БАЛЮЧАЕ І ДЫМНАЕ

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему БАЛЮЧАЕ І ДЫМНАЕ. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-26

БРЫЛЬ ЯНКА

Гэта, браток, былы намеснік Цанавы! — з гонарам гаворыць мне наш N. З гонарам не столькі за гэтага, даўно адстаўнога, палкоўніка, цяпер так сабе гаспадарніка, як з гонарам за самога сябе, бо вунь ажно чый намеснік — цяпер намеснікам у яго!..

— Ён жа таксама, відаць, тую муху лавіў? — ахалоджваю таварыша пытаннем.

— Якую муху?

Ён не ведае. А мне другі таварыш расказваў, са слоў свайго швагра, таксама адстаўнога палкоўніка, як у кабінеце таго Цанавы аднойчы была паказалася муха. Лавілі яе толькі вышэйшыя афіцэры.

Потым неяк былы футбаліст, які пасля траўмы вымушаны быў перакваліфікавацца на сантэхніка, расказваў мне ў бальніцы, як Цанава любіў футбол.

Калі наша каманда прайграла, ён выклікаў капітана яе ў той свой бязмушны кабінет і, разваліўшыся ў крэсле, працягнуў яму нагу ў генеральскім боце: «Здымі!» Той зняў. «Падай яго сюды і нахіліся!» І адхвастаў чалавека халявай па твары...

Гэта ўсё — яшчэ не тое ў параўнанні з расказам незнаёмага інжынера, з якім мы, Дзмітрый Кавалёў1 і я, ехалі ў адным купэ ад Масквы да Арла, на юбілей Тургенева. Інжынер гэты быў у свой час у Баку на працэсе другога рэспубліканскага «рыцара», Багірава.

Шэсцьдзесят кароў давалі высакаякаснае малако, каб ён, той таварыш, тройчы на дзень купаўся ў сырадоі. Ванны ад нейкай там экземы. Малако пасля... аддавалі ў дзіцячы сад. Да смерці буду ўспамінаць гэта, сустракаючы шнурок малечы, якая ідзе ды гамоніць, па загадзе, а ўсё ж так хораша пабраўшыся за ручкі.

* * *

Позна ўвечары, перачытваючы «Запіскі з мёртвага дома», стала жудасна, калі хоць прыблізна ўявіў, якую вялізную, жахлівую армаду так званых суддзяў, наглядчыкаў, катаў — армаду бяздушных нібы людзей стварыў той час, які мы называем перыядам культу асобы...

Успомніў, бо часта думаю пра яе, старую, тоўстую, нахабную бабу, якая зрабіла кар'еру на «пільнасці», а пасля, калі прыйшла пара масавай рэабілітацыі, выявілася, што па даносах гэтай бабы пасаджана было, потым апраўдана, у пераважнай большасці пасмяротна, больш за дзвесце чалавек. Калі дадаць сюды іх родных, што пакутавалі па-свойму, хто на свабодзе, а хто сасланы ці пасаджаны, — колькі пакутнікаў праз адну!..

Што ж, бабу нельга было далей трымаць на паверхні, на адказнай вышыні, тым больш паднімаць яшчэ вышэй, і яе паслалі... на цёплую персанальную пенсію. Яна цяпер шпацыруе ў сваім светленькім габардзіне па скверы, з унучкай за ручку, і нават аднойчы пакрыўджана здзівілася, што я, «знаёмы пісьменнік», не павітаўся з ёю...

Пачатак шэсцьдзесят дзевятага.

А мы ўжо не толькі пісаць, друкаваць, але і гаварыць пра такое не хочам, — зноў баімся, асцерагаемся, намагаючыся прыкрыць свае язвы, адштурхнуць самакрытыку патрыятычным ды юбілейным шумам...

* * *

Калі пасадзілі бацьку, яна хадзіла да тых, якія саджаюць, і даводзіла горача, як магла, што ён не вінаваты, што тата яе...

Дай нам Бог такіх дачок!

Знаёмыя работнікі органаў употай ды паасобку папярэджвалі дзяўчыну, што не паможа бацьку, а сядзе і сама.

«Яна не паслухала і неўзабаве села», — расказвае, нават неяк смяецца адзін з сучаснікаў. І ў гэтым смеху бачыцца не проста... дакор, але ж і нейкая страшная «філасофія» таго часу. Яна нібыта сям-там засталася, гэтая філасофія, хоць многія з ёю — з маладушным угодніцтвам, са сляпою верай — пападаліся пад колы і самі...

Дзяўчына тая адпакутавала многа гадоў. І цяпер, у палавіне шасцідзесятых, ужо зусім немаладая, наша пісьменніца Ядвіга Бяганская — можа з чыстай душой глядзець не толькі ў бацькавы вочы (калі захавалася якое-небудзь фота), але і на ўвесь свет.

Ды як жа горка, як страшна даюцца такія перамогі!..

* * *

Прыстойна сівенькі журналіст, даўно знаёмы і заслужаны таварыш, падзяліўся са мною ўспамінам:

— У трыццаць сёмым і мяне, брат, прымусілі давесці сваю адданасць ды пільнасць. Рэдактар выклікаў: «Столькі часу працуеш, а ніводнага ворага не выкрыў, — як гэта разумець?» Так было яно. І напісаў я на аднаго. Гэты... так сказаць вораг, канчаў тады самагубствам, але толькі аслеп. І яшчэ ўсё ходзіць па Менску, кійком сваім торкае. Бог веку прадоўжыў. На гора і маё.

* * *

У акупацыю. Расстрэл раздзетых. Першы і апошні раз сям'я ўся разам голая. Безабароннасць гранічная. Вопратка, любая — даражэйшая за цябе. Вышэйшая нечалавечая, фашысцкая пагарда...

Зямляк мой, гулагаўскі пакутнік Коля С. (герой апавядання «Уступленне ў рэквіем»), дагараючы ад раку, ледзь не шаптаў задыхана, калі я сядзеў пры ім, у сонечнай новай хаце.

У трыццаць сёмым нашы пакідалі ў бялізне. Яму, у лагеры, расказваў пра гэта немец-камуніст, асуджаны на вышку і ўжо ў сутарэнне прыведзены. Штабель трупаў у бялізне і выканаўца высокай справядлівасці з малакаліберкай. Вось-вось было б ужо і гэтаму, чарговаму, па ўсім, аднак прыбег пасыльны — у канцылярыі ўспомнілі, што немец той — германскі грамадзянін.

Чалавек пасля гэтага сутарэння так і не пазбавіўся ад уражання, што ўсё навокал у крыві...

* * *

Бацькоў вывезлі адразу пасля вайны. Нехта адзін з іхняй вёскі быў у акупацыю нейкім начальнікам, дык з-за яго, для большай бяспекі ці для належнага парадку, вывезлі ўсіх з тым самым прозвішчам. Яе, сёння летувіскую паэтэсу, не вывезлі тады адразу, а пазней, калі ёй споўнілася шаснаццаць. Шэсць сібірскіх гадоў... Інтэлігентна мілая, расказвае мне на таварыскай бяседзе, у першы вечар знаёмства:

— Зойдзе ў рэдакцыю кур'ер-паштальён, які-небудзь канверт з сургучом прынясе, дык я — ніхто не ведае — перадрыжу ад страху, што ў тым канверце абавязкова штосьці пра мяне...

А быў канец шэсцьдзесят дзевятага.

* * *

Дачушка рэпрэсіраванага бацькі сябравала з дзяўчынкай з праведнай сям'і. І тыя сямейнікі, калі іх малая не хацела прымаць лекаў, для добрага прыкладу давалі іх спачатку няшчаснай сябровачцы.

Яна, цяпер пажылая настаўніца, запомніла гэта на ўсё жыццё. А ў маленстве, вядома, не разумела, што да чаго.

* * *

Мужык загінуў на фронце. Жонка гадуе двое дзяцей. Дзяўчынка ходзіць у восьмы клас, хлопец у пяты. Дзеці спраўныя, асабліва дзяўчынка, у школе здольная ды акуратная, а дома працавітая, як мама.

Ды вось на іхнім загуменні склалі стог калгаснай саломы. Калгас — на другім годзе, людзі ніяк не прывыкнуць. Удава, нічога ліхога не думаючы, узяла той саломы — напхаць дзецям сеннікі. Судзілі, далі сем гадоў.

Дзяўчынка школы не пакінула, хоць і хата, і брат — на ёй.

— Шкада — расказвае пра гэта былы вясковы настаўнік, цяпер, пры сыне, гарадскі пенсіянер. — Шкада малых, а памагчы баімся. Каго шкадуеш, каго падтрымліваеш?! Знойдзецца, каму падаткнуць. Нават і ў калектыве, сярод настаўнікаў. Аднак жа і прыдумалі, і памагалі. Дзеці не вінаваты. А сама яна? Сем год за рэзгіны саломы!..

І помніцца. І расказаў — нібы дзеля палёгкі.

* * *

Наслухаўшыся на сходзе брудных, узаемна паклёпніцкіх заяў і выступленняў, надыхаўшыся агідай, дома палез у слоўнік Ушакова, а потым у Вялікую Энцыклапедыю, шукаючы тлумачэння слова «данос».

Аказваецца — спецыфічнае, састарэлае слова. Даносы рабіліся толькі калісьці, на рэвалюцыянераў, а ў гады акупацыі — на камуністаў і камсамольцаў.

Тако рече Ушаков.

Вялікая Савецкая Энцыклапедыя дае не проста «донос», а пасылае з 12-га тома ў 15-ты, дзе стаіць «ложный донос».

Проста даносаў і проста даносчыкаў — ужо няма. Ура!..

* * *

На палубе волжскага цеплахода, у шэсцьдзесят сёмым, чытаю напісаныя пасля з'езда партыі разважанні пра помнік правадыру на канале Волга-Дон.

Каб гэта ж, думаецца, усю тую нудную безліч істуканаў ды істуканчыкаў — ад бацькі сельсавецкага да бацькі волжска-данскога, дзе дыяметр генералісімусавай шапкі каля чатырох метраў, — каб усю процьму іх, што пакрывала нашу краіну, узяць ды поўнасцю раздзець! Паказаць яго па-антычнаму: толькі з вусамі ды ў шапцы?

Хоць бабы напляваліся б усмак, употай!..

* * *

У вайну ці адразу пасля вайны, у Германіі, наш капітан-шыфравальшчык у свабодны час трохі выпіваў і тады напяваў сабе ціхенька:

«Да здравствует товарищ Сталин, наш великий вождь, да здравствует товарищ Сталин, наш...»

— Што ж ты так? — спытаўся ў яго другі афіцэр, журналіст. (Дарэчы, ён мне пра гэта і расказваў.)

— Ды так, брат, каб толькі не памыліцца, не заспяваць чаго-небудзь іншага...

* * *

Старога талстоўца, няхай сабе ў нечым абмежаванага, але ж сумленнага, добрага чалавека, вясковага кнігалюба з бедных і цёмных «панскіх часоў», пасля вызвалення Заходняй хацелі завербаваць у стукачы. Ён ім тлумачыў, чаму не можа быць такім, спасылаўся і на вялікае любімае імя. Яму пайшлі насустрач:

— Ну и что же? Своей фамилией ты не подписывай, — пиши: Толстой...

* * *

«Вось вам, Іван Антонавіч, партрэт гэтага, так сказаць, партыйнага кіраўніка.

У біяграфіі Максіма Максімавіча Літвінава2 сказана, што ў пратаколе царскай паліцыі стаяла пра яго: «Выражение глаз умное». Пра гэтага ж таварыша можна сказаць, што выражэніе проста глупае. Снеданне яго, напрыклад, складаецца з кілаграма злёгку падсмажанага сала і паўлітра рэктыфікату. У нашым горадзе — яму падначалены, як і ўсё іншае, спіртзавод. Было раз пры мне такое. Два інтэлігентныя мужчыны, афіцэры-медыкі, словам, людзі салідныя, прыехалі да яго папрасіць сёе-тое для бальніцы. «Хоць бы яшчэ адну змену пасцельнай бялізны». Было гэта нешта адразу пасля вайны, у сорак пятым ці ў сорак шостым. Кажуць яму: «У вас вунь, таварыш сакратар, гардзіны тым часам якія шыкарныя!..» Намёку ён не зразумеў, а ўсцешыўся, як ад пахвалы. «Да-а, за такую гардзіну мне ахвотна дала б любая жанчына СССР!» У такім прыблізна духу гаворыць ён звычайна са сваімі, як ён лічыць, падначаленымі, у сваім вялізным кабінеце, пад партрэтамі правадыроў. Ён пошлыя анекдоты расказвае, а падхалімы смяюцца... Гляджу я на партрэт Уладзіміра Ільіча, і здаецца, што ён вось-вось не стрывае і скажа:

«Взогвать весь этот дом вместе со всеми этими дугаками!..»

Ну добра, адразу пасля рэвалюцыі мы мелі, прызнавалі партызанскую чапаеўшчыну, адразу пасля Айчыннай вайны таксама. Навошта ж яна цяпер?..»

Запісаў я гэта ўлетку пяцьдзесят восьмага года, ад шаноўнага Рафаіла Сяржанта3. Харошы чалавек, камуніст з заходнебеларускага падполля, ён быў асуджаны пілсудчынай на смерць, што яму — за паўтары гадзіны да выканання прысуду — замянілі на пятнаццаць год турмы. Да Верасня адсядзеў чатырнаццаць, з іх дзесяць — у адзіночцы.

* * *

У Коханаве на Віцебшчыне памятаюць Лёньку-каморніка, які і чарку мог узяць, і за бабамі вельмі ж улягаў. Адна дзеўка ці маладзіца нават «ленту» яму каморніцкую пасекла з рэўнасці. А потым, калі ён стаў Генсекам, употай пабойвалася, каб не ўспомніў...

Менскія кіношнікі хацелі зняць штосьці дакументальнае пра пачатак вялікай біяграфіі чарговага правадыра — пры ягоным жыцці, разумеецца, — аднак тыя колішнія дзеўкі не захацелі нічога расказваць — страшна!..

* * *

Група пісьменнікаў у перадавым калгасе на Браншчыне. Пасля агляду гаспадаркі — гутарка ў праўленні. Паэт Дзмітрый Кавалёў, часцей за ўсё неспакойны, сказаў-спытаўся:

— Поспехі вашы і сапраўды значныя, і на палях, і на фермах, і людзі жывуць нядрэнна. Ну, а духоўнае жыццё — што для душы?

Праслаўленага старшыню калгаса выручыў сам сакратар райкома, «парень-рубаха», «в доску свой, народный»:

— Калі чалавек добра наесца, тады з яго і выходзіць душа. Га-га-га!..

* * *

Анекдатычны М., выходзячы на пенсію ледзь не пад дзевяноста гадоў, сказаў — калі ўдумацца — дык і са значным падтэкстам:

— Няхай ужо маладыя. Я сваё адсядзеў.

Няхай жыве здаровы сэнс!.. А ён жа, прыпознены пенсіянер, не проста сядзеў, нікому не перашкаджаючы, — ён «кіраваў». Райкомамі, партызанскімі брыгадамі, абкомамі, рэспубліканскай культурай, гісторыяй партыі — усюды з аднолькавым бляскам паўнапраўнага невуцтва. Па нейкім верхнім праве на славутае «общее руководство», толькі з такою ўніверсальнай спецыяльнасцю...

* * *

Бачыць яго даводзілася рэдка, часцей за ўсё ў прэзідыумах. А сёння выпадкова сустрэў у Гомелі, на вуліцы. Ішоў стары цяжка, з прыкметнай дыхавіцай, аднак па-дзелавому заклапочаны. Спыніліся павітацца.

— Куды ж вы так? — спытаўся я.

— Ды вось, разумееце, клопат які. Аддаў сюды свой камсамольскі білет, у музей. А цяпер мяне Менск папрасіў аддаць ім. Дык я прыехаў, забяру. Усё-такі лучша...

З думкай пра царства нябеснае?

* * *

Хобі бывае і такое.

Выкладчык філасофіі, лысы мужчынка, жыд, памятае нумары машынаў усіх начальнікаў, якіх — у сваю чаргу — добра ведае яго жонка, тоўстая бяздзетная беларуска, адказная работніца на персанальнай пенсіі.

* * *

Адзін, праходзячы каля гмаху ЦК партыі з двума тамамі Леніна пад пахай, трымаў іх залатым цісненнем да вокнаў — хай таварышы бачаць, што ён чытае, хай думаюць, пра што ён піша... Бачыў я гэта аднойчы. Дадам, бо ведаю: і дзяржаўную прэмію ён дамагаецца атрымаць за свае кніжкі для дзяцей — няхай бяздарныя, але ж на якую тэму!..

Другі, зняты з пасады галоўнага рэдактара газеты за тое, што яго дысертацыі, кандыдацкая і доктарская, як аказалася, напісаны не ім самім, а рэдакцыйнымі «неграмі», якія, нарэшце, не вытрымалі і прасігналілі. Знялі яго не надта каб і нізка — паставілі выкладаць гісторыю ў інстытуце. Ніжэй было нельга, бо тыя яго дысертацыі, асабліва другая, падпіраліся перад ВАКам хадайніцтвам «некаторых работнікаў» Цэнтральнага Камітэта.

Гэтага я ўбачыў раніцай перад домам ЦК, дзе на зялёным скверыку залацілася лісце і карычнева паблісквалі маленькія боханчыкі каштанаў. Ён іх рупліва, няспешна шукаў, паднімаў.

— На дачы добра пасадзіць, — сказаў мне, калі павіталіся.

І праз аскому непавагі да яго, даўно знаёмага, падумалася:

«Во, і гэта ж не так сабе, а каб пацвердзіць вернасць...»

* * *

Дабрадушны, усмешліва мудры Алесь Пальчэўскі, калі я наведаў яго ў бальніцы, у палаце на двух, як толькі сусед яго выйшаў, расказаў мне, што ён, той сусед, — рэдактар адной з газет, якога я таксама ведаў, — паслухаўшы Алесеў расказ пра культаўскія пакуты, зусім сур'ёзна ды спачувальна спытаўся, ці былі ў іх, у лагеры, піжамы...

* * *

У школе, на бацькоўскім сходзе.

Сын двоечнік, другагоднік. А бацька, нярослы адстаўны палкоўнічак, увесь у ордэнскіх ды медальных планках. Наслухаўшыся непрыемнага, супакойвае і настаўнікаў і бацькоў:

— Таварышы, не будзем лішне хвалявацца! З такіх, як мой Толя, вырастаюць буйныя дзяржаўныя дзеячы.

Амаль усе смяюцца. З неабстрактным падтэкстам, кожны сабе ўспамінаючы сяго-таго са знаёмых і незнаёмых.

* * *

Каля найпершага сакратара ўвесь час, на прыпынках у нашым пакалгасным вандраванні, прыкметна круціцца целаахоўнік. Высокі, плячысты, з заслужанай пралысінай на рыжай макаўцы, з выразам твару ці зусім ужо прастадушным, ці нават і дзікаватым. Ад сілы гэта, ад адчування абавязку? Перад кім?..

У абласным тэатры, дзе пасажыраў нашых «семінарскіх» аўтобусаў сабралі для ўрачыстага падвядзення вынікаў пазнавальнага падарожжа, ён, той — таксама поблізу, сядзіць за спіной суб'екта ахоўвання.

Успомнілася ў Талстога, ці не ў трактаце «Царство Божие внутри вас», як ён — у такой сур'ёзнай працы — піша, што кожны раз, гаворачы з вартавым салдатам перад казармай ці перад турмой, яму, старому ды вялікаму, хочацца пакратаць шчопцямі за востры кончык доўгага штыха.

Мне, грэшнаму, там, у тэатры, захацелася яшчэ большага — перайсці цераз праход і свабоднаю жменяй памацаць ахоўніка вельмі важнага цела за руку вышэй локця — што ж там за такія ўсенародныя мускулы?..

* * *

Рыгор Бярозкін расказваў, як у лагеры, хутка пасля смерці Сталіна, ён даў суседу па нарах, свяшчэнніку, газету, у якой — на трыбуне маўзалея — новы склад Палітбюро ці там Прэзідыума, словам, асірацелыя Молатаў, Берыя, Малянкоў і далейшыя па чарзе. Баця доўга ўглядаўся, задумліва, а пасля заключыў, уздыхнуўшы:

— Нет благообразия в ликах!..

* * *

Не выходзіць з памяці, як у верасні пяцьдзесят чацвёртага года, на толькі што вельмі раскошна адкрытай Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, адна вясковая жанчына ў групе экскурсантаў ад павільёна да павільёна насіла поўную авоську чорнага хлеба, які ёй пашанцавала з самага ранку купіць. Хоць і пазней магла б купіць яго, але ж для пэўнасці...

Мы з сябрам былі там ад газеты, мы пісалі пра іншае.

У тым жа верасні і другое:

Старшыня калгаса абедае ў сталічным рэстаране. Паклікаў афіцыянта, расплачвацца.

— Што я табе, таварышок, скажу. У нас, калгаснікаў, зарплата ў канцы года. Я тады ўсім вам і налічу — і за яду, і за гарэліцу, і музыкам. Колькі выйдзе — столькі і дам.

Афіцыянт і наведвальнікі, хто бліжэй, смяюцца: для іх гэта — як быццам толькі жарт.

* * *

Пісьменнік, што любіць падтрымліваць сувязь з вёскай, з працоўным народам, таргуе на Камароўскім рынку тварожны сыр.

Цётка, маладжава бойкая:

— Бяры, браток. Вось хутка наша пакаленне вымра, у вёсках не застанецца нікога — скулу тады купіш. Бяры. Сырок настаяшчы.

Было гэта ў шэсцьдзесят сёмым годзе.

* * *

А сёння:

— Якая там, браце Іване, вёска цяпер! Восемдзесят два двары, а на работу выходзяць дваццаць два чалавекі! Дый то адны бабы. Бо куды ж мяне тут або Арсеня лічыць? Толькі дрэбы... Раней я кумам часта быў. Падлічыў неяк — аж дванаццаць разоў. А цяпер? Цяпер мяне толькі ямы капаць клічуць. Людзі ж усё паміраюць, вядома, старыя. Рукі ўжо мне паўрывала лапатай. А як не пойдзеш, не паслухаеш?..

* * *

У польскай газеце:

Падпалкоўнік міліцыі быў балюча ўражаны тым, што застаў на месцы авіякатастрофы. Страшна было глядзець, як палаў самалёт, як дагаралі людзі, аднак яшчэ страшней, здаецца, было тое, як паводзілі сябе некаторыя навакольныя хутаранцы і дачнікі.

«Не магу і дагэтуль зразумець гэтага. Я ўбачыў матак з малымі дзецьмі, на руках або за ручку, як яны аглядалі жахлівыя астанкі, паадрываныя ногі, рукі, безгаловыя тулавы... Усе хадзілі навокал паразрываных целаў з павырыванымі мускуламі, растрыбушанымі жыватамі. Хадзілі, намагаліся перабіраць рэчы ахвяраў, падымалі прадметы, шукалі...»

Шафёр «хуткай дапамогі»:

«Мы толькі што знайшлі раменьчык ад гадзінніка, а гадзінніка ўжо няма. Мы бачылі рэшткі жаночай рукі з паздыманымі пярсцёнкамі. Засталіся толькі сярэбраныя, расціснутыя так, што іх не ўдалося зняць. Мы бачылі таксама сумачку ад касметыкі, раскрытую, пустую...»

Чытаючы гэта, успомніў з дваццацігадовай даўнасці твар, вочы маладога мастака, нарачоная якога ўтапілася незнарок.

«Як гэта страшна, — гаварыў ён мне. А пасля горкай паўзы дадаў: — А яшчэ што вельмі страшна, Іван Антонавіч, дык гэта сваякі яе. Прыехалі. Далёкія, бо ў яе ні бацькоў, ні братоў і сясцёр. Як яны разрывалі яе пакойчык — каму падушка, каму талерка, каму... Як гэта дзіка і страшна!..»

* * *

«Каля Шаўляй, у мястэчку, наша батарэя спынілася ў пустым касцёле. Спалі мы там на нейкіх рэлігійных плакатах...»

Нярослы рабочы з бабскім голасам расказвае за санаторным абедзенным сталом, як ён тады, прызваны ў армію пасля вайны, загадваў складам ці складзікам, браў прадукты і насіў у летувіскую сям'ю, дзе ў яго была дзяўчына. Проста расчульваецца сваёю дабратой. Бо і хлопчыкаў стрыг, яе меншых братоў.

І не падумае нават, што краў. Успомніў я гэта, сустрэўшыся з ім зноў жа ў санаторыі, у іншым і аж праз дваццаць з гакам гадоў.

Гэты маляр з завода быў ужо тым часам на пенсіі з-за траўмы галавы (зваліўся са страмянкі), інвалід другое групы. Зноў па-бабску, ня-ня-ня, расказаў мне, што пенсія 230 рублёў і льготы яшчэ. І часу вольнага колькі. Сястра жыве на Ўкраіне, дык ездзіў да яе ўжо чатыры леты ўзапар, тыднямі там жыў. Добра жыве сястра, участак паўгектара. А яшчэ ж і поле навокал. Калгаснае.

— На велісяпедзе сабе далей паеду, у кукурузу далёка зайду, каня свайго схаваю, а сам у сланечнік. Пасцілачку няйлонавую пасцялю, нацерушу таго сланечніку. Тры з палавінай вядры лезе ў рукзак. Раз, другі раз. Цэлую выварку алею націсну...

— Вы ж крадзеце, — гавару, не стрываўшы ад гэтага вякання.

— Ну? — пытаецца ён з дурнавата-мудрай усмешкай. — А таварыш Ленін сказаў жа, што трэба дзяліцца!..

Красці ў казны — не грэх. Калісьці — народная мудрасць. І класікі агаворвалі гэта. Недзе чытаў у Талстога, толькі як канстатацыю.

* * *

Нешта ў канцы пяцідзесятых гадоў ездзіў я, па запрашэнні, у групе членаў рэспубліканскага піянерскага савета, у Сапоцькінскі, пагранічны з Польшчай, раён. Адтуль прасігналілі, што ў адной каталіцкай вёсцы бацькі не пускаюць дзяцей у піянеры. Шэсць піянерчыкаў на ўсю школу, і гальштукаў дахаты не бяруць, «бо мама спаліць у печы...».

Сабралі нам бацькоўскі сход: сем ці восем цётак. Мы выступалі перад імі. Я нават і па-польску. Не бярэ. Сядзяць насупленыя, маўчаць. Нарэшце адна ўстала і тонам апошняй, адчайнай просьбы азвалася:

«Адпусціце мяне! Мне трэба дадому!»

Што ж, калі ласка.

А за ёю — і ўсе...

Настаўнікі павялі нас «абедаць».

Дырэктар — непаголены, у шырачэзных сініх, паплямленых галіфэ — жыве пры школе. На школьным калідоры сакочуць куры, пішчаць парасяты, наследжана імі. Мутная самагонка, нябрытае сала, дыхціць квашаная капуста, скрылямі з галовак. Настаўніцы, і пажылыя, і маладзейшыя, куляюць шклянкі і, нюхаючы хлеб, пакрэхтваюць, як лесарубы, на капусту:

«Эх, слаўная закусь!..»

* * *

Сонечны ранак. Адны дзеці ідуць у школу, другія ў садок, у яслі. З мамамі, бацькамі ці бабулямі. Людзі на працу ідуць. А тут — будаўніцтва дома. Высока пад ясным небам тырчыць разумны кран, з якога чуецца, як божы гром, выразна падкрэслены мат, узняты ў нас на вышыню.

* * *

У раённым гасцінічным рэстаране. Дзве дзяўчыны, відаць, са служачых, з сумным лёсам «ад трыццаці да сарака». Удзвюх за сталом, які разлічаны на чацвярых, з графінчыкам гарэлкі. Ці для сябе толькі, ці з разлікам, што кавалеры якія падсядуць. Гарэлкі — усё роўна горкай, як здушаныя ў горле слёзы.

І дзікі, бяздарны крык маладога мясцовага спевака праз мікрафон — траскучы, хрыпучы да болю душы...

І гэта сучаснасць.

* * *

Шырма таксама сядзеў. У вайну, на Лубянцы. Расказваў мне, як страшэнна хацелася есці, да галюцынацыяў. І снілася яда бясконца.

— Здаецца, возім з бацькам снапы. Наклалі воз, уціснулі рублём. А потым гляджу, дык гэто не снапы, а жыдоўскія халы!..

На «жыдоўскім» шаноўны Рыгор Раманавіч і папаўся. У Заходняй «яўрэй» па-беларуску не гаварылася, у слове «жыд» спрадвеку не было нічога абразлівага ды варожага. І Шырма перад вайной, у Беластоку, так і гаварыў. Хтосьці данёс, ужо ў эвакуацыі, высакароднага, прагрэсіўнага чалавека адарвалі ад яго дзецішча, ансамбля, пачалі вырабляць і яшчэ аднаго «ворага народа»... Пакуль не ўмяшаўся Панамарэнка.

У сямідзесятых гадах мы асабліва часта перазвоньваліся, гаварылі звычайна доўга. Старэнькі ўжо наш змагар за песню — душу народа і сам не баяўся, і не лічыўся з тым, што яму-то ўжо можна і менш баяцца, як мне, не ў тым узросце, не з тым аўтарытэтам. Сам «залішняга» не гаворачы, больш слухаючы ды з асцярогай падтрымліваючы гаворку, я ўвесь час памятаў пра таварыша «трэцяга»... А любы дзед вядзе сваё:

— Хадзіў у Цэка. Патоўкся па калідорах, па кабінетах. Няма з кім гаварыць, дурань на дурні едзе. Парторгі ёсць, профоргі ёсць, комсоргі ёсць, а хораў у школах няма і няма! І ніхто не хоча слухаць... Што гэто будзе?..

* * *

На з'ездзе ўкраінскіх пісьменнікаў.

І ў дакладзе і ў выступленнях усё так гладка ды сонечна. А два таленавітыя, якім бы толькі радаваць чытача, — Грыгір Цюцюннік і Віктар Блызнец, — «за справаздачны перыяд»... павесіліся.

І пра такое — ані слова...

Запісаў я гэта ў сакавіку восемдзесят першага года. Цяпер гаворыцца: у час застою.

У кастрычніку восемдзесят сёмага, выступаючы на ўсесаюзнай творчай канферэнцыі ў Ленінградзе, Алесь Ганчар сказаў (перакладаю з «Літературноі Украіни»):.

«Хіба ж можна было атмасферу такой адчувальнай духоўнай прыгнечанасці лічыць спрыяльнай для развіцця літаратуры і культуры ва ўсіх яе адгалінаваннях? І ці не таму ў тыя застойныя гады трагічна ішлі з жыцця маладыя найдаравіцейшыя людзі з асяроддзя нашай творчай інтэлігенцыі?..»

«Литературная газета», перадрукоўваючы гэтае выступленне, без другога сказа ў маёй цытаце... абышлася.

А ўжо ж, калі сапраўды «галоснасць», дык Ганчар мог бы хоць дома, у Кіеве, назваць імёны тых, што самахоць пагінулі.

* * *

Вясной семдзесят трэцяга года, у Гамбургу, на сустрэчы з актывістамі толькі што створанага таварыства ФРГ — СССР, камуністамі і змагарамі за мір, адзін пацыфіст — ён так назваў сябе — нестары, інтэлігентнага выгляду мужчына звярнуўся да нас, членаў Савецкага камітэта абароны міру, з такім пытаннем:

Чаму на адным з паседжанняў Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў савецкая дэлегацыя выступіла супраць таго, каб маладых людзей, якія з міралюбівых, чалавечных меркаванняў адмаўляюцца ваяваць, — як тыя, скажам, амерыканскія юнакі, што не хацелі ісці на В'етнам, — каб тых людзей судзіў толькі міжнародны суд?..

Кіраўнік нашай дэлегацыі, салідны латыш, на гэтае пытанне проста не адказаў. Зрэшты, як і на некаторыя іншыя пытанні, на што немцамі была звернута ўвага: «Якая ж гэта дыскусія, калі вы не адказваеце на нашы пытанні?..» Здаецца, што нават той пацыфіст і сказаў гэта.

Наколькі я разумею нямецкую мову, і перакладчыца з ходу рэдагавала пытанні, перадаючы іх кіраўніку...

* * *

Некаторыя патрыёты славянска-літоўскі Грунвальд 1410 года ўзвышаюць ды падкрэсліваюць любымі сродкамі, да пацешных уключна. Скажам хоць бы пра лагер адпачынку для беларускай малечы з такою іменна грозна-ваяўнічай назвай.

А сусветны Грунвальд 1939—1945 гадоў яны гатовы нават рэвізаваць, то ў наіўнай крыклівасці, то ў глыбакадумным сумняванні: а ці патрэбен быў ён для Беларусі?..

Дадамо: як для іншых краін, на ўсіх кантынентах...

* * *

Пачатак сорак другога года. Заходнебеларускае мястэчка.

Адзін браток у паліцыі, другі дэзерціраваў з фронту. Бацька ягонага саслужыўца, пажылы вясковы чалавек, прыйшоў спытацца:

— Можа, вы нашага Івана бачылі? Разам жа вы ішлі, служылі...

— Бачыў, дзядзька. Яго бальшавікі павесілі. Сам бачыў...

Гора якое ў хату!.. Маці так і памерла, меней чым праз год, з сынавай фатаграфіяй у руках. Меншага хлопца неўзабаве ўзялі ў паліцыю. Сілаю — бачылі людзі. А можа, і не надта ён і ўпіраўся — з-за таго павешання... Бацька працягнуў нядоўга. А сыну таму прыйшлося потым уцякаць разам з акупантамі, недзе прапасці наглуха.

— Так, браце, і разбурылася нашая сям'я, — расказваў мне пра гэта спакойны зямляк, гадоў з пятнаццаць пасля вайны. Той «павешаны», што вярнуўся з-пад Берліна афіцэрам. Быў паранены, два ордэны заслужыў. І сам, вярнуўшыся, нямала перажыў з-за брата-паліцая...

* * *

Увосень сорак першага года нехта падказаў жыдам у Мірскім геце, што заўтра іх будуць расстрэльваць. Мужчыны — сёй-той — пачалі ўцякаць. Аднаго злавілі, і ён выдаў падказчыка: «Гэта Освальд, перакладчык майстра жандармерыі».

Майстар вельмі здзівіўся, што перакладчык таксама жыд, аднак — чаго не бывае! — пашкадаваў яго: «Ты ўцякай, а я цябе буду шукаць». Освальд падаўся на поўнач, дзе Налібоцкая пушча. На самотным шляхецкім хутары яго так добра прынялі, што ён не толькі застаўся там, але неўзабаве перайшоў на іх каталіцкую веру. Калі пазней ад партызанаў прыехалі да яго беларус і жыд, два камуністы, ён хрысціянства тое апраўдваў тым, што свае яго прадалі, а тут ён — як свой. А ў партызаны не пайшоў, ужо з меркаванняў, відаць, не рэлігійных.

Праз семнаццаць гадоў пасля вайны адзін з маіх польскіх сяброў, якраз той жыд, што прыязджаў па Освальда, расказаў мне працяг сюжэта. У Варшаве з'явіўся славуты «брат Данель», прапаведнік, манах ордэна «братоў кармелітаў босых». На пропаведзі яго ў адным з найбольшых касцёлаў сталіцы плакала каля чатырох тысяч верных.

І вось майму сябру пазванілі ад гэтага «брата» з просьбай сустрэцца. Як жа ён здзівіўся, калі ў манаху тым пазнаў парабка са шляхецкага хутара. «Брат Данель» папрасіў майго сябра, чалавека партыйна аўтарытэтнага, дапамагчы яму выехаць у Ізраіль, у той манастыр, што на гары Кармель. Асцярожны сябар паабяцаў дапамагчы, але спачатку параіўся з вышэйшымі. Яны сказалі: «Хай едзе, усё на аднаго святога менш будзе».

Праўда, і сябар мой праз дзесяць год таксама падаўся туды ж, на «землю обетованную». Але гэта ўжо іншы сюжэт.

* * *

Калі мы слухалі людзей для кнігі «Я з вогненнай вёскі...», мяне двойчы балюча раздражнялі выпадковыя, дурныя кулі...

Адна такая вылецела з кустоў у калону карнікаў, што ехала па дарозе. І ў вёсцы Разліцце, якая заціхла побач, «легла за гэта», — як нам расказвалі старыя заплаканыя жанчыны з тых, што цудам тады ацалелі, — дзвесце чалавек.

Другая — у Мсціжах. Партызан начаваў у кагосьці, а тут у вёску заехалі і спыніліся немцы. Ён выскачыў з хаты, бабахнуў у той бок, а сам схаваўся ў прыбіральні за хлявом і там застрэліўся. За першы яго стрэл было заплочана сотняй мясцовых мужчын.

Абодва выпадкі з Барысаўшчыны. І такое не вельмі мне зразумела — як мэтазгоднасць у барацьбе.

У Застарынні каля Баранавіч партызанамі быў праведзены першамайскі мітынг. Павыступалі і паехалі. А назаўтра ўранні прыехалі іншыя — батальён карнікаў з недалёкага Гарадзішча. І вымардавалі больш за тры з палавінай сотні людзей, у тым ліку і некалькі партызанаў, што там заначавалі.

І так яшчэ яны набіраліся — нашы мільёны ахвяр, уваходзячы ў неабдымна жахлівую лічбу — дваццаць. А ўжо ж і гаворыцца: звыш дваццаці...

* * *

Скідзельскае, жлобінскае, обальскае антыфашысцкія падполлі. Подзвігі, пакаранні, слава. Аднак у цэнтр трэба ставіць агульнасаюзнае, значыцца, расейскае — Краснадон.

Чатыры салдаты ў шлюпцы на бурным акіяне, якіх ад галоднай смерці выратавалі амерыканцы. Старшы па званні — татарын, два ўкраінцы і расеец. Ахламоністы хлопец, і вушы смешна тырчаць. Аднак «Комсомольская правда» фотапартрэт яго дала асобна, з подпісам «Русский богатырь».

Уявім такое: група салдатаў ці партызанаў мужна адбіваліся ў акружэнні. Іх шмат, а член партыі толькі адзін, так сабе, малапрыкметны, заўсёды задні мужчынка. Аднак усё роўна, калі напішацца, як яны з боем выходзілі з акружэння, гэта будзе гучаць няхай прыблізна, але і бясспрэчна так: «Вперед! — воскликнул коммунист Хвостов, поднимая товарищей в последнюю атаку...»

Гэта ўжо з іншай оперы, але і тут аднак. Яшчэ мацнейшае, асабліва калі ў спалучэнні нацыянальнага з партыйным.

Дарэчы, так нам, паміж сябрамі, жартавалася і да 1953 года.

А яно ўсё жыве...

* * *

Савецка-польскія ветэраны другой сусветнай вайны, набліжаючыся да канца свайго шляху Разань — Шчэцін, мы павінны былі звярнуцца — у імя найважнейшай справы — да ўсіх пісьменнікаў свету.

Праект звароту напісалі гаспадары, палякі, на чале з Войцехам Жукроўскім. А рэдагаваць яго з незразумела поўным правам узяўся кіраўнік нашай савецкай дэлегацыі, чыноўнічак з маскоўскага апарату Саюза пісьменнікаў, таварыш Нятой, якому за тым Жукроўскім як літаратару толькі б чамадан падносіць.

Аказёньвае тэкст, абанальвае. Палякі пярэчаць, даводзяць сваё, для справы безумоўна лепшае. А ў нашага — апошні аргумент:

— Я что — из-за тебя должен свой партбилет положить?!

Праўда, было гэта ў канцы восемдзесят трэцяга.

* * *

Па дарозе з Алма-Аты ў Талды-Курган мы, група ўдзельнікаў Дзён літаратуры ў Казахстане, аглядалі авечы адкормачны комплекс.

Лета семдзесят чацвёртага. Гарачыня — як вытрымаць. Дзве неабсяжныя прасторы — млосна-бясхмарнае неба і рыжа-спалавелы стэп. Церпкі пах безлічы светла-шэрых жывых кажухоў. Яшчэ і нейкія прамовы, і расказ пра дасягненні...

Ах, як не хочацца называць і не буду, бо ў гэтым ён вельмі далёка не ўвесь, добры расейскі пісьменнік, які і тут каторы ўжо дзень з ранку да вечара ледзь-ледзь трымаецца на нагах. Горка скажам: як ад імя свайго вялікага народа — перад народам меншым.

Стоячы ў гурце ззаду, раскіслы твар «старэйшага брата» бачыў я толькі памяццю. І тое зблізку бачыў, як адзін з гаспадароў, што сустракалі нас, кіраўнік раённага рангу, пад гальштукам і ў капелюшы, слухаючы прамову яшчэ вышэйшага, ціха, старанна, урачыста — як ад імя казахскага народа — раз-поразу зганяў з прыгорбленай спіны маскоўскага госця, які стомлена пагойдваўся, сярэднеазіяцкую назолу-муху...

* * *

У падарожжы па Хабараўскім краі мы, група літаратараў, трапілі якраз на адлоў гарбушы. У рыбгасе над вусцем Амура ў Татарскую пратоку нам паказалі выдатны японскі канвеер, дзе жывая рыба ідэальным спосабам ператвараецца ў экспартныя кансервы. А перад гэтым мы аглядалі «заездак», дзе тая рыба ловіцца, нам расказалі, што за гэты новы спосаб лову вынаходнік яго быў адзначаны Сталінскай прэміяй. А ўся справа ў інстынкце левай шчакі — ён, інстынкт гэты, і заводзіць рыбу ў паўкруг «заездка», дзе з глыбіні калаўротамі паднімаюцца сеткі, густы сярэбраны касяк гарбушы, адна ў адну, адцэджваецца і апускаецца ў лодку-басейн, кунгас, і адтуль — жыўцом на канвеер.

Інстынкт левай шчакі... Я яго ўспомніў, нібы зусім недарэчы, у іншым прыстасаванні, гледзячы з залы ў прэзідыум.

Адзін з нашых таварышаў, літаратурны шлях якога дзесяцігоддзямі значыцца, як бясконцым пункцірам, сядзеннем у самых розных прэзідыумах. У зале яго я наогул не прыпамінаю. І сам ён настолькі ўжо прывык да такога сядзення, што інакш свайго месца і не ўяўляе.

Адзін з маіх сяброў, значна старэйшы, выседжваў у прэзідыумах таксама вельмі доўга. Цяпер ужо не сядзіць і вельмі гэта перажывае. Не назваўшы першага, я тым больш не назаву і другога, бо справа тут не ў імёнах, а ў характэрнай асаблівасці нашай атмасферы. Аднак мне трэба сказаць, што мой старэйшы сябар — з іншай рэспублікі. Я быў госцем на іхнім пісьменніцкім з'ездзе, сядзеў з сябрам у зале, мы трохі перашэптваліся, а мне і ў галаву не ішло, што ён тым часам горка змагаўся са сваім інстынктам... А потым і не вытрымаў — у перапынку пакінуў мяне аднаго, нічога не сказаўшы, пайшоў і сеў, і пасядзеў — аказваецца, для душы. Хоць і не ў першым радзе, як раней, хоць і наогул «незаконна»...

* * *

У снежні сорак сёмага года мы ўтрох, Вялюгін, Кірэенка і я, ехалі ў Таджыкістан. У міжнародным вагоне з двухмеснымі купэ. Вагон быў пуставаты, дарога далёкая, пажылы праваднік гаваркі. Любіў ён пасядзець у нас, расказаць сёе-тое са сваёй бывальшчыны.

Хоць бы такое, што вось у адным з папярэдніх рэйсаў у гэтым вагоне ехаў архіерэй. Спачатку адзін у купэ, а потым (на станцыі, назвы якое я не запомніў) зайшоў у вагон ваенны. Маёр, Герой Савецкага Саюза. Адчыніў дзверы свайго, па білеце, купэ, зірнуў і раскрычаўся: «Што — з папом? Забраць адгэтуль папа!..»

— Скандал, вы разумееце. А месцаў свабодных больш няма. І ўгаварыць яго аніяк не ўдаецца. Гэта ўжо і начальнік поезда прыйшоў. Маёр скандаліць на калідоры — і ўсё. А каб яго, вы разумееце, супакоіць або ссадзіць, патрэбен не толькі старшы па званні, але таксама Герой...

Начальнік поезда на бліжэйшай станцыі пазваніў «па пуці следавання» ў Сызрань (гэта я добра запомніў), там у вагон зайшоў генерал-маёр, Герой. Далей расказ — на сумленні правадніка. Генерал-маёр зняў з маёра Зорку Героя, зняў пагоны і аформіў пратакол. Тады папрасіў архіерэя падпісаць тую паперу. Рэшту перадаю даслоўна, як дагэтуль помніцца:

— Архіерэй дастаў сваю ручку з залатым пяром, распісаўся акуратна, ручку склаў і сказаў:

«Дураков учить надо».

Тысячагоддзе хрышчэння Русі. Па тэлевізары столькі сівых і цёмных бародаў, белых і чорных клабукоў, столькі сустрэч на высокім і вышэйшым узроўні, сугучна з датай і часам, столькі дастойных паводзін, мудрых прамоў...

І ўспамінаецца тое пяро, тыя тры словы.

* * *

Часопіс «Literatura na swiесіе» ў лютаўскім нумары за 1991 год надрукаваў такі расейскі дакумент:

«Каштарыс экзекуцыі Івана Каляева ў Шлісельбургскай крэпасці, складзены катам Філіпавым:

«Пераезд (у абодва бакі) — 6 рублёў, вяроўка і дадаткі — 2 рублі, пабудова вісельні — 10 рублёў, медык для сцвярджэння смерці — 4 рублі, ганарар папу — 2 рублі, выкапанне і засыпанне магілы — 5 рублёў, нагляд за рабочымі — 8 рублёў, памочнікі (два) — 14 рублёў, кат — 25 рублёў. Усяго — 76 рублёў».

Пакуль царква была дзяржаўна пакрыўджаная, перш за ўсё думалася пра гэтую несправядлівасць. Цяпер, калі яна так прыкметна набірае ўладную сілу, — трэба для раўнавагі нешта прыгадваць, адно з адным параўноўваць.

Хоць бы тое, напрыклад, што я дазволіў сабе ў тым дакуменце падкрэсліць...

* * *

«Каб я быў расейцам, дык і не лез бы нікуды з Расеі, з вялікай расейскай літаратуры: хапіла б мне і свайго».

Пасля надрукавання гэтага ў цыкле волжскіх запісаў у «Новом мире» Броўка перадаў мне пісьмо чытача, адрасаванае яму, хоць ужо і не старшыні Саюза пісьменнікаў. Нейкі масквіч, пенсіянер, абурыўся гэтым «не лез бы», крыў мяне велікарускім інтэрнацыяналізмам, рэвалюцыйнай місіяй, а ў заключэнне патрабаваў абмеркаваць публікацыю, асудзіць аўтара і — галоўнае — «о результатах обсуждения сообщить по адресу», які акуратна паведамляўся.

Праўда, потым, для кнігі я тое «лез» замяніў на «ішоў».

* * *

Пачатак восемдзесят чацвёртага года, андропаўская абарона расейскай мовы.

Абурана гаворыцца пра тое, што ў Ерэванскім універсітэце таму, хто пойдзе не на сваё, а на расейскае аддзяленне філалогіі, прапануецца на пятнаццаць рублёў большая стыпендыя.

— Яны на гэта не бяруцца. Чаму ж, кажуць, не трыццаць срэбранікаў, а толькі палавіна?

Гаворка пра гэта ідзе ў беларускай сям'і. Бацькі разумеюць госця-расказчыка, а іхні сын, эканаміст з вышэйшай адукацыяй, разважае інакш:

— Армяне — яны жывуць лепш за нас, ім можна і адмаўляцца.

На каго крыўдаваць?

* * *

У Варшаву я ехаў у двухмесным купэ з маладым энергічным армянінам.

— Як — вы адмаўляецеся ад армянскага каньяку?! — ледзь не абурыўся ён, калі я падзякаваў за такую зранку прапанову. Але і пахваліўся, што ў Ерэване толькі адзін выцвярэзнік, у які за год трапіў толькі адзін чалавек, вядома ж, не армянін. Як гэта часта бывае ў гутарцы з армянамі, даволі хутка дайшло да турэцкай разні ў 1915 годзе, да нянавісці — іхняй да туркаў.

— У нас гэта — на мільярд гадоў!..

І слухаць не хоча, што мардаванне нашых дзяцей гітлераўцамі — тое самае па жахлівасці.

— Як, дарагі мой, не тое самае? Узяць наша, беларускае, расейскае, жыдоўскае дзіця за ножкі і галоўкаю аб сцяну — гэта не тое самае, што з армянскім?..

Адукаваныя чорныя вочы гараць.

— Гэта зусім не тое! У вас была вайна, а ў нас — вы разумееце — у нас генацыд!..

Стомлены яго патрыятызмам, я памаўчаў даўжэй. А потым, спакайнейшы, нават нібы з гумарам сказаў, што вось калісьці прыйдзе час, людзі паразумнеюць, усе народы памірацца паміж сабой, ну, а тады ўжо звернуцца да армян, каб і яны памірыліся з туркамі.

— Як па-вашаму?

— Можа, тады падумаем.

Як быццам і ўсміхнуўся. Ці не ад ветлівасці толькі схіліўшыся на кампраміс.

І захацелася хутчэй да месца прызначэння.

* * *

Нешта ў пачатку пяцьдзесят восьмага года, на пісьменніцкім пленуме, Кандрат Крапіва гаварыў пра лёс нашых сатырыкаў. Ён яму нагадвае тых лекараў, якіх даўней, у змрочным сярэдневякоўі, калі пачыналася якая эпідэмія, натоўп раз'ятрана мардаваў, бо лічылася, што гэта ад іх, ад медыкаў, чума ці іншая халера...

Гэта не трапіла ні ў друк, ні ў стэнаграму. Не надрукавана і яго выступленне на рэспубліканскім з'ездзе настаўнікаў у жніўні шасцідзесятага. Не надрукавалі поўнасцю, абкарнаўшы да бяззубага стандарту. А на другі дзень, на вячэрнім пасяджэнні таго з'езда, дзве знаёмыя камсамольскія кар'ерыстачкі, седзячы ў прэзідыуме абапал мяне, шэптам, уперабіўку расказвалі мне, што было ўчора, калі я не быў, абураліся паводзінамі «гэтага дзіўнага Крапівы», якому трэба было б «усыпаць», і як быццам нехта ўжо «ўсыпаў» за тое, што ён — падумаць толькі! — заклікаў любіць і ахоўваць беларускую мову. Сказаў нават, што ў настаўнікаў, як і ў пісьменнікаў, гэта — святы абавязак!..

* * *

Успомніўся бальнічны супалатнік, былы міністр, перад тым старшыня аблвыканкома, а калі раскручваць яго біяграфію да самага заходнебеларускага юнацтва — вясковы хлопец, якому здорава пашанцавала. Хочучы ўцягнуць мяне ў дыскусію па нацыянальным пытанні, ён успомніў выступленне Коласа на чэрвеньскім пленуме 1953 года, на якім дзядзька Якуб гаварыў пра родную мову. Былы начальнік, яшчэ ўсё энергічны пенсіянер, недаўмяваў: «Почему, говорит, дорожные знаки, где в какую деревню поворот, написаны не по-беларусски? А тебе что — по-русски непонятно?!»

Згадаў я тое гарачае недаўменне, чытаючы «Далекий гул» Ржэўскай, тыя старонкі, дзе яна ў паходзе на Берлін чула ад палякаў, якую асвету дазвалялі ім гітлераўцы. Тое самае, што і нам, беларусам, як і ўсім славянам, рыхтавалася па плане «Ост». Лічыць ледзь не на пальцах, распазнаваць дарожныя знакі... Абы было «понятно»...

* * *

Іду з малымі ўнукамі па алеі дзіцячага парку. Перад намі два незнаёмыя хлопчыкі. Адзін кажа, што ўвосень ён пойдзе ў школу, будзе там вывучаць англійскую мову. Другі таксама пойдзе ў першы клас. Ён кажа — вядома ж, з пэўнай зухаватасцю, каб выйшла яшчэ лепш:

— А я буду изучать белорусский язык. А как вырасту — поеду в Белоруссию. У них там всегда тепло, они там все черные.

Такога не прыдумаеш.

Адна пацеха, што гэта было пазалетась...

* * *

Беларус Быкаў напісаў таленавітую аповесць «Сотнікаў», украінка Шапіцька паставіла па ёй таленавіты фільм «Восхожденне». І разам у іх — пра веліч расейскай душы галоўнага героя...

І сапраўды па-евангельску: у каго няма, у таго аднімецца, а ў каго ёсць, таму яшчэ і дадасца. Ад беднасці яно, нашай і ўкраінскай, ці ад лішняга багацця?

І робіцца гэта на нашых вачах.

А што ж рабілася вякамі!..

* * *

Будзь ты пісьменнікам нарвежскім, ад чатырох з нечым мільёнаў, ці нават ісландскім, ад некалькіх сот тысяч суайчыннікаў — цябе ў правінцыялізме не папракнуць.

А так, паколькі ты не сам па сабе, не ад сваіх дзесяці мільёнаў, а з «вялікай сям'і народаў», пры таксама вялікім «старэйшым браце», — так можна.

1957-1992


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: БАЛЮЧАЕ І ДЫМНАЕ


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.