдагiстарычнае абгрунтаваньне крывавай сэрбскай агрэсii, што пазьней было па-майстэрску выкарыстанае Мiлошавiчам. Незавершаны, праўда, Мэмарандум моцна паўплываў на насельнiцтва, зьявiўшыся ў друку пасьля таго, як некаторы час распаўсюджваўся ўпотай. Асноўная ўвага ў iм рабiлася на цьверджаньнi, што пад час мiнулых войнаў Сэрбiю зазвычай пазбаўлялi ейных тэрыторыяў. Мiталягiчная iнтэрпрэтацыя фактаў пазьней дзейнiчала як галоўная крынiца сучаснага сэрбскага апэтыту да заходнiх земляў.

Меркаваньне, што „тое, што сэрбы заваёўваюць у вайне, потым губляюць у мiрны час“, было надзвычай папулярным. Яно мела вялiкую iрацыянальную сiлу перакананьня ня толькi з-за тагачаснага гiстарычнага скрушэньня iдэалаў, аб якiм яно, у прынцыпе, i сьведчыць, а найперш таму, што выйшла з-пад пяра Добрыцы Чосiча, самага выбiтнага сэрбскага пiсьменьнiка сучаснасьцi, паважанага „патрыярха нацыi“, якi кароткi час быў прэзыдэнтам мiлошавiцкае абскубленае Югаславii.

Сьцьвярджаючы, што сэрбы — добрыя ваяры, але дрэнныя грамадзяне, шматлiкiя раманы Чосiча, „Мэмарандум“ i моцная iдэалягiчная навала iнфармацыi, што яму папярэднiчала, сыходзiлiся на адным: усе сэрбы павiнны жыць у адной краiне! Гэта значыла яднаньне трох розных групаў сэрбскага насельнiцтва. Сэрбская меншасьць у Харватыi (нашчадкi ўцекачоў, што ратавалiся ад войска Атаманскай iмпэрыi ў ХVI i XVII стагодзьдзях, а пазьней, за Габсбургаў, ператварылiся ў „панцырных баяраў“ паўднёва-ўсходняга аўстрыйскага ўзьмежжа) павiнна быць аб’яднаная любым коштам з самой Сэрбiяй ды з насельнiкамi сэрбскiх анкляваў у Босьнii. Тут праваслаўнае сэрбскае насельнiцтва тысячагодзьдзi жыло адносна мiрна побач са славянамi-мусульманамi ды каталiкамi-харватамi. Гэтак, падтрымаўшы гучныя заклiкi да пачатку нацыяналiстычнае вайны, сэрбская супольнасьць, што жыве на захад ад сэрбскай дзяржаўнай мяжы, выказалася за разьвязаньне крывавай вайны супраць сваiх суседзяў, адкiнуўшы магчымасьць пошукаў разумнага палiтычнага дыялёгу.

Бессаромна выкарыстоўваючы ў сваiх iнтарэсах спадчынны страх перад прыгнётам i фiзычным вынiшчэньнем (сапраўды, вялiзная колькасьць сэрбаў загiнула ад рук правых харвацкiх нацыяналiстаў за час другой сусьветнай вайны), калi ня ўсе, дык большасьць бялградзкiх паэтаў засьпявалi ва ўнiсон з iдэолягамi-папулiстамi. Яны абуджалi ў сэрбах ваяўнiчы настрой, называючы iх „рэшткамi выразанага народу“, ашукваючы iх хоць i палiтычна эфэктыўнымi, але абсурднымi азначэньнямi сэрбаў як выбранага i нават „сьвятарнага“ народу.

Нядзiўна, што ў гэтай радыкальна нацыяналiстычнай казцы ўсе дэталi мiнулага падпарадкаваныя адзiнай мэце: яны падтрымлiваюць заклiк, што праз 10 год пасьля сьмерцi Цiта нарэшце надышоў час, калi Сэрбiя павiнна ўрэшце вызвалiцца, што iдэя ўзнаўленьня i структура сярэднявечнага сэрбскага каралеўства павiнны заставацца непахiснымi, куды б нi ступаў бот сэрбскага жаўнера.

У спрытных рукох учорашнiх камунiстаў i сёньняшнiх нацыянал-сацыялiстаў косаўская пiвоня ператварылася з сымбалю колiшняе агрэсii супраць сэрбаў у сучасны сымбаль сэрбскай агрэсii супраць усiх нясэрбаў. Косаўская пiвоня — кволая кветка, якая нарадзiлася з сэрбскай крывi, пралiтай стагодзьдзi таму — у цяперашняй сэрбскай дзяржаве была з энтузiязмам прыўлашчаная шматлiкiмi ваенiзаванымi арганiзацыямi i бандамi наймiтаў.

Гiсторыя з кветкай вельмi прыдатная для апраўданьня цяперашняга выразаньня басьнiйцаў, якiя з атаманскiмi туркамi, што перамаглi сэрбскiх лыцараў у Косаўскай бiтве, ня маюць нiчога супольнага апроч iсламскай рэлiгii. Значкi, брошкi, наколкi, на якiх прысутнiчае вобраз косаўскай пiвонi, сёньня больш не навяваюць цiхую тугу па сярэднявечных героях Сэрбii, што палi ад рук ворагаў. Ад жорсткiх рук сэрбскiх забойцаў, злачынцаў i барбараў, што зацята помсьцяць за даўнiшнiя паразы, косаўскiя пiвонi як сымбаль сэрбаў-ахвяраў зьвялi. Сёньня яны зьяўляюцца жалобным memento mori па ахвярах сэрбскага палiтычнага вар’яцтва.

Вось чаму вайна на Балканах так шакуе замежных аглядальнiкаў. Ваяўнiчы сымбалiзм косаўскiх пiвоняў зьяўляецца люстэркам толькi для тых, каго пераборлiвае засваеньне гiсторыi падштурхнула да найвялiкшай жорсткасьцi.

Для мяне папулярныя цьверджаньнi аб „трыюмфе разнастайнасьцi“ нiколi не былi простай фiлязофскай тэорыяй. Як я магу прыгадаць, адрозьненьнi памiж народамi заўсёды былi асновай досьведу майго iснаваньня на перакрыжаваньнi розных культураў. Калi да мяне прыйшлi госьцi з Захаду, я — з выглядам шчасьлiвай спрактыкаванасьцi, якая адчуваецца ў лесьнiка ў ягоным стаўленьнi да свайго хвойнага лесу, нават калi чары таго — усяго толькi вынiк звыклага чаргаваньня сухiх i дажджлiвых дзён, а ня нейкiх адмысловых намаганьняў — давёў iм, што ганаруся нашай фэдэратыўнай разнастайнасьцю. Я лiчыў разнастайнасьць югаслаўскай рэчаiснасьцi натуральным фактам.

У Скадарлii, старым месьце Бялграду, задымленым ад грыляў ды шашлычнiц з пожагамi i ўслаўленым у песьнях часоў першай сусьветнай вайны, я ўпершыню ўбачыў, як мужчыны ходзяць, не зашпiлiўшы кашулi, з-пад якiх вiдаць валасатыя грудзi. Яны лускалi сланечнiк i выплёўвалi шалупiньне на тратуар. Упершыню я зразумеў прыхаваны пазытыўны сэнс выразу „шырокая славянская душа“. Гэтым азначэньнем так часта злоўжываюць, што мы, славенцы, неахвотна яго ўспрымаем, але нашыя iмпульсiўныя браты-сэрбы ня могуць жыць безь яго. Мае сабутэльнiкi колькi гадзiнаў запар пiлi за маё, абсалютна чужога незнаёмца, здароўе толькi таму, што даведалiся, хто я такi. Бо мы ж усе „славянскiя браты“, хiба ня так?

У маёй памяцi моцна заселi танклявыя мiнарэты ў басьнiйскiх вёсках, дзе я — адначасова зьбянтэжаны i зачараваны — назiраў за вусатымi мужчынамi ў вышываных кашулях, што сядзелi за столiкамi ля кавярняў i мружылiся ад сонца, нiбы сышоўшы з старонкаў блiскучага раману Мешы Сэлiмавiча „Сьмерць i дэрвiш“, якi разам з раманамi Iвы Андрыча быў сапраўды векапомным сымбалем Босьнii. Тут былi сэрбскiя манастыры, пазалочаныя фрэскi якiх зьяўлялiся пераканаўчым прыкладам творчае магутнасьцi Ўсходняга Хрысьцiянства, магутнасьцi, зь якой я пазьней са зьдзiўленьнем сутыкнуўся пад час вандровак у Паўночнай Iталii i якую пабачыў на скляпеньнях базылiкi Сан-Марка ў Вэнэцыi.

Добра ўмацаваныя муры Дуброўнiка бароняць незалежны дух сярэднявечнай незалежнай рэспублiкi Рагуза i адраджэнскую мудрасьць гарадзкога дэвiзу „Non bene pro toto libertas venditur auro“ (Свабоды нiколi ня купiш за золата), якi ваяўнiчая жорсткасьць чарнагорскiх рэзэрвiстаў узяла на выпрабаваньне пад час вайны 1991—1992 году. Мая памяць аднаўляе застоены смурод на шырокай дуброўнiцкай Страдун, галоўнай вулiцы места, дзе ў халадку завулкаў зацьвiталi i вянулi кветкi летняга каханьня маiх аднагодкаў — гладкая забрукаваная прастора здавалася больш прыдатнай для эратычных дасьледаваньняў, чым роўны асфальт Любляны цi Загрэбу.

На момант аддаўшыся ў палон iлюзiяў, я ўявiў сабе, што нiбыта магу ўваскрэсiць слодыч кавуна, якi аднойчы мне адрэзалi два ветлiвыя кiроўцы грузавiка, калi я вандраваў стопам усьцяж далiны македонскае ракi Вардар. Я ехаў дахаты ў сваю родную далiну, што схавалася ў Альпах, яны — далей, развозiць па заходнеэўрапейскiм абшары прадукцыю ўрадлiвых македонскiх палёў. Але нам усё ж было па дарозе.

Пад час паездкi я са зьдзiўленьнем даведаўся, што не адзiн цешуся разнастайнасьцю югаслаўскай мазаiкi. Мэлядычныя панiжэньнi голасу гэтых неадукаваных людзей былi сьведчаньнем таго самага гонару i зачараваньня. Хоць мы i адрозьнiвалiся адзiн ад аднаго вопраткай, мовай, рэлiгiйнымi перакананьнямi ды густам у музыцы, у нас было нешта агульнае: мы былi блiзкiмi незнаёмымi. Я знаходзiўся за тысячу кiлямэтраў на поўдзень ад роднага места, у якiм, мiж iншым, працавалi Gastarbeiter’амi сябры маiх дальнабойшчыкаў, каб пасьля шчыра нахвальваць найбагацейшую паўночную рэспублiку ў кожнай вёсцы фэдэрацыi. Мы расплочвалiся за напоi на ўзбочынах аднымi i тымi амаль нiчога ня вартымi дынарамi. У нас у кiшэнях ляжалi амаль тыя самыя пашпарты, пераплеценыя ў тую самую чырвоную вокладку з тым жа прэтэнцыёзным сацыялiстычным гербам.

Адной з рэчаў, якiмi мяне зачаравала геаграфiя Македонii, была збляклая прыгажосьць Старога Скоп’я, дзе я шукаў рэшткi шчырай паўднёвай гасьцiннасьцi, што была ўслаўленая ў адной з найчульлiвейшых элегiяў югаслаўскай лiтаратуры, „Тузе па Поўднi“ — элегii пра сонечныя землi дзяцiнства. Канстанцiн Мiладзiнаў (1830—1862) напiсаў яе ў сваiм жахлiвым маскоўскiм выгнаньнi. У тавэрне з той самай назвай, пацiху пацягваючы македонскае брэндзi масьцiку, я разважаў аб нясьцерпным болю ад страты роднае зямлi, аб псыхалягiчных пакутах выгнаньнiкаў, загнаных у чужыя дамы чарговым абсурдным рашэньнем Камунiстычнага Iнфармбюро, палiтэканомiяй беднасьцi або таталiтарным урадам. Калi я рабiў марныя высiлкi ўзгадаць у памяцi радкi з „Тугi па Поўднi“, элегiя напаўняла мяне горкiм усьведамленьнем таго, што досьвед эмiграцыi быў лёсавырашальным для ўсяго спэктру культураў Югаславii.

Я ня мог i падумаць, што ўжо празь дзесяць год пасьля наведваньня Скоп’я маiм басьнiйскiм, македонскiм i сэрбскiм сябром давядзецца не на словах зьведаць усю горыч тае элегii ва ўсiх сталiцах абыякавай Заходняй Эўропы, дзе яны хавалiся ад пякельнага агню вайны, якi жэр безабаронныя Сараева, Гораждэ, Мостар, дзе яны ратавалiся ад сэрбскага зьвярынага прагненьня „Паўднёвай Сэрбii“ — так бялградзкiя архiтэктары старанна спраектаванай катастрофы клiчуць Македонiю, — i дзе яны пазьбягалi мабiлiзацыi ў войска Мiлошавiча, войска, дзе афiцэры забiвалi сваiх жа зрэкрутаваных людзей, калi тыя адмаўлялiся браць удзел у бандыцкiм гвалтаваньнi мусульманскiх жанчын.

Тым лянотным летнiм днём, нахадзiўшы ногi, я бы зачараваны сядзеў на вузкай вулачцы Старога Скоп’я i нават ня мог уявiць сабе, што „Туга па Поўднi“ — гэта нешта большае, чымся спробы ў рамантычнай паэзii, гэта сучаснае ўвасабленьне тугi па Радзiме, якая зрабiлася станам душы для шматлiкiх „перамешчаных асобаў“ былой Югаславii. Сёньняшняя рэчаiснасьць горшая нават за самыя жудасныя начныя мроi.

Некалькi гадоў пазьней я зайшоў выпiць пiва ў Chelsea Hotel у Нью-Ёрку. Я накiраваўся туды, бо яго пакоi былi сьведкамi першых парасткаў амэрыканскага мастацкага авангарду. Я хацеў заглыбiцца ў атмасфэру тае радыкальнае авантуры, якая зрабiла культуру амэрыканскага народу неад’емнай часткай выхаваньня ва ўсёй „сусьветнай вёсцы“ — той гатэль прытулiў быў пад сваiм дахам Дэльмара Шварца i Лу Рыда, Джэнiс Джоплiн i Леанарда Коэна. Пасёрбваючы цеплаватае Rolling Rock, я раптам канчаткова ўсьведамiў тое, да чаго дасьпяваў доўгi час. У тое iмгненьне я ўразумеў, што на фармаваньне маёй культурнай iдэнтычнасьцi паўплывалi тры магутныя фактары: мая родная славенская традыцыя, традыцыя сусьветнай масавай культуры i, урэшце, унiкальны досьвед югаслаўскага культурнага спляценьня, дзеля якога мая пiлiгрымка ў скоп’еўскую кавярню была нагэтулькi ж экзыстэнцыйна важнай, як i наведваньне Chelsea.

Наўрад цi рамантыка была тым, што вабiла македонскiх каралёў дарог да Славенii, але не была тым i звычайная цяга да ўзбагачэньня. Да яе дадавалася зачараваньне адрознасьцю Славенii. Бо далёкая паўночна-заходняя частка Югаславii — правiнцыя Аўстра-Вугоршчыны ў мiнулым — уяўлялася гэтым нашчадкам атаманскiх васалаў незвычайна экзатычнай, да таго ж, Славенiя была часткай той самай краiны, дзе жылi i яны.

Самыя экзатычныя рэчы знаходзяцца пад рукой. Фройдава канцэпцыя das Unheimliche сапраўды ўбiрае ў сябе тыя малазаўважныя зьявы нашага штодзённага жыцьця, якiя — урэшце кiмсьцi ўбачаныя — зачароўваюць усiх наўкола. I менавiта гэта было вымярэньнем нашага югаслаўскага суiснаваньня, што прывяло ў сваёй экстрэмальнай форме да жорсткай дэзынтэграцыi фэдэратыўнае дзяржавы. Безумоўна, трымаць жыцьцё ў напружаньнi памiж роднай i замежнай культурамi асаблiва цяжка, калi яно прымушае цябе сумнявацца ў абгрунтаванасьцi тваiх собскiх перакананьняў. Але толькi гэта можа прынесьцi нейкi плён. Спроба ж пазбавiцца гэтага напружаньня паварочваецца для нас помстай. Калi Бялград прагне абсалютнай улады, адрозьненьнi памiж яго нацыянал-сацыялiстычнай палiтыкай i палiтыкай iншых рэспублiк паступова робяцца невымернымi.

Сэрбская нецярпiмасьць да ўсяго iншага ўзьняла свой Мэдузаў голаў яшчэ ў Косаве, задоўга да пачатку вайны. Палiтыка апартэiду, якую сэрбскi рэжым праводзiў больш за дзесяць год, дзеля таго каб зламiць дух адвечных жыхароў Косава, альбанцаў, выцякала зь перакананьня, што адно сэрбская культура можа ўважацца вялiкай. У той час, як кулi рыкашэцiлi над альбанскiмi хатамi, а прадстаўнiкi сэрбскае меншасьцi агнём i мячом выбiвалi iхных насельнiкаў з-за мураваных дувалаў, бялградзкая прапагандысцкая машына лiтаральна захлёбвалася ў зьневажаньнi косаўскага народу, адмаўляючы яму ў праве звацца людзьмi, прынiжаючы iх да ўзроўню жывёлаў, прыдатных толькi для вынiшчэньня. Гэтак касавары ператварылiся ў д’яблава семя: „iсламскiя фундамэнталiсты“, „дэмаграфiчная бомба запаволенага дзеяньня“, „нецывiлiзаваныя вырадкi“. Толькi вынiшчыўшы лiха чужынскае прысутнасьцi на целе нацыi, сэрбскi народ урэшце можа стацца вольным, крычалi плюгавыя сэрбскiя гебэльсы.

Жорсткае стаўленьне да косаўскага народу вызначыла для Бялграду зручную формулу яго ваяўнiчых зносiнаў зь iншымi нясэрбамi. Са сваiх паранаiдальных пазыцыяў сэрбы ў кожным бачылi лютага ворага: славенцы — гэта „лёкаi Вены“, харваты — „забойцы-ўсташы“, басьнiйцы — „iсламiзаваныя сэрбы“ або „iсламскiя маджахеды“, Захад канвульсуе ў цiсках „змовы Ватыкану з Чацьвертым Райхам“. I гэтак далей. Вы можаце адвольна працягнуць сьпiс: асноўная мадэль перад вамi. Усё нязвыклае, адрознае, чужое вартае адно пагарды, выкараненьня, зьнiшчэньня. Адрозьненьнi, дзеля якiх Югаславiя некалi сталася прыкладам эўрапейскага багацьця культураў, незваротна зьнiклi ў вiхурах вайны.

II.
„Дакранiся да мяне сваёй каленкай пад сталом...“

Я прызнаю: дзякуючы шчасьлiвым абставiнам i эфэктыўнаму супрацiву славенскай краёвай абароны прасэрбскаму югаслаўскаму войску пад час Дзесяцiдзённай вайны мяне абмiнула неабходнасьць эмiграцыi. I менавiта таму я шкадую свайго страчанага Поўдня на тым мэтафiзычным узроўнi, якi ня мае нiчога супольнага з нашай былой урадавай структурай.

Мая туга па Поўднi — гэта не настальгiя па цэнтралiзацыйнай палiтыцы Бялграду. Наадварот, мая туга па Поўднi ўбiрае ў сябе выпадковыя згадкi аб п’янкiм водары сьлiвовага цьвету ў басьнiйскiх садох. Яна — у пранiзьлiвых крыках напаўдзiкiх бакланаў на македонскiм возеры Дойран. Яна адбiваецца ў крышталёвым блакiце пячоры на харвацкай высьпе Бiшава, якая па сваёй прыгажосьцi пакiдае далёка ззаду нашмат больш ведамую Грота-Адзура на высьпе Капры. Калi Андрэ Жыд насамрэч хацеў бы зьбегчы адтуль, ён, пэўне, патрапiў бы ва ўладаньнi марскiх багоў у глыбокiх блакiтных водах Бiшава.

Мая туга па Поўднi пацiху зь пяшчотай напявае далмацкiя песьнi пра каханьне, якiя мы, славенскiя школьнiкi, любiлi больш, чым мэлянхалiчныя народныя напевы нашае перадальпiйскае рэспублiкi. Мая туга па Поўднi аблепленая прыватнымi размовамi, што вялiся сярод бялградзкiх лiтаратараў, якiя цяпер зьехалi на эмiграцыю, а раней удзельнiчалi ў дэбатах адносна творчасьцi Дэрыды i Рыльке, у палымяных дыскусiях аб гiстарычных раманах сэрбскага пiсьменьнiка Мiлаша Црнянскага i заблытаных апавяданьнях славенца Драгi Янчара. Яна мкнецца выявiцца ў тым даўно пазабытым запоi на пляжах Сплiту, гораду на далмацкiм узьбярэжжы, дзе непарыўна зьмяшалiся харвацкая i iтальянская мовы. Яна — у напаўскураным касяку, забiтым травою, якую адзiн знаёмы вырасьцiў на высьпе Вiс.

Мая туга па Поўднi муркоча лiрычныя вершы Джонi Штулiча, вакал-гiтарыста легендарнага рок-гурту Azra, якога на канцэртах у любой частцы былой Югаславii горача вiталi натоўпы ўзбуджаных тынэйджэраў, сярод якiх быў i я. Хоць ён i сьпяваў пра тое ж, што i Лу Рыд, толькi па-харвацку, такi, з хрыпкай, голас быў толькi ў яго; гэты голас ў тыя часы, калi над усiм красаваў вайсковы бот, выяўляў ягоную iндывiдуальнасьць, якая зараз магла б падацца павярхоўнай. Ён ненавiдзеў пазёрства i, сьпяваючы, нiколi не нахiляўся ўперад. У гэтым палягала нашая духоўная тоеснасьць. Ён не абяцаў Валадарства Нябеснага на зямлi; наадварот, для яго сьвет быў Свэдэнборскiм пеклам, прыкрытым маскай нябёскiх iдалаў.

Калi ён сьпяваў пра шпацыры па цьмяна асьветленым горадзе позна ўначы i пра людзей, якiх ненавiдзяць з-за таго, што яны належаць да тае цi iншае меншасьцi, ён заўжды абапiраўся на непарыўную ўпэўненасьць у тым, што найпрасьцейшы выбар — найгоршы, i што ты мусiш пакласьцi сваё жыцьцё, каб абаранiць свае перакананьнi. Калi я вучыўся ў каледжы, мне давялося ўпершыню яго пабачыць у Мэмарыяльнай залi Любляны. Я iнстынктыўна адчуў, што перада мною прарок. Яго заклiк да веры ў сябе, у анархiю i волю быў адразу прыняты цэлым пакаленьнем маладых югаславаў, якiя, молячыся розным багом, шанавалi толькi аднаго прарока: прарока ад рок-н-ролу.

Аднойчы, ужо даўна, пад час маёй вандроўкi па Карнацкiм архiпэлязе ў Адрыятычным моры, мне выпадкова давялося прачытаць насьценны надпiс на адной далёкай высьпе, куды карабель зь вялiкай зямлi заходзiць толькi двойчы на тыдзень. Накрэмзаныя ўздоўж нетынкаванай сьцяны вясковае тавэрны, гэта не былi тыя цалкам бессэнсоўныя апакалiптычныя брыдоты, якiмi сталiся графiцi сёньня. Наадварот, там лiтары прапаведвалi вечную праўду Каханьня. Маё сэрца ёкнула i пачало грукацець шпарчэй.

Я багатварыў Юга-рок, бо для мяне ён стаў сапраўды дзейсным ладам жыцьця, якi зблiжаў мяне з тымi людзьмi, што маглi адчуваць радасьць i сум, i iм не былi патрэбныя для гэтага лiшнiя словы. Тут, на гэтай закiнутай скалiстай высьпе пасярод Адрыятыкi, я знайшоў такую блiзкую мне па духу кароткую фразу, якая выказвала ўсё маё захапленьне рок-сьпеваком, што простымi словамi распавёў аб нашых агульных дылемах у сваёй душасутрасальнай музыцы. Надпiс быў: „Штулiч — бог“. То было ўсё, чаго я хацеў. Я патрапiў дамоў.

Той запал, якi поўнiў песьнi Штулiча пра гора горкае i надзвычайную духоўную моц iзгояў грамадзтва, быў запалам, што сьведчыў. Для тых з нас, хто валтузiўся пад сцэнай, гэты запал прарываўся праз пласты нашых падлеткавых нормаў паводзiнаў i рабiўся адзнакай тае прыступнасьцi, што дала магчымасьць цэламу пакаленьню маладых югаславаў знайсьцi самiх сябе ў Штулiчавай лiрыцы. Гэта было магутнае i прадбачлiвае сьведчаньне пра канец сьвету, на якi забылiся багi i якi карцiць занядбаць самiм людзям.

Юга-рок нiколi не хацеў хаваць свайго заклiку за песьнямi пастушкоў пад македонскую дуду, якiя мацяркi нашых рок-музыкаў слухалi, робячы ў полi. Безумоўна, Юга-рок трымаўся на ўнiвэрсальным спалучэньнi басу, гiтары, бубнаў i вакалу, але ён таксама не цураўся ўплыву паўднёваславянскiх народных мэлёдыяў.

Падсумую: калi нашыя заходнiя аднагодкi вучылiся музыцы па стандартных Yellow Submarine i Rock’n’Roll Music, гiтарысты-пачаткоўцы ўсёй Югаславii спрабавалi iмiтаваць арыгiнальныя рытмы басьнiйскага блюзу, і зрабiў несьмяротным галавакружна папулярны сараеўскi гурт White Button у песьнях „Сэльма“, „Ня сьпi, мая салодкая“ i „Iх вiна — у горкiм вiне“, чые куплеты я i мае сябры сьпявалi на калiдорах Першага сараеўскага, загрэбскага Клясычнага i люблянскага Шэнтвiцкага каледжаў з тым аматарствам, якiм было адзначана ўсё наша юнацтва.

Слова „аматар“ этымалягiчна паходзiць ад „захапленьня рэччу самой па сабе“. Нашая абмежаваная асалода ад недасканалага прадукту таго захапленьня была, мабыць, перадусiм, адной магчымай узнагародай за веру ў наш супольны, няхай i спрэчны, мэнталiтэт, заснаваны на культурах Цэнтральнае Эўропы, Балканаў, Мiжземнамор’я i Панонскай далiны.

Я ўпэўнены, што Юга-рок даў мне той рэдкi шанец пажыць у шматкультурным грамадзтве задоўга да таго, як паняцьце мультыкультурнага грамадзтва атрымала афiцыйную ахоўную афарбоўку палiтычнае правiльнасьцi.

Неўзабаве пасьля пачатку цяперашняй Балканскай вайны я вяртаўся дахаты са Злучаных Штатаў праз Парыж. Чакаючы цягнiка на адной халаднаватай станцыi мэтро, я раптам пачуў пагалосак знаёмай з далёкiх часоў, з далёкага сьвету мэлёдыi. Нешта пяшчотнае i неадольнае пацягнула мяне туды, адкуль даносiлася тая песьня.

Малады цёмнавалосы хлопец, перад якiм на падлозе ляжаў перавернуты скамечаны капялюш, журботна кранаў струны гiтары, гледзячы проста перад сабою. Нiхто зь iншых мiнакоў i ня думаў спыняцца. Нашто iм трэба?

Але мяне ажно скаланула, калi я лiтаральна ў адно iмгненьне прызнаў лiрычную баляду, што аднойчы дапамагла мне выказаць боль маладога разьбiтага сэрца. Мною адразу апанавала вострая, яшчэ прыемная настальгiя, мяне здушыў струмень эмоцыяў, калi я слухаў непастаўлены голас таго сьпевака, голас, якi надзвычай моцна адбiваўся рэхам у сьценах падземкi. Паслухайце, паслухайце ўважлiва песьню, якую сьпяваў мой няшчасны зямляк:

Нехта кахае мяне
марыць аба мне
паглядае ўпотай
але я ня ведаю хто
нехта кахае мяне
калi я дзесьцi бадзяюся
пераходжу вулiцу
нехта такi як сам я
я вывучаю твары
я аглядаю натоўп
нехта шукае мяне
але я ня ведаю дзе
нехта кахае мяне
аддае мне сваю душу
нехта тут чужы
як i я чужы
цень нэонавага сьвятла
большае
жар у цябе ў вачох
цябе выдае
сёньня ўвечары ты можаш
распытваць пра мяне зноў
засунь рукi ў кiшэнi
i цiхененька iдзi.

У сваёй Biographia Literaria Колрыдж пiша, што „сапраўдную сiлу маюць ня тыя вершы, што мы прачыталi, а тыя, да якiх мы вяртаемся“. Я не адзiны, хто зноў i зноў перажывае падобныя пачуцьцi, слухаючы Штулiчаву лiрычную „Людзi самоты“. Усе тыя з нас, хто заўсёды шукае блiзкую душу на чыгуначных вакзалах, у аэрапортах, у залях чаканьня, каго-небудзь, хто стаўся сьведкам тых дзеяў, што адбывалiся на тэрыторыi ўсёй былой Югаславii ў адным i тым жа рытме, таго, хто з аднолькавым экстазам слухаў тых самых рок-сьпевакоў i чытаў творы тых самых паэтаў, адчуваюць тое самае. Iмёны гэтых сьпевакоў i паэтаў так i не прагучалi ў Заходняй Эўропе, але для нас яны былi тым сьвятлом, што мiгцела ў канцы тунэлю палiтычнага цемрашальства.

Калi ты не ўсьведамляеш таго, што ты згубiў, ты не згубiў анiчога. А я вельмi добра ведаю, што згубiў: досьвед тае адметнае насычанае тоеснасьцi — прадукту ўнiкальнага i ўжо не для ўсiх прывабнага сусьвету, што кiдае выклiк — тоеснасьцi з вайсковымi амбiцыямi Бялграду. Пазбаўлены жаўруковае песьнi па-над балоньню славенскае ракi Соры, навальнiцаў над Карстам або бязгучнага багацьця мiнэралаў у вострахрыбетных Юлiянскiх Альпах, гэты сусьвет мог бы выглядаць даволi бедна, гэтак сама, як i мая маладосьць, калi б у ёй не было рок-музыкi, кнiжок i сяброўства, якое i яднала нас у тым, што было шырачэзнай югаслаўскай супольнасьцю.

Я ўпэўнены, што рок-музыка ўжо ня будзе ўспрымацца мною так, як раней, з прычыны гвалтоўнага распаду Югаславii. Я ўзрастаў не на легендарнай мудрасьцi Beatles або завываньнях Мiка Джагера; самым галоўным былi арыгiнальныя мэлёдыi White Button, бялградзкiх „Iдалаў“, македонскiх „Хлеба i солi“ i вялiкага мноства iншых гуртоў, чые напаўзабытыя iмёны калiсьцi сымбалiзавалi сапраўднае выхаваньне пачуцьцяў цэлага пакаленьня, некалькi дзясяткаў тысячаў прадстаўнiкоў якога зьехалiся некалi даўно, о Божа, як даўно, на першы югаслаўскi Вудсток у невялiчкай вёсцы пад Бялградам. Той досьвед вымусiў нас наiўна паверыць, што пазытыўныя вiбрацыi нашых калектыўных намаганьняў пакладуць пачатак новаму жыцьцю ў гармонii, так, як жывуць зоркi, як суiснуюць чатыры пары году.

Стрэлы на Балканах заглушылi тыя пазытыўныя вiбрацыi. Зоркi Юга-року расьсеялiся па самых розных куткох Зямлi. Зоркi застылi. I з усiх чатырох пораў году на землях на поўдзень ад маёй новай краiны пануе толькi адна — глыбокая i цёмная зiма сьмерцi.

Маё горла сьцiскаецца, сьцiскаецца ўсё ў нутрох, калi я ў адзiноце сумую па маiм Поўднi. Ужо першы стрэл у вайне за Славенiю абсалютна ясна зазначыў, што гэты сум сягае каранямi ў глыбiнi незваротнага мiнулага. Чэслаў Мiлаш трапна апiсаў гэтае пачуцьцё ў адным з мэлянхалiчных радкоў сваёй „Элегii для N.N.“: „I сэрца не ўмiрае, калi табе здаецца, што ўжо яму пара“. Бо сэрца мае на тое свае падставы, пра якiя розум i не здагадваецца, мэтафiзыка майго раскавалкаванага сэрца дасюль выцякае са згадак пра маё разьдзеленае мiнулае, ад якога я не магу адмовiцца.

Орды фанабэрлiвых афiцэраў i п’яных рэзэрвiстаў анэксавалi Heimat — сацыяльную, нацыянальную i палiтычную структуру чыйгосьцi дому. Але мы, вечныя дзецi, адмаўляемся прызнаць тое, што хтосьцi пазбавiў нас Heim’у — адзiнага пазасталага ў нас прытулку: наша ўяўная супольнасьць, iнтымныя закуточкi нашае памяцi, рака, што цячэ пад Трыма Мастамi Любляны, цьмяныя зоркi над гарой Скарлацiцай, твары закаханых, цьвет магнолiяў, цнатлiвая бель сьцежак гарадзкога парку. Туга па мiнулым, якога не павернеш.

Цяпер я ясна ўсьведамляю, што мiнулае ў маёй памяцi ня мае анiякай сувязi з сучаснасьцю. Я пераканаўся ў гэтым за тыя дзесяць дзён кароткага сьпякотнага лета 1991 году, якiя, магчыма, i не зьмянiлi сьвету, але адзначылi пачатак новае эры для мяне i маiх землякоў. Аднойчы, пад час тае дзесяцiдзённае вайны за Славенiю, калi югаслаўскiя танкi ўжо абкружылi сталiцу маёй краiны, я йшоў пешкi па абсалютна бязьлюдных вулiцах люблянскага прадмесьця, каб пабачыцца з бацькамi i сястрою.

Яны нейк тулiлiся разам зь iншымi жыхарамi iхнага невялiкага дому ў сутарэньнях, якiя нiколi дагэтуль не выкарыстоўвалiся па сваiм першапачатковым прызначэньнi. Яны не былi падобнымi на належным чынам абсталяваныя бамбасховiшчы, дзе ўсё было прызначанае для таго, каб дапамагчы выжыць, i якiя былi прадуктам усёпранiкальнае панiчнае боязi магчымых атак Захаду, якую Цiта старанна культываваў з мэтай падтрыманьня кантролю над сваёй камунiстычнай iмпэрыяй. Гэтыя сутарэньнi заўжды служылi толькi сьпiжарняю: грубыя негабляваныя палiцы ўздоўж сьценаў, разламаныя раскладныя столiкi i добра абшарпаныя крэслы на падлозе — усё зносiлi сюды мае руплiвыя бацькi, якiя ў маладосьцi мужна перанесьлi „сем посных гадоў“ пасьляваеннай Югаславii.

Палiцы прагiналiся пад цяжарам шматлiкiх слоiкаў з хатнiмi марынадамi, памiдорамi i сьлiвовым варэньнем. Бутэлькi з „тэранам“ — цёмна-чырвоным карсцкiм вiном — паблiсквалi скрозь пыл; пад iмi бялеў вэрхал старых газэтаў. У ровар упёрлiся лыжы. У дальнiм куце месьцiлася вялiзная старасьвецкая камода, дзе ляжалi часопiсы ды кнiгi, якiя я купiў за час навучаньня ў Люблянскiм унiвэрсытэце, а пасьля, перад ад’ездам у Злучаныя Штаты, перахаваў у вiльготнай скарбоўнiцы сутарэньняў.

Пераканаўчы голас радыёкамэнтатара нагадаў, што мы павiнны ўзяць з сабой у сховiшчы ежу i дакумэнты. Ледзь чутнае грукаценьне аўтаматычнае зброi далятала з цэнтру гораду. Славенскiя апалчэнцы намагалiся вылiчыць пераапранутых у цывiльнае югаслаўскiх снайпэраў, некаторым зь якiх удалося ўцячы, каб пасьля ўдасканальваць сваё майстэрства забiваць з вокнаў сараеўскiх шматпавярховак. У летняй сьпякоце дрыжэла паветра, завывалi сырэны, перасьцерагаючы аб магчымым авiянападзе, нейкi сабака шнырыў па суседнiх дварох, а за iм бегала цэльная зграя яму падобных: вулiцы апусьцелi.

„Вайна“, — бясконцую колькасьць разоў думалася мне ў тыя некалькi дзён. Гэта была сапраўдная вайна. Гэта было не кiно пра слаўныя днi партызанкi, дзе Рычард Бартан здымаўся ў ролi маладога маршала Цiта, якi выводзiць свае дывiзii зь нямецкага абкружэньня, у фiльме „Суцьеска“ (1973) — разьдзьмутай дзьвюхгадзiннай эпапэi аб легендарнай бiтве, у якую мы да ачмурэньня гулялi на нашых пыльных дзiцячых пляцоўках. Iшла сапраўдная вайна, дзецi румзалi ў бамбасховiшчах, iхныя бацькi, пераадольваючы страх, углядалiся ў цемру, а мае калегi раптам заўважылi, што неадкладная неабходнасьць абароны нашага краю ператварыла iх з загадчыкаў складоў, вярстальшчыкаў цi студэнтаў эканомiкi ў адданых змагароў.

Я кiнуўся ў абдымкi сястры, мацi ды бацькi, шчасьлiвы ад магчымасьцi зноў iх пабачыць. Словаў ня трэ было. Дастаткова было дакрананьняў. Гэта было самым галоўным: да Дзесяцiдзённае вайны я нiколi так ясна не ўсьведамляў, што маё жыцьцё нагэтулькi моцна зьвязанае з жыцьцём маiх любых людзей.

Нягледзячы на тое, што Славенiя атрымала досьвед вайны ў адносна памяркоўных формах, вайна прынесла нам штосьцi, чаго мы б нiколi не дасягнулi пры мiры. Беспасярэдняя пагроза фiзычнага зьнiшчэньня ўзмацняе мэтафiзычнае ўспрыняцьце суб’ектам тае любовi, пра якую Дэнi дэ Ружмон пiша ў сваёй кнiзе „Мiты каханьня“ (1961): „Толькi дзякуючы любовi штосьцi ёсьць тым, чым яно ёсьць, дзеля любовi яно набывае адпаведныя формы i рухаецца, усё: блiзкае i далёкае, суcьвет i iндывiд, жаданьне, пакуты i радасьцi“. Прадчуваньне магчымасьцi згубiць любага чалавека сталася неадрыўнай часткай карэнным чынам зьмененага спосабу сьветаўспрыманьня людзей.

Мая сястра, яшчэ ня верачы сваiм вачом, разглядвала зашпiлькi маёй бронекамiзэлькi, выдадзенай мне як вайсковаму рэпарцёру CNN. А я пакрочыў у наш абстаўлены ў вясковым стылi кабiнэт i павольна адчынiў хiсткiя дзьверы, што вялi ў яго.

Тое, што я ўбачыў, было незабывальнай праявай тугi па Югаславii. Перада мною была iнтэлектуальная Югаславiя ў разрэзе, тая Югаславiя, у якой я нарадзiўся i якую я любiў, але ад чыйго iмя бялградзкiя генэралы зараз, не мiргнуўшы вокам, гатовыя былi сьцерцi зь зямлi цэлыя гарады i ператварыць у пыл вёскi разам з жыхарамi. Я застаўся стаяць, агаломшаны i ўзрушаны. З траншэяў, у якiх славенскiя салдаты змагалiся супраць югаслаўскага войска, супраць афiцэраў ды жаўтаротых добраахвотнiкаў з Косава i Чарнагорыi, Македонii i сэрбскiх узгор’яў, капрызам гiсторыi мяне занесла ў гэтую кельлю, да гэтага старога сялянскага суднiка, ад гары да долу забiтага кнiгамi на бальшынi моваў былой Югаславii, кнiгамi, якiя ня толькi абумовiлi маю акадэмiчную i лiтаратурную кар’еру: яны сфармавалi мяне самога.

Тут стаялi невялiкiя кнiжачкi з сэрыi „Слова i думка“, што пазнаёмiлi мяне з пачуцьцёвым сьветам пэрсыдзкае паэзii ў сэрбскiх перакладах. Побач прытулiлiся пранiкнёныя эсэi Чэслава Мiлаша, ягоныя „Мары з бухты Сан-Францыска“; пазьней, у Нью-Ёрку, я змагу параўнаць раскошны дызайн амэрыканскага выданьня са сьцiплай вокладкай майго сэрбскага перакладу, чый выдавец з Ваяводзiны заслужыў удзячнасьць цэлага пакаленьня маладых чытачоў. Скарочаныя варыянты працаў Авэроэса, Плятына i Арыстотэля, выдадзеныя ў Загрэбе, зьбiралi пыл пад свае аднолькава бледна-жоўтыя вокладкi, па якiх я мог беспамылкова вызначыць пакой студэнта фiлязофii, калi начаваў у дамох сваiх сяброў у Нiшы, Охрыдзе або Вiнкаўцы.

Тут ляжалi нумары македонскага лiтаратурнага часопiсу „Малады змагар“, дзе я марыў апублiкаваць свае першыя вершы. Тамы Башляравых летуценьняў аб прасторавай паэтыцы ды Бэнжамiнаў „Маскоўскi дзёньнiк“, выдадзеныя ў Сараеве на дзiўнаватым варыянце сэрбскахарвацкае — вынiку аднолькавае любовi басьнiйскага перакладчыка i да сэрбскай, i да харвацкай лексыкi, да чаго ў мэлёдыцы сказаў дадаваўся нясьмелы намёк на ранiшнi поклiч муэдзіна. Бродзкi, Лятрэамон, Цьвятаева i Мандэльштам, сэрбскiя пераклады якiх — невялiкiя, у непрывабных белых вокладках — я знаходзiў i купляў у кнiгарнях Новага Саду i Любляны. Зборнiк вершаў майго сябра Томаша Шаламоўна ў перакладзе, што пабачыў сьвет у Чарнагорыi.

Па-майстэрску i з замiлаваньнем пераплецены поўны гадавы выпуск прэстыжнай сэрыi „Сто найлепшых раманаў сусьвету“ ў славенскiм перакладзе, напаўпахаваны пад старымi нумарамi бялградзкага часопiсу „Лiтаратурныя навiны“ i загрэбскага Quorum’у, дзе на працягу некалькiх год я меў пэрсанальную паэтычную калёнку i свайго собскага перакладчыка. „Апiсаньне сьмерцi“, кнiга кароткiх апавяданьняў сэрбскага габрайскага паэта Давiда Альбагары зь сяброўскiм прысьвячэньнем аўтара. Стосы самых разнастайных лiтаратурных аглядаў, альманахаў, анталёгiяў з маiмi працамi, перакладзенымi на розныя мовы, шэраг зборнiкаў i невялiкiх часопiсаў, у стварэньнi якiх я з энтузiязмам удзельнiчаў, пакуль яны таксама ня зьнiклi або не былi праглынутыя ўсё больш глыбокай безданьню нацыяналiстычнай выключнасьцi.

З гэтых лёгкiх вiхурчыкаў пылу з жоўтых хрыбецiнаў кнiгаў ды з перагорнутых сотнi разоў старонак, з гэтых фантастычных апавяданьняў, у якiя я так часта паглыбляўся — з жарсьцю чытача па прызваньнi ды перакананьнi, не ўсьведамляючы нават мовы, на якой быў напiсаны твор — славенскай цi сэрбскахарвацкай, на якой я размаўляў амаль гэтак жа вольна, як i на роднай, дзякуючы частым вандроўкам на Поўдзень; з павялых твараў выдаўцоў, пiсьменьнiкаў ды перакладчыкаў, якiя для мяне асацыявалiся збольшага зь лiтаратурнымi фэстывалямi ды неафiцыйнымi чытаньнямi ў якiм-кольвек пакоi ў Цэціні i Сараеве, Бледзе i Струзе, — з гэтых цьмяных вобразаў сплялося танюткае павучыньне блiзкiх сяброўскiх адносiнаў, для якiх папраўдзе не iснавала нi нацыянальных, нi моўных бар’ераў. Гэтыя сяброўскiя стасункi нарадзiлiся ў салодкай пустэчы вечнасьцi, да якой нас магла прылучыць адно толькi муза мастацтва; i мы сьвята верылi ў iснаваньне гэтае музы, бо былi няздольныя верыць нiводнай Вялiкай Iдэi.

Мы iнтуiтыўна разумелi, што дзеяч мастацтва можа разважаць аб сваiм собскiм натхненьнi — як i аб духу гiстарычнай эпохi — толькi зьяўляючыся маргiналам у сваiм грамадзтве. Шматлiкiя нумары славенскага часопiсу „Лiтаратура“, харвацкага Quorum’у ды сэрбскага „Лiтаратурнага слова“ зьмяшчалi вершы i апавяданьнi, творы, кожны з каторых быў доказам нашае веры ў тое, што лiтаратура, якую мы стваралi на працягу 80-х, была адной вялiзнай мэтафарай, вельмi сьмелай самой па сабе: заставацца самiм сабою па-за межамi нацыянальных iдэалёгіяў, палiтычных партыяў ды гiстарычных праграм разьвiцьця.

Незадаволеныя той атмасфэрай, у якой дысыдэнцкiя кнiгi ўхвалялiся выключна з прычыны вастрынi iхнае крытычнае пранiкнёнасьцi, дзе ўсе пазабылiся на эстэтычныя стандарты, мы скiравалi сваю творчасьць на пакручастую сьцежку дэпалiтызаванай лiтаратуры. Мы, асаблiва на старонках Quorum’у, зноў i зноў падкрэсьлiвалi, што, калi тыя альбо iншыя пастуляты маралi i выкрышталiзавалiся з алегорыяў гiсторыi ды мэтафараў штодзённых прамоваў, ня трэба спэцыяльна вымагацца, каб падкрэсьлiць адмысловы эфэкт тых самых пастулятаў.

На працягу 80-х Quorum быў тым агнём, да якога iмкнулiся матылi нашых лiтаратурных поглядаў, што лёталi толькi ўначы, дый тое зь перасьцярогай: нашы вершы заўважалiся адно тымi, хто падзяляў нашу веру ў тое, што, каб кампэтэнтна разважаць аб навакольным сьвеце, чалавек павiнен сьпярша заглянуць у змрочныя вiры сваёй собскай псыхiкi. Пiшучы ў безаблiчных шматпавярхоўках Новага Бялграду, у мансардах дамоў загрэбскага Верхняга Гораду або ў адным з былых мяшчанскiх кварталаў Любляны, мы горача i аддана спрачалiся наконт значэньня мэтафiкцыi i чыста адвольных стыляў, але нас яднала асноватворнае перакананьне ў тым, што ўсьведамленьне паэтам гiстарычных варункаў ягонае творчасьцi палягае ва ўжываньнi мовы i прыняцьцi мясцовых традыцыяў.

Для заходняга чытача, прагнага да дысыдэнцкае лiтаратуры, гэтае перамяшчэньне фокусу азначае пэўную згубу рамантычнага арэолу ва ўсходнеэўрапейскай драме „пiсьменьнiк супраць цэнзара“. Але коштам звужэньня чытацкае аўдыторыi мы дасягнулi свабоды ў справе напiсаньня лiрычных разважаньняў, чый кволы агеньчык мы зноў i зноў мусiлi баранiць ад лютых вятроў poйsie engagй.

Мы не вынаходзiлi ровару. Але мы адчувалi, што, баронячы нашыя iнтраспэкцыйныя радкi, мы адначасова баронiм вялiкую iдэю свабоды. Грамадзкi прэстыж з кожным днём усё большага кодла пiсак, чыё зьбяднелае ўяўленьне вяло да кароткачасовага ўпiваньня палiтычнай славай, пастаянна прымушаў нас рэагаваць на танныя закiды адносна таго, што мы, нiбыта, зьбягаем ад рэчаiснасьцi, туляючыся сярод бясконцых касмалёгiяў ды фiлязофскiх парадоксаў у стылi апавяданьняў Борхеса, чыя папулярнасьць прыдала цэламу пакаленьню маладых югаслаўскiх лiтаратараў зьняважлiвы эпiтэт „бархесiянскага“.

Мiж тым, сапраўды важную ролю ў нашым фармаваньнi як пiсьменьнiкаў граў ня Борхес, безумоўна, аўтарытэтны, а сэрбска-жыдоўскi пiсьменьнiк Данiла Кiш. У яго аповедах гiсторыя i iндывiд адбiвалiся адно ў адным з такой адметнай тугой па экзыстэнцыйнай мiстэрыi, якая для нас, жыхароў краiны, дзе мiр быў толькi кароткай пярэрвай памiж войнамi, была нашмат больш зразумелай, чымся бясконцыя лябiрынты прыдумак аргентынца. Больш, чым у „Алефе“ цi „Садзе, у якiм разьбягаюцца сьцежкi“, мы шукалi ў „Магiле для Барыса Давiдовiча“, „ Заўчасных журботах“ ды „Энцыкляпэдыi мёртвых“ магчымыя шляхi свайго вызваленьня ад путаў часьцяком павучальнае лiтаратуры, у якой аўтар выконваў адну-адзiную функцыю: быць стаўпом грамадзянскае мужнасьцi.

На шчасьце, назiраючы за праблемамi нашага собскага грамадзтва, мы зразумелi, што сiлы дабра i зла не былi начыста разьяднаныя той лiнiяй, якая аддзяляла камунiстаў ад некамунiстаў, мы мусiлi былi ўбачыць, што складаная рэчаiснасьць патрабавала адпаведнага ёй комплекснага адлюстраваньня ў лiтаратуры. Такiм чынам, Цэнтральная i Ўсходняя Эўропы сталiся сьведкамi зрухаў у выкарыстаньнi паэзii, якую так часта напаўнялi экзальтаваным палiтычным або маральным „высакародным мысьленьнем“, якога, як аднойчы трапна заўважыў Чэслаў Мiлаш, ня можа быць у вершах.

Было пэўным дзiвам тое, што мы, маладыя славенскiя лiтаратары, успрынялi Джойсаў пастулят non serviam у справе дасягненьня незалежнасьцi Славенii ў 80-я гады; ужо пад час Дзесяцiдзённае вайны мы адразу ж адказалi на заклiк да грамадзянскае пiльнасьцi. У згодзе з нашай фiлязофiяй палiтычнае абстынэнцыi, мы пакiнулi ў баку лiтаратуру i прадэманстравалi сваю недвухсэнсоўную жыцьцёвую пазыцыю на тэлебачаньнi i радыё, у газэтных калёнках i нават у шэрагах краёвай абароны.

Нашы сталейшыя калегi сарвалi свае заслужаныя аплядысмэнты пры дапамозе крытычнага дыстанцыяваньня i бязьлiтаснага скальпэлю праўды для таго, каб стаць выразьнiкамi iдэяў так званага „сацыялiзму з чалавечым тварам“. Наша эстэтычнае ўяўленьне, тымчасам, фармавалася на падставе iншых фактараў. Мы сканцэнтравалi нашыя творчыя таленты вакол праблемы, якая, мажлiва, i не прыцягвала ўвагі грамадзтва, але была i застаецца спатоеным выклiкам. Замест сацыялiзму i справы яго пышнага пахаваньня мы засяродзiлiся на шнарах, драпiнах, зьмяцiнах ды грымасах на тварах iндывiдаў. Мы жылi сваiм пранiкненьнем у глыбiнi чалавечай душы, што перад абуджэньнем вядзе маўклiвую барацьбу супраць агонii, калi царства сьмерцi пачынае адступаць, але яшчэ цалкам не зьнiкае, i душа можа прасьцесенька заблукаць сярод паранаiдальных ды трывожных ценяў.

Паэт можа сьведчыць пра свой час толькi тады, калi ягоныя мэтафары вольныя ад вонкавай неабходнасьці, незалежныя ад таго лягеру, у якiм яны ўзьнiкаюць. Гэта было нашым дагматам, i мы доўга распавядалi пра гэтае невялiчкае адкрыцьцё на ўсiх мовах колiшняе Югаславii. Але гэта ня значыць, што нашае „пакаленьне без харызматычных настаўнiкаў“, як выразiлася неяк прэса, заплюшчыла вочы на сацыяльную ды гiстарычную рэчаiснасьць наўкол сябе.

Усё было наадварот. Пiшучы звычайныя апавяданьнi пра звычайных людзей, мы паспрабавалi выявiць наступствы сацыяльных зьменаў для людзей, мы паспрабавалi выявiць уплыў сацыяльных зьменаў, усiх тагачасных бядотаў на людзкiя пачуцьцi, спосаб мысьленьня, невялiчкiя радасьцi. Часовае сужыцьцё ў тым гета, дзе мы пачувалiся як удома дзякуючы ўзаемападтрымцы i агульным памкненьням, прымусiла кожнага з нас паасобку кiнуць намаганьнi выразiць словам той змрочны сьвет, у якiм жыць нiкому не хацелася, але ўсё ж такi мелася. Тады i ўзьнiкла ў нечым эратычная калектыўная лiтаратурная творчасьць, набыў свае абрысы пэўны культурнiцкi мэнталiтэт, над фармаваньнем якога я працаваў пад час 80-х.

Палiтычныя iдалы югаслаўскага экспэрымэнту разьбiлiся ўшчэнт менавiта тады, калi танкi пачалi выпаўзаць з гарнiзонаў у навакольлях Любляны, каб сiлай, любымi сродкамi ўтрымаць iснаваньне калектыўнай дзяржавы. Маскi зьляцелi. Злачынцы ва ўнiформах танчылi, а цэлыя плынi безыменных уцекачоў рынулiся насустрач няяснай будучынi. Разбуральная хваля неўтаймаванага мiлiтарызму iмклiва неслася ўперад. Штандары мясцовых фюрэрчыкаў з кожным днём узьвiвалiся ўсё вышэй i вышэй. Сьвет пачынаў крышыцца, як счарсьцьвелы хлеб.

У цесным пакойчыку на Адзiнаццатай вулiцы нью-ёрскага Нiжняга Iст-Сайду сядзiць група студэнтаў i iнжынэраў, архiтэктараў i паэтаў, якiя яшчэ ўчора жылi ў адзiнай дзяржаве, але ўжо сёньня ў кожнага зь iх свая краiна. На стэрэа грае падрапаная кружэлка. Адзiн харвацкi сэрб, вядомы эстрадны выканаўца з краiны, што больш не iснуе, запiсаў гэты зборнiк народных напеваў задоўга да таго, як пачалi выкарыстоўваць тэхналёгiю лязэрных дыскаў.

Звонку шумлiва кiпiць, занятая сваiмi справамi, сталiца ХХ стагодзьдзя. Таму мы схiлiлiся ўперад i стаiлi наш подых, каб лепей убiраць у сябе гэтую старую песьню на словы аднаго харвацкага паэта. Радэ Шарбэджыя сьпявае яе прыемна мяккiм голасам чалавека, якi i ўявiць сабе ня мог, што аднойчы мэлянхалiчнае пасланьне з парэпанае кружэлкi застанецца для яе слухачоў адзiнай згадкай аб iхнай радзiме. Яны ведаюць: Тэадор фон Адорна меў рацыю, калi напiсаў у сваiм эсэi пра Гайнрыха Гайнэ, што бяздомнасьць сталася нашым лёсам, што наша мова, як i мы самi, чэзьне ў выгнаньнi.

Тыя з нас, хто па сваёй волi зьехаў у заморскае выгнаньне яшчэ задоўга да пачатку вайны на Балканах, кiруючыся неўсьвядомленым жаданьнем пэўных зьменаў у асабiстым жыцьцi, цешылi сябе збавiцельнай думкай аб тым, што цяпер ужо яны маглi ў любы момант вярнуцца ў сваю новую рэспублiку ў перадгор’ях Альпаў, якую цмок вайны толькi зьлёгку зачапiў сваiм хвастом. Аднак, разам з нашымi менш шчасьлiвымi сябрамi са спустошаных рэгiёнаў былое Югаславii, мы адчувалi, што жывем гайнаўскiм жыцьцём, жывем пошукамi дарогi дамоў. Мы не пакiдалi надзеi знайсьцi месца, якое было б для нас рэальным у экзыстэнцыйным пляне, гэтак сама як дзяцiнства можа зьяўляцца адзiна магчымай рэальнасьцю для чалавека мастацтва.

Дзяцiнства паўднёвых славян, якiя жылi ў агульнай дзяржаве, цяпер назаўсёды згублена, i мы ўсе разам яшчэ больш уважлiва прыслухоўваемся да гукаў песьнi, якую слухалi дагэтуль сотнi разоў, i нягледзячы на тое, што яна была напiсаная пра канкрэтнага чалавека, нечаканыя павароты гiсторыi выкрываюць у ёй мэтафару нашага агульнага лёсу.

Не скарайся гадом, Iнэс,
...дакранiся да мяне сваёй каленкай пад сталом,
маё пакаленьне, маё каханьне.

Сяброўка, што сядзiць поруч мяне на пацёртай канапе, пачынае плакаць. Маленькi, ледзь заўважны струменьчык сьцякае ў яе па шчоках i сьведчыць, што яна нашмат старэйшая за свой пашпартавы ўзрост. Ейныя сьлёзы — гэта знак таго, што наша сумеснае слуханьне гэтае сэнтымэнтальнае песьнi, якую хлопцы сталiцаў правiнцыяў ад Альпаў да Вардару сьпявалi, каб скарыць сэрцы дзяўчынаў, ператварылася ў сымбаль нашых агульных памкненьняў. Гэтак, „дзiўныя iмгненьнi настальгii, каханьня ды самоты“, пра якiя сьпяваецца далей, зьяўляюцца не эфэмэрным гiстарычным дакумэнтам, а той цудоўнай формулай, якая замацоўвае наша перабываньне ў выгнаньнi сярод вечна маладых краявiдаў таго стану душы, у якiм мы — заўсёды ўдома.

Любляна—Нью-Ёрк, лiпень 1993 году.

Пераклаў з ангельскай са скарачэньнямi Анатоль Прасаловiч паводле:
Ales Debeljak. wilight of the Idols. Recollections of a lost Yugoslavia.
White Pine Press, © 1994


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Сутоньне ідалаў. Успамiны пра былую Югаславiю


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.