ДАКОР

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему ДАКОР. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-26

БРЫЛЬ ЯНКА

Слон быў бедны і сумны.
Пра волю ды пра гарачыя джунглі лепш проста не гаварыць: ён іх нават і ўспамінаць не можа, бо нарадзіўся ў звярыным канцлагеры.
Хапае і таго, што вось ён стаіць паміж аблезлых фанерных будак, цесных смярдзючых клетак, перад натоўпам людзей, тырчыць над іх святочным безладам вострым, згорбленым хрыбтом і толькі што не трасецца ад холаду. Скура яго, шэрая, як вясковы, добра-такі зацяганы шарачак, сям-там ажно папраціралася, а ў двух месцах раздзерлася закарэлымі, непрыкрытымі струпамі. Вушы звісаюць абдрыпана, а маленькія вочкі глядзяць на ўсё сумна — да безнадзейнасці...
Чалавек быў шчаслівы і трохі сентыментальны.
Па-свойму, па-чалавечы здаравенны, ён узвышаўся над натоўпам больш чым на галаву. Шэрай салдацкай вушанкай, маладым румянцам шчок, шырокімі плячыма даўгаполага, нядаўна і нарэшце набытага паліто. У вялікіх руках чалавека было па цёплай дзіцячай руцэ. Пацешныя, як важаняты, дзве маленькія кабеціны ў шэрых шубках тэпалі побач з высозным бацькам па мокрым, раскоўзаным снезе, а час ад часу, то на змену, то разам, прасіліся на рукі.
Бяда, дый годзе! І весці малых, і паднімаць іх было нязручна. Перашкаджаў пакунак...
Заапарк прыехаў у горад на гастролі больш за тыдзень таму назад. Увесь гэты час тата збіраўся сюды з дзяўчынкамі, на сон расказваў ім усялякія цуды пра тое, што будзе. І толькі тут, калі падышлі да білетнай касы, ён успомніў, што нічога не ўзяў — ні для мішкі, які за так, вядома, не патанцуе, ні для малпаў, што таксама прывучаны да ласункаў.
Што ж тут рабіць?
Заапарк размясціўся на пустыры, у гэтую восень расчышчаным ад ваенных руін. Паблізу быў толькі адзін ларок. А ў ларку не было цяпер нават якіх-небудзь марных, пазліпаных падушачак. Ашушканая прадаўшчыца параіла смешнаму тату купіць у яе сухафруктаў. Знайшлася газета, мяшэчак быў зроблены з цэлага нумара і ўвесь напоўнены ўшчэнт засушанымі, нават, здаецца, пыльнымі грушкамі і скрылікамі яблыкаў:
Не ўся бяда! Мала таго, што з пакункам і з дзецьмі хадзіць нязручна, дык яшчэ і частавацца з яго ніхто не хоча.
Самы вясёлы мішка, што ажно пысу ўшчэмлівае паміж жалезнымі прэнтамі, просячы цукру, што тупае-танцуе за яго і загадзя і пасля, тыя грушкі ды скрылікі толькі панюхаў.
Не захацелі іх есці і малпы. І малыя, што скрэкаюць ды гойсаюць, бессаромна пабліскваючы круглымі вясёлкамі нібы апараных азадкаў. І тая найбольшая, страшная, зусім падобная на чорнага, валасатага дзядзьку, які вось трымаецца ніколі не мытай рукой за прэнт і нешта ўсё злосна жуе ды сплёўвае, жуе ды сплёўвае, а потым адсоўваецца ў самы куток і, адвярнуўшыся, лаецца шэптам...
Так і дайшлі яны, тата з дзяўчынкамі, да слана. Шчаслівы бацька адчуў яшчэ большае шчасце. Вось ён пачне карміць гэтага здаравілу на радасць сваім «смачненькім». Нібы вялізнага каня з маленькага вядра.
— Тата, а дзе яго роцік?
Бацька смяецца.
І праўда — рот у слана такі, што ні зверху, ні знізу не ўбачыш.
— Затое, дачка, нос які!
— Гэта не нос, гэта хобат, — паправіла, зноў жа на радасць бацьку, яго другая, старэйшая разумніца.
Вясёлы чалавек падставіў мяшэчак слану.
Бацька ведаў, чаго не ведалі дочкі, — што сланоў нос не толькі называецца хобат. На канцы яго ёсць вельмі хітры і спрытны адростак-палец. Адзін, калі слон індыйскі, а два — калі афрыканскі. У гэтага, афрыканскага, два. Гэтымі пальцамі ён можа, кажуць, пакалупацца паміж плітамі тратуара і пліты гэтыя развярнуць, нібы ломікам. А што да спрыту пальцаў, дык, мусіць, і нітку ў іголку зацягне.
Ну, а цяпер ён пачне, на пацеху дзяўчаткам, браць з газеты па грушцы, па скрыліку. Хай бярэ, найдаўжэй, каб радасць расцягнулася.
Маленькія слановыя вочы глядзелі на чалавека не тое каб толькі з пагардай — у іх была яшчэ і паблажлівасць, і трохі здзеку сур'ёзнага над сентыментальным, а найбольш дык бяздоннага і нязбыўнага суму, пакуты, народжаных беспрасветнай няволяй...
Слон працягнуў хобат, цапнуў пальцамі за край газетнага мяшэчка і механічна-спрытным рухам кінуў яго сабе пад нос — туды, дзе быў яго малы, нібы запухлы, рот. Нават і сківіцы, здаецца, не паварушыліся, — проста паехаў пакунак, як па канвееры, у бяздонны рэзервуар невясёлага жывата.
І не маргнуў, не мармытнуў. Як быццам ён табе ласку зрабіў, памог пазбавіцца ад лішняй рэчы, ад няёмкага становішча. Стаіць, маўчыць. Нібыта не з яго гэта смяецца ўвесь натоўп.
...Тыя дзяўчаткі ў шубках сталі тым часам дарослымі. Глядзі, што неўзабаве і ім трэба будзе весці сваіх «смачненькіх» да замкнутых у клеткі звяроў. Тады, вядома, яны зноў успомняць пра той далёкі пасляваенны мяшэчак з нікчэмнымі сухафруктамі. Успомняць — трохі па-іншаму, чым дагэтуль.
Яны выраслі, а бацька адпаведна пастарэў і стаў, здаецца, менш сентыментальны. Можа, да ўнукаў, пакуль што.
Чалавеку ўспамінаюцца часамі маленькія слановыя вочы...
1966


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: ДАКОР


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.