Турэмны дзёньнiк: ад Усьпеньня да Калядаў

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Турэмны дзёньнiк: ад Усьпеньня да Калядаў. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-26

АВТОР: Славамiр Адамовiч

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №1 2000 ГОД



Славамiр Адамовiч (нар. 1962) — паэт-„правакатар", стваральнiк арганiзацыi „Правы Рэванш". Першы палiтычны вязень рэжыму Лукашэнкi. 10 месяцаў (4.04.96-7.02.97) правёў у турме за верш „Забi прэзыдэнта". У большасьцi сваiх твораў Адамовiч выступае як тонкi лiрык i мэтафарыст, асноўныя тэмы вершаў — каханьне, вайна, Бацькаўшчына; характар паэзii экспрэсiўны, напорысты i адначасова прадметны, рэалiстычны; проза лiрычная, часта правакацыйная. У 1997 годзе на мiтынгу ў абарону свабоды слова ў знак пратэсту супраць палiтыкi ўладаў публiчна зашыў сабе рот. Апошняя кнiга Славамiра Адамовiча „Плавiльшчыкi расы" выйшла ў сэрыi „Вострая брама" выдавецтва „Наша Нiва" (1999). Тут мы падаем урывак зь ягонага турэмнага дзёньнiка, якi мае выйсьцi асобнай кнiгай.
У рубрыцы „Хронiка" зьмяшчаюцца ўспамiны i дзёньнiкi вязьняў сумленьня. У папярэднiх нумарах у гэтай рубрыцы выступалi Павал Севярынец, Андрэй Мельнiкаў, Уладзімер Плешчанка, Эва Кантуркава, Зьмiцер Гарбуноў. Да наступнага нумару рыхтуем да публiкацыi згадкi Аляксея Шыдлоўскага пра ягонае паўтарагадовае зьняволеньне.

Частка II. Вiцебскi цэнтрал

14 жнiўня (серада).

Позны вечар у сьледчым iзалятары г. Вiцебску. Заехаў учора на белай „Волзе“ начальнiка сьледчага iзалятара КДБ. Этапавалi ўчатырох. Два на заднiм седале: у левага аўтамат з укарочаным ствалом, астатнiя зь пiсталетамi „Макарава“. Спынялiся па дарозе разы два — па малой патрэбе. Быў гарачы сонечны дзень 13 жнiўня. Кожны раз, выходзячы з тачкi, я браў рукi назад. Вертухаi прасiлi апусьцiць рукі, але я не рызыкаваў, бо хто iх ведае, вертухаяў. Стрэляць у сьпiну, а потым скажуць: пры спробе ўцёкаў.

I вось — Вiцебск. Аказалася, што менскiя дэбэшнiкi ня ведаюць, на якой вулiцы зьмешчаны будынак абласнога УКДБ. Нарэшце дарогу паказвае чалавек у вайсковай форме...

Загрузiлi ў камэру 60 (шэсьць нуль). Гэта малалетка, з дарослых я — пяты. Сядзiць сем непаўналетнiх. Сёньня зайшоў восьмы. Самаму меншаму — 14. Яшчэ тыя урвiсы. Вечарам адна праблема: як схадзiць на дальняк. Першая ноч — на другiм паверсе нараў, альбо шконкi. Ноччу слухаю казку пра каханьне зэка й зэчкi. Шоргат маляваў з камэры ў камэру праз рэшку. 61 — хата сухотнiкаў (тубiкаў), адкрытая форма. Iм даюць малако, тварог, нешта з садавiны-гароднiны. „Адзiн восем“, — крычыць жанчына, выклiкаючы на размову свайго мужчыну. Усяго ў нашай камэры 13 чалавек. Самы старэйшы мае 36 гадоў. Восьмы малалетка, якi заехаў сёньня этапам зь Менску, мае цэлы букет артыкулаў: разбой, згвалтаваньне, крадзёж ды iншае. Згадваю сваё маленства: часта брутальнае, галоднае, картовае, найсмачнейшы гасьцiнец — калi бацька прынясе з работы сайку белага хлеба ды бутэльку „дзюшэсу“. Яснае было дзяцiнства, прыгожае, плённае, таму i раблю я сёньня тое, што раблю.

16 жнiўня, пятнiца.

Ня спалi да познага — ладзiлi дарогi. Пасылаў вестку ў пяць сем — не адказалi. Перадача ад мацi. Лазьня. Канфлiкт з-за картаў. Санiтарна-эпiдэмiялягiчная праверка, прадстаўнiкi прэс-службы МУС. Начальнiк iзалятару спытаў, цi ня я гэта зь Менску.

У Вiцебскiм цэнтрале (сьледчай турме) чаляцца дзьве тысячы чалавек, 121 камэра.

17 жнiўня, субота.

УЖ 15/iз 2. 11 гадзiн дня. Адзiн малалетка сядзiць на парашы й дымiць самакруткай, другi ў тазiку мые свае лахманы. Бальшыня ўпавалачку сьпiць. Ноччу чатырнаццацiгадовае хлапчанё, якому далi мяно Чосiк, поўзаў па мне, як прусак, — сьцялiў дарогi ў суседнiя камэры.

20 жнiўня.

Заўтра — круглы стол палiтычных партыяў. Але мне што з таго? Няма той партыi, якая задавальняла б маiм патрэбам i падыходам. Калi толькi выйду — займуся рэарганiзацыяй сваёй праварадыкальнай групы. Няхай паступова, кропля за кропляй, але Арганiзацыя будзе! Арганiзацыя з выразна прапiсанымi правiламi гульнi, дысцыплiнай i матэрыяльна-фiнансавым грунтам.

...Чосiк сядзiць на рэшцы i дзiвiцца, як маленькiя чырвоныя мурашы распраўляюцца з матылём. Малому хочацца падзялiцца ўражаньнямi, але няма з кiм, нiхто не адгукаецца на яго поклiчы.

Сьнiўся сон, што Лукашэнка iграе ролю ў нейкiм спэктаклi: з указкай у руцэ i надта худы. Бачу яго, праходзячы за кулiсамi.

22 жнiўня, чацьвер.

Учора размаўляў з выхавальнiкам Керзавым, перадаў яму некалькi нумароў „Нашай Нiвы“ i „Свабоды“.

Сёньня была мацi, дабiлася ў судзьдзi спатканьня са мною. Нехта Голуб зь ёю гаварыў вельмi нядобра.

Мароз Юра выстаўляе пiкеты дзеля маёй абароны, за што яго i б’юць ублюдкi ў цывiльным. 27 лiпеня мацi была на мiтынгу, дзе ад яе iмя выступалi (сама яна хвалявалася i не магла гаварыць) i зьбiралi грошы. Пасьля спатканьня зайшла i перадачка-дбчка: вiнаград, яблыкi, чай i 4 пачкi цыгарэтаў зь фiльтрам. Газэтаў не прапусьцiлi. Турэмшчыкi чакаюць дня, калi на сэсii Вярхоўнага Савету будзе разглядацца пытаньне пра пэнсiйнае забесьпячэньне работнiкаў МУС. Пытаньне ўнесена пунктам трынаццатым. Прозьвiшча судзьдзi, якi дазволiў мацi сустрэчу са мною — Даўлюд.

Ноч. Гукi гораду. У нашых казэматах — духата i разборкi.

24-га, субота.

Позны вечар. Баландзёры шумяць. Перад вячэрай — прагулка. Халаднавата. У камэры вэрхал, малалеткi шчэмяць адно аднаго. N сёньня прасiў закурыць. Ходзiць у адных трусах ды чэша муды. Днём заехаў „баскетбалiст“, рост 2 мэтры 01 см. Каб трапiць на бальнiчку, бедалага праглынуў цьвiк.

Спадзяюся днi праз тры атрымаць абвiнаваўчае заключэньне.

Вiцебскi цэнтрал

Здаецца, нядоўгай была дарога
з 62-га ў 96-ы,
а зьведаў на ёй i д’ябла, i Бога,
i доўгiя-доўгiя днi посту.
Было! Пры сьвечцы чытаў Якуба,
i нешта з Луцкевiча, i з Максiма,
i п’яны прыходзiў з калгаснага клубу,
i думаў жыцьцё закрыць, як Мiсiма.
Было, што зь людзьмi быў шчыры празь меру,
а людзi думалi, што манюка,
i дзеля сьмеху лупiлi ў цэру
альбо проста ў сэрца левым хукам.
Было! Любiў чужых i няцэлых
жанчын, што потым кiдалi мяне.
Было: аддаваў i душу, i цела,
i рэдка на просьбы адказваў „не“.
Было, што пiў з крынiц i балотаў,
i з кветак сьпелых вiтальны сок,
з падонкамi пiў i з бруднай галотай,
пiў там, дзе сьветла, а больш — дзе змрок.

26 жнiўня, панядзелак.

Хата пяць дзевяць — жанчыны — вярнулася з прагулкi. Чуваць, як рыпяць шконкi. Турэмныя панi залазяць у свае бярлогi, ёрзаючы нясьвежымi срачкамi па цяжкiх камэральных матрацах. Матрас, матрас, дай хоць раз, — кажуць у такiх выпадках як мужыкi, так i бабы. Некалi шэсьць нуль таксама была пад жанчынамi: у нас драўляная падлога i матрацы ў мэнструальнай крывi.

А пятай ранiцы схапiў жывот. Панос. Пакутую да абеду. Камэра пайшла на двор, а я — на дальняк. Адзiная магчымасьць застацца аднаму — не пайсьцi на прагулку, завiснуўшы на парашы.

Жанчыну хочацца — хоць самую апошнюю. Халаднее, ужо ня так душна ў камэры. Панядзелак — генпрыборка. Мыем падлогу, „лебедзя“ — урыльнiк. Каб зараз дадому, шчакой прыхiнуцца да кары дубоў маiх, бярозаў, сасонак! Удыхнуць паветра ляснога, выйсьцi па грыбы, павалiцца ў мох аксамiтны, у iглiцу. I прайшлi б тады мае хваробы... Да „опера“ запiсваюся шосты дзень, каб празь яго паспрабаваць адправiць лiсты на волю.

Вечар. Пяць восем дала на суткi тэлевiзар, а мы ёй — цывiльняк (цыгарэты). Зайшоў старлей, начальнiк апэратыўнай часткi. Размовы не адбылося, лiсты адправiць нельга. Начальства адмоўчваецца наконт пiсаных i няпiсаных правiлаў сваёй турмы. Самi, маўляў, кумекайце.

Генадзь Пракопавiч Керзаў — выхавальнiк малалеткi. Кажа, што пры iм тут ужо сядзеў адзiн палiтычны. Гэта Мiхал Кукабака, якога потым этапавалi некуды ў Расею.

29 жнiўня, чацьвер.

Пакуль мы паласкалiся ў душы, у камэры нашай зрабiлi шмон. Добра, што дзёньнiк я ўзяў з сабой. На прагулцы перагаворваўся з Натальляй зь пяць сем. Сядзiць па 91-й. Зайшлi „СБ“ i „ЗЮ“. А вечарам яшчэ адзiн шмон. Вывелi на прадол, тварам да сьцяны, рукi назад. Да Валiка, былога спэцназаўца, прычапiўся мент. Ледзь не пабiлiся. Усе нашы транты вывернулi на абшчак i залiлi вадой.

2 верасьня, панядзелак.

У школах сьвяточная лiнейка, чысьценькiя дзеткi, белыя каўнерыкi, фартушкi. Але ня ўсе яны скончаць школу, бо некага ўжо чакае камэра 60. Баранi iх, божа, ад гэтай крывое сьцежкi!

Зайшла дачка, пахне яблыкамi i свабодай. Сяброўка Валя аказалася Iрынай. Зь ёю яшчэ чалавек шэсьць перапiсваецца. Сядзiць за забойства мужа. Вечарам атрымалi суботнiя газэты. У „СБ“ — праект прэзыдэнцкай канстытуцыi. Былы спэцназ Гуртавы нарэшце прызнаўся, што не падабаецца яму беларуская мова.

Надругательство над государственным флагом

Неизвестный злоумышленник снял государственный флаг Беларуси со здания Дерновичского сельсовета Верхнедвинского района и на его место повесил бело-красно-белое полотнище. Государственный флаг оказался сожжённым у здания сельсовета в деревне Дерновичи, а на двери строения был оставлен лист бумаги с не шибко грамотной надписью: „Кто снимет флаг, тот будет убит до третьего колена“. Для установления личности преступника на место происшествия выехала оперативная группа специалистов УВД и КГБ из областного центра.

„СБ“, серада, 28 жнiўня 1996 году.



5 верасьня, чацьвер.

Атрымаў перадачу ад мамы. Яна ў судзе i дабiваецца сустрэчы са мною. Але спатканьня не дадуць, калi справа сапраўды адпраўлена на дасьледку.

6 верасьня.

Спатканьне з мацi ўчора ўсё ж адбылося. Родная распавяла мне, што на Юрася Мароза напалi, калi ён стаяў у пiкеце, патрабуючы вызвалiць мяне. Цяпер хлопец ляжыць у адным зь менскiх шпiталяў (страсеньне галавы).

7 верасьня, субота.

Ноччу i днём дождж, але цёпла. Малалеткi падрэзалi чырвоны стрыжань. Пiшу чорным.

Канчаецца лета. Яблычны спас.
Пра Афрыку мараць птушкi.
Ах, як жа на волi прыгожа ў вас!
Ах, як жа за кратамi скрушна.
У вас там кажуць пра новы стыль
(„Прадай Радзiму“ назвалi).
А мы тут гнiём, як падвальная цьвiль,
як брудная пена хвалi.
У вас там нардэпы iдуць у бой
з „усенароднаабраным“,
а мы тут штодня становiмся ў строй,
штодня залiзваем раны.
Мы тут прырастаем грудзьмi да нар,
мы тут зацiхаем дачасу,
а ноччу смакуем чыфiрны ўзвар
усёй арыштанцкай расай.
На волi ў гародчыках астры i кмен,
нясьпелы агонь калiны,
а ў нас на прадоле нахабны мент
пагардлiва цыркае сьлiнай.
Яму дазволена, ён „круты“,
цяпер ён сiла i права,
а нам застаецца — грудзьмi на драты,
худым аблiччам у гравiй.
А нам застаецца нiчога i ўсё —
турэмная вош i Радзiма,
i наша нянавiсьць, зь якой мы расьцём
насустрач рэжыму.

8-га, нядзеля.

Сон сьнiўся, быццам сяку я сякерай нейкага адстаўнога маёра. Сон каляровы. Потым замятаю сьляды, многа крывi на адзеньнi, якое я кiдаю ў сьметнiцу. Урэшце мая ахвяра даруе мне.

Па абедзе на дальняку сыходзiў крывёю: цi то страўнiк, цi то гемарой, хай бы яго халера!

Жанчыны

Ноч. Жанчыны заслалi файную плексiглясавую асадку. Пацаны адпiсалi дзяўчатам пра мяне.

Складана пiсаць пра жанчын-арыштантак. Яшчэ цяжэй чуць iхныя галасы днём i ноччу, iх любоўныя сьпевы. Невыносна ведаць, што ў хаце пяць дзевяць шконка рыпiць пад 33-гадовай Iрынай-душагубкай. Як i ты, яна сыходзiць жаданьнем, яна прагне хоць крышку любовi i пяшчоты. Зь Iркай-палiцайкай мы крыху пiшамся — абменьваемся малявамi. З Наташкай зь пяць сем перагаворваемся на прагулцы праз кабуру. Галасок у Наташкi, што хоць памры. I шыюць ёй 91-ю. У пяць адзiн сядзiць яе бацька, i кожны дзень яны перагаворваюцца-перакрыкваюцца праз рэшку-вакно. У гэты момант наша малалетка зацiхае i ўслухоўваецца ў голас Наты. Я думаю, чаму гэта ня голас маёй дачкi там, на волi.

Адзiнаццатага, серада.

Наблiжаюцца халады. Чую пра гомельскую школу кiлераў (забойства мiлiцыянэраў), пра бабруйскую групоўку, якая робiць наезды на маскоўскiя рынкi. Ноччу Геша з шэсьць чатыры заклiкаў братву навесьцi ў турме закон: каб абшчак i дарогi не прабiвалiся пэрсаналам, каб у Беларусi братвой кiравалi свае, а не маскоўскiя. Крычаў праз рэшку на ўсю турму. Ранiцай далi рэдкую пшонку бяз чаю. Чакаем пракурорскай праверкi, якая, што праўда, нiчога ня дасьць. Толькi свабода! Беларусь альбо сьмерць — вось наша паэзiя!

22 верасьня, нядзеля.

З камэры 58 загналi тэлевiзар, глядзелi фiльм „Невiнаваты“ — пра мiлiцыю.

Восень халодная (- 40). Палiцайка ня пiша за любоў. Калi суд? Няўжо не асуджуся да рэфэрэндуму? Прырэзаць бы якую суку!..

24 верасьня 1996 году.

Рэдкая гарохавая каша. Сутычка з вывадным у санчасьцi, хоць я не даваў нiякiх падставаў. Апэратыўнiк Лазуркiн закiнуў да нас сматрашчага па корпусе Астапа, якi нам разганяў рамсы на прадмет узаемадачыненьняў з малалеткамi.

Мэдагляд паказаў, што ў нас „востры гастрыт“. Абяцаюць паставiць на дыетпаёк. Буду пiць дэ-нол, лекi ад гастрыту.

26 верасьня (чацьвер).

Ноччу малыя iнтэнсыўна працавалi на дарогах. Потым злавiлi ў цэляфанавы пакет мыш, пагулялiся зь ёй ды адпусьцiлi. Любяць малалеткi жывое — акрамя сабе падобных.

На наступны дзень. Стаматоляг заплямбаваў мне зубiк. Кажа, што нехта зь яму знаёмых цiкавiцца маiм лёсам. Круглая ў дантыста мордачка, маладзенькая i, здаецца, нахабная. Усё выклiкаў на размову, а калi я загаварыў па-беларуску, то запатрабаваў гаварыць да яго па-расейску. Ох, i карцела ж мне засадзiць у доктарскiя бельмы сталёвы манiпулятар бормашыны!

Вечарам заехаў новенькi, 201-ы артыкул. Здаровы, загарэлы, забралi проста з поля, на якiм бульбу капаў разам з бацькамi. А Дзiму-баксёра нагналi — адпусьцiлi дамоў.

П’ю дэ-нол, але ня лепшае. Цывiльныя прадукты скончылiся. Няўжо, блiн, засудзяць?

28 верасьня, субота.

Позна вечарам заехаў малалетка Алег Туронак. Рухавы. Бываў у Друi, што нагадала мне Галiну, ейную сакавiтую чорт ведае як назваць штучку. Ноччу быў кiпеж: з камэры 58 пацан ламаўся з крыкам „Адпусьцiце мяне дамоў!“ Урэшце закiнулi яго ў рэзiнку, дзе ён спачатку крычаў немым крыкам, а потым зацiх, зьбiты. I стала так сумна-сумна...

Холадна. Баландзёрскiм чаем вымываем з кашы тэхнiчны тлушч, зь якога нiякага толку, бо не засвойваецца. Ад гэтага клятага тлушчу пякотка страўнiк рэжа без нажа.

4 кастрычнiка (пятнiца).

Позны вечар. Прыгнобленасьць, злосьць, нянавiсьць. Сёньня роўна 6 месяцаў з дня майго ўвязьненьня. Паўгоду за кратамi! За сваё, дзякуй богу, за Бацькаўшчыну, не за лiхое.

Пракурор запрасiў Стусу 12 гадоў. Страшна. Аддасьць лепшыя свае гады. Застаецца ў яго сын, жонка, хворая мацi, якой усяго 45 гадоў, якую пакiнуў бацька пяцiдзесяцi гадоў, пайшоўшы за маладой. Сёньня да прагулкi з Валянцiнам Г. курдыкалi пра палiтыку, мараль... Сэрца ў яго балiць. Жэню С. прывялi з суду са сьлязьмi на вачох. А такi быў вясёлы, пакуль была надзея. Судзяць жа яго па чатырох артыкулах за бандытызм.

6 кастрычнiка (нядзеля).

Iзноў дрэнна, лёгкiя болi ў жываце. Змрочна, iмжыць дождж. Сёньня ноччу камар не даваў спакою. Днямi клоп пагрыз шыю.

А дзявятай вечара заходзiў выхавальнiк Шульцаў, патрабаваў у пятнаццацiгадовага Андрэя Казлова з Талочына гаварыць „правiльно“ (Андрэй гаварыў па-беларуску).

Ем часнык (альбо чосьнiк), горкi перац, яблыкi. У камэрнай сям’i нас цяпер чатырох плюс новы — Бароха. Падумаць толькi, ягонае мацi ўсяго 36! Успамiнаю лета, сястрычку Сьвету, якая дапамагала мне перапраўляць на волю малявы. Тады напiсалiся гэтыя радкi:


Такая цiхая i сьцiплая,
на шыi крыжык залаты,
вяртаеш ты мяне, асiплага,
зноў да жыцьця i пекнаты.
Уколам, клiзмаю i грэлкамi,
i чысьцiнёю прасьцiны,
i броваў чорненькiмi стрэлкамi,
i непрысутнасьцю маны
вяртаеш ты мяне ў днi радасьцi,
мяне, прыкутага за верш,
вяртаеш з зоны бруднай стаднасьцi...

12 кастрычнiка.

Ноччу сьнiлiся цiкавыя сны. Першы сюжэт: мяне сустракаюць знаёмыя, бачу аксэсуары кбта, катуюць. Другi: я ў кампанii сваiх, Вячорка побач. Усе разам на нейкiм лятальным апараце мы падаем у вадаём, што i ўратоўвае нас ад сьмерцi… Пасьля сну настрой прыўзьняты. I цёплае, сонечнае надвор’е.

Ноч з 12 на 13 кастрычнiка. Гляджу фiльм „Мярцьвяк“. Пра амэрыканскага паэта Ўiльяма Блэйка. Пасьля фiльму — рок-канцэрт „Рок па вакацыях“. Камоцкая сьпявае: „Мая свабода — зь ветрам нязгода“. Камэра дрыхне.

14 кастрычнiка, панядзелак.

У „хаце“ генэральная прыборка. Васямнаццацiгадовы пацан Троль, як высьветлiлася, ня ведае, што была такая вайна — другая сусьветная. Гэта ўразiла, дальбог. На фоне такiх тролiкаў адчуваеш сябе старажытным эгiпецкiм жрацом-фараонам.

Днямi заехаў да нас „дзед“ зь Вiцебскай дэсантнай дывiзii — за дзедаўшчыну, вядома. Родам з Ваўкавыску. Цяпер будзе яму дзембель гады два ў дысбаце!

Зараз вось Ж.С. падсьмiхаецца зь беларускай мовы Алега Туронка, падла. Растуманiлi апошняга на добрую зiмовую шапку.

Гадзiн дзесяць ранiцы. Атрымаў перадачу: сала, сушкi, масла, 2 пачкi цыгарэтаў „Бонд“, сшыткi, асадку, швэдар. На прагулку выводзiў начальнiк рэжыму Захаравiч. Паабапал сьценаў прадолу — рэзэрвовая група ў масках i шлемах. Вiдаць, на волi неспакойна.

* * *

Iзноў кастрычнiк. Час пасадкi дрэваў.
На саджанцах раса дрыжыць,
а ты,
ты ўспамiнаеш падарожжа ў Крэва,
значэньня стратэгiчнага масты,
любiмы шлягер, iнтэрнат, свабоду,
турму, сабак, iржавыя драты,
супрацiўленьне мужных, слабых згоду,
неадэкватнасьць зла i дабраты;
ты ўспамiнаеш, як заходзiць сонца,
як на цэнтрал навальваецца змрок,
як з выменi каровiнага ў донца
струменем б’е антысухотны сок.
Ах, памяць, памяць! Файная ўласьцiвасьць,
яна табе ня дасьць асатанець,
яна сiлкуе годнасьць i гiдлiвасьць,
да усяго, што западло цярпець.
Ты ўспамiнаеш, як цьвiтуць вяргiнi,
Як лес шумiць, як асядае пыл
на жыта прыдарожнае, як гiне
блакiтны чмель у белай конскай грыве,
як баба ў лазьнi свой шаруе тыл;
ты ўспамiнаеш, як шманалi „хату“,
як ты ня стаў з рукамi на сьцяну,
як дапамог свайму блатному „брату“
жывот ускрыць, прачнуўшыся ад сну.

18 кастрычнiка, пятнiца.

Мэдсястра перадала два пакункi „Гексавiту“, але ня ведаю, ад каго. Дзякуй табе, добры чалавек!

Сьнiўся наш мастак Алесь Пушкiн. Другi сон: пясочнiца, у якой поўзаем мы, дарослыя. Чорт яго ведае, што такое! „Спэцназаўцы“ Жэнька ды Валiк вывесiлi камсу на прасушку. Будзе правясная. Сохне, а разам зь ёю i мы.

Позны вечар. Заўтра „ўсебеларускi народны сход“, iнiцыяваны ППРБ. Малалеткi голяць Колю-пятнаццацiгадовага. Цi не клапы пачалi мяне грызьцi, бо ўскокваюць i не зажываюць струпы.

21 кастрычнiка (панядзелак).

Змрочны дзень, сыры. Ноччу нылi зубы (верхнiя справа). Прысьнiлася якаясь пампушачка, песьцiў яе на руках, у ейных бацькоў на кватэры. У абед прынесьлi „Определение“ Вярхоўнага Суду РБ.

„Дело направить на новое судебное рассмотение с иным составом суда“.

22 кастрычнiка (аўторак).

Быў у опэра Бабарыкiна, якi абяцаў адправiць лiст на матчын адрас. Перад гэтым не пасаромеўся прачытаць. Газэтаў пра падзеi выхадных дзён няма. У прагулачным дворыку мушу слухаць дзяржбрахалаўку. Верашчаць пра рэфэрэндум i ППРБ. Сярэднявечча! Горай, чым пры камунiстах 70-х гадоў.

Змрочна. Дождж. Небясьпека сухотаў. Бабарыкiн спрабаваў загаварыць пра Верш, але я не павёўся. Вечарам зайшлi кнiгi, сярод якiх адна пад назваю „Хризантемы у тюремной стены“ са штампам Вiцебскай дзiцячай бiблiятэкi iмя Н.К.Крупскай.

27 кастрычнiка.

Сьнiўся бацька малады. Мы зь iм сярод знаёмых i блiзкiх, добра гаворым. У цокальных памяшканьнях дзесьцi пад Будславам. Потым бацька зьнiкае, дзеяньне пераносiцца ў раён Крывiчоў, што пад Вялейкай. Сонечны дзень, iду са знаёмымi па вулiцы, густа забудаванай культавымi гмахамi. Валяецца будаўнiчы друз, шчэбень. Раздаём нейкi вадзянiсты тварог, якi цячэ па сьценках посуду. Што ж гэта? Што там дома?

31 кастрычнiка (чацьвер).

Зараз Дзяды. Спадзяюся, што ўспомнiлi. Калi не мужыкi, дык жанчыны абавязкова. I вып’юць за мяне. I зробяць нешта для майго вызваленьня.

3 лiстапада (нядзеля).

Ноч. Дождж за кратамi. Спаць бы, ды не прыйшла чарга. У суседа на нiжнiх нарах — гонкi. Гэта значыць, што хвалюецца чалавек, бо ў панядзелак павiнны яму абвясьцiць прысуд.

6 лiстапада (серада).

Ноч. Глядзiм 48-ы вiцебскi тэлеканал. У камэры нас 18 iлбоў.

...I вось у правале мiж сном i яваю вышукваецца верш са словаў: сыр, сочыва, крышталь, прыборы срэбныя, такайскае вiно, прасьцiны белыя i ранiчка вясны, Вялiкдзень, курасьлеп, чаромха, пад’яленец духавiты i вэнджанае сала ў кубяльцы.

Галоўнае — чысьцiня! Чыстая раса i чыстая вада. Гэта аснова быцьця.

Па 48-м перад амнiстыяй пракруцiлi сюжэт пра наш цэнтрал.

Тихо шифером шурша,
едет крыша не спеша.

9 лiстапада (субота).

Сьнiлася, што далi мне тры гады. Учора пасьля вячэры наляцелi шмоншчыкi, павыкiдвалi шлёмкi з бульбай, якую мы пакiдалi на ноч (бо што рабiць, калi палова камэры спаць ляжа толькi пад ранiцу). Маё, праўда, засталося пры мне.

* * *

Каханьне бяз рэтушы, голае, галоднае,
за кратамi ў камэры альбо на прадоле,
каханьне пад прыцэлам, сырое, падкалоднае,
цяжкае, нiбыта царкоўная жырандоля,
каханьне маё прышлае, iмгненнае, тутэйшае,
я нацкую на плоць тваю лягавых маёй жарсьцi,
я расьпiшу цябе прыгожымi i дзёрзкiмi вершамi,
ня дам табе спакою да самай нашай старасьцi.
Пакуль я буду лёгкiмi сiпець на цэнтрале,
абкураны i добраю, i дрэннаю табакай,
хадзi сабе сьмела ў памаранчавай залi,
зусiм ня так, як ходзiць камандзiр перад атакай.
Але як толькi выйду я, як толькi я звольнюся
з турмы, дзе забiваюць павольна i ўпэўнена,
мы паплывём з табой у белым ад полюсу да полюсу,
мы станем любiцца i слухаць Ленана,
мы будзем, як дрэвы, што мной пасаджаны
за тысячы дзён да вершаў i славы,
мы будзем добрымi iндыйскiмi раджамi,
будзем языкамi пякельнай лавы,
мы будзем вылiвацца з кратэраў гневу,
з каналаў нянавiсьцi да акупанта,
мы зьнiшчым яго нашым гiмнiчным сьпевам,
а рэшткi змыем з дапамогай гiдранта.
I толькi потым, пасьля, мы зоймемся каханьнем,
мы будзем вырабляць — о божа! — такiя штукi,
што адшукаюць нас, магчыма, позьнiм раньнем
i целы яшчэ цёплыя возьмуць на рукi.

16 лiстапада.

Рабочая субота. У Вiцебску сёньня мiтынг у падтрымку чарговага рэфэрэндуму, арганiзаваны антыбеларускiмi сiламi (прарасейская „Белая Русь“, псэўдаказачкi, КПБ нейкага Чмыкiна). А ў Менску таксама мiтынг, на якiм патрабуюць адстаўкi ППРБ. Шарэцкi й Ганчар дамагаюцца тэлеэфіру. Напружанасьць расьце.

Сёньня пасьля трох дня атрымаў абвiнаваўчае заключэньне. Ныюць зубы.

* * *

Состоялась учредительная конференция по созданию белорусской организации ветеранов КГБ Республики Беларусь.

С приветственным словом к ветеранам обратился председатель КГБ Беларуси Владимир Мацкевич.

Характеризуя обстановку в республике, В.Мацкевич отметил как один из серьёзных дестабилизирующих факторов активизацию деятельности иностранных спецслужб. Вкупе с представителями оппозиции ими оказывается давление на Президента Беларуси, принимаются меры по препятствованию проводимой им политики по интеграции с Россией и другими странами Содружества.

„СБ“, № 222, 16 лiстапада 1996 г.

18 лiстапада (панядзелак).

Дазволiлi спаткацца з маткаю, ад якой даведаўся пра выхад маёй кнiжкi вершаў „Каханьне пад акупацыяй“. Паглядзеў праз шкло на вокладку — i ўсё. Перадаць мне, аўтару, не дазволiлi. Выйшаў таксама зборнiк „Менская вясна-96“. Малайцы, сябры! Адвакат таксама робiць сваю справу. Усе хатнiя здаровы, чакаюць майго звароту. Вертухай забраў адзiн мой турэмны верш, якi я спрабаваў перадаць маме.

25 лiстапада — суд. Усё ж дацягнулi да рэфэрэндуму. Што ж, пабачым... На кнiзе вершаў „Каханьне пад акупацыяй“ — аўтограф былога мiнiстра ўнутраных спраў Захаранкi.

Учарашняе шэсьце апазыцыi па праспэкце Скарыны адзначана сутычкамi зь мiлiцыяй. Сёньня ОРТ паведамiла, што старшыня Рады мiнiстраў М. Чыгiр ва ўльтыматыўнай форме падаў у адстаўку.

20 лiстапада (серада).

Пятая гадзiна ночы. Учора вечарком без тлумачэньняў вытаргнулi з 117-й. На разьвiтаньне братва прасiла аўтографы: хто на апошняй старонцы ўласнага прысуду прасiў расьпiсацца, хто проста на белым аркушы паперы... I вось я ў камэры шэсьць чатыры (64).

Прысьнiўся ўчора Вася з 117-й: нiбы ён ляжыць на дарозе, каля вёскi Равячкi, распалавiнены нейкiм мэханiзмам на дзьве часткi. Вася гэты быў прастыўшы, пот зь яго цурком лiў. А Равячка — вёска пад мястэчкам Будслаў, што ў Мядзельскiм раёне. За 500 мэтраў на паўднёвы ўсход ад Равячкi, на ўзвышшы сярод поймы ракi Сэрвач знаходзiцца гарадзiшча пачатку нашай эры, якое археолягi адносяць да культуры штрыхаванай керамiкi. Яшчэ з гэтае Равячкi паходзяць Роўды, мая радня. Адсюль у свае сорак гадоў сялянка-каталiчка Роўда Грасiльда пайшла за зьбяднелага i хворага шляхцiца-каталiка Станiслава Адамовiча, майго дзеда, якога я нiколi ня бачыў.

21 лiстапада, ноч.

Хочацца есьцi. Як бы гэта было цудоўна — сустрэць трыццаць пятую вясну на свабодзе, сярод першацьветаў, пакапацца ў гародзе!..

Геша распавядае пра адзiн са спосабаў супрацiву мусарскому гвалту — зашываньне iрта iголкаю (лепш „мэдыцынскай“ — ад шпрыцу). Калi на судзе будуць справу клеiць гэтак жа нахабна, як i сьлядак Сакольчык, то прыйдзецца зашыцца. Будзе слаўны заключны акорд, рэзюмэ, так сказаць. Вярхоўны Савет запатрабаваў ад Канстытуцыйнага Суду разгледзець варыянт iмпiчмэнту ППРБ.

27 лiстапада (серада).

Прайшоў рэфэрэндум. Лука iзноў выйграў. Учора ў дзевяць вечара вярнуўся з карцэру, дзе адбываў пяць сутак.

22.11.96 г. Ранiца, паднялi нары. Дождж лупiць па жалезных казырках вокнаў. Прынесьлi хлеб i цукар. Па радыё на прадоле iграюць бээсэсэраўскi гiмн.

23.11.96 г. За сьцяною сядзiць „Кампазытар“ — мой сусед па кiчы. З дуркi. Суткамi рыкае. Цi прыстаўляецца, цi сапраўды дах паехаў — па-любому страшна. Кантралёр падагнаў гарачага чыфу. Я якраз на парашы сядзеў. П’ю цяпер, загрызаю скарынкай хлеба. I цёпла ў грудзях ня столькi ад гарачай вадкасьцi, колькi ад чалавечага жэсту вертухая. Аж плакаць хочацца ў адказ на дабро. Але й саркастычнае ўбiваецца клiнам у мае сантымэнты. Гэта яно хоча сказаць „добраму“ кантралёру: заходзь да мяне на штрафняк, дастань ключык, адкiнь нары, пасядзiм разам хоць суткi, пачыфiрым. Я буду гаварыць табе камплiмэнты, бо ты за пачак цыгарэт перадаў мне ад зэкаў кубак крутой заваркi. Ты герой, кантралёр!

25 лiстапада ў панядзелак адбылося першае паседжаньне вiцебскага аблсуду. Нявыспанага, непамытага забралi мяне з кiчы а дзявятай ранiцы. Узяў з сабою толькi матэрыялы „Справы“. Шманалi сярэдне — салдаты тэрмiновай службы з каравульных рот. Нейкiм скамячаным было першае паседжаньне. Я нават сказаў бы, што мы не пасьпелi пасядзець, мы толькi прыселi. Пракурор i судзьдзя гаварылi напаўголасу, быццам чагосьцi баючыся. Майго адваката не было — завiс у Гомлi на паўтара месяца (вядзе iншую справу). Прыслаў тэлеграму, у якой просiць суд адкласьцi працэс, а мяне выпусьцiць пад падпiску. Адразу ж пачалiся накладкi з пратаколам. Сакратарка запiсала, што i я выказаў недавер суду, хоць я такой заявы не рабiў. Здымаць на фота- i вiдэаапаратуру судзьдзя не дазволiў. Я чакаў, што народу будзе ў залі больш. Бачыў Алеся Пушкiна, Ю. Касiча з плякатам. Б. Хамайда i Ул. Плешчанка заявiлi суду адвод, якi ня быў прыняты. Наступнае паседжаньне — 2 сьнежня.

Пасьля судовага паседжаньня, якое спынiлi задоўга да абеду, мяне трымалi да пяцi вечара. Есьцi не далi, у iх, бач, так заведзена. У прыбiральню таксама не выводзiлi. Па вяртаньнi ў карцэр турэмныя кантралёры выдалi халодны абед, кавалак хлеба й цыбулiну. Зрэшты, жрачку гэтую прыйшлося вырываць крыкам. А вось палажняковай вячэры не атрымаў. Пачаставаў бажавольнага суседа фiльтровай цыгарэтай. Ужо праз хвiлiну ён прасiў у мяне табакi. Пазаўчора яго супакойвалi дубiнкамi i ўколамi. Нейкi час ляжаў цiха, потым пачаў сьпяваць. Таму i „Кампазытар“.

28 лiстапада.

Прыйшоў з кiчы, а мне паказваюць выразку з газэты „ЗЮ“. Якiсьцi малады выпладак шкадуе, што я ў час галадоўкi ня даў дуба. Не дачакаецеся, сучонкi!

У вячэрнiх навiнах белрадыё паведамiлi, што ўжо сфармавана „палата прадстаўнiкоў“. Лiст на свабоду выйшаў, толькi цi ў тыя рукi патрапiць?

Шумiць дождж, працуе „дарога“.

29 лiстапада.

Адправiў другi лiст на адрас Сяргея Д. Увесь дзень трасца ганяла на дабл. Голад. Скончылiся запасы прадуктаў, засталася толькi чарняга — чорны хлеб.

30 лiстапада.

Субота. Канчаецца любiмая пара — восень, якую я так i не пабачыў. Геша пiшацца з бабамi, магнiтола хрыпiць пра залатую рыбку. Дзе ты, маўляў? А я тут, на верхняй шконцы, чакаю панядзелка.

1 сьнежня (нядзеля).

Прастыў. Днём рыхтаваўся да заўтрашняга працэсу.

2 сьнежня (панядзелак).

„Сьвечку запалiць“ не ўдалося. Геша даў куртку, каб я ня так лахова выглядаў у судзе. А суд той iшоў тры хвiлiны. Працэс перанесьлi на 16 сьнежня, калi павiнен зьявiцца адвакат Гары Паганяйла.

Вечарам далi сустрэчу з матуляй. Перамовы былi кароткiмi. У мiнулую суботу ў абласной фiлярмонii давалi канцэрт фактычна ў маю падтрымку. Кася Камоцкая спадзяецца, што мы яшчэ пасядзiм у яе на кухнi за чаркай...

6 сьнежня.

6 гадзiн ранiцы. Зрабiў рэнтгенздымак грудной клеткi. Прастудны крызыс мiнуўся, але яшчэ кашляю. Выжыць! Трэба выжыць i перамагчы!

Нехта Гуцалюк перадаў, што пра мяне гавораць па тэлевiзары. Геша чытае мне свой „верш“. У плястыкавай бутэльцы распусьцiлiся бярозавыя галiнкi, выцягнутыя зь венiка-дзеркача. Аксамiтныя такiя лiсточкi. А на носе — Каляды!

Пачынаецца дзень 7 сьнежня. З дынамiка гучыць „Элегiя“ Маснэ. Сёньня па „хаце“ дзяжурыць надта ўжо гаваркi Аляксей-разьвядзёнец. У мяне пайшоў дзявяты месяц адседкi. Хутка жанчыны, што прынялi мужчынскае семя 4 красавiка, народзяць на плянэце цэлае пакаленьне людзей.

8 сьнежня (нядзеля).

Ранiца. Слухаю гурт „Вялiкае Княства“ Ўладзiмера Давыдоўскага. Усе ў камэры сьпяць. Тэмпэратура нулявая. Хутка за сьмецьцем з камэры прыедзе „камаз“ — мэталiчны бак у суправаджэньнi двох зэкаў. Хочацца зiмы, сьнегу, марозу... Усю ноч вертухаi просяць чаю, ды яшчэ з цукрам. Камень камэры смокча з нас сокi жыцьця, забiрае здароўе. Лётаюць мошкi, поўзаюць макрыцы-сараканожкi, шастаюць мышы й пацукi. Працягваецца пост (адвэнт). З радыё — „Адваротны бок месяца“ групы „Пiнк Флойд“. „Аўсяны бунт“ Iвана Мяло i надпiс на гэтай кнiзе: „1721 г. Менск“. Хто аўтар гэтых крамзоляў? I цi не прысьнiўся мне гэты год i гэты горад?

Ужо сьнежань, а, здаецца, толькi ўчора залятаў у 9-ю камэру „амэрыканкi“ чмель, i я выпускаў яго. Здаецца, толькi ўчора пiсаў свой першы турэмны верш.

Да суду застаецца сем дзён. „Песьняры“ iрвуць душу Багдановiчавай „Вэранiкай“.

9 сьнежня.

Дзень нараджэньня Максiма Кнiжнiка. Я — пiшу, памятаючы, што насупраць нашае шэсьць чатыры — тры камэры сухотнiкаў (63, 62, 61). Заўтра ў ДЛ зьбяруцца нашы й псэўданашы, экзальтаваныя дбмы бальзакаўскага веку, мужычкi з пэйсамi i ў заношаных пiнжачках...

11 сьнежня, серада.

Амаль дванаццаць гадзiн праспаў. А ўчора — ты чуеш? — быў сусьветны дзень абароны правоў чалавека. Учора й сёньня залятаў начальнiк опэрчасткi Гуцалюк, ад якога я даведаўся, што Алесь Аркуш пiша пра мяне ў „Вiцебскiм кур’еры“.

Падрыхтаваў да суду „Новы Запавет“ у перакладзе на беларускую (у пераплёт уклеiў iголку зь нiткай, якой зьбiраюся зашыць сабе на судзе рот).

Сшытак № 2

Працягваю запiсваць.

16 сьнежня, панядзелак.

Трэцяе пасяджэньне Вiцебскага абласнога суду па крымiнальнай справе № 182.

Прывезьлi, сяджу ў боксiку. Чытаю на сьцяне: „Гурко — казёл“. Гурко — гэта той, якi мяне судзiць...

I вось заля суду. Казань кажа пракурор. Разглядаюць хадайнiцтва майго падзельнiка Плешчанкi, якi адмаўляецца ад адваката. А яму, як i Хамайдзе, адмаўляюць у хадайнiцтве. У сувязi са скаргамi Плешчанкi, Хамайды i маёй судзьдзя абяцае праверыць работу Вiцебскага цэнтралу. Прыклалi да справы газэты з публiкацыямi і кнiгу вершаў. Пракурор не падтрымаў хадайнiцтва маiх таварышаў Вiктара Корзуна i Сяргея Харэўскага пра зьмену меры стрыманьня на падпiску аб нявыезьдзе. Выказаў недавер суду i адвакат Паганяйла. Суд выйшаў параiцца, што адказаць на адвод Паганяйлы. Мянты здыхаюць ад духаты. Пракурорчык i перакладчык (цi то асыстэнт, цi то асьпiрант) сядзяць у залі. Ня бачу нiводнага лiтаратара з СП. Дзе гэтыя „народныя мудрацы“? Дзе гэты „мозг нацыi“?

Трэцяя гадзiна дня. Па абедзе. У залю зайшлi ня ўсе, хто быў да паўдня. Дык перад кiм, для каго рот зашываць?

А што ж я пра мацi, пра мацi маўчу, якая глядзiць i глядзiць на мяне? Чаму мне так цяжка нават пра сябе сказаць ёй: „Мама, ма-ма...!“ Цi будзе ў мяне хоць калi такая жанчына, якая так глядзела б на маю дачку?

Судзьдзя чытае лiтаратурнае заключэньне прафэсара Алега Лойкi на гэты самы „Верш“. Пракурор Чэчка падтрымлiвае хадайнiцтва Хамайды пра запрашэньне ў суд спэцыялiстаў-лiтаратуразнаўцаў.

20 сьнежня (пятнiца).

Учора судовае паседжаньне пачалося а 12-й дня. Доўга чакалi перакладчыка.

Сёньня прывезьлi рана, не пасьпеў нi памыцца, нi паесьцi. Iзноў чакаем перакладчыка. Знайшлi новага. Гэта Дзядова (цi Дзядкова?) Алена Сяргееўна, 1969 году нараджэньня, асьпiрантка катэдры беларускай мовы Вiцебскага дзяржунiвэрсытэту. Перакладчыца-аўтаматчыца. Так хутка, бедненькая, перакладае, што аж загаворваецца. Замужняя, глядзiць у мой бок. А я гляджу на чырванагрудага гiля, якi скача па дрэве за вакном суду.

Судзьдзя й засядальнiкi зачытваюць „выбраныя месцы“ з майго прыватнага дзёньнiка, разглядаюць групавыя здымкi байцоў „Правага Рэваншу“. На адным зь iх — мужчына й жанчына. Ён — з гранатай i кулямётнай істужкай на плячах, яна — з узьнятым угору абрэзам...

Суд так i ня высьветлiў:

— цi iснуе ў рэальных прасторы i часе таямнiчая арганiзацыя „Правы Рэванш“?

— цi можа гэта дзяўчына з прыгожымi вачыма пад банданам аднойчы выстралiць з абрэзу, якi трымае ў руцэ?

— цi мае ў сваiх выбуховых вантробках запал граната, якую трымае мужчына, адлюстраваны на чорна-белым фотаздымку?

Чаму ўсё ж я напiсаў такi крыважэрны верш — „Убей президента“? А чаму кiнарэжысэр N назваў сваю кiнастужку для дзяцей страшнай назвай „Скiнь маму зь цягнiка“? Якраз на прагляд такога к i н а вадзiлi мяне, калi я сядзеў на „малалетцы“.

Алесь Пушкiн робiць замалёўкi фiзiяномiй удзельнiкаў працэсу. Усе ўжо стамiлiся ад чытаньня пратаколу па другiм разе. Бедная мама! Дрэмiць, напакутавалася за гэтыя днi.

Сёньня мароз, сьвежы сьняжок, яшчэ белы, не зьляжалы.

Як паведамiў перад пачаткам судовага разьбiральнiцтва Хамайда, на вiцьбiча Юрася Мароза iзноў зроблены напад. Як жа насалiў антыбеларускай поскудзi гэты наскрозь хворы чалавечак!

I ўсё ж: люба жыць, калi бачыш, як нырцуе ў роце язычок перакладчыцы, як працуе яе шматфункцыянальны артыкуляцыйны апарат!

24 сьнежня (аўторак).

Ясна, марозiк, апошнi дзень адвэнту — Посная Куцьця.

25 сьнежня (серада).

Вось i Каляды — турэмныя! I мне не чуваць, як „на марозе рыпяць санкi“. Надвор’е прыгожае, але мы таго ня бачым, адно слухаем па радыё зводку гiдрамэтцэнтру. У Вiцебску — мiнус 15о. Пасьля прагулкi чытаю Нiка Хаакiна, фiлiпiнскага пiсьменьнiка. Дзесьцi ў засьнежанай Альхоўцы Мядзельскага раёну, у матчынай хаце, стаiць калядны стол, пакрыты сенам. Паверх сена — чыста вымыты стары iльняны абрус, на якiм ляжаць: сьвiнiна, вантрабянка, капуста, грыбы (салёныя i полiўка з сушаных), фасоля, бульба i — аплаткi. Адна — для мяне.

Кантралёр Сьвятлана адкрыла кармушку ў дзьвярох ды паўшчувала мяне за тое, што згадаў яе ў сваiм лiсьце на волю. Пiсьмо тое перахапiлi i, вiдаць, не без асалоды апэратыўнiкi прасьлiбiзавалi. Сьвятлана перажывае, што могуць звольнiць з працы. А цi ж бабская гэта ўвогуле справа — арыштантаў пiльнаваць?! Кажу, калi, баранi бог, звольняць, мы цябе не пакiнем, знойдзем работу i па-за турэмнымi сьценамi. Усьмiхаецца, зубы ня ўсе. Але ё-маё — палюбiў бы й шчарбатую!

Вось i канчаецца калядны дзень. Хутка праверка i адбой. Заўтра суд. Мама, пэўна, зьбiраецца на працэс. Едуць зь Менску спэцыялiсты-лiтаратуразнаўцы — будуць аналiзаваць i выносiць прысуд майму Вершу.

ТУРЭМНЫ СЛОЎНІК

А

Абiжанка — камэры для арыштантаў, якiх апусьцiлi, альбо якiя мелi кантакты з апушчанымi.

Абшчак — 1) арыштанцкая каса ўзаемадапамогі; 2) стол у камэры.

Апусьцiць — згвалцiць.

Апушчаны — арыштант, зь якiм зьдзейсьнiлi гвалтоўны полавы акт.

Аўтарытэт — 1) злачынец, якога паважаюць у сваiм асяродку; 2) адзiн з найбольш высокiх „рангаў“ у гiерархii „злодзеяў у законе“.

Б

Баланда — пахлёбка, хлябалава, суп.

Баландзёр — арыштант, якi раздае баланду.

Бальнiчка — 1) больнiчны вiд рэжыму ў турме; 2) турэмная больнiца.

Бацыла — сала альбо масла (алей).

Братва — арыштанты, зьняволеныя.

В

Вертухай — наглядчык, кантралёр.

Г

Ганец — работнiк турмы альбо калёнii, якi за ўзнагароду прыносiць арыштантам гарэлку, наркотыкi ды ўсё тое, на што ў зьняволеных ёсьць попыт.

Д

Дальняк — унітаз, параша.

Дарогi — сыстэма мiжкамэрнай сувязi.

ДАчка — перадача арыштаванаму.

Дурка — псыхiятрычны шпiталь.

Духарык — неспакойны чалавек.

Духарыцца — скандалiць, мiтусiцца, падымаць вэрхал.

З

Закасiць — прыкiнуцца хворым на галаву, прыдуркам.

Заныкаць — надзейна схаваць.

Западло — грэшна, сорамна.

Зона — папраўча-працоўная калёнiя.

I

Iзьмена — хваляваньне.

Быць на iзьмене — хвалявацца.

К

КАбура — адтуліна ў сьцяне камэры, празь якую ажыцьцяўляецца міжкамэрная сувязь.

Казёл — самая зьневажальная лаянка ў асяродзьдзi злачынцаў.

Кандзей — карцэр, кіча.

Кантавацца — нiчога не рабiць, сноўдацца з кута ў кут.

Кармушка — вакенца ў дзьвярох камэры, празь якое падаюць пайку.

Карпусны — дыжурны па корпусе.

Кiпеж, кiпiш — скандал, вэрхал.

Кiпiшыцца — скандалiць.

Кiча — карцэр.

КiшкА — жарлiвы чалавек.

Клеiць — прыпiсваць чужую вiну.

Ксiва — 1) дакумэнт; 2) запiска, пiсьмо.

Крытая, крытка — турма.

Кум — начальнiк апэратыўна-рэжымнай часткi ППК.

Кумаўскi (работнiк) — даносчык, стукач у камэры цi на зоне.

М

Малалетка — 1) непаўналетнi злачынец; 2) камэра для малалетак.

Малява — запiска.

Маскi — рэзэрвовая група для ўзмацненьня рэжыму ўтрыманьня зьняволеных; байцы групы дзеля ўласнай бясьпекi закрываюць твары чорнымi маскамi.

Н

Нагнаць — адпусьцiць на волю.

Наколка — 1) татуiроўка; 2) падман.

Начальнiк — супрацоўнiк органаў унутраных справаў.

Нiфелi — высушаная альбо сырая чайная гушча, якую выкарыстоўваюць па другiм i трэцiм разе.

П

Палажняковы — законны (палажняковая пайка).

Пайка — сьняданак, абед альбо вячэра паводле турэмнай нормы.

Парафiнiць — зьневажаць.

Параша — 1) вядро, цэбар для нечыстотаў; 2) унiтаз.

Прадол — турэмны калідор.

Пацан — 1) непаўналетнi злачынец; 2) кандыдат у „злодзеi ў законе“ зь лiку непаўналетнiх.

Пыжыць — тое, што й духарыцца.

Пяро — нож.

Пятух — асуджаны, якога суседзi ў камэры вымушаюць да полавага акту („апускаюць“).

Р

Рамсы — тлумачэньне.

Рамсы разганяць — даваць тлумачэнь не, вытлумачваць праблему ў камэры (турме).

Рэзінка — камэра, сьцены якой абшытыя гумай альбо іншым ізаляцыйным матэрыялам; прызначэньне паводле функцыі — для катаваньня зэкаў.

Рэшка — закратаванае вакно з падваконьнем.

С

Сiдар — валiзка, заплечнiк з рэчамi.

Скурвiцца — здрадзiць.

Ссучыцца — 1) здрадзiць iнтарэсам групы; 2) здрадзiць усталяваным парадкам.

Стукаць — даносiць на каго-небудзь.

Стукач — даносчык.

Сука — 1) здраднiк; 2) той, хто выйшаў з касты „злодзеяў у законе“.

Сьветка — унiтаз.

Сьлядак — сьледчы.

Ф

Феня — 1) жаргон злачынцаў; 2) цыгарэты зь фiльтрам (на жаргоне малалетак).

Х

Хата — камэра.

Ходка — тэрмiн, на працягу якога адбываюць пакараньне (другая, пятая ходка).

Хлябалава — пайка.

Ч

Чалiцца — адбываць пакараньне.

Чыф, чыфiр — густа завараны чай, заварка.

Чыфiрбак — чайнiк.

Чыхуня — жанчына, якая робiць мiнэт.

Ш

Шасьцярыць — прыслужваць каму-небудзь.

Шасьцёрка — арыштант, якi прыслужвае аўтарытэтнаму злачынцу.

Шконка — нары.

Шлёмка — мiска.

Шманаць — абшукваць.

Шмон — вобшук.

Шыць — тое, што й клеiць.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Турэмны дзёньнiк: ад Усьпеньня да Калядаў


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.