Томас Вэнцлава — чалавек зь іншага боку

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Томас Вэнцлава — чалавек зь іншага боку. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Кшыштаф Чыжэўскі

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №6 2001 ГОД


КШЫШТАФ ЧЫЖЭЎСКІ

польскі культурны дзеяч, падарожнік па Сярэдняй Эўропе. Галоўны рэдактар часопісу “Краснагруда”, беларускі нумар якога пабачыў сьвет летась. Апошняя ягоная публікацыя на беларускай мове — эсэ “Босьнія становіцца нашай, калі нам баліць” (“ARCHE-Скарына”, № 2-2000).

Калі штосьці нас і лучыць так, як лучыла ў мінуўшчыне, — дык гэта адно зацятыя галасы, галасы, якія не пагаджаюцца зь існым сьветам.

Томас Вэнцлава

“Дуброўнік? Прага? Кракаў? Можа, Сэйны”, — пытаўся ўголас сам у сябе былы дысыдэнт, эмігрант і бадзяга, намагаючыся на мапе сваіх духовых вандраваньняў вызначыць месца жыцьцёвага гнездаваньня. — “Хіба што Кракаў... Хоць і іншыя ня горшыя... Хаця, у прынцыпе, ня надта... Ня горшыя, а нават крыху лепшыя... Гэта значыць, крыху, і нават ня толькі крыху... Амаль напэўна... Уласна, гэта нармальна...” Ён гаварыў па-віленску, на мове, якая з адной ёй уласьцівай чуласьцяй патрапіла прытупіць вастрыё найлепшых аргумэнтаў, ён рупіўся пра сьціпласьць, пакідаў месца для іншага, зьдзекаваўся з пэўнасьці, якая раней ці пазьней мусіла стаць сьмехатой. Мы ся­дзелі ў па-амэрыканску вялізнай гасьцінай зь відам на разьлеглы кампус Ельскага ўнівэрсытэту, у будынку, уваход у які ахоўваў бездакорна апрануты і шматслоўна ветлівы чарнаскуры парт’е.

Прафэсар Томас Вэнцлава, які мае сталую работу ўва ўнівэрсытэце й гарантаваную пажыцьцёвую пэнсію, нават не ўяўляе магчымасьці застацца ў Нью-Гейвэне. Яго тут анічога не трымае. Калісьці ён бы мог сказаць сьледам за Міцкевічам: “Шчасьця не зазнаў, бо яго не было на бацькаўшчыне”. Але ягоная Літва першай вырвалася з савецкай імпэрыі і атрымала чаканую незалежнасьць хутчэй, чым ён гэта мог бы сабе ўявіць у найсьмялейшых марах. Таму нешта іншае падказвае яму такі выбар месца жыхарства.

Ён не дапускае і магчымасьці вяртаньня ў Вільню. І там, у маладой дэмакратычнай Літве, здаецца, яму ня месца. Ён шукае яго хутчэй у краіне-суседцы сваёй радзімы, нібы баючыся страціць дыстанцыю й незалежнасьць, што гарантуе свабоду крытычнага мысьленьня. Дзе блізкія ня толькі архітэктура і супольная культурная спадчына, але й падобны гістарычны досьвед — досьвед паняволеньня таталітарнай імпэрыяй і барацьбы зь ёй.

Хто ж ён — Томас Вэнцлава, чужы ў Амэрыцы, якая яго клапатліва прыгарнула, і ня прагны да вяртаньня ў незалежную Літву, за незалежнасьць якой ён так рашуча змагаўся? Што ж гэта за бадзяга, які сапраўды цікавіцца кожным неспазнаным куточкам сьвету, але ўвадначас сумуе па тым адзіным, усходнім і правінцыйным закутку Эўропы? Што ж гэта за касмапаліт, які часта выступае ад імя літоўцаў і як голас сумленьня свайго народу? Што ж гэта за нацыяналіст, які бязьлітасна змагаецца з усімі праявамі этнацэнтрызму і правы асобы ставіць вышэй за правы нацыі? Што ж гэта за літовец, якога суайчыньнікі клянуць за “антылітоўскасьць”? Што гэта за вілянчук, які прагне жыць у Кракаве альбо Дуброўніку? Што гэта за паэт, які ўвязваецца ў палітычныя спрэчкі?

Дзе ж ягонае месца? Дзе кола найбліжэйшых яму людзей, і на якой мове яны гавораць? А можа, нязьведаным выракам лёсу ён асуджаны на бяздомнасьць і самотнасьць?

Томас Вэнцлава — пазбаўлены бацькаўшчыны і самотны чалавек? Так, ён шмат калі адчуваў сябе беспрытульным і адзінокім. Калі б ён скардзіўся на гэта, яму можна было б адказаць: “Сам вінаваты”. Але гэта не адзіная праўда пра яго, можа, нават ня ўся праўда... Бо ж той заўзяты літовец-грамадзянін сьвету — чалавек, надзвычай нам блізкі. Нам — палякам, жыдам, расійцам... Нам — права­слаўным, грэка-каталікам, мусульманам... Нам — нацыянальным мяншыням... Нам — сярэдне- і ўсходнеэўрапейцам... Нам — пераемнікам Вялікага Княства Літоўскага... Нам з Сараева, Грознага... Нам — людзям з розных краінаў і кантынэнтаў, якія выступаюць супраць паняволеньня і дэгуманізацыі.

Калісьці Вэнцлава напісаў пра сябе, што ён “чалавек з таго боку”. Няма розьніцы, які канкрэтна бок ён меў на ўвазе ў момант, калі запісваў тыя словы. Томас Вэнцлава ёсьць папросту “чалавекам зь іншага боку”, у кожны момант жыцьця і творчасьці. Ён ніколі ня быў бы сабой у цуглях этнацэнтрызму, самахвальства, аднастайнасьці, аднадушнасьці. Ён бы ня вытрываў доўга без дыялёгу, сутыкненьня розных паглядаў, безь пераправы на іншы бераг, дзе глядзяць на сьвет інакш і пачуваюцца іначай, бяз вострай крытыкі, скіраванай на ўсё, што “маё”, бяз спробы пранікнуць у шматслойнасьць і пачуць шматгалосьсе.

Ён зьявіўся на сьвет і вырас у гарадох памежжа — Клайпэдзе і Вільні — і за­стаўся чалавекам памежжа, заўсёды “з таго боку”. Для майго пакаленьня, якое навучалася Эўропы на войнах у былой Югаславіі, ён у дыялёгу зь Мілашам усталяваў нормы паводзінаў на памежжах: не хапаць адзін аднаго за грудкі, патрабаваць найперш ад сябе, а суседа паважаць, імкнучыся да глыбейшага спазнаньня яго й зразуменьня яго.

Гэтая пазыцыя, якой ён застаўся верным, не зважаючы на цкаваньні з розных бакоў, найбольш выразна праявілася ў ягоных публіцыстычна-палкіх эсэ, друкаваных у самвыдаве і ў выгнаньні.

Вілянчук

Для літоўца, які пераехаў у сваю гістарычную сталіцу ў 1946 годзе з Коўна, дзе перажыў нямецкую акупацыю, Вільня была зусім незнаёмым горадам. У першы ж дзень, ідучы са школы, заблукаў у руінах, “і гэтае пакутнае, бясьсільнае блуканьне ў пошуку дому, якое цягнулася чатыры гадзіны (не было каго спытацца дарогу, бо людзей сустракаў я мала, да таго ж яны не гаварылі па-літоўску)”, сталася сымбалем ягонага жыцьця.

Верагодна, для Чэслава Мілаша, які дапамог яму перабрацца ў Амэрыку, бачачы ў ім свайго пераемніка на катэдры славянскіх моваў і літаратураў у Бэрклі, Томас Вэнцлава быў тады перадусім літоўцам зь Вільні, які прыводзіў на памяць Мілашавых даўніх літоўскіх прыяцеляў. Узмужненьне ў адным горадзе, навучаньне ў адным унівэрсытэце абумовіла ўзаемную сымпатыю, якая яшчэ больш узмацнілася за акіянам. Аднак яны ведалі не адну і тую самую Вільню. Для Мілаша Вільня была пунктам пачатку каардынатаў, “магчымасьцю нармальнасьці”, бо яна атаесамлялася з тым пэрыядам гісторыі, калі ўсё яшчэ было “нармальна”. Цяжка сказаць тое самае пра Вільню яго малодшага прыяцеля. Для дзевяцігадовага Томаса “горад без імя” быў горадам руінаў і хаосу. Яму давялося яго вывучаць з нуля і нанова выбудоўваць для сябе. Вільня была “ўзьнёслай мінуўшчынай сярод дзіўнай і незразумелай сучаснасьці, традыцыяй у сьвеце, раптоўна пазбаўленым традыцыі, культурай у некультурным сьвеце”. Нялёгка было ўлавіць пераемнасьць, адкрыць цэлы палімпсэст накладзеных адзін на адзін слаёў, даць новае імя, ня схібіўшы. Даваенная Вільня была табуяванай тэмай. “Родную Эўропу” ён прачытаў сшытаю з урыўкаў, якія перасылалі поштаю з Захаду ягонаму прыяцелю Юозасу Тумэлісу. Мова архітэктуры — так, ён ведаў кожную ейную драбніцу, але важнейшымі былі іншыя віленскія мовы, польская і расійская, якія пасіўна ён вывучыў яшчэ ў Коўне, чытаючы кніжкі з бацькавай бібліятэкі. Дапамагло ў гэтым, без сумневу, і сямейнае выхаваньне (бабка па кудзелі была полькай, а бацька, даволі вядомы паэт-футурыст, які друкаваўся, між іншага, у варшаўскіх “Wiadomosciach Literackich”, ганарыўся знаёмствам з расійскімі пісьменьнікамі, у тым ліку з Барысам Пастарнакам). Аднак толькі Вільня зрабіла так, што польская і расійская сталі ягонымі мовамі арганічным чынам, а Іосіф Бродзкі мог пра яго напісаць, што “ён сын, удзячны сын трох літаратураў”.

Перачытваючы пісьмёны свайго гораду, Томас Вэнцлава прымяраўся да ролі таго, каго Юзаф Мацкевіч назваў бы “спадкаемцам ранейшага адзінства”. Гэта рэдкая зьява на руінах Вялікага Княства Літоўскага ў эпоху стварэньня нацыянальных дзяржаваў і мэнтальнасьці этнічных бастыёнаў. Яго чакала ня толькі адкрыцьцё забытых ці замоўчаных старонак гісторыі й культурнай спадчыны, але й не адна сутычка з тымі, хто тыя старонкі прыўлашчыў для сваіх уласных патрэбаў.

У далікатным пытаньні прыналежнасьці Вільні ў міжваенны пэрыяд ён нагадаў і літоўцам, і палякам канцэпцыю Поля Гіманса. У 1921 годзе бэльгійскі палітык прапанаваў стварэньне двух кантонаў — віленскага і ковенскага, зыходзячы з таго, што Польшча і Літва прызнаюць узаемна сувэрэннасьць адна аднае, што віленскі кантон будзе дзьвюхмоўным і што на гэтым памежжы пачнецца шчыльнае супрацоўніцтва накшталт “мініятурнай эўрапейскай супольнасьці”. Рэанімаваўшы тую канцэпцыю, ён вінаваціў абодва бакі ў недастатковай палітычнай сьпеласьці, у выніку чаго гісторыя пайшла тою хадою, якою пайшла. З-за гэтага Вэнцлава трапіў пад агонь крытыкі — зрэшты, гэтак жа сама, як перад вайной Оскар Мілаш альбо іншы прыхільнік прапановы Гіманса — Эрнэстас Гальванаўскас, на якога як на “нацыянальнага здрадніка” ў міжваенным Коўне ўчынілі замах.

У духу дыялёгу з Чэславам Мілашам Томас Вэнцлава ўключаецца ў стварэньне новай ідэнтычнасьці Вільні, якая б злучала ў сабе “ўсю гісторыю гораду і ўвесь ягоны культурны патэнцыял”. Літоўцаў, узрадаваных вяртаньню Вільні як сталіцы іх незалежнай дзяржавы, ён перасьцерагаў: “Баюся, што ня будзе ейны лёс шчасьлівым, калі хаця б часткова не ажыве ў ёй ейная шматкультурная тканка — сапраўдная традыцыя Вялікага Княства Літоўскага”. На пачатку 90-х гадоў, назіраючы літуанізацыю ўсяго віленскага й пастаянны моцны абмежавальны этнацэнтрызм, — ня верыў у ажыцьцяўленьне гэтага праекту. Але цяпер на літоўскім кніжным рынку зьявіўся новы віленскі бэдэкер, а хутка маюць выйсьці ягоныя вэрсіі на іншых мовах, у тым ліку й па-польску. Ягоны аўтар — Томас Вэнцлава, “спадкаемца ранейшага адзінства”.

І ён, як і Чэслаў Мілаш, ніколі ня мог уцячы ад гэтага гораду. Хаця абодва па­кідалі яго з пачуцьцём палёгкі і суму па сьвеце больш шырокім, чым засьценак. “Я не хацеў бы вярнуцца ў ранейшую Вільню, бо, уласна, ня мог бы там вытрываць”, — мо гаварыў ён Мілашу. Абодва ня верылі, што вернуцца. І абодва зноў і зноў вярталіся. Іх сустракалі з пашанай. Нядаўна Мілаш атрымаў тытул ганаровага грамадзяніна Вільні. Вэнцлава пакуль што задавольваецца ордэнам Гедыміна і Дзяржаўнай прэміяй Літвы, прысуджанай яму пазалетась.

Дысыдэнт

Усё пачалося... зь містычнай відзежы… Ён быў ідэйным камсамольцам, якога ўзрушыў “сакрэтны даклад” Хрушчова на ХХ зьезьдзе КПСС. Але ён быў перакананы, што вялікую ідэю можна выратаваць, што й абяцалі хваляваньні ў Поль­шчы й Вугоршчыне. Яму было дзевятнаццаць гадоў, калі прачытаў у газэце зацемку пра ўварваньне савецкіх войскаў у Вугоршчыну й пра тое, што Імрэ Надзь — здраднік. Ён прыгадваў той момант у інтэрвію Ірэне Грудзінскай-Грос і Яну Гро­су для часопісу “Aneks”: “Я зразумеў абсалютна ўсё. Гэта была містычная відзежа... Яна зьяві­лася мне ў вельмі сканцэнтраваным вы­глядзе, у пробліску сьвядомасьці. З таго моманту я стаў ужо са­праўдным дысыдэнтам”.

Стварыўшы разам з прыяцелямі гурток самаадукацыі, у якім чыталі, між іншага, Кафку і Джойса, ён стаецца адным з “носьбітаў згубнага ўплыву”. Яны выдаюць альманах “Kuryba” (“Творчасьць”), у хуткім часе “арыштаваны” цэнзурай. Гэтага было дастаткова, каб імі зацікавіўся КДБ і даручыў аднаму пісьменьніку-пачаткоўцу напісаць паск­віль на іх. Лепш такая кара, чым турма, у якую яны патрапілі б, калі б папалі­ся яшчэ некалькі гадоў раней. У творы гэтага пісьменьніка Вэнцлава выступае як малады мастак, здольны, але з схільнасьцяй да абстракцыянізму, а да таго ж — ён чытае фашыстоўскага пісьменьніка Бадлера (г.зн. Шпэнглера). Калі пасьля здабыцьця Літвой незалежнасьці Вэнцлава атрымаў для азнаямленьня сваё дасье з КДБ, ён высьветліў, што праходзіў у той справе пад псэўданімам “Дэкадэнт”. Уяві­це яго сабе за рулём грузавіка: выключаны на год з унівэрсытэту, ён працуе кіроўцам, чытае Цьвятаеву і моцна п’е, каб не звар’яцець.

Ці паддаваўся ён калі-небудзь ціску функцыянэраў рэжыму? Не, ніколі — ні ў дачыненьні да іншых людзей, ні ўва ўласнай літаратурнай творчасьці. Ён прыгадваў калісьці сваю ”малую ганьбу”: напісаўшы ў 1961 годзе навукова-папулярную кніжку пра касьмічныя ракеты, ён паддаўся намовінам выдавецтва і ўставіў у яе пару разоў слова “сацыялізм”. І гэтага хапае, каб усё жыцьцё саромецца.

У 1958 годзе, калі цкавалі Барыса Пастарнака пасьля прысуджэньня яму Нобэлеўскай прэміі, ён піша разам з прыяцелямі — Тумэлісам, Рамунасам Катылюсам і Пранасам Моркусам — ліст, у якім выказвае захапленьне творчасьцяй пісьменьніка і салідарнасьць зь ім.

Ён вельмі рана пачаў супрацоўнічаць з прыяжджомым у Вільню з Масквы Аляксандрам Гінзбургам і яго “Сынтаксысам” — першым часопісам, выдаваным у самвыдаве. Гінзбург плянаваў выданьне грузінскага і літоўскага нумароў, для літоўскага Вэнцлава даў свае вершы. У хуткім часе, аднак, Гінзбурга арыштавалі, і тыя нумары так і ня выйшлі.

Асобны разьдзел у дысыдэнцкай дзейнасьці Томаса Вэнцлавы складае членства ў літоўскай Гельсынскай групе. Хто ведае, ці выказаў бы ён калі-небудзь адну з найважнейшых максымаў свайго жыцьця — noblesse oblige, — калі б ня Віктарас Пяткус, літоўскі нацыяналіст, пра якога Вэнцлава пазьней скажа: “Разумны і вельмі цярпімы чалавек”. Ён сядзеў некалі з Гінзбургам у адным лягеры. Пяткус спатыкаўся з Андрэем Сахаравым, калі ў Вільні праходзіў працэс Сяргея Кавалёва — маскоўскага дысыдэнта, які дапамагаў літоўцам перадаваць на Захад “Хронікі Літоўскага каталіцкага касьцёлу”, найважнейшы ў тую пару часопіс літоўскага самвыдаву. Сахараў быў у Вільні, а тым часам у Осла ягоная жонка Алена Бонэр атрымлівала ад ягонага імя Нобэлеўскую прэмію міру. У гэтыя дні пры канцы 1975 году нарадзілася ідэя ўтварэньня літоўскай Гельсынскай групы. Пяткус прапанаваў уступіць у яе Томасу Вэнцлаву, імя якога было ўжо вядомае ў дысыдэнцкіх колах з нагоды ліста да ўладаў, у якім ён дамагаўся дазволу выехаць за мяжу, выяўляючы пры гэтым сваё нязломна варожае стаўленьне да сыстэмы. Сваімі адозвамі яго падтрымалі Мілаш і Бродзкі. З тэатральных сцэнаў Літвы тады зьнялі п’есу Артура Мілера, і гэтак у Вільні даведаліся, што й ён выказаў падтрымку літоўскаму дысыдэнту. Памагчы вызначыцца з уступленьнем ў Гельсынскую групу меліся перададзеныя яму Пяткусам “Турэмныя дзёньнікі” Эдуарда Кузьняцова, у якіх былі без прыхарошваньня адлюстраваныя рэаліі савецкай турмы. “Я прачытаў гэтую кнігу за ноч і жудасна спалохаўся. Хіба ўпершыню зразумеў, што гэта ня жарты і што гэта можа адбыцца штохвіліны. І два дні я сядзеў дома і дрыжэў. Потым неяк перамог гэта, пайшоў да Пяткуса і кажу: noblesse oblige, уступаю”. Было 1 сьнежня 1976 году, калі яны паехалі на першую прэс-канфэрэнцыю ў Маскву. У студзені 1977 году ён атрымаў пашпарт і праз Парыж выехаў у Амэрыку. За некалькі месяцаў яго пазбавілі савецкага грама­дзянства. Суцяшэньнем яму быў той факт, што такі самы лёс спаткаў Салжа­ніцына, Максімава, Растраповіча...

Ён стрымаў слова, дадзенае сваім віленскім таварышам па барацьбе, і за акіянам застаўся гарачым прыхільнікам іх справы. Ён супрацоўнічаў з эмі­гранцкімі выданьнямі і часта браў слова, каб выславіць праўду пра камуністычны рэжым, у якую Захад упарта не хацеў верыць.

За што змагаўся Вэнцлава-дысыдэнт і якім прынцыпам заставаўся верны гэты сын масьцітага пісьменьніка савецкай Літвы? Ён рос у пару, калі паэт Пуцінас (сапраўднае імя і прозьвішча Вінцас Мікалайціс) пісаў, што “народ павінен да­сьпець ня толькі да свабоды, але і да няволі”. Ён збунтаваўся супраць такой пазыцыі, палічыўшы яе капітулянцкай. Адкуль у яго стала сілы на такі раньні бунт? На яго, пэўна, узьдзейнічалі тэлюрычныя сілы Вільні, а таксама традыцыі ўнівэрсытэту, пра які ён пазьней скажа, як той навучыў яго, што “культура й прага свабоды — практычна незьнішчальныя”. Ужо ў часе навучаньня ўва ўнівэрсытэце ён стаў нанкарфамістам, назіраючы, як прыстасаваньне да сыстэмы — хоць шмат хто называў яго толькі паказным — працінае ўсё чалавечае нутро. У адказе Пуцінасу ён сьцьвярджаў: “Ня трэба прызвычайвацца да ролі нявольніка”. Што гэта азначала для яго на практыцы?

Падчас дыскусіі пасьля паказу тэлевізійнага фільму “Галакост”, у якім апавядалася пра літоўскі легіён СС, які браў удзел у ліквідацыі варшаўскага гета, калі некаторыя сілы ў Літве паспрабавалі былі “выратаваць гонар нацыі”, замоўчваючы, перакручваючы й звальваючы віну на немцаў альбо жыдоў, ён сфармуляваў некалькі аксыёмаў, якімі заўжды кіраваўся: ні пра якае злачынства нельга маўчаць; былі і ёсьць калябаранты, але не бывае народаў-калябарантаў; антысэмітызм і саветызацыя — абое рабое.

Уважлівае прачытаньне ягоных эсэ, безумоўна, дазволіла б значна пашырыць сьпіс аксыёмаў, якія сфармавалі ягоную пазыцыю. Вось, напрыклад, вартыя згад­кі радкі: “Валей перакрытыкаваць, чымся недакрытыкаваць”; “Правы асобы стаяць вышэй за правы супольнасьці, гэта азначае, што правы чалавека стаяць вышэй за правы нацыі (а таму правы нацыі вынікаюць з правоў чалавека, а не наадварот)”. Літоўскай нацыяналістычна настроенай інтэлігенцыі, якая трактавала абарону правоў чалавека як субстытут адкрытай абароны нацыі, зусім немажлівай у савецкіх варунках, ён тлумачыў, што “правы чалавека для нас не пытаньне тактыкі, але пытаньне прынцыпу”. Палякам і літоўцам, зноў уцягнутым у канфлікт падчас адлігі пасьля сталінскіх “маразоў”, бачачы памылкі, якія робяць абодва бакі, ён тлумачыў: “Як літовец, уважаю за свой абавязак засяродзіцца на літоўскіх памылках. Гэта першае і най­прасьцейшае правіла для інтэлігента, які адчувае адказнасьць за лёс уласнага народу”. Шакаваны трагедыяй Сараева, ён стварае ўласны кодэкс паводзінаў, у якім на першым месцы знаходзіцца прынцып Гіпакрата: primum non nocere — не за­шкодзь. І ў чарговы раз, нібы баючыся вод­гульля балканскага сындрому на ін­шых памежжах, паўтарае, што гэта азначае: “Ніколі ня ставіць інтарэсаў свайго народу па-над правамі людзей; ніколі не прыхарошваць сваёй гісторыі і асабліва не ўважаць за герояў нікчэмнікаў, якія нібыта ”змагаліся за народ”; ніколі не забывацца і не апраўдваць сваіх памылак, нават калі памылкі праціўнага боку здаюцца або насамрэч ёсьць большымі ад уласных; ніколі не паслугоўвацца падвойнай маральлю, нават калі гэтым мэтадам паслугоўваюцца сусед ці праціўнік”. Ён памятае іншае азначэньне свабоднага чалавека, чымся распаўсюджанае ў сьвеце лібэралізму і грамадзянскіх свабодаў: “Як слушна сказаў Іосіф Бродзкі, свабодны той, “хто ў сваёй паразе не вінаваціць нікога, апроч сябе самога”.

Стараючыся дзейнічаць паводле такіх прынцыпаў, ён павялічыў колькасьць сваіх ворагаў ня толькі ў лягеры рэжыму, але і ў іншых асяродках, часам рэзка апазыцыйных. Але такі ўжо лёс дысыдэнта, пра якога Андрэ Маруа сказаў калісьці, што, “каб застацца верным сваім поглядам, ён згадзіўся стаць у апазыцыю да ўлады і ні пры якіх умовах ужо ня будзе баяцца выкліку грамадзкай думкі”.

Усходнеэўрапеец

Я буду доўга памятаць вечар у мяне дома, за некалькі дзён пасьля сьмерці Зьбігнева Гербэрта, калі Томас Вэнцлава чытаў на памяць “Вяртаньне праконсула”. Мы сядзелі каля стала, услухоўваючыся ў мэляс расійскай мовы, у якой вядомыя радкі, здавалася, гучаць нечакана аўтэнтычна, а пэўныя сэнсы і схаваныя падтэксты выкрышталізаваліся нават разчэй. Гэты пераклад ён зрабіў для новага “Сынтаксысу”, рэдагаванага Андрэем Сіняўскім на пачатку “перастройкі”, калі ў эміграцыйных асяродзьдзях абмяркоўвалася праблема, “вяртацца ці не вяртацца”. Ён скончыў дэклямаваць і адразу пачаў тлумачыць усялякія нюансы перасыланьня паэзіі Гербэрта сваёй жонцы (а яна ў яго з Расіі). А потым мы чыталі “Трэн Фартынбраса”...

Я зразумеў тады, што азначае быць напраўду ўсходнеэўрапейцам: цалкам належаць да Сярэдняй Эўропы, якая імкнецца вызваліцца з “братніх” абдымкаў імпэрыі, падкрэсьліць прыналежнасьць да літоўскіх, заходніх межаў савецкага архіпэлягу і адначасна шукаць падтрымку, разуменьне і духовую свайню ў ваколіцах Пецярбургу ці Масквы. Калі праўда тое, што Расію ад сярэднеэўрапейскіх краінаў аддзяляе бездань, пра якую пісаў Мілан Кундэра, дык Томас Вэнцлава ўзводзіць па-над ёй натуральны мост, дык Вэнцлава — найлепшы праваднік для падарож­нікаў у абодва бакі. Гэта можна адчуць ужо ў ягоным падыходзе да паэтычнай мовы — іншым, чым, напрыклад, падыход Чэслава Мілаша, які пазьбягае ўплыву “моцнага beat расійскага ямбу”. Для дыкцыі аўтара “Размовы ўзімку” арганічным ёсьць верш сыляба-танічны, і пры тым — адчуваньне дыстанцыі й сярэднеэўрапейскай іроніі.

Вэнцлава-ўсходнеэўрапеец парушае аснаваныя калючым дротам межы варожага стану й зьняпраўджвае словы Фартынбраса:

Не выпадае нам ані павітацца ні разьвітацца мы жывем на архіпэлягах

А гэтая вада гэтыя словы што яны могуць што яны могуць княжа*

* Пераклад з польскай Юрася Бушлякова.

Трыюмвірат Вэнцлавы, Мілаша і Бродзкага (для якога ўсё ж сярэднеэўрапейская ідэнтычнасьць была зацеснай) быў найлепшым паказьнікам выніковасьці гэтага супраціву. І ў гэтым выпадку Вэнцлава быў чалавекам зь іншага боку: заходняга сярод расійцаў і ўсходняга сярод усходнеэўрапейцаў.

Трыццаць гадоў ён чакаў моманту, калі ён зможа ўскласьці гвазьдзікі перад помнікам Бэму ў Будапэшце. Ён фіксуе гэты момант у вершы “Інструкцыя”. Ён чакаў набліжэньня да людзей, якія з гэтага месца распачалі вугорскае паўстаньне і якія “чакалі цэлае стагодзьдзе. Больш: сто восем гадоў”. Ён чакаў моманту, калі ён зможа выказаць удзячнасьць такому парыву свабоды, які зьмяніў мноства — і яго таксама — падданых імпэрыі. Хто тая асоба, што стаіць на помніку, яго вучыў Норвід. Ён паўтараў сабе ў думках “Памяці Бэма жалобны рапсод”, “найлепшы верш сьвету”, які сам некалі пераклаў на літоўскую. У яго ён выклікаў асацыяцыі ня столькі з рамантызмам, колькі з “Вугорскім дзёньнікам” Віктара Варашыльскага, што быў для яго пераломнай чытанкай падчас назапашваньня ведаў пра сыстэму, у якой давялося жыць. Ён чытаў яго ў перакладзе па-расійску ўжо ў 1956 годзе дзякуючы калегу, Віргіліюсу Чапайцісу, якому кіраўніцтва Інстытуту імя Горкага ў Маскве замовіла — ведаючы, што ён добра ведае польскую, — пера­клад гэтага тэксту “для ўнутранага карыстаньня”, а той зрабіў і дадатковыя копіі.

Сьпярша ў дворыку Сарбеўскага, у Віленскім унівэрсытэце, зьявіўся надпіс на муры, неўзабаве замазаны ўладамі. А потым насталі Дзяды, кульмінацыя паўстаньня. На могілкі Росы падаліся ўсе разам, але потым падзяліліся: літоўцы пайшлі на магілу Басанавічуса, а палякі — туды, дзе пахаванае сэрца Пілсудзкага. Менавіта на гэтых месцах яны найлепш адчувалі сваю спародненасьць з вугорцамі і іх змаганьнем за свабоду.

І так ужо будзе ў жыцьці Томаса Вэнцлавы. Ён будзе прыслухоўвацца, спачуваць, рэагаваць на тое, што робіцца паміж Балтыкай і Балканамі, бэрлінскім мурам і Гулагам. Заўжды будзе блізка, як у сту­дзені 1970 году над Балтыйскім морам. Апынуўшыся “з гэтага боку мора”, ён бу­дзе прысутнічаць увадначас і “з таго боку мора”, будзе сьведкам трагедыі польскіх рабочых. Здаецца, што вада, стыхія, зь якой — падобна да слова, якое кружляе паміж выспамі архіпэлягу, — так саркастычна кпіў Фартынбрас, будзе несьці словы надзеі суседзям, зь якімі адчувае адзін­ства лёсу:

Aле прарастае зерне i ахвяра,

A значыць, няпраўда, што страчана

ўсё.

(“Трэн Фартынбраса”)

Ён вёў бесьперапынную “размову ўзімку”, бачачы перад сабой краявід, у якім “мост то паказваецца, то зноў зьнікае”, і ўсьведамляючы, што варта нечаму змоўкнуць ці зьнерухомець, як яго зараз жа скуе лёд.

Ён адчуваў эмацыйную повязь з усім, што дзеялася ўва Ўсходняй Эўропе, — з дысыдэнтамі, альбо “папросту людзьмі ўсходнеэўрапейскімі, што ў прынцыпе тое самае”. Ён верыў, што з гэтага можа нарадзіцца новая фармацыя, якая ня толькі пераможа сілы рэжыму, але таксама дасьць рады іншым выклікам, якія стагодзьдзямі нагрувашчваліся ў гэтым куточку сьвету. Пішучы пра Вільню як пра места, якому наканавана паспрыяць зьяўленьню такой фармацыі, ён меў, напэўна, на ўвазе ейную складаную тканку нацыянальных і канфэсійных адносінаў, зь якімі трэба разьбірацца штодня. У гэтым сэнсе горад Гедыміна стварае пэўную мадэль сытуацыі, якая паўтараецца ў мностве іншых гарадоў і рэгіёнаў Сярэдне-ўсходняй Эўропы, становячыся ці то іх праклёнам, ці то сапраўдным скарбам.

Ён рана ўцяміў, што бяз кодэксу прынцыпаў, якія — калі ўвасобіць іх у жыцьці — прывядуць да адзінства і мудрага вырашэньня шмат якіх праблемаў, успадкаваных ад мінуўшчыны, ня ўдасца ні стварыць такой фармацыі, ні забясьпечыць памыснага разьвіцьця гэтай часткі Эўропы. Затое адмова ад спробы стварыць такі кодэкс магла б у хуткім часе прывесьці да новых канфліктаў і трагедый.

Яшчэ задоўга да вайны ў Югаславіі, у 1978 годзе, ён пісаў пра нацыянальную нянавісьць і прагу помсты: “Калі падобныя пазыцыі ўзмоцняцца пад уплывам нейкіх зьменаў ува Ўсходняй Эўропе, мы дачакаемся разьні, перад якой паблякнуць нават цяперашнія падзеі ў Ольстэры ці трагічная барацьба літоўскіх партызанаў”.

У дні, калі югаслаўская войска, якое толькі-толькі стала сэрбскім, пачало артылерыйскі абстрэл Дуброўніка, ён перасьцерагае сярэднеэўрапейцаў, што вя­лізная турма сацыялістычнага лягеру можа незаўважна пераўтварыцца ў малыя турмачкі, у якіх па-дыктатарску пачнуць кіраваць нацыянальныя сатрапы.

Ён прызнае, што незалежнасьць, змаганьне за якую было сьвятой справай для многіх апазыцыйных асяродкаў, можа служыць, а можа і не служыць дабру ці, прынамсі, годнаму жыцьцю чалавека... Прыклад гэтага — Альбанія Энвэра Хо­джы, дзяржава цалкам незалежная.

Ён заўжды ідзе на крок далей ад бягучай кан’юнктуры, заўважаючы будучыя пагрозы і рыхтуючы грунт для іх пераадоленьня. Без сумневу, якраз такой была мэта ягоных так даўно напісаных эсэ пра адносіны паміж літоўцамі і жыдамі, палякамі і расійцамі. У іх ён думкаю імкне да новай Літвы, у іх ён сьведамы патрэбы стварэньня новага культурнага слою, які накладзецца на іншыя, атрыманыя ў спадчыну. Гэта зусім іншы падыход, чым пазыцыя тых, хто ў пару саветызацыі марыў перадусім вярнуць страчанае, хаця б у частцы нацыянальных сымбаляў, рэлігіі, традыцыі. Іхная сьцяжына вяла ў мінуўшчыну, у міжваенны пэрыяд, у небясьпечны (сваім анахранізмам) традыцыяналізм. Вэнцлава заўсёды прастуе наперад, усім сабой імкнучыся ўлавіць і асэнсаваць сымптомы таго, што вястуе будучыню. І пры тым як мала хто іншы ведае мінуўшчыну, усю гісторыю і культуру з найдаўнейшага часу.

Мабыць, якраз дзеля імкненьня наперад, амаль навязьлівай боязі загрузнуць у мінулым у згаданым ужо інтэрвію часо­пісу “Anekc” на пытаньне: “Ці лічыце вы сябе пераемнікам польска-літоўскай традыцыі?”, адказаў: “Хутчэй не... я належу ўжо да новай традыцыі, новай літоўскай інтэлігенцыі, якая ў новай сытуацыі шукае новую плоскасьць паразуменьня з палякамі. І ня толькі з палякамі, але і з жыдамі, і з чэхамі, і нават з расійцамі, з кожным усходнеэўрапейскім народам, які выступае супраць сыстэмы”. Варта памятаць пра тыя ягоныя словы, чытаючы эсэ пра дачыненьні паміж рознымі народамі.

Магло б здавацца, што тэкст “Літоўцы і жыды” найменш датычыць будучыні. На абшарах Літвы, дзе ў пару Галакосту існаваў канцэнтрацыйны лягер у Панарах, жыве цяпер толькі невялікая грамадка жыдоў, штогод меншая — перадусім дзеля эміграцыі ў Ізраіль, якая ўзмацнілася ў 90-х гадох. Аднак з гэтай тэмы Томас Вэнцлава распачынае сваё змаганьне за новы кшталт Літвы.

Сёньня можна пачуць, што ў літоўцаў абмеркаваньне Галакосту і іхнага ўдзелу ў ім яшчэ наперадзе. Можа, гэта і праўда, асабліва калі гаварыць пра вялікі, агульнанацынальны абсяг гэтага абмеркаваньня, хоць нямала ў гэтым абсягу ўжо і зроблена. Але распачалі яго літоўцы, калі ў іншых частках сацыялістычнага лягеру гэтая тэма яшчэ не гучала. Цалкам піянэрскі тэкст Вэнцлавы зьявіўся ў 1976 годзе і па сёньня ня страціў сваёй актуальнасьці, у тым ліку і ў Польшчы.

“Я ня бачыў, як забіваюць людзей. У дзяцінстве і ў юнацтве сотні разоў я праходзіў паўз гаражы ля алеі Вітаўта, насу­праць гарадзкіх могілак, ня ведаючы нічога пра тое месца й ягоную гісторыю. І ўсё ж я ў тым удзельнічаў. Жыдоў забівалі літоўцы, а я літовец. Забівалі жыдоў у Коўне, а Коўна — мой горад; я ведаю ў ім кожны дом, кожнае дрэва ў прысадах”.

Акурат чалавек, такі далёкі ад этнацэнтрызму, чалавек, які не баіцца палемі­заваць зь літоўцамі, “бо яны свае”, чалавек, якому ворагі прычапілі эпітэт “касмапаліт”, што было абразай у савецкія часы і сёньня засталося абразай у нацыянальных колах... той самы Томас Вэнцлава ў сытуацыі, калі лепей было б дыстанцыявацца ад мінуўшчыны, ейных цёмных старонак, за якія ён не нясе адказнасьці, бо няма калектыўнай адказнасьці... вось жа, у такой сытуацыі якраз Вэнцлава пачуваецца вінаватым, будучы літоўцам больш, чым калі-небудзь раней, і кажа: “Я ў гэтым удзельнічаў”. І калі далей ён хваліць сваю літоўскую культуру і выказвае гонар за гераічную гісторыю свайго народу, то мы пачынаем разумець, што ж ён хоча нам гэтым сказаць: паколькі пачуваецца спадкаемцам той велічы, дык ня можа вырачыся ліха, якое ўчынілі літоўцы ў сваёй гісторыі.

Ён не адразу пачаў думаць так. Ён сам прызнаецца, што раней разважаў гэтаксама, як і многія ягоныя суайчыньнікі: “Вось жа, жыдоў забівалі не літоўцы, а пасьледкі грамадзтва (ці іначай — буржуазныя нацыяналісты), а яны ня маюць нічагусенькі супольнага зь літоўскім народам”. І, пэўна, так бы ўжо й засталося, калі б не ягонае магутнае жаданьне вы­зваліцца з аковаў правінцыйнага, ксэнафобскага, закрытага грамадзтва. Словы: “Нашыя правіны мы павінны зразумець і выкупіць. У гэтым якраз і палягае прыналежнасьць да той ці іншай нацыі”, — пісаў чалавек, заклапочаны будучыняй сваёй бацькаўшчыны, яе будучай свабодай.

Пішучы эсэ “Літоўцы й палякі”, а таксама “Адкрыты ліст да літоўцаў і палякаў”, ён кіраваўся падобным імкненьнем. Ужо ў гэтых тэкстах адчуваецца мэтанакі­раваная праца над прывучэньнем да сталасьці й сьвядомае выпрабоўваньне літоў­скай інтэлігенцыі агнём “ерасі”. Для гэта­га важнейшым за прыгадваньне ўлас­ных крыўдаў, бо іх і так добра ведаем, была спроба зразумець формы чужых няшчасьцяў. У аўтару крышталізуецца асаблівая любасьць да айчыны, якая “не адмаўляе пачуцьця адказнасьці й крытыцызму”, а прынцыпы ставіць вышэй за “ўласна свае” асабліва высокія патрабаваньні.

Шмат палякаў гэта засьпела зьнянацку. І гэта добра. У адваротным выпадку гэта не прынесла б столькі дабра абодвум бакам. Гадамі гэта відаць ужо няўзброеным вокам у Польшчы й Літве, дэмакратычных краінах, якія разам імкнуцца да новага, эўрапейскага саюзу. Хацелася б у гэтым месцы згадаць думку сэйненскага біскупа Антанаса Баранаўскаса / Антонія Бараноўскага, абвінавачанага — як і сам Вэнцлава — у палянафільстве: “Нішчыць саюз — сьмяротны грэх”. Што з таго, што гэты сучасны будзе ня польска-літоўскім, а толькі эўрапейскім? Дык і ранейшы ня быў толькі польска-літоўскім, а наадварот — перадусім эўрапейскім. І сучасны, калі мае быць эўрапейскім, мусіць быць таксама польска-літоўскім. І добра, каб пра гэта памяталі ўсе тыя, хто ня змог дараўняцца рыцарству Гедройцяў, Мілашаў, Моркусаў, Каледаў, а таксама нашчадкаў чэскіх гусітаў, якім Вітаўт даў у Літве палітычны прытулак, абачліва мяркуючы, што пасьля літуанізацыі й прыняцьця про­­зь­вішча Вэнцлава яны стануць адданымі патрыётамі.

Энтані Лайвэн, аўтар прадмовы да ангельскага выданьня эсэ Томаса Вэнцлавы, славуты знаўца сярэдне- і ўсходнеэўрапейскай праблематыкі, уважае, што для будучыні гэтай часткі кантынэнту найбольшае значэньне будуць мець тыя эсэ аўтара “Вобразаў надзеі”, якія закранаюць праблемы дачыненьняў грамадзянаў балтыйскіх дзяржаваў з Расіяй і ра­сійцамі. Хаця з польскага гледзішча тэзу Лайвэна нялёгка прыняць, я пагаджаюся зь ёй, зважаючы на тое, што сам вышэй напісаў пра Вэнцлаву як усходнеэўрапейца. Цяжка запярэчыць таму, што, пішучы пра дачыненьні літоўцаў з палякамі й жыдамі, ён заўсёды ішоў у рэчышчы — хоць бы гэта й выглядала іначай у мясцовым кантэксьце — тэндэнцыяў мадэрнай цывілізацыі. “Што да расійцаў, — піша Лайвэн, — наадварот, Вэнцлава плыве супраць плыні, якая здаецца сучасным гістарычным прылівам, і гэты прыліў нясе з сабою вельмі багата патэнцыйных трагедыяў у будучыні”.

Ужо ў 1977 годзе, і прычым перад аўдыторыяй літоўскай эміграцыі, ён меў адвагу проціпаставіць сябе квазірасісцкай рыторыцы, якая атаясамлівала ўсё “ра­сійскае” з “расійска-татара-мангольскай” ці “азіяцкай” мяшанкай, якая знаходзіцца на ніжэйшым роўні разьвіцьця, а ўсё “азіяцкае” — з “барбарскім”. У той самай рыторыцы “Эўропа” і нават “цывілізацыя” належаць краінам з пратэстанцкай і каталіцкай традыцыяй, а праваслаўныя славяне зь іх выключаныя. Такое разуменьне, недапушчальнае, хаця і пашыранае, на жаль, паміж палякаў і літоўцаў, зьдзіўляе й непакоіць сваёй жывучасьцяй на Захадзе, напрыклад, як зазначае Лайвэн, спаміж высокіх функцыянэраў NАТО.

У гэтым кантэксьце быць усходнеэўрапейцам азначае ня толькі змагацца з нацыянальнымі стэрэатыпамі й канфліктамі, але таксама — а ў будучыні, можа, і найперш — з цывілізацыйнымі стэрэатыпамі й канфліктамі, якія паводле розных злавесных тэорыяў маюць у хуткім часе апанаваць наш сьвет.

Я — новая традыцыя

“Самая хорошая нация в империи”, — гаварыў пра літоўцаў Іосіф Бродзкі. У Савецкім Саюзе панавала перакананьне, што ім як нікому іншаму ўдаецца бараніць сваю ідэнтычнасьць і дбаць пра нацыянальныя інтарэсы. За адстойваньне літоўскасьці й антыкамунізм, што ў пэўным часе азначала адно й тое, яны плацілі высокую цану, у чым лёгка пераканацца, прасачыўшы статыстыку дэпартаваных і высланых у Сібір. Потым надышлі часы “нацыянальнага камунізму”, сымбалем якога стаў Антанас Сьнечкус, шматгадовы кіраўнік літоўскай камуністычнай партыі. Ён выразна ставіў інтарэсы Літвы вышэй за інтарэсы Масквы і ўжо напэўна — за інтарэсы міжнароднага камуністычнага руху. Яго паховіны ў Вільні ператварыліся ў сапраўдную па­трыятычную маніфэстацыю.

Хаця гэта выглядае як парадокс, нацыяналісты былі як у лягерах, так і ў камуністычнай эліце, былі яны й спаміж дысыдэнтаў. Нацыяналістам быў таксама й Томас Вэнцлава, незалежна ад таго што паміж ім і іншымі нацыяналістамі магла ляжаць цэлая бездань.

Нялёгка зразумець спэцыфіку савецкай імпэрыі ў такіх пытаньнях, як функцыянаваньне панятку “нацыяналізм” і яго ўвасабленьне на практыцы. Асабліва нялёгка — для людзей, выхаваных у арбі­це заходняга сьвету, дзе па вайне з фашыстамі слова “нацыяналізм” займела адценьне адназначна зьневажальнае. Можна было б сказаць, што ў Савецкім Саюзе — таксама. Аднак гэта не было адным і тым жа. У Заходняй Эўропе існавалі нацыянальныя дзяржавы, і кожны меў поў­нае права праяўляць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць. На Ўсходзе пад дэвізам інтэрнацыяналізму праводзілася безуважная “ўраўнялаўка”, пакліканая стварыць новага, савецкага чалавека. Натуральнай формай бунту супраць гэтага магла быць нацыяналістычная пазыцыя, сфармуляваная найлепей у слынным выслоўі Ўладзімера Букоўскага: “Я нацыяналіст украінскі, армянскі, жыдоўскі, літоўскі, чэскі, польскі, новазэляндзкі, пэруанскі”. Пад гэтымі словамі мог бы падпісацца і Томас Вэнцлава. У гэтай пазыцыі не было нічога ад шавінізму, узбуджэньня нянавісьці на расавай ці нацыянальнай аснове і нават задушнага нацыянальнага партыкулярызму.

Ведама, і шавіністычныя формы нацыяналізму існавалі ў імпэрыі, іх умела падсілкоўвалі ды выкарыстоўвалі для ўмацаваньня дыктатарскай улады й зьнішчэньня яе праціўнікаў. Таму нацыяналісты такога тыпу выявілі сваю слабасьць у змаганьні з камунізмам, а калі сыстэма развалілася — нярэдка зьмешваліся з камуністамі, адрозьненьні паміж імі лёгка сьціраліся. На полі бою застаўся нацыяналізм Букоўскага, які насамрэч аказаўся небясьпечным для сыстэмы, бо ўзрываў ідэалягічны маналіт множнасьцяй асобных ідэнтычнасьцяў і змагаўся за права быць сабой, якое кожны таталітарызм адбірае ў чалавека.

Томас Вэнцлава быў сабой, будучы літоўцам. Часта выступаў як літовец, пісаў пра калектыўнае сумленьне, пад­крэсьліваў сваю літоўскасьць, асабліва ў сытуацыях, калі гэта патрабавала адвагі. Гэтым ён пратэставаў супраць нормаў, накінутых савецкім рэжымам. Але таксама і супраць прынятых у заходнім сьвеце. У тамтэйшых салёнах яму ня раз даводзі­лася чуць пра сябе азначэньне “нацыяналіст”, што было ня меншай зьнявагай, чым “касмапаліт” у імпэрыі. Стэфан Кісялеўскі пасьля зьяўленьня ў парыскай “Культуры” “Дыялёгу пра Вільню” напісаў, што Вэнцлава “вярэдзіць старыя раны”, абвінаваціўшы яго ў разьдзіманьні старых нацыянальных праблемаў і комплексаў, навеяных тоеснасьцю.

Аўтар эсэ “Дэмакратыя й нацыяналізм” выдатна разумеў, што ходзіць па лязе нажа. Аднак ён ня мог ня рухацца ў абраным кірунку. Ня толькі таму, што, у адрозьненьне ад Кісялеўскага, добра ведаў пра існаваньне гэтых “ комплексаў” пад шыльдай сацыялістычнага інтэрнацыянальнага братэрства, але перадусім таму, што мерыўся даць ім рады. І не было іншага шляху, каб дасягнуць гэтага. Ён апынуўся ў цяжкой сытуацыі, якая вымагала ад яго яснага акрэсьленьня сваёй пазыцыі, бо ў іншым разе мог бы апынуцца (як літоўскі нацыяналіст) у таварыстве асобаў і поглядаў зусім яму чужых — у турме.

У першы чарод ён мусіў змагацца з разнастайнымі нацыянальнымі фобіямі, зь якімі найчасьцей асацыюецца нацыяналізм і якія ўзмацняліся па меры набліжэньня распаду савецкай імпэрыі і ўсяго сацыялістычнага лягеру. “Таталітарызм правакуе абсалютызацыю нацыі, прызнаньне ж нацыі абсалютнай вартасьцяй ёсьць формай таталітарнай сьведамасьці”, — пісаў ён у 1977 годзе. У 1991 годзе, калі ва ўладзе быў ужо “Саюдыс” і гэтая абсалютызацыя стала рэальнай па­грозай, ён адразу ж рэагуе: “Мне не падабаецца напісаньне слова ”Нацыя” зь вялі­кай літары... Гэта ня што іншае, як рабленьне божышча з нацыі, зразумелае пасьля гадоў жудаснага прыніжэньня; тым ня менш, гэта занятак небясьпечны і забаронены дзесяцьма прыказаньнямі”.

Аднак ня толькі на паўстрыманьні нацыянальных эмоцыяў і іх крытычнай ацэнцы засяроджвае ён сваю ўвагу. Найперш ён зацікаўлены, як гэта сам акрэсь­ліў у дыялёгу зь Мілашам, у “гуманізацыі нацыянальных пачуцьцяў”. А для гэтага яму патрэбная была сыстэма маральных вартасьцяў і прынцыпаў. Эсэістыка Вэнцлавы ў вялікай ступені ёсьць спробай адшукаць і сфармуляваць якраз такі кодэкс. Можа, ён не выглядае як нешта новае — яўна заклікае да ўнівэрсальных вартасьцяў хрысьціянства і эўрапейскай цывілізацыі. Рэаліі савецкай сыстэмы, а потым рэвалюцыйных зьменаў у Сярэдне-Ўсходняй Эўропе, аднак, наклалі на ім адбітак, які абумовіў ягоную арыгінальнасьць. Сёньня ў Літве пішуць пра Вэнцлаву як пра чалавека, які заклаў падмурак літоўскага лібэральнага нацыяналізму. Леанідас Донскіс падкрэсьлівае, што найбольшай ягонай заслугай было злучэньне нацыяналізму з маральным унівэрсалізмам. І ў гэтым няма супярэчнасьці. Літоўцам і палякам, якія сварацца, быў Віленскі ўнівэрсытэт польскім ці літоўскім, ён без ваганьняў адказвае: эўрапейскім. Ад самага пачатку ідучы шляхам змаганьня з рэжымам, які ён лічыў нялюдзкім, ён праставаў у кірунку свабоды асобы й адкрытага дэмакратычнага грамадзтва. Змаганьне за чалавечыя правы і нацыянальную ідэнтычнасьць было істотным і абавязковым этапам гэтага шляху.

Прыгадваючы праз гады сяброў літоўскай Гельсынскай групы, ён ня меў праблемаў з акрэсьленьнем асяродзьдзя, зь якога яны былі рэкрутаваныя, або ідэяў, якіх яны датрымваліся: абсалютны каталік, каталік-нацыяналіст з традыцыямі літоўскага паваеннага супраціву, паэтка з традыцыямі даваеннага левага руху, жыдоўскі актывіст... Меў клопат толькі з акрэсь­леньнем сябе: “Я — невядома хто, новая традыцыя”.

Яму нялёгка было знайсьці месца для сябе ў гэтай рэчаіснасьці. Апроч тых групаў, былі яшчэ так званыя “мандарыны”, або саветызаваная інтэлігенцыя, якая гаварыла па-літоўску, вызначалася вялікай дозай апартунізму і кантралявалася рэжымам, а таксама нацыяналісты ранейшага, міжваеннага ўзору. Былі яшчэ нацыянальныя дысыдэнты, але ім ён закідаў нежаданьне крытыкаваць “усе пра­явы таталітарызму, а ня толькі ка­муністычнага. Таму, — рабіў выснову ў размове з Эльжбетай Савіцкай і Маркам Карпам у 1991 годзе, — у незалежнасьць уступаем нібы адной нагой, ня дужа падрыхтаваныя да плюралістычнай цывілізацыі...”

Паколькі ні ў ваднай з гэтых групаў яму не было месца, ён быў змушаны запачаткаваць разам з блізкім, але вузкім колам прыяцеляў “новую традыцыю”. Ручыла яму ў гэтым тое, што ён вілянчук, дысыдэнт, усходнеэўрапеец, а таксама лібэральны нацыяналіст.

Ён заўжды імкнуўся, каб ягоныя тэксты — у адрозьненьне ад хоць і блізкіх яму ідэйна, але напісаных акадэмічнай мовай трактатаў прыяцеляў, Вітаўтаса Каволіса і Аляксандраса Штромаса, — былі даступныя й шырока абмяркоўваліся. Нягледзячы на гэта, ён не знайшоў мноства прыхільнікаў, прынамсі на першапачатковых, найцяжэйшых этапах сваёй дарогі. Бурлівыя дыскусіі, якія ён вы­клікаў, ператвараліся найчасьцей у вострыя атакі на яго асобу й погляды. Ён застаўся ў адзіноце спаміж сваіх. Застаўся чалавекам зь іншага боку. Уладзімер Букоўскі склаў нават такую кароткую показку: “Літоўцы — празь дзьве тысячы гадоў напружаных намаганьняў — спарадзілі ўрэшце свайго першага жыда. Яго прозьвішча гучыць: Вэнцлава”.

І на гэтым можна скончыць гэты аповед. Але гэта не адзіная праўда пра Томаса Вэнцлаву, можа, нават ня ўся праўда...

З польскай пераклаў Зьміцер Дзядзенка

паводле аўтарскага арыгіналу.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Томас Вэнцлава — чалавек зь іншага боку


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.