Крок да Гаморы

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Крок да Гаморы. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-26

АВТОР: Iнгеборг Бахман

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №3 1999 ГОД


Iнгеборг Бахман (1926—1973) — аўстрыйская пісьменьніца, адна з самых загадкавых і чароўных жанчынаў стагодзьдзя. Вывучала філязофію Гайдэгера, захаплялася Вітгенштайнам. Разрыў яе раману з швайцарскім пісьменьнікам Максам Фрышам справакаваў у яе моцны псыхалягічны зрыў. Трагічна загінула пад час пажару ў сваёй рымскай кватэры. Аўтар раману “Маліна” (1971), зборніку аповедаў “Сынхронна” (1972), але найбольшую вядомасьць набыла за паэтычныя зборнікі “Адтэрмінаваны час” (1953), “Заклік да Вялікай Мядзьведзіцы” (1956) і радыёп’есы “Цыкады” (1955) і асабліва “Добры Бог з Мангетэну” (1958). Пасьля сьмерці выйшлі няскончаныя раманы “Кніга Франца” і “Рэквіем па Фані Гольдман”. Аповед “Крок да Гаморы” — са зборніку “Трыццаты год” (1961).

Апошнія госці адкланяліся. Засталася сядзець толькі дзяўчына ў чорным пуловеры і ў чырвонай спадніцы, яна не ўстала разам з усімі. Мабыць, перапіла, падумала Шарлота, вярнуўшыся ў пакой, хоча паталкаваць са мною сам–насам, можа, нешта расказаць, а я да смерці стамілася. Нерашуча пастаяўшы ў дзвярах, яна прычыніла іх, каб даць апошняму госцю яшчэ раз акінуць вокам пакой, прыняла з камоды попельніцу, з ускрайку якое звісала тонкая плевачка попелу. У пакоі параскіданыя крэслы, на падлозе скамячаныя сурвэткі, задушлівае паветра, занядбанне, спустошанасць як пасля нашэсця. Ёй зрабілася млосна. Яна ўсё яшчэ трымала нязгаслы недапалак, паспрабавала ўціснуць яго ў месіва канчароў і попелу. З попельніцы пацягнула смуродам. Яна зірнула на крэсла ў кутку, на звіслыя валасы, якія адлівалі чырванаватым бліскам, на чырвоную спадніцу, якая, як капа, цераз сцёгны дзяўчыны паўкругам ападала і прыкрывала сабою ногі, дыван і крэсла, дастаючы да самай падлогі. Нават больш, чым самую дзяўчыну, яна ўспрымала гэтыя бязгучныя чырвоныя тоны ў памяшканні: святло, якое праточвалася праз чырвоны абажур, утвараючы мігатлівы слуп пылу; штыкет чырвоных каранцоў кніг на паліцы за лямпай; дзікую кашлатую спадніцу і матавыя валасы. Усяго нейкае імгненне доўжылася так, як больш ніколі не будзе — адзін толькі раз свет быў чырвоны.

Вочы дзяўчыны, два вільготныя, цёмныя, п’яныя аб’екты, у гэты момант расплюшчыліся і натыкнуліся на вочы жанчыны.

Шарлота падумала: скажу, што блага пачуваюся, што мне трэба йсці спаць. Толькі трэба ж знайсці гэткую ветлівую фразу, якая найбольш пасуе да сітуацыі, — каб выставіць яе. Яна павінна сысьці. Чаму не ідзе? Я ўжо на нагах не стаю, стамілася. Чаму госці марудзяць? Чаму яна не збіраецца з астатнімі разам?

Але момант быў папушчаны: бо надта доўга прастаяла моўчкі; яна ціха пайшла далей на кухню, высыпала попельніцу, хуценька спаласнула твар, змыла з яго доўгі вечар з яго бясконцымі ўсмешкамі, уважлівай дагодлівасцю, натугай ад патрэбы ўсё мець на воку. Перад вачыма — шырокая спадніца.

Яна раскажа нейкую гісторыю. Але чаму акурат мне? Яна засталася, бо хоча пагаварыць са мною. Сядзіць без грошай альбо пачуваецца ў Вене не дужа вальготна, прыбілася адтуль, славенка, паўславенка, з–за мяжы, у кожным разе поўдня, нават імя нейкае тамтэйшае — Мара. Нешта ж яе ўгрызае, нешта ж ёй далягае, нешта ж павінна ўтачыцца — просьба, прыгода нейкая, якою яна хоча пазбавіць мяне сну. Вядома, занадта самотна ёй тут у Вене, альбо ўліпла ў авантуру. Запытаюся заўтра ў Франца пра гэтую дзяўчыну.

Заўтра!

Шарлота спалохалася, адразу ўспомніўшы пра свае абавязкі: заўтра з раніцы зайсці да Франца, накруціць будзільнік, быць свежай, быць выспанай, зрабіць сабой глыбокае ўражанне. Таму нельга марна губляць час. Яна хуценька наліла дзве шклянкі мінералкі і занесла іх у пакой, адну падала дзяўчыне, якая моўчкі выпіла і, адстаўляючы шклянку, грубавата сказала: значыцца, заўтра ён вернецца.

Так, сказала Шарлота. Запозна спахапіўшыся, дадала: Хто? — Але было запозна.

Ён часта бывае ў ад’ездзе. І тады Вам адзінока.

Часам, не часта. Але ж Вы гэта ведаеце.

Вы хацелі б, каб я пайшла?

Не, сказала Шарлота.

Мне здалося, што той гаваркі мужчына таксама ахвотна застаўся б...

Не, сказала Шарлота.

Мне так здалося... Мара скрывіла рот.

Шарлота пачала злаваць, але яна ўсё яшчэ адказала ветліва: Не, вядома ж не. — Яна ўстала. — Я згатую нам кавы. А пасля выклічу таксі.

Ход удаўся, яна зноў адчула глебу пад нагамі, намякнуўшы дзяўчыне, што сама заплаціць за таксі.

Мара ўскочыла і схапіла Шарлоту за руку.

Не, сказала яна, я не хачу гэтага. Сёння вы і так набегаліся з гэтай кухняй. Мы маглі б выпіць кавы ў горадзе. Хадземце. Хадземце адсюль. Я ведаю там адзін бар. Зойдзем, добра? — Шарлота вызваліла руку і пайшла, не адказаўшы, па паліто. Яна вывела дзяўчыну за дзверы. Адчула палёгку. На лесвіцы, цёмнай, якая толькі на кожным павароце слаба падсьвечвалася вулічным ліхтаром, да яе зноў працягнулася рука Мары, зноў узяла яе за руку. Яна баялася, каб дзяўчына не спатыкнулася, яна цягнула і штурхала адначасна, пакуль яны не апынуліся ўнізе і не падышлі да дзьвярэй. Перад імі ляжала Францішканская плошча, аціхлая як вясковы пляц. Плёскат фантана ў цішыні. Як добра пахне недалёкімі лугамі і лясамі, калі глядзіш угару на месяц, у неба, такое шчытнае і па–начному сіняе пасля мітуслівага дня. На Вайбурггасэ — ні душы. Яны шпарка пайшлі да Кернтэрштрасэ, і раптам Мара, як спалоханае дзіця, зноў схапіла Шарлоту за руку. Пабраўшыся за рукі, яны наддалі хады, быццам нехта ўгоньваўся за імі. Мара перайшла на подбег, і нарэшце яны ўжо беглі, як дзве школьніцы, быццам інакш ужо ісці ніяк не выпадала. Марыны бранзалеты дзынькалі, адзін уціснуўся ў локаць Шарлоце, забалела, боль падганяў.

У гарачым, задушлівым уваходзе ў бар Шарлота нерашуча агледзелася. Мара адчыніла і прытрымала ёй дзверы ўсярэдзіну. Зноў, там зноў усё было чырвонае. Цяпер ужо і сцены, чырвоныя, як у пекле, і крэслы, і сталы, і ліхтары, што, як святлафоры, чакалі збавення ў салатавай прозелені ўсходу, толькі запавольвалі ноч, бо людзям хацелася забавіцца ў начы, у дыме, у п’янкім чадным смуродзе. Але гэтыя чырвоныя тоны, нават калі іх распальвалі невыпадкова, усё–такі слабей западалі ў свядомасць, чым ранейшая сакаўная барвовасць, яны паслабілі і тое ранейшае ўражанне, — Марыны валасы і яе шырокую спадніцу праглынула разяўленая пунсовая пашча.

У бары вяла, без ахвоты, папівалі спіртное і соўгаліся ў танцы; тым не менш у Шарлоты было адчуванне, што яна трапіла ў апраметную, дзе яе будуць смажыць і катаваць раней не вядомым ёй спосабам. Музыка, гамана карала яе за тое, што лёгкадумна пакінула свой свет, і яна баялася, каб яе не ўбачыў нехта, хто яе ведаў. Унурыўшы галаву, яна прайшла следам за Марай да паказанага кельнерам доўгага стала, за якім ужо сядзела двох мужчын у цёмных гарнітурах, а крыху наўздальш маладая пара,— не падымаючы ні на момант вачэй, яны толькі дакраналіся адзін да аднаго кончыкамі пальцаў. Наўкола тлуміліся і плылі танцуючыя, быццам абрыньваючыся разам з тонучым караблём пад стол, тапталіся па падлозе, на якой ужо і сам стол быў асуджаны на згібенне, нібы ўсё тут памкнулася ў бездань. Усё хісталася, дымілася, выпаралася ў чырвоным святле. Усё апускалася ўглыб, у павалоцы шуму, у нудоце — глыбей, глыбей...

Шарлота заказала каву і віно. Калі зноў узвяла вочы, Мара ўстала і пачала, за нейкі метр ад яе, танцаваць. Спярша здалося, быццам яна была адна, але пасля разгледзела і нейкага мужчыну, які скакаў з ёю, разгарачанага хліпкага хлопца, ці то навучэнца, ці то студэнта, які матляў клубамі і нагамі, таксама танцуючы як бы сам з сабою і толькі раз–пораз хапаючы Мару за рукі альбо прымаючы яе ў абдымкі, каб тут жа зноў адшпурнуць ад сябе і перадаць яе ейным уласным вынаходлівым рухам. Мара глянула на Шарлоту, усміхнулася, павярнулася, высока падкінула рукою валасы. Адзін раз падскокнула каля самай Шарлоты і далікатна пакланілася.

Вы дазволіце?

Шарлота суха кіўнула. Адвярнулася, пачала піць маленькімі глыточкамі; яна не хацела заважаць дзяўчыне, назіраючы за ёю. Ззаду да крэсла падышоў мужчына і запрасіў яе. Яна трасянула галавой. Як прыклееная сядзела на сваім крэсле, прыліп і язык, зноў сухі. Яна хацела ўстаць, непрыкметна знікнуць, пакуль Мара не глядзіць. Але яна не пайшла — і ясна ўсвядоміла гэта толькі пазней, — бо ў яе ні на хвіліну не ўзнікала адчування, што Мара танцуе, каб танцаваць, альбо што сапраўды яна хацела танцаваць, каб застацца ці забавіцца з кім–небудзь. Бо тая ўвесь час кідала вокам сюды, выконвала свой танец, толькі каб быць на вачах у Шарлоты. Яна ўскідвала рукі і цела, працінала сабою паветра, як ваду, яна плыла, яна выстаўлялася напаказ, і Шарлота, засяродзіўшыся нарэшце і, каб задаць сваім позіркам адназначна пэўны кірунак, сачыла за кожным яе рухам.

Музыка скончылася. Задыханая, распрамененая Мара села і схапіла руку Шарлоты. Узаемна паглынутыя рукі. Шэпт. Вы сярдуеце? Адмоўны ківок галавы. Дрымучая тупасць. Зараз жа ўстаць і выйсці, вызваліцца нарэшце з гэтых маленькіх учэпістых ручак. Шарлота рыўком вызваліла сваю правую, схапіла келіх, выпіла. І віно не канчалася, колькі б яго яна ні старалася выпіць за раз. Час не мінаўся; гэтым зіркам, гэтым рукам — ім канца не было, ім зводу не было і нічога не абыходзіла. Абодва мужчыны за сталом павярнуліся да Мары, пашапталіся з ёю, усміхнуліся ёй.

Навядзём масты, фройляйн?

Мара падняла рукі, сыграла з рукамі мужчын кароценькую не вядомую Шарлоце гульню. Не, ні мастоў, ні кладак, марныя захады! — усклікнула яна смеючыся, павярнулася да мужчын плячыма гэтак жа неспадзявана, як перад тым завялася з імі, і з ходу нырнула рукамі пад рукі Шарлоты, якія, бледныя і халодныя, ляжалі на стале.

Ах, дамам зарупіла пабыць сам–насам з сабою, сказаў адзін мужчына і дабрадушна ўсміхнуўся свайму сябру. Шарлота заплюшчыла вочы. Яна адчула поціск Марыных пальцаў і адказала на яго, не ведаючы чаму і не хочучы гэтага. Так, так яно было. Вось гэтак і было. Спакваля яна зноў прыйшла да памяці, адчужана ўтаропілася ў стол перад сабою і не варушылася. Ёй ужо хацелася ніколі не варухнуцца. Цяпер ёй было б усё адно, пойдуць яны ці застануцца, праспіцца яна да раніцы, ці не, ці доўжыцьмецца гэтая музыка далей, ці загаворыць з ёю хто–небудзь, і ці пазнае яе тут хто...

Слухай, скажы што–небудзь! Ты... табе тут не падабаецца? І таму ты не выходзіш патанцаваць, і не йдзеш да стойкі, каб выпіць..? Скажы што–небудзь!

Маўчанне.

Ну, скажы што–небудзь. Пасмейся крыху. Ці вытрымаеш ты так, там уверсе ў сябе? Я б не вытрымала лётаць адной, спаць адной, адной дзень і ноч працаваць, заўсёды быць занятай... О, якая жудасць. Гэтага не вытрывае ніхто!

Шарлота праз сілу сказала: Хадзем.

Яна баялася, што яе прарве, што яна вось–вось заплача.

Ужо на вуліцы яна ніяк не магла звязаць фразу, што ўжо адзін раз яе выратавала. Раней можна было проста сказаць: “Я выклічу вам таксі...” А цяпер неабходна неяк перайначыць гэты сказ у сказ з “ты”. І ніяк не магла яго скласці. Яны павольна пайшлі назад. Шарлота засунула рукі ў кішэні. Цяпер, прынамсі, Мара не магла ўзяць яе за руку.

Лесвіцу на плошчы Францішканаў гэтым разам Мара знайшла без дапамогі, не пытаючыся ў цемнаце. Яна ішла паперадзе, нібыта часта падымалася і спускалася па гэтай лесвіцы. Шарлота ўставіла ключ у замок і застыла. Гэта больш не будзе “нашай кватэрай”, калі зараз яна сапраўды адчыніць, так і не спусціўшы Мару па лесвіцы. Я павінна была спусціць яе, падумала Шарлота, і павярнула замок.

У пакоі, у наступнае імгненне, Мара абвіла яе рукамі за шыю, як дзіцё, павісла на ёй. Маленькае трапяткое целца павісла на яе целе, якое раптам здалося ёй большым і дужэйшым, чым было. Рэзкім рухам Шарлота вызвалілася, выняла з кішэні руку і ўключыла святло.

Яны селі ў пакоі, як і раней тут сядзелі, закурылі.

Гэта вар’цтва, ты звар’яцела, сказала Шарлота, як такое толькі магчыма?... Яна змоўкла, больш не гаварыла,— такой смешнай сама сабе здалася. Яна курыла і думала, што гэтая ноч ніколі не пройдзе, што гэтая ноч толькі пачалася і магчыма, трывацьме бясконца.

Мусіць, Мара цяпер застанецца тут назаўсёды, а сама яна заўсёды толькі і будзе думаць, што яна нарабіла, што нагаварыла, каб аказацца вінаватай у тым, што Мара была і засталася тут.

Калі яна бездапаможна зірнула на дзяўчыну, яна ўбачыла на вачах у Мары слёзы.

Ну, не плач. Прашу цябе, не плач.

Ты не хочаш мяне. Ніхто мяне не хоча.

Прашу цябе, не плач. Ты вельмі мілая, вельмі прыгожая, але...

Чаму ты не хочаш мяне? Чаму? — Зноў слёзы.

Я не магу.

Ты не хочаш. Чаму? Скажы проста, чаму ты мяне не любіш, і я пайду! — Мара ўпала на калені; павольна апаўзла з крэсла, укленчыла і паклала галаву Шарлоце на калені. — І тады я пайду, тады ты пазбудзешся мяне.

Шарлота не варухнулася, яна курыла і глядзела зверху на дзяўчыну, вывучала кожную рыску на яе твары, кожны позірк. Вельмі доўга і вельмі пільна ўглядалася ў яе.

Гэта вар’яцтва. Яна яшчэ ніколі... Адзін толькі раз, яшчэ ў школе, собіла ж ёй занесці гістарычцы сшыткі ў настаўніцкую, і ў пакоі нікога не было, тая ўстала, паклала ёй на плячо руку, пацалавала ў лоб. “Мілае дзеўчанё”. Тады Шарлота, спалохаўшыся, бо настаўніца звычайна была такая строгая, павярнулася і выбегла ў дзверы. Доўга яшчэ пасля на сабе адчувала вынікі гэтых двух пяшчотных слоў. З таго дня яе апытвалі стражэй за ўсіх астатніх, і адзнакі пагоршыліся. Але яна нікому не пажалілася, перацярпела незаслужанае халоднае абыходжаньне; яна зразумела, што за той пяшчотай магла настаць толькі такая строгасць.

Шарлота падумала: але ж як мне расчуліць Мару? Яна з таго ж матэрыялу, што і я. — І з маркотай узгадала Франца, які ехаў да яе, цяпер ягоны цягнік, пэўна, якраз на мяжы, і ніхто ўжо не можа ўтрымаць яго ад паездкі далей, ніхто не можа засцерагчы Франца, што, бач, не едзь ты, чалавеча, не вяртайся дамоў, што “нашай кватэры” больш не існуе. Ці ўсё ж яна яшчэ была? Усё яшчэ стаяла на сваім месцы, ключ яе зачыняў, і калі б Мара цяпер неспадзявана знікла альбо раптам пайшла, то заўтра ўсё выдалася б толькі нейкай прымарай, відзежам, нечым, чаго якраз ніколі і не было.

Ну, будзь разумнай, прашу цябе. Мне яшчэ трэба выспацца, мне заўтра рана ўставаць.

Я не буду разумнай. Ах, любачка, любая красачка мая, ты крышку ілжэш мне, праўда?

Чаму? Як гэта? — Шарлота, сонная, накураная, вычарпаная, не магла больш ужо нічога сцяміць. Яе думкі ўсё яшчэ, як паставыя, валэнсаліся туды–сюды па галаве, чулі варожыя галасы, былі на варце, але не маглі падняць трывогу, зрыхтавацца да адпору.

Ты маніш! О, як ты маніш!

Не ведаю, пра што ты. Чаму я павінна маніць, і ўвогуле, што ты маеш за ману?

Ты маніш. Ты паклікала мяне, дазволіла прыйсці да цябе, яшчэ раз узяла мяне з сабою сярод ночы, а цяпер грэбуеш, цяпер не можаш сама сабе даць веры, што гэта ты мяне паклікала!

Я цябе...

Хіба ты мяне не запрашала? Што гэта ўсё значыць?

Шарлота заплакала. Яна не магла суняць слёз, якія нагарнуліся так нечакана. Я шмат каго запрашаю.

Ты маніш.

Мокры твар Мары, мокры яшчэ і тады, калі яна зноў засмяялася, прыціскаўся да твару Шарлоты, быў пяшчотны, цёплы, і слёзы абедзвюх змяшаліся. Пацалункі маленькага раточка, кудзеркі, якія трапяталі над Шарлотай, маленькая галоўка, якая прыціскалася да яе галавы, — усё было занадта малым, далікатным, крохкім, каб быць галавою, валасамі, цалункамі, усё гэта прайшло скрозь Шарлоту. Яна шукала ў сваіх пачуццях якога–небудзь арыентыру, у сваіх руках — інстынкту, у сваёй галаве — волевыяўлення. Яна засталася без арыенціраў.

У дзяцінстве Шарлота часам ад наплыву пачуццяў цалавала сваю кошачку, у маленькі пысак, у нешта вільготнае, халоднае, пяшчотнае, вакол якога ўсё было мяккім і чужым — ужо тады чужы абсяг для цалавання. Гэткімі самымі вільготнымі, пяшчотнымі, непрывычнымі былі губы ў дзяўчыны. Пра кошку Шарлота падумала як бы мусам, каб сціснуць зубы. Але разам з тым ёй давялося адзначыць, наколькі ж пачуццёвыя гэтыя незвычайныя губы.

Такія вось былі губы і ў яе, так яны сустракалі мужчыну, вузкія, амаль без супраціву, амаль без мускулаў — маленькі рот, яго не прымеш усур’ёз.

Пацалуй мяне хоць адзін раз, заблагала Мара. Толькі адзін разок.

Шарлота зірнула на гадзіннік на яе руцэ; яна раптам узбудзілася, зірнуўшы на гадзіннік, і ёй хацелася, каб Мара заўважыла гэта.

Каторая цяпер гадзіна? — Нейкі новы тон паявіўся ў голасе ў дзяўчыны, нейкі такі, злы, з’едлівы, якога Шарлота раней ніколі не чула.

Чацвёртая, суха сказала яна.

Я застаюся. Чуеш? Я застаюся. — Зноў гэты нізкі тон, пагрозлівы, нягодны. Але хіба сама яна ніколі нікому не казала: Я застаюся. Яна горача верыла, што ніколі ні з кім не гаварыла такім тонам.

Калі ты яшчэ не зразумела: няма сэнсу табе заставацца. А шостай прыходзіць наша служэбка. — Цяпер яна таксама ўзлавалася, даўшы адчуць Мары гэты тон, яна сказала “наша” і тым самым сама схлусіла, бо выклікала жанчыну толькі на дзевятую гадзіну.

Вочы ў Мары загарэліся. Не кажы, о, не кажы так! Ты подлая, ты такая подлая. Каб ты толькі ведала, як ты ўскружыла мне галаву... Думаеш, я дапушчуся, каб ты пайшла на вакзал і вярнулася з ім! Ён добра цябе абдымае? Добра? Як?

Шарлота маўчала; яна была такая напятая, што не магла вымавіць ні слова.

Ты кахаеш яго? Не? Кажуць... ах, людзі кажуць, праўда... Яна зрабіла пагардлівы рух рукой. Ах, як я ўсё гэта ненавіджу. Як я ненавіджу Вену! Гэтую вучобу — ненавіджу, балбатуноў, гэтых мужыкоў, гэтых баб, акадэмію, усё, усіх. Адно ж цябе, як толькі ўбачыла... Ты, напэўна, іншая. Ты павінна быць іншай. Альбо ты маніш!

Хто скажа? І што?

Я б не прыйшла, нізавошта не прыйшла б... Клянуся табе.

Але ж гэта... Шарлота не магла гаварыць далей, і хістаючыся ўстала. Устала і Мара. Яны стаялі адна перад адной. Мара павольна, ужо калі ўзбуджанасць пайшла на спад, скінула шклянку са стала, пасля другую, затым схапіла пустую вазу і шпурнула яе, пакуль шклянкі бязгучна качаліся на дыване, у сцяну, пасля плэер, з якога з трэскам вылецелі і пакаціліся касеты і навушнікі.

Шарлота шукала ў сабе сілы на вялікі гнеў, на крык, на шал, на знявагу. А сіла пакінула яе. Яна проста бачыла дзяўчыну, калі тая рассыпалася на кавалкі. Разбурэнне гэтае, здавалася, распаўзалася, як пажар, як паводка, як распад. Мара раптам нагнулася, падняла два вялікія чарапкі ад вазы з–пад садавіны, прыклала іх адзін да аднаго і сказала: “Якая прыгожая міса. Даруй мне. Напэўна, ты вельмі любіла яе. Даруй мне, калі ласка”.

Шарлота пералічыла, без шкадавання, без нейкіх парыванняў, усе разбітыя альбо папсаваныя рэчы. Іх было няшмат, але яна ахвотна дадала б да іх усё ў пакоі, каб можна было дакладней выявіць памеры разбурэння, — якія былі намнога большыя; усё гэта таксама магло разбіцца ў друзачкі. Таму яна толькі прыглядалася, пальцам не паварухнуўшы, захоўваючы пры грукаценні, пры ляскатанні спакой.

Яна нагнулася і пазбірала навушнікі, касеты, пазграбала чарапкі, пахадзіла нагнуўшы галаву, каб не падымаць вачэй і не бачыць Мару; пасля ўпусціла некалькі чарапкоў, нібыта ўжо не мела ніякага сэнсу нешта там прыбіраць. Прысела, усё яшчэ цягнучы маўчанне, на кукішкі на падлозе. І дала волю вольную пачуццям і думкам.

Яна была свабодная. Нічога больш не здавалася ёй немагчымым. Чаму б ёй не пачаць жыць, паводзячы сябе падобным чынам?

Але цяпер Мара ўкленчыла каля яе, загаварыла, і ўвесь час гаварыла і гаварыла. Мая каханая, не лічы пабітага, чуеш, мне так шкада, сама не ведаю, што на мяне найшло, але ты, будзь добрая са мною, я вар’ятка, ведаю, я звар’яцела ад цябе, я хачу, я мяркую, я магу...

Шарлота падумала: мне ўсё яшчэ няясна, пра што яна, куды яна хіліць. Словы ў мужчын былі тыя самыя ў такія моманты, можна было б арыентавацца па іх. Я не магу чуць Мару, яе словы без мускулаў, гэтыя пустыя, нікчэмныя словы.

Паслухай, Мара, калі хочаш ведаць праўду. Мы павінны паспрабаваць пагутарыць, па–людску пагутарыць міжсобку. Паспрабуем. (Вядома, ніякай праўды яна не хацела ведаць, а там яшчэ пытанне, як гэтая праўда пра нас абедзвюх павінна гучаць. Слоў такіх нямашака, каб упасавалі.) Я не магу ўцяміць, пра што ты гаворыш. Вярзеш нешта бязглуздае. Не магу сабе ўявіць, як і чым ты думаеш. Твая галава, мусіць, пайшла кругам.

Бедная мая галава! Паспагадай ёй, пагладзь яе й скажы, аб чым яна павінна думаць.

Шарлота пачала паслухмяна гладзіць галаву Мары. Пасля перастала. Яна ўжо аднаго разу такое чула — не словы, а інтанацыю. Яна сама часта так мармытала, асабліва на першым часе з Францам, а таксама перад Міланам таксама ўпадала ў гэтакі тон, падсюсюкваючы дзеля аздобы голасу; а той мусіў слухаць бязглузды цвіркат, яна муркала і зашчабечвала яго, крывіла мызачку, яна, слабая, дужала дужага, бездапаможная дурніца задурвала яго, глуздастага, шматкемнага. Яна імітавала такія самыя слабіны, якія Мара цяпер выстаўляла перад ёю,— і мужчына апынуўся ў яе лапках, яна дамаглася ягонай пяшчоты, акурат калі той думаў пра зусім іншае, так, як цяпер гэтага дамагалася Мара, прымушаючы гладзіць яе, быць добрай, разумнай.

Толькі ж гэтым разам яна была ўжо спрактыкаваная ў такіх штуках. І гэта на яе не падзейнічае. Альбо, можа, усё–такі?.. Мабыць, не дапаможа і тое, што яна раскусіла дзяўчыну, бачыць яе наскрозь, таму толькі што ўспомніла самую сябе, раскусіла сябе, убачыла сябе наскрозь. І тут раптам сама сабе здалася адразу пастарэлай, бо вось, гэтая істота перад ёю строіла з сябе дзіця горкае, нечапайку–непадзьмінку, а з яе, Шарлоты, — вялікую і абазнаную — і ўсё гэта дзеля сваёй мэты. Яна яшчэ раз, нясмела, павольна, пагладзіла валасы Мары, як бы нешта ёй з ахвоты абяцаючы. Нешта салодкае, кветкі, ноч альбо ланцуг. Проста, каб так, дзеля адчэпнага. Каб яна, Шарлота, нарэшце ўстала і змагла думаць пра нешта іншае; каб агналася ад гэтага начэпнага звярка. Яна падумала пра Франца і спыталася ў сябе, ці не адчуваў і ён часам яе абрыдласці, ці не хацелася яму агнацца ад яе, маленькага звярка, дзеля свайго спакою.

Шарлота ўстала, заўважыўшы, што не зацягнутыя шторы. І ўсё ж яна з куды большай ахвотай пакінула б вокны ў святле, даступнымі для падгляду. Ёй больш не было чаго баяцца. Гэта павінна стаць пачаткам таго, пра што яна думала і разважала, і ўжо не будзе мець ніякага значэння, што нехта маніцца запыніць яе думкі, што, урэшце, ёй дазволена жыць па самахоці.

Калі яна пачне жыць з Марай... Тады ўжо лепей аддацца працы, напрыклад. Хоць яна заўсёды любіла працаваць, яе працы заўсёды бракавала зацятасці, прымусу, безумоўнай неабходнасці. Акрамя таго трэба было мець некагась вакол сябе, поруч з сабою, за сабою, дзеля каго яна не толькі працавала б, а была б выйсцем у свет, якому яна задавала б тон, вызначала вартасць рэчаў, выбірала б яму месца.

Яна агледзелася ў пакоі. Мэблю для яго падбіраў Франц, за выключэннем лямпы ў спальні, некалькіх вазаў, забавак. Ніводнай ягонай рэчы не было ў гэтым пакоі. Не было чаго і думаць, што нехта нешта будзе рабіць з ёю ў кватэры, пакуль яна жыла б тут з мужам. Пакінуўшы дом, яна недзе з год пражыла з адным студэнтам, у пакоі з лямпай пад пыльным шаўковым абажурам, плюшавымі крэсламі і сценамі, цалкам заклеенымі плакатамі і таннымі рэпрадукцыямі мадэрнага жывапісу. Яна б ніколі не адважылася нешта ў гэтым памяняць; гэта было яе асяроддзе. Цяпер яна жыла пры светлым парадку, які належаў Францу, і, пакінь яна Франца, хутка перайшла б у іншы парадак, у старую велягурыстую мэблю, альбо ў мэблю сялянскую, альбо ў калекцыю вайсковага рыштунку, у такі парадак, прынамсі, які не быў яе парадкам — змяніць яго было б нельга. Дакладней, яна ўжо і сама болей не ведала, чаго сабе зычыла, бо тут і зычыць ужо не было чаго. Натуральна, пры кожнай чарговай куплі Франц пытаўся: “Гэта ў тваім гусце?” “Як ты думаеш?” “Ці, можа, лепш блакітнага колеру?” І яна казала, што думала, а менавіта: у блакітным. Альбо: стол, можа, крыху ніжшы. Але яна магла выказаць сваё жаданне толькі тады, калі ён пытаўся. Яна зірнула на Мару і ўсміхнулася. Наском штурхнула стол. Гэта была абраза. Яна абражала “наш стол”.

Мара магла б падпарадкаваць яе сабе, кіраваць і маніпуляваць ёю. Яна ахвотна мела б каго–небудзь, хто трымцеў бы ў экстазе перад яе канцэртам, хто б трымаў напагатове цёплую кофту, калі яна, спатнелая, выходзіла б з залы, кагосьці, каму важна было б толькі ўдзельнічаць у яе жыцці і каму яна была б мерай усіх рэчаў, кагосьці, каму важней трымаць у парадку яе бялізну, слаць ёй пасцель, чым задавальняць славалюбства — перш за ўсё, кагосьці, каму важней думаць аднымі з ёю думкамі, чым мець нейкую сваю думку.

І ёй раптам здалося, што яна ведае, чаго ёй усе гэтыя гады бракавала і чаго яна ўпотай шукала: патлатае, кволае стварэнне, на якое можна было абаперціся, якое заўсёды гатовае падставіць плячо, калі ты ў бязраднасці адчуваеш сябе зняможанай альбо самаўладнай, каго можна было б паклікаць і прагнаць і каго, дзеля справядлівасці, трэба было б атуліць сваім клопатам, каго можна было б баяцца, на каго можна было б гневацца. Яна ніколі не ўмела гневацца на Франца, ніколі не магла яна на яго накрычаць, хоць часам ён пакрыкваў на яе. Ніколі не вызначала яна. Вызначаў усё ён (альбо абое разам, калі ён што ўхваляў — але гэта быў заўсёды ён, хто, сам таго не ўсведамляючы, заўсёды ўсё вызначаў, а яна інакш і не хацела...). Хай ён любіў яе самастойнасць і яе працу, яе поспехі радавалі яго, ён суцяшаў яе, калі яна не патрапляла даць сабе рады ў крутаніне паміж працай і хатнімі справамі, і перапускаў ёй многае, колькі можна было перапусціць у іхным хаўрусе, яна ведала, што ён не быў створаны для таго, каб дабрахоць даваць ёй права на яе ўласнае няшчасце, на самотнасць. Яна дзяліла ягоныя няшчасці альбо лісліва імітавала спагаду; часта ў ёй неразлучна суіснавалі ліслівасць, каханне, зычлівасць. Але няважна, колькі шчырасці было ў ёй і колькі прагі ўсё прыцьміць, — важна было, што толькі яна адна ведала ў сабе гэты пункцік, які часта кіраваў ёю, але яна ніколі не магла знайсці на яго абладу.

Высакамернасць, з якою на сваё ж няшчасце яна адстойвала сваё права на адзіноту, заўсёды жыла ў ёй, але толькі цяпер яна прарвалася, расцвіла, забуяла, пусціла ў ёй сваё карэнне. Яе нельга было выбавіць, і ніхто не мог узяць на сябе смеласць выбавіць яе, і разам пазнаць тысячу гадоў, калі чырвонаквяцістае вецце, пераплеценае сваімі кіпцямі, распляцецца і расправіцца, адкрые ёй дарогу на волю. Прыйдзі, сон, прыйдзі, тысяча гадоў, каб разбудзіла мяне чыясь іншая рука. Ходзь сюды, ходзь, каб прачнулася я, калі ўжо не мецьме ніякага значэння — мужчына ты ці жанчына. Калі гэтаму хоць які канец набрыняе!..

Яе жалобіла па Францу, як па нябожчыку; чуваў ён цяпер ці спаў у цягніку, які мчаў яго дадому, а ўсё адно ж не ведаў, што ён ужо нябожчык, што ўсё ранейшае было марнасцю, нават і падпарадкаванасць, якую яна сама больш за яго практыкавала, бо ён, зрэшты, зусім не ведаў, што там у ёй было падпарадкоўваць. Так і так ён зашмат сілы змарнаваў, займаючыся ёю з абачлівай аглядкаю на яе. Калі ёй заўсёды здавалася правільным, што яна хацела жыць з ім, дык жа заўсёды і ўяўлялася жалю вартым, што ён мусіў абцяжарваць сябе ёю, з гэтага нічога добрага не вынікала для яго; яна зычыла б яму такое жонкі, якая клапацілася б пра яго, якая захаплялася б ім, і не ўбавілася б яго ад гэтага, нішто не магло б яго звузіць, паменшыць — нават яе дакукі не маглі б, як гэта часам бывала, пераадолець яго, але гэтак жа мала яны маглі даць яму і карысці, бо і карысць тая была б супярэчлівай, невылечнай, непапраўнай прыроды. Ён дабрадушна згаджаўся, што, бач, ведае, як лёгка мог бы ўсё займець, але яму радасна жыць з ёю: яна спрывычынілася яму, што, зрэшты, магло стацца і з іншай жанчынай; ён быў мудрэйшы за Шарлоту, даўно прызнаў свой шлюб за стан, які мацнейшы за індывідаў, што яго складаюць, і таму выяўляе іхную супольнасць куды ярчэй, чым мог бы выявіць адну яе ў шлюбе або ўвогуле мог нешта ў ёй перамяніць. Як звычайна бывае ў шлюбе — яна не магла нічога ўсчынаць самахоць, не магла ўнесці ў яго чагось новага, ніякай перамены, бо згадзіцца ўступіць у шлюб — гэта ўжо азначае згадзіцца ўступіць у яго форму.

Шарлота ўздрыгнула ад глыбокага ўздыху, гэта ўздыхнула Мара, і ўбачыла, што дзяўчына заснула. Цяпер яна была адна, ахоўвала тое, што зрабілася магчымым. У гэты момант яна ўвогуле не ведала, чаму раней была з мужчынамі і чаму з адным з іх пашлюбавалася. Гэта ж чысты абсурд. Яна засмяялася сама ў сабе і ўкусіла сябе за руку, каб не дацца сну. Яна павінна была трымаць начную варту.

Калі цяпер стары саюз парвецца? Яна баялася наступстваў разрыву. Неўзабаве яна ўстане, разбудзіць Мару, пойдзе з ёю ў спальню. Яны скінуць з сябе вопратку; цягамотна будзе, але так яно і мае быць, без гэтага нельга, з гэтага пачынаецца. Гэта будзе новы пачатак. Але як можна агаляцца з першага разу? Як яно павінна адбывацца, калі нельга паручыцца за скуру і пах, за выкліканую пільнымі пахібамі цікаўнасць. І як упершыню абудзіць цікаўнасць, калі гэтаму яшчэ нічога не папярэднічала?

Яна ўжо ці раз, паўраздзетая альбо ў танюсенькай бялізне, стаяла перад жанчынай. І гэта заўсёды спрычыняла пакуту, хоць на момант які: пад душам з сяброўкай; у жаночай краме, у салоне моды, калі прадаўшчыца дапамагала прымерыць гарсэт альбо сукенку. Але як ёй перад Марай скінуць з сябе ўсё, апусціць усё на падлогу, не прапусціўшы пачатку. Але, можа,— і раптам ёй гэта здалося цудоўным — можа, яны абедзве зусім і не збянтэжацца, што на іх аднолькавая бялізна. Яны будуць смяяцца, разглядваць адна адну, будуць маладыя, будуць шаптацца. У гімнастычнай зале, у школе, заўсёды была віхура адзення, ружовай, блакітнай і белай тонкай бялізны. Яны, дзяўчаткі, заўсёды шпурляліся бялізнай, цаляючы адна адной у галаву, смеху ж было смеху, скакалі навыперадкі, перахоўвалі адна адной шмоткі — і калі б небу тады была хоць якая патрэба ў дзяўчатах, яно б, напэўна, перанесла б іх да чыстых крыніц, у пушчы–бары, у гроты–пячоры, і адну з іх, напэўна ж, выбрала б за Іха, каб зямля заставалася маладая, поўная сагаў–легендаў, якім веку і скону няма.

Шарлота нагнулася над Марай, якая цяпер, у сне, ужо не была небяспечнай, пацалавала яе ў бровы, шырока разлётныя і святочна ўзнёслыя на бледным твары, пацалавала ў руку, якая звесілася з крэсла, а тады потайкам, палахліва нахілілася над бледнымі вуснамі, з якіх за доўгую ноч злізалася ўся шмінка.

Ці магло гэта стварэнне яшчэ раз спакусіцца забароненым плодам, яшчэ раз абудзіць гнеў, яшчэ раз адважыцца вярнуцца на зямлю! Перажыць новае абуджэнне, новы сорам! Гэтая істота ніколі не была пастаянная. Яна давала магчымасці. Плод не быў забаронены, сёння не, сёння яшчэ не. Духмянасць усіх пладоў, раўнавартасных пладоў, стаяла ў паветры. Напэўна, іншае адкрылася ёй. Яна была свабодная. Настолькі свабодная, што яшчэ магла быць уведзена ў спакусу. Яна хацела вялікай спакусы — спакушэння, заплаціць за яго і быць праклятай, як гэта ўжо аднаго разу было.

Божа мой, думала яна, я жыву не сёння, ува што толькі не дазваляю ўблытваць сябе, ва ўсё, што вакол робіцца, каб толькі не даць сабе ўхапіць тое, што мне дадзена. Час вакол мяне распадаецца, ірвецца. Я нічыя не жонка. Я нават проста не жонка. Я хачу толькі даўмецца, хто я такая, хачу займець сабе таксама жывую істоту, і хай ёй будзе мой цярплівы, вінаваты, ценепадобны супольнік. Я не хачу Мары, бо я хачу мець яе рот, яе пол, хай ён такі самы, як мой. Нічога падобнага. Я хачу займець сваю жывую істоту, і я зраблю яе сабе сама. Мы заўсёды жылі нашымі ідэямі, а гэта і ёсць мая ідэя.

Калі б яна кахала Мару, усё было б інакш.

Тады б яна займела істоту, якую яна магла б прысвяціць свету. Яна адна дасталася б да любога маштабу, любой таямніцы. Яна заўсёды марыла аб тым, каб ахвяраваць сябе свету і штораз скаралася, калі яго ахвяроўвалі ёй, зацята маўчала, калі хацелі ёй нешта ўвесці ў свядомасць, і думала пра той час, калі яна была дзяўчынкай і яшчэ ведала, як трэба набірацца мужнасці, і што няма чаго баяцца, і што можна прадзерціся наперад тоненькім кволым крыкам, за якім толькі трэба ісці.

Калі б яна магла пакахаць Мару, яна ўжо не пачувалася б вальготна ў гэтым горадзе, у краіне, з мужчынам, з моўным бар’ерам, а была б у сябе — і адпісала б дом дзяўчыне. Новы дом. Яна мусіла б тады зрабіць выбар дому, часу, мовы. Яна не была б ужо выбранай, і ніколі не магла б быць выбранай пры гэтай мове.

Да таго ж, пры ўсіх радасцях, якія ёй прынесла яе любоў да мужчын, заставалася нешта незапатрабаванае. І хоць яна цяпер, у гадзіну чування, яшчэ верыла, што кахае мужчын, мелася зона, куды ўваход быў забаронены. Часта Шарлота дзіву давалася, што людзі, якія жалезна павінны былі ведаць, якія пяшчоты яны маглі б прыдумаць адзін аднаму, так блага давалі сабе рады. У ранейшыя часы лебедзь і залаты дождж яшчэ маглі ствараць бачнасць шырокага поля гульні, і ў свеце ніяк не магло быць цалкам забыта, што прастора гульні была большая, што малая сістэма пяшчотаў, якую сфармавалі і перадавалі ў спадак, не была адзінай магчымасцю. У маленстве Шарлоце хацелася любіць усё і найперш — каб яе любілі, каб любіў і вір каля скалы, і гарачы пясок, і бярэмак дроў, і шулячыны крык — каб зорка ўвайшла ёй пад скуру, каб дрэва, якое яна абдымала, ураслося ў яе — ад усяго гэтага кружылася галава. Цяпер яна даўно ўжо абазнаная, дасведчаная, настаўленая ў каханні, але ж якою цаною! У большасці людзей, здавалася, гэта так ці інакш была сумная пакора таму, што яны сабе адзін з адным дазвалялі; яны, напэўна, лічылі гэта мусовым, бо нічога іншага не мелася, і тады яны, мабыць, спрабавалі верыць, што было правільна, было добра, было якраз тым, чаго яны хацелі. І ёй прыйшло ў галаву, што толькі адзін з усіх мужчын, якіх яна ведала, мусіць, сапраўды быў арыентаваны на жанчын. Яна падумала пра Мілана, якому яе заўсёды было мала, якому ўсяго было мала акурат таму, і які таксама ведаў, што і ёй усяго мала і ўсяго не ставала, які праклінаў і сябе і яе, бо яе ўжо залішне выштукаваныя цялесы былі перашкодай пры выбуху даволі ўжо прызабытых альбо яшчэ не вядомых пяшчотаў. Яно, цела, было надта даступнае для вобмацку, для абмусольвання вачыма: экстаз, ап’янеласць, глыбіня, аддача, асалода. Пасля гэтага яна зноў паразумелася з адным мужчынам на глебе дабрыні, закаханасці, зычлівасці, клопату, апоры, надзейнасці, абароны, вернасці, розных праяваў павагі, што не было толькі добрым намерам, а ўвайшло ў іх жыццё.

Так для яе стала магчымым выйсці замуж, яна валодала якасцямі, каб уступіць у шлюб і трываць яго надалей, насуперак прынагодным абурэнням, насуперак яе ахвоце нешта перайначыць. Але заўсёды, калі яна спрабавала пахіснуць гэты стан, ёй вельмі хутка прыходзіла да галавы, што яна не зможа нікім запоўніць узніклы прагал, што ёй не ставала цвярозых глуздоў і Франц са сваёй усмешачкай меў рацыю, пазней спачуваючы ёй. Ёй падабалася жыць з ягонай саступлівасцю, пры ягоным патуранні. Але яна не была ўпэўненая, што яму падабалася жыць з яе саступлівасцю і патураннем, і як яно было б, калі б ён заўважыў, што яна таксама яму патурае. Калі б ён толькі ведаў, што ў душы яна ніколі не магла даць веры таму, што ўсё павінна быць такім, якім яно ў іх было, і што яна найперш не магла паверыць, што ён разумеў яе цела. Яе добры шлюб — тое, што яна так называла,— якраз на тым і грунтаваўся, што ён нічога не разумеў у яе целе. Ён, мабыць, заступіў кон у гэтым чужым абсягу, але ўжо незабаўным часам уладзіўся там, дзе яму было найбольш зручна і ўтульна.

Па руху дзяўчыны, калі тая ў паўсне працягнула да яе руку, абхапіла пальцамі яе калена, пагладзіла пад каленам ямку, праверыла і абмацала, яна адчула, што гэтае стварэнне нешта пра яе ведае, чаго не ведаў ніхто, нават сама яна, бо прымала любую такую прыкмету за знак. Шарлота задрыжала, спалохана адхіснулася назад і перажагналася. Яна баранілася ад новага знаку.

Пакінь мяне, сказала яна няпрыязна. Кінь гэта. Кінь.

Мара расплюшчыла вочы: Чаму?

Але, чаму? Чаму яна не пераставала думаць, чуйнаваць і хаваць мёртвае? Чаму, калі ўжо зайшло аж так далёка, яна нарэшце не ўстала, не падняла Мару і не пайшла з ёю ў ложак?

Мара са змоўніцкім позіркам прашаптала: “Я толькі хачу завесці цябе ў тваю спальню, пакласці ў ложак, паглядзець, як ты заснеш. А тады пайду. Я нічога не хачу, толькі падзівіцца, як ты засынаеш...”

Калі ласка, цішэй. Не гавары. Цішэй.

Ты проста баішся мяне, сябе, яго! — Зноў спад тону, які ўсё панізіў, які панізіў і Шарлоту.

А Мара пераможна дадала: Як ты маніш! Якая ты баязлівая!

Нібыта яно толькі пра тое і вялося! Нібыта павінна было вычарпацца ўступленнем у забароненае — ат, невялічкая дурасць, дадатковая цікаўнасць!

Не, толькі адкінуўшы ўсё ад сябе, усё спаліўшы за сабою, яна магла вярнуцца ў саму сябе. І прыйдзе царства тваё, і як прыйдзе яно, будзеш ты невымерная, не будзеш ты мерана мерай чужою. У тваім царстве панавацьмуць новыя меры і вымярэнні. Там не змогуць сказаць: яна такая а такая, вабная, спакуслівая, разумная а неразумная, верная а няверная, прыстойная альбо распусная, недаступная альбо прагная прыгод. А яна тым часам ведацьме, што можна сказаць і якімі катэгорыямі там думаюць, што той альбо іншы здольны сказаць і чаму. Яна заўсёды гідзілася гэтых словаў, любога штампу, які ёй навязваўся і які яна мусіла навязваць камусьці яшчэ — спроба забойства рэчаіснасці. Але калі прыйдзе яе царства, тады адпадзе і важнасць такой мовы, тады гэтая мова сама сябе і спрастуе. Тады яна выйдзе, зможа пасмяяцца з любога выраку, і ўжо больш не мецьме значэння, хто там і за каго там яе прымае. Мова мужчын, як што яна звернута да жанчын, ужо будзе дастаткова паскуднай і сумнеўнай; а мова жанчын будзе яшчэ горшай, непрыстойнай — Шарлоту ўжо забірала жудасць, з таго часу, як яна раскусіла сваю маці, пазней сясцёр, сябровак і жанчын яе сяброў і адкрыла, што наогул нічога, ні здагадка, ні назіранне не адпавядала гэтай мове, фрывольным альбо цнатлівым выслоўям, прычасаным і завітым прысудам і меркаванням альбо зітхлівым ляментацыям.

Шарлота любіла глядзець на жанчын; яны часта краналі яе альбо цешылі вочы, але яна пазбягала, дзе б тое ні было, гутарыць з імі. Яна адчувала сябе сярод іх адасоблена, ад іх мовы, іх крыжа, іх сэрца.

Але яна навучыць Мару гаварыць, павольна, дакладна, не падпускаючы ў звычайную гаворку ніякай слінявай журбы. Яна яе прывучыць трымацца нечагась пэўнага, таго, што яна, ужо даўно, не знайшоўшы трапнага слова, называе лаяльнасцю — у кожным сэнсе замежным словам. Яна спынілася на іншамоўным слове, бо не магла спыніцца на яшчэ больш іншамоўным. Каханне, любоў. Бо ніхто не мог бы яго сабе перакласці.

Шарлота зірнула на Мару зверху ўніз; яна захаплялася яе кідкасцю, усе надзеі яна ўскладала на гэтую постаць. Гэтую кідкасць трэба было б цяпер здолець унесці ў любое, самае малое дзеянне, у новы дзень, ува ўсе дні.

Хадзем. Слухай мяне, сказала яна і патузала Мару за плячо. Я павінна ўсё ведаць пра цябе. Ведаць хачу я, чаго ты хочаш...

Мара выпрасталася з выразам здзіўлення на твары. Яна зразумела. Ці не было ўжо цяпер задавальненнем тое, што яна зразумела ў гэты момант! Давай, абы прыдалося! Бо нарэшце разумее!

Нічога, сказала Мара. Я нічога не хачу. Я не палезу ў пастку.

Што гэта значыць, што ты нічога не хочаш?

Значыць, што значыць. Нешта ж павінна я рабіць. Я таленавітая, кажуць яны, твой муж таксама так кажа. Але мне гэта не абыходзіць. Яны далі мне стыпендыю. А толку з мяне аніякага. І наогул: мяне нічога не цікавіць. — Яна перавяла дых і спыталася: А цябе што–небудзь цікавіць?

О так. Шмат чаго.— Шарлота адчула, што не можа гаварыць далей; зноў апалі заслоны. Яна запыкала, замыкала, не могучы набрацца адвагі выдаць сябе за аўтарытэт, згладзіць гэтую дурную плямкатню і зноў вярнуцца ў свой звыклы тон.

Ты маніш!

Перастань мне, перастань гаварыць так са мною, рэзка сказала Шарлота.

Мара ўпарціста склала на грудзях рукі і бессаромна паглядзела на яе: музыка, твая прафесія, усё гэта не можа цікавіць цябе. Гэта ўсё ты сабе так надумала. Любіць, кахаць — вось і ўсё. Кахаць — гэта ўсё. — Яна змрочна і рашуча ўзіралася, ужо не так бессаромна.

Шарлота збянтэжана мармытала: “Усё гэта не падаецца мне такім важным. Я хацела пагутарыць пра іншае.”

Іншае таксама лухта.

Ты хочаш сказаць, што ты лепш ведаеш, што важна?

Мара спаўзла з крэсла, уладзілася на падлозе па–турэцку і змрочна маўчала. Тады зноў пачала, як нехта, у каго на ўме толькі некалькі слоў і хто гэтыя словы так настойліва паўтарае, шукаючы сабе апоры і дапамогі ў іх: “Мяне проста нічога не цікавіць. Я думаю толькі пра каханне. І таму я табе не веру”.

Мусібыць, Мара і праўда ж не хацела нічога іншага, прынамсі, яна і не мерылася нечым цікавіцца, яна была дастаткова сумленная, каб прызнаць гэта; і, мусібыць, яна мела рацыю, а многія іншыя, хто гэтага не прызнаваў, толькі ашуквалі сябе, старанна руплівіліся гэтым у розных кабінетах, на фабрыках і ўва ўніверсітэтах.

Здаецца, Мары ўспаўзло нешта на думкі; яна нясмела падсела: “Я чула цябе па радыё, тыдзень таму. З таго канцэрта. Ты была вельмі эфектная, думаю”.

Шарлота, як бы баронячыся, перасмыкнула плячмі.

Вельмі добра, сказала Мара і кіўнула. Можа, ты і сапраўды на нешта здатная, і, можа, любіш славу...

Шарлота бездапаможна запярэчыла: Я гэтага не ведаю. Але можна назваць гэта і так...

Не быць злою! — Мара выпрасталася, нечакана абвіла рукамі Шарлоту за шыю. — Ты цудоўная. Я зраблю ўсё, паверу ўва ўсё, што ты хочаш. Толькі кахай мяне! Кахай мяне! Я зненавіджу ўсё ад рэўнасці, музыку, фартэпіяна, людзей, усё чыста. Я буду ганарыцца адно табою. Дазволь толькі застацца з табою. — Яна задумалася, апусціла рукі. — Так, рабі, што хоч, і як хоч. Толькі не праганяй мяне. Я ўсё дзеля цябе зраблю, буду будзіць раніцой, падаваць табе каву, браць пошту, адказваць на тэлефонныя званкі, я магу табе гатаваць, з паўслова слухацца цябе, зняць з цябе ўсе клопаты. Каб ты лепей магла рабіць, што хочаш. Толькі кахай мяне. Кахай толькі мяне.

Шарлота схапіла Мару за локці. Вось яна, тут, яна яе мае, што і хацела мець. Яна высачыла сваю здабычу, трафей быў ужыткоўны, быў якасны. Яна знайшла сабе стварэнне.

Гэта была перамена, і цяпер яна магла пераняць увесь свет, назваць сваіх спадарожнікаў, устанавіць правы і абавязкі, адмяніць старых ідалаў і з ходу увесці новыя. Бо гэта ж быў свет ідалаў, вобразаў, які, калі было паадкідана ўсё, што было адмоўлена ў пола і нагаворана пра яго, яшчэ застаецца светам. Ідалы засталіся, хоць роўнасць і няроўнасць і ўсе спробы вызначэння іх прыроды і іх праўных стасункаў даўно зрабіліся пустымі словамі і заменены новым пустаслоўем. Тыя ідалы, тыя вобразы, якія, нават калі збляклі фарбы і паявіліся плямы, усё яшчэ трымаліся і давалі пачатак новым вобразам. Вобраз паляўнічай, вялікай Маці і вялікай курвы, самарыцянкі, прынады з глыбіні і ўзнесенай да зорак нябесных...

Я не ўрасла ў вобраз, падумала Шарлота. Таму мне і прыкра ад такога перавароту. Таму я хацела б антывобраза, і я хацела б сама яго ўсталіць. Яшчэ без імя. Яшчэ без. А спачатку — зрабіць скачок, усё пераскочыць, толькі тады завяршыць свой выхад, толькі тады пад пошчак барабанаў, калі пачне падымацца чырвоная заслона і ніхто не ведацьме, чым усё гэта скончыцца. Са сваёй надзеі збудаваць царства. Не царства мужчын і не царства жанчын.

Ні тое, ні другое.

Яна не магла ўжо нічога бачыць; цяжка і стомлена абвіслі яе павекі. Яна не бачыла ні Мары, ні пакоя, у якім была, а бачыла толькі свой апошні таемны пакой, які яна цяпер павінна будзе зачыніць на заўсёды. У гэтым пакоі лунаў ён, сцяг з лілеяў, сцены былі белыя, і рос гэты сцяг. Мёртвы быў муж Франц і мёртвы быў муж Мілан, мёртвы быў Луіс, мёртвыя ўсе сямёра, чыё дыханне яна чула над сабою. Яны выдыхаліся ўсе, шукаючы яе вуснаў, тыя, каго яна прыняла ў сваё цела. Мёртвыя былі яны, і ўсе падораныя кветкі жухла шалясцелі ў зморшчаных руках; яны былі аддадзены назад. Мара не даведаецца, ніколі не зможа даведацца, чым быў пакой з нябожчыкамі і пад знакам чаго яны былі забітыя. Яны самі ўнікалі гэтага пакою, тут луналі толькі іх духі. Яна любіла сваіх нябожчыкаў і прыходзіла сюды ў тайныя адведзіны. Бэлькі патрэсквалі, столь вось–вось праваліцца пад завыванне ранішняга ветру, дах распаўзаўся. Ключ да пакоя, гэта яна яшчэ ведала, яна насіла пад кашуляй... Яна сніла, але яшчэ не спала. Ніколі Мара не зможа спытацца пра гэта, інакш яна таксама будзе сярод нябожчыкаў...

Я мёртвая, сказала Мара. Я больш не магу. Я мёртвая, я такая мёртвая.

– – –

Вы даўно хацелі б, каб я пайшла, жалілася Мара.

Не, сказала Шарлота горача. Заставайся. Выпі са мною. Я проста знемагаю ад смагі. Застанься.

Не, ужо не, сказала Мара. Я больш не магу піць, не магу ўжо ісці, стаяць. Я мёртвая.

– – –

Ды турніце ж мяне адразу!

Шарлота ўстала; яе спаралізаванае, ператомленае цела ледзьве слухалася. Яна не ведала, як ёй дайсці да дзвярэй, да свайго ложка. Яна таксама больш не хацела, каб Мара заставалася. І не хацела даваць ні сабе, ні ёй часу на роздум.

Час — гэта не час на роздум. Раніца ўжо была ў вокнах з першым, яшчэ не ружаватым святлом. Чуліся першыя шолахі першых машын, крокаў — гулкія, цвёрдыя крокі, яны аддаляліся.

Калі яны абедзве былі ў пакоі, Шарлота ведала, што ўжо на ўсё было позна. Яны скінулі з сябе вопратку і леглі поруч — дзве прыгожыя сонніцы ў белых абліплых кашулях. Абедзве яны былі мёртвыя і нешта забілі. Адна пагладжвала другую па плячах, грудзях. Шарлота заплакала, павярнулася, пацягнулася па будзільнік, наставіла яго. Мара абыякава глядзела на яе. Пасля яны абрынуліся ў сон, у навальнічныя сны.

Чырвоная спадніца ляжала пакамячаная і непрыглядная каля ложка.

Пераклаў з нямецкай мовы Васіль Сёмуха
паводле Ingeborg Bachmann. Ausgewдhlte Werke in Drei
Bдnden. Bd.2. Aufbau-Verlag. Berlin und Weimar, 1987


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Крок да Гаморы


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.