публикация №1096278449, версия для печати

Парнаграфія (Частка першая)


Дата публикации: 27 сентября 2004
Публикатор: maskaev (номер депонирования: BY-1096278449)
Рубрика: БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА РАЗНОЕ


АВТОР: Вітальд Гамбровіч

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №1 1998 ГОД


Вітальд Гамбровіч (1904-1969) — выдатны польскі празаік, драматург, эсэіст.

Паходзіў з сям'і абшарніка. У 1927 г. скончыў навуку права ў Варшаўскім універсітэце і выехаў у Парыж, вывучаў там філасофію і эканоміку. У жніўні 1939 г. апынуўся ў Аргентыне, дзе застаўся да 1963 г., працуючы банкаўскім службоўцам. Публікаваўся ў парыжскай "Kulturze". У 1963 г. вярнуўся ў Еўропу, асеў на поўдні Францыі.

Раман "Парнаграфія" адразу выклікаў спрэчныя ўражанні спасярод чытачоў і крытыкаў. Заснаваны на вымысле і фікцыі сюжэт (нагадаем, што дзеянне адбываецца ў акупаванай гітлерцамі Польшчы пачатку саракавых гадоў), справакаваў абвінавачванні ў бок аўтара ў нейкай яўнай неадпаведнасці, каб не сказаць блюзнерства, што да патрыятычных пачуццяў палякаў. Відаць, "Парнаграфія" сапраўды ўтрымлівае элемент блюзнерства. Блюзнерскасці, з якой аўтар прэзентуе традыцыйную культуру і нацыянальныя звычаі ў стане ўнутранай спустошанасці. Гамбровіч як бы проста фіксуе тое, што адбываецца "наўкола": клопаты па гаспадарцы, сямейныя рэаліі, удзел у рэлігійных абрадах, нацыянальна-вызваленчую барацьбу. Аднак гэта ўсё толькі "пустая форма", уява, якая часам ніяк не стасуецца з сапраўднасцю, і цяжка на поўную сілу і ў добрай волі ўдзельнічаць у гэтым.

Вітальд Гамбровіч скончыў працу над "Парнаграфіяй" 4 лютага 1958 года, а выдаў яе ў чэрвені 1960 года ў польскім парыжскім выдавецтве "Instytut Literacki".

Інфармацыя

Парнаграфія дзееца ў Польшчы, пачынаючы з ваенных гадоў. Чаму? Часткова таму, што клімат вайны для яе найбольш адпаведны. Часткова таму, што гэта, аднак, польскае — і нават, можа, спачатку задумлялался было крыху на ўзор таннага рамана з рэпертуару Радзевічуўны ці Зажыцкай (ці знікла гэтае падабенства пры пазнейшых перапрацоўках?). І троху наперакор — каб падказаць народу, што ў яго ўлонні месцяцца іншыя канфлікты, драмы, ідэі, апрача тых... тэарэтычна ўстаноўленных.

Гэтай ваеннай Польшчы я не знаю. Я не прысутнічаў пры гэтым. Увогуле, я не бачыў Польшчы з 1939 г. Я апісаў гэта так, як сабе ўяўляў. Таму гэта Польшча ўяўленая — і не пераймайцеся, што часам укралася памылка, што часам адчуваецца налёт фантастыкі, бо не пра гэта ідзе гаворка і гэта зусім не мае значэння для дзеяў, якія тут адбываюцца.

Яшчэ адно. Хай ніхто не шукае ў сюжэце, звязаным з Арміяй Краёвай (у другой частцы) крытычнай або іранічнай інтэнцыі. АК можа быць упэўненая ў маёй павазе. Я прыдумаў гэтую сітуацыю — якая магла б здарыцца ў якой заўгодна падпольнай арганізацыі — і паколькі гэтага патрабавала кампазіцыя і яе дух, у гэтым месцы крышку меладраматычны. АК ці не АК, людзі як людзі — паўсюль бываюць правадыры, апантаныя баязліўствам, або забойствы, прадыктаваныя канспірацыяй.

В.Г.

Частка першая

1.

Раскажу вам аб адной маёй прыгодзе, відаць, найбольш фатальнай.

Тады, а было гэта ў 1943-ім, я перабываў у былой Польшчы і ў былой Варшаве, на самым дне адбытага факту. Цішыня. Прарэджаны гурт маіх сяброў і прыяцеляў з былых кавярняў, Задыяку, Зямяньскай, Іпсу збіраўся штоаўторак у пэўнай кватэрцы на Кручай, і там, за чаркай, мы і надалей намагаліся быць мастакамі, пісьменнікамі і мысліцелямі... Працягваючы нашыя даўнейшыя, былыя размовы і спрэчкі аб мастацтве... Гэй, гэй, гэй, я дагэтуль бачу іх, што сядзяць ці ляжаць у цяжкім дыме, гэты – трохі не шкілет, той — увесь у шнарах і пісягах, і ўсе разам крычаць і гарланяць. Дык жа, адзін крычаў: Бог, другі: мастацтва, трэці: нацыя, чацверты: пралетарыят, і так мы зацята дыскутавалі і так гэта доўжылася, доўжылася — Бог, мастацтва, нацыя, пралетарыят — ажно пакуль не з’явіўся госць сярэдняга ўзросту, чарнявы і хударлявы, з арліным носам, і прадставіўся кожнаму асобна з захаваннем усіх фармальнасцяў. Пасля чаго амаль не аказваўся.

Ён вельмі старанна падзякаваў за налітую чарку гарэлкі — і з не меншай стараннасцю прамовіў: — Я папрасіў бы яшчэ запалку... пасля чаго пачаў чакаць запалку і чакаў... і, калі яму далі, закурыў цыгарэту. Тым часам ускіпела дыскусія — Бог, пралетарыят, нацыя, мастацтва — і смурод заглядваў нам у ноздры. Нехта пацікавіўся: — Якія вятры прывялі Вашу, спадару Фрыдэрыку? — на што той адразу даў вычарпальны адказ. — Я даведаўся ад спадарыні Эвы, што тут бывае Пентак, і я зайшоў, бо ў мяне ёсць чатыры заечыя скуркі і падэшва. І, каб не быць галаслоўным, паказаў скуркі, загорнутыя ў паперу.

Яму далі гарбату, якую ён выпіў, але на сподачку заставаўся драбок цукру — і ён выцягнуў руку, каб паднесці яго да вуснаў — але, мабыць, палічыў гэты рух недастаткова апраўданым і адсунуў руку назад — аднак адсоўванне рукі было ў сутнасці нечым яшчэ больш неапраўданым — ён тады выцягнуў руку паўторна і з’еў цукар — але з’еў ужо, відаць, не для прыемнасці, а толькі каб адпаведна сябе паводзіць... у дачыненні да цукру ці ў дачыненні да нас?.. і, жадаючы зацерці гэтае ўражанне, кашлянуў і, каб апраўдаць кашаль, выцягнуў насоўку, але ўжо не адважыўся выцерці нос — толькі варухнуў нагой. Зварухненне нагі, здаецца, дадало яму новых складанасцяў, і ён наагул аціх і знерухомеў. Гэтыя адмысловыя паводзіны (бо ён у сутнасці не толькі «паводзіў сябе», ён «паводзіў сябе» без упынку) ужо тады, пры першай сустрэчы, узбудзілі маю цікавасць, і на працягу наступных месяцаў я зблізіўся з гэтым чалавекам, які, зрэшты, меў добрыя манеры, а таксама досвед з галіны мастацтва (некалі ён займаўся тэатрам). Бо я ведаю... бо я ведаю... будзе дастаткова, калі я скажу, што разам мы заняліся невялікім гандлем, які даваў нам сродкі на існаванне. Ну так, але гэта працягвалася нядоўга, бо аднога дня я атрымаў ліст, ліст ад так званага Гіпа або Гіпаліта С., двараніна з Сандоміршчыны, з прапановай яго наведаць — і Гіпаліт даваў знаць, што хоча абмеркаваць з намі пэўныя свае варшаўскія справы, у якіх мы б маглі яму аказаць дапамогу. «Тут нібыта спакой, нічога такога, але ходзяць банды, часам нападаюць, навідавоку, разумееш, дэмаралізацыя. Прыедзьце ўдвух, будзе весялей».

Ехаць? Удвух? Мяне наведвалі сумневы што да ездзінаў удвух, сумневы, якія было цяжка сфармуляваць... ну дык, браць яго з сабой, каб там, на вёсцы, ён надалей вёў сваю гульню... А ягонае цела, гэта цела такое... «спецыфічнае»?.. Ехаць з ім, не зважаючы на гэтую яго безупынную «маўкліва–крыклівую непрыстойнасць»?.. Абцяжваць сябе кімсьці нагэтулькі «скампраметаваным, а ў выніку гэтага і кампраметуючым»?.. Правакаваць гэты «дыялог», упарта праводжаны... з... кім фактычна?.. А ягоная «веда», гэтая ягоная веда аб...? А ягоная хітрасць? А яго падступнасць? Ну так, усё гэта мне не надта падабалася, але, з другога боку, ён быў у вечнай гульні сваёй такім адметным... такім выключным у нашай калектыўнай драме, такім адасобленым ад дыскусіяў «нацыя, Бог, пралетарыят, мастацтва»... і гэта было мне адпачынкам, стварала нейкую палёгку... І пры гэтым такі беззаганны, і спакойны, і асцярожны! Тады едзьма, бо наколькі ж прыямней удвух! У выніку — мы забраліся ў вагон і пралезлі, штурхаючыся, у сярэдзіну... пакуль не рушыў урэшце цягнік, скрыгочучы.

Тры гадзіны пасля палудня. Імжа. Фрыдэрыка напалову захінала бабіна тулава, нага дзіцяці наязджала яму на бараду... і так ён ехаў... але ехаў, як заўсёды, правільны і дасканала выхаваны. Маўчаў. Маўчаў і я, ад язды нас шкуматала і кідала, і ўсё было як застыглае... але краем акна я бачыў сінявыя і сонныя палі, у якія мы ўязджалі з расхістаным грукатам... гэта была тая ж самая, колькі разоў бачаная, пляскатая шырыня, ахінутая гарызонтам, сшаткаваная зямля, колькі знікаючых дрэваў, дамок, забудовы, якія хаваюцца ў далеч... тое самае, што і заўсёды, гэта наперад вядома... Але не тое самае! І не тое самае якраз таму, што тое самае! І невядомае, і незразумелае, ба, няўцямнае, неспасцігальнае! Дзіцё раскрычалася, баба чмыхнула...

Гэты кіслы пах... Здаўна вядомая, вечная журба падарожжа на цягніку, лінія дротаў або рову, які ўздымаецца і ападае, раптоўнае ўварванне ў акно дрэва, слупа, будкі, імклівы лёт таго ўсяго назад, выслізганне... калі там, далёка, на гарызонце, комін або груд... з’яўляліся і доўжыліся ўпарта, як асновасяжная заклапочанасць, дамінуючая заклапочанасць... пакуль павольна не адыходзілі ў невараць. Фрыдэрык быў паблізу мяне, аддзелены дзвюма галовамі, галава яго была паблізу, і я мог яе бачыць — ён маўчаў і ехаў — і прысутнасць чужых, нахабных, аблягаючых і напіраючых целаў толькі паглыбляла маё сам–насам з ім... без слова... нагэтулькі, што, клянуся жывым Богам, я знеахвоціўся з ім ехаць і жадаў, каб гэтая ідэя супольнага падарожжа так і не была б здзейснена! Таму што, угорнуты ў цялеснасць, ён быў яшчэ адным целам сярод целаў, нібыта яшчэ адным... але адначасна быў... і быў неяк асобна, і няўмольна... Гэтага нельга было ўнікнуць. Гэта немагчыма прадухіліць, залагодзіць, зацерці, ён быў у гэтай штурханіне і быў... І яго падарожжа, яго перамяшчэнне ў прасторы немагчыма было параўнаць з іхным падарожжам — гэта было падарожжа значна больш значэннае, можа нават звязанае з небяспекай...

Час ад часу ён усміхаўся мне і нешта гаварыў — але, мусіць, для таго, каб зрабіць сваю прысутнасць менш гнятлівай і даць мне магчымасць пабыць самому з сабой. Я зразумеў, што выцягваць яго з гораду, укідаць у гэтыя пазаваршаўскія прасцягі было рызыкоўнай справай... бо на фоне гэтых прастораў яго адмысловая ўнутраная якасць мусіла прасцірацца мацней... і ён сам гэта ведаў, паколькі я ніколі не бачыў яго больш сцішаным, някідкім. У пэўны момант морак, тая субстанцыя, якая з’ядае форму, пачаў паступова яго заціраць, і ён стаў невыразным у вагоне, які разагнаўся і растрэсся, які ўязджаў у ноч, які схінаўся да нябыту. Але гэта не прыменшыла яго прысутнасці, якая стала толькі менш даступнай вачам: ён хаваўся пад вэлюмам нябачнасці, такі ж самы. Раптам запалілася святло, і зноў ён быў навідавоку, яго падбародак, куточкі сціснутых вуснаў і вушы... але ён не здрыгануўся, застыг з вачыма, утаропленымі ў вяроўку, што калыхалася, і быў! Цягнік зноў спыніўся, недзе за мной шоргаюць нагамі, натоўп хістаецца, нешта, відаць, дзеецца — а ён ёсць а ёсць! Мы рушым, ноч звонку, лакаматыў шугнуў іскрамі, чуецца ночны перастук вагонаў — нашто мне было браць яго з сабой? Навошта я абзавёўся такім спадарожнікам, які, заміж таго каб даваць палёгку, абцяжарвае мяне? Шмат санлівых гадзін доўжылася гэтае падарожжа, сплятаючыся з прастоямі, і наканец яно стала падарожжам для падарожжа, сонным, упартым, і так мы ехалі, пакуль не дабраліся да Цьмялёва, і, з валізкамі, не апынуліся на сцежцы ўздоўж каляі. Аддаляўся гуж цягніка — грукат. Цішыня, загадкавы павеў і зоркі. Цвыркун.

Я, пасля шматгадзіннага руху і штурханіны, спатайкоў апынаюся на гэтай сцежцы — і побач Фрыдэрык з плашчом на руцэ, абсалютна спакойны і стромкі — дзе мы былі? Што гэта было? Я знаў гэтую ваколіцу, не быў мне чужы гэты ветрык — але дзе мы былі? Там, наўскасяк, знаёмы будынак цьмялёўскай станцыі і пара ліхтароў, але ... дзе, на якой мы прызямліліся планеце? Фрыдэрык стаяў побач і толькі стаяў. Мы накіраваліся да станцыі, ён за мной, вось брычка, коні, фурман — знаёмая брычка і знаёмая прыўзнятая фурманская кучомка, чаму ж я так настойліва прыглядаюся?.. Саджуся, за мной Фрыдэрык, едзем, пескавая дарога пад святлом цёмнага неба, наўзбоч праплывае чэрнь дрэва або куста, мы ўязджаем у вёску Бжустову, бялеюць вапнай дамкі, звяганне сабакі... загадкава... перада мной спіна фурмана... загадкава... а побач гэты чалавек, які маўкліва, засяроджана мяне суправаджае. Нябачная глеба калыхала ці скаланала наш экіпаж, а ямы цямрэчы, згушчанага мораку сярод дрэваў, забіралі нашы позіркі. Я загаварыў з фурманом, каб пачуць свой голас:

— Ну, што там? Спакойна ў вас?

І пачуў, што ён казаў:

— Пакуль што спакойна. Па лясах сноўдаюць банды... Але каб у апошнім часе нешта асаблівае...

Твару не відаць, а голас той жа самы — і не той жа самы. Перада мной толькі спіна — і я ўжо хацеў высунуцца, каб зірнуць у вочы гэтай спіне, але ўстрымаўся... бо Фрыдэрык ... усё ж быў тут, побач са мной. І быў надзвычай спакойны. Адчуваючы яго каля сябе, мне не выпадала зазіраць нікому ў твар... таму што я ні стуль ні ссюль зразумеў, што той, хто сядзіць побач, у цішыні сваёй радыкальны, радыкальны да шаленства! Так, гэта быў экстрэміст! Крайні да непрытомнасці! Не, ён не быў звычайны, быў нейкі хутчэй драпежны, прасякнуты крайнасцю, пра якую тады я не меў ніякага ўяўлення! Мне і не собіла зазірнуць у твар — нікому, нават фурману, спіна якога прыгнятала як гара, тым часам як нябачная зямля калыхалася, устрасаючы брычку, а ззяючае зоркамі навакольнае цемрыва высмоктвала ўсю светлыню. Далейшая дарога ішла без словаў. На канец мы ўкацілі на алею, коні рушылі жвавей — брама, вартаўнік і сабакі — зачынены дом і цяжкае, грукатлівае яго адмыканне — Гіп з лямпай...

— Ну нарэшце, дзякуй Богу, прыехалі!

Ён ці не ён? Мяне ўдарыла і адштурхнула набраклая чырвань твару, брынянне... і ўвогуле, ён выглядаў, як распёрты пухлінай, якая выклікала павелічэнне ў ім усяго, разрастанне на ўсе бакі, жудаснае разбуханне целішча, якое было, як вулкан, што пыхкае мясам... і ў ботах з халявамі ён выцягнуў апакаліптычныя лапішчы, а вочы вызіралі з яго цела, як праз фортку. Але ён прытуліўся да мяне і парукаўся. Шапнуў сарамліва:

— Распёрла мяне... д’ябал ведае... Раздаўся. Ад чаго? Відаць, ад усяго.

І, узіраючыся ў свае пальцы, паўтарыў з бязмерным смуткам, цішэй і для сябе:

— Раздаўся. Ад чаго? Відаць, ад усяго.

І гукнуў:

— А вось мая жонка.

І крыкнуў:

— А вось Генюся мая, Генютка, Генечка!

І паўтарыў, самому сабе, ледзьве чутно:

— А вось Генюся, Генютка, Генечка!

Ён гасцінна і элегантна звярнуўся да нас: — Як добра, што вы прыехалі, і прашу цябе, Вітальдзе, пазнаём мяне са сваім прыяцелем... скончыў, заплюшчыў вочы і паўтараў ... яго вусны рухаліся. Фрыдэрык з вялікай грэчнасцю цалаваў руку гаспадыні, меланхолія якой афарбавалася далёкай усмешкай, крохкасць якой далікатна затрымцела... і нас зацягнуў вір памаўлення, асваення дому, пасядзінак, гаманы — пасля гэнага падарожжа без канца — а святло лямпы разморвала. Вячэра, якую падаваў лёкай. Сон марыў. Гарэлка. Змагаючыся са сном, мы намагаліся слухаць, разумець, гаворка была аб розных дакуках — аб АК, аб немцах, бандах, адміністрацыі, польскай паліцыі, рэквізіцыях — аб цыркулюючых страхах і гвалтах... аб чым, зрэшты, сведчылі аснаджаныя дадатковымі зялезнымі кратамі аканіцы, а таксама забарыкадаваныя бакавыя дзверы... зялезныя ўмацаванні і падпоркі. Сенюхі спалілі, у Рудніках памочніку старасты паламалі ногі, былі тут выселеныя з Познані, найгорш — немавед што, — у Астраўцы, у Бадзехаве, там, дзе прамысловыя прадпрыемствы, усё толькі чакае, прыслухоўваецца, пакуль спакойна, але лясне, калі наблізіцца фронт... Лясне! Гэта, спадару, будзе разніна, будзе выбух, авантура! Гэта будзе авантура! — галёкнуў і прабуркатаў самому сабе, задуменны:

— Гэта будзе авантура.

І галёкнуў:

— Найгорш, што няма куды ўцячы!

І шапнуў:

— Найгорш, што няма куды ўцячы!

Але лямпа. Вячэра. Санлівасць. Палітая густым соусам сну вялізазнасць Гіпа, а таксама гаспадыня, што расплываецца ў далячынях, Фрыдэрык і матылькі, якія б’юцца аб лямпу, матылькі ў лямпе, матылькі аб лямпу, і крутыя сходы наверх, свечка, падаю на ложак, засынаю. Назаўтрае сонечны трыкутнік на сцяне. Нейчы голас за акном. Я ўстаў з ложка і адчыніў акно. Ранак.

2.

Букеты дрэваў у паглядных арабесках алеек, сад лагодна завяршаўся там, дзе за ліпамі прадчувалася сукрытая водная роўнядзь копані — ах, зяленіва ў цяністай і сонечнай расе! Тым часам мы выйшлі пасля снядання на дзядзінец — дом, белы, двухпавярховы, з мансардамі ў ценю ялінак і туяў, сцежак і клумбаў — які агаломшыў, як незаплямленая з’ява з даўняга, ужо нагэтулькі аддаленага, даваеннага часу... і ў сваёй непарушанай даўніне здаваўся больш сапраўдным за цяперычыню... і адначасна ўсведамленне таго, што гэта няпраўда, што ён разыходзіцца з сапраўднасцю, рабіла яго нечым накшталт тэатральнай дэкарацыі... і наапошку гэты дом, парк, неба і палі сталі заразом тэатрам і праўдай. Але вось падыходзіць гаспадар маёнтку, магутны, разбраклы, у зялёнай куртцы на набрынялым целішчы і, насамрэч, падыходзіць, як і раней, вітаючы нас з працягнутай рукой, і пытаецца, як мы выспаліся? Ляніва гамонячы, без паспеху, мы выйшлі за браму, на поле, і ахінулі зрокам зямлю, якая ўздымалася і пагойдвалася на ўсім шырокім прасцягу перад нашымі вачыма, і Гіп аб нечым балбатаў з Фрыдэрыкам, топчучы грудкі, аб жніве, аб ураджаі. Мы ішлі ў кірунку дому. На ганку паказалася спадарыня Марыя і ўсклікнула: дзень добры, а малы жэўжык бег па дзірване, можа, сын кухаркі? Вось так мы праходжваліся гэтай раніцай — якая была паўтарэннем даўна памерлых раніцаў — але гэта не было такім простым... бо ў пейзаж укралася нейкая змена, і зноў мне падалося, што ўсё, будучы тым жа самым, ёсць нечым зусім іншым. Што за прычэплівая думка, якая прыкрая замаскаваная думка! Побач са мной ішоў Фрыдэрык, увасоблены ў святле яснага дня настолькі, што можна было пералічыць яго павыступалыя з вушэй валаскі і ўсе лускавінкі бледай і смуглявай скуры — Фрыдэрык, працягваю, згорблены, кволы, увагнуты, у пенснэ, з нервовымі вуснамі, з рукамі ў кішэнях — тыповы гарадскі інтэлігент у здаровай вёсцы... аднак у гэтым кантрасце вёска ўжо не перамагала, дрэвы страцілі сваю пэўнасць, неба было невыразным, карова не давала належнага адпору, адвечнасць вёскі была цяпер змяшанай, няпэўнай і як бы падарванай... і, бадай, Фрыдэрык быў цяпер больш сапраўдны за траву. Больш сапраўдны? Пакутлівая думка непакоіць, брудная, троху істэрычная і нават правакацыйная, напірлівая, разбуральная... і я не ведаў, ці гэта ад яго, ад Фрыдэрыка, гэтая думка, ці, можа, ад вайны, рэвалюцыі, акупацыі ... ці, можа, адно і другое, адно з другім? Але я паводзіў сябе бездакорна, пытаючыся ў Гіпаліта аб гаспадарцы, ведучы размову, якую трэба было чакаць, і раптам мы ўбачылі Геню, якая ішла да нас праз дзірван. Сонца паліла нам скуру. Вочы былі сухія і вусны шурпатыя. Яна сказала:

— Мама ўжо гатовая. Наказала запрагаць.

— Да касцёла, на мшу, бо нядзеля, — растлумачыў Гіпаліт. І ціха сказаў самому сабе: — На мшу, да касцёла.

Абвясціў:

— Калі вы хочаце з намі, ласкава просім, але прынукі няма, талеранцыя, га, што? Я еду, бо, пакуль тут жыву, буду ездзіць! Пакуль ёсць касцёл, то я да касцёла! І з жонкай, хай мяне бачаць. Хай на мяне там глядзяць разявакі — як з фатаграфічнага апарата... хай фатаграфуюць!

І шапнуў: — Хай фатаграфуюць!

Фрыдэрык ужо надзвычай ветла пацвердзіў нашу гатовасць удзельнічаць у набажэнстве. Едзем у рыдване, колы якога, загрузаючы ў пескавых каляінах, выдаюць глухі енк, — і калі мы выехалі на груд, паступова паказаўся прасцяг зямлі, якая нізка прасціралася на самым дне велізманных вышыняў неба, падцятая нерухомым хваляваннем. Там, далёка, чыгунка. Мне хацелася смяяцца. Рыдван, коні, гэты фурман, гарачы пах скуры і лаку, пыл, сонца, муха, якая дакучна лётае вакол твару, і енк гэтай гумы, што трэцца аб пясок — але адвеку гэта вядома, і нішто, зусім нішто не змянілася! Але калі мы апынуліся на грудзе і нас авеяў подых прасторы, на ўскрайку якой мірсціліся Сьвентакшыскія горы, фальш гэтага падарожжа вытнуў мяне амаль у грудзіну — таму што мы былі як з алеаграфіі — як памерлая фатаграфія са старога, фамільнага альбома — і на гэтым узгорку даўно памерлы экіпаж быў відаць з найдалейшых канцоў — у выніку чаго краіна стала зласліва здзеклівай, страшэнна пагардлівай. А фальш нашага памерлага падарожжа перадаваўся сіняй тапаграфіяй, якая непрыкметна перасоўвалася пад уплывам і націскам якраз гэтага нашага падарожжа. Фрыдэрык на заднім сядзенні, побач са спадарыняй Марыяй, прыглядаўся і захапляўся каларытам, едучы да касцёла, ён як бы сапраўды ехаў да касцёла — ніколі, відаць, ён не быў такім грамадзейскім і ветлым! З’ехалі ў грахаліцкі яр, там, дзе пачынаецца вёска, дзе заўсёды балота...

Я памятаю (і гэта не пазбаўлена значэння для падзеяў, пра якія гаворка будзе далей), вядучым пачуццём была марнасць — і зноў, як і ў папярэднюю ноч, я б высунуўся з рыдвана, каб зірнуць у твар фурману, але не выпадала... і мы заставаліся за ягонымі таямнічымі плячыма, і падарожжа наша адбывалася за яго спінай. Мы ўехалі ў вёску Грахоліцы, леваруч рэчка, праваруч рэдкія яшчэ халупы і платы, курыца і гусь, карыта і калюга, селянін або святочная баба, сцежка, што вядзе да касцёла... спакой і соннасць нашай вёскі... Але гэта было, быццам наша смерць, нахіленая над роўняддзю вады, выводзіла ў ёй свае ўласныя абліччы, мінуласць нашага ўезду адбівалася ў гэтай вечнай вёсцы і друзгацела ў гэтым забыцці — якое было адно маскай — якое служыла толькі для таго, каб сукрыць нешта іншае... Што? Які–колечы сэнс... вайны, рэвалюцыі, гвалту, распусты, нужы, роспачы, надзеі, барацьбы, фурыі, крыку, забойства, няволі, ганьбы, здыхання, праклёну ці блаславення... які–колечы, паўтараю, сэнс быў надта слабы, каб прабіцца скрозь крышталь гэтай ідыліі і непарушнай заставалася гэная відаль, даўно састарэлая, была яна ўжо толькі фасадам... Фрыдэрык надзвычай ветла гаманіў са спадарыняй Марыяй — ці, аднак, падтрымліваў размову, каб не сказаць нешта іншае? — і мы заехалі пад мур, які атачаў касцёл, наважыліся высядаць... але я ўжо зусім не ведаў, што ёсць чым, што якое... ці прыступкі, па якіх мы ўваходзім на касцёльны цвінтар, гэта звычныя прыступкі, ці таксама, можа?.. Фрыдэрык падаў руку спадарыні Марыі і, зняўшы капялюш, правёў яе да дзвярэй касцёла, на што ўзіраліся людзі — а можа, ён правёў яе толькі таму, каб не зрабіць нечага іншага? — а за ім, напіраючы целішчам, наперад выкаціўся Гіпаліт, нязломны, паслядоўны, ведаючы, што заўтра яго могуць забіць, як свінню, — ён напіраў стыхійна, наперакор нянавісці, пануры і адчайны. Шляхціц! Ці, аднак, і ён быў шляхціцам толькі затым, каб не быць кімсьці іншым?

Але калі нас праглынуў паўзмрок, у які былі ўгорнутыя цьмянеючыя свечкі, поўны задушлівага спеву–стогну, шапатлівага, увабралага ў сябе згукі гэтай масы людзей, прэснай і скурчанай... тады знікла прыхаваная шматзначнасць — быццам магутнейшая за нашу рука прывярнула адпаведны набажэнству лад. Гіпаліт, які дасюль быў шляхціцам з прыхаванай злосцю, раз’юшанасцю, абы выстаяць, цяпер супакоены і шляхетны, уссеўся на ганаровай лаве і кіўком галавы прывітаў радзіну аконама з Іканю, што сядзела насупраць. Гэта была часіна перад імшой, людзі без ксяндза, пакінутыя самім сабе са сваім кранальным словам, пакорлівым, пісклівым і недалужным, якое, аднак, захапіла яго — і быў ён, як дварняк на шворцы, бясшкодны. Што за злагада, якое супакаенне, што за кунега, тут, у гэтай каменнай адвечнасці, селянін зноў станавіўся селянінам, пан — панам, імша — імшой, камень — каменем, і ўсё вярталася да сябе!

Аднак Фрыдэрык, які сеў на ганаровай лаве побач з Гіпалітам, абсунуўся на калені... і гэта злёгку сапсавала мой настрой, паколькі было, відаць, злёгку ненатуральным... і цяжка мне было не падумаць, што ён, можа, асунуўся на калені затым, каб не зрабіць нечага, што б не было асоўваннем на калені... але званочкі, ксёндз выходзіць з чарай, пакінуўшы яе на аўтары, кланяецца. Званочкі. І раптам нейкі вызначальны акцэнт з такой сілай ударыў у маё іство, што я — высілены, напаўпрытомны — стаў на калені, і няшмат заставалася — у дзікім маім кідку — каб я пачаў маліцца... А Фрыдэрык! Мне здавалася, я падазраваў, што Фрыдэрык, які якга ўклякнуў, таксама «моліцца» — і нават я быў упэўнены, так, знаючы яго страхі, што ён не ўдае, а сапраўды «моліцца» — у тым значэнні, што не толькі іншых жадае ашукаць, але і сябе. «Маліўся» перад іншымі і перад сабой, але малітва яго была толькі шырмай, што без меры засланяла яго немалітвы... таму гэта быў зрынальны, «эксцэнтрычны» акт, які выводзіў з гэтага касцёла навонкі, на бязмежны разлог поўнай ня–веры — у самой сваёй аснове адмаўляльны. І што ж дзеялася? Што пачалося? Я ніколі не перажываў нічога падобнага. Я б ніколі не паверыў, што нешта такое ўвогуле можа здарыцца. Але — што ж такое сталася? Па сутнасці — нічога, па сутнасці сталася, што нейчая рука забрала ўсё змесціва гэтай імшы, увесь яе змест — і ксёндз перасоўваўся, клячыў, пераходзіў з аднаго боку аўтара на другі, а міністранты ўдаралі ў званочкі, і ўздымаўся дым кадзіла, але змест вытыкаўся з гэтага, як газ з балона, і мша гінула ў страшнай імпатэнцыі... абвісла... няздольная ўжо да апладнення! Але гэтае пазбаўленне зместу было забойствам, здзейсненым няўзнак, вонках нас, вонках імшы, у сілу безгалосага і згубнага каментару асобы, якую можна было назіраць з боку. І мша не магла абараніцца ад гэтага, бо наступіла гэта дзеля нейкай міжвольнай інтэрпрэтацыі, ніхто фактычна ў гэтым касцёле не супраціўляўся мшы, і нават Фрыдэрык як найлепш упісваўся ў яе... а калі і забіў яе, то адно, скажам так, з адваротнага боку медаля. І гэты ўзбочны каментар, гэтая забойная рэпліка была плодам бязлітаснасці — плодам вострай, халоднай, пранізлівай, няўмольнай свядомасці... і я зразумеў, што прыход гэтага чалавека ў касцёл быў чыстым шаленствам, далібог, яго належала трымаць здалёк ад касцёла! Касцёл быў яго найстрашнейшым месцам!

Але ўжо позна. Працэс, які адбываўся, быў дасягненнем сапраўднасці in crudo... перадусім ён быў знявечваннем збаўлення, у выніку чаго ўжо нішто не магло збавіць гэтых хамскіх мордаў, ёлкіх, выцаджаных цяпер з якога–любя святарнага стылю і пададзеных у сырым выглядзе, як недаедкі. Гэта ўжо не была «грамада», не былі «сяляне», не былі нават «людзі», гэта былі стварэнні такія, якія ... такія, якія былі... і іх бруд быў пазбаўлены міласці. Але дзікай анархіі гэтага бляклага шматгалоўя адпавядала не менш нахабная бессаромнасць нашых твараў, якія таксама перасталі быць «панскімі», «культурнымі» ці «далікатнымі», а сталі нечым жудасна тоесным з сабой — карыкатура, у якой адабралі першаўзор і якая ўжо не карыкатура на «нешта», а толькі сама ў сабе, і аголеная, як азадак! І двухбаковы выбух пачварнасці, панскай і хамскай, сыйшоўся ў жэсце ксяндза, які адпраўляў... што? Што? Нічога. Гэта, аднак, не ўсё...

Касцёл перастаў быць касцёлам. Уварвалася прастора, але прастора ўжо касмічная, чорная, і гэта нават не дзеялася ўжо на зямлі, і хутчэй сама зямля ператварылася ў планету, што лунае ў сусвеце, космас стаў адчувальным, гэта адбывалася ў нейкім яго месцы. Нагэтулькі, што святло свечак і нават святло дня, што караскалася па вітражах, стала чорным, бы ноч. Мы не былі ўжо ў касцёле, у гэтай вёсцы, на зямлі, толькі — і згодна з сапраўднасцю, так, згодна з праўдай — недзе ў космасе, лунаючы з нашымі свечкамі і нашым бліскам, і там недзе ў неабсяжнасці мы выраблялі гэтыя дзіўныя рэчы з сабой і паміж сабой, падобныя да малпы, якая грымаснічае ў вакууме. Гэта было наша адмысловае расчуленне, недзе, у галактыцы, чалавечая правакацыя ў цемрыве, дзіўныя рухі ў прадонні, грымасы ў астранамічнай неабсяжнасці. А гэтае патананне ў прасторы суправаджалася страшным памацненнем канкрэтнасці, мы былі ў космасе, але былі як нешта неймаверна дадзенае, акрэсленае ўва ўсіх драбніцах. Пачуліся званочкі. Падымацца. Фрыдэрык уклякнуў.

На гэты раз ставанне яго на калені было дабівальным, накшталт дарэзвання курыцы, і мша панеслася далей, але паражоная смяротна і балбатлівая як вар’ят. Ite, missa est. І ... о, трыумф! Якая перамога над імшой! Што за гонар! Быццам гэтая ліквідацыя была для мяне жаданым канцом: нарэшце я адзін, я сам, без нікога і нічога вонках мяне, адзін у абсалютнай цемры... я дапяў да сваёй канчатковасці, дасягнуў цемры! Горкі канец, горкі смак дасягнення і горкі фініш! Але гэта лашчыла гонар, было нечым паваротным, наканаваным няўмольнай спеласцю духу, ужо самастойнага. Але гэта было таксама вусцішным і, пазбаўлены якога–колечы апірышча, я пачуваўся, як у руках пачвары, могучы вырабляць з сабой усё, усё, усё! Безуважнасць гонару. Мароз канчатковасці. Суровасць і пустэча. І што? Набажэнства ўжо набліжалася да канца, я сонна азіраўся, змораны, ах, трэба будзе выйсці, ехаць дадому, у Павурную, па гэтай пескавой дарозе... але ў пэўны момант мой зрок... мае вочы... вочы, перапалоханыя і цяжкія. Так, нешта прыцягвала... вочы ... і вочы. Валадарна, панадна — так. Што? Што прыцягвала, што вабіла? Прыгаство, быццам ува сне, завуаляваныя месцы, якіх мы жадаем, не могучы пабачыць, і кружляем вакол іх з немым крыкам, ува ўсёпаглынальнай тузе, шкуматлівай, шчаслівай, захапляльнай.

Так я кружляў наўкола ўсё яшчэ ўстрывожаны... але ўжо пажадліва прасякнуты гнуткім зняволеннем, якое зацягвала — зачароўвала — захапляла — варажыла — вабіла і падбівала — іграла — і кантраст паміж касмічным марозам гэнай ночы і гэтым несціханым жаралом пажады быў нагэтулькі нязмерны, што я цьмяна падумаў: Бог і цуд! Бог і цуд!

Што гэта было, аднак?

Гэта было... Кавалак шчакі і крышку патыліцы... што належалі некаму, хто стаяў перад намі, у натоўпе, за некалькі крокаў...

Ах, я амаль не падавіўся! Гэта быў...

(дзяцюк)

(дзяцюк)

І сцяміўшы, што гэта толькі (дзяцюк), я пачаў імкліва выходзіць са свайго экстазу. Бо, зрэшты, я яго блізу не бачыў, толькі троху звычнай скуры — карка і шчакі.

Калі спатайкоў ён зварухнуўся, гэты рух, нязначны, прашыў мяне наскрозь неймаверным хараством.

Але ўсё ж (дзяцюк).

Нічога, толькі (дзяцюк).

От наўда! Звычайны шаснаццацігадовы карак, з падстрыжанымі валасамі, і скура звычная (дзецюка), троху шурпатая, і (маладая) пасадка галавы — самая звычайная — і немавед скуль ува мне гэтае трымценне? О... а цяпер я ўгледзеў абрыс носа, вусны, паколькі твар павярнуўся крышку налева — і нічога такоўскага, я ўгледзеў наўскос звычайны (дзецюка) пукаты твар — звычайны! Звычайны (малады) твар, непарушны, троху ўпорысты, прыязны, такі бывае ад грызення алоўкаў зубамі або ад гульні ў футбол, гульні ў більярд, а каўнер пінжака заходзіў на каўнер кашулі, карак быў загарэлы. І ўсё ж маё сэрца забілася. І ён ззяў боскасцю, будучы нечым чароўна захапляльным і вабным у пустэчы гэтай бясконцай ночы, жаралом цеплыні і раскошнага святла. Ласка. Няўцямны цуд: чаму гэтая няважнасць стала важнай?

Фрыдэрык? Ці ведаў гэта Фрыдэрык, ці ведаў, ці таксама яму гэта кінулася на вочы?.. але раптоўна людзі рушылі, імша скончылася, усе паволі сунуліся да дзвярэй. І я з усімі. Перада мной ішла Геня, ейная спіна і ейны яшчэ школьны карачак, і гэта насунулася на мяне, а калі насунулася, так моцна завалодала — і так суладна звязалася ўва мне з гэным каркам... і раптам я лёгка, без намагання сцяміў: гэты карак і гэны карак. Гэтыя два каркі. Гэтыя каркі былі...

Як гэта? Што гэта? Гэта было, нібыта ейны карак (дзяўчыны) вырываўся і злучаўся з гэным (хлапечым) каркам, гэты карак, як схоплены за карак гэным каркам, хапаючы за карак! Прашу дараваць грувасткасць гэтых метафар. Троху не з рукі мне аб гэтым гаварыць (а таксама мне давядзецца некалі растлумачыць, чаму словы (дзяцюк) і (дзяўчына) я бяру ў дужкі, так, гэта таксама чакае вытлумачэння). Ейны рух, калі яны сунуліся перада мной у штурханіне, у гарачым натоўпе, таксама неяк «адносіўся» да яго і быў палкім дагаворваннем, дашэптваннем яго пасоўвання поруч, поруч, у гэтым натоўпе. Няўжо ж? Няўжо не відзежа? Але знячэўку я ўбачыў ейную руку — звісала ўздоўж цела, уціснутая ў цела націскам натоўпу, і гэтая яе ўціснутая рука аддавалася ягоным рукам у даверлівасці і гушчы гэтых усіх склееных целаў. Але ўсё ў ёй было «для яго». А ён там далей, спакойна ідучы разам з людзьмі, але нацэлены на яе і напяты ёй. І непераадольнае, сляпое, і такое спакойнае пасоўванне разам з іншымі, такая абыякавая закаханасць у сябе і палкасць! Ах! Гэта таму! — цяпер я ўбачыў, які гэта сакрэт у ім захапіў мяне з першага імгнення.

Мы вынырнулі з касцёла на сонечны пляц, і людзі рассыпаліся, але яны — ён і яна — з’явіліся мне ўва ўсім выглядзе. Яна — у светлай блюзе, у гранатавай спаднічцы і ў белым каўнерыку — стаяла збоку, чакаючы бацькоў, сашчапляючы малітоўнік. Ён... падышоў да муру і, стаўшы на дыбачкі, пазіраў на другі бок — я не ведаў, нашто. Ці былі яны знаёмыя? Але, хоць кожны з іх быў паасобку, зноў яшчэ больш кідалася на вочы іхная палымяная суладнасць: яны створаныя адно для аднаго. Я загмурыў вочы — на пляцы было бела, зялёна, блакітна, цёпла — я загмурыў вочы. Ён для яе, яна для яго, калі яны так стаялі здалёк, зусім не зацікаўленыя адно адным — і так гэта моцна, што ён вуснамі памыкаўся да ейных вуснаў, і да ўсяго ейнага цела — і ейнае цела падначалілася ягоным нагам!

Баюся, што сапраўды, можа быць, у апошнім сказе я пасунуўся крышку задалёка... Хіба не варта было б спакойна сказаць, што гэта быў казус выняткавага падбору... хаця, можа, не толькі цялеснага? Часам здараецца, што, убачыўшы нейкую пару, мы кажам: ну, гэтыя падыходзяць адно адному — але ў гэтым выпадку падаабранасць, калі так можна выразіцца, была яшчэ больш адчувальнай, таму што яна неразвітая... сапраўды, не ведаю, ці ясна... аднак гэтая падлеткавая пачуццёвасць зіхцела скарбам вышэйшай натуры, а тым менавіта, што яны былі адно для аднаго шчасцем, былі найдаражэйшыя і найважнейшыя адно для аднаго! І на гэтым пляцы, пад гэтым сонцам, аглузджаны, спанталычаны, я не мог сцяміць, не змяшчалася мне ў галаве, як гэта, што яны не звяртаюць адно для аднаго ўвагі, не імкнуцца адно да аднаго. Яна паасобку і ён паасобку.

Нядзеля, вёска, гарачыня, санлівая лянота, касцёл, ніхто не спяшаецца, утварыліся групкі, спадарыня Марыя, якая кончыкам пальца датыкаецца да твару, бы правяраючы яго скуру — Гіпаліт, які размаўляе з аконамам з Іканю аб дзяржаўных пастаўках — побач Фрыдэрык, ветлівы, рукі ў кішэнях пінжака, госць... ах, гэты абразок змятаў нядаўняе чорнае прадонне, у якім так неўспадзеўкі з’явіўся гарачы агеньчык... і толькі адно мяне мучыла: ці заўважыў гэта Фрыдэрык? Ці ведаў ён?

Фрыдэрык?

Гіпаліт спытаўся ў аконама:

— А з картоплямі? Як мы зробім?

— З паўметра можна даць!

Гэты (дзяцюк) падыходзіў да нас. — А гэта мой Караль, — сказаў аконам і падпіхнуў яго да Фрыдэрыка, які парукаўся з ім. Павітаўся з усімі, Геня сказала маме:

— Паглянь! Ачуняла Галецка!

— Ну што, зойдзем да пробашча? — спытаўся Гіпаліт, але адразу прамармытаў: — Нашто? І гукнуў: — У дарогу, шаноўнае спадарства, пара дадому! Развітваемся з аконамам. Сядаем у рыдван, а з намі Караль (а гэта што?), які месціцца побач з фурманом, едзем, гумы, загрузаючы ў каляінах, выдаюць глухі піск, пескавая дарога ў дрыготкім і лянівым паветры, залацістая муха завісла — а калі мы ўзберліся на гару, здалёк паказаліся квадраты палёў і чыгуначныя рэйкі, там, дзе пачынаецца лес. Едзем. Фрыдэрык, седзячы побач з Геняй, захапляецца тыповым для каларыту гэтых ваколіц нябёсна–залацістым водбліскам, які — тлумачыць ён — паходзіць з частачак жаўтазёму ў паветры. Едзем.

3.

Рыдван ехаў. Караль сядзеў на козлах, поплеч з фурманoм. Яна на пярэдняй лавачцы — і там, дзе канчалася ейная галоўка, там пачынаўся ён, змешчаны над ёй, як на пятры, спінай да нас, бачны толькі ў сваім сляпым абрысе, тонкім — а вецер уздымаў яго кашулю — і камбінацыя яе твару з адсутнасцю яго твару, дапаўненне яе назіранага твару ягоным неназіраным профілем ударыла ў мяне цёмным, гарачым раздваеннем... Яны не былі надзвычай прыгожыя — ні ён, ні яна — адно настолькі, наколькі гэта ўласціва такому ўзросту — але былі харашынёй у замкнёным абсягу, у гэтым узаемным прагненні і захапленні — нешта, у чым фактычна ніхто іншы не меў права ўдзельнічаць. Былі адно для аднаго — строга між сабой. І гэта тым больш, што былі такія (маладыя). Загэтым мне не выпадала ўзірацца, і я стараўся не глядзець, але, маючы перад сабой Фрыдэрыка, які сядзеў побач з ёй на лавачцы, я зноў надрыўна пытаўся ў сябе: ці бачыў ён? Ці ведаў? І я падцікоўваў хаця б адзін ягоны зірк з тых нібыта абыякавых, якія, ласыя, праслізгвалі пакрыёма.

А іншыя? Што бачылі іншыя? Усё ж цяжка было паверыць, каб нешта нагэтулькі відавочнае магло выпадаць з–пад увагі бацькоў дзяўчаці — і таму, калі пасля абеду я пайшоў з Гіпалітам да кароваў, я падвёў размову да Караля. Аднак жа мне цяжка было пытацца пра (дзецюка), які, узбуджаючы такім парадкам маю цікавасць, стаў маім сорамам, а што тычыцца Гіпа, то ён, відаць, не ўважаў гэтую тэму годнай увагі. Ну што ж, Караль, безумоўна, някепскі хлопец, сын аконама, быў у падполлі, выслалі яго некуды пад Люблін, і нешта там напракудзіў... ііі, гэткае там дурноцце, нешта там сцягнуў, падстрэліў, ці як там, байца ці камандзіра, д’ябал ведае, ну, трасца, потым даў драла адтуль дадому, і што выпінаецца перад бацькам, шэльма, і яны грызуцца паміж сабой, таму я цяпер узяў яго да сябе — ён цяміць у машынах, дый лішні чалавек у доме, калі што... — калі што — ён паўтарыў з любасцю да сябе і разбурыў грудку носам бота. І раптам пачаў гаварыць аб нечым іншым. Ці таму, што шаснаццацігадовая біяграфія не мела для яго адпаведнай вагі? Ці, можа, проста не было іншага выйсця, як толькі прыменшыць гэныя хлапечыя штучкі, каб яны не сталі надта гнятлівымі? Падстрэліў ці застрэліў? — падумаў я. Калі застрэліў, то можна было апраўдаць гэта ўзростам, які ўсё здымаў — і я спытаўся, ці даўно ён знаёмы з Геняй. — Змалку, — адцяў Гіп, паляпваючы па задзе карову, і заўважыў: галяндэрка! Высокамалочная! Хворая, трасца! Вось столькі я даведаўся. І вынікала, што ён, як і ягоная жонка, не запрыкмецілі нічога — нічога, прынамсі, больш спаважнага, што магло б абудзіць іхную бацькоўскую чуйнасць. Як гэта было магчыма? І я падумаў, што калі б яна была больш дарослая — менш непаўналетняя — калі б яна была менш хлапеча–дзявочая... але справа патанала ў недастатковасці ўзросту.

Фрыдэрык? Што заўважыў Фрыдэрык? Пасля касцёла, пасля гэнага зарэзвання, здушэння мшы, я мусіў ведаць, ці ведае ён нешта аб іх — і амаль не змог бы знесці яго няведання! Гэта было жудасна, што я ніяк не мог злучыць у адзінства гэтыя два станы духу — гэты чорны, які з яго, з Фрыдэрыка пачаўся, і гэтага, кагадзе, палкага, ад іх — і былі яны асобныя, неспалучальныя! Што, аднак, мог заўважыць Фрыдэрык, калі паміж імі нічога не дзеялася?.. і было для мяне фантастычна, абсурдна, што яны паводзілі сябе так, бы паміж імі не было ўзаемнага поцягу! Дарэмна я чакаў, што яны ўрэшце самі сябе выкрыюць. Неверагодная абыякавасць! Я назіраў Караля падчас абеду. Дзіцянё й вісус. Сімпатычны забойца. Усмешлівы нявольнік. Малады жаўнер. Цвёрдая мякчыня. Мулкая і нават крывавая гульня. Гэтае дзіцянё, яшчэ смяшлівае, а хутчэй яшчэ ўсмешлівае, было, аднак, «узятае на абардаж» мужчынамі — ён меў суровасць і маўклівасць узятага раней мужчынамі з сабой маладзёна, выштурхнутага ў вайну, узгадаванага войскам — і калі ён мазаў масла, калі еў, пракідалася ягоная своеасаблівая памяркоўнасць, якой яго навучыў голад. Яго голас напару сцішаўся, станавіўся глухім. У яго было нешта супольнае з зялезам. З рэменем і кагадзе сцятым дрэвам. На першы погляд, абсалютна звычны, спакойны і прыязны, паслухмяны ды зычлівы. Раздзёрты паміж дзіцем і мужчынам (і гэта рабіла яго заразом нявінна наіўным і няўмольна дасведчаным), адылі ён не быў ні тым, ні гэтым, а кімсьці трэцім, а менавіта маладосцю, якая бурліла ў ім, вострая, схільная да мулкасці, усілства і паслушэнства, асуджаная на нявольніцтва і прыніжэнне. Ніжэйшы, бо малады. Горшы, бо малады. Зніштажальны, бо малады. І ў гэткай маладосці — годны пагарды. І што найбольш цікава: ягоная ўсмешка, гэтая найвыбарнейшая рэч, якой ён валодаў, была якраз тым, што злучала яго з прыніжэннем, бо гэтае дзіцянё не магло сябе абараніць, абяззброенае ўласнай гатовасцю да смеху. Таму гэта ўсё кідала яго на Геню, як на суку, ён парываўся да яе, і, насамрэч, гэта была не «любосць», а толькі нешта прыніжальнае, ад быванае на ягоным узроўні — гэта была «хлапечая» любосць ува ўсёй сваёй дэградацыі. Але адначасна гэта ўвогуле не было любосцю — і ён сапраўды трактаваў яе як дзяўчо, з якой ён знаёмы «змалку», размова іх была свабоднай і разняволенай. «Што ў цябе з рукой?» «Парэзаўся, адкрываючы бляшанку». «А ведаеш, што Раблецкі ў Варшаве?» І нічога больш, ніякіх нават позіркаў, нічога, толькі гэта — хто на гэтым подзе мог бы запасочыць хаця б найменшую сувязь паміж імі? Што да яе, то, прыбітая дзецюком (калі так можна выразіцца) і пад яго ціскам, яна a priori стала згвалтаванай (калі гэтае вызначэнне ўвогуле нешта значыць) і, нічога не трацячы з дзявоцкасці, наадварот, нават павялічваючы яе ў абдоймах ягонай недаросласці, яна ўсё ж была спараная з ім у сутоннях яго, недастаткова яшчэ мужчынскага гвалту. І нельга было б сказаць аб ёй, што яна «знае мужчын» (як кажацца аб сапсутых дзяўчынах), а толькі, што яна «знае дзецюка» — гэта было заразом больш нявінна і больш распусна. Так для мяне гэта выглядала, калі яны елі клёцкі. Але елі яны гэтыя клёцкі, як пара, знаёмая змалку, прызвычаеная да сябе і, можа, нават зануджаная сабой. Так як жа? Ці мог я чакаць, што Фрыдэрык агледзіць нешта з гэтага, ці гэта ўвогуле не было толькі маёй прыкрай хімерай? Так праходзіў дзень. Сутонне. Запрасілі на вячэру. Мы зноў уселіся край стала пры скупым святле адзінай газніцы і пры зачыненых аканіцах, забарыкадаваных дзвярах, з’елі картоплі з кіслым малаком, спадарыня Марыя канчыкамі пальцаў датыкалася колцаў сурвэткі, Гіпаліт утаропіў набрынялы від у лямпу. Было зацішна — хоць за сценамі, якія нас шчаджалі, пачынаўся сад, поўны невядомых шапаценняў і павеваў, а далей здзічэлыя ад вайны палі — размова аціхла і мы ўзорыліся ў лямпу, аб якую калаціўся матылёк. Караль у куце, дзе было досыць цёмна, разбіраў і чысціў ліхтар са стайні. Знячэўку яна нахінулася, каб зубамі перагрызці нітку, бо шыла сабе блузку — і варта было ёй неўспадзеўкі нахінуцца і сцяць зубы, а ўжо ў куце ўсхапіўся, распаліўся Караль, хоць і не здрыгануўся. Яна, адклаўшы блузку, паклала руку на стол, і гэтая рука ляжала выяўна, беззаганна, добрапрыстойна ўва ўсіх сэнсах, вучнёўская, зрэшты, уласнасць мамы і таты — але адначасна гэта была аголеная рука і зусім голая, голая аголенасцю не рукі, а калена, якое выступае з–пад сукенкі... і ў сутнасці босая... і гэтай па–вучнёўску разбэшчанай рукой яна яго дражніла, дражніла «глумна маладым» чынам (цяжка йнакш гэта назваць), але заразом брутальным. А брутальнасць суправаджаў нізкі, цудоўны спеў, які блішчаў недзе ў іх ці наўкола іх. Караль чысціў ліхтар. Яна сядзела. Фрыдэрык ляпіў камякі з хлеба.

Дзверы на верандзе забарыкадаваныя — аканіцы ўзмоцненыя зялезнымі кратамі — наша сцішнасць пры лямпе, край стала, павялічаная пагрозай неўтаймоўнай звонку прасторы — прадметы, гадзіннік, шафа, паліца, здавалася, жывуць сваім жыццём — акурат у гэтай цішыні, у цеплыні, іхная ранейшая цялеснасць таксама ўзмагутнялася, набрынялая інстынктам і ночная, ствараючы сферу ўласнага ўзбуджэння, замкнёны абсяг. Ажно здавалася, што яны прагнуць прывабіць цямрэчу гэнай, знадворнай, кружляючай па палях, пасіі, што яе патрабуюць... хаця яны былі спакойныя, можа, нават сонныя. Фрыдэрык павольна гасіў цыгарэту аб спод недапітай шклянкі з гарбатай і гасіў доўга, не спяшаючыся, але сабака забрахаў недзе на гумне — тады рука яго здушыла канчар. Дагледжанымі пальцамі спадарыня Марыя абдымала свае гнуткія, далікатныя пальцы, як абымаюць восеньскі ліст, як нюхаюць звялую краску, Геня зварухнулася... Караль выпадкова таксама зварухнуўся ... рух, звязваючы іх паміж сабой, бліснуў, узгарэўся няўзнак, і яе белыя калені кінулі (дзецюка) на цёмныя, цёмныя, цёмныя нерухомыя ў куце калені. Чырвона–бурачковыя Гіпалітавы лапішчы, якія былі набітыя мясам і ўрыналі ў дапатопнасць, таксама знаходзіліся на абрусе, і ён мусіў іх прыняць, бо яны належалі яму.

— Хадзема спаць — пазяхнуў ён. І шапнуў: — Хадзема спаць.

Не, гэтага нельга было зносіць! Нічога, нічога! Нічога, толькі мая парнаграфія, што палюе на іх. І мая ўз’юшанасць на іхную бяздонную дурноту — гэты шчанюк, дурны, як бот, гэтая гусь — ідыётка! — нічога!... Ах, каб жа яны мелі на пару гадоў болей! Але Караль сядзеў у сваім куце, са сваім ліхтаром, са сваімі хлапчукаватымі рукамі і нагамі — ён не быў заняты нічым, апрача ліхтара, засяроджаны на ім, закручваючы шрубы — і што з таго, што кут быў жаданым, найдарожшым, што там крылася найвышэйшае шчасце, там, у гэтым недаразвітым Богу!... ён шрубы закручваў. А Геня, дрэмлючы край стала, са стомленымі рукамі... Нічога! Як гэта магло быць? А Фрыдэрык, Фрыдэрык, што ведаў аб гэтым Фрыдэрык, гасячы цыгарэту, забаўляючыся з камякамі хлеба? Фрыдэрык, Фрыдэрык, Фрыдэрык! Фрыдэрык, які сядзіць тут, край стала, у гэтым доме, у гэтых ночных палях і ў гэтым клубку жадасцяў! Са сваім тварам, які быў адной вялікай правакацыяй, паколькі перш–наперш высцерагаўся правакацыі. Фрыдэрык!

У Гені склейваліся вочы. Яна пайшла спаць. І адразу пасля і Караль, старанна загарнуўшы шрубы ў паперу, пайшоў у свой пакой на другім паверсе.

Тады я паспрабаваў асцярожна вымавіць, пазіраючы на лямпу з яе шаматлівым каралеўствам жамяры: — Сімпатычная парачка!

Ніхто не адказаў. Спадарыня Марыя датыкнулася пальцамі да сурвэткі. — Геня — сказала яна, — калі Бог дасць, днямі будуць заручыны.

Фрыдэрык, які ўсцяж складаў камякі з хлеба, спытаўся, не прыпыняючы гэтай дзейнасці, з ветлівым зацікаўленнем.

— Так? З некім па суседстве?

— Але... Сусед. Вацлаў Пашкоўскі з Руды, недалёка. Часта да нас заглядае. Вельмі прыстойны чалавек. Надзвычай прыстойны, — яна зацерабіла пальцамі.

— Праўнік, разумееш, — Гіпаліт ажвавіўся, — да вайны меўся адчыніць канцылярыю... Здольны хлопец, спаважны, светлая галава, ба, адукаваны! Ягоная матка ўдовая, гаспадарыць у Рудзе, маёнтак першакласны, шэсцьдзесят валок, тры мілі адсюль.

— Святых цнотаў жанка.

— Яна, уласна кажучы, з усходняй часткі Малапольшчы, у дзявоцтве Тшашэўска, сваячка Галухоўскіх.

— Геня яшчэ малая ... але лепшага кандыдата няма. Адказны мужчына, здольны, выключна начытаны, інтэлект, спадару, першарадны, як сюды прыедзе, будзе вам з кім пагутарыць.

— Надзвычай абдараваны. Высакародны, сумленны. Выняткавай маральнай чысціні. Адыхтар маці. Незвычайная жанка, глыбокай веры, блізу святая — нязломных каталіцкіх прынцыпаў. Руда — гэта маральнае апірышча для ўсіх.

— Прынамсі, не абы–якая галота. Ведама, што й як.

— Прынамсі, ведама, каму дачку аддаем.

— Дзякаваць Богу!

— Было не было. Геня добра замуж выйдзе. Было не было, — шапнуў сабе ў раптоўным задуменні.

4.

Ноч прайшла гладка, непрыкметна. На шчасце, у мяне быў асобны пакой, і таму мне не давялося зносіць яго сон... Адчыненыя аканіцы паказвалі троху пахмурны дзянёк у пакрытым расой садзе колеру неба, а нізкае сонца прамянілася збоку, і ўсё як бы стаўлялася пад нахіл, у геаметрычным і падоўжным разрэзе — конь нахілены, конусападобнае дрэва! Дасціпна! Дасціпна і забаўна! Роўнядзь сягала ўгару, а строма была нахіленай! Акурат у гэтую раніцу я, перабударажаны і амаль хворы ад учарашняй распаленасці, ад гэнага агню і бліску — бо ж трэба зразумець, што ўпала гэта на мяне знянацку, пасля свінскіх, задушлівых, знясільвальных, шэрых ды шалёна ашчэраных гадоў. Цягам якіх я амаль забыўся, што такое харашыня. Цягам якіх толькі трупная тхліна. І вось раптам перада мной расцвітае магчымасць гарачай ідыліі падчас вясны, з якой я ўжо быў развітаўся, і панаванне гідлівасці саступае цудоўнаму апетыту тых абаіх. Я ўжо не хацеў нічога іншага! Я стаміўся ад агоніяў. Я, польскі пісьменнік, я, Гамбровіч, пабег за гэтым блуклівым агеньчыкам, як за панадай — але што ведаў Фрыдэрык? Патрэба ўпэўніцца, ці ён ведае, што ён ведае, што думае, што сабе ўяўляе, стала проста неўнікнёнай, я не мог больш без яго, ці хутчэй з ім, але невядомым! А спытацца? Як спытацца? Як гэта выпытаць? Хутчэй пакінуць яго самому сабе і сачыць — ці не выдасць ён сваёй абазнанасці...

Аказія надарылася, калі мы пасля падвячорку селі ўдвух на прызбе — я пачаў пазяхаць, сказаў, што троху пераспаў, але калі ён адышоў, я стаіўся за фіранкамі залі. Гэта вымагала пэўнай... не, не адвагі... смеласці... гэта мела рысы правакацыі — і, зрэшты, ён сам меў шмат супольнага з правакацыяй, і гэта было нешта накшталт «правакацыі правакатара». І гэтыя хованкі за фіранкай былі з майго боку першым выразным парушэннем нашага сужыцця, запачаткаваннем нейкай нелегальнай фазы паміж намі.

Хаця колькі разоў мне здаралася пазіраць на яго ў момант, калі, будучы занятым нечым іншым, ён не адказваў мне позіркам на позірк, і я чуўся, быццам здзейсніў подласць — бо ён станавіўся подлым. Нягледзячы на гэта, я схаваўся за фіранкай. Ён сядзеў яшчэ досыць доўга, пасля таго, як я пакінуў яго сядзець, выцягнуўшы ногі. Пазіраў на дрэвы.

Зварухнуўся, устаў. Пашпацыраваў павольна наўкола дзядзінца, абышоў яго разы з тры... пакуль не збочыў у прысады, што аддзялялі сад ад парку. Я пасоўваўся за ім здалёк, каб не выпусціць яго з вачэй. І ўжо падалося мне, што я напаў на след.

Паколькі ў садзе была Геня, ля бульбянішча — няўжо ён накіраваўся туды? Не. Пашыбаваў бакавой алейкай, якая вяла да копані, запыніўся над вадой і паглядаў, а твар меў госця, турыста... І праходка яго была толькі праходкай — я ўжо меўся адысці, і ўмацавалася ўва мне ўпэўненасць, што ўсё тое, што я напрыдумляў, было адной маёй фата–марганай (бо я адчуваў, што гэты чалавек павінен мець нюх у гэтай справе, і што, калі ён гэтага не пранюхаў, то гэтага няма) — калі я раптам заўважыў, што ён вяртаецца да прысадаў. Я пайшоў за ім.

Ён няспынна праставаў і затрымліваўся, аглядаў кусты, задуменны, ягоны мудры профіль пагойдваўся над лісцем, абстрактна. Сад быў сцішаны. Мае падазрэнні развеяліся, але застаўся адзін, атрутны: што ён перад сабой удае. Неяк занадта ён рухаўся па гэтым садзе.

Я не абмыліўся. Яшчэ разы з два ён збочваў у размаітых кірунках — заглыбіўся ў сад — прайшоў кавалак, стаў — пазяхнуў — агледзеўся... а яна за сто крокаў ад яго на саломе перад сутарэннем, абірае картоплю! Сядзіць на мяху! Кінуў на яе міжволі позірк.

Пазяхнуў. Ах, гэта было ўжо неверагодна! Гэты маскарад! Перад кім? Нашто? Гэтая асцярожнасць... быццам не дазваляў сваёй асобе ўзяць поўны ўдзел у тым, што рабіў... але відно было, што ўсё кружлянне якраз да яе скіроўвалася, да яе! О... а цяпер ён аддаляецца ў бок дому, але не, на поле выйшаў далёка, далёка, прыпыняючыся, разглядаючы, нібыта гэта праходка... аднак, даючы вялізнага круга, шыбуе да гумна, і ўжо пэўна, што пойдзе да гумна. Бачачы гэта, я што моцы пабег праз кусты, каб заняць становішча назіральніка з–за адрыны, і калі я ляцеў з трэскам галля ў вільготным зарасніку над ровам, куды выкідалі каціныя падлы і дзе скакалі жабы, сцяміў, што ўводжу хмыззё і роў у курс нашых справаў. Я забег за адрыну. Ён стаяў там за возам з гноем. Раптам коні пацягнулі воз, і ён апынуўся насупраць Караля, які на другім баку гумна, дзе стаялі павозкі, разглядаў нейкае зялеззе.

Тады ён сябе выдаў. Выкрыты гэтым пасоўваннем воза, ён не вытрымаў адкрытай прасторы паміж сабой і сваім аб’ектам — заміж таго каб стаяць спакойна, борзда скочыў цераз плот, каб гэны яго не пабачыў — і затрымаўся, задыханы. Але гэты імклівы рух выявіў яго, і таму, пераляканы, ён выбег на дарогу, каб вяртацца дадому. Гэтта ён твар у твар сустрэўся са мной. І мы йшлі адзін да аднаго па простай лініі.

Не магло быць і гаворкі аб хітрыках. Я яго схапіў на гарачым учынку, ён — мяне. Ён пабачыў таго, хто за ім падглядаў. Мы йшлі адзін да аднаго, і, прызнаюся, мне зрабілася трывожна, бо цяпер нешта мусіла радыкальна паміж намі змяніцца. Я ведаю, што ён ведае, ён ведае, што я ведаю, што ён ведае — вось што скакала ў мяне ў мазгах. Нас яшчэ падзяляў дужы прасцяг, калі ён закрычаў:

— А, спадару Вітальдзе, Ваша выйшаў, каб падыхаць свежым паветрам!

Гэта было сказана тэатральна — гэтае «а, спадару Вітальдзе» было ў ягоных вуснах блазнаваннем, ён ніколі так не гаварыў. Я тупа адказаў:

— Бадай...

Ён узяў мяне пад руку — чаго ніколі дагэтуль не рабіў — і гукнуў мне не менш абцякальна:

— Што за вечар і як пахнуць дрэвы! Можа, тады разам аддамося гэтай праходцы?

Я роўна адказаў яму з менуэтнай грэчнасцю, паколькі ягоны тон перадаўся мне:

— Але, з найвялікшай ахвотай, я ў захапленні ад гэтага!

Мы рушылі ў бок дому. Але гэты марш ужо не быў звычайны... нешта такое, быццам мы ўступалі ў сад у новай інкарнацыі, блізу ўрачыста, амаль пры гучанні музыкі... і я падазраваў, што апынуўся ў кіпцюрах нейкага ягонага рашэння. Што сталася з намі? Упершыню я адчуў яго, як варожасць, і якая да таго ж пагражала беспасярэдне. Ён і надалей па–сяброўску трымаў мяне пад руку, але блізіня яго была цынічнай і халоднай. Мы прамінулі дом (пры гэтым ён без упынку выказваў замілаванне «гамай светлаценяў», выкліканай заходам) і я спасцярог, што найкарацейшая дарога, нацянькі праз дзірван, мы ідзем да яе... да дзяўчынкі... і парк, сапраўды насычаны лініямі бліскаў, быў букетам і зіхоткай лямпай, чорнай ад збуялых, ашчэраных ялін і хвояў. Мы йшлі на яе. Яна пазірала на нас. Яна сядзела на мяху, з ножыкам! Фрыдэрык спытаўся:

— Мы не перашкодзім?

— Дый не. Я ўжо наабірала картоплі.

Ён пакланіўся, кажучы гучна і гладка:

— Ці загэтым мы можам папрасіць, каб дзяўчо суправаджала нас у нашай вячэрняй праходцы?

Устала. Адшпіліла хвартушок. Гэтая падатлівасць... якая, зрэшты, магла быць толькі ветлівасцю. Гэта былі звычныя запросіны на шпацыр, крышку ненатуральным тонам старога кавалера ... але... але ў гэтым набліжэнні да яе, у гэтым падыходзе, для мяне змяшчалася непрыстойнасць, якую можна было б вызначыць такім чынам: «ён забірае яе, каб нешта з ёй зрабіць», а «яна ідзе за ім, каб ён нешта з ёй зрабіў».

Найкарацейшая дарога, праз дзірван, мы йшлі да гумна, і яна спыталася:

— Мы ідзем да коней?..

Мэта яго, ягоны невядомы замер праціналі разгалінаваную сістэму алеяў і сцежак, дрэваў і клумбаў. Ён не адказаў — а тое, што ён не даў ніякага тлумачэння, куды яе вядзе, зноў збудзіла падазронасць. Дзіцянё... гэта ж шаснаццацігадовае дзіцянё... але ўжо гумно перад намі, чорная, пахілая яго зямля, абкружаная стайняй, стадоламі, з радоўкай клёнаў пры плоце, са спічастымі дышлямі вазоў калі студні... і дзіцянё, дзіцянё... але там, дзе робяць стальмахі, другі недаспелы падлетак, які, размаўляючы са стальмахом, трымае ў руцэ зялеза, воддаль шмат дошак, трэсак і пілавіння, паблізу воз з мяхамі і пах сечкі. Мы падыходзілі. Па гэтай надзьмутай, чорнай пахіласці. Падышоўшы, мы затрымаліся ўтраіх.

Сонца садзілася, і запанаваў адмысловы тып бачнасці, светлай, але, тым не менш, цёмнай — у ёй пянёк, загін даху, дзірка ў плоце абыякава і выразліва станавіліся сабой, бачныя ў кожнай драбніцы. Чорна–бурачковая гуменная зямля разлягалася аж да адрыны. Ён аб нечым гаманіў са стальмахом, павольна, па–вясковаму, з гэтым зялезам, абапіраючыся на слуп, на якім трымаўся дах клуні, і не прыпыняў размовы, адзінае, што калі–нікалі пазіраў на нас. Мы стаялі з Геняй, і раптам гэтая сустрэча аформілася ў тым сэнсе, што мы прывялі яе яму, і гэта тым больш, што кожны з нас не стаяў моўчкі. І пагатоў яшчэ таму, што моўчкі стаяла Геня... суцішанасць якой выклікала сорам. Ён адклаў гэтае зялезнае кола і падышоў, але не было добра вядома, да каго ён падыходзіць — да нас ці да Гені — і гэта стварыла ў ім нейкую дваістасць, нязручнасць, на імгненне ён стаў няясным — але спыніўся каля нас свабодна і нават весела, па–маладзецку. Аднак маўклівасць у выніку агульнай нашай нязручнасці падоўжылася яшчэ на пару секундаў... і гэтага хапіла, каб гнятлівая і задушлівая роспач, скруха і ўсе настальгіі Лёсу, Наканавання навіслі на імі, як у цяжкім сне–трызненні.

Маркотнасць, туга, харашыня тонкай формы перад намі — скуль жа яны паходзяць, як не з таго, што ён не быў мужчынам? Бо мы прывялі яму Геню, як жанку — мужчыну, а ён яшчэ ім не быў... не быў самцом. Не быў панам. Не быў валадаром. І не мог валодаць. Нічога не магло быць ягоным, ён не меў права ні на што, быў тым, хто мусіць служыць і ўлягаць — ягоная ладнасць і гнуткасць раптам узбуялі ў гэтым гумне, поруч з дошкамі і трэскамі, а яна адказвала яму тым самым — ладнасцю і гнуткасцю. Яны раптам злучыліся, але не як мужчына і жанка, толькі ў нечым іншым, у супольнай ахвяры, складзенай невядомаму Малоху, няздольныя авалодаць сабой, здольныя толькі сябе ахвяраваць — і гэная цялесная падабранасць паміж імі была пераадоленая на карысць нейкай іншай падабранасці, у нечым жудлівейшай і, відаць, прыгажэйшай. Паўтараю, што гэта дзеялася на працягу секундаў. І, фактычна, нічога не дзеялася: мы проста стаялі. Фрыдэрык гукнуў, паказваючы пальцам на ягоныя нагавіцы, якія былі трохі задоўгія і цягнуліся па зямлі.

— Трэба падкасаць калошы.

— Добра — сказаў ён. Нахінуўся. Фрыдэрык спыніў яго.

— Зараз. Хвілінку.

Відаць было, што яму не даецца лёгка тое, што ён мае сказаць. Ён устаў неяк бокам да іх, зірнуў перад сабой і хрыплым голасам, але вельмі выразна, сказаў:

— Не, зараз. Хай яна падгарне.

Паўтарыў: — Хай яна падгарне.

Гэта было бессаромна — было ўварваннем да іх — было прызнаннем, што ён чакае ад іх гатовасці, зрабеце тое, гэтым мяне пачастуйце, гэтага жадаю... Было ўводзінамі іх у вымер нашай пажады, нашага аб іх летуцення. Ціша іх тахкала адну секунду. І адну секунду я чакаў выніку гэтага пасталага збоку нахабства Фрыдэрыка. Тое, што наступіла, было гладкім, паслухмяным і лёгкім, такім «лёгкім», што прычыняла блізу запамароку, як прадонне на роўнай дарозе, якое адкрываецца бязгучна.

Яна не сказала нічога. Толькі схінуўшыся, падгарнула яму калашыны, і ён не зварухнуўся; цішыня іхных целаў стала абсалютнай.

І аголеная разложыстасць гумна ўдарыла, са спічастымі дышлямі драбінаў, з трэснутым карытам, з нядаўна залатанай стадолай, з якой свяцілася пляма ў бурачковым абсягу зямлі і бярвення.

Фрыдэрык адразу пасля адгукнуўся: — Хадзема! Мы скіраваліся ў бок дому — ён, Геня і я. Гэта было ўжо бессаромна яўным. У выніку гэтага вяртання наш паход у Каралеву майстэрню набыў свой выключны сэнс — мы прыйшлі да таго, каб яна падгарнула яму калашыны, і цяпер вяртаемся — Фрыдэрык, я, яна. Паказаўся дом са сваімі вокнамі, з двума шэрагамі вокнаў, унізе, наверсе — і з прызбай. Мы йшлі, нічога не кажучы.

За намі пачуўся бег па дзірване, і Караль дагнаў і далучыўся да нас... Быў яшчэ задыханы, але адразу прыстасаваўся да нас — ішоў цяпер спакойна з намі. Гэтае ўварванне да нас бегам, гарачае, было адзначана энтузіязмам — ага, яму спадабаліся нашы забавы, ён далучыўся — а імгненны пераход з бегу на маўчанне нашага вяртання азначаў, што ён разумее неабходнасць захоўваць таямніцу. Вакол назіралася тое скрадванне быцця, якім ёсць набліжэнне ночы. Мы пасоўваліся ў сутонні — Фрыдэрык, я, Геня, Караль — як нейкая дзіўная эратычная камбінацыя, вычварны і расчулены квартэт.

5.

Як гэта было — раздумваў я, лежачы на пледзе, на траве, адчуваючы тварам вільготны холад зямлі. — Што гэта было? І чаму яна падгарнула яму нагавіцы? Зрабіла гэта, паколькі магла гэта зрабіць, безумоўна, нічога надзвычайнага, звычайная паслуга... але яна ведала, што робіць. Ведала, што гэта для Фрыдэрыка — для яго асалоды — і згадзілася прынесці яму асалоду ад сябе... Ад сябе, але не адной... З ім, з Каралем... Ах, вось што! Таму ёй было ведама, што яны ўдваіх могуць узбудзіць, спакусіць... прынамсі Фрыдэрыка... і Караль таксама ведаў, паколькі ўзяў удзел у гэтай разыгранцы... Але ў такім разе яны не былі такімі наіўнымі, як магло здавацца. Ведалі сваю смакату! І маглі сёе–тое цяміць у гэтым, насуперак сваёй, у іншых стасунках нямудрай маладосці, паколькі якраз у гэтым маладосць цяміць лепей за сталы ўзрост, гэта яны былі спецыялістамі ў стыхіі, у якой перабывалі, валодалі ведамі на сваёй тэрыторыі маладога цела, маладой крыві. Але чаму ў такім разе, чаму ў беспасярэдніх узаемінах паміж сабой яны паводзяць сябе, як дзеці? Нявінна? Калі яны не былі нявіннымі перад трэцім?! Калі да трэцяга яны былі нагэтулькі рафінаванымі! І найбольш мяне непакоіла, што гэтым трэцім быў не хто іншы, як Фрыдэрык, ён, такі асцярожны, такі стрыманы! І тут раптам гэты марш праз парк нацянькі, як выклік, як пачатак акцыі — гэты марш з дзяўчынай да дзецюка! Што гэта было? Што гэта магло быць? І ці не я гэта ўсё выклікаў — падгледзеўшы яго, выкрыў яго сакрэтны шал, ён пазбыўся сваёй таямніцы — і цяпер гэты звер ягонага таемнага летуцення, выпушчаны з клеткі, разам з маім зверам, раз’ятрыўся! І справа стаяла цяпер так, што мы ўчацвярых былі хаўруснікамі de facto, у маўчанні, у неагучаным пытанні, дзе якія–любя тлумачэнні нельга было прыняць — дзе сорам прыгнятаў.

Калені яе–яго, чацвёра каленяў, у нагавіцах, у сукенцы, (маладых)... Пасля палудня з’явіўся згаданы заўчора Вацлаў. Прыгожы мужчына! Няма пытання — рослы і элегантны спадар! Надзелены досыць цямкім, але небуйным носам, з рухомымі ноздрамі, мяккім позіркам і глыбокім голасам — а падстрыжаныя вусікі песціліся ў яго пад гэтым чуйным носам і над поўнымі пунсовымі вуснамі. Тып мужчынскага прыгаства, якое падабаецца жанкам... і яны захапляюцца не столькі пазаркосцю формы, колькі арыстакратычным увыразненнем драбніц, напрыклад, далоняў з доўгімі і нервовымі пальцамі і з пазногцікамі, ля якіх чысцютка абскубленая скура. Хто б мог паставіць пад сумнеў яго нагу, пародную і цыбатую, у жоўтым чаравічку, які шчыльна аблягае ступню, а таксама яго зграбныя і невялікія вушы? Ці не былі інтрыгоўнымі і нават дзівоснымі гэтыя залысіны над ілбом, якія рабілі яго больш інтэлектуальным? А гэтая бель скуры твару, ці не была яна беллю трубадура? Безумоўна, эфектны спадар! Пераможны мецэнат! Высакародны адвакат! Я фізічна зненавідзеў яго з першага імгнення нянавісцю, змяшанай з агідай, сшакаванай сваёй няўмольнасцю і свядомай сваёй несправядлівасці — бо ж ён быў поўны шарму і comme il faut. Усё ж не было слушна і справядліва чапляцца за такія дробныя недасканаласці, як, скажам, некаторая пульхнасць і акругласць, што злёгку вымалёўвалася на шчоках і далонях і блукала ў ваколіцах жывата — бо ж гэта таксама было высакародным. А, можа, мяне цвяліла празмерная і крышку юрлівая рафінаванасць органаў, вусны, прыдатныя выключна смакаваць, нос, прызначаны надта вытанчана нюхаць, пальцы, здольныя дасведчана мацаць — але гэта рабіла яго каханкам! Не выключана, што мяне раздражняла немагчымасць яго аголенасці — таму што гэтае цела патрабавала каўнерыка, запінак, насаткі, нават капелюша, было целам у чаравічках, што абавязкова дамагаецца гэтых туалетна–канфекцыйных прыналежнасцяў... але хто ведае, ці не ятрыла мяне найбольш ператварэнне пэўных недахопаў — такіх, як надыходзячая лысіна або мякчыня — у атрыбуты элегантнасці і шыку. Цялеснасць звычайнага хама мае тую вялізную перавагу, што хам не звяртае на яе ўвагі, у выніку чаго яна не разіць вока, нават калі яна не дапасуецца да эстэтыкі — але мужчына, які сябе даглядае, пачынае выстаўляць, увыразняць цялеснасць і калупацца ў ёй, корпацца, і тады кожны дэфект становіцца забойчым. Скуль жа, аднак, у мяне такая ўражлівасць на цела? Скуль гэтае жаданне сарамяжліва і неахвотна падглядаць, быццам з–за дзвярэў?

Нягледзячы на ўсё, я мусіў прызнаць, што госць паводзіць сябе няглумна, нават першакласна. Не надзімаўся, казаў няшмат і не надта гучна. Быў дужа ветлівы. А ветлівасць, сцішанасць вынікалі з яго дасканалага ўзгадавання, але таксама былі прыроджаныя для яго непавярхоўнай натуры, якая адлюстроўвалася ў позірку і, здавалася, гукала: я шаную цябе, ты шануй мяне. Не, ён зусім не быў захоплены сабой. Ён знаў свае заганы і, безумоўна, імкнуўся быць іншым, чымся быў — але быў сабой як мага культурным і разумным чынам, з годнасцю, і выглядала, што, хоць на першы погляд мяккі і далікатны, насамрэч ён не любіць саступаць і нават можа заўзята адстойваць сваю ліннію. А ўся гэтая ягоная цялесная культура зусім не паходзіла са слабасці, а была выразам нейкага прынцыпу, і акурат, праўдападобна, маральнага, ён трактаваў яго як свой абавязак перад іншымі, але гэта таксама выражала нейкі завод, стыль, вельмі выразна, вельмі акрэслена. Ён, відаць, наважыў бараніць свае вартасці — такія, як вытанчанасць, далікатнасць, чуласць — і бараніў іх тым магутней, чым больш гісторыя абарачалася супраць іх. Яго прыезд выклікаў паказальныя змены ў нашай грамадцы. Гіпаліт як бы лучыў у струмень, перастаў шаптаць самому сабе і горка задумвацца, гэта было, быццам яму далі дазвол выцягнуць са сваіх шафаў даўно не ўжываныя гарнітуры, і ён фарсіў у іх з асалодай — гарласты, радасна гасцінны шляхтун, абсалютна без засцярогаў. — Ну, як там? Што там? Гарэлка грэе, гарэлка халодзіць, гарэлка ніколі не зашкодзіць! І гаспадыня таксама пусцілася ў скокі ў сваёй лёгкай змаркочанасці і, рухаючы пальчыкамі ўва ўсе бакі, растачала дар сваёй гасціннасці.

Фрыдэрык адказаў на павагу Вацлава найглыбейшай павагай; папусціў яму ў дзвярах і адно на лёгкі знак гэнага ўвайшоў першы, але як бы выконваючы яго волю — гэта была сама галантнасць. Пасля чаго пачаўся сапраўдны конкурс ветлівасці, адылі, што цікава, кожны з іх спаборнічаў з сабой, не з другім. Вацлаў з першых словаў спанатрыў, што мае дачыненні з кімсьці незвычайным, але быў надта па–таварыску настроены, каб гэта падкрэсліваць — але годнасць, якую ён прыпісваў Фрыдэрыку, ухвальна паўплывала на яго пачуццё ўласнай годнасці, ён пажадаў быць а la hauteur і заставацца грэчным. Фрыдэрык, асвойваючыся з надзвычайнай стараннасцю гэтага арыстакратычнага духу, таксама пачаў высока ўзносіцца — уступаў час–часом у размову, але як той, чыё маўчанне было б для ўсіх незаслужанай катастрофай. І раптоўна ягоны страх перад неабачлівасцю стаў у ім пачуццём перавагі над іншымі і пыхлівасцю. А што да Гені (якая была сапраўдным аб’ектам гэтага візіту) ды Караля, то яны спатайкоў пазбыліся ўсякай значэннасці. Яна сядзела на крэсле край акна і была ціхмянай дзевачкай, а ён выглядаў, як брат, прысутны пры сватанні да сястры, і пазіраў украдкам на рукі, ці не брудныя.

Што за падвячорак! Пірагі і сочывы апынуліся на стале! Пасля мы выйшлі ў сад, дзе панаваў сонечны спакой. Перад намі ішла маладая пара, Вацлаў з Геняй. Мы, сталыя, ззаду, каб не бянтэжыць... Гіпаліт і спадарыня Марыя, трохі ўзрушаныя, злёгку жартаўлівыя, а побач я з Фрыдэрыкам, які апавядаў аб Венецыі.

Вацлаў нешта ў яе распытваў, нешта ёй тлумачыў, а яна, схінаючы да яго галоўку, уважлівая і зычлівая, размахвала сцяблінкай травы.

Караль ішоў збоку па траве, як брат, змораны сватаннем сястры, якому няма чаго рабіць.

— Праходка, бы ў даваенныя часы... — сказаў я спадарыні Марыі, і яна зацерабіла ручкай. Мы набліжаліся да копані.

Але разбадзянасць Караля пачала набываць сілу, узмагутняцца, было відно, што ён не ведае, што рабіць, рухі яго як бы стрымліваліся ў нецярплівасці, сілкаванай нудой — і заразом, паступова, усё, што Геня казала Вацлаву, пачало быць для Караля, хаця словы да нас не даходзілі — увесь ейны спосаб існавання зноў няўлоўна звязаўся з (дзецюком) і гэта за ейнай спінай, адзаду, паколькі яна не абарочвалася, не ведала нават, што Караль нас суправаджае. І гэтая размова яе з Вацлавам, ужо амаль аб заручынах, пад уздзеяннем (дзецюка), які за ёй плёўся, паддавалася імклівай дэвальвацыі, і сама яна пачынала авалодваць нейкім двухсэнсоўным значэннем. Закаханы праўнік нахінуў ёй галінку глогу, каб яна сарвала сабе, і яна была ў гэтую часіну вельмі ўдзячная, мабыць, узрушаная — але гэта не скончылася на Вацлаву, а ішло да Караля і там станавілася тупа маладым, шаснаццацігадовым, глумна легкадумным і разбадзяным... і было сцягваннем уніз пачуцця, адбіраннем у яго вагі, перарабленнем у горшы, ніжэйшы варыянт, што спраўджваецца недзе ніжэй, там, дзе яна была шаснаццацігадовай з семнацацігадовым, у іхнай супольнай недастатковасці, у іхнай маладосці. Мы абмінулі купіну ляшчыны па–над копанню, і паказалася баба.

Гэтая баба была занятая мыццём у копані хусця і, убачыўшы нас, павярнулася і слепа ўтаропілася ў нас — баба ўжо ў гадах, прысадзістая і грудастая няўклюда, досыць гідкая, тлуста надзьмутая і брудна–лядашчая з малымі вочкамі. Яна прыглядалася з драўляным пранікам у руцэ.

Караль адарваўся ад нас, пайшоў да бабы, быццам меўся ёй нешта сказаць. І знянацку задраў ёй спадніцу. Засвяціліся бель яе пахвіны і чорная пляма валасоў! Яна войкнула. Падлетак дадаў да гэтага непрыстойны жэст і адскочыў — ён вяртаўся да нас па траве, нібыта нічога не здарылася, а раз’юшанае бабіска выпаліла за ім нейкую лаянку.

Мы нічога на гэта не адказалі. Надта неўспадзеўкі і надта рэзка — свінства, якое звалілася на нас брутальна, зламысна... А Караль ізноў ішоў за намі, абсалютна спакойна перавальваючыся... Пара Вацлаў–Геня, занураная ў размову, знікала за паваротам — мабыць, нічога не заўважылі — а мы за імі, Гіпаліт, спадарыня Марыя, троху спалоханая, Фрыдэрык... Што гэта? Што гэта? Што сталася? Аглузджаны я быў не тым, што яго пацягнула на выбрык — тым, што выбрык, хаця б такі рэзкі, адразу стаў, у іншай танальнасці, у іншым вымеры, нечым найбольш натуральным на свеце... Караль ішоў цяпер за намі, нават — поўны чароўнасці, дзіўнай чароўнасці падлетка, што кідаецца на старых бабаў, чароўнасці, якая расла ў мяне на вачах і прыроды якой я не разумеў. Як магло гэтае свінства з бабай адарыць яго прыцягальнасцю такога прыгаства? Чароўнасць біла з яго, няўцямная, а Фрыдэрык паклаў мне руку на плячо і буркатнуў, амаль нячутна:

— Ну, ну!

Але адразу міжволі акругліў слоўка ў сказ, вымавіўшы сказ гучна і не без штучнасці:

— Ну, ну, ну, што там чуваць, любовы спадару Вітальдзе?

Я адказаў:

— Нічога, нічога, спадару Фрыдэрыку.

Спадарыня Марыя звярнулася да нас.

— Я пакажу вам ладны экземпляр амерыканскай туі. Сама садзіла.

Мела на ўвазе, каб не перашкаджаць Гені і Вацлаву. Мы аглядалі тую, калі паказаўся парабак, які бег ад гумна і рабіў знакі. Гіпаліт борзда рушыў — што такое — немцы прыехалі з Апатова — сапраўды было відаць людзей перад стайняй — і, ужо апаплектычны, ён паляцеў, за ім жонка, за імі Фрыдэрык, які думаў, мабыць, што зможа прыдацца, добра знаючы нямецкую. Што да мяне, то я памеўся, пакуль магчыма, не прысутнічаць там, мяне ахапіла стомленасць пры думцы аб няўхільных, гнятлівых немцах. Што за змора... Я вярнуўся дадому.

Дом пусты, пакоі насупраць адзін аднаго, мэбля, якая ў пустэчы мацней давала знаць аб сабе, я чакаў... выніку нямецкага візіту, які глуха дзеяўся перад стайняй... але чаканне маё паступова стала чаканнем Гені з Вацлавам, якія зніклі на павароце... і ўрэшце Фрыдэрык з’явіўся мне ў думках у гэтым пустым доме. Дзе быў Фрыдэрык? Што ён рабіў? Быў з немцамі. Ці напэўна быў з немцамі? А калі пашукаць яго дзе–небудзь яшчэ, край копані, там, дзе мы пакінулі нашае дзяўчо... ён быў там! Ён там мусіў быць! Ён вярнуўся туды, каб падглядаць. Але, у такім разе, што ён бачыў? Мяне ахапіла зайздрасць за ўсё, што ён мог пабачыць. Пустэча дому мяне выпхнула, і я выбег, выбег нібы ў бок стайні, дзе былі немцы, але пабег за копань зараснікам, уздоўж рову, у які скакалі жабы з тлустым, гнюсным плёскатам і, абмінуўшы копань, угледзеў іх — Вацлава і Геню — на лавачцы, на самым ускрайку саду, насупраць поплаву. Ужо звечарэла, ужо было амаль цёмна. І вільготна. Дзе Фрыдэрык? Усё–такі яго не магло тут не быць — і я не абмыліўся — там, паміж вербаў, у іхнай яме, нябачны, ён тырчэў на пляцоўцы пад кустамі і вызіраў. Я не вагаўся ні хвіліны. Паціху прабраўся да яго і стаў побач, ён не здрыгануўся, я знерухомеў — і мая паява ў якасці гледача была дэкларацыяй, што ён мае ўва мне таварыша! На лаўцы маячылі іхныя сілуэты, і яны, бясспрэчна, нешта шапталі — але не было чуваць.

Гэта была зрада — ейная подлая зрада — вось яна тулілася да адваката, тым часам як (дзяцюк), якому яна павінна быць вернай, быў вымкнены за яе абмежжы... гэта мяне мучыла, быццам абарвалася апошняя магчымасць прыгаства ў маім свеце, напоўненым раскладаннем, кананнем, пакутай, агідай. Што за нікчэмнасць? Ці абдымаў ён яе? Або трымаў за руку? Якім гідкім і зненавідным было гэтае месца для яе рук у яго далонях? Раптам я адчуў, як бывае ў сненні, што я паблізу нейкага адкрыцця і, агледзеўшыся, упільнаваў гэтае нешта... нешта дзіўнае.

Фрыдэрык быў не адзін — побач з ім, за некалькі крокаў, маячыў Караль.

Прысутнасць Караля тут? Ля Фрыдэрыка? Але якім цудам яго прывёў сюды Фрыдэрык? Пад выглядам чаго? Тым не менш, ён знаходзіцца тут, і я ведаў, што ён вось тут дзеля Фрыдэрыка, а не дзеля яе — прыйшоў, зацікаўлены не тым, што дзеялася на лаўцы, прыйшоў, бо яго прываблівала прысутнасць Фрыдэрыка. Гэта сапраўды было і цьмяна, і вытанчана, я не ведаю, ці я здольны гэта выказаць... У мяне было такое ўражанне, што быццам (дзяцюк) з’явіўся няпрошаны адно затым, каб мацней узгарэцца... каб магутней праняло... каб нам стала больш балюча. Верагодна, калі той сталы мужчына, закрануты зрадай гэнай малодкі, стаяў зніякавелы, ён, маладзён, бязгучна вынырнуў з хмызу і стаў поруч з ім, не кажучы нічога. Гэта было дзікім і смелым! Але цемрадзь засланяла, і мы былі амаль нябачныя, а таксама цішыня — і ніхто з нас не мог аказацца. І зырчыня факту патанала ў нябыце ночы і маўчання. А таксама трэба дадаць, што ўчынак (дзецюка) затушоўваў, амаль здымаў віну, ягоныя лёгкасць і ладнасць даравалі грахі, і, будучы (молада) сімпатычным, ён мог у сутнасці далучыцца да кожнага... (некалі я растлумачу сэнс гэтых дужак) ... І раптам ён аддаліўся так жа лёгка, як і з’явіўся.

Але ягонае лёгкае далучэнне да нас прывяло да таго, што лаўка працяла, як штылет. Гэты звар’яцелы, гэты нечуваны прыход да нас (дзецюка), калі (дзяўчына) зраджвала яго! Сітуацыі ў свеце бываюць шыфрам. Няўцямнымі бываюць паводзіны людзей і ўвогуле з’яваў. Гэта, тут... жудасна выяўнае — але немагчыма зразумець, расшыфраваць поўніцай. У кожным разе свет заклубіўся ў нейкім дзівосным сэнсе. Адначасна ад стайні данёсся стрэл. Мы пабеглі нацянькі ўсе разам, і ўжо ўсё роўна, хто з кім. Вацлаў ляцеў ля мяне, Геня з Фрыдэрыкам. Фрыдэрык, які ў крытычных момантах станавіўся прадпрыемлівым і сабраным, збочыў за адрыну, мы за ім. Убачылі: нічога такога страшнага. Немец, пад газам, забаўляўся, смалячы з дубальтоўкі па галубах — а неўзабаве яны ўлезлі ў аўто і, памахаўшы рукамі на развітанне, ад’ехалі. Гіпаліт зірнуў на нас са злосцю.

— Пакіньце мяне.

Позірк гэты высунуўся з яго, як праз акно, але ён адразу зачыніў у сабе ўсе вокны і дзверы. Пайшоў дадому.

Увечары, падчас вячэры, наліў гарэлкі, чырвоны і расчулены.

— Ну што? Вып’ем за здароўе Вацака і Гені. Яны ўжо ўмовіліся.

Фрыдэрык і я склалі віншаванні.

6.

Алкаголь. Шнапс. Нагода напіцца. Нагода як чарка гарэлкі — і яшчэ чарку — але гэтае п’янства было слізкім, штохвіліну пагражала ўпаданнем у бруд, у псуту, у пачуццёвае балота. Аднак як жа не піць. Бо піццё стала нашай гігіенай, кожны набіраўся, чым мог, як мог — і я таксама — і я толькі спрабаваў уратаваць нешта са сваёй годнасці, захоўваючы ў п’янстве міну даследніка, які, нягледзячы на ўсё, сочыць — які напіваецца, каб сачыць. Тады я сачыў.

Жаніх пакінуў нас пасля снядання. І было вырашана, што назаўтрае мы ўсім грудам паедзем у Руду.

Пасля пад ганак пад’ехаў на брычцы Караль. Ён меўся ехаць у Астравец па газу. Я заявіў, што буду яго суправаджаць.

І Фрыдэрык таксама ўжо адкрываў рот, каб выбрацца трэцім — калі лучыў у адно з гэтых сваіх раптоўных ускладненняў... Ніколі не было ведама, калі гэта здарыцца. Ужо адкрыў рот, але закрыў яго і зноў адкрыў — заставаўся ў абцугах гэтай пакутнай разыгранкі, бледы, а брычка ад’ехала з Каралем і са мной.

Зады коней, што бягуць трушком, пескавая дарога, багацце краявідаў, павольнае прамінанне ўзгоркаў, што заходзяць за сябе. Нараніцы, у прасторы, я з ім, я воддаль яго — абодва выцягнутыя з гэтай ямы Павурнай, бачныя, і нецэнзурнасць мая з ім пастаўленая пад удар далёкай выправы.

Я пачаў так: — Ну, Караль, што ты з гэтай бабай вырабіў учора, ля копані?

Ён троху недаверліва запытаўся, каб лепей разабрацца ў характары майго пытання:

— А што?

— Усе ж бачылі.

Гэты ўступ не быў надта акрэсленым — абы навязаць размову. Ён рассмяяўся на ўсялякі выпадак і для таго, каб аблегчыць яе. — Нічога такога — гукнуў ён і махнуў бізуном, захоўваючы спакой... Тады я выказаў здзіўленне: — Яшчэ каб была нішто сабе! Але ж гэта недарэка апошняя і старая. І паколькі ён не адказваў, я націснуў: — Заляцаешся да старых баб?

Ён незадаволена выцяў бізуном куст. Але, быццам гэта выявіла яго сапраўдны адказ, сцебануў бізуном па конях, якія здрыганулі брычку. Гэты адказ быў для мяне зразумелы, хоць і неперакладальны на словы. Нейкі час мы ехалі жвавей. Пасля чаго коні запаволіліся, і, калі яны запаволіліся, ён усміхнуўся прыязным зіхценнем зубоў і сказаў:

— Якая розніца, старая ці маладая?

Цяпер ён рассмяяўся.

Мяне гэта занепакоіла. Быццам лёгкая дрыжака прабегла па мне. Я сядзеў ля яго. Што гэта значыла? Перадусім адно кідалася на вочы: нязмернае значэнне ягоных зубоў, якія гралі ў ім, былі яго ўнутранай, ачышчальнай беллю — таму важнейшымі былі зубы, чымся тое, што ён казаў — здавалася, нібыта ён казаў для зубоў і з прыклёпу зубоў — і мог казаць абы што, бо казаў для прыемнасці, быў забавай і асалодай, ведаў, што найбольш агідная брыдкасць будзе даравана яго зубам, жыццядайным. Хто ж сядзеў побач са мной? Нехта накшталт мяне? Дый не, гэта сутнасна адрозная і панадлівая істота, родам з квітнеючай краіны, ён быў поўны ласкі, што ператваралася ў чароўнасць. Князь і паэма. Чаму, аднак, князь кідаўся на старых бабаў? Вось пытанне. І чаму гэта яго цешыла? Цешыла яго якраз пахацінства? Цешыла яго, што, будучы князем, ён быў заразом у лапах голаду, які загадаў яму зажадаць нават найбрыдчэйшую жанку — гэта яго цешыла? Гэтае хараство (звязанае з Геняй) нагэтулькі не шанавалася, што не было амаль розніцы, чым сябе заспакойваць, да каго заляцацца? І тут нарадзілася нейкая цьмянасць. З узгорку мы з’ехалі ў грахаліцкі яр. Я адкрываў у ім нейкае блюзнерства, здзейсненае з задавальненнем, і ведаў, што гэта нешта неабыякавае для душы і, беспярэчна, нешта роспачнае ў самой сваёй аснове.

(Можа быць, аднак, я аддаваўся гэтым спекуляцыям толькі затым, каб захаваць выгляд даследніка пры гэтай пагулянцы.)

А можа, ён задраў гэтай бабе спадніцу, каб быць жаўнерам? Ці не было гэта па–жаўнерску?

Я загаварыў (змяняючы для прыліку тэму — мусіў зважаць на сябе): — А з бацькам ты за што ваюеш? — Ён завагаўся, заспеты знянацку, але адразу спанатрыў, што я павінен быў даведацца пра гэта ад Гіпаліта. Адказаў.

— Бо ён пераслядуе маму. Не дае ёй жыць, падла. Каб жа не быў маім бацькам, я б яго...

Адказ выдатна ўраўнаважаны — змог прызнацца, што любіць маці, паколькі адначасна прызнаўся, што ненавідзіць бацьку, гэта шчаджала яго ад сентыменталізму — але, хочучы прыперці яго да сцяны, я запытаўся наўпрост: — Вельмі любіш маці?

— Пэўна! Калі маці...

Што азначала, што ў гэтым няма нічога асаблівага, паколькі агульнапрынята, што сын мае любіць маці. Аднак гэта было дзіўным. Прыгледзеўшыся да гэтага бліжэй, я дзівіўся, таму што імгненне назад ён быў чыстай анамаліяй, што кідаецца на старую бабу, а цяпер станавіўся традыцыйным і адданым закону сыноўскай любосці. Што ж ён вызнаваў тады, анархію або закон? А калі ён так паслухмяна аддаваўся ўзвычаенням, то не для таго, каб дадаць сабе вартасці, а якраз каб пазбыць сябе значэння, зрабіць са сваёй любосці да маці нешта звычнае і няважнае. Нашто ён усцяж пазбаўляў сябе значэння? Гэтая думка была дзіўна спакуслівай — нашто ён пазбаўляў сябе значэння? Гэтая думка была чыстым алкаголем — чаму з ім усялякая думка мусіла быць заўсёды прыцягальнай або непрыемнай, заўсёды палкай і пругкай? Цяпер мы ўзбіраліся пад гару, за Грахаліцамі, па левым баку было відно камлыгі зямлі, жоўтыя, у якіх выкопвалі ямы для картоплі. Коні ішлі ступою — і цішыня. Караль раптам разгаварыўся: — Ваша не знайшоў бы для мяне якой–небудзь работы ў Варшаве? Можа, у кантрабандзе? Я б змог і маме троху памагчы, калі б пачаў зарабляць, бо ёй патрабуецца лячэнне, а так толькі бацька здзекуецца, што я боўтаюся без працы. Мне ўжо абрыдла! Ён разгаварыўся таму, што ход ішоў аб практычных і матэрыяльных справах, тут ён мог гаварыць, і шмат, было таксама натуральна, што звяртаецца з гэтым да мяне — тым не менш, ці было гэта такім натуральным? Ці не было толькі прыклёпам, каб «паразумецца» са мной, сталым, наблізіцца да мяне? Насамрэч, у такі цяжкі час дзяцюк мусіць хінуцца да сталых, якія магутнейшыя за яго, а гэтага можна дасягнуць толькі асабістай прыцягальнасцю... але какетнічаць дзецюку нашмат больш складана, чымся какетнічаць дзяўчыне, плоць якой прыходзіць на дапамогу... і таму гэта быў, безумоўна, такі разлік, ох, несвядомы, нявінны: ён наўпрост звяртаўся да мяне па дапамогу, але папраўдзе ён зусім не меў наўвеце работу ў Варшаве, а толькі імкнуўся ўвесці сябе ў ролю таго, кім апякуюцца, праламаць лёд, а рэшта зробіцца сама... Праламаць лёд? Але ў якім сэнсе? І што за «рэшта»? Я ведаў толькі, барзджэй падазраваў, што гэта спроба ягонай хлапечасці знайсці пункты судакранання з маёй даросласцю, і я так ці інакш ведаў, што ён не гідзіцца і што голад яго, яго пахацінства, робяць яго даступным... Я сцярпеў, адчуўшы ягоны адкрыты намер зблізіцца... быццам уся ягоная краіна мелася на мяне напасці. Я не ведаю, ці гэта дастаткова ясна. Сувязь мужчыны з дзецюком адбываецца на подзе тэхнічных справаў, апекі, супрацоўніцтва, але, калі яна становіцца беспасярэдняй, выяўляе сваю нечуваную непрыстойнасць. Я адчуў, што гэтая істота хоча заваяваць мяне сваёй маладосцю і гэта было, быццам я, дарослы, перажыў канчатковую кампраметацыю.

Але слова «маладосць» было недазволенае яму — не выпадала яго ўжываць.

Мы ўз’ехалі на гару, і з’явілася нязменная відаль на зямлю, аблямаваную ўзгоркамі і ўздзьмутую сваім нерухомым хваляваннем у косым святле, якое дзе–нідзе клубілася над аблачынамі.

— Сядзі валей тут, у бацькоў... Гэта прагучэла катэгарычна, таму што я прамовіў, як сталы — і якраз гэта дазволіла мне папытацца самым звычайным у свеце чынам, як бы далей працягваючы дыялог:

— Табе падабаецца Геня?

Найцяжэйшае пытанне пракінулася надзіва лёгка, і ён таксама адказаў без цяжкасці.

— Натуральна, мне яна падабаецца.

Гукнуў, паказваючы бізуном: — Ваша бачыш тыя хмызы? Гэта не хмызы, а верхавіны дрэваў з цясніны, з Лісін, што злучаюцца з бадзехаўскім лесам. Там часам хаваюцца банды... Я шматзначна скрывіўся, мы ехалі далей, прамінулі фігуру Ісуса, і я вярнуўся да тэмы, быццам зусім і не аддаляўся ад яе... раптоўны спакой, прычыны якога я не знаю, дазволіў мне пагрэбаваць часам, які мінаўся.

— А ці не кахаеш ты яе?

Гэтае пытанне было нашмат больш рызыкоўным — было ўжо высвятленнем сутнасці — яно, у сваёй настойлівасці, магло зрадзіць мяне ў маіх цёмных парываннях, маіх і Фрыдэрыка, пачатых ля іх ног, ля іх ног, ля іх ног... я пачуваўся, быццам датыкнуўся да заснулага тыгра. Неабгрунтаваны ляк! — Нееее ... мы ж знаёмыя змалку!.. і гэта было сказана без ценю arriere pensee... дарма што можна было чакаць, што гэнае нядаўняе здарэнне ля стальмашні, у якім усе мы былі таемнымі супольнікамі, крышку абцяжыць яму адказ.

Нічога падобнага! Тое, відавочна, было для яго нечым на заднім плане — і ён цяпер, са мной, быў пазбыты сувязі з тым — а ягонае «неее», такое працяглае, мела смак капрызу і легкадумнасці, нават свавольства. Ён сплюнуў. Пляўком яшчэ больш загрымаваўся як свавольнік і адразу рассмяяўся, і гэты смех быў абяззбройвальным, быццам адбіраў у яго магчымасць іншай рэакцыі, і зірнуў на мяне скоса, дасціпна:

— Мне больш даспадобы спадарыня Марыя.

Не! Гэта не магло быць праўдзівым! Спадарыня Марыя са сваёй плаксівай хударлявасцю! Але нашто ён гэта казаў? Толькі таму, што гэнай старой узняў спадніцу? Але нашто ён узняў гэтую спадніцу, што за абсурд, пакутная загадка? Аднак я ведаў (і быў гэта адзін з канонаў маёй літаратурнай веды аб людзях), што існуюць чалавечыя ўчынкі, на першы погляд абсалютна бессэнсоўныя, якія, аднак, патрэбныя чалавеку, бо яны акрэсліваюць яго пэўным чынам — так, даючы найпрасцейшы прыклад, нехта гатовы здзейсніць зусім непатрэбнае вар’яцтва толькі затым, каб не адчуваць сябе баязліўцам. А хто больш, чымся моладзь, патрабуе такога самасцвярджэння?.. Таму было больш, як пэўна, што большасць учынкаў, а таксама рэплік падлетка, які сядзеў побач са мной з лейцамі і бізуном, былі якраз учынкамі, «здзейсненымі дзеля самога сябе» — і нават можна было дапусціць, што наш, мой і Фрыдэрыкаў, таемны і захоплены позірк падахвочваў яго да гэтай гульні з сабой больш, чымся яму было гэта ведама. Ну добра: ішоў за намі ўчора на гэтым шпацыры, нудзіўся, не меў чаго рабіць, задраў бабе спадніцу, каб увапхнуць у сябе крыху распусты, якой яму захацелася, мабыць, затым, каб з жаданага стаць пажадлівым. Эквілібрыстыка дзецюка. Добра. Але цяпер, чаму ён зноў вяртаўся да гэтай тэмы, прызнаючыся, што яму «больш даспадобы» спадарыня Марыя, ці ж не крыўся ў гэтым нейкі, ужо агрэсіўны, намер?

— Думаеш, я табе паверу? — сказаў я. — Што табе спадарыня Марыя даспадобы больш, чымся Геня? Што за лухту ты вярзеш! — дадаў я. На што ён адказаў ясна і ўпорыста: — А мне яна даспадобы больш.

Нонсэнс і мана! Але нашто, з якой мэтай? Мы ўжо набліжаліся да Бадзехава, адсюль былі відаць удалечыні вялікія коміны астравецкіх заводаў. Чаму, чаму ён бараніўся ад Гені, чаму не хацеў Гені? Я ведаў, але не ведаў; разумеў і не разумеў. Няўжо сапраўды ягоная маладосць аддавала перавагу сталым? Ці хацеў бы ён быць «са сталымі»? Што гэта за думка, на што яна наводзіць — ейная штучнасць, распальвальная вастрыня, ейная драматычнасць адразу кінулі мяне на гэты след — бо я, у гэтай ягонай краіне, кіраваўся парываннямі. Ці гэты шчанюк зажадаў паласавацца нашай сталасцю? Сапраўды — няма нічога дзіўнага, калі дзяцюк кахае пекную дзевачку і ўсё развіваецца па лініі натуральнага прыцягнення, але, можа быць, яму было патрэбна нешта... вялікшае, больш смелае... ён не хацеў быць толькі «дзецюком з дзевачкай», але «дзецюком з дарослымі», дзецюком, які ўрынаецца ў даросласць... што за цёмная, перакручаная ідэя! Але ж за ім быў досвед з галіны вайны і анархіі, я не знаў яго, не мог знаць, не ведаў, што і як яго сфармавала, ён быў такім жа загадкавым, як і гэты краявід — вядомы й невядомы — і я мог быць упэўнены толькі ў адным, у тым, што гэты вісус даўно выйшаў з дзяцінага веку. Каб увайсці — ува што? Якраз гэта было невядома — не было ясна, што і каго ён сабе ўпадабаў, можа, ён хацеў пазабаўляцца з намі, а не з Геняй, і таму ўсцяж даваў зразумець, што век не павінен быць перашкодай... Як гэта? Як гэта? Ну так, нудзіўся, хацеў пазабаўляцца, пазабаўляцца, можа, тым, чаго сам не знаў, аб чым у сутнасці нават не думаў, ад нудоты, мімаходзь і не намагаючыся... з намі, а не з Геняй, паколькі мы ў брыдоце нашай маглі ўвесці яго далей, мы былі больш неабмежаваныя. Аб чым (маючы на ўвазе тое здарэнне ля стальмашні) ён паведаміў мне, што не гідзіцца... Досыць. Мне рабілася агіднай сама думка, што ягонае хараство шукае маёй брыдоты. Я змяніў тэму.

— Ходзіш да касцёла? Верыш у Бога?

Пытанне, што заклікае да павагі, пытанне, што ўбяспечвае ад ягонай зрадлівай лёгкасці.

— У Бога? Там, што ксяндзы кажуць, то...

— Але ў Бога верыш?

— Канечне. Толькі...

— Толькі, што?

Аціх.

Я меўся спытацца: — Ходзіш да касцёла? Заміж гэтага я спытаўся: — Ходзіш да жанок?

— Здараецца.

— Маеш поспех у жанок?

Ён адразу рассмяяўся.

— Не. З чаго ж! Я яшчэ замалады.

Замалады. Гэта мела прыніжальны сэнс — таму ён гэтым разам мог свабодна ўжыць слова «маладосць». Але для мяне, у якога з гэтым дзецюком Бог раптам зблытаўся з жанкамі ў нейкім гратэскавым і амаль п’янкім qui pro quо, ягонае «замалады» прагучэла дзіўна, перасцерагальна. Так, замалады як да жанкі, так і да Бога, замалады да ўсяго — і было няважна, ці верыць, ці не верыць, ці мае поспех у жанок, ці не мае, бо ён быў увогуле «замалады», і ніводнае ягонае пачуццё, ні праўда, ні слова не маглі мець значэння — ён быў непаўналетні, быў «замалады». І быў «замалады» для Гені і для ўсяго, што паміж імі нараджалася, а таксама «замалады» для Фрыдэрыка і мяне... Чым жа была гэтая ладная недаросласць? Ён жа нічога не значыў! Як жа я мог, я, дарослы, усю маю павагу пакладаць у ягоную непавагу, з трымценнем прыслухоўвацца да некага недзеяздольнага? Я ўглядаўся ў наваколле. Адсюль, з узвышша, ужо была відаць Каменная, і нават даходзіў ледзь чутны лязгат цягніка, які набліжаўся да Бадзехава, уся даліна ракі была перад намі, разам з шашой — а справа і злева жоўта–зялёныя лапікі палёў, калі сягнуць вокам, сонная адвечнасць, але занямелая, прыдушаная, узятая за сківіцы. Дзіўны смурод бяспраўя пранікаў паўсюль, і ў гэтым бяспраўі я з гэным дзецюком, «замаладым», залёгкім, залегкадумным, недастатковасць, няпоўнасць якога ў гэтых умовах станавілася нейкай спачатнай магутнасцю. Як бараніцца ад яго, калі нідзе не было апірышча?

Мы выехалі на шашу, і брычка затрэслася на выбаях, скрыгочучы зялезнымі абручамі на колах, стала людна, мы іх міналі, гэтых людзей, што з’яўляліся, ідучы па сцежцы, гэты ў фуражцы, гэны ў капелюшы, а далей мы спаткалі воз з клункамі, з усім нейчым скарбам — і пасоўваліся крок за крокам — а далей нейкая жанка затрымала нас, стаўшы на сярэдзіне шашы, падышла, і я ўбачыў досыць ладны твар у хустцы, якую носяць бабы, у яе былі вялізныя ногі ў мужчынскі ботах з халявамі, ногі высоўваліся з–пад падкарочанай, чорнай, ядвабнай спадніцы, а дэкальтэ ў яе было глыбокае, балёвае ці вячэрняе, элегантнае, а ў руцэ нешта загорнутае ў газету — і гэтым яна замахала — нешта хацела сказаць, але сцяла вусны, ізноў памелася гаварыць, але махнула рукой, адскочыла — і засталася стаяць на шашы, калі мы аддаляліся. Караль засмяяўся. Нарэшце мы дабраліся да Астраўцу з гучным грукатам, падскокваючы на брукаванцы, ад чаго трэсліся нават шчокі, праехалі ля нямецкіх пастарункаў перад фабрыкай, мястэчка было тое ж самае, што і раней, чыста тое ж самае, тыя ж нагрувашчванні і рулі комінаў фабрыкі, ейны мур, далей мост на Каменную і чыгуначныя рэйкі і галоўная вуліца, што вядзе да рынку, а на рагу кавярня Маліноўскага. Адно толькі, што станавілася адчувальнай нейкая адсутнасць, а менавіта не было жыдоў. Аднак шмат людзей на вуліцах, рух нават месцамі ажваўлены, там баба выкідае смецце з сеняў, тут нехта ідзе з тоўстым дротам пад пахай, перад крамай грамада, а хлопчык каменем намагаецца лучыць у вераб’я, які прысеў на трубе. Мы заспасобіліся газай, купілі яшчэ сёе–тое і як найбарзджэй пакінулі гэты дзіўны Астравец, і ўздыхнулі з палёгкай, калі брычку ізноў прыняла ў сваё мяккае ўлонне зямля звычайнай польнай дарогі. Але што рабіў Фрыдэрык? Як сябе паводзіў там, пакінуты сабе? Спаў? Сядзеў? Хадзіў? Усё ж я знаў ягоную скрупулёзнасць у беззаганнасці, ведаў, што, калі ён сядзеў, то з захаваннем усёй асцярожнасці, але, нягледзячы на гэта, я пачаў мучыцца, што не ведаю, чаму менавіта ён аддаецца. Яго не было, калі, прыехаўшы ў Павурную, мы прыняліся за запознены абед; а спадарыня Марыя сказала мне, што ён матыкуе... Што? Акопвае сцежку ў садзе. — Баюся... што ён нудзіцца ў нас — дадала не без згрызоты, быццам размова аб госцю з даваенных часоў, а таксама Гіпаліт прыйшоў, каб мне паведаміць:

— Твой сябрук у садзе, разумееш... Матыкуе.

І нешта ў яго голасе веставала, што яго пачынае абцяжваць гэты чалавек — ён быў прысарамачаны, нешчаслівы і недалужны. Я пайшоў да Фрыдэрыка. Угледзеўшы мяне, ён адставіў матыку і спытаўся са звычнай ветлівасцю, як прайшла наша выправа... а пасля, з позіркам, адхіненым убок, у асцярожных словах выставіў думку, ці не вярнуцца ў Варшаву, бо, у рэшце рэшт, тут мы не надта можам прыдацца, а далейшае занядбанне тамашняга нашага гандлю можа скончыцца нядобра, так, у сутнасці гэты выезд не быў досыць прадуманы, можа, валей, аднак, пакаваць манаткі... Ён церабіў у сабе шлях гэтаму рашэнню, няўзнак рабіў яго ўсё больш інтэнсіўным, прызвычайваў да яго... мяне, сябе, навакольныя дрэвы. Як я мяркую? Бо, з другога боку, у вёсцы, нягледзячы на ўсё, лепей... але... можа, заўтра сапраўды выехаць? Раптам дапытванне яго прыспешылася, і я зразумеў: ён хацеў з майго адказу выснаваць, ці здолеў я паразумецца з Каралем; ён здагадаўся, што я мусіў зандаваць апошняга, цяпер ён хацеў ведаць, ці можна мець яшчэ цень надзеі, што нявеста Вацлава некалі абдыме хлапечыя плечы Караля! А мне заразом ён пакрыёма пераказваў, што нічога з таго, што ён ведае, што выпытаў, не схіляе да такіх ілюзіяў.

Цяжка апісаць гнюсьбу гэтай сцэны. Аблічча сталага чалавека трымаецца сукрытым намаганнем волі, што імкнецца замаскаваць раскладанне ці, прынамсі, арганізаваць яго ў сімпатычнае цэлае — але ў ім наступіла расчараванне, адмаўленне ад зачаравання, надзеі, жадасці, і ўсе зморшчыны раздаліся і жыравалі на ім, як на трупе. Ён быў рахмана і пакорліва подлы ў гэтым паддаванні сябе ўласнай агідзе — і мяне заразіў гэтым свінствам так моцна, што паразіты мае зароіліся ўва мне, вылезлі, абселі. Не ў гэтым, аднак, палягала вяршыня гнюсьбы. Яе гратэскавая жудасць была выкліканая перадусім тым, што мы былі як пара каханкаў, падманутых у сваіх пачуццях і адрынутых гэнай парай каханкаў, наша захаць, наша палымянасць не мела ўва што распружыцца і яна цяпер буяла паміж намі... нічога цяпер не заставалася нам, апрача саміх нас... і, гідзячыся сабой, мы, аднак, былі адзін з адным у гэтай пачуццёвасці нашай, узбуджанай. Таму мы намагаліся не пазіраць адзін на аднаго. Сонца прыпякала, і з кустоўя даносіўся пах кантарыды.

Я зразумеў наапошку ў гэтай таемнай паміж намі канферэнцыі, якім ударам для яго і для мяне была ўжо бессумнеўная абыякавасць тых абаіх. Маладая — нявеста Вацлава. Малады — зусім гэтым не ўзрушаны. І ўсё агорнута іхнай маладой слепатой. Зруйнаванне нашых сноў!

Я адказаў Фрыдэрыку, што хто ведае, можа, сапраўды адсутнасць наша ў Варшаве была непажаданай. Ён адразу ўчапіўся за гэта. Мы былі цяпер пад знакам уцёкаў і, паволі пасоўваючыся алейкай, асвойваліся з рашэннем.

Але за рогам дому, на дзірване, што вёў у канцылярыю, мы натыкнуліся на іх. Яна з бутэлькай у руцэ. Ён перад ёй — размаўлялі. Маленства іх, поўнае іх маленства, было ясна, яна — інстытутка, ён — вучань і шчанюк.

Фрыдэрык спытаўся ў іх: — Што парабляеце?

Яна: — Корак упаў у бутэльку.

Караль, трымаючы бутэльку на прасвет: — Я выцягну яго дротам.

Фрыдэрык: — Не так лёгка!

Яна: — Можа, лепей я пашукаю іншы корак.

Караль: — Не бойся... я выцягну...

Фрыдэрык: — Затонкае рылца.

Караль: — Як увайшоў, так і выйдзе.

Яна: — Альбо выкрышыцца яшчэ і папсуе сок.

Фрыдэрык не адказваў. Караль непрадбачліва хістаўся на нагах. Яна стаяла з бутэлькай. Гукнула:

— Пашукаю коркі на гарышчы. У судніку няма.

Караль: — Кажу табе, што выцягну.

Фрыдэрык: — Да гэтага рылца нялёгка дабрацца.

Яна: — Шукайце і знойдзеце!

Караль: — Ведаеш, што? З гэтых бутэлечак, што стаяць у шафе...

Яна: — Не. Гэта лекі.

Фыдэрык: — Можна вымыць.

Птушка праляцела.

Фрыдэрык: — Што за птушка?

Караль: — Івалга.

Фрыдэрык: — Шмат іх тут?

Яна: — Паглянь, які вялікі чарвяк.

Караль усцяж хістаўся на раскірэчаных нагах, яна ўзняла нагу, каб пачухаць лытку — але ягоны чаравік прыўзняўся, абапёрты на абцас, зрабіў паўабарот і раздушыў чарвяка... толькі з аднаго канца, настолькі, наколькі дазваляў памер ягонай ступні, бо яму не хацелася адрываць абцаса ад зямлі, рэшта тулава чарвяка пачала выгінацца і віцца, на што ён узіраўся з зацікаўленнем. У гэтым не было б нічога важнейшага за кананне мухі ў клеі або матылька за шклом лямпы — каб жа позірк Фрыдэрыка не прысмактаўся да гэтага чарвяка, шкляны, усмоктваючы дазвання яго мукі. Магло падацца, што ён абураецца, але насамрэч не было ў ім нічога, апрача ўглядання ў пакуты, выпіцця чары аж да апошняй капкі. Ён лавіў гэта, ссаў, хапаў, прымаў і — здранцвелы, нямы, сцяты ў клешчы болем — не мог зварухнуцца. Караль скасавурыўся на яго, але не дабіў чарвяка, пострах Фрыдэрыка быў для яго істэрыяй...

Высунулася пантопля Гені і расціснула чарвяка. Але толькі з другога канца, з усёй дакладнасцю ашчаджаючы сярэднюю частку, каб яна надалей вілася і выгіналася.

Усё гэта — нязначна.. якім толькі можа быць нязначным і дробным раздушэнне чарвяка.

Караль: — Пад Львовам больш птушак, чымся тут.

Геня: — Мне трэба ісці абіраць картоплю.

Фрыдэрык: — Не зайздрошчу... Нудная работа.

Мы яшчэ з хвіліну размаўлялі, вяртаючыся дадому, пасля чаго Фрыдэрык недзе знік, і я не ведаў, дзе ён — але ведаў, чаму ён аддаецца. Ён аддаваўся думцы аб тым, што здарылася, аб легкадумных нагах, якія злучыліся на дрыжлівым целе ў сумесна ўчыненым зверстве. Зверстве? Ці было гэта зверствам? Барзджэй нешта дробнае, дробнае забойства чарвяка, вось так, незнарок, бо падлез пад бот — колькі мы забіваем чарвякоў! Не, не зверства, барзджэй безразважнасць, якая дзяцінымі вачыма прыглядаецца да смяхотных сутаргаў скону, не адчуваючы болю. Гэта была драбяза. Але для Фрыдэрыка? Для свядомасці, якая патрапіць даўмецца? Для ўражлівасці, якая патрапіць прасякнуцца? Ці ж не быў, для яго, гэты ўчынак вялізнасцю, што марозіць кроў — усё ж боль, пакуты нагэтулькі ж жудасныя ў целе чарвяка, як і ў целе волата, бо боль «адзіны», падобна як прастора адзіная, не дзеліцца на часткі, усюды, дзе з’яўляецца, ёсць адной і той жа, суцэльнай, жудаснай. Таму для яго ўчынак гэты мусіў быць, што называецца, страшным. Яны выклікалі муку, стварылі боль, падэшвамі сваімі ператварылі спакойнае існаванне гэтага чарвяка ў існаванне пякельнае — нельга ўявіць сабе горшага злачынства, большага грэху. Грэх... Грэх... Так, гэта быў грэх — але, калі грэх, то іхны супольны грэх — і гэтыя ногі злучыліся на скурчаным целе чарвяка...

Я ведаў, пра што ён думаў, шалёны! Шалёны! Ён думаў пра іх — думаў, што яны «дзеля яго» растапталі гэтага чарвяка. «Не дай сябе ашукаць. Не вер, што ў нас няма нічога супольнага... ты ж бачыў: адно з нас растаптала... і другое растаптала... чарвяка. Мы зрабілі гэта для цябе. Каб злучыцца — перад табой і дзеля цябе — у грэху».

Такой мусіла быць у гэты момант думка Фрыдэрыка. Але, мабыць, я падсоўваў яму сваю ўласную думку. Аднак хто ведае — можа, ён у гэты момант падсоўваў мне, таксама, сваю думку... і пра мяне думаў не йнакш, чымся я думаў пра яго... і, магчыма, што кожны з нас снаваў сваю думку, змякчаючы яе ў другім. Гэта мяне развесяліла, я рассмяяўся — і падумаў, што, можа, і ён рассмяяўся...

«Мы зрабілі гэта дзеля цябе, каб злучыцца перад табой у грэху...»

Калі сапраўды такі прыхаваны змест яны жадалі перадаць нам, без усякіх сумневаў топчучы... калі мелі на ўвазе гэта... але ж гэтага не трэба было паўтараць двойчы! Разумны зразумее! Я зноў усміхнуўся пры думцы, што Фрыдэрык можа ўсміхацца ў гэты момант, думаючы, што я думаю, што робіцца з ім: што выветрылася ў яго з галавы рашэнне выехаць, абумоўленае працавітасцю; і што зноў ён, як ганчак на сцяжыне, поўны раптам абуджаных надзеяў, распалены.

А надзеі — перспектывы — адкрываліся запамарочлівыя, залучаныя ў гэтым слоўцы «грэх». Калі гэтаму хлопчыку і гэтай дзяўчынцы захацелася грэху... адно з адным... але і з намі... Ах, я амаль бачыў Фрыдэрыка, як ён медытуе недзе там з галавой, абапёртай на руцэ — што грэх пранікае ажно да найглыбейшай інтымнасці, лучыць не горш за палымяную пяшчоту, што грэх, прыватны, таемны, сарамяжлівы, ёсць супольным сакрэтам, які ўрынаецца ў чужое існаванне так, як фізічнае каханне ў цела. Калі б так было... ну, гэта б вынікала з таго, што ён, Фрыдэрык («што ён, Вітальд» — думаў Фрыдэрык)... ну, што мы абодва... не застарыя для іх — ці, калі інакш, што іхная маладосць не ёсць нам такой недаступнай. Чаму ж грэх сумесна здзейснены? Грэх, які створаны для таго, каб красаванне дзецюка з дзяўчынай нелегальна пашлюбіць з кімсьці... не такім панадлівым... з кімсьці сталым і спаважнейшым. Я зноў усміхнуўся. Яны, у цноце, былі замкнёныя для нас, герметычныя. Але яны, у грэху, маглі матляцца з намі... Вось што думаў Фрыдэрык! І я амаль бачыў яго, як з пальцам ля вуснаў ён шукае грэху, які б зблізіў яго з імі, як ён цікуе за такім грэхам — ці, хутчэй, можа, думае, падазрае, што за такім грэхам цікую я. Што ж гэта за люстраная сістэма — ён прыглядаецца да мяне, я да яго — і так, залічваючы на чужы рахунак летуценні, мы даходзілі да задумаў, якія ніводны з нас не насмеліўся палічыць сваімі.

Заўтра нараніцы мы меліся ехаць да Руды. Выправа была прадметам падрабязных нарадаў— якія коні, якім шляхам паедзем, якія калёсы — і так сталася, што я паехаў у брычцы з Геняй. Паколькі Фрыдэрык сам не здолеў вызначыцца, мы кінулі манету, і мне доля судзіла яе ў спадарожнікі. Ранак разложысты, зніякавелы, далёкая дарога па насыпах хвалістага грунту, у якім пракладаліся глыбокія дарогі з жаўтаватымі адхонамі, бяднютка аздобленыя кустом, дрэвам, каровай; а перад намі паказвалася і знікала фурманка з Каралем на козлах. Яна — у святочнай сукенцы, з паліто, белым ад пылу, накіненым на плечы — нявеста, што едзе да жаніха. Таму, раз’ятраны, я гукнуў пасля некалькіх уступных сказаў: — Віншую! Выйдзеце замуж, заснуяце сям’ю. Будуць дзеці! Яна адказала:

— У мяне будуць дзеці.

Яна адказала, але як! Паслухмяна, старанна — як вучаніца. Быццам нехта навучыў яе лекцыі. Быццам узглядам сваіх дзяцей яна стала паслухмяным дзіцём. Мы ехалі, конскія хвасты перад намі і конскія зады. Так! Яна хацела выйсці за гэтага адваката! Хацела з ім мець дзяцей! І казала гэта, калі там, перад намі, вымалёўваўся сілуэт недарослага каханка!

Мы прамінулі купу друзу, выкіненага на бок дарогі, і адразу пасля дзве акацыі.

— Спадарыня любіць Караля?

— Але... мы ж даўно знаёмыя...

— Ведаю. Змалку. Але, пытаюся, ці спадарыня нічога да яго не адчувае?

— Я? Вельмі яго люблю.

— Люблю? І толькі таго. Дык чаму спадарыня растаптала з ім чарвяка?

— Якога чарвяка?

— А калашына? Калашына, якую спадарыня падгарнула яму ля стальмашні?

— Якая калашына? Ах, ну так, у яго ж яны былі задоўгія. Ну дык што?

Асляпляльна гладкая сцяна хлусні, прамоўленай з добрай верай, хлусні, якая не адчувалася ёй як хлусня. Але як я мог дапамагацца ад яе праўды? Гэтае стварэнне, што сядзела побач, драбнейшае, больш чэзлае, менш выразнае, якое нават жанкой не было, а толькі ўступам да жанкі, гэтая часовасць, якая існавала для таго, каб перастаць быць, чым яна ёсць, якая сама сябе забівала.

— Караль кахае спадарыню!

— Ён? Ён не кахае ані мяне, анікога... Яму рымсціць толькі... ну, каб пераспаць... І тут яна сказала тое, што даставіла ёй прыемнасць, выразілася як належыцца: — Гэта ж шчанюк, і, да таго ж, вы ведаеце... ну, лепш не казаць! Гэта была, відавочна, алюзія на не надта празрыстую мінуўшчыну Караля, але, нягледзячы на ўсё, здавалася, што я таксама ўлоўліваю зычлівую нотку — у гэтым як бы крылася адценне «арганічнай» сімпатыі, троху сяброўскай, не, яна не сказала гэта з агідай, а хутчэй гэта было як бы ёй прыемна да пэўнай ступені... і нават неяк інтымна... Выглядала, быццам нявеста Вацлава сурова асуджае Караля, але, адначасна, яднаецца з ім у гэтым бурлівым наканаванні, супольным для іх ўсіх, народжаных пад знакам вайны. Я адразу ўчапіўся за гэта і ўдарыў па клавішы гэтай інтымнасці, кінуў ёй нядбала і па-сяброўску, што, відаць, і яна не аднаго зазнала і, напэўна, не святая, ну і магла з ім пераспаць, чаму не? Яна прыняла гэта гладка, нашмат гладчэй, чымся я спадзяваўся, і, бадай, нават з пэўным запалам, з дзіўным паслушэнствам. Яна згадзілася са мной адразу, што «натуральна, магла б», пагатоў, што ўжо гэтак сталася з адным акоўцам, які начаваў ў доме летась. «Натуральна, не кажэце бацькам». Чаму, аднак, дзяўчо так лёгка ўводзіла мяне ў свае справы? І гэта беспасярэдне пасля заручынаў з Вацлавам? Я спытаўся, ці бацькі ні аб чым не здагадваюцца (у сувязі з гэтым акоўцам), на што яна адказала: — Здагадваюцца, бо нават аднаго разу заспелі нас знянацку. Але практычна не здагадваюцца...

«Практычна» — геніяльнае слова. Усё можна сказаць пры яго дапамозе. Слова геніяльна зацямняльнае. Мы з’язджалі цяпер дарогай на Бжустову, сярод ліпаў — сонечны цень, коні прытаміліся, шоры насоўваюцца ім на каркі, пясок рыпіць пад коламі.

— Добра! Ну так! Але чаму? Калі з гэным з АК, то чаму не з гэтым?

— Не.

Лёгкасць, з якой жанкі кажуць «не». Гэтая здольнасць адмовы. Гэтае «не», якое ў іх заўсёды напагатове — і калі яны знойдуць яго ў сабе, не чакай літасці. Але ... ці была яна закаханая ў Вацлава? Ці адсюль бралася гэтая стрыманасць? Я сказаў нешта накшталт таго, што для Вацлава гэта быў бы ўдар, каб жа ён даведаўся аб ейнай «мінуўшчыне» — ён, які шануе яе і да таго ж такі рэлігійны, з прынцыпамі. Я выказаў надзею, што гэтага яму ніколі не скажуць, так, валей, каб яго пашкадавалі... яго, які верыць у іхную поўную духоўную суладнасць... Яна перарвала мяне, абражаная. — А Ваша што думаеш? Што ўва мне няма маральнасці?

— Ён валодае каталіцкай маральнасцю.

— Я таксама. Я ж каталічка.

— Як гэта? Спадарыня прыймае тайны?

— Натуральна!

— Спадарыня верыць у Бога? Якраз так, па–каталіцку?

— Каб жа не верыла, не хадзіла б да споведзі і прычасця. І хай пан не думае! Мне прынцыпы майго будучага мужа вельмі адпавядаюць. А ягоная маці — гэта траха не мая маці. Пабачыце, што гэта за жонка! Для мяне гэта гонар, што я ўваходжу ў такую сям’ю, — і пасля хвіліны маўчання дадала, удараючы лейцамі коней: — Прынамсі, як выйду за яго, кіну гуляць.

Пясок. Дарога. Пад гару.

Грубасць апошніх словаў — дзеля чаго? «Кіну гуляць». Магла б выказацца далікатней. Але скіраванасць апошняй фразы была падвойнай. У ёй змяшчалася жаданне чысціні, годнасці — і адначасна гэта было нягодным, дэградавала ў самой фармулёўцы... і зноў падахвочвае... падахвочвае мяне... бо гэта зноў збліжала яе з Каралем. І яшчэ раз, як і раней з Каралем, мяне наведала міжвольнае знеахвочанне — што ад іх нельга нічога даведацца, паколькі ўсё, што яны кажуць, што думаюць, што адчуваюць, гэта толькі гульня юрлівасцяў, няспыннае дражненне сябе, распальванне нарцыстычнага замілавання сабой — і што яны першыя падаюць ахвярай свайго спакушальніцтва. Гэтае дзяўчо? Гэтае дзяўчо, якое было не чым іншым, як панявольваннем да сябе, прыцягненнем, адным вялікім упадабаннем, заўсёдным, гнуткім, мяккім, усёпаглынальным какецтвам — калі яно так сядзела поруч, у сваім плашчыку, са сваімі малымі, замалымі ручкамі. «Як выйду за яго, кіну гуляць». Гэта гучэла сурова і было спробай узяць сябе ў рукі — дзеля Вацлава, праз Вацлава — але ўяўляла сабой як інтымнае, так і спакуслівае прызнанне ўласнай слабасці. Значыцца, яна падахвочвала нават у цноце... але ўдалечыні перад намі павозка, што ўзбіраецца на груд, і на козлах, поплеч з фурманом, Караль... Караль... Караль... На козлах. На грудзе. Здалёк. Не ведаю, ці то паказваўся ён «здалёк», ці то паказваўся «на грудзе»... у гэтай сістэме, у гэтым «ладзе» Караля, у гэтым ягоным з’яўленні замыкалася нешта, раз’юшвала мяне, і, раз’юшаны, паказваючы на яго пальцам, я сказаў:

— Але спадарыня любіць з ім чарвякі таптаць!

— Што Ваша ўчапіўся за гэтага чарвяка? Ён прыдушыў, а я дадушыла.

— Паненка добра ведала, што чарвяк мучыцца!

— Што Ваша хочаш гэтым сказаць?

Ізноў нічога няведама. Яна сядзела побач са мной. Праз хвіліну мяне наведала думка, што трэба пакінуць гэта — спыніцца... Мая сітуацыя, гэтае занурэнне ў іхны эратызм — але ж гэта было немагчыма! Я павінен як найхутчэй заняцца нечым іншым, больш адпаведным — заняцца больш спаважнымі справамі! Ці было так цяжка вярнуцца да нармальнага, нагэтулькі добра вядомага мне стану, у якім зусім іншае падаецца цікавым і важным, а такія свавольствы з моладдзю становяцца нечым, годным пагарды? Але калі чалавек узбудзіўся, кахае сваё ўзбуджэнне, узбуджаецца ім, і ўсё, апрача гэтага, ужо для яго не жыццё? Паказваючы яшчэ раз на Караля пальцам, які кампраметаваў, я з націскам заявіў, прагнучы прыперці яе да сцяны, вырваць яе прызнанне:

— Спадарыня не існуе для сябе. Спадарыня існуе для некага. Але ў такім разе спадарыня існуе для яго. Спадарыня яму належыць!

— Я? Яму? Што ў Вашы ў галаве?

Рассмяялася. Гэты іхны трывушчы, несупынны смех — яе і яго — зацямняльны! Роспач.

Яна адштурхоўвала яго... смеючыся... Адштурхоўвала смехам. Гэты ейны смех быў кароткім, адразу скончыўся, быў ледзьве пазначэннем смеху — але ў гэтую кароткую часіну скрозь ейны смех я ўгледзеў ягоны смех. Тыя ж самыя смяшлівыя вусны і ў іх зубы. Гэта было «хораша»... на жаль, на жаль, гэта было «хораша». Яны абое былі «харошыя». Таму яна не хацела!

7.

Руда. Мы вылезлі ля ганку з абодвух калёсаў, з’явіўся Вацлаў і падбег да будучай жонкі, каб прывітаць на парозе свайго дому — і нас прымаў з прыязнай, вельмі спакойнай грэчнасцю.

У перадпакоі мы пацалавалі руку гаспадыні, ссохлай, дробнай, якая тхнула зёлкамі і лекамі — і старанна, рупліва паціскала нам пальцы. Дом быў запоўнены, учора неўспадзеўкі прыехала радзіна з–пад Львова, якую размясцілі на другім паверсе, у залі стаялі ложкі, служэбка бегала, дзеці бавіліся на падлозе сярод клункаў і валіз. Мы на гэта сказалі, што на ноч вернемся ў Павурную — але спадарыня Амэлія не хацела згаджацца і прасіла «не рабеце мне таго», бо ўсе неяк змесцяцца. Таксама іншыя падставы прамаўлялі за борздае вяртанне дадому, а менавіта: Вацлаў паінфармаваў нас, мужчын, што прыбылі таксама два чалавекі з АК з просьбай аб начлегу і што, як вынікала з іхных скупых намінак, рыхтуецца нейкая акцыя ў тутэйшым раёне. Усё гэта стварыла досыць нервовы настрой — але мы ўселіся ў фатэлях цемнаватай, шматаконнай залі, і распачалася размова, а спадарыня Амэлія ветла звярнулася да Фрыдэрыка і да мяне, пытаючыся пра нашыя лёсы і прыгоды. Ейная галава, надта старая і сухая, узносілася над шыяй як зорка, і напэўна гэта быў незвычайны чалавек, і ўвогуле паветра гэтага месца аказалася надзвычай моцным, не, гэтыя хваласпевы ў ейны гонар не былі перабольшаннем, мы мелі дачыненне не з багабойнай вясковай шляхцянкай у правінцыйным вымеры, а з асобай, атмасфера якой навязвалася з уладарнай сілай. Цяжка вызначыць, у чым гэта палягала. Падобная, як і ў Вацлава, але, відаць, глыбейшая пашана да чалавечай істоты. Грэчнасць, што вынікала з вытанчанага пачуцця вартасці. Далікатнасць, амаль адухоўленая, натхнёная, хаця і нязмернай простасці. І дзіўная сумленнасць. Гэта, аднак, было ў глыбіні надзвычай катэгарычным, тут панавала нейкая вышэйшая праўда, абсалютная, што адкідае які–любя сумнеў, і для нас, для мяне і, відаць, для Фрыдэрыка гэты дом з такой акрэсленай маральнасцю раптам стаў дзівосным адпачынкам, аазісам. Бо тут гаспадарыў метафізічны або бесцялесны прынцып, гаспадарыў, карацей кажучы, каталіцкі Бог, выбаўлены з цела і надта дастойны, каб ганяцца за Геняй з Каралем. Гэта было так, быццам рука разумнай маці дала нам плескача, мы закліканыя да парадку, і ўсё вярнулася на свае месцы. Геня з Каралем, Геня плюс Караль сталі тым, чым былі — звычайнай моладдзю — а Геня з Вацлавам набыла значэнне, але толькі з увагі на каханне і шлюб. А мы, сталыя, атрымалі абгрунтаванне нашай сталасці і знянацку сталі так моцна ім спавітымі, што гаворкі не магло быць аб нейкай пагрозе адгэнуль, знізу. Словам, паўтарылася тое «выцверазенне», якое Вацлаў прывёз нам з сабой у Павурную, але ў яшчэ большай ступені. Спыніўся гнятлівы ўціск маладых каленяў на нашыя грудзі.

Фрыдэрык аджыў. Выцягнуты з–пад іх праклятых гнятлівых ног, ён быццам паверыў у сябе — і ўздыхнуў з палёгкай — і адразу зазіхцеў усім сваім бляскам. Тое, што ён гаварыў, зусім не было бліскучым, а толькі звычайным і сказаным для таго, каб падтрымаць размову — аднак кожная драбяза набірала вагу, напоўненая яго асобай, яго перажываннем, яго свядомасцю. Самае звыклае слова, напрыклад, «акно», або «хлеб», або «дзякую» набывала зусім іншы смак у ягоных вуснах, якія так вельмі «ведалі, што гавораць». Ён сказаў, што «любіць дробныя прыемнасці», што таксама стала значным, хаця б як далікатнае замаскаванне значнасці. У найвышэйшай ступені стаў адчувальны яго своеасаблівы «модус», гэты спосаб быцця, які быў плодам яго развіцця і перажыванняў — гэта раптам стала прысутнае самым канкрэтным чынам — і, зрэшты, калі чалавек нешта значыць настолькі, наколькі значэння ён надае сабе сам, то ў дадзеным выпадку мы мелі дачыненні з волатам, з асілкам, бо цяжка было не здаць сабе справы, якой нечуванай з’явай ёсць ён у сваім уласным адчуванні — нечуванай не ў маштабе грамадскіх вартасцяў, а як быццё, экзістэнцыя. І гэтая яго адзіная веліч прымалася Вацлавам і ягонай маці з раскрытымі абдымкамі, быццам павага была для іх найвышэйшай спацехай. Нават Геня, галоўная–такі асоба ў гэтым доме, была адсунутая на задні план, і ўсё пачало кружляць вакол Фрыдэрыка.

— Хадзема, — гукнула Амэлія, — я пакажу Вашамосці відаль з тэрасы на раку, перш як пададуць абед.

Так ім паглынутая, што толькі да яго звярталася, забываючыся аб Гені, аб нас... мы выйшлі з ім на тэрасу, адкуль сапраўды глеба ажыўлена спадала на водную роўнядзь, ледзьве бачную і як бы мёртвую. Відаль была нядрэнная. Але Фрыдэрык міжволі вымавіў:

— Бочка.

І сумеўся... паколькі, заміж таго каб захапляцца краявідам, ён заўважыў нешта другараднае, як гэтая бочка, нічым не адметная, пакінутая пад дрэвам, на баку. Ён не ведаў, адкуль яна да яго прыблукала і не ведаў, як з яе выблытацца. А спадарыня Амэлія паўтарыла:

— Бочка.

Яна падтакнула яму ціха, але вельмі пранікнёна, як бы пацвярджаючы і згаджаючыся, у нейкім ахвотным і раптоўным паразуменні з ім — быццам нечужымі ёй былі такія выпадковыя ініцыяцыі ў нейкую выпадковую рэч, неспадзяванае засяроджанне на абы–якім прадмеце, што становіцца найважнейшым у сілу якраз гэтага засяроджання... о, гэтыя двое мелі шмат супольнага! Абедаць, апрача нас, прыйшла гэная сям’я ўцекачоў з дзецьмі — але гэткая колькасць людзей ля стала, гэтая таўханіна, і беганіна дзяцей, і імправізаваная ежа настройвалі на нядобры лад... пакутны быў гэты абед. І ўсцяж абсмоктвалі «сітуацыю», як агульную, у сувязі з нямецкім адступленнем, так і мясцовую, і я губляўся ў гэтай мове вясковых, тутэйшых гутарак, адрозных ад варшаўскіх, разумеў з пятага на дзесятае, але не пытаўся, не хацеў нічога пытацца, ведаў, што не варта, і, зрэшты, не было гэта апраўдана, нашто ж мне гэта, і так некалі даведаюся, у гэтым галасе я піў і толькі бачыў, што спадарыня Амэлія, нястомна загадваючы ўсім з вышыні сваёй ссохлай галоўкі, усцяж ставіцца да Фрыдэрыка з нейкай асаблівай чуйнасцю, з выключнай увагай, ба, з напружаннем — падавалася, яна закахалася ў яго... Каханне? Гэта была хутчэй тая ж самая магія яго невычэрпнай, здавалася б, свядомасці, што і я шматкроць дазнаваў. Так пранікнёна, так незваротна быў ён свядомы! І Амэлія, навостраная, безумоўна, не адной медытацыяй і не адным духоўным высілкам, адразу счула, з кім мае дачыненне. Нехта страшна сканцэнтраваны, каго нельга ні ашукаць, ні збіць з тропу — як бы ні стараліся — нехта неверагодна спаважны, у параўнанні з кім усе астатнія былі проста дзецьмі. Адкрыўшы Фрыдэрыка, яна адчайна зажадала ведаць, як гэты госць паставіцца да яе — ці прыме яе, ці адштурхне разам з праўдай, якую яна ў сабе выпеставала.

Яна здагадалася, што ён не быў вернікам — гэта адчувалася з пэўнай яе асцярожнасці, з дыстанцыі, якую яна захоўвала. Яна ведала, што паміж імі існуе гэтае прадонне, але, нягледзячы на гэта, якраз ад яго чакала прызнання і сцвярджэння. Тыя іншыя, з якімі яна дагэтуль сустракалася, былі вернікамі, але не сягалі дастаткова ў глыбіню — а гэты, не веруючы, быў, аднак, бяздонна глыбокі і загэтым не мог не прызнаць ейнай глыбіні, быў «канчатковы» і таму мусіў спасцігнуць яе канчатковасць — бо ж ён «ведаў», ён «разумеў» і «адчуваў». Амэліі заманулася выпрабаваць сваю канчатковасць на яго канчатковасці, я мяркую, што яна была, як правінцыйны артыст, які хоча свой твор упершыню паказаць знаўцы — але гэтым творам была яна сама, было ейнае жыццё, для якога яна дамагалася прызнання. Але, як гаварылася, яна не магла гэтага выказаць, праўдападобна, не змагла б наважыцца на гэта, нават каб жа атэізм не быў перашкодай. Тым не менш, прысутнасць гэтай чужой глыбіні абудзіла яе ўва ўсіх яе глыбінях, і яна старалася прынамсі напяццём і гатовасцю сваёй перадаць яму, наколькі яна зацікаўленая ў ім і што яна спадзяецца на яго.

Што да Фрыдэрыка, то ён паводзіў сябе, як заўсёды, бездакорна і з найвялікшым тактам. Аднак подласць, тая ж самая, як тады з матыкай, калі ён прызнаваўся ў паразе, пачала ў ім спакваля праяўляцца пад яе уплывам. Гэта была подласць бяссільнасці. Усё гэта вельмі нагадвала параванне, зразумела, духоўнае. Амэлія жадала, каб ён прызнаў калі не ейнага Бога, то ейную веру, а гэты чалавек не быў здольны да такога акту, засуджаны на вечнае тэрарызаванне таго, што ёсць, у холадзе сваім, не ўзгарачаны нічым — ён быў, якім быў — і толькі прыглядаўся да Амэліі, сцвярджаючы, што яна ёсць, якой ёсць. Што якраз у промнях яе цеплыні стала трупна бяссільным. І атэізм яго ўзрастаў пад уплывам яе тэізму, і яны ўжо былі ўблытаныя ў гэтую фатальную супярэчнасць. А цялеснасць яго таксама расла пад уздзеяннем ейнай адухоўленасці, і рука яго, напрыклад, стала вельмі, вельмі, вельмі рукой (што, не ведаю чаму, нагадвала мне гэнага чарвяка). Я таксама злавіў ягоны позірк, якім ён распранаў Амэлію, бы донжуан малую дзяўчынку, і які выразна цікавіўся, як яна можа выглядаць голай — не з нейкіх эратычных ухватак, безумоўна, а папросту, каб ведаць лепей, з кім размаўляеш. Пад гэтым позіркам яна скурчылася і раптам змоўкла — зразумела, што для яго яна ёсць толькі тым, чым яна ёсць для яго, нічым болей.

Гэта мела месца на тэрасе, ужо пасля абеду. Яна ўстала з фатэля і звярнулася да яго:

— Калі ласка, падайце мне руку. Трохі пройдземся.

Яна абапёрлася на яго плечы. Можа, такім чынам, фізічным сутыкненнем, яна хацела асвоіць яго з сабой і змагчы гэтую яго цялеснасць! Яны ішлі ўдваіх, адно ля аднаго, як пара каханкаў, а мы ўшасцярых крышку адзаду, як у свіце — але гэта сапраўды выглядала на раман, ці ж не так жа мы нядаўна суправаджалі Геню і Вацлава?

Раман, але трагічны. Мяркую, што па Амэліі прабегла непрыемная дрыжака, калі яна злавіла гэты яго распранальны позірк — бо ніхто і ніколі так да яе не ставіўся, бо пашана і любоў абкружэння былі ейнай доляй з найменшых год. Што ж ён ведаў, і якой была гэтая ягоная веда — каб магчы так яе трактаваць? Яна была абсалютна ўпэўненая, што добрасумленнасць ейнага духоўнага высілку, які прынёс ёй сімпатыю людзей, не можа быць пастаўлена пад сумнеў, таму што яна ў сутнасці не дбала аб сабе, дбала аб свеце — і вось тут ейнаму бачанню свету стала супрацьстаяць іншае бачанне, не менш спаважнае, дыктаванае таксама нейкім выхадам на апошнія пазіцыі...

Гэтыя два аўтарытэты крочылі побач, пад руку, па разложыстым поплаве, а сонца ўжо зніжалася і большала, чырванела, ад нас струмяніліся доўгія цені. Геня ішла з Вацлавам. Гіпаліт з Марыяй. Я збоку. І Караль. Гэная пара перад намі, заглыбленая ў свой дыялог. Але дыялог нічога не выражаў. Размаўлялі аб... Венецыі.

У пэўны момант яна супынілася.

— Калі ласка, зірнеце наўкола. Як хораша!

Ён адказаў:

— Так, няма сумневу. Вельмі хораша.

Сказана, каб яе падтрымаць.

Яна здрыганулася ў нейкай раптоўнай нецярплівасці. Адказ быў неістотны — каб унікнуць сапраўднага адказу — хоць надзелены стараннем і нават пачуццём — але пачуццём актора. А яна дамагалася неўдаванага захаплення ад вечару, які ёсць творам Божым, і хацела, каб ён палюбіў Творцу, прынамсі, у ягоным тварэннні. Ейная чысціня ўвасобілася ў гэтым жаданні.

— Але, калі ласка, сапраўды пагляньце, сапраўды скажэце. Праўда, ці ж гэта не хораша?

Гэтым разам, закліканы да парадку, ён засяродзіўся, выразна натужыўся і гукнуў найшчырэй як мог, нават з пэўным узрушэннем.

— Але ж вельмі, бяспярэчна хораша, так, чароўна!

Яна не магла мець прэтэнзіяў. Відаць было, што ён намагаецца яе здаволіць. Але гэтая ягоная фатальная ўласцівасць: калі ён нешта казаў, здавалася, што ён кажа, каб не сказаць нечага іншага... Што? Амэлія наважыла згуляць у адкрытыя карты і, не рухаючыся з месца, сцвердзіла:

— А Ваша атэіст.

Перш як выказацца ў такой далікатнай матэрыі, ён кінуў погляд направа і налева, быццам праваяраючы свет. Гукнуў... таму, што мусіў, што не меў сказаць нічога іншага, што гэты адказ быў ужо прадыктаваны пытаннем.

— Я атэіст.

Але зноў гаварыў, каб не сказаць нечага іншага! Гэта адчувалася! Яна змоўкла, быццам у яе забралі магчымасць палемікі. Каб жа ён сапраўды не быў вернікам, яна магла б з ім змагацца і тады б праявілася ўся найглыбейшая «канчатковасць» уласнай праўды, га, яна змагалася б з ім, як роўны з роўным. Але яму словы служылі толькі, каб стаіць... нешта іншае. Што? Што? Калі ён быў ні веруючым, ні няверуючым, то кім жа ён быў? Адкрываўся разлог неакрэсленага, гэтай дзіўнай «іншасці», у якой яна гублялася, прыгаломшаная і выключаная з гульні.

Яна накіравалася дадому, і мы ўсе за ёй, кідаючы кіламетровыя цені, якія, сцелячыся па поплаве, дасягалі невядомых нам далёкіх месцаў недзе на ўскрайку ржышча. Цудоўны вечар. Яна была — я б пакляўся — што называецца, у страху і йшла, ужо не зважаючы на Фрыдэрыка, які, аднак, пачціва яе суправаджаў — як цюцька. Выключаная з гульні... падобная да таго, у каго выбілі зброю з рукі. Ніхто не атакаваў ейнай веры — не патрабавалася яе бараніць — Бог станавіўся лішнім перад абліччам атэізму, што быў толькі шыльдай — і яна апынулася адна, без Бога, пакінутая толькі сабе перад гэным быццём, абапёртым на нейкім невядомым прынцыпе, што не ўлоўліваўся ёю. І якраз гэта — што не ўлоўліваўся — было для яе кампраметацыяй. Гэта паказвала, што на роўнай дарозе ў каталіцкага духу можа здарыцца сустрэча з тым, чаго ён не знае, чаго не прадбачыў, чым не авалодаў. Раптам яна была невядомым сабе чынам схоплена кімсьці — і стала для сябе самой нечым няўцямным у Фрыдэрыку!

На гэтым поплаве, гэным вечарам, шпацыр наш расцягнуўся, як змяя. Недзе за намі, наўскасяк, з левага боку, ішла Геня з Вацлавам, абодва вельмі грэчныя, цывілізаваныя, аточаныя сваімі радзінамі, ён — сын сваёй маці, яна — дачка сваіх бацькоў; і цела адваката не чулася блага з шаснаццацігадовай дзяўчынай, маючы ля сябе ў суме дзвюх маці і бацьку. А Караль ішоў адзін, збоку, з рукамі ў кішэнях, нудзіўся, а можа нават не нудзіўся, і толькі перастаўляў ногі па той жа траве, левую, потым правую, потым левую, потым правую, потым левую, потым правую, потым левую ў прасторава–поплаўна–зялёным абібоцтве, пры сонцы, якое зніжалася, заходзіла і прыгравала, калі халадзіў ветрык — і так перастаўляў і перастаўляў ногі то тут, то там, і часам марудзіў, часам прыспешваў крок, і наканец зраўнаўся з Фрыдэрыкам (які ішоў са спадарыняй Амэліяй). І нейкі час яны ішлі поруч. Караль азваўся:

— Няхай бы Ваша даў мне стары пінжак.

— Нашто табе?

— Трэба. На гандаль.

— Што з таго, што трэба?

— Трэба! — нахабна паўтарыў Караль, смеючыся.

— Дык купі сабе, — адцяў Фрыдэрык.

— У мяне няма грошай.

— У мяне таксама няма.

— Няхай бы Ваша даў мне пінжак!

Спадарыня Амэлія паскорыла крок — Фрыдэрык таксама — і Караль таксама.

— Няхай бы Ваша даў мне пінжак!

— Няхай бы Ваша даў яму пінжак!

Гэта была Геня. Далучылася. Жаніх застаўся троху далей. Яна ішла з Каралем, голас яе, рухі, такія ж, як у яго.

— Няхай бы вы далі яму пінжак!

— Няхай бы вы далі мне пінжак!

Фрыдэрык спыніўся, узнёс камічна рукі ўгару: — Дайце мне жыць, дзеці! — Амэлія адыходзіла ўсё хутчэй, не азірнуўшыся на іх, у выніку чаго выглядала, як пераследаваная. Сапраўды — чаму яна ні разу не азірнулася, гэтая памылка прывяла да таго, што цяпер яна як бы ўцякала ад непаўналетняй блазноты (тым часам як ейны сын заставаўся на заднім плане). Але пытанне, ад каго яна ўцякала: ад іх ці ад яго, Фрыдэрыка? Ці таксама ад яго з імі? Не падавалася верагодным, каб яна пранюхала нешта са штучак, адбываных паміж непаўналетнімі, не, у гэта яна не сунула носа, і занадта яны былі для яе другараднымі — бо Геня мела значэнне для яе толькі з Вацлавам, як будучая жонка, але Геня з Каралем былі дзеці, была моладзь. Калі яна і ўцякала, то ад Фрыдэрыка, ад фамільярнасці, якую сабе дазваляў з ім Караль — для яе неспасцігальнай — якая нарадзілася знячэўку тут, побач з ёй, якая цэліла ў яе... бо гэты мужчына, пры ўдзеле дзецюка, нявечыў і бяёдаў з ім павагу, якую ён быў стварыў у сабе для яе... А гэтая фамільярнасць была ўзмоцненая голасам нявесты сына! І ўцёкі Амэліі былі прызнаннем, што яна гэта заўважыла, прыняла да ведама!

Калі яна аддалілася, гэтыя двое перасталі ціснуць на Фрыдэрыка з пінжаком. Таму, што яна аддалілася? Ці таму, што вычарпалася іхная жартаўлівасць? Не трэба дадаваць, што Фрыдэрык, хоць і ўзрушаны гэтым маладым нападам і з выглядам таго, хто ледзь уцёк ад зграі ў прадмесці ночнай парою, ужываў найвялікшыя сродкі асцярожнасці, каб выпадкова не наклікаць нейкай бяды, той бяды, якой ён не знаў і якой заўсёды так баяўся. Ён адразу, далучыўшыся да Гіпаліта з Марыяй, паспрабаваў «загаварыць» гэтае непаразуменне, і нават паклікаў Вацлава, каб і з ім аддацца звычнай, распружвальнай размове. І рэшту вечару быў ціхмяным, не пазіраў нават на іх, на Геню з Каралем, на Караля з Геняй, і імкнуўся распружыцца і супакоіцца. Безумоўна, ён лякаўся гэнага абуджэння глыбіні, якое спрычыніла ў ім Амэлія. Лякаўся гэтага акурат у камбінацыі з плыткай і маладой лёгкасцю, легкадумнасцю, адчуваў, што гэтыя два вымеры не могуць суіснаваць, і таму баяўся распірання і ўварвання... чаго? Чаго? Так, так, гэтай выбуховай сумесі баяўся ён, гэтага А (г.зн. «Амэлія»), памножанага на (Г+К). Таму вушы за сябе, хвост пад сябе, ціха, ся! І нават пасунуўся так далёка, што падчас вячэры (якая адбылася ў сямейным коле; бо ўцекачам з–пад Львова ежа была пададзеная наверх) выступіў з тостам у гонар заручаных, зычачы ад шчырага сэрца ўсяго найлепшага. Цяжка ўявіць большую памыснасць. На жаль, тут таксама даў знаць аб сабе той механізм, дзякуючы якому Фрыдэрык меў завядзёнку тым больш угрузаць, чым больш ён выкараскваўся — але ў гэтым выпадку гэта было асабліва імпэтным, нават драматычным чынам. Ужо само з’яўленне, раптоўнае ўсплыццё ягонай асобы спасярод нас, што сядзелі, выклікала непажаданы пярэпалах, а спадарыня Марыя не здолела ўстрымацца ад нервовага «ах» — бо невядома было, што ён скажа, што можа сказаць. Аднак першыя сказы прагучэлі супакойліва, былі традыцыйнымі, запраўленымі гумарам — размахваючы сурвэткай, ён падзякаваў, што яго, старога кавалера, пацешылі такімі прыўкраснымі заручынамі, і ў некалькіх абцякальных выразах сімпатычна ахарактарызаваў заручаных... і толькі ў меру разгортвання прамовы за тым, што ён казаў, пачало нарастаць тое, чаго ён не казаў, ах, вечна тая ж самая гісторыя!.. І, нарэшце, на жах самога прамоўцы, аказалася, што гэтая гамана служыць толькі для таго, каб адцягнуць нашу ўвагу ад сапраўднай размовы, маўклівай, без словаў, якая выражае тое, чаго словы ўвабраць не маглі. Праз пачцівыя фразы пракідалася сама яго існасць, нішто не магло затушаваць гэтага твару, гэтых вачэй, што выражалі нейкі няўмольны факт — і ён, адчуваючы, што становіцца страшным і таму небяспечным для самога сябе, на галаву ўставаў, каб быць прыемным, і вёў замірэнчую рыторыку ў архімаральным, архікаталіцкім духу аб «сям’і як каморцы грамадства» і аб «шанаванні традыцыяў». А ўвадначас біў у твар Амэліі і ўсім сваім тварам, пазбытым ілюзіяў і няўмольна прысутным. Сіла гэтай «прамовы» насамрэч была нечуванай. Найбольш разбуральны выступ, які мне здаралася чуць. І відаць было, што сіла, гэтая ўскосная, гэтая апасродкаваная, нясе прамоўцу, як конь!

Ён закончыў, зычачы шчасця. Сказаў нешта накшталт:

— Таму, шаноўнае спадарства, яны заслугуюць шчасця і будуць шчаслівыя.

Што азначала:

— Кажу, каб казаць.

Спадарыня Амэлія хутчэй гукнула:

— Мы вельмі, вельмі ўдзячныя!

Стукат чарак прытупіў агіду, Амэлія, надзвычай ветлая, засяродзілася на сваіх абавязках гаспадыні: можа, нехта хоча яшчэ мяса, можа, гарэлкі... Усе пачалі гаварыць, папросту, каб пачуць уласны голас, і ў гаворцы зрабілася ямчэй. Падалі сырнік. Напрыканцы вячэры спадарыня Амэлія ўстала і пайшла да судніка, мы, ужо разагрэтыя гарэлкай, дасціпнічалі, апавядаючы спадарычне, што і як спажывалася пры падобных аказіях перад вайной і якія ласункі яе абмінулі. Караль смяяўся пачціва і шчыра, падсоўваючы чарку. Я заўважыў, што Амэлія, якая вярнулася з судніка, усселася на сваё крэсла неяк дзіўна — стала побач і праз хвіліну, як па загадзе, села — але я не здужаў над гэтым задумацца, як з крэсла яна ўпала на зямлю. Усе ўскочылі. Мы ўбачылі на падлозе чырвоную пляму. З кухні пачуўся жаночы віскат, а пасля грымнуў стрэл за вокнамі, і нехта, бадай, Гіпаліт, кінуў пінжак на лямпу. Цёмна, і зноў стрэл. Ліхаманкава зачыняюць дзверы, Амэлію пераносяць на канапу, гарачкавыя рухі у цямрэчы... а тут пінжак на лямпе пачаў тлець, затапталі, неяк раптоўна супакоілася і аціхла, наступіла прыслухоўванне, і мне Вацлаў уручыў дубальтоўку і падпіхнуў да акна ў суседнім пакоі: пільнуй, Ваша! Я ўбачыў ціхую месяцовую ноч у садзе, і напаўзасохлы ліст на галінцы, якая заглядала ў акно, штохвіліну выварочваўся срэбным брушкам. Я сціскаў стрэльбу і зважаў, ці не прамільгне нехта, адгэнуль, з месца, дзе пачынаецца вогласць сплеценых камлёў. Але толькі ў зарасніку зварухнуўся верабей. А ўрэшце грукнулі нейкія дзверы, нехта гучна аказаўся, зноў нешта прамовілі, і я зразумеў, што паніка прайшла.

Спадарыня Марыя з’явілася ля мяне. — Ці спадар абазнаны ў медыцыне? Хадзема. Яна памірае. Нажом вытнулі... Ці Ваша абазнаны ў медыцыне?

Амэлія ляжала на канапе, галавой на падушцы, а ў пакоі было поўна — гэтая сям’я ўцекачоў, прыслуга... Знерухомленасць гэтых людзей уразіла мяне, ад іх веяла імпатэнцыяй... гэткай, якая часта з’яўлялася ў Фрыдэрыка... Яны адступілі ад яе і пакінулі яе, каб яна сама разабралася са сваім сконам. Яны ўжо толькі асіставалі. Профіль яе тырчэў нерухома, як скальны мыс, а паблізу Вацлаў, Фрыдэрык, Гіпаліт — стоячы... Ці доўга яна будзе паміраць? На падлозе — мядніца з ватай і крывёй. Але цела Амэліі не было адзіным целам, што ляжала ў гэтым пакоі, і там, на падлозе, у куце, ляжала іншае... і я не ведаў, што гэта, скуль яно ўзялося, не мог, зрэшты, распазнаць, хто там ляжыць, і заразом перажыў цьмянае ўражанне, што гэта эратычна... што нешта эратычнае прыпляталася... Караль? Дзе быў Караль? Абапіраючыся рукой аб крэсла, ён стаяў, як усе, а Геня уклякнула, з рукамі на фатэлі. І ўсе былі звернутыя ў бок Амэліі да такой ступені, што я не мог бліжэй разгледзець гэнае цела, нечаканае і непрадбачанае. Ніхто не рухаўся. Але прыглядаліся да яе з напружаннем, і чыталася ў іх пытанне, як яна памрэ — таму што ад яе належала чакаць больш годнай смерці за звычайную смерць, і на гэта спадзяваўся і ейны сын, і Гіпаліт з жонкай, і Геня, і нават Фрыдэрык, які не спушчаў з яе вачэй. Парадаксальна, бо яны дамагаліся ўчынку ад асобы, няздольнай рухацца, застыглай у нямогласці, але яна была адзінай пакліканай тут дзеяць. Яна ведала аб гэтым. Раптам жонка Гіпаліта выбегла і вярнулася з крыжам, і гэта было як заклік да дзеяння ў адрас канаючай, і ў нас спаў з сэрца цяжар чакання — цяпер мы ўжо ведалі, што зараз пачнецца. Спадарыня Марыя з крыжам у руцэ стала край канапы.

Тады адбылося нешта гэткае скандальнае, што, нягледзячы на ўсю сваю вытанчанасць, выглядала б... Амэлія, ледзве датыкнуўшыся позіркам да крыжа, скіравала вочы ў бок Фрыдэрыка і злучылася з ім поглядам — і гэта было неверагодна, нікому б да галавы не прыйшла магчымасць таго, што так будзе абмінуты крыж, які ў руках спадарыні Марыі стаў непатрэбным — і якраз гэтае абмінанне надало позірку Амэліі, утаропленаму ў Фрыдэрыка, гэтулькі вагі. Яна не спушчала з яго вачэй. Няшчасны Фрыдэрык, праняты перадсмяротным і таму небяспечным позіркам, здранцвеў і, бледы, стаў амаль як на «зважай» — яны паглядалі адно на аднаго. Спадарыня Марыя і надалей трымала крыж, але мінуты міналіся, і ён заставаўся нявыкарыстаным — гэтае журботнае, беспрацоўнае распяцце. Ці ж не таму для гэтай святой, у часіну смерці, Фрыдэрык стаў важнейшым за Хрыста. Ці сапраўды яна была закаханая ў яго? Але гэта не была любосць, тут ход пра нешта яшчэ больш асабістае, гэтая жанка бачыла ў ім суддзю — яна не магла замірыцца з тым, што памрэ, не пераканаўшы яго ў сабе, не выказаўшыся, што яна не менш за яго «канчатковая», гэткая ж фундаментальная, асновасяжная як з’ява, не менш важная. Настолькі яна лічылася з яго думкай. Аднак тое, што не да Хрыста яна звярталася па гэтае прызнанне і зацвярджэнне сваёй экзістэнцыі, а да яго, да смяротнага, дарма што адоранага незвычайнай свядомасцю, было дзіўнай для яе гарэзіяй, адмаўленнем ад абсалюту на карысць жыцця, прызнаннем, што не Бог, а чалавек мае быць суддзём чалавека. Тады, можа, я не разумеў гэтага так ясна, і ўсё ж дрыжака прабегла па мне ад гэтага яе судакранання позіркам з чалавечай істотай, тым часам як Бог у руках Марыі быў папросту незаўважаны.

Паміранне яе, якое фактычна зусім не пасоўвалася наперад, пад ціскам нашай прысутнасці і чакання з кожнай хвілінай станавілася больш напятым — гэта мы пагружаліся ў не наша напяццё. І я досыць добра знаў Фрыдэрыка, каб баяцца, што, стоячы перад чалавечай смерцю, нечым нагэтулькі адмысловым, ён можа не вытрымаць і ўчыніць нейкую недарэчнасць... Але ён стаяў, як на «зважай», як у касцёле, і адзінае, што можна было яму закінуць, гэта тое, што пэўны час і міжволі вочы яго ўхіналіся Амэліі, каб сягчы ўглыбкі пакою, там, дзе ляжала гэтае другое цела, для мяне таямнічае, якога, зрэшты, я не мог добра пабачыць са свайго месца; але Фрыдэрыкава ўсё больш частае лыпанне вачыма прывяло да таго, што ўрэшце я наважыў гэта пабачыць... і наблізіўся да гэнага кута. Якой жа была мая жуда ці, калі інакш, усхваляванне, калі я ўгледзеў (дзецюка), ладнасць якога была паўтарэннем ладнасці (Караля), які ляжаў і быў жывы і, больш за тое, быў увасабленнем залатога прыгаства бялявасці з цёмнымі і велізманнымі вачыма, а цёмнасць яго і гнуткасць патанала ў дзікасці скурчаных на падлозе рук і босых ног!

Дзікі, драпежны бландынчык, босы, з вёскі, але ўвесь як подых чароўнасці — пышны брудны бажок, які гуляў тут на падлозе сваімі даўкімі спакусамі. Гэтае цела? Гэтае цела? Што азначала гэтае цела тут? Чаму яно ляжала? І так... гэта было паўтарэнне Караля, але на некалькі танальнасцяў ніжэй... і раптам у пакоі маладосць узрасла не толькі колькасна (бо адна рэч двое, а другая трое), але ў самой сваёй якасці стала іншай, дзічэйшай і ніжэйшай. І адразу, быццам шляхам адлюстравання, ажыло цела Караля, падужэлае, узмагутненае, а Геня, хоць пабожная і на каленях, блішчэла ўсёй сваёй беллю ў сферы грэшных і таемных паразуменняў з гэтымі двума. Адначасна скон Амэліі быў спрафанаваны, стаў нейкім падазроным — што ж лучыла яе з гэтым вясковым красунчыкам, чаму гэны (дзяцюк) прыблукаў да яе ў часіну смерці? Я сцяміў, што гэтая смерць адбываецца ў двухзначных акалічнасцях, нашмат больш двухзначных, чымся магло б здавацца...

Фрыдэрык, які, забыўшыся, паклаў руку ў кішэню, адразу яе выняў і апусціў рукі па швох.

Вацлаў стаў на калена.

Спадарыня Марыя нястомна трымала крыж, паколькі нічога іншага не магла зрабіць — адкласці яго было немагчыма.

Палец Амэліі ўздрыгануўся і ўзняўся, і пачаў ківаць... ківаў і ківаў... на Фрыдэрыка, які падыходзіў паціху і асцярожна. Яна кіўнула яшчэ на яго галаву, пакуль ён не нахінуўся над ёй, а тады неўспадзеўкі голасна гукнула:

— Калі, ласка, не адыходзь. Ваша пабачыш. Я хачу, каб Ваша бачыў. Усё. Да канца.

Фрыдэрык пакланіўся і адступіў.

Адно тады яна ўзорылася на крыж і, відаць, малілася, мяркуючы з дрыготкі, якая часам з’яўлялася на ейных вуснах — і, наканец, быў, як і павінна быць, крыж, ейная малітва, наша ўвага — і доўжылася гэта нязмерна доўга; і прамінанне часу было адзінай мерай палымянасці гэтых малітваў, якія не канчаліся, не маглі адарвацца ад крыжа. І гэтая нерухомая, блізу ўжо мёртвая, і ўсё ж віброўная канцэнтрацыя, узрастаючы ў часе, асвятляла яе; тым часам як Вацлаў, Гіпаліт з жонкай, Геня, прыслуга суправаджалі яе на каленях. Фрыдэрык таксама ўклякнуў. Але дарма. Бо дарма што яна была так засяроджана на крыжы, захоўвала моц ейнае жаданне, каб ён гэта бачыў. Нашто ёй гэта было? Каб навярнуць яго апошнім перадсмяротным намаганнем? Каб паказаць яму, як паміраюць па–каталіцку? Нечага яна хацела, Фрыдэрык, а не Хрыстос, быў тут апошняй інстанцыяй, калі яна малілася да Хрыста, то і для Фрыдэрыка, і не памагло, што ён упаў на калені, гэта ён, а не Хрыстос, станавіўся найвышэйшым суддзём і Богам, паколькі дзеля яго дзеялася гэтае кананне. Што ж за клапатлівая сітуацыя — і не дзівіла мяне, што ён схаваў твар у руках. Тым больш, што міналіся мінуты, і мы ведалі, што з кожнай мінутай меншае яе жыццё — але яна працягвала малітву якраз для таго, каб напружыцца, як струна, канчаткова. І зноў высунуўся ейны палец і пачаў ківаць, гэтым разам на сына. Вацлаў падышоў, абдымаючы Геню. Палец скіраваўся наўпрост на іх, і яна гукнула з паспехам:

— Прысягнеце мне зараз, цяпер... Каханне і вернасць. Хутчэй.

Яны схілілі галовы да ейных рук. Геня расплакалася. Але ўжо палец зноў узняўся і кіўнуў, цяпер у тым кірунку — дзе кут, дзе ў куце ляжаў... Пачуўся рух. Яго паднеслі — і я ўбачыў, што ён паранены ў сцягно, здаецца — паклалі яго перад ёй. Яна паварушыла вуснамі, і я падумаў, што нарэшце даведаюся, нашто, чаму ён тут з ёй, гэты (малады) і таксама акрываўлены, што паміж імі... Але знячэўку яна захлынулася раз, другі і збялела. Спадарыня Марыя ўзнесла крыж. Спадарыня Амэлія ўзорылася вачыма ў Фрыдэрыка і памерла.

Опубликовано 27 сентября 2004 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1096278449 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА Парнаграфія (Частка першая)

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network