публикация №1096277109, версия для печати

Выжывае падлейшы


Дата публикации: 27 сентября 2004
Публикатор: maskaev (номер депонирования: BY-1096277109)
Рубрика: БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА РАЗНОЕ


АВТОР: Андрэй Мельнікаў

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №1 1999 ГОД


Андрэй Мельнікаў — беларускі сьпявак і літаратар. У 1997 годзе арыштаваны і пратрыманы некалькі месяцаў у Гарадзенскай турме “за спробу нелегальнага пераходу мяжы”. У 1998–99 годзе выйшла ягоная “Вандроўка за краты” (“Права на волю”, пачынаючы з № 15). Ягоны апошні магнітаальбом — “Здані” (“Анархія рэкардз”, 1997). “Выжывае падлейшы” друкуецца ў скарочаным выглядзе.

Калі лёс ставіць перад выбарам: быць подлым, мёртвым ці “апушчаным” — няцяжка здагадацца, на карысць чаго робіцца выбар. Мне не прыйшлося выбіраць — справа “не свяціла” “зонай”, “следак” на допытах быў карэкцен, “адмова супрацоўніцтва са следствам і спроба ўвесці яго ў зман” нейтралізаваліся сваёю ж ранейшаю гаварлівасцю ды пазнейшай гаварлівасцю іншых.

А бальшыню сукамернікаў чакалі рэальныя тэрміны, для асобных не выключаўся і “вышак”. Натуральна, пра магчымасць свайго выбару лёсу яны думалі, і тут ужо асноўным рабілася не пытанне “што выбраць?”, а “ў якой ступені?”. Пры ўсёй мярзотнасці выбару, гэтыя людзі дапамагалі мне жыць “там”, за кратамі. Пры ўсёй мярзотнасці становішча, нашы адносіны былі больш чалавечнымі, чым многія стасункі на волі.

С.— зэк са стажам у чвэрць стагоддзя. З ім мы звычайна ходзім на гулкі. Часам да нас далучаецца В. В. абвінавачваецца ў забойстве і віны сваёй не адмаўляе.

С. чакае ад’езду “на дурку”. На турме ён ужо больш за год. Па яго справе, з яго слоў, усё даўно вырашана — калі не прызнаюць “псіхам”— “цягне” год на восем–дзевяць зняволення. “Я “сядзець” не буду,— кажа С. на апошняй нашай гулцы,— адразу “ўздзёрнуся”. “Уздзёргвацца”, па словах С., не балюча. Нават кайф атрымліваеш. Галоўнае, паклапацiцца аб тым, каб адразу выявілі… С. сцвярджае, што “уздзёргваўся” разоў дванаццаць і часам пры гэтым “канчаў”.

С.— “тубік” і сіфілітык. Чамусьці большасць “аўтарытэтаў”, якія трапляюць на “наш” корпус — ці “тубікі”, ці сіфілітыкі. У С.— і тое, і тое. Але “чыфірым” мы з аднаго кубачка. У нашай хаце “чыфіраць” усе.

Паходзіць С. з заходнебеларускай вёскі. Школу скончыў як ЗПР (запаволенае псіхічнае развіццё). Упершыню сядзеў яшчэ “на малалетцы”, тады ж — напачатку 70­х,— пазнаёміўся з Гарадзенскай турмой. На той час, па словах С., умовы былі непараўнальна горшыя — чыста ў плане быту. Галадуха. Гульні на кроў: пераможца выпіваў кубак крыві, што сцэджваў прайграўшы.

Да нас С. трапляе пасля трохдзённай галадоўкі. А тут — усе атрымліваюць прыстойныя дачкі. С. галадоўку спыняе датуль, пакуль не будзе “галяка”, ды “галяк” так і не надыходзіць.

Капусты С. не есць — “казліная ежа”. Затое любіць сухое малако і сумесь “Малыш”. Каб адпудзіць галоўнага канкурэнта — аматара гэтых прадуктаў, якому іх, у асноўным, і дасылаюць, былога хакеіста Д., С. неўпрыкмет закідвае ў пакункі з “Малышом” прусакоў. Д. сапраўды гідзіцца.

Д.— малодшы з сядзельцаў нашае “хаты”. Здаровы хлапец з камфортным мінулым, троху інфантыльны, нягледзячы на багатую спартовую біяграфію і службу ў войску. Аматар добрай кавы і дарагіх цыгарэт. Трапіў да нас за ўгон. Стараецца падтрымліваць хоць якую форму штодзённай гімнастыкай. Па магчымасці спіць удзень. А вось уначы не засынае доўга, па словах забойцы В., плача. Пасля распавядае, што С. кожную ноч займаецца ананізмам. Д. жудасна раздражняе С.–а і паводзінамі, і доўгім языком. Аднойчы С. кідаецца на Д. з мятлой. “У мяне ў гэты момант як зацямненне нейкае,— тлумачыць ён на той, апошняй нашай гулцы,— адключка”.

Мне С. даў “паганяла” Жыд. Не ў апошнюю чаргу таму, што ў маіх дачках — абавязковы чоснак. Але С. згодны: чоснак на турме вельмі карысны як прафілактыка шматлікіх хваробаў, тым больш узімку, і сам ужывае прадукт у вялікай колькасці.

Ахова пагалоўна ведае С. І ён яе ведае. Памятае, хто якія пасады займаў тут у 70­м, якія — у 80­х… Адзін з гульшчыкаў — знаёмы С. нават па Карэліі…

Дзякуючы С. у “хаце” працуе радыё і ёсць некалькі кніжак з кабінетнай бібліятэкі “васпета”. Такім чынам я знаёмлюся з летувіскім гістарычным раманам і яго класікам Венуолісам. С. ведае і цэніць добрыя кнігі.

З днём нараджэння С. віншуе мяне першым.

С. упарта спрабуе прымусіць мяне “пераводзіць стрэлкі”. “Ты толькі пачні,— кажа ён,— а я заўжды падтрымаю”. “Перавод стрэлак”— наезд на каго-небудзь — адно з захапленняў С. Многія ўспрымаюць гэтую гульню ўсур’ёз і ўва ўсю дапамагаюць наязджаць на “ахвяру”, абы самім не трапіць у гэткае становішча. Мне гульня не падабаецца зусім, я проста не прымаю ўдзелу. А гэта не падабаецца С.

Нашу хату С. заве “сучай”. Чэкіст, мытнік, мент… “А вось чаму ты тут,— звяртаецца да мяне,— паняць не магу. Эта на цюрме нет падзелу “па масцях”. На зоне — есць. Спросят. Пападзёш у “непанятку”. Думай”. “А ты чаму тут?”— парырую я. “Я,— пасміхаецца С.,— я — іншае.” С. даўно ў “аўтарытэтах”.

“Бацьку” С. ня любіць, але думак пра дзяржпераварот жахаецца: “путч” 91–га яму давялося перажыць на “асобым рэжыме” ў Глыбокім. Кажа: усе былі пад прыцэлам кулямётаў, мянты толькі загаду чакалі. Дзякуй Богу, “путч” хутка скончыўся.

С.— не дурны. Але збольшага гэта праяўляецца толькі на гулачных дворыках, калі мы ўдваіх ці з В. У “хаце” С. пераважна “гоніць”, пэўна — ёсць для каго. Са словаў С., быць “дурным” лепей за іншае і на зоне. З дурнога 10% адказнасці за словы і ўчынкі, у параўнанні са звычайным зэкам.

Той жа С. тлумачыць, што, каб зрабіць кагось підарам, не абавязкова яго трахаць — дастаткова дакрануцца сваім “прыборам” да лба “апускаемага”— і кліент гатовы! Неістотна, што той можа быць у гэты момант у непрытомным стане — былі б сведкі! А калі пра тое “аўтарытэт” абвесціць, дык і сведкаў не патрэбна — дастаткова казаць: так было. “Аўтарытэтам” прынята верыць.

Підарамі лёгка становяцца легкаверныя аматары азартных гульняў. “Не гуляйце на зоне”,— папярэджвае С. Ён і сам так раскручваў навічкоў: існуе процьма “падколак” і “лавушак”, на якія бярэцца аматар гульні, не ведаючы, як супраць яго, прыязна пасміхаючыся, “работае” ўвесь калектыў, што чакае “свежай цэлкі”. У выніку — пазыкі, вярнуць якія немагчыма, і, да агульнай радасці, працэс “апускання”.

С. распавядае, як, трапіўшы на адну з расейскіх зон, пазнаў у повары чалавека, які на іншай зоне быў підарам. Па паняццях, трэба было адразу ж давесці калектыву, але повар прапанаваў С. гандлёвую здзелку: ён забяспечвае С. прадуктамі, а С. маўчыць, што повар — підар. Так і жылі далей. Пры ўсёй жорсткасці “паняццяў” рынак перамагае.

С.— вялікі аматар жанчын, нейкі час быў жанатым. Толькі больш за палову жыцця на зонах уносіць свае карэктывы. Кажа, підараў трахаў часцей і болей. У якасці прэзерватываў зазвычай выкарыстоўваў цэлафан. А вось з апошнім, падчас мінулай адседкі, підарам — маладым прыгожым малдаванінам — не падстрахоўваўся. Відаць, тады і падчапіў пранцы.

Апроч людзей, за сексуальных партнёраў С. меў і жывёлу. Кажа, на зонах — звычайная справа — кабылы ды сучкі, свінні ды козы карыстаюцца вялікім попытам. Пасля, па выхадзе, іх аматары ўладкоўваюцца пастухамі ды працягваюць падобнае “каханне”. А асаблівы, незвычайны кайф атрымліваеш, калі трахаеш кароў!

Апошні выезд у КДБ. Справа закрыта. На працягу гадзіны па маім вяртанні ў хату С. выдзёргваюць на этап. Супадзенне?

Найпаважаная хатняя жамяра — павукі. Іх нельга крыўдзіць, тым больш забіваць — гэта абяцае непазбежныя непрыемнасці. Павук — гаспадар у хаце. Сваімі перасоўваннямі ён паведамляе будучыню гасцям — зэкам.

Кажуць, што не прынята забіваць чорных прусакоў — “крытчыкаў”. Ды я такіх і не бачу — усё чырвоныя ды белыя. Многія жыхары хаты на змаганне з гэтымі небаракамі выплёскваюць усю сваю прыгнечаную агрэсіўнасць — іх і паляць, і кіпнем шпараць, і прымітыўна душаць абуткам… Аматар-эксперыментатар М. вывучае паводзіны прусакоў у экстрэмальных для іх сітуацыях і такім чынам высвятляе, што зняволеныя прусакі непазбежна знішчаюцца драпежнымі мурашамі, якія, дзякуючы памерам, пралазяць ва ўсе дзіркі, а калі дзірак няма, то іх утвараюць (напрыклад, у пакунках з малочнымі сумесямі). Мурашы таксама палююць за кілбасамі, у якіх ёсць сала.

Яшчэ навалач — чайныя мушкі. Іх пагалоўе рэзка большае, калі дзе–небудзь расплёскваецца заварка, а ўвага да гігіены зніжаецца.

Зрэдку ў хату наведваюцца цвыркуны. Іх лёс трагічны. Сярод сукамернікаў абавязкова знаходзіцца той, хто адшуквае і забівае малога спевака — з нянавісцю ветэранаў сталінізму.

Вулічныя мухі. Гэтыя — з’ява сезонная, да халадоў. Як і камары.

Два дрэвы далёка за рэшкай — вось і ўсё, што адсюль бачна. Нават не дрэвы - нейкія іх кавалкі, сярэднія часткі. З яшчэ зялёнай лістотай у канцы лета. З паменелай лістотай у восеньскія дні. Потым — толькі голае галлё. Але можна вярнуцца з цэлым гербарыем з гулачнага дворыка і схаваць лісты ў сшытак. Гэтыя лісцікі будуць нагадваць табе пра свабоду.

…Год склаўся ўдала. Восень 96–га прынесла поспех на бардаўскім фестывалі “Мінск–96”, пад той жа час мне аформілі (пасля шасці з хвостам год намаганняў) замежны пашпарт. Пазнаёміўся з хлопцамі, дзякуючы якім у хуткім часе з’явіўся рок–гурт. На хатняй студыі, гучна званай “Анархія Рэкардз”, за адзін дзень 13 кастрычніка быў запісаны магнітаальбом “Гэта Мы”, стаўшы ў далейшым ці не самым папулярным маім альбомам. “Бардаўская восень” - фестываль у Бельску–Падляскім — прынёс, апроч тытулаў самага аўтэнтычнага і харызматычнага беларускага барда, адчувальную суму грошай і магчымасць запісаць магнітаальбом на “Радыё–Беласток”.

У студзені 97–га “Анархія Рэкардз” зрабіла яшчэ два мае магнітаальбомы.

Далей мяне двойчы здымалі для элітарнага “Беларускага Дому”. Паспяхова праходзілі канцэрты ў Менску, Горадні, Пінску, Наваполацку… Пабыў на другім з’ездзе беларусаў свету. Наладжвалася здароўе сына. Прыйшлі запрашэнні на восеньскую канферэнцыю беларусістаў у Гданьску і з’езд беларускай моладзі свету. 27 траўня ў Гомелі я дэбютаваў у якасці аўкцыяніста на аўкцыёне па продажу камунальнай нерухомасці.

Наступным ранкам трэба было з’явіцца на Беласточчыне…

Цягнік з Гомля прыбываў у Менск праз некалькі хвілін пасля таго, як адыходзіў патрэбны аўтобус на Беласток. Надзея была на сяброў… На пад’ездзе да Менску я перабраўся ў апошні вагон, каб бліжэй было бегчы да аўтавакзалу і з радасцю адзначыў, што цягнік набліжаецца да станцыі хвілін на пяць раней. Раптам — нечаканы супынак… На мае роспыты праваднік адказаў з абыякавай інтанацыяй: “А–а, “сталыпін” чапляюць…” “Сталыпін”— вагон для зэкаў…

Я ўдала сеў на беластоцкі аўтобус, нягледзячы на спазненне цягніка. Сябры кантралявалі сітуацыю. Першае папярэджанне лёсу засталося па–за ўвагай.

Другое папярэджанне прагучала 19 чэрвеня падчас першага публічнага канцэрту майго рок–гурта “Colorado beatles”. Паэт Славамір Адамовіч, распавядаючы пра свае судова–турэмныя перыпетыі, абгаварыўся і назваў дату, якая была наперадзе — 13 жніўня 1997 году. Менавіта ў гэты дзень была прынята пастанова аб завядзенні супраць мяне крымінальнай справы.

І абгаворка Адамовіча засталася па–за ўвагай. Яе прароцкасць усвядомілася пасля кратаў, пры праглядзе відэазапісу канцэрту…

Цёплым жнівеньскім днём 1997 году лаплены “ЛАЗ” вывозіць з Магілёва групу турыстаў, што мяркуюць пабываць у гістарычных мясцінах Віленскага краю, Паазер’я ды Аршаншчыны. Адзін з гэтых турыстаў — я. З гітарай, гармонікам, рыштункам для палявых умоваў.

Першы значны прыпынак — у Менску. Бадзянне па перагрэтым сонцам горадзе і ягоных гістарычных каштоўнасцях. Начлег на вадасховішчы Вяча. Гарбата, глінтвейн, купанні кожныя чатыры гадзіны…

Другі дзень. Заслаўе, Вязынка, Залессе. Яблыкі з сада маёнтку Агінскіх.

Увечары — Жодзішкі на поўнач ад Смаргоні — невялічкі населены пункт, які ўзгадваўся яшчэ ў XVI стагоддзі і меў магдэбургскае права. Мясцовы касцёл — былы кальвінскі збор, дзе надзіва русіфікаваны ксёндз распавядае пра тутэйшыя цуды, “наязджае” на тутэйшых “адступнікаў” і дазваляе пайграць на старым, некалькі мадэрнізаваным касцельным аргане.

Атаборваемся на высокім беразе Вяллі, з якога — амаль сібірскі краявід. Непадалёк — чарговыя спаборніцтвы маладых арыенціроўшчыкаў, часам да нас даносяцца гукі іх вялізнага лягера.

Зноў гарбата, купанні…

На досвітку калектыў падзяляецца. Частка групы, што мае летувіскія візы, грузіцца ў аўтобус, каб працягнуць вандроўку на Вільню і Трокі. Для астатніх — днёўка.

У мяне ў пашпарце летувіскай візы няма. Затое — “ва ўсе краіны свету” маю аж дзве: па 12.10.97 і па 6.08.98. Рыхтуючыся да чарговай (напрыканцы кастрычніка) “Бардаўскай восені” ў Бельску, на пачатку ліпеня здаў пашпарт на прадоўжанне візы ў Аршанскі (па месцы прапіскі) АВІР, каб, згодна з заканадаўствам, праз 45 дзён атрымаць яго на рукі ізноў, а потым спакойна ехаць на некалькі тыдняў на Гданьскае ўзбярэжжа да разумных беларусістаў. Ды раптам — прапанова з’ездзіць у Вільню: паспяваць беларусам.

Думаецца: у Вільні можа быць шмат маіх прыхільнікаў ды аматараў творчасці. Яшчэ ў 90–м тамтэйшы мастак Алег Аблажэй казаў, што мая “Ясна панна”— яго любімая песня. Ці не старэйшы з беларусаў Вільні, былы вязень як гітлераўскага, так і сталінскага рэжымаў Аляксей Анішчык даваў маім песням самыя высокія адзнакі… А колькі яшчэ віленчукоў чакае сустрэчы з маім талентам!

Вялізнымі намаганнямі, пашпарт з АВІРу забіраю толькі 6.08.97 — у дзень, калі іншым кампаньёнам у Менску робяць групавую летувіскую візу.

Яшчэ спадзяюся, што сваю летувіскую візу аформлю на мяжы. Далучаюся да тых, хто садзіцца ў аўтобус…

Ад мясцовага жыхара даведваюся, што ніякіх віз на кантрольна-прапускным пункце “Катлоўка”, праз які аўтобус будзе праязджаць на Летуву, не афармляюць. Напляваць! Беларуская Вільня чакае мяне! І я хачу яе бачыць! У мяне ў багажы — некалькі ўласных магнітаальбомаў на хромавых аўдыёкасетах. Гэта высакаякасныя запісы, з іх нават можна рабіць тыраж. Я задаволю патрэбы віленчукоў, якія чакаюць тых запісаў!

Праз беларуска–летувіскую мяжу іду пешкам. У абыход любых КПП. Туды, дзе не быў сем год.

Вільня, на першы погляд, мала змянілася.

Але… На калісь бясплатны пад’ём на Гару Гедыміна да Замку ўжо не хапае літаў. Ва ўтульным універсітэцкім дворыку замест цяжкіх лацінскамоўных пліт з імёнамі вялікіх, якія тут вучыліся — цяжкія летувіскамоўныя пліты з тымі ж імёнамі ў летувіскай транскрыпцыі. На плошчы Гедыміна — свежы помнік Вялікага Князя з канём. Вельмі нагадвае робата з амерыканскіх мульцікаў. Ля Святой Ганны — каменны Адамас Міцкявічус у задуменні. Моцны дух летувіскага хутару…

Могілкі Роса. Магіла “Дзядзькі Лявона”— чалавека–сімвала Беларускай Вільні, сышоўшага за пару тыдняў да нашага прыезду. Зусім побач — пантэон, дзе пахаваны жаўнеры “Войска Польскего” і “Сэрца Пілсудскего”. Аўтобус з Польшчы. Дзве дзяўчынкі з мясцовых чуюць маю беларускую мову і прымаюць мяне за паляка. Яны — з “тутэйшых полякуф”. Тлумачу, хто я ёсць. Расчаравана адвальваюць.

Шлях з могілак да цэнтра ідзе ля адносна “новай” віленскай турмы. Кажуць, “Лукішкі” ў недалёкім будучым “разгрузяць” і “перапрафіліруюць”. Насельніцтва ў “новай” ужо ёсць.

Канцэрт на сядзібе Таварыства Беларускай Школы. З палову твараў — знаёмыя. Ветлівыя апладысменты. Маё паведамленне пра хромавыя касеты і магчымасць іх перапісаць ніякай цікавасці не выклікае. Попыту — нуль. Што быў — што не быў…

Трокі. Шпацыр ля вежаў Замку, купанне ў тутэйшых азёрах. Мастак Рыгор Таболіч робіць эскізы для партрэтаў сімпатычнай летувіскай дзяўчыны і мяне на фоне гістарычнага пейзажу.

Шафёр аўтобусу настойвае на вяртанні ў Беларусь сёння. Перада мной паўстае перспектыва неабходнасці пераходу мяжы ўначы.

У панядзелак 11 жніўня 1997 г. у 0.30 мясцовага часу каля КПП “Лаварышкес” (мястэчка Лаварышкі было пазначана на мапах яшчэ ў ХVІ стагоддзі) мяне затрымліваюць летувіскія кантрактнікі з сабакамі і адводзяць у памяшканне КПП. Сюды ж трапляе Алег Мізула — бард, студэнт апошняга курса гістфаку БДУ, прыватны гаспадар ды прадпрымальнік. З рукамі за спіной, у суправаджэнні начальніка КПП “Лаварышкес” ідзем да памежнага шлагбаўма. Побач, прайшоўшы мытны кантроль, праязджае і знікае ў цемры стары пералаплены магілёўскі “ЛАЗ”.

У пыльным крытым кузаве грузавіка з адпрацаваўшай зменай памежнікаў едзем у Астравец. Тыя высаджваюцца па меры набліжэння да хат, але некалькі застаецца ў кузаве. Разам з імі прыбываем ў Астравецкую памежную камендатуру — драўляны пыльны будынак з грубкамі-галянкамі.

Вобыск з распрананнем. У мяне забіраюць нацельны крыжык і сорак тры тысячы беларускіх рублёў. Неахайны нервовы старлей доўга возіцца з маёй штармоўкай, выцягвае з яе кішэняў некалькі грыбоў, з агідай мацюкаецца і вяртае штармоўку. Яшчэ колькі грыбоў застаецца ў кішэнях.

Афіцэр, нібы між іншым, разгортвае мне кніжачку Крымінальнага кодэксу РБ на артыкуле 80–м — “наўмыснае перасячэнне дзяржаўнай мяжы па-за пунктам пропуску”: да трох гадоў пазбаўлення волі — першая частка, да пяці — другая (паўторнае ці групавое перасячэнне). Гучыць прапанова шукаць “дзвесце баксаў — і гэта мінімум”, каб адмазацца. Сума падаецца занадта вялікай, да тых знаёмых, у каго яна можа быць, звяртацца сорамна. Сур’ёзнасць становішча не ўсведамляецца. Думаецца, “бяруць на понт”. Пасля вобыску мяне і Алега замыкаюць у вучэбным класе камендатуры. Некалькі сталоў, стэнды на сценах, тры крэслы — два з іх амаль цэлыя. На іх і сядаем. У кутку — бак з вадой ды кубачак.

Праз нейкі час у дзверы класа прагна завальвае падпалкоўнік Аляксандр Пятровіч Лапо — высокі, вусаты і змрочны. Адразу “наязджае” на Алега з бруднай лаянкай. Алег трапляе ў камендатуру далёка не ўпершыню, яго тут ведаюць, а падпалкоўнік некалькі тыдняў таму праводзіў з ім “выхаваўчую работу”. На гэты раз: “Скаціна! Ты будзеш сядзець!” Да мяне ў Лапо асаблівых прэтэнзій няма. Ён проста раіць за пару гадзін знайсці дзвесце баксаў і выпраўляцца на свабоду.

Шукаць баксы не бяруся. Думаю — абароніць грамадскасць. А пакуль маральна дапамагу Алегу. Веру — мой аўтарытэт дапаможа выйсці абодвум.

Аўтарытэт мой, як паказала далейшае, быў досыць уяўным. Па-другое, застаўшыся з Алегам, я ўтварыў “групу”, што абцяжарвае любое злачынства і пераводзіць крымінальныя артыкулы з часткі першай на другую. А баксы ды маё подлае “спрыгванне” на волю маглі б выратаваць Мізулу ад пакарання па Крымінальным кодэксе і Гарадзенскай турмы. Каб жа хто быў знаў!

На будучае: з эканамічна мыслячымі чыноўнікамі трэба эканамічна кантактаваць. Грэбаванне рынкам нясе значна большыя траты грошай, часу і нерваў, чым “дзвесце баксаў”.

Хаця… замест волі з баксамі могуць “прыйсці” дадатковыя крымінальныя артыкулы.

Ежу вартавыя атрымліваюць у адны рандэлкі — і для сябе, і для затрыманых. Так што галадоўшчыкі на карысць астатнім, асабліва, калі ежы мала і яна смачная (а гэта ўзаемазвязана). Не каштую пагранцоўскую ежу, але выглядае яна прыстойна. І малочны суп прапаноўваюць. Ну ды добрая кухня для малых калектываў — не дзіва.

Стасункі з ахоўнікамі складваюцца няблага. Сярод іх — шмат аршанцаў і магілёўцаў. Першыя сімпатызуюць мне як земляку (больш працяглыя гулкі, аднойчы — трайная доза гарбаты), другія — проста “блатуюць” (усе маюць клікухі–“паганялы”, а затрыманым робяць усемагчымыя паслабленні, апрача ежы), праўда — не ўсе. Некалькі магілёўскіх вызначаюцца прэзідэнцкім патрыятызмам ды эканамічным мысленнем: яны купляюцца за цыгарэты і прадукты з дачак (дадатковыя гулкі за кошт іншых). У мяне няма ні цыгарэт, ні прадуктаў, таму ў адну з магілёўскіх змен бязвылазна сяджу ў камеры шаснаццаць гадзін (з васьмі вечара да паўдня), што без парашы цяжкавата.

Ахоўнік, даведаўшыся пра завядзенне супраць нас з Алегам крымінальных спраў па 80–м артыкуле, супакойвае: гэтыя справы “як заводзяцца, так і адводзяцца”. Хочацца яму верыць.

15 жніўня Алега вязуць на “место преступления”. Мне Шумейка абяцае тое ж, але выезд адбываецца ў іншым напрамку (старлей разумее, што нашы з Алегам “месцы” не супадуць), і не з Шумейкам, а з прапарам С. Прапар кажа, што з мясцовых, заходнік. Са мной размаўляе па-беларуску. На ўжо знаёмым “Масквічы” коцім у Смаргонь.

Будынак Смаргонскага суда. У прысутнасці мажнага дзядка–адваката С. праводзіць дазнанне. Распавядаю, як збіраў грыбы ў памежным лесе і зразумеў, што ў Летуве, калі пабачыў на шашы аўтафуры ў супрацьлеглы, ад чакаемага, бок.

Дзядок пасміхаецца, маўляў, такія справы кожны месяц адхіляюцца па дваццаць–трыццаць штук.

На ІВС даходзіць вестка пра затрыманне яшчэ адной групы ОРТ. Чакаецца іх дастаўка сюды. А можа яны ўжо на тэрыторыі часткі, бо суботнім ранкам нашы следчыя выходзяць на работу, чаго, са словаў ахоўнікаў, звычайна не бывае. І варта, і затрыманыя ў Логу чакаюць тэлевізійшчыкаў з непрыхаванай злараднасцю — тры тыдні таму менавіта тэлевізійны рэпартаж ОРТ сапсаваў, і, што самае агіднае, працягвае псаваць іх мірны тутэйшы быт.

Лабусаў аператыўна вызваляюць. Яны сыходзяць, забраўшы нават цыгарэты і сурвэткі — рэч для нашай ментальнасці незразумелая, хай мы для іх і чужыя. На адзінай, калі іх бачыў, гулцы, летувісы трымаліся асобна, не праяўляючы да астатніх аніякай цікавасці. З імі ніхто не варагаваў, В.— брат прапара І.— гуляў з адным з лабусаў у самаробныя шашкі. Ды адсутнасць варожасці не стала падставай для салідарнасці.

Дык жа для ОРТшнікаў на ІВСе — тры свабодныя месцы, адно з якіх — у Алега. Ад перадчування сустрэчы настрой ува ўсіх узбуджаны і амаль радасны.

Хутка павязуць “на турму” ў горад, які я вельмі люблю, дзе шмат маіх сваякоў, сяброў і прыхільнікаў. У турму, дзе адбывалі пакаранне таленавіты паэт Валянцін Таўлай, спявак Аляксандр Ціхановіч, а зараз сядзіць таленавіты журналіст Павал Шарамет. Верыцца, што ўмовы там не будуць горшымі за ІВСаўскія, а зняволенне не працягнецца доўга. Чаканне свабоды змяняецца на чаканне Горадні.

Алег пасля паездкі на мяжу спыняе галадоўку, але дарэмна яна не праходзіць. Прачынаецца натхненне, знаходзіцца асадка са стрыжнем ды папера, на якой можна крэмзаць. Першы твор — філасофскі верш з надзённым гучаннем. Аднойчы ён трапляе да мяне, і я, у якога натхненне ўстойліва знікла на ўвесь закратаваны перыяд, акуратна перапісваю гэты шэдэўр алоўкам, здабытым падчас Смаргонскага выезду, на вольнае месца ў копіі пратаколу асабістага вобыску. Дзякуючы месцу знаходжання, перапісанае застаецца.

Мудры, халера, народ Беларусі!
Знішчыў парламент, адрокся ад мовы,
З’еў Канстытуцыю,
Збіў апазіцыю,
Слухае горда Бацькі прамовы.

Лагодны, халера, народ Беларусі!
Лагодна згатуе,
Цябе пачастуе,
Лагодна пацешыць, лагодна прытуліць,
Лагодна абдыме, што болей не ўстанеш.
Лагодненька хату зімою падпаліць.

Разумны, халера, народ Беларусі!
Яму шмат не трэба: паесці, паспаці,
Гарэлкі напіцца,
Паспаць заваліцца
І так дзень пры дні лепшай долі чакаці.

Ну чым не нашчадак Багушэвіча і “тае нашаніўскае пары”!

Галадоўка пачынае сказвацца. Найперш прыходзіць адчуванне холаду. Ужо не абліваюся, на гулкі выходжу апранутым, у такім жа выглядзе сяджу ў камеры. Лежачы, спрабую пакласці між сабой і сцяной матрац ці ўдвая складзеную коўдру. Тупы ныючы боль у нырках.

Адзін з вартаўнікоў, мінчук, узгадвае сваю настаўніцу, якая хадзіла на трохтыднёвую галадоўку. Кажа, што на выхадзе з голаду небяспечны цукар. Раблю выснову — галадаць з цукарам таксама можа быць шкодна, можа таму ныркі і ныюць. Трэба адмаўляцца ад салодкага чаю — але ён жа і сагравае!

Пасля чарговай прабежкі па дворыку шалёна калоціцца сэрца. Больш не бегаю. Галоўнае — захоўваць энергію. Проста грэюся пад сонейкам, пазіраю на “неба ў кратку”, павольна шпацырую туды–сюды ды пачытваю Саймака. Калян Саймака ўжо скончыў і бавіць час за цыгарэтамі ды размовамі з усімі магчымымі суразмоўцамі.

У выходны, карыстаючыся адсутнасцю афіцэраў, дамаўляюся з вартавымі і перасяляюся ў № 1 да трактарыста. Паралельна здабываю яшчэ адну коўдру. Цяпер досыць цёпла і паветра чысцей. Трактарыст таксама паліць, у тым ліку — цыгарэту ўначы. Але цыгарэт у яго мала. Пакуль у панядзелак не прыносяць дачку. Хлопцу крыху за дваццаць. На дазнанні паказаў сябе найбольш перспектыўным для следчых і найбольш небяспечным для астатніх. Так думаюць астатнія. Можа, ім проста трэба “крайняга”. Трактарыст сапраўды відавочна перажывае і баіцца турмы. Падазраю, мая кампанія для яго — лепшы варыянт, чым адзінота. Мне ж ужо адчувальна адзіноты не хапае. Мы амаль не размаўляем, і, здаецца, гэта найболей зручна для абодвух.

З кожным днём ува мне мацнее нічым не абгрунтаваная ўпэўненасць, што звонку пачата кампанія за маё вызваленне, аўтаматычна набліжаючая і вызваленне Мізулы. Пакрысе ўпэўненасць тая перакідаецца і на Алега, хаця спачатку ён успрымае прароцтвы пра бясконцыя замежныя сустрэчы, фуршэты–банкеты, заможнае жыццё і паездкі па Гародні на BMW па вызваленні, як жарты. Я прапаноўваю Алегу звярнуцца па адвакацкую дапамогу да Паганяйлы, не сумняваючыся ў выніку — дапамагаў жа Паганяйла нашаму агульнаму знаёмаму і, у пэўным сэнсе, калегу Славаміру. І Алег спадзяецца.

З перасяленнем у № 1 пачынаю спяваць, адбіваючы рытм рукамі. Трактарыст не пратэстуе, і спеў даходзіць да Алегавага № 5. У той жа дзень Алег стварае верш “На дзесятыя суткі сваёй галадоўкі спяваў беларускі бард…”, ахвяруючы яго мне. Верш на ўнутраным баку наклейкі з-пад газіроўкі далучаю да іншых сваіх папер.

Сукамерніку асабліва падабаецца “Патануў сусед”:

— Харошая песня.

На вартавых Алегавы выступы робяць каласальнае ўражанне. Яны пачынаюць усведамляць, што лёс звёў іх з сапраўдным беларускім паэтам. Таму глядзяць на Мізулу з інтарэсам і глыбокай павагай.

Ёсць навіны па адвакатах. Два з іх пазбаўлены ліцэнзіяў на дзейнасць за “падрыў аўтарытэту судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь”, а пра трэцяга (В.Н.— дэпутата ВС–13, пераможцу шматлікіх гомельскіх працэсаў 90–х гадоў) гомельская калегія адвакатаў звестак не мае.

Агаломшаны. Называю Шумейку яшчэ двух адвакатаў. Спадзяюся (дарэмна) — звяжацца. Іншай сувязі са свабодай усё роўна пакуль няма.

Турма — вялікі тэатр. Непараўнальна лягчэй, калі зразумееш рэжысуру і асаблівасці тутэйшай гульні.

Пасля кароткай размовы ў памяшканні для вобыскаў (пакоі з доўгім сталом і крэсламі ля вокнаў злева ды доўгай паліцай на ўсю сцяну справа), дзяжурны тоўсты прапар “разбрасвае” нас па “стаканах”. Мой — стакан № 2. Якраз насупраць пакою вобыскаў. Метр дваццаць на метр дваццаць. Высокая столь, дзверы абабітыя бляхай з дзірачкамі. Над дзвярамі за кратамі лямпачка і выцяжка. Дзве лаўкі па баках. “Вочка” чамусьці не зачынена. У “стаканы” месцяць пры любым перамяшчэнні зэка за межы турмы і наадварот: перад вобыскам, адпраўкай на допыт, на суд, на этап. Кажуць, часам, у гэтыя мікрапакойчыкі заганяюць па васемнаццаць–дзевятнаццаць чалавек. Адзінота. Каб сагрэцца, трохі гімнастыкую. Літаральна праз некалькі хвілін звонку з’яўляецца… Шарамет. Назіраю ў вочка, як яго заводзяць у пакой насупраць і абыскваюць з поўным распрананнем.

Яшчэ на волі я чуў, што Павал збіраецца ісці на галадоўку, пасля — што быццам бы ён на яе пайшоў. Прыкладна тады ж, размаўляючы з іншым “знакамітым галадоўшчыкам” Вячаславам Сіўчыкам і адзначыўшы, што гэта Ўчынак — дваццаць тры дні і болей знаходзіцца на голадзе, я нечакана пачуў ад Славы, што ў яго проста не было іншага выбару ва ўмовах турмы — калі пайшоў на галадоўку, то — трымайся да канца, спыніць ты ўжо ня вольны.

Я галадаю ўсяго дзесяць сутак, а адчуванне мярзотнейшае — і схуднеў, і аслаб, і халодна, і розныя вантробы непакояць. А з таго боку дзвярэй — “галадоўшчык з стажам” Павал Шарамет, укормлены, круглатвары, прысаты. Відовішча агаломшвае.

Праз некалькі месяцаў я ўпэўнюся, што жыццё як у хляве, калі збольшага сядзіш ці ляжыш, а любыя актыўныя рухі непазбежна забіраюць кісларод, прыводзіць да “ўкормленасці” і круглатварасці ўсіх, хто не апантаны курыльшчык, чыфірыст і псіхапат. Калі “хата” не “галяковая”. Калі не “прасуюць”.

Шарамета, скончыўшы вобыск, выводзяць. Крычу: “Павал! Андрэй Мельнікаў, “Беларуская Маладзёжная”!” Тоўсты прапар бурчыць: “Каму там плоха?!” і зачыняе вочка на маім стакане. Але ёсць яшчэ сантыметровая дзірачка на ўзроўні сцёгнаў. Назіраю далей.

У мой стакан закідваюць яшчэ дзевяцярох, пасля чаго звонку сцішваецца. Перапынак на абед.

Перад вачыма плыве. Суседзі бачаць мой стан і раяць зняць штармоўку: “Ну што ты як першы раз?!”. Здымаю, але лягчэй не робіцца, пачынаю страчваць прытомнасць. Даюць месца на лаўцы, нехта — чвэрць валідоліны. Дапамагае!

Вобыск з поўным распрананнем. За доўгім сталом — рознапагонныя (ад старлея і ніжэй) мянты. Нехта з іх даследуе рэчы, нехта задае пытанні, у асноўным — анкетныя, нехта піша. Адзін з мянтоў кажа вусатаму калегу пра мяне: “І гэты — твой зямляк!”. Агульны мянтоўскі рогат.

На пытанне аб прафесіі адказваю, што кіраўнік дзіцячага гуртка ў школе і журналіст. Вусаты пасміхаецца: “Скора Бацька вас усех васьпітае”.

Канфіскоўваюць матузкі з чаравікаў (каб не павесіўся), чырвоны стрыжань з асадкі (разжыўся на ІВСе, а на турме, аказваецца, чырвоныя стрыжні забаронены) і ўсе паперкі, апроч афіцыйных бланкаў меры стрымання і асабістага вобыску. Сканфіскаваныя рэчы, акрамя стрыжня, ляцяць у кучу смецця, якое складаецца пераважна з матузкоў і паперак. Так для мяне гіне ўзнёслы Алегаў верш пра мае спевы на дзесятыя суткі галадоўкі. У кішэнях застаюцца насоўка, аловак і рэшткі грыбоў, сабраных у лесе па дарозе на Вільню.

Пакой тры дваццаць на два з скляпечатай столлю. Метры тры ў вышыню максімум. Таўсценныя сцены ствараюць ля дзвярэй натуральную нішу. За ёй, справа — месца для патрэбаў, далей — кран з ракавінай. Злева — вертыкальная батарэя ацяплення і трохі вольнай прасторы. Бетонная падлога. У дальнім канцы камеры, вышэй за ўзровень вачэй — вакенца за кратамі, таксама з нішай. Бліжэй да вакна, па абодвух баках — двух’ярусныя металёвыя нары, крытыя ДСП.

На нарах пяцёра. Два чалавекі пад сорак: высокі, з паголеным чэрапам інтэлігент у цёплай клятчатай кашулі ды вусаты–валасаты, з цыганшчынай, дзядзька — хударлявы твар. Круглатвары і круглаваты фацэт майго ўзросту, бы выцягнуты з рэкламнага роліка пра шчаслівы быт (па іроніі лёсу асуджаны на год “зоны” за нявыплату аліментаў), два нагало стрыжаныя хлопцы ў чорным: высокі і маленькі. Стрыжка нагало, адназначна, для турмы найзручнейшая, здабыць нажніцы тут — праблема са складаных. І я пазбавіўся многіх нязручнасцяў, дзякуючы таму, што мой чэрап мала зарос пасля ліпеньскай стрыжкі жонкай.

Вітаюся. Сустракаюць добразычліва. Збольшага, твары знаёмыя — разам былі ў стакане. Падсаджваюся. Высокі хлопец — маскоўска–лідскі анархіст Валера бачыў мяне, аказваецца, па тэліку з гітарай. Прыемны подых славы. І стаканаўскі ўдзел у размове пра правы зэкаў, і адзінаццатыя суткі галадоўкі — на маю карысць у гэтым калектыве.

Калектыў, між тым, дастае з кешароў сала, хлеб, цыбулю і запрашае мяне далучыцца да прыёму ежы. Ветліва адмаўляюся. Есці ніхто не прымушае, але інтэлігент — яўны лідэр групы — бярэцца за невялічкую лекцыю для мяне па турэмных галадоўках.

Опубликовано 27 сентября 2004 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1096277109 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА Выжывае падлейшы

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network