НАРЫСЫ

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2021)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему НАРЫСЫ. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь глазами птиц HIT.BY! Звёздная жизнь KAHANNE.COM Беларусь в Инстаграме


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-26

ОЖЕШКО ЭЛИЗА

І

Мінулым летам я сабрала трыццаць пяць новых назваў, якія мясцовыя сяляне надаюць раслінам.

Заечая мята (Clinapodium vulgare).

Макрыца (Anagallis arvensis). Лякарства ад дыярэі і дызентэрыі.

Златнік (Elsholtria cristata). Даюць піць ад болю пад грудзьмі, а таксама ад жаўтачкі.

Рэуць (Cirsium oleracium).

Шаленец (Robinia pseudoacacia). Надзейны сродак ад шаленства пры ўкусе шалёнага сабакі.

Заечы шчаў (Oxalis acetosella).

Расходнік лясны (Bryonia alba). Лякарства ад так званых скул альбо нарастаў і пухлін, асабліва горла. Расліна, што называецца скуляшнік, альбо гладышнік, сваю назву бярэ не ад лекарскіх уласцівасцей, а дзякуючы малым нарастам накшталт гузічкаў, якія з'яўляюцца на ёй увосень. Ад скул, нарастаў і пухліны лечыць расходнік лясны.

Вадзяны хрэн (Rumex obtusifolius).

Лісачка (Veronica beccabunga).

Суханожка (Gnapholium divicum).

Дзень і ноч (Melampyrum pratense). Гэтая назва дакладна адпавядае выгляду расліны, лісце якой цёмна-зялёнага колеру, а кветка вельмі прыгожай і яркай бела-жоўтай афарбоўкі.

Дзевяць сіл (Helianthus tuberosus). Высокая расліна з вялікім лісцем і буйной жоўтай кветкай.

Дзежнік (Authemis tiuctoria). Ужываецца для чысткі дзяжы (начыння, дзе замешваюць хлеб).

Пісьляўнік, у шляхты картаплянік (Solanum nigrum).

Мацічнік (Lysimachia vulgaris).

Уразнік 4 (Tragopogon pratensis).

Іскарка (Senecio jacobea). Назва паходзіць ад яркай жаўцізны кветак, што шчыльна адна каля адной месцяцца на сцябле.

Станоўнік 5 (Grodyera repeus).

Свярблячка (Hydrocharis morsus ranae).

Барлінак, альбо барлінец (Vinca miuor). Барвінак. Належыць да групы раслін чарадзейных. Калі хто-небудзь у хаце цяжка хварэе, сыплюць лісце барвінку ў гаршчок, напоўнены вадой, і ставяць гэты гаршчок каля парога хаты альбо, што яшчэ лепш, пад ложак хворага. Калі лісце пажоўкне і ападзе на дно, то хворы памрэ. Калі ж застанецца зялёным і будзе плаваць на паверхні — паправіцца.

Сінагодзе (Jasione montana). Кветка вельмі падобная да голаду, толькі меншая і не ліловая, а блакітная (сіняя), адсюль, можа, — сіні голад, а скарочана — сінагодзе.

Сланечнік палявы (Hieracium rigidum).

Парушэннік 9 (Pentaphyllum Lupinaster).

Люцэрыя (Medicago falcata).

Парушэнец 10 (Viola canina).

Маніга (Mentha sylvestris).

Ваўчкі (Bidens cornua).

Мацоўнік (Veronica chamaedrys).

Страшны дзень (Euphrasia officinalis). Брыдкая, грубая прамая расліна з прыгожай ясна-ліловай кветкай.

Сабачае мыла 2 (Melandrium album). Пры некаторых хваробах ім раяць мыцца.

Старога дуба корань (Agrimonia eupatoriae). Можа, так называецца ад падабенства сцябла альбо кораня да кораня расліны, што называецца стары дуб.

Падбел (Capsella bursa pastoris).

Уразнік 5 (Ranunculus flammula).

Воўчае лыка (Centaurea scabiosa).

Ясна свячашчая (Scabiosa ochroleuca). Буйная, прыгожай белізны кветка, што расце на высокім сцябле. Залатую розгу (Virgo aurea), якую засцянковая шляхта так і называе, сяляне завуць ясніца — відаць, ад ярка-жоўтага колеру яе кветкі. Што ж да дзярозкі, якую я раней згадвала, то тут выйшла памылка. Stellaria graminea называецца гніды, а дзярозка — гэта Spergularia rubra. Яна, як і гніды, сцеле свае галінкі каля самай зямлі, кветкі ж яе не белыя, як у гніды, а ліловыя.

Усяго вядомых і ўжываных тутэйшымі людзьмі назваў раслін удалося мне адшукаць 228. Значная колькасць з іх выкарыстоўваецца з лекавымі мэтамі. Сярод іх вылучаюцца важнейшыя (бо выклікаюць найбольшы давер і найчасцей ужываюцца) групы, што маюць назвы: парушэннік (альбо парушэнец), станоўнік і ўразнік. Першых знайшла 10, другіх — 5 і трэціх — 5.

Да іншай групы раслін адносяцца тыя, што ўжываюцца для чарадзейства. Такіх у маіх нататках дзевяць: шчасце, капытнік, загартушка, адзін з уразнікаў, які таксама мае назву загартушкі, урочнік, адзін з парушэннікаў, нетупа, заечая капуста, барлінец.

Хацелася б таксама звярнуць увагу чытачоў на назвы, што характарызуюць выгляд, форму і расфарбоўку расліны, бо яны сведчаць пра назіральнасць народа і ягонае эмацыянальнае стаўленне да прыроды, а таксама на здольнасць ствараць паэтычныя параўнанні.

Пачала я збіраць і прымаўкі, што бытуюць у мове тутэйшых людзей, і прапаную іх зараз вам.

Бяда за бядой, смерць за плячыма.

Бяда бяду вязе.

Хай сабе будзе хлеб з вадой, толькі б не з бядой. Перажыванні, маральныя пакуты — горшыя за галечу, калі толькі тое і ёсць, што хлеб з вадой.

Чорт бяду перажыве, адна міне, дзесяць будзе.

Бяднюткі: ох! а за бяднюткім Бог. Бедны наракае, а яго Бог абараняе. Калі чалавек стогне, Бог гэта чуе і за яго заступаецца.

Хай будзе бяда, а грошы будуць. Чалавек, даведзены да крайнасці, знойдзе сабе ратунак. Інакш: Даў Бог бяду, а я грошы знайду.

Хоць бяда, то гоп!

Маўчы язычок, атрымаеш бобу, а як не будзеш маўчаць, дастанеш у бок хваробу.

Калі ясі пірог з грыбамі, трымай язык за зубамі. Калі табе добра, то будзь асцярожны.

Не было нас — быў лес, не будзе нас — будзе лес.

Былі святыя да нас, будуць і пасля нас. Не толькі мы адны добрыя, былі такія і перад намі, будуць і тады, як нас не стане.

Чым далей у лес, тым больш дрэў.

Дзе дровы сякуць, там трэскі ляцяць.

Чаго б сляпы плакаў, каб сцежку бачыў.

Засмяяўся сляпы, што сцежку ўбачыў. Адпавядае польскаму: Знайшла сляпая курачка зярнятка. Ужываецца таксама ў тым значэнні, што нешчаслівага і дробязь суцешыць.

Узяўся за гуж — не кажы, што не дуж. Распачаўшы працу, не адмаўляйся ад яе выканання тым, што не ўмееш.

Не пераскочыўшы, не кажы гоп!

Дзяры лыка, пакуль можна.

Хлеб і соль еж, а праўду рэж. І хлебадаўцу трэба гаварыць праўду.

Не спадзявайся на куму, а з мяшка шый суму. Не спадзявайся на людскую дапамогу, а сам сабе давай рады.

Не плюй у ваду, прыйдзецца напіцца.

Кінь за сабой, знойдзеш перад сабой.

За перабірачку дастанеш балячку.

Ласка не каляска, сеўшы не паедзеш.

З чужога воза пасярод балота злазь.

Сабака кудлаты — яму цёпла, селянін багаты — яму добра.

Не я казаў, а сабака брахаў.

Сабачыя галосы не ідуць пад нябёсы.

Ксёндз з Панам Богам едзе, а сабака брэша.

Не кожная курыца чубатая, не кожны сабака кудлаты. Няроўнасць існуе і ў самой прыродзе.

Баба з воза, колам лягчэй.

Надвае бабка варажыла.

Успомніла сабе баба дзявочы вечар і плакаць пачала.

Не мела баба клопату, купіла парася.

Воўчая натура да лесу цягне.

Воўк і лічанае бярэ.

Куды, воўк, ідзеш? Па тваё апошняе дабро, альбо — па сірочае дабро. Людская хцівасць найбольш праяўляецца на бедных і пакінутых.

Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць.

Узяў воўк кароўку, няхай возьме і вяроўку.

Насіў воўк, панеслі і ваўка.

Калі муж жонку не б'е, у яе вантроба гніе.

Хоць бы свіння лыса, абы грошай міса.

Хоць за вала, абы ў хаце не была. Абы за каго выдаць замуж, каб толькі пазбавіцца дачкі з дому.

Які-такі целяпей, але ўдваіх, то і лягчэй. Гаворыцца пра абы-якое замужжа.

Які-такі, абы быў і на хлеб-соль зарабіў.

Ажаніўся — зажурыўся, жонка памерла — развесяліўся.

Удава дзвюх кароў мае і плача, а ўдавец адну авечку — і скача. Мужчына і жанчына па-рознаму ўспрымаюць сваё становішча.

Бацька, маці кормяць дзетак — і дзеткі скачуць, а як дзеткі кормяць, бацька, маці плачуць. Бацькоўская любоў мацнейшая за любоў дзяцей.

Гадавала дзеці, а няма дзе галавы падзеці.

Дзеці, дзеці, добра з вамі ў леце, а зімой галавой у печ. Пра цяжкасці ўтрымлівання і абагравання сям'і зімой.

Няма той хаткі, дзе не было б звадкі (сваркі, калатнечы).

Шэпты хату губяць. Таямніцы і інтрыгі, шэпты па кутках знішчаюць спакой і хатні дабрабыт.

Мая хата з краю, нічога не знаю. Не хачу ні ў што ўмешвацца.

Чым хата багата, тым рада.

Круці не круці, мусіш памярці.

Калі возьме навекі, не памогуць лекі.

Бог з людзьмі робіць ігрыска: аднаго высока, другога нізка.

Богу свечка, чорту качарга. Інакш: дзве свечкі.

Над сіратою Бог з калітою.

Бог не цяля, знае круцяля.

Бога не гняві, людзей не смяшы.

На табе, Божа, што мне не гожа!

Не хваліся, але да Бога маліся. Пахвальба — заўсёды неразумная, бо ўсё ў руках Божых.

На каго Бог, на таго і людзі.

Хто рана ўстае, таму Пан Бог дае.

Паны сварацца, а ў сялян кудлы трасуцца.

Папалася, жучка, у панскую ручку.

Не дай, Божа, з Івана пана.

Які пан, такі крам.

Казаў пан, зрабіў сам.

Калі не поп, не прыбірайся ў рызу. Не май прэтэнзій без адпаведных правоў. Не бярыся за работу, якую выканаць не зможаш.

Хто з кім, а поп з Касяй.

Чорт сваё, а поп сваё: падавай малітоўнік! Трываласць добрага супраць ліхога. У спрэчцы, калі ніводзін з бакоў не хоча саступіць.

Сказаў поп, што ў нядзелю свята. Калі нехта гаворыць пра рэчы ўсім добра вядомыя.

Сыты галоднаму не спачувае.

Каму што, а галоднаму хлеб у галаве.

Галодны ўсё поле аббяжыць, а голы ні за парог.

Голы разбою не баіцца.

Уцякай, голы, бо абдзяруць! З найбяднейшых найбольш людзі здзекуюцца і рэшту гатовыя абадраць. (А можа, насмешлівае застрашэнне, бо голаму няма чаго баяцца.)

Купіў бы сяло, але грошай гало.

За дурной галавой і нагам неспакой.

Пашлі дурнога, за ім другога. Пашлі па што-небудзь дурня, адразу ж мусіш пасля яго пасылаць кагосьці іншага.

Абяцанка, цацанка, а дурному радасць.

Не такі чорт страшны, як яго малююць.

Багатаму чорт дзяцей калыша. Багатаму сам чорт спрыяе і дапамагае.

Сем пар лапцей (альбо пасталоў) чорт падраў, пакуль такую пару дабраў.

Маліся пад фігурай, а чорт за скурай.

Разабраўся, як свіння ў перцы.

Ведаў Бог, што не даў свінні рог. Добра, калі злосны і нядобры чалавек не мае сродкаў, каб шкодзіць іншым.

Калі б свіння рогі мела, дык цэлы свет пакалола б.

І свіння гаспадыня, калі мукі поўна скрыня. І абы-якая кабета будзе добрай гаспадыняй, калі ў хаце дастатак.

Кошцы смех, а мышцы смерць.

Носіцца, як кот з салам.

Ведае кошка, чыё сала з'ела. Крыўдзіцель адчувае сорам перад пакрыўджаным.

Стары вол баразны не псуе. Вопыт засцерагае ад памылак у працы.

Ласкавае цялятка дзве маткі ссе, а гордае ніводнай. Лагоднасць людзей аб'ядноўвае, а пыха раздражняе.

Захацелася, як кабыле воцату. Калі хтосьці захоча для сябе неадпаведнай рэчы.

Якое жарабятка народзіцца, такое і воўк з'есць. Трываласць прыроджаных чалавечых інстынктаў альбо нязменнасць некаторых чалавечых лёсаў.

Не ў твой бок цыранка (чырок) носам сядзіць. Не для цябе гэты шанец альбо —поспех.

Не нашаму цяляці воўка за хвост злавіць. Інакш: не нашаму дзіцяці воўка ў лесе злавіць. Азначае тое самае.

Не радзіся красівай, але шчаслівай.

Хлеб не нявестка: які спячэцца, такі і з'ясі. Лягчэй есці дрэнна выпечаны хлеб, чым цярпець нядобрую жанчыну.

Дачакаліся казакі: ні хлеба, ні табакі. Дажыліся людзі да цяжкіх часоў.

За такую работу няварта той вады, што ў хлебе.

За такую работу толькі шылам кашу есці. За такую работу належыць столькі заплаціць, колькі можна набраць кашы на канец шыла.

Ухапіўшы шылам мёду (патакі). Столькі з нечага скарыстаў, колькі можна мёду на канец шыла набраць.

Добра п'яніцу і кропелька. Добра сабаку муха.

Калі п'ян, дык капітан, а як праспіцца, дык і свінні баіцца. П'яны адважны, а цвярозы палахлівы.

На злодзею шапка гарыць.

Украў іголку, добра, пахолку, украў шпільку, добра, сынку. Злодзею кожная дробязь спатрэбіцца.

Абое рабое. Пра дваіх падобных у маральных адносінах людзей.

Маленькая, але даражэнькая.

Жыдоўскае: зараз, а панскае: пачакай!

Слаўны бубны за гарамі, як наблізяцца — роўны з намі. Розгалас часта бывае падманным, рэчы, якія здалёк лічацца надзвычайнымі, пры збліжэнні аказваюцца звыклымі.

Свая сярмяжка нікому не цяжка.

Чакаў мядзведзь на мёд і не еўшы спаць лёг. Вымагаючы ад лёсу лепшага, не цешымся тым, што маем.

Даганяць — не цалаваць. Інакш: даганяючы, не нацалуешся. Нельга змушаць на каханне. Змушаныя пацалункі нямілыя.

Будзеш есці абаранак, будзеш плакаць цэлы ранак. Нястрыманасць, марная трата грошай прыносяць шкадаванне.

На сяло людзей дурыць (ідзі сабе)! Не на дурня натрапіў, ідзі падманвай дурнейшых за мяне.

Што ўмела, забыла і кніжку згубіла. Поўнае адурэнне, страта некалі набытых ведаў.

Чаго шмат, тое нясмачна. Азначае перанасычанасць.

Чаго шмат, таго і свіння не есць. Што ўжо надта дрэннае, недалікатнае, дакучлівае, тым брыдзілася б нават такая істота, як свіння.

Не ўрадзіўся мак, перажывём і так. Калі не маем дастатку, шчасця, і без іх будзем жыць.

Скачы, вораг, як пан кажа, а я буду так, як сам хачу. Няхай мой вораг уласнай волі не мае, мне мая свабода дарагая.

Што ўбіў, то ўехаў. Столькі спажывае, колькі цяжка запрацуе. Адносіцца таксама да гультаёў.

Злітаваўся рак над жабай, як вочы выеў. Запозненая літасць крыўдзіцеля да пакрыўджанага.

Стралец лапці пляце, рыбак рыбку пячэ. Большая прыбытковасць рыбацкага рамяства, чым паляўнічага: пры параўнанні двух няроўных заняткаў альбо станаў.

Горка з'есці, шкода выкінуць.

Пакуль тоўсты ссохне, худы здохне. Параўнанне багацця з малым дастаткам.

Рука руку мые, каб абедзве белыя былі. Калі людзям шчасціць, трэба, каб яны адзін аднаму дапамагалі.

Што ж дзіўнага, што ў караля прыгожая жонка!

Люлі, люлі, малое, праз год другое. Адпавядае польскаму: Што рок, то прарок.

Нашто мне тыя пісталеты, калі я страляць не ўмею? Навошта простаму чалавеку пераборлівасць, неадукаванаму разумныя дыспуты, нешчасліваму забавы і г.д.

Свой свайго пазнаў і на піва пазваў. Адпавядае польскаму: Варты Пац палаца, а палац Паца.

І пастуха пазбыўся, і пісара не набыў. Адпавядае польскаму: Лепш верабей у руцэ, чым арол на суку. Альбо: ксяндза не зрабілі, а парабка сапсавалі.

Усё перамелецца, мука будзе. Усё дрэннае мінае, а добрае застаецца. Альбо: усё часовае, выпадковае мінае, а сутнасць рэчы, яе аснова, застаецца.

Як пераначуем, лепей пачуем. Адпавядае французскаму: La nuit porte canseil.

Служба не дружба. Не трэба давярацца начальству.

Чаму не шалець (не дурэць), калі ахвота? Чаму не павесяліцца, калі гэтага хочацца?

Навальніца ў лес не ідзе.

Дзе наша дабро ні прападала! Хто нас ні крыўдзіў?

Нарадзіўся ў кашулі, на вяроўцы згіне. Пастаянны і залішні поспех псуе чалавека.

Не выдзіраць вочы, калі не хочуць браць. Не выдзіраць людзям вочы за тое, што не хочуць браць (за жонку).

Прыйдзе коза да майго воза.

Прыйдзе тая нядзеля, калі будзе маё вяселле. Дачакаюся і я вясёлай хвіліны, альбо — шчасця. Буду і я трыумфаваць. І я калісьці буду найпершы.

Важ ваду, вада будзе. Адпавядае польскаму: З парожняга не нальеш. Таксама пра дарэмныя высілкі, размовы, пра безвыніковасць старанняў, чалавечую непапраўнасць і г.д.

У кожнага зубы белыя, але што за зубамі — невядома. Знешне ўсе людзі падобныя паміж сабой, але што хаваецца за знешнім выглядам? Адпавядае польскаму: Ноччу ўсе каты шэрыя.

Калі маё не ў лад, я сваё назад. Калі хтосьці маёй паслугі, любові, прыязні не патрабуе, не хоча прыняць, я не настойваю на гэтым, адступаю.

За маё жыта мяне пабіта. Няўдзячнасць, адплата злом за дабро.

Хто каго любіць, той таго чубіць.

Хто позна прыходзіць, той сам сабе шкодзіць.

Хто дарогу прастуе, той дома не начуе. Кароткія дарогі — даўжэйшыя.

Хто дужэйшы, той лепшы.

Хто каго ўгне, той таго паб'е. Сіла перад законам.

Як хто хоча, так па сваім бацьку плача. Адпавядае польскаму: Вольна Томку ў сваім домку.

Хто б дзятла чуў, каб не яго нос? Хто б ведаў пра дзятла, калі б не ягоная дзюба (якой стукае ў дрэва)? Крыклівасць, пахвальба і г.д.

Каму як каму, а куртатаму ліха. Каму як каму, а сабаку без хваста бяда. Найбяднейшага калеку, абдзёртага як ліпку, кожны найлягчэй пакрыўдзіць.

Ці на малы праснак — палі ў печы; ці на вялікі праснак — палі ў печы. Ці малая работа, ці вялікая, а добра зрабіць яе трэба. Ці мала гасцей, ці шмат — адзін заход.

Як паехаў на кірмаш, што і сёння нямаш. Пра таго, хто спазняецца з прыездам; пасланы няхутка вяртаецца і г.д.

Даў Бог дзяцей, дасць і на дзяцей.

Сава не прывядзе сакала. Сава не народзіць сокала.

Сярод гэтай сто шэсцьдзесят адной прыказкі сорак адна ўжываецца і ў польскай мове. Цікава было б высветліць, у якой з дзвюх моў яны найперш узніклі.

У мове тутэйшага люду ёсць таксама шмат прыпавесцяў, альбо прымавак і прыгадак, якія дакладна характарызуюць паводзіны і адчуванні. Так, каб ахарактарызаваць ляноту, кажуць: Ішла Гандзя ў поле жыта жаць, хлеб узяла, серп забылася, вярнулася дахаты; серп узяла, хлеб забылася, вярнулася па хлеб і ў хаце засталася.

Альбо: Не ідзі, дачка, сачавіцу касіць, бо замуж пойдзеш, я памру, і непатрэбна будзе. Дачка замуж не выйшла, яна не памерла і не было чаго есці.

Пра ўпартасць кабет і ўступкі, якія ім робяць мужчыны, кажуць так:



Муж кажа: лён, жонка кажа: грэчка, Не кажы ты ні славечка, Няхай будзе з лёну грэчка. Муж кажа: рыба, жонка кажа: рак, Няхай так, няхай сяк, Няхай будзе з рыбы рак.

Вялікае ўбоства характарызуюць пытаннем, спалучаным з адказам.

Калі еў абаранак? Ніколі не еў, але мой брат бачыў, як яго адзін пан еў.

Пра крывадушніка кажуць: Пяшчотамі душу адбірае. Значыць: праз ласку, пяшчоты можа давесці чалавека да згубы.

Калі хто-небудзь прадказвае дрэннае, кажуць: Соль табе ў вочы, а дзяркач у зубы.

Вярнуўшыся з гасцей, дзе не надта старанна запрашалі да яды і піцця, кажуць: Усё было, толькі прынукі не было.

Загадак ведаю дваццаць чатыры.

Поўны хлеў белых авечак, адзін баран бляе (язык).

Кругленькі, маленькі, усё поле аббяжыць (серп).

Едуць, едуць, ні дарогі і ні следу, каня бічам паганяюць, на смерць паглядаюць (човен).

Баран у хляве, яго рогі на дварэ (бурак).

Ляціць птушка, не сінічка, носік доўгі, галасок тонкі, хто яе заб'е, сваю кроў разліе (камар).

Касцяны, драўляны, праз гару свіней гоніць (грэбень).

Маленькая, чорненькая, цэлую калоду парушыць (блыха).

У лазе, у лазе на адной назе (грыб).

Ляцеў звярок цераз Божы дамок, звярок кажа: мая праца гора (пчала).

Поўна царква людзей, без акон і дзвярэй (агурок).

У лесе дзяжа кісне, хто ідзе, той паленам цісне (дзікая яблыня).

Як ляжыць, то ніжэй вераб'я, а як устане, то вышэй каня (дуга).

Як рыкне сівы, то чуваць за сямю гарамі (звон).

Сярод лесу дзяжа кісне, сярод лесу агонь блісне (каліна).

Жалезны ток, свінні пераскок, грачаныя снапы (патэльня).

Чатыры панічкі пад адным капялюшыкам (стол).

Быў такі Радзівон, радзіў дзяцей адзін ён. Пайшлі дзеці да Бога, Бога не дасталі, вушы паспускалі (хмель).

Па саломе ідзе — не шалясціць, а па вадзе — не пырскае (сонца).

З дому ўсё вывез, усё вынес, а бацькоўскага пояса не вынес (сонца).

Віса вісіць, хода ходзіць, віса ўпала, хода з'ела (груша).

Чорненькі, маленькі, у караля заўжды на абедзе (перац).

Чырвонае карыта да сцяны прыбіта (клоп).

Сядзіць панна ў каморы, а валасы на вуліцы (морква).

У куточку на чарапочку смерць стаіць (стрэльба).

ІІ

Калі першы раз зайшлі мы на сядзібу Яські Снопкі ў вёсцы Міневічы, сустрэлі нас вельмі гасцінна. Гаспадыня, румяная чарнавокая трыццацігадовая маладзіца, сядзела на прызбе хаты і карміла немаўлятка, якому было недзе каля года. Гаспадар, высокі, лысы, з сівізной і з прадаўгаватым, хударлявым тварам селянін, заўважыўшы на сваім панадворку гасцей, пакінуў гумно, дзе з дапамогаю падлетка складаў сена, і, падышоўшы, ветліва павітаўся з намі: «Хай будзе пахвалёны». Сядзіба не была люднай. Дазналіся мы, што падлетак і дзве старэйшыя дзяўчынкі былі дзецьмі з першага шлюбу Снопкі, іншых жа дзяцей, апрача немаўляці на руках, у гаспадыні, не было. Спыталіся мы ў Снопчыхі, ці гэта адзінае яе дзіця. І ў імгненне вока яе твар з вясёлага і ажыўленага стаў хмурым. Быў яшчэ ў іх сынок, якому летась споўнілася тры гады і які памёр ад «ліхтарытусу» (дыфтэрыту). Такі быў дужы, здаровенькі, не жарт які разумны, а гутарлівы, аж вясёла ад яго рабілася ў хаце. Калі захварэў, чаго яны ні рабілі, каб яго ўратаваць! Да дохтара нават насілі. Нічога не дапамагло. Скаціўся са свету, як тая ягада!

І калі так параўноўвала яна сваё год таму памерлае дзіця з ягадай, што скочваецца з паверхні свету, па свежым яе твары цяклі слёзы.

Такія самыя слёзы бачыла я летась на шчоках Круліхі ў Гледавічах, калі яна расказвала пра свайго сына, што памёр «з вялікай гарачкі» падчас турэцкай вайны дзесяць гадоў таму.

У наднёманскай вёсцы Мазонаўцы ёсць сялянская сям'я, адзін з сыноў якой хадзіў некалькі гадоў у Гарадзенскую гімназію. Заканчваючы навучанне, ён захварэў і на нейкі час вярнуўся ў родную хату. Лекар параіў яму прымаць ванны, якія рабіла маці. І вось паводле сялянскіх забабонаў, быццам вада, у якой купаецца хворы, выцягвае з ягонага цела хваробу, гэтая сялянка пасля кожнага купання сына не ленавалася залезці ў ваду, якую ён толькі што пакінуў, мяркуючы, што выцягнутая вадой частка ягонай хваробы пранікне ў яе, а да яго ўжо не вернецца. Цяпер гэты сын — чыноўнік у далёкім горадзе. Ён штогод прыязджае на адпачынак да бацькоў. Прывозіць з сабой фісгармонію, на якой любіць і ўмее іграць. І вось амаль кожны вечар маці просіць яго, каб зайграў, а калі ён ахвотна гэтую яе просьбу выконвае, кабеціна забіваецца ў найглыбейшы куток хаты, цэлымі гадзінамі слухае сынаву музыку і пад яе гукі паціху моліцца альбо плача.

Сваіх хворых дзяцей тутэйшыя сяляне не пакідаюць у занядбанні, наадварот, старанна лечаць паводле сваіх уяўленняў і мажлівасцей. Пераважна выклікаюць на дапамогу знахарак ці лекарак, досыць часта ідуць да фельчараў, а часам, хоць гэта ўжо і рэдка, да дактароў, што жывуць у навакольных мястэчках. Калі ў якім з суседніх маёнткаў жыве паня, якая па меры магчымасці і сваіх ведаў дае хворым парады і лякарствы, то ахвотна прыводзяць і прыносяць да яе сваіх хворых дзяцей [...]

1891 год

І

Вось новая жменька назваў, якія дае наднёманскі люд раслінам.

Рожа 1 (Malva abcea). Высокая расліна з вялікай кветкай прыгожага ружовага колеру.

Рожа 2 (Lavatera thuringiaca). Кветка таксама ружовая, але меншая за папярэднюю.

Гарашок (Lathyrus silvestris).

Кручкі (Platanthera bifolia). Дробненькая белая кветачка, якая мае кручкаватую форму.

Быліна (Aconitum napellus). Ужываецца як лякарства ад парушэння і болю ў грудзях, аднак не належыць да групы парушэнцаў.

Кактус (Ajuga genevensis). Ім лечацца ад каўтуна, а таксама ад так званай салодкай болькі.

Дзевяціранка (Potentilla Tormentilla). Корань яе, настоены на гарэлцы, лечыць парушэнне.

Святы Юзаф (Calamintha Acinos). Лякарства ад болю ў грудзях.

Салавейчыкава шчаўе (Betonica officinalis).

Ліставая дзераза (Asperugo promunbens). Дзеразой называецца Licopodium clavatum, дзярозкай — Spergularia rubra.

Дакот (Ajuga reptans).

Талюха 2 (Selinum carvifolia). Талюха 1 — гэта Sium latifolium.

Грабелькі 3 (Geranium sangnineum). Грабелькі 1 — гэта Geranium pratense, а грабелькі 2 — Erodium cicutarium. Усе гэтыя тры расліны маюць насенніцы ў форме грабляў. Засцянковая шляхта называе іх «бацяновыя насы».

Зязюльчын асоцік (Scuntellaria galericulata).

Папараць (Asplenium trichomanes). Тутэйшыя жыхары апрача двух гатункаў папараці гэтую назву даюць Asplenium trichomanes і яшчэ Spirea filipendula. На пытанне пра папараць адказваюць, што ёсць чатыры папараці.

Зязюльчыны слёзкі (Lobelia evоnus).

Барада (Vincetoxicum officinale). Вельмі вядомы і расхвалены сродак супраць хвароб, звязаных з гарачкай. Аднак у гэтых краях яго вельмі цяжка знайсці, бо ён ёсць толькі ў адной мясцовасці, што называецца Калпакі, дзе ў невялікай колькасці расце на пясчаных пагорках. Лекавыя ўласцівасці мае корань гэтай расліны, які цяжка выкапаць, бо ў яго шмат доўгіх і тонкіх расшчэпленых карэньчыкаў, што надае яму падабенства да мужчынскай барады і што паслужыла прычынай назвы: барада.

Ванжоўнік (Polygonum bistorta). Мае вельмі доўгае выцягнутае лісце. У галодныя гады сяляне вараць яго і ядуць.

Макрыца белая (Anagallis arvensis). Гэта адзін з 11 вядомых мне парушэнцаў альбо парушэннікаў.

Каціная лапа (Senecio vulgaris).

Заечая цыбуля (Allium scorodoprasum).

Распэлка (Euphrasia odontites). Лякарства ад скул. (Euphrasia officinalis называецца Страшны дзень.)

Пустацвет (Gymnadenia cucullata).

Жыватабольнік (Plantago arenaria). Ад венерычных захворванняў і хвароб страўніка.

Маркоўнік, альбо маркоў (Daucus carota). Змяшаны з палёнам (палыном) і кропам (валяр'янай) лечыць ад болю пад грудзьмі. Насенне маркоўніку разам з парушэнцам Parnassia palustris — ад бяздзетнасці, што паходзіць ад чараў (зроблена).

Мучэльнік (Arctostaphylos uva ursi).

Сітнік 2 (Juncus glaucus). Сітнік 1 — гэта Juncus conglomeratus.

Хвашчай балотны (Equisetum palustre).

Сардэчнік (Potentilla anserina).

Гарча (Adenophora liliifolia).

Сальма (Hypericum guadrangulum).

Касцяніца (Rubus saxatilis).

Багдановіч (Luzula vernalis).

Бурнус (Ajuga). Хворым на тыфус падчас гарачкі трэба абкладаць галаву адваранымі лістамі.

Слізікі вадзяныя (Hippuris vulgaris).

Атвор пупа (Hieracium umbelatum). Лякарства ад грыжы.

Цыдзік (Scorzonera humilis).

Асака (Phragmites communis).

Гарабенец (Astragallus glycyphyllos).

Гарлінец (Trifolium fragiferum). Ад скул у горле. Гатуецца і выкарыстоўваецца для паласкання толькі ссохлая кветка расліны, якая мае гузаваты выгляд.

Варта адзначыць, што за тры мілі ад мясцовасці, дзе я дагэтуль збірала назвы, некаторыя з іх называюцца ўжо зусім інакш:

Сардэчнік (Spirea filipendula) — папараць (адна з чатырох папарацяў).

Боршч — Гусіныя лапкі.

Дзеравянка (Cichorium intibus) — Чаразплячнік.

Дзевяціранка — Дзеравянка.

Дзянгель — Сплаўнік.

Дурэц — Весялуха.

Дзевяцьсіл — Нямецкая бульба.

Дзяўнік — Дзындзэль.

Галод — Няспорнік.

Гніды — Раснік.

Яснасць свячашчая — Няспорнік белы.

Падгруднік — Яскулка.

Камела — Калысальнік.

Казліныя бароды — Цыбульнік.

Найсвяцейшай Панны лён — Заечы, альбо Зязюльчын лён.

Сабачы язык — Медаўнік.

Паўночнік (Centaurea Jacea) — Зрыўнік.

Паўночнік 2 (Centaurea scabiosa) — Зрыўнік.

Цытра — Польныя бурачкі.

Расходнік (Lysimachia nummularia) — Барлінец палявы.

Рыцытнік — Расходнік.

Агурэчнік лясны — Сівой зязюлькі лісток.

Сардэчнік 2 — Слёзкі.

Сінагодзе — Сінечка.

Салавейчыкава шчаўе — Дзякоўнічак.

Заечы мак белы — Шпіён.

Жывакост балотны — Велькалюд (напэўна, з-за вялізнага лісця).

Брызгунец — Смактушкі (даюць дзецям смактаць як лякарства ад кашлю).

Зноў жа некаторыя расліны, якія не мелі назваў у папярэдняй вёсцы, тут іх маюць. Гэта тры наступныя:

Авечкі (Eriophorum angustifolium).

Семечка (Briza media).

Бегунец (Capsella bursa pastoris).

Там іх называлі проста травамі, а тут, недзе праз тры мілі, яны маюць прыгожыя, адпаведныя свайму выгляду назвы.

Гэтаксама адбываецца і з ужываннем раслін у лекавых мэтах. Лекарка з вёскі Горны ўжывае пры хваробах сродкі, невядомыя для лекаркі з Гледавіч, якія знаходзяцца праз тры мілі ад Горнаў. Гэтая лекарка апрача вышэйзгаданых расказала мне і пра наступныя расліны.

Пазёмкі (ягады) — адвар з высушаных ягад ужываецца ад болю ў грудзях.

Рута. Сырое лісце і кветкі даюць пажаваць парадзісе, каб палегчыць роды. Гэтая ж расліна, завараная ў малацэ, служыць як лекавы сродак ад кашлю.

Раса жытняя (Кветка жытняя) таксама аблягчае роды, калі жаваць яе падчас пароду. У гэтым самым выпадку не толькі жанчынам, але і каровам даюць піць наготкі, адвараныя разам з асвечанымі ў касцёле лістамі капусты, з кропам і валошкамі (Amarantus retrofloxus).

Рапей (Lapa tomentosa). Адвар з кораня даюць піць ад каўтуна.

Валошкі — п'юць ад слабасці, што паходзіць ад перапуду.

Касьнік (у ваколіцах Міневіч і Гледавіч — гніды). Адварам трэба паласкаць валасы, тады будуць доўгія косы.

У верасе, змяшаным з мохам і бярозавым лісцем, купаюць хворых дзяцей.

Ад нематы, выкліканай злым ветрам, трэба вырваць ліст з кніжкі па набажэнстве, насыпаць у яго зёлак з вяночкаў, што асвячаліся на Божае цела, і гэтым абкурваць хворага.

Слёзкі (не блытаць з зязюльчынымі слёзкамі) добра дапамагаюць ад слёзатачывасці. Лісце і кветкі іх (адвараныя) трэба прыкладаць да вачэй.

Скрыпіца (Silene inflata). Ёю трэба паіць дзяцей, калі ахрыпнуць.

Скочкі, заечая капуста (батанічных назваў абедзвюх гэтых раслін я не ведаю). Гатаваць з гарчыцай і даваць піць адвар жанчынам, калі ў іх не хапае малака.

Тры апошнія згаданыя тут лекавыя сродкі звязаныя з народнай медычнай сімволікай, на якую і раней я колькі разоў звяртала ўвагу. Насенніцы слёзак падобныя на авальныя мяшэчкі, якія сапраўды вельмі нагадваюць кроплі, што сплываюць уніз па сцябле. Мясцовыя жыхары назвалі расліну слёзкамі і лечаць ёю вочы, калі з іх пачынаюць цячы слёзы.

Silene inflata. Пры лёгкім націсканні выдае хрыплы і пісклівы гук. Таму называецца ў народзе скрыпіца і даецца дзецям супраць ахрыпласці.

Скочкі і заечая капуста — расліны тоўстыя, сочныя і мясістыя настолькі, што засушыць іх аказалася немажлівым, у прыватнасці для мяне. Дык таму і п'юць іх жанчыны, якім не хапае малака для кармлення немаўлят.

Усе гэтыя сродкі для Люці з Гледавіч зусім невядомыя, замест іх яна ўжывае мноства іншых, пра якія не ведае Кацярына Караўкава з аддаленай на тры мілі вёскі Горны. Праўда, мінулым летам здарыўся выпадак, які непасрэдна сутыкнуў гэтых дзвюх лекарак і пра які я раскажу тут, як пра досыць цікавую і характэрную рысу народнага жыцця.

ІІ

Прыгожым чэрвеньскім днём падчас найбольшага буяння расліннасці ля дарогі, што перасякала невялікі сасновы барок, раскіданы па пагорках над самым Нёманам, прысела невысокая хударлявая бабка. Было ёй недзе каля шасцідзесяці гадоў, апранутая яна была ў звычайны сялянскі строй. Быстрыя чорныя вочкі на круглым, румяным, але паморшчаным твары нагадвалі разынкі, усаджаныя ў падмарожаны яблык. Відаць было, што кабета стамілася і ёй нешта далягала, бо сядзела пад сасной, крывячыся і стогнучы. Але раптам яна пачала прыслухоўвацца. Па лесе разносіўся спеў. Спявала жанчына. Нехта ішоў сюды бакавой сцяжынкай, што бегла ўглыб лесу смарагдавым пасам, і, ідучы, спяваў.



Свеціць месяц, свеціць паміж зорачкамі, Сядзіць мой міленькі паміж дзевачкамі. Няхай жа сядзіць, няхай рассядаецца, Няхай жа чужым прыглядаецца, з чужымі забаўляецца. Няхай жа чужым прыгажуням віно купляе, А на мяне, маладую жонку, нагайку шукае. Шукай сабе не шукай, але біць не будзеш; Не трэба было ссякаць зялёнага дуба, Не трэба было браць мяне, калі не люба, Не трэба было ссякаць зялёнага гаю, Не трэба было браць мяне да чужога краю, Не трэба было ссякаць зялёнай ляшчыны, А трэба было ўтапіцца, едучы да дзяўчыны. Ой, не было на цябе ні перуна, ні вады: У цёмную ночку прыехаў пракляты пан малады!

Седзячы на ўскрайку лясной дарогі, бабка слухала. Песню гэтую пра разбітае жаночае сэрца яна ведала добра. Шчыра кажучы, пачуццяў, пра якія ў ёй гаварылася, яна не спазнала, бо мела добрага мужа, які яшчэ і сёння, хоць ужо сівы і прыгорблены дзед, часта па-сяброўску з ёю пагаворыць і заступіцца за яе перад нявесткай. Але колькі ж, колькі бачыла яны іншых кабет, якія заліваліся слязамі, спяваючы гэтую песню! Цяпер слухае бабка гэтыя даўно вядомыя словы, гэтую мелодыю, што шырока разліваецца па лесе, і праз некалькі хвілін бачыць у канцы зялёнай сцежкі паміж соснаў жанчыну, што выходзіць з фартухом, двума канцамі прывязаным да пояса і напоўненым зёлкамі і кветкамі. Выглядала яна на няпоўныя сорак гадоў, таму ў параўнанні з ёю была маладая. Цёмныя, бліскуча-чорныя валасы дзвюма пасмамі выбіваліся з-пад чырвонай хусткі і адцянялі смуглы твар, невялічкі, з маленькімі вуснамі і такімі агністымі, што ажно іскрыліся, чорнымі вачамі. У канцы сцежкі яна перастала спяваць, прыспешыла крок і, мінаючы бабку, што сядзела пры дарозе, павіталася, як звычайна: «Хай будзе пахвалёны!», а потым праз некалькі крокаў спынілася пасярод дарогі. Выгляд незнаёмага твару абудзіў у яе цікавасць.

— А чаго, цётка, пры дарозе седзіцё?..

Адказала з пакутаю ў голасе, але ахвотна: вось прайшла тры мілі, а паколькі нядаўна паднялася пасля цяжкай хваробы, то надта ж змучылася, у вачах робіцца цёмна і ў сярэдзіне баліць. Пачуўшы пра цемень у вачах і боль у сярэдзіне, кабета з фартухом, поўным зёлак і кветак, падступілася бліжэй да бабкі.

— А куды ж ідзяце?

Бабка ішла ў адведзіны да адной знаёмай пані, якая доўгі час жыла ў суседстве, а цяпер жыве вось тут, за тым лесам.

— А адкуль жа вы?

— З Гледавіч.

Кабета з зёлкамі яшчэ з большай цікавасцю падступілася бліжэй.

— Калі вы з Гледавіч, то, напэўна, ведаеце Люцю, што там жыве, лекаруе.

Бабка, нягледзячы на стому і боль у сярэдзіне, пачала так смяяцца, што ажно на яе чорных кругленькіх вочках выступілі слёзы.

— Ой, мая ты міленькая, якая ты смешная!.. Ой, Божа ж, мой Божа, ой, запыталася! Ведаю, ой, ой, добра ведаю! То ж я сама... гэта Люця!..

Маладзейшую жанчыну гэтая вестка так усцешыла, як быццам яе невядома якое шчасце спаткала. Села каля бабкі на зямлю, абняла яе і з гарачай цікавасцю зазірнула ў вочы.

— Дык гэта ты Люця... гэта ты Люця з Гледавіч! Ой, Божа ж мой, Божа! Ой, мая ж ты міленькая! Як я хацела цябе ўбачыць! Як я хацела з табой пагаварыць!

— А хто ж ты такая?

— А я Каська Караўкава з Горнаў, таксама лекарую, але дзе маё лекараванне да твайго! Цябе людзі так хваляць, не жарт як хваляць!

І пачала новую знаёмку запрашаць у сваю хату. Недалёка адгэтуль, тут за лесам. У яе ў хаце з'есць што-небудзь, зёлак ад болю ў сярэдзіне нап'ецца, адпачне. Абдымала, цалавала і так запрашала, што хоць бабулі і пільна было да знаёмай пані, але яна, стогнучы, паднялася з зямлі і пайшла. Ішлі не дарогаю, а лесам. Апрача цікавасці да старэйшай і больш знакамітай таварышкі, сэрцу Касі было неабыякава і тое, што яна магла ўзяць з гэтага знаёмства. Пра гэта нават адкрыта і сказала.

— Пакажыце мне, што ведаеце, мая вы міленькая, змілуйцеся, пакажыце!

Пара году для паказывання была найлепшая. Зямля стаяла ў квецені, лясны дол іскрыўся самымі разнастайнымі барвамі, нельга было пасунуцца наперад, не разгарнуўшы высокай квяцістай гушчыні і не стаптаўшы тое, што слалася па зямлі. Пасярод ядлоўцавых, малінавых і ажынавых зараснікаў снежна бялеў пух дзікага спірэю, высокі жоўты лянок, ліловыя няспорнікі, адзіночныя і сабраныя купкай званочкі ўзносіліся над густым дываном ружовага чарвятошу і белых суханожак, фіялетавых брунелек, блакітнай, як неба, веранічкі, дзярозкі, што драбнюткімі зорачкамі абвіла пні і каменне, браткаў, гарошку, вікі, рыцытнікаў, дробнай і буйной лясной канюшыны; палянкі, зарослыя чаборам, мелі выгляд аздобленых аметыстамі падушачак, акруглыя кветкі паслёнаў і дзевяціранак выглядалі, як рассеяныя па зямлі малыя і вялікія сонейкі, рамонкі ў смузе ценю ці сонечнага святла нагадвалі агромністыя гронкі белых зорак, узвышаліся бледна-ліловыя кароны станеба (валяр'яны), нібы складзеныя з невялікіх зорачак. Як падчас найбольш урачыстых свят святыня напаўняецца дымам з кадзілаў, так і лес быў поўны пахаў жывіцы, мёду, чабору, валяр'яны, суніц, розных відаў мяты. Жывіца бурштынавымі кроплямі сцякала па пнях соснаў, на ядлоўцавых кустах свяціліся бледна-зялёныя ягады, нізютка румяніліся суніцы, рады малых гонкіх сасонак стаялі, як свечкі, з запаленымі ў сонечным святле верхавінкамі.

І пасярод усяго гэтага дзве сялянкі: малая, павольная бабулька і прыгожа-смуглявая маладзіца ішлі поруч пад соснамі, як некалі хадзілі пад калонамі філосафы, вучачы іншых і навучаючыся самі. У Люці, хоць і была яна стомленая і хворая, абудзілася замілаванне да жыцця і павялічылася звычайная яе схільнасць да справядлівасці, а таксама ўласцівая ёй гаварлівасць. Таварышка ж яе з цікавасцю настаўляла на ўсё гэта свае вушы пад хусткай, што палымнела, як вялізны чырвоны мак на чорных валасах. Яны неаднойчы збочвалі з дарогі, заглыбляліся ў гушчар і, нахіліўшыся да зямлі, разграбалі траву і глебу, выблытваючы з травы галінкі веранікі, грушак, главенек, кусцікі сабачых фіялак, заечага шчаўя, гарлінца, выкопваючы з зямлі карэнне станеба, уразніку, дзенніку, пустацвету, што выглядалі як два злучаныя паміж сабой шарыкі з воску, і пад'елец, падобны да загнутай уверсе спаржы. І пры гэтым увесь час гаварылі і гаварылі. Люця найбольш, але і Каська таксама, пытаючыся, дзівуючыся і ў сваю чаргу дзелячыся і сваімі ведамі са старэйшай кабетай. Гэтая лекцыя, якая давалася і атрымлівалася паводле вельмі старога звычаю практыкаў, а адначасова і вельмі сучаснага метаду ў прыродазнаўчай навуцы, цягнулася яшчэ і тады, калі яны выйшлі з лесу і ўжо хутчэй ішлі дарогай праз даліну, засеяную збажыной. Тут таксама знайшлося шмат чаго да паказвання, якое абуджала вялікую ахвоту да гаворкі. Узбоч дарогі па збожжавых межах беглі два пасы самых разнастайных кветак. Не лічачы тых, што раслі на ўзлеску, цвілі тут уласцівыя толькі палеткам пірамідальныя, малінавыя калюшкі, кусцістыя, белыя мелоты, баркуны, што называліся каласаватымі з-за вялікіх ліловых кветак, далікатныя, як самыя вытанчаныя кароны, жоўтыя і беласнежныя маруны. Там-сям бліскуча-залацісты цвет лугавой медуніцы так густа засцілаў зямлю, што амаль цалкам хаваў зеляніну травы; шырока рассядаліся кусты быльнягу, з лісцем, белы спод якога ў сонечным святле выглядаў серабрыстым, а над усім гэтым узносілася высокая дзіванна, з такімі вялікімі, мяккімі і аксамітнымі лістамі, што народ ахрысціў яе мядзведжым вухам. За кожным з гэтых узмежкаў былі відаць гоны маладога жыта і аўса, аздобленыя аметыстамі, сапфірамі і рубінамі валошак, асоту, сончыкаў. Павой, што слаўся па нізе, быў нябачным, але прысутнасць сваю выяўляў толькі пахам міндалю, які напаўняў паветра. Затрымліваючыся калі-нікалі і на гэтай дарозе і ўвесь час размаўляючы, дзве кабеты прыйшлі ў вёску, дзе жыла Кася. Там адбылося нешта падобнае да прыёму сціплым правінцыйным лекарам знакамітага і высокага ў навуковай іерархіі доктара медыцыны. Расказваючы мне праз колькі гадзін пра сваё спатканне з Касяй, Люця здзіўлена і захоплена казала:

— Ой, прымала яна мяне ж, трактавала, карміла, паіла і пускаць ад сябе не хацела! Ледзьве я вырвалася, ледзьве адчапілася ад яе.

Пазней праз два дні роспавяд пра гэтае здарэнне пачула я ад Касі, і поўнае супадзенне двух апавяданняў упэўніла мяне ў праўдзівасці здарэння. Кася мне нават прадыктавала песню, якую спявала, калі яны ішлі лесам, і якую я, зрэшты, ужо дагэтуль запісала.

ІІІ

Пра адну з найбольш распаўсюджаных і найпрыгажэйшых раслін тутэйшых лугоў — ваўнянку вузкалістую, па-мясцоваму авечкі — пачула я ад Касі наступную казку ці легенду.

«Жыла неяк сіротка, якую звалі Аксанка. У яе быў толькі бацька, маткі ж не было. Бацька быў не злосны і не добры; сам сіротку не крыўдзіў, але мачысе крыўдзіць дазваляў. Страшна баяўся яе, бо надта ж была гэтая мачаха злосная. Хадзіла Аксанка босая і нямытая і цалюткі дзень рабіла ўсё, што талькі мачаха ёй загадае. А як, бывала, ночка падыдзе, дык і спаць ёй няма дзе. Лезе, бывала, Аксанка на печ, а мачаха крычыць: «Там мае дзеці спяць!» Хоча легчы на зэдліку: «Я зэдлік для гасцей вышаравала!» Вось рассыпала мачаха жменю гнілой саломы пад парогам і кажа Аксанцы: «Табе і тут добра будзе!» Легла Аксанка на гнілую салому пад парогам, холадна ёй, плача, аж калоціцца. Так і заснула. Ажно тут ува сне прыходзіць да яе Найсвяцейшая Маці, бярэ яе за ручку і кажа: «Хадзі за мной, сірацінка!» З хаты яе вывела і прывяла на луг, што каля вёскі быў. Аксанка ідзе і дзівіцца: учора была зіма і столькі снегу навокал ляжала, а цяпер лета, так прыгожа, цёпла, кветкі цвітуць. Прыйшла Найсвяцейшая Маці з Аксанкай на луг і пачала рваць авечкі. Нарвала, нарвала, дала Аксанцы і кажа: «Вось табе пасцелька!» Так сніцца Аксанцы. А мачаха абудзілася ноччу і глядзіць: што тут такое? Уся хата ў святле. Глядзіць, а пад парогам Аксанка ляжыць на такой серабрыстай посцілцы, што ад яе ў хаце светла. Устала мачаха і пабудзіла Аксанку: «Адкуль ты посцілку ўзяла?» Аксанка кажа: «Найсвяцейшая Маці на лузе авечак нарвала і мне на посцілку дала». — «Ідзі прэч!» Узяла прагнала Аксанку і сваё дзіця палажыла на авечках. А тое дзіцятка крычыць: «Ой, мама, холадна!» Глядзіць мачаха, а яе дзіця на снезе ляжыць. Тады яна Аксанку на снег, а сваё дзіця на печ. А тут пад Аксанкай зноў посцілка з авечак такая серабрыстая, што ажно ў хаце ад яе светла. Тады мачаха зразумела, што Найсвяцейшая Маці ўзяла Аксанку пад сваю апеку і ўжо больш посцілкі ў яе не адбірала».

Гэтая самая расліна авечкі згадваецца і ў наступнай дажынкавай песні:



Дажалі жыта, дажалі яркі, Не шкадуй, пані, піва, гарэлкі. А на балоце шэрыя жабы, Дажалі жыта старыя бабы. А на балоце мілыя авечкі, Дажалі жыта малады дзевачкі. Плён жыта, плён з усіх старон! Не шкадуй, пане, сівога коня, Шлі па музыку аж да Кракова. На небе белыя пасы, На нашай пані адны атласы. А як на небе вялікія зоркі, А ў нашай пані жоўты аборкі. А як на небе вялікі дэсэні, А ў нашай пані сукня да земі. А ў гародзе прыгожыя кветачкі, А ў нашай пані прыгожыя дзевачкі. А ў гародзе прыгожая рожа, Нашая пані добра і гожа.

Паводле майго меркавання, слова авечкі ў гэтай песні азначае расліну, а не жывёлу. Найперш таму, што авечак на забалочаных лугах не пасвяць. Апрача таго, лягчэй дапусціць параўнанне дзяўчат з кветкамі, чым са статкам авечак.

ІV

Новых народных пагаворак адшукала толькі некалькі наступных.

Пірагоў захацелі, хлеб згубілі.

Камення — хоць забіся, вады — хоць заліся, хлеба купіўшы, можна жыць.

Уздыхаю, бо свайго не маю.

Калі табе мала, каб табе бакі паабрывала.

Калі хлебна, то не грыбна, калі грыбна, то не хлебна.

Анёльскае жыццё, сабачае быццё.

Жонка не рукаў, не адпароць!

Не купіў бацька шапкі, няхай вушы мерзнуць.

Цяліся карова ялова, каб бабе малако было.

Малая, як палец, злая, як падалец.

Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць.

Як быў кірмаш, не было лепшых за нас!

Вучыў поп Марціна, сам дурны, як свіння.

Што так смярдзіць? Нявестчын андарак вісіць.

Апошняя прымаўка — гэта яшчэ адна ілюстрацыя да апісаных раней узаемаадносін нявесткі са свякроўкай. Але як яны могуць быць іншымі, і сэрца якой маці не зойдзецца ад горычы і зайздрасці, калі, напрыклад, паводле адной прыпавесці, мужчына вяртаецца з працы дамоў і, паспытаўшы баршчу з місы, пададзенага яму маткай, бурчыць: «От, матка, згатавала боршч, толькі свінням выліць!» Маці ж адказвае: «Гэта не я, а твая Гануля гатавала!» Мужчына зноў каштуе боршч, круціць галавой і, амаль задаволены, кажа: «Пасаліць толькі трэба, смачны!»

1888-1891


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: НАРЫСЫ

()

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle

Скачать мультимедию?

подняться наверх ↑

ДАЛЕЕ выбор читателей

Загрузка...
подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY


Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY на Ютубе, в VK, в FB, Одноклассниках и Инстаграме чтобы быстро узнавать о лучших публикациях и важнейших событиях дня.