АДАМОВІЧ АЛЕСЬ

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему АДАМОВІЧ АЛЕСЬ. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-26

БРЫЛЬ ЯНКА

Вясной цудоўнага 1956 года мы разам ездзілі па Югаславіі - аўтобусам з Бялграда на Сараева, Дуброўнік, Цэцінье, Спліт, Заграб, зноў у Бялград, а на дадатак, па дарозе, былі яшчэ Будапешт і Кіеў. Цудоўным той год я назваў не толькі таму, што гэта быў іменна ён, год ХХ з'езда КПСС, але і таму яшчэ, што мы былі тады маладымі... прынамсі, на сённяшні позірк. Старэйшым між нас, літаратараў у менскай турысцкай групе, Танку і Краўчанку, было па сорак з гачкамі, Панчанку і мне яшчэ не па сорак, Адамовічу - нават не трыццаць. Яму было мала песень і смеху, дасціпных экспромтаў і лёгкага заляцання: для поўнай паўнаты хацелася яшчэ і сілаю памерацца. І паваліць якраз найбольшага ва ўсёй групе - мяне. Ні Дынарскае нагор'е, ні, тым больш, Чарнагорыя па мулкасці для барацьбы не падыходзілі, траву на мяккай роўнядзі знайшлі мы ў Харватыі, на нечаканым прыпынку. Вясёлы Віта, выдатны шафёр, што мы праверылі на шматлікіх паднебных серпанцінах, вядомы партызан, пра што нам неяк, у яго адсутнасць, расказала чарнявая Даніца, наш ненастырлівы гід, - Віта Крсціч энергічна і доўга корпаўся то ў маторы, то пад аўтобусам, які ён, нібыта знарок, спыніў на ўзлеску, каля лугу ў квецені. Час і ўмовы нарэшце ёсць - спаборніцтва пачалося...
Забягаючы наперад, скажу, што гэтае юнацкае жаданне ў Алеся - ці ў Сашы, як я прывык называць яго, як яго клічуць дома, - жыло яшчэ з дзесятак гадоў, і тады, калі ўжо ён стаў з кандыдата доктарам, з аўтара свежых і вострых артыкулаў амаль адразу сталым празаікам. У іншым нашым падарожжы, калі мы вярталіся з Закарпацця, недзе на залатой пшанічнай Віннічыне зноў жа знайшлася, не першы і не другі раз, адпаведная траўка. Там ужо ў нас было менш сведкаў, але быў аб'ектыўны фотасуддзя, Валодзя Калеснік, які суцешыў потым абодвух аднолькава: аднаму прыслаў здымак, дзе наверсе той, другому ж - наадварот. А ў падтэксце была філасофская ўсмешка: цешцеся, хлопцы, пакуль вам гэта да твару, спяшацца не трэба, старасць прыйдзе сама...
І вось яно - я, тым часам ужо і шасцідзесяцігадовы, пішу пра Адамовіча, якому - пяцьдзесят. Як гэта часта бывае, зноў не верыцца, асабліва ў гэтым выпадку. Ён быў заўсёды малады і ранні. На шаснаццатым годзе жыцця партызан, у дваццаць пяць кандыдат філалагічных навук, у трыццаць пяць доктар, выкладчык Маскоўскага і Менскага ўніверсітэтаў.
Мінулай зімой, у бальнічнай аддаленасці і самоце, я выпадкова ўбачыў яго на тэлеэкране. Тэлевізар хтосьці з хворых уключыў у палавіне невядомай перадачы, і, калі я ўвайшоў на знаёмы голас з пустога калідора ў хол, на экране быў Саша. Я вельмі хутка зразумеў, што ён гаворыць пра наша агульнае, тады яшчэ так свежа балючае. Гаварыў ён, і не з паперкі, вядома, па-свойму разумна, скандэнсавана, шчыра, і я, увайшоўшы ў ягоны настрой, убачыў і адчуў таго і тое, што называецца словамі Мележ і літаратура, як ён служыў ёй і як мы, тыя, што засталіся, хочам і самі быць на належным узроўні. А разам з тым, слухаючы Адамовіча, бачачы яго ў пэўнай меры свежым вокам, і блізка, і ўсё ж здалёк, я падумаў: так, ён яшчэ малады. І шануючы аб'ектыўнасць арыфметыкі, і ўлічваючы ёмкасць і цяжар перажытага.
Ёмкасць і цяжар... Бывае і так, што ты паехаў кудысьці надоўга і вельмі далёка, убачыў, пачуў, перажыў там вельмі многа, свет для цябе небывала пабольшаў, а час, здаецца, велічна расцягнуўся. А дома сустрэнеш нават як быццам блізкага чалавека, і ён, як нічога ніякага, скажа: «Нешта я цябе з тыдзень не бачыў...» Ты здзіўлены, а ён, хоць і раскажаш збольшага, дзе быў, што ўведаў, так і не ўцяміць зместу перажытага табой. І горш бывае: ты доўга хварэў, быў ужо недзе на ўзмежку, а то і на самай мяжы найважнейшага, ну, а выплыў - і хтосьці добры або нядрэнны, як быццам блізкі або не надта далёкі скажа: «Здароў! Нешта ты трохі звастрыўся, пабялеў...» І хоць яму неўзабаве стане больш ці менш няёмка ад гэтай невінаватай ці не вельмі вінаватай няўважлівасці да блізкага чалавека, яму не адразу, не проста ўдасца пранікнуць у перажытае тым чалавекам, хто ў свой нялёгкі час, як і ўсе мы, быў у асноўным адзін.
Так, у асноўным адзін. Нават і пры шчаслівай наяўнасці найбліжэйшых і блізкіх. Тое, што нам даводзіцца перажыць - і бачнае іншымі і не бачнае - не ўсё ўдаецца выказаць другому, яно ў значнейшай меры застаецца ў табе. Ад гэтага ты і мацнееш, і, адначасна, зношваешся.
Сказаўшы, што Адамовіч быў заўсёды малады і ранні, я меў на думцы яго натуру і ўдачлівасць. Аднак жа трэба пры гэтым не забывацца і пра іншае - а ці лёгка бывае сталець з апярэджаннем свайго ўзросту? Дазволю сабе для прыкладу сказаць, што ў агонь мінулай вайны я, у верасні І939 года, уваходзіў толькі што закончыўшы дваццаць другі год жыцця. У той час я бачыў сам сябе куды сталейшым, чым бачу цяпер, з дыстанцыі перажытага. Цяпер я часамі як быццам зусім з бацькоўскай трывогай гляджу на сябе таго, дваццацідвухгадовага, у гразкім акопе, пад шквалам варожай артпадрыхтоўкі або ў перабежках праз кулі, назад ці наперад. Зусім, зусім юнакамі, ледзь не дзецьмі бачацца сёння тыя сябры, якім улетку 1941-га было васемнаццаць - салдацкая ранняя сталасць. Адамовіч уведаў вайну падлеткам, спачатку пры маці-падпольшчыцы, а потым з вінтоўкай. Яму было, вядома ж, не лягчэй, чым старэйшым на пяць ці на дзесяць гадоў. Такое сталенне каштавала больш, давалася цяжэй.
У літаратуру ён уступаў не так ужо і маладым па гадах - тут можна гаварыць пра маладосць яго парыванняў. Крытыкаваў ён смела і трапна, а гэта, калі ты ад платанічных заклікаў і дэкларацый пераходзіш да пэўнай канкрэтнасці, бывае ох як нявыгадна ды нялёгка... Калі ж ты пераможаш многае, як перамог яго ён, Адамовіч, калі даможашся сумленнай працай таго, чаго дамогся ён, тады нават і тыя, хто найбольш рупліва, яўна і тайна перашкаджаў табе, пачнуць раптам прыязна ўсміхацца, ахвотна ды падкрэслена згадваць сумленнасць ды аб'ектыўнасць, а раўнадушныя скажуць: «Во як шанцуе!..» Сябры сапраўдныя ведаюць, колькі ты перажыў, аднак жа і пры гэтым многае застаецца толькі з табою. І добра таму, хто ад гэтага не стамляецца, не старэе.
Адамовіч з такіх.
Праўда, у прозе пачаў ён адразу з добрага поспеху. Калі першы раман яго дылогіі «Партызаны» - «Вайна пад стрэхамі» - свежы і светлы твор з жывымі вобразамі чыстага падлетка і мужнай, высакароднай маці камусьці можна, з нейкай скідкай у падтэксце, назваць проста аўтабіяграфічным творам, які пішацца нібыта лягчэй, амаль як мемуары, дык другі раман, «Сыны ідуць у бой», ужо зусім прыкметна адзначаны дзе больш, дзе менш удалымі пошукамі таго, уласцівага для Адамовіча спалучэння глыбокай думкі і шчырага пачуцця, чым вызначаецца яго проза. Стыль гэты, праз трохі стрыманы поспех другога рамана дылогіі, праз недалёт з «Вікторыяй», праз яўна недаацэнены «Апошні адпачынак» па-сапраўднаму выявіўся, сцвердзіў сябе ў «Хатынскай аповесці».
Шчырыя душы пераносяць няўдачы асабліва балюча - тут ужо справа не толькі ў параненым самалюбстве, тут раны значна глыбейшыя. Нялёгка перажываецца і недаацэнка, замоўчванне - як планавая мера ўздзеяння ці проста помслівасць тых, у каго ёсць на гэта пэўныя прывілеі. Пра тое, колькі «Хатынская аповесць» каштавала яе аўтару, гаворка будзе крыху ніжэй. Спачатку трэба сказаць, што да крытыкі, літаратуразнаўства і прозы ў Адамовіча неўзабаве пасля дэбюту далучылася і кінадраматургія. Натура страсная і паслядоўная, ён, каб і ў гэтай галіне свайго служэння не быць верхаглядам, пайшоў вучыцца: доктар філалогіі - на двухгадовыя кінасцэнарныя курсы. Ад гэтага прыйшлі пасля новыя цяжкасці. Двухсерыйную экранізацыю «Партызанаў» нават збоку балюча называць няўдачай: тут Адамовіч як сцэнарыст, а тым больш як аўтар дылогіі вінаваты найменш. Не ўся віна лажыцца і на здольнага рэжысёра В.Турава. Экранізацыю з правінцыяльнай руплівасцю заняньчылі сезонныя апекуны культуры. Не менш недарэчна і крыўдна атрымалася з дакументальнай стужкай «Хатынь, 5 км»... Адно суцяшэнне - адтуль пайшла «Хатынская аповесць», а потым - ініцыятыва стварэння кнігі «Я з вогненнай вёскі...».
Калі мы ў чэрвені 1970 года, у бывалым «Масквічыку» Уладзіміра Калесніка, узброеныя яго, не менш бывалай, фотатэхнікай і пазычаным магнітафонам, выехалі з Берасця на Пружаншчыну, мы з Валодзем не былі пры Сашы навічкамі ў пачатай справе. Трагедыі беларускіх Хатыняў ведалі ў пэўнай меры і мы як партызаны самі і па расказах людзей, што выйшлі з агню жывымі. Дый пісалі ўжо трохі на гэтую тэму і мы. Аднак у Адамовіча, апроч партызанскага і пісьменніцкага вопыту, быў ужо і вопыт такога іменна збірання, такіх сустрэч, горкі вопыт перажывання мінулага разам з тымі, хто нам расказваў. За чатыры леты такіх вандраванняў па Беларусі - з раёна ў раён, ад вёскі да вёскі, ад слёз да слёз - я неаднойчы думаў пра тое, з чаго нараджаліся «Хатыні» Сашавы - перш дакументальная кінакарціна, потым аповесць, колькі яны каштавалі яго неспакойнай душы партызана і мастака, якой незаслужанай была горыч несправядлівай «няўдачы» з кінакарцінай і як справядліва заслужаны, выпакутаваны поспех аповесці.
* * *

Выслоўе «хто хоча зразумець паэта, той павінен пайсці ў яго край» уключае ў паняцце «край» самае дарагое: тваю зямлю, тваю справу, тваіх найбліжэйшых.
Улетку 1961 года Саша аднойчы пазваніў мне з такой прапановай: разам з начальнікам штаба іхняй брыгады імя Пархоменкі махнуць на Глушчыну, праехацца, пахадзіць па іх партызанскіх мясцінах. Былы начштаба, С.В.Сыраквашын, працаваў тады старшынёй Уздзенскага райвыканкома, прыехаў на службовым «газіку» ў Менск, і дома ў Адамовіча іх наведала добрая думка. Кругам - цераз Узду, Капыль і Слуцак - мы ў той жа дзень і маханулі.
Сяргей Васільевіч - у мінулым кадравы камандзір, кавалерыст, які са сваім эскадронам, трапіўшы ў акружэнне, прызямліўся, замаскіраваўся да часу ў некалькіх палескіх вёсках, у верасні 1941-га зноў сабраў эскадрон і пачаў партызаніць. На ўсю змогу аддаўшы свой уклад у справу ўсенароднага змагання, ён з-за характару свайго, з-за сціпласці застаўся потым трохі ў цяньку, як і большасць былых партызанаў. Салдат, работнік на кожным пасту. Харошая была наша паездка. І на котлішчах атрадных лагераў, дзе пад зялёным пошумам спакваля зарасталі ямы зямлянак, і на месцах колішніх баёў, і ў адноўленых вёсках, дзе мы сустракаліся з людзьмі і Сыраквашын з Адамовічам пазнавалі даўніх знаёмых, а знаёмыя іх, Сяргей Васільевіч усюды быў просты, змястоўны і людскі, а Саша пры ім - тады ўжо выкладчык, крытык і аўтар першага рамана - здаваўся мне ледзь не зусім юнцом, якім ён блізу два дзесяцігоддзі перад гэтым і быў, і адчуваў сябе побач з начальнікам штаба вялікай брыгады. І наогул, не толькі пры Сыраквашыне, а ў сустрэчах з людзьмі, са сваім мінулым ён выглядаў тады значна памаладзелым.
У аўтабіяграфіі, змешчанай у калектыўным зборніку «Пяцьдзесят чатыры дарогі», Адамовіч з цёплай самаіроніяй успамінае, што і ў дальніх ад роднай Глушы вёсках бабкі пазнавалі яго, партызана-падлетка, як сына «доктара са шклозавода». А ў нашай вандроўцы бабкі ды цёткі пазнавалі яго і так: «Авой, дык гэта ж вы, мусіць, доктарчын меншы? Як жа хоць мама жывая-здаровая?..» Бацька, вясковы лекар, з першага дня вайны быў на фронце, а маці, фармацэўт па адукацыі, у партызанах заслужыла права называцца «доктаркай». З былымі цёткамі ды дзяўчатамі, што сталі тым часам хто бабуляй, а хто цёткай, былога падлетка я здымаў каля светлых вокнаў новых хат, на лаўках перад уквечанымі агародчыкамі, і Саша хораша адчуваў сябе між людзей, якім не сорамна глядзець у вочы, на той зямлі, абараняючы якую і ён мог калісьці, як многа іншых, аддаць маладое жыццё.
Потым у нас была Глуша (у «Партызанах» Лясная Сяліба) - утульны дом у буйной зеляніне, сцюдзёны калодзеж са сцежкай у нетаптанай траве, салодкая чырвань клубніц на градках, а перад домам - Сашава мама, Ганна Мітрафанаўна (Міхайлаўна - у рамане).
З надрукаваных у «Полымі» ўспамінаў С.Шамардзіной пра яе мужа Язэпа Адамовіча, партыйнага, дзяржаўнага і ваеннага дзеяча маладой Беларускай рэспублікі (Саша - толькі аднафамілец яго), з таго эпізоду, дзе гаворыцца, як у хату да іх высокім госцем прыйшоў на дамашні абед сябар гаспадара - М.М.Тухачэўскі, вось ужо больш за дзесяць год мне помняцца простыя, мімаходзь сказаныя аўтаркай успамінаў словы: «Міхаіл Мікалаевіч з павагай нізка схіліўся да рукі маёй маці...» Нашых маці, калі яны пакінулі нас назаўсёды, мы пачынаем любіць з новай сілай, з новым сумам і патаемнай пяшчотнасцю, што зноў і зноў ажывае ў душы ў тыя хвіліны, калі мы вітаемся з маткамі нашых сяброў. Тым больш сардэчна, што з кожным годам іх усё менш.
У той жа аўтабіяграфіі Алесь Адамовіч піша, што да вайны ён маці сваёй «па-сапраўднаму не ведаў. Любіў - і толькі. А як чалавека ўбачыў і зразумеў, калі пачалося страшнае жыццё». І з разумнай самакрытычнасцю дадае: «Калі мне што і ўдалося ў рамане «Вайна пад стрэхамі», дык гэта таму, што раней гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём». Аўтабіяграфія была напісана ў І962 годзе, калі другі раман дылогіі яшчэ ўсё пакутаваў у бясконцых чарнавіках. Вобраз маці паўтараецца і ў другім рамане, аднак раскрыўся ён у рамане першым. Гэты раман я адразу, прачытаўшы яго ў рукапісе, назваў для сябе «рамэн-раланаўскім», на ўвазе маючы «Зачараваную душу»; уражанне гэтае паўтарылася і потым, пры перачытванні дылогіі ў найбольш закончаным выглядзе. Не буду залішне арыгінальным, сказаўшы, што гераіня «Партызанаў», Ганна Міхайлаўна Корзун, - найбольш народны вобраз беларускай маці, падпольшчыцы і партызанкі, найзначнейшае ў гэтым сэнсе дасягненне нашай эпічнай прозы. Не думаю, што, пішучы дылогію, асабліва яе першую кнігу, тады яшчэ толькі крытык Адамовіч меў свядомы, так сказаць, тэарэтычны намер стварыць станоўчы вобраз, - вобраз гэты народжаны талентам, гэта бясспрэчна, аднак талентам тут кіравала перш і больш за ўсё сыноўняе пачуццё - захапленне, павага і ўдзячнасць.
Вось ужо больш за дваццаць гадоў я назіраю, з якой увагай гэты сын клапоціцца пра маці, з пашанай і зайздрасцю разумею яго. А наша знаёмства з Ганнай Мітрафанаўнай, што адбылося раней, да 1961 года, і ў Менску, чамусьці асацыіруецца ў мяне з тою паездкай, з першым маім наведаннем Глушы. Больш таго - падобных сустрэч у светлым доме ў маладых бярозах было потым некалькі, заўсёды летняй парой, аднак уражанні ад іх чамусьці так перапляліся ў часе, так спляліся ў адно, што, скажам, ужо дарослыя сёння ўнучкі колішняй «доктаркі» - адна Сашава, дзве старэйшага сына, Жэні - яшчэ ўсё бачацца мне загарэлымі, цыбаценькімі дзяўчаткамі. Гуляюць з ручной вавёркай, бегаюць па траве або, па загаду бабулі, што ведае толк у пытаннях здароўя, хрумстаюць моркву, талерка якое, старанна аскрэбенай і памытай, чырванеецца на прымітыўным століку ў бела-чорна-зялёнай стракатасці бярозавага акружэння. А сама бабуля, цяпер такая нямоглая, а калісьці, у той далёкі, гістарычны для дзяўчатак час, энергічная, мужная ўдзельніца ўсенароднага змагання, частуе нас халодным і гарачым багаццем вясковага лета, пытаецца, як мы здаровы і як у нас дома ўсё, і ў гэтых пытаннях не проста адпаведная выпадку ветлівасць, а шчырае жаданне, каб яно і праўда лепш было ўсім нашым людзям.
Яшчэ для ілюстрацыі - дарожны накід у блакноце, з лета І972 года, калі мы, апрацоўваючы для кнігі «Я з вогненнай вёскі...» заходнія раёны Магілёўшчыны, заехалі ў Глушу.
«...Мілая Ганна Мітрафанаўна, вітаючы нас, кажа, што «сніла чамусьці таварыша Сталіна. Ды такі ж ён са мною ветлівы быў! І вось - дзякуй Богу, госці...»
На наша позняе снеданне нагадзіўся, таксама праездам, іхні даўні знаёмы. «З мужам маім яны выпіць любілі». У вайну - сувязны. Цяпер стары ўжо, глухаваты.
- Раней, - смяецца гаспадыня, - ён вельмі ўдала прыкідваўся глухім, і добра было яго, талковага ды хітрага, пасылаць у Бабруйск у разведку. А цяпер, бедны, і праўда аглух...
Дзед спакойна закусвае і расказвае пра кагосьці:
- Немцы яго ўжо хацелі павесіць, ужо і вешалку былі паставілі, але яму памаглі, і чалавек уцёк...
Гаспадыня глядзіць на госця, слухае і зусім натуральна, са шчырай спагадай гаворыць:
- І ручкі твае ўжо дрыжаць...
Дзед не здаецца:
- Рабіць - яшчэ ўсё раблю, а вот з'есці або выпіць, дык яны і дрыжаць.
І так гэта па-народнаму хораша: і яе дабрата, і ягоная ўдзячнасць, прыкрытая гумарам».
Сюды ж успамінаюцца і два міжгароднія званкі з Глушы ў Менск, цераз чужыя вушы.
- Саша, што гэта, мне гаварылі, у газеце было пра цябе, што ты - іржавы нігіліст? Чаму ж іржавы - як там тваё, сынок, здароўе?
І другі:
- Саша, а мне яшчэ адзін медаль далі. Таксама «За отвагу». Няўжо гэта, не дай бог, зноў будзе вайна?..
У першым выпадку, у сярэдзіне пяцідзесятых гадоў, справа датычылася газетнага артыкула, дзе верны, заслужаны падхалім аднаго з даўно непрызвычаеных да крытыкі таварышаў забіў трывогу, што вось яно - іржавы нігіліст Адамовіч закрэслівае ўсю нашу літаратуру!.. Пажару не было - проста культурна сказалася, што ў таварыша Непрызвычаенага не ўсё ў творчасці роўнае - у аднаго яго і то не ўсё, ніякім чынам не ва ўсёй нашай літаратуры. А для маці што галоўнае? Будзь ты, сыне, перш за ўсё здаровы. І ў гэтым, калі чалавек пажыве на свеце, наглядзіцца на многае, сэнсу вельмі нямала.
Другі выпадак, з другім медалём, быў юбілейны, калі накацілася яшчэ адна хваля ўзнагароджання партызанскай працоўнай масы - праз дваццаць гадоў, калі ўжо многія і чакаць даўно перасталі.
Справа не ў медалях, асабліва для тых, хто пра іх не задумваўся. Муж вярнуўся жывы-здаровы з вайны, абодва сыны таксама - вось яно, мацярынскае шчасце, найбольшая ўзнагарода. Праўда, муж неўзабаве памёр, а сыны ў іх, грашыць няма чаго, удаліся: старэйшы пайшоў па бацькавым шляху - лекар, добры хірург, а меншы вунь ужо і прафесар, і кніжак колькі напісаў. Але для маці - і той, і гэты - яе хлопцы, і вось старая глядзіць на прафесара, усміхаецца:
- Нейкі ты, Саша, як блатны ў мяне. Ні ў цябе цёплай зімовай адзежы, ні ў цябе летняй харошай...
Пра тыя міжгароднія званкі мне ў розны час расказваў Саша, а пра «блатнога» чуў я сам, тут мы смяяліся разам. І мне тады ўспомнілася маці другога сябра, старэйшага. Нешта хутка пасля вайны мы з ім былі ў яго вёсцы на Слонімшчыне. Начавалі, снедалі, пасля развіталіся, выйшлі на вуліцу. Былы актыўны дзеяч заходнебеларускага рэвалюцыйнага падполля, шматгадовы вязень санацыйных турмаў, у вайну - ад званка да званка, маёр-разведчык з мноствам узнагарод, - з такім і госцю прыемна прайсціся па сонечнай святочнай вуліцы. А што ж ужо маме, якая столькі паплакала па ім, і да вайны, і ў вайну!.. А ён прыехаў на дзянёк ды зноў... І вось яна гукае ад варот: «Яша! Яшачака! А піражкі, сынок?!» Пакуль яна, старэнькая, але яшчэ наўздзіў рухавая, ішла да нас уподбежку - у памяці маёй паўтарыўся яе вячэрні вясёлы ўспамін: як яна жаць даўней са сваім чалавекам пайшла, ды з сыночкам малым, і чалавек нагнуў дзве маладзенькія бярозкі ды прывязаў у тым цяньку палатняную калысачку. А потым, мае дарагія, «гляджу я, а бярозкі тыя выпрасталіся - вісіць мой Яшачка аж пад небам!..»
Хай сабе цяпер хто з нас і не зусім «пад небам», а трохі ніжэй - ад піражкоў адмаўляцца не трэба. І крытыку матчыну можна паслухаць - як з найвышэйшай інстанцыі.
І праўда ж, цяжка, проста-такі немагчыма прыпомніць Адамовіча (прафесара, лаўрэата) - пад гальштукам, тым больш у паліто з якімі-небудзь адпаведна важнымі бабрамі. Берэты, куртачкі, шорты... Утрох з нашым, цяпер ужо агульным, сябрам, журналістам Якубам Міско (тым самым, што забыўся піражкі), адпачывалі мы неяк нядаўняй зімой у Друскеніках. Убачылі на праходцы, што ў кіёску ляжаць на вітрыне мужчынскія світры, даволі-такі легкадумныя. І ў галаву нам, Якубу і мне, не прыйшло, якія юныя намеры абудзілі яны ў Сашавай душы. А ён, праз нейкі час, радасна ўварваўся ў наш пакой у ярка-чырвоным, вельмі абціслым на здаровай паўнаце світры з тое вітрыны і, ушчэнт расхваляваны ўдачай, спытаўся: «Як?» - «Гіль!» - засмяяліся мы. І ён засмяяўся. А яшчэ праз гадзіну прыйшоў спакайней, у пяшчотна блакітнай абцісласці - з тое ж вітрыны. «Платон мой друг...», аднак і зноў быў смех, таксама калектыўны. Праз два тыдні, ужо ў Менску, калі мы ўдвух з Сашам сядзелі прыцемкам у яго рабочым пакоі, прыйшла з працы гаспадыня, Вера Сямёнаўна, і сказала, што побач, у «Сінтэтыцы», ёсць добрыя світры, усіх памераў і, можа, пойдзем паглядзім. Пайшлі. Чорны закрыты світэр і сапраўды быў выдатны, і сам па сабе, і на пакупцы.
Калі мы вярталіся з набыткам, Вера Сямёнаўна ўсцешана прапанавала: «Давай мы, Саша, заўсёды будзем усё табе разам купляць». Ён ахвотна згадзіўся і тут жа стаў уголас думаць, каму ж тут падараваць тыя дзве яркіх абцісласці - маладзейшаму, меншаму па аб'ёму?..
У гэтых «дробязях», у гэтай «проста непрактычнасці» мне бачыцца яшчэ адна маладая ды паэтычная рыса характару. Грошы ёсць - грошай няма - мы самі золата - так жа ў народзе гаворыцца. Дый маме нечага лішне смяяцца: гэтая рыса ў сынавай натуры, бадай што, спадчынная, ад бацькоў. Пра бацьку Саша ў аўтабіяграфіі ўспамінае так: «Які ён дома гаспадар быў, паказвае такі выпадак: едзе ён да хворага, калгаснік бачыць статак кароў і кажа: «Добрая ў вас кароўка, доктар». - «А якая тут наша?» - вельмі зацікавіўся той». У апраўданне бацьку сын па-сталаму дадае: «Ноччу ў доме заўсёды сядзелі людзі, чакалі, пакуль доктар прыедзе ад хворага, каб зноў забраць і везці яго». Ён разумее бацьку і, праз усмешку, ганарыцца ім. Бо ў сваёй справе сын таксама думае перш за ўсё пра галоўнае. Маці - па-свойму - таксама. Пасля вайны яе хлопцы, нядаўнія партызаны, студэнцікі, купілі трафейны матацыкл і неўзабаве так ужо добра, радасна авалодалі ім, што ўбіліся ў нейкі калючы дрот, і, на шчасце, абышлося гэта толькі вопраткай. Праз дзень ці два яны кудысьці адлучыліся з Глушы на спадарожнай машыне, а ўвечары, вярнуўшыся, матацыкла свайго не знайшлі. «Мы самі золата» - маці збыла яго камусьці за І50 пасляваенных рублёў, калі на дробы, дык за 1/20 цаны. Не ведаю, што яна тады ім сказала, напэўна, штосьці накшталт таго, што вельмі ж ёй трэба яшчэ і цяпер хвалявацца за іх. А ўжо ніяк не магу ўявіць сабе, што хлопцы маглі быць з ёю тады непачцівымі. Больш уважлівых да маці сыноў і дружных паміж сабой братоў мне сустракалася нямнога.
Нехта сказаў бы, што ў Сашы, у параўнанні з Жэнем, ёсць адзін «недахоп», на думку некаторых - дзіўны, «несучасны». З медыкам, дабрадушным, барытоністым здаравяком, нельга не выпіць пры сустрэчы, ну, а філолага мне пры ўсіх нагодах ды на ўсіх шыротах - ад Берасця да Краснаярска, ад Ужгарада да Нарыльска - спакусіць на чарку не ўдалося. Праўда, і не стараўся я лішне, у душы паважаючы гэты, і сапраўды даволі рэдкі ў наш час, «недахоп». А частаваць іншых ён любіць, у добрай кампаніі весялеючы ў нагу з усімі, хто ўмее прыстойна хмялець. Гэтай рысай ён, Адамовіч, падобны да Танка, таксама заўсёды весела цвярозага ў любой кампаніі. Ахвотай пагуляць у «дурня» - таксама, нават з вясёлым азартам, у Сашы ці партызанскім яшчэ, ці так сабе маладым. Гэтая «слабасць», дарэчы, добра дапамагае ў дарозе. З Максімам я ў адной каюце аплаваў Эўропу, бываў і ў сухапутных паездках, ну, а з Сашам - яшчэ больш. Апроч падарожжаў успомненых, па Югаславіі і Ўкраіне, былі ў нас Карэлія з Кіжамі, Салаўкі, Енісей і Таймыр, Магнітагорск з невялікім узмежкам горнай Башкірыі... У гэтых няблізкіх паездках мы бывалі не ўдвух, а з сябрамі, кожны з якіх ахвотна паехаў бы з такім спадарожнікам і яшчэ куды-небудзь. Ён слушна кажа ў той жа аўтабіяграфіі: «Нідзе так не жывеш, як у дарозе, і добра, калі ўсё жыццё дарога». Апошнім часам для нас, на трох з Валодзем Калеснікам, шчодрай была Беларусь, яе дарогі і сцежкі, пра што хацелася б расказаць асобна, што ў нейкай меры, наколькі можна і трэба было, прасвечвае ў кнізе «Я з вогненнай вёскі...». Адно скажу цяпер у гэтай сувязі - пра характэрную для Сашы стрыманасць, тактоўнасць у адносінах з людзьмі, поўную засяроджанасць на справе, нястомнасць у пошуках, абаяльную чалавечую прастату, грунтоўны аптымізм і пастаянную работу творчай думкі.
Неяк ён згадваў пра свайго бацьку, яго заўчасную смерць і тую ўдзячнасць, якую ён заслужыў у наваколлі самаадданай працай таленавітага лекара. Сын - у гутарках пра сябе, у самаацэнках - заўсёды натуральна стрыманы, узброены пільнай самаіроніяй, сказаў тады ціха і шчыра:
- Мне б заслужыць такое ў людзей!..
* * *

Яшчэ трохі пра тое, завошта дзень яго нараджэння адзначаецца сёлета не толькі дома, у сям'і.
У лістападзе 1971 года я працаваў у падмаскоўным Доме творчасці Перадзелкіна. Неяк у нерабочы дзень захацелася праехацца электрычкай у незнаёмым кірунку, ды так, каб сыходзіць на кожным прыпынку, пахадзіць у кожным пасёлку ці гарадку. І вось у адным з іх я выпадкова купіў у кіёску свежы нумар «Вопросов литературы», а ў ім з асаблівай прыемнасцю ўбачыў вялікі артыкул Адамовіча «Маштабнасць прозы». Я ўжо ведаў гэтую працу пра Чорнага ў арыгінале, па трох публікацыях у «Полымі». Нават як член рэдкалегіі дапамагаў пасля аўтару адбівацца ад нападак нядошлых ды ўсё яшчэ скрыпучых вульгарызатараў, таму з'яўленне гэтай працы ва ўсесаюзным аўтарытэтным часопісе сустрэў з тым большым задавальненнем. І яшчэ адно - воддаль ад нашага літаратурнага асяроддзя, спачатку ў вагоне электрычкі, сярод незнаёмых людзей, а потым у адзіноце лясной дарогі і свайго пакойчыка зусім па-новаму адчуў тую маштабнасць прозы Кузьмы Чорнага, яе не толькі наша, беларускае значэнне, якое лепш за многіх з нас убачыў і лепш за ўсіх, хто займаўся дагэтуль Чорным, выказаў Адамовіч, - з найболыпай доказнасцю, жывасцю і культурай.
Летась выйшла ў пэўнай ступені «ітогавая» кніга Алеся Адамовіча «Здалёк і зблізку». Там я з цікавасцю перачытаў яго, ужо даўні, падпісаны І957 годам, артыкул пра «Новую зямлю», яшчэ раз, з дыстанцыі часу ўбачыў тое, што характэрна для Адамовіча-літаратуразнаўцы, тое, з чаго ён пачынаў і з чым плённа працягвае даследаванне нашай класікі і сучаснай літаратуры. Яму мы, хочацца сказаць, абавязаны новым, сапраўды маштабным прачытаннем і коласавай эпапеі, якую ён слушна лічыць першым беларускім раманам, і новым прачытаннем прозы Чорнага, ён нам як быццам занава адкрыў Максіма Гарэцкага, грунтоўна давёўшы, што значыць і гэты, яшчэ адзін вялікі талент беларускай савецкай прозы.
Тут хочацца і мне адзначыць словам падзякі той мудры клопат, з якім захавалі і аддалі народу спадчыну Чорнага і Гарэцкага іх найбліжэйшыя. У выпадку з Максімам Гарэцкім гэта было асабліва складана, і гэта мы адчулі з удзячнасцю асаблівай.
Сваё даследаванне спадчыны Гарэцкага Адамовіч пачаў з апублікавання ў «Маладосці» (верасень 1974) і ў « Юности» (красавік 1975) пісьмаў з фронту сына пісьменніка Леаніда. Адрасаваныя маці, сястры і дзядзьку, гэтыя сямейныя, прыватныя пісьмы юнака, які загінуў на дваццаць другім годзе жыцця, адкрытыя чытачу толькі праз трыццаць год пасля Перамогі, многімі чыталіся і будуць чытацца з тым хваляваннем, з якім чытаюцца рэпартажы Юліўса Фучыка, вершы Мусы Джаліля. З асаблівай вымовай гэтыя пісьмы пераклікаюцца з кнігай Гарэцкага-бацькі «На імперыялістычнай вайне», залішне сціпла названай «запіскамі». Нядаўна стала вядома, што адно з выдавецтваў Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі ўзялося перакласці і апублікаваць «запіскі» бацькі і пісьмы сына Гарэцкіх у адной кнізе. Факт гэты бачыцца не толькі як дакор нашай недастатковай аператыўнасці, але - перад усім - як яшчэ адно сведчанне маштабнасці беларускай прозы, яе агульналюдское значэнне. Пераканаўча гаворыць пра гэта і грунтоўная, бліскуча напісаная Адамовічам манаграфія «Браму скарбаў сваіх адчыняю...», дзе спелая, арыгінальная думка і маладое, гарачае сэрца даследніка шчодра падмацаваны дапамогай цудоўнай сям'і Гарэцкіх: несмяротнымі пісьмамі Лёні, таленавітымі ўспамінамі Галі, дачкі пісьменніка, расказамі высакароднай пакутніцы Леанілы Ўсцінаўны Чарняўскай, педагога і пісьменніцы, вернай сяброўкі Максіма Гарэцкага, важкім словам ягонага брата, Гаўрылы Іванавіча, геолага, імем якога ганарыцца беларуская навука. Трэба сказаць, што скарб сям'і Гарэцкіх у скарбніцу народа перададзены цераз надзейныя рукі.
Колас, Чорны, Гарэцкі... Тады і сучаснікі - Мележ і Быкаў. Зноў жа - і тут усё тая ж маштабнасць бачання: ніхто дагэтуль так поўна і зацікаўлена, так жыва і пераканаўча не расказаў пра творчасць двух нашых выдатных сучасных празаікаў, творчасць якіх хораша выйшла за межы Беларусі і ўсёй савецкай краіны.
У імянінным слове пра сябра няхай мне будзе дазволена публічна падзякаваць яму за разуменне і падтрымку маёй працы, што ён неаднойчы выказваў у друку, з трыбуны і асабіста. Калі цябе хваляць, гэта, вядома ж, прыемна, аднак яшчэ больш прыемна, больш таго - вельмі карысна, калі цябе разумеюць, - такое не прыядаецца. Ён разумее мяне ў маім найдаражэйшым, самым запаветным, яно ў нас у галоўным адно, з гэтага разумення пачалася, на ім трымаецца дружба. Па яго заўвагах я многае правіў у рукапісах, такой канструктыўнай крытыкі чытач звычайна не бачыць. Заўвагі яго часцей за ўсё добра дапамагаюць аўтару самому ўбачыць промах і самому знайсці належнае вырашэнне.
У гэтым і павага да творчай індывідуальнасці, і самая дзейсная дапамога.
Па праву сяброўскай свабоды ўзаемаадносін заўвагі яго бываюць часамі калючыя. Адзін толькі прыклад, з апошніх.
Баючыся залішняй «лірычнай аголенасці», у адным з трох варыянтаў аповесці «Ніжнія Байдуны» расказ ад першай асобы - найбольш адпаведны для нібы ўспамінаў пра нібы родную вёску - я перадаў прыдуманаму земляку. «Ну, як мой географ?» - спытаўся я ў Сашы, калі ён прынёс мне прачытаны рукапіс. «Пудзіла ў Брылевым пінжаку», - адказаў ён, хоць многае перад гэтым, па тэлефоне, хваліў. Прыйшлося пудзіла прымаць, самому надзяваць свой пінжак, не баючыся зноў «налгаць», - з Байдуноў, дык і сам будзь байдун, дзеля праўды мастацтва.
Трэба сказаць, што «правам помсты» і я карыстаўся за дваццаць год неаднойчы, бадай, усё напісанае Адамовічам чытаючы спачатку ў рукапісах. Крытыку ён успрымае дастойна, як і належыць байцу.
На першай сваёй крытычнай кнізе «Шлях да майстэрства» (1958) у аўтографе, адрасаваным мне, ён пісаў: «Хто ўмее - робіць, хто не ўмее, той вучыць...» На апошняй, «Здалёк і зблізку», аўтограф значна сталейшы, нават як быццам са стомай: «Усё, аддаю сціло маладым, хопіць з мяне крытычных опусаў...»
Не верыцца! Кнігу «Здалёк і зблізку», няхай яна сабе і ў нейкай меры «ітогавая», апошняй я назваў толькі па часе публікацыі. Не толькі добрая моладзь ідзе ў нашу прозу - яшчэ і са спадчынай далёка не ўсё ў парадку. Гэта адчулася нядаўна, што перачытваючы, а што ўпершыню чытаючы ў старанна выдадзеным томіку Ядвігіна Ш. І ёсць пра што, і будзе пра што гаварыць!..
Зноў прыгадаўшы ўражанне, якое я адчуў, перачытваючы па-расейску працу Адамовіча пра Чорнага, - свежы позірк на тое, што мы, беларусы, нясём у скарбніцу агульналюдской духоўнай культуры, - прыемна прадбачыць і тую радасць, з якой мы сустрэнем выхад кнігі «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» у серыі «Жизнь замечательных людей», - гэта павінна здзейсніцца.
Будуць і іншыя радасці не толькі ў літаратуразнаўстве, але і ў другой (ці ў першай?) галіне дзейнасці Алеся Адамовіча - у прозе, дзе ён арыгінальна і плённа прычыняецца да ўзмацнення маштабнасці нашай мастацкай літаратуры. «Хатынскую аповесць» мне давялося чытаць тройчы - па-беларуску, па-расейску і па-польску. На ўсіх гэтых мовах, радасна адчуваў я, чытаючы, аповесць па сваёй сутнасці і беларуская, і, разам з тым, агульналюдская. Бачыў я ўжо выданні ўкраінскае, чэшскае, славацкае, нямецкае... Буду бачыць выданні на мовах далейшых краін. Разам з усімі шчырымі прыхільнікамі таленту Адамовіча і я быў двойчы ўсцешаны высокім айчынным прызнаннем яго «Хатынскай аповесці» - прэміямі Міністэрства абароны СССР і Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. І ў гэтым не нейкі там збег выпадковасцей, не свой ці нечы арганізатарскі спрыт, ціск службовага аўтарытэту - гэта поспех сапраўдны, заслужаны.
Сёння Алесь Адамовіч у новых клопатах, у новых пошуках вырашэння свае запаветнае тэмы. Удвух з Даніілам Граніным ён ужо трэці год запісвае расказы людзей, якія перажылі блакаду Ленінграда; удвух з «масфільмаўскім» рэжысёрам Э. Клімавым працуе над мастацкай кінакарцінай «Забіце Гітлера»; а сам, ужо адзін, піша тым часам новы празаічны твор, і радасці, і пакуты гэтай працы носячы толькі ў сабе.
* * *

Успамінаюцца словы старога, вясёлага медыка:
«Нішто так не ўплывае на ўзрост, як гады». І Сашу - пяцьдзесят... Мы ўжо не дужаемся, хоць і на самай прывабнай траве. Часу як быццам няма... Ды гэта не настройвае на лад зусім мінорны. Маладзеем у працы, якое наперадзе многа.
1977


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: АДАМОВІЧ АЛЕСЬ


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.