ТАМАРА

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему ТАМАРА. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-26

СОЗОНОВЕЦ ЛИЛИЯ

Няўжо толькі ў гэтым была яе віна? Чым больш Тамара думала, тым больш сумнявалася: а ці правільна тады зрабіла? Можа, сапраўды, трэба было прызнацца, што яна габрэйка, і ў яе не было б праблемаў ні тады, ні зараз. Ніколі падман не прыносіў дабротаў. Гэтак казала яе маці. І вось зараз яна адчувае ўвесь цяжар таго падману.

Т а м а р а.

Прысвячаю Тамары

Маісееўне Барадач (Кашчар)

Тамара была зусім не падобная на габрэйку, хоць у яе жылах кроў цякла толькі габрэйская. Яе дзед некалі валодаў пякарняю ў адным мястэчку. Нядрэнна зарабляў і змог даць свайму адзінаму сыну - ейнаму бацьку, добрую адукацыю: той скончыў медычны факультэт у Вільні, потым пераехаў у Горадню і меў там нядрэнную практыку. Акрамя медычнай практыкі займаўся яшчэ і палітыкай. На кніжных паліцах у кабінеце поруч са шматлікай літаратурай па хірургіі немалое месца займалі працы Чарнышэўскага, Бакуніна, Маркса, Энгельса ды Пляханава. Дзе іх знаходзіў, жывучы ў Заходняй Беларусі, было невядома. Акрамя сямейнікаў пра кнігі ніхто не ведаў, бо іхнія вокладкі не адпавядалі зместу: былі пазначаныя медычныя, а гэта значыць - бадай нікому не цікавыя, словы.

Тамара ў перадапошні перадваенны год якраз скончыла школу. Восенню яна стала студэнткай. На той час не было прынята рана выходзіць замуж або жаніцца. Тым больш у гады студэнцтва. Але Тамара магла і не падпарадкоўвацца агульнапрынятым меркаваньням. Ужо на першым годзе свайго навучання выйшла замуж за студэнта, які вучыўся тады на апошнім курсе. Яе муж быў карэнным менчуком, беларусам.

А потым была вайна…

Бацькі загінулі пры першым бамбаванні гораду. Андрэй (Тамарын муж) тады быў ужо мабілізаваны і знаходзіўся ў войску. Ў тую ноч яна чародвала на страсе свайго інстытуту. Гасіла фугасы. Дома не начавала, таму і ацалела. Ад іх кватэры не засталося анічога.

Гэта быў самы жудасны дзень у жыцці Тамары. Тады думала, што – самы жудасны. Яна яшчэ не ведала, што Богам ёй было адмерана доўгае жыццё…

Перайшла ў цесны пакойчык камунальнай кватэры, дзе акрамя яе жыла маці Андрэя ды ягоная старая бабуля.

Калі ледзь не на кожным слупе акупанты пачалі вывешваць аб’явы з патрабаваннем усім габрэям з’явіцца туды ці туды і мець пры сабе дакуманты і яды на адныя суткі (нямецкія ўлады нібыта збіраліся рабіць перапіс габрэйскага насельніцтва), Тамара таксама хацела туды пайсці. Ну што там такога?! Яна ж была выхаваная ў павазе да закону. Калі ўлада патрабуе, трэба падпарадкоўвацца. Нічога небяспечнага яе сэрца не прадчувала.

Але на рэгістрацыю не пусціла Андрэева бабуля.

“Дзіцятка, - казала бабуля, - я пражыла доўгае жыццё. Я многа бачыла. Тут нешта не так. Што гэта за рэгістрацыя? Чаму такая перавага менавіта тваёй нацыі? Я бачыла рэвалюцыі, бачыла пагромы. Я не ведаю ніводнай улады, якая б адносілася да вас прыхільна. Уладары, нават калі яны самі габрэі, астатніх габрэяў не любяць. Паглядзі на сябе ў люстэрка. Хіба ты падобная на габрэйку? Зусім не! А хто ведае, што ты габрэйка? Ніхто! Ты застанешся дома і нікуды не пойдзеш! А там - што Бог дасць.

Паслухалася бабулю - і вайну перажыла. Не раз пасля здзіўлялася мудрасці і прадбачлівасці старой жанчыны. Але тым не менш, усю вайну габрэйка яна была толькі ў сваёй сям’і. Для астатніх яна была беларускай.

Усю вайну ў горадзе жылося вельмі голадна. Ад недаядання, а таксама таму, што ў Тамары была дрэнная спадчына (яе бабуля памерла маладой ад сухотаў), перад самым канцом вайны яна пачала кашляць. Патрэбна было казінае малако. У ваенным, а таксама і пасляваенным Менску дастаць яго было немагчыма. Вярнуўшыся з вайны Андрэй і яна вырашылі ехаць куды-небудзь у вёску альбо невялічкае мястэчка. І тут Тамара ўспомніла пра дзеда, ў якога была вялікая хата. Колісь кожныя летнія вакацыі жыла ў дзеда – гэта быў яе другі дом. Ёй не хацелася верыць у тое, што габрэяў знішчалі паўсюль. Можа, іх вынішчылі толькі ў вялікіх гарадох, а ў мястэчках не чапалі?

Не стала ні дзеда, ні ягонай хаты. Але Тамара з мужам у мястэчку засталіся. Ім прапанавалі выкладаць у мясцовай школе. Там у той час працавалі людзі, у асноўным даволі далёкія ад педагогікі. Кадраў не хапала нават для вялікіх гарадскіх школ. У вёсках і мястэчках выкладалі былыя вучні. Добра, калі яны мелі сярэднюю адукацыю.

Праца гэтая падабалася ёй. Нажаль, у іх з Андрэем не было дзяцей. І сваё нерэалізаванае мацярынства яна аддавала школе. Сама папрасілася выкладаць у малодшых класах. І гатовая была праводзіць са сваім дапытлівымі пачаткоўцамі цэлы дзень, не адчуваючы пры гэтым ні стомы, ні раздражнення ад бясконцых пытанняў сваіх выхаванцаў. Малыя дзеткі ж такія цікаўныя!

Бяда, як заўсёды, прыходзіць нечакана. У Андрэя быў выхадны. І ў той дзень Тамара адна вярталася з працы. Насустрач ішоў нейкі дзядок. Зраўнялася з ім і павіталася. Яна не была знаёмая з гэтым чалавекам, але ў мястэчку прынята пры сустрэчы вітацца з усімі. Дзядок адказаў і пайшоў далей. Зрабіўшы некалькі крокаў, ён павярнуўся й аклікнуў Тамару:

- Паненка будзе Мойшавай унучкай? Ці я памыляюся?

- Не, не памыляецеся. - Адказала здзіўлена Тамара. Яна пакуль што не пазнавала старога.

- Я добра ведаў вашага дзеда. І бацьку памятаю. Паненка, пэўне, не пазнае мяне?, – здагадаўся дзядок, - я Арцюх – вознік. Вазіў хлеб з пякарні вашага дзеда ў краму.

Вось зараз Тамара пазнала яго. Як яна магла забыць? З Арцюхом ж была шмат часу. Вельмі падабалася ездзіць на фурманцы. І той ніколі ёй не адмаўляў.

На кватэру, якую яны здымалі з Андрэем, прыйшлі разам. Некалькі гадзін запар успаміналі перадваенныя часы. Арцюх прыгадваў, як добра тады жылося: усё сваё было. Тамара ўспамінала тыя часы як самыя шчаслівыя. Не было тады аніякіх праблем, жыццё здавалася гэткім прыгожым і рамантычным! Бы ў тых жаночых раманах, якія Тамара знаходзіла на гарышчы дзедавага дома. Кнігі тыя засталіся ад бабулі, якая чытала іх запоем. Потым Арцюх пачаў распавядаць, як у гэтым мястэчку немцы нішчылі габрэяў. Павыганялі ўсіх з хатаў, не пакінулі анікога і павялі ў бок недалёкага лесу. Забралі нават цяжарную Лізу, дачку швачкі Голды. У яе, гаротніцы, якраз роды пачаліся, а яе выпхнулі з хаты. Пагналі разам з усімі. Ці дайшла яна да месца, дзе іх пастралялі? Можа, дзе на дарозе нарадзіла. Як усё тое скончылася, местачковыя бабы хадзілі шукаць. Спадзяваліся, што дзіцятка нарадзілася ды ляжыць дзе-небудзь у кустах. Але дзе там! Нікога не засталося!

Стары Арцюх пайшоў недзе пад раніцу, а на самым золку пра тое, што новая настаўніца – унучка пекара Мойшы, ведала ўсё мястэчка. З самай раніцы да іх на кватэру пачалі прыходзіць людзі, большасць з іх была Тамары знаёмая. Усе нешта неслі: хто масла, хто смятану, хто мёд. Адмаўлялася спачатку, а потым перастала. Не ўзяць - значыць пакрыўдзіць. Гэтыя людзі адрывалі ад сябе, ад сваіх дзяцей ледзь не самае лепшае, каб аддаць ёй, таму што яны жывыя, і дзеці іхнія жывыя, а ў яе, Тамары, з вялікай радні, не засталося анікога. Гэта толькі ў яе дзеда ды бацькі было па аднаму дзіцяці, у бацькавых ж стрыечных братоў і сясцёр дзяцей было цэлыя хаты. І ўсе яны былі яе бліжэйшымі сваякамі, а зараз нікога з іх не засталося.

Тамара брала ўсе прысмакі. Вырашыла пазней занесці і ў школу, пачаставаць дзяцей. Па некалькіх днёх пасля да іх з Андрэем завіталі госці: участковы міліцыянт з нейкім зусім незнаёмым чалавекам. Міліцыянта і яна і муж ведалі, хоць сяброўства не вялі. Незнаёмец прадставіўся. Яго звалі Мікалаем. Кім працуе, не сказаў, а Тамара пасаромелася спытаць. Гаварыў болей міліцыянт. Распавядаў, як нядаўна злавілі немца.

- Гэта ж, ведаеце, на хутары тут адным хаваўся, - з захапленьнем ад сваёй храбрасці расказваў міліцыянт, - амаль два гады. Як немцы адступалі, яго параніла. Свае думалі, што загінуў, а ён жывы быў. Параска Рудзякова пайшла ў лес ды й надышла на яго. Ён ужо і гаварыць не мог. Збегала па свёкра, прывалаклі ўдвох яго дахаты. Параска ж вядомая лекарка на ўсю ваколіцу. Адхадзіла параненага, а тут высветлілася, што ён немец. І што вы думаеце, не выдалі яны ўладам яго, так і застаўся ў іх. Як толькі хто чужы на хутар - ён на гарышча. Невядома, колькі хаваўся б, але пазаўчора я надумаў да Параскі схадзіць: малы нешта кашляць пачаў. Вось жонка мяне і паперла на хутар. Сабраўся ўжо назад ісці, як гэтак жартам кажу: а ці не хаваеш ты каго, Параска, на гарышчы? А яна збялела гэтак, ледзь прытомнасць не страціла. Палез я на гарышча і знайшоў немца.

Міліцыянт выцер пот з успатнелага ілба. Відаць, яму лягчэй было б віламі абыходзіца, чым казаць такую доўгую прамову. Андрэй пацікавіўся:

- А далей што?

- А што далей? Забралі ўсіх у Наваградак: і Параску, і ейнага свёкра.. Ну і, зразумела, немца.

У пакоі ўсталявалася няёмкая цішыня. Нікому не хацелася працягваць размову. Памаўчаўшы з хвіліну, міліцыянт яшчэ нешта расказваў, але слухалі яго няўважліва. Хутка госці развіталіся і пайшлі. Чаго прыходзіў той незнаёмец, засталося невядома. За ўсю размову ён ці прамовіў словы са два, й тое - вельмі нязначныя.

На другі дзень да Тамары прыехаў нейкі хлапчук з Наваградку. Паведаміў, што заўтра будзе настаўніцкая нарада. Ёй патрэбна быць там. Але няхай сама не едзе. Прышлюць машыну. Тамара магла б і сама выправіцца ў Наваградак. Не гэтак і далёка было. Але, калі прышлюць машыну, дык чаму ж не праехацца?.

На настаўніцкую нараду яна не трапіла. Апынулася ў цесным кабінеце з закратаванымі вокнамі. У кабінеце стаяў толькі пісьмовы стол ды два табурэты. На адзін прапанавалі сесці Тамары, а на другім сядзеў той самы незнаёмец, які заходзіў да іх з Андрэем разам з міліцыянтам. Дык вось кім ён быў: следчым НКВД. Тамара села на табурэт, яшчэ пакуль не разумеючы, навошта яе сюды запрасілі, хоць лёгкую трывогу ў сэрцы ўсё ж адчула. Ужо было вядома, што проста так сюды не выклікаюць. Пасля патрэбных фармальнасцяў з вызначэннем прозвішча, месца жыхарства і пасады следчы спытаў:

- Мяне цікавіць. Чым вы займаліся ў час вайны.

Тамару такое пытанне здзівіла. Чым яна займалася? – Старалася выжыць. Яна адказала:

- Я не разумею вашага пытання. Тым, чым і ўсе астатнія. Жыла па магчымасці.

Было відаць, што следчага такі адказ не задаволіў.

- Вы працавалі? - Спачатку не. А потым мне натрапілася праца, - адказала Тамара.

- Якая менавіта праца вам натрапілася? – Задаваў пытанні няўмольны следчы.

- Я працавала прыбіральшчыцай у сталоўцы для нямецкіх салдат.

- Чым вы займаліся акрамя таго, што прыбіралі?

- Нічым. Я мыла падлогу на кухні.

Следчы нешта вельмі доўга пісаў, потым падаў тое напісанае Тамары.

- Прачытайце і падпішыце. - Загадаў ён.

Узяла лісты і пачала чытаць. Тое, што там было напісана, здзівіла і напалохала. Яна ж выказала толькі з дзесятак словаў, а на аркушах была ледзь не цэлая аповесць. І што самае дзіўнае, там было зусім не тое, што яна гаварыла: вынікала, што яна чакала немцаў, добраахвотна пайшла да іх на працу. Пры гэтым яна вяла актыўныя размовы з імі, размовы на іхняе мове! Адкуль толькі было вядома, што яна добра валодае нямецкаю мовай, бо ўсю ж вайну старанна хавала тое ад усіх? Тамара падала аркуш назад.

- Не буду гэта падпісваць. - Цвёрда сказала яна.

- Чаму? – здзівіўся следчы.

- Таму, што тут няма ніводнага слова праўды. Я магу ісці дахаты? –

Спытала яна, упэўненая, што дала зразумелае тлумачэнне.

- Дамоў? – Нібы сам у сябе запытаў следчы, - Не, дамоў пакуль нельга.

Вам прыйдзецца затрымацца на непрацляглы час, пакуль будуць высветлены некаторыя абставіны.

- Абставіны чаго? – Не зразумела Тамара.

Але той больш нічога не адказаў. Ён моўчкі націснуў на нейкую піпачку на стале. У пакой увайшоў канвойны міліцыянт. Вывеў Тамару. Апынулася яна ў цесным закратаваным пакойчыку – камеры, дзе стаяў толькі стол ды касабокі табурэт. Нарамі карыстацца можна было толькі ноччу, на дзень іх прыстаўлялі вертыкальна да сцяны.

І пацягнулася доўгае, змрочнае зняволенне. Кожны дзень быў падобны на папярэдні і наступны. Днём не чапалі. Вымушана была сядзець на табурэце. Думала... Больш не было чым заняцца. Не давалі ні кніжак, ні паперы, ні алоўка. У камеры знаходзілася яна адна, хоць, калі вялі на допыт і назад, бачыла, што ў іншых камерах людзей было бітком. Наставаў вечар, дазвалялася класціся спаць. Дазваляцца то дазвалялася, але спаць не выпадала. Як толькі трошкі задрэмвала, у камеру заходзіў канвойны і вёў на допыт. Допыт праводзіў усё той жа следчы. Неяк нават падумала: ён жа таксама не спіць, а вымушаны сядзець вось тут з ёю. Ёй неяк не прыходзіла ў галаву думка, што той пасля допыту ідзе дахаты і спіць там ажно да вечара, а ёй днём таго не дазвалялася. На стале ў следчага раслі ўсё новыя і новыя стосы паперы. Гэта была ейная крымінальная справа. Здзіўляла, навошта спісваць гэтак шмат паперы? Той увесь час распытваў пра адно і тое ж: чым яна займалася ў Менску пад нямецкай акупацыяй? Давала адзін і той жа адказ: мыла падлогу ў нямецкай сталоўцы, бо хацела есці. Між тым, на паперу заносіліся ўсё новыя падрабязнасці таго мыцця. Гэтых падрабязнасцяў яна не ведала. Таму кожны раз адмаўлялася падпісваць пратаколы допыту. Следчага такое непаслушэнства вельмі нервавала. Яму, не менш чым Тамары абрыдзела гэтая справа, але не мог паставіць у ёй апошнюю кропку, бо арыштаваная трапілася на рэдкасць упартая. Пасля таго, як у чарговы раз адмаўлялася ад подпісу, следчы ўскокваў са свайго месца, выхопліваў са стала стос папер, падбягаў да Тамары, тыцкаў ім ледзь ні ў самы нос і лямантаваў, брыдка пырскаючы слінай ёй у самы твар:

- Ты падпішаш ці не, жыдоўская морда?

Пасля гэтага яшчэ доўга ёй кідаліся найбрыдчэйшыя абразы, густа перамешаныя з расейскім матам.

Змардаваная немагчымасцю выспацца, Тамара ўжо на трэці дзень допыту пачала траціць прытомнасць. Звычайна, гэта здаралася тады, калі следчы кідаўся да яе, нібы каршун, і распачынаў сваю чарговую псіхалагічную атаку. Твар ягоны паступова губляў свае абрысы, расплываўся ў паветры, голас нібы аддаляўся, а потым - наставала цішыня. Адлівалі вадою з вядра, якое заўсёды стаяла ў кутку, нібы чакаючы чарговай ахвяры. Прыйшоўшы да прытомнасці і нібыта апынуўшыся ўпершыню на гэтым свеце, Тамара некаторы час не зусім разумела: дзе яна і што з ёю дзеецца. Паступова рэальнасць набывала ўсё большую акрэсленасць, і допыт працягваўся. І так кожную ноч аж да раніцы, затым яе, знясіленую, адпраўлялі нарэшце ў камеру, якая стала ўжо здавацца ледзь ні родным домам. Там, у камеры, ніхто не турбаваў. Адно было вельмі дрэнна: спаць нельга. Садзілася ля стала, клала на яго галаву і ізноў рэальнасць з мрояю пераблытваліся так, што, здавалася, ніколі ўжо іх не разблытаць. Яна ўжо даўно перастала думаць пра мужа: як ён там? Перастала ўспамінаць сваё дзяцінства, калі ўсё было яшчэ гэтак зразумела. Аб усім тым за кратамі думалася ў першыя дні, калі кожную хвіліну чакала, што вось зараз вызваляць, бо лічыла, што трымаць яе не было за што. Але паступова ўпэўненасць у тым, што ні ў чым не вінаватая трацілася. Па-ранейшаму нічога не падпісвала, ніякіх тых папераў, што ёй кожную ноч на допытах падсоўваў следчы, ды ж днём, калі заставалася на самоце, усё больш і больш пачынала сумнявацца: а можа, яна ўсё ж у нечым вінаватая?

На трэці дзень свайго зняволення, пасля таго, як упершыню страціла прытомнасць, а потым пад ледзяным душам з вядра ачуняла, следчы задаў ёй новае пытанне, сэнс якога не адразу зразумела:

- Чаму вы, - пытаўся ён, - схавалі ад уладаў, што вы габрэйка?

Не адразу сцяміла, што пад уладамі ён разумеў улады цяперашнія, савецкія. У першы ж момант падумала, што пытаецца пра немцаў: ад іх яна сапраўды схавала сваю нацыянальнальную прыналежнасць. Але ж гэта лёгка можна было патлумачыць жаданнем проста выжыць. Усе яе дакуманты згарэлі разам з яе бацькамі падчас таго жудаснага бамбавання, калі ад кватэры засталася толькі велізарная варонка. Застаўшыся без дакумантаў ды паслухаўшыся Андрэеву бабулю, звярнуляся да тых новых уладаў за новымі дакумантамі. У тых дакумантах яна сапраўды запісалася беларускай. На шчасце, нямецкія ўрадоўцы не сталі высвятляць, кім яна была на самой справе.

Што тычылася яе працы пры немцах, то няўжо нельга было гэтак рабіць? Застаўшыся з дзвюмя старымі жанчынамі: свекрывёю ды бабуляй, яна мусіла ж нечым заняцца, бо ім пагражала галодная смерць. Усё, што можна было прадаць, было прададзена ў першыя ж месяцы. Ніякай радні дзе-небудзь поблізу Менску ў іх не было. Гэта было шчасце, калі адна са знаёмых яе свекрыві прапанавала мыць падлогу ў той сталоўцы. Сама яна працавала там кухаркай. Грошай за працу Тамары не плацілі. Але яна магла раз на дзень есці, а пасля работы пакласці ў маленечкую місачку чаго-небудзь з рэштакаў яды. Тыя рэшткі заносіла сваім згаладалым сваякам. Гэта не быў добры наедак ні для яе, ні для яе родных, але ўсё ж з голаду не памерлі.

Няўжо толькі ў гэтым была яе віна? Чым больш Тамара думала, тым больш сумнявалася: а ці правільна тады зрабіла? Можа, сапраўды, трэба было прызнацца, што яна габрэйка, і ў яе не было б праблемаў ні тады, ні зараз. Ніколі падман не прыносіў дабротаў. Гэтак казала яе маці. І вось зараз яна адчувае ўвесь цяжар таго падману.

Калі Тамара была ўжо амаль гатовая прызнаць сваю віну, нечакана яе выклікалі да следчага. Не ўночы, як звычайна, а днём. Той працягнуў ёй нейккую паперчыну.

- Прачытайце і падпішыце. - Загадаў ён.

Тамара ўжо звыклася з тым, што ёй падсоўваюць тое, што не мае да яе дачынення, але на гэты раз папера была іншага зместу: яе вызвалялі і патрабавалі неразгалошваньня таго, што з ёю тут здарылася. Падпісала. Яшчэ не зусім верачы, што ўсё гэта праўда: яе адпускаюць!..

На вуліцы чакаў Андрэй. Ад яго Тамары і стала вядома прычына яе вызвалення. Муж адразу ж пасля яе арышту пачаў шукаць нейкае выйсце. Ніякіх дакумантаў ейнага бацькі не засталося, усё было знішчана, і спадзеў быў толькі на яго старыя сувязі. Андрэй пачаў успамінаць усе колішнія размовы з цесцем: а даволі ж часта гутарылі доўгімі вечарамі. Стары доктар быў надзвычай цікавым суразмоўцам. І хто тады мог ведаць, што гэтыя размовы пазней выратуюць жыццё ягонай дачцэ? Успомніў, як цесць часта распавядаў пра сваіх пацыентаў, сярод іх у асноўным былі людзі саноўныя. Яны ж не маглі дазволіць лячыць сябе якому-небудзь недасведчанаму эскулапу, таму і ішлі да знакамітага тады Тамарынага бацькі. Пачаў ліхаманкава ўспамінаць іхнія прозвішчы, спадзеючыся, што можа знойдзецца хто-небудзь, хто згодзіцца дапамагчы. І такі чалавек знайшоўся. Ды не дзе-небудзь, а ў самым НКВД. Той чалавек, да якога звярнуўся Андрэй, займаў даволі высокую пасаду і мог дапамагчы адразу, хоць бы ў знак удзячнасці Тамарынаму бацьку, які некалі зрабіў яму тэрміновую аперацыю і выратаваў жыццё. Але чын спачатку і слухаць не хацеў. Цэлыя тры месяцы Андрэй абіваў парог ягонага кабінету, прасіў, але той быў няўмольны.

- У нас не садзяць за проста так. - Казаў ён Андрэю, але ўпэўненасці ў ягоным голасе не чулася. Хутчэй за ўсё, чын проста баяўся.

Але ж усё такі ён дапамог. Што прымусіла яго гэтак зрабіць, засталося невядома, але нарэшце паведаміў знясіленаму чаканнем Андрэю, што справа закончана. Тамару выпусцяць. На Андрэева пытанне, у чым усё ж такі была яе віна, чын адказаў:

- Радуйся, што яе, наогул, выпусцяць. З такімі артыкуламі як у яе, доўга б ты яе яшчэ не ўбачыў.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: ТАМАРА


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.