публикация №1096278184, версия для печати

Лялечка – балетніца – каралева – сплетніца


Дата публикации: 27 сентября 2004
Публикатор: maskaev (номер депонирования: BY-1096278184)
Рубрика: БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА РАЗНОЕ


АВТОР: Ева Вежнавец

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №3 1999 ГОД


Ева Вежнавец — менская пісьменьніца. Яе апавяданьне “Мы два хохлікі” ў 1998 годзе друкавалася ў першым нумары часопісу ARCHE і стала празаічным адкрыцьцём году.

Мачанка

Ветрык вее, насеньне сее,
што за насеньне ветрык сее?

1943 год, 23 траўня. Сьвет цесны, і ў ім варочаецца навальніца. Яна прачынаецца. Неба насунулася на зямлю, макраватае зялёнае гольле запляло прастору. Немцы паляць вёскі Задоўба, Пераходы, Фадзееўку, Жылін Брод, Беразінец, Адамоў, Краснае, Пярэвалаку, Дудкаўку, Палікараўку і Крушнік. Сырое гарыць кепска. Але немцам ня церпіцца. Іх дадзелі партызаны атрадаў “Овад” і “Фрунзэ”. Усе рускія, скінутыя парашутам. Цяпер овад і фрунзэ назіраюць зь лесу.

На ўскраіне Адамова мітусіцца дзяўчына. Гэта Стэфа. Яна хоча ўратавацца. На ёй ужо тлее адзеньне. Па вуліцы бегаюць немцы, усіх забіваюць і кідаюць у хаты. Чацьвёра хлопчыкаў Анціка Вечара ляжаць гуртком у Стэфы на дарозе. Схавацца пад целамі? Не. Спаляць. Паміж хлявамі Цьвіркі й Зелькі зробленае перакрыцьцё з жэрдзя й картафляніку, атрымаўся катушок, на дне якога тарфяная лужына. Стэфка падае туды і ляжыць. Неўзабаве загарэўся і Зелькаў хлеў; страшна зараўла карова і, высадзіўшы дзьверы, паляцела ў поле, грозная, як бык. За ёй, страляючы, бяжыць немец. Вагонь тым часам падбіраецца да Стэфкі.

Яна роспачна азіраецца і бачыць, што недалёка па ўтравелай сьцяжынцы марудна сунецца кабета з кубкам у руках. “Добра хоць, што й ты згарыш!” — радуецца Стэфа, пазнаўшы ведзьму Мачанку, што загубіла паўсяла. Аднак немцы Мачанкі ня бачаць. Яна кіруецца да шула, што ацалела ад Цьвірка–Зелькавага памежжа, ставіць на шула кубак. Вада, плескануўшы з кубка, паўзе па стрэсканым дрэве. Агонь сьціхае, ва ўсіх 11 вёсках сьціхае агонь. Аднак Стэфа Змушка ляжыць у лужыне да вечара.

Чатыры дні пазьней, бадзяючыся ў лесе, яна знайшла павешанага тутэйшымі Стася Вялічку, партызанскага сувязнога. Ён вісеў на абпаленым дрэве, нахіліўшы спакойны авальны твар. Ён адзіны заплаціў за сьмерць 11 вёсак. Стэфа знайшла і параненую Зелькаву карову, адкапала на сваім папялішчы куфар зерня, зерне ссыпала, у куфар пазьбірала парэшткі мачыхі й сясьцёр, зноў закапала на гародзе. Ужо трыццаць год яна жыве на тым самым селішчы, мае дзьвюх дачок. У хляве вядуцца нашчадкі Зелькавай каровы, на шуле ля весьніц заўжды стаіць кубак з вадою, на сьценах хаты плазуюць і бязгучна змагаюцца блюшч зь дзеразою. Ад іх зялёнае крыві вільгатнеюць сьцены. Стэфа верыць, што вада зь дзеразою ратуюць ад агню. Хата абароненая абыякавасьцю знутры, сырасьцю звонку. “Што згніе, то не згарыць”, — думае Тэрэза, унучка Стэфы. Тэрэза нарадзілася ў 1973 годзе. Каталіцкія імёны ў сям’і — адзінае, што засталося ад звычаяў. У касьцёл Тэрэзу ніхто не насіў. На пялюшках не вар’яцелі. У доме кіраваліся прынцыпам “абы ніхто не памёр”. Тэрэза заўважала, што і бацька, і маці, і бабка запабягаюць словаў “мы” і “сям’я”.

Калі Тэрэзе было два месяцы, Мачанка зноў прыйшла. Тэрэза ляжала ў начоўках на грубцы, за сьцяною гудзелі запоіны яе цёткі. Стэфка пайшла па нешта ў кухню й пабачыла, што ля грубкі стаіць Мачанка. “Баба цукерак дала малой”, — сказала суседзкая дзяўчынка, што круцілася тут жа. Стэфа ўзяла карамельку зь дзіцячай лапкі й разгарнула. Унутры быў драўляны цурбалачак, груба сьцёсаны чалавечак, абкручаны чорнай ніткаю. “Ідзі адсюль, баба”, — сказала яна і кінула пацурбалак у агонь. Мачанка пайшла, валочачы цяжкія спадніцы. Ніхто яе не папракаў. Баяліся зь ёю размаўляць. Дый празь некаторы час яна памерла.

Тэрэза падрастала некампанейскай і хмурай. Зь дзяцінства не залюбіла вяскоўцаў. Працаваць адмовілася раз і назаўжды. Хатнія асаблівага наезду не рабілі. Маці была фэльчаркаю і прападала ў больнічцы. Бацька працаваў абходчыкам, гібеў на паляваньні і рыбе, прыходзіў уначы, а зьнікаў нараніцу. Рыба, аер і зялёныя сеткі валяліся ў сенцах мокрай купай. Бацькавым захапленьнем былі балотныя птушкі, ён назіраў за імі, прыносіў дадому яйкі, пярынкі, старыя гнёзды. Кар’еру рабіць адмовіўся, хаця яго й адпраўлялі ў лесатэхнікум. Бацька лятаў нізка, як шлёмка, і ўсё прыглядаўся да зямлі.

Тэрэза, наадварот, баялася лесу, поля, ракі, пелькі ў канцы гарода. Яны былі жывыя і пагражалі. Потым гэты страх зьнік за дзень, калі маці загадала ёй нарэзаць жаўтазелю сьвіням. Тэрэза заблудзіла і блукала па палёх, як сабака. Здавалася, Мачанка гаварыла зь ёй. Той сьвірняковы вецер, што лётаў па загуменьні, насіў кастрыцу і пыл, грыз крысьсе ў кашуль і варочаўся ў наўлечках, тут шалёстаў у травах і складаўся ў цьмяныя хуткасловы. Тэрэза хадзіла, як бацька, угнуўшы голаў і прыглядаючыся да зямлі. Балотным старасьценам пазначана, дзе стаяў хутар, жывакостам — дзе былі акопы, скочкамі — пралітая кроў. Шашок пабег полем з курынаю галавой у зубах. У кустах кырхаў алень, празь некалькі гадзінаў туды шусьне круччо. Увесь дзень сьмерць стаяла, кружляла за дрэвамі, у хмызьняку, пільнавала Тэрэзы. Гэта была не людзкая сьмерць, а дробная, для жывёлаў, і Тэрэза яе не баялася. У гэты дзень яна навучалася стрыманасьці і пакоры. Яна спасьцігла ісьціну, што чалавек шчасьлівы адзін.

***

Празь некалькі год шкурлат хвоснуўся ў комін і ўпаў у хату, і памерла Стэфа, а Тэрэза разьвіталася з бацькамі і паехала ў Белае Места Менск.

Ванда Калістовіч

На трэйцім курсе славянскай філялёгіі Тэрэза сыйшлася з Вандай Калістовіч, дачкой грашавітага кампазытара. Скончыўшы ўнівэрсытэт, яны разам вырашылі ўцякаць. Такія пляны яны снавалі ў Ванды на лецішчы вечарамі.

Вось дзьве цыгаркі гараць у поцемках. Цвыркун заводзіць сваю песьню. Ванда, зацягваючыся, назірае, як матка на тэрасе закатвае агуркі з асьпірынам.

— За трыццаць год, што жыве за бацькам, не адвучылася ад бядняцкіх звычак, — кажа Ванда. — Гэтыя агуркі каштуюць капейкі, а яна іх садзіць, поле, палівае, ірве і гэтак далей. І ўсе тут такія. Ня маюць розуму, каб даражэй прадаць свой час. Ні ў кога няма прагі да раскошы, толькі сытасьць ды тупое рохканьне. Пляўкі, тралейбусы, рылы нейкія. Тандэта, брудная сялянская народнасьць. Учора нехта кінуў камень у перапоўнены тралейбус. Гегеманьнё дзічэе.

— Праўда, — марудна кажа Тэрэза. — Мне дык усё харкаюць пад ногі. Ідуць міма і харкнуць. Можа, гэта што значыць па–іхнаму, па–рабочаму? Заляцаньне, напрыклад?

— Наадварот, чужое чуюць. Мы паедзем у Варшаву. Натуральна, палякі мала чым лепшыя, але там Богша Адзінцэвіч цяпер круціцца. Я ўжо пашпарт сабе зрабіла. Учора і штамп паставіла. Думаю: заўтра буду ад вас далёка, родныя сядзібы. Эмпірэі для галодных. Сьмярдзючыя пельмені. Мыла з сабачыны.

Богша Адзінцэвіч

“Мы людзі тутэйшыя, пракаветнікі,
а нянабрыдзь чужацкая, —
сказаў інвалід.
Пасьміхнуліся бабкі,
што спрадавалі яйкі, зяленіва й семкі,
з–пад хустак пасьміхнуліся тонкія авальныя твары.
Заходзіла сонца”.
***
Конь — стук капытом.
Будзе тутака мой дом.

Аднойчы зьбіраўся Богша ў Менск і чакаў аўтобуса на Рафалаўскай аўтастанцыі. Чытаў “Ілюстраваную храналёгію беларускай гісторыі”. У ягонай галаве стракацела ад княскіх імёнаў. Раптам пачуў, як двое прыгорбленых і жаўтазубых хлапцоў з шышкаватымі чарапамі загыгыкалі побач: “Храналёгія! Гы–гы–гы! Храналёгія!” “Такія вырадкі замест колішніх гаспадароў!” — падумаў сабе Богша і заплюшчыў вочы. Ярасьць бушавала ў ім, як сонечны пыл. Расплюшчыў вочы празь імгненьне ўжо другім чалавекам. “Дудукаць тут з вамі я не зьбіраюся. Рафалаў Сонны ператворыцца ў Рафалаў–на сямі–вятрох. Фандангаштадт”.

Богша стварыў і ўзначаліў суполку БНФ. Распаўсюджваў улёткі, арганізоўваў выбары, змагаўся з тутэйшым начальствам. Потым зразумеў, што такія мэтады мала мяняюць нават яго самога. Паступова да яго даходзіла праўда пра дзьвесьце год акупацыі. За плыўкай Арэсай ён знайшоў камень, ля якога сувораўскія цуда–волаты забілі Стэфана Ваўжэцкага. І зразумеў — тая ярасьць, што душыць яго, можа знайсьці выйсьце толькі ў разбурэньні. Калі ён ня будзе бурыць звонку, нянавісьць самне яго знутры. Богша стаў чытаць начамі пра расейскія набегі на Літву, пра гісторыю каўкаскіх войнаў, пра Шын Фэйн і Слуцкі збройны чын. Канчаткова запеклым яго зрабіў Дастаеўскі — перарасеец, недаліцьвін. Душачыся ягонай ліпучай душэўнасьцю, Богша і сасьпеў да тэракту. Ліпеньскай ноччу ён узарваў помнік Сувораву. У горад наехалі людзі з абласнога КГБ. Мясцовых апазыцыянэраў цягалі на допыты. Богшу, як чалавека, што адыйшоў ад справаў і зрабіўся нелюдзімым кніжнікам, не чапалі. Затое арыштавалі Майскага, старшыню суполкі БНФ, і, па чутках, моцна білі яго, дабіваючыся прызнаньняў. Сьледзтва вёў капітан Чупахін, хлопец з–пад Кастрамы, які ледзь не згібеў бяз справаў у цеснаце беларускіх гародчыкаў. Чупахін езьдзіў у газіку, набітым пракуратурай і гэбістамі. Людзі пазіралі на газік з–за фіранак і платоў.

21 жніўня, як звычайна, газік з ГБ выехаў на вул. Дзяржынскага, па старому Ройста, і пакіраваў на Менск. Калі праяжджалі масток над Арэсаю, адбыўся гучны выбух. Друз і косьці пасыпаліся ў раку, у горадзе ўвялі камэнданцкую гадзіну, а ў мясцовай газэце зьявіліся партрэты ў чорнай аблямоўцы — Чупахін, Ферапошкін і два сэржанты.

Мост і цяпер яшчэ не адноўлены. У аб’езд едуць грузавікі, вазы і легкавухі, а перад мастом, на насыпаным будаўнікамі грудку, стырчыць выцьвілы чырвоны сьцяжок і расьце ўжо бярозка–самасейка. Маленькая, як тая, пад якой некалі сканаў у безнадзейнасьці касінер Ваўжэцкі. Богша думае пра забытую сьмерць Стэфана і шумную славу Суворава і радуецца, што тут нарэшце зводзяцца рахункі.

Празь некаторы час Богша адчуў, што й ён сядзіць на войстрым дзяржынскім прышчуры. Таму ён ціхенька зьехаў у Менск, адтуль у Польшчу і паўгады чакаў, калі Рафалаў ізноў сьціхне.

Калі Богша вярнуўся, беларуская рэчаіснасьць яшчэ больш нагадвала сон хворага. Людзі рухаліся, як амёбы ў расоле. Зануды, страшныя нудоцьці. І ў кавярні, дзе ён сядзеў, было ціха, паволі варушылася біямаса. Ніхто не дзівіўся аўтаматчыкам у камуфляжы, што пілі піва за стойкай. Богша сеў, узяў гарэлкі і парэзаны лімон. Глыток гарэлкі — скрылёк лімону, і так да ўтрапёнасьці. Нарэшце Богша напіўся і ўзгадаў, як знаёмая немка, што працавала ў Гомлі ў госпісе, сказала: я змагла б тут жыць, толькі як састарэю. У мяне энэргіі, як у апэльсінцы. А тут неверагодна цяжка яе рэалізаваць. Мне не смакуе тое, што зараз, не, мне не смакуе.

А ноччу яму прысьніўся вельмі цяжкі сон.

Быццам адкрылася шырокая Беларусь, былі бачныя ўсе травінкі, крыніцы, пелькі й разлогі, замкі й магілы. Разлапыя і няўклюдныя елкі. Літасьцівая прырода, такая літасьцівая. Вышэй, чым годная. Ніводнай кропкі зла — анізваньня. Толькі белы сьвет. Вада, пясок, замглёныя палі, празрысты блакітны туман. Павітні петлямі вісяць з хмызоў. Паветра дзікае, тло для асілкаў. І падалося, што Рахманы рыцар раптам выедзе з–за плаўных узгоркаў, шукаючы свайго белага шатра.

І тут з–за гарызонту зьявілася першая брудная хваля, сапраўдны чорны вал, папаўзла па зямлі, заліваючы ўсё. Гасла пад масквою зямля, танулі ключыкі, купальнік, гайчынец, начны зельбарнік, грабелькі, атрутная красаўка–шалей, сіні барэц, ранішні сьвіднік і белы краспак; сонцагляд–месяўнік, шалезкі, крэселцы, корнус–яленец, чарвічнік, бажадрэўка; шанда бухматая, гародная, палявая, лугавая, сабачая, птушыная, лесавая, перная. Бружмель, бружмель вадаграй, скрыпень, чалібор. (Толькі ведзьмы будуць памятаць, што ня ўсё зялёнае завецца трава, і кожная сьцяблінка мела свой шолах, паўтарала сваё імя.)

Мак–відук расплюшчыў спалоханыя вочы. Мак–плюснак заплюшчыўся яшчэ болей. На тоненькіх ножках сабачы грыбок уверх падымае свой жоўты чубок. Цягнецца. Вось і чубок пакрыла чорная хваля.

Жучкі і смачныя кузуркі. Гнёзды і норкі. Птахі лапаногія і птахі даўгакрылыя. Кірлі, марскія вароны, рыбачкі расхлістаныя. Сакол–альсец, балотны партызан. Тлустая гусь—загуменьніца. Крычка–сьветлакрыл. Маленькі студзька ловіць печкуроў. Раплюк–канаплюк, амяловы дрозд, жаўранкі — палявыя дзерлюкі, аляпка і дрозд–пявунец. Дзяцел вялікі, малы й серадольшы, чорная жаўна і зялёны дзятлік–паўзун. Каўкі, крукі, крумкачы, гракі. Сінюк чубаты, апалоўнік. Аха–ха–ха–ха — прамахала крыламі хахатва і страпянуў крыламі стрэпет — двухіменны птах unisex. (...ніхто, акрамя чараўнікоў, ня ўспомніць вашых імён, не прасочыць вашага вешчага палёту.)

..Дзесьці чутны крыкі, чутны гром, чутныя сабакі, дзесьці страляюць і змагаюцца, а тут шалёстка коціць па зямлі брудная хваля. Тонуць Лозка, Шацілкі, Гарманішкі, Тройдзень, Слонім, Манівід, Вільня, Трокі, Крэва, Ліда. Тонуць месты, агранцы і гасподы, тонуць ціхія хаты. Бруд шугае над буслоўкамі. Тонуць крамніцы, клеткі і корчмы, зялейні, варэльні і лазьні, гуты, цукроўні, бровары, крухмальні, гарбарні, паперні, цагельні і крушні. Тоне тое купелішча, што голуб купаўся. Дзе хадзіла сьлічна панна, сьлічна панна Марыянна. Пане Яне–Фабіяне пасьвіў коні на раўдані. Усё залівае бросьня, плыўкая масква, кваква, вогнік, чорная сьнедзь.

Яна шукае людзей.

Франьцішак Весялін Здагада, Сэбасьцян Спадоба, Стэфан Шчодра, Сак Вароніч, Пятрук Калавойша, Юшко Літвін, Рыгор Бліскаўка, Зафея Зелянуха, Каспар Непітушчы, Лаўрын Дзеравянка, Раліна, Граўша, Алелька, Ждан Заранка, Гіляр Валкатоп, Радота Мянчук, Геліяш Жаба, Яцына Сьвіціч, Багуфал Тур, Каледа Станелевіч, Марта Валовіч, Дамінітра Глябовіч, Таміла Чаховіц, Сьветахна Ільлініч, Урбан, Альбін, Фларыян, Стэфан, Ленарт, Севярын, нам вясна патрэбна ўсім, нам вясна ўсім патрэбна, студзень, люты, сакавік. Марва і Мерат, Сёмуха, Купала, калі ўночы цьвіце папараць. “Братья! Братушкі! Братья!” (глытайце вашы імёны з бросьняй).

Адзін толькі Богша бяжыць хутка–хутка, уцякае, уцёк і схаваўся–такі ў сваім дамку, засунуўся на засаўкі. Масква, падплыўшы да прызбаў, тлустымі языкамі ліжа вокны, цмокала паскуднае... Падбіраецца. Пырскі лепяцца па шыбах чорнымі капейкамі. Богша неяк адразу стаміўся, лёг на дол і стаў чакаць, калі дрыгва заесьць усё. Сьвядомасьць літасьціва згасла.

Прачнуўся Богша перад ранкам. Праз вокны ліло блакітнаватае сьвятло, такое дзіўнае, бледнаватае, што страшна было выглянуць. Вам вядомыя малочныя адліжныя ночы, калі сівое зьзяньне акружае ўсё, найбольш дрэвы, так, што яны адкрэсьленыя чорнай рысай і акружаныя белым флёрам, які сьвіціцца ад вашых лятарняў. Такою ноччу была і гэта, але замест белай яна была сіняю. Богша так і не рашыўся вызірнуць.

Адчыні вакно ды зірні на двор:
на тваім двары
стаіць шацёр,
навюсенькі,
бялюсенькі
(масква — у дрыгву, дрыгва — у літву).

Сьветлым ранкам клухта засохла, і на двары сапраўды зьзяў шацёр, можаш мне ня верыць. Далей я расказваць ня буду.

Богша стаў рэдактарам падпольнай газэты. У адзін год памежнікі двойчы здымалі зь цягніка яго інфарматараў і тройчы палілі тыраж на мяжы. На трэці раз Богша сам прымчаўся на мяжу і стаяў ля вогнішча. Звыклая нянавісьць бушавала ў ім. Але раптам Богша зазьзяў вачыма — гопп! сеў у джыпп!– і панёсься, уздымаючы воблакі пылу. Новай ідэяй было стварэньне падпольнага радыё, якое гучала б і ў Інтэрнэце. Для гэтага ён матляўся, наразаючы кругі вакол краю, як воўк–сірамашка.

***

Дзяўчаты спыніліся ў Богшы падчас варшаўскага пэрыяду яго жыцьця. Ён якраз зарабляў грошы. Жыў ён у пансіянаце. Праз тыдзень Тэрэза ўжо зьнемагала ад ягонай гасьціннасьці. Яна нічога не прымала бясплатна, дабрыня здавалася ёй двухсэнсоўнаю рэччу. Таму яна купіла тэлефонную картку і днямі званіла па аб’явах. Патрабаваліся зборшчыкі калафёраў, абдзіральнікі шпарагі, пакаёўкі і падмятайлы. Ня ведаючы мовы, яна не магла разьлічваць на кваліфікаваную працу. Спадзявалася потым узьляцець вышэй. Нарэшце яна нанялася ў пакаёўкі да паньства Каладзінскіх. У яе абавязкі ўваходзіла прыборка трохпавярховага дома, гатаваньне ежы на трох чалавек тры разы на дзень. За ўсё гэта ёй давалі 200 даляраў на месяц і “адкрытую лядоўню”. Спачатку Тэрэза цягалася па паверхах з пыласосам, як з дохлым цмокам, і радавалася, што прывучыцца да парадкаў добрага дома, да шыкоўных рэчаў. Але потым сьцяміла, што культура ежы і вядзеньня размоваў, суворая рэглямэнтацыя напояў, прыбораў і страваў ніколі яе не зацікавяць. Набываць прафэсійныя хваробы служкі, красьці гаспадарскі ліквор, строіць вочы садоўніку і пляткарыць з суседзкай пакаёўкай было нецікава. І Тэрэза зразумела — трэба ісьці адсюль. Акрэсьленага пляну ў яе не было. Толькі свабода, дарога, нічога збытняга.

Атрымаўшы ў месяц у паўтары разы меней, чым дамаўляліся, Тэрэза сабралася ўцякаць без аб’яўленьня вайны. Яна ведала, што з Каладзінскімі ёй не цягацца. Вырвуць кішкі. У іх сківіцы на ўзроўні яе жывата. Таму зьбіралася ўпотай — апранула джынсоўку і дарожныя чаравікі, навесіла пляцак, астатнія рэчы кінула ў сьмецьцярэзку, замкнула дзьверы і пайшла па небрукаванай вуліцы Пехоты Ляновэй. Пыл адразу завінуў Дарка з Бэатай, ператварыў іх у куколі на ўзбочыне. Тэрэза назаўжды адсекла тую частку сьвядомасьці, дзе гнязьдзіліся ўспаміны служкі. Выходзячы на скрыжаваньне Пяхоты Ляновэй і Падгурскей, яна ледзь ня трапіла пад Богшаў бурачковага колеру джып. Богша з Вандаю ехалі яе адведаць. Адразу ж яны паехалі ў кавярню “Арлекіна”, потым у “Старапольскую”, потым у п’янкі паб на Мядовэй. Нарэшце пілі на вуліцы віно. Потым захацелася спаць. У пансіянат іх не пусцілі, патлумачыўшы, што ўстанова вядомая як ціхі сямейны ставок, што цярпеньне скончанае і п’янай распусты тут ніхто не пацерпіць. Богша, Ванда і Тэрэза вярнуліся на ходнік, падаслаўшы белы Богшаў плашч, расклаўшы на ім мандарынкі і паставіўшы “бусьліка”. Потым Богша арандаваў дзьвіг, што ехаў зраньня на нейкую будоўлю, і таўсматы мазур завёз іх да гатэлю “Юнона”, дзе жылі ўкраінскія тарбэшнікі. Па дарозе ўсе трое сьпявалі дарожныя песьні з разнастайнымі падсьпеўкамі, як “ехаў мазур да млына, гоп–тыгі–тылі–тыгі–ролі” і “ехаў жыд па інтарэсе гой–да гой–да гой–да–да”.

У “Юноне” Богша заснуў, а дзяўчаты спаць не пайшлі, а прынялі ўдзел у п’янцы гурмы ўкраінцаў. Усё йшло паціху–патроху, пакуль украінцы разам з Вандаю ня выдумалі, быццам беларусы як найлепш надаюцца ў землякопы, пакаёўкі і падкухцікі з–за свае цяглавітасьці, упартасьці і каровінай пакоры. Разумная арганізацыя працы, розныя інтэнсіфікацыі ды ўдасканаленьні беларуса толькі раздражняюць. Лепш тупа праварочаць цэлы дзень, марачы пра мігдалы нябесныя, а потым есьці бульбу зь лёкам і зіркаць з–пад нізкага лоба, ці не зашмат ядуць дзеці. Тэрэзу як пакаёўку і беларуску гэта заела, яна разьлютавалася да непрытомнасьці, распачала бойку, біла апанэнтаў цяжкімі дарожнымі ботамі. Новы ясны дзень Змушка сустрэла ў цамянтовым пастарунку, дзе выявілася, што яе дэпартуюць. Змушка стаяла за цацачнымі кратамі, калі прыйшла Ванда. Белая шаўковая блюзка ажно дыхала на ёй. Тэрэза, прасадзіўшы між кратаў востры пакамечаны твар, разглядала сяброўку.

Ванда падышла да кратаў і, гледзячы ў Тэрэзіна пераносьсе, сказала: — Раз не змагла ўладкавацца — вяртайся назад. Я ня буду цябе выручаць. Я застаюся тут. Кожны сам за сябе, а Бог за ўсіх. Мне надакучыла быць добрай сяброўкай. Гэта ўрэшце агідна — быць добрай, калі ня хочаш!

Ванда нахілілася, засунула Тэрэзе ў чаравік скрутак залатовак і пайшла прэч, цалкам спакойная.

— Бывай, каралева! — закрычала Тэрэза ўсьлед. — Пабачымся восеньню на карэліцкім мосьце. У мяне ў руках будзе гарбуз, а на галаве кепка!

Радасьць захліснула Тэрэзу. Яна таксама хацела пазбавіцца Ванды і жыць па сваіх простых законах. Ужо заўтра яна выйдзе з пастарунку і папрэ па дарозе пад храбусьценьне шкла й касьцей.

Эміграцыя стоп! Лёс ізноў занёс яе дамоў. Вось твая будка, пасьцілка і міса. Ахоўвай свой край, як сабака Гарун. Але ахоўваць свой край Тэрэза не хацела, а парашыла сьціснуцца і перачакаць, а потым зноў падацца лавіць павін хвост. Нават калі прыйдзецца харчавацца недагрызкамі і шукаць шчасьця ў чужых дамах.

Па вяртаньні Тэрэза ўладкавалася ў Батанічны сад наглядчыцай. Ёй выдзялілі жытло ля самага саду. Зноў тое ж самае — бяздомнасьць і безграшоўе. Яе выправа і пасаг. У Тэрэзы цэлы музэй старых, у замухрышках, спадніц і швэдароў. Ванда мела рацыю. Тэрэза ня можа зарабляць грошы. Можа толькі капаць, месьці, чысьціць бульбу. Каб былі занятыя рукі і свабодная галава для фантазіяў. Жыцьцёвая тканка падралася, сябры матлянуліся ўбакі, як канцы нітаў. Іх ня зьвяжаш, не паставіш саетную латку на гэтую радзюжку. Ванда не знайшла багатага мужа. Яна стала спачатку ўтрыманкаю яечна–яблычнага магната зь Нямеччыны, потым працавала на кухні ў Чэхіі, танцоркаю topless у Аўстрыі. З Аўстрыі яе дэпартавалі. На беларускай мяжы адабралі грошы. Ванда апынулася ў краіне, якую ненавідзела больш за ўсё. Яна не магла ўпасьці ў анабіёз, як Тэрэза, бо гідка было растварацца ў тутэйшым жыцьці. Купіўшы за апошнія два даляры курыную ножку і квіток у аўтобус–кругасьветку, Ванда паехала ў Менск. У Менску можна залізаць раны і пачаць спачатку.

“Калі гэта ўсё, што прапануе мне сьвет, то мне гэтага ня трэба. Я ня веру, што духоўнасьць замяняе камфорт. Мне патрэбны дом з комінам, пэйзаж за вакном, доступ да інфармацыі і грошай. Зайду на другое кола, як цяжкі зьнішчальнік. Мой прыяцель працуе ў Нямеччыне. Я запроста магу стаць там кельнэркаю. Зьбяру грошай, куплю новыя грамадзянства, нацыянальнасьць, імя, узрост, зьнішчу акцэнт і ніколі ня ўспомню гэтага шэрага балота”.

Так бы і было, каб Ванда купіла квіток на іншы аўтобус. Сваю памылку яна зразумела ў Запольлі. У аўтобус уціснулася гурма нясьвежых людзей. Малая Вішня. Два вясковыя алькаголікі. Жораўка. Колькі падвялых кабет, ад іх невыносна тхло нямытым целам. У Бярэзінцы зайшлі два дзяды ў аблавушках і зь бельмамі на вачох. Яны сталі ля Ванды за сьпінай і перад вачыма. Адзін соп, другі гучна адхаркваўся. Ванда не магла дыхаць, не магла ўстаць, вострая агіда зацьміла вочы. “Хай усе яны падохнуць. Госпадзe, хай зьдзейсьніцца цуд, і гэты смурод падохне”. Яна паўтарала гэта бясконца. І накаркала. Вадзіла не ўтрымаўся, і ля Краснай Слабады аўтобус кульнуўся ў кювет. Усе абышліся ўдала, а вось Вандзе жалезнае, адпаліраванае мазольнымі лапамі дзяржальна прабіла грудзі, паламала скабкі, пашкодзіла лёгкія. Ванда ляжала на сьпіне ля дарогі і задыхалася. Аўтобус ляжаў. Людзі стаялі вакол. Ёй было страшней за боль бачыць добрыя, цёплыя, літасьцівыя вочы на фіялетавых пажаваных тварах. Адзін з хлапцоў–алькаголікаў разявіў рот і хрыплым голасам, быццам у яго не было горла, сказаў: “Ёй трэба зрабіць іскусьцьвенае дыханіе”. Ванда, як у страшным сьне, пабачыла яго рот з панішчанымі разваламі зубоў, пабачыла мноства іншых ратоў, грыбастых, мокрых. Яна з апошніх сіл пачала хапаць сьнег, кідала яго ў людзей і крычала. “Сьвіныя рылы! Ненавісныя, паганыя сівалапцы! Не падыходзьце ка мне! Калекі! Сьмярдзючае безьязыкае быдла!” Яна выкрыквала лаянкі, антыімёны, здольныя адштурхнуць. А яны насоўваліся, поўныя спагады і жаданьня дапамачы. Ванда пачала біцца ў шаленстве і агоніі і раптам намацала ў сакавіцкай халепе кавалак асфальтавага аплаўню. “Выб’ю вочы! Назад!” Тыя спуджана адышліся. Ванда ўзьняла аплавень, паставіла руку на локаць. Яна ведала, што памірае, і не хацела больш мітусьні, гарачых звыродлівых эмоцыяў. Уладкаваўшы галаву зручней, яна зірнула ў неба. Халодныя вочы, і ясныя, і замглёныя, наблізіліся да яе вачэй. Погляд быў уважлівы і літасьціва абыякавы.

Бясконцы рыцар, вялізны, як Сыёнская гара, узьнёс Ванду далёка ўвысь, дзе змыкаўся ягоны белы шацёр.

Лёгкую Ванду, палын, бажадрэўку, трысьцё.



Фэлікс Мірлік

Жамярынка–сьвятулёк,
Кожны сам сабой жыве.

Спаліўшы апошні рондаль, яна выкінула яго ў зарасьнікі лубіну і пайшла гуляць па садзе. Была сьвятая нядзелька, калі нічога падмятаць ня трэба. Тэрэза йшла, угнуўшы галаву, і бубнела пад нос.

рыярдан лох рыёкк
рыярдан лох рыёкк

Ёй хацелася ператварыцца ў варону і палётаць над елкамі.

Мірлік сядзеў у зарослай прысадзе на лаве і піў сам з сабою гарэлку. Тэрэза на той час выпівала, і ёй не спадабаўся б малады цьвярозьнік. Мірлік жа быў папросту неадбітны, маленькі, зграбны, Фэб–Апалён у мініятуры. Побач стаяла каробка гранатавага соку з падмоклым чырвоным кутком і ляжала пара вялых мандарынак. Мірлік жмурыўся ад насалоды і прыветна ўсьміхнуўся, калі Тэрэза бачком падсела на лаву. Са знаёмствам не затрымаліся, яго тут жа змацавалі глытком. Мірлік расказаў, што ён скульптар, “ваяцель”, і найлепшы ягоны выраб — гліняны капялюш, якога ня зносіць вецер. Тэрэза паважліва пакратала выраб. Сапраўды, капялюш быў гліняны, памаляваны ў чорнае. Тэрэза распавяла Мірліку пра чэстэртанаву тэорыю капелюшоў і вятроў. Мірлік у адказ — пра валькірыю Хлёкк, што заўсёды лятае пры паўночным ветры.

Наляцеў той самы вецер, і яны пайшлі замацоўваць сустрэчу далей: Мірлік у гліняным капелюшы і высокая Тэрэза у чорным плашчы, які біўся, як крыло валькірыі: хлёкк–хлёкк–хлёкк.

І пачалося. Эмацыйная няўстойлівасьць, імпульсіўнасьць і эгацэнтрызм. Танцы, вечарынкі. Лёгкакрылы геній авантурнасьці меў майстэрню ля цудоўнай забягалаўкі “Амадэй”. Ён ня быў геніяльным мастаком, ляпіў ужытковыя рэчы і прадаваў іх. Аднак Мірлік валодаў здольнасьцю аджыўляць усё, што б ні зьляпіў. Яго галоўнай асалодай было ўсялякае жакоцьце — жукі, кажаны, жабкі, лбсіцы з ашчэранымі зубкамі. Тэрэза, калі заставалася нанач, прыкрывалася з галавою ад гэтай жамяры. А ўдзень старалася ўратаваць талент Мірліка ад здрабненьня і ўвесь час падсоўвала яму ідэі і сюжэты.

— Мірлік, ты павінен вылепіць гліняна–травяную каралеву. Яна захоўвае раўнавагу ў свеце. Калі яна ўстае, птушкі сядаюць, а сядае — ўзьлятаюць. А ты лепіш баб купаюшчыхся, якім цыгаркі тушаць паміж ног. І спрадаеш іх у парку. На тым сьвеце яны будуць скакаць за табой, як жабы. Так сказаў Гесэ.

— Растаўкуцца скачучы. Я не дапальваю гліны як сьлед.

— Ты марнуеш свой талент. Падрыхтуй апраўданьні для Пана Бога.

— Якраз я — хрысьціянскі мастак, ляплю вясёлае і радаснае. Нявіннае. Заўтра зьляплю хохліка, што скача за вераб’ямі па плоце. Я не раўня тутэйшым лахам, што аднолькава лепяць Скарынаў, Будных і Ленінаў. Мяне тутэйшая патака задрала. Саладжавыя паэты. Фальшывыя дыктаркі. Пісьменьнікі задралі са сваймі барамі ды крынічкамі. Я вось ні разу ня бачыў ані бору, ані крынічкі, якая абавязкова “бруіцца”. “Беларусу і ў Парыжы сьняцца соснаў медзь і бель бяроз”. Такія прыземістыя чырвонанамордыя мацачкі–азызьлікі. Брывасьценькія стажкі. Чытаю ў аднаго: “Плюнуў тут паніч пад ногі і пачухаў патыліцу”. Лахі так робяць, а не панічы. Інфузорыі–лапцікі.

— Чаго ты ўзьеўся? Ты нічога ня цяміш у пісьменьніках. А стары, што піша пра вайну?

— Хто б то?

— Быкаў.

— Быкаў прыстойны. Але ён піша пра вайну. Заўсёды ў яго нейкі Армагедон. Трэба перастаць пісаць аб захлынаньні, галашэньні, твані і роспачы. Мне досыць.

— Такія абставіны. Мэнталітэт. Дый клімат гідотны — дзевяць месяцаў слаты. Зноў жа не даюць.

Мірлік зласьліва пасьміхнуўся.

— Кінь мяне ятрыць. Хто тут каму не дае? Насамрэч усё ад нас саміх гарыць. У мяне ёсьць дзьве любімыя папеўкі.

Папеўка першая
На гародзе сучка брэша,
ка мне міленькі мой чэша,
Ці ён чэша, ці ня чэша,
Усё роўна сучка брэша.

Папеўка другая
Прыйшоў Пракоп — кіпіць укроп
Пайшоў Пракоп — кіпіць укроп
Ці тут Пракоп, ці там Пракоп —
усё адно кіпіць укроп.

Вось яно. Абы–як, абы–як, альбо гэтак, альбо так.

Тэрэза зь Мірлікам пайшлі плыўкай сьцежкай незаўважна і скончылі свой шлях хутка. Раз яны зайшлі ў Купалаўскі адведаць Мірлікавага сябра. Сыходзілі ўжо на значным падпітку. Сталі, паглядзелі на сцэну. Акторы быццам спаборнічалі, хто каравей гаворыць па–беларуску. Здавалася, што нехта танчыць мэнуэт на мыліцах.

— Вось, гэта на такую мову зьбіраюць у слоічак грошы на мітынгах, — сказаў уражаны Мірлік, які не хадзіў у тэатры ад сьмерці Авяр’янава. — “Падайце на матчыну мову!!” Нэкрафілы. Каб вось неяк выйсьці на іхны мітынг з труной, дзе будзе напісана “ТБМ”. Труну абаб’ём газэтай “Наша слова”.

— Фэлікс, што ты ўсё вернеш на сваіх? Давай лепш зоймемся справай. Я тут бачыла сьцяг у холе. Прапаную неадкладна стварыць гурток “Рэзыстанс” і зьдзерці гэтую анучу.

— Хадзем.

Бабак–гардэробшчыц нідзе не было, і Тэрэза, узьлезшы на Мірлікавы плечы, зьняла сьцяг. Палотнішча падралі і аплявалі на гліністым дварэ за тэатрам. Потым рэзыстанты раскідалі пярэстыя лахманы ды пайшлі дадому, пакідаючы рудыя сьляды на парадных плітках праспэкту.

— Ёсьць у цябе сьвечкі? Пап’ем “Вандроўнага даху”. Гэта дамскі грог — паўлітры вады, паўкілі цукру, сок зь лімону, грэеш і ўліваеш пляшку віна. Заліваеш на старыя дрожджы. Дах вандруе. Лётае і ляскае крыльлем.

Гэта была іхная апошняя п’янка, бурная, як шторм. Грог каціў хваляй, потым яшчэ адной. Калі прыбой схлынуў, Мірлік і Тэрэза засталіся на дне: лежачы на падлозе, абняўшыся, паклаўшы побач скульптурна спакойныя твары. Ноччу Тэрэза ачнулася. Язык сумленьня трапятаўся ў ёй, як травінка ў збане. Ціха шуршэў. Яна адпаўзла ад Мірліка, каб не разбудзіць яго, паднялася і пайшла ў меншы пакой, паставіла каву. Села за стол. Пустыя фужэры высоўвалі з ракавіны свае празрыстыя морды. Разьбітыя плыткі каўкалі з–пад стала — мэтлухі ўчорашняга факстроту. Тэрэза ўзгадала падрабязнасьці п’янкі, пачырванела і замахала рукамі. “Трэба зрабіць ачыстку арганізму і ўзяцца за розум. Што ж гэта такое?” Але папярэджаньне Божае, калі гэта было яно, крыху спазьнілася. Праз тры дні Тэрэзу забралі зь яе халупкі дзьве асобы ў цывільным. І ў час, бо Тэрэза спаліла нават турку, варачы ў ёй суп.

Выявілася, што нехта бачыў іх падчас разьдзіраньня сьцяга. Калі ж гэбісты зайшлі да Мірліка, то пабачылі, што ненавісныя Тэрэзе купаюшчыяся бабы набылі новае, грознае аблічча.

“Я вусы прыляпіў, а вочы ўбакі разьвёў. Грудзі і косы пакінуў дзеля кансьпірацыі, — тлумачыў пасьля Мірлік. — Ішлі, як піражкі з латка. Нават гэбісты пры вобыску ўзялі па штучцы. Кожны хоча патушыць цыгарку”. Мірлік праходзіў па артыкуле “абраза гонару і годнасьці”. У ягонай майстэрні сядзелі мастакі Сівіцкія, акторы Янчэўскі і Грыбенка, рэжысэр Кабянок. Гэтая творчая камісія мусіла вырашыць, ці зьяўляецца фігура–папяльнічка адбіткам пэўнай асобы. Падабенства было б найжыўшае, каб не жаночыя кшталты. Бацька Мірліка ўжыў увесь свой уплыў, каб сына не судзілі. Яго толькі пасадзілі на 30 сутак за хуліганства.

Судзілі затое Тэрэзу. У панядзелак аціхлая Тэрэза сядзела ў калідоры і слухала голас судзьдзі. Судзіў нейкі Нікалай Трубнікаў. Ён меў кепскую рэпутацыю. Тэрэзу магло чакаць доўгае зьняволеньне. Пакуль што судзьдзя разьбіраўся з затрыманымі мітынгоўцамі. Яны выходзілі трохі прыгаломшаныя і наўпрост ляцелі ў разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна. Заставаўся апошні, хлопец год 18–ці. Ягоны ясны тонкі голас тачыўся ў шчыліны. Расейскі голас. Абрыдліва правільнае вымаўленьне, старанная артыкуляцыя.

— Да, я был однім із тех, кто шёл по городу. Ініцыатором этой прогулкі я не являюсь. Я туда прішёл как журналіст. Нет, не знал, разрешено ілі нет. Судзьдзя нешта глуха бубнеў. Час збросьнеў і ня кратаўся. Тэрэзе падалося, што ў цёмных кутох вісяць уніз галовамі сонныя кажаны. Нарэшце адбылося дзіва. Ясны голас яшчэ памацнеў, і Тэрэза пачула: “Так, я не журналіст, і не разявака. Я ўдзельнік. Жыве Беларусь!”

Значыць, судзьдзя Трубнікаў раскусіў яшчэ аднаго пярэваратня. Неўзабаве таго вывелі і пацяглі на Прылукі. Тэрэза толькі пасьпела крутнуць галавою ўсьлед, як яе запрасілі ў пакой. Там сядзеў незадаволены круглатвары чалавек. Другі чалавек, са спакойным авальным тварам, глядзеў са сьцяны. Герой Савецкага Саюзу Стась Вялічка.

Спачатку судзьдзя і Тэрэза трохі пабарукаліся. (“Я не понімаю беларусского языка. Говоріте по–русскі. Не делайте від, что вы не говоріте по–русскі. — Я хорошо понімаю, но говорю, к сожаленію, с шіпеніем. Самі слышіте”.) Нарэшце дамовіліся на макаранічную гутарку, і суд пайшоў. Тэрэза адказвала на пытаньні, слухаючы адным вухам. Яна ведала, што словы не інфармуюць, а хаваюць інфармацыю. Трэба адчуваць цёплыя і халодныя таны голасу, адсочваць жэсты, міміку, вочы. Тады зьмешваць у кактэйль і дадаваць словы. Толькі тады мы пачуем чалавека. Ён скажа нават, зь якой клясы паходзіць і чым абклееныя сьцены ў ягоным доме. “Мы получім полный образ сітуаціі, господін Трубніков”. Тэрэза задумліва хітала галавой, уважліва гледзячы на суразмоўцу. Той жа быў стомлены, з чубам набок, як сакратар райкаму ў саўковых чорна–белых фільмах. Было відаць, што судзьдзя чуецца няўтульна і не разумее, з–за чаго такі разгул непакоры і нацыяналізму. Тэрэза магла б спужацца толькі таго, хто непагрэшна і справядліва ўсьсядзе на сваім троне і спытае яе: “Тэрэза, хто табе даў права драць тое, чаго ты ня вешала?” А стары чужынец у інжынэрскім пінжачку чым мог дапячы Тэрэзе? Нават пасадзіўшы яе, ён ня стане прыгожым, разумным ці багатым.

Тэрэза папрасіла вочнай стаўкі са сьведкам абвінавачваньня. Трубнікаў адмовіў. Тэрэза нагадала, што і Ціцянкоў падраў сьцяг, менавіта сьцяг, а не пудзіла. Тым ня менш Ціцянкову нічога не было. Ён “праізьвёл уцілізацыю нягоднага палотнішча”. Дык ці ня думае спадар судзьдзя, што гэтак жа нехта праізьвёл уцілізацыю другога палотнішча? “Але вашая Фэміда — закончыла Тэрэза, — ня ловіць высокапастаўленых дэгенэратаў. Яна палюе ўночы на нас, маленькіх мышак. У яе брудныя кіпцюры і запэцканы савіны жывот. Але мяне асабліва не ўпалюеш”. У выніку Тэрэза атрымала не зьняволеньне, а накірунак на судова–псыхіятрычную экспэртызу. Тэрэзу вывелі і павезьлі ў Навінкі. А ў пакоі Трубнікава ў той дзень доўга лунаў пах валідолу.

Будзьце асьцярожныя з судзьдзямі — вучыў аўстрыйскі паэта.

Лёля Сьнітка

The Society of simple Souls.

Так Тэрэза патрапіла ў Навінкі. Потым, стараньнямі Мірліка, яе перавялі ў прыватную клініку пад назвай “Рэмэдыяс”, дзе ўмовы былі лепшыя — хворых даглядалі сёстры–дамініканкі, бялізна была чыстая, ежа смачная. Дом стаяў у сасоньніку, у пакоях сялілі па двое. Тут ад яе нарэшце адчапіліся з допытамі, пачалі рыхтаваць заключэньне.

А была ўжо зіма на сыходзе. Сонца цэлы дзень слабымі рукамі намагалася адсунуць бялізну, што сохла на гаўбцы. Не змагло. Пайшло ў абход. І ўвечары ягонае ўважлівае аблічча нарэшце заглянула ў тарцовы пакой дурдому “Рэмэдыяс”. Усё ў пакоі стала залоткім, сонным і радасным. На сваім ложку ачнулася суседка Тэрэзы, Лёля Сьнітка, спусьціла ножкі на дол.

— Драмы, міраклі і маралітэ, — сказала Лёля, — захаваліся толькі ва ўрыўках, аднак іх дзеляць на чатыры цыклі: ёркскі, ўэкфілдзкі, чэстэрскі ды кавэнтрыйскі.

Сапраўднае імя яе было Лёля Шнітке (дзед быў немец). Сям’я жыла ў Кёнігсбэргу. Лёля расла кніжніцаю, ні ў чым не прымала ўдзелу. Яна чытала старасьвецкія раманы аб каралі Артуры, прыўкраснай Магелоне. Яе любімымі героямі былі Рыцар Срэбныя ключы, Гавэйн і Граэлент, Мёрлін, Балін, Тор і Пелінор, Івэйн і Мархальт. Калі Лёлі споўнілася 15 год, бацькі разышліся, і маці вярнулася ў Менск, на радзіму. Лёля і тут не зьмянілася. Яна ўвесь час была ва ўладзе ўласных каштоўнасьцяў. Маці зь сястрою доўга раіліся, куды аддаць яе вучыцца. І вырашылі — на аддзяленьне старажытнаангельскай мовы і літаратуры. Гэта і была асноўная памылка. Лёля паехала канчаткова — на ангельскай мове і няправільна зразуметым Фэрдынандзе дэ Сасюры. Нястрымны захоп пляну зьместу плянам выражэньня спавадаваў у галаве апошні, рашучы выбух. Лёля вучыла напамяць оксфардзкі слоўнік, ангельскія словы былі, як музыка. Ёй здавалася, што некалі вядомая ёй мова рыцараў усплывае з падсьвядомасьці, як глыбакаводная рыба. Лёля ўжо ня мела часу думаць пра розныя бздуры. Забылася табліцу множаньня, потым каляндар. Але на любімыя сьвяты яна расьцьвітала, быццам мела мэтраном, схаваны ўнутры. Забралі яе якраз на Хэлоўін, калі яна вынесла старыя рэчы ў двор і пачала раздаваць іх суседзям. Суседзкая бабка, капусьніца, і выклікала “хуткую”, зацягнуўшы падоранае дахаты. Дактары пабачылі прыстойную, але абсалютна пустую кватэру, дзе сядзела тонкая, белагаловая Сьнітка і расьпеўна чытала найноўшы оксфардзкі слоўнік (дзьвесьце сорак тысяч словаў — якая доўгая асалода!). Кватэру яе здалі і плацілі грошы, каб Лёлю ўтрымлівалі не ў Навінках, а ў ТАА “Рэмэдыяс”. У прыватных лякарнях хворых ня б’юць і ня труцяць. Лёлю не засмучаў такі паварот лёсу. Зь ёй быў слоўнік і канспэкты любімых кніг. Яе апякунка, сястра Марцэліна, нічога ня мела супраць, каб Лёля перапісвала кнігі. Маці прыносіла Лёлі тоўстыя сшыткі і дзюбатыя асадкі. Праўда, копіі атрымліваліся вельмі прыблізныя, бо перапішчыца Лёля выкідвала тое, што ёй не падабалася, прыдумляла для герояў новыя прыгоды, дапускала лірычныя адхіленьні і ўстаўкі з уласнага жыцьця.

Тэрэза адразу спадабалася Лёлі, бо з ахвотаю слухала яе чытаніну і не прыдзіралася да імправізацыяў.

— “Моцны твар і просты зялёны погляд, валасы — шапка з залацістых і чырвоных ніцяў”, — чытае Лёля і з салодкай мінай адкідваецца да сьцяны. — Я цытую адну кніжку пра рыцараў і пахолкаў. Я люблю стары час, бо ён быў повен радасьці і ўседараваньня. Любі Бога і рабі, што хочаш, — вось што гэта быў за час. Цяпер хрысьціянства стараецца забараніць ці напужаць. А тады Пан Езус сам езьдзіў па зямлі ў абліччы Белага рыцара. Гэта быў вельмі Рахманы рыцар, ён нікога не забіў. Вось слухай: “Нехта, хто нагадваў самарыцяніна і часткова Пятра Аратага, прыехаў вершкі на асьле, без чаравікаў, зусім босы, бяз шпораў і бязь дзіды. Але позірк яго зьзяў, як зьзяе позірк рыцара, які чакае пасьвячэньня, які атрымае залатыя шпоры і ўзорыстыя чаравікі.

І тут Вера, што стаяла ля вакна, усклікнула: “Ах! Сын Давідаў!”

Як усклікае герольд турніру, калі яго ўдзельнікі выходзяць на бой”.

Я чытала мноства апокрыфаў, легенд і ле. Там напісана, што паміж расьпяцьцем і ўваскрэсеньнем Пан Езус зьнішчыў пекла, пазбавіўшы душы змарлых ад пакутаў. Ён усё–такі павярнуў да іх галаву, хаця непрымірымыя зануды сьцьвярджалі, што ніколі не паверне! Пра гэта сьведчыць апокрыф “Эвангельле ад Нікадэма”. Некаторыя аднак цьвердзяць, што пекла павінен пераараць Пётра — Араты. Ясна адно: злачынцы ўжо пакараныя. Засталося ім дараваць.

— Не гавары, чаго не разумееш. Ты сядзела ў сваім Кёнігсбэргу, чытала старыя кніжкі. Потым пераехала сюды і чытаеш тыя самыя кніжкі. Ты і знаць ня знаеш, што тут робіцца. Я нічога нікому не дарую. Хай адкажуць за свае справы, а я адкажу за свае.

— Хто адкажа і што ж робіцца? У двух словах.

— Акупацыя і камунізм. Сюды твае рускія нанесьлі сьцірты г..... Падмянілі гісторыю. Не пакінулі ніякай кшталтнасьці. Ня тое што замкаў, каралёў, кляштараў ці тэатраў — ні ў кога няма нават эстэтычнай настольнай лямпы. Мы тут без прэтэнзіяў. Як зробяць, так і добра. Хадзілі раз мы зь сябрам на рокавы канцэрт. У нас забралі сьцяг, я пайшла за сцэну разьбірацца. Малады хлопец, ахоўнік, мне сказаў: “На уліце будете махать вашімі бэнээфовскімі флагамі. Здесь частный клуб. Где у вас пісьменное разрешеніе? Хозяін нам сказал отбірать флагі. Ему позвонілі із горісполкома. Он полковнік КГБ. Умный мужік. Он знает, за что могут закрыть клуб”. Палкоўнік КГБ — прыватная ўласнасьць — адвязны канцэрт — дазвол на сьцягі... Я схапілася за галаву і пайшла. Яму дваццаць год, а ён ужо вар’ят са страшнай сумесьсю ў галаве. Тым ня менш у вар’ятні сяджу я! І ты! Гэта суседзі на цябе настукалі? Хату хацелі забраць! І ты сапраўдная вар’ятка, калі думаеш, што яны могуць хацець, дабівацца, чакаць чагосьці звыш праграмы. Хворыя, дурныя патаўпешкі. Я цяпер у двайным дурдоме — Рэмэдыяс і Беларусь.

Лёля слухала ўважліва і ласкава. Маленькі тварык, белыя валасы, цёмныя вочы.

— Ва ўсім вінаваты недакорм, — сказала яна. — Трэба прывязаць да сябе пахолка, трацячы на яго як найменш. Ствараецца штучны недакорм. Каб раб быў напаўгалодны. Дзень сыты, дзень — не. Купіў вопратку — але танную, нетрывалую. Ну, і трэба рабіць шмат падарункаў з панскага пляча, казаць цёплыя словы. Недакормлены чалавек за ўсё заўсёды ўдзячны. Беларусы кволыя, нядружныя, не нараджаюць шэдэўраў, любую справу ня могуць давесьці да канца, без нацяжак і латак. Бо ў арганізьме няма вітамінаў. Раба кормяць, каб ён рухаўся, а не каб лётаў. Недакорм і ўціск энэргіі. Ствараюцца такія ўмовы, каб неверагодна цяжка было рэалізавацца ў камэрцыі, філязофіі, мастацтве. Гэта называецца каляніялізм. І невядома, каму ён найбольш шкодзіць. Мы ўцячэм ад рускіх. А куды рускія ўцякуць ад сябе? Яны ўсюды цягаюць за сабой свае плюндры. Вазьмі Кёнігсбэрг.

Лёля расчарціла спацелую шыбу напалову і стала крэсьліць вадзяныя словы, мармычучы кароткія заўвагі.

— Быў горад Palwe — стаў пасёлак Заліўное. Алея Каралевы Луізы — вуліца Камсамольская. Вуліца Майстэра Крайсьлера — вуліца Калініна. Вуліца Робэрта Рабэртына — Барнавульская, вуліца Паляўнічага Рогу — вул. Омская, вуліца Эйхендорфа — вуліца сяржанта Каралькова. Інстэрбург, Эйдкунэн, Пількален, Альбэртына — Добровольск, Балтійск, Зеленоград, Черняховск і нарэшце, як цукат у торце, — пасёлак Чарняхоўскае. Бачыш, які палёт фантазіі. Ім не было чым думаць. Закідалі сваімі і чужымі трупамі рвы вакол Кёнігсбэргу, усё разбурылі і залілі крывёю. Рускі штык — калі ласка, а вось школы сапраўднай не было, кшталтнасьці на штыках не прынясеш. Калі я прыехала ў Беларусь, то зьдзівілася, якія яны ўсюль аднолькавыя — агрэсіўныя і некультурныя.

— Вядома. Бо культура абмяжоўвала б загадкавасьць і веліч іхнай душы. Я раз ехала ў віндзе пасьля доўгай пагулянкі, з парасону на падзертыя калготкі сьцякала вада, я была змучаная і хацела схавацца і прывесьці сябе да ладу. Тут дзьверы расчыніліся, і ў ліфт пырхнула жанчына сярэдніх гадоў у падлеткавым паліто і плеценай шапачцы, з густа насіненымі вачмі. Яна тут жа накінулася на мяне. “Девчёнкъ, а девчёнкъ, а ты колготкі порвала! Ох как располосовала! Лаком заклей і носі под сапогі!” Гэтая вісклівая общітельность у замкнёнай прасторы. Нічога не пакінула ад personal space. А я на гэта заўжды прэтэндавала!

— Ты ненавідзіш іх. Падсоўваешся бліжэй і ненавідзіш — замест таго, каб адысьціся. Далёка, далёка, яшчэ далей. Зрэшты, яны нічым ня горшыя за іншых. Немцы прыйшлі, зьнішчылі балтаў, рускія панішчылі немцаў. Пасьля 1945 году ў Кёнігсбэргу было столькі самазабойстваў і ўцёкаў! Гэта немцы плацілі па прускіх рахунках. Штайндамкірхэ — 1256 год пабудовы, разбомбленая ў 1945. Зарослая быльнягом Кюрбісляўбэ — альтанка, дзе зьбіраліся паэты. Кучы друзу, што засталіся ад цэлай культуры. Так, Госпадзе, так. У рускай мове ёсьць цудоўнае слова — возмездіе. І ня блытай яго з чалавечай “местью”.

— У нас ёсьць толькі “помста”.

— Злосьць заесьць цябе хутчэй, чым ты разгоніш шабляй лужыну. Табе б пагаварыць зь сястрою Марцэлінай.

Сястра Марцэліна

Бацькі Нінонк былі старыя беларускія нацыяналісты. Вярнуўшыся адтуль, дзе валяць лес, а сякеру кладуць на неба, бацька пачаў піць. Маці трымалася, аж пакуль ня вырасла Нінонк, а бацька не зрабіў адчайнай спробы зьмяняць на гарэлку збор твораў Лынькова. Потым Нінонк выкінула і Лынькова, і Навуменку. Цэлы натоўп графаманаў перабег зь іхнай кватэры на блізкі сьметнік. Збор твораў Айзіка Кучара Нінонк пакінула для выхаваньня ў сабе лютасьці. Пакінула й бацькоўскія сшыткі зь вершамі Гаруна, Жылкі, Дубоўкі. Пяць год таму бацька сканаў у лякарні. Маці сышла на пошукі вінішча і не вярнулася, памерла ля вакзалу, заснуўшы на гурбе сьнегу, ссунутай бульдозерам. Нінонк стала жыць адна. У хаце было пуста і брыдка. Жабрацтва і брыдота лезьлі з кутоў. Нінонк мела калекцыю выцьвілых сукенак і стаптаных чаравікаў. Ёй устыла беднасьць, яна кінула ўнівэрсытэт і ўладкавалася ў Менскі вагонны ўчастак, на цягнік Варшава—Масква. Нінонк някепска зарабляла на багатых кліентах — перапрадавала чакаляд і сьпірытовыя напоі. І бедных таксама аббірала — адгладжвала мокрым ручніком скарыстаную бялізну і падавала яшчэ раз — рабіла “сыркі”. Брала зайцоў. Крала мінэралку, цукар, ручнікі, мыла. Перавозіла нейкія пакеты. Кахалася з пасажырамі. Не саромелася нічога. Сярод барахла, што валяецца ўнутры Нінонк вялікай кучай, стаяць вагі. Гэта трапётка дакладныя вагі, якія дзьвюма дзюбкамі паказваюць — што сьвет павінен Нінонк і што Нінонк павінна сьвету. Дзюбкі амаль ніколі не сыходзяцца. Зараз дзюбка Нінонк пайшла ўгару — сьвет яе занядбаў. Яна мае права на зладзейства. І зладзействавала, пакуль не пазнаёмілася з Богшам Адзінцэвічам. Яны некалькі разоў праехалі туды–сюды — Варшава–Масква–Варшава–Масква — бесьперастанна п’ючы то салодкае, то горкае.

— Так, — сказала нарэшце Нінонк недзе пад Воршаю, разьдзіраючы вялае цельца мандарына. — Ты хочаш, каб я вазіла табе паперы й дыскеты. А што я з таго буду мець?

Богша пасьміхнуўся.

— Нічога, апроч галаўнога болю.

Нінонк падумала, каўнула ліквору і згадзілася. Яна вазіла богшавы паперкі і сама акуратна прачытвала іх. Хутка Нінонк загаварыла з усімі па–беларуску, адмовілася ад брыдкіх звычак, пацьвярджаючы старую ісьціну, што нацыяналісты не крадуць. Яны апантаныя высокай ідэяй.

Нінонк праезьдзіла год, прыносячы карысьць Бацькаўшчыне, а потым на чарговым аглядзе ўведала, што ў яе рак. Сьвятыя апошнія дні. Ні страху, ні смутку. Ёй толькі здалося, што ўсё жыцьцё яна займалася нявартаю лухтою. У поўнай задуменнасьці яна зьбіралася ў рэйс. Гэта будзе яе апошні рэйс. Ні на што такое ўжо няма часу.

Перад ад’ездам трэба было набыць новыя боты. Учора ёй узламалі вагон ды выцягнулі боты і пляшку ліквору. Нехта са сваіх, бо ведалі, калі яна выбягае выкідаць сьмецьце з бачкоў. Нінонк пайшла ў “Сьвітанак” мяняць грошы.

У “Сьвітанку” ля прыбіральні тусаваўся знаёмы валютчык. Яны хутка змовіліся, і Нінонк ужо дастала пяцідзясятку, як раптам Русланчык кінуўся па прыступках угару, а Нінонк схапілі два таўсталобікі ў скураных марынарках. Нінонк лузанулася прэч, яе правая рука ўзьляцела ўгару, як ракета, пальцы дакладным рухам скруцілі пяцідзясятку ў трубачку. (Чысьціня ў жэсьце.) Нінонк кінулася на падлогу і запхнула пяцідзясятку ў рот. Хлопцы схапілі яе за каўнер і шматанулі ўгару. Каўнер аддзёрся з хрустам. “Ну вось, яшчэ й футра. Як не шанцуе ў апошнія дні”.

Дзюбка вагаў Нінонк узьляцела ўверх і — чакк! — застыгла на мейсцы. Хвароба, скрадзеныя боты, слота на вуліцы... Сьвет, то бок мянты, ня мелі правоў на грошы Нінонк. Яна іх зарабіла рознымі пакутамі. Таму няўдакі, якія могуць толькі разбураць ды адбіраць, зьядуць хрэн, а не чужы набытак. Сьвіньня мусіць харчавацца конскімі яблыкамі, сечанымі буракамі, паранай кашай з вотруб’я. Гэта рэкамэндацыі лепшых сьвінаводаў. Даляры сьвіньні ні к чаму.

Стаўшы на грунт сьвятое рацыі, Нінонк заспакоілася і падрыхтавалася хлусіць і ёрнічаць.

— Вы нарушілі декрет презідента №2 і проізводілі незаконные валютные операціі, в чём і составлен протокол. У вас было 53 доллара США. Сотруднікі міліціі прапорщік Фролов і сержант Шкандыба утверждают, что вы оскорблялі сотрудніков міліціі, прі задержаніі хваталісь за форменную одежду і съелі купюру достоінством в 50 долларов США. Вот протоколы задержанія і обыска, будьте любезны подпісать. — Прамаўляючы гэтую лухту, лейтэнант сувора глядзеў на Нінонк.

(Ён думае, што Нінонк мае за што баяцца. А ў Нінонк нічога няма.)

Яна зірнула на лейтэнанта прыязна і насьмешліва.

— Я ня буду падпісваць гэтага пратаколу. Вашы людзі выконваюць плян і хапаюць усіх, нават добранадзейных лахоў. Я ішла здаваць грошы ў абменку, а яны напалі, абмацалі мяне, падзерлі дарагое футра, прымусілі зьнішчыць грошы. Выхоўвайце вашых сяржантаў. Яны падрываюць прэстыж міліцыі.

— Хорошо, хотіте по–белорусскі, пусть. Я тоже Янку Коласа чітал. Но зачем вы съелі деньгі?

— Не хацела ім аддаваць. Яны перавысілі свае паўнамоцтвы. Калі выйду на свабоду, прадам лядоўню й тэлевізар і на гэтыя грошы буду скардзіцца.

— А где вы взялі доллары США? Проводніцам долларамі платят ілі это за дополнітельные услугі?

— Дарэмна вы мяне абражаеце. Гэта грошы мерцьвяка...

— Что значіт мертвеца?! Кого–то убілі, вы хотіте сказать?

— Ня ведаю. Тыдзень таму, ранкам, я йшла абок школы па вуліцы Карча і ўбачыла замерзлы труп. Ля яго стаяў мужчына і паліў нешта сьмярдзючае. Ён паслаў па хуткую і міліцыю, а сам сьцярог. Ён хацеў, каб я пастаяла зь ім, бо аднаму было непамысна зь мерцьвяком. Але цыгарэты так сьмярдзелі, як у вашага Фралова. Я пайшла далей і пабачыла, што са сьнегу стырчаць ражок насоўкі і ражок купюры. Я пацягнула, насоўку выкінула ў сьметнік, а даляры — іх аказалася 53 — схавала на чорны дзень. Ня ведаю, хто быў труп і ці ягоныя гэта даляры. Я некалькі начэй баялася, ці ня прыйдзе нябожчык па сваё дабро, але ніхто не прыйшоў.

— Почему вы не заявілі, что нашлі доллары?

— Хацела сама патраціць. Чорны дзень надыйшоў. Учора ў мяне сьцягнулі новыя боты. Я вырашыла купіць тыя шыкоўныя, садамазахісцкія, што стаяць у ГУМе. Пайшла мяняць, мяне і ўзялі. Давайце напішу гэта на звароце вашых пратаколаў.

— Не нужно пісать. Значіт, вы утверждаете, что хотелі обменять деньгі в обменніке, а валютчіка Батюшева не знаете?

— Ня знаю і знаць не хачу нікога з такім прозьвішчам.

— Это фамілія, а не прозвіще, — раздражнёна сказаў Кучкін. — Отвечайте только на вопросы. Было лі вамі оказано сопротівленіе сотруднікам міліціі Фролову і Шкандыбе?

— Не. Я зьела даляры ў стане афэкту. А яны падзерлі мне футра, на якое я зьбірала год. А ўчора ўкралі боты. Пастаўце на маё мейсца вашую жонку. Я буду скардзіцца. Што мне яшчэ застаецца?

— Прочітайте ваші показанія і подпішіте, еслі верно ізложено.

Нінонк накрэсьліла подпіс.

— Вот что, Ніна Фольберг, еслі ты ещё раз попадёшься на этіх делах, сядешь ілі будешь платіть штраф. А теперь іді. Странно всё–такі — жідовка, а по–белорусскі разговаріваешь?

— Мне так сподручней. Да пабачэньня.

Нінонк выйшла з пастарунку з каўняром у рукох і пасунулася па халепе ў горад. Да рэйсу заставалася 4 гадзіны. Пара было ісьці ў Траецкае. Нінонк прыйшла ў галубятню зарань і села ля вакна, чакаючы сувязнога. Вакно запухла пылам. Сухія мухі скончылі на ім сваё самотнае жыцьцё. Нінонк паспрабавала адсунуць дэдэроннае павуціньне, каб зірнуць на Сьвіслач, касьцёл Найсьвяцейшай Панны, белы кляштар францысканцаў і круглыя галовы дрэваў. Вялізная кабета ў маленькім хвартушку сказала ёй: “Я вас прошу не трогать штору”. І Нінонк адвярнулася ад вакна. Настрой прыгас яшчэ болей. І тут у кавярню ўвайшоў Барташ. Падсеў, пабалбатаў, перадаў Нінонк паперы для Богшы. Даў 60 даляраў. Нінонк пайшла на базар, купіла новыя боты, дэтэктыў і каробку цукерак. Можна йсьці ў вагонны ўчастак.

...Начальнік цягніка доўга распрагаўся пра вымагальніцтва, хамства, п’янства і блядзтва правадніц на рабочым мейсцы. Адно пахваліў Нінонк за карыстаньне польскай і ангельскай мовамі. Нінонк прыняла чыстую бялізну, заслала паліцы. Там–сям шырганула мокрым венікам і села чытаць дэтэктыў, вельмі тупы, на жаль. У дэтэктыве дзейнічала прыўкрасная і цнатлівая сакратарка Ліна, што ўратавала свайго шэфа з лап міжнароднай мафіі. Злачынцы палявалі за шэфам, бо той вёз таемныя паперы. Нінонк скрывілася і заглянула ў канец. Натуральна! Напрыканцы Ліна вызваляе шэфа і выходзіць за яго замуж. “Ліна подняла на Гарольда своі сіяющіе зелёные глаза. О, — сказала она, — но ведь ты всегда будешь подвергаться опасності. — Дорогая, — ответіл ей Гарольд, — я встретіл женщіну своей мечты і бросаю эту опасную работу. Мы будем жіть как все люді. — О Гарольд, — робко прошептала она. Глаза её наполнілісь слезамі. Гарольд закрыл ей рот поцелуем, а Нінонк выкінула дэтэктыў у вакно. Паляцеў, трапечучы, як шматкрылы зьмей. Хутка цягнік крануўся. Ноччу, недзе ля Жабінкі, у купэ пагрукалі. З–за дзьвярэй даносіўся раздражнёны мужчынскі голас і вісклівы паўгаласок дзяўчыны. Хтосьці кагосьці прымушаў ісьці. — Н–іі–і–на! — спалохана і хлусьліва заверашчала Людка з суседняга вагону. — Нада пагаварыць, адкрой.

— Гавары так. Я не апранута.

— Нет, Ніна, пажалуста, адкрой. Это очень важно.

— Счас, счас, — сказала Нінонк.

Імя зялёнавокай сакратаркі было Ліна Флак. Яе імя Ніна Фольбэрг. Ліну ўзялі з таемнымі паперкамі. Возьмуць і Нінонк. Знакі на дарозе рассыпаюцца для ўсіх. Але вераць ім толькі жанчыны. Бо не прэтэндуюць на розум. Таму й выйграюць. Нінонк апранула шубу, аддзерты каўнер запхнула ў кішэнь. Торбачку з грашмі і паперамі павесіла на шыю. Надзела новыя боты. Шасск! — апусьціла фрамугу і глянула ўніз. Вух–хх! Зямля неслася наперад, як белы воўк. “У мяне рак. Можна скакаць”, — падумала Нінонк. “Але ты зломіш яшчэ й ногі”, — падказаў страх. Ззаду пачалі трашчаць дзьверы. Нінонк учапілася ў поручань, высунула ў вакно доўгае тулава. Заплюшчыла вочы. Потым страшна завыла і адпусьціла рукі. У палёце заціснула вочы рукамі, каб не павыбіваць порсткім быльнягом. Так Нінонк зьдзейсьніла свой скачок пад Жабінкаю. ГБ засталося ні з чым.

— Нашто вы мне ўсё гэта расказваеце, сястра? І што сталася зь Нінонк потым?

— Яна паўгады хавалася на хутары ў Жодзішках. Лячылася галаданьнем і мэдытацыямі. Арганізм не памёр, а загартаваўся. За выняткам аднаго. Нінонк скончылася як жанчына. У верасьні Нінонк выйшла зь лесу, паглядзела на сонца чырвонымі вачыма і пайшла ў Баранавічы пехам. У касьцёле Нінонк апусьцілася на дол і ўткнулася галавою ў калені ксяндза. Пасьля жыла пры кляштары, а цяпер яна сястра палёгкі ў ТАА “Рэмэдыяс”.

— Сястра Марцэліна?

— Сястра Марцэліна. І спакойная сястра. Але мне ня ўдасца дапамагчы табе. Зараз ты не зразумееш мяне. Твая бяда ў тваёй сэксуальнасьці. Ты будзеш шчасьлівая год праз сорак. Фіялетавыя валасы, тонкі твар, грубы швэдар. Спагада, цікаўнасьць, спакой. І сьвет для цябе перастане складацца найперш з маладых мужчын і толькі потым з ўсіх астатніх.

— Сястра, я й ня думаю...

— Ты прывязаная да гэтага, як галернік да грузу. Усюды цягаеш яго з сабой. Ты гуляеш, а не жывеш. Людзі для цябе — як набор люстэркаў, што адбіваюць тваё я. Калісьці ты пачнеш бачыць людзей. Будзеш слухаць, а не гаварыць. Прыгоды стануць унутранымі.

— А вы сябе так адчуваеце?

— Так. Пасьля хваробы я скінула свой пол і свой цяжар. Я шукаю службы, я тут па справе. А ты ідзі гуляй далей. Разглядай дэкарацыі.

***

Амялушка, пліска
Тваё шчасьце блізка.

— Пайду, мяне шмат што чакае. Знаёмае дупло і чарніцаў жменя ля вёскі Белы пераезд, дзікія хутары ў Зыслаўскіх лясох, жыдоўскія могілкі па дарозе на Будслаў. Цьвёрды нясьвіскі кефір, на ім можна стаяць і не калыхацца. Буду палохаць паўдзённых відзьмаў у палёх.

— А ночы, а холад?

— Вось гэтага я баюся. Я прашуся да людзей, а не пускаюць — ціснуся бліжэй да селішча. Ноччу страшна адной. Я ўсё ведаю: і нашто казадой крычыць, і чаго шкурлаты лётаюць над хатай, і сабакі выюць, і прыплотныя травы ўстаюць на дыбкі. У маім родзе, як сягнуць, не было нікога, апроч тутэйшых, вясковых, з глушэчы. Я прывучаная тут да ўсяго. І хрысьціла мяне старая Мачанка, у якой крыжы самі зьляталі з шыі. Я ўмею варажыць і дабіраць зёлкі. І мяне цягне пахадзіць.

— А мне патрэбныя сьцены, абарона. Магу адсюль выйсьці і зноў вечарам схавацца. Я маю дастаткова, каб нікуды не імкнуцца. Рай унутры. Калі рыцар Граэлент кладзе ў рот кавалачак сыру, я адчуваю смак разам зь ім. І нёба як быццам ягонае.

— А ты будзеш успамінаць мяне?

— Мы пабачымся, калі захочам. Калі ж не — будзем успамінаць. Страціць нікога немагчыма.

У той самы сакавік, калі памерла Ванда, рашыўся і лёс Тэрэзы. Сястра Марцэліна паклікала яе да сябе і працягнула мэдычнае заключэньне.

Тэрэза доўга чытала дакумент. Запомніліся ёй такія радкі: “уровень соціального сознанія нізок, стремленіе к пассівной ролі в обществе, отріцательное отношеніе к основным человеческім ценностям і понятіям. Дістрофія волі. Діагноз: патопсіхологіческое развітіе лічності. Нуждается в леченіі і постоянном наблюденіі”.

Тэрэза разумее, што яна іх моцна дастала. Цяпер яна мусіць жыць у бацькоў і пастаянна “наблюдаться”. Мае белы білет. Мірлік адрабіўся таньней. “У яго тры пакаленьні на Вайсковых могілках ляжаць. З кім ты раўняешся?”

— А ў мяне на небе блат, — гаворыць Тэрэза і выходзіць за парог “Рэмэдыяс”. Растае. Сонца сьвеціць у твар. Тэрэза бачыць у вакне белаваты тварык Лёлі і махае рукой.

Rels nеу gipfilt lipti, Teresa?
O ini Nopfet by soltve, Teresa?
Куды ты пойдзеш цяпер, Тэрэза?
І што ты, Тэрэза, там будзеш рабіць?

Тэрэза не пайшла ні да бацькоў, ні да Мірліка. Са сваім воўчым білетам яна вольная. Цягне і цягне яе па шляху. Зрэшты, волат Пакацігарошак і яго булава былі знойдзеныя на дарозе. Нашыя скарбы валяюцца паўсюль у выглядзе згубленых шпілек, гузікаў і манэт. Да сустрэчы на пыльных дарогах, у кляштарах, лясах і брыгадах па зборы малінаў. Паболей самотных заняткаў. Рай унутры.

Яна вандравала да яснага лета, пакуль не пачула сябе зусім кепска. Тэрэза чакала дзіця. Тады яна пайшла ў сваю вёску. Той самы анёл, што сустрэўся ёй некалі ў Наваградку, стаяў, абапёршыся крылом на шыльду “Кабанчыцы”. Крыло было празрыстае. Анёл кіўнуў галавой, вітаючыся. Зь яго прыполіка пасыпаліся буйныя сьлівы, якіх ён надзёр у зьдзічэлым Мачанчыным садзе. З вухканьнем, як бомбы, падалі сьлівы і ўздымалі фантанчыкі пылу. Анёл, апусьціўшы кудзеркі, таптаў іх босай нагой. Тэрэза нагнулася, падняла адну і пайшла ў вёску. Бацькі прынялі яе так, быццам яна й не сыходзіла ў шырокі сьвет па шчасьце. Пасьміхнуліся і пайшлі: бацька — на рыбу, маці — да сваіх ружаў. У бацькоўскай хаце Тэрэза нарадзіла дзіцёнка, сьціскаючы ў руцэ нявянучую анёльскую сьліву. Калі трымаеш у руцэ плод — лёгка нараджаеш.

Тэрэза загарнула дзіцёнка і паклала на ложак. Хлопчык спаў. Тэрэза рабіла ўсё спраўна і бязь лішніх думак. Яна прызвычаілася да натуральнага жыцьця.

Пагрукалі ў дзьверы, і ў пакой зайшоў чалавек з чорнаю торбай.

— Я перапішчык, — сказаў чалавек.

— Я Тэрэза Змушка, адукацыя вышэйшая, беларуска, не працую.

— А дзіця чыё?

— Маё. Яго завуць Францішак Весялін Здагада.

Зноў люты.

***

Побач нехта ўздымае галаву, абапіраецца на локаць. Робіць локцем лянівы крок па падушцы, зазірае мне ў твар.

— Гэта танны патас, намёкі для дурных. Я бачыў такую скульптуру ля Слуцкага райвыканкаму, — кажа ён. — Жанчына зь дзіцем. У яе вельмі выражаныя першасныя і другасныя полавыя прыкметы. Нахмураны, як у нэандэртальца, твар. Яна глядзіць на захад, дзе адгрымелі баі. Пад помнікам стаяла яшчэ буйная варона і разглядала яго, задраўшы дзюбу. Па–мойму, ёй не спадабалася.

— Дурныя вы з варонаю. Цяпер не прынята баяцца патасу. У модзе сур’ёзнасьць і радасьць. Стыль Бібліі.

— Хм, тым ня менш ты памятаеш, хто сказаў: “перасьцерагаю вас ад сур’ёзнасьці”. Зрэшты, гэта неістотна. Мне здаецца, усё роўна з вамі ўсімі тут разьбяруцца.

Мой сусед пасьміхнуўся і пацягнуў руку да купкі лілёвых сьліваў на начным століку. Чырванаватыя цені сьцелюцца па ложку. Спаць, дзеці, спаць, спаць!! Мы нічога не баімся.

Опубликовано 27 сентября 2004 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1096278184 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА Лялечка – балетніца – каралева – сплетніца

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network