Правільны выбар

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Правільны выбар. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-26

АВТОР: Валерка Булгакаў

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №2 1999 ГОД


Калі ў школе празвінеў званок, у клас, як бы не спяшаючыся, увайшла настаўніца Кацярына Мацвееўна. Вопытны педагог, яна аддала школе ўжо амаль дваццаць год свайго жыцця.

„Так, каго сёння няма“, — Кацярына Мацвееўна прывычна ахінула позіркам вучняў. Не хапала двух чалавек.

„Дзе Утачкін і Пракоп’ева?“ — твар настаўніцы раптам спахмурнеў, паміж вачэй пралягла вялікая маршчына.

„Утачкін учора на веліку катаўся і недзе там за плотам паваліўся“, — хорам адказалі школьнікі.

„Дзе катаўся, дзе паваліўся?“ — сама пастава Кацярыны Мацвееўны выражала недаўменне. „Хай нехта адзін мне растлумачыць, што ж там здарылася. Дзе ў нас Патрыкеева?“

Наташа Патрыкеева была дачкой вадзіцеля тралейбуса і ў свае 13 мела славу ўсёзнайкі. Дзяўчынка ўсхапілася і тонкім голасам заверашчала:

„Ды ўчора, калі мы з Зінкай Лістраценка пайшлі за марожаным, раптам Вова (так звалі Утачкіна) так разагнаўся, так разагнаўся на сваім веліку. А пасля задняе кола паслізнулася на нечым, і ён з усяго размаху як паваліцца!“ Вочы яе выражалі нічым не прыхаванае захапленне гэтай прыгодай. „Відаць, па тэліку фільмаў наглядзеўся, таму і пабіў ножку“, — нечакана скончыла яна і весела заматляла галавой.

„Дзе ён цяпер — дома, у бальніцы?“ — голас Кацярыны Мацвееўны прыкметна памякчэў, хоць і захоўваў строгасць, цяпер ужо напускную.

„Воўка дома ляжыць, яму спіцы будуць ставіць“, — на гэты раз зароў Вася Грышанаў, які меў сярод аднакласнікаў рэпутацыю задзіракі.

„Якія ж вы яшчэ бесталковыя“, — прамільгнула ў думках настаўніцы, і яна ўслых сказала:

„А з Пракоп’евай што?“

„Пракоп’евай сёння на фізкультуры кепска стала, і яна з трэцяга ўрока адпрасілася“, — аўтарытэтна заявіла стараста класа Таня Смаляга. І дадала:

„Яе завуч адпусціла“.

„Растуць дзеткі, растуць, не заўважыш, як яны перажэняцца і замуж павыходзяць“, — падумалася Кацярыне Мацвееўне. Гэтая думка даставіла ёй амаль фізічную пакуту — вось ужо год, як яна страціла мужа.

„Так, чаму дошку ніхто не выцер, я вас пытаюся“, — у рэпліцы настаўніцы скразілі ноткі растучага раздражнення. Клас стаіўся і перастаў выдаваць хоць які шум. Вучні вінавата прытупілі вочы.

„Колькі ж гэта будзе працягвацца? Вы што, хочаце мяне зусім даканаць?“

Першай узяла сябе ў рукі стараста. Ёй было не ўпершыню прымаць на сябе такі націск, і яна хутка знайшлася:

„Гэта мы лабараторку па хіміі ўвесь перапынак пісалі, нам часу не хапіла“.

„Заўсёды вам часу хапаць не будзе, ахламоны. Вы тут для таго і вучыцеся, каб вам часу хапала“. Кацярына Мацвееўна адчула, што сказала глупства, і вырашыла неўпрыкмет перавесці гаворку на іншую тэму.

„Якое ў нас было на сёння дамашняе заданне?“, — проста–такі міліцэйскім тонам запыталася настаўніца.

„Вы нам верш Пімена Панчанкі на памяць вучыць задавалі“, — гукнуў нехта з глыбіні класа. Гэта быў Дзіма Валашанок.

„Ты, Валашанок, нават не ведаеш, як нашага славутага паэта і земляка завуць. Пра што з табой яшчэ можна размаўляць“, — гэта прагучала так бязлітасна, як судовы прысуд. Аднак на гэтым усё яшчэ не скончылася.

„Валашанок, ты хоць верш вывучыў?“ — вочы настаўніцы драпежна засвяціліся.

Валашанок сядзеў моўчкі і не рухаўся.

„Валашанок, гэта да цябе адносіцца“, — усё яшчэ неяк зычліва, па–добраму звярталася Кацярына Мацвееўна.

Валашанок не тое, каб знерухомеў, а проста здранцвеў, ператварыўся ў бязмоўную матэрыю. Сказаць, што яму заняло мову, значыць нічога не сказаць — здавалася, што ў ім перастала біцца сэрца.

Па ўсяму было відаць, што немінуча насоўваецца бура.

„Валашанок, скаціна, дзённік на стол!“ — нават не закрычала, а проста загаласіла настаўніца.

Валашанок здрыгануўся, вінавата падышоў да настаўніцкага стала і падаў дзённік. Ад перанапружання ў яго задрыжалі каленькі.

„Хто яшчэ не вывучыў, падняць рукі!“ — гэтыя словы, ператвораныя ў загад, напоўнілі сабой усё класнае памяшканне. Аднак ніхто рукі не падняў.

„Што, усе ведаюць?“, — здзекліва данеслася ад настаўніцкага стала. — „Будзем правяраць“.

„Будзем правяраць“, — нейкім унутраным рэхам зазвінела ў галаве вучняў так, што ў роце Валашанка перасохла сліна.

„Да дошкі ў нас пойдзе... да дошкі ў нас пойдзе... пойдзе ў нас да дошкі... Ва–ла–ся–коў“.

Адкуль Кацярыне Мацвееўне было знаць, што ўчора Сярожа Валасякоў толькі тым і займаўся, што вучыў на памяць Пімена Панчанку. І ёй нічога не заставалася, як паставіць Сярожу адзнаку „пяць“.

І Наташа Патрыкеева атрымала адзнаку „пяць“. А вось Васю Грышанаву паставілі „чацвёрку“, бо ён пераблытаў у вершы два апошнія радкі. Што ж, усякае бывае.

Кацярына Мацвееўна супакоілася і прайшлася паміж першым і другім радам.

Вучні сядзелі ціха, як мышы.

Настаўніца зрабіла разварот і наблізілася да дзвярнога праёму. Недзе далёка за акном раздаліся звонкія дзіцячыя галасы — гэта сёмы „Б“ вяртаўся з фізкультуры.

Кацярына Мацвееўна неяк раптоўна адхінулася ад класа, села на сваё настаўніцкае крэсла і пагрузілася ў свае думкі. Думалася ёй нешта няпэўнае, але дужа павабнае.

У класе настала напружаная цішыня.

Тут першай знайшлася Соня Самасонава, якую аднакласнікі справядліва паважалі за дасціпнасць і знаходлівасць.

„Кацярына Мацвееўна, Кацярына Мацвееўна, а гэта праўда, што ваш дзядуля быў чырвонаарме–ейцам?“ — з нейкім дзіўным прыдыханнем, як бы задыхаючыся прагугнявіла яна.

Настаўніца ад нечаканасці чуць не падскочыла на месцы.

„Усё вы, дзеці, ведаеце, нічога ад вас не схаваць“, — нават не сказала, а выдыхнула настаўніца. А пасля здагадалася — артыкул пра яе дзядулю Віктара Пятровіча Палкіна, геройскі загінуўшага ў час Вялікай Айчыннай вайны, быў на тым тыдні змешчаны ў адной з цэнтральных газет.

„Кацярына Мацвееўна, Кацярына Мацвееўна, а раскажыце нам пра свайго дзядулю“, — цяпер было чуваць ужо некалькі галасоў.

„Не, дзеці, нам трэба ісці далей — вывучаць творчасць Петруся Броўкі“, — строга адцяла яна. Першы націск быў пераадолены. Каб развіць поспех, Кацярына Мацвееўна сама перайшла ў атаку.

„Вось якія вершы гэтага пісьменніка вы ведаеце?“ — грозна прамовіла яна.

У класе на нейкі момант ізноў запанавала маўчанне.

„А мы самі на наступны ўрок падрыхтуемся, самі падрыхтуемся. Ну раскажыце, калі ласачка“, — адказ вучняў не прымусіў сябе чакаць. На гэты раз колькасць галасоў павялічылася ўдвая.

Сэрца педагога не вытрымала — гэтае „калі ласачка“ пратнула яго наскрозь, выклікаўшы салодкую стому.

„Ну, добра, слухайце. Толькі, каб на наступны раз усе былі падрыхтаваныя. Што з вамі паробіш“, — развяла рукамі Кацярына Мацвееўна, і вусны яе склаліся ў трубачку.

Маршал Блюхер спяшыў прыехаць у вёску N завідна. Вёска трывожна не спала. Дзед Кузьма паставіў самавар. Дзед Рыгор пачасаў бараду і закурыў цыгарку. „Не к дабру гэта ўсё, не к дабру“, — падумаў дзед Мікіта і загасіў у хаце газніцу.

Вечарэла. На шэрым пукатым злавесным небе нічога не было відаць. Месяц схаваўся за хмарамі. Недзе за рэчкай завухкала пралятаючая сава. Сабакі пахаваліся ў сваіх будках. Дарафей Кульчыцкі рашыў выйсці на двор, але пасля перадумаў. Пачаў імжэць дробны паскудны дождж.

Праз гадзіну карціна заставалася ранейшай. Вёска засынала, каб канчаткова адысці ка сну. Толькі ў адной з хат было заўважна ажыўленне. Гэта была хата падпольшчыка Дзмітрыя Іванавіча Кабанава. Чуліся гучныя размовы, вясёлы рогат, нехта спяваў народныя песні.

„Ціша, трэба захоўваць дысцыпліну і пільнасць“, — звярнуўся да прысутных упаўнаважаны з цэнтра. Усе змоўклі і засяродзіліся.

„Час цяпер ваенны. Вайна ідзе“, — дадаў ён для большай яснасці. — „Парушальнікаў дысцыпліны будзем караць па законах ваеннага часу, без усялякай літасці“, — твар упаўнаважанага выражаў халодную адвагу і рашучасць.

Вёска N была адной з тых шматлікіх беларускіх вёсак, якія вось ужо тры гады чакалі вызвалення. Мала сказаць чакала, яна яго набліжала. Сярод аднасяльчан было створана падполле. Праз былога агранома калгаса „Бальшавік“ Масюкіна была наладжана сувязь з партызанскім атрадам імя Варашылава.

Не прайшло і дваццаці мінут пасля захода сонца, як у хату Кабанава няспешна ўвайшоў маршал Блюхер. Прысутныя ўзялі пад казырок. „Усе ў зборы?“ — кіўнуў ён галавой у бок упаўнаважанага з цэнтра. „Усе, толькі вось разведчык Віктар Палкін з Зубрылавіч нешта спазняецца“, — па–ваеннаму суха адрапартаваў упаўнаважаны. „Што ж, пачакаем. А пакуль вырашым бягучыя пытанні“, — маршал прамовіў гэта ціха, сабе ў вусы, а потым хітравата ўсміхнуўся — „Па інфармацыі, паступіўшай толькі што з цэнтра, у сетку партызанскага руху быў лоўка ўкаранён варожы агент“. У гэты момант на лобе ўпаўнаважанага з цэнтра праступілі чуць заўважныя кропелькі поту. „Здарылася гэта па халатнасці лётчыка, з самалёта якога быў дэсанціраван двойчы Герой Савецкага Саюза Сідар Кірылавіч Машонкін. Замест таго, каб прыбыць у квадрат 56/72, ён прыбыў у квадрат 32/43, ці, іншымі словамі, прама ў варожую засаду. Камандзір экіпажа адхілены ад палётаў. Вядзецца следства“. Здавалася, што маршал Блюхер на гэтым скончыў, аднак гэта было памылковым уражаннем.

На ганку пачулася конскае іржанне, і ў хату імкліва пранёсся Віктар Палкін. Убачыўшы маршала Блюхера, ён адразу ўзяў пад казырок.

„Распалагайцеся, Віктар Пятровіч. Пачувайцеся як дома“, — па–гаспадарску і адначасова па–бацькоўску цёпла запрасіў да стала маршал Палкіна.

„Дык вось, немцы доўга катавалі, а пасля забілі Машонкіна“, — фальцэтам прашыпеў Блюхер. „Але ён так і не выдаў немцам усіх сваіх ваенных сакрэтаў. Слава героям“, — гучна выдыхнуў ён.

„Слава героям“, — у адзін голас падхапілі ўсе прысутныя.

„Якраз Машонкін павінен быў прыбыць да нас у якасці ўпаўнаважанага з цэнтра“, — твар маршала выражаў глыбокі смутак і горыч.

Прысутныя з падазронам і з нескрываемай агідай паглядзелі ў бок, дзе стаяў так званы „ўпаўнаважаны з цэнтра“. Яго гідлівы твар скурчыўся, шыя пачала трэсціся.

„Гутэн таг, хер Айхзер. Фрыдрых Айхзер. Што, будзем гаварыць?“ — неяк абыякава кінуў маршал.

„Русіш швайн, ніхт капітулірэн“, — пачуўся адказ фрыца.

„Слухай, Айхзер, мы не будзем біць і мучыць цябе, калі выкладзеш нам свае яўкі, тайнікі, канспіратыўныя мянушкі і, самае галоўнае, раскажаш нам, як з табой падтрымлівае сувязь нямецкая контрразведка“, — маршал Блюхер добра ведаў, што гаворыць.

„Ін дэр тат?“ — здзівіўся раскрыты вораг.

„Канечне, толькі скажы нам, хто ваш сувязны“, — умяшаўся ў размову партызанскі разведчык Віктар Палкін.

„Гут, гут, іх эрцэле зі алес“, — няўзброеным вокам было відаць, як гэта жалкае падабенства чалавека гатова пайсці на ўсе, абы захаваць сваё нікчэмнае жыццё.

Пасля нязмушанага допыту, які працягваўся каля дзвюх гадзін, была ў дадатак здабыта інфармацыя аб маючым адбыцца контрнаступленні гітлераўцаў на адным з участкаў паўднёва–заходняга фронту.

„Што будзем рабіць у склаўшайся сітуацыі?“ — зацягнуўся дымам ад цыгарэты маршал.

„Прапаную з мэтай удакладнення і ўпарадкавання звестак узяць „языка“ — высокапастаўленага фашысцкага афіцэра, таварыш Першы“, — прапанова Палкіна была сустрэта воклічамі адабрэння. Больш за ўсіх стараўся гаспадар хаты Кабанаў, мабыць, ужо прадчуваючы кепскае. Ад невядомасці ён адчуваў глыбокі і востры боль недзе вышэй пупка. Эх, навошта я адлучаўся з хаты за трохлітровікам самагона ў самы разгар допыта, — не знаходзіў ён сабе спакою — можа, мой гаспадар Айхзер і пра мяне прагаварыўся.

„Але перад гэтым неабходна пазбыцца яшчэ аднаго фашысцкага памагатага — ілжэпадпольшчыка Дзмітрыя Кабанава, завербаванага гестапа год таму назад“, — давёў да лагічнага завяршэння сваю думку Палкін. Ён падышоў да Кабанава, прыставіў дула пісталета яму да шыі і націснуў на курок — на ўсё было патрачана не больш 15 секунд. З утварыўшайся на супрацьлеглым боку шыі адтуліны пырснуў струменьчык крыві і нечага светла–зялёнага.

„Во цяпер мы ў бяспецы, во цяпер можна гаварыць“, — адлягло на душы ў Блюхера.

„Сабаку — сабачая смерць. Цацкацца з такімі здраднікамі — злачынства, таварыш Галоўнакамандуючы“, — твар Палкіна пасвятлеў.

Звязаны па рукам і нагам, з кляпам у роце, гітлераўскі бандыт Айхзер пачаў шалёна міргаць.

„Немца ў расход нельга пускаць, ён яшчэ многа чаго расказаць можа“, — здавалася, Палкін перахапіў ініцыятыву.

„Дабро“, — маршал нават не зварухнуўся у адказ.

„І да таго ж, пасля пераправім яго на вялікую зямлю“, — з паніжэннем інтанацыі выпаліў разведчык.

„Дабро“, — Блюхер нахмурыўся.

Наступіла паўза.

„Так што, я тады на заданне — „языка“ браць“, — Палкін першы перарваў цішыню.

„Куды вы накіроўваецеся?“ — пастава военачальніка выражала ледзяную засяроджанасць.

„У вёску Анучкіна, там апорны пункт сувязі праціўніка. Шмат афіцэраў“.

„У які гэта бок?“

„На паўднёвы ўсход“.

„Што ж, пажадаю вам удачы“.

„Служу Савецкаму Саюзу!“

„Калі вас чакаць назад?“

„Думаю, што з першымі промнямі сонца на зары“.

„Бывайце“.

„Дзе ж я згубіла гэты гадзіннік“, — баба Маня, пра якую ў Анучкіне хадзілі легенды, старанна абышла ўсе пакоі ў хаце, зазірнула пад кожны ўслончык, але так нічога не знайшла. Памкнулася была залезці ў падпечак, але старыя косці не дазволілі. Тым часам за сценамі нешта непамысна зашкрабатала. „Нядобры гэта знак“, — падумала баба Маня і вырашыла прылегчы адпачыць.

Змяркалася. На вуліцы не было відно людзей, адно бегалі сабакі і адорвалі адзін аднаго дробным брэхам. Яны то збіраліся ў адну кучу, то разбягаліся і лёталі паасобку. Спаборніцтва ў брэху паступова перарастала ў паветраную гімнастыку па–сабачаму: жывёлы ўскоквалі на больш слабых і з пераможным выглядам працягвалі свой шлях у цямрэчу.

„Добра, што мы жывем у Нямеччыне, а не ў Расіі“, — вылецела з рота бабы Мані. Яна магла сабе дазволіць гаварыць шчыра, таму што вакол не было ніводнай душы. „Я раблю толькі затым, каб атрымліваць грошы“, — старая ведзьма ўпарта гнула сваю лінію.

Звечарэла. У хату Варвары Крук, крайнюю ў вёсцы, хістаючыся, цягнуўся партызанскі ўзрыўнік Іван Боцян. Сёння яго напаткала сапраўдная ўдача — камандзір яго атрада Макулаў выехаў на стрэчу з камандуючым партызанскім злучэннем „За Ільіча“ Фількіным. Па гэтаму поваду ў першай палове дня лясныя салдаты займаліся сваімі бягучымі справамі. На палітінфармацыі пасля абеду Боцяну было загадана часова перапыніць выплаўку тола з трафейных снарадаў і накіравацца ў дазор. Прасядзеўшы ў засадзе да глыбокага вечара і забіўшы 12 гітлераўцаў і іх пасобнікаў, Іван рашыў паразмяць косці і схадзіць у госці да Варвары, якая прыходзілася яму ўнучатай пляменніцай.

Як чалавек выхаваны, Боцян ішоў у госці не проста так — сваімі каравымі пальцамі ён пяшчотна сціскаў паўкіло селядцоў, якія нядаўна былі перакінуты разам з дэсантам з вялікай зямлі. Аднак надзвычайная стома сказвалася, Боцяна вадзіла з боку ў бок, па дарозе ён некалькі разоў засынаў і прачынаўся, і, натуральна, Варвара селядцоў так і не ўбачыла.

Убачыў іх сабака Шарык, які ад няма чаго рабіць цёрся сваёй белай з праталінамі шубкай аб Варварын плот. Шарык стрымгалоў падляцеў да пакунка (давала аб сабе знаць працяглае недаяданне), асцярожна панюхаў яго змесціва і са звярыным ашчэрам кіпцюрамі і зубамі пачаў дзерці на шматкі прамасленую кардонку. Цяжка сказаць, ці даставіла яда яму задавальненне — настолькі сутаргавай і непрацяглай яна была.

Пасля Шарык доўга, як бы ратуючыся, хлябтаў калюжную ваду. Але дарэмна ён, шукаючы ратунку, высалопліваў язык — на працягу гадзіны сабака непраўдападобна разбух і, не могучы ісці, асуджана глядзеў на ваду. Падобны да яшчэ невядомага звера, ён асуджана завыў на Месяц.

З бярозкі ўпаў лісток. Іван Боцян сноўдаў па завуголлях, усё яшчэ да канца не развітаўшыся з думкай знайсці гэты злашчасны пакунак. У галаве то наплываў, то адліваў вір напаўзабытых карцін. Вось ён яшчэ хлопчыкам бясстрашна круціць каровам хвасты, а вось ён садзіцца на свінню і, даўшы мурзатымі ножкамі ёй пад чэрава і ўчапіўшыся рукамі за яе вушы, едзе на лесапілку. Ужо ў малым узросце ў Вані прачнулася нянавісць да паноў. І таму, калі прыйшлі немцы, ён, не вагаючыся, спаліў сваю хату, плюнуў і пайшоў у лес.

Вёска адыходзіла да сну. Боцян, шпарка аддаляючыся ў невядомым накірунку, здавалася, плыў над зямлёй. Цемра станавілася ўсё чарнейшай, скрадвала адлегласці і дыстанцыі. Толькі ў хаце бабы Мані гарэў агеньчык. Бабе не спалася. Яна набожна пераварочвалася з боку на бок, згіналася і разгіналася, мармытала нешта сабе пад нос, кленчыла, не зводзячы вачэй з правага верхняга вугла хаты. Там нешта шкрабуцела. „Трэба схадзіць да фельчара, можа, якую траўку дасць“, — нервы ў бабы Мані былі ні к чорту. Ад нерваў у яе пачынаў нязносна свярбець жывот, пасля шыя, урэшце свёрб перакідваўся на галаву, дзе і звіваў сабе надзейнае гняздо. „Цьфу ты, чорт“, — прыўзняўшыся і ўпільнаваўшы аддаляючагася Боцяна, Маняша (так яе з павагай называлі ў вёсцы) не магла не вылаяцца. Ад такой нечаканасці захацелася піць. Папіўшы малачка са збаночка, баба адчула, што хутка засне. Заплюшчыўшы вочы, яна ляжала і амаль не дыхала. „Чаму ў мяне такая нялюдская мянушка — „Пятух“? Хіба праўду балакаюць людзі, што бацька, калі я была зусім маленькай, паддаўся на мае ўгаворы прынесці з седзіва кураня. І калі бацька пайшоў да седзіва па яго, пятух моцна яго цяў. Так, пятух цяў бацьку. І што бацька? Што ж бацька? Бацька быў?“ — баба Маня, па–старэчаму перакасіўшыся, пазяхнула.

Бацька ў яе сапраўды быў. Ды яшчэ які бацька! Калі пачалася рэвалюцыя, Кузьма Пятух рашыў, што трэба дзейнічаць. Прынёсшы да мясцовага графа петыцыю паўстаўшага сялянства з патрабаваннем неадкладна раздаць коней і вупраж земляробам, ён нядобра прышчурыў левае вока. Граф Ніцкі, які меў дурную славу чарнакніжніка, хацеў пачаставаць сельскага пасланца каньяком і вырашыць канфлікт палюбоўна, але Кузьма быў настроены рашуча. Размова не вязалася. „Што ты вылупляешся, што ты вылупляешся“, — думаў сам сабе Кузьма. Пераканаўшыся, што граф не гатовы ісці на саступкі, Кузьма дастаў схаваную пад поясам сякеру. „Ну што?“ — самалюбаваўся Кузьма. Граф зніякавеў і зрабіў спробу ўцёкаў. Кузьма быў начыку. Першы ўдар прыйшоўся графу па калену. Напоўніўшы свае харомы лямантам, Ніцкі ўпаў. Каб замацаваць поспех, Кузьма доўга і каварна біў графа тапаром па галаве. Пасля, калі ўсё было скончана, Кузьма ўстаў, кракнуў і задумаўся: „Крэпка гэта я сёння даў“.

Баба Маня тым часам пагрузілася ў глыбокі сон. Але і ў сне яе мучылі цяжкія думы. Вось хтосьці вялікі і азызлы ў чорным накідваецца на яе: „Мужыкі мазгі адпілі, бабы мазгі ад’елі“. Вобраз рэзка пераламляецца, і на вачах Маняшы разыгрываецца наступная сцэнка з удзелам дзвюх сельскіх жанчын з непакрытымі галовамі:

„Сабака, чуць нос мне не адкусіў“, — напаўскардзіцца–напаўплача да канца няясны вобраз першай бабы, на твары якой адсутнічаюць губы і рот.

„З табой усё ясна“, — нават не збіраецца супакойваць яе першая.

„Ці до?“ — ашарашана мяняе тэму ініцыятарша размовы.

„До, до. Даліпан до“, — на гэты раз без правалочак пагаджаецца яе апанентка.

„От жа ацяжэла, не магу ўсярэдзіну ўвысці“, — зноў хоча выклікаць да сябе прыліў жаласці першая.

„А царква дзе?“ — сваім адказам другая суразмоўніца як бы хоча апракінуць дагары нагамі размову — пачаць весці ў ёй рэй.

„Тамака, дзе гэна баба йдзе“, — чуецца меланхалічны, з унутраным надломам адказ.

„Гаварыць з табой, як у лесе з бараной“, — вар’яцее ад нечаканай роспачы тая, якая неспадзеўкі павяла рэй. — „Пакуль сабака не пакачае, не зможа з’есці“, — безапеляцыйна падагульняе яна.

Далей дзеянне працягваецца ў партызанскім лагеры. Абліччы партызанаў няясныя, многія дэталі твару адсутнічаюць або скажоныя да непазнавальнасці — баба Маня ніколі не была ў такім лагеры і не бачыла, як выглядаюць гэтыя партызаны. Ёй здаецца, што яна з цяжкасцю разумее мову, на якой гавораць лясныя салдаты. Палякі ці літоўцы, здагадваецца баба Маня і пераносіцца ў партызанскую сталоўку. Партызанскі повар аб нечым гучна размаўляе з камандзірам атрада. Сёння, на свята, трэба пачаставаць хлопцаў нечым адметным, распараджаецца ён. Ёсць прапанова пакаштаваць „маскаля“. Повар — Маняша не можа паверыць сваім вачам — адразу згаджаецца, відаць, ён на гэтым ужо набіў руку. Прыводзяць „маскаля“. Гэта худзенькі хлопчык гадоў сямнаццаці, голы да пояса, на целе якога відаць сляды ад пабояў. „Не забівайце мяне, дзядзенькі, я ў мамы адзін“, — тоненька выводзіць ён. „Што–што, То–омас?“ — перапытвае камандзір у байца, які канваіруе палоннага. „Нічаво, жыць хоча“, — ніводзін мускул на твары ў байца нават не здрыгануўся. „Ну дык паглядзім, якая ў чырвоных кроў“, — пацірае потныя ад нецярпення рукі военачальнік і загадвае сваёй ахвяры з металічнымі ноткамі ў голасе, — „На калені, тваю маць, на калені!“ „Жывым яго ў чане зварым, як таго белабрысага на тыя выхадныя?“ — дзелавіта пытаецца повар у камандзіра. „А–адставіць такія разгаворчыкі. Белабрысы так забаяўся, што ў чане — хі–хі — аблысеў. Я пасля тры дні яго валасамі пляваўся“, — грымаса агіды праходзіць на твары камандзіра. „Дык галоўку можна... таво“, — аж прысвіствае ад узбуджэння повар. „Дзела гаворыш“, — да камандзіра вяртаецца ранейшы добры настрой. І пасля невялікай паўзы ён дадае: „Зганяй за Вітаўтасам“.

Вітаўтас, ён жа палкавы экзекутар, прыходзіць з шабляй нагала. Хлопец нерухома стаіць на каленях, белы, як палатно. Вітаўтас з усіх бакоў абыходзіць ахвяру, яхідна прышчурваецца — ён прымерваецца, яго слепіць сонца. Ніхто, здаецца, не ўбачыў размаху — толькі фантан крыві, узмятнуўшыся ў паветра, і падаючая ўніз галава электрычным разрадам працінаюць прысутных. Хлопец яшчэ нейкае імгненне стаіць на каленях, а пасля пачынае плаўна асядаць на зямлю. Яго галава ўжо ляжыць побач, з яе вывальваецца язык. Вітаўтас стаіць на месцы і не рухаецца. Ён абыякава глядзіць на не сказаць каб маленькую лужыну крыві. Камандзір атрада пераключае на яе ўвагу. Ён кідае ў лужыну свой недапалак. Недапалак аглушальна шыпіць. „Так, добра, пайшлі“, — гучыць загад байцам. Уміратвароныя, яны сыходзяць і пакідаюць сам–насам повара і труп...

Баба Маня расплюшчыла вочы і не сваім голасам закрычала. Такога яна не сніла ніколі. Сон, як павук, згроб яе ў свае ліпкія абдоймы. Нейкае гідлівае змешанае пачуццё асабістай адказнасці за адбыўшаеся і непрыхаванай агіды ад карцін разні ў сваёй уласнай галаве імгненна авалодала ёй. Ад патоку перажыванняў яна так знясілела, што доўга не магла падняцца з ложка.

„От, каб жа цябе кадук...“

Калі наступіла вайна, фашысты прыехалі ў вёску на роварах. „Нейкія смешныя такія, як дзеці“, — любіла гаварыць пасля баба Маня. „Ай вы хлопчыкі, ой вы мае малойчыкі“, — утарыла ёй прыдуркаватая малодшая сястра Глаша, якая традыцыйна адчувала на сабе недахоп мужчынскай ласкі. „Яйка, матка, яйка“, — гергеталі фрыцы, навучаныя рабаваць і забіваць людзей у Польшчы. „Што, майка?“ — не дачуўшы, лыпала вачыма баба Маня, якая пэўны час жыла ў горадзе. Прыйшоўшы ў сябе, яна рушыла ў хлеў да сваёй адзінай карміцелькі, каровы Рагулі, пяшчотна прытулілася да яе вуха, і ўпаўголас прамовіла: „Адна ты мяне разумееш“. Мокрая морда Рагулі выражала поўную згоду.

Назаўтра Маняша не далічылася аднаго кабанчыка.

Тым часам разведчык Віктар Палкін на калёсах па лесе прасоўваўся ў глыб варожай тэрыторыі. Конь бег трушком, раз–пораз іржаў. „Но–но“, — адказваў яму на гэта разведчык. Зорнае неба пералівалася зіхоткімі агеньчыкамі, у лёгкія рэгулярна паступаў кісларод. „Дзе ж ты, мая Маруся“, — чырвоны водбліск ад недакурка заблішчэў у руках воіна. Мілая ты мая дзевачка, мая Палачка, мая касатушка, — на вачах Віктара ледзьве не з’явіліся слёзы, — дзе цябе, мая ягадка, вецер носіць. Аднак адказ на гэта пытанне быў вядомы наперад. Маруся Палкіна, каханая жонка гвардыі маёра Чырвонай Арміі Віктара Палкіна, была своечасова эвакуіравана ў глыбокі тыл нашай радзімы, у горад Іркуцк, дзе ўладкавалася нянечкай у яслі–сад ад чыгуначанага дэпо №2. „А работы, а работы“, — Віктар летуценна закінуў галаву ўверх. І тут раптам нешта так захапіла яго ўвагу, так што ён засяродзіўся, выраз яго твару стаў больш строгім, а ход думак больш ясным. У начным небе нарастаў гул самалётаў. „Свае ці чужыя?“ — разведчык не адводзіў вачэй з празрыстай павалокі нябёсаў. Роўна праз пяць хвілін сумненняў ужо не было –– іх развеяла фашысцкае павуцінне на фюзеляжы самалёта і тоўстыя чорныя крыжы на крылах механічнай птушкі. Гітлераўскі сцярвятнік на невялікай вышыні баразніў паветраную прастору. Рашэнне саспела адразу –– Пятровіч спешна развярнуўся і пачаў шукаць схаваны ў сене чамадан са зброяй. „Во гэты найлепш пойдзе“, — разведчык пяшчотна правёў далоняй па ствалу кулямёта Дзегцярова і рэзка выгукнуў: „Гэта за Сярожу, Грышу і Алёшу!“ Стрэлы ўзарвалі крохкую цішыню леса. За імі паследавала яшчэ адна чарга. І яшчэ адна.

З крайняга левага боку самалёта пачаў сцяліцца густы дым. Лётчык спрабаваў манеўрыраваць, але самалёт на вачах губляў вышыню. Зразумеўшы бязвыхаднасць сітуацыі, ас „Люфтвафе“ выскачыў у паветраны эфір з парашутам, а нікім не кіруемы самалёт разарваў начную цемру яркай успышкай сярод лесу.

Гэтая падзея ніяк не паўплывала на выкананне задання разведчыкам. Ён з усяго размаху перацягнуў бізуном каня і, яўна павесялеўшы, працягваў прасоўвацца ў раён вёскі Анучкіна, дзе ва ўмоўленым месцы яго чакаў сувязны. Аж раптам конь пачуў няладнае. Бег іх ног істотна паскорыўся, але гэтага ўсё роўна было недастаткова. З паўночнага ўсходу да фурманкі імкліва набліжалася зграя галодных ваўкоў. Халодным д’ябальскім агнём гарэлі іх вочы, аднекуль зблізу даносілася кляцанне іх вострых зубоў. Конь ад страху пачаў шалець –– круціць мордай, падкідаючы грыву. Цвяроза ацаніўшы абстаноўку –– страляць было нельга, так як да ўмоўленага месца сустрэчы з сувязным заставалася зусім нічога, нейкія паўкіламетра — Пятровіч рашыў дзейнічаць. Ён яшчэ некалькі разоў выцяў конскі круп, дзікавата азірнуўся, а пасля натрэнірованым рухам пачаў падпальваць запалкамі салому з калёсаў і кідаць яе ў кляцаючыя ваўчыныя морды. Такі ход дапамог дасягнуць многага, ён разрадзіў сітуацыю, ваўкі засталіся ззаду, а коні пабеглі наперад. Акрылены поспехам разведчык не вытрымаў і закурыў цыгарэту.

Прыбыўшы куды было дамоўлена, на лясную палянку непадалёк сяла Анучкіна, лясны салдат злез з калёсаў і троху прайшоўся, каб размяць зацёкшыя ногі. Сувязнога яшчэ не было, а з боку сяла даносіліся жаночы і мужчынскі голасы.

„Дождж зараз пойдзе“.

„Не, не пойдзе“.

„Кажу табе, пойдзе“.

„А табе — не“.

„Не злуй мяне, чуеш“.

„Я знаю адно слова, і калі яго скажу, ты праз два дні памрэш“.

„Не гавары глуму“.

„Розум жабі ў цябе“.

„Зашыліся ў тыя гарады, пачэзнеце як рудыя мышы“.

Захоплены адбыўшайся недзе побач размовай, малады разведчык не заўважыў, як па траве прашуршалі кірзавыя боты сувязнога.

„А ты спі!“ — выпаліў сувязны скарагаворкай. Гэта быў пароль.

„А я сплю“, — спакойна і дастойна парыраваў Палкін.

„Таварыш гвардыі маёр, у нас непрадбачаныя ўскладненні“.

„Што такое?“

„Немцы пранюхалі пра нашу падпольную сетку“.

„Што!? Як ваша самаадчуванне?“

„Праведзены арышты і паказальныя расстрэлы. У прыватнасці, паў смерцю храбрых падпалкоўнік Лашадкін“.

„Вашы прапановы?“

„З боем прабівацца на вялікую зямлю“.

„Адставіць... Хто віноўнік правалу?“

„У навакольных сёлах лютуе банда паліцаяў на чале не то з Вазняком, не то Пазняком. Ім удалося пранюхаць пра падполле і правесці карную аперацыю“.

Пятровіч прызадумаўся, пачухаў патыліцу.

„Самае галоўнае, гэта не папасца на вудачку фашыстаў і іх мясцовых прыхвасняў. Таму загадваю: ніякіх мер па гэтаму здарэнню не прадпрымаць, а засяродзіцца на выкананні задання, калектыўна распрацаванага намі пад кіраўніцтвам маршала Блюхера“.

І для таго каб сувязному ўсё стала ясна, дадаў: „Языка трэба ўзяць, Са–аша“.

„Зверым гадзіннікі: на маім цяпер 23.46“, — закончыў сваю тыраду разведчык.

У сувязнога гадзінніка не было, але ён пасунуў рукаво на левай руцэ і заклапочана зірнуў на запясце — для адводу вачэй ён насіў там вяровачку.

„І на маім“, — хапатліва пагадзіўся Саша. Як стане зразумела пасля, якраз гэтая неасцярожнасць сувязнога сыграла сваю ракавую ролю.

„Роўна ў 2.30 збіраемся ў хляве, што стаіць з левага боку апорнага пункту сувязі праціўніка, затым здымаем вартавых, пранікаем у памяшканне, бяром языка і даем драла. Пытанні ёсць? Пытанняў няма“.

У намечаны час маёр Палкін па–пластунску пралез праз спецыяльна падрыхтаваны на гэты выпадак лаз у хлеў селяніна–бедняка Ціхана Гібкага. „Ну дык нішто сабе. Вось бы яшчэ сюды малачка“, — воін прыемна быў здзіўлены тым, што гаспадар хлеву нанасіў для яго групы моху і саломы. Не доўга думаючы, ён прылёг на свой імправізіраваны ложак. У хляве было надта вільготна, аднекуль звонку ўнутр пранікалі разнастайныя пахі. Узяўшы ў рот пажаваць саломку, маёр сцішыўся і пачаў напружана чакаць сувязнога. Сувязны не паяўляўся. Разведчык кінуў хуткі позірк на цыферблат свайго гадзінніка. Стрэлкі паказвалі 2:31.

Знянацку яго ўвагу прыцягнулі набліжаючыяся галасы, якія даносіліся з варожага аб’екта. „Вартавыя фрыцы да бабы збіраюцца“, — адразу ўлавіў ніць адбываючагася чырвонаармеец. Сувязны ўсё яшчэ не паяўляўся. Пятровіч падлез бліжэй да маленькага закратаванага акенца, каб лепш было бачыць. На падворку стаялі два фрыцы і аб нечым па–гусінаму гугнявілі. У той жа час набітым вокам разведчык запрыкмеціў у бінокль ледзьве заўважнае змяненне абстаноўкі — у цемрыве ночы замаячыў чыйсьці няясны сілуэт. Гэта быў сувязны Аляксандр. Фрыцы перасталі гугнець і здзіўлена ўтаропіліся на падпольшчыка. „Хальт, хэндэ хох“, — гартанны крык узняў у паветра адзінока сядзеўшую на прылеглай бярозцы варону. „Фігу вам“, — злобна азваўся Аляксандр і кінуўся бегчы стрымгалоў. Рука аднаго з фрыцаў павольна пацягнулася да пояса, павольна адшпіліла супрацьтанкавую гранату і рэзкім штуршком шпурнула ўслед уцякаўшаму. „Ман мус эрблікен, вас гешэйт даміт“, — такую матывацыю свайму ўчынку знайшоў фашысцкі галаварэз.

Усё адбылося так хутка, што, здавалася, нічога не адбылося — толькі на тым месцы, да якога яшчэ імгненне таму назад дакранулася нага Аляксандра, утварылася невялікая варонка.

Фрыцы павесялелі, адзін з іх сплюнуў і падышоў да таго ўчастка дарогі, дзе выбухла граната. Папярэдне адламіўшы ад бярозкі дубчык, ён пачаў калупаць ім у толькі што ўтворанай ямцы. У ямцы нічога не было. Задаволены такім вынікам праведзенай работы, ён даў знак свайму саўдзельніку, што пара ісці па справах.

Тое, што сітуацыя істотна пагоршылася, не выклікала сумненняў у маёра Палкіна. І тое, што неабходна рашуча і тэрмінова дзейнічаць, таксама было ясна, як божы дзень. Праявіўшы строгую лагічнасць і паслядоўнасць, разведчык вылез праз добра схаваны лаз з хлява на двор, абтросся і азірнуўся па баках. Два вартавыя ў далечыні, паступова набіраючы хуткасць, кіраваліся да мясцовай распусніцы і садаміткі Сонькі Грыб. „Наш Смаленск мы вам ніколі не даруем“, — пастава чырвонаармейца выражала максімальную канцэнтрацыю, — „а цяпер уперад, у фашысцкае асінае гняздо“.

Нямецкі сувязіст Ганс фон Зідлаў сядзеў у крэсле разваліўшыся. На галаве ў яго быў блакітны шлем з кукардай. На прыборнай панэлі, усталяванай справа на фанерным шчыце, пераліваліся рознаколерныя агеньчыкі. Уключаліся і выключаліся датчыкі. Пад сталом стаялі масіўныя тэлефонныя апараты, прызначаныя для работы ў палявых умовах. Частка з іх была няспраўная, і задача Ганса заключалася ў тым, каб удыхнуць у іх жыццё. Зверху, дзе сыходзілася правая сцяна і столь, тырчэлі розныя серабрыстыя трубачкі, бляшаныя дроцікі, абрыўкі ізаляцыі. На сцяне вісела вялікая карціна з подпісам „Гітлер — асвабадзіцель“. На падлозе было брудна, бы ў свінарніку. Дзе–нідзе валяліся недакуркі, шматкі паперы, стрэляныя гільзы, гарошыны попелу, коркі і затычкі ад пляшак, пацучыны памёт, цельцы мёртвых мух і камароў.

Зморшчыўшы і без таго мізэрны лобік, акупант зняў з рычажкоў трубку і пачаў набіраць нечы нумар. На стэндзе высвеціўся населены пункт, куды быў адрасаваны званок — сяло Забалотнае. „Хало, Людвішч, ці не закусаў там вас гэты рускі гнюс“, — Ганс фон Зідлаў валодаў спецыфічным пачуццём гумару. Трубка нешта хрыпла адказала. „Першы, першы, я другі, прыём“, — нечакана вырашыў памяняць тэму размовы сувязіст. Трубка вымавіла тое, што і ў першы раз. „Я восень, я восень, зіма, зіма, адказвай, прашу пацвердзіць прыём“, — не сунімаўся фрыц. Трубка пасля кароткай паўзы выдала стандартны адказ. „Хало, я сава, я сава, выклікаю, выклікаю дзятла. Дзяцел, дзяцел, вы мяне чуеце?“ — упарта гнуў сваю лінію першы. З трубкі даляцела нейкая адзіночная рэпліка, і размова спынілася.

Не думаў фрыц, што прыйшоў яго час, што немінучая адплата ў асобе маёра Палкіна знаходзіцца ад яго ў чатырох з палавінай метрах. Тым большай была яго спалоханасць і разгубленасць, калі ён адчуў холад метала, прыстаўленага да скроняў (маёр Палкін па–майстэрску пранік у памяшканне, не зрабіўшы на сваім шляху ніводнага непатрэбнага руху, як кошка прыпаў да падлогі, каб выпрастацца, ужо прыставіўшы пісталет да галавы праціўніка). Заспеты знянацку, немец пачаў дробна трэсціся і касавурыцца. „Так, устаў, і на выхад“, — з металам у голасе распарадзіўся разведчык. „Стой, стой, блін“, — засярчаў ён, калі фрыц надта хутка памкнуўся да дзвярэй. „Стаяць!“ — на гэты раз Пятровіч раз’юшыўся і прыкладам аўтамата добра–такі прыклаўся да фрыцавых плячэй. Той войкнуў і спыніўся.

З палоненым фрыцам шмат чаго не выходзіла ці выходзіла кепска — ён не хацеў роўна класціся ў калёсы, увесь час скуголіў, енчыў, прасіўся сікаць, прасіў цыгарэту. Вось дзе сказалася адсутнасць напарніка! Аднак савецкі афіцэр ведаў, што рабіць — трэба было дабрацца да лесу, а пасля прасёлкам і толькі партызанам вядомымі сцежкамі скіравацца да сваіх. Першая частка плана была выканана разведчыкам на славу. З ваеннапалонным немцам ён памысна дабраўся да лесу, дзе спыніўся на кароткі прывал. Як высветлілася пазней, гэта была памылка. Трэба было выйграць час і прабірацца далей у лес, замятаючы сляды, бо азлобленыя стратай самалёта стратэгічнага прызначэння фашысты арганізавалі карную аперацыю па прачэсванню мясцовасці, у раёне якой упаў самалет, а таксама па пошуку і выратаванню лётчыка. Але аб усім па парадку.

Прысеўшы на пень і закурыўшы цыгарэту, маёр Палкін не зводзіў вачэй з фрыца. Твар апошняга, перакасіўшыся, пайшоў чырвонымі плямамі. „Эге, ды нам кранты“, — па няўлоўных прыметах чырвонаармейцу стала абсалютна ясна, што яны з палонным у лесе не адны. Нельга было губляць ні секунды часу — небяспека немінуча набліжалася. І тут немец... і тут немец, відаць, ад ясна ўсвядомленай ім безвыходнасці ўласнага становішча спачатку зашыпеў, а пасля гэтае шыпенне перайшло ў немы крык. „Эс лебэ Дойчланд“, — як баба, галасіў Ганс фон Зідлаў. „Замаўчы, прыдурак“, — рэакцыя маёра Палкіна была запозненай, але вельмі бескампраміснай. Каб падмацаваць свае словы, Палкін падышоў да ляжачай на зямлі тушы і з размаху тнуў яе ботам. Гітлеравец нарэшце змоўк.

Камандзір асобага батальёна дывізіі СС „Відэргебаў“ Роберт Кліма быў паталагічным забойцам. Калі ён у дзень уласнаручна забіваў менш чым 15 чалавек, у яго адразу парушаўся сон, узнікалі праблемы са страўнікам. Гойсаючы са сваімі бандытамі па лесе, ён крыважэрна прынюхваўся да начной цішыні. Крык, а таксама слоўная перапалка на паўднёвым ускрайку леса каля сяла Анучкіна не толькі прыцягнулі яго ўвагу, але і паведамілі накірунак дзеяння. Даўшы сваім верным псам знак, ён пабег трушком, на хаду зараджаючы свой аўтамат. Намер эсэсаўцаў быў вельмі просты: узяць праціўніка ў кальцо, адрэзаўшы яму шляхі для адступлення. Не дабегшы недзе метраў з дваццаць да таго месца, дзе стаіўся маёр Палкін, фашысты пачалі раззасяроджвацца, каб утварыць вакол яго пятлю, і затым адным махам зацягнуць яе, узяць, так сказаць, праціўніка ў мяшок.

Пятровіч, аднак, не губляў часу дарма — пачаў хуценька акапвацца па перыметру. „Будзеш мне жывым шчытом, а то ўсё роўна ніякага толку ад цябе не даб’ешся — становішча абавязвае“, — як апраўдваючыся, кінуў ён свайму, калі так можна сказаць, нямецкаму спадарожніку. Калі акоп стаў дастаткова ўмяшчальным, ён вырашыў перахапіць ініцыятыву і першым пачаць пальбу.

За пару мінут разгарэўся сапраўдны бой. Лес, здавалася, нема замычаў ад стогнаў, якія ўспышкамі скаланулі дзёран. Палкін біў прыцэльна, не падпускаючы праціўніка больш чым на дваццаць метраў бліжэй да сябе. Вось грузнай тушай асунуўся першы нямецкі ваяка, вось неяк вычварна паляцеў у нікуды другі. Аднак ворагі і не думалі адступаць. Яны пасля непрацяглай паузы рашылі прымяніць другую тактыку: закідаць чырвонаармейца гранатамі. Але і тут фашысты пралічыліся: глыбокі і цёплы акоп як маці прыняў у сябе ўсяго Пятровіча без астачы. Толькі вось нямецкаму сувязісту Гансу фон Зідлаў не пашанцавала — спачатку яму ўзрыўной хваляй адарвала правае вуха, затым сноп агня раструшчыў яму правую нагу, ну, і нарэшце яго тулава надламілася, пераўтварыўшыся ў дзве непрапарцыйныя часткі. Адна, пачынаючы з ног, была меншай, другая, пачынаючы з галавы, была большай. Толькі цяпер маёру Палкіну з усёй яснасцю ўявіўся сэнс фразы „трэба пазарэз“ — на кожную загадку павінна быць адгадка. Нішто сабе ўдаўся „рэз“, тут табе і разрэз, і парэз.

Калі ўдарылі варожыя мінамёты, стала відавочна, што ратунку ў акопе няма. Кожны наступны стрэл мог быць апошнім. Міны са звярыным воем сыпаліся зусім побач, і, каб не панесці непрадбачаных страт, нападаўшыя адступілі. Канчаткова ўсвядоміўшы бесперспектыўнасць далейшага знаходжання ў акопе, які ў любы момант мог ператварыцца ў магілу, маёр Палкін рашыў выскачыць з яго і памчацца ў паўночна–заходнім накірунку, дзе забалочаная мясцовасць стварала спрыяльныя ўмовы для адыходу. Адкуль яму было ведаць, што па злой іроніі лёсу на яго першы крок па роднай зямельцы прыпадзе разрыў варожай міны. Удар быў тупым, як быццам бы з усяго размаху пляжнуцца вобзем.

Савецкі разведчык ачнуўся ўжо ў акопе, лежачы нагамі ўверх. Спроба змяніць становішча прынесла невыносны боль. Здавалася, балела ўсё. Мулкім абцякальным болем балелі рукі, жудасным усеабсяжным болем балелі ногі, дробным трапяткім болем балела тулава, гарачачным вогненным болем балела галава, рэжучым, ідучым унутр болем балелі вочы. Пальцы... пальцаў на правай руцэ ўжо не было, а сама рука была падобная хутчэй не да рукі, а да асмаленай бярцовай косткі парсюка.

„Жывым не дамся“.

„Жывым не дамся“.

„Жывым не дамся“.

„Ах, як мне баліць!“

„Ах!“

Краем вока Пятровіч заўважыў густую нітачку крыві, якая выбягала з грудной клеткі і тлустай плямай клалася на зямлю. Каб не згубіць ужо назаўжды прытомнасць, гвардыі маёр прыняўся ўспамінаць. Вось ён і яго маладая дзябёлая мама ў напоўненым святлом пакоі. Яна лашчыць сыночка па галоўцы, шукае яму ў валасах, з пяшчотай кладзе яму свае рукі на плечы. „Віця, слухай, як хораша, што мы з табой удваіх разам тут — ты і я“, — гаворыць матуля, і ў пацверджанне сваіх слоў рыўком прытуляе хлопчыка да свайго мяккага цела. Пасля яна доўга частуе Віцю яблыкамі і памідорамі, старанна збіраючы ўсе костачкі ў далонь. „Тата прыехаў з камандзіроўкі, пара класціся спаць, Віцечка“, — меланхалічна ківае галавой Віцева мама. Віцю гэта яўна не падабаецца, ён надта не любіць, калі яго называюць „Віцечкам“ — так яго дражняць хлопчыкі і дзяўчынкі з суседняга двара. Заўважыўшы цень збянтэжанасці на Віцевым твары, матуля спрабуе здагадацца наконт яго прычынаў: „Што, перад сном памыцца хочаш, Віцечка? Пойдзем, я намылю табе спінку“. Пагружэнне цела ў цёплую ваду таза суправаджаецца яе пераліваннем цераз край. „Не рухайся, сынок, я сама ўсё вытру“, — супакаяльна кажа гэта вялікая прыгожая жанчына, і на гэтым успамін абрываецца.

„Ах, як мне баліць...“

„Жывым не дамся!“

А вось яны дваравой камандай гуляюць у індзейцаў. Маленькі Віця з усіх сіл хоча стаць індзейцам, але па злой іроніі лёсу яго прызначаюць канкістадорам. Ён лезе на высокую ліпу, — адтуль яму загадана падаваць сігнал. „Давай каня“, — грубымі мужчынскімі галасамі крычаць хлопчыкі. „Не зловіш, не зловіш, ты такі тоўсты, жыртрэст ты паганы“, — цвяліць індзеец Андруша канкістадора Пецю, які быў сапраўды хворы на атлусценне. „Дзе запасы вады, дзе запасы вады“, — чуваць крыкі з галоўнага канкістадорскага штабу. Сядзець на ліпе Віцю падабаецца — далягляды адкрываюцца завоблачныя, і да таго ж можна звіць сабе гняздо, адрываць і скідваць уніз ліпавую кару або віць з яе вяроўкі. „Агня давай, агня давай“, — хлопчыкі ў штабе разышліся не на жарт.

Так, відаць, якраз тады ён вырашыў стаць ваенным, прысвяціць усё жыццё арміі, узброеным сілам. Абароназдольнасць сваёй краіны заўсёды глыбока хвалявала яго, не пакідалі яго абыякавым і яшчэ да канца не выкараненыя недахопы ў войску. Ну, і канечне, вайсковая форма... Асабліва яму падабалася скураная партупея і кабура для нагана. У іх было нешта язычаскае, нешта раннегрэчаскае! Альбо як рыпяць хромавыя афіцэрскія боты на марозе! Немагчыма адвесці вушэй, цяжка перавесці дых.

„Ах, як мне баліць“.

„Ах“.

Боль з новай сілай пачаў ахопліваць цела, быццам невядомы злы чараўнік сотнямі іголак прайшоўся па спіне і карку. Выключыць, вырваць з сябе гэты боль, ад якога пруцянее цела, дае сабе каманду Пятровіч і паволі, як бы баючыся, заплюшчвае павекі. Гэта было ...гэта было ...у Беластоку. Народ сустракаў савецкіх вызваліцеляў радасна, закідваў кветкамі, дзяўчаты распускалі косы. Быў пагодны вераснёўскі дзень. Нашы паказалі сябе малайцамі: трымаліся годна, ішлі размераным крокам, ніхто не курыў і, тым больш, не пляваўся. Усюды панавала ўсеагульнае ўзрушэнне, весялосць, хацелася ўзяць і гучна закрычаць. Ён тады ўжо ўмеў шчыльна зачыняць дзверы, чым справядліва заслужыў давер’е з боку высокага начальства. Нездарма пасля гэтага яго перавялі пад Ленінград змагацца з белафінамі. Гэтую кампанію ён запомніць на ўсё астатняе жыццё — яшчэ б, яму ледзь не давялося згубіць нагу. Выратавалі нашы медыкі, і асабліва дапамагла кірпатая, чарнавокая медсястрычка Маруся. Чым дапамагла? І шчырым клопатам, і пільнаю ўвагаю, і сваёй незлапамятнасцю. Ды ці мала чым. А далей была Каракалпакія, куды яго са спецзаданнем выслала партыя і савецкі народ. Нядоўга доўжылася яго асабістае і сямейнае шчасце — яго прызначылі народным камісарам культуры Каракалпацкай АССР, а Марусю ўдалося ўладкаваць у мясцовы тэхнікум выкладчыцай фізкультуры. І праўду сказаць, моцна яго прытамілі ўсе гэтыя нарады, выезды на месцы, ушанаванні за асаблівыя заслугі мясцовых работнікаў культуры. Ён ніколі не любіў і не прымаў руціну ні ў якай форме, імкнуўся быць там, дзе крыніцай біла жыццё, дзе вырашаўся лёс краіны. І хоць двойчы яму свае нарысы прысвячала газета „Правда“, адразу пасля вераломнага нападу фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз ён добраахвотнікам пайшоў на фронт.

„Ах, як мне баліць!“

„Ах, мая мама!“

„Пацярпі мой родненькі, пацярпі мой міленькі“, — вушы Пятровіча ажно спацелі ад нечаканасці. Што, сапраўды, недзе тут яго мама, бо ён чуе яе распеўны голас. Гэта ў сне ці на яве? Дзе ён? Што здарылася? Што ж гэта робіцца навокал? Дзе свае, дзе чужыя?

У паветры лёталі белыя мухі. Іх павольнае кружлянне прымушала паверыць, што гэта на самай справе не кружлянне, а ціхі развітальны танец прыроды. Верасень... і раптам снег. Што за чорт? А гэта што там далей — вершнік з кап’ём, які прыціснуўся да крупу каня? А вось цяпер, здаецца, дзынкнула так горача ім любімая мандаліна, разносячы па наваколлі свае саладжавыя гукі? Што... зямля яго ўцягвае ў сваё ўлонне, не дае яму выпрастацца, не дае яму засяродзіцца. Зямля хоча яго... да канца ўвабраць у сябе, праглынуць без астачы. Трэба змагацца, трэба супраціўляцца, не даць закапаць сябе жыўцом. Што там? Бусел ці лебедзь. Усё роўна, але як нязносна ён лапоча сваімі крыламі, нібы з усяго размаху б’е імі па галаве. Вось цяпер ён прыпадымецца і... Дзе немцы? Хто гэта там у жоўтым, а хто ў чорным? Што за маскарад! Знайшлі час галаву дурыць! А можа, гэта немцы? Так, па ўсяму відаць, што фашысты арганізуюць наступную атаку. За яго яны гатовы заплаціць дарагую цану! Толькі аднаго яны, як заўсёды, не ўлічылі — рускія проста так не здаюцца.

„Жывым не дамся“.

Пот, пыльны пот з дробнымі каменьчыкамі засціць вочы. Рэзь у вачах адгукаецца вогненнымі шарамі ў мозгу. Чалавек пачынае гарэць з галавы — з мазгоў агонь перакідаецца на скроні і патыліцу. Затым наступае чарга тулава і канечнасцей. Пасля, калі ўсё ўжо ў агні, пачынае гарэць пясок і трава. Вогненнае вецце ў начной цішы непасрэдна гаворыць з небам, пасылае нябёсам знак. Першы знак прайшоў незаўважаным, другі ўзвіўся куродымам, зліўся з куртатым начным воблакам. Цяпер і гэтае воблака складаецца з агню, цяпер і яно агонь, што ляціць па небу. Вогненныя косы неба... Гэй, неба, перадаю табе прывет!

Якая халодная зямля ў верасні! Раніцай і ўдзень, нагрэтая сонцам, яна здаецца жаданым прытулішчам, якое валодае непераадольнай сілай прыцягнення, якое вабіць і не адпускае, чаруе і не дае адвесці вачэй. Здарожанаму спадарожніку цяжка не прысесці на духмяны дзірван, прылегчы на маладую атаву, закінуць галаву назад і закурыць цыгарэту. А птушыныя спевы! Не ўсе птушкі са сваімі птушанятамі паляцелі ў вырай. Многія прадстаўнікі пярнатых так яшчэ і не рашыліся на такое паветранае падарожжа. Ды і нашто, праўду кажучы, некуды ляцець, калі лес ажно поўніцца дарамі прыроды. На балотных кочках развалам ляжаць журавіны, на зарослай мохам зямлі красуюцца гронкі брусніц у акружэнні баравікоў і лісічак. Хоць збірай іх лапатай і грузі ў самазвал!

„Ах, як мне баліць!“

„Ах!“

„Пра мяне забыліся. Пра мяне, канечне ж, забыліся. Хто я цяпер? Мяне папросту кінулі. Вось так уладжана жыцьцё — працуеш, працуеш, не пакладаючы рук, не шкадуючы сіл, а як прыходзіць твой судны дзень, усе адварочваюцца ад цябе, быццам убачыўшы ў першы раз. Госпадзе! Дзе тылы, дзе агнявая падтрымка? Чаму маўчыць вялікая зямля? Мяне выкінулі, як непатрэбнае смецце, як выкідаюць попел з печкі. А можа, усё было так спецыяльна падстаўлена? Можа, нехта хоча звесці са мной рахункі? Чаму спазніўся гэты сувязны, чаму ён так неабачліва праставаў па вуліцы? Што гэта: выпадковая халатнасць або добра спланаваная акцыя? А можа, сам маршал Блюхер прадаўся... здрадзіў радзіме. Не, пра маршала Блюхера так думаць нельга. Маршал Блюхер — народны герой. Хто–хто, толькі не маршал Блюхер. Ці ўсё–такі шпіён? Нямецкі агент. Варожы лазутчык. Эх, каб жа можна было зазірнуць яму ў нутро, пакалупацца там пальцам, зрабіць нечым падмацаваны вывад! А немец–сувязіст! Відаць па ўсім, што ён таксама нешта чуяў, нешта падазраваў, бо надта гладка ўсё прайшло. А што, калі гэты немец... падсадная вутка?“

„Ах, як мне баліць!“

„Ах!“

„Мне ўжо не ўстаць. Я прыкаваны да зямлі, звязаны з ёй нябачнымі ланцугамі. Яшчэ зусім нядаўна я мог паварушыць пальчыкамі, падняць ручку... і паляцець. Усё было мне пад сілу. Сіла біла ўва мне ключом. Плечы мае былі як ветразі, сцёгны, як барты акіянскага лайнера. А цяпер усё ператварылася ў чырвань. Усё наўкола чырвонае — чырвоныя елкі сцеляць свае чырвоныя галінкі па чырвонай зямлі. Чырвоныя птушкі разрываюць чырвоную павалоку чырвонага неба. Чырвоныя лесуны ашчэрваюць свае чырвоныя зубы, чырвоныя чаплі ловяць чырвонымі дзюбамі чырвоных жаб. Чырвоныя грыбнікі збіраюць чырвонымі рукамі чырвоныя грыбы. Чырвоны вудзільшчык ловіць на чырвоную вудачку чырвонага ласося — яму карціць пакаштаваць яго чырвонай ікры. Чырвоныя мядзведзі пакідаюць сваімі чырвонымі лапамі чырвоныя сляды. Чырвоныя камары сваімі чырвонымі хабаткамі п’юць чырвоную кроў. Чырвоны харчавік абдорвае чырвонымі цукеркамі чырвоных дзетак. Праўду, хіба, казала бабка: што чырвана, тое й пекна“.

„Ах, як мне баліць!“

„Ах!“

„Колькі ж мне год? Памяць — штука капрызная. Не паспееш азірнуцца... і ты ўжо... гатоў... Трыццаць? Трынаццаць? Дваццаць восем? Сорак шэсць? Далоў умоўнасці! Я ўжо зусім вырас! Я дарослы! Я мужчына ў сталым веку, у мяне ёсць форменныя вусы! Я экіпіраваны, на мне гімнасцёрка і штаны галіфэ. Ува мне б’ецца вялікае чырвонае сэрца. А гэтыя зялёна–мышыныя злодзеі хочуць забіць мяне, які ўвесь чырвоны як... сталь“.

„Ах, як мне баліць!“

„Ах!“

„Ты мужык ці баба? Не, ты прызнайся сам сабе — ты мужык ці баба? Што ты тады носам хлюпаеш, нюні развесіў? Не, ты, Палкін, не мужык... Калі б ты быў мужыком, то...“

Адным махам Пятровіч слабеючай здаровай рукой выхапіў з кабуры наган і запусціў яго сабе ў рот. Імгненна раздаўся амаль нячутны стрэл.

„Кацярына Мацвееўна, ніколі больш не расказвайце нам такіх сумных гісторый“, — не прамовіла, а прыхрыпела Наташа Патрыкеева і гучна расплакалася.


Астанкі гвардыі маёра Віктара Пятровіча Палкіна былі выяўлены пошукавым дзіцяча–юнацкім атрадам „Дружба“ на чале са старшым лейтэнантам у адстаўцы П.Дз.Бідонавым 23 мая 1983 года. Праз тыдзень яны былі ўрачыста перапахаваныя ў сяле Анучкіне Свыгоіцкага раёна Марвілаўскай вобласці. На магіле быў устаноўлены мемарыяльны знак.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Правільны выбар


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.