Поезд “Чужа любов”

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Поезд “Чужа любов”. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-26

АВТОР: Сяргей Балахонаў

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


Сяргей Балахонаў — пісьменьнік, настаўнік. Лідэр гомельскага асяродку маладых літаратараў. Сталы аўтар “Нашай Нівы”. У “Народным нумары” “ARCHE” (№2-2001) выйшла ягонае апавяданьне “Сьмерць лют­ністы”.

Мой бацька любіць езьдзіць у грыбы. Даўнейшыя радзінныя грыбныя мясьціны ляжаць цяпер пад аховаю мірнага атаму, дык жа даводзіцца ўчашчаць туды, дзе народная пагудка малюе чыстыя ад радыяцыі акрасы. То й сядае бацька на дызэль і ад’яжджае ад Гомелю кілямэтраў за 20—30 у бок беларуска-ўкраінскае мяжы. Стары грыбнік, ён добра пачуваецца ў кожным лесе. Але аднойчы, захапіўшыся працэсам, троху забыўся й ладнага адышоўся ад чыгункі. Зразумеўшы, што час вяртацца на станцыю, ён хуценька зарыентаваўся й рушыў назад. Урэшце на нейкім міжлесьсі ён перайшоў па масточку цераз ярыну ці ручай і спаткаў іншага паляўнічага на грыбы, каторы спытаў пра посьпехі ды падаўся за ярыну. Бацька, ледзьве апынуўшыся ў хмызьняку, учуў за сьпінаю гудзьбу машыны й гучныя галасы. Ён выглянуў з-за кустоў і ўбачыў “газік” і людзей у форме каля таго мужыка. Толькі тады бацька й скеміў, што колькі гадзінаў блукаў па Ўкраіне, а гэты масточак — ня што-небудзь, а дзяржаўная мяжа...

Тыповая для сучаснасьці гісторыя. Там жа, дзе мяжа прабягае па Сажы ці Дняпры, звычайна падаюцца рыбакі. Пачынаюць лавіць рыбу ля ўкраінскага берагу, а тут і зьяўляецца ці то рыбнагляд, ці то памежнікі. Апраўданьні пра цешчу, што, можа, і сапраўды жыве на гэтым беразе, нікога не цікавяць. Калі добра ўдумацца, дык разумееш, што сапраўднай мяжы між Беларусяй і Ўкраінай ніколі да 90-х гг. ХХ стагодзь­дзя не існавала. Відавочна, што першымі пра межы беларускага й украінскага этнасаў загаварылі навукоўцы толькі ў ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя. Але тыя межы ў розных навукоўцаў выглядалі па-рознаму. Гэта на мапе 0,5—2 см розьніцы, а ў рэчаіснасьці гэта ж жывыя людзі, якія не заўсёды ўсьведамлялі сваё жыцьцё жыцьцём на памежжы. Хоць, праўда, бывала, перакідваліся па-суседзку жарці­камі. Беларусы клікалі ўкраінцаў “хохлікамі” ды “хахламі-задрыпанцамі”, а тыя звалі беларусаў “хамутамі” ды пакеплівалі з асаблівасьцяў мовы: “Хиба лихо озме литвина, щов він не дзєкнув”. Гомель і Гомельшчына (у вузкім сэнсе) ніколі не належалі да этнічна ўкраінскіх абшараў. Але калі зірнуць у гісторыю, то прыкмячаецца, што Гомель дастаткова стала імкнецца да Ўкраіны альбо нават сама Ўкраіна імкнецца да яго. Ужо ў самай першай летапіснай згадцы пад 1142 годам Гомель паўстае як валоданьне чарнігаўскіх князёў. У 1159-м у Гомелі, ратуючыся ад міжсобных сутычак, хаваўся трымальнік кіеў­скага велікакняскага стальца чарнігаўскі князь Ізяслаў Давыдавіч. Пасьля таго горад доўгі час належаў северскім князём. Гамяльчане нават хадзілі супольна зь севяранамі дружынай на палавецкага хана. Блізу 1355 году Гомель увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. Не зважаючы на такую акалічнасьць, у т. зв. “Сьпісе гарадоў рускіх” канца ХIV стагодзьдзя ён названы сярод кіеўскіх гарадоў. Узмацніўшыся, Масква стала прэтэндаваць ня толькі на Кіеў, але й на Гомель. З канца ХVI стагодзьдзя Гомель зрабіўся спакмянём казацкіх нападаў: ён абараняўся і адбараняўся, трымаў, але не заўжды стрымліваў аблогі. Іншым разам у захопе гораду казакам пасабляў вакольны люд. Адным з найкалярытнейшых валадароў Гомелю другой паловы XVII стагодзьдзя быў нехта Мурашка, які круціў фігі і Рэчы Паспалітай, і Маскве: “Полуказак, полуполяк, сумел продержаться в Гомеле более 10 лет”. Акрамя таго, што яму ўдавалася трымаць горад, ён ці не штогод чыніў рэйды ўглыбкі Ўкраіны. Памянёны стыль кіраваньня Мурашкі многіх гамяльчан не задавальняў, і яны ўцякалі ізноў-такі на ўкраінскія землі. Сам Мурашка пакінуў Гомель перад наступам войскаў Рэчы Паспалітай, пакаяўся перад маскалямі ды выправіўся ў турэцкія палі, дзе й застаўся без галавы. Што цікава, прозьвішча Мурашка мае значнае пашырэньне ў сучасным Гомелі й ваколіцах. Прыкладам, яго носяць дэкан завочнага факультэту ГДУ імя Скарыны сп. Міхаіл ды былы кіраўнік Гомельскага аддзяленьня Беларускага Хельсынскага камітэту (цяпер у вымушанай эміграцыі) сп. Яўген.

Верагодна, што між жыхароў Гомелю XVI—XVII стагодзьдзяў заўсёды нейкую долю станавілі выхадцы з Украіны. З большай пэўнасьцю можна сказаць пра другую палову XVIII стагодзьдзя, дакумэнты якога называюць гамяльчанаў-перасяленцаў з-пад Чарнігава, з Кіева, Белай Царквы ды іншых украінскіх гарадоў. Расейская імпэрыя, разьвіваючы шляхі зносін ў захопленых землях Беларусі й Украіны, праклала ў ХІХ стагодзьдзі цераз Гомель участак шашы Кіеў-Пецярбург, тэлеграфную лінію Пецярбург-Севастопаль. Урэшце, праз Гомель пралягла й Лібава-Роменская чыгунка. У гэтым пляне Ўкраіна для Гомеля стала яшчэ бліжэйшай. Паводле перапісу 1897 году, у Гомелі пражывалі 834 украінцы (назвалі ўкраінскай родную мову), што складала трохі больш за 2 % сярод габрэйскага, расейскага і змаскаленага беларускага, польскага жыхарства. Рэальна ж украінцаў у Гомелі было больш. У ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя тут тры разы на год ладзіліся кірмашы, куды між іншых гандляроў прыяжджалі й украінскія. Яны прапаноўвалі на продаж коні, валы ды іншую жывёлу.

Пад канец першае сусьветнае вайны (сакавік, 1918) паводле ўкраінска-германскіх пагадненьняў Гомель разам з Рэчыцай і Мазыром адышоў у склад Палескае губэрні Ўкраінскае Народнае Рэспублікі. Было прынята рашэньне аб украінізацыі новадалучаных тэрыторыяў. Як ведама, тым часам была абвешчаная й Беларуская Народная Рэспубліка й ейная незалежнасьць у этнагра­фічных межах. Такім чынам, ці не ўпершыню праблема беларуска-ўкраінскай мяжы набыла палітычны характар, сутыкнуўшы інтарэсы БНР і УНР. Але гэтую праблему рэальна здолела вырашыць толькі бальшавіцкая Расея, якая ўтварыла на гэтых землях савецкія рэспублікі. Немцы, кіруючыся гістарычным досьведам, у 1941 годзе далучылі Гомель да генэральнага камісарыяту Ўкраіны. Палескі рэгіён уваходзіў у сфэру інтарэсаў Украінскай народнай рэвалюцыйнай арміі (кам. Тарас Баравец-Бульба) ды Ўкраінскай паўстанцкай арміі (Стэпан Бандэра й Андрэй Мельнік). Праўда, на абсягах Гомельшчыны антынямецкія і антысавецкія рэйды ўкраінцаў былі менш заўважнымі, чым на захадзе Палесься, ды мелі эпізадычны характар. Цікава, што ўкраінскія нацыяналісты ў 1943 годзе выпусьцілі адозву да беларусаў з заклікам да супольнай барацьбы з “прыгнятальнікамі й акупантамі”. Між тым некаторыя старажылы з гомельскіх ваколіц падчас ганебнае перадрэфэрэндумнае прапагандысцкае кампаніі 1995 году сьцьвярджалі, што бачылі тут у вайну паліцаяў зь бел-чырвона-белымі павязкамі на рукавох. Як мне здаецца, такія ўспаміны з шэрагу псыхічных зьяваў, якія прымусілі многіх амэрыканцаў у сярэдзіне 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя ўбачыць наўкол марсыянаў, прыняўшы за праўду радыёпастаноўку паводле раману Гербэрта Ўэлза “Вайна сусьветаў”.

Пасьля вайны ўкраінцаў на побытавым узроўні сталі зваць бандэраўцамі. Гэта ў дадатак да згаданае ўжо прызванкі хахлы. Украіну ж паспаліты гомельскі люд аж дасюль часьцей называе Хахляндыяй, чымся праўдзівай назвай. Зрэшты, хто-ніхто з тутэйшых беларусаў не без насалоды схільны да самаатаясамленьня бульбаш, бульбон. У 70—80-я гады ХХ стагодзьдзя, калі яшчэ ня ведалі слова шоп-тур, мноства гамельчукоў выпраўлялася ў Кіеў па кілбасу. Гэта тым часам, калі ўся, літаральна ўся Гомельшчына была напханая бясконцымі сьвінафэрмамі, а абласное радыё выдавала сногсшибательный message: “Жывёлагадоўля — ударны фронт!” “Язык да Кіева дапытае”, — прыказка яўна з гомельскіх земляў. У сталіцу УССР з Гомелю льга было дабрацца самалётам, цягніком, аўтобусам, але самымі папулярнымі, відаць, былі т. зв. “ракеты” — пасажырскія катэры на падводных крылах. Па ракетах, між іншага, найбольш чутно настальгічных шкадаваньняў. Няма іх цяпер. Можа быць, таму сёлета ў чэрвені адзін авантурны гамяльчук, спарудзіўшы з 10 тыс. (!) сабраных плястыкавых бутэлек плыт, выбраўся ад Гомеля даплысьці да Чорнага мора.

З Украіны да нас прыйшла чарнобыльская пошасьць. Першымі ж месяцамі па катастрофе зьявілася такая нібыта ўкраінская показка пра беларусаў. Маўляў, замежны журналіст, дапушчаны ў Чарнобыль, назірае працу па дэзактывацыі. Усе навокал, як ён сам, апранутыя ў спэцыяльныя ахоўныя камбінэзоны, акрамя адной групы, якая працуе ля самога злашчаснага рэактара. Зьдзіўлены рэпартэр пытае пра іх у нейкага ўкраінца й чуе адказ: “Це така нація, що не боіться жодної радіації”. Сапраўды, жывучы з радыяцыяй, забываешся на яе. Прыпамінаецца, праўда, народная вэрсія таго, чаму чарнбыль­ская хмара пайшла ў Беларусь. Вось жа гаварылі, што ў Кіеве тады ўва ўсіх цэрквах малебны правіліся, і сілаю малітвы й веры навала была адкінутая ад Украіны. У Гомелі ж тады ці ня толькі-толькі зачынілі на рэканструкцыю плянэтар у будынку колішняга сабору Пётры й Паўла. Але на ўкраінцаў за тое, здаецца, не наракаюць, а паўспытваюць іншым разам у неба: “Чаму мы?”

У першыя гады незалежнасьці на вакзале ў Гомелі існавалі ўкраінскія гандлёвыя рады. Гараджане дасьціпна называлі іх праспэктам Краўчука па імені першага прэзыдэнта новае Ўкраіны. Калі гандаль збольшага ўпарадкаваўся, рады гэтыя прыбралі. Але й сёньня прысутнасьць украінскіх гандляроў на гомельскім базары й базарчыках прыкметная пахам натуральнага алею й ненавязьлівым суржыкам — пабрацімам нашае трасянкі. Зьдзейсьніўшы неабходныя гандлёвыя апэрацыі, украінцы купляюць беларускае ды вязуць на Бать­ківщину — лядоўні, тэлевізары, ровары.

На пытаньне пра існаваньне беларуска-ўкраінскае мяжы даводзіцца чуць розныя меркаваньні ад поўнага непрыняцьця да ўспрыманьня яе як дадзенасьці. Тых жа, хто рэальна сутыкаецца з праблемай перасячэньня й мытнага кантролю, бянтэжыць ня столькі сама наяўнасьць мяжы, колькі адсутнасьць эўрапейскага кшталту абслугоўваньня на ёй. Што да магчымасьцяў тэрытарыяльных перадзелаў, то яны выглядаюць у агляднай пэрспэктыве малаімавернымі. Адзін зь лідэраў беларускага моладзевага руху Гомелю Аўген Касьцюшка яшчэ ў 1998 годзе адцеміў, што любыя тэрытарыяльныя прэтэнзіі мусяць быць канчаткова зьнятыя: “Цяперашняя мяжа між Беларусяй і Ўкраінай не найгоршы з магчымых варыянтаў напраўду ўзаемапрымальная і гістарычна, этналягічна абгрунтаваная”.

Актывізацыя кантактаў між беларускімі незалежніцкімі асяродкамі Гомельшчыны й украінскімі арганізацыямі памежных зь Беларусяй абласьцей прыпала на сярэдзіну 90-х. Гэта былі разнастайныя абмены, сэмінары, канфэрэнцыі, летнікі, нават сяброўскія футбольныя сустрэчы. Тое дало пэўны плён супрацоўніцтва, але й спарадзіла пэўныя стэрэатыпы. Ува ўяўленьнях некаторых беларускіх нацыяналістаў-гамельчукоў Кіеў ужо цяпер пры ўсіх цяжкасьцях і хібах стаўся “маленькай Эўропай”, дзе пануе, прынамсі візуальна, укранскамоўная аўра. Тады як бліжэйшы Чарнігаў паўстаў закладнікам правінцыйнасьці й расейшчыны. “Чарнігаў — жлобскі горад, з такім самым вакзалам плюгкіх колераў, як у Калінкавічах”, — безь велягурыстасьці зазначыў кіраўнік гомельскае рок-ініцыятывы “Пісталет Міхасёва” Дзяніс Міхасёў. Я не выключаю, што адпаведныя ўражаньні пра Гомель мае нехта з украінскіх калегаў сп. Дзяніса. Рэчаіснасьць такая, што беларушчына ў Гомелі й украіншчына ў Чарнігаве маюць аднолькава куртатыя шаты. Гэта пры абсалютна адрозных характарах моўнай палітыкі ў нашых краінах. Украінскасьць Чарнігава стане яваю разам з пашырэньнем “маленькай Эўропы”. Тым часам Украіна зноўку павяртаецца да нас. Усё больш гамяльчан робяцца аматарамі ўкраінскіх гуртоў “Воплі Відоплясова” ды “Океан Ельзи”.

Це не твоя земля

І не твоя любов.

Це не твої слова

І не твої ток-шоу.

Довго стоіш одна

На незнайомому вокзалі,

Але приходить знов

Поізд “Чужа любов”.

Песьня пра беларускую Беларусь у адхланьні РБ. Гомельшчына — не Ўкраіна. Але ці Беларусь яна? Стараемся гэта давесьці. І ў Гомелі, і за Гомелем людзі ё.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Поезд “Чужа любов”


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.