публикация №1096277501, версия для печати

Цэнтр Еўропы, дарогі і жыцця


Дата публикации: 27 сентября 2004
Публикатор: maskaev (номер депонирования: BY-1096277501)
Рубрика: БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА РАЗНОЕ


АВТОР: Віталь Панамароў

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


Віталь Панамароў — кіеўскі філёзаф і журналіст. Супрацоўнік Украінскае службы радыё “Свабода”, рэдактар альманаху “Філософські студіп”. Вялікі сябар Беларусі. Перакладаў на ўкраінскую артыкулы шматлікіх беларускіх аўтараў. Друкаваўся ў беларуска-ўкраінскім нумары часопісу “Фрагмэнты” (Менск, 1998).

Геаграфічна Цэнтральная/Сярэдняя Еўропа пачынаецца ў адпаведнасці з азначэнем Міколы Рабчука — адразу ж за агароджай саду Мэтэрніха (то бок, на ўсход ад ускраіны Вены) і цягнецца аж да Дняпра. З гледзішча сучаснай гісторыі — гэта ганебная для Захаду прастора паміж Мюнхенам і Ялтай. З гледзішча сучаснай геапалітыкі — гэта часовая нічыйная зона, шэрая пляма, якая прагне чужых уплываў і падпарадкавання. Паводле Юр’я Андруховіча — гэта памежжа “культуры віна”, “культуры піва” і “культуры гарэлкі”. Затое адносна каштоўнасцяў — гэта асобнае субцывілізацыйнае кола з вандроўным цэнтрам, няпэўнымі межамі, агульным лёсам і адзінствам светапогляду.

Цывілізацыйны разлом праходзіць па ўсходнім краі гэтага рэгіёну стужкай Міжмор’я, створанай з поўначы на поўдзень пераважна Беларуссю і Ўкраінай. Абедзве яны ўжо пераадолелі палову шляху да ўласнай тоеснасці, і цяпер іхнія культурныя эліты ствараюць постмадэрныя нацыі ў данацыянальным асяродку. Такім чынам, ва ўкраінскіх і беларускіх інтэлектуалаў вяртанне да сябе азначае новую інтэрпрэтацыю прынцыпаў “еўрапейскасці” пад­­час адбудоўвання ўласнай нацыянальнай тоеснасці.

Тры гады таму Вадзім Скуратоўскі1 давёў, што ўся еўрапейская культура грунтуецца на трох падмурках: рымскім праве, хрысціянскай антрапалогіі і працоўнай дзейнасці. Пасля Наталля Якавенка2 прапанавала разгарнуць цэлую еўрапейскую сістэму каштоўнасцяў на падставе адной толькі ацэнкі таго, што датычыцца сферы асабістага чалавечага жыцця, акрэсленай лацінскім словам privatus.

Сапраўды, простае прызнанне свабоднай волі індывіда дазваляе без супярэчнасцяў пабудаваць этыку, заснаваную на сумленні, арыентаваную на свабоду і асабістую адказнасць. Дастаткова параўнаць “мікракосм” з “макракосмам” у іхнім агульным значэнні, каб грамадства з часам прызвычаілася паважаць у кожнай асобе надзвычайную выключнасць ейнага жыццёвага свету. Варта сцвердзіць чалавека як Божае падабенства, і логіка веры прывядзе да шанавання асобы як сапраўднага пасланца Ўладара (выслоўе Антуана дэ Сент-Экзюперы) у кожным Другім, аж да зачаравання ягонай іншасцю. Адсюль паходзіць і плюралізм светапоглядаў, і недатыкальнасць асобы, і ўвогуле еўрапейскі дух, заснаваны на чалавечай годнасці і накіраванасці на дзейнасць. Адсюль жа, урэшце, і амаль усе агульнаеўрапейскія ідэальныя здабыткі: ад “залатых вольнасцяў”, шляхецкага гонару, казацкага індывідуалізму і “адказнасці інтэлектуалаў” да канцэпцыяў правоў чалавека і нацыянальнага самавызначэння.

З антычнага імкнення супрацьстаяць сусветнай энтрапіі (Хаосу) і з пазнейшага культу грамадзянскага абавязку апасродкавана выводзяцца пратэстанцкая этыка працы, уся сукупнасць тэхналогіяў і дзівосная еўрапейская здольнасць пераадольваць крызісы. Таксама адно толькі прававое асвячэнне прыватнай уласнасці дазваляе стварыць грамадзянскую супольнасць як грамадства буржуа. Гэта, натуральным чынам, робіць з дзяржавы просты інструмент супольнасці, а з чыноўнікаў, няхай і “ўсенародна выбраных”, — наймі­таў суверэннай сукупнасці вольных грамадзянаў, якія ўсвядомілі сябе нацыяй.

Трывалае навязванне сярэднееўрапейцу азіяцкай традыцыі калектывізму, увасобленай ці ў калгасных сходах, ці ў групавых разглядах персанальных справаў, выклікала ў яго недавер да грамадства як такога. Але, як заўважыў Мікола Рабчук, значную частку сваіх правоў чалавек можа рэалізаваць толькі ў грамадстве. Неабходныя ўдакладненні: у супольнасці, з якой чалавек сябе атаясамлівае. Гаворка ідзе пра нацыянальнае вымярэнне асабовасці: яе адчуванне знаходжання ў цэнтры нацыянальнай гісторыі, эмацыйнае перажыванне тысячагадовага вопыту пражывання на сваёй зямлі, суб’ектыўнае пачуццё бяспекі атрыманага ў спадчыну ад папярэднікаў уласнага Дому Быцця, усведамленне свайго Краю як Gloria Patria і далучэння яго да свайго духоўнага скарбу. Гэтае перажыванне ёсць наступствам настолькі асабістага, суб’ектыўнага і нават інтымнага выбару, што можна абнавіць нават старую ўкраінскую прыказку: князем нараджаюцца, украінцам/беларусам становяцца.

Аднак у цэнтры Еўропы ўсе звычайныя праявы нацыянальнага міжвольна прасвечваюць праз досвед азіяцкай акупацыі, а іхні экзістэнцыяльны пры­смак ператварае сакраментальную шклянку гарбаты ў чашу амрыты3. Гісторыя выпрацавала ў сярэднееўрапейцаў звычку да своеасаблівай негатыўнай эсхаталогіі — усведамленне таго, што іх могуць фізічна знішчыць альбо яны могуць цалкам гуманна бясследна знікнуць у еўразійскім балоце. Звычайна такія пагрозы з’яўляюцца магутным фактарам унутранай кансалідацыі нацыі, але разам з тым усвядоміць сябе беларусам ці ўкраінцам сёння азначае стаць “ваяўнічым сепаратыстам” у вачах Захаду, “буржуазным нацыяналістам” з гледзішча Ўсходу і нацдэмам/бандэраўцам для айчынных “транснацыяналаў”. Каштоўнасны раскол грамадства ўзмацняецца яшчэ і тым, што беларускімі і ўкраінскімі элітамі гістарычна засвоены заходні тып мыслення, а масавай свядомасцю тых краінаў — усходні.

Аднак палітычнай (грамадзянскай, буржуазнай) нацыі варта толькі аднойчы адчуць сябе суб’ектам гістарычнага працэсу, і атрыманне дзяржаўнай незалежнасці стае для яе проста справай часу. А права нацыяў на палітычнае самавызначэнне дагэтуль застаецца для цэнтральнаеўрапейцаў абсалютнай каштоўнасцю, падобнай да асноўных правоў чалавека. Затое заходнееўрапейская свядомасць пакрысе прызвычайваецца абмяжоўваць нацыянальны суверэнітэт дзеля прынады інтэграцыі — тэрміну, які ва ўкраінскім і беларускім посткаланіяльным кантэкстах найбольш дакладна перадаецца словам русіфікацыя. У гэтым кантэксце і глабалізацыя перш за ўсё праяўляецца ў выглядзе навалы браткоў і братаноў з усходу. Эмацыйную ўстаноўку ўкраін­скага і беларускага грамадскага нацыяналізмаў можна звесці, услед за Аксанай Забужкай, да трох словаў: “Дайце нам жыць!”

Стаўленне да неад’емных правоў чалавека і нацыі, ледзьве не абагаўлёных сярэднееўрапейцамі, на ўсход ад Дняпра выклікае падазронасць: “Правы чалавека?!” — да таго ж абцяжаранае маніяй Чарнакозава. На атлантычных берагах абарона нацыянальных правоў асобы цяпер саступае барацьбе за правы сексуальных меншасцяў, уласцівая для еўрапейскай культуры абсалютызацыя маральных крытэряў людскай praxiz падмяняецца патрабаваннямі палітычнай мэтазгоднасці, а новае паспалітае разуменне права чалавека на жыццё там шчыра выказала адно заходняе інфармацыйнае агенцтва: “У прадмесцях Грознага працуе расійская цяжкая артылерыя” (курсіў мой — В.П.). І тое, што для цэнтральнага еўрапейца генацыд, для заходняга менталітэту — толькі гуманітарная катастрофа і парушэнне геапалітычнай стабільнасці, выкліканыя сепаратызмам нацыяналістаў.

Такім чынам, і беларускім, і ўкраінскім культурным элітам, як заўсёды, крайне не стае часу на адбудову сваіх уяўленых супольнасцяў — толькі да наступнай “Ялты”. Таму варта паспяшацца — як пісаў Юры Ліпа4, “всупереч Азії жаху і всупереч зимній Європі” (“насуперак Азіі жаху і насуперак халоднай Еўропе”).

З украінскай пераклаў Зміцер Серабракоў
паводле аўтарскага арыгіналу.

Опубликовано 27 сентября 2004 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1096277501 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА Цэнтр Еўропы, дарогі і жыцця

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network