Shevchenko is OK

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Shevchenko is OK. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-26

АВТОР: Юры Андруховіч.

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


1. Харызма

Агіяграфія Тараса Шаўчэнкі для бальшыні ўкраінцаў пачынаецца з ягонага дзіцячага падарожжа на канец свету. На гэтым выпадку найчасцей спыняюцца настаўнікі ўжо ў пачатковых класах агульнаадукацыйных школ: шасцігадовы хлопчык аднаго летняга дня, нікому нічога не паведаміўшы, вырушвае з дому насустрач гарызонту — туды, дзе, як яму здаецца, неба сыходзіцца з зямлёю і свет заканчваецца.

Раўнінна-стэпавы ландшафт спакушае сваёю адкрытасцю. Усё здаецца даступным, нават найнедасяжнейшая смуга на даляглядзе. Першага дня хлопчык вымушаны быў вярнуцца ні з чым: канец свету заставаўся яшчэ вельмі далёка, на зямлю надыходзіў вечар, і вандроўнік вырашыў, што надта позна выйшаў з дому. Такая адлегласць вымагае большага часу, абачліва падумаў ён і ціха вярнуўся дамоў. Наступнага ранку ён выйшаў яшчэ на досвітку, каб да змяркання паспець дайсці да канца свету і — пажадана — вярнуцца назад. Ранішнюю расу, пахі стэпавых раслінаў, паступовае світанне кожны з нас можа сам дамаляваць у сваім уяўленні.

Прайшоўшы чатыры вярсты, хлопчык апынуўся ў суседняй вёсцы, нейкай Педыніўцы. Гэта быў шок — выявілася, у свеце ёсць яшчэ нейкая вёска, і ў ёй жывуць людзі, якіх ён ніколі не бачыў. Свет пачынаў разрастацца. А калі такіх вёсак акажацца на ім не дзве, а цэлыя тры, дзесяць, а мо нават дзесяць тысяч?..

Канец свету ўцякаў за межы дасягальнага. Зямля павялічвалася проста на вачах, спалоханыя стэпавыя птахі выляталі ў яго з-пад ног, лясы поўніліся разумнымі жывёлінамі, у рэках размаўлялі рыбы. Зусім разбітага і стомленага, яго ўночы вярнулі дадому чумакі, гэтыя стэпавыя перавознікі солі, а разам з тым — сувязныя ўкраінскіх прастораў. Старэйшая сястра — маці тады ўжо не жыла — не дазволіла брату пакараць яго, сілком накарміла (вочы ў малога зліпаліся, галава хінулася долу) і нарэшце паклала ў ложак з словамі: “Спі, прыблуда”...

З усіх вядомых мне біяграфічных крыніц гэты выпадак апісаны толькі ў адной, і яна, напэўна, ніколі не вытрымае скептычнай верыфікацыі. Знак абранасці, як бы прэтэнцыёзна гэта ні гучала ў нашую наскрозь іранічную эпоху, сігналізуе пра сябе ўладна й навязліва. Паданні, анекдоты, легенды, версіі, чуткі — усё гэта атачае Шаўчэнку, спавівае яго прыцягальным, часам скандальным флёрам цягам усяго жыцця. Ён прымушае гаварыць пра сябе — змалку і да самае смерці. Пры гэтым ён ні ў якім разе не займаецца сваім publicity, усё неяк выходзіць само сабою. Сацыяльны статус таксама нічога кардынальнага не мяняе: пра яго гавораць і ў часе, калі ён усяго толькі паднявольны казачок на службе ў лютага пана, і ў часе яго легендарнага пецярбургскага выкупу з няволі, і ў часе бурных прэзентацыяў яго страшэнна моднай паэзіі на самых прэтэнцыёзных прыёмах тагачаснай Украіны, і нават у час, калі яго выслалі ў далёкую Азію, калі, здавалася, найвышэйшая манаршая забарона пісаць і маляваць раз і назаўсёды паклала канец марным прэтэнзіям на вечнасць адчайнага парвеню-малароса.

Пра яго казалі, што ён — падкінуты да простых вяскоўцаў нашчадак велікакняскага роду. Што ён здольны выпіць паўбарылы гарэлкі й нават не захмялець. Што ён жыве з сваім пецярбургскім настаўнікам Карлам Бруловым як з каханкам. Што ён рыхтуецца ўзначаліць украінска-польскае паўстанне на Правабярэжнай Украіне, што ён водзіць за сабою па найшляхетнейшых прыёмах цэлую гурбу валацугаў, уцёклых катаржнікаў і брудных завашыўленых музыкантаў, якія граюць яму, калі ён танчыць. Што кожны свой заробак ад малявання карцінаў ён адразу раздае вандроўным старцам. Што насамрэч ён ваўкалака і таму так шмат крыві ў ягоных паэмах.

Усе гэтыя версіі — з большай ці меншай ступенню адхілення ад сапраўднага стану рэчаў — нараджаліся ўвесь час. Ён быў тэмаю. Размовы пра яго вяліся падчас гульні ў карты, за кубкам гарбаты, пры знаёмствах, візітах, у кнігарнях, тэатрах, каля царквы, падчас баляў на Маслянку й на Вялікдзень, ён часцяком фігураваў у прыватным ліставанні. Ён фігураваў таксама ў службовым ліставанні — і гэта трывала яшчэ доўгія дзесяцігоддзі пасля яго смерці.

З’яўленне ў 1840 г. у Пецярбургу яго невялічкага — з васьмі вершаў — зборніку “Кабзар” сталася прычынаю грандыёзнага пачуццёвага ўсплёску ў шматлікіх колах чытачоў. Ува Ўкраіне прылюдныя дэкламацыі “Кабзара” на ўсякіх мяшана-шляхецка-стараказацкіх зборках выклікаюць цэлыя выбухі горкага, прасветленага плачу. Гэта была эпоха (неўзабаве чамусьці названая рамантычнаю), калі плакалі ўсе, плакалі шчыра й з асалодаю, уголас, насоўкі былі неймаверна важнымі атрыбутамі кожнай больш-менш вытанчанай асобы, вочы пачыналі самі сабой блішчэць і слязіцца ўжо з першымі радкамі, плач над мастацкім творам лічыўся яго найвышэйшай адзнакаю. Плач спадарожнічае Шаўчэнку заўсёды й паўсюдна — плачуць паненкі й панічы на суседзкіх правінцыйных вячорках, плачуць паўгалодныя студэнты й вучні мастакоў, у Пецярбургу, Кіеве ды Вільні, плачуць жандары, афіцэры царскага войска й польскія патрыёты-канспіратары, плача расійскі акцёр Міхаіл Шчэпкін, плача амерыканскі негр Айра Олдрыдж, плача сам Шаўчэнка, уголас чытаючы ўласную, скажам, “Кацярыну” на замову чарговых гаспадароў ды іхніх гасцей, плачуць служкі, кухары, лёкаі ды конюхі, там, за дзвярыма, зграмадзіўшыся ў сенцах і прыслухваючыся да кожнага Тарасавага ўсхліпу.

Водгукі гэтага плачу чуваць і пасля арышту Шаўчэнкі (увесну 1847 году яго схапілі па падазрэнні ў антыдзяржаўнай палітычнай дзейнасці ды стварэнні таемнага масонскага таварыства), і ў часы яго шматгадовай высылкі, і пагатоў — неўзабаве пасля яго смерці. Нават шаўчэнкаўскія апушчаныя долу вусы — эталонны знак нацыянальнай свядомасці — з часам пачнуць называць “плач Украіны”.

Акрамя таго, ён любіць спяваць — і ўсе плачуць, калі ён спявае. Акрамя таго, ён любіць змешваць гарэлку з гарбатаю. Акрамя таго, ён лёгкі ў памаўленні, гаворыць шмат і цікава, ведае свет смешных гісторыяў, паліць цыгары (сапраўдныя кубінскія). Акрамя таго, ён упарты, непрадказальны, ад яго часам струменіць жудасная энергія скандалу й непаслушэнства. Ён нязграбны, “шырокі ў касці”, не надта добра танчыць, але ўсіх зачароўвае. За сваё не вельмі доўгае 47-гадовае жыццё, 10 гадоў з якога ён перабываў у салдатах у пустыні на ўскрайку імперыі, Шаўчэнка здабыў сабе сотні, калі не тысячы, знаёмых і сяброў. Ягоны “Дзённік” — гэта сотні імёнаў, цэлая галерэя адэптаў, прыхільнікаў (і прыхільніц), дабрадзеяў, заступнікаў, спачувальнікаў.

Іншы бок гэтай харызмы — патэтыка болю й пакутаў; постаць Шаўчэнкі агорнутая ёю ці не ад самага нараджэння. Яго рэальнае жыццё, кожны зігзаг нясцерпна насычанага й жорсткага лёсу адразу стаюцца прадметамі асаблівай павагі. Выпрабаванні заяўляюць пра сваю неадчэпную ўвагу да абранніка ад самога пачатку: нараджэнне ў жахліва беднай, да таго ж прыгоннай, сялянскай сям’і; смерць бацькоў — спачатку маці, пасля бацькі; вось жа, не проста галоднае, халоднае, прыгнечанае, а яшчэ й сіроцкае маленства; поў­ная асабістая залежнасць ад уласніка-пана (і гэта доўжыцца палову жыцця — ажно да дваццаці чатырох гадоў, калі група пецярбургскіх інтэлектуалаў знаходзіць магчымасць выкупіць яго на волю за вялікія грошы!), згадваны ўжо арышт з далейшым следствам, зняволеннем і допытамі ў лёхах Петрапаўлаўскай цвердзі; высылка — на дваццаць пяць гадоў простым салдатам — у самыя ўсходнія дзікія ўскраіны імперыі, якой спадарожнічала — тут варта паўтарыцца — забарона пісаць і маляваць; нарэшце, фізічны боль і хваробы, што цалкам апаноўваюць яго пасля, здавалася б, цудоўнай амністыі ды вызвалення на дзесятым годзе высылкі. У вялікі свет ён вяртаецца знішчаным і ледзь жывым, шмат хто з знаёмых спачатку нават не пазнае яго, а самая апошняя яго мара — ажаніцца хоць бы з чортавай сястрой — так і застаецца фантомам нейкага інакшага існавання, на якое ўжо проста не адведзена часу.

Апошняю харызматычнаю інстанцыяй выступае смерць. Яна заспявае Шаўчэнку на сходах яго пецярбургскай кватэры ў сценах Акадэміі Мастацтваў наступнага ранку пасля дня яго народзінаў. Усё далейшае — гэта разгортванне пахавальнага псіхозу, Смаленскія могілкі ў Пецярбургу, натоўпы смуткуючых апазіцыянераў, студэнты, студэнты й яшчэ раз студэнты, студэнты й гімназісты, прамовы на ўкраінскай, расійскай ды польскай мовах, лаўровы вянок на мёртвым чале, апусканне дамавіны ў халодную паўночную зямлю. Але ўжо з першых дзён пасля яго смерці ўкраінцы Пецярбургу пачынаюць дабівацца права на перапахаванне ва Ўкраіне. Так павінна быць — так дыктуе перадусім тэкст яго “Запавету”, але так дыктуе й ягоная харызма. Адміністрацыя ўрэшце адказвае згодай (далей ад сталіцы гэтага клятага нябожчыка ў ягонай абкладзенай свінцом дамавіне!). Мінае 57 дзён пасля першага пахавання — і труну выцягваюць на свет, а пасля праз увесь горад (яшчэ адна магчымасць маніфестацыі, грэх не скарыстацца!), праз Васільеўскі востраў ды Неўскі праспект, усяго каля сямі вёрстаў, на руках нясуць да чыгуначнай станцыі. Далей труну вязуць чыгункаю, у Маскве — чарговы прыпынак, зноў развітанне, зноў натоўпы. А потым ужо толькі коньмі, чорнаю квадрыгай, паштовым трактам, з усімі далейшымі прыпынкамі (Серпухаў, Тула, Арол, Глухаў, Каралевец, Батурын, Нежын, усё далей і далей на поўдзень) — вакол усё больш пануе вясна, красавік пераходзіць у травень. У Кіеве дамавіну з падольскай царквы Раства на руках перанеслі на борт парахода “Крамянчуг”, далей яшчэ восем гадзін везлі яе ўніз па Дняпры, каб урэшце ўзнесці на Чарнечую гару, месца другога — і апошняга — пахавання. Пад час усяго перформансу, што трываў больш за два тыдні, у ім узялі ўдзел дзесяткі тысяч людзей. Яшчэ раз акцэнтую ўвагу на студэнтах: іх безліч, яны з’яўляюцца ўвесь час, на пэўных адцінках гэтага вялікага шляху яны выпрагаюць коней і самі цягнуць катафалк з дамавінаю, гэтая сумесь сярэднявечча з рамантызмам і сацыялізмам, кожнага разу, на кожным прыпынку яны спяваюць псальмы, казацкія песні, раздаюць прысутным радыкальныя адозвы, праз некалькі гадоў яны пачнуць кідаць бомбы ў губернатараў ды генералаў.

Ніводнага святога ніводнай царквы так не хавалі.

Здаецца, акурат з гэтага — Шаўчэнкавага — перапахавання бярэ свой пачатак рытуал сакральнага ўкраінскага перапахавання як такога. У 1989 годзе з уральскага лагеру смерці да Кіева перавозяць парэшткі праваабаронцаў Стуса, Літвіна і Ціхага — каб перапахаваць на Байкавых могілках, “галоўных могілках Украіны”. У 1992-м у Львове адбываецца перапахаванне кардынала Ёсіфа Сляпога, прах якога дастаўляюць з Ватыкану. Апошнім часам кажуць пра неабходнасць сімвалічнага перапахавання гетмана Мазэпы, што памёр дзвесце дзевяноста гадоў таму недзе ў цяперашняй Малдове, у Бэндэрскай цвердзі.

Так, гэта рытуал, і нічога новага я не адкрыю, сказаўшы: калі ёсць рытуал, мусіць быць культ.

2. Культ

Калі ўжо спрабаваць перадаць змест Шаўчэнкавага культу якой-небудзь адной сціслаю формулай, дык можна абагульніць: “Шаўчэнка — нашае ўсё”. Да такой катэгарычнасці, адназначнасці й аднаполюснасці найбольш спрычыніліся яго найбліжэйшыя ў часе паслядоўнікі, украінскія культурныя дзеячы другой паловы XIX і пачатку XX стагоддзяў. Якраз яны, а сярод іх Куліш, Франко, Грушэўскі, Яфрэмаў, кожны, што праўда, на свой лад, выбудавалі цэлую сістэму ўяўленняў, згодна з якой веліч Шаўчэнкі ў тым, што ён паэт сапраўды народны, выйшаў з найглыбейшых нізоў, дасягнуў найбольш арыстакратычных вяршыняў духу, цаною цяжкіх асабістых пакутаў і выпрабаванняў здолеў усяму свету сказаць пра долю ўкраінства, а ўсяму ўкраінству — пра ягонае сусветнае прызначэнне, вось жа, Шаўчэнка — духоўны бацька нацыі, адзіны, непараўнальны й недасяжны. Маем прынамсі некалькі адзнакаў святасці (што праўда, асаблівай — не традыцыйнай царкоўнай святасці, а, так бы мовіць, секулярызаванай ці грамадзянскай): жыццяпіс рупліўца, кананічнасць тэксту, Святая Гара як месца пахавання й сталага паломніцтва.

Для фармавання ва ўкраінскім грамадстве Шаўчэнкавага культу надзвычай важнымі былі два ягоныя юбілеі, што прыпалі на адзін і той самы кавалак гістарычнага часу: 50-годдзе з дня смерці (1911 г.) і 100-годдзе з дня нараджэння (1914 г.) Абедзве даты адзначаліся досыць бурліва й драматычна, насуперак больш чым шчыраму непрыманню царскаю адміністрацыяй. (Вялікі палітычны спрытнюга Ленін тут-такі скарыстаўся гэтым, пісануўшы з эміграцыі пра тое, што “забарона ўшанавання Шаўчэнкі была такім дзіўным, прыўкрасным, на рэдкасць шчаслівым і ўдалым мерапрыемствам з гледзішча агітацыі супраць ураду, што лепшай агітацыі і ўявіць сабе нельга”. Колькі свядомых украінцаў ён, Ленін, такім чынам прыяднаў да камуністычнай ідэі, ужо не дадзена падлічыць нікому, але, думаю, можна казаць пра цэлыя дывізіі адданых валанцёраў.)

Які-колечы культ не можа не выкарыстоўвацца з пэўнаю палітычнаю, ці — шырэй — ідэалагічнаю мэтаю. Шаўчэнка ў гэтым сэнсе не толькі не вынятак, але й вельмі выразнае, відавочнае пацверджанне такога — найчасцей у аснове сваёй жахліва цынічнага — выкарыстання. Як і ўсякі метатэкст (постаць плюс уласныя тэксты), ён заўсёды шчыры, вельмі сугестыўны, яскрава праартыкуляваны й немінуча супярэчлівы. Таму ён паддаецца ўсякім інтэрпрэтацыям ды прысабечванням, пагатоў веданне ўкраінскім грамадствам Шаўчэнкавых тэкстаў як такіх звычайна абмяжоўваецца паўдзесяткам школьных хрэстаматыйных шлягераў, і паэт, пры ўсёй ягонай народнасці, не надта гэтым народам перачытваецца ўглыбкі і ўшыркі.

Вось прынамсі некаторыя з “меншых шаўчэнкаў”, што з усіх сілаў канструяваліся (і дагэтуль канструююцца) унутры розных ідэалагічных лагераў.

“Шаўчэнка камуністычны”. Пастулюецца тэза пра сацыяльнае пахо­джанне (прыгнечаныя нізы), якому ён усё жыццё заставаўся верным; нянавісць да паноў, панства й панскасці; беспасярэднія заклікі ў вершах да гвалтоўнага зрынення існага ладу (сякеры, кроў, народная рэвалюцыя); паслядоўны эгалітарызм; схільнасць да камуністычна-утапічнага бачання будучыні (“адноўленая зямля”). Асабліва падкрэсліваецца блізкасць Шаўчэнкі да расійскіх “рэвалюцыйных дэмакратаў”, яго залежнасць ад іхніх уплываў. Некаторыя савецкія жрацы акурат гэтай разнавіднасці ягонага культу пайшлі яшчэ далей, гаворачы пра Шаўчэнкавы савецкі прафетызм (вобраз сям’і вялікай, вольнай, новай з яго “Запавету”, трактаваны як “прадчуванне сям’і народаў Савецкага Саюзу”).

“Шаўчэнка нацыяналістычны”. У творах паэта дамінуе казацка-рыцарскі дух, Шаўчэнка — той, хто першым абудзіў сонную ўкраінскую нацыянальную свядомасць, нацыю назваў нацыяй, акрэсліў яе нацыянальную ідэю й гістарычную перспектыву. Ідэал паэта — Свабода, якую, безумоўна, трэба разумець як свабоду для Ўкраіны. У яго творах знаходзім выявы нянавісці ці прынамсі пагарды да іншых, варожых, нацыяў (маскалі, жыды, ляхі), часам дастаецца нават немцам (“куцы немец вузлаваты”). Украінскія нацыянальныя збройныя чыны эпохі вызвольных змаганняў (1918—1922 гг.) — усе гэтыя гайдамакі, сечавікі, уся атаманшчына — акурат яго, Шаўчэнкаў, стыль, яго эстэтыку абіраюць як уласную, пачынаючы з карнавальных уніформаў і фразеалогіяй заканчваючы. А той самы запаветны вобраз сям’і вялікай, вольнай, новай адназначна трактуецца як паэтава прадбачанне будучай адзінай саборнай Украінскай дзяржавы.

“Шаўчэнка хрысціянскі”. Само жыццё Шаўчэнкі — узор хрысціянскага пакутніцтва. У ягоных творах маем безліч біблейскіх матываў, вобразаў ды алюзіяў (Біблія наагул была яго ўлюбёнаю кнігай, да якой ён заўсёды звяртаўся). Шаўчэнка — творца пэўнай паслядоўнай й цэльнай этычнай сістэмы, сутнасць якой — у няўхільным сцвярджэнні праўды, дабра, любові да ўсіх і ўсяго, а найперш — да слабых і прыгнечаных; сістэмы, у аснове сваёй глыбока хрысціянскай. Своеасаблівасць Шаўчэнкавага хрысціянства — і гэтай праўды не ўтаіць — у тым, што ён быў у канфлікце з афіцыйнымі цэрквамі й царкоўнікамі, паступова ў сваёй веры рухаючыся ў бок персаналісцкага пратэстантызму.

“Шаўчэнка атэістычны”. Нелюбоў і нават рэзкае непрыняццё Шаўчэнкам усяго, што звязана з царквой і царкоўнікамі, відавочная ў яго тэкстах. Ксяндзы, папы, манахі грубыя, рытуальная атрыбутыка выклікаюць у яго сталую ідэасінкразію. У царкве мы яго ніколі не бачылі, згадвае адна з сучасніц. Пра праваслаўна-візантыйскі абрад ён запісвае ў сваім “Дзённіку” “…цалкам нешта чужое й далёкае, нейкі Тыбет ці Японія”. Не варта рабіць з яго абраз, бо акурат абразамі ён заклікаў у печы паліць, а парфіры дзерці на анучы. Але рэч не толькі ў нецярпімасці да абрадаў і папоўства як грамадскай структуры. На ўзроўні чыстых ідэяў ён таксама выяўляе свой пратэст, пішучы, што дзеля Ўкраіны ён здольны праклясці й самога Бога (узмацненне “Шаўчэнкі нацыяналістычнага”).

А таму ён не атэістычны, запярэчваюць іншыя. Ён багаборніцкі. Гэта розныя паняцці.

“Шаўчэнка дысідэнцкі”. Прыклад Шаўчэнкі — гэта прыклад індывідуальнай барацьбы самотнага ідэаліста з таталітарным рэжымам. Шаўчэнкаў этас — гэта, уласна кажучы, этас супрацьстаяння чалавека чамусьці значна большаму, магутнейшаму, дэперсаніфікаванаму, нейкай гіганцкай машынерыі прыгнёту. “Шаўчэнка — нашая песня пратэсту”, — сфармуляваў паэт-дысідэнт Ігар Калінец у 1972 годзе, калі першая хваля арыштаў ужо істотна прарэдзіла ўкраінскія інтэлектуальныя асяродкі ў Кіеве, Львове, Станіславе, Чарнаўцах, Адэсе й іншых цэнтрах супраціву.

“Шаўчэнка анархічны”. Перш за ўсё ён быў вольным чалавекам, са­праўдным багемным гулякам, мачымордаю, душою таварыства, не апошнім выпівохам і наведнікам бардэляў. Яго нецярпімасць да ўмоўнасцяў (станавых, маральных, рытуальных) не мае межаў. Час ад часу ён проста шакуе навакольных сваёй стыхійнасцю й непрадказальнасцю. Адсюль — яго частыя бунты, але ў іх нельга ўгледзець ніякай палітычнай запраграмаванасці, ён свядома апалітычны. Ва ўспамінах пра Шаўчэнку занатаваныя яго выказванні пра тое, што “ўсякая палітыка амаральная, з палітычных меркаванняў рабіліся й робяцца ўсе няпраўды, і з іх вынікаюць усе нягоды плямёнаў і народаў, а таму тая дзяржава найлепшая, якая не мае ніякай палітыкі”. “У нашыя дні Шаўчэнка быў бы нейкім рэперам”, — сказаў нядаўна мой прыяцель рок-музыкант. “А ў васьмідзесятыя — панкам”, — дадаў іншы.

Цікава, што радыкальныя змены ва ўкраінскай гісторыі, звязаныя з набыццём незалежнасці і ўсталяваннем уласнай дзяржаўнасці, час ад часу нараджаюць досыць неспадзяваных гібрыдызаваных малых шаўчэнкаў. Адной з такіх неспадзяванак 1999 году стаўся перадвыбарны альянс чатырох уплывовых палітыкаў, з вялікаю помпаю прагалошаны на Шаўчэнкавай гары ў Каневе й такім чынам быццам легітымізаваны ў вачах усяго (левага, правага й ніякага) украінства. Альянс гэты ад пачатку атрымаў назву “канеўская чацвёрка” й мэтаю сваёю ставіў перадусім адхіленне ад улады дзейнага прэзідэнта падчас выбараў. Хімерная постаць нацыянал-камуністычна-дзяржаўніцкага Шаўчэнкі як своеасаблівага духоўнага патрона альянсу павінна была служыць аб’яднаўчым чыннікам для ўкраінскіх выбарцаў. Адзіны кандыдат ад “чацвёркі” меўся сабраць больш галасоў, чым дзейны прэзідэнт. Усё скончылася цалкам шчасліва для апошняга — як сапраўдныя ўкраінцы й праўдзівыя Тарасовы дзеці, “каняўчане” так і не дамовіліся пра адзінага кандыдата. Такім чынам, здаецца, у чарговы раз перамог Шаўчэнка анар­хічны.

3. Палякі

Як аўтар “Гайдамакаў” (і, здаецца, толькі іх) Шаўчэнка на пэўным жыццёвым і творчым этапе можа лічыцца постаццю, досыць складанаю для гісторыі ўкраінска-польскіх паразуменняў і — адпаведна — непаразуменняў. Хаця ўжо нават ва ўласнай “Прадмове” да гэтай паэмы (1841 г.) малады на той час аўтар быццам просіць прабачэння перад тымі з чытачоў, у прыватнасці, польскіх, якія могуць нядобра зразумець яго намеры: “Весела паглядзець на сляпога кабзара, як ён сядзіць сабе з хлопцам, сляпы, пад тынам, і весела паслухаць яго, як ён заспявае думу пра тое, што дзеялася даўно, як ходаліся ляхі з казакамі; весела... а ўсё-такі скажаш: “Дзякуй Богу, што мінула”, — а асабліва, калі згадаеш, што мы адной маткі дзеці, што ўсе мы славяне. Сэрца баліць, а расказваць трэба: няхай бачаць сыны і ўнукі, што бацькі іх памыляліся, няхай братаюцца зноў з сваімі ворагамі”.

Заўвага Шаўчэнкі тычыцца абодвух бакоў — памыляліся (як ён гэта стрымана называе) усе. Нашая гісторыя — наш супольны грэх.

Шаўчэнка з’явіўся на свет і рос у той асаблівай культурнай прасторы, дзе яшчэ моцна адчувальнымі былі пэўныя фрагменты, ці то хутчэй аскепкі, старой Рэчы Паспалітай — прысутнасць польскага чынніка ў ментальнасці, мове, напластаваннях традыцыяў, архітэктурным ландшафце была выразнаю й відавочнаю. Юнаком, суправаджаючы свайго пана, ён таксама пэўны час пражыў у Варшаве, дзе стаў сведкам польскай рэвалюцыі (паўстанцы, дарэчы, выгналі з Варшавы ўсіх “расейцаў”, і такім чынам Шаўчэнка змушаны быў працягнуць вандроўку следам за сваім панам, разам з усімі ягонымі чаляднікамі). Неўзабаве ў Вільні ён, здаецца, меў нешта накшталт флірту з трошкі старэйшай за яго польскаю дзяўчынай (паводле іншых версіяў, маладой жанчынай). Палякі наагул трапляліся й спадарожнічалі яму цягам усяго яго жыцця: нейкія студэнты, шляхцічы, афіцэры, цкаваныя царызмам дысідэнты. Акурат студэнт-паляк быў адзіны, хто трапіў пад арышт за сваю экстрэмальную прамову (польскаю моваю) на пахаванні Шаўчэнкі ў Пецярбургу.

Польская культура, перадусім тагачасная найноўшая, увесь час яго прыцягвала. Дарэчы, польская мова была трэцяю сярод тых, якімі ён валодаў. Вось жа, Міцкевіча, якім стала захапляўся, як і Залескага альбо гісторыка Лялевеля ён мог чытаць у арыгінале. Міцкевіча, як сведчаць прыяцелі ва ўспамінах, ён намагаўся перакладаць, але не ішло — мяркую, што пера­шкаджала сілабіка, — ён ірваў напісанае на драбнюсенькія шматочкі, сабраць іх і ўпарадкаваць не здолелі нават сведкі гэтых балесных патугаў.

Сваю канцэнтраваную візію ўкраінска-польскага сужыцця Шаўчэнка ўклаў у трыццаць два радкі верша з вельмі красамоўнай назвай “Палякам” (яго часам называюць па першым радку “Калі былі мы казакамі…”). Пачаты ў 1847 годзе ў Орскай цвердзі, ён ператрываў найцяжэйшыя для паэта гады (цэлых адзінаццаць!) ў нейкіх захаляўных таямнічых нататніках. Толькі ў 1858 годзе, ужо вяртаючыся з войска, Шаўчэнка дапісаў да яго васьмірадковую страфу й такім чынам яго завершыў.

Паводле зместу гэты верш фактычна падзяляецца на тры часткі. Першая з іх — цалкам ідылічная версія нейкага даўно мінулага залатога веку, калі ўкраінцы “яшчэ былі казакамі” й “браталіся з вольнымі ляхамі”, а зямля была суцэльным садам і “там-то весела жылося!” Аднойчы гэтаму настаў канец (пачатак другой часткі): “Аж покуль іменем Хрыста // Прыйшлі ксяндзы і запалілі // Наш ціхі рай”. Вось жа, метафізічнае й гістарычнае зло акрэсленае — каталіцкая царква, інакш кажучы, рэлігійная экспансія з Захаду. Уся другая частка — гэта лаканічнае й ад гэтага яшчэ больш экспрэсіўнае апісанне пекла, у якое ператвараецца Ўкраіна (як досыць часта ў Шаўчэнка, “мора слёзаў і крыві”, галава, што падае за галавою, стогн, плач, катаванні). І зноў ксёндз, які “шалёным языком” паўтарае “Te Deum! Алілуя!”, бласлаўляючы кожнае забойства і ўсякі гвалт.

Усё на месцы. Гэта — насамрэч Шаўчэнкава светабачанне (пра яго нейкую аж арганічную агіду да царквы ды яе служкаў я ўжо казаў). Адзін з найбольш заблытаных гістарычных вузлоў Усходняй Еўропы рассякаецца по-шаўчэнкаўску энергічна й шчыра: ёсць канкрэтнае зло, ёсць вінаватыя, ён бачыць іх і можа назваць.

Праз адзінаццаць гадоў, дапісваючы гэты верш (фактычна трэцюю яго частку), Шаўчэнка не мяняе акцэнту свайго абвінавачання. Не дапускае ніякай рэвізіі. Звяртаючыся да ўяўнага польскага прыяцеля (“ляша, дружа, браце”), ён называе тую самую прычыну знішчэння колішняга супольнага раю — “ксяндзы ненасытныя, магнаты // разрознілі нас, развялі”. Але ў апошніх чатырох радках запрашае да аднаўлення залатога веку (і нават не без хрысціянскага паклону): “Не грэбуй сэрцам казаковым, // Сваю руку яму падай! // І разам іменем Хрыстовым // Адновім зноў наш ціхі рай”.

Мне сёння досыць цяжка адказаць, наколькі гэты верш мірыць, а наколькі наадварот. І гэтак ёсць. Бо такі ўжо ён, Шаўчэнка.

4. Слава свету

Шаўчэнка прагнуў славы — як усе геніяльныя нарцысы, ён мусіў падсілкоўвацца ёю для далейшага росквіту. У 1849-м годзе, ізноў-такі ў высылцы, на востраве Косарал, у Каспійскім моры, ён у роспачы піша верш, у якім фармулюе сваі прэтэнзіі да ўкраінскае грамады: “Ужо мінае год дзесяты, // Як даў людзям я “Кабзара”, // А ім — бы рот зашылі каты: // Ніхто й не цяўкне, не гукне, // Нібыта й не было мяне”. Пры ўсёй відавочнасці перабольшвання паэтам гэтай драмы (ці ж яму, з ягонаю харызмай, наракаць?!), звяртае на сябе ўвагу іншае — з усіх катаванняў, якія магло б несці яму жыццё, найцяжэйшымі былі невядомасць, забыццё, маўчанне, цішыня, параж­неча.

На шчасце, так не сталася.

Са школьных гадоў усе ўкраінцы чуюць пра сусветную славу нашага Вя­лікага Кабзара. Пра тое, што яго творы перакладзеныя на сотні моваў (і за­звычай блага перакладзеныя, дадам я). Пра тое, што помнікі яму ёсць па ўсім свеце (Парыж, Рым, Лондан, Вашынгтон, Нью-Йорк, Ванкувер, Вініпег, Буэнас-Айрэс, гэты пералік можна доўжыць яшчэ доўга), і варта нават дапусціць, што Шаўчэнка — абсалютны чэмпіён свету сярод паэтаў па колькасці помнікаў. Ніякі Дантэ альбо Шэкспір не зраўнуецца з ім па масе спіжу, медзі, мармуру, граніту, жалезабетону. Украінскія грамады ўсяго свету звычайна збіралі сродкі перадусім на помнікі Шаўчэнку, гэта было сведчаннем іхняй легімітызаванай, што праўда, ва ўласных жа вачах, прысутнасці ў той ці іншай мясцовасці, іхняга самасцвярджэння, гэта заўсёды было — і дагэтуль застаецца — збольшага рытуальнаю й унутрыўкраінскаю акцыяй.

Але сапраўдная Шаўчэнкава слава прыходзіць знянацку й выяўл е сябе асаблівым, шаўчэнкаўскім, спосабам.

Неяк ў Нью-Ёрку я атрымаў запрашэнне выступіць у начной кавярні з камбінаванаю назваю Nuyorican. Гэтае злучэнне шмат пра што гаворыць — кавярня знаходзіцца ў адным з пуэрта-рыканскіх кварталаў Іст Вілідж. За­прашэнне было падпісанае чалавекам з імем Кійт Роўч. Як мне неўзабаве растлумачылі, слэнгавае roach па-нашаму — не што іншае, як касяк.

Паэтычныя чытанні ў Nuyorican Poets Cafе адбываюцца штопятніцы ўночы — пачатак недзе так каля адзінаццатай і прыблізна да другой-трэцяй. Вы падыходзіце да металёвых, паабпісаных спрэямі дзвярэй, якія заўсёдна пільнуе, пахістваючыся, такі сабе волатаўскі сівагаловы Uncle Joe, даяце яму пяцёрку за ўваход (за паэзію?) — і апынаецеся ў цёмным, але страшэнна шумным і каляровым ад людзей памяшканні, ледзь прапіхваецеся паўз стойку бара, прадзіраецеся праз дымавыя заслоны, перад вамі невялічкая зала, столікі ўжо ўсе, як у нас кажуць, забітыя, публіка размяшчаецца на падлозе, на балконе, недзе яшчэ каля сценаў, нехта ўжо свішча й пляскае, над усім гэтым грыміць музыка, нейкае рэгі, альбо фанк, альбо рэп...

Я ніколі не забуду гэтай атмасферы — дзесяткі твараў, дзесяткі адценняў скуры, уся планета, сэрца Нью-Ёрку, нечуваная свабода, здабытая нарэшце гэтымі нашчадкамі рабоў. У Нью-Ёрку не варта хадзіць у музеі — якія там музеі! — проста ездзіш у метро ці ходзіш па вуліцах і глядзіш на людзей, на гэтую неймаверную этнічную мешаніну, на дзіўныя адзежу, прычоскі, бразготкі, татуіроўкі, услухваешся ў гэтыя іспана-англа-кітайскія мовы й пачынаеш нарэшце адчуваць, які сэнс нясе ў сабе біблейская міфалагема Вавілону...

Я ніколі не забуду з’яўленне на подыуме агульнага ўлюбёнца Кійта Роўча з нязменным касяком у кутку вуснаў — яго канферансы мусілі быць асабліва дасціпнымі, хаця я амаль нічога не разумею па-гарлемску, як і па-ямайску, але калі ён вымавіў “бубабу” — быццам старое афрыканскае заклінанне, я зразумеў, што надыходзіць мая чарга...

Я ніколі не забуду й сапраўдных заклінанняў — харызматычны й, быццам баскетбольная зорка, доўгі чорны паэт чытаў — не, прапаведаваў! — нейкія рэвалюцыйныя строфы, а публіка ў адзін голас паўтарала за ім баявы й, напэўна, святарны рэфрэн, нешта накшталт “ом, ша-лак, ша-лак!”...

Я ніколі не забуду, як у мяне падгіналіся калені й перасыхала ў роце. Я ж ужо не пачатковец на публіцы, што значыць для мяне гэтае трымценне, гэты параліч? Бо сітуацыя была як пятнаццаць гадоў таму: цябе тут не ведаюць, ніякага патурання не будзе, ты тут чужы, так, чужы, паказвай, чаго ты наагул варты й што ты тут згубіў сярод нас...

Першы кантакт з мікрафонам амаль што ўсё ставіць на свае месцы. Цябе слухаюць з надзвычайнай уважлівасцю, усе яны вельмі прыгожыя, сапраўдныя каляровыя кветкі зямлі. Я прапанаваў ім “Казака Ямайку”, аўтар перакладу Віталь Чарнецкі зрабіў, здаецца, дасканалую ангельскую версію, з якой я, між іншага, даведаўся, што нашае слова сівуха трэба перакладаць як moonshine, то бок “ззянне месяца”. Хаця найбольшы поспех у публікі меў радок “няўжо ж калі ты еўропа то ўжо не ёсць чалавекам” — тут ім нарэшце стала зразумела: агу, гэтая Ўкраіна — гэта таксама нейкая такая нядаўняя калонія, гэта таксама рабства, плантацыі, посвіст бізуноў, павольныя працяглыя песні, гэта таксама ўцёклыя рабы, што ніяк не выбрыдуць на волю...

Потым, калі я ўжо піў з рыльца сваё трэцяе піва (мне шторазу нехта купляў новае піва й дзякаваў), мяне паклікалі да тутэйшага патрыярха. Старэзны сівы пуэртарыканец, кароль паэтаў, заснавальнік і патрон кавярні Nuyorican, з усіх бакоў аточаны маладзенькімі багемнымі мулаткамі, ашчэрыўся ўсімі сваімі зжаўцелымі ад цыгарнага дыму зубамі й сказаў мне нешта такое, ад чаго я ў момант працверазеў.

“Listen, — вымавіў ён усёю шырынёй сваёй экватарыяльнай усмешкі, — Taras Shevchenko is my favorite poet! And I also know yob tvayu mat’!”

Ён хацеў паведаміць мне дзве прыемныя рэчы — i паведаміў іх.

Слава табе, бацька наш Тарасе, думаў я, агаломшаны. Ты вечна стаіш над намі й глядзіш на ўсіх нас згары.

Пераклала з украінскай Марына Шода паводле аўтарскага тэксту


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Shevchenko is OK


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.