' > ' > '> ' /> ' />

публикация №1096215992, версия для печати

ЛЮДЗІ І КВЕТКІ НАД НЁМАНАМ


Дата публикации: 26 сентября 2004
Публикатор: maskaev (номер депонирования: BY-1096215992)
Рубрика: БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА ОЖЕШКО ЭЛИЗА


ОЖЕШКО ЭЛИЗА

1888 год

І

Вывучэнне якіх-небудзь бакоў жыцця народа я параўнала б з выбіраннем жмені канапляных зярнят з бочкі маку. Апынуўшыся ў ролі вучня, я бачыла няёмкасць, нават баязлівасць сваіх настаўнікаў — простых сялян, у якіх я распытвала пра што-небудзь. Ды не ўсё адразу знаходзілі яны ў сваёй памяці, а калі і знаходзілі, не заўсёды маглі дакладна расказаць пра нейкую з'яву. Таму ў мяне і ўзнікла патрэба звярнуцца да шматлікіх крыніц, і не толькі дзеля таго, каб пацвердзіць атрыманыя звесткі, але і дзеля іх удакладнення. Часта здараецца так, што два чалавекі адну і тую ж рэч называюць іначай і надаюць ёй зусім іншае значэнне. Бывае і так: тое, аб чым не ведае адна з распытваемых асоб, іншая, на якую, здаецца, значна менш можна было спадзявацца, дасць аб гэтым дакладныя звесткі. Таму, калі хочаш чаму-небудзь навучыцца ад народа, трэба шырока і настойліва ўжываць сакратаўскі метад актывізацыі руху думкі пытаннямі. Толькі вучань павінен распытваць настаўнікаў безупынку, настойліва, направа і налева, мужчын і жанчын, дзяцей і старых, дасціпных і праставатых з выгляду.
Мушу спыніцца на гэтых апошніх больш падрабязна. Калі размова ідзе пра народ — нашае разуменне розуму і прастоты часам бывае памылковае. Той вясковец, што зблізіўся з маёнткам ці адбыў вайсковую службу, альбо выконвае якое рамяство, што ўключае яго ў адносіны з іншымі пластамі грамадства, бліжэй стаіць да цывілізацыі. Ён і выгляд мае больш разумны і сапраўды з некаторых пунктаў гледжання ведае і разумее больш за тых, хто працуе толькі ў полі. Але такі лёкай, былы жаўнер, рамеснік ужо амаль напалову адвярнуўся ад народнай кнігі ведаў і веры, забыўся пра яе змест альбо прыкідваецца, што забыўся, бо даведаўся ці дачуўся, што ў параўнанні з іншымі кнігамі яна памылковая. І натуральна, аграмаднага значэння таго, што ён лічыць памылкай і цемнатой, ведаць і разумець не можа. Часам, асабліва калі вельмі добра іх ведаеш, і такія могуць быць карыснымі ў атрыманні звестак пра народ, але ўвогуле рыфмы і вершы гэтай народнай кнігі ведаў і веры найлягчэй знайсці ў найбяднейшых хатах, далёкіх ад цывілізацыі.
Урэшце трэба зазначыць, што нашым павярхоўным назіранням пра сялянскую прастоту давяраць павінны мы вельмі мала. Гэтых людзей трэба бачыць у іхнім натуральным асяроддзі, дзе яны займаюць нейкае становішча і карыстаюцца ад роўных сабе пэўнай павагай і зычлівасцю. Толькі тады пераканаешся, што яны зусім не такія, якімі нам здаюцца. Кожны, хто хоць трошкі сутыкаецца з народам, можа засведчыць, што вясковая баба, зусім простая на выгляд, калі яе папрасіць і выказаць ёй давер, няраз сыпане цэлай жменяй займальных апавяданняў, разумных выслоўяў, якія выяўляюць найдалікатнейшыя пачуцці. Альбо найбольш просты і на наш погляд самы цёмны селянін, якому мы ахвотна прычапілі б мянушку дзікага чалавека, калі крануць яго душу ці закрануць самалюбства, секане такім трапным словам і так горда альбо з'едліва, альбо з нянавісцю блісне вачмі на сваім зарослым валоссем твары, што раптоўна і неспадзявана зразумееш: у гэтым нутры, якое мы лічылі пусткай, ёсць сапраўдныя пачуцці, ёсць душа [...]
Павінна зазначыць яшчэ, што ўсё гэта я гавару пра беларускі народ з берагоў Нёмана, а гэта народ, якому найлягчэй трапіць пад падазрэнне пра поўную няздольнасць думаць і абыякавасць да ўсяго, што не мае дачынення да найбліжэйшых і вельмі прыземленых яго запатрабаванняў і інтарэсаў. Цяжкія і лянівыя нават у маладосці рухі ягонага цела, апатычныя рысы, хутчэй пануры і праставаты, чым вясёлы і разумны позірк, павольная, блытаная гаворка — вось ягоныя знешнія рысы, якія спачатку кідаюцца ў вочы.
Але ў апошнія некалькі дзесяткаў гадоў грамадскае жыццё дало нам шмат доказаў таго, што пад гэтай знешнасцю хаваецца цэлы шэраг спецыяльных, выпрацаваных стагоддзямі паняццяў, цэлы кодэкс законаў, якія з гэтых паняццяў вынікаюць, а таксама шмат арыгінальнасці і смеласці ў характарах і меркаваннях. Усё гэта, зразумела, выяўляецца пры адпаведных абставінах [...]
Вельмі распаўсюджана меркаванне, што сяляне зусім абыякава ставяцца да навакольнай прыроды, яе прыгажосці, і з'яў, якія непасрэдна не ўплываюць на іхняе штодзённае жыццё, проста не заўважаюць. Здзіўляе адно: як гэтае меркаванне можа суадносіцца з народнай песняй, дзе густа рассыпаны надзвычай маляўнічыя і дакладныя вобразы прыроды. Пярэчыць гэтаму і рэальнае веданне народам расліннага свету, настолькі дакладнае, што смела можна сцвярджаць: ад самага высокага дрэва да найдрабнейшай травінкі, якія растуць на той самай зямлі, што і ён, няма такой расліны, якая ў яго мове не мела б назвы, а ўжо ў саміх тых назвах выяўляецца назіральнасць, выказаная вобразна і паэтычна, часам грубавата, але затое дакладна.
Вось вязанка назваў, што выяўляюць характэрныя ўласцівасці раслін.
Скрыпіца (Silene inflata, на Мазоўшы — skrzypek). Ніклая, фіялетавая кветка, якая, калі сціснеш яе ў пальцах, злёгку паскрыпвае.
Шалястуха (Thlaspi arvense). Калі выспявае насенне гэтай травы, торбачкі, у якіх яно знаходзіцца, набываюць залацісты колер і пры самым маленькім дотыку вельмі мілагучна шалясцяць.
Рагуля (Delphinium consolida). У Лідскім павеце называюць рагулькай. Фіялетавая кветка, якая расце ў збажыне. Лісцікі прадаўгаватыя, падобныя на рогі.
Валачай, альбо коткі, альбо яшчэ каташкі (Trifolium arvense). Від канюшыны; бухматая шэрая кветачка, якая сваім колерам і мяккасцю нагадвае каціную поўсць.
Галубейнік (Anchusa arvensis). Трэба было шмат назіральнасці, каб назваць гэтую расліну паводле колеру кветак, бо нават там, дзе яна шырока разрастаецца, што здараецца вельмі рэдка, толькі зблізку заўважны пяшчотны блакіт яе кветачак, такіх дробненькіх, што можна параўнаць іх з вушкам іголкі, да таго ж яшчэ і схаваных у чашачках з лісця.
Малачай (назва гэтая даслоўна адпавядае польскай — mleczaj, але азначае тут іншую расліну). Малачай па-расейску і ўкраінску азначае Euphorbia. Малачай пад Горадняй значыць Leontodon antumnalis. Сцябло гэтай расліны, калі разломіш, выпускае ў невялікай колькасці вадкасць, падобную да малака. Аднак не ўсе сялянкі назву расліны звязваюць з гэтай яе ўласцівасцю. Некаторыя з іх сцвярджаюць, што калі гэтая расліна густа расце на пашы, то каровы будуць даваць шмат малака.
Званочкі (Campanula rapunculoides).
Кубачкі (Campanula rotundifolia).
Падарожнік (Plontago media). Гэтую назву мае толькі кветка, што на цвёрдым і высокім сцябле тырчыць ля дарогі. Уся расліна называецца бабка.
Гніды (польскай і лацінскай назваў не ведаю). Маленькі кусцік, абсыпаны драбнюткімі бела-жоўтымі кветачкамі.
Дзеравянка (Cichorium intybus). Цвёрдае, дзеравяністае сцябло, якое цяжка зламаць.
Ліпка (Galium uliginosum). Зарослая валаскамі, якімі пры кожным дотыку моцна прычэпліваецца да скуры ці адзення, робячы ўражанне ліпкай рэчы.
Шалюжкі (Malva rotunditolia). Назва гэтая, верагодна, перайшла ад наднёманскай засцянковай шляхты, якая гэтую расліну называе шалёнжкі з-за насенных гузічкаў, што знаходзяцца на ёй і нагадваюць дробныя манеткі.
Хвашчай (хвошч, хвошчка) — расліна, якая ад цэнтральнага сцябла выпускае мноства аголеных сцяблінак, як быццам тоненькіх хвосцікаў.
Сухавейка, альбо налупнік (Elichrysumi arenarium). Гэтая кветка, як вядома, вызначаецца сухасцю. У народзе лекавы сродак ад сухотаў.
Сардэчнік (Alchemilla vulgaris). Засцянковая шляхта называе яго гусіныя лапкі. Лісце паводле сваёй формы нагадвае сэрца, а размяшчэннем тканак абалонкі — ногі вадзяных птушак.
Казліныя бароды (польскай і лацінскай назваў не ведаю). Ліловая кветка на высокім сцябле, што выбіваецца з купкі вузкіх прадаўгаватых лістоў, яна, калі вырваць яе з зямлі і павярнуць уніз, вельмі дакладна нагадвае казліную бараду.
Маслянка (польскай і лацінскай назваў не ведаю). Пры націсканні пакідае на пальцах вадкасць, падобную да тлушчу. Кветка жоўтая і бліскучая, нібыта намазаная тлушчам.
Хмельнічак (Trifolium agrarium). Далікатны, віецца, накшталт хмелю, па кустах.
Зубнік (Euphorbia). Форма ліста нагадвае зуб, вырваны з коранем.
Маркоўнік (Chaerofyllum sylvestre). Калі пацерці, выдзяляе пах морквы. У засцянковай шляхты — мархеўнік.
Картафлянік. Лісце падобнае да бульбянога.
Дзерэза, дзе-нідзе дзераза, дзерэга (Lycopodium elevatum). Падобная на нешта разадранае і дзярэ адзенне, за якое лёгка чапляецца.
Бабіна лета (Chamaenerion). Цвіце ўвосень, кветка цёмна-сіняя. Паколькі мае высокае сцябло, чапляецца за яго восеньскае павуцінне, «бабіна прадзіва».
Мядзведжае вуха. Гатунак вялікай дзіванны, вялікія, мяккія і кашлатыя лісты якой нагадваюць вушы дужага касматага звера.
Асот стропства. Мае лісце, пакрытае белаватымі ўзорамі, аброслае вельмі вострымі шматлікімі шыпамі. Упершыню знайшлі мы яго каля шляхецкай аселіцы пры плоце і, запытаўшыся пра назву ў шляхцянкі, якая мінала нас, атрымалі адказ: «Стропства». На пытанне, чаму гэтая расліна мае такую назву, дзяўчына, не задумваючыся, адказала: ці ж я ведаю! Але крыху засяродзіўшыся, з усмешкаю растлумачыла: «Можа, таму, што і стракатая, і вострая».
Існуе іншая група назваў, якія нібыта паходзяць ад характэрных уласцівасцей расліны (лекарскіх, гаспадарчых ці чарадзейскіх).
Падгруднік (Hypopitys monotropa). Ужываецца супроць болю пад грудзьмі.
Горлінец. Ад гарлавога болю.
Блашчытнік. Мае моцны пах, ад якога здыхае жамяра. Сяляне пасыпаюць ім падлогу ў хатах і ложкі.
Боршч. Як зварыцца, мае кіславаты смак. Часам яго ўжываюць у страву замест бурачнага лісця.
Дурэц (Datura stramonium). Пасля ўжывання выклікае адурманьванне. Вясковыя лекаркі, а часцей за ўсё так званыя ведзьмы карыстаюць яго досыць часта.
Паўночнік (Centaurea jacea). Яго даюць піць дзецям, каб супакоіць іх плач. Вясковая лекарка, на пытанне, адкуль можа паходзіць гэтая назва, без вагання растлумачыла, што найчасцей дзеці прачынаюцца і крычаць каля паўночы, калі іх і пояць гэтым зеллем.
Падбел, інакш капуста стырнікаў. Другая назва іранічная. Тыя, хто дражніць так сялян, якія гоняць па Нёмане плыты і віціны, кажуць, што ў сваіх водных вандроўках яны харчуюцца гэтай раслінай, што расце па берагах рэк над вадой, чаму плытагоны пярэчаць.
Чарнобуль (Artiemiesia vulgaris). Ад такога вялікага болю, што «ажно чорна робіцца ў вачах».
Станоўнік (Chimophila umbellata). Пасля ўжывання ён хворага чалавека «ставіць на ногі». Ужываюць ад болю страўніка.
Шчасце (Erigeron acre). Дзяўчаты падчас жніва затыкаюць яго за пояс, каб прыносіла ім спор і хуткасць у працы. У засцянковай шляхты таксама называецца шчасце, але ўжываецца інакш. Калі расцвіце ўплеценае ў дзявочыя валасы, то каханне будзе ўзаемнае.
Загартушка (Drosera rotundifolia). Ужываюць для мілосных чараў. Згатаваны і выпіты настой з яе карэння мае ўласцівасць прыцягваць каханую асобу. Паводле сцверджання вясковай лекаркі, гэты сродак раяць толькі тыя з жанчын, што ведзьмаруюць, а тыя, што не ведзьмаруюць, але сапраўды лечаць і хочуць рабіць толькі дабро людзям, а дрэннае не хочуць, не раяць яго нікому.
На маю думку, да гэтай групы належыць таксама цэлы шэраг парушэннікаў, раслін, што ўжываюцца звычайна пры жаночых хваробах. Лекаркі сцвярджаюць, што існуе дзевяць парушэннікаў, я ж да гэтага часу атрымала толькі сем назваў. Гэта наступныя:
1) Срэбнік срабрысты (Potentilla argentea).
2) Паслёнак (Helianthemum vulgare).
3) Erythraea centaurium.
4) Veronica officinalis.
5) Грушычка (Pyrola rotundifolia).
6) Дзевянцёрнік (Parnassia palustris).
7) Рдэст (Polygonum dumetorum).
Кожная з гэтых раслін мае асобную назву, так што парушэннік — гэта нібыта лекарская назва, якая адносіцца да цэлай групы раслін, што ўжываюцца ад пэўных хвароб.
Першы са згаданых парушэннікаў называецца бліскавіца, другі курачая слепата, трэці гваздзічка, пяты сямізялён (у засцянковай шляхты грушка), шосты дзевяціранак. Назвы чацвёртага і сёмага яшчэ не даведалася. Чацвёрты (Veronica officinalis) ужываюць ад бясплоднасці.
Да трэцяй групы назваў можна аднесці тыя, якія хутчэй за ўсё маглі ўзнікнуць з паданняў і назіранняў, аднак настолькі аддаленых у часе, што сёння адшукаць іх у народзе вельмі цяжка. Не скажу, што немагчыма, бо на гэтай ніве росшукаў адно новае знаёмства, адзін пробліск памяці, з якой знешне, здавалася, ужо ўсё было ўзята, неспадзявана могуць усё растлумачыць. Назвы, паходжанне якіх паводле іхняй маляўнічасці ці спалучанасці са з'явамі прыроды, можна выводзіць ад старажытных паданняў і назіранняў, наступныя:
Голад (Knautia arvensis). У засцянковай шляхты таксама, але на польскі лад глуд. Чаму? Ці ў неўраджайны год вырастае яго шмат? Ці ў часы голаду яго выкарыстоўваюць у ежу? Ці бледна-ліловы колер кветкі нагадвае пасінелы твар згаладалага жабрака? Нягледзячы на ўсе мае старанні, гэтага дазнацца не змагла.
Зязюлін лён, альбо Найсвентшай Панны лён (Linaria vulgaris). Ад дзвюх кабет чула, што гэтая расліна пачынае расцвітаць тады, калі абзываецца зязюля. Аднак іншыя адкідвалі нават саму першую назву, упарта трымаючыся другой.
Заечы лён (Fumaria officinalis).
Заечая капуста (ні польскай, ні лацінскай назвы не ведаю). Гэтая расліна расце толькі ў лесе. Сцябло яе тоўстае і ружаватае, лісце і кветкі настолькі мясістыя і сакаўныя, што засушыць іх амаль немагчыма.
Грамотнік (Trifolium montanum). Служыць лякарствам ад ліхаманкі і хваробы страўніка.
Святаянскае зелле (Hypericum perforatum). Лякарства ад шматлікіх хвароб.
Краснік (Epipactis palustris). Змяшаны са станоўнікам даюць піць цяжарным.
Станеба (Valeriana). Не чула, каб лекарскія ўласцівасці гэтай расліны былі вядомыя народу.
Лада (Vicia hirsuta).
Чарвятош (Filago arvensis). Пра гэтую прыгожую расліну, якая нагадвае горную флору, існуе паданне, звязанае з яе лекарскімі ўласцівасцямі. Калісьці малады селянін пайшоў на вайну, пакінуўшы ў хаце маладую і каханую жонку. Доўга яго не было, а калі вярнуўся, знайшоў жонку, якая памірала ад страшнай ліхаманкі. Аднак ён не спалохаўся, а сказаў: «Я яе зараз вылечу». Пайшоў у поле, нарваў чарвятошу, заварыў яго і напаіў ім жонку. Як бы ёй нешта зрабіў (нібыта яе зачараваў), казалі, так адразу выздаравела. З тых часоў адвар чарвятошу даюць хворым на гарачку.
Бярозка (Convolvulus arvensis).
Грачынка (Polygonum convolvulus).
Омэн (Senecia).
Тройнік (Lythrum salicaria).
Брызгунец (Rhinantus major).
Грабелькі 1 (Geranium pratense).
Грабелькі 2 (Erodium cicutarium).
Баркун 1 (Melitotus alba).
Баркун 2 (Veronica spicata).
Драсён (Polygonum lupulifolium).
Тры расліны маюць адну назву курачая слепата (казялец, лаганец і паслён), дзве — грабелькі і дзве — баркун. Гэта сустракаецца досыць часта. Прычына, відаць, у меншым альбо большым падабенстве знешніх ці ўнутраных уласцівасцей. Так, напрыклад, усе тры курачыя слепаты маюць круглую жоўтую кветку амаль аднолькавай велічыні. Лісце абодвух грабелькаў амаль аднолькава зубкаватае. Два баркуны маюць коласападобную кветку, якая адрозніваецца толькі колерам: Melitotus alba — белая, Veronica spicata — ліловая.
Потым:
Камёла 1 (Galium verum).
Камёла 2 (Artemisia campestris). У засцянковай шляхты — дзікае Божае дрэўца.
Куколь свойскі (Lychnis githago).
Куколь дзікі (Saponaria vespertina).
Агурэчнік лясны (Spiraea ulmaria).
Агурэчнік палявы (Borrago officinalis).
Рутка, альбо руціца 1 (Lucerna megicago falcata).
Рутка 2 (Lotus corniclatus).
Рутка 3 (Medicago lupulina).
Расходнік палявы (Lysimachia vulgaris).
Расходнік лясны (Carlina vulgaris).
Расходнік балотны (польскай і лацінскай назваў не ведаю).
Падбел вадзяны.
Падбел палявы (Capsella bursa pastoris).
Таксама ёсць вельмі шмат назваў, якія супадаюць з агульнаўжывальнымі альбо тымі, якія прынятыя ў польскай батаніцы.
Шанда (Marrubium).
Ценгель (польск. Dziegiel).
Дзіванна (Verbaseum nigrum).
Брунэлька (Prunella vulgaris).
Пералётнік (Anthyllis vulneraria).
Палын (Artemisia absiuthium).
Лопух.
Жывакост.
Крываўнік (Achillea millefolium).
Брат і сястра (браткі). У адвары гэтых зёлак купаюць хворых дзяцей.
Папараць.
Варанец.
Верас. Згатаваны і змяшаны з ячменнымі крупамі, лечыць пашкоджаныя члены людскога цела, а таксама хваробы свіней.
Крапіва называецца крапівай, але пэўны яе гатунак жыжкай (жыгучкай).
Назваў траў, апрача згаданай шалястухі, ведаю сем:
Жыціца.
Гірса альбо дырса (па-польску ў некаторых мясцовасцях таксама дырса, па-ўкраінску тырса).
Асочка (дзе-нідзе асака, сака).
Мятлічка.
Тымка.
Плоская трава.
Вострая трава.
Канешне, усё прыведзенае вышэй толькі нязначная частка батанічных назваў і ведаў беларускага народа з-пад Нёмана. Цяжкасць і запаволенасць, з якімі гэтыя веды прыадкрываюцца перад намі, прыводзяць мяне да думкі, што спатрэбіцца шмат часу і нястомнай цярплівасці, каб спазнаць іх цалкам. У маім кветніку расце таксама шмат раслін, назваў якіх я не згадала, таму што патрабуе яшчэ пацвярджэння правільнасць гэтых назваў і звязаных з імі тлумачэнняў.
Скончыць я хачу невялікім каментарыем да колькі разоў згаданай розніцы паміж ведзьмай і вясковай лекаркай. Бо здаецца мне, што гэтая розніца выяўляе досыць характэрную асаблівасць народнага жыцця. Мы найчасцей аб'ядноўваем гэтыя дзве постаці; сяляне ж размяжоўваюць іх цэлай безданню, што існуе паміж пагардай і страхам, павагай і зычлівасцю.
Жанчына, якая з дапамогай не толькі раслін, але і земнаводных (пераважна рапух), кажаноў, а таксама слоў і таемных знакаў уздзейнічае пэўным чынам на здароўе, дабрабыт, лёсы і характары людзей і кіруецца пры гэтым нянавісцю, помстай, асабістымі пачуццямі ці грашовымі інтарэсамі, называецца ведзьмай. Гэта істота, якая не мае душы, улюбёнка і адначасова ўласнасць д'ябла. Бог не даў ёй душы, а д'ябал уклаў у яе сваю моц і мудрасць. Існуюць нават цэлыя роды, якія належаць не Богу, а д'яблу і, пазбаўленыя душы, носяць у сабе моц д'ябла. Такі род называюць чартоўскае племя. Гэтыя ўяўленні глыбока ўкараніліся ў людскую душу і выцягваюцца на свет з цяжкасцю, бо размова пра гэтыя рэчы праймае людзей страхам і абуджае боязь помсты «нядобрых». Аднак гаваркія вясковыя жанкі, разгаварыўшыся, ужо нічога ўтаіць не могуць. Іхнія расповяды пра ведзьмаў і цэлыя роды, пазбаўленыя душы, я сама чула неаднойчы. Расказвалі пра гэта ціха, з панурым паглядам і наморшчаным ілбом і тут жа, перапалоханыя ўласнымі словамі, прасілі захаваць усё сказанае ў глыбокай таямніцы. Зрэшты, ведзьма апрача чарадзейскай выконвае і лекарскую функцыю. Хворыя ідуць да яе па раду, цяжарныя выклікаюць яе на дапамогу яшчэ часцей, бо кіруюцца пераконаннем, што яна ўсемагутная. І ўсё ж, якім бы ні быў вынік яе лекарскіх парад, не выклікае яна ніколі ў сваім асяроддзі іншых пачуццяў, як пагарду і страх, змешаныя з вельмі выразным адценнем нянавісці.
Зусім іншае — лекарка, гэта значыць кабета, якая, валодаючы ведамі пра лекавыя расліны і варажбой, ніколі іх на людскую шкоду не ўжывае, наадварот — заўсёды на карысць. Ведзьмы звычайна ўбогія, альбо ўдаюць убоства і са сваім рамяством спалучаюць жабрацтва, нахабна карыстаючыся гэтым, бо ўсякая адмова, зробленая ім, можа пацягнуць за сабой фатальныя наступствы. Так, напрыклад, ведзьма Слабошыха ў наднёманскай вёсцы Міневічы за тое, што адмовіліся даць ёй кавалак сала, нешта такое зрабіла Карасю і ягонай жонцы, што яны не перастаюць з таго часу сварыцца паміж сабой. Лекарка ж займае пачэснае месца маці і гаспадыні, апранаецца заможна, на ўбоства не наракае, жабрацтвам не займаецца, а за свае парады прымае добраахвотныя дары, аднак іх не вымагае і часта робіць паслугі бясплатна. Ні прырода ведаў, якімі яна валодае, ні вынікі парад, якія яна дае, не ўплываюць на яе ўспрыманне ў народзе. Сярод людзей гэтая постаць карыстаецца павагай і сімпатыяй. Такой усеагульнай павагай і зычлівасцю ў радыусе некалькіх міль карыстаецца лекарка Люця з наднёманскай вёскі Гледавічы. Ужо некалькі гадоў яе імя часта трапляла ў мае вушы. «Калі хочаце чаго-небудзь даведацца, запытайцеся ў Люці, — казалі мне маладыя і старыя жанчыны. — Яна шмат ведае, але ведае толькі добрае, злое не ведае». Нават сама Слабошыха, якую лічаць ведзьмай, калі я гаварыла з ёю пра расліны, парадзіла мне, каб з маімі пытаннямі падалася да Люці: «Яна больш за мяне ведае. Яна і мяне вучыла». Ад кабет чула, што пра тое ці іншае яны дазналіся ад Люці. Гэта мяне надта зацікавіла: выходзіла, што Люця вяла ў вёсцы нешта накшталт школы батанікі ці медыцыны. Некалькі заможных і разумных гаспадароў з Гледавіч, калі я спыталася ў іх пра Люцю, сур'ёзна адказалі: «Чаму не ведаем, ведаем. Яна лекаруе. Гэта добрая кабета, і калі прыйдзеце да яе, скажа ўсё, чаго вы толькі захочаце, не салжэ». І мы пайшлі да яе, а потым яна часта прыходзіла да нас.
Гэта пяцідзесяцігадовая кабета, невысокага росту, хударлявая, з круглым, румяным і ўжо моцна паморшчаным тварам, на якім блішчаць малыя чорныя і вясёлыя вочкі. Выраз яе твару лагодны, пачцівы і прыемны. Адзенне носіць чыстае і акуратнае. Яна гаспадыня люднай хаты: мае мужа, жанатага сына, дарослых дачок, некалькі малых унукаў; расказвае пра сваю сям'ю весела і ахвотна. Калі прыходзіць з ахапкам зелля, завязанага ў паласаты фартух, і садзіцца за стол, першае, што скажа — стамілася, ажно ў вачах цёмна... Гэта азначае, што трэба ёй выпіць гарэлкі. Гэты кілішак гарэлкі, які павольна і з сарамлівым ваганнем выпіваецца — адзінае, пра што яна вось гэтак нагадвае. Іншага ж ніколі не просіць, грашовыя дарункі прымае, але на іхнюю вартасць не звяртае ўвагі. За адну ці некалькі срэбных манет дзякуе з аднолькавай ветлівасцю, якая не мае найменшага адцення зухвальства ці жабрацтва. Аднойчы, убачыўшы ў сваёй руцэ цэлы рубель, яна ажно крыкнула ад здзіўлення: «Навошта так многа?» На зробленую заўвагу, што яна павінна збіраць гэтыя зёлкі, а потым з вёскі ісці некалькі вёрст у двор, ветліва адказала: «Дык нічога, я і без гэтага да вас прыходзіла б!» Ахвотна расказвае пра ўсё падрабязна і шчыра, а калі ёй дзякуюць за гэтую ахвоту і шчырасць, з задавальненнем, што свеціцца ў малых чорных вочках, і нейкай годнасцю адказвае: «Не маю я, дзякаваць Богу, з чым таіцца ані перад Богам, ані перад людзьмі. Ліха не раблю, дабро, калі толькі патрафлю, заўсёды раблю. А як мяне хто пра што-небудзь спытае, кожнаму ўсё скажу. Чаму не сказаць, калі гэта не дрэннае, але добрае і бедным людзям дапамагчы можа». Гэтая Люця (а падобных да яе лекарак мае кожная ваколіца) — цудоўная крыніца, з якой можна чэрпаць веды пра веру і звычаі народа. Бяда ў тым, што яе вымаўленне невыразнае і шапялявае, і таму, нават добра ведаючы мову, на якой яна гаворыць, трэба надта напружваць слых і ўвагу, каб зразумець яе. Таму значная частка яе лекцый засталася для мяне страчанай, аднак не назусім, бо з пачаткам лета мае адносіны з гледавіцкай лекаркай хутчэй за ўсё адновяцца. А яшчэ ў другой наднёманскай вёсцы, у Паніжанах, жыве Высоцкая Ганулька, маладая, добрая і мілая і надзіва паэтычная дзяўчына, неабыякавая да кожнай кветкі і, здаецца, да кожнай безыменнай травінкі.
ІІ

[...] Аднаго разу паехала я травеньскім ранкам з горада ў вёску Гледавічы, каб узнавіць перарваныя за зіму стасункі з лекаркай Люцяй.
Падарожжа гэтае кароткае, заледзьве трохвёрставае, аднак было яно для мяне і маёй спадарожніцы поўным цяжкасцей і небяспекі, бо шляхціц Багатыровіч, які вёз нас на сваёй каламажцы, светлавалосы, вельмі разумны і надзвычай гаваркі мужчына, не бачачы нас некалькі месяцаў, хацеў шмат што сказаць. Ён канчаткова перамяніў існуючы на белым свеце абавязак возніка і замест таго, каб глядзець каня, павярнуўся да нас тварам і пачаў гаварыць. Пушчаны на волю рослы, дагледжаны гняды конь ішоў сабе па дарозе, паварочваючы то ўправа, то ўлева, з-за чаго каламажка безупынна падскоквала і трапляла ў надта небяспечныя пазіцыі.
Мы едзем сярод шырокіх палёў, пакрытых яшчэ зялёнай збажыной. Дарога камяністая, з лужынамі. Наша каламажка падскоквае ў шалёным тэмпе, і мы таксама падскокваем на ёй на паўлокця, а то яшчэ і вышэй, таму адказы, якія мы даём вазаку, што размаўляе з намі, вымаўляюцца такімі дрыгатлівымі, нават трапяткімі галасамі, як быццам мы ахоплены нейкім раптоўным перажываннем ці смяртэльнай трывогай. Праўда і тое, што, прызвычаіўшыся да падскокаў, мы баімся, каб не перавярнуцца, і штохвіліны гэтымі дрыгатлівымі галасамі крычым: «Пане Багатыровіч, камень, камень!» Тады сімпатычны наш фурман, у імгненне вока павярнуўшыся да каня, надае трошкі іншы кірунак каламажцы, колы якой ужо ўз'язджалі на аграмадны валун, што пагражала нам няўхільным пераварочваннем, а потым зноў паказвае нам свой сімпатычны ажыўлены твар і расказвае пра сябе, сваю гаспадарку, пра суседзяў, аж пакуль мы зноў, заўважыўшы небяспеку, не крыкнем: «Пане Багатыровіч, канава, канава!» На гэты раз мы ледзь не апынаемся на дне канавы. Але настолькі бясстрашны, наколькі і вясёлы наш фурман спакойна нам адказвае: «Гэй, гэта нічога! І ніякая гэта не канава» і далей вядзе каламажку, чапляючыся за ўсе камяні і расказваючы, расказваючы. Калі ж мы ўехалі ў невялікі лясочак на крутую, зрытую каранямі дрэў дарогу, думалі ўжо, што і праўда загінем. Але так не сталася, і толькі трошкі пабітыя, але затое да слёз насмяяўшыся з гаворкі нашага возніка, узбагачаныя не адной цікавай навіной, за гэтым невялікім лясочкам убачылі мы сярод лугоў, жоўтых, як сонца, ад лотаці і аеру, вёску Гледавічы.
Гэта быў час, калі пасля вясновай сяўбы перад пачаткам сенакосу палявыя работы на нейкі час амаль цалкам заціхаюць. Таму ў вялікай вёсцы, што налічвала некалькі дзесяткаў хат, ішла ажыўленая будаўнічая праца. Вакол зваленых каля хат калод і дошак мітусіліся людзі; час ад часу на жахліва забрукаванай вясковай вуліцы разміналіся мы з вазамі, наладаванымі дрэвам, прызначаным на будаўніцтва, і штохвіліны адказвалі на прывітанні сялян, якія, павольна ідучы каля вазоў і злёгку прыўздымаючы шапкі, казалі: «Хай будзе пахвалёны!» Увогуле люд у гэтых ваколіцах (не кажучы ўжо пра засцянковую шляхту, якая ў таварыскіх стасунках надзвычай прыстойная) вызначаецца лагоднасцю і ветлівасцю. Ён па-старасвецку нават незнаёмых звычайна вітае словамі: «Хай будзе пахвалёны!», а калі трэба, гасцінна прымае ў сваіх хатах. Ведаючы гэтую гасціннасць са шматразовага вопыту, вылезлі мы з каламажкі перад хатай, знешні выгляд якой звярнуў на сябе нашу ўвагу і абудзіў цікавасць.
Гэта новая прасторная хата, з чатырма вялікімі вокнамі, зашклёнымі яснымі шыбамі, без ганка, абавязковага ў шляхецкіх сядзібах, але затое з шырокаю прызбаю і старанна аздобленая. Аздоба гэтая — яркі блакіт, якім пафарбаваныя дзверы, рамы вакон і ўсе чатыры вуглы хаты, на фоне блакіту — белыя ўрачыстыя лініі, а часам і далікатны малюнак — зорачкі, цвічкі, ялінкі, кручочкі і г.д. Сярод зелені дрэў гэтыя блакітныя дарогі, пакрытыя белымі малюнкамі, выглядаюць свежа і арыгінальна і са свайго боку сведчаць пра эстэтычны густ тутэйшага люду. З таго часу, як тутэйшыя сяляне сталі будаваць сабе трошкі прасторнейшыя і выгоднейшыя хаты, пачалі ўзнікаць у вёсках аздобленыя, як згадана вышэй, будынкі. І сёння ў кожнай вёсцы можна ўбачыць калі не некалькі, то хоць адну такую хату. Бачыла я іх не раз, але так сталася, што ў сярэдзіну ніколі не заходзіла. Зрэшты, тая, перад якой мы выйшлі ў Гледавічах, была найпрасторнейшая з усіх, якія мне даводзілася бачыць, таму і цікава было, як яна зроблена ў сярэдзіне. Наш фурман, які з-за сваёй дапытлівасці меў самыя дакладныя звесткі пра ўсё і ўсіх на некалькі міль вакол, сказаў нам, што гэтая хата належыць Сымону Крулю, старасту Гледавіч, гэта значыць, выбранаму чыноўніку, які трымае ў вёсцы жазло адміністрацыі. Адкуль жа гэтае не русінскае прозвішча Круль, якога нідзе больш у сялян я не чула? Можа, і цікава было б дазнацца пра гэта; на жаль, сяляне радаводных кніг не маюць, а дамагацца ў іхняй памяці пра тое, адкуль вядзецца іхні род, дарэмны клопат, бо такія рэчы ім невядомыя і абыякавыя. Адно праўда, што, нягледзячы на такі аздобны знешні выгляд, унутранае ўладкаванне хаты Круля не мае і ценю якой-небудзь каралеўскасці. Вялікія сені, запоўненыя драўляным гаспадарчым начыннем, два пакоі, з якіх адзін вялікі, з трыма вокнамі, а другі малы — з адным; зрэшты, у сенях падлога гліняная, а ў хаце зробленая з тоўстых дошак, столь нізкая і шэрая ад пылу, сцены няроўныя і толькі трошку зверху абмазаныя вапнай; драўляныя, нават не пафарбаваныя лавы, сталы; замест ложкаў — збітыя з дошак тапчаны, кросны, печ, каб варыць ежу і пячы хлеб, з вялізным подам, дзе акурат у гэтую хвілю гарыць вялікі агонь і гатуецца страва на абед. Галечы тут не відаць, наадварот, пануе нават пэўны дастатак; але першабытнасць патрэб і густаў яшчэ не парушаная. Поўная супрацьлегласць шляхецкай хаце, якая, няраз нават значна бяднейшая, заўсёды мае якія-небудзь аздобкі і выгоды: нейкую старасвецкую канапку і крэселкі хатняй работы, нейкі абразок на сцяне, кветку на акне, на стале кніжку.
Круля дома няма. Круліха, немаладая, свежая, моцная кабета з энергічным тварам і рухамі ветліва нас вітае, запрашае на лаву, ахвотна падае ў чыстым гліняным збанку ваду, каб напіцца. Мы кажам ёй, што едзем да Люці, яна ківае галавой і кажа, што гэта добрая кабета, якая шмат знае і шмат дапамагае людзям. У хаце ёсць яшчэ адна жанчына, маўклівая, са смутным тварам, шые пад акном грубую кашулю і час ад часу адзываецца да чацвярых дробных дзяцей, што круцяцца па хаце. Здагадаліся мы, што гэта нявестка Круляў, а дзеці — іхнія ўнукі. «Ці ўсе чацвёра ўнукі ад аднаго сына?» — «Ад аднаго». — «Дык у вас толькі адзін сын быў?» — «Не, мелі двух, але старэйшы быў у войску (у маскалях), на Турэччыну пайшоў і не вярнуўся». — «Забілі яго на вайне?» — «Не, з вялікай гарачкі (ад тыфу) там на Турэччыне і памёр. Ужо з хаты выходзячы ведаў, што не вернецца. Такі быў сумны, што хай Пан Бог бароніць, а калі са сваімі развітваўся, нават і сказаў: «Бывайце здаровы, я ўжо да вас не вярнуся». Відаць, яму Пан Бог такое прадчуванне паслаў». Малодшы сын у войска (у маскалі) не пайшоў, пры іх застаўся, а гэта — ягоная жонка і дзеці. Маладая і сумная кабета, калі пра яе згадалі, не падняла ад шыцця вачэй, толькі яшчэ пасмутнела. Хто ведае, ці не зрабіла свякроўку жорсткай да жонкі малодшага заўчасная смерць старэйшага сына; а ведаючы наогул пра нядобрыя стасункі ў сялян свекрыві з нявесткай, няцяжка прачытаць хатнюю драму з твару маладой жанчыны. Але і прычына ёсць: у свякроўкі на дне сэрца цяжкі камень. Пра старэйшага сына і Турэччыну яна расказвае павольна, манатонным голасам, абапёршы бараду на далоні, і з яе вачэй, якія блішчаць яшчэ прыгожымі чорнымі зрэнкамі, цякуць слёзы. А ўжо з таго часу, як адбылося ўсё тое, пра што яна расказвае, прайшло дзесяць гадоў...
Хата, у якой жыве лекарка Люця, зусім не падобная на хату Круля. Малая, пачарнелая і згрыбелая ад старасці, з малымі шыбкамі замест вокан. Аднак ва ўсім, што яе акружае, таксама не відаць галечы. На падворку — стосы бярвення, падрыхтаванага для будаўніцтва, у досыць вялікім садочку, засеяным канюшынай, расце трыццаць — як мы потым палічылі — нядаўна пасаджаных пладовых дрэўцаў. На стосе бярвення сядзіць у задумлівай паставе шэры кот, за стосам, скруціўшыся ў клубок, спіць вялікі чорны дварняк; на плоце рассеўся, апераны ў прыгожыя яркія колеры, певень, па траве падворка пахаджваюць куры, а ў садку па густой канюшыне, якая пачынае ўжо зацвітаць, гайсаюць трое дзетак. Каля самай сцяны дома, таксама на канюшыне, сядзяць дзве кабеты, з якіх адна, маладзіца, шые кашулю, а другая, якая толькі што выбралася на дзеўку, упрыгожвае крамнай чырвонай стужкай сіні, хатняй работы андарак. Першая з іх — нявестка Люці, другая — яе ўнучка ад памерлага старэйшага сына, сірата, значыць. Сіроцтва гэтае відаць па ёй, бо калі маладзіца весела вітае нас і размаўляе з намі з усмешкай, дзяўчына ж, нясмелая і сумная, нават трошкі панурая, маўчыць, а калі што ў яе запытаеш, адказвае коратка і баязліва, не адрываючы вачэй ад шыцця. І ў першай хаце, і ў другой няшчасце напісана на жаночых тварах; толькі што тут пачцівая Люця, відаць, сваю нявестку не мучыць, але пакутуе дзіця, асірочанае і, напэўна, паніжанае ў хаце. Апрача гэтых дзвюх кабет і траіх малых дзяцей, мы бачым яшчэ траіх чалавек: ужо сівога, але яшчэ моцнага дзеда, дарослага прыстойнага мужчыну і стройнага трынаццацігадовага падлетка. Бачым іх, але з імі не размаўляем, бо яны надта занятыя: накладаюць на воз тоўстыя і доўгія дошкі і перавозяць іх на другі бок саду, дзе, як нам расказвае маладзіца, будуць будаваць увосень новую хату. Штохвіліны праязджаюць каля нас то з нагружаным, то з пустым возам, і мы з нейкім здзіўленнем заўважаем, што трынаццацігадовы падлетак, на выгляд нават далікатны, добра дапамагае бацьку і дзеду. Пытаемся, ці не думаюць яны, што такое падыманне цяжару можа пашкодзіць ягонаму маладому здароўю, і атрымліваем адказ: што ж рабіць? У хаце быў толькі адзін парабак, брат Хвядоры (дзяўчыны, што аздабляе андарак), добры і працавіты дзяцюк, але год таму пайшоў у маскалі (у войска), дык як толькі спатрэбяцца мужчынскія рукі, малы Васілёк павінен брацца за работу. Пры гэтай згадцы пра брата Хвядора яшчэ ніжэй апускае галаву, і смуглы яе твар з дробнымі і досыць прыгожымі рысамі робіцца ўжо зусім панурым...
У хату мы не заходзім. Седзячы на вузкай лаве, што стаіць сярод дрэў, чакаем вяртання Люці, якой мы не засталі дома: пайшла ў другую вёску, за кіламетр адсюль, пакліканая да нейкай хворай кабеты, але неўзабаве павінна вярнуцца. Тымчасам дазнаёмся, што сярод пладовых дрэў, у ценю якіх мы сядзім, ёсць скараспейкі, кіслюшкі, панны і сапежанкі. Якія ёсць яшчэ гатункі, жанчына не ведае і растлумачыць не можа. Адно толькі заўважаем, што ўсе яны няўмела, занадта цесна пасаджаныя, так што адно другому перашкаджае расці і будзе перашкаджаць усё больш. Шкада працы і добрых парыванняў! Радыя былі б мы ўладальніку гэтага маладога садку прэзентаваць карысную кніжачку Янкоўскага «Сад каля хаты», але, на жаль, ведаем, што ў Люцінай хаце ніхто не ўмее чытаць. Зноў процілегласць шляхецкай хаце, дзе ўсе мужчыны чытаюць і пішуць, а жанчыны, прынамсі, чытаюць.
Хутка бачым і Люцю, якая подбегам спяшаецца праз жоўта-белы расквечаны луг. Хоць і пануе ў гэты дзень цяплынь, бяжыць яна ў кажуху, бо раніца, калі выходзіла да хворай, была халоднай. Прыбегла ўся аблітая потам і перш за ўсё скінула кажух, а потым з сяброўскай радасцю павіталася з намі. Аж чорныя вочкі яе заблішчалі на дробным, румяным зморшчаным твары, так была радая нас убачыць. Ведае, што за зёлкі і тлумачэнні нешта заробіць, а яшчэ, можа, нас і любіць, бо летась шмат гадзін прагаварыла з намі, а гутарка, — здаецца, гэта галоўная ўцеха яе жыцця. Цяпер, ужо разам з ёю сеўшы на лаве, найперш выцягваем мы з каша прывезеныя гасцінцы: паркаль на спадніцу, хустку на галаву. Яна ўсё прымае і дзякуе, але, набліжаючы свой твар амаль да самага майго твару і міргаючы вачыма, трошкі жаласліва і трошкі хітравата, паціху просіць: «Можа, і для Хвядоркі калі-небудзь паркалю на спадніцу дасцё». Кідае позірк на сумную дзяўчыну і ўжо не вуснамі, а жаллівым ківаннем галавы кажа: «Сірацінка!» Калі праз колькі тыдняў прыйшла да нас з зёлкамі, то зноў паўтарыла сваю просьбу: «А для Хвядоркі паркалю дасцё?» У гэтых словах гучала шчырая просьба, бо, як я пісала ўжо раней, прасіць што-небудзь для сябе Люця не мела звычкі.
Ахвотна паабяцаўшы паркаль для Хвядоркі, выцягнулі мы ў сваю чаргу з каша пук раслін, сабраных па дарозе на прынёманскіх лугах. Першая расліна, пра назву якой я спыталася, была пышная белая кветка, знойдзеная на дне яру, дзе на высокім сцябле яна прыгожа ўзносіла сваю карону сярод густога чароту. Люця з першага позірку растлумачыла, што гэта белы заечы мак і што існуе яшчэ іншы заечы мак, які цвіце чырвона і называецца чырвоны, і яна, калі ён пачне цвісці, знойдзе яго і нам прынясе. «А гэтая сіняя, каласістая кветка з прадаўгаватымі лістамі?» — «Гэта сардэчнік, ад болю пад грудзьмі добра дапамагае». — «А тая прыгожая вялікая кветка (вельмі падобная да гіяцынта), з досыць дзіўным карэннем, бо надта ж выразна нагадвае пяць скурчаных людскіх пальцаў?» Гэтая расліна — цэлая гісторыя, якую ніжэй прывяду і якую Люця расказвала нам падрабязна і з душой. Пра чацвёртую, выцягнутую з пука, яна нічога не ведае: ані як называецца, ані для чаго служыць. Прыглядваецца, круціць галавой справа налева, прымружвае вочы, аж нарэшце рашуча прамаўляе: «Не ведаю нічога аб гэтым зеллю, не ведаю!» Тое ж самае адбываецца з пятаю і шостаю раслінамі. Адна спачатку здаецца ёй курачай слепатой, бо мае жоўтую кветку, але, старанна разгледзеўшы лісце, пераконваецца, што гэта нешта зусім іншае: але што, не ведае!
З-пад сцяны хаты ўстае і прыходзіць ёй на дапамогу нявестка: абедзве ўжо цяпер пільна разглядваюць кветку, лісце, карэнне раслін; маладзейшая, паціснуўшы плячыма, адыходзіць пад сцяну і бярэцца за сваю работу, старэйшая ж паўтарае: «Не ведаю, што знаю, тое і кажу, а чаго не знаю, таго і не скажу. Лгаць не буду». Цешыць нас гэтая шчырасць і сумленнасць Люці, бо пераконвае ў праўдзівасці атрыманых ад яе тлумачэнняў, але, з другога боку, расчараваныя мы блізкім ужо вычарпаннем крыніцы яе ведаў. Ведае яна яшчэ і скажа нам не адно, але ўдакладненні для яе навукі шукаць давядзецца ў іншых. Рабілі мы гэта раней, робім гэта і цяпер. У суседніх вёсках ведаем тую ці іншую кабету, што знаецца на зёлках, альбо таго ці іншага шляхціца, такога аматара кветак, што пры першай нагодзе прыносіць іх дадому цэлыя вязанкі з поля, і не дзеля нейкага практычнага ўжытку, але з чыстага аматарства шмат назваў іх вывучыў. Трэба толькі — як і ўвогуле, калі гаворка ідзе пра запазычванне ведаў ад народа, — умець кожнага разгаварыць. Так, да прыкладу, адзін шляхціц (гэтым разам не Багатыровіч, а Стралкоўскі), высокі, шыракаплечы, мажны руды мужчына, з лянівым крокам і з вуснамі найчасцей адкрытымі ў прыязнай, але разам з тым нейкай і дурнаватай усмешцы, калі спытаеш пра што-небудзь, заўсёды і абавязкова паціснуўшы плячыма, дурнаватым голасам адкажа: «Ці ж я ведаю?» Калі яго ў самы поўдзень спытаць пра тое, ці цяпер дзень, ці ноч, інакш не адкажа. Але гэта толькі знешняе, і трэба гэтае сведчанне пра абсалютнае няведанне ўсяго на свеце не ўспрымаць усур'ёз, а ўцягнуць чалавека ў размову. Пытанні тут мала прыносяць карысці, бо кожнае абавязкова сустрэне адказ: «Ці ж я ведаю?» Найлепш у гэты час узяць ініцыятыву гаворкі ў свае рукі, бо, слухаючы пра тое, што і яго цікавіць — а цікавіць яго амаль усё, што ёсць на зямлі і на небе, — разяваты хлопец смялее, ажыўляецца, бліскае вачыма і ў сваю чаргу ахвотна ўступае ў размову. Калі ж па-добраму разгаворыцца, выявіцца, што ведае не толькі пра тое, аб чым у яго пыталіся, але і пра мноства іншых рэчаў. Гэта цяжкая да адкрыцця, але затое сапраўдная крыніца звестак пра мясцовую флору, мясцовыя звычаі, адносіны, прылады і г.д. Нямала назваў раслін, шмат песень і амаль усе загадкі ў нашым нарысе запісаны ад яго.
Ад адной са знаёмых сялянак-лекарак я пачула апавяданне, якое прывяду тут таму, што, з аднаго боку, яно адлюстроўвае сямейныя і хатнія адносіны сялян, а з другога — кідае малюткі праменьчык святла на ўзнікненне старажытнай народнай медыцыны, а можа, і медыцыны ўвогуле.
Марыся Карасёва з вёскі Паніжаны — жонка заможнага гаспадара і дачка кабеты, якая мае ў ваколіцы дрэнную славу ведзьмы, і нават досыць злоснай. Расказвала мне аднаго разу шэптам адна маладая сялянка, што паходзіць яна з чартоўскага племені, і хоць не такая злосная, як яе маці, але заўсёды мае сілу і ўменне, каб зрабіць людзям якую шкоду. Прыходзяць да яе людзі па лекарскія парады і зёлкі, але рэдка і неахвотна, бо вядома, што якая маці, такая і дачка, нават і ўнукі такія будуць, усе да аднаго, бо паходзяць з роду, што належыць чорту. Калі заможны гаспадар узяў дзяўчыну з такога пагарджанага і нават небяспечнага роду сабе за жонку, вытлумачыць гэта можна толькі тым, што ў маладосці яна была надта прыгожая. Яшчэ і цяпер, хоць мае ўжо сорак з лішнім гадоў, прыемна глядзець на яе высокую стройную постаць і правільныя рысы твару з белай свежай скурай і блакітнымі, як незабудкі, вачыма. Нягледзячы на цяжкія абвінавачванні, якія падаюць на яе род, а часткова і на яе самую, выраз яе вачэй і твару прыветны, адкрыты і часта вясёлы.
Гледзячы на яе і слухаючы яе простую, шчырую і вясёлую гаворку, можна прысягнуць, што зусім надарэмна абвінавачваюць яе (альбо дапускаюць мажлівасць такога абвінавачвання) у наўмыснай шкодзе людзям праз ведзьмаванне. Гэты паклёп, а хутчэй нават пакуту, церпіць яна, відавочна, за правіны сапраўды зласлівай, хітрай і хцівай сваёй маці.
Седзячы за сталом, усыпаным прынесенымі кветкамі, Марыся Карасёва са смакам п'е гарбату і падрабязна расказвае, дзеля чаго служыць зелле нетупа, якія гісторыі можна расказваць пра заечую капусту, як і чым трэба адрозніваць зызгель ад паўночніка і г.д., і г.д., ажно пакуль мы не скіруем гаворку на яе асобу, тады яна пачынае расказваць, як аднаго разу вылечыла сама сябе. А было гэта так. Калі яна выйшла замуж, яшчэ жыў і займаў месца гаспадара ў хаце свёкар, мужаў бацька. Неяк ён вяртаўся з поля з возам, наладаваным бульбай і запрэжаным двума валамі, а яна ішла з ім разам дахаты. І тут кола воза звалілася з восі, і трэба было абавязкова паправіць гэтую паломку тут жа на месцы, а гэта можна было зрабіць толькі надаўшы возу, пахіленаму на бок, гарызантальнае становішча. І свёкар загадаў ёй залезці пад воз і падняць яго на плячах да патрэбнага ўзроўню. Напачатку яна адмаўлялася, кажучы, што воз, нагружаны бульбай, паломіць ёй косці, нават плакала, але свёкар не адмяняў загаду — то і паслухалася, залезла пад воз, падняла яго плячыма і трымала так, пакуль свёкар рамантаваў кола. А калі ўжо кола было папраўлена, павалілася на зямлю, як сноп, і не магла сама нават падняцца. Свёкар падняў яе з зямлі і прывёз на возе дахаты. Яе паклалі на ложак, дзе яна праляжала шмат месяцаў, церпячы страшны боль і не могучы ані хадзіць, ані працаваць. Муж яе вельмі шкадаваў, страшна сварыўся са сваім бацькам за гэтую крыўду, ёй учыненую, прыводзіў да яе ўсіх навакольных лекарак, а потым ужо нават і фельчара, які жыў у суседстве. Аднак ніхто нічым ёй не мог памагчы, пакуль праз некалькі месяцаў хваробы не прыйшло ёй у галаву шукаць самой для сябе паратунку. Была яна вельмі слабая і, церпячы вялікі боль, не магла хадзіць, але аднойчы, тады, калі яе ніхто не мог бачыць, спаўзла з ложка, выпаўзла на карачках з хаты і, часта адпачываючы, часам стогнучы ад болю і качаючыся па траве, дапаўзла да бліжэйшага лугу, дзе і пачала рваць розныя зёлкі. Тых, якія ведала сама і якія ёй давалі лекаркі, што прыводзіў муж, не рвала, бо ўжо ведала, што яе хваробе не дапамогуць. Ірвала тыя, пра якія не чула, каб ратавалі ад хвароб. Прыпоўзшы з імі дахаты, папрасіла мужаву сястру, добрую і паслухмяную дзяўчыну, гатаваць іх ёй і піла сама на пробу. Вось так доўгі час паіла яна сябе невядомымі зёлкамі, па чарзе спрабуючы іх карэнне, лісце і кветкі, ажно ўрэшце натрапіла на адну, якая пачала ёй дапамагаць, і так добра дапамагала, што ўжо тым самым летам скончыўся боль, акрэплі яе сілы — і яна пайшла жаць.
Праз колькі тыдняў пасля гэтай размовы Марыся па нашай просьбе прынесла тую дабрадзейную для яе зёлку. Гэта расліна, што расце на вільготных лугах, з прыгожай зоркападобнай цёмна-малінавага колеру кветкай і вялікім пёрыстым трохпалым, а найчасцей пяціпалым лісцем. Вось гэтаму лісцю, якое формаю нагадвае пяць пальцаў, Марыся надае вялікае значэнне і найперш яму прыпісвае лекавыя ўласцівасці расліны, у якіх сама моцна перакананая. Сапраўды, яна ўяўляе сабе, быццам у арганізме жанчыны пэўны орган мае таямнічую форму не то павука, не то далоні з пяццю растапыранымі пальцамі. Паказваючы мне лісце гэтай расліны, яна панізіла голас і з таямнічым выразам твару казала: «Таксама як у чалавека... такія пяць пальцаў...» І тут жа паказвала ўласную далонь з шырока растапыранымі пальцамі. Гэтую расліну яна назвала парушэнец-мацічнік, бо перакананая, што яна ўратавала яе ад хваробы жаночага органа. Ува ўсім гэтым можна заўважыць пэўную сімволіку, створаную гульнёй народнай фантазіі. Як у першабытных народаў спажыванне сэрца адважнага ворага ўмацоўвае мужнасць у сэрцы таго, хто яго з'еў, альбо надаванне дзецям імёнаў Арла, Льва і г.д. нібыта адорвае будучага мужчыну рысамі, уласцівымі гэтым істотам, так і ва ўяўленнях нашага народа, праўда, не надта часта, расліна, што нагадвае сваёй формай нейкую частку чалавечага цела, аказвае на гэты орган лекавы ўплыў. Тая ж самая Марыся расказвала мне, што ведае траву на вільготных лугах, якую ніхто інакш не называе, як толькі трава. Яна цвіце ружовымі катахамі, а яе корань нагадвае чалавечую нагу, дык таму, хто параніць ці пакалечыць нагу, вельмі добра яе карэннем і сцяблом абкласці скалечанае месца. Гэтую траву з ружовымі катахамі ўверсе я ведаю, але карэнне яе не бачыла, бо, калі Марыся мне пра яе расказала, лугі былі ўжо скошаны і адшукаць яе было немажліва. Яна паабяцала мне ўвесну выкапаць і прынесці гэты корань.
Гэтая сімволіка ў народным расліназнаўстве часам бывае вельмі спалучаная з праявамі духоўнасці. Як прыклад тут могуць быць дзве расліны, першая з якіх загартушка, па-лацінску Drosera rotundifolia, належыць да гатунку насякомаедных. Дык вось, як вядома, усе гэтыя насякомаедныя расліны маюць тычынкі, якія, калі на іх сядзе насякомае, загортваюць яго і, скурчваючыся, апускаюць у вадкасць, якую выдзяляе расліна і якая павінна яго разлажыць. Гэтае скурчванне тычынак павінна было нагадаць працэс забірання чагосьці, загортвання, адсюль, відаць, і расліну назвалі загартушка. Прасачыць згаданую з'яву вельмі цяжка, бо гэтая расліна ў нашых краях надта ж дробная, — сама назва яе сведчыць пра досыць высока развітую ў народзе назіральнасць і добрае веданне расліннага свету. Аднак сімвалічнае значэнне загартушкі звязваецца з нечым іншым. Якраз з тым цікавым фактам, што адвару з гэтай расліны прыпісваюцца ўласцівасці абуджаць пачуццё кахання ў чалавеку, які п'е яго.
Таксама для абуджэння пачуцця кахання даюць яшчэ і расліну, што называецца зязюльчыны ручачкі, корань якой у канцы лета набывае форму дзвюх ручак, сплеценых пальцамі паміж сабой. Ані гэтае расліны, ані яе карэння я не бачыла, бо ў наваколлі нідзе яе тут няма і знайсці яе можна ледзьве ні за дзве мілі адгэтуль. Але мне расказвалі пра яе знаёмыя сялянкі і абяцалі прынесці на наступны год. Калі тое, што расказваюць пра форму яе карэння, хоць часткова праўда, то бачым зноў, як сплеценыя ручкі былі ўзятыя сімвалам кахання.
Вяртаючыся да Марысі, варта сказаць, што вельмі сумніўна, каб яна сапраўды вылечылася той зёлкаю. Можа, дапамаглі ёй папярэднія лекі альбо сам па сабе арганізм пераадолеў хваробу. І ўсё ж у гэтай гісторыі заўважаю я два цікавыя факты: стаўленне свёкра да нявесткі, якое, яе мне здаецца, у пераважнай большасці выпадкаў такім быць не магло, калі б нявестка не была дачкой зненавіджанай усімі навакольнымі вёскамі кабеты і паходжаннем сваім не наклікала на сябе зняважлівае стаўленне і непрыязнь.
Шчыра кажучы, узаемаадносіны нявестак са свякроўкамі ў нашых сялян пераважна непрыязныя, але свёкар заўсёды, як мужчына больш разважлівы і практычны, чым кабета, і жонцы свайго сына, пэўне, не загадаў бы трымаць на плячах досыць працяглы час цяжкі воз. Але Марыся і на гэты раз пакутавала з-за дрэннай славы сваёй маці. А потым зноў жа гэтае яе поўзанне на карачках па лузе ў пошуку зёлак, якія маглі б дапамагчы ёй, падказвае ўяўленню нейкія даўнія-даўнія чары, калі, можа, кожная пакутная чалавечая істота, падштурхнутая інстынктам, які ў цывілізаванага чалавецтва зусім загінуў, шукае ў расліннай гушчэчы карэньчыка, сцябла, кветкі, што маглі б яе вылечыць. Карціна гэтая ў нашым стагоддзі выглядае перажыткам нязмерна далёкай эпохі, першым адчувальным пачаткам нечага, што засталося ў стагоддзях, а разам з тым нагадвае звера, што вышуквае сабе на нюх сярод траў такую, якой патрабуе ў гэты час ягоны арганізм.
Досыць цікавы той факт, што расліна, ужытая Марысяй у першы раз з лекавымі мэтамі, была вядомая ў гэтай ваколіцы іншым лекаркам і адпаведна ўжывалася імі. Прыносіла мне яе таксама і Люця, і такія самыя, як Марыся, давала ёй назвы і расказвала пра лячэнне з яе дапамогай хвароб таго ж самага спецыяльнага органа, з такіх самых прычын: гэта значыць з парушэння ці з падымання нечага надзвычай цяжкага. Вось вам відавочны факт распаўсюджвання адкрыцця, зробленага адным чалавекам, без пасрэдніцтва навуковай кафедры ці друку. І не мае значэння — нясе ў сабе гэтае адкрыццё ісціну, ці яно памылковае. Такой, відаць, і павінна была быць працэдура першапачатковага ўзнікнення той агромністай з'явы, якая называецца сёння навукай.
Назвы раслін і звесткі пра іх гэтым летам раздабыла наступныя.
Заечы мак белы (Anemone sylvestris).
Ключыкі (Primula officinalis).
Свёкла (Lithospermum arvense).
Заечы асот (Carlina vulgaris).
Пасвісцёрнік (Anthriscus sylvestris).
Конскі малачай (Hieracium).
Турэцкі перац (Carex vesicaria)*.
<* Малазаможныя сяляне, калі не могуць купіць гарэлкі, альбо спрабуюць устрымацца ад п'янства, п'юць астуджаны адвар гэтай расліны, які сваёй гаркатой нагадвае гарэлку.>
Сардэчнік (Polygola vulgaris).
Заечы мак чырвоны (Papaver argemona).
Жывотапарушэнец, альбо сабачая мята (Veronica chamaedris).
Свірэпка (Rhaphanus phaphanisticum).
Зайчыкі (Gnaphalium divicum).
Парушэннік-мацічнік, што апісаны вышэй (Comarum palustre).
Сончыкі (Geum rivale).
Жывотнік (Helianthemum vulgare). Вельмі добры сродак ад хвароб страўніка, належыць ён да групы парушэннікаў.
Рыцытнік (Sedum acre). Храшчаваты, цвіце жоўтым, расце купкамі і густа абрастае каменныя пабудовы. Даецца ад ліхаманкі.
Бабок (Menyanthes trifoliata).
Сабачае мыла (Herniaria glabra). Калі пацерці, то пеніцца, як мыла. У лекаванні не ўжываецца.
Конікі ў шляхты, у сялян грамотнік (Trifolium alpestre) — адзін з найбольш ужывальных сродкаў супраць болю ў грудзях і страўніку.
Трава (Eriophorum augustifolium). На забалочаных лугах, калі яна адцвіце, то ўтварае прыгожы бела-шаўкавісты пух. Там, дзе расце яе вельмі шмат, сяляне збіраюць гэты пух і напаўняюць ім падушкі. Гэтак жа выкарыстоўваюць і чорны пух, што ўзнікае ўвосень на некаторых відах лазы.
Заечы сон (Pulsatilla pratensis). Гэтая паэтычная назва добра суадносіцца з раслінай з узорным і празрыстым лісцем, якая пасля адцвітання (кветка ў яе блакітная) мае прыгожы папялісты шар вельмі лёгкага пуху.
Дзярозка (Stellaria graminea). Дзярозка — гэта далікатная раслінка, якая цвіце драбнюткімі белымі кветкамі і віецца па зямлі, як дзераза.
Камёла белая, альбо кашка (у шляхты) (Galium boreale).
Парушэннік, альбо парушэнец 8 (Anagalis arven).
Уразнік 1, альбо загартушка (Orchis latifolia).
Адвар кветак і лісця гэтай расліны п'юць ад болю ў страўніку. Корань жа мае таямнічае і чарадзейнае значэнне. Як згадвалася вышэй, ён падзяляецца на пяць адгалінаванняў, досыць выразна нагадваючы пяць скурчаных пальцаў чалавечай рукі. Дык вось адвар аднаго з гэтых нібыта пальцаў засцерагае жанчыну на адзін год ад цяжарнасці, двух — на два, трох — на тры і г.д. Некаторыя жанчыны называюць гэтую расліну загартушкай альбо расічкай якраз з-за гэтага пальцападобнага карэння. Аднак расічку рэкамендуецца ўжываць з супрацьлеглымі мэтамі.
Аер (Iris pseudo-acorus). Цвіце жоўтым.
Бабок балотны (Calla palustris).
Уразнік 2 (Lysimacha thyrsiflora). Адвар карэння і лісця прыкладаецца да дзяснаў, калі баляць зубы.
Станоўнік 1, пра які я пісала раней, па-лацінску называецца Chimophila umbellata. Станоўнік 2 — Pirola rotundifolia.
Заечае вушка (Polygonatum anceps). Яйкападобнае лісце расліны, што тырчыць уверх на досыць высокім сцябле і сапраўды нагадвае заечыя вушкі.
Латаць (Caltha palustris).
Станоўнік 3, мужыцкі (Prunella vulgaris). Лечыць розныя мужчынскія хваробы. Кабетам ужываць яго нельга.
Стары дуб (Tragopagon pratense). Вельмі прыгожая расліна, якая валодае цікавымі ўласцівасцямі. Ад высокага, найменш двухлокцевага сцябла разыходзяцца галіны, аздобленыя вузкім прадаўгаватым лісцем і светла-жоўтай зоркападобнай, даволі вялікай кветкай. Сарваны і пастаўлены мною ў ваду, ён не страціў сваёй свежасці і не завяў на працягу дзесяці дзён, кветкі ж ягоныя ўдзень паварочваліся да сонца, а вечарам, калі яно заходзіла, шчыльна закрываліся. Вельмі прыгожы быў выгляд гэтых зорак, што днём рухаліся, а ўночы закрываліся. Карэнне ў гэтай расліны шурпатае і аброслае нечым накшталт тоўстай кары. Можа, з-за гэтай цвёрдасці і шурпатасці і называюць расліну старым дубам.
Рабінец (Rumex acetosella). На першы погляд надта ж падобны да звычайнага шчаўя, але намнога далікатнейшы. Назва, напэўна, ад колеру кветкі — чырвона-шэрай (рабой).
Ляда 2 (Lathyrus pratensis). Першая ляда — vicia.
Заечы аер (Iris sibirica). Фіялетавыя кветкі.
Станоўнік кабецін (Campanila glomerata). Лечыць толькі жанчын. Мужчынам даваць яго нельга. На даволі высокім сцябле, лісце прадаўгаватае і прыгожае, бела-ліловая кветка.
Зелле ад Валентавай хваробы (Thalistrum angusitifolium). Гэты сродак лічыцца ў людзей найлепшым супраць эпілепсіі, якую тут называюць Валентавай хваробай. Усе мае знаёмыя лекаркі ўрачыста мяне пераконвалі, што з ягонай дапамогай яны вылечылі шмат людзей ад гэтай хваробы. Асабліва дзяцей, для якіх, паводле іхняга ўяўлення, ён дае найлепшыя вынікі. Гэтае зелле даюць піць дзецям, хворым на эпілепсію, на працягу трох гадоў, варта таксама адзначыць, што ў гэты час ужываюцца і чыста гігіенічныя сродкі. Праз увесь час лячэння дзяцей апранаюць толькі ў чорны і шэры колеры, па мажлівасці нават засцерагаюць іх ад выгляду яркіх барваў, аддаляюць ад месцаў, дзе б яны маглі пачуць званы альбо музыку, не даюць есці рыбу, селядцы, піць вострыя напоі, а кормяць пераважна малаком і гароднінай.
Сабачы язык (Cynoglossum officinale).
Уразнік 3 (Epipactis palustris). Лякарства ад ліхаманкі.
Жывакост балотны (Symphytum officinale). Пышная разгалінаваная балотная расліна, якая цвіце надзвычай прыгожа. Гэта сродак супраць ламаты ў касцях і каўтуна.
Талюха (Simu latifolium). Высокае сцябло, лісце прадаўгаватае, пёрыстае, зубкаватае. Кветка акруглая, белая. Паводле лекарскіх парад, найлепшы сродак ад жаўтачкі. Талюху хворы не толькі п'е, але робіць сабе з яе і ванны.
Дзеван, некаторыя вымаўляюць дыван (Oenotera biennis).
Цытра, тая ж самая расліна, што і папярэдняя, але калі цалкам вырасце. Ужываюць для падмацавання сіл.
Нетупа (Linaria vulgaris). Мае чарадзейныя ўласцівасці. Пасля пабудовы новай хаты і асвячэння яе ксяндзом трэба пастарацца як мага больш гэтай расліны ўтыкнуць у шчыліны хаты, бо яна засцерагае ад пранікнення ў хату злых вятроў, гэта значыць такіх, якія часам, пасланыя толькі нячыстай сілай, лятаюць па свеце і прыносяць з сабою ў дом хваробы, калатнечу, усялякія грахі і няшчасці. Нетупа, якая знаходзіцца ў шчылінах хаты, засцерагае ад іх. Часам цэлымі яе вязанкамі затыкаюцца нават коміны.
Зязюльчыны падарачкі (Convollaria majalis). Звярну ўвагу на паэтычнасць гэтай назвы. Кветка гэтая, як вядома, расцвітае найчасцей падчас першага голасу зязюлі. Той, хто першы сярод людзей назваў яе падарункам зязюлькі, напэўна, быў паэтам.
Урочнік (Gladiolus eommunis). Лечыць дзіцячыя хваробы, што паходзяць ад суроку. Хворых ім кадзяць.
Памочнік, альбо баркун 2 (Veronica spicata). Баркун 1 — гэта Melilotus albus.
Зызгель (Carlina vulgaris). Само лісце гэтай расліны без кветак называецца заечы асот. Гэтая расліна выклікае спрэчкі паміж Люцяй і Марысяй. Першая называе яе зызгелем, другая — паўночнікам, якім, паводле Люці, з'яўляецца іншая расліна (Centaurea jasea). З гэтай нязгоды вынікае, што адна з жанчын ужывае дзеля супакаення дзяцей, што плачуць ноччу, зызгель, а другая паўночнік. Іншыя людзі, да якіх я звярталася, падзялялі меркаванне Люці.
Канапелька 1 (Lamium maculatum).
Гарчыца (Sinapis alba).
Чарвяточ (Sisymbrum officinale). Тут мушу выправіць памылку, якая была зроблена ў папярэдніх запісах. Расліна, якую я называла чарвяточ, у сапраўднасці называецца чэцьвяртош і даецца (паводле легенды, пададзенай там) ад моцнай ліхаманкі. Чарвяточ жа, у адрозненне ад багатага, што нагадвае горную флору, чэцьвяртоша, мае сухое ніклае сцябло з дробнымі лісточкамі і кветкамі і нібы абгрызенае чарвякамі. Ужываецца для вынішчэння чарвякоў, што знаходзяцца ў ранах людзей ці быдла, з дапамогай удараў ім па тых жа ранах. Вельмі настойліва і доўга вучылі мяне адрозніваць чарвяточ ад чэцьвяртоша.
Дзеннік (Pimpinella saxifraga). Лякарства ад ліхаманкі.
Валасенец, тое самае, што і жывакост балотны (Symphytum officinale). Лекавы жывакост валасенцам называецца тады, калі расліна яшчэ маладзенькая і на яе лістах выразна выступаюць валаскі. Лісце парослае белымі валаскамі, цвіце жоўтым цветам, кветка нагадвае гранёны кілішак.
Валашнік (Hieracium pilosella). Лісце яго таксама парослае валаскамі, але мае яйкападобную форму і знізу белаватае.
Валасеніца — той самы валашнік, але тады, калі на высокім, прамым сцябле з'яўляецца кветка.
Дыпунт, у шляхты Божае дрэўца (Artemisia abrotanum).
Канапелька 2 (Galeopsis versicolor).
Багно, найчасцей баган (Ledum palustre).
Чартапалох (Cissium palustre).
Вадзяная мята (Mentha arvensis).
Рыбіна мята (Lycopus europaeus).
Смычка (Sparganium simplex).
Ляда 3 (Vicia sepium).
Курачы мак, блёкат (Hyoscyamus niger).
Шпарнік у сялян, у шляхты ладыгур (Scrophularia nodosa). Лечаць прэласць, выкліканую потам. Адвараныя лісты прыкладваюцца да хворых месц.
Лугавая медніца (Rannuculus sceleratus).
Вадзяное святаянскае зелле (Lysimachia vulgaris). Звычайнае святаянскае зелле — гэта Hyperecium perforatum.
Дрыбніца, альбо драбязгун (Erigeron canadense).
Ярабенец (Rumex acetosella).
Белакрупа (Berteroa incana).
Рэжуха лясная.
Сітнік (Juncus conglomeratus).
Брушэшнік (Vaccinium vitis idaea) — брусніцы баравыя.
Мучэльнік.
Чорныя ягады (Vaccinium myrtillus) — чарніцы.
Жураўліны (Oxycoccus palustris) — журавіны.
Чабор лясны (Thymus serpyllum augustifolius).
Шчыр, альбо васількі (Amaranthus blitum).
Скуляшнік (Glechoma hederacea). Пад лісцем гэтай расліны ўтвараюцца ўвосень маленькія нарасты, а ўсялякія нарасты, балячкі і г.д. называюцца па-беларуску скулы. Адгэтуль назва расліны, да таго ж служыць яна лякарствам супраць усялякіх скул альбо бародавак, балячак і г.д.
Калюшкі (Anchusa arvensis).
Вырочка (Echium vulgare).
Дурніца. Лісце падобнае да лісця чорнай ягады, ягадкі малыя, прадаўгаватыя, выклікаюць пасля ўжывання адурманьванне. (Дурэц — гэта беладонна.)
Пра расліну, якая называецца заечая капуста, расказваюць наступнае. Яе парастак утыкаюць у шчыліну хаты. Калі ён не засохне, а зацвіце, то асоба, якая гэта зрабіла, будзе доўга жыць; калі ж наадварот — то хутка памрэ. Я сама бачыла гэтую расліну, якая, уваткнутая знадворку ў шчыліну хаты, расла там і цвіла.
Валяр'яна, у засцянковай шляхты называецца станеба, а па-сялянску кроп. Лекаркі робяць з яе ў спалучэнні з палыном пітво, якое даюць піць ад болю пад грудзьмі. Ад гэтай самай хваробы ўжываецца і гарчыца, але дапаможа яна толькі ў тым выпадку, калі прычынай занядужвання былі сурокі, гэта значыць, калі было зроблена. Тады пачынаюцца ваніты, і боль праходзіць. Калі ж не было гэта зроблена і ванітаў няма, то гарчыца зусім не дапамагае.
Найлепшы з усіх сродкаў ад усялякай зробленай хваробы — капытнік (Asarum europaeum), але толькі тады, калі сурокі былі кінутыя на чалавека ззаду (з плеч накінуты), калі ж яны кінутыя на чалавека спераду, то лепш ужыць дзіван, альбо ўрочнік, альбо адзін з трох уразнікаў, а менавіта той, які мае пяціпалы корань. Урочнік найлепш выратоўвае сурочаных дзяцей, калі ім абкурваюць іх. Адзін жа з парушэннікаў, змяшаны з насеннем морквы, здымае з жанчыны сурокі, якія зрабілі яе бясплоднай.
Вельмі своеасаблівыя сродкі пры ацёку горла і ўсялякіх нарастаў на ім. Першы з іх такі: перад усходам сонца трэба ўзяць дзевяць шпілек, укалоць імі ўздутае месца па дзевяць разоў, а потым уваткнуць гэтыя шпількі ў частаколіну. Працэдуру паўтараць дзевяць дзён у той жа самы час, а апошнім разам шпількі выкінуць за плот. Другі сродак значна цяжэйшы для выканання. Трэба падысці да нябожчыка, які ляжыць яшчэ ў хаце, узяць ягоную руку і тыльным бокам гэтай рукі з усяе сілы тры разы ўдарыць па ўздутым месцы.
Вось так ад розных недамаганняў і небяспек шукае тутэйшы люд сабе палёгку і абарону. Як ні дзіўна, але вера ў гэтыя надзейныя, а найчасцей безвыніковыя сродкі, нягледзячы на ўсю іхнюю безвыніковасць, трымаецца стагоддзямі. Лекаркі сцвярджаюць, што вылечылі шмат людзей, многа народу таксама заўсёды прыходзіць да іх. Калі арганізм будзе працівіцца ўсім іхнім парадам і хвароба закончыцца смерцю, тады і лекарка, і ўсе іншыя людзі тлумачаць гэта сабе словамі, якімі аднойчы Люця, смутна паківаўшы галавой і жартоўна прымружыўшы вочы, закончыла сваю доўгую гаворку са мной:
Калі вазьмe навекі,
Не памагуць лекі.

1890 год

Опубликовано 26 сентября 2004 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1096215992 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА ЛЮДЗІ І КВЕТКІ НАД НЁМАНАМ

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network