НОВАЯ ЗЯМЛЯ

Белорусская поэзия. Классические и современные стихи белорусских поэтов.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ


БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему НОВАЯ ЗЯМЛЯ. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-25

КОЛАС ЯКУБ

І. ЛЕСНІКОВА ПАСАДА
Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
І там душою спачываю.
О, як бы я хацеў спачатку
Дарогу жыцця па парадку
Прайсці яшчэ раз, азірнуцца,
Сабраць з дарог каменні тыя,
Што губяць сілы маладыя, —
К вясне б маёй хацеў вярнуцца.

Вясна, вясна! не для мяне ты!
Не я, табою абагрэты,
Прыход твой радасны спаткаю, —
Цябе навек, вясна, хаваю.
Назад не прыйдзе хваля тая,
Што з быстрай рэчкай уплывае.
Не раз яна, зрабіўшысь парам,
На крыллях сонца дойдзе к хмарам
Ды йзноў дажджом на рэчку сыдзе —
Ніхто з граніц сваіх не выйдзе,
З законаў, жыццем напісаных,
Або на дол спадзе ў туманах.
Але хто нам яе пакажа?
На дол вадой ці снегам ляжа?
Не вернешся, як хваля тая,
Ка мне, вясна ты маладая!..
Вось як цяпер, перада мною
Ўстае куточак той прыгожа,
Крынічкі вузенькая ложа
І елка ў пары з хваіною,
Абняўшысь цесна над вадою,
Як маладыя ў час кахання,
Ў апошні вечар расставання.
І бачу лес я каля хаты,
Дзе колісь весела дзяўчаты
Спявалі песні дружным хорам,
З работ ідучы позна борам.
Нясліся зыкі песень здольных,
Ў лясах раз-пораз адбівалісь,
І ім узгоркі адклікалісь,
І радасць біла ў песнях вольных.
А хвоі, елкі векавыя
Пад зыкі песень маладыя
Маўчком стаялі ў нейкай думе,
І ў іх ціхусенечкім шуме
Няслось вячэрняе маленне
Ўгару, святое аддаленне.

Каля пасады лесніковай
Цягнуўся гожаю падковай
Стары, высокі лес цяністы.
Тут верх асіны круглалісты
Сплятаўся з хвоямі, з дубамі,
А елкі хмурымі крыжамі
Высока ў небе выдзялялісь,
Таемна з хвоямі шапталісь.
Заўсёды смутныя, бы ўдовы,
Яны найбольш адны стаялі,
І так маркотна пазіралі
Іх задуменныя галовы!
Лес наступаў і расступаўся,
Лужком зялёным разрываўся;
А дзе прыгожыя загібы
Так міла йшлі каля сядзібы,
Што проста імі б любаваўся.
А знізу гэты лес кашлаты
Меў зелянюсенькія шаты
Лазы, чаромхі ці крушыны,
Алешын ліпкіх, верабіны.
Глядзіш, бывала, і здаецца,
Што скрозь сцяну галін жывую,
Скрозь гэту тканку маладую
Ні мыш, ні пташка не праб'ецца.
Цякла тут з лесу невялічка
Травой заросшая крынічка,
Абодва берагі каторай
Лазняк, ракітнік абступалі;
Бруіліся ў цяньку іх хвалі
І ў луг чуць значнаю разорай
Ішлі спакойна між чаротаў,
Рабілі многа заваротаў,
Аж покі ў Нёман не ўцякалі.

Зялёны луг, як скінуць вокам,
Абрусам пышным і шырокім
Абапал Нёмна рассцілаўся —
За хатай зараз пачынаўся
Ды йшоў квяцістай раўніною
З мурожнай слаўнаю травою
І ззяў на сонцы ў пералівах
Пяшчотных тонаў. Як на нівах
Жыта збажынкі лёгка гнуцца
І людзям радасна смяюцца
Сваім прыемным, мілым спевам
Пад лёгкім ветрыку павевам, —
Так гнуцца, гойдаюцца травы,
Як пройме ветрык іх ласкавы,
І пойдуць хвалі травяныя
З прыемным спевам чарадою,
Зашэпчуць краскі між сабою,
Нібы дзяўчаткі маладыя.
Эх, луг шырокі! Як жывы, ты,
Праменнем сонейка заліты,
Увесь стаіш перад вачыма,
Ты міл і смуцен, як радзіма,
Як наша ціхая старонка,
Дзе смугі сіняя пялёнка
У летні час дымком звісае
І даль задумай спавівае.
Хоць я няволяй цяжка змучан
І з родным берагам разлучан,
Ды я душою ажываю,
Як вокам мыслі азіраю
Цябе, мой луг і бераг родны,
Дзе льецца Нёман срэбраводны,
Дубы дзе дружнай чарадою
Стаяць, як вежы, над вадою
Даўнейшых спраў вартаўнікамі
І ззяюць грозна жараламі.
І толькі тут, пад іх чародкай,
Улетку, добраю пагодкай,
Касьбой утомлены, спачынеш
І думкі клопату пакінеш,
Заснуўшы крэпка і салодка.
Тут так прахладна, так прывольна!
А пташкі голасна і здольна
Смяюцца мілым шчабятаннем
І поўняць луг сваім спяваннем.
А на дубах, як шапкі тыя,
Чарнеюць гнёзды буславыя.
Буслы клякочуць, бусляняты
Пішчаць жалобна, як шчаняты,
Насы закідваюць угору
І просяць есці ў сваю пору.
А там, дзе буслікі ўздужалі,
Іх пачынаюць вабіць далі;
Яны пачулі ў сабе сілы,
Яны разводзяць ужо крылы,
Ўгару на локаць падлятаюць,
Паветра ловяць, заграбаюць
І неуклюднымі нагамі
Танцуюць смешна над дубамі.
Там, у падсуседзях з бусламі,
І вераб'і, шпакі вядуцца;
Клапотна шчэбеты нясуцца
І моўкнуць позна вечарамі.
Ў дубах крычаць сіваваронкі,
І свіст над лугам рэзкі, звонкі
Каршун маркотна так раняе
І нейкі смутак закідае.
Эх, луг шырокі! Як жывы, ты,
Травой мурожнаю закрыты,
Стаіш зялёны прада мною
І ззяеш дзіўнаю красою!
Як дзве старэнькія кабеткі,
К каторым старасць неўзаметкі
Падкраўшысь злодзеем срэдзь ночы,
Як смачны сон змыкае вочы,
Красу і крэпасць забірае
І ўсю іх жывасць выкрадае
Ды кіне іх адных, старэнькіх,
Адных, як перст, і чуць жывенькіх
І непатрэбных анікому
На цягасць жыццю маладому, —
Так каля хаты, у садочку,
Схіліўшысь ціхенька ў куточку,
Стаялі дзве вярбы старыя,
А навакола маладыя
Дзярэўцы пышна красавалі,
На свет вясёла пазіралі.
Галлё спусціўшы над парканам,
Расла тут грушка з тонкім станам;
Па-над парканам пышным валам
Стаяў вішняк густы, прыўдалы.
Садок быў, праўда, невялічкі:
Дзве верабіны ды тры дзічкі
Ды між верб ліпка маладая,
Бы іх унучка дарагая.
Але як весела і міла
Тут пчолка ў вуллях гаманіла!
І як прыемна пахла мёдам!
Пладзілісь пчолкі з кожным годам:
Штолета вулляў прыбывала —
На пчолкі вельмі шанцавала.
Гул іх стаяў і ўдзень і ўночы.
Бывала, ўлетку, ў час рабочы
Не раз там чуўся крык вясёлы:
— Го, тата! дзядзька! выйшлі пчолы!
На вішні селі каля плоту!
Мужчыны кідалі работу,
Касьбу над рэчкай за кустамі,
І беглі шыбка, каб часамі
На лес дзе пчолкі не зляцелі,
Дык іх там пільненька глядзелі.

На прыгуменні, поруч з садам,
Павець з гумном стаяла радам,
А пад паветкаю прылады:
Вазок, калёсы, панарады,
Старыя сані, восі, колы
І вулляў некалькі на пчолы,
Яшчэ някончаных; судзіна,
Стары цабэрак, паўасміна
І розны хлам і лом валяўся,
Ад сонца, дожджыку хаваўся —
Патрэбны рэчы, ёсць вядома!
Гуменца, крытае саломай,
Ад доўгіх часаў пасівела;
Салома кудламі вісела,
Яе вятры параздзімалі,
А трохі хлопцы пасцягалі,
На стрэху лазячы, бывала, —
Іх гэта забаўка займала.
А пад шчытом на павуціне
Нішчымны колас-сіраціна
Ў зацішку лёгенька гайдаўся;
З якіх ён часаў там трымаўся,
То Бог яго святы ўжо знае!
Будоўля, больш яшчэ старая,
З гнілой, вагнутаю страхою
Стаяў хлявец якраз напроці
І чуць ліпеў, як бы на плоце
Гаршчок, разбіты качаргою.
Стары, паедзены чарвямі,
Набок пахілены вятрамі,
Глядзеў хлеў гэты старычынай,
Пахілай доляй жабрачынай;
А збоку, ў полі, недалёка
Стаяў прыгрэбнік адзінока,
Пахілкам, горкім сіратою,
У дол упёршыся страхою.
Ў глыбі двара стаяла хата
І выглядала зухавата
Паміж запушчанай будовы,
Як бы шляхцянка засцянкова,
Што ў дзень святы каля касцёла,
Чуць-чуць падняўшы край падола,
Так важна ходзіць з парасонам,
Спадніцай верціць, як агонам,
З дарожак пыл, пясок зганяе
І ў вочы хлопцам заглядае.

За хатай поле пачыналась,
Дзе жыта хораша гайдалась
І рос авёс, ячмень і грэчка, —
Было прытульнае гняздзечка!..

Мой родны кут, лугі, крыніца!
Цяпер для вас я — чужаніца.
Той самы лес, палеткі тыя,
Ды людзі там жывуць другія.
Мне душу смуткам напаўняе,
Што ў прошласць канулі гадочкі,
Мае шчаслівыя дзянёчкі, —
Прайшла, вясна ты маладая!

Цяпер разгорнем часаў шаты,
Бліжэй прыгледзімся да хаты,
Да Міхася і да Антося,
Як там вялося, як жылося.

ІІ. РАНІЦА Ў НЯДЗЕЛЬКУ

Дзень быў святы. Яшчэ ад рання
Блінцы пякліся на сняданне,
І ўжо пры печы з чапялою
Стаяла маці... Пад рукою
Таўкліся дзеці, заміналі
Або смяяліся, спявалі.
Услон заняў сваё ўжо места,
На ім стаяла дзежка цеста,
І апалонік то і дзела
Па дзежцы боўтаў жвава, смела
І кідаў цеста ў скавародкі.
Давала піск яно кароткі,
Льючыся з шумам на патэльні,
І ў жар стаўлялася пякельны;
І там з яго ўжо ўвачавідкі
Пякліся гладзенькія пліткі
Блінцоў, спаднізу наздраватых,
Угору пышна, пухла ўзнятых,
І ўжо адтуль рукою маткі
На ўслон шпурляліся аладкі,
А дзеці іх даўно сачылі
І на ляту блінцы лавілі,
Заядла мазалі іх здорам.
Стаяў асобна ў місцы скорам
Сяго-таго для верашчакі.
Хоць невялікія прысмакі —
Цыбуля, перчык, ліст бабкоў
Ды сальца некалькі брускоў,
Мука і квас — і ўся прыправа,
Але ўсё ж снеданне цікава;
А для дзяцей найбольша свята
Абы наесціся багата.
І звон аб прыпек скавародны,
Так блізкі сэрцу, так ім родны,
У нейкім радасным настрою
Спяваў ім песняю святою
І лашчыў сэрцы іх і вушы
І поўніў радасцю ім душы,
Такі прыемны, мілагучны,
У той прыемнасці выключны,
Ён разліваўся па ўсім целе
І ўмомант іх знімаў з пасцелі.
Недарма ж дзядзька іх, бывала,
Каб пабудзіць каго з іх жвава
Пагнаць каровак ранічкою,
У прыпек біў скаварадою.
Цяпер, здаволіўшысь ядою,
Дзяцінай цешылісь гульнёю.
Хто бегаў з кіем каля хаты —
Ганяў курэй. Як парасяты,
Ў пяску капаліся сястрычкі.
Алесь хадзіў каля крынічкі,
Што з лесу тут жа выцякала
І дужкай хату агібала,
Хадзіў, свістаў пад голас птушак,
Збіраў ён ягадкі ў гарнушак.
Ўсе парасходзіліся з хаты,
І кожны дзелам быў заняты:
Міхал у лес пайшоў ранютка
Рабіць звычайныя абходы;
Антось спаць доўга не меў моды,
А як надарыцца мінутка
Часіны вольнай ці святы дзень,
Ну хоць адзін разок на тыдзень
Хадзіў на Нёман ці на тоні —
Рыбак быў дзядзька наш Антоні,
Як і работнік, адмысловы;
А Ўладзік пасвіў дзесь каровы,
Травіў чужыя сенажаці;
А дома з дзецьмі была маці.
Яе жаночая работа
І гэта вечная турбота
То каля печы, то на полі,
Сказаць, не зводзіцца ніколі.
Адно прыпыніш — там другое,
Глядзіш, як бачыш, набяжыць,
І ручак некалі злажыць —
Жыццё жаночае такое!
Так і цяпер: печ зачыніла,
Работу ў хаце прыпыніла —
Ідзі ў гарод ты па бацвінне:
Другі раз есці просяць свінні.
А гэты Юзік-шаляніца,
Малы яшчэ, зусім дурніца,
Так пад нагамі і таўчэцца
Або, як хвост той, валачэцца
І ад работы адрывае
І толькі сэрца ад'ядае.

Ўжо сонца ўгору падхадзіла,
На лісцях роску асушыла;
У небе хмарачкі дзянныя
Плылі, як гускі маладыя,
Чародкай белай над лугамі,
Над свежым лесам і палямі.
А гэты ветрык дураслівы
Траве зялёнай чэша грывы,
Ў садку жартуе з верабінай,
Як голец-хлопец той з дзяўчынай,
І валасы зялёным стрэхам
У лесе гойдае са смехам.
А круглаверхія асіны
Разносяць нейкія навіны
І так гутораць, так смяюцца,
Што аж іх лісцікі трасуцца, —
Відаць, такая іх урода.

Прыйшла і маці з агарода.
— Алесь, сынок... ідуць кароўкі!
Бяжы хутчэй, рассунь засоўкі,
Каб не штаўхаліся дарма...
Ну, я лепш збегаю сама!
Куды ты, Юзік, безгаловы?

З-за рэчкі ціснуцца каровы.
Ідзе паперадзе Красуля,
За ёю Лысая, Рагуля,
Ды дзве пярэзімкі-цялушкі
Ідуць у згодзе, як дзве дружкі;
А збоку чмыша бык Мікіта,
Хвастом матаючы сярдзіта.

А авадні, як рой пчаліны,
Сляпіцай лезуць да скаціны,
Гудуць драпежна, тнуць балюча,
Бы крапіва тая пякуча,
Дыхнуць каровам не даюць.
Каровы злосныя бягуць,
Адна другую б'юць рагамі
І толькі тухкаюць нагамі;
І сам пастух бяжыць, гукае
І гэту заедзь праклінае;
Няма за поганню парадку,
Сярдуе сам і злуе статка,
Барзджэй, як можа, ў хлеў пражэцца —
І горш у весніцах таўчэцца.
Каля хлява рух-суматоха:
— Куды ты, чортава Панчоха?! —
Крычыць Уладзя, свішча пужка
(«Панчоха» — Лысае мянушка).
Назло Рагуля ўжо ў варотах
Цялушку рогам капарнула,
Аж тая, бедная, раўнула;
Тут Галас выскачыў з-пад плота
І ўжо па ўласнаму пачыну
Знайшоў зачэпку і прычыну
Свае тры грошыкі прыткнуць,
За хвост Мікіту пацягнуць.
Ну, словам, шум тут быў вялікі,
І танцавалі без музыкі.

Загнаўшы ў хлеў на месца статка,
Насеўся Ўладзя на аладкі,
Шпурнуўшы лапці і анучы
Сярод двара ў пясок сыпучы;
Іх маці зараз падабрала,
Нічога сыну не сказала,
Пайшла ў крыніцы спаласнула,
Сушыцца ўскінула на шула.
— Унь дзядзька йдзе! — гукаюць дзеці.
Забылі ўсё яны на свеце
І як мага бягуць, смяюцца,
Аж іх валосікі трасуцца.
— А, дзядзька! дзядзечка, саколік!
Насып мне ягад у прыполік!
— Дай мне дубец! — А мне дай вуды! —
Крычаць малыя шалапуды,
Бягуць і скачуць, б'юць у ладкі,
А дзядзька мерна йдзе з-за кладкі,
Ідзе без шапкі, круціць носам —
Гаворыць пацеры з засосам;
Для смешак твар яго зацяты,
Дык моў не лезьце, парасяты.
І дзеці змоўклі, больш ні слова:
Няхай канчаецца размова
Антося дзядзькі са святымі, —
Тады пагутарыць і з імі.
А покі кончыць ён маліцца,
То можна ў Свержні апыніцца:
Псалмоў адкоціць з паўдзесятка,
Ды так выразна, ды так гладка,
Што дзяк і той не ўсякі зможа,
Як рэпу грыз, — даруй грэх, Божа!
Не гаварыў, а сек языкам!
Маліўся дзядзька з тым разлікам,
Каб кончыць модлы каля дома,
Бо ў хаце нельга, ёсць вядома,
Маліцца хораша, як трэба:
Тут глупства кожнае ад неба,
Ад Бога думкі адкідае,
То тое-сёе замінае,
І не намолішся — нагрэшыш
Ды чорта лысага пацешыш.
І толькі дзядзька на двор ступіць,
Дык кулаком у грудзі лупіць,
Тры разы хрысціцца, ўздыхае,
Тады ўжо шапку накідае
І ставіць вуды ўсе ў парадак.
— Ну, што? наеліся аладак? —
Жартуе дзядзька тут з малымі
Ды йдзе ўжо ў хату разам з імі.
Яны, замест таго адказу,
Бубняць па пузу для паказу.
— Эх, брат Алесь! — гаворыць дзядзька. —
Вось быў шчупак — усім ім бацька!
Век я такога не забуду,
Але парваў мне, падла, вуду.
І падчапіў быў нават спраўна.
«Ну, — думаю, — пажыва слаўна!»
Цягну, а ён аж гне вудзільна,
Ну, чуць не вырве яго з рук!
А тоўсты, падла, бы япрук,
І доўгі ж, доўгі, як цапільна.
Шчупак, брат, ёмкі: на паўпуда,
Але сарваўся. Ах, паскуда!
І натаміў як мае быць,
І пастка ўжо з вады тырчыць,
Як змей, варочае зянкамі,
Ну, вось ён, вось! хватай рукамі!
А потым, брат, калі рвануўся, —
Ўсё к чорту — вуда і кручок,
Пайшоў гуляць мой шчупачок!
А я, брат, толькі аблізнуўся!
— Ах, вось шкада! З кручком і з дротам?
Дык ён жа здохне! — Ну чаго там!
Шчупак — жывучая, брат, юха!
Такі жывучы — дзяржы вуха!
Ён пяць кручкоў глыне — й не знайся;
Ты ў Янчура пра іх спытайся:
Янчур іх лужа, як арэхі,
Іх знае прожары-прарэхі.
А мне ўсяе, брат, тэй уцехі,
Што падчаплю зноў юху тую,
Тады, брат, дудкі: не спудлую!

Ўжо снедаць час, і поўдзень скора,
Ды з гэтым бацькам адно гора!
Як пойдзе ён у лес той зрання,
Як цукар у вадзе растане:
Няма й няма, чакаць абрыдне.
Якога выхадзіш там злыдня?
Ці надта выслужышся ў пана?
Ўсё роўна знойдзецца загана;
Як ты ні падай, ні гайсай,
Не пападзеш да пана ў рай
З сваёй патрэбай, інтарэсам.
А лес, як быў, то й будзе лесам,
Дык і дарэмна ўся турбота —
Бяда з ім проста і згрызота!
Няма яму нядзелькі, свята —
Ідзе ды йдзе ён, як закляты;
У шчэпку высах з той хады,
Ад сну адбіўся, ад яды.
І хто ўжо служыць гэтак дбала?
Антось і маці на Міхала
Не раз у злосці нападалі.
Але таго яны не зналі,
Як лёгка хлеб той дастаецца.
Не сцерпіць часам, адсячэцца
Міхал ад гэтакіх нападак:
Які ж бы толк быў і парадак,
Каб ён служыў, спусціўшы рукі?
Свае ж сябры — майстры на штукі:
Так удадуць і так падкусяць —
Цягнуцца нехаця прымусяць.
А вось папробуй на цікавасць
Стрымай службовую рухавасць,
Служы спусціўшы рукавы
І выкінь службу з галавы, —
Такія ў лесе выйдуць справы —
Пажар, парубкі і патравы —
Не адкараскацца ад ліха.
А хочаш ты, каб было ціха,
На чым сядзіш, таго глядзі ты!
Казаў Міхал не раз сярдзіта:
— Маўчы, калі ёсць хлеб у роце!
І што сказаць на гэта проці?

А бацька з стрэльбай за плячамі
Ішоў дадому хвайнякамі,
Ішоў паволі, не спяшаўся,
Часамі, стаўшы, азіраўся
І прыслухоўваўся да зыкаў
Ляснога шуму, яго крыкаў
Ды нюхаў дух той, поўны вару:
Такая суш — крый бог пажару!
Скрозь лапкі хвоек і галінкі
Сінела неба гладзь. Хмурынкі
Стаялі грудкамі на ўсходзе.
Было так ціха ўсё ў прыродзе!
Ўгары над хвойнікам зялёным
Снуюцца пчолкі з ціхім звонам,
Кузуркі розныя і мушкі
Свае спраўляюць гулі-гушкі
І так танюсенька гудуць,
Што ледзьве-ледзьве можна ўчуць.
А на прагалінках на голых
Гулянне конікаў вясёлых.
І толькі ступіш там нагою —
Так і заскачуць прад табою,
Вось так і пырскнуць у надзем'е,
Як бы сявец той сыпне сем'е.
А матылькі сваім убраннем
Касуюць тут усіх дазвання
І не лятаюць — танцы правяць,
Ну, каго хочаш, зацікавяць.
А як прыгожы пуцявінкі
Ў шаўках зялёнае травінкі!
Якія мяккія іх рысы
І павароткі іх, абрысы!
Ідуць, звіваюцца, лучацца...
Эх, слаўна ў лесе, слаўна, братцы!

Памалу, мерна, крок за крокам
Ў сваім раздум'і адзінокім
Дадыбаў бацька скора к дому.
Зачуўшы татаў ход знаёмы,
Малыя з хаты высыпалі.
За брамай бацьку сустракалі.
Алесь браў стрэльбу, шапку з цэшкай
І нёс з шчасліваю усмешкай
(Схаваўся ў шапку ўвесь з вушамі);
А Костусь — торбу з кутасамі
І знак блішчасты стражнікоўскі.
— Барзджэй вы там, кірмаш такоўскі! —
Гукае дзядзька з ноткай злосці: —
Ідуць, як тыя шляхты ў госці!..

ІІІ. ЗА СТАЛОМ

— Ну, небажаты, будзем снедаць —
Ў людзей садзяцца ўжо абедаць.
Цягні мачанку, маці, з печы!
За стол, малы, за стол, старэчы! —
Гаворыць дзядзька, сам сядае
І стол абрусам засцілае.
Паміж дзвюх лаў пад абразамі
Туліўся стол з двума кастрамі
Аладак грэцкіх, як пампушак,
Ды хлеба з зайчыка краюшак.
Міхал з Антосем, як старыя,
Займалі месцы канцавыя
І іх трымаліся выключна,
Бо тут сядзець ім больш спадручна,
І ў кут старым трудней залезці,
А на пачэсным гэтым месцы
Садзіўся госць — і то не кожан;
А як цяпер кут быў парожан,
То там Алесь прымайстраваўся,
Сядзеў на кукішках, гайдаўся,
Цішком шчыкаючыся з братам.
Кастусь сядзеў між ім і татам;
Ён да яды не так быў падак,
Бо ўжо намазаўся аладак,
Але сядзеў і мяў аладку
Ды штурхаў бацьку пад лапатку.
Уладзік быў у дзядзькі збоку...
Дзяцей, як тых снапкоў на току! —
Сямейка, праўда, немалая:
Чатыры хлопцы, тры дзяўчаці
Ды бацька з дзядзькам, трэцця маці;
І кожны месца сваё мае.
Тым часам маці даставала
Чыгунчык з печы, лыжку брала
І верашчаку налівала.
А за сталом на верашчаку
Падгатаўлялі ўжо атаку, —
На гэта хлопцы былі хваты,
Аладкі кроілі ў квадраты
(Хоць геаметрыі не зналі)
І на відэльцы іх чаплялі,
Як бы на тычкі тыя вешкі,
Каб не адстаць, не мець замешкі
У часе дружнае яды.
Чуць міска ткнулася сюды,
Дык у яе, як па прыказу,
Відэльцаў з восем лезе зразу.
Гаворка моўкне, смех сціхае:
Цяпер мінуціна другая,
Бо ўсіх займае міска стравы;
Другія моманты, праявы, —
Усе пафукваюць ды студзяць
І верашчаку тую вудзяць
І толькі чаўкаюць губамі
Ды зрэдку скрыгаюць зубамі,
Як бы на бераг тыя хвалі
У часе ветру наступалі.

Малыя — Гэля, Юзік, Ганна —
Асобна елі пастаянна.
Парадку дзеці не трымалі,
І іх ніколі не сціскалі,
Абы насоў не разбівалі;
Так, Юзік пальцам поркаў страву
І верашчакай мазаў лаву,
Але тут сёстры сердавалі
І залаб Юзіка цягалі.
Тады іх згода прападала,
Між імі бойка вынікала.
Пускаў тут Юзік лыжку ў дзела;
Не раз лабаціна трупцела
Ў сястрычак Гэлі ці Ганулі.
А сёстры Юзіка цягнулі
За вушы з двух бакоў і білі.
Але іх старшыя мірылі, —
На пожар злосці лілі воду
І замацоўвалі так згоду:
— Ну, пацалуйцеся ж вы з браткам! —
І ўсё йшло зноў сваім парадкам.

А за сталом маўчком сядзелі.
Там хлопцы гыркацца не смелі,
Бо там парадак вельмі строгі,
Там падпілуюць табе рогі,
Калі парушыш дысцыпліну,
Ды пад нядобрую часіну
Дадуць там «лэмбуся» і «квасу»,
Каб не круціліся без часу.
І чуць калі што вынікала,
То бацька кідаў так, бывала,
На хлопцаў погляд выразліва,
Што тыя ў лаву баязліва
Траха са страху не ўпаўзалі,
Бо гэты погляд добра зналі.
Там і цяпер, як і заўсюды,
Макалі ўсе з адной пасуды
І елі дружна, не драмалі;
Нарэшце ўсе па скварцы бралі.
Як верашчака ў дно спадала,
То маці есці пакідала
Ды йшла ў камору па другое,
Яшчэ больш смачнае, ядкое,
І тарабаніла сюды
Для заканчэння ўжо яды
Тварог, запраўлены смятанай
(Нясла з вялікаю пашанай).
За ёю хлопцы адставалі
І бацьку з дзядзькам пакідалі
Над верашчакай завіхацца.
Мужчыны бралі па аладцы
І аж пацелі, небаракі.
З аладкі дзядзька рабіў трубку,
Каб лепш здаволіць сваю губку
І больш зачэрпаць верашчакі.
А бацька браў блінцом спавагу,
Бо на Антося меў увагу:
Антось жа правіў гаспадарку,
Рабіў за двух, на сваім карку
Цягнуў ярэмца хлебароба,
Ну, словам, дзядзька наш — асоба!
А пападалася там скварка,
Была між імі чуць не сварка:
— Бяры, Антось! — Я намакаўся,
Бяры, брат, ты: ты больш цягаўся, —
І спрэчку тым яны канчалі,
Што гэту скварку разразалі.
Другая міска, міска-яма,
Апаражнялася таксама,
І ўжо к канцу таго снядання
Хлапцы здаволілі жаданне,
І ад мужчын яны адсталі.
Павольней сківіцы жавалі,
Крышылі страву, як нарокам.
І бацька кідае відэльцы,
Рукою гладзіць па камзэльцы,
На абразы ўскідае вокам
І шэптам хрысціцца набожна.
Тым часам міска і парожна,
І маці стол ужо прыбрала,
Пасуду, лыжкі паласкала.

А дзядзька сеў курыць на ўслоне.
Злажыўшы шчыльненька далоні,
Міхал сядзеў, не варушыўся
І ў мыслі нейкія ўглыбіўся.
Ды маці з дзядзькам добра зналі,
Дзе тыя мыслі вандравалі,
Што іх гарнула, што туліла
І дзе было ім гэтак міла.
Даўно ўжо бацька жыў думою
Разжыцца ўласнаю зямлёю
І не належаць ні да кога,
Не знаць начальства ніякога.
І калі бацька каго стрэне,
Не прапускае ўжо здарэння
Спытаць, праведаць аб зямельцы:
Дзе прадаецца, як багата,
Якія выгады і плата,
Як блізка рэчка ці крыніцы?
І чым больш служба дакучала,
Тым болей бацьку прыцягала
Свая зямелька, свая хата
(Няўжо яна яму заклята?),
Прытулак свой, куток уласны;
Такі ён мілы быў і красны,
Што наш Міхал там жыў душою,
Не знаў улады над сабою,
Апроч зямельнай той улады.
Завёў бы там сабе прылады
Ды жыў бы панам і не гнуўся,
Шырока б там ён разгарнуўся.

І бацька ў вольныя часіны
Расказваў дома ўсе навіны
І чуткі ўсе наконт зямелькі.
Так і цяпер, у час нядзелькі,
Аддаўся бацька светлым марам
І вёў размову з такім жарам,
Што бацьку ў хаце ўсе дазвання,
Як бы ксяндза таго казанне,
Так шчыра слухалі, маўчалі,
Што й нос абцерці забывалі.
— Пытаўся я ў людзей, брат, сёння
Наконт зямлі каля Заблоння, —
Так бацька мову расчынае
І вочы весела ўскідае
На ўсіх, хто толькі быў у хаце, —
Там, брат, гароды — чуеш, маці?
(Ён гэтым жонку падкупляе)
Так ураджайны, так багаты,
І блізка, тут жа каля хаты!
Сама зямля без гною тлуста,
І надта родзіцца капуста:
З вядро галоўкі вырастаюць,
З трох коп кадушку накладаюць!
А мак! а рэпа! морква, бручка!
А буракі, гуркі, пятрушка —
Ўсяго, ўсяго, ну, проста — страх!
Ўсё там расце, як на дражджах.
І рэчка ёсць. А рыбы, рыбы!
Вось дзе, Антось-брат, пажыў ты бы! —
Пад дзядзьку бацька падвёў міну: —
Лаві ліны і еж саміну —
Самы жывуць там, як цяляты!
А дзядзька быў рыбак заўзяты,
Рыбак у ім тут абудзіўся,
Як сонца, твар яго свяціўся,
І ад прыемных ціхіх смехаў
Чуць не да вуха вус заехаў.
— Ну, ўсе выгоды каля бока,
Тае ж зямлі якраз валока, —
Міхал распісваў з жарам далей: —
А чорны грунт — дванаццаць цалей!
Жыта там родзяцца надзіва:
Як едзеш між хлябоў вясною,
Ў іх конь хаваецца з дугою!
А з ячмянёў вары хоць піва.
Грэчка, аўсы растуць, як лозы, —
Не то што ў нас: адны занозы
Пад кіпці ты панаганяеш,
Пакуль дзве жмені нажынаеш.
І ўся зямля ў адным адрубу;
І лес там ёсць, найболей дубу,
А дуб расце на добрай глебе;
Не клапаціўся б там а хлебе...
Адкуль ні глянь — усё ўпадобна:
Перш-наперш жыў бы там асобна,
А не ў галдзе, страшэнным сціску,
І лбоў не білі б там за міску,
Як гэта водзіцца ў народзе;
Там зможаш быць з суседзьмі ў згодзе.
Другое дзела — воласць блізка.
І то не дробная, брат, рыска;
Там школка ёсць, а дзецям трэба
Даўно навука і вучэба,
А то растуць, на лес вось глядзя;
Зірні: унь дуб які ўжо Ўладзя! —
На зэдлі Ўладзік схісянуўся,
Алесю хітранька ўсміхнуўся.
— Ну, а я, тата, ці вялікі? —
Спытаў Алесь. — Ты? салапяка!
Нос абатры йдзі, разявяка!
Ўсё грае носам, бы музыкі
У гэтай кірпе завяліся.
Вазьмі анучу, абатрыся! —
Алесь не рад быў, што спытаўся,
І ў кут ён борздзенька хаваўся.

І бацька моўкне і чакае,
Што скажа дзядзька або маці,
І ціха стала ўраз у хаце:
Чутно, як муха пралятае.
— Пасада, кажаш, вельмі ўдатна,
Ўсяго там родзіцца аж надта.
Чаму ж яе там не купляюць?
На нас, ці што, людцы чакаюць? —
Пытае маці. — Каб такая
Была зямля гэта прыўдала,
Яна б дагэтуль не гуляла.
Або аб ёй ніхто не знае?
Ці тыя людзі ўсе паснулі,
Якім зямелька трэба пільна?..
Ой, каб яна была прыхільна,
Яе б даўно ўжо прыгарнулі.
— Чакаць не будзе, ёсць вядома,
Калі сядзець ты будзеш дома
Каля свайго збана, карыта, —
Сказаў Міхал крыху сярдзіта, —
Сама зямля не прыйдзе, чуеш,
А сам за ёю павандруеш.
Калі сядзець ды так гадаці, —
Не выседзіш нічога, маці.
Не бойся: людзі не сядзяць,
Зямля не будзе нас чакаць,
Не запустуе, не згуляе!
— А пэўна, — дзядзька пацвярджае.
— Ды як яно ўжо ні было б там, —
Зноў кажа бацька, — а пад плотам,
Зямлю купіўшы, не валяўся б,
Ды як бы жыў яшчэ! Не знаўся б
Ні з панскай ласкай, ні з панамі,
Жылі б сабе гаспадарамі.
А што за шчасце тут, спытаем?
Які прыбытак мы тут маем?
Вуглы падпёрты пірагамі?
Што грыб падымеш тут часамі?
За ўсё іх голаву, з грыбамі!..
Яно б чаму? служыць бы можна,
Каб не валяўся так нязбожна
У вочы гэты Рак-вар'ят.
Ці ж чалавек ён? азіят,
Душа зацятая, ліхая,
Такіх паноў і свет не знае.
Ды хоць бы пан, а то — зараза,
Так, шалахтун, байструк, пралаза,
Няшчасны вырадак, пастух...
А колькі гонару і мух!
Ды як тут жыць? Няма ахвоты,
І марны ўсе твае турботы.
Жывеш, ліпіш, як на калу ты,
І ногі й рукі ўдзеты ў путы.
А подзьме вецер, і ўсё бухне,
І ўсё старанне тваё рухне.
А дзе дзявацца? Пакукуеш,
А век на службе не звякуеш.
І ўсе тужліва замаўкалі,
І думкі кожнага займалі
Аб тым, што тут жывеш дачасу,
Жывеш сяк-так, пакуль жывецца.
Калі ж нібудзь, а давядзецца
Шукаць свайго хлябка і квасу.

ІV. НА ПЕРШАЙ ГАСПАДАРЦЫ

— То як жа быць? — спытаў Антоні. —
Давай, брат, думаць хоць сягоння
Ці так ці сяк, каб даць параду
І к аднаму ўжо прыйсці ладу
Раз назаўсёды, аканчальна.
Вядома, служба — рэч гадальна,
А ў гэтым пекле і тым болей:
Не пэўна жыць пад панскай воляй.
Але з чаго пачаць, мой браце?
Бо невялікае багацце,
І як ты знойдзеш канцы тыя,
Калі кішэні ў нас пустыя?
— Ну, ты заглядваеш далёка,
Дык трохі хібіць тваё вока —
Вось гэта раз; а па-другое —
У нас ужо ёсць сёе-тое:
Ну, пляц, зямлі на чвэрць надзела;
Лічы пад тысячу іх смела.
А там зямельны банк паможа,
Быка, карову прадамо...
Чаго палохацца? дармо!
Абы ахвоту меў, нябожа!
А пры жаданні, пры ахвоце
Сам чорт не страшан у балоце! —
Сказаў Міхал на словы брата,
Сказаў рашуча і заўзята.

А маці слухае маўкліва,
Аб чымся думае тужліва;
Сказаць штось хоча і ўздыхае,
Штось за язык яе трымае.
— Вось як пачнеш так разважанне,
Агоркне ўсё табе дазвання, —
Нарэшце маці не ўтрывала:
— Таго няма, другога мала;
А як жывеш ды не гадаеш,
То й ліха тога не зважаеш...
Так... хоць зямлі свае нямнога,
Але ўсё ж лепей, як нічога.
А збудзь яе — пачуеш страту,
Бо дзе паставіш тую хату,
Калі няшчасце напаткае?
Бо гэта служба ўжо такая.
А там, за светам, на чужыне
Ніхто цябе, ой, не прыхіне!
І як там будзе з той зямлёю?
Не хваціш голаю рукою, —
Няпэўна ўсё і невядома,
Дык больш пільнуйцеся вы дому!
— Ну, вось кабеціна дзіўная! —
Міхал на жонку нападае. —
Ці ж мы зямлю сваю збываем?
Мы на рахункі прыкідаем.
Ды што, скажы, ну хоць бы й пляц?
Падумаць — выстраіш палац!
Па часе будзе і развага,
Калі ў лоб стукне табе шляга!
— Вядома, бацькаўшчыны шкода, —
Сказаў Антось у тоне згоды. —
Але ж і трэба меркавацца
І аднаго чаго трымацца;
І не чужым, а сваім вокам
Агледзець трэба ненарокам,
Як мае быць Заблонне тое;
А можа, выйдзе што-якое.
Рабіць тут трэба — адно слова,
Не то што — цуп-луп! — і гатова,
Бо гэта справа — не пустая;
Людскі ж язык касцей не мае.
Я так бы раіў: выбраць час
І аглядзець усё зараз,
А там сама пакажа справа,
Ці варта шуму ўся аблава,
Бо мо ваўкі ўсе пасхадзілі. —
На том яны і парашылі.
Я тут спыню апавяданне,
Каб значны крок ступіць назад,
Зрабіць уважлівы агляд
Прычын імкнення, парывання
На новым грунце сесці стала,
І чым жыла душа Міхала.
А поруч з гэтым мімаходам
Жыццё мінулае крануць
І ў цёмны кут яго зірнуць,
Дзе пад халодным яго лёдам
Назло ліхім яго прыгодам
Крыніцы свежыя цякуць.

Міхал... вы лепш спытайце самі
Пра палясоўшчыка Міхала:
Яго ўся воласць наша знала,
Ён быў вядомы між панамі!
Ды што паны?! сам князь Антоні,
Я памятаю, як сягоння,
Не раз з Міхалам меў размову.
І знаў жа службу леснікову!
Ён ведаў, як свае пяць пальцаў,
Ну, да мала ўсіх мікалаўцаў.
Патрава здарыцца, пакража, —
Як бачыш, вызнае, дакажа
І дойдзе ўжо да галубочка,
Як бы па нітцы да клубочка.
Дык і не дзіва, што Міхала
У нас любілі вельмі мала.
Міхал сам гэта чуў і ведаў,
Ды што ты зробіш? Так з прадзедаў
Было-вялося і вядзецца,
І ўсё ўпустую люд таўчэцца;
Ды будзе час паразумення —
Таўкне пад самае карэнне...
І вось што, братцы, дзіўна ў свеце,
Вы толькі добра паглядзеце:
Той чалавек, што першы, збоку,
Ўжо без таго не ступіць кроку,
Каб не ткнуць пальцам на другога,
Як на заклятага, ліхога, —
Ён тое самае ўчыняе,
За што другога бэсціць-лае,
Як толькі скуру яго ўздзене
Ці чуць кранецца яго кія —
Такім яшчэ ваўком завые,
І дзе ён добрасць толькі дзене?
На што вада, але і тая
Не ўсюды роўны нораў мае:
Спакойна ў ямах і заторах,
Але капае дол у горах
І страшна пеніцца, бушуе,
І грунт каменны там свідруе.
А сіла ў тым, на мой пагляд,
Які выконваеш загад.

Міхал, як толькі ажаніўся,
Тады ж ад бацькі аддзяліўся,
Бо стала цесна. З той прычыны
Хадзіў на сплаў ён, на віціны,
Разоў са два схадзіў у Прусы —
Куды не трапяць беларусы?
Але абрыдла гэта справа,
І адвярнуўся ён ад сплава;
Пайшоў на службу таўкануцца,
Бо дома недзе разгарнуцца.
Наўперад ён праз час каторы
Быў пры падлоўчым на каморы.
Стары ляснічы па-сваему
Цаніў Міхала, як служаку:
Ганяў усюды небараку,
Як бы скаціну тую нему.
Не раз на жалабы Міхала
Ляснічы так казаў, бывала:
— Што ж? добры конь і цягне дужа!
І не пускаў Міхала з гужа.
Міхал яму рабочых ставіў,
І сенакосы яго правіў,
І догляд меў за панскім статкам,
А службу нёс сваім парадкам,
Бо што ты зробіш тут? стараўся.
Ў другое месца перабраўся —
Яму уважыў пан ляснічы,
І сеў Міхал у страшнай дзічы,
Дзе лес адзін, хмызняк ды поле
Ды ветру посвісты на волі.
Было зямелькі там валока,
Дзе можна б моцна і глыбока
Пусціць карэнні ў грунт, абжыцца —
Было на чым разварушыцца.
Але бязгнойная, пустая
Зямлі валока была тая,
Дзе рос сівец ды пырнік густа
І дзе спакойна каля куста
Ляжаў шарак, бо там ніколі
Саха зямлі не бараздзіла.
Было маркотна і няміла
У тым пустым, здзічэлым полі.
Міхал наехаў без нічога.
І вось жыві тут, разжывайся,
Хоць сам у соху запрагайся,
Ўпрагай і жонку на падмогу
З трыма малымі хлапчукамі.
Але стаў цвёрдымі нагамі
Міхал на гэты грунт няплодны.
— Не плач: не будзем тут галодны;
Бог дасць, сяго-таго прыдбаем,
Дабра якога дачакаем, —
Так разважаў ён сваю жонку. —
Жывым не кінешся ў палонку!
Зямлі — зірні — як скінуць вокам.
За гаспадарку ненарокам
Міхал на новым месцы ўзяўся:
Каня, кароўку расстараўся,
Завёў свіней, дзве-тры авечкі.
Тым часам з дому для падмогі,
Саху забраўшы і нарогі,
Антось прыехаў і на грэчку
Узняў маргоў са два папару.
І ажывіліся амшары,
Запахла свежаю раллёю,
Як бы сам Бог тут над зямлёю
Прайшоў і глянуў міласціва.
Антось заложна і цярпліва
У землю ўкладваў свае сілы.
На божы свет, як бы з магілы,
З зямлі травінкай далікатнай,
Густою шчотачкаю здатна
Выходзяць дробныя зярняткі.
Як у калысачцы дзіцятка,
Калі ўжо трошкі акрыяе,
Сваю галоўку падымае
І навакол глядзіць здзіўлёна, —
Так гэта збожжайка зялёна
Да сонца цягнецца лісткамі,
Бы к матцы дзіцятка рукамі.
Тым часам хлопцы падрасталі,
Старэйшым дома памагалі.
Прайшоў гадок, мінуў другі,
Ў касьбу запахлі мурагі.
На полі ветла, самавіта
У рад стаялі копкі жыта,
Так аздабляючы загоны.
А ў агародзе мак чырвоны,
Раскрыўшы гожыя лісточкі,
З іх ткаў прыўдалыя вяночкі
Вакол галоўкі маладзенькай,
Такой прыгожай, зеляненькай.

І часта ў добрую пагоду
Ідзе Міхал дамоў з абходу,
І хоць чуваць, што ныюць ногі,
Але зварочвае з дарогі
І робіць крук, бо як стрымацца,
Каб не зайсці палюбавацца
І ярыною і жытамі?
Ідзе, а ветрык з каласкамі
Вядзе прыемную размову
І цешыць душу леснікову.
Міхал падыдзе і прыстане
І лаву жыцейка агляне
Ды возьме ў пальцы асцярожна
Яшчэ няспелы і парожны
Ён колас жытні і паглядзіць,
Рукою лёганька пагладзіць,
Нібы сынка свайго малога,
І ў сэрцы дзякаваў ён Бога.

У тым кутку, глухім і дзікім,
Стараннем дзядзькавым вялікім
І цяжкай працай хлебароба
Набыта розная надоба;
Ўсё зацвіло, загаманіла,
Бы жыватворчая тут сіла
Ад сну прыроду абудзіла.
Гумно паўнела з кожным годам,
І багацеў хлявец прыплодам,
І грош стаў лішні завадзіцца,
Было што есці, чым акрыцца,
І быў парадак, лад у хаце.
Ўжо з тым кутком зжылася маці,
Даўно прывыкшы к адзіноце;
А цэлы рад збаноў на плоце
Казаў аб тым, што гаспадыня
Была ўжо ў моцнай каляіне
І што яе таксама справа
Вялася добра і рухава,
Бо тут збаны не так стаялі:
Яны за тое ўжо казалі,
Што малака было даволі.

Ў пастаўніку, пры самым полі,
Свіння, як хворая, стагнала,
Хоць гэтай хворасці не знала,
Яе такая ўжо натура:
Стагнаць і лыч трымаць панура,
Як бы ёй цяжка жыць на свеце.
А парасяткі, яе дзеці,
Ўсяму дзівілісь несканчона,
Бо надта рохкалі здзіўлёна.
Другі гурток другой жывёлы,
Дзесятак кур, пявун вясёлы
Каля платоў чарвей шукалі;
Квактуха голасна квактала,
А кураняткі чарадою
Паслушна ўсюды йшлі за ёю.
Тут кожна рэч аб тым казала,
Што маладая гаспадарка
Ішла ўпярод паспешна, шпарка
І большы круг яна займала.

Часамі хмурнаю вясною
Цяплом павее, цішынёю,
І хмарак сівыя фальбоны
Падуць, апусцяцца наніз,
І неба яснага абрыс
Зірне скрозь цяжкія заслоны,
І дзень тужлівы, засмучоны
Аздобіць сонцаў агняпіс,
І ўсё вакол павесялее,
На момант сцішыцца, замлее,
На ўсё адбітак ляжа згоды,
І нікнуць подыхі нягоды.
Зямельцы неба усміхнецца.
Глядзіш — тады табе здаецца,
Што холад згінуў назаўсёды.

Але ці ж так? Эх, негадана
Вятруга ўсходзіцца паганы,
І даль палёў маркотна стане,
Жалобы цень яна апране,
І ўсё нейк смутна пазірае,
Чагось нядобрага чакае.
Так і ў жыцці: бягуць часіны,
Ліхія, добрыя хвіліны,
Адна змяняецца другою.
Не ўспеў Міхал з сваёй сям'ёю
І пяць гадкоў спазнаць спакою,
Як сталі чуткі пачувацца —
Ляснічы сам даваў намёкі —
Праз час не вельмі так далёкі
Ў другі куток перабірацца.
І гэта вестка ўсіх смуціла,
Рабіць ахвоту ўсю адбіла:
Рабі, працуй, кладзі ты сілы
У гэты дол чужы, пастылы
І горкім потам аблівайся;
Зрабіў парадак — выбірайся
Ды йзноў ідзі адсюль у госці...
Эх вы, паны! Эх, ягамосці!..

V. ПЯРЭБАРЫ

Вясны чакаў Міхал з сям'ёю,
Чакаў з трывогаю: вясною
Ў лясніцтве йшла ператасоўка
Служачых нізшых, пераходы —
Тут так вялося з году ў годы, —
І як ні думае галоўка,
Нічога выдумаць не можа;
Ніяка просьба не паможа,
Калі на чым ляснічы ўпрэцца.
— А можа, дасць Бог, ператрэцца.
І тут гадок ці два пабудзем, —
Сабе не верачы і людзям,
Міхал так думаў, сумняваўся
І тут астацца спадзяваўся.

Ды раз у сесію Міхася
К сабе ляснічы заклікае.
«Ну, гэта нешта азначае», —
Ў Міхала думка праняслася.
І ў канцылярыю ўваходзіць,
Вачэй з ляснічага не зводзіць,
Чагось-та важнага чакае.
— Ага, ты тут! Ну, чалавеча,
Збірай манаткі і ў Парэчча
За добры час перабірайся!
Перад Вялікаднем старайся
Туды, на месца, перабрацца.
Жыві там, нечага баяцца.
— Панок, за што? — Міхал пытае. —
Што за прычына ёсць такая?
Ці я па службе правініўся?
Ці на мяне пан угнявіўся?
Я не прадаў, не ўкраў нічога...
Скажы, панок, на літасць Бога,
За што нас пан перамяшчае?
Ляснічы строга пазірае.
— Мне чалавек там добры трэба,
А не гультай які, нязгрэба;
Такі ляснік, як ты, каторы
Не будзе спаць п'яны ў разоры...
Парэчча — месца неблагое,
І поле там не так пустое,
Хоць менш яго, затое ж — паша!
Дык будзе хлеб табе і каша.
Пакуль я жыў, і ты не згінеш,
Свае сям'і нябось не кінеш —
Куды ты дзенешся? трымайся,
Жыві і з Богам разжывайся.
Пайшоў Міхал наш у задуме,
А па дарозе к цётцы Хруме
Ён трапіў з гора выпіць чарку,
Каб галаве яго на карку
Было лягчэй крыху трымацца.
— І што за страх перабірацца? —
Міхал дарогай разважае. —
Мяне ляснічы паважае!..
А месца, праўда, не ліхое...

«І г-э-э-эй ты, наша жыццё зло-оо-е!» —
Міхась у лесе песню цягне
І тахты стрэльбай выбівае,
Назад, наперад выкідае,
Зайсці скарэй дадому прагне
Навінай важнай падзяліцца.
Ідзе ён смела, не баіцца
Праборкі дома за гарэлку:
Вяліка важнасць, што кватэрку
Ён з гора тога перакінуў!
І на Міхася жаль нахлынуў
І нейкі смутак навязаўся,
А ўрэшце ён усердаваўся,
А на каго? за што? — не знае,
А можа, так злосць напускае,
Каб дома жонка не крычала, —
Тым болей што ўжо выглядала
Яго пасада з-за узгорка
І трохі рупіла праборка.
Міхал вайшоў не зразу ў хату:
Каля хлява перш затрымаўся
І на свінню так углядаўся,
Як бы за гэта браў ён плату.
Ад хлевушка ў гумно заходзіць,
З Антосем гутарку заводзіць,
І ўжо адтуль, раўней, як можна,
Ідзе дахаты асцярожна.
Але як бацька ні стараўся,
А ўсё ж ён лёганька хістаўся.
Антось даўно замеціў гэта:
«Плыве, як панская карэта!»
І чуць ад смеху не качаўся.
А каб прымусіць і паверыць,
Што ён гарэлкі і не нюхаў,
Ў садок зайшоў і пчол паслухаў,
А ў сенях стаў сабаку перыць,
Што ўночы кепска дом пільнуе,
Што мала брэша, кепска чуе,
Зайцоў не гоніць і не ловіць,
А толькі знае і наровіць,
Каб як у хату зачасацца.
— А, ліха матары і батцы!
А, дурань, воўча тваё мяса!
На двор брахаць, стары дурніца!
Гаршчэчнік, чортава ты пыца! —
І, на сабаку накрычаўшы,
Тады ўжо стрэльбу з плеч знімае
І на сцяну яе чапляе,
У хату ўходзіць, торбу зняўшы,
Садзіцца там, гаворыць мала,
Каб жонка зразу не пазнала,
Бо толькі скажа адно слова —
Прапала хітрасць, і гатова!
— І дзе ты гэтак налупіўся,
Каб ты смалы ўжо быў напіўся!
Ото натура! — жонка лае,
А ён смяецца, не шманае.
— Няма табе граху, ні посту!
Хоць у палонку кідай з мосту!
— А ў пост, скажы, сварыцца можна,
Калі ты гэтака набожна? —
Міхал у жонкі запытаўся. —
Або я п'яны ці валяўся?..
От не крычы ты і не лайся!
Лепш у дарогу ты збірайся!
— Куды ў дарогу? Што пляцеш ты?
Прапіў свой розум, ці што, ўрэшты? —
З трывогай жонка ўжо пытае
І тон сярдзіты свой мяняе,
Бо ёй у голасе Міхася
Адразу праўда пачулася;
І дзеці бліжай селі к тату,
Якраз вайшоў і дзядзька ў хату.
— Дык так, Антось, пераязджаем,
Апошні час тут дажываем.
— Куды? — Ў Парэчча, у балота!..
— Бадай ты спрахла! от брыдота!
Цягніся зноў, а глуш такая! —
Антось Парэчча праклінае.
Ўздыхнула цяжка-цяжка маці,
І зразу стала смутна ў хаце,
Як бы з усіх куткоў і шчылін,
З усіх чуць-чуць заметных звілін
Сюды бяда панапаўзала
І гэтак прыкра пазірала
На ўсіх, ад мала да вяліка,
Бязжаласна і без'языка,
Зрабіўшы ўмомант замяшанне,
І змоўклі ў хаце ўсе дазвання.
Знячэўку маці аж прысела —
Так пераборка ўжо дадзела!
Апроч таго, тут абжыліся,
На ногі трохі падняліся;
Яшчэ б гадочак пажыць ціха,
Але найгоршае тут ліха —
Збірай зноў цапстрыкі, трасіся
Па каранях з дабром, з сям'ёю,
У саму бездараж вясною.
— Дзе наша, брат, не прападае! —
Міхал гаворку зачынае. —
Ці ж толькі свету, што ў аконцы?
Або так міла тут бясконца?
І там мы будзем жыць таксама;
Няма ўжо горшай, як тут яма.
А сенакос тут дзе? за светам!
А там блізютка, каля дома —
Парэчча добра мне знаёма!
А колькі зелені там летам!
Як у вяночку, стаіць хата.
Грыбоў і ягад — страх багата!..
Там выгад болей, чалавеча!..
— Паедзем, татачка, ў Парэчча!
Ось там грыбоў папазбіраю!
Ой, іх збіраць ахвоту маю! —
Схапіўся Костуська і скача,
А маці з гора чуць не плача.
— Згараць яны няхай з грыбамі!
Але ці будзе хлеб часамі? —
Антось пытае ўжо сярдзіта. —
А колькі там пасеем жыта?
Зямлі, як бабе старой сесці.
Папробуй сядзь на гэтым месце...
— А дзе ты дзенешся? і сядзеш!
Нічога, браце, не парадзіш.
— Яму, як выпіў, гора мала! —
На бацьку маці зноў напала.
— А мне, ты думаеш, салодка?
Ды справа проста і каротка:
Не будзеш ты з ляснічым спорыць,
Рабі вось тое, што гаворыць.
А не — йдзі вон: варона з куста,
А пяць на куст, бо хлеба луста
Нялёгка ўсім, брат, дастаецца.
Пустым той кут не астанецца:
Не будзе нас — другі там сядзе,
І не зважаючы, не глядзя,
Якое месца і выгода.
— Што так, то так, ды працы шкода,
Якую мы тут палажылі;
Зямлю так добра мы ўгнаілі.
А на каго мы працавалі?
Каму пасаду гатавалі?
Так, чорту лысаму з балота.
Прыпрэцца нейкая галота
Тваёю працай карыстацца,
Тваім мазолем нажывацца.
Не толькі «дзякую» не скажа,
А хвігу ў нос табе пакажа.
— Ну, што паробіш, як такая
Ужо нам доля выпадае?

На трэці дзень прыйшлі падводы.
Ўсе сваякі папрыязджалі
І двор вазамі паўстаўлялі,
Як бы прыехалі ў калоды
Ці на кірмаш каля калядак.
Тут быў страшэнны непарадак —
На тое час быў перабору.
Была адчынена камора
І сені насцеж. Як папала
Надоба розная стаяла.
Было ўсё зрушана, сарвана:
Крыжы з дзяжой каля паркана
На час кароткі прыхілілісь;
Збаны, гаршкі між іх тулілісь,
І тры цабэркі там стаялі
І чарады свае чакалі;
І тут жа збоку, як той п'яны,
Ляжаў навой стары, драўляны;
Варстат, на часткі разабраны,
На трэскі кінуты, валяўся;
А на вяроўцы мех гайдаўся,
Стары, скараўлены ад гною,
Забыты ўсімі пад страхою.
Пусцела хата, сцены, лавы
І мелі погляд нецікавы:
Ўсё тут было параскідана,
Ўсё не на месцы, не прыбрана,
Як бы зусім не тая хата.
Качэргі, вілы і лапата
Ў кутку адным цяпер стаялі.
Гвазды то тут, то там тырчалі
Па ўсіх сцянах, як бы шчаціна.
Снавалі дзеці і мужчыны,
З сяней, з каморы скарб сцягалі
І на вазы яго складалі.
А маці скрыню пакавала
І дробязь розную збірала.
Ўсе варушыліся, снавалі,
Як бы мурашнік раскапалі —
Такая тут была трывога.
Вуглы счышчалі да нічога
І забіралі ўсё да ніткі.
Падводы пухлі ўвачавідкі.

А як закончылі складацца,
Зайшлі ўсе ў хату сілкавацца.
Між голых сцен, несамавітых,
Такіх панурых, абабітых,
Астаўся стол адзін на месце,
Каб у апошні раз накрыцца
І даць мужчынам прыпыніцца,
На час кароценькі прысесці
І выпіць чарачку, другую
За жыцце, долю маладую.

Тут быў Базыль, Антось Тацянін,
Карусь Дзівак (ён між парканін
Схаваў трайню, рагач, дзве восі,
Тайком узяўшы ад Антося),
Яшчэ Карусь, Паўлюк Куртаты,
Сцяцок, Казюк Скарабагаты
Ды брат Міхася і Антося, —
Мужчын нямала набралося.
Пайшла ўкруг чарка і другая,
Гаворка ў хаце ажывае.
Адзін Антось ужо смяецца
Сваім закатным дробным смехам,
Аж галава з шырокім плехам
І з сівым воласам трасецца.
— Ды ты, брат Ганка, не смуціся!
Вось выпі чарку, не журыся,
Няхай дае Бог спосаб новы.
— Ну, будзьце ж крэпенькі, здаровы!
— Э, выпі чыста! от кабета!
— Ды выпі, Ганна! Ну, што гэта? —
Мужчыны ўсе тут загудзелі,
Ды дружна так яны населі,
Што Ганна тройчы прыгубіла
І чарку ўсю перакуліла.
— Ну, во гэтак, малайчына,
Хай будзе ж добрая часіна!
— Ой, буду п'яна — ашаломіць.
— Касцей гарэлка не паломіць! —
Крычыць Базыль. —
Здароў будзь, Павал!
І галаву ён закідае
І спрытна чарку асушае,
Ды ломіць хлеба цэлы кавал,
Ды так жуе, што вушы ходзяць.
Мужчыны дарма час не зводзяць
І хутка чаркі асушаюць,
Гаспадарам дабра жадаюць
І добрай долі ўсім дазвання
І ціснуць рукі на расстанне.
Карусь Дзівак часінай тою
Насіўся з восямі, з трайнёю,
У воз іх глыбей запакоўваў,
Ў сярэдзіну рагач засоўваў
І накрываў яго цабрамі,
Каб не знайшоў Міхась часамі.
І воз ён свой у кут стаўляе,
Астацца ззаду патрапляе.

Мужчыны выйшлі на двор з хаты.
— Ну, варушы, Скарабагаты! —
Сказаў Базыль свайму суседу. —
Я за табою, брат, паеду.
І рад нагружаных хурманак
Паволі зрушыў, мінуў ганак
І ў лес чуць значнаю трапою
Пацягся мернаю ступою.
І цяжка, цяжка Ганне стала,
Як бы ў грудзях там што апала,
І сэрца жаласцю заныла;
І ўсё тут стала так няміла,
Што ўжо тут больш ёй не цярпелась
І бегчы ў свет адтуль хацелась,
Абы не бачыць сцен тых голых,
Куткоў пустых і невясёлых.
Ўжо конь запрэжан і чакае,
Капытам дол б'е нецярпліва.
Тым часам маці тарапліва
Закон дзядоў сваіх спаўняе:
Кладзе кусочак хлеба з соллю
Пад красны кут у завуголле,
Апошні раз глядзіць на хату,
Дзе многа дробязі на страту
Пайшло ў час гэты перабору.
— Ану, ты, маці, ідзеш скора? —
Міхась з двара яе пытае;
І маці хату пакідае,
Бо ёй самой тут не цярпіцца,
І з плачам хрысціцца, садзіцца,
Дзе дзеці дробныя сядзелі
І скарб быў зложан даражэйшы.
Алесь і Ўладзя, сын старэйшы,
Пайсці пяхотам захацелі
І з дзядзькам лесам гналі статка.
Апошні раз пустая хатка
З-за груш высокіх паказалась
Ды за узгорачкам схавалась;
І толькі комінак гаротна
Над дахам высіўся маркотна
Ды студні вочап адзінока
Тырчаў над хатаю высока;
Гуменца смутна пазірала
І быццам поглядам пытала:
«Куды яны ад нас з'язджаюць?
Чаму адных нас пакідаюць?»

VІ. КАЛЯ ЗЯМЛЯНКІ

Я буду рады, калі ўдасца
Маім людцам у вашай ласцы
Хоць на кароценькі часочак
Заняць хоць цесненькі куточак.
Жыццё іх, праўда, нецікава,
Пра іх нідзе не ходзіць слава,
Аб іх гісторый не складаюць,
Пра іх і песень не спяваюць,
Апроч вятроў, што нудна ў плоце
Зімой у горкай адзіноце
Халодны снег нясуць-здзіраюць
І бедным людзям байкі баюць
Аб жыцці, долі іх пахілай
І плачуць-стогнуць над магілай,
Дзе косці іх у праху тлеюць —
Адны вятры іх пажалеюць.
Але не кожны сцяміць мовы
І жальбы ветру між будовы:
Чаго ён жаласна спявае,
Каму ён песенькі складае?
І бацьку скора сын забудзе —
Каротка памятка аб людзе,
Аб простым людзе. І такая
Ўсім бедным доля выпадае:
Прайсці свой круг, прамарнавацца
І невядомымі астацца
Ды быць забытымі тут ўсімі —
І сваякамі і чужымі.
І мне заўсёды горка стане,
Калі я ўбачу на кургане
Пад шэрым прыкладам драўляным
Прыпынак вечны селяніна.
Стаіць там крыжык-сіраціна,
Сівенькім мохам ўвесь убраны,
З павязкай белай, даматканай.
Пытаю: хто тут пачывае?
Дзяўчына, можа, маладая
У поўным цвеце красы-сілы
Сышла без часу да магілы?
Ці здатны хлопец-малайчына?
Маўчыць магіла селяніна.
А хто пахован, я не знаю
І смутак моцны ў сэрцы маю.
А тут закопаны навекі
Надзеі, радасць чалавека
І гора схована ліхое —
Жыццё бядачае людское.
Мае знаёмыя няўзрачны,
Нічым не слаўны і не значны,
Ўсё людзі простыя, малыя,
Хоць па-сваему і ўдалыя,
Але ўдалымі іх не лічуць.
Жывуць, цярпліва долю смычуць
І крыж нясуць мужычы ціха,
Дабра не бачачы з-за ліха.

Ды што зрабіць? Я б сам быў рады
Не ведаць крыўды той і здрады,
Што просты люд нясе вякамі
Сваімі ўласнымі гарбамі.
Ды горкай праўды не схаваеш,
Яе ніяк не ашукаеш.
Ды і навошта? Крый нас, Божа!
А праўда мне ўсяго дарожай,
І бацька праўдзе вучыў змаля,
Дык з гэтай праўдай ступім далей.

Дзень добры, новая мясціна!
Спаткай ты нас, як маці сына
Па часе доўгае разлукі,
І разгарні прыветна рукі
Для тых, хто змушаны ў няволі
Жывіцца хлебам твайго поля;
Зірні ты светлым вокам ласкі,
Авей крылом прыгожай казкі,
Каб гэта жыцце-пуцявіна
Была нам светлая часіна;
Узброй надзеямі нам грудзі,
Бо мы твае, зямелька, людзі!
На першы погляд нецікава
Парэчча тое выглядала,
І смуткам сэрца калыхала
Старых бярэзін гэтых лава,
Што на балоце між лясамі
Шумела голымі вярхамі.
Было ўсё тут параскідана:
І праслы нізкія паркана
З трухлявых шул павыязджалі,
І трэскі кучамі ляжалі
Па ўсім двары і на дрывотні;
Стары хлявец без падваротні,
Гумно са стрэшкай пасівелай,
Абросшай мохам, абапрэлай,
Прыгрэбнік, хата — ўсё дачыста
Казала ясна, галасіста
Аб непарадку, запусценні,
Аб гаспадарскім нерадзенні.
Слязьмі Міхашча залілася —
Такою ямаю здалася
Старая хата ў тры аконцы!
Парог яна пераступіла —
О, Божа добры, як няміла!
Ці свеціць тут калі хоць сонца?
Было так цёмна, непрытульна,
Ў гразі-балоце ўсё агульна:
Як печ, як столь, і сцены, лавы,
І дух пракіслы, дух трухлявы
З усіх куткоў дыхнуў сярдзіта.
Зямля на ямы ўся пабіта.
Было відаць, што тут ліпелі
Да часу людзі і не дбалі,
Гразі ніколі не знімалі,
Рабіць парадку не хацелі,
Жылі па-свінску, кацьмакамі
І ў добрай згодзе з прусакамі.

Вясна была яшчэ ўпачатку,
Але снягі ўжо раставалі,
І дружна ў полі балбаталі
Раўкі, рачулкі, і ў грамадку
Яны ваду сваю злівалі,
Ад сну гаі, лясы будзілі
І людзям душу весялілі.
І ўсё патрошку ажывала:
На дрэве покаўка таўшчала,
Ў сабе лісточак далікатны,
Пахучы, свежанькі, прыўдатны
На добрым сонцы гадавала.
Старыя хвоі і яліны,
Далёка кінуўшы галіны,
Глядзелі хораша, любоўна,
Як іх патомкі згодна, роўна
Стаялі гожай чарадою,
Схіліўшысь к сонцу галавою.
Ў лясах, гаях дразды спявалі,
Ў балотах кнігаўкі крычалі;
А ў небе ўдзень і вечарамі
Высока роўнымі шнурамі
Злятаўся вырай жураўліны,
І амярцвелыя даліны
Будзілі звонкім сваім крыкам,
Як бы прыветным гэтым зыкам
Віталі родныя балоты,
Густыя лозы і чароты.
І на душы нейк весялела,
І сэрца радасці хацела,
А думкі ціхія і мары
На душу клалі свае чары.
Хацелась жыць, ушыр разняцца,
За долю лепшую змагацца;
Ўзнімалісь грудзі: чулісь сілы,
І божы свет здаваўся мілы.

Памалу, звольна і ў Парэччы
(Такая ўрода чалавеча)
Зжывалісь з месцам, прывыкалі,
Гняздо старое забывалі,
І праз якіх дзве-тры нядзелі
Ўжо весялей на свет глядзелі
Будынкі гэтыя старыя —
Яны зрабілісь як не тыя.
Агледзеў іх Антось, падправіў
І шулы новыя паставіў
Ў гнілы паркан, і лом сабралі,
Ды шыбы ў вокны паўстаўлялі,
Бо не любілі непарадку,
І пачалі жыць зноў спачатку.

Ды йзноў бяда: праз год вясною
Згарэла хата з варыўнёю
І ўвесь набытак, што быў ў дому.
Пажар той выбухнуў, як з грому,
Хоць ён і меў свае прычыны.
Як на бяду, пайшлі мужчыны
І Ўладзік з імі ўрассыпную:
Адзін у лес, той да адбору,
З сахою трэці ў гэту пору
Араў дзесь пасеку старую;
Дык што магла з дзяцьмі малымі
Зрабіць жанчына адзінютка?
І ўсё згарэла дачысцютка,
Прапала марна ў чорным дыме.
Зазнала жалю гаспадыня:
Ў агні згарэла яе скрыня
З усім пасагам і набыткам;
Прапалі хусты яе, світка,
Згарэлі кросны, рад багоў
І грошай сорак сем рублёў.
Хоць, праўда, Костусь не збаяўся
І смела з пожарам змагаўся:
Звалок гарошыны з пасцелі,
Тады, як вопраткі гарэлі,
І з імі доўга ён насіўся,
Аж покі зруб не паваліўся.
Бяда, хоць плач, і дзе дзявацца?
Куды ад холаду схавацца?
І маці з дзеткамі малымі
Нядзелі дзве жыла з сваімі.
А на пажарышчы часова
З'явілась новая будова —
Зямлянка-будачка малая,
Ў адно акенечка, крывая,
Але да часу добра й гэта.
Тым часам сонца йшло на лета,
Дык так-сяк кідалісь, качалісь,
Хоць дужа з горам спазнавалісь.
Каля зямлянкі тут прыветна
Гарэў агоньчык чуць прыметна,
Абы не звёўся. Вечарамі
Тут маці ўходжвалась з гаршкамі,
Сям'і вячэру гатавала,
Тады зямлянка ажывала:
Смяялісь дзеці, мітусілісь,
Як рыба ў букце, варушылісь,
Бярвенцы, трэсачкі сцягалі
Ды на агоньчык падкідалі.
Шугала полымя праворна,
Як бы чагось каму смяялась
І то свавольна ўгору рвалась,
То рассцілалася пакорна.
А ветрык, злодзей, не стрывае,
З-за хаткі хітра налятае,
Ў агоньчык раптам уварвецца;
Агонь туды-сюды матнецца
І дымам ветра адбівае,
Як бы тых жартаў не прымае.
А на дварэ ўжо вечарэе,
І ночка блізка, змрок гусцее,
Агоньчык колер свой мяняе
І счырван-жоўты блеск прымае;
І моўкнуць птушкі ў цёмным лесе;
Баранчык божы ў паднябессі
Бляе маркотна над балотам,
Як бы шукае ён каго там,
І гэта смутнае бляянне
Ў цішы балот у час змяркання
На сэрцы жалем аддаецца,
І ў душу журбаю ліецца,
І мары розныя наводзіць.
І думка вынікне — праходзіць,
Як тыя хмаркі на заходзе,
Што без слядочка, быццам цені,
У смутным нікнуць задуменні.
Маўкліва-сцішна ўсё ў прыродзе!
Напрацаваўшысь, спачываюць
Усе старэйшыя — хто ў хатцы,
А хто ў гумне ва ўсёй апратцы —
І гэтак ночкі прасыпаюць.
І вось, бывала, вечарамі
Каля агоньчыку часамі
Алесь і Костусь засядзяцца.
А як ужо пачне змяркацца
І зоркі ў небе замігаюць,
Пужаць іх страхі пачынаюць.
Тады браты радком садзяцца,
Плячо ў плячо, але прызнацца,
Што страшна ім, ніхто не хоча.
— Алесь! ты чуеш, як рагоча
Ў беразняку баранчык божы?
Але ці ведаеш, з чым схожы
Той дробны рогат? Мне здаецца,
Антось Тацянін так смяецца! —
І хлопцы ўраз зарагаталі,
Ды ўраз жа смех той абарвалі:
Вакол было ўсё так спакойна,
Дык гэты смех нейк непрыстойна
Сюды, ў пакой начны, ўрываўся —
Самім ім дзікім ён здаваўся.
Маўчаць яны. Касцёр палае,
Вакол усюды цьма густая
Пільнуе плямку агнявую
І гэту норку залатую,
Што ў нетрах цьмы агонь свідруе,
Каб знішчыць блеск. Агонь сярдуе
І цьме ніяк не паддаецца;
Часамі полымя прарвецца,
І цьма сярдзіта схісянецца,
Адскочыць далей напаўкрока.
Агонь блішчыць, як воўча вока.
Паволі дрэўцы дагараюць,
І ціха іскрачкі ўзлятаюць
І гаснуць борзда без слядочка.
Ўжо позны час, глыбока ночка,
А хлапчукі сядзяць маўкліва
І навакол глядзяць пужліва.
У іх фантазіі дзяцінай,
Затканай страху павуцінай,
Ўстаюць начныя страхі, здані,
І зыкі чуюцца пагані,
Чараўніка і чараўніцы,
І лопат крыллямі начніцы.
А кожны куст ім дзеда родзіць
Таго, што ўсюды лазіць, ходзіць
З мяшком і мыліцай-кульбою
І з доўгай сівай барадою,
Ідзе і дзетак забірае,
След барадою замятае.
На полі неба лес страхлівы
Стаіць зацяты, нерухлівы.
Што ён ў сабе цяпер хавае?
Снуецца нечысць там ліхая,
Мярцвяк пад елкай прытуліўся,
На іх цяпер утарапіўся
І зараз мёртваю рукою
Пачне хрысціць перад сабою,
Каб рух адняць, скаваць іх сілу,
Каб зацягнуць іх у магілу.
Там ходзіць страшны воўк-бадзяга,
Разбойнік крадзецца, туляга,
З акрываўлёнаю рукою
І з страшнай цяжкай булавою.
Шалёны бегае, пужае,
Каго ні стрэне — ўсіх кусае...
— Ну, што, брат Костусь, ці баішся?
Куды так пільна ты глядзіш ўсё?! —
Алесь паціхеньку пытае
І руку брата не пускае.
— Ці бачыш што? — Не, так, нічога! —
Гаворыць Костусь, а ў самога
На лоб кучомка напаўзае...
— Мо пойдзем, братка? — ён гаворыць.
Алесь ахвоцен і не спорыць,
Браты за рукі пабяруцца,
Ў зямлянку вобцас панясуцца.

VІІ. ДЗЯДЗЬКА-КУХАР

Наш дзядзька, мілы наш Антоні,
Ў дзіцячым часта быў палоне:
Вось так гуртом яго абсядуць
І час работы яго крадуць;
Насі «катла», кажы ім казкі,
Ідзі на поплаў з імі ў краскі,
Давай адказы на пытанні,
Тлумач ты ім усё дазвання:
Адкуль, з чаго дзе што бярэцца,
Вось гэта, тое як завецца
І чаму так, чаму не гэтак?
Прыхілен дзядзька быў да дзетак.
Ён быў настаўнікам, суддзёю,
Калі, бывала, між сабою
Паспораць дзеткі ці паб'юцца,
Дык да каго тады звярнуцца,
Як не да дзядзькі, да Антося?
Ох, слаўна з дзядзькам ім жылося!
Яшчэ замецьце, што з малымі
Ён размаўляў, як са старымі,
І з імі радзіўся, спрачаўся —
Як роўны з роўнымі трымаўся!
Калі ж хто часам з ім не зладзіць,
То дзядзька толькі вус пагладзіць,
Але не скажа ён нічога,
Бо ведаў, чым даняць малога, —
Гаворыць з тым, з кім дзядзька ў згодзе:
— Калі такі ён, ну, то годзе! —
І дзядзька змоўкне, пачакае,
Кісет дастане і закурыць
І вочы чутачку прыжмурыць,
Як бы і ў памяці не мае
Таго, што з хлопцам пасварыўся.
— А як авёс наш урадзіўся?
Схадзіць бы ў Ліпава пабачыць! —
Ўжо знаюць дзеці, што то значыць
Гаворка дзядзькава такая,
Куды ён вуды закідае:
У Ліпава пайсці з ім! Божа!
І хто ўстаяць прад гэтым зможа?
Ды гэта ж — свята, ягамосці!
Набок тут норавы і злосці!
І мяккім робіцца паганы —
Хоць ты яго кладзі да раны.
Адно вазьмі яго з сабою,
Усюды пойдзе за табою
І ўсё забудзе, ўсё даруе,
На дзядзьку больш не засярдуе.
А чым жа Ліпава так міла?
Чым так дзяцей яно маніла?
І што за Ліпава такое?
А гэта — поле маладое
Сярод лясоў, як скінуць вокам;
На тым абшары, на шырокім,
Раскошна нівы красавалі,
А ў іх мільёны красак ззялі,
Як бы на небе тыя зоркі;
Лужкі, дарожкі, і пагоркі,
І купкі хвоек маладыя,
Дзе матылёчкі залатыя
На сонцы крыльцамі блішчалі,
Жучкі і конікі трашчалі
І ў стройны звон свой зык злівалі.
Былі там пасекі. Штогоду
Тут сотні блізшага народу
Дзялянкі лесу карчавалі
І на трацяк іх засявалі —
Капу да скарбу, дзве дадому...
Ну, як тут вытрываць малому,
Таму, хто з дзядзькам пасварыўся?
Як бачыш, з дзядзькам ён гадзіўся.

А пойдзеш ў Ліпава лясамі,
Напэўна стрэнешся з ласямі
І зайца ўгледзіш, і вавёрку,
І норы воўчыя на ўзгорку
Сярод трушчоб між ельнякамі,
І «чортаў камень», што вякамі
Над Азярком ляжыць, як хата...
Ну, ўсякіх дзіў там ёсць багата!
А дзядзька ўсё табе пакажа,
Цікавасць тваю ўсю развяжа.
А найважнейшая тут мэта —
Звярнуць з дарогі і да цёткі
Зайсці на час які кароткі —
Тарэсяй звалась цётка гэта.
Яна так ветла сустракала
І надта ж добра частавала:
Спячэ «цалкоў» на скавародцы,
І так, бывала, наясіся,
Што хоць на пупіку круціся;
Усіх цягнула ў госці к цётцы:
Так узмацуе на дарогу —
Было што есці, дзякуй Богу!

О, дзядзька спосабаў меў многа
Даняць праціўніка малога!
Пайсці ў грыбы ці ў тую ж рыбу,
Або паехаць у сялібу
Ці ў млын малоць на хлеб збажынку —
Ўсё гэта квапіла хлапчынку,
Цягнула крэпенька, бывала,
І, як рукою, злосць знімала.
І дзядзька майстар быў на штукі
І быў механік на ўсе рукі:
І дудку скруціць вам, і стрэлку,
І нарысуе нават елку, —
Такую выштукуе цацку,
А ў Свержань пойдзе — купіць пляцку...
Дык і не дзіва, што любілі,
Што на руках яго насілі.
А жывучы каля зямлянкі,
Паміж лясоў, сярод палянкі,
Яшчэ крапчэй яны здружылісь,
Адзін к другім цясней хілілісь.
— Ану, давай, брат, запрабуем,
Хоць на цікавасць пакаштуем,
Які тут сок на новым месце?
Мо з хлебам можна яго есці?
— А дзядзечка! мой залаценькі!
Пастаў нам соку, дарагенькі!
— Вазьмі, вазьмі мяне з сабою! —
Тут каля дзядзькі чарадою,
Як чэрві, дзеці мітусяцца.
А дзядзька моўчкі стаў збірацца:
Дастаў сякерку і свярдзёлак,
Пад паху сунуў ён аполак
На латакі і на падстаўкі
Ды вынуў два гаршкі з-пад лаўкі.
— Ну, хто са мною йдзе? — пытае.
— Я!
— Я!
— І я! — крычыць малая
Ў канцы дзяўчынка Міхаліна.
— Куды табе? ото скачыха!
На печ залезь і сядзі ціха! —
Напалі хлопцы на дзяўчынку;
А тая ў слёзы, ў плач, як бачыш.
— Ну, сціхні, ша! Чаго ты плачаш? —
Антось пляменніцу ўцяшае
І нос крысом ёй абцірае.
— Няхай ідзе! А хлопцам брыдка
Так нападаць на дзеўку швыдка, —
Гаворыць дзядзька, бровы хмурыць,
І бальшуноў ён злёгку журыць.
Тады і хлопцы тон мяняюць;
Ідуць у лес, крычаць, гукаюць,
Як вучні, вырваўшыся з школы,
І ўсе давольны і вясёлы,
А дзядзька ўперадзе тралюе
І галаву ўгару ўскідае,
Бярозу добрую шукае
З салодкім сокам, баравую,
Дзе б бобам кропелькі сачылісь.
Знайшлі бярэзіну, спынілісь.
Залысіў дзядзька дрэва злёгку
(Сякерка востра, кара крохка),
Зрабіў заруб, латак прыправіў,
А пад латак гаршчок паставіў.
І соку кропелькі, як слёзы,
Як град, пасыпалісь з бярозы,
Аж шкода нейк было дзярвякі:
Здавалісь ранай тыя знакі,
Адкуль паліўся сок халодны
І пакідаў свой комель родны.

Я помню дзень той. Вечарэла,
Зайшло ўжо сонейка, цямнела,
Агоньчык дзеці раскладалі,
Паленцы, трэсачкі збіралі,
І дзядзька тут жа, распрануўшысь,
Сядзеў на кукішках, сагнуўшысь.
Прад ім стаяў гаршчок і міска
І кошык з бульбай; тут жа блізка
Відзён і збан быў паліваны,
Да палавіны ў дол ўкапаны,
Кружочкам шчыльненька накрыты.
— Алеська! скокні, брат, вазьмі ты
У хатцы тарачку на печы!
Ну, варушыся ж ты, старэчы!
Наўкол пляменнікі сядзелі,
На дзядзьку пільна ўсе глядзелі,
Як ён, рукавы закасаўшы,
Па тарцы шоргаў, шапку зняўшы.
І кожны лёгка б дагадаўся,
Што тут сакрэт якісь хаваўся,
Памеркаваўшы, як цікава
Была для хлопцаў гэта справа
І як іх дзядзька завіхаўся.
А хто б яшчэ мог болей цяміць,
Таму б адразу прыйшло ў памяць,
Што дзядзька бульбу драў на клёцкі,
Каб згатаваць не па-жаноцку.
Бо што жанкі? раз што панята,
Ноль — слова нашага ім брата;
Як іх на розум тут ні ставяць,
Яны ж сваё ўсё права правяць
І робяць так, як і рабілі,
Калі пяшком пад стол хадзілі.
Але вось ён пакажа носа,
Стварэнне вы доўгавалоса,
Калі ён тут пагаспадарыць
І сам ды з сокам клёцкі зварыць!
Вось будзе штука вам, дык штука!
На тое ж спроба і навука.
А сок быў свежы, такі хвацкі,
Такі салодкі, забіяцкі!
Ён быў галоўнаю віною
Таго, што познаю парою
Сядзелі дзеці чарадою
І з дзядзькі вочак не спушчалі
І стравы важнае чакалі.
— Эх, — цмокаў дзядзька, — наямося!
Зірнулі хлопцы на Антося,
І сліну ўсе яны глынулі,
Паветра носам зацягнулі.
— Ну, што ж вы рукі паскладалі?
Ў агонь бы трэскі падкідалі,
А то патухне зараз! Жыва!
Глядзелі хлопцы, як на дзіва,
Як дзядзька, цеста замяшаўшы,
Качаў галушкі, міску ўзяўшы.
А чыгунок, бы пан пузаты,
Кіпіць, пыхціць, шуміць заўзята,
Бо не з вадою ён, а з сокам.
Ідзе тут справа ненарокам;
Дзяржыся, браце! І чуць толькі
Ўзнялося булбатачак колькі,
Дык дзядзька зараз стаў пакрышку
Ў чыгунчык клёцкі кідаць з лыжкі;
Укіне лыжку, памяшае
Ды зноў другую набірае.
А хлопцы нават паўставалі,
Ў чыгунчык вочы паўстаўлялі,
Глядзяць, не моргнуць яны вокам:
Эх, мусіць, смачны клёцкі з сокам!
— Ну, дзядзька, можа, і гатовы? —
Не сцерпеў Костусь, мовіў слова.
— Які ты, хлопча, нецярпячка,
Няхай цябе затопча качка! —
Гаворыць дзядзька на хлапчынку. —
Няхай паварацца часінку,
Каб сокам добра праняліся,
Тады, брат, — эх! адно дзяржыся! —
І дзядзька цмокнуў выразліва,
І хлопцы зноў ждуць церпяліва,
А дзядзька, стоячы, паволі
Памешваў клёцкі. — Ну, даволі! —
Сказаў Антось, і ўсе ўздыхнулі,
Як бы гару з плячэй сапхнулі,
І бліжэй к дзядзьку падступілісь.
— Глядзі, мо ўжо пераварылісь, —
Алесь зазначыў палахліва.
— Ну, — Костусь кажа, — ото дзіва!
Не бойся: дзядзька лепей знае...
Глядзі, брат, клёцка унь якая!
А брат ты мой, як булавешка,
Як скула тая, што ў Дзямешкі! —
І — ха-ха-ха! — зарагаталі.
— А каб вы, падлы, не даждалі! —
Гаворыць дзядзька, сам смяецца,
Аж лыжка з клёцкамі трасецца.
— Ну, языкі параспускалі!
Не дам вам клёцак і панюхаць! —
І стаў на клёцку дзядзька дзьмухаць,
Пакаштаваць каб было можна,
І ў рот падносіць асцярожна.
Замерлі хлопцы, а ні зыку:
Мінута важна і вяліка;
Глядзяць на дзядзьку і чакаюць
І дзядзьку поглядам пытаюць:
«Ну як? ці смачны? ці салодкі?»
У зубы клёцку, бы ў ляшчоткі,
Заціснуў дзядзька і губамі
Варушыць борзда, як часамі
Трусок ці зайчык над капустай,
Каб лепш дазнацца смаку-густу.
Пацмакаў дзядзька і ўсміхнуўся,
Зірнуў на хлопцаў, адвярнуўся
І тут, нічога не сказаўшы,
Як плюне дзядзька, пажаваўшы!
Трах у чыгунчык ён нагою!
І так абцёрся ён рукою,
Што губы й нос чырвоны сталі
І нават вусы затрашчалі.
А хлопцы проста збілісь з тропу
І ў нейкім страсе і ў захопу
На дзядзьку-кухара глядзелі,
Як бы яны аслупянелі.
Быў смешны дзядзька той часінай
З пустою лыжкаю, з тычынай,
Якою трэскі ён варочаў.
А тут Алесь як зарагоча!
За ім адзін, другі паехаў.
Такіх было тут жартаў, смехаў,
Што ўсіх трасло і калаціла
І дзядзьку смехам захваціла.
— Ну, дзядзька, як на смак, прызнайся?
— Пакудства, брат, і не пытайся!

VІІІ. СМЕРЦЬ ЛЯСНІЧАГА

— Міхал! Міхале! О, Міхале! —
Пачуўся голас як бы здаля
Каля зямлянкі ранічкою
І часты стук у шкло рукою.
— Ўставай, Міхале, адзявайся!
— А хто там? — Я! хутчэй збірайся:
Памёр ляснічы наш! — Да можа?! —
Міхал ускочыў — моцны Божа!
І хто б мог думаць, спадзявацца!
Ўжо стаў ачуньваць, папраўляцца...
Каб хто сказаў — не даў бы веры,
Ды то аб'ездчык, пан Ксавэры,
Прынёс навіну гэту, смуту!
— Няхай пан зойдзе на мінуту! —
Сказаў Міхал, адмкнуўшы дзверы.
Цераз парог ступіў Ксавэры,
Вайшоў у хатку і спыніўся,
Бо зразу ў ёй ашаламіўся,
І дальш не ступіш ні на крок:
Не хатка — проста катушок,
Няма дзе нават павярнуцца,
Як у сабачай цеснай будцы.
— Сядайце дзе-небудзь, сядайце!..
Эх, хата наша, выбачайце... —
Міхал калодку падстаўляе.
Уздыхнуў Ксавэры і сядае.
То быў мужчына ўжо паджылы.
— Ах, мой ты Божа добры, мілы!
Ото ж як выбраўся ён скора!
Яшчэ не дальш як пазаўчора
Са мною гутарыў, смяяўся
І аба ўсім мяне пытаўся, —
Міхал гаворыць і ўздыхае.
— Ох, браце: смерць не разбірае
І не глядзіць нікому ў зубы:
Гадзюкаю, брат, з-пад падрубы
Знячэўку ўсадзіць сваё джала,
Ці многа жыў, ці жыў ты мала,
Ці ты багаты, ці ты бедны,
Ці ты зайздросны, ненаедны.
Жывём, клапоцімся, і дбаем,
І ўсе нарэшце паўміраем,
У нейкім згаснем летуценні, —
Сказаў Ксавэры ў засмучэнні.
— Так, гэта так, пане Ксавэры!
Ўжо загатованы паперы
Для часу нашага сканання
Рукою божага ўзыскання.
І ходзіць смерць, як цень, за намі, —
Сказала Ганна са слязамі...
— Ну, я гатоў! — то пойдзем, браце,
Паплачам хоць па сваёй страце.

Міхась з Ксавэрам выйшлі з хаткі.
Світала ўжо. Дзесь каля гаткі
У гэтым досвітку маўклівым
Крычалі гусі праразліва,
Нястройным хорам гергеталі,
Ды качкі з шумам праляталі,
І кнігаў нёсся плач з лукі,
Ў глыбі лясоў цецерукі
Ўжо зачыналі свае токі,
Усход віталі агнявокі,
Віталі шчыра і натхненна.
Міхал з Ксавэрам задуменна
Ішлі праз лес, ішлі маўкліва.
І толькі зрэдку сіратліва
Па слоўку ўроняць два служакі.
— Няма ў нас пана, небаракі!—
Міхал гаворыць. — Так, няма.
Жыві ўдава цяпер сама, —
Сказаў Ксавэры задуменна.
— Ну, пане, будзе цяпер змена,
І пойдуць новыя парадкі, —
Міхал выказвае дагадкі.
— А пэўна: будзе талачэча,
Не без таго ўжо, чалавеча!—
Ўздыхнуў Ксавэры. — Шкода пана!
Ох, бедны: выбраўся зарана!
А жыць бы мог, такі здаровы, —
Ну, чалавек, як корч дубовы...
Пажыць бы трохі яму трэба,
Пакой душы яго і неба. —
Так гаманілі, йшлі прасткамі
То праз лужок, то хвайнікамі —
Ўсяе дарогі на паўмілі,
Ішлі, нябожчыка хвалілі,
Як чалавека й служку князя,
Як і вядзецца ў такім разе.
— Не кепскі быў: і распытае
(Хай са святымі спачывае),
Як ты жывеш, ці ты галодны,
Ці ты спачыў, — як бацька родны,
Але, сказаць, яшчэ й не ўсякі!
А прынясеш што — без падзякі
Ужо не выпусціць, заплаціць,
А на дарэмшчыну не квапіць.
— Быў чалавек ён справядлівы,
Не фанабэрысты, праўдзівы!—
Ксавэры так жа пацвярджае.
На тым гаворка іх змаўкае.
Ідуць маўчком яны; заняты
Сваімі думкамі з іх кожны.
«Так. У лясніцтве кут парожны,
Куток паквапны і багаты,
Не застаіцца, не згуляе,
Паноў к сабе ён прыцягае,
Як рыб гарох у азярыне,
І кожны ў замку службу рыне,
Сюды паціснецца з ахвотай,
І не прыедзе, а пяхотай
За душу мілую прычхае, —
Міхал з сабою разважае. —
Але хто ж гэта месца зойме?
Яно-то праўда: ў панскай плойме,
Сказаць, не будзе недастачы,
Ды гора ў тым — адзін лядачы,
Другі без клёпкі, трэці злосны,
Несправядлівы, безлітосны,
Як вось, напрыклад, Табартоўскі
Або падлоўчы, пан Бялоўскі.
Назначаць гэтакага ката,
Тады запахне свая хата.
Набыць дабра не надта лёгка,
Яно, як шклечка тое, крохка:
Чуць да яго не так кранешся
І з чарапкамі астанешся,
А ліха прыйдзе без падмогі,
Бо ліху — бітыя дарогі
І ўсюды сцежкі яму вольны,
То роўна-гладкі, то вакольны,
Не абміне яно нікога».

Так смерць ляснічага старога
Міхала моцна ўскалыхнула
І ўсё ўверх дном перавярнула.
І тут у першы раз Міхала
Вось гэта думка напаткала:
Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб з панскіх выпутацца пут,
І там зажыць сабе нанова:
Свая зямля — вось што аснова!

Ўставала сонейка з-за лесу,
Скрозь тонкіх хмарачак завесу
Усюды косы раскідала;
І ўсё жывенькае вітала
Усход яго на ясным небе
І клапатком аб пільным хлеба
Дзянёчак новы зачынала,
Калі Міхал і пан Ксавэры
Ўзышлі маўчком на двор кватэры.

На горцы ціхай, невысокай,
Каля засценка недалёка,
У бок дарогі, ў глыбі сада
Стаяла панская пасада.
Прасторны, роўны двор, вясёлы
Заўсёды повен быў жывёлы:
Хадзілі куры з певунамі
Ў кампанні важнай з індыкамі,
І, распусціўшы хвост мятлою,
Павук пахаджываў з павою,
Як пан вяльможны, радавіты;
Ў кутку двара каля карыта
Шныралі качкі-плюскатухі;
Япрук заможны, лапавухі
Спацыраваў паміж платамі
І смешна ўскідваў кумпякамі,
Калі часамі каля дому
Ён гукне, рохне па-свіному,
Здаецца, так, без дай прычыны,
І спрыт пакажа япручыны.
А каля кухні пад аконцам
Сабакі грэліся на сонцы —
Таксама панскае пароды,
І ім было жыццё, выгоды.
Былі тут розныя будынкі:
Гуменцы, гумны і адрынкі,
Хлявы, і стайні, і аборы,
Дабра, набытку былі горы.
Але ў машыне гаспадарскай,
Бы ў хітрай штучыне слясарскай,
Згубілась шруба — стоп, машына!
Няждана выпала пружына!
Рыгор-хурман хадзіў без дзела,
Спярша пабурківаў нясмела,
Цяпер нікога не баяўся,
Хадзіў і лёгенька хістаўся:
Ён трохі стукнуў — ці не з гора?
— А ты чаго тут, мухамора? —
Рыгор насеўся на кухарку. —
Вось калі дам табе па карку!..
— Пайшоў! адстань! ото брыдота!
Прылез, як лысы чорт з балота!
— Эх, Наста! хочаш? ану, ў скокі! —
Сказаў хурман і ўзяўся ў бокі,
Нагою тупнуў, закруціўся,
Прысеў і ўстаў, заварушыўся —
І то ўстае, то прысядае
І ногі ўперад выкідае.
— Бадай ты спух! ото распуста!
А каб табе было, гад, пуста!
Няма ні сораму, нічога...
Ды пашануйся ты хоць Бога.
Хоць бы граха ты пабаяўся! —
Але Рыгор не сунімаўся.
— Скачы, валяй і ты, Настуля!
Што ж? Калі гулі, брат, дык гулі!
Пан пойдзе ў рай, а мы з табою...
А мы — у букту з галавою!
— Пакінь: нябожчык там, у доме!
Пайдзі праспіся на саломе!
І пані унь глядзіць! — Што пані?!
А я-то хто? пане-хурмане,
Дурное заткала ты! знаеш?
Чаму Рыгорам называеш?
Заві мяне... вяльможны пане!
— Няхай цябе зямля апране!
Ото брыда, ото завала:
Яшчэ каб панам называла!
Ці чулі людзі? Налізаўся,
Як той сабака на разніцы!..
— Но, но! бо пойдзеш без спадніцы.
— Адстань! слатою навязаўся.
«На паліцы сланіна,
Пані пеўня смаліла,
А ў рандэльку стаіць лой,
Але не твой, не — не твой!»
А там, у доме, было гора:
Жывы і крэпкі яшчэ ўчора,
Сягоння быў ён нерухомы,
Глухі на ўсё, чужы жывому.
З засценку шляхта пасхадзілась
І ў тым пакойчыку таўпілась,
Дзе пан ляжаў у дамавіне.
— Няхай з святымі апачыне! —
Ўздыхалі, хрышчучысь, старыя,
Схіліўшы голавы сівыя.
— Не кепскі пан быў! — гаварылі,
І ціха, стала адхадзілі,
І доўга кучкамі стаялі.
Паны сюды з'язджацца сталі.

Ўсе леснікі былі ўжо ў зборы,
У лепшым стражніцкім уборы:
У новых куртках са шнурамі,
А на грудзінах са знакамі,
На шапках «R» было з каронай,
Каўнер стаячы і зялёны.
Яны па два, па тры стаялі
Каля паркана і чакалі,
Пакуль куды іх не паклічуць,
Стаяць і пану рая жычуць,
Збавення вечнага жадаюць,
Гавораць ціхенька, ўздыхаюць.
Паслухаць збоку іх — здавалась,
Што ўсе яны пасірацелі,
А што на сэрцы яны мелі,
То тое ў сэрцы і асталась.
Ды толькі мушу я прызнацца:
Як пачынала ўжо змяркацца
І пана з плачам пахавалі,
Ўсе леснікі пілі, гулялі,
А потым сталі барукацца.
Амброжык Кубел разгуляўся,
Са ўсімі шчыра цалаваўся,
І кварту трэцюю ўжо ставіў,
І ўсёю выпіўкаю правіў.
— Браткі! Гуляйма! Калі свята,
Дык трэба выпіць хоць багата! —
Крычаў Амброжык. — Сцеражыся! —
Кіўнуў ён носам на Міхася,
І чарка ёмка паднялася.
— Эй, цётка Хрума! ўраз з'явіся! —
Вайшла і Хрума ў старым чэпку.
— Здарова, цётка! як ты крэпка?
— От! — кажа Хрума і смяецца,
Такою добраю здаецца,
Што наш Амброжык увесь тае
І Хруму маткай называе.
— Ах, пан Амброжык! нашто жарты?
— Галубка-мама! стаў дзве кварты! —
Ўсе ажылі і разышліся.
Такія мовы паліліся,
І пахвальба пайшла такая!
— Падаць мне Тэша! — Лось гукае. —
Я разарву яго вантробы,
Бо свет гарыць з яго, хваробы!
Падайце: вырву яму вусы
За ўсе даносы, за падкусы! —
Абрыцкі-Тэш быў-такі з нюхам,
Ад Хрумы зызнуў адным духам.
Быў позны час, як «цётку» Хруму
З вясёлым шоламам і ў тлуму
Лясная стража пакідала.
Ў яе вачах зямля скакала
І месяца бліскучы крайчык
Па небе пстрыкаў, як той зайчык.
Счакаўшы трохі, разышліся,
І песні зараз панясліся
То тут, то там і лес будзілі,
Як бы ваўкі там галасілі.

«Ой, пайду дадому,
Не скажу нікому.
Ды зарэжу ката,
Бо наш кот — сірата!»
Спяваў Амброжык за балотам,
А Пальчык сыпаў як бы шротам:
«Будзе мяне жонка біць,
Няма каму бараніць!»
Міхал спяваў баском спавагу,
Як бы каваў ён словы шлягай:
«Добра мера, хоць без грошай,
Абы празнічак харошы!»

ІХ. НОВЫ ЛЯСНІЧЫ

Якраз на самым рассвітанні
Міхал вярнуўся з пахавання;
Вайшоў у хату, распрануўся,
Зяхнуў і смачна пацягнуўся,
Бо цэлы дзень праталачыўся
І, ноч не спаўшы, утаміўся;
І цела соладка нейк ныла, —
Ўсё адпачыць яго хіліла,
І жонка тут не прыставала,
Пра сёе-тое распытала,
Ўздыхнула раз, другі па пану.
— Ну, спі, а я хіба ўжо ўстану. —
І маці стала адзявацца,
Каб за работу тую брацца;
Пайшла каровак падаіла
І бульбу свінням перамыла.
Тым часам сонейка з-за лесу
Зняло цямраную завесу.

Праменні, стрэлы залатыя,
Макушы лесу прабіваюць
І блескам-ззяннем высцілаюць
Нябёсаў багны патайныя.
Ў чародах светаў незлічоных,
Нерасчытаных, неадмкнёных,
Людскі наш лёс — былінка поля,
Пылок нязначны — наша доля,
А нашы радасці і слёзы,
Надзеі светлыя, пагрозы
І ўсё, чым жыцце нас вітае,
Яно адзначнасці не мае
У звязку гэтых светаў божых,
Таемных, страшных і прыгожых;
І жыцце пэўнаю ступою
Ідзе, не ведае спакою,
Людскіх пакутаў не адзначыць,
І страты іх яно не бачыць.
— Эй, хлопцы, хлопчыкі! Ўставайце!
Кароў на пашу выганяйце!
Даўно пара ўжо пасвіць статка! —
Алеся, Ўладзю будзіць матка,
А хлопцы толькі ўзварухнулісь
І на другі бок павярнулісь.
Тут маці трошкі пастаяла
І галавою паківала:
— Шкада будзіць — ох, сон салодкі!
Няхай паспяць яшчэ блазноткі.

Пагукваў дзядзька ўжо на полі
І ткаў сахою кросны-ролі,
Ды пырнік так укараніўся,
Што дзядзька з конікам таміўся,
І сошку часта ён спыняе
І пырнік дзікі вытрасае.
— Ну ж і балота! вось атрута,
То не работа мне — пакута:
Ступіў два крокі і спыняйся
Ды з гэтай пырніцай змагайся.
І як яны тут, ліха долі,
З сахой хадзілі ў гэтым полі?
Як тут расло, на міласць Бога,
Калі ў зямлю не ўб'еш нарога?
Дзве баразны прайшоў — конь змогся.
Ну і народ, каб ён апрогся!
Так запусціць зямлю нядбала?
Не гаспадар быў, а завала! —
Антось стаіць, штось разважае
І хмурна поле аглядае,
А потым раптам схамянуўся,
Зірнуў на сонца, ў двор рвануўся.
— Хіба каровы яшчэ дома?! —
Спаткаўшы Ганну, ён пытае,
Ідзе ў гумно і хлопцаў лае:
— Вы што зашыліся ў салому?
Ўставайце зараз, гультаіны!
Прайшло, лічы, ўжо дзве гадзіны,
Як сонца ў небе засвяціла,
Яны ж... хоць ты ўсадзі ім шыла!..
Ўставайце жыва, а то ўскочу,
Устаць вас борзда заахвочу!
Ўсхапілісь хлопцы і прыселі,
Ўстаюць з нагрэтае пасцелі
І лапці зараз абуваюць.
За браму хлопцаў выпраўляюць.
Вось маці з хаткі выбягае,
Алесю торбу даручае,
А ў торбе хлеб і, пэўна, сала,
І весялей шмат хлопцам стала.

Калі ўжо сонейка прыгрэла,
Антось на полі кончыў дзела
І выпраг коніка сівога,
Свайго памочніка старога.
Сівак з вялікім здаваленнем
Прайшоўся вольна загуменнем
І, баючыся ашукацца,
Раллю панюхаў, стаў качацца
З такім засосам і ахвотай,
Бакі намуляўшы работай.
Антось глядзеў і пацяшаўся
І ціха сам сабе смяяўся.
Ў двары, дзе колісь была хата,
Цяпер работа йшла заўзята,
І цесляры ўжо зруб канчалі,
Гірш з Моўшам дошкі пілавалі;
Ніяк не знойдуць яны скутку
І ўвесь дзень сварацца за дудку.
Ну, гэта сварка ім не шкодзіць, —
Антось са смехам адыходзіць,
Пад вусам смех яшчэ хавае,
Ідзе, Міхася сустрачае.
Міхась ужо крыху праспаўся,
Ў абход сягоння не збіраўся.
Другія думкі і настроі
Ўсё не даюць яму спакою:
За кім лясніцтва астанецца?
Адкуль і хто сюды прыпрэцца,
Пасаду вольную заступіць?
Карціць пытанне гэта, рупіць.
Антось з Міхалам на сняданні
Даюць адказы на пытанні
І кандыдатаў разбіраюць,
Адных пахваляць, тых палаюць.
— Вось каб Галонскі тут астаўся!
За ім бы, брат, палюдскаваўся:
Такі прасцяк, не надзіманы,
Ляснічы вельмі б пажаданы.
— Ды гэта так! — Міхал ўздыхае. —
Але заручкі ён не мае:
Яго паны не падтрымаюць,
Бо на прымеце іншых маюць.
Такога вышукаюць струпа
Ці адшчапенца-курашчупа,
Што й службе той не будзеш рады
І адцураешся пасады.
— Вядома, так, — і Ганна кажа, —
Жыццё і свет табе завяжа,
Як гад які сюды прыпрэцца;
І немаведама, дзе дзецца,
Як дапячэ табе часамі,
Хоць ты наймайся батракамі.
— Эх, брат! — махнуў Міхал рукою. —
Мы чулі ўладу над сабою,
А пажывем — яшчэ пачуем,
А тут, хоць як мы ні мяркуем,
Але нічога не даб'емся,
Куды ні пойдзем, ні таўкнемся,
Дабра ніколі не прыдбаем,
Пакуль свайго кутка не маем.
— Свайго кутка! сказаць то лёгка,
Ды гэта справа вельмі крохка:
Тут грошай трэба поўна жменя —
Не наша голая кішэня...
Купі зямлю ды замацуйся,
Купі ты лесу, пабудуйся...
А ў Мікалаўшчыну вярнуцца —
Ўжо лепей тут як-небудзь гнуцца,
Бо там — галда, там шум, цяснота,
І не бярэ ніяк ахвота
Туды зноў ехаць будавацца,
Дык трэба службы ўжо трымацца,
Пакуль яшчэ трымацца можна, —
Антось зазначыў асцярожна.
Да дзядзькі маці далучылась,
Ў другі бок мова пахілілась,
І будзе новая тут хата,
Пасада пашаю багата,
Ніхто цябе тут не сціскае
І ў твой гаршчок не заглядае,
Сядзець не будзеш тут без хлеба,
А пацярпець, вядома, трэба.
— Так, пацярпець! адно цярпенне
І можа даць табе збавенне, —
Тут усміхнуўся Міхал скрыва: —
І гніся век, цярпі маўкліва,
Пакінь ты ўсякую надзею
Хамут з сябе зняць, дабрадзею!
А над уласнай гаспадаркай
Варонай чорнаю закаркай
І цяжкі крыж пастаў над ёю,
Як мусім ставіць над сабою.
Цярпенне — ўсё: яно — бязмежнасць!
Навошта ж тая незалежнасць?!
Навошта гэтае імкненне
Пусціць у грунт у свой карэнне?
Але б вы самі спрабавалі,
Калі б у вочы вам плявалі
І вас агіднаю знявагай
Па сэрцы білі б, як той шлягай!
А ты маўчы, свяці вачамі
Перад паўпанкамі, панкамі
І перад панскім розным збродам,
Цярпеннем скованы, як лёдам! —
Ў Міхала губы дрыганулі,
І вочы іскры сыпанулі.
— Ці мала ўжо цябе тут гнулі?
Цярпі, маўчы, знасі пакорна,
А кожная свіння надворна,
Свістун ці вырадак паганы,
Няшчасны лёкай надзіманы
Ці так нікчэмная басота, —
Яна твайго не варта бота, —
Цябе скубе, цябе ўшчувае —
Маўчы! няхай жа бэсціць, лае,
За нос, як хоча, няхай водзіць!
Антось і Ганна не знаходзяць,
Што адказаць і што парадзіць
І як пытанне гэта ўладзіць.

Прайшла нядзеля і другая —
Час не стаіць і не чакае.
Ўжо хата новая гатова,
Прыбраны трэскі ўжо і дровы;
Над белым дахам, як карона,
Красуе комінак чырвоны;
Прыветна вокны пазіраюць,
Бы вас у госці запрашаюць, —
Ну, добры выгляд хата мае,
Яна і цешыць, здавальняе.
Сюды сямейка перабралась,
І гэта хата паказалась
Пасля зямлянкі проста раем.
— Хоць хату добрую, а маем, —
Не тое цеснае скляпенне! —
Казала маці ў здавальненні. —
Чысцютка, светла, бы ў пакоі! —
Прыемна пахла тут смалою
І свежым дрэвам, хваіною.
І ўсё здавалася бы гладка,
Каб так не скончылась загадка
Аб тым падлоўчым на кватэры.
Аб'ездчык, самы той Ксавэры,
Прынёс навіну ў гэту хату.
— Не падвязло нашаму брату:
Пякельны пан! — Ксавэры кажа. —
Як ноч, на нас на ўсіх ён ляжа.
— А хто такі? — Міхал пытае.
— Бадай яго Міхал ці знае:
То пан Ракоўскі з-пад Татаркі!
Як кажуць, пан занадта шпаркі...
— Пастой, пан, прозвішча знаёма!
Ну, так: я чуў аб ім, вядома...
Дык пан Ракоўскі! Ну, віншую!
Пакажа нам, дзе рак зімуе! —
І — ха-ха-ха! — Міхась рагоча:
Ён паказаць тым смехам хоча,
Што ашукалісь нечакана,
Прыдбаўшы гэтакага пана.
— А як жа! чуў я, што за пташка!
Лядачы нораў, лае цяжка,
Яшчэ і звычай такі мае,
Што з кулакамі налятае.
Ляснічы новы не з'явіўся,
А ўжо, як трэба, уявіўся;
Усё падробна распісалі,
Як бы яго даўно тут зналі:
І як ён выглядзіць сабою,
І што ён мае за душою,
І чым выдатны і багаты,
Ці кавалер ён, ці жанаты,
Калі, дзе, чым ён вызначаўся,
Як да людзей слатой чапляўся, —
Ну, адным словам, адчыталі,
Ўсе косці пану перабралі.
І праўда, пан быў злы, паганы
І звераваты, надзіманы,
І мух не мала меў у носе.
І шмат цяжэй тут павялося.

І вось, вярнуўшыся з абходу,
Як бы апушчаны у воду,
Міхал павёў апавяданне,
Як выйшла першае спатканне.
— Іду, а ён дарогай валіць,
За ім вярхом Абрыцкі смаліць.
Пад'ехаў гэта і спыніўся.
— Дзень добры пану! — пакланіўся,
А ён, як слуп, і не зважае,
Глядзіць, бы воўк той, і пытае:
— А ты дзе служыш, чалавеча?
— Служу, паночку, я ў Парэччы.
— Ага!.. чаму гэта, ягомасць,
Вядзеш вялікую знаёмасць?
Чужых цялят бярэш на пашу?
Наскрозь я бачу службу вашу!
Чаму аб'ездак, сцежак многа?..
Пільнуйся ты свайго парога,
Бо мне такіх служак не трэба:
Для гультаёў не маю хлеба.
Дык памятай, чаго наймаўся! —
Сказаў і далей паімчаўся.
— Ну, ўжо ўвялі цялят у вушы!
Ох, да і людзі ж! што за душы! —
Гаворыць маці абурліва.
— Чаму не скажуць? ото дзіва!
Той самы «Тэш», каб падлізацца,
Гатоў хоць чорту запісацца,
Яшчэ прыбавіць і размажа! —
У гневе дзядзька Антось кажа.
Апавяданае здарэнне
На іх наводзіць засмучэнне.
— Ну, што ж? цярпі, маўчы зацята,
Бо так выходзіць, небажаты. —
Наняўся, кажуць, як прадаўся! —
Міхал зласмешна адазваўся.

Х. НА ПАНСКАЙ СЛУЖБЕ

У той жа дзень, праз час каторы,
Прыйшоў сюды Марцін з каморы,
Ляснік таксама пры кватэры.
Загады розныя, паперы
Яму ў лясніцтве даручалі,
Калі з наказам пасылалі.
Яшчэ здалёк, аж каля кліна
Антось заўважыў тут Марціна.
— Ну, прэцца ўжо Марцін з наказам!
Згарэў бы ты, панок, з ім разам! —
Дабра так пану пажадалі,
Але з цікавасцю чакалі,
Што ім Марцін тут заспявае.
— Ну, што нам васпан сказаць мае?
— Наказ прынёс я да васпана!
Наказ такі, каб заўтра зрана
Твой брат Антось шоў да адбору,
А сам Міхал аб гэту пору
Настройваў лыжы да сялібы —
Падбаць панам наконта рыбы;
Бяры там невад з рыбакамі,
Паноў парадуй шчупакамі:
Галодны, можа, небаракі,
А мо абрыдлі ім прысмакі —
Вяндліны, мяса і катлеты,
Павысыхалі, як шкілеты,
Іх вецер з ног чуць не скідае! —
Марцін тут жарту падпускае.
— Ну вось, ужо і даў задачу!
— Ты нездаволены, як бачу;
Але пастой, Міхал, даслухай,
Тады ты ўжо глуздом парухай:
Пан прыказаў яшчэ васпану,
Злавіўшы рыбы, каб тады жа
Сам васпан вёз і да Нясвіжа
Таму другому калашману,
Што падпіраюць князеў замак,
Для цешчаў іх і розных мамак.
— Наказ нічога для пачатку!
Што ж далей будзе, пане-братку?
Э-гэ-гэ-гэ! не мець спакою! —
Міхал затрос тут галавою. —
Ой, дасца гэта служба ў знакі!
На карк уссядзе д'ябал ўсякі.
Хіба ён літасць, сэрца мае?
Ўжо двух у службу запрагае:
Адзін на рыбу — той ў адборку...
Няма на іх, вужак, паморку,
Вось на такіх чартоў лазатых,
На гэтых джынджыкаў праклятых!
Быў чалавек, што можна б ладзіць,
Дык вось няма — памёр! Не вадзіць
На добрых нам паноў ніколі.
А вось такі «Рак», ліха долі,
Не будзе мець табе і зносу.
Так, брат: для нашага ён лёсу!
І ёсць жа прыказка такая:
«Кляні ты пана — пан сычае!»
Міхал хадзіў і бунтаваўся
І на ляснічага злаваўся.
— Ідзе работа, сеяць трэба,
Ляжыць няўзораная глеба,
А ты й каня бяры ў прыдачу...
Сказаць-то лёгка — даў задачу!..
Ото бяда! ото галеча!
А меў бы кут свой, чалавеча,
Ці ж бы служыў? цярпеў бы здраду?
Даўно б у морду плюнуў гаду!
Пайшоў ты к ліху! праваліся!
Сам гэтым хлебам падавіся!
— Вось тут-та, брат, і гора тое
І гэта ліха насланое,
Што нам няма дзе зачапіцца,
І мусім з гэтым мы згадзіцца,
Пад дудку панскую скакаць
І іх загады выпаўняць.
Цябе ж дзяруць, як тую ліпку! —
Марцін з кішэні вынуў піпку,
Цыбук заядла прадзімае
І піпку пальцам набівае.
— Цьфу! лае, бэсціць з-за нічога!
А мух, брат, мух у носе многа!
І так нясецца ён, васпане, —
Тычына шапкі не дастане!
Не пазірае табе ў вочы,
Глядзіць, бы воўк той, заўжды скрыва
І заўжды злосны ён надзіва,
І заўжды лаяцца ахвочы...
Ды чорт яго бяры, Міхале!
Што зробіш гэтакай завале?
Ось будзем жыць сяк-так памалу,
Ці гэта ў першы раз Міхалу
Такія справы мець з панамі?
Няхай яны лепш здохнуць самі,
Чым мець праз іх яшчэ згрызоты.
Хіба ж, Міхале, мы сіроты?
І пан, калі нам пашанцуе,
Пад нашу дудку затанцуе:
Няпраўда — згіне племя злое!
— Калі ж та будзе свята тое?
Хіба як возьме нас магіла?
Не наша, браце, а іх сіла!..
Адно, брат, тут: старацца трэба
Прыдбаць сваю скарынку хлеба,
Бо людзі кажуць: «Хлеб служачы
Не надта добры хлеб — сабачы!»
І не сабака страшан воўку,
Калі прыйшлося сказаць к слоўку,
Мой пане-браце, мой Марцяга,
А непрыемна яго звяга! —
Яшчэ крыху паразважалі
І трохі злосць сваю сагналі.
Марцін пайшоў, але для пана
Было яшчэ крыху дадана
Не вельмі добрых пажаданняў,
І пацер розных, і літанняў.
Але дабра, палёгкі, толку
Не прыбыло з таго й на голку.

Спакою тут Міхал не знае,
Як бы на колы вада тая,
Міхал ідзе ды йдзе ў абходы,
І не ухілішся ад шкоды:
То дуб ссякуць, бярозу зваляць,
А там і лес табе падпаляць
Або патравяць сенажаці,
Пажнуць траву на корм цяляці.
Народ жадзён, бо жыве ў сціску,
Гатоў у вочы сыпнуць прыску,
Зрабіць зумыслу дзеля здзеку,
Не, не ўнаровіш чалавеку!
І свой жа брат цябе кусае,
Бо кожны выслужыцца хоча:
Адно гаворыць табе ў вочы,
Але другое ў мыслях мае
І ўжо здарэння не мінае
На чым хоць-небудзь зло спагнаць,
Як мае быць цябе даняць.
А там надыдзе тое лета,
Глядзі, каб ягад без білета
У лесе бабы не збіралі
І на грыбы каб білет бралі.
Так вось заўсёды свет зачынен,
І сам жа ты яшчэ павінен
Падатак пану свой даваць —
Грыбоў і ягад назбіраць.
А пан табе не спагадае,
Сваю работу загадае:
То пастуха згадзі, служанку,
Да ночы біся спазаранку.
А там надыдзе касавіца —
Ўставай, чуць гляне зараніца,
Ідзі, касцоў наймай і жней —
Ні ў чым адмовіцца не смей!
Рабі ўсё борзда, гладка, чыста.
Але пагода наравіста,
І ў часе самае работы
У небе ўсходзяцца грымоты,
І невады за невадамі
Працягнуць хмары над грудамі,
Спусціўшы пасмачкі-палосы,
Зальюць і копы і пракосы.
І за той жарт Ільі-прарока
Не будзе мець на цябе вока.
Служы, працуй на пана-ката,
А сам не ўправішся, дык брата
Бяры ты з дому на падмогу,
Няхай з табою нага ў ногу
Ідзе па службе, памагае,
А не то, й сына прыпрагае.
Ці ж гэта лад? ці ж то парадак?
Згрызот нямала, многа звадак.
І як ні біся, ні старайся,
Хоць на кавалкі разрывайся,
Прычэпку знойдзе і аблае,
Яшчэ й пад носам наківае.
А ты цярпі, маўчы зацята
І слухай споведзь пана-ката.

І крыўда ў тым, мае вы людзі:
І хто ж то волю даў паскудзе?
Нашто зямля іх, катаў, носіць?
Ой, хто ж ад іх не загалосіць?
А дзе на іх шукаць управы,
Бо суд «праўдзівы», суд «ласкавы»
Паноў за здзекі не карае?
І хто цябе тут падтрымае?
Каму паскардзіцца і дзе?
Хто гэту крыўду адвядзе
І трохі згладзіць перашкоды?
І між сабою няма згоды:
Адны другіх бы тут паелі
Або ўтапілі б, каб прымелі.
Адзін другога не пакрые,
Глядзяць, як ворагі ліхія,
Гатовы ліха прыкупіць,
Каб спатайку цябе ўкусіць.
А пан з таго і карыстае
І па чарзе ўсіх пералае.

— Ну ж і «Рачок»! ото ж уз'еўся!
Чаго на нас ён так насеўся? —
Казаў часамі дзядзька дома. —
І як служыць тут — невядома.
Ото ж зараза ўжо прыўдасца!
Нашто на свеце гэта трасца?
Служы яму ты ўсёй сям'ёю,
А сам ты хоць жабруй зімою.
Сказаць, ну, меў бы ты пасаду,
Дык чорт бы з ім, цярпеў бы гаду,
Але што тут? асот, галота,
Шэсць дзесяцін — чаго? балота!
Другія маюць па валоках,
Як Ліхтаровіч у Затоках.
І што ж? адзін ён службу мае,
Ніхто туды не зазірае,
Ніхто там свету не завяжа
І нават носа не пакажа.
А ты круціся, хвост авечы,
Канца няма той талачэчы,
Ну, проста служба гэта гадзіць,
І кожны нос тут свой усадзіць.
— Вядома, хто дальш ад кватэры,
Таму менш стукаюць у дзверы,
Да іх дайсці не так-то скора,
І там жывуць сабе без гора, —
Гаворыць з зайздрасцю і маці, —
А тут, як дзе на воўчай гаці,
Як на пярэсмыках якіх,
Цябе трывожаць кожны міг.
Але ж і самі вінаваты,
Калі так коціцеся з хаты,
Дзе толькі пан ні загадае.
Ці ж ён на гэта ласку мае?
Чаму ж на вас і не налегчы?
Чаму ў хамут вас не запрэгчы,
Калі яго так баіцеся
І так за службу берацеся?
Адзін вось служыць — ну і годзе!
Што патураць яго той модзе?
Дзе ж? мала двух, дык трэці Ўладзя!
Чаму ж на карк табе не ўссядзе?
А трэба часам агрызнуцца,
Бо так і будзеш заўжды гнуцца.
— Ого! ты смела каля печы,
І праўда: кажаш ты дарэчы,
А ты б сама вось паспытала,
Тады б не тое заспявала, —
Сказаў Міхал крыху сярдзіта. —
І будзе нехаця зашыта
Твая тут губа, мая міла:
Яго тут права, яго сіла!
Або ты знойдзеш праўду ў свеце?
Каму пажаліцца, скажэце?
Судзіцца будзеш з ім? За што жа?
І хто табе тут дапаможа?
Хіба цябе ён тут трымае?
Служыць гвалтоўна прымушае?
Не хочаш службы, ну, палайся,
Бяры манаткі, выбірайся.
Але куды? дзе твой прытулак?
Нагатавалі табе булак?
Каму ты міл, скажы, ў бядзе?
Эх, не прыхілішся нідзе!
Паскачаш дроздзіка, бы скочка,
Калі няма свайго куточка.
А як прачуюць гэта людзі,
Ад іх адбою тут не будзе...
Чаму ж яму не казырыцца?
І вон прагнаць не пабаіцца;
Ты з ім не зграешся ніколі,
Раз ты прымушан да няволі.
— Ну, й будзе ездзіць — што за дзіва!
Калі маўчаць яму цярпліва.
Чаго баяцца? не прагоніць
І горш ужо не запалоніць.
І хто ж, як ты, на свеце служыць?
Аб глупству кожнаму ён тужыць,
Не спіць, не есць і ног не чуе,
У лесе днюе і начуе,
З людзьмі грызешся, як сабака, —
А доля ўсё ж твая аднака.
Чаго ж так надта выдыгацца?
За што так падаць? так старацца?
Затым, каб больш цябе ганяць?
Часцей ў аглоблі запрагаць?
І будуць ездзіць, і не знайся,
А ты маўчы, а ты старайся!..
Каму, каму, а ўжо Антосю
Сказаць бы можна, каб прыйшлося,
Бо ён на службу не наймаўся.
— Або я, думаеш, збаяўся? —
Гаворыць дзядзька, ў хаце храбры. —
А калі што, дык і за жабры.
— Паслухаць вас, усе вы хваты!
А чуць да дзела — душа ў пяты!
Няма чаго мянціць языкам,
А крык, як быў, і будзе крыкам.
— Няхай крычыць, і ты крычы!
— Хіба што жабаю ў карчы;
Прынамсі, з гэтакім паспехам, —
Міхал аклікнуўся зласмехам.
Вось так пачнуць казаць, бывала,
Ды з тых размоваў толку мала,
І толькі горш удражніш раны,
І свет заткуць гушчэй туманы.

А пан за службу шчыра браўся,
Па лесе лётаў, прыглядаўся,
Каб дзе заўважыць непарадак —
На гэта вельмі быў ён падак.
Але ён злы быў асабліва,
Як граў у карты нешчасліва.
Тады яго асцерагайся,
Як ад заразы ўжо хавайся.
Раз ён віхрыўся, ды няўдала:
Для злосці стравы бракавала.
Вось у Парэчча пан шыбуе,
Крычыць, Міхала патрабуе,
Каня спыніўшы каля брамы.
Міхал у гэты момант самы
Прыходзіць з лесу, йдзе да пана.
— Чаму на флянсах у васпана
Сляды быдлячыя? — пытае,
А сам так скрыва паглядае,
Насупіў твар і зрушыў бровы.
— Былі там панскія каровы!.. —
Ох, тут ляснічы як уз'есца!
Ну, не знаходзіць сабе месца!
Ды як затупае нагамі!
Крычыць, махае кулакамі,
А вочы тыя, як у змея.
Ад злосці больш яшчэ чарнее,
З астатніх слоў Міхася лае,
З пасады выгнаць пагражае.
Міхал маўчаў, ды нечакана
Ён сам як рушыцца да пана!..
Ляснічы зразу ўзад падаўся...
— Чаго пан гэтак раскрычаўся?
Завошта пан мяне так лае?
Згарыць яна няхай, такая
І служба гэта, і пасада,
І гэта крыўда, й гэта здрада,
І гэта панская адплата!..
Няхай яна будзе праклята!.. —
Міхал тут плюнуў, завярнуўся —
Хоць раз, ды добра агрызнуўся!

ХІ. ДЗЕДАЎ ЧОВЕН

Міхал вайшоў у хату злосны.
— Ах ты, вар'яце безлітосны!
За што ты лаеш? за што хаеш?
Што да мяне ты, скажы, маеш?
Чаго чапляешся слатою,
Каб ты не ведаў век спакою!
А прападзі ты, гад шалёны! —
І доўга сыпалісь праклёны,
Пакуль Міхал свой гнеў не выліў.
— Але ж і я яго зажыліў!
І зразу змоўк, сабача морда! —
Міхал прамовіў досыць горда. —
Прагоніць вон — хай праганяе,
А служба знойдзецца такая:
Мяне сам князь у замку знае!
— І маладзец, — гаворыць жонка, —
Ды трэба больш было насыпаць,
Каб аж пайшло калоць пад кіпець,
Каб ззелянеў ён, як зялёнка.
Прагнаць! за што? Украў, ці што, ты?
За лес спраўляеш сабе боты?
Ці прапіваў дабро скарбова?
Не будзе гнаць цябе за слова:
Няма прычын. А папусціся,
Тады ідзі ты хоць тапіся.
— Ото ж зараза! от халера!
От дачакалі сабе звера!
Прыпільнаваць бы дзе брыду, —
За «гітал», падлу, ды ў ваду!
Парваць бы ноздры качарэжкай
Або глузды адбіць даўбешкай;
І не было б табе граху:
Забіў, як вош або блыху! —
І дзядзька моцна абурыўся
І разважаць яшчэ пусціўся:
Ці быў бы грэх, ці грэх не быў,
Калі б падлоўчага забіў?

Міхал, сказаць, крыху баяўся
Размовы з ім; ён спадзяваўся,
А што, як скажа выбірацца?..
Такі пабайваўся, прызнацца,
Бо што ж? няма дзе разгарнуцца,
Няма дзе, брат, табе прыткнуцца.
Ды ў той жа дзень наказ быў даны
Ісці Міхалу пад буданы
Сачыць ваўкоў. Ну, значыць, квіта!
Прайшла гарачка і нябыта.
І праўда: ўсё сышло, ні слова.
І нават з ім была размова
І гаварыць з сабой даваўся —
Не тым, зусім не тым здаваўся!
І ўсе згрызоты нейк адселі,
І ўсе тут зноў павесялелі
Ды зноў рабілі свае справы
І для карысці, і для славы.

Цяпер дазвольце вы ўжо мне
Сказаць аб дзедавым чаўне.
Калі казаць пра човен дзедаў,
То трэба ўжо, каб кожны ведаў
Пра дзеда Юрку хоць бы змала.
Перш-наперш Юрка — цесць Міхала,
А стала быць, яго сваяк;
Затым — дзед Юрка быў рыбак.
Ды рыбакі не ўсе аднакі —
Свае ў іх густы і адзнакі.
Дзед меў да сецей нахіленне,
А вудзіць — не: не меў цярпення
І не любіў наогул вуды
І гэтай вудавай маруды,
Бо вуды любяць больш паны
І, выбачайце, свістуны;
Хоць, праўда, хлеб ядуць і з вуды,
Але не ўсе і не заўсюды.
Вось невад — о! другая справа —
Тут, брат, не вуда, тут — аблава!
І волак можна пахваліць:
Ім можна здорава лавіць.
А лепш за ўсё, мае браткі...
Сказаць вам? венцер, нераткі!
Ды толькі трэба мець знароўку,
Каб не страляць у саракоўку,
Бо трэба ведаць, дзе паставіць,
Ды ўмець і венцер добры справіць.
Мастак быў дзед на ўсё на гэта:
Лавіў нямала ён за лета;
Былі ліны, язі і плоткі —
Лузаў дзед добра сабе злоткі:
Было за што кручок загнуць,
Было і ў краму з чым зірнуць.

І любяць дзеда Юрку ўнукі,
Яны цалуюць яму рукі,
А дзед у плечы іх цалуе
І абаранкам патрактуе.
Цукеркі дзеду — не, не любы,
Няхай іх качкі: псуюць зубы,
Дык лепш не знаць іх, ну іх к ляду,
Гэту дзявочую прынаду!
Звычайна дзед быў вельмі ціхі,
Не падымаў нідзе шуміхі,
Але быў сталы і разумны,
Такі разважлівы і ўдумны —
Ну, чалавек старога складу,
Калі што скажа, то да ладу,
Але дзе крыўда і махлярства —
Тады дзед меў адно лякарства —
Не паглядзіць ён, хто такі ты:
Хоць чорт, хоць д'ябал знамяніты,
Пляваць яму на тваю масць,
Але ўжо чапаласу дасць.
Адзін на ўсіх пайсці гатовы,
Без разважання, без размовы!
Ну, а калі дзед падгуляе,
Тады ён йзноў адменнасць мае,
Тады ён нават і бушуе
І трохі сына памуштруе;
Але пад гэтым бушаваннем
Хавае гумар з насміханнем:
Больш жарты строіць, чым ваюе.
— Язэп, ўставай!— крычыць ён сыну. —
Ўставай у гэтую ж хвіліну! —
Бярэ дзед ноты ценаровы,
Нібыта злосны яго бровы.
— Чаго да хлопца прывязаўся?
Лепш лёг бы каменем. Набраўся! —
Гаворыць баба і сярдуе,
А дзед яе як бы й не чуе.
— Ўставай, лайдак, маліся Богу! —
Язэп варушыцца ў бярлогу,
Ўстае, пачухваецца, плача:
Што-то за доля, за бядача!
Ці ён распуснік? ці ён збойца?
— Ну, кленч!.. хрысціся! ў імя Ойца!..

Язэпа трохі дзед павучыць,
І памуштруе, і памучыць,
Бо трэба ж іх адукаваць
І паслушэнству навучаць.
Яшчэ на дзеда паглядзеце,
Калі дзед вып'е на банкеце.
У дзеда шчокі румянеюць,
У дзеда вочы весялеюць,
Гарохам дзедаў смех якоча,
А сэрца руху, шуму хоча.
«Эх, ешча-шчышча! Ешча-шчышча!»
Тут дзед і цмокае, і свішча,
Як салавей з сіваваронкай,
Ды як зальецца песняй звонкай!..
Не! дзеду трэба болей руху,
І дзеду цесна ў тым кажуху.
Кажух на лаву дзед скідае
І бубен-рэшата хватае,
Бубніць у вечка чым папала
Ды як прышчоўкне! ды прыўдала!
Тут вам і полька, і мазурка...
Такі быў дзед, нябожчык Юрка!

І дзядзька быў рыбак выдатны,
Хоць больш урыўкавы, прыватны,
Але лавіў-такі нямала,
І дзядзьку ў рыбе шанцавала.
Бывала, пострыжні прыправіць,
На шчупакоў нясе і ставіць.
Глядзіш — о, добрая мінута! —
Шнур з вілак спушчан, палка ўгнута,
Схапіў жыўца шчупак і свішча,
Дастаў — ў два локці шчупачышча!
І з вудай дзядзька шчасце мае:
Язёў занадзіць і кілзае;
Язі ў тры хунты і ў чатыры!
Агледзіць дзядзька букты, віры,
Картофель зварыць і гароху,
І надзіць рыбу ён патроху.

Лавіў наш дзядзька нераткамі
І венцярамі і сачкамі,
Ды аднаго ўсё ж бракавала:
У дзядзькі чоўна не ставала.

Каля адрынкі пад страхою
У дзеда Юркі сіратою
Валяўся човен так, без дзела,
На сонцы сохла яго цела,
І човен, праўда, ўжо няновы.
Дзед Юрка быў рыбак скарбовы,
Скарбовай чайкай карыстаўся,
А ўласны човен так валяўся,
Як бы ў адстаўцы той сенатар,
Хоць на чаўны дзед быў аматар.
Дзед Юрка дзядзьку паважае
І да яго прыхільнасць мае:
Антось не знае такой моды
Рабіць у рыбе перашкоды,
І глупства ён рабіць не стане,
І ў венцер дзедаў не загляне.
— Бяры, Антось, ты човен гэты.
Рассохся трохі ён за лета
І сям-там нават пакалоўся,
І шашаль, можа, дзе завёўся,
Але, агледзеўшы, нічога:
Яшчэ паслужыць мала-многа.
Антось, як сонца, засвяціўся:
Даўно аб чоўне ён смуціўся.
Дадому дзядзька ехаў лёсы,
Кладзе ён човен на калёсы,
І едзе наш Антось вясёлы,
І з ім падсмейваюцца й колы.
На рэчку човен ён спускае —
Няхай сабе тут намакае;
А там, управіўшысь з сяўбою,
Залье Антось яго смалою,
Агледзіць і заканапаціць,
А дзе і бляхаю прыхваціць.
«Засвішча човен мой стралою!» —
Так думаў дзядзька сам з сабою.
Пакуль Антось канчаў работу,
На рэчцы човен меў турботу:
Як толькі добра сонца ўгрэе,
Кастусь у чоўне ўжо дурэе
Без нагавіц, ў адной кашулі,
І хоць за ногі мыцкі тнулі,
І запускалі як бы спіцы,
Але скідаў ён нагавіцы,
Бо так спрытней быць каля чоўна
І нагавіцы — рэч умоўна.
Зазнаў тут бедны човен гора:
Каламі Костусь яго пора,
І ва ўсе бокі яго круціць,
І толькі воду каламуціць,
Бо тут гразі больш, чым вады,
І мулу, рознае брыды.
Бубніць тут човен, ходзіць рэха —
Такая хлопцу з ім пацеха!
Антось на човен свой як гляне —
І весялей на сэрцы стане:
Які б ні быў, а ўсё чаўнок,
І шчылін мала, як намок.
Тым часам дзядзька ненарокам
Глядзеў на човен добрым вокам.
Дзянёк ён выбраў больш-менш вольны,
Ідзе вясёлы і давольны.
На бераг човен выцягаюць,
Алесь і Костусь памагаюць.
— Набок вярнеце, дном угору!
Палечым зараз, наш ты хворы! —
Да чоўна дзядзька так звярнуўся
І тут жа зараз завінуўся.
— Бярэце пакулле і спіцы...
Памчымся мы на ніз крыніцы,
Аж толькі вецер засвідруе! —
Язду ўжо дзядзька тут смакуе.
— Вы шчыльна, шчыльна затыкайце!
Што наймацней, брат, забівайце!
Ды дружна, борзда канапаціць,
Каб час не зводзіць і не траціць!..
Стары ўжо, падла, і трухлявы:
Увесь, як рэшата, дзіравы, —
Гаворыць дзядзька ў час работы,
Сабе, другім дае ахвоты.
Ідзе работа і размова —
І канапачанне гатова.
Смалою трохі засмалілі
І на ваду чаўнок спусцілі.
Але тут цесна, вады мала,
І дно аб землю шаравала.
А дзядзька хоча дзеля спробы
Дальш з гэтай выбрацца трушчобы:
Там, далей, рэчка не такая
І глыбіні даволі мае.
Праз плот чаўнок гуртом куляюць,
На ніз паволі прапіхаюць,
А дзядзька сам садзіцца ў човен.
«Плыве човен, вады повен,
Ды ўсё — хлюп! хлюп! хлюп!»
Спяваюць хлопцы і жартуюць,
І дзядзька з чоўнам дальш шыбуюць.
А дзядзька важны выгляд мае;
Замест вясла прысок трымае,
А твар яго, як сонца, ясны,
Бо гэты човен — яго ўласны,
І не цячэ ён ані-ні;
Чаўнок, куды ні павярні.
І трэба ўсё-такі зазначыць —
Такой працэссі вам не бачыць:
Алесь і Костусь човен пхаюць,
Падол кашуль ў зубах трымаюць,
А дзядзька ў чоўне — сонца ў коле!
Тым часам човен і на волі,
Бо тут глыбока рэчка грае,
І хлопцам пуп вада мінае.
— Ну, годзе, хлопцы, досыць вам:
А ну-ткаль спробую я сам! —
І дзядзька ўжо тут адразэчку
Пачуў, што выехаў на рэчку,
І гэта яснасць сходзіць з твара.
Бярэ ён прыс, ён повен жара.
Рашучасць думкі, смеласць руху, —
Эх, колькі сілы, колькі духу!
Зусім істота ў ім другая!
На прыс ён разам налягае
Ды на нагах калі прыгнецца!
Тут човен раптам як рванецца,
Бы той спалоханы шчупак!
Герой наш дзядзька, наш рыбак,
Адразу ў дзве бяды папаўся:
Перш-наперш прыс у гразь вагнаўся,
А човен носам — трах у дрэва!
А дзядзька раптам — гоп налева!
І ногі ў портках адмысловых —
Не проста ў зрэбных — шарачковых—
Адно ў паветры бурканулі
Ды ў воду ўмомант баўтанулі!
Ўсхапіўся дзядзька мокры, брудны,
А вынік спробы той паскудны:
Чаўнок — не човен, а карыта,
І нос і частка дна адбіта;
Прысок тырчыць, як струп на плеху,
А хлопцы поўзаюць ад смеху,
А дзядзька сам — цар без кароны
І выгляд — мокрае вароны!

ХІІ. СЕСІЯ

У інтарэсах асвятлення
Яшчэ нязнікшага з'яўлення
Не шкодна б святам, вольным часам,
Схадзіць на сесію з Міхасем.
Міхась паснедаў, прыадзеўся —
І на кірмаш схадзіць ён меўся, —
Не то што б там якія справы
Былі патрэбны і цікавы,
А проста так сабе ў нядзельку
Праведаць Залмана ці Эльку.
Міхал — навошта ўжо таіцца? —
Любіў-такі павесяліцца,
Зайсці да Малкі ці Ляйботы,
Каб збыць за чаркаю згрызоты.
Ці так ці не, ва ўсякім разе
Другое мелася на ўвазе:
Міхал любіў каля бутэлькі
Пытаць тых-сіх наконт зямелькі,
Бо так на службе дапяклі,
Што гэта думка аб зямлі
Запала ў сэрца назаўсёды,
Як промень волі і свабоды.
На тую ж сесію штотыдня
Хадзіў Міхал да пана-злыдня.
Звычайна з раніцы ў нядзельку,
Калі пакіне пан пасцельку,
Аб'ездчыкі са стражнікамі
Сюды схадзіліся, з'язджалісь,
З гадзіну добрую сланялісь
Або мянцілі языкамі,
То часам востра, то пагана,
Пакуль не клікалі да пана.

Вось і цяпер, у дзянёк гэты,
Як мае быць ужо адзеты,
Сказаць, адзеты і фарсіста
І гладка выбрыўшыся, чыста,
Міхал ужо разгладжваў вусы.
— Асцерагайся ж ты спакусы:
Прыйдзі хоць раз дадому ў часе! —
Звярнулась жонка да Міхася.
Ох, гэта нуднае прыслоўе,
Бадай яму ўжо безгалоўе!
І колькі раз ён чуе гэта!
Ну й надаедная ж кабета:
Вось так і выкіне на вока!..
Міхал абураны глыбока,
І гнеў мяняе яго вочы.
Ой, ды й язык жа ты жаночы:
Ці ёсць, ці не прычына тая —
Ўсё роўна менціць і кусае.
— Ну, як табе ўжо не абрыдне
Казаць адно сто раз на тыдні?
Сказала сорак раз і — квіта! —
Міхал адказвае сярдзіта,
Глядзіць, паблісквае вачыма
І злосна ўскідвае плячыма.
— Бо праўда вочы табе коле,
І не мінеш ты нябось Сроля,
Не людская твая натура,
Не пахне дом свой і пячура:
Абы гарэлка на прымеце —
Ты ўсё гатоў забыць на свеце!
Міхась стаіць, знявагі поўны,
І погляд кідае бязмоўны.
О, колькі крыўды ў ім, абразы!..
Э! лепш змаўчаць ёй, лепш тры разы
І не адказываць нічога.
Ён толькі ўбок плюе з парога,
Ідзе — сам гнеў і сама бура,
Са лба на бровы збегла скура,
А губы шчыльна-шчыльна сцяты,
Дзвярмі ён грукнуў, выйшаў з хаты
І злосць душы і сэрца пляму
Выносіць з дому аж за браму;
І нейкі час ён па дарозе
Ідзе абураны, ў трывозе,
На жонку злосны, на самога,
Бо ў словах жонкі праўды многа.
Але ж нашто калоць у вочы?..
Цьфу! дня табе няма і ночы,
Ані часіначкі спакою;
Чорт кожны вяжацца слатою,
А тут яна шэй-на-катрынку
Як завядзе, дык без упынку.

Міхал аб помсце строіць планы.
Вось ён нап'ецца, прыйдзе п'яны,
Каб аж язык не варушыўся,
Калі такім ліхім радзіўся;
Няхай крычыць сабе тады.
А не — не ўзяць два дні яды
Наперакор сваёй жанчыне,
Пакуль яе злосць не астыне?

Міхал і клін ужо мінае.
Направа сцежачка сляпая
Вядзе балотцам на ачосы.
Міхал ідзе пакуль што босы
І на дарожку зварачае,
Ідзе свяржэнскімі маргамі
І гразь памешвае нагамі.
І покі ён мінуў лагчыны,
На лбе разгладзілісь маршчыны
І ў сэрцы бура уляглася.
Другія думкі на Міхася
Цяпер найшлі нейк неўзаметкі,
Ды толькі іх маўклівы сведкі —
Лясок, дарожка, елкі, хвоі,
Свае ў іх думкі і настроі.
Балотца пройдзена памалу.
Густым ляском па буравалу
Міхал выходзіць на гасцінец.
Цяпер у думках пан-злачынец.
І не хацелася б з ім знацца,
Ні справы мець, ні спавядацца,
Ні слухаць лаянкі-пагрозы;
Але ні злосць твая, ні слёзы,
Ні моцна шчэмлены кулак
Не зменяць справы аніяк —
Цярпі! чаму? дакуль цярпенне?
Калі канец яму, рушэнне?
Няўжо ўвесь век жыць з панскай ласкі
І перад ім чуць абавязкі?
І слугаваць яму, старацца
І ў тры пагібелі згінацца?
Адказ адзін: няма, брат, ходу,
Хоць з моста кідайся ты ў воду;
Няма зямлі свае і хаты,
І мусіш гнуцца, як пракляты,
Бо ты ні мяса і ні рыба.

Ідзе Міхал, прад ім сяліба,
Засценак добра так знаёмы,
І хоць няважныя харомы
Тут гэта шляхта збудавала,
Але жыве і гора мала!
Хоць шляхціц цёмны, як саган,
Затое ж сам сабе ён пан:
Паноў ляснічых знаць не знае,
Прад імі спіны не згінае:
Пад бокам паша, агароды,
І лес, і поле — ўсе выгоды.
Міхал зірнуў і пазайздросціў:
Чаму й не ён між ягамосцяў?
Нядзелька, свята — людзі вольны,
Свая ахвота, свой дазвол,
На рынак едуць, хто ў касцёл,
Як гэты Людвік багамольны,
А хто пагульвае так дома;
А ты вось совайся, як бома,
Ды бойся ліха і падкусу —
Не ступіш кроку без прымусу.

За горкай панская пасада,
Як у вяночку, каля саду
Ў глыбі прасторнага дзядзінца
Стаяла з боку ад гасцінца.
Будынак, парк і агарожа —
Было ўсё слаўна і прыгожа;
Мастацкі зробленая брама
Ласкала вока гэтаксама,
Але Міхалу не хацелась
Глядзець на гэта ўсё — прыелась,
І панскі дом з ласіным рогам
На Міхася глядзеў астрогам,
Бо тут, апроч тае знявагі,
Сказаць, ад кожнага брадзягі,
У стражнікоўскім сваім лёсе
Нічога ведаць не прыйшлося.

А гэта сесія, спатканне,
Падкусванне і насміханне —
Як прыкра гэта ўсё, і нудна,
І непрыемна, і паскудна!
Міхал ступіў на двор кватэры
З душою, згрызенай без меры,
Але, спаткаўшы саслугачых,
Спакойных больш і менш гарачых,
Міхал мяняе выраз твару
І гоніць прэч задуму-хмару,
Ідзе, вітаецца, смяецца,
Бы смутку век не знаў, здаецца,
Бо людзі схільны строіць кпіны
З тваіх нягод без дай прычыны.

Тут быў Скварчэўскі, Ліхтаровіч,
Амброжык, Суднік, Астахновіч,
«Памдзей», аб'ездчык і мыслівы,
На пачастункі памаўзлівы,
«Памдзей» быў створан з «пана дзея».
Не поп наш дзядзька, але ўмее
Зірнуць часамі «ў свае святцы»,
Каб трапным словам адазвацца
І сэнс «духоўнай» карталюшкі
Паправіць ліпкаю мянушкай.
«Памдзей» аб'ездчык быў няшкодны:
Так, чалавек ён старамодны
І не такі, як Ворцюх, зыркі,
І меней здольны на прыдзіркі,
І на падкусы, і на ўданне,
За што й вагі ён не меў звання.
Вось Арцюшок — о, гэта скула!
Ну і шкадлівы ж быў, хамула,
Хоць у панкі пралез адразу:
Цаніў Ракоўскі ў ім заразу;
Вось так і віўся каля пана...
Цьфу, ты, мардасіна пагана!
Якога чыну даслужыўся —
Обер-аб'ездчыкам лічыўся,
Брахун не горшы ад сабакі.
Ён меў сабачыя адзнакі —
Брахаў налева і направа;
Была й сабачча яго слава,
І калі пахла дзе даносам,
Тады, крутнуўшы толькі носам,
Казалі згодна, ў адно слова:
«Ну, гэта штучка Арцюшкова!»
А вось і ён. Ідзе фарсіста,
Глядзіць звысоку, ганарыста,
Але зірнуць людзям у вочы
Ён штось не надта ўжо ахвочы,
А параўняўшыся з «Памдзеем»,
Ён толькі лыпнуў ліхадзеем
У бок аб'ездчыка старога,
Але не вымавіў нічога.
«Памдзей» штурхець пад бок Міхала:
«Счуў, бестыя, чыё з'еў сала».
На Арцюшка «Памдзей» ківае,
А сам нявесела ўздыхае
І выраз твару мае горкі.
— Чакаць, пам-дзееньку, праборкі! —
Прамовіў ён у засмучэнні. —
Брахнуў аб нейкім папушчэнні,
Пабіць бы гаду морды-пыцкі!

Тут быў таксама і Абрыцкі,
Стары аб'ездчык і служака,
Курэц і добры выпівака.
Любіў і ён «Тэш, проша пана...» —
Куснуць падчас неспадзявана.
Звычайна ён спаўняў тры ролі:
Або смяшыў усіх да болі,
Калі ў смяхотным захапленні
Апісваў розныя здарэнні,
Ці пераймаў таго-другога,
Або маўчаў зацята-строга
Ды пухкаў люльку задуменна,
Або гарэлку піў сумленна,
Ды не валяўся пад платамі,
Хоць скробаў добра капытамі.

У часе гэтых сесій-збораў
Было нямала абгавораў
І розных штучак, жартаў, кпінак,
Ліхіх і добрых успамінак;
То часам смехам, а то ў злосці
Перамывалі панам косці,
Рашалі розныя пытанні
Наконт сяброўскага спаткання,
І хто каму дзе стаўся варты,
І закладаліся на кварты,
Зусім забыўшыся аб лесе.
Але ўся важнасць гэтых сесій
І іх грунтоўныя асновы
Складалісь з панскае размовы,
Калі каго сам пан ляснічы
Да канцылярыі закліча.
Тады ўсё моўкла — ні гу-гу!
Звычайна ў першую чаргу
Для рапартоў і справаздачы,
Угнуўшы хвост той па-сабачы,
Ішлі аб'ездчыкі асобна
Пра ўсё паведаміць падробна:
Якія дзе былі здарэнні
Ці непарадкі, папушчэнні:
Як леснікі, яго падпаскі,
Свае спаўнялі абавязкі,
Дзе і ў каго былі парубкі,
Каб мець прычыну дзеля ўзлупкі.
Калі ж у гэтай справаздачы
Было ўсё добра без астачы
І тыдзень скончваўся шчасліва,
Тады ляснічы глядзеў скрыва:
Ты маеш, значыцца, хаўрусы
І ў адной чарцы мочыш вусы.

Тут гэты лад быў так збудован,
Што на даносах быў заснован,
І мелась тут навідавоку
Кусаць адзін другога збоку.
На гэты раз неспадзявана
«Памдзея» клікнулі да пана.
«Памдзей» падскочыў, здрыгануўся
І навакола азірнуўся.
— Ну, будзе лазня, пане-дзею!
Але за што? не разумею! —
Прамовіў ён, ускінуў плечы
І ў бег пускаецца старэчы. —
Бадай ён быў курам прысніўся! —
Убег, нізютка пакланіўся.
Стаіць пакорна і рахмана,
На крыж гатовы йсці за пана,
Старыя костачкі злажыць
І верай-праўдаю служыць...
І так зніжацца! цьфу, агіда!
Не мець ні вобраза, ні віда,
Ні нават цені чалавека;
Стаяць, бы куль, бы лялька нейка,
Глядзець на пана, як той Лыска...
Эх, так упасці і так нізка!
Затое ж пан той! паглядзеце:
Хто з ім зраўняецца на свеце?
Які ён важны, панаваты,
Выдатны, «мондры», зухаваты!
Які ён гога! які дока!
Як ён сябе нясе высока!
Пабачце гэту яго міну:
Ён — цар, ён — бог напалавіну,
Злучэнне блеску, ззяння, цені —
Сагні прад ім свае калені!..
І прад такім вось галамоўзай
Не смей стаць роўна ты, а поўзай!
«Памдзей» стаіць, пан не зважае,
Як бы то слуп ці рэч якая,
Сядзіць надзьмуты, звераваты
І разглядае асігнаты.
— Ну, ягамосцю-аматору,
Ці павяраў сваю камору? —
Зрабіўшы гэта запытанне,
«Рачок» зірнуў ліхім барбосам
І ўсё пакручвае тым носам,
Мінуту ловіць насядання.
Што адказаць трапней на гэта?
Якая хітрая тут мэта?
У чым яго, «Памдзея», ловяць?
З чаго пачнецца тая споведзь?
Якія зразяць яго стрэлы?
«Ну, ну, «Пам-дзееньку», будзь смелы!
Бог дасць, сухі ўспаўзеш на бераг».
Мамент, а думак цэлы шэраг.
— Так, павяраў, панок, вядома.
Хіба мне служба незнаёма?
— А шмат разоў быў на каморы?
— Пяць раз, «Памдзею», з пазаўчора.
— Дзе Астахновіч? Марцін! — Слухам!
Марцін на двор імчыцца духам
І зараз зноў сюды ідзе
І Астахновіча вядзе;
Паўзе з павагай Астахновіч,
Ляснік каморны з Давідовіч,
Маруда страшны, глух на вуха...
Ну, што ж? не даў Бог яму руху.
Прыйшоў, сюд-туд ён глянуў скоса
І затрубіў разы два носам,
Бо трэба ведаць, хто і дзе ты.
— Быў у цябе вось дурань гэты?
Адказвай праўду мне, Зыдоры,
Як ён даўно быў на каморы? —
Аб'ездчык страчвае надзею!
«Гэ, вось ты ліха, пане-дзею!
Цяпер папаўся, дабрадзею:
Вось так і цапне, так і цапне,
Калі ні ў пяць, ні ў дзесяць ляпне?
Каб не глухі, шапнуць бы можна.
Эх, галава твая парожна!
Ну, як тут быць? як падказаць,
Каб і Зыдоры сказаў «пяць»?»
Ён раптам момант улучае,
Пяць пальцаў моўчкі падымае.
Зыдоры згледзеў знак маўклівы.
— Пяць дзён, як быў там пан мыслівы, —
Гукнуў Зыдоры вельмі рады,
Што гэтак выйшла без парады.
«Бадай жа ты прапаў, мой мілы!
Не знаць бы век цябе, дурылы!
Ўсё сапсаваў, бадай ты знік:
Пяць дзён! пяць скул на твой язык!»
— Лайдак! — як скокне да «Памдзея»
Ляснічы-змей, ну, аж шалее,
Жыўцом грызе сваю ахвяру.
— Пся крэў твая, галгане, лгару!
Ты гэтак служыш, о, лайдаку!
Да д'ябла выганю, сабаку,
Каб не было тут твайго смроду!
Я выведу такую моду!
Павінен быць на сваім месце,
А князеў хлеб дарэмна есці
Не будзеш, псіна ты старая! —
З апошніх слоў «Памдзея» лае.
І доўга льецца гэта песня,
Як толькі з крыку ён не трэсне!
«Памдзей», прыбіты і прыгнуты,
Цярпліва зносіць крыж пакуты,
Стаіць, удол спусціўшы вочы,
І толькі зрэдку забармоча:
— Даруй, панок! нех пан даруе! —
А пан нічога не шануе
І, расчыніўшы губы-трубы,
Як непрытомны, злосны, грубы,
Шпурляе кнігі, рве паперы
І брудна лаецца без меры
Ды насядае на «Памдзея»
І ўсё не мякне, не дабрэе,
А мае дрэнныя намеры.
«Памдзей» задком, задком у дзверы
Паўзе-адходзіць ад навалы
І раптам робіць «махні-драла»,
Бяжыць на двор, увесь чырвоны.
— О ты, халера! о, шалёны!
Ото ж наскочыў, пане-дзею!
Папаўся ў лапы кату-змею! —
Гаворыць ён ды азірнецца:
Яшчэ пагонь яму здаецца.
— А ты, Зыдоры, пане-дзею,
Ты — куст альховы! о, зладзею!
«Пяць раз» паказваю, тупіца!
А ён «пяць дзён»! — цьфу, цьфу, дурніца!

ХІІІ. ПАДГЛЯД ПЧОЛ

Пакуль што досыць аб панох:
Яны прыеліся, дальбог!
Яны без сэрца і сляпыя,
І ўсе заходы іх пустыя,
І пусты іх усе імкненні
Назад ход часаў павярнуць
І дзіркі палкамі заткнуць
І перарваць жывыя звенні,
Якіх вякі не перарвалі
У гістарычным перавале.
Ім цёмна, нема кніга лёсу,
Яны не бачаць далей носу
І рубяжоў свае пасады...
Ану іх к ліху! ну іх к ляду!
Час у Парэчча зноў вярнуцца
І ў іншых хвалях скупануцца.

Парэчча — слаўная мясціна,
Куток прыгожы і вясёлы:
Як мора — лес, як неба — долы,
Зіхціць у кветках лугавіна...
А колькі ягад і парэчак!
Як пахне мёдам поле грэчак,
Калі пачнуць яны цвісці!..
Ну, як тут пчол не завясці:
Ім столькі выгад тут, прастору!

Яшчэ з вясны, ў час перабору,
Сюды прывезлі пчол калоду,
Ну, так, між іншым, для заводу.
Але ручыцца сталі пчолкі.
Знайшліся людзі для суполкі:
Хто вуллем браў пустым, грашамі,
А хто падмазваў барышамі.
І як не прымеш чалавека?
А не прыймі, то небяспека:
Памысліць ён табе, брат, зла, —
Не любіць зайздрасці пчала.
Антось у дзеле тым пчаліным
Вёў першы рэй, галоўным чынам,
Хоць гэта новая навука
На першых часах была мука,
І першы крок у новай ролі
Ён не забудзе — не, ніколі!

У летні поўдзень — была спёка —
Выходзіць рой, снуе высока
І на вярбе ўгары садзіцца —
Ніяк туды не даступіцца.
Антось бярэ куродым, сіта,
Глядзіць на гэты рой сярдзіта:
Вось не было яшчэ бяды!
Загнаў жа чорт яго туды!
Палез Антось перш па драбінах,
З драбін цярэбіцца ў галінах.
Сяк-так прыладзіў сіта крышку,
Абрус адсунуў, бярэ лыжку
І толькі чуць крануўся рою,
Гудзе пчала над галавою,
Другая ў вуха — тыц знячэўку!
Схіснуўся дзядзька наш на дрэўку
І мімавольна — хоп за сук!
Тут сіта выехала з рук,
А патрывожаныя пчолы
Спяваюць хорам, як анёлы,
Але кусаюць па-чартоўску.
«Згары ж ты лепей, рой такоўскі!»
Угнуўся дзядзька — няма рады,
На землю падаюць прылады;
За імі дзядзька наш з накропам
З вярбы на землю шуснуў снопам.
Схапіўся дзядзька ды наўцекі,
Бяжыць, як бы шалёны нейкі,
Бяжыць дваром між хлевушкамі,
Ад пчол бароніцца рукамі
Ды пад салаш бяжыць пад стрэху.
Было бяды тут, было смеху!
Ды потым дзядзька прывучыўся,
Да пчол зусім прызвычаіўся,
І бортнік быў ён акуратны,
Хоць не такі, як Кандрат, здатны...

Тым часам Спас святы мінуўся,
І лес у чырвань апрануўся.
Дрыжаць у золаце асіны,
І гнуцца кісці верабіны.
Пчала аб мёду меней дбае,
І спожыць ёй ужо не тая;
Таксама ж вуллі не пустыя:
Раі ўздужалі маладыя
І мёду трохі нанасілі.
Дык вось кумоў і запрасілі
На гэты дзень падгледжваць пчолы.
Дзянёк быў ціхі і вясёлы,
Мужчыны зранку падгалілісь,
Зусім-такі падмаладзілісь,
У ночвах голавы памылі,
І вусы спрытна падкруцілі,
Ды мылам іх пашаравалі,
Каб выдатней яны стаялі.
А для гасцей, святой нядзелькі
Надзелі новыя камзэлькі,
А боты так нашмаравалі,
Што проста шляхту касавалі.
— Зірніся, дзядзька, у люстэрку:
Хоць завярці вазьмі ў паперку,
Хоць у сваты едзь, хоць жаніся! —
Да дзядзькі жарты панясліся.
— А ты, Ламук, не выскаляйся,
Лепш нос абцерці пастарайся —
Сапляк, унь, губу ўжо мінае! —
Алеся дзядзька падцінае.
«Ламук» Алесь спускае вочы:
Сягоння дзядзька не ахвочы
Прыймаць яго такія жарты.
Алесь жа — хлопец і няўпарты;
Ён моўчкі Костусю ківае,
Пайсці на двор з ім заклікае.
Разблутаць трэба ім пытанне,
Якое ўжо карціць ад рання:
Калі, каму, дзе пасвіць статка?
— Скажу я вось як табе, братка:
Мы ўдвух з двара пагонім разам
І папасем пад тоўстым вязам.
Калі кароўкі папаўнеюць,
Бакі іх трохі пакруглеюць,
Тады запусцім на балота.
І... закіпіць у нас работа:
То ты, то я — на перамену!
І дзе я толькі мёд той дзену?
Жывот зрабіць хіба ў дзве столкі,
Як мех Баландзішын на зёлкі? —
І хлопцы ў згодзе жартавалі
Ды ў лес за рэчку паглядалі.
Пазбыўшы важнае пытанне,
Чакалі першага спаткання
З гасцьмі, якіх сюды наедзе,
Мо ўжо хто клыгае з іх недзе.
Малыя дзеці і дзяўчаткі
Вярцеліся больш каля маткі;
То часам ёй чым памагалі,
А часам проста заміналі.
У ўсіх была тут думка тая,
Што дзень сягоння не звычайны,
А дзень асобны, разнастайны,
Які ў год толькі раз бывае.

На гэты дзень і сама хата
Была прыбрана зухавата:
Памыты лавы, стол, падлога,
А каля покуця святога
Дзве сцены клёнамі убраны;
Абрусам белым стол засланы,
Святых паперай агарнулі —
Яны лагодней нейк зірнулі,
Як бы ім вельмі падабалась,
Што ім увага аддавалась.
Мужчыны зараз па сняданні
Пайшлі ў гумно на спачыванне —
Аддаць мінуту для дрымоты.
Прыветна скрыпнулі вароты,
З вясёлым шумам расчынілісь,
Ў гумне мужчыны прыпынілісь.
Ўсяго паўнютка, хвала Богу, —
Збажынкі новай і мурогу.
Здавалась, стрэхі і пярылы
Ўсяго трымаць не мелі сілы,
Бо з двух бакоў над самым токам,
Калі на іх ты кінеш вокам,
Сянцо, збажынка навісала.
Тут лугам, полем патыхала,
А на гваздзі ў таўшчэрным шуле
Цапы віселі, бы заснулі.
А вілы, граблі і мяцёлкі,
Малацьбітовы прыяцёлкі,
Каля варот адны стаялі —
Таксама працы ўжо чакалі.
— У нас сяголета — свяціся!
— Так, дзякуй Богу, паджыліся.
Эх, брат Міхась, была б то ўласнасць —
Зямля ўся гэта, сенажаці!..
Чаго б жадаць тут болей, браце?
І лес, і паша, неба яснасць,
І чысты дух, і рэчка Нёман...
Куток павабны тут захован!
— Э, каб гэта свая ўлада!
Нашто б і лепшая пасада? —
Міхал выразна замаўкае
І торпы вокам акідае.
— Так, брат! падумаць моцна трэба, —
Само не зваліцца нам з неба, —
Каб мець больш пэўны свой прыпынак
І мець у ўласнасці будынак... —
І так яны разгаманілісь,
Што й на салому не лажылісь.
І ўсё ж не бацькаўшчына гэта:
Жывеш дачасу, з лета ў лета,
А ліха вынікне якое —
Падумаць жудасна пра тое...
Чаго ж у жыцці не хапае?
Дзе гэта сіла, дзе моц тая,
Што перашкод сабе не мае
І ставіць зразу ўсіх на ногі,
Вядзе на вольныя дарогі
І свет прасторны адчыняе?
— Дзве рэчы трэба мець, каханы!
Адна рэч — розум выхаваны:
Умець прадгледзець, прылаўчыцца
На цвёрдым грунце закрапіцца.
Другая рэч, Антось харошы:
Таксама трэба мець і грошы, —
Міхал прамовіў ціхім басам.
Алесь і Костусь гэтым часам
Гасцей пад дубам вартавалі
І між сабою жартавалі.
— Згадай, Кастусь, —Алесь пытае, —
Хто першы ў госці завітае?
— Ну, хто ж? вядома — Юрка, дружа.
— Чаму? — Бо мёд ён любіць дужа,
А там, глядзі, Язэп прыпрэцца
І Фабіян з ім з Караліны...
Падвып'юць, ведаеш, мужчыны,
Ото гаворка распачнецца!
А там Кандрат вазьмецца ў бокі,
Напэўна пойдзе ён у скокі;
Яго Ялэўка падтрымае,
А Вухін песню заспявае:
«Пі гарэлку, суседзе!..»
— Глядзі, глядзі! хто гэта едзе? —
Алесь ускочыў, пазірае
І локцем Костуся таўхае.
— Ды гэта ж Вухін, брат! ён самы! —
І хлопцы кінуліся ў браму,
Бягуць навыперадкі ў хату.
— Ўжо Вухін едзе! Вухін, тата!
— Цыц! не смець казаць мянушку,
А то зніму на вас папружку!
І бацька бровы пасувае,
Пільчак чысцейшы адзявае,
Ідзе на двор для прывітання
І для пачэснага спаткання.
Андроцкі-Вухін пад'язджае
І так каня свайго спыняе,
Як бы супыну конь не мае,
Хоць конь, як вол, непаваротны
І бегчы ўжо не так ахвотны.
Кадушка-Зося сонцам ззяе;
Міхал ёй злазіць памагае.
Яна ж, як гліна, надта цяжка,
Пад ёю крэхча каламажка.
— Ну, проша ў хату! проша, кумка.
Глядзіць бутэлька з яе клумка.
Уперавалку, як бы качка,
У хату йдзе кума-сваячка.
Тут гаспадыня выбягае,
Ёй дзверы ў сені адчыняе;
Кабеты тварамі самкнулісь
І так прыемна усміхнулісь,
Як бы злучыліся дзве рэчкі,
Гарохам сыплюцца славечкі.
— А дзе ж мая дачка хрышчона? —
Спытала Зося. — Дзе Алёна?
Ваўчком Алёнка пазірае;
Яе тут Зося абнімае,
Гасцінцам дзеўчынку трактуе,
Яе і песціць і цалуе,
У вочкі ёй глядзіць прыветна —
Сама Яхіміха бяздзетна.
Алесь пад гэты шум вітання
Разгледзеў клумак ўвесь дазвання
І шэпча Костусю на вуха:
— Там, брат, гарэлка-весялуха,
І каравай, і сыр, як плаха.
Калі б не ведаць таго страху,
Ось бы дзе можна пажывіцца!
Але чакайце: даляжыцца, —
І каравая закаштую,
Цябе таксама пачастую!
І хлопцы толькі пасмяялісь
Ды вон за дзверы паімчалісь.

Яхімаў воз ужо прыбралі,
Каня на лейцы навязалі
Ў кустах альховых каля дуба,
Дзе пагуляць было так люба.
Яшчэ счакаўшы з паўгадзіны,
Язэп прыехаў з Караліны.
Жыхар заможны і выдатны,
Ва ўсім прыкладны, акуратны —
І ў гаспадарцы, і ў банкеце, —
Ў паноў быў нават на прымеце, —
Такі уважны і шляхетны,
Далёка ў воласці прыметны.
Хоць не шляхецкага ён роду,
Але падтрымліваў іх моду,
А гаспадыняй меў дваранку,
Вельмі панадную шляхцянку,
З прыгожым тварам, з тонкім станам,
Жыў у фальварку Язэп панам
І гаспадарку вёў умела.
Само сабою зразумела,
Яго спаткалі тут пачэсна
Гаспадары з гасцьмі сумесна.
А там Кандрат каня сцябае.
«Гэ, смерць турэцкая!» — гукае.
Як толькі згледзелі Кандрата,
Загаманіла зараз хата...
— Ну, вот і бортнік наш імчыцца,
Усіх насмешыць, раскрычыцца:
«Ноль! смерць турэцкая! мякіна!»
Кандрат жартлівы быў мужчына
І каля пчолак хадзіў смела,
Бо надта добра ведаў дзела
(Прынамсі, гэтак тут казалі,
Калі Кандрата разбіралі).
Прыехаў з маткаю старою,
Якую зваў часцей савою.
Худы, высокі, сухарлявы,
Для ўсіх жаданы і цікавы,
Вайшоў Кандрат і павітаўся
І пра здароўе распытаўся.
Дарота, Пальчыха старая,
Таксама хлебам дом вітае —
Такі ўжо звычай беларускі, —
У клумку выпіўка, закускі.

Калі ўсе госці пазбіралісь,
Антось з Кандратам пажагналісь,
Ўзялі і ночвы, і куродым.
— Ну, памажы, святы Мікодым...
Куды ты лезеш? ось, дурная! —
Кандрат з пчалою размаўляе,
А пчолка, нібы ў павуціне,
Ў яго заблуталась шчаціне.
Злавіў пчалу і адкідае,
Даўжнік павольненька вымае.
— Ах вы, гультайкі! плястры голы,
Хоць вы даўно старыя пчолы...
Дай дыму ім! дай, дай ім дыму!..
Га, трохі ёсць! давайце выму, —
Кандрат дзялянкі падразае,
І крэхча, бедны, і пацее,
Пчала ад дыму бы п'янее,
Ў галовы далей запаўзае.
— Насілі, бедныя, збіралі, —
А мы ў мінуту ўсё забралі, —
Тут пчолкам шчыра спагадаюць
Ды новы вулей падглядаюць,
Пакуль усіх не перабралі
І ночвы мёду не надралі.
Гудуць пакрыўджаныя пчолкі,
Бы плачуць, бедныя саколкі,
Што праца іх неспадзявана
Людскою хцівасцю забрана.

Прынеслі ночвы мёду ў хату.
На долю выпала Кандрату
Дзяліць мёд гэты між кумамі,
Жанкі ідуць сюды з збанамі.
Тут смех і жарты, таўканіна —
Найцікавейшая часіна!

І стол тым часам накрываюць,
Гасцей шумлівых запрашаюць,
Садзяцца госці, ды не зразу,
За стол не лезуць для паказу,
Бо так шляхетнасць вымагае.
Ідзе тут спрэчка немалая,
Калі пачнуць тут адмаўляцца:
— Сядай, Язэп! — Няхай садзяцца,
А я прыткнуся потым з краю.
— Ах, вось дзіўны!.. — Ну, ну, сядаю!
— Пан Фабіян, і ты, Кандраце,
Яхім, і Ян, і Юрка, — браце!
Ну, проша ж, проша! — Пасадзілі,
Такім жа чынам упрасілі
Жанок прысесці тут на ўслоне.
Антось у ход пусціў далоні
І коркі спрытна выбівае —
Так, што здзіўленне выклікае.

Крыніцы бурнага натхнення,
Мінут вясёлых, ажыўлення,
Стаяць, як біскупы, бутэлі,
І ласа ўсе на іх глядзелі.
Ляжыць гарамі ў іх падножжы
Закуска, гэта міласць божа:
Тут сыр, як першы снег, бялюткі,
Каўбас прыемнейшыя скруткі,
Што толькі ёсць у Беларусі.

Мой мілы Янка, мой Купала!
Ў агульны вір нас доля ўгнала.
Чаму ж, чаму часінай тою
Мы не спаткаліся з табою,
Каб стол сялянскага банкету
Развесяліў душу паэту?

Міхал тут чарку налівае.
— Ну, да каго ж мне піць? — пытае,
Гасцей абводзячы вачыма.
— Пускай з канца, пачні з Яхіма.
— Ну, кум Яхім, стары дружака!
Няхай міне нас гора ўсяка;
Дай, Божа, добрую прыгоду,
Каб больш налета было мёду;
Каб мы пілі, яшчэ прасілі,
Каб на галовах захадзілі,
Дык будзь здароў! — Ну, дай жа, Божа.
— За ваша, госцейкі, здароўе! —
І пасля гэтага прыслоўя
Міхал куляе чарку гожа;
Глынуў і губы абцірае,
Яхіму чарку налівае.
І з рук у рукі ходзіць чарка,
Шаломіць голавы ім шпарка,
І госці штораз весялеюць,
І больш іх твары чырванеюць,
А голас крэпне і дужае,
І смех гаворку аздабляе.
Для ўсіх ласкава і пачціва,
Як бы пад ветрам тая ніва,
Гасцей частуе гаспадыня
І на ўсіх чыста вокам кіне,
То сыр, то масла ім падносіць
І закусіць так шчыра просіць:
— Ну закусеце ж, калі ласка!
Вось проша сыру, проша мяска
Ці кумпячка або каўбаскі,
Ну, пірага хоць закаштуйце!
Бярэце масла, не шкадуйце!

Бутэлька выпіта; другая,
Як бачыш, месца заступае,
А госці вокрыкам здзіўлення
Яе вітаюць тут з'яўленне.
Жанкі таксама балявалі
І ад мужчын не адставалі,
Але ад іх адмежавалісь —
Сваёй гарэлкай частавалісь.
Гарэлка ж іх тым адразнялась,
Што ў бутлі слодыч дадавалась.
І вось зірнуць было цікава,
Як у жанок вялася бава
І колькі мілых было сварак,
Як адмаўляліся ад чарак!
— Ну, проша ж, пані Юзафова!
— Ой, не, не, кумка, даю слова!
Зусім я п'яна, бойся Бога!
— Ну выпі ж, кумачка, нічога! —
Кума на просьбу паддаецца,
За чарку тройчы ўжо бярэцца
І толькі-толькі прыгубляе
І чарку зноў не дапівае
І руку цягне да бутэлькі.
— Не дам, кума! не дам, Анэлька!
(Бо ўжо так звычай вымагае:
Хто чарку п'е, той налівае.)
Ну, выпі ж чысценька-чысцютка!
— Ой, я ж п'янею вельмі хутка!
Язэп мой лысы, унь, сярдуе! —
Куму Анэлька тут цалуе
І адмаўленне тым канчае,
Што гэту чарку асушае.
І вось жанчыны не стрывалі
І песню-кпіну заспявалі,
Каб пасмяяцца з нежанатых:
З Антося, Яські і Кандрата.

«Сядзіць дома, як пужала,
Не з кім слова мовіць;
Ой, жаніся ж: часу мала,
Старасць цябе зловіць!
Пастарэеш, небарака,
Дзеўкі ўсе зракуцца,
А ты будзеш, як сабака,
Туляцца і гнуцца,
І падлізваць будзеш місы,
Не свае — чужыя!..
Дык жаніся, Кандрат лысы,
Жанецесь, дурныя!»

— Ну, зацягнулі ўжо, завылі!
Адно б вы толькі і жанілі!
У, турэцкія вы свацці!
Як вас няма, то й ціха ў хаце! —
Кандрат вачыма тут бліскае,
А Яська, брат яго, спявае:
«Я — адзін; сцежкі мне
Адчынены ўсюды.
А як жэнішся, тады —
Не хадзі нікуды.
Я — адзін, я — казак,
І на ліха жонка?
Яна звяжа цябе,
Чортава галёнка!
Бог мужчыну стварыў,
Потым памыліўся;
Драў чупрыну Адам,
Што з Евай жаніўся».

— Вось так вы іх! вось малайчыны! —
І аж не ўрымстуюць мужчыны.
— Ну, выпіць, выпіць, хлопцы, трэба!
Яхім! пускай, брат, да Язэпа!
— Не, брат Міхась, дальбог, не буду!
— Пі!.. не люблю цябе, маруду! —
Яхім дайшоў да пункту тога,
Дзе ён у сведкі клікаў Бога,
Што больш не вып'е ўжо нічога.
Але Яхімаў звычай зналі,
Дружней мужчыны насядалі,
І наш Яхім хоць і бажыўся,
Але й з бажбою піць злажыўся.
А далей ён такім жа чынам
Рабіў замінкі тут мужчынам,
Але піў чарку ў чарку з імі —
І вось ён лыпае вачымі
І рукі зараз разнімае,
Старую песню зачынае:
«Ой, ляцеў авадзень,
А насустрач мушка.
Прыхіліся, кума:
Пашапчу на вушка!»
На хату Ганна выступае,
У ладкі плешча, падпявае:
«Заіграйце, музыкі,
Каб я паскакала;
Купіў бацька чаравікі,
Каб я патаптала!»
Мужчыны выклік той прымаюць
І Фабіяна выпіхаюць.
У скокі зараз жа пусціўся
Наш Фабіян і закруціўся.
«Падзівіся, Гапка,
Як трасецца шапка!»
А замест шапкі валасамі
Трасе, як вецер каласамі,
І размінае свае косці.
І разышліся нашы госці.
Тут грэбень Пальчык Ян хапае,
Сюды паперку далучае
Ды так жа грае спрытна, здольна,
Што ногі скачуць мімавольна.
«Без музыкі, без дуды
Ходзяць ногі не туды;
Грай жа, дудка мая!
Куды дудка, туды я!»

Сам гаспадар з кумой Анэлькай,
Руку прыгнуўшы над камзэлькай,
На панскі лад мяце-вальцуе,
Ўсіх далікатнасцю касуе.
Таксама Юзаф з Караліны
Не траціць добрае часіны —
І з гаспадыняй так кружыўся,
Аж покі потам лоб не змыўся.
Андроцкі кінуў і бажыцца,
Сядзіць, не можа варушыцца;
Адзін з ім Юрка яшчэ бае;
Яхім жа тоненька спявае:
«Пі гарэлку, мой суседзе,
Покі п'ецца!
Конь дадому сам заедзе,
Не саб'ецца».

— Скакаць хачу! Хто мне паграе?
Музыку! — Пальчык Ян гукае.
І, не чакаючы адказу,
У танцы рынуўся адразу.
Прысеў наш Яська, закруціўся!
Ды як пайшоў, ды як пусціўся!
Адкуль і дзе і што бярэцца —
З дарогі ўсё змяце, здаецца.
«Там-там! тара-рам!
Там-та-ціта, ці-та-там!
Хадзі, хата, хадзі, печ!
Не шкадуй жа сваіх плеч!
Я найму дудара,
Дударыка-камара.
Грай, дударыку, грай,
А ты, муха, выцінай!
Грай на скрыпцы, сляпень,
На басэтлі, авадзень!
Чмель, у бубен бубні!
Шэршань, песню утні!
Я хачу паскакаць,
Ўсіх на баль пасклікаць.
Разгарніся ж, душа!
Сцеражыся Тамаша!
Бо тады толькі пан,
Калі добра я п'ян;
Тады весел і рад,
І сам чорт мне не брат!..
Там-там, тара-рам!
Там-та-ціта, ціта-там!
Лысы чорт бег з балота:
Надаела адзінота.
І хіцёр, а змыліўся,
Ажаніўся — і ўтапіўся.
А не будзь, чорце, слабы
І не рэмсціся да бабы:
Баба доўгі волас мае,
Каго хочаш ашукае —
І Язэпа, і Міхала,
А мяне не ашукала!
Хіба толькі розум страчу,
То й я тое ліха ўбачу.
Але не, не да чакання!
Не пацерплю ашукання!»
Тут госці з месца паўставалі,
У ладкі білі, падпявалі.
— Бадай ён скіс! ото прыўдаўся! —
А Пальчык пыху набіраўся
І ўсё нагамі вырабляе,
Як бы сам чорт яго шугае;
І плечы скачуць, рукі ходзяць
І ў абурэнне ўсіх прыводзяць.
Тым часам стала і змяркацца.
— Панове! час, ой, час збірацца!
— А пасядзеце, пагуляйце,
Павесялецесь, паспявайце.
— Ну, песню, песню! пачынайце!
«Ой, пара вячэраць, няма ж бацькі дома.
Ці яму дарожка гэта незнаёма?
Ці ён памыліўся, ці конічак збіўся?
Ці сярод дарогі ён адзін спыніўся?
Блудная дарога, ды конь яе знае,
Толькі ж конік волі сам прыйсці не мае.
Ой, хто ж па дарозе каня паганяе,
Каня паганяе, сам песню спявае?
А то сусед едзе з гасцінцам вялікім —
Вязе сыну боты, дочцы чаравікі.
А нашага бацькі ўсё няма — гуляе
І пра сваю хату, пра дзяцей не дбае.
Пара спаць лажыцца, няма бацькі дома,
І дарога біта і добра знаёма.
Вось і поўнач скора, а ўсё няма таты!..
Ой, пара нам, госці, ой, пара дахаты!»
І нейкі жаль няяснай страты
Ад гэтай песні патыхае.
На свеце ўсё канец свой мае,
І ты, мінуціна змяркання,
Спяеш нам песню расставання.
І госці свой банкет канчаюць,
Адны другім дабра жадаюць,
А ў час апошні развітання
Стаялі цмокі цалавання.
— Ну, выбачайце ж, не крыўдуйце!
Калі што кепска, то даруйце!

ХІV. ДАРЭКТАР

Зварот пары, зніканне лета...
То — водгулле душы паэта,
То — смутны вобраз развітання,
То — струн дрыгучых заміранне,
Натхненнай песні жаль сардэчны,
Жыцця і смерці — сымбаль вечны!
І люб і смуцен час прыгоды,
Калі душа ўсяе прыроды
З тваёю злучыцца душою
Ў адным суладдзі і настроі!
І ты маўчыш, маўчаць і далі,
Як бы ў адной агульнай хвалі,
Ў адной асветленай часіне
Жыццё злучыла свае плыні
І бег свой вечны прыпыніла,
І неба твар свой адчыніла.
На залаты парог паўдзення
Скрозь бела-руннае адзенне
У багне неба ясна-сіняй
Ступае сонца, як багіня,
І стрэлы-косы раскідае,
Як чараўніца маладая.
Пад гэтай ласкаю зіяння,
Ўспагадна-добрага ўзірання,
Ўсё заспакоілася: неба,
І поле знятага ўжо хлеба,
І гэта даль, і лугавіны...
На ніцях белай павуціны
Прывозяць восень павучкі.
Яе красёнцы, чаўначкі
У моры лесу мільгатнулі
І лісце ў багру апранулі;
І з кожнай лісцевай галоўкі
Глядзіць твар восені-свякроўкі.
Павее ветрык — шурхнуць травы:
Няма ў ім ласкі, ні забавы.
Не — то не шолах каласочкаў,
Не смех блакітных васілёчкаў
У межах росных збажыны;
Не — то не музыка вясны,
А ціхі жаль і нараканне,
З жыццём і з сонцам развітанне.
Шыбуюць гусі ў край далёкі
І жураўлі ў той самы край.
— Бывай жа, лецейка, бывай!
Бывайце, родныя валокі!

— Ну, — кажа раз Міхал, — як будзе?
Ўжо вучаць дзеці ў школцы людзі;
Пара б і нашым за навуку...
Аддаць у школку іх — не ў руку:
Давай харчы, наймі кватэру... —
І бацька тут, як на паперу,
Стаў вылічаць расходы, страту
І кончыў тым: лепш к сабе ў хату —
Не трэба й кланяцца Яхіму —
Наняць дарэктара на зіму,
Ну хоць бы Яську Базылёва.
— Дамо рублёў тры і — гатова!
А хлопец спрытны да навукі.
— Ну, Яська — майстар на ўсе рукі:
Як да сярпа, так і да кнігі.
Але ці будуць хлопцы слухаць?
Каб не прыйшлося часам нюхаць
Яму ад вучняў сваіх хвігі? —
Антось заўважыў. — Як-то хвігі?
Няхай асмеляцца, псялыгі!—
Ўскіпеў Міхал: — А гэта што?
Як адсвянцаю разоў сто,
Як адлуплю — тры дні не сядзе! —
Тут вочы ўніз спускае Ўладзя
Ды слова ўставіць смеласць мае:
— Я больш забыўся, як ён знае...
— О, ты разумны! ты ўсё ўмееш.
А пяць ды два не зразумееш:
Дурны ў задачах, як дубіна! —
Спыняе бацька грозна сына. —
Але вучыцца мне без дуру,
А не — як з гада спушчу скуру!
Ўсё разумець павінны самі! —
І бацька ўсіх абвёў вачамі,
Кіўнуў выразна на аборку.
На тым і кончылі гаворку.
Яшчэ дарэктар не з'явіўся,
А Ўладзя хлопцам пабажыўся,
Што ён за вуха ўзяць не дасца,
Няхай лепш возьме яго трасца!

У дзве нядзелькі па Пакровах
Прывезлі Яську ў лапцях новых;
За ім два боты без абцасаў —
Насіў іх Яська з даўніх часаў,
Ад брата «Кіксы» дасталіся —
На ўсякі выпадак нясліся.
— Ну, вось дарэктар вам, глядзеце! —
Міхал ківае тут на Яську. —
За кнігі заўтра і за ўказку,
Бо грошы бацькавы — не смецце,
Каб мне вучыліся старанна!
Не патураць ім анізвання! —
Міхал звярнуўся к «дарактору»:
— А не паслухае каторы —
Цягні за вуха на калені:
Знайду лякарства я ад лені!
А будзе йсці навука туга,
Падгоніць бацькава папруга!
Стаялі хлопцы і маўчалі,
На Яську зрэдку паглядалі;
А сам дарэктар, з вузел ростам,
Ў сваім уборы бедным, простым,
У зрэбных портках і кашулі,
Стаяў, як бы яго прыгнулі,
Такім мізэрным і маўклівым,
У халаце суконным сівым.
Счакаўшы трошкі, ён ачнуўся,
Прыйшоў у памяць, азірнуўся.
Ён знаў усіх, і яго зналі;
З Уладзем колісь сябравалі,
Але цяпер не тыя часы
Рабіць нязручна выкрунтасы,
Бо цвёрда помніць, ведаць трэба:
На ім ляжыць цяпер вучэба.
Ён толькі летась скончыў школку
І веды меў у адну столку,
Ды й тых патраціў з палавіну,
У поле гонячы скаціну.
Таксама хлопцы разважалі
І, як трымацца з ім, не зналі:
Ці мець яго запанібрата,
Ці лепш з ім быць далекавата.
Уладзік зараз — шмыг у дзверы!
(Такія меў ужо манеры.)
Ды йшоў пыніць ён гаспадарку.
З навукай хлопец штось не ладзіў,
А Еўтушэўскі яго гадзіў,
Ярэмцам клаўся ён на карку.

Алесь за комінак схаваўся,
Адтуль на Яську прыглядаўся
І думаў там сабе без шуму
Якуюсь смешную, знаць, думу,
Бо зрэдку ўголас усміхаўся.
Яшчэ раз Яська азірнуўся,
Павесіў шапку, распрануўся —
Як вузел, хлопец невялічкі!
Крыху маркотна з непрывычкі,
Бо тут так ціха, глухавата;
Лясы, кусты і адна хата;
Тут жыць сапраўды страшнавата:
Лагчыны, яміны, раўкі —
Тут, пэўна, шворацца ваўкі
І злыдні ходзяць, ваўкалакі...
Папаўся ён тут, небарака!
А лес пануры і страхлівы.
Дарэктар наш быў палахлівы;
Няма ні веры, ні надзеі
На вельмі добрыя падзеі.
Эх, цяжка жыць тут будзе, цяжка!
І нават каецца наш Яська,
Нашто даваў ён сваю згоду.
Каб знаў — не ехаў бы ён зроду,
Бо прападзе ён тут, як мыш,
Але ўжо выпілі барыш,
І сам ён чарку выпіў. Шкода!
У запек Яська йдзе, садзіцца —
Да дзела ж трэба прыступіцца!
Хоць і папаў ён у няволю,
Але выконваў сваю ролю,
Бо так і гонар ты свой згубіш.
— Ну, ты, Костусь, чытаць любіш? —
Дарэктар Костуся пытае,
Абы хоць гутарка якая.
— Люблю, але яшчэ не ўмею:
Складоў ніяк я не здалею.
— Ну, гэта, брат ты мой, паўгора:
Склады чытаць ты пойдзеш скора,
Абы каб літары нам знаць,
А на склады ўжо — напляваць.
Паслібізуеш, і нічога —
Не трэба розуму тут многа.
А як Алесь? — Алесь вучыўся.
Пісаць ён нават налажыўся, —
Гаворыць Костусь пра Алеся.
— Што ўжо з мяне вы смеяцеся? —
Алесь аклікнуўся ім з печы. —
Хоць і пішу, ды недарэчы;
Калі што й ведаў, то забыўся,
Бо ўжо даўно пісаць вучыўся.
— Цябе ж нябось вучыў Лапата, —
Ўступіўся Костусь зноў за брата, —
Ты ў школе быў, Алесь, паўгода,
Пісаў на дошцы «кучка», «мода»,
Пісаў і «конь», і «вецер вее»...
Не, — наш Алесь пісаць умее!
— Ну, гэта я-то трохі знаю,
Хоць часам сам не расчытаю,
Што напішу, — такі пісака, —
Не расчытае і сабака.
Алесь за бэльку сунуў руку,
Раз справа ходзіць пра навуку,
Дастаў сваю цятрадзь старую.
— Вось паглядзі, як я малюю,
Якіх я тут наставіў птушак,
Каракуль розных, завітушак.
Вось гэта — «кучка», гэта — «мода»,
А гэта — «конь», а тут — «калода»;
А тут пісаў дзядзька Антось,
Ён піша хораша, нябось,
Няпраўда? можна падзівіцца.
Ён штось пісаў тут яшчэ ўлетку,
Як браў кабылу на заметку,
Калі ёй трэба жарабіцца.
Глядзелі ўтрох на гэты сшытак
І ўсё разгледзелі да нітак.
І хлопцы тут пасябравалі,
Язык і Яську развязалі,
Сышлі з навукі на другое:
Зайшла іх гутарка аб тое,
Чым гэты кут багаты, слаўны,
Сярод звяроў тут лось быў глаўны.
І вучням нават тут прыйшлося
Сказаць дарэктару пра лося:
Які вялікі ён, рагаты,
Паджары і стрынгаляваты,
Калі глядзець на яго ззаду,
А з галавы — раголь-грамада!
За ім шоў воўк, зайцы, куніцы
І многа ўсякае драбніцы:
Барсук, каза, лісы, вавёркі,
Тхары, і ласіцы, і норкі.
Дарэктар слухаў з захапленнем,
Дзівіўся розным тут здарэнням:
Як барсука ў Парэччы білі,
Як тут куніц, тхароў лавілі,
Які характар, нораў звера,
Якая воўчая манера;
Таго не чуў наш Ясь ніколі,
Хоць быў чатыры гады ў школе.
А на канцы, як пра гасцінец,
Сказалі Яську пра звярынец,
Каб скончыць тым усе навіны.

Звярынец — загарад казіны —
Ўсё гэта — панскія забавы.
І сам звярынец быў цікавы:
Высокі, зложаны з бярвення
І такі моцны — на здзіўленне!
Каб воўк да коз не мог дабрацца
Ні праз той верх, ні падкапацца —
Не ўсунеш пальца там нідзе ты.
Адным крылом звярынец гэты
Сюды выходзіў на дарогу.
Займаў ён цэлую разлогу:
І лес, і луг, і часць крыніцы.
Улетку ў ім растуць суніцы,
Іх хлопцы бралі колькі шапак.
У ельняку з яловых лапак
Стаіць салаш, як тая хата.
Раней тут коз было багата,
Крыху наўперад, не ў іх часе,
Ды тая плойма ўся звялася,
Так перадохла яна марна;
Цяпер жа ёсць тут толькі сарна
Ды даніель, казёл адзіны,
А рогі тыя, як галіны,
Адно здарэнне аб казле тым,
Што мела месца прошлым летам,
Апавядалі хлопцы Яську,
Як найцікавейшую казку.

А гэта справа так была.
Каня ў кампанію казла
Пускалі нанач у звярынец.
І вось які казёл злачынец:
З канём знаёміцца, сябруе,
Так след у след і спацыруе,
І разам ходзяць, і гуляюць,
І разам ночы каратаюць —
Ну, словам, сталі дружакамі.
Ад дружбы к гульням пераходзяць,
Ды тыя гульні часта шкодзяць:
Казёл каня штурхець рагамі!
Штурхель быў нагла-нечаканы,
І ў жываце каня — тры раны!

Ідзе-цячэ ў хлапцоў размова —
І Яська зрэдка ўставіць слова,
Пра сёе-тое распытае —
Размова ладная, жывая!
Страхоў такіх тут наказалі,
Што ў Яські коленкі дрыжалі,
І нізавошта па вячэры
Не смеў ён выйсці вон за дзверы;
А перад тым, як спаць лажыцца,
Ён мусіў к хлопцам паддабрыцца,
І хлопцы цёмнаю парою
Ішлі на двор з ім грамадою
І там стаялі, не йшлі ў хату,
Пакуль з натурай меў расплату.
Затым у запек шлі і спалі,
Туды ж і Яську яны бралі,
Ён у сярэдзіне лажыўся,
Ляжаў маўчком, не варушыўся,
Абы не легчы толькі з краю:
— Бо я з вас коўдру пасцягаю.
Якое ж будзе вам тут спанне? —
Казаў наш Яська ў апраўданне.

ХV. «НАЧАТКІ»

Мінула ночка. Дзень праз вокны
Знішчае цёмныя валокны,
На печ, у запек зазірае
І ночку з хаты выціскае.
У печы ўжо палаюць дровы,
І іх астатнія размовы
Так гучна, бойка застралялі,
Як бы паны запалявалі.
Хлапцы памыліся рупліва
І ўсе з дарэктарам пачціва
Пасталі ў рад прад абразамі.
— Маліцеся ж вы... са слязамі!
Каб даў Бог здольнасці, ахвоты
Да вашай новае работы,
Панятнасць добрую і памяць
Ўсё браць на розум вам і цяміць,
І каб да кнігі вас гарнула, —
Сказаў Міхал сынам прачула.
І хлопцы ў нейкім захапленні
Пасталі раптам на калені
І так набожненька малілісь,
Што аб падлогу лбамі білісь.
— А па сняданні — за навуку!
І не чакаць мне на пануку,
І самі знайце свой парадак,
Каб і да кніг, як да аладак,
Таксама дружна наляталі.
Дарэктар, хлопцы — ўсе маўчалі,
Схіліўшы ўдумныя галовы,
Пакуль цягнуліся прамовы.
— А ты, дарэктар, ведай дзела:
Прыпры іх добра, як вужакаў,
Каб аж заенчыў і заплакаў,
Каб у галовах іх кіпела!
Калі ж чаго не зразумее,
Або не ў часе задурэе,
Ці так падыме часам спрэчку, —
Стаў на калені і на грэчку!
«Ого! — падумалі хлапяты. —
Няўжо дарэктар так заўзяты,
Што будзе права сваё правіць
І на калені штодзень ставіць?
Ну, што ж? пабачым, памяркуем,
А здзеку, кпін не падаруем.
Няхай адно кране за вуха:
Як выйдзе ён на двор, псяюха,
Адзін без нас, як цёмна стане,
Тады што скажаш нам, Іване?»

Але навука аказалась
Не гэтак страшна, як здавалась.
Дарэктар выдаўся мяркоўны
І лепшы нават, як свой кроўны;
Умей з ім толькі пагадзіцца,
Раменным вушкам паддабрыцца
Ці падшыванку звіць на лапаць, —
За вуха ён не будзе цапаць,
Наадварот: тады ты — дока,
Ў навуцы пойдзеш ты далёка.
І толькі Ўладзя хібіў часта:
Задач ніяк не браў і — баста;
Як з ім дарэктар наш ні біўся —
Ні з месца, раз ужо спыніўся;
А не — на злосць яму гаворыць,
А то часамі з ім і спорыць
Ці проста дражніцца, смяецца
І ўзяць за вуха не даецца.
Тады дарэктар адступаўся
І да другога зварачаўся.
Ды толькі вось чым скутак дрэнны:
Міхал быў сам крыху пісьменны
І падлавіў ён раз Алеся:
Ў законе божым, як у лесе,
Не цяміў хлопец нічагутка;
Адам і Ева, збойца Каін
Разоў пятнаццаць ім аблаен,
Але няма ўсё таго скутку:
Два словы скажа і запнецца,
Бы галава там чым заткнецца,
Ну проста зробіцца як звон,
Алеся лаюць за закон:
— Ото бяспамятны дурніца!
Бадай ты спрогся быў, тупіца! —
Смяюцца, строяць з хлопца кпіны,
Няма спакою ні часіны.
Алесь пакутуе і плача:
Надыдзе ж гэтака няўдача!
І вось, зашыўшыся на печы,
Ён разважае недарэчы:
Як тут зрабіць і што парадзіць?
Куды б «закон» яму справадзіць?
— Згарэлі б вы былі, «начаткі»!
Парву нашчэнт вас, небажаткі!..
А што ж? пакромсаць іх, і квіта!
Абы зрабіць тут шыта-крыта!.. —
Алесь па сталым разважанні
Прыйшоў да тога праканання,
Што каб палепшылась вучэба,
То гэту кнігу знішчыць трэба.
І вось уночы наш дабродзей
Ўстае і крадзецца, як злодзей,
І кнігі з скрынкі выкідае,
І пад сталом іх растрасае,
А ненавісныя «начаткі»
Парваў па самыя акладкі:
«Вось вам, Абрам, Ісак і Якаў!
Паплачце вы, бо я ўжо плакаў!»
Зрабіўшы строгую расправу,
Ён кінуў далей іх пад лаву,
Як быццам тут каты гулялі
І штук такіх навытваралі
Сваімі гульнямі і скокам,
І скрынку ставіць Алесь бокам.
Паслухаў: не — ніхто не чуе,
І ў запек ціхенька шыбуе.
Назаўтра раненька дасвету
Руплівасць матку падымае.
Яна ўстае, крыху ўздыхае,
Работа розная чакае,
І рух находзіць на кабету,
Карчажку паліць на камінку,
Садзіцца прасці на часінку,
Пакуль у печы не падпаліць,
Тады работа ўся наваліць.

І дзядзька зараз абудзіўся,
У вокны глянуў — мо спазніўся.
— Ох, трэба ж борзда абувацца
І з малацьбою паспяшацца,
Бо мышы збожжа й так паелі, —
І злазіць борздзенька з пасцелі.
Алесь не спіць — ён у трывозе:
Што на сягонняшняй дарозе
Яго з «начаткамі» чакае?
Як сойдзе хітрасць яго тая?
А як успомніць пра «начаткі»,
Так і палезе душа ў пяткі.
Абуўся дзядзька, штось шукае
І раптам голасна пытае:
— А во! хто ж кнігі так раскідаў?!
Алесь нічым сябе не выдаў,
Заплюшчыў вочы і чакае,
Чакае, што тут далей будзе.
— Скажэце, міленькія людзі!
Мае ж вы родненькія маткі!
Як расчвартованы «начаткі»! —
Пад лавай дзядзька вядзе следства.
— Якое зроблена калецтва! —
І маці прасці перастала,
Глядзіць і дзівіцца нямала.
— Каты напэўна, — кажа маці, —
Бо гэтак бегаюць па хаце,
Калі разыдуцца часамі!
Алесь падзячан добрай маме,
Бо маці ў тон яму трапляе
І на катоў віну ўскладае.
І бацька ўстаў на гэту справу
Пабачыць дзіўную праяву.
«Ўсё будзе добра, калі тата
Не надта возьмецца заўзята», —
Алесь пад коўдрай разважае,
І страх мацней яго шугае.

Да кніжак тут усе сышліся,
І разважанні пачаліся.
«Начаткі» доўга разглядалі,
Як іх «каты» пашматавалі.
Алесь за печчу весялее,
Але падняцца ён не смее,
Каб там чаго не наплясці,
На след старэйшых не ўзвясці...
«Не: трэба ўстаць, устаць, канечна,
Бо так ляжаць, брат, небяспечна!»
Яго аж коле пад лапаткі.
Ўстае, глядзіць ён на «начаткі»,
Глядзіць ды ў слёзы! Як заплача!
«Ах ты, халерына кацяча!»
Алесь прыйшоў у гнеў, у дзікі,
І ў абурэнне, жаль вялікі,
Катоў ён бедных б'е, ганяе,
За хіб у сені выкідае,
Як бы яму тыя «начаткі»
Мілей і бацькі, мілей маткі.
— А гэта Каіну не шкодзіць:
Нашто ён Бога ў зман уводзіць?
Няхай братоў не забівае!
«Начаткі» дзядзька разглядае,
Ківае хітра на Алеся:
— Няма ні Сіма, брат, ні Хама,
Падралі ў дрэбезгі Адама,
А Ева дзесь сядзіць на стрэсе,
Нідзе не знойдзеш Саламона,
Кот на хвасце панёс Самсона.
Тут, брат, Ісая і Агей,
Прарок Ілья і Елісей.
Пастаў цяпер ты Богу свечку,
За цэп бярыся ды за грэчку,
«Начаткі» ж сунь ідзі пад стрэху!
І аж заходзіцца ад смеху.
— А каб яны павыдыхалі!
Чаму задачніка не рвалі? —
Сказаў Уладзя ў засмучэнні:
— Дае ж такія Бог здарэнні,
Але не мне яны трапляюць,
Мяне заўсёды абмінаюць.
Тут нават бацька не стрымаўся
І нечакана засмяяўся.

Алесь пачуў — мінула ліха.
І сам сябе ён хваліць ціха,
І так на сэрцы праяснілась,
Як бы гара з плячэй скацілась.
І думаў ён і пацяшаўся,
Што ўжо з законам паквітаўся,
І цэлы дзень ён быў вясёлы,
Як бы яго няслі анёлы.
Ды памыліўся ён без меры:
Прыходзіць бацька па вячэры,
Алеся з запеку ён кліча
Ды ў нос «начаткі» яму тыча:
— Глядзі ж ты іх цяпер, як вока:
Папруга ўжо не так далёка;
Калі каты іх зноў парвуць,
То пухіры тут паўстаюць! —
І тое месца сына-блазна
Айцец паказвае выразна.

Алесь, у смутку джургануўшысь,
Пашыўся ў запечак, сагнуўшысь.
І доўга ён заснуць не можа:
Зноў Лот, Абрам... Мой моцны Божа!
Ўваччу «начаткі» мітусяцца,
Ад іх няможна адвязацца;
Зноў тая самая бядота,
Зноў слёзы, крыўда і згрызота.
Адно Алеся суцяшала —
І Кастуся бяда спаткала:
Кастусь на «веруі» сеў макам, —
Абодвум кепска, небаракам!
І кажа раз Алесік брату:
— Закінем кнігі ў снег, за хату, —
Ты «верую», а я «начаткі»,
І пойдуць іншыя парадкі.
— А будуць біць? — То што? паплачам,
Затое ж потым мы паскачам.
— А тата кніжак зноў дастане?
— Ну й што? і тым дамо мы рады,
А там падыдуць і Каляды,
А там, дасць Бог, вясна настане...
Эх, брат: які ты баязлівы!
Не бойся, Костусь: будзем жывы!
Чаго баяцца? нічагутка!
Закінем іх у снег ціхутка.
А ты маўчок! ні шэп! ні слова,
І ўсё, брат, пойдзе адмыслова.
— Не, брат Алеська, не рабі ты,
Бо тата наш такі сярдзіты!
— Дык ты не хочаш? — Не: баюся!
— Адзін і я, брат, адступлюся, —
Сказаў Алесь і засмуціўся
І ў свае думкі углыбіўся.
На скорым часе ранічкою
Алесь у кепскім быў настроі:
Хадзіў, бурчаў, не змоўчваў маме,
Ўсё дагары вярнуў нагамі.
— Бадай яны былі згарэлі!
І дзе чарты іх тут падзелі?..
— Чаго ты шворышся, мармотка? —
Ў пытанні маткі злосці нотка
Зусім Алеся угнявіла.
Зірнуў на матку ён няміла.
— Няма «начатак»! — Зноў «начаткі»?
Калі ўжо будуць ім канчаткі? —
Ён ператрос і вугалочкі,
Як ёсць, аблазіў і куточкі;
Глядзеў за бэльку і ў пячуру,
Падняў такую шуру-буру,
Што хоць ты з хаты выбірайся
І тых «начатак» адцурайся.
Алесь раскіс і не ў гуморы.
— Мо іх забраў Марцін з каморы?
(Марцін нядаўначка з кватэры
Прыносіў нейкія паперы.)
Алесь Марціна прыплятае
І ўсё шукае ды шукае,
І не знаходзіць сваю страту.
З гуменца бацька шусь у хату!
І, не гаворачы нічога,
Рвануўся раптам да малога!
Аж задрыжаў. І ў момант вока
Ўгары матнуўся пас высока
І ў тую ж самую хвіліну
Агнём апёк Алесю спіну.
Алесь заенчыў праразліва,
Упаў і зноў схапіўся жыва,
А дзеці ў плач, у енк, у слёзы,
І ўсе разбегліся, як козы;
А бацька, страшны, поўны злосці,
Алеся лупіць без літосці;
І маці рады даць не можа —
Так моцна бацька абурыўся.
Даў Бог, Ксавэры налучыўся.
— Пакінь, Міхал! пакінь, нябожа!
Апамятуйся, ці так можна?
Насмерць заб'еш неасцярожна! —
Прыбег і дзядзька на падмогу,
Насілу вырвалі нябогу.
А бацька сек, пытаў скрозь гнеў:
— Куды «начаткі», гад, задзеў?
Алесь без вопраткі і босы
Бяжыць у снег, проставалосы,
За хлеў ён чэша без аглядкі:
— А во яны! а во «начаткі»!

І мушу я адно зазначыць,
Няхай тут праўду кожны ўбачыць,
Што гэта прыкрае здарэнне
Пайшло яму на паляпшэнне.

ХVІ. ВЕЧАРАМІ

Малюнкі родныя і з'явы!
Як вы мне любы, як цікавы!
Як часта мілай чарадою
Вы ўстаяце перада мною!
І так панадна смеяцеся
Жывою баграю на лесе,
І златаблескімі снапамі
Праменняў-стрэлаў над палямі,
І брыльянцістаю расою,
Калі гарачаю касою
Скрозь лісцяў сетачкі-аконцы
На ёй заззяе ціха сонца,
Яе так песціць, так кахае,
Па ёй вясёлкі рассыпае!
Я бачу роўныя пакаты
Палёў за Нёмнам і іх шаты —
Аўсоў палоскі, лавы жыта,
Што морам золата разліта;
І грэчак белыя абрусы,
І лесу два крылы, як вусы,
І цёмны роў, вадой прабіты,
Такі зацяты і сярдзіты;
Ялоўцаў шэрыя аблогі,
Дзе белы мох, сівец убогі
Пясочак жоўты засцілаюць
І дзе зайцы прыпынак маюць.
Я чую шум рознагалосы
Лясоў, лугоў, дзе звоняць косы
У часе дружнай касавіцы;
Я чую громы навальніцы,
І шум глухі буйных дажджоў,
І песні звонкія палёў,
І ціхі плач ускрай магілы.
Даўно заціх іх голас мілы,
Даўно ўсё змоўкла і прапала,
Іх толькі памяць захавала.

Але нявіднымі ніцямі
Я моцна-моцна звязан з вамі,
Малюнкі роднае краіны!
Эх, зараслі вы, пуцявіны
У гэты мілы мой куточак,
Дзе ные жоўценькі пясочак
Пад летнім сонцам, пад спякотай
І ззяе смутнай пазалотай
Над самым Нёмнам срэбраводным,
Так сэрцу блізкім-блізкім, родным.
І зараслі не палынамі,
Не крапівой, не драсянамі,
Не чаратом, не лебядою —
А беларускаю бядою.
Ды покі будзе сэрца біцца,
Яно не зможа пагадзіцца
Ні з гэтым гвалтам, ні з бядою
Над нашай роднаю зямлёю...

Эх, мілы край адвечнай мукі!
Пракляты будзьце, вусны, рукі,
Што на цябе ланцуг кавалі
І ў твар зняважліва плявалі!
Няхай агонь і жар пакуты
Навекі спаліць здзек той люты,
Які спрадвеку там пануе,
Над тым, хто родны скарб шануе
І хто ўсім сэрцам і душою
Астацца хоча сам сабою.
Жыві ж, наш край! Няхай надзея
Гарыць у сэрцы і мацнее,
Што хоць не мы, дык нашы дзеці
Убачаць цэльным цябе ў свеце!

Алесь на дзеле праканаўся,
Што ён дарэмна марнаваўся
І што ўжо больш няма збавення,
Як толькі ўзяцца за вучэнне,
Як гэты клопат не марудны.
І што ж? закон быў не так трудны, —
Ужо па той адной прычыне,
Што ён запісан быў на спіне
(А ў сэрца ўложан сам сабою),
І ўсё пайшло сваёй чаргою.

Цяклі дзянькі ды йшлі нядзелі,
І час тут вольны хлопцы мелі,
Вучылісь толькі да абеду,
Вучылісь нават не без следу.
І Костусь, мушу я прызнацца,
Ўжо ўмеў на дошцы распісацца,
Што вельмі цешыла Міхала
І гонар бацькаў падымала.
Удзень, як лекцыі канчалі,
На рэчку хлопцы выбягалі
Крыху пакоўзацца па лёдзе
Ці так пабегаць на свабодзе,
У снег залезці па калена,
А то насілі козам сена —
Ў звярынцы козы зімавалі —
І ім палонкі прасякалі.
І сам дарэктар клышаногі
Не горш ад вучняў бег з дарогі,
Гайсаў па снезе, распускаўся
І штурхалямі захапляўся.
А як надарыцца часамі
Яму спаткацца там з казамі,
Тады крычаў ён благім матам,
Тады рабіўся ён вар'ятам, —
Такая радасць пашыбала,
Так хвалявала, захапляла.
І гэту радасць, міг шчаслівы,
Выказваў крыкам праразлівым.
— А я-я-яй! А я-я-яй! —
Крычаў, хоць вушы затыкай.
Другі раз хлопцы валяць валам
У ток да дзядзькі ўсім кагалам.
На току ў дзядзькі, бы ў святліцы,
Маркотна свеціць блеск газніцы;
Дрыжыць агоньчык сіратліва,
У бокі ходзіць палахліва.
На месце ўсё тут і прыбрана,
Так гладка ўсё дапасавана.
А тыя ж граблі ці цапочкі!
Ну, толькі цешыць імі вочкі!
У рукі возьмеш — працы хочуць,
У дзела пусціш — зарагочуць!
А як наш дзядзька час там бавіць!.
Ён не працуе — імшу правіць!

Вось як жывога дзядзьку бачу,
Я тут партрэт яго зазначу.
Ён невысок, не надта ёмак,
Ды карчавіты і няўломак,
А волас мае цёмна-русы,
І зухаўскія яго вусы
Умеру доўгі, густаваты,
Угору чуць канцы падняты;
А вочы шэры, невялічкі,
Глядзяць прыветна, як сунічкі,
Але раптоўна і адразу
Не расчытаеш іх выразу:
То смех, то хітрасць з іх бліскае,
То дабрата, але якая!
А нос... я глянуць мушу ў неба,
Бо не патраплю, як пачаць
І з чым нос дзядзькаў параўнаць,
Каб выйшаў ён такі, як трэба:
Ну, нос кароткі і таўсматы,
Ды досыць спрытны, хоць кірпаты.

Антось наш дбалы, акуратны,
А пры рабоце які здатны!
Што ні замысліць, то ўсё зробіць
І так прыгоніць, так аздобіць,
Што і для вока нават міла.
І ўсё выразна гаварыла,
Што ён не толькі гаспадар,
Але й прыроджаны штукар,
Якіх на свеце не так многа.
За дзядзьку людзі просяць Бога:
Каму ён толькі не спрыяе,
Каго з бяды не вызваляе!

У дзядзькі цэлы спрат запасаў —
Не любіць дзядзька пустаплясаў.
Вось вы зірніце ў хлеў на вышкі!
Там многа яблынін на лыжкі,
Там ёсць ігруша і кляніна,
Якая хочаш дравяніна:
Грабільны, коссі, клёпкі, восі...
Няма трайні — йдзі да Антося.
І людзі дзядзьку шанавалі,
А на кірмашы частавалі.
Каса чыя нядобра косіць —
Няхай Антося ён папросіць:
Антось наладзіць — так дагоніць,
Тады пабач, як загамоніць!
Каса не косіць — каса брые
І шчытнякі бярэ сухія,
Бо ў дзядзькі рукі залатыя.

Каб дапісаць партрэт Антося,
Скажу: на свеце не знайшлося
Ні ўдоўкі-любкі, ні дзяўчыны,
Каб палучыць дзве палавіны,
Каб разам шчасце здабываць
І поруч долю падзяляць.
І я тут сам за дзядзьку мушу
Назад старонку адгарнуць,
І аб вясне яго ўздыхнуць,
І добрым словам яго душу
Яшчэ раз шчыра памянуць.
Была вясна, было імкненне,
І сэрца ведала тамленне,
І сэрца водгук сэрца чула,
І сэрца к сэрцайку гарнула.
Ды толькі ж доля не судзіла,
І любка-Наста, яго міла,
Што так клялася, цалавала
І к сэрцу з жарам прыхіляла,
Што так суліла шчасця многа, —
Яго змяняла на другога!
Антось... Ды што!.. цяпер забыта,
Даўно пажалі тое жыта
І тыя межы зааралі,
Што дзядзькаў смутак калыхалі.

— Ну, хлопцы: зараз дамо жару!
Саб'ем пасадаў яшчэ з пару.
Снапы ў радочкі палажылі,
Так і дзяды яшчэ вучылі,
Каб каласы ды з каласамі,
А да пярылаў гузырамі.
— Ну, грымнем, хлопцы, каб звінела!
І пяць цапоў ідуць у дзела!
Не малацьба, а бубнаў хоры!
Здаецца б, цэпам вадзіў хворы!
Бічы кладуцца так рытмічна,
Само гудзенне іх музычна;
Снапы не ўлежаць, скачуць самі
І сыплюць жыта пад бічамі,
А дзядзька рэй вядзе, гукае
І адным крыкам памагае:
— Дай, дай яму, брат! дай з-за вуха!
Гэ-гэх, скачы, баба-псяюха!
Гудуць цапы ўгары праворна,
Ідзе работа дружна, спорна,
Аж падшыбае ўсіх ахвота,
Бо мае свой захоп работа.

Вось так адно другім мянялась,
Затым яно й не прыядалась,
Калі было ўсё ўмеру, ўпору,
І гладка йшло ўсё тут угору.
Таксама вечар свае бавы
Нясе з сабой не менш цікавы
І асабліва перад святам,
Калі, бывала, дзядзька з татам,
А з імі часам гэтаксама
Язык развяжа свой і мама,
Пачнуць казаць свае ўспамінкі,
Вясці размовы пра старынкі,
Пра незвычайныя здарэнні
І ім даваць тут тлумачэнні.
Цяпер камінак спачывае,
А хату лямпа асвятляе,
Але маркотна і тужліва,
А цені страшна і маўкліва
То затрасуцца, затанцуюць,
Як бы каго яны пільнуюць,
То заспакояцца зацята,
Калі замрэ і сама хата.
Тады здаецца, цені тыя
Не проста цені, а жывыя,
І нібы ў іх ёсць нейка справа,
І таямнічна і цікава.
Дарэктар к печы прытуліўся,
На дзядзькаў твар утарапіўся.
— Мне сам казаў Пятрусь Грыхінін,
І лгаць жа ён не быў павінен:
Дадому ехаў ён з Княжога,
Вакол няма нідзе нікога,
І ціха ўсё, як бы зацята.
Было ўжо трохі пазнавата,
А ён на воліках пляцецца,
І так яму ўсё штось вярзецца.
Вось едзе ён, масток мінае,
Аж хтось з-за паляў вылятае,
Як жар чырвоны ды вяртлявы,
І хвошча пугай ўлева, ўправа
І па валах і па Пятрусю.
«Вось, — кажа, — я табе спазнюся,
Калі ты так запрацаваўся!»
І аж да Нёмна за ім гнаўся! —
Дарэктар бедны ўвесь жахнуўся,
Ад страху нават аж прыгнуўся.
— Мабыць, штось ёсць-такі на свеце! —
На матку тут зірнулі дзеці.
— Свякроў, нябожчыца Анэта,
Сама казала мне пра гэта, —
Яна была і цётка Рузя,
Збіралі шчаўе дзесь на лузе
Ды йшлі дадому каля Нёмна.
Было зусім яшчэ няцёмна,
Вось толькі сонца напалову
Зайшло за горку Дземянову,
І нікагусенька нідзе!
Аж — зірк! на саменькай вадзе
Сядзіць хтось, выцягнуўшы ногі,
Над самай буктай, такі строгі,
Як мае быць, ва ўсім адзенні
І курыць люльку ў задуменні.
Кабеты ў страсе далей хутка!
Назад зірнулі — нікагутка!
— А хто ж то быў, цьфу, праваліся?! —
Спытаў дарэктар, трасучыся:
Яго той страх нашчэнт занудзіў.
— Ці не Янчур там рыбу вудзіў, —
Азваўся дзядзька не без жарта.
А ўсе маўчаць, глядзяць упарта.
Да дзядзькі бліжай хлопец жмецца:
Яму чорт знае што здаецца.

У хаце стала больш страхліва.
З-за вокан ноч глядзіць маўкліва,
І гэта ноч як бы жывая,
І быццам нешта яна знае,
Але аб тым казаць не хоча,
Бо на размовы не ахвоча.
А на дварэ дзесь каля будкі
Чагось брахнуў сабака чуткі,
Брахнуў і змоўк, бы страшна стала,
І ноч брахаць не пазваляла.
Аслаблі ў Яські ўсе тут гайкі.
— Э, глупства ўсё, не больш як байкі!
Міхась азваўся. — Хто баіцца,
Таму ўсё можа налучыцца.
Нашто вам лепш? тут жыў Пшавара...
Вось раз уночы чуе гукі —
Ў акно малоцяць чыесь рукі,
Малоцяць так, бы ў час пажару.
— Хто там? — Пусці, брат: то я — Сёмка,
Ну, брат, і б'юцца ж чэрці ёмка!
Не верыў я, дальбог, паверу!
На ўласным карку чуў, халеру!
На грэблю я, брат, як уз'ехаў,
Так і засыпаў мне арэхаў!
Я — па кані, ён мне — па карку!
Пасек мне спіну праз браварку!
І толькі тут, вось, адступіўся,
Калі ў дварэ ўжо я спыніўся.
Пшавара з хаты выйшаў босы
Агледзець Сёмкавы калёсы.
І што ж? вось вам і таямніцы:
Ялова лапка ўлезла ў спіцы!
Яшчэ пра страхі вялі мову,
І іх тлумачылі аснову,
І іх істоту разбіралі,
І трохі з Яські жартавалі.
Ўсяго было тут вечарамі,
Калі разыдуцца часамі!
На ўсё была свая прычына
І адпаведная часіна.

Зайшла раз мова аб навуках —
Старых, даўнейшых — і іх штуках,
Аб кнігах з чорнаю пячаццю,
Аб чараўніцтве, аб закляцці,
Аб розных хітрасцях і зману.

— Вось пусцяць нейкага туману,
І чалавек хоць і жывы,
Але стаіць без галавы! —
Гаворыць дзядзька, хлопцам дзіва,
Ўсё іх цікавіць моцна, жыва.
— Я сам такую штучку знаю,
Што без памылкі адгадаю,
Як хто стаіць, ну, хоць бы ў сенях:
Ці на нагах, ці на каленях,
Ці ён там стане, ці ён ляжа!
Вось гэта штука! — бацька кажа.
— І няўжо дзядзька адгадае?! —
Цікавасць Яську забірае,
І не дае ніяк ён веры,
І погляд кідае на дзверы,
Бо хоча ён сваю асобу
У сені вынесці на спробу.
— Ну, Костусь, пойдзем мы з табою?
Ідуць і ў сенях між сабою
Вядуць параду, як пастаць,
Каб бацька ўжо не мог згадаць.
Мяркуюць хлопцы так і гэтак,
Бы вулей ставяць пад паветак;
Урэшце ўсё абмеркавалі,
Хітрэй не трэба, як пасталі:
Адзін прыгнуўся ракушком,
Другі ў падлогу ўпёрся лбом.
— Ну, дзядзька, як мы тут стаіма?
— А так, як цюцькі за дзвярыма! —
Ім бацька з хаты дзесь азваўся,
І раптам дружны смех падняўся.

ХVІІ. ВОЎК

Ў будныя дні ўставалі рана:
Няма калі хварэць на пана,
Няма чаго чакаць панукі,
Калі работы поўны рукі —
Зноў закладайся на нядзелю.
Садзілась маці за кудзелю;
Цяплей мужчыны абувалісь,
Ў сваю работу запрагалісь.
Міхал, пакуль не рассвітае,
Ідзе Антосю памагае,
Бо трэба кончыць з малацьбою,
Каб не карцела над табою.
Дарэктар сам з свае ахвоты
Ў гумно любіў рабіць налёты,
Бо ён быў хлопец працавіты
І да работы страх сярдзіты,
Хоць быў яшчэ малы і кволы, —
Ну, хвацкі хлопец і вясёлы!
Ідзе з двара часамі ў хату —
Аб чым тут ходзіць Яську-хвату —
Ён на дрывотню, бярэ дровы:
Ён услужыць усім гатовы,
Гаспадарам і гаспадыні,
Бо што тут зробіцца хлапчыне?
Раз ён абцасам зачапіўся,
З дрыўмі знячэўку паваліўся
На крок, не далей, ад парога,
Але ўсхапіўся, і нічога,
І толькі глянуў на абцасы, —
Былі ў іх моладасць і часы,
Калі рабілі выкрунтасы
І на ігрышчы тупацелі,
А тут хадзіць больш не хацелі.

Таксама Ўладзя да работы
Больш, чым да кніжак, меў ахвоты:
Любіў ён з цэпам завіхацца
Або па лесе пацягацца,
Пабегаць з стрэльбай за лісамі,
Ці за куніцай, ці тхарамі.
І бацька з гэтым пагадзіўся:
Што ж? да навукі не радзіўся,
А вось мо з меншых што і будзе,
Няхай яны ўжо йдуць у людзі.

Алесь сядзіць, закон чытае
Або з сабою разважае,
А потым зноў у кнігу ўткнецца
І сам сабе штось засмяецца.
У Кастуся «Родное слово»;
Ён слібізуе ўсё наново,
Але склады штось не выходзяць
І хлопца ў злосць адно прыводзяць,
Бо Костусь — хлопец нецярплівы,
У гнеў прыходзіць абурлівы;
Яго падштурхвае спакуса
Сказаць знявагу на Езуса,
Які прад ім быў намалёван,
І Езус быў тут ім аплёван:
Чаму ж бо ён не памагае,
Калі на гэта сілу мае?
А потым злосць яго астыла,
Яму і прыкра, і няміла,
Ён сам сябе чуць не кусае.
Ох, галава яго дурная!
І ні на грош няма ёй кошту,
Яго хвалілі, а завошта?
І хіба ж Бог яго не чуе?
Або яму Бог падаруе
Вось гэты страшны грэх знявагі?
Эх, Костусь, Костусь! ты — брадзяга!

Выносіць сонца дзянёк новы
Скрозь гэты лес стары, хваёвы,
Дзянёк кароткі, чуць заметны,
Але вясёлы і прыветны.
Мароз бярэцца, паціскае,
Па лесе лускае, гуляе
І хусты тчэ на беражку.
За ноч падкінула сняжку.

Міхал ідзе ў свае абходы,
А холад зімняе пагоды
Яго рухавіць і малодзіць,
І колькі тут разоў ён ходзіць!
Тут кожна сцежка і дарожка
Яму даўно-даўно знаёма,
Міхал у лесе, як бы дома:
Дзе ні ступала яго ножка!
Якіх куточкаў тут не знае!
Міхал ідзе, сляды чытае!
Вось тут танюткі ланцужок
Лёг так прыгожа на сняжок —
То пара кропак, то дзве рыскі,
Відаць, што мышкіны распіскі.
Другі малюнак, след — трайчаткі
Па лесе кідаюць зайчаткі;
А ліс-хітрэц, выжыга чуткі,
Па снезе цягне шнур раўнюткі:
Слядок з слядочкам супадае,
Бы лапка тут адна ступае.
Міхал ідзе. У лесе глуха;
Дарэмна зыкі ловіць вуха:
Вакол маўкліва і маркотна,
І лес застыў, глядзіць гаротна,
І толькі дзесь у ельняку
Шалпоча сойка на суку
Ды стукне дзяцел траекротна.
Міхал ідзе адзін, пануры,
І сам ён хмур, і думкі хмуры,
Як гэты лес, снягамі сцяты
Або замоўлены, закляты.
Ды гэты лес, хоць ён і немы,
Але скрозь ціш халоднай дрэмы,
Скрозь гэты мёртвы сон зімовы
Вядзе з Міхалам казкі мовы.
У лесе кожная мясціна —
Лужок, палянка, баравіна —
Асобны твар і выраз мае
І хоць што-небудзь выклікае
З таго, што памяць захавала.
Так. Тут было ўсяго нямала,
Тут частка жыцця леснікова.
Ну, хоць бы гэта вось дуброва!
Грыбоў улетку тут цьма-цьмушча,
Народ сюды йдзе — гушчай-гушча.
Тут шум, тут крык, тут гоман, спевы,
Аж разлягаюцца ў ёй дрэвы.
І вось, бывала, пан прыкажа —
Сюды пасходзіцца ўся стража
І робіць цэлую параду,
Як дзе хітрэй зайсці ў засаду,
І ўсё на гэтых людзей бедных,
Ўсё з-за паноў тых ненаедных.
Садзішся, ловіш. А другая
І на білет рубля не мае.
І мусіш драць і з беднаты.
І вінават не пан, а ты:
Не гаспадар злы — кажа ўсякі —
А гаспадарскія сабакі...
А гэты хвойнік абгарэлы!
Напэўна б выйшаў сказ тут цэлы,
Калі б ад самага пачатку
Апавядаць вам па парадку;
Але Міхалу непрыемна,
Бо й тут пан лаяўся дарэмна,
А ён стаяў, свяціў вачамі
Перад людзьмі і леснікамі.

Міхал ідзе, і думкі ходзяць,
І ў пункт адзін яны прыводзяць:
Каб як зямлі сабе прыдбаць
І службы гэтае не знаць,
Тады паны ўжо не пашкодзяць.
Ды толькі вось дзе закавыка:
Купіць зямлю — купіць не лыка,
Тут грошы трэба — і не сотка...
Эх, брат, рука, рука каротка!
Дзе ўзяць? і розум тут не змесціць,
Але ўсё ж думку Міхал песціць,
Пад самым сэрцам яе носіць,
І гэта думка — зямлі просіць!
Яна з ім заўжды: ў лесе, дома!
Яна яму даўно знаёма,
І нават ён, калі прызнацца,
Даўно жыве ўжо ў сваёй хатцы.
А гэта хата вось якая:
Перш-наперш выгляд добры мае;
Стаіць пры рэчцы ці крыніцы,
На ёй дзве дымніцы-блізніцы
З чырвонай цэглы і фарсісты.
У хаце ёсць пакойчык чысты,
А вокны светлы і панадны,
І броўны ў сценах вельмі ладны:
Шырокі, роўны, без прыточак,
І жоўценькі, як той жаўточак.
Хлявец, гуменца — ўсё там нова,
І ўсё дакладная будова!
Пры доме сад, хоць невялічкі,
Ды добры сад, ніводнай дзічкі;
І тут навокал тваё поле, —
Раздолле тут табе і воля!
Працуй, чуць з хаты толькі выйшлі.
Але ўсё гэта — толькі мыслі,
Эх, гэта толькі мары-кралі!
О, каб яны ды праўдай сталі!

У лесе глуха, цесна стала,
І смуткам цісне лес Міхала,
І нейк маркотна ў гэтым боры,
Душа імкнецца на прасторы,
І вочы просяць свету, волі.
Міхал ідзе туды, на поле,
Дзе Нёман, выгнуўшыся дужкай,
Абводзіць лес прыгожай стужкай;
Але цяпер марозам скован
І ад людскіх вачэй захован,
І толькі жолаб, нізка ўгнуты,
Ды лёд, ад снегу ветрам здзьмуты,
Яго дарогу вызначалі.

І ціха ўсё вакол. Маўчалі
Пад белай посцілкаю далі.
Там, угары, дальш з-па-над Нёмна
Сяло глядзела зсіня-цёмна;
Над ім стаяў дым белаваты.
Панура ў снезе ніклі хаты.
Міхал на горцы прыпыніўся,
Стаіць, бы сон яму тут сніўся,
І тут усе тыя мясцінкі
Яго наводзяць на ўспамінкі.
Вот тут калісь — даўно было то —
Дзяўчына з іх сяла, Дарота,
Купалася раз і ўтанула,
І смерць яе тут агарнула.
І гэта тут было здарэнне,
Калі на бераг, на каменне,
Гады два-тры назад, вясною,
Яхіма вынесла вадою,
Якога тыдняў тры шукалі,
Ды не найшлі й шукаць не сталі.
Таксама тут і здань здалася —
Аб ёй і гутарка вялася, —
Што быццам нехта на вадзе,
Яшчэ нябачаны нідзе,
Сядзеў і з люлькі зацягаўся
Ды раптам згінуў, бы распаўся...
Таемны вы, зямлі скрыжалі!
Чаго ў сябе вы не ўпісалі!

Міхал раптоўна садрыгнуўся,
Зірнуў за Нёман і прыгнуўся,
З-за хвойкі хціва выглядае
І дубальтоўку з плеч знімае,
Увесь хвалюецца, дрыжыць:
Ваўчуга з сёл сюды бяжыць
І проста валіць на Міхала!
Аж сэрца ў радасці ўзыграла:
«Пастой жа, брат, пастой, ваўчуга!
Ужо ж спаткаю, валацуга!»
А воўк імчыцца, снег здзірае,
І толькі хвост яго мільгае,
Відаць, далі яму дзесь жаху.
«Ну, брат Міхась, не дай жа маху!»
Ён брамкі ў стрэльбе адчыняе,
Прыклад падносіць да пляча;
«Не так дасі ты стракача!» —
Міхал паціху разважае.
А воўк ляціць. Вось ён на Нёмне...
Вось ён за горкай... не відаць —
Ён будзе тут хвілін праз пяць...
«Трымайся ж, браце, цэлься, помні!»
Міхал замёр, не моргне вока:
Развязка скора, недалёка —
Вось-вось пакажацца звяруга!..
Ды доўга гэта штось натуга —
Няма, а быць ужо пара.
Цьфу ты! Што ж гэта за мара?
Ўстае Міхал, глядзіць вакола,
Як бы што страціў, невясёла,
А рукі ўсё яшчэ дрыжаць.
Ну, хоць бы, гада, напужаць!
І дзе ён дзеўся? дзе, пракляты?
Міхала рух бярэ заўзяты,
Не возьме тропу ён ніяк,
Бяжыць управа наўскасяк:
А можа, там яго спаткае,
А не, дык снег хоць запытае.
Але й туды прабег дарма:
Там і слядоў яго няма.
Бяжыць назад — няма! — прапала!..
Аж нейкі пот праняў Міхала.
Міхал на Нёман тут рвануўся
І, як зірнуў, аж здрыгануўся,
І ўсё ў ім раптам задрыжала,
Аж нават шапка чуць не спала,
Калі прычын Міхал дазнаўся:
У стрыжаню воўк шалпатаўся!
Міхала згледзеў — лясь зубамі!
І злосна бліскае вачамі.
Міхал хватае дубальтоўку
І хоча выстраліць у воўка.
А потым стрэльбу апускае
І воўка зблізку разглядае.
А ён — вось тут, бяры рукамі,
Завіс на лапах, як у яме;
Стрыжэнь глыбокі, лёд пакаты,
А бедны воўк, вадой падцяты,
Скрабе па лёдзе кіпцюрамі
І носам рые, як зубамі,
І ўвесь пружыніцца і рвецца,
Але нічога не ўдаецца,
І ўсё слабее ў воўка сіла.
Ды страшна смерць, усім жыць міла!
Ён рэшту сіл ізноў збірае,
Мацней на лапы налягае,
Ды іх няма за што зацяць,
Яны слабеюць, слізгацяць
І толькі скробаюць па лёдзе,
Перабіраюць край стрыжэню,
Няма надзеі нават ценю
У той яго бядзе-прыгодзе, —
Няма, ваўчок, табе збавення!
Дарэмны ўсе твае імкненні!
І ненадоўга сілы стане
Вясці з вадою тут змаганне.
Слабее воўк і абмярзае,
А плынь усё больш падбірае,
І, барукаючысь з вадою,
Ён павярнуўся галавою
І ўскінуў погляд на Міхала.
Вачамі злосна ўжо не косіць,
Глядзіць, як бы ратунку просіць...
Цьфу ты! аж шкода яго стала —
Так вочы жаласна глядзяць,
Ну, вось, дальбог, шкада страляць!

Яшчэ раз бедны воўк рвануўся,
На спіну раптам павярнуўся,
Завыў жалобна і каротка
І — шуг пад лёд той, як калодка!
І знікла ўсё: жыццё, змаганне
І прагавітасць палявання.
Міхал стаіць і разважае,
А потым голаву ўскідае,
Як бы ён хоча запытаць,
Хоць тут нікога не відаць:
«Ну, што ты скажаш, брат, на гэта?»

ХVІІІ. ЗІМА Ў ПАРЭЧЧЫ

О добры час дзянькоў прыгожых!
Ты знік у хвалях часоў божых
І толькі ў думках і ўспамінах
Жывеш-гарыш у днях дзяціных.
Далёка я ад межаў родных
І дзён галодных і халодных
Пражыў нямала. Я гадаю,
Я родны край успамінаю,
Я ім жыву, я ў ім душою
І сэрцам кожнаю парою,
Як той нявольнік прагне волі,
Так прагну я ступіць на ролі
Сваіх палеткаў, ніў благенькіх,
Дарог і сцежачак крывенькіх,
Што гожа ўюцца спомеж жыта
Або срэдзь лесу самавіта.
І ўстануць з'явы, як жывыя,
Малюнкі сэрцу дарагія,
І моцна душу парываюць.
«Ідзі да нас! ідзі», — гукаюць.
Благаславёны час той будзе,
Калі я ў родным сваім людзе
Куточак бацькаў прывітаю
І радасць жыцця там пазнаю.

О родны край! О край пакуты,
Нягодай цяжкаю прыгнуты!
Калі ж ты збудзеш тое гора,
Што і цяпер там, як і ўчора,
Як і даўней, цябе знішчае
І горкім смуткам авявае?
І ў час вялікі разбурэння
Не сцерпіць нават і каменне
Тваіх палёў, глухіх абшараў,
Дзе след вайны агнём пажараў
Пранёсся дзіка і няшчадна,
Каб не заплакаць з таго здзеку,
Што чалавек — звер чалавеку —
Так злосна чыніць, неўспагадна!..
О край мой мілы! Ўсёй душою
Хачу злучыцца я з табою,
Ў тваіх палях пазычыць сілу,
Ў тваёй зямлі сысці ў магілу...
Дзяціны час!.. Я памятаю
Зімы прыход у нашым краю.
Стаіць над лесам шум маркотны;
Па небе хмары, як палотны,
Паўночны вецер рассцілае,
І бель над далямі звісае,
І ціха стане на падворку,
І лес жалобную гаворку,
Свой гоман восені канчае
І моўчкі зіму сустракае.
А сетка белая гусцее
І бліжай, бліжай снегам сее.
І вось над хатай, над гуменцам
Сняжынкі жвавыя гуляюць,
Садок і дворык засцілаюць
Бялюткім, чыстым палаценцам.
І тут у хаце не ўтрываеш:
Кажух на плечы накідаеш,
Бяжыш на двор, як той шалёны,
Крычыш, гукаеш здавалёны,
Зямлі не чуеш пад сабою
І ловіш белы пух рукою.
Ўгару зірнеш — як рой пчаліны,
Снуюцца ціхія пушыны,
Ўгары знячэўку штурхануцца,
Глядзіш — і ў пары пабяруцца.
— О-го-го, брат! — дзядзька кажа. —
Цяпер зіма напэўна ляжа!
За санкі, Костусь, трэба брацца,
Эх, будзеш мець дзе разгуляцца!

І Костусь рады і давольны:
Цяпер гулянак свет раздольны,
Адкрыты новыя пуціны
У круг забаў яго дзяціны,
І ён ад радасці трасецца
Ды ў мяккім снезе скачанецца.
А снег станоўка і заложна
Так і шуфлюе. Лес набожна
Стаіць, маўчыць і ўсё святлее,
Як бы, здаецца, весялее.
Назаўтра ўстанеш — свет змянёны,
У новых хутрах вербы, клёны,
І ўсюды чыста, бель такая,
Што проста вочы адбірае.
Ў парканах шулы, як салдаты,
Стаяць у струнку, зухаваты,
Башлык высокі, шапкі новы,
«Ура!» гукнуць табе гатовы.

Ідзе з лапатай дзядзька з хаты
І адграбае снег заўзята.
Ў гумно і ў хлеў праводзіць сцежкі, —
Не хоча мець удзень замешкі,
Бо ўдзень на рэчку і на тоні
Схадзіць рыхтуецца Антоні.
Мы знаем, ён — рыбак з уроды,
І ўсякіх рыб ён знае ходы,
Калі якая нерастуе,
Што ёй пад густ, чаго бракуе;
І нораў кожнай рыбы знае,
Аб іх трактат ён прачытае,
Ды так, што люба і паслухаць,
Дзівіцца больш ды лоб чухаць.
І гэта ўсё не з кніг набрана,
Не з слоў вучонага паўпана,
Якіх цяпер усюды досыць;
Ўсё гэта ўласны розум зносіць,
Свая мазолілась галоўка,
А не чыя там калатоўка.

Бярэ Міхал свае прылады,
Якія стрэльбе датыкаюць;
Цяпер зайцы ў лясах гуляюць,
Іх упалюеш без прынады,
Тым болей што ганчак харошы —
Ёсць сэнс прайсціся па парошы.

І чуць што толечкі разднела,
У маткі снеданне паспела,
Але яе ўсе падганяюць,
Барзджэй рассыпацца жадаюць,
Каму куды і ў чым хто здольны —
Дзянёк прыдасца часам вольны.
— Пакінь, Міхась, ты сучку дома,
Мо дзе забіўся тхор між лома:
Ў карчах на рэчцы следу многа,
Іх там пярэсмыкі, дарога.
І да тхароў быў дзядзька падак,
А тхор цяпер дабёр і гладак:
У Свержні Іцка з Моўшам проста
Да шкуркі ўліпнуць, як кароста.
А Такса талент такі мела,
Што за тхарамі чуць не млела.
— Бяры сабе, хай астаецца, —
На просьбу бацька паддаецца.
І Таксу ў хаце запіраюць,
А ў лес Сівалку запрашаюць.
Выходзіць бацька першы з дому
Мясіць снягі па буралому.
На ім кучомка, верх зялёны,
Кажух кароценькі, чырвоны,
А стан шырокая папруга
Сціскае спрытна, лоўка, туга;
На меднай спронжцы лось красуе
І з жоўтай бляхаю фасуе,
А праз плячо паўзверх кажуха
Ідзе раменны пас, бы ў зуха;
На гэтым паску — знак блішчасты,
А на плячах — шнур пакручасты.
І вось як бацька выйдзе зрана
Ды стрэльбу накрыж перакіне —
І ў палясоўшчыцкім ён чыне,
Дапраўды, змахвае на пана!

І дзядзька доўга не чакае,
Маўчком ён Костусю ківае;
А Кастусёк даўно гатовы —
У іх раней была намова
Схадзіць у луг на азярыны
І патрывожыць род тхарыны,
На рэчцы загарадзь паправіць
І новы буч яшчэ паставіць,
За пояс дзядзька закладае
Сваю сякерку, Таксу кліча,
Кусок аладкі ў нос ёй тыча
І вон за дзверы выпускае,
А Костусь з торбаю, з лапатай
Даўно чакае іх за хатай.
Спаткаўшы Ўладзю на дрывотні,
Раскажа дзядзька ўвесь парадак,
Бо той, наеўшыся аладак,
Глядзіць за домам неахвотна.
Яму ты слова — ён другое,
Заўзята юха, хоць малое.
І дзядзька часам загарыцца,
Гатоў няўслушніку па пысцы
Праехаць шорсткім сваім пальцам,
Бо што ты зробіш з падшывальцам?
І дзядзька, плюнуўшы сярдзіта,
Ідзе, спаткнуўшысь на карыта,
А ўслед яму смяецца Ўладзя.
— Павыскаляйся яшчэ, гадзе, —
Антось яму, — дальбог, вярнуся,
Расквасіць кірпу не збаюся!..
Ото «гладыш», абы напроці,
Абы нажэрціся! К рабоце
І на вяроўцы не зацягнеш,
У лес пабегчы толькі прагнеш.
Ну, трасцу дам табе цукерку!
Гулу падсуну ў табакерку! —
Бубніць Антось ужо з сабою,
Ідучы скораю хадою.
І доўга Ўладзю дзядзька журыць,
І Костусь бровы свае хмурыць:
І ён на брата сэрца мае,
Бо Ўладзя дзядзьку зневажае,
А дзядзька поле толькі міне,
Глядзіш — і злосць яго астыне.
Задраўшы ўгору хвост трубою,
Сама давольная сабою,
Снуецца Такса між кустамі,
Бяжыць і спыніцца часамі,
Наставіць вушы, разважае,
Вушамі нос свой павярае
І ні зрухнецца, бы застыне,
І лапу нават чуць узніме.
А дзядзька Таксу падганяе:
— Шукай тхара! шукай, малая!
І Такса кінецца стралою
Туды, дзе цэлай чарадою
Стаяць алешыны крывыя,
Пад іх карчагі патайныя.
І часта тут — былі здарэнні —
Заб'ецца тхорык пад карэнні.
І тут усіх рух апануе.
Фатыгі Такса не шкадуе:
Дзярэ, грызе, пішчыць, скавыча,
Бо знак дае, што ёсць здабыча.
І дзядзька ўвесь, як на пружынах,
Як дзік, мітусіцца ў галінах,
Туды зірне, сюды памкнецца,
Ну, на кавалкі так і рвецца.
— Ты ж стой, брат, тут! Пільнуй, як вока:
Ён тут, галубчык, недалёка!
І не пудлуй, не дай, брат, маху, —
Валі рыдлёўкаю без страху... —
І дзядзька мовы не канчае,
Ён кол маланкаю хапае.
— Тхор! тхор! Дзяржы яго! — галосіць,
Гарачка дзядзьку так і носіць,
Бяжыць, тхара ён даганяе,
Напагатове кол трымае.
За дзядзькам Костусь прэ без духу.
— Дзяржы тхара, дзяржы псяюху! —
А тхорык бедны ў куст зашыўся,
Няма ратунку, ашчарыўся,
На Таксу сам ён нападае
І чмыс яе грызе, кусае,
Пішчыць, дзярэцца, смрод пускае,
Але нішто не памагае:
Таўкуць калом яго, рыдлёўкай,
За шкурку плаціць тхор галоўкай.
— Вось гэта, Костусь брат, удача! —
І дзядзька рады, чуць не скача
І гладзіць Таксачку па вушку,
Яе ён лашчыць, як дачушку;
Яна ж за гэта ласкі слова
На смерць, на ўсё пайсці гатова:
Вачамі ў вочы так і зорыць,
Віхлястым хвосцікам гаворыць.

Хоць дзядзька наш не паляўнічы,
Ды меў ахвоту і да дзічы.
І часам, праўда, вельмі рэдка —
Я сам у гэтым буду сведка —
У лес надумае пайсці,
Зайцоў крыху там патрасці —
Зайцоў жа там было багата.
Вось у нядзельку раз ці ў свята
Антось рыхтуе паляванне.
Дае ён хлопцам прыказанне,
Хоць тыя самі без прыказу
Ахвотна годзяцца адразу,
А наш дарэктар асабліва.
У лес збіраюцца шумліва.
— Эх, шкода, брат: няма клякотак!
Ну, хоць бы з парачку трашчотак! —
Гаворыць дзядзька. — Ну, нічога,
І так мы зробім шуму многа
І ўсім зайцам задамо страху! —
Дае дарэктару ён бляху.
— Звані ў яе, бі, чым папала,
Абы мацней яна гучала —
На ўсю Свяржэнскую граду! —
Алесю даў скавараду,
Перагарэлую, старую,
Ды незвычайна галасную.
— Бяры напільнік з рукаяткай,
Бубні ў яе наском і пяткай;
А Кастусю я дам званок,
А ты, бальшун, трубі ў ражок, —
Такое справім мы ігрышча,
Што лес застогне і засвішча,
Ну, нежывы — і той ачнецца,
Калі аблава ў нас пачнецца!

Ідуць у лес. Антось зарання
Размеркаваў усё дазвання:
Адкуль, якую зоймуць лаву,
І як вясці самую справу,
Куды і як зайцоў зганяць,
І дзе ён будзе сам стаяць.
Антось пазіцыю займае,
Шчаслівых вынікаў чакае,
Калі зайцоў пужнуць няждана,
І трохі чуе ў сабе пана.

Прачнуўся лес ад бразгатання,
Ад таго шуму палявання:
І крык, і лямант захаплення,
Гудзе лес зверху да карэння.
Дарэктар рвецца на кавалкі.
Зламаў на блясе ўжо дзве палкі,
Дзярэцца нема, лямантуе, —
Такі там гвалт — хай Бог ратуе!
За пень ён лапцем зачапіўся
І змоўк тады, як паваліўся.
Алесь грыміць скаварадою
І пацяшаецца гудою,
На ёй вызвоньвае ён штучкі,
Але напільнік выпаў з ручкі,
Зляцеў у снег — і будзь здароў...

Нідзе не бачылі зайцоў,
І дзядзьку стрэліць не прыйшлося,
Але пачулі ад Антося:
— Забілі зайца, не забілі,
Але ж, брат, гуку нарабілі.

ХІХ. НА РЭЧЦЫ

Ніхто з дамашніх не згадае,
Чым рэчка Костуся зваймае,
Якая іх звязала сіла
І чым яна так хлопцу міла.
Бывала, толькі чуць разднее,
Чуць трошкі ў лесе пасвятлее,
Глядзіш — на рэчку ён шыбуе
І лёд сякеркаю мацуе,
То падбяжыць і скаўзанецца,
І сам сабе ён засмяецца;
То спыніць крок, замрэ, застыне —
Такая радасць тут хлапчыне!
Лядок закохкае, угнецца
І вось-вось зломіцца, здаецца,
Але нястрашны і знаёмы
Для хлопца гэтыя надломы,
Палоскі-стрэлы гаваркія,
І моцны скрэпы ледзяныя.
Марозік крэпіць, лёд таўшчэе,
І рэчка вольная нямее,
Да дна вадзіца вымярзае
І ходу, бедная, не мае,
І цесна там ёй, і няміла
Яе халодная магіла;
Але дарма: жывую сілу
Не запраторыш ты ў магілу,
Мароз бязжаласны і люты!
Хоць ты звязаў і крэпка путы,
Скаваў і рэчкі і азёры
І ўсё заціснуў пад запоры,
Разлёгшысь лёдам і снягамі
Над чыстым полем і лугамі,
Ды ты жыцця, брат, не здалееш,
Як ты ні дурыш, ні шалееш.
Глядзі — скрозь ковы ледзяныя
Сачацца кропелькі жывыя,
Дарогу новую шукаюць
І лёд вадою заліваюць.
І праўда: рэчачка-крынічка,
Хаця і мелка, невялічка,
Але такую сілу мае,
Што лёд угору падымае
І ломіць глызу, як націну.
— Гэ, брэшаш ты, мароз, не згіну
Я пад карою ледзяною,
Пабарукаемся з табою! —
Як бы гаворыць смела, гулка
Марозу бойкая рачулка.
І між марозам і вадою
На гэтай рэчачцы зімою
Такія справы вынікаюць,
Што надта Костуся займаюць.
Калі на рэчку ён ні прыйдзе,
Глядзіць — штось новае там выйдзе:
То лёд, уздуўшыся гарбамі,
Бубніць, як бубен, пад нагамі,
То ападзе наніз, угнецца,
На дно пластамі пакладзецца,
А па кустах, на абалоні,
Ціскі парваўшы і супоні,
Вада шырока разальецца,
І снег на кашу пабярэцца,
І як ні гне мароз, ні гладзіць,
Але нічога не парадзіць,
І чуць ён толькі аслабее,
Чуць-чуць адліжкаю павее,
Глядзіш — вадзіца лёд злізала,
Ў раўку пясочак паказала,
І хвалькі жвавыя за хваляй,
Як і нябыта, бягуць далей,
Пакуль мароз не засярдуе
І сілу зноў ён не пачуе,
Каб закаваць раўчук праворны
За розум надта непакорны.

І вось надарыцца часамі
Мароз над ўсімі маразамі;
Ідзе сярдзіта, пагражае,
Па даху гонтамі страляе;
У завітушках дым бялявы
Нясе, як воблак кучаравы,
І потым з ім набок рванецца,
Бы пісар-вухар расчаркнецца.
А як вакенцы размалюе
І розных дзіваў там намосціць, —
Яму аматар пазайздросціць,
І прад марозам ён спасуе.
Мароз — штукар і жарты любіць,
Не раз, штукуючы, загубіць
Таго, хто ў рукі пападзецца,
Яшчэ над бедным насмяецца:
«Прыляж, бядача, ты з дарогі —
Няблізкі хатнія парогі, —
Мароз дарожным падпявае, —
Лажысь — пасцелька пухавая
І ўся агоньчыкамі ззяе!
Засні, сагрэйся, мой пахілы,
Пакуль табе прыбудуць сілы,
А я салодкі сон навею
І гожай казкаю сагрэю».
І хто паддасца нагаворам,
Засне навекі пад прасторам
Халодных зор, снягоў глыбокіх,
Сярод дарожак адзінокіх.
Мароз — мастак і, пыхту поўны,
Узносіць слуп на неба роўны,
Высокі, вогненны, крывавы!
Той слуп — і страшны і цікавы —
Гарыць злавесна, ўвесь чырвоны.
Мароз на небе ставіць троны,
Вянцы на месяц ускладае,
Па снезе зоркі рассыпае,
І так прыгожа, так старанна
Бярозе белай тчэ убранне,
Бы той дзяўчыне пад вянчанне.
І як з-за лесу сонца ўстане
І на бярозу тую гляне,
Засвецяць ў інеі праменні,
Як найдарожшыя каменні.

Мароз — паважны. Як вяльможа,
Знасіць свавольніцтва не можа,
І на той час, як ён пануе,
Па небе хмарка не вандруе,
І ўсе стварэнні занямеюць,
І патыхаць вятры не смеюць.
Ўсё ціха, мёртва, нерухома.
Сядзіць звяр'ё між буралома
І знака жыцця не пакажуць,
Вароны дзюба не развяжуць,
Ўсе нахахорацца, ні зыку —
Ўладарства холаду вяліка.
І верабей з усёй раднёю
Не шкне, схаваўшысь пад страхою.
Адзін мароз адно ўладае,
На ўсё ён рукі накладае,
Ўсё гне халоднаю нагою;
І лес пад сіняю смугою
Застыў, стаіць, як амярцвелы,
Башлык надзеўшы чысты, белы.
І толькі ён, мароз заўзяты,
Мароз занадта зухаваты,
Адзін па лесе пахаджае,
Бо роўных ён сабе не мае.
Зазнаўся, ой, мароз, зазнаўся!
Ды дзень яшчэ не зачынаўся:
Пастой, мароз, пастой хваліцца —
Мо і цябе хто не збаіцца!
І толькі зоркі пабялелі,
У хаце дзверы зарыпелі,
Скрыпяць калодзежы, вароты,
Пайшла разгульвацца работа.
Ідуць па воду маладзіцы,
Як макаў цвет, гараць іх ліцы;
Бяжыць з кудзеляю дзяўчына,
За ёю хлопец-малайчына
Адкулься зараз увязаўся,
І смех і гоман там зачаўся.
Прыгрэбнік глуха б'е дзвярамі,
Жанкі трушком ідуць з кашамі,
Лучыну імі прыкрываюць
І жарам холад выганяюць.
А там мужчыны ўзварухнулісь,
Ў гумно па сена пацягнулісь,
Ды толькі — звычай такі маюць —
Мароз пахваляць і палаюць,
А падхадзіўшысь каля дому,
Бяруць сякеру, сані, бому
І едуць ў лес вазіць калоды —
Ляжаць на печы няма моды.
І хоць мароз крапіць пякучы,
Да ног даходзіць скрозь анучы
І снегам вочы зашывае, —
Мужык жыве і не шманае;
З саней саскочыць, хлысне пугай
Каня і вылае «дзяругай»,
Бяжыць, аб плечы б'е рукамі,
Яшчэ й прытупвае нагамі,
І так блазнее, так дурэе,
Аж покі лоб не замакрэе.

Ўжо Костусь двойчы неўзаметкі
Саскокваў з печы на разведкі,
У вокны доўга прыглядаўся,
Ў малюнкі так ён углыбляўся,
Што ў іншы свет перабіраўся.
На шыбе ўсё: снапкі ржаныя,
Чароты хвацкія, буйныя,
І розных красак, траў нямала.
У душу летам патыхала,
А з ім і вобразы другія
Ўставалі, сэрцу дарагія.
Вось тут лясок, вось крыж пахілы,
Як вартаўнік чыёй магілы,
На ціхай горцы пахіліўся,
Бы аб пакойніку маліўся;
Там нібы рэчачка цікава
Звілася ў вербах кучаравых...
Ўсё так павабна, так прыгожа
І так на праўду ўсё пахожа,
Што хлопец сам не памятае,
Дзе ён і што ён разглядае.
— Не стой ты, хлопец, пры аконцы:
З акна, як з зяўры, дзьме бясконца!
Зноў будзеш кашляць, — кажа маці.
А хлопцу ўжо абрыдла ў хаце,
Ніяк блазноце не сядзіцца,
На рэчцы хоча апыніцца.
А тут яшчэ, як на спакусу,
Чуць дзядзька з хаты паказаўся,
Мароз ужо прымайстраваўся
І белым пухам сеў на вусу.
І хто з двара ў дом ні прыходзіць,
Пра холад гутарку заводзіць:
— Ну ж і мароз — аж нос зрывае!
А як на ўсходзе чырвань грае!
Слупы такія паўставалі,
Пажарам страшным загулялі!
Такія з'явы ў божым свеце! —
Ну, як тут вытрываць, скажэце?
Кастусь у запечку стхарыўся,
Абуцца ў лапці прымудрыўся,
А ў лапцях вушкі скураныя
Былі ўжо досыць пажылыя;
Цішком сабраўся, апрануўся
Ды ў лес з сякеркаю кульнуўся.
А лес, як добры той знаёмы,
Стаіць збялелы, нерухомы
Абапал рэчачкі сцяною,
Над ёю сплёўшыся страхою,
Далёка кінуўшы галінкі;
А маладзенькія ялінкі
Пад белым пухам чуць заметны;
Яны так мілы, так прыветны,
Бы тыя красачкі-дзяўчаткі,
Надзеўшы гожыя апраткі.
Затое ж хвоечкі малыя
Стаяць, як сіраты якія,
Ад снегу выгнуўшысь дугою,
На дол прыпаўшы галавою.
«Пагнуў вас снег, мае хваінкі!
Эх вы, гаротныя націнкі!» —
Над імі Костусь разважае,
І жаласць хлопца пашыбае.
І ён да хвоек падбягае,
Сняжок з іх ціха атрасае —
І хвойкі зразу ажываюць,
Ўгару макушы падымаюць,
Спярша павольна, бы баяцца,
А потым пойдуць разгінацца.
А хлопчык рады і смяецца,
Стаіць з мінуту, не схіснецца,
Аддаўшысь нейкім думкам-марам,
Аж б'ецца сэрца яго жарам.

Але пара, пара за дзела!
І ён да хвоек падбягае,
Замерла рэчка між лясамі,
Бярозы голымі сукамі
Спляліся з вольхамі над ёю;
Яліны цёмнай чарадою
Навіслі густа салашамі.
А вось старая дзеравяка
Упала ў рэчку, небарака:
Відаць, што бура палажыла
І мост жывы з яе зрабіла.
А лёд, бы мур сцямна-зялёны,
Чуць пасярэдзіне падняты,
Ляжыць, цяжэрны і зацяты,
Вартуе ходы ўсе і гоны,
Каб і стрыжэньчык не прабіўся.
І вось тут Костусь прыпыніўся,
На лёд глядзіць, штось разважае
І ў ход тапорык свой пускае.
Лядок закашляў, заіскрыўся,
На срэбра-друзачкі пабіўся;
Ляцяць крупінкі ледзяныя,
Бы ўлетку пырскі дажджавыя,
І чуць апошні лёд зламаўся,
З зямлі клубок вады падняўся
І з шумам коціць паўзверх лёду,
Пачуўшы волечку-свабоду,
Ўсё большы, большы круг займае..
Але што гэта так спявае?
Адкуль тут музыка нясецца?
Чыя тут песня ў душу льецца?
Такога спеву-сугалосся,
Што тут над рэчкаю панёсся,
Ніхто не зложыць, не зайграе.
Ці гэта казку лес складае?
Ці даль ачнулася нямая
І немасць песняй парушыла,
Што спакон векаў утварыла?
Ці то нябёсы адамкнулісь
І ціха-ціха адгукнулісь
Зямлі, ўсяму яе стварэнню?
Ці то вясна йдзе ў аддаленні?
Вось звоны звоняць ціха, гожа,
Спявае жаваранка божа,
А ёй утораць пташак хоры
На безгранічнай дзесь прасторы,
Між мора гэтых зыкаў дзіўных
Нясецца ў хвалях пераліўных
Здалёку песня салаўіна...
Расце, гарыць душа дзяціна
І ўсё на свеце забывае
І шчасце, радасць спажывае.
І хоць дазнаўся ён прычыны,
Адкуль той звон і спеў птушыны,
Але як стане прыслухацца,
Пачне сапраўды сумнявацца,
Што гэта іней так з вадою
Вядзе размову тут зімою.
Дык вось чым рэчка хлопцу міла,
Чым так яго прываражыла!

ХХ. КАЛЯДЫ

Прыйшлі піліпаўкі, Мікола,
Дзянькі праходзяць больш вясёла,
Бо хоць зіма і крэпіць дужа,
І хоць бушуе яе сцюжа,
Бы тое дзікае ігрышча,
І вецер жудасна засвішча,
Як на дудзе ці на кларнеце
На нейкім злыдневым банкеце, —
Ды ўсё ж святлеюць даляў вочкі
І іх бялюткія сарочкі.
Ёсць хараство і ў гэтых зімах
І ў мёртва-белых тых кілімах,
Што віснуць-ззяюць хрусталямі
Над занямелымі лясамі,
Калі ў агністым мароз троне,
Ў крывава-багравай заслоне
Над светам рукі ціха ўздыме
І зачаруе, ўсё абніме;
А як усходзіцца завея,
І вецер з снегам задурэе,
Ды затрасецца віхрам белым!..
Эх, колькі волі ў руху смелым!
— Гуляй, зіма, твая часіна!
Ды скора будзе палавіна,
А там цяплом табе павее;
А ўдзень і сонейка прыгрэе! —
Паддасць, бывала, дзядзька руху,
Пачуўшы холад-завіруху.
Ад гэтых слоў лягчэй на сэрцы,
Бо ўсё ж маркотны вы, каберцы
Зімы халоднай і мярцвячай,
І ласкі хочацца гарачай,
Вясны душа твая жадае,
І ў сэрцы радасць расцвітае
Ад аднае ўжо толькі думкі,
Што гэта зімка збярэ клумкі
І пойдзе-знікне на паўгода,
І зноў ажывіцца прырода.

Хлапцам прыелася вучэба:
Цяпер калядак чакаць трэба,
І думка іх не тым занята,
Ўсё болей ходзіць каля свята.
І міла гэта іх чаканне!
Адзнакі блізкіх зімніх святак —
Гарыць салома каля хатак.
Пажар вясёлы ў час світання!
— А што там свеціцца, нябожа?
Няўжо гарыць хто, не дай Божа?
— Не, не пажар: то — сцяг калядны,
Япрук там смаліцца дзесь ладны,
Свой крок апошні замыкае:
Япручча доля ўжо такая.

І кожны дворык, кожна хата,
Хоць і жыве не так багата,
Але Калядаў у адзнаку
Заколе хоць бы падсвінаку
І дворык свой ці прыгумень
Асвеціць раніцай ці ўдзень,
Бо хто ж, скажыце, хто не ласы
На тое сальца і кілбасы?
Другі Каляд не дачакае,
Цішком свяжынкі паспытае,
А ўжо на свята — што казаці? —
Паходзіць так каля свінчаці,
Што ўжо на ночку разоў дзесяць
Табе жывот закуралесіць.
І гэта, братцы, не загана!
Даўно, не знаю кім, казана:
«Калі заколеш япрука ты,
Ды не пабегаеш за хаты,
То гэта — гонар невялікі,
Гэта вяселле без музыкі,
Як кажа мудрасць чалавеча».
Але зірнем мы на Парэчча,
Чым там у лесе жыве хата,
Як там рыхтуюцца да свята
І як калядкі сустракаюць.
Навуку хлопцы прыпыняюць,
У іх — развязаныя рукі:
Да «правадоў» няма навукі.
Дарэктар з радасці спявае,
Дадому едзе, спачывае,
І летні збор цяжэрнай працы,
Хлябоў высокі торп-палацы,
Праслухаў цэпаў голас ёмкі,
І дзе быў торп — там стог саломкі,
А цэп замоўк, хоць не навекі,
І зерне ссыпалі ў засекі.

Антось таксама цяпер вольны,
Яму — бы празнічак прастольны:
Сюд-туд, глядзіш — ён ухадзіўся,
Ці з'еў ці не — на луг пашыўся;
Цягнуў луг дзядзьку, ім валодаў.
Сябра майстэрства і паходаў,
Сякерку, вострую падругу,
Засуне спрытна за папругу.
І Костусь з дзядзькам, як вядома;
Хіба ты ўседзіш цяпер дома?
А з дзядзькам пойдзеш — так цікава!
Яны йдуць бойка і рухава,
Бо зімны холад падганяе.

Любота, братцы! снег лятае,
Ды так спакойна, так ціхутка!
Куды ні глянь — усё бялютка.
А тыя лёгкія пушынкі,
Здальнейшых ручак кружавінкі,
Сухіх чаротаў чуць крануцца,
То так жа люба засмяюцца,
То ціха-ціха загамоняць,
То штось шушукнуць, то зазвоняць.
А там, між лесам і табою,
Сам Бог паводзіць барадою:
Трасецца сетачка сняжынак,
Як смех прыгожанькіх дзяўчынак,
Што звоніць песняй маладою.

Антось на рэчцы прыпыніўся:
Тут першы загарад таіўся
Пад гэтым снегам і пад лёдам
З адным-аднюткім толькі ходам,
І той бучом быў перахвачан —
Яшчэ увосень час тут страчан,
Палонка лёдам моцна скута,
Ды працы тут адна мінута.
Палонку дзядзька прасякае,
А Костусь, радасны, чакае,
І зорыць пільна ён вачыма,
Калі той бучык дзядзька ўзніме.
А дзядзька — о, ён акуратны!
Работнік дзядзька наш выдатны:
Ва ўсім парадак і лад любіць
І часу дарма ён не губіць!
Прасек палонку, крыгу вынуў,
Тады на бучык вока кінуў,
Бярэ за палку, падымае
І буч на бераг выкідае.
І дзядзькаў твар крыху святлее —
Была слабая тут надзея;
А вось глядзі, там штось шалпоча, —
Відаць, іх доля не сіроча!
І буч кулём угору ставяць
І часу доўга тут не бавяць.
Развязан куль. Тут гоман, смех,
І рыбу вытраслі на снег.
Акуньчык спрытна страпянуўся,
Мянёк-завала ўзварухнуўся,
Яшчэ мянёк ды пара плотак.
Ну, вось табе і заработак!
А там яшчэ ёсць загародкі...
Не дармы, не, іх пераходкі!
Ідуць дадому, разважаюць,
Чаго на святы накупляюць, —
Антось часамі, як дзіця.
Тым часам заўтра і Куцця.
Міхал — ужо нейк вайшло ў моду —
Ў Нясвіж прад святамі штогоду
Вазіў для замкавых паноў
Грыбы, і рыбу, і зайцоў.

Куцця. Марозна. Хмурнавата.
Сняжок падкідвае заўзята;
Снег на Куццю — грыбы на лета,
Такая матчына прымета,
А сцежкі чорны — ягад многа;
Ну, і за гэта хвала Богу.
Абегаў Ўладзя раўчавіну,
І клін, і пасечку, лагчыну.
Па жменьцы ў снег аўса стаўляе —
Зайцоў ён гэтым прывабляе,
Каб праз акенечка з каморы,
Калі прынадзіцца каторы
У ночку цёмную хадзіць,
Навесці стрэльбу і забіць,
Бо тут зайцоў было даволі.
І дроў на свята накалолі,
Трасянкі загадзя натрэслі,
Сянца пахучага прынеслі:
Куцці гаршчок ужо ў калена
Стаяў на лаве, чакаў сена,
І вось цяпер гаршчок з куццёю,
Як цар даўнейшаю парою,
Ў пачэсны кут, на свой прастол,
Стаўляўся з гонарам за стол
На гэта сена пад багамі,
Ўладар над хлебам і блінамі,
Бо ён у гэты дзень — персона!
Яго вянчаў абрус-карона:
Гаршчок агорнуты пашанай,
Хоць ён фаміліі глінянай.

Якія ж матчыны намеры
Наконт куцці, наконт вячэры?
Ох, гэта дзецям знаць цікава,
Калі якая будзе страва,
Ў якім ліку, ў якім парадку?
Што на канцы і што ўпачатку?
А ў маткі ўсё абмеркавана
І ўсё прадумана ад рана.
Там, на гары, пад шчытам дзе-та,
Быў мак павешан яшчэ з лета —
Цяпер у цёрле ён пацёрты.
У патайным куце каморы,
Як смерць Кашчэя, пад запоры
Мядок быў хітра дзесь запёрты, —
Цяпер яго насталі часы,
Бо ён патрэбен для закрасы,
І што кісель той без сыты
У вечарок гэты святы?

Маўчком Антось часінай шэрай
У ельнячок шмыгнуў з сякерай:
Ці ж ён звярэдзіцца, сагрэшыць,
Калі малых дзяцей пацешыць
І іх ялінкай пад куццю
Хоць раз забавіць у жыццю,
Калі забавіць толькі зможа?
Ялінка ў хаце так прыгожа!
І колькі радасці і ўцехі!
На ёй валоскія арэхі,
А з пазалочанай паперкі
Глядзяць панадныя цукеркі;
І больш на ёй няма нічога,
Ды хіба ж дзецям трэба многа?
Даволі з іх і той прынады —
Яны давольны, яны рады.

У хаце добры лад і згода,
Як патрабуе і прыгода,
Паважнасць вечара святога —
Не ўчуеш слова ты благога,
І ўсе прыбралісь і памылісь,
Міхал з Антосем падгалілісь
І парасчэсвалі чупрыны.
— Ну, засцілайце стол, мужчыны!
І стол той гуртам прыбіраюць,
Настольнік белы падымаюць,
На стол растрэсваюць мурог —
На сене колісь быў Сын Бог —
І роўным пластам рассцілаюць,
Сянцо абрусам закрываюць.
За стол садзяцца ўсе ў парадку
І прад сабой кладуць аладку,
Відэльцы, лыжкі разбіраюць
І стравы першае чакаюць.
— Ты, брат, глядзі не ашукайся:
Не надта зразу накідайся,
Бо потым шчыра пашкадуеш,
Калі жывот свой напіцуеш:
Чым дальш — смачнейшыя патравы,
І многа іх, і ўсе цікавы;
Я знаю хітрасць гэту ўсю, —
Алесь гаворыць Кастусю.

Міхал бутэльку адтыкае,
Бо ўжо закуска тут чакае:
Стаяць, як горкі, скавародкі,
Тут акунькі, мянькі і плоткі,
Ды так падсмажаны, што люба —
Сама да іх імкнецца губа.
Гарэлка, радасць-весялуха,
Прыемна булькае для вуха
І гэтак вочы прыцягае,
Ну, як каханка маладая!
— Ну, што ж, Антось, здароў будзь, браце!
Няхай дае Бог лад у хаце,
Дабра, прыбытку прыспарае,
Каб у хляве ды ўсё пладзілась,
Каб жыта ў полі каласілась,
Няхай раяцца добра пчолы,
І самі будзем мы вясёлы;
За год дай божа дачакаць
Здаровым новы год спаткаць.
— Дай божа! — дзядзька адазваўся
І сам з прамовай зварачаўся,
П'ючы цяпер да гаспадыні, —
Падатак кожнай дай часіне,
На ўсё гатовы ў кожным часе.

І вось вячэра зачалася!
Спыніцца мушу я на квасе:
Ён колер меў чырванаваты;
Тут быў таран, мянёк пузаты,
Шчупак, лінок, акунь, карась,
Кялбок і ялец, плотка, язь,
Яшчэ засушаныя з лета.
Але не ўсё яшчэ і гэта:
Аздоблен квас быў і грыбамі,
Выключна ўсё баравічкамі;
Цыбуля, перчык, ліст бабковы —
Ну, не ўясісь, каб я здаровы!
Пільнуй, — цішком скажу між намі, —
Каб і язык не ўцёк часамі.
За квасам елі верашчаку,
А потым блінчыкі на маку,
А там ламанцы-праснакі
З пшанічнай добрае мукі;
А макаў сок такі салодкі!
Ламанцы ў ім, ну, як калодкі —
Так добра макам праняліся,
У рот паложыш — абліжыся.
За прасначкамі йшлі кампоты,
Кісель з мядоваю сытою;
Вячэру скончылі куццёю,
Але ўжо елі без ахвоты,
Абы падатак той аддаць,
Стары звычай ушанаваць.
І после гэтакай вячэры
Жывот выпучваўся без меры,
А з-за стала як уставалі,
То нават трохі і стагналі.

На першы дзень святых калядак
Такі ўжо быў стары парадак —
Збіралі сена са стала,
Кармілі ім каня, вала
І ўсіх жывёлін, хоць па жмені,
А на стале, ў драбнюткім сене
Здавён-даўна вялося й гэта —
Уважна зернетак шукалі
І па тых зернетках гадалі,
Які зародзіць хлеб налета.

ХХІ. ТАЕМНЫЯ ГУКІ

Пад іншы год у холад люты,
Калі ўсе рэчкі лёдам скуты
І ўсё пад снегам качанее,
Глядзіш — цяплом табе павее,
І з поўдня вецер хмары гоніць,
У вокны дождж буйны зазвоніць
І з капяжоў руччом сцякае,
І снег жыўцом ён паядае.
Скідае лес убор зімовы.
І шум другі на лад-спеў новы
Над борам цягне несканчона.
І фанабэрыцца варона:
«Вясна! вясна! гразь! гразь!» — спявае,
Як бы вясну ўжо сустракае.
Паміж алешніку змяёю
Крыніца чорнай паласою
На свет зірнула, лёд прабіла,
Ў старых карчах загаманіла.
І палыселі касагоры,
Вадою поўняцца разоры,
Бяжыць, шуміць вада ў лагчынах.
І лёд уздуўся ў азярынах,
Дарогі ў полі ўсе псуюцца,
Аб крыгі крыгі з шумам труцца,
І луг заліт увесь вадою,
Як і сапраўднаю вясною.
Ды гэта толькі кпіны-жарты:
Зімой цяпла чакаць не варта —
Зіма свайго не падаруе
І злосна ветрам засвідруе
Ды так пацягне, так зайграе,
Што проста нос табе зрывае.
І выюць ў полі завірухі,
Як за труною маладухі,
На лес накідваюць наміткі
І робяць гурбы ўвачавідкі.
Варона гонар свой збаўляе,
Ды зноў да сметніка вітае,
І свой жывот галодны пыніць,
На спевы дзюба не расчыніць.
Дзярэўі ў белы пух убраны,
І снегам «лысіны» засланы;
Застылі рэчкі, азярыны
Пад гнётам белай кажурыны.
Лёд на лугах, як люстра, ззяе,
І сонца зрэдку ў ім гуляе...

Настане ноч — і ўсюды ціха,
Хіба завые дзе ваўчыха
Сярод трушчобы ў цёмным лесе
Ды гучна лусне гонта ў стрэсе...
Але што гэта? што за гукі?
Адкуль яны? Чые то рукі
Забілі цяжка малатамі,
Як тыя коні капытамі?
Якія там майстры майструюць?
І што куюць? над чым працуюць?
Стаіш і ловіш зыкі тыя,
А луг трашчыць, гудзе і вые;
То рэзкі трэск там панясецца,
Бы чорт лазаты засмяецца,
То заскавыча, то застогне,
Ды так, што ўсё, здаецца, дрогне;
Не то сякера мерна чэша,
Не то хтось кашляе ці брэша.
Гу-гу! — штось гукне, садрыгнецца,
Бах-бах! — на гук той адзавецца
І аж па лесе пойдзе рэхам
Ды зарагоча дробным смехам
То тут, то там ды як засвішча —
Як бы там чортава ігрышча!..
Ўсю ноч, ад рэчкі і па Нёман,
Ушыр, удоўж нясецца гоман
Няўцямны, сцішны і таемны
І разам страшны і прыемны.

А ноч ціхутка; ў багне цёмнай
Пустэлі страшнай і бязмоўнай
Гараць дрыготна, ззяюць зоркі,
Як найдарожшыя пацёркі,
То паасобку, то гурткамі,
То брыльянцістымі радкамі,
І іх пучочкі-златаблёсткі
Наўкола кідаюць пялёсткі;
Яны гараць, жывуць і граюць,
Бы вочкі там чыесь міргаюць;
Ды зрэдку ў небе дзесь далёка
Над лесам тым у момант вока
Мігнецца стужка агнявая —
То знічка згасне залатая.
Вось выйдуць хлопцы гуртам з хаты
На гэты час, як неба шаты
Раскіне гожа над зямлёю
І вее згодаю святою.
— Ша! Ціха вы, не гаманеце!..
О, што ж та дзеецца на свеце?
І хлопцы разам заціхаюць
І на Алеся пазіраюць;
Алесь замёр, здзіўлення поўны,
Глядзіць у луг, стаіць бязмоўны,
У бок лугоў руку трымае.
— Во, во! што, чуеце? страляе!
— Што гэта, хлопцы? вось дык дзіва! —
Дарэктар шэпча палахліва. —
Няўжо з Нясвіжа б'юць гарматы? —
І Яська кінуўся дахаты.
— Ой, дзядзька, цётка! — ён галосіць,
І нейкі рух яго аж носіць. —
Ідзеце борздзенька, ідзеце.
Там штось грыміць, ну, паглядзеце! —
І так завойкаў, так завохаў,
Што ўсіх у хаце напалохаў.
— Ну, я табе, брат, мала веру:
Перабіраеш трохі меру, —
Антось на гэта адазваўся,
Але на двор пашыбаваўся,
Кажух накінуўшы на плечы;
І маці прасніцу да печы
Таксама ставіць, прысланяе,
На двор за імі выпаўзае.
Пасталі ўсе, стаяць маўкліва
І вухам ловяць тое дзіва.
А луг бубніць таемна, глуха,
Як бы ў кадушку б'юць з-за вуха.
— А што, ці чуеце? Што гэта? —
Дарэктар ціхенька пытае;
Самога страх так і шугае.
— Эх, Яська, брат, ідзе камета!
Прапалі мы — сканчэнне света! —
Антось гаворыць, чуць не плача. —
Прапаў ты, Яська-небарача,
І не пабачыш бацьку з маткай,
Хоць папрашчаўся б з роднай хаткай:
Яе ўжо бачыць не надзейся!
— Не, дзядзька, што гэта, не смейся, —
Антося хлопцы абступілі
І разам тут загаманілі.
— Ідзеце ў хату! — кажа маці. —
Калі ўжо гінуць — гінь у хаце.
Адразу хлопцы схамянулісь,
Што ў нечым моцна абманулісь,
І стала болей ім цікава,
У чым тут сіла тая, справа.
Антось у хату йдзе, рагоча,
Тлумачыць зразу ён не хоча:
Ахвоту меў-такі, прызнацца,
Ён трохі з Яські насмяяцца,
А хлопцы голавы ўскруцілі,
Ў хаду ўсе спосабы пусцілі,
Найсці прычыну тую квапяць,
Але на след ніяк не трапяць.
— Ну, дзядзька, годзе ўжо смяяцца;
Самім нам трудна дагадацца,
Адкуль, з чаго такія гукі?
— А ты ж выкладваеш навукі,
І імі розум твой начынен,
Ты гэта ведаць сам павінен:
Які ж з цябе настаўнік, браце?
Не многа ж гэтага багацця
Ў тваёй галоўцы, мой нябожа!..
Ну, хто дарэктару паможа? —
Тут дзядзька вучняў аглядае. —
Напэўна Костусь адгадае...
Ну, Костусь, брат, зрабі ім брыдка:
Тут штука проста, вачавідка! —
І ўсе на Костуся зірнулі,
Але адказу не пачулі.
— Кажы смялей! Ну, думаць годзе,
Ты ж любіш коўзацца па лёдзе!..
— Бадай вы, дурні, пагарэлі! —
Прамовіў бацька тут з пасцелі;
Ён там драмаў, цяпер падняўся
І сам у гутарку ўмяшаўся,
Каля камінку стаўшы збоку.
— Няўжо ж у вас не хопіць клёку
Такое глупства расшалопаць?
Па мордзе б, гадаў, вас нашлёпаць,
Тады б вы сцямілі навуку,
Найшлі б прычыны таго груку!
Маўчаць яны, насы спусцілі,
Сядзіць дарэктар, як на шыле, —
Нагналі ж чэрці ім занозу.
— Дык гэта ж лёд трашчыць з марозу! —
Алесь і Костусь выпадкова
Гукнулі разам ў адно слова.
Тут бацька зразу адпусціўся,
Павесялеў і праясніўся.
— Вот малайцы!.. а вы што, цеслі?
Гулу вам меншыя паднеслі!
Адзін — бальшун, другі — дарэктар
І тлумачэльнік разам, лектар...
— Фэ! брыдка вам! — іх дзядзька журыць,
А Ўладзя толькі бровы хмурыць.
— А-ей, якая мудрасць гэта:
Яе забыў я трэцце лета!
— О, ты Сальмон у нас вялікі,
Як на чытанне, так на лікі,
А вось скажы, калі ты кемны:
Чаму трашчыць так лёд надземны? —
Другая вынікла задача;
Пацее Яська, чуць не плача,
Сказаць штось хоча і баіцца
Утраціць гонар, памыліцца,
І Ўладзя вочы апускае.
— А справа, бачыце, такая, —
Антось тут сам пачаў тлумачыць: —
Была паводка гэта, значыць,
Вада па лузе разлілася,
А потым лёдам занялася,
Мароз падскочыў ды прыціснуў,
Вада і збегла, лёд павіснуў:
Цяпер наніз ён ападае,
А лёд таўшчэрны, важкасць мае,
А паміж лёду і вадою,
Ўнізе пад мёрзлаю зямлёю
Пустое места астаецца,
І вось як глыза садрыгнецца,
Яна і грукне, як з гарматы...
Ну, зразумелі, небажаты?
— І я так думаў, — Ясь азваўся, —
Ды толькі выказаць баяўся.
— І я даўно ўсё гэта ведаў,
Але маўчаў... — Ты, бізун дзедаў! —
На Ўладзю бацька напусціўся, —
Глядзі: я бачу — распусціўся!
Маўчаў бы лепш ды хоць шалопаў
Ды менш губою гэтай лёпаў...
Не будзе сэнсу з цябе, хлопча:
У гразь жыццё цябе затопча
З тваёй навукай гэтай разам,
І будзеш век ты каламазам!
— Ну, што ж? і колы мазаць трэба,
Абы які кусок мне хлеба, —
Тужліва Ўладзя зазначае
І смех агульны выклікае.
— А вось і я пытанне маю!
Чакайце ж, я вас запытаю, —
Да старшых Костусь прамаўляе,
І гнеў ён бацькаў адхіляе:
— А што, скажэце, зорка значыць,
Якой ніхто мо і не бачыць:
Яна маланкай мігатнецца
І згасне. Дзе ж яна дзяецца?
І да зямлі не далятае,
А проста дзесь яна знікае?
І змоўклі ўсе адразу ў хаце:
Як адказаць? З чаго пачаці?
— Ага! — тут хлопцы падхапілі. —
Цяпер і мы вас ушчамілі.
— Што нам з таго, што гінуць знічкі?
І клопат будзе невялічкі,
Калі прычын іх знаць не будзем:
Якая з іх карысць тут людзям? —
Бярэ сам бацька перша слова. —
І з'ява гэтая — не нова:
Яны штоночку вынікаюць,
Але без следу прападаюць.
То — тайнасць божжа, яго воля.
Чаго мы, людзі, мо ніколі
І не дазнаемся, як трэба,
Бо то — вялікая вучэба.
— Чаму? дазнацца мо і можна, —
Гаворыць дзядзька асцярожна, —
І пэўна ведае навука,
Што астраноміяй завецца,
Адкуль тут што і як бярэцца.
Замыславатая то штука,
А вось, як будзеце вучыцца,
То можна сэнсу і дабіцца,
Бо помню я, як сам вучыўся,
Нам штось пра іх казалі ў школе
І вытлумачвалі даволі,
Але цяпер пра то забыўся.
— І я, — тут маці засмяялась, —
Сказаць хацела, ды збаялась,
Якраз як наш дарэктар гэты.
Калі стваралісь Богам светы,
Па зорцы светлай чалавеку
Назначыў Бог святы спрадвеку;
Яна жыццём яго кіруе
І лёс яго і смерць пільнуе.
Чым больш з людзей хто выдатнейшы,
Таго і зоркі блеск яснейшы,
І гасне зорачка святая,
Калі даручаны сканае:
Вось так на небе адначасна
Яна мігнецца і пагасне,
Як бы хто з жалю вочкі ўскіне
І невядома дзе загіне.
І неба слых тады прыклоніць,
І анел слёзку ціха зроніць...
Як я была яшчэ малою,
То дзед, бываючы ў настроі,
Часамі вёў апавяданні
Аб гэтым зорачным зніканні,
Яшчэ казаў: «Калі хто зможа,
Пакуль не згасне служка божжа,
Задумаць што ў мамэнт бліскання,
Таго ўсе споўняцца жаданні».
Для хлопцаў гэта тлумачэнне
Найболей мела здавалення,
І ўсе іх думкі мімаволі
Блукалі дзесь у божым полі;
Іх захапляў свет безгранічны
І ўласны лёс іх таямнічны.

ХХІІ. НА ГЛУШЦОВЫХ ТОКАХ

Адбыў свой час панура люты.
Дзянёк патрошку прыбывае,
Прыветней сонейка бліскае,
І рве рачулка свае путы.
Ідзі, зіма, ідзі ў дарогу:
Прайшоў твой час, дзякаваць Богу!
Пабач, старая: там, у полі,
Чарнеюць леташнія ролі!
А ўзгоркі вунь паразумнелі,
Бо вельмі значна палыселі.
А лес, глядзі, які вясёлы!
І дуб смяецца, хоць і голы.
Паслухай добра: чуеш песні?
Цяпер яны ўжо не заўчэсні,
Ужо бо сонейка праменні
Гатуюць шлюбныя адзенні
І ткуць карону дарагую
Вянчаць зямельку-маладую...
Пара, зіма, табе складацца
І ўпроч з кудзеляй выбірацца!

І вось у дзень адзін прыўдалы
Загаманілі перавалы.
І гоман, спеў і шум усюды,
Як бы ў цымбалікі і ў дуды
Зайгралі тысячы музыкаў,
Бы іх на баль тут хто заклікаў.
Ідзе вясна з цудоўнай лірай;
На звон яе зляцеўся вырай,
І жыцце ўсюды вынікае,
І пташка песню зачынае.
— Вясна павінна быць раджайна:
Вада шуміць штось незвычайна,
Як гром далёкі — густа, глуха
І так прыятна нейк для вуха, —
Міхась, вярнуўшыся з абходу,
Адзначваў добрую прыгоду.
А Костусь дома не ўтрывае,
Паслухаць шум той выбягае;
І праўда: гук такі цікавы...
Як мілы гэтыя праявы!

Аб чым гудзе вада так важна,
Так мілагучна, так працяжна?
Напэўна, гэтая вадзіца,
Мабыць, якая чараўніца,
Калі наўперад многа знае
І пра раджайнасць нешта бае.
І нават тата даў ёй веры.
Праз дзень прыйшоў наказ з кватэры,
Якога бацька спадзяваўся,
Каб у Камлішчы ён збіраўся,
Бо ўжо глушцы затакавалі,
А іх прад святам палявалі;
Але ўпярод, да палявання,
У змрок вячэрні і ў світанне
Туды на подслухі хадзілі,
Глушцоў шукалі і сачылі,
Пакуль паны не прыязджалі.

Два буданы ў бары стаялі:
Адзін — салаш яловы просты,
Другі драўляны і з памостам;
І вось, як панства наязджала,
То тут яно і начавала.
Ляснік у будцы сваёй гнуўся,
Хоць да агню ён больш гарнуўся;
Але і тут было няміла:
Адзін бок мёрз, другі смаліла.
Міхал сабраўся, апрануўся
І ў лес павольна пацягнуўся:
Ў лясах снягі яшчэ ляжалі,
Ды ўжо з узгоркаў саступалі
І больш туліліся ў лагчынах
Ды па цяністых раўчавінах.
Зіма і тут збірала клумкі.
Міхал ішоў, з ім йшлі і думкі,
А з імі вобразы ўставалі
І ў сэрцы водгук выклікалі.
І часта хваля абурэння,
Глухі пратэст нездавалення
Яго ахваціць і ўскалыша
І гневу знак ў душы напіша.
Панам пацеха і забава,
І ў іхнім гусце гэта справа;
А ты, як Каін, валачыся,
У будане па тыднях гніся,
Ды часам пану не ўнаровіш
І «пся крэў», «дурня» часта зловіш,
З апошніх слоў цябе аблае,
А то і горш яшчэ трапляе.
Была б свая зямля і хата!..
Ды будзь ты тры разы праклята
І служба панская і ласка
І доля вечная падпаска!
І многа розных дум устане,
Пакуль будан той з лесу гляне.
Між буданоў агонь палае,
Міхала Пальчык там чакае;
З другога боку йдзе Гавака,
Стары аб'ездчык і служака.
Сядзіць Абрыцкі на калодзе
І грэе ногі, люльку курыць,
Зачаў гаворку, балагурыць
Аб рознай рознасці, прыгодзе.
Чаго ён толькі не ўспамяне!
Каму ў душу ён не загляне!
І абгаворыць, пасмяецца;
Панам таксама дастаецца,
Бо пан Абрыцкі, сказаць смела,
Між імі цёрся жыцце цэла;
Быў на Палессі, на Валыні —
Дзе толькі доля не закіне!
Сядзеў з ім поруч Дземідовіч,
З другога боку — Астахновіч,
Ўжо леснікі немаладыя,
І хлопцы сталыя, такія,
З якімі можна выпіць чарку,
Таксама й ездзіць па іх карку,
Чаго Абрыцкі не цураўся.
Па службе выйдзе папушчэнне
Ці так няважнае здарэнне,
Абрыцкі пэўна ўжо падкусіць,
Данесці пану аб тым мусіць
Ды ад сябе яшчэ прыбавіць,
Каб чалавека абясславіць;
Дык на яго не мелі вока
І з ім трымаліся далёка,
Хоць гэта ў вочы не казалі.
Ды леснікі здарэнне зналі,
Калі Абрыцкі абмахнуўся
І пад Пшавару падвярнуўся.
Пшавара быў ляснік сярдзіты,
Апроч таго, не лыкам шыты:
Шырок, плячыст, як дуб стары,
І з ім да трох не гавары!
І дужы быў ён не па меры.
Ён быў з Абрыцкім на кватэры,
І вось які быў тут учынак:
Пшавараў конь каля драбінак
Стаяў і хрумстаў сабе сена,
Сянцо мурожнае, бы пена.
Вярхом Абрыцкі прыязджае,
Сюды свайго каня стаўляе,
Пшавара гэта зауважыў.
— О, каб яго пярун распляжыў!
Які то гад, які вужака,
Які то кручаны сабака
Пусціў каня да майго воза?
— Якая страшная пагроза
І што за тон такі мужыцкі? —
Азваўся з гонарам Абрыцкі. —
Ну, я пусціў, то што тут будзе?
Табе што з гэтага прыбудзе? —
Ўскіпеў Пшавара ў момант вока;
Дуга была тут недалёка —
Ляжала тут жа пад рукою —
І за Абрыцкім ён з дугою!
Абрыцкі прэ ва ўсе лапаткі,
Бяжыць, як можа, без аглядкі,
Але Пшавара даганяе,
У ход дугу сваю пускае.
Абрыцкі — некуды дзявацца —
Спыніўся, кінуўся кусацца!
Пшавара й гэты бой прыймае:
Схапіў Абрыцкага, трымае,
Зубамі сам дае ён здачы
І нават гыркнуў па-сабачы:
— Калі кусацца, дык кусацца!
Было з чаго тут пасмяяцца!..
Тут сам падлоўчы паказаўся,
Ад смеху ён чуць не качаўся.
На ўсіх пазіцыях пабіты,
Абрыцкі збавіў тон сярдзіты
І просіць грознага Пшавару:
— Пусці, братко, панёс я кару!
Міхал з усімі завітаўся,
Таму, другому засмяяўся,
Іх жарты жартам адбівае
І стражнікаў развесяляе.
— А што, Міхале, мілы браце, —
Абрыцкі кажа, — пэўна ў хаце
Было б, тэж, лепш, як у будане?
— Няхай тут іх зямля апране:
Паноў, глушцоў і інша ліха,
Тады б на свеце было ціха, —
Сказаў Міхал нібы гняўліва. —
Ось возьмем стрэльбы, пойдзем жыва,
Ды хоць у смак папастраляем
І ўсіх глушцоў паразганяем!
— А ты забыўся, — тэж, каханы,
Выпадак быў неспадзяваны,
Як наш Вярыга свержаноўскі
Вёў на глушца па-стражнікоўску
Якраз ляснічага самога:
Тры крокі скокне ён, нябога,
Ды спыніцца і спыніць пана;
Глушца ж таго і нечувана.
І вось да хвоі даскакалі,
Але глушца там не засталі.
Стаяць Вярыга і ляснічы.
— А дзе ж глушэц, пан паляўнічы?
— Вось тут спяваў, панок, учора,
Ды перастаў на маё гора.
Вярыга вочы апускае,
Ляснічы воўкам пазірае
І плясь у морду нечакана!
Вось як Вярыга падвёў пана!
— Ну, што ж? натрапіў на такога;
А каб наскочыў на другога,
Сказаць, хоць бы і на Пшавару:
Задаў бы ён там пану жару! —
Гавака важна адазваўся;
Абрыцкі толькі аблізаўся,
А леснікі зарагаталі
І тым Гаваку падтрымалі.
— Ну, што, панове ягамосці:
А ці не час ужо і ў госці? —
Абрыцкі погляд ускідае
І шчыльна люльку накладае.
— Што ж! трэба рушыцца — цямнее:
Якраз злятаюцца, зладзеі!..
Эх, брат, наняўся — як прадаўся!.. —
Сказаў Міхал і сам падняўся;
За ім другія паўставалі
І ў цёмны лес павандравалі.
І разышліся ва ўсе бокі
Сачыць глушцоў, шукаць іх токі.
Міхал з дарогі зварачае
І далей, глыбей забірае.
Вось ён разважліва спыніўся,
Прыслухаўся і прытаіўся;
Яшчэ павольненька праходзіць,
Дазорчым вокам лес абводзіць.
Стаяць вакол маўкліва хвоі,
Бы служкі ў панскім дзесь пакоі;
І дрэмлюць чорныя яліны,
І моўкне ў лесе спеў птушыны,
І толькі дрозд высвістваў штучна,
Як на кларнеце, мілагучна;
Ды змоўк і ён, і ўсё знямела.
У небе зорачка нясмела
Над гэтым лесам цемраністым
Зірнула вокам прамяністым.
А лес маўчыць, глухі, таемны.
Міхал — сам слых, але дарэмны
Вышэй чуллівых натужэнні:
Нідзе ні зыку-шарасцення,
І толькі шум, бы кім насланы,
Бы тыя гулкія арганы,
Ўвушшу стаіць, грыміць і звоніць
І штось няўцямнае гамоніць.
«Чусь-сю! Чуг-гі!» — дзесь зык падаўся,
Міхал як бы чаго спужаўся,
І сэрца ў ім мацней забілась,
І радасць нейкая з'явілась.
Глушэц чым далей, то ўсё болей
Дзесь на суку за тоўстай хвояй
Рассеўся важна і балбоча,
А як спявае — плюшчыць вочы,
Тады нічога ён не чуе;
Але не цягам ён такуе,
А робіць часта перарывы,
Тады ўжо чутак ён надзіва,
Тады замры і стой зацяты;
Пачне спяваць — хоць бі з гарматы.
Міхал стаіць, штось разважае,
Відаць, ён месца прымячае,
А кашаль, падла, так і душыць.
Міхал наш з токаў хоча зрушыць,
Ісці ў будан той, ды ўнікае:
Другі глушэц ток зачынае.
Перачакаўшы з паўгадзіны,
Міхал павольненька, як можна,
Пакінуў токі; асцярожна
Выходзіць зноў на пуцявіны.
Цяпер на збор і ён шыбуе,
Чагось вясёлы, ног не чуе;
А леснікі ўжо ўсе у зборы.
Ідзе гаворка сярод бору,
І смех і жарты, нават кпіны.
Агонь бадай да палавіны
Высокіх хвояў дасягае.
Абрыцкі рапарты прымае,
Хто чуў глушца, якія токі,
Адлегласць мерае на крокі,
А Дземідовіч люльку смаліць,
Ніяк глушцоў сваіх не хваліць.
— Няма нідзе, папрападалі,
А мо за зіму паздыхалі, —
Гаворыць ён, рукой махае.
Яму Міхал напамінае,
Як летась ён усім надзіва
Упаляваў зайца шчасліва,
Калі той здуру памыліўся
І сам у яму заваліўся.
І ўсе смяялісь, рагаталі
І з тога зайца жартавалі.
— А што ж тут вельмі выпірацца?
І з-за чаго ўжо так старацца?
Брашы ўсю ноч хоць, як сабака, —
Адна і ласка і падзяка.
Міхал занадта ўжо служака,
А медалёў не начапілі,
За глупства ў лыжцы б утапілі.
— Ты праўду кажаш, пан Амброжа,
Ды йначай наш Міхал не можа:
Натура ўжо яго такая! —
І Астахновіч зазначае.

Вясёлы смех і жарты, спорка —
Вядзецца доўгая гаворка.
Будан жыве, будан гуторыць,
Аж покі сон усіх не зморыць.

ХХІІІ. ПАНСКАЯ ПАЦЕХА

Якраз пад Вербніцу ў суботу,
У самы снег і гразь і слоту
Ў будан Міхал з Алесем пхаўся.
Конь Ножык клыгаў, аступаўся,
Вада пад коламі плюхцела.
— Бадай тут іх нуда паела!
Вязі з гумна для іх салому
І стол цягні апошні з дому,
Каб мелі дзе на чым пажэрці,
Бога не нашага вы чэрці, —
Міхал паноў кляне і лае;
А ён загад з кватэры мае
Сюды, ў будан, каб смачна спалі
І гора бы паны не зналі,
Завезці стол, услон, саломы.
«Будуй ты ўсюды ім харомы.
Завошта ж ім, спытаць, пашана?
Навошта Бог трымае пана?
Дзеля таго, каб панавалі
І нашым братам папіхалі?
Ці ласку ў Бога заслужылі,
Каб іх тут песцілі, тулілі?..
Эх, брат! усё то — ашуканства!
Калі-нібудзь ім згіне панства».
І чуў Міхал нутром, душою —
Не мае грунту пад сабою
Вось лад такі на гэтым свеце:
Адны ў пашане, тыя ў смецці
І век жывуць пад нейкім страхам,
Ўсе ж выйшлі ў жыцце адным шляхам!
І што ты зробіш? пакарайся
І аднаго гужа трымайся.

Да буданоў ён пад'язджае.
Пад'ехаў, коніка спыняе,
Знімае стол, услон, салому,
Алеся шле з канём дадому,
А сам агонь тут раскладае,
Салому сушыць, прыбірае,
Бо заўтра будзе паляванне.
Паны пад вечар прыязджаюць,
Іх на кватэры ўжо чакаюць,
Сюды прыпрэ іх у змярканне.

Пад вечар неба праяснілась
І ўсё вакол развесялілась:
«Глядзі — панам і тут шанцуе:
Сама пагода ім слугуе,
І сонца свеціць, стала ціша —
Багатым чорт дзяцей калыша», —
Міхал у думках зазначае
І сам з сабою разважае.
І рупіць гэта паляванне,
А заўтра ранкам у світанне
Яму падводзіць трэба пана.
Ану ж глушэц неспадзявана
Зляціць куды ці так зарвецца,
Калі на гэта павядзецца,
А ты свяці тады вачамі
Перад ляснічым і панамі.

— А, ты ўжо тут! тырчыць, як паля!
Здароў, як маешся, Міхале?
— А так і маюсь, ягамосцю! —
Не то з усмешкай, не то з злосцю
Міхал з будана адазваўся,
А Пальчык громка засмяяўся.
— Ты, брат, як пан той у будане.
— А што ты думаеш, васпане?
Хіба не пан? — Міхал падняўся,
Як пан, у бокі важна ўзяўся
І з панскай мінай пахаджае,
Па-польску Пальчыка пытае:
— Цо повеш, галган? Цо потшэба?
Я далэм тобе, дурню, хлеба!..
Ідзь до д'ябла! — Пан праўдзівы! —
Са смехам Пальчык адзначае;
Абодвух смехам пашыбае
Спаткання гэты тон жартлівы.

Праз паўгадзіны ўсе сышліся.
Цяпер размовы павяліся
Наконт паноў і палявання.
Ох, дасць Ракоўскі залівання,
Калі панам не пашанцуе
І сам глушца не запалюе;
Так і ўскіпіць, як рак чырвоны, —
Такі ён кручаны, шалёны!
Сам вінават — цябе аблае,
За няма-што з гразёй змяшае.
Ох, і паганая урода,
Прышыбла б дзе яго калода!
Абрыцкі моўчкі дым пускае
І люльку пальцам прыціскае,
Аб чымся думае сукрыта;
Усмешка нейкая разліта
І на твары і пад вусамі.
І толькі ўскіне ён вачамі
То на таго, то на другога,
Ды не прамовіць ён нічога,
Бы засмучае штось старога.

— Ўставайце: едуць! — Ўсе ўсхапілісь,
Захвалявалісь, захадзілісь,
Знакі на грудзях папраўляюць
І на спатканне выбягаюць
І ўраз спыняюцца, стаяць —
Паноў тых трэба прывітаць.
Паны ў калясцы пад'язджаюць.
Хурман тут лейцы падцінае,
Стаенных пару прыпыняе,
А пан Абрыцкі з леснікамі
Скланілісь нізка прад панамі.
Паны чуць-чуць адно зірнулі,
На іх увагі не звярнулі,
Як бы не людзі то стаялі,
І ў свой будан павандравалі.
Тут леснікі бягом да брычкі,
Бо знаюць панскія прывычкі,
Нясуць іх стрэльбы і пакункі,
Прылады розныя, ладункі
І ў будане іх прыбіраюць,
Панам, як могуць, дагаджаюць.
Паны ж не бачаць іх, не чуюць,
Бярэ іх нейкі рух, жартуюць;
Усё іх цешыць, забаўляе,
На лад вясёлы падымае:
Будан, агонь, начлег цікавы,
Прасцецкі стол, салома, лавы,
Таксама цешыць паляванне, —
Ім тут цікава ўсё дазвання,
Апроч людзей, што ім так дбаюць
І ўсе іх глупствы выпаўняюць.
Тут быў Ракоўскі, пан ляснічы,
З Нясвіжа глаўны кіраўнічы
Маёнткаў княжацкіх, пан Свіда,
І трэці пан, даўгі, як дзіда,
Быў пан Кржывіцкі, равізовы,
Яшчэ нябачаны тут, новы.
Цямнее ў лесе. Ноч надходзіць,
Марозік злёгку націскае.
На небе месяц усплывае,
Задуму смутную наводзіць
І лес маўклівы азірае.
Гарыць-дрыжыць агонь шумлівы,
А залатыя пералівы,
Вуглёў міганне-дрыгаценне
Ім ткуць чароўнае адзенне:
Шчыты агнёвыя, кароны,
То ярка-светлы, то чырвоны.
Шугае полымя бурліва,
А іскры-зорачкі шчасліва
Бягуць-плывуць бліскучым роем
Угору ў голькі к тоўстым хвоям
І ў верхавінах прападаюць,
Бы вочкі плюшчаць, уміраюць.
Тут светла, весела, ўсё жыва,
А ў лесе цьма ляжыць маўкліва,
Глядзіць панура, неласкава,
Што не ў свой час ідзе забава.
Дрыгучы блеск вакол гуляе,
І цьму адгэтуль адганяе,
І піша здольныя малюнкі,
І фарбаў розныя гатункі
Па тоўстых хвоях раскідае,
Дзівоты чараў выяўляе.

Сядзяць паны, як страхі тыя,
А міны важныя такія,
Ўсе непрыступны і ўсе горды,
Рашучы погляды і цвёрды,
А ў кожным слове, ў кожным руху
Відна знявага да «псяюху».
«Псяюхі» ж ім усяк слугуюць
І для вячэры стол гатуюць,
Ў агонь бярвенні падкідаюць
І прад панамі выдыгаюць.
І вось за стол паны садзяцца,
Ім заманулась частавацца;
Кілішкі «вудкай» наліваюць
І чаркі з чаркамі стыкаюць,
Жуюць смажэнне і вяндліну
І хваляць добрую часіну.
А «вудка» больш развесяляе;
Пан равізовы зачынае:
«Ешчэ Польска не згінэла,
Пукі мы жыемы».
Паны адны перад другімі
Шыкуюць жартамі сваімі,
Свой розум, гонар выстаўляюць
І дубальтоўкі выслаўляюць.
Ракоўскі, злосны з леснікамі,
Зусім не той цяпер з панамі.
Паны ў хвальбе не зналі меры,
Самім сабе не мелі веры,
Ды пра лганнё сваё маўчалі,
Не падсяваючы, ўсе лгалі.
— А я, — тут Свіда выступае,
Ён вус угору падымае
І панству кідае з запалам: —
Седм вількув забів едным стшалэм!
Паны на момант слупянеюць,
Жаваць іх сківіцы не смеюць:
Загнаў пан Свіда ім загвоздку,
Як бы у горла сунуў костку.
— Дальбуг, цекаве, даен слово! —
Сказаў нарэшце равізовы.
— Гм, як жа гэта, проша пана? —
Ўсіх зрэзаў Свіда нечакана
І верх цяпер над імі мае.
Паноў аж зайздрасць разбірае.
— То пан жартуе, як то можна? —
Паны развагу вядуць розна:
Сказаць: салгаў — не выпадае,
Паверыць — веры не хапае;
А паўнамоцны ў здаваленні,
Як бы агорнуты ў праменні,
Навокал горда пазірае
І важна шчокі надзімае,
Як бы паноў ён і не бачыць.
— Няхай жа пан то растлумачыць!
— А так, панове: едным стшалэм! —
Зноў ткнуў іх Свіда як бы джалам.
Ў канцы дае ім тлумачэнне:
Забіў ваўчыцу на шчаненні.
Паны — ляснічы й равізовы —
Як па камандзе, б'юць галовы:
— І як то мы не дагадалісь!
І доўга ўсе яны смяялісь.
Назаўтра рана чуць разднела,
Чуць-чуць на ўсходзе пасвятлела,
Была кароткая нарада,
Каму вясці якога пана.
«Абы не гэтага шатана,
Хоць бы не мне ўсучылі гада», —
Міхал падумаў аб ляснічым.
«Абы не з гэтым паляўнічым», —
Так і другія разважалі,
Пераглядаліся, чакалі.
Але як Свіда быў тут глаўны,
А з леснікоў найболей слаўны
Міхал даўно ўжо тут лічыўся,
То ён Міхалу даручыўся,
Кржывіцкі Пальчыку застаўся,
А ў трэцяй пары аказаўся
Ніхто другі, як наш Гавака;
Аж уздыхнуў ён, небарака.
Размеркаваўшысь такім чынам,
Паны па розных пуцявінах
Ідуць на токі з леснікамі.
Міхал здалёк пайшоў цянькамі;
Гатовы план даўно ён мае,
Ідзе і Свіду навучае,
Гаворыць з прыціскам, хоць ціха,
Каб не ўстрывожыць тое ліха.
— Вось тут, паночку, «такавіска»,
Глушэц асочаны ўжо блізка,
Няхай жа пан ідзе ціхутка,
Бо гэта штучка вельмі чутка:
Не асцярогся — і прапала.
І Свіда слухае Міхала,
Што толькі той ні загадае.
Міхал над панам волю мае,
Цяпер ён пан хоць на мінутку.
«Скачы ж, браток, пад маю дудку,
Прызнай жа мне і ты пашану?» —
Міхал у думках кажа пану.
— Як скокну я — і пан хай скача;
Спынюся я — і пан спыніся!
Глядзі ж, панок, не памыліся,
Каб тут не вынікла няўдача!
Міхал замёр, стаіць маўкліва,
А з ім і Свіда нерухліва.
У лесе значна пасвятлела,
І вось дзесь блізка, перш нясмела
Заграў глушэц і абарваўся
Ды зноў зачаў, разбалбатаўся.
Міхал даў знак. Скок-скок! спыніўся,
З ім радам Свіда апыніўся.
— Ці бачыць пан? унь-унь чарнее...
Ой, не: хай пан цярпець умее! —
А Свіда стаў пароць гарачку
І ўжо у стрэльбе ўзвёў сабачку.
— Не руш! не руш, пан! о, крый божа;
Пан папсаваці справу можа!
Яшчэ мінуту улучылі,
На крокаў дваццаць падступілі.
Цяпер глушэц, як на далоні,
Сядзіць, бы шула, у заслоне
Хваёвых лапак, хвост мятлою,
Як бы любуецца сабою,
Балбоча, крэхкае і свішча;
Глушэц склікае на ігрышча,
А мо хваленні жыццю правіць
І гэты бор спрадвечны славіць.
Міхал і Свіда той часінай
Стаялі моўчкі пад ялінай.
Пан Свіда стрэльбу падымае
І доўга цэліцца... страляе.
Бух! — грукнуў стрэл, лес узбудзіўся!
Дымок раўнюткаю стралою
Жахнуў старую гэту хвою,
З якой глушэц даўно зрадніўся;
І раптам з ёю разлучыўся,
Умомант звяў і страціў сілы
І не паспеў разняць ён крылы,
На мяккі дол, на мох зялёны
Упаў, насмерць акрываўлёны;
Ўзнялась галоўка і апала,
Два разы лапка задрыжала,
Навек застыла нерухома.
А Свіда рад быў, рад, вядома:
Рублём Міхала ён трактуе,
Цыгарай хвацкаю частуе.

ХХІV. ВЯЛІКДЗЕНЬ

У хаце вучням не сядзіцца —
Прайшла ахвота ў іх вучыцца;
І сам дарэктар уздыхае,
На Мікалаўшчыну ківае,
У смутку нейкім часта ходзіць,
Аб доме гутарку заводзіць,
Пускае жарты міма вуха,
Яго не цешыць саладуха,
Якая хлопцу падабалась,
Бо вельмі добра удавалась.
— Сказаць, не кепска тут хлапчыне, —
Прамовіць часам гаспадыня, —
А ўсё ж дамок свой моцна цягне,
І кожны к матцы сваёй прагне.
Прыйшлося ўважыць тут малому
І адвязці яго дадому.
А вучні кніжкі пахавалі
І ўжо Вялікадня чакалі.
Прыйшла вялікая субота,
Даўно прыпынена работа,
І ўжо пад вечар сама хата
Была прылучана да свята:
Лагоднасць, згода і павага
І вельмі сталая развага
Ўвесь гэты дзень тут панавалі.
І блізкасць свята шанавалі
Старыя, дзеці і падросткі
І шуму тут не падымалі,
Як будным днём з-за кожнай косткі.
Алесь, Кастусь і Міхаліна —
Сама найшла на іх часіна —
На працу зранку выйшлі самі
І падмялі двор дзеркачамі;
Пясочку потым накапалі
І сцежкі ім панасыпалі;
І гэты дворык так змяніўся,
Так гожа траўкай заіскрыўся,
Што проста глянуць было люба, —
Хоць ты вядзі яго да шлюба.
Мужчыны загадзя пабрылісь,
Вадою цёплаю памылісь,
Бо трэба ж ім было сабрацца
Паехаць ў цэркву спавядацца.
Хоць і казаў Антось, бывала,
Што тут, у лесе, грахоў мала;
Калі ж часамі грэх налучыць,
Аб ім забудзеш, ён не мучыць
І не пашкодзіць ў справах неба,
Але папу аддаць іх трэба.
І вось пад вечар трохі важка
Загрукацела каламажка,
На свет выходзячы з усмешкай,
Зіму згуляўшы пад застрэшкай.
Антось агледзеў тут прылады,
Калёсам добра даў «памады»,
Густога дзёгцю і варволю,
Каб меней крыўдзілісь на долю;
А напамадзіўшы калёсы,
Паправіў вітыя атосы
І падлажыў у задок сена.
Вясёлы час — павозак змена!
Агледзеў дзядзька ўсю аздобу,
Тады зрабіў павозцы спробу.
Калёсы лёгка закруцілісь,
З вясёлым гукам пакацілісь.
Пайшлі ў хаду раўнютка, гладка,
Як з маслам першая аладка.
Тым часам ў хаце ўсё гатова,
Цяпер за бацькам толькі слова,
Бо ён у лесе прыпазніўся
І вось цяпер яшчэ пыніўся.
А хлопцы зрання рыхтавалісь,
Па добрай згодзе змеркавалісь
І самі зладзілі, вядома,
Хто едзе з іх, хто будзе дома.
— То будзем ехаць — я гатовы...
Ну, аставайцеся здаровы! —
Міхал дамашнім пакланіўся
І шапку зняў, перахрысціўся.
Яму ў адказ дабра жадаюць,
Грахі ўсе чыста адпускаюць.

Над ціхай талаю зямлёю
Навісла ночка той парою.
Было спакойна і лагодна,
Як бы сама прырода тая
Паважнасць свята адчувае,
З людзьмі жыве супольна, згодна.
Маўчаць хваіны, ані зыку,
Не шэпне гэты бор-музыка,
Стаіць маўчком і разважае,
Відаць, Вялікадня чакае.
«Цяпер і страхі пазнікалі!»
На вуха Костусю шапталі
Якіясь думкі-весялушкі:
«Звяры Вялікдзень чуюць, птушкі,
І хвоі гэтыя, і елі,
Ліхія людзі падабрэлі,
Бо святам божым ўсюды вее;
З нажом разбойнік не пасмее
Залегчы ў лесе срэдзь дарогі,
Бо і заможны і убогі
Святы Вялікаднік святкуюць
І радасць ў сэрцы сваім чуюць».
І гэту згоднасць, радасць свята
Ва ўсім Кастусік адчувае:
І ў тым, як з дзядзькам размаўляе,
На возе седзячы з ім, тата,
Чуваць яна ў пытанні брата,
І ў гэтым лесе безгалосным,
І ў мерным клыгату калёсным;
Вось так і чуеш, што й дарога
Цяпер паслушна волі Бога,
І пераказваюць навіны
Калёсам гучна каляіны.
Дарога з лесу выйшла ў поле,
Калёсы коцяцца паволі,
Шуршыць пясочак мнагазначна.
Ў сяле на цэркві чуць абачна
Блішчыць ліхтарык і мігае,
Дарожных погляд прыцягае.
Яны лагчынку праязджаюць,
Гару сярэднюю мінаюць,
Клады з паніклымі крыжамі,
Дзе дрэвы голькамі-брыжамі
Навіслі ціха над зямлёю,
І едуць мернаю ступою.
Вось хаты з мроку выплываюць,
Агнямі вокны ў хатах ззяюць,
І на пясочку блескі-плямы
Прыгожа пішуцца скрозь рамы.
Яшчэ па звычаю старому
Мужчыны сталыя удому
Свае літанні адпраўлялі,
Пакуты Езуса спявалі.
Так і цяпер у Ратуёвых,
Ў Яхіма дзядзькі, ў Базылёвых,
Таксама ў Стасечкі і ў Даткі
Свае захоўвалі парадкі:
Сядзелі згодна і набожна
І спеў святы вялі заложна,
Вачэй не зводзячы з кантычкі.
Часамі тут былі і стычкі,
Калі спеў новы зачыналі
Ды ў тон агульны не траплялі.
— Не так, Андрэй, ты пачынаеш!
— Не, гэта ты, Сальвэсь, збіваеш!
— Не так, мужчыны, вось як трэба!
Пры гэтым чуўся бас Язэпа,
Другія голас далучалі,
І гуртам зноў яны спявалі
За накіроўваючым басам.
А падарожныя тым часам
На двор да швагра заязджаюць,
Ідуць у хату, ўсіх вітаюць.
Карусь Дзівак ў сваім кажусе
Ляжаў на печы ў цёплым дусе,
Як заўжды ў вольную часіну;
Ляжаў, курыў і цыркаў сліну
З-за белай коміны на хату;
І ён таксама рады святу,
Але ніяк не мог стрымацца,
Каб з печы жартам не азвацца,
Абы хто ў хаце паказаўся,
І сам ён смехам заліваўся;
А цётка Магда не стрывае
І Дзівака свайго палае:
— Чаго, кацьмак, там заваліўся?
Пайшоў бы ў цэркву, памаліўся,
Зусім ты Бога адцураўся:
Пятнаццаць год як спавядаўся!
— А што папу казаць я маю?
Я печ на рай не памяняю!
— Цьфу, млын пусты! ото завала,
Бадай табе было зарвала! —
І злосна дзядзьку лае цётка,
А ён хіхікае каротка.
— Што, дзядзька, пойдзем ў цэркву, можа?
— А пойдзем, голубе-нябожа!
Антось і Костусь ідуць з хаты.
Цянююць вуліцай дзяўчаты,
Шчабечуць весела, смяюцца,
І хлопцы дзесь перагукнуцца.
І ўсе вясёлы, ўсе рухлівы
І святам заўтрашнім шчаслівы.
А цэрква, макаўка святая,
Народу поўна, блескам ззяе.
Сярод царкоўкі плашчаніца
Стаіць між елачак зялёных.
Кабеты, дзеўкі, маладзіцы
Ідуць-плывуць да плашчаніцы
У хустках белых і чырвоных,
Набожна хрысцяцца, ўздыхаюць
І лбом данізу прыпадаюць.
Направа сталыя мужчыны
Стаяць, разгладзіўшы маршчыны.
А Чыліноў Алесь надзьмуўся,
Ў святыя дзеянні уткнуўся
І там, дзе слоў не расчытае,
На сажань голас працягае.
— Вось Чыліны як дацінаюць! —
Чытанне людзі адзначаюць.
Народ калышацца, хвалюе,
Бы ў цёмным віры вада тая,
І ўсё плыве, ўсё прыбывае,
А ўлады сну ён больш не чуе,
І блізак час святой дзянніцы.
«Хрыстос васкрос!» — з гары-званіцы
Вяшчае першы звон шчасліва.
Народ увесь, бы ў полі ніва
Буйнымі гнецца каласамі,
Скланіўся ціха галавамі.
А пачакаўшы з паўгадзіны,
Нясуць жанкі, нясуць мужчыны
Кашы, каробкі, паўасміны
І ставяць ў рад на цвінтары
Ўсе велікодныя дары.
Маленне бацька-поп канчае,
Ідзе з крапідлам і махае.
Заварушыліся каробкі,
Кашы, рашэты, паўасміны, —
Чакалі доўга той часіны
Дзямян, Шабас, Казімер, Сцёпка.
Паперлі полем русакоўцы,
Бягуць да коней свержаноўцы,
Гудуць, склікаюцца, віншуюць,
Адны другіх ў галдзе не чуюць,
І ўсе спяшаюцца, бягуць,
Каб рот свой скорамам заткнуць.
Антось з Міхалам тож гатовы.
— Святкуйце ж веселы, здаровы! —
Усім дабра яны жадаюць
І за вароты выязджаюць.
А людзі ў хатах не драмалі:
Ўжо «алялюя» адспявалі
І за сталамі ўсёй сям'ёю
Сядзелі — цешылісь ядою.
Панукі конік не чакае,
І сам ён рыссю запускае,
Як бы спяшаецца дамоў
Замчаць сваіх гаспадароў.

А новы дзень, даўно жаданы,
Ўжо сыпле багру на курганы,
І стрэлы-косы залатыя
На ўзгоркі падаюць крутыя.
А хмаркі ў фарбах златалітых,
Ў шаўках агністых, аксамітах,
То паасобку, то гурткамі,
То залатымі ланцужкамі,
Як бы спыніўшысь нерухліва,
Усмешкі кідаюць шчасліва, —
І ім хацелася, відаць,
Святы Вялікаднік вітаць.
— Ну, едуць, едуць! — Алесь з хаты
Бяжыць да дзядзькі і да таты,
І дзеці кінулісь к парогу.
— Ну, вось і дома, дзякуй Богу!
Прыйшлі у хату, ўсіх цалуюць,
З святым Вялікаднем віншуюць;
Памылісь борздзенька, садзяцца,
Бо час даўно ім разгаўляцца.
Абрусам белым стол накрыты,
Ўсё мае выгляд самавіты;
Мужчыны добры і прыветны.
Ніякай цені незаметна.
На бэльку кінуў бацька вочы,
Бярэ кантычку і гартае,
«Вэсолы нам дзісь дзень» шукае.
Хоць спевы слухаць неахвочы,
Але трымаюць дзеці згоду,
Бо ўжо вялось так год ад году.
«Вэсолы» ў «ксёнжцы» дзесь прапалі,
Насілу ўдвух іх адшукалі
І раптам дружна зацягнулі,
Як бы іх пугай сцебанулі;
І маці голас далучае
І так танютка вырабляе,
А гаспадар ўсё болей з баса
Утне такога выкрунтаса,
Аж сам падзівіцца сабе,
І стане горача табе.
Антось бярэ больш танкавата
Й не адстае ніяк ад брата,
А хлопцы толькі усміхнуцца,
Але сядзяць, не зварухнуцца.
К канцу падходзіць «алялюя»,
Ў камору маці тут тралюе,
Нясе прынадную бутэльку.
Кантычка зноў ідзе на бэльку.
Відэльцы дружна разбіраюць,
І гуртам яйкі ачышчаюць,
І па кусочку іх бяруць,
Крыху падсольваюць, ядуць.
Вось бацька чарку налівае
І вочы ўгору падымае.
— Дай, Божа, за год дачакаць
Здаровым, вясёлым, жывым
І новы Вялікдзень таксама спаткаць
У добрым здаровейку ўсім,
Каб гора і смутку не зналі.
— Дай, Божа! — разам адказалі.
І пайшла чарка з рук у рукі,
Пілі ўсе гладка, без прынукі;
Малым папрабаваць далі,
Каб весялейшыя былі.
А на стале тым — рай, ды годзе,
Што рэдка трапіцца ў народзе,
Ляжала шынка, як кадушка,
Румяна-белая пампушка,
Чырвона зверху, сакаўная,
Як бы агонь у ёй палае,
А ніз бялюткі, паркалёвы;
Кілбасы-скруткі, як падковы,
Між сцёган, сала і грудзінак
Красуе ўсмажаны падсвінак,
Чысцюткі, свежы і румяны,
Як бы паніч той надзіманы.
Муштарда, хрэн — адно дзяржыся,
У рот паложыш — сцеражыся!
А пірагі, як сонца, ззялі,
І ў роце бабкі раставалі.
Са смакам елі і багата —
На тое ж даў Бог людзям свята.

ХХV. ЛЕТНІМ ЧАСАМ

Прайшоў Вялікаднік свяценькі.
Бяруцца людзі за сявенькі,
За плуг, за бораны, за сохі,
Пайшлі разгульвацца патрохі.
Запахла поле зноў раллёю;
Гракі, вароны чарадою
За свежай ходзяць баразною.
Вясёлы шум і пануканне
Чутны да самага змяркання.
А над палямі ў ясным небе,
Як быццам песнямі аб хлебе,
Які даручан гэтай глебе,
Зальюцца жаваранкі хорам,
І песні моўкнуць па-над борам.
А сам той бор глядзіць з усмехам
І ўторыць чуткім сваім рэхам
І спеву-посвісту драздоў,
І громкім трубам пастухоў,
І ціхай дудцы за гарою.

Адна работа за другою
Ідзе-плыве сваёй чаргою
То ў агародзе, то на полі
І не спыняецца ніколі;
І так у клопаце, ў рабоце,
Ці то ў няволі, ці ў ахвоце
Вясна мінецца, прыйдзе лета.
Тады штодня ўставай дасвета,
І агнявокая дзянніца,
Як маладая чараўніца,
Цябе сагрэе мілым смехам,
Авее духам чыстым бораў,
Палёў, лугоў, нябёс прастораў
І сыпне радасць нізкім стрэхам,
Ды толькі будзе той дастойны
Вітаць у ранічак спакойны
Златавалосую багіню,
Той да грудзей яе прыхіне,
Яе пацешыцца красою,
Хто сам абмыецца расою.

За колькі дзён да касавіцы
Касцы заглянуць на паліцы,
Каб малаток знайсці і бабку:
Ідзе работа, не спі ў шапку.
Агледзьце, братцы, добра косы,
Каб не псаваць свае пракосы,
Каб не ўвадзіць людзей у грэх,
Касарства зводзячы на смех.
Пахібка знойдзецца якая,
Наш дзядзька першы не ўтрывае
І на пакошу тыкне пальцам:
Бяда няўмекам і нядбальцам,
Хто шнур зжуе няроўным плехам —
Антось яго ўжо дойме смехам,
Задзене проста за жывое,
Хоць сэрца ў дзядзькі і не злое.
Затое ж дзядзька хват і дока,
Набіў на косах сваё вока,
І калі выбера ён коску —
Не пара іншаму падоску:
І ярка, лёгка, спрытна, гонка;
Другі лягчэй знаходзіць жонку —
Свой вечны лёс, сваю красу,
Чым дзядзька добрую касу.

І паглядзець было цікава,
Як дзядзька шчыра і ласкава
Касу на рынку выбірае!
Якіх ён спроб там не ўжывае!
Спярша агледзіць яе пільна,
З усіх бакоў глядзіць прыхільна
І паступова, па парадку
Як на насок, так і на пятку
І на кляймо, на шыйку тую;
Глядзіць мінуту і другую.
Ды для касы гэтага мала:
Спрабуе кіпцем яе джала
І спробу зробіць над абухам,
Тады паверка йдзе ўжо вухам,
Ці добра звоніць коска гэта, —
У дзядзькі тут свая прымета,
Ды я не ведаю якая, —
І дзядзька косцы загукае:
«Ка-са!» і вуха прыкладае —
Сакрэт знаў дзядзька ў гэтай штуцы:
Каса павінна адгукнуцца;
Калі ж каса не гаваркая,
То дзядзька спосаб яшчэ мае:
Наслініць, выцершы насуха,
Рубец касы, той край абуха,
І ўпапярок у тую сліну
Кладзе саломінку-націну,
І тут каса ўжо, брат, не схлусіць:
Удоўж саломка легчы мусіць.

Купіць касу — о, гэта штука!
Яшчэ больш важная навука —
Умець дагнаць касу да ладу
І даць ёй выклепку, асаду.
Мастак быў дзядзька і на гэта,
Ён ладзіў многа кос у лета
І так наклепле іх, асадзіць,
Што хто на коску ні паглядзіць,
То толькі ахне ўжо ад дзіва
Ці галавой кіўне маўкліва.

За дзень, за два да касавіцы
Звіняць, гамоняць вакаліцы
На ўсе лады, на ўсе галосы —
Пайшлі кляпаць і ладзіць косы.

Настаў дзянёк, даўно чаканы.
Пакаты ўзгор'я і курганы
Уздзелі чырвані кароны,
І стрэхі сонцам пазлачоны;
Туманаў лёгкія паромы
Над рэчкай віснуць нерухома,
А ў люстры водаў гэтай рэчкі,
Як закаханая дзяўчына,
Глядзіцца пышная вярбіна.
Ў бліскучым лісцейку, як свечкі
На алтары ў часы малення,
Іскрацца сонейка праменні,
Бы смех бязгрэшны і шчаслівы.
А там, на ўсходзе, пералівы
Агністых фарбаў робяць дзівы
І сыплюць шчодра ад усходу
Зямлі і небу радасць, згоду.
І чуткі струны гэтай цішы!
Іх подых ветрыку ўскалыша,
І нават з дрэва лісцік кволы
Адб'е ў іх голас свой вясёлы.
Але паслухай, мілы дружа.
Эх, што за хваля і як дужа,
Разгонна, смела і агромна
Плыве па струнах тых з-пад Нёмна!
Ідуць касцы, звіняць іх косы,
Вітаюць іх буйныя росы,
А краскі ніжай гнуць галовы,
Пачуўшы косак звон сталёвы.
Касцы ідуць то грамадою,
То шнурам цягнуць, чарадою,
То паасобку, то па пары;
Ідуць касцы, ідуць, як хмары,
І льецца смех іх разудалы.
Як веснавыя перавалы.

Гаворка, шум і коней ржанне —
Касьбы вясёлае вітанне.
Касцы, ваякі мірнай працы,
Выходзяць з косамі на пляцы,
І на палоскі верставыя
Кладуцца коскі іх крывыя —
Пайшлі праверкі і прамеры,
Каб больш мець пэўнасці і веры
І каб не выйшла перакосу
І не зайсці ў чыю палосу,
Бо будзе крыку, будзе сваркі, —
Няхай лепш цэлы будуць каркі.
Але бывалі ўсё ж здарэнні,
Што вынікалі абурэнні.
Калі ў траве хто брод вядзе
Ды трохі ў шнур чужы ўбрыдзе, —
Тады касцы страх як крычалі
І мацярок упаміналі.

Эх, час касьбы, вясёлы час!
І я ім цешыўся не раз,
І з таго часу па сягоння
Мне сонцам свеціць Наднямонне.

Касцы расходзяцца па гаку,
Як бы ідуць яны ў атаку,
І жыва менцяць свае косы;
І ткуцца здольныя пракосы,
Лажацца роўнымі радамі,
А за касцом двума слядамі
Адбіткі ног яго кладуцца,
А косы свішчуць і смяюцца.

Тым часам сонца выйшла ўгору
І з безгранічнага прастору
Шырокай плынню агнявою
На землю шчодраю рукою
Лье блеск гарачы і яскравы;
І вянуць скошаныя травы,
І выглядаюць нудна палі.
На луг другая коціць хваля:
Ідуць грабцы, жанкі, дзяўчата,
Убраны хораша, бы ў свята:
Чырвоны колер, белы — ўсякі,
Бы ў агародзе тыя макі;
Ідуць, пракосы разбіваюць,
З лагчынак сена выграбаюць,
То там, то сям у чэсць пятровак
З грудзей тых макавых галовак,
Дзяўчатак слаўных, яснавокіх,
Ў лугах прасторных і шырокіх
Плывуць-дрыжаць спяванак тоны;
І тыя песні засмучоны
І млеюць ў стомленым абшары,
Як бы адбітак божай кары.
А дзень гарыць, а дзень палае.
Ўсплывае хмарка і другая
Над сіне-дымным небасхілам
І ў задуменні смутна-мілым
З нябёс блакітных пазіраюць,
Як бы дарогу выбіраюць.
Раздолле ў лузе, эх, раздолле!
А колькі смеху і сваволля,
І жартаў, плюскату, штурхання
Над гэтым Нёмнам у купанне!
І хіба можна ўжо ўстрымацца,
У час касьбы не пакупацца?
І дзе на свеце ёсць такая,
Як Нёман, рэчанька другая?
Тут хвалі светлы, срэбралітны,
А беражкі — ну, аксамітны,
На дне пясочак жоўты, чысты,
Вадою згладжаны, зярністы.
У воду войдзеш — шчасце раю,
Я шчасця большага не знаю,
Ці знаць яго ўжо не прыйшлося,
Як толькі тут, на сенакосе.
А глянь на луг пад вечар, браце!
Увесь, як ёсць, ва ўсім ахваце,
Па ўсіх грудах аж за дарогу
Устаўлен копамі мурогу;
І так свяжуткі копкі тыя,
І так выразны, бы жывыя,
І выгляд кожнае адметны,
Але ўсе разам так прыветны!
Вазы шыбуюць важна, стала,
Бы тых вагонаў рад нагнала.
Павее ветрык — што за пахі!
Мёд разліваюць тыя гмахі,
Віно найлепшае і ром,
Як плата шчырая касцом.

А вечар чуткі, гутарлівы
Разносіць гоман, смех шчаслівы
І ў сэрцы паліць парыванні
І тчэ красёначкі кахання.
Ружовы захад повен ласкі,
І ціха звіслі агнепаскі,
Брыжы, тасёмкі і каралі;
Адзенне хмаркі пазнімалі
І самі леглі спаць на ночку,
Адзеўшы лёгкую сарочку;
І гасне дзень у задуменні,
Як гаснуць жыцця летуценні.

Зірні на луг прад навальніцай,
Калі крыжастай бліскавіцай
У страсе твар ахрысціць хмара,
І сілай грознага цяжару
Ўскалыша землю шум дрыгучы —
Далёкі, ўстрымлены, магучы —
І здрыгане нябёс разлогі,
Як голас божай засцярогі, —
Зірні тады на гэту шыр:
Трасецца-ходзіць луг, бы вір,
Бы той кацёл у час кіпення, —
Ўсё поўна руху і імкнення.
Ой, час гарачы, ой, час цяжкі!
Бягуць касцы, ну, як мурашкі,
Бягуць грабцам на дапамогу
І раптам б'юць усе трывогу.

А хмары ўсталі нечакана,
Хоць, праўда, парыла ўжо зрана;
Бела-ружовыя іх шаты
Вісяць маўклівы і зацяты,
А кучаравыя клубішчы,
Як на ўсясветным пажарышчы,
Растуць, расквечваюць на сонцы
Свае клубочкі-валаконцы
І ткуць сярэбраны масток,
Дзе гром застукаў, як чаўнок.
Пад шум, пад грукат навальніцы,
Як бы па знаку чараўніцы,
Ўстаюць-растуць на лузе копкі,
І луг пабраўся ўвесь у бобкі.
А пад хваінаю на грудзе
Вакол стажка аж кішаць людзі,
Гарачка ўсіх бярэ такая,
Што пот ім вочы залівае,
Бо хмара сіваю градою
Ўжо звісла нізка над зямлёю,
Ідзе гняўліва, пасмы сцеле,
Блішчыць-гарыць яе кудзеля
І пакручастымі жмутамі
Стрыжэ-глядзіць, як змей, вачамі,
І сучыць срэбраныя ніткі
У шнур дажджаны ўвачавідкі.

А дождж шуміць, а дождж гудзе,
І бліжай-бліжай ён ідзе
І даль туманам засцілае.
Упала кропля і другая,
За імі цэлым вадаспадам
Буйныя капкі, як бы градам,
Па лісцях дуба секанулі
Ды далей сетку пацягнулі.
І вось жахнула бліскавіца,
Як вогнямгненная крыніца,
І гром-пярун сталёвым бічам,
Бы нейкі звер страшэнным лычам
Арэ, трасе, калоціць хмары,
Зямлю, надземныя абшары,
Бушуе доўга, абурліва,
Над лесам коціцца гняўліва,
І гэты гоман, гнеў дрыгучы,
Злучае зноў у стрэл магучы,
Густы, злавешчы, віхрабежны
І нестрыманы і драпежны
І так цяжэрна націскае,
Як бы зямлю дзесь угінае.
І шугнуў дождж налётам смелым,
Павіс абрусам густа-белым
Над гэтым лугам, над палямі
І льецца коса ручаямі,
Бы невад цягнецца грымотны,
І б'юцца кроплі ў пыл вільготны.
Зірнеш вакол — адна любота!
На лузе спынена работа,
Жанкі, дзяўчаты і мужчыны
Бягуць пад копы, пад драбіны,
Каб менш быць змочаным дажджом;
А хто, накрыўшысь халатом
Ці так накінуўшы дзяругу,
Сядзіць квахтухаю срэдзь лугу.
— Давай, давай, дожджык, накропу.
Сюды, дзяўчаткі, лезьце ў копу:
Дасць Бог, на нашым гэтым грудзе
На другі год касцоў прыбудзе!
Пад гэты гром, пад дождж упарты
То там, то тут пачуеш жарты
І смех вясёлы, піск дзявочы,
Бо хто ж крануць іх не ахвочы?
Але й дзяўчаты язык маюць
І востра хлопцаў падсякаюць,
Не робяць жартам перашкоды.

За тыдзень добрае пагоды
Праходзіць, глухне касавіца,
І толькі дзе-нідзе капіца,
Стуліўшысь ціха над вадою,
Глядзіць забытаю ўдавою,
Бы нейкі жаль яна хавае,
І сэрца смуткам авявае;
Ды стогі, сведкі цяжкай працы,
Стаяць, як панскія палацы.
А пышны луг так абяздолен,
Стаіць пакошан і аголен
І выгляд мае засмучоны.
Гракі, і галкі, і вароны
Даўно дзяцей павывадзілі,
Над гэтым лугам закружылі,
Ляцяць сюды на раздабыткі —
Цяпер тут добрыя спажыткі.

Эх, скошан луг, — і зніклі краскі,
Бы тыя чары мілай казкі,
Якую ў часе вандравання
Ці адзінокага блукання
Табе складаюць думкі самі
І залатымі паясамі
Твае прыгоды спавіваюць
І лёсы жыцця аздабляюць.
Глядзіць пакоша-луг гаротна,
На сэрцы робіцца маркотна.
Эх, лета-лецейка любое,
Ты адцвітаеш, залатое!..
І так паволі, неўзаметкі
І нашы звянуць жыцця кветкі.

Але касьба — пачатак лету.
О, колькі ў ім яшчэ прывету!
Прыгод усякіх так багата —
Тужыць аб леце ранавата.
Яшчэ не раз у часе жніва
Дзянніца зоймецца шчасліва,
І ў ясным блеску і ў красе
Адб'юцца хораша ў расе
Яе кароны агнявыя,
І пасмы-косы залатыя
Скрозь шоўк нябёс ружова-белы
Рассыплюць радасныя стрэлы,
Бы ліры божай тыя стрункі,
Бы тыя чары-пацалункі
На вуснах шчырага кахання
У патайны часок спаткання.
Яшчэ нямала дзён цікавых
І раніц светлых і ласкавых,
Калі туманам белаватым
Лясок атуліць свае шаты,
А на палях у белі жыта
Смех заблукае самавіта —
Ружова-бледна чырвань-ззянне,
Дзянніцы ціхае вітанне.
Дык не гаруй жа, брат-нябога:
Дзянькоў вясёлых яшчэ многа!..

Ітак, заціхлі сенажаці,
Пайшла каса адпачываці,
Да часу звісшы пад страхою,
Каб быць заўсёды пад рукою
На ўсякі выпадак, патрэбу.
Цяпер увагу дайце хлебу, —
Сярпок крывенькі просіць дзела,
Жытцо падходзіць, пабялела.
Саломку выгнуўшы дугою,
Звісае колас над зямлёю,
А спела-поўныя зярняткі
Глядзяць, як спонкі-вачаняткі,
Нібы ім хочацца хутчэй як
Спаткаць-убачыць мілых жнеек.

Прыйшоў жаданы час спаткання.
Глядзіць прыветна дзянёк зрання;
У блеску сонца нікнуць росы;
Свяжуткі, чысценькі нябёсы,
Бы тыя вочкі маладыя,
Застылі хмаркі залатыя.
Дымок танюткі, белаваты
Ўжо павіваецца над хатай,
Бо трэба ж выпаліць печ тую
Ды йсці на ніўку маладую.
Угрэла сонца. Жней чародкі
Ідуць паважна, як лябёдкі,
У хустках лёгкіх, кофты белы,
Іх рукі дужа загарэлы.
Ідуць дзяўчаты, маладзіцы
І жарты строяць, як блазніцы,
Ідуць шумлівы, гаварлівы,
Звініць іх голас, смех шчаслівы;
Чутна і песня маладая,
І поле раптам ажывае.
І мацяркі з дзяцьмі малымі
Ў лубках-калысках за плячымі —
Такая ты, жаноча доля, —
Марудна цягнуцца на поле.
Прыйшлі на вузкія загоны,
Дзе каласочкі шумы-звоны
У таямнічы спеў злілі,
Упаўшы чолам да зямлі.

Гарачы дзень. На полі душна.
Прыціх той ветрык непаслушны,
Як бы сваім аддаўся марам.
Зацішак поля дыша варам
І гоніць з твару поту рагі,
І сохнуць губы ад той смагі.
А жнейкі жнуць. У моры збожжа
Мільгае постаць іх прыгожа,
Калі ў паверхні таго жыта
Ўсплыве галоўка самавіта
І так прыгожа азірнецца,
А гібкі станік разагнецца;
Або калі над галавою
У жнейкі спрытнаю рукою
Пучок калоссяў мільгатнецца,
Апіша дужку, бы вясёлку,
Бы нейкай знічкі след пагаслы,
І борзда ляжа ў перавяслы,
Што распасцёрты на падолку, —
Дапраўды: ўзмахаў гэтых мгненне —
Адна любота, заглядзенне!

Гарачы дзень! Эх, спёка, спёка!
А прохладзь вечара далёка.
Замлела ўсё ў жары-тамленні,
Зямля гарача і каменні;
А ўсюды ціха, нема, глуха,
І толькі заедзь каля вуха
Гудзе агідна, надаедна,
Бы сама наша доля бедна,
Ды дзіцянё з лубка-калыскі
Заводзіць плачы свае, піскі,
А кучаравыя снапочкі,
Над ім злучыўшы каласочкі,
Стаяць спакойна і маўкліва,
Бы кажуць жнейкам тым жычліва:
«Да нас ідзеце, дабрадзейкі!
Пад наш цянёк хавайцесь, жнейкі!»

А жнейкі жнуць. Іх твар палае,
Іх пражыць, сушыць смага тая,
Якую трудна ім здаволіць,
Якая толькі «піць! піць!» моліць.
Сярпок скрыгоча прагавіта,
Жытцо згрызаючы сярдзіта,
Як бы яму ўсё мала стравы —
Нядарма ж вылез ён з-за лавы;
Цяпер яго краса-часіна:
Шпарчэй, шпарчэй жа гніся, спіна!
І спіны гнуцца, бы ныраюць;
Па струнах-кальвах пальцы граюць,
Напрост кладуцца жмені жыта,
Растуць снапочкі самавіта,
Стаяць, бы лялечкі якія,
Глядзяць, як госці дарагія.

Прыйдзі пад вечар ты на поле
І палюбуйся ім, саколе!
Ў якія роўныя шнурочкі
Цяпер пакладзены снапочкі!
І як прыгожа-слаўны бабкі!
Якія ладныя іх шапкі!
І хоць яны ўсе адзінакі,
Але і выраз і адзнакі
У кожнай бабкі асабісты,
А наагул усе фарсісты,
Зірнеш — дальбог жа, возьме ўцеха,
І не стрымаешся ад смеху:
Яны так мілы, так прыветны,
Так самавіты, так фацэтны
І пазіраюць так прыхільна,
Прыгледзься толькі да іх пільна!
І многа ж іх: не змерыш крокам
І не акінеш нават вокам;
Стаяць радамі, зухаваты,
Як на ўрачыстасці салдаты.

А тая ранічка на полі
У часе летняга расквету!
Эх, выйдзі ў поле, брат, дасвету:
Не будзеш каяцца ніколі.
Зірні, прыслухайся наўкола:
Як ціхамірна, як вясёла.
І ў кожным дрэве, і былінцы,
І ў малюпасенькай раслінцы,
Ну, ва ўсім чысценька дазвання
Блукае радасць спадзявання.
Куды ні глянь — усё ў настроі
І ў добрай згодзе між сабою;
Само паветра жыва, дыша,
Бы ў ім хтось хвалы жыццю піша,
Праменна-светлы, яснавокі,
І гаснуць-нікнуць ночкі змрокі.

Усход жыве, гарыць, палае,
Слупы-праменні падымае,
Бы тыя рукі блаславення
У часе шчырага малення.
І вось яна, жыцця крыніца,
Сама багіня-чараўніца,
Ўзышла на небе і міргнула,
Расу ў брыльянты абярнула,
Глядзіць прыветна, ўсіх кахае,
Па свеце стрэлы рассыпае
І песціць шчыра ўсіх, як матка...
Хіба забудзеш міг той, братка?
Каб завяршыць малюнак лета,
Каб песня ўся была дапета
На мой манер і на мой лад
І апісаць усё падрад,
Я, адчуваючы патрэбу
Аддаць падзяку зямлі, небу,
Хачу ў парэчанскі лясок
Зайсці яшчэ, ну, хоць разок,
Узяўшы кошык ці каробку,
І ўжо тады паставіць кропку
І кончыць з летняю парою.
Мне не даюць грыбы спакою,
Баравікі мне часта сняцца,
Мне з імі трэба паквітацца;
Я чую — грэх іх абмінуць,
На іх увагі не звярнуць.
Чорнагаловыя, ўдалыя,
Баравічкі мае любыя!
Якою слаўнаю сям'ёю
Вы ўстаяце перада мною!
Я помню летнія часіны
І вас, грыбныя баравіны!
Ранюткі час. Нідзе нікога,
Між дрэў звіваецца дарога,
А па дарозе ты з кашом
У лес шыбуеш ціхачом,
Каб ашукаць жанок руплівых,
Бяссонных, вечна клапатлівых,
І ім на злосць, на зайздрасць тую
Набраць грыбоў капу, другую,
Пакуль агледзяцца яны,
Што там «карэньчыкі адны».

Наладзіў струны лес маўклівы
На лад вясёлы, на шчаслівы;
І толькі сонцаў круг чырвоны
Асыпле золатам кароны
Высокіх хвой у тым бары
І кіне багру па кары, —
Ачнецца лес, звіняць прагалы,
Як мнагаструнныя цымбалы,
І толькі пошчак той якоча,
Пераліваецца, гагоча,
Бяжыць па ўзгор'і між палянак,
Як спеў размашыстых гулянак.

— Марыля, гу! гу-гу, Тацяна!
— Гу-гу, Магдуся! Гу, Мар'яна!
— Антоля! цётка Міхаліна!
— Алеся! Зося! Катарына! —
Па лесе ходзіць пагалосак
Дзяўчат, жанок вакольных вёсак;
Грымяць, трасуцца баравіны,
І бас тут чуецца мужчыны.
Але ўсяго тут цікаўней —
Прынамсі, так было даўней, —
Калі свяржэнскія кабеты
Капэляй прыйдуць у лес гэты,
Ды з іх кабеціна якая
Капэлю згубіць і гукае
І па імёнах называе:
«Каруся, Палуся,
Цацэля, Марцэля,
Алена, Магдалена,
Зося, Антося,
Анэта, Праксэта,
Цётка Югася,
Бабка Кася! Гу-у-у!»
І смешна часам і цікава,
Як бы тут робіцца аблава.

Шнуруюць бабы і дзяўчаты
І кантралююць мох узняты
І тыя кучачкі калюшак,
Дзе грыб схаваў свой капялюшык.
Другая нізенька прыгнецца,
Не ходзіць — поўзае вакол,
Рукою мацаючы дол,
Як бы на клад найшла, здаецца,
І так старанненька шукае:
І пад ядлоўчык заглядае,
Пад верасок і пад хваінку,
Разгорне кожную гарбінку
І моху купінку ўздзярэ —
Ну, ўсё як ёсць перабярэ.
А як надарыцца часамі
Табе, вандруючы лясамі,
Найсці на неруш, дзе ніколі
Ніякай Тэклі, ні Аўдолі
Нага ні разу не ступала
І вока іх не зазірала!
Зірнеш і страчваешся ты:
Сядзяць грыбы, як капыты,
І, разгарнуўшы парасоны,
Глядзяць, бы нейкія персоны,
Крыху сур'ёзны, чуць пануры —
Відаць, не простае натуры.
Якія постаці іх, міны!
А як пралазяць скрозь галіны!
Як пад ядлоўцавыя лапкі
Яны хаваюць свае шапкі!
Стаіш, бы ўкопаны, прад імі
І прагна мерыш іх вачымі,
Яны ж, ну, вочы адбіраюць,
Цябе аж дрыжыкі праймаюць:
Так многа іх, і ўсе таўсматы,
Прыземісты, карэнкаваты,
Чорнагаловы, паўнацелы,
Як тонкі кужаль, знізу белы;
Сядзяць асобна і радамі,
А дзе і зросшысь спарышамі.
Што ні асоба — свой узор,
Свая пасада і свой двор.
Глядзіш на іх — і сэрцу міла,
Як бы з іх сходзіць нейка сіла,
Цябе чаруе, захапляе,
Па жылах радасць разлівае.
Дадому прыйдзеш, ляжаш спаць —
Так уваччу яны й стаяць...
Эх, досвітак маленства, лета!
Вамі навек душа сагрэта!

ХХVІ. АГЛЯД ЗЯМЛІ

Прайшло ў Парэччы лет нямала;
Яно ж не цешыла Міхала,
Хоць тут мясцінка гожа, міла
І так гарнула, так хіліла
К сабе і лесам, і лугамі,
І старасвецкімі дубамі!
Ды што краса без аўладання?
Адно пустое парыванне
У цьме далёкі блеск зарніцы:
Ўсё гэта — скарбы чужаніцы,
Магната князя Радзівіла,
А ты, пакуль ёсць рух і сіла,
Служы панам, збірай іх крошкі
І ведай цьмяныя дарожкі
Батрацкай долі да магілы,
Служы, пакорны і пахілы,
Служы з-за панскага агрызка
І заўжды гніся нізка-нізка!
Няўжо ж і век прабыць слугою
І чуць пагрозу над сабою,
Што пан у кожную хвіліну
Цябе пагоніць, як скаціну?
Пагоніць вон без разважання,
Бо пан не мае спагадання,
Што трэба жыць з сям'ёй на свеце,
Што ты, як рыба тая ў сеці,
Не маеш волі, ні разгону,
Што ты не чуеш жыцця звону,
Што гэты свет табе завязан
І шлях прасторны твой заказан.

А дзе ж той выхад? дзе збавенне
З няволі цяжкай, з паланення?
Адзін ён ёсць: зямля, зямля,
Свой пэўны кут, свая ралля:
То — наймацнейшая аснова
І жыцця першая умова.
Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасць волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля — аснова ўсёй айчыне.

Міхал у часе вандравання
На адзіноце сам з сабою,
З гарачым сэрцам і душою
Развязваў важнае пытанне
Аб той зямельцы аб уласнай.
Яна свяціла зоркай яснай,
Яна гарнула і хіліла,
Бы нейкіх чар нязнаных сіла.
Свая зямля, свая пасада!..
Ці ёсць мацнейшая прынада?
Міхал станоўка, ненарокам
Ішоў да мэты крок за крокам.
Ён паскупеў і нават значна.
Што ж? лепей з'есці не так смачна,
Загнаць запас на хлеб, на сала,
Абы капейка перапала,
І лішні выгадаць рубель
Ды палажыць яго ў кашэль.
Наогул трэба жыць больш змысла
І больш мяркоўна, болей сцісла,
Трымаць зачыненымі губкі
І меней траціць на пакупкі.
І так паціху ды памалу
Прыдбалі трохі капіталу,
Каб хоць пачатачак зрабіць
І першы камень залажыць
На грунце вольнае зямелькі,
Адной-адынай збавіцелькі
Ад панскай ласкі і апекі,
І плюнуць ім за тыя здзекі,
Што так уеліся ўжо ў косці, —
Калом зямля вам, ягамосці!
Цаною доўгага шукання,
Парады, спрэчак, разважання
І гэтых мыслей натужэння
І нестрыманага імкнення
Не знаць ні службы той, ні пана
Была зямелька апытана.
Яе Міхал — прыпомнім гэта —
Апісваў фарбамі паэта,
Апісваў шчыра, ўсё зазначыў,
Хоць ён зямлі тае не бачыў;
Ды мала што: ніхто ніколі
Не бачыў светлай райскай долі,
Але той рай мы так малюем,
Што асалоды яго чуем.
Ды тут замецім стараною:
Ці не з'яўляецца маною —
Прашу прабачыць мне за слова —
Ўся гэта райская размова?

Але пара, пара ў дарогу,
Бо час прыстаць к свайму парогу,
Пакуль жаданне не астыла,
Пакуль ахвота ёсць і сіла.
Агледзець трэба землю тую,
Каб не гадаць, не йсці ўсляпую,
Аб чым была ўжо пастанова;
Няхай зямелька скажа слова
І твар пакажа свой выразна,
І гэта будзе болей важна,
Чым тая іх уся размова.
І вось пад восень прад сяўбою,
Парадзіўшыся між сабою,
Міхал з Антосем воз прыбралі,
Каня запрэглі, пастаялі
У нейкім смутным разважанні,
Ў настроі новым, хваляванні:
Дарога, даль і лёс нязнаны
Глядзяць няветла скрозь туманы.
Эх ты, жыццё, жыццё людское!
Няма табе, няма спакою:
Ты — суматоха, вір бурлівы,
Ў табе загіне баязлівы,
Як парахно, як зерне тое...
— Ну, будзем ехаць! — Едзьма, браце!
На момант ціха стала ў хаце,
Куды мужчыны завіталі,
Спынілісь, шапкі пазнімалі,
Прад абразамі гнуць галовы.
— Бывайце ж, мілыя, здаровы!
— Ну, час вам добры, едзьце з Богам! —
Ім кажа маці за парогам,
Жадае шчасця і дабра.
Мужчыны рушылі з двара,
На воз паселі і ўздыхнулі
Ды ўлева к дубу павярнулі.
Ускінуў жвавы конік грывай,
Два разы пырхнуў выразліва —
Відаць, далёкую дарогу
Пачуў Сівак, забіў трывогу
І, шыю выгнуўшы дугою,
Пабег вясёлаю трусцою
Па гладзі мяккага дзірвана.
Алесь і Костусь з-за паркана
Глядзелі ім услед маўкліва,
І думка нейкая тужліва
На смутных тварыках блукала
І ценем вочы засцілала;
І ім здавалася, што з імі
Дзялілісь жальбамі сваімі
І дуб стары, і той будынак,
І лазнячок ускрай лагчынак,
І гэты лес, і само неба:
Чаго людцам, чаго ім трэба?
Нашто шукаць зямлі далёка?
Зайздросна ты, людское вока!
Хіба тут цесна? свету мала?
Няма работы для арала,
Ці для сярпа, або для коскі?
Ці не прыгожа ў кроплях роскі
Гарыць-ірдзіцца дрыгаценне,
Як нейкі вобраз летуцення,
Адбітак вечнае красы?
Ці не багаты тут лясы
І рознай пташкай, і звярамі,
Арэхам, ягадай, грыбамі?..

Эх вы, нявіннасць і прастэча!
Цямны вам лёсы чалавечы.

Але напэўна і мужчыны
Паважнасць гэтае хвіліны
Не менш ад хлопцаў адчувалі,
І нейкі час яны маўчалі,
І кожны ў думках сам з сабою
Размову меў часінай тою.
Ды што гадаць аб гэтых словах,
Што не адбіліся ў размовах?
Мінем дарогі, іх малюнкі,
Ім не падведзены рахункі;
Яны заўсёды свежы, новы
І мнагадумны, настраёвы,
Іх ні прайсці, ні азірнуць,
Яны сваім жыццём жывуць.
Ды ўсё ж зазначыць я тут мушу —
Міхал з Антосем сваю душу
Дарогай цешылі нямала.
Прад імі Случчына ляжала,
Старонка міла і багата.
Народ, відаць, жыў панавата,
Прынамсі, добра і заможна,
Па ўсім аб гэтым судзіць можна:
Па ветраках, такіх удумных,
І па абэржах гэтых, гумнах,
Па старасвецкіх азяродах,
Па гарбузах на агародах,
Па тытуню і па садочках,
Дзе хаты ніклі, бы ў вяночках.
А тыя ліпы ці таполі!
Такіх не бачылі ніколі:
Развіслы, тоўсты, сакавіты,
Гамоняць з небам — паглядзі ты!
За многа вёрст здалёк відаць.
— Ну, дрэвы! нечага сказаць;
Зямля, брат, сілы многа мае —
Такія вежы выганяе!
А роўнядзь, роўнядзь! як далоні! —
Міхал зазначыць ці Антоні.
— Эх, брат, зямля: ўміраць не трэба,
Не пашкадуе табе хлеба.

Ўсё прыцягала іх увагу:
Ці ўстрэнуць родную сярмягу —
І людзі простыя так ветлы,
І погляд добры іх і светлы
Так да душы і пранікае
І сэрца цешыць і ласкае;
Ці хутарочак пападзецца,
Ну, як знаёмы, усміхнецца!
Ці гэта вёска з ветракамі
І з прыдарожнымі крыжамі —
Ўсё так павабна, так адметна,
І ўсё вітала іх прыветна,
Бы тая блізкая радня.

На трэццю ранічку да дня —
Мужчыны трохі і блудзілі,
Дарога ж мерылась на мілі —
Яны прыклыгалісь да мэты,
Каб аглядзець куточак гэты.
Міхал злез з воза, кінуў вокам,
У двор шыбуе мерным крокам,
Ідзе, гасподу разглядае.
Яна не досыць маладая;
І на двары не вельмі ладна,
Ўсё нейк раскідана, няскладна,
Як бы будынкі між сабою
Жылі не ў згодзе, бралі з бою
Мясцінкі тыя, дзе стаялі,
Адна другую адпіхалі,
Або ляпіліся няўклюдна.
І каля хаты было брудна;
І нават гэта сама хата
Была залішне праставата:
Абрэз страхі йшоў коса, крыва,
І гэта стрэшка шалудзіва —
То голы плех, то кучка моху,
І ўся дзіравілась патроху,
І нават коміна шчарбата,
Ну, адным словам, — гора-хата
Сваім прыгожствам не хіліла.
Але не ў хаце сэнс і сіла.
Бо хаце можна раду даць
І на свой густ пабудаваць,
І хата стане больш вясёла,
А не такая вось стадола,
Наогул хата — справа дробна,
Абы зямля была ўпадобна.
Міхал яшчэ раз кінуў вокам,
Э, хата — глупства: лес пад бокам.
З такою думкаю ў акенца
Міхал пастукаў пужаленцам.
На гэты стук у яме-хаце
Наўперад рыпнулі палаці
І зварухнуўся край бярлогі,
А потым шлопнулі ўжо ногі;
Сам гаспадар, кудлач заспаны,
Ідзе на стук неспадзяваны
Хадою важнаю індыка.
— Ці тут жыве Фядос Хадыка? —
Міхал пытае, жджэ адказу,
Адказ даецца, ды не зразу,
Як падабае ў такім стане.
— Тут, тут! А скуль вы, мой васпане?
І хто такі сам, ягамосцю? —
Фядос пытанне ставіць госцю,
Вачэй не зводзіць з яго твару.
— Здалёк мы, пане гаспадару:
Чатыры мілі за Нясвіжам
(Міхал лічыў Нясвіж Парыжам,
Усім вядомым на ўсім свеце),
І мы вас маем на прымеце.
Даведаліся ад людзей,
Што пан Хадыка, дабрадзей,
Сваю пасаду спродаць мае.
— Так. Справа, значыцца, такая!
То пачакайце ж, калі ласка! —
І знікла ўраз яго апаска
(Не шкодзіць быць і асцярожным
Прад незнаёмым падарожным).
Хадыка зараз захадзіўся
І аканчальна абудзіўся,
Кажух накінуў ды йдзе ў сені,
І таго страху няма й цені:
Глядзіць прыветна, як на брата.
— Заходзьце ж, браціку, да хаты.
Ды вы з канём? дык заязджайце,
Вось тут пад клуняю стаўляйце,
Сюды, за гэты стог саломы! —
Гамоняць, бы даўно знаёмы,
Адны другім так моцна рады!
Няма ні хітрыкаў, ні здрады,
Ні гэтай фальшы, ні падкусы;
Ідзе гаворка без прымусы,
Хвілінак першых палі путы,
І душы насцеж разамкнуты.
— Сюды, сюды кіруйся, браце:
І месца будзе й корму хваце.
Там за аўсянымі снапамі —
Ядзяць іх мухі з камарамі —
Ляжыць і кошаніна й віка —
Не агалеў яшчэ Хадыка!

Каня адпрэглі, воз прыбралі,
На прыгуменні пастаялі;
Ніяк не скончыш той размовы,
Бо людзі свежы тут і новы,
Кранеш адно, ўсплыве другое;
Такі ж і трэба сёе-тое
Абмеркаваць як мае быць,
Аб тым аб сім пагаманіць
І з той размовы асцярожна
Што-небудзь вывудзіць і можна,
Ці слоўка, рысачка якая, —
Ўсё гэта часам памагае
Зірнуць на справу іншым вокам
І падысці да яе бокам.
І стала ясна з той размовы,
Якія цяжкія умовы —
Няхай іх людзі лепш не знаюць —
Прадаць зямельку прымушаюць.
— Пакрыўдзіў Бог мяне сынамі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
Няма сыноў — няма падмогі,
А сам я стаў слабы на ногі,
Бракуе сілы мне, браточкі!
Няма, мінуліся гадочкі,
Калі зямлю вярнуў Хадыка
Не горш вала таго ці быка.
Зямля ж тут, братцы, залатая:
Цаны яна сабе не мае!
Але вядома, браце мілы:
Тут рукі трэба, сілы, сілы,
А іх няма, заўважце самі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
І я — скажу вам па сумленню —
Больш к гандлю маю нахіленне.
Дык вось чаму я, ягамосці,
Мае вы міленькія госці,
І прадаю сваю пасаду, —
Казаў Хадыка ўсё да ладу
І так праконана, праўдзіва,
Што нашы купчыкі маўкліва
Ківалі толькі галавамі
Ды усміхаліся часамі;
Але цішком самі сабе
Напэўна мыслілі другое:
«Спяваеш добра, ды ці тое?
Вярзеш, брат, грушу на вярбе».
— Хадзем у хату, мае братцы;
Не грэх было б пасілкавацца
Хоць верашчачкаю з блінамі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
— А мо б наўперад, пан Хадыка,
Калі фатыга невяліка,
Нам паказаў бы сваё поле? —
Сказаў Міхал. — Што ж? Ваша воля!
А пацікуйцеся: тут блізка;
Зямля, бы ў мацеры калыска,
Навідавоку, пад рукамі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
Вось яна тут, уся валока,
Глядзіць на нас, як божжа вока.
Вось паплавец мой. Сена — піва!
Ядкое, брацікі, на дзіва:
Запраў, дык есці будзе поп.
А жыта! ну, не ўзнімеш сноп!
Глядзеце: ржышча — чараціны,
Не вашы мінскія націны,
Бо вашы мінскія пясочкі
Знаёмы добра мне, браточкі, —
Мясіў уласнымі нагамі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
Зямля раджайна, ох, раджайна!
Гарох расце тут незвычайна.
А грэчка! ну лаза лазою!
Ячмень, як лес, расце без гною...
Хто мае здольнасць, сілы, рукі
І гаспадарскія навукі,
Той азалоціцца, мужчынкі!
Прыдбае хлеба і скацінкі
І будзе жыць ён сабе панам
І складваць грошы чыстаганам.
Жывуць тут людзі багачамі —
Ядзяць іх мухі з камарамі! —
На паўвалоках і скупых,
Калі даўно сядзяць на іх!

Ідзе паперадзе Хадыка
І, не шкадуючы языка,
Пасаду хваліць «залатую»,
Як свацця дзеўчыну якую.
Антось на словы не зважае,
Бо ўласным вокам уздужае
Зямлі вартоўнасці спазнаці,
Ці яна мачыха, ці маці,
Ці не збяжыш ты з яе ўпрочкі?
Малыя шэранькія вочкі
З-пад цёмных броў сачаць, як мышкі,
Як вучні дбалыя на кніжкі,
На тыя польныя адзнакі,
На іх вартоўнасці і бракі,
Якіх не кожны прымячае
Ці не набыў таго звычаю.
Глядзіць унікліва і ўдумна,
Праверыць там, дзе справа сумна,
Зямельку ботам капарне,
У рукі возьме, азірне
І расцірае ў пальцах грудку,
Каб лепш дазнацца таго скутку.
Зямля сапраўды неблагая,
Гаспадара ж яна не мае;
Каб пахадзіць за ёю дбала,
Тады б не гэтак выглядала.
— Зямля запушчана ў васпана;
Пакрыта скураю дзірвана.
Глядзеце — пырніца якая! —
Зямлі вартоўнасць ён зніжае:
— Чартапалох буяе дзікі! —
Антось звярнуўся да Хадыкі:
— А дзе ўжо пырнік завядзецца,
Змаганне трудна з ім даецца!
Хібеюць доўга тыя гоні.
— Э, плюнь, браток мой! плюнь, Антоні!
Гадок, ну, два таго змагання —
І пырніку не будзе звання!
Кажу ж я вам, браток мой мілы:
Няўпраўка мне, бракуе сілы.
Зямля ж, ох, многа патрабуе
І догляду, і той увагі,
І, калі хочаце, павагі,
Тады вас хлебам ушануе,
І малаком, і пірагамі,
Ядзяць іх мухі з камарамі!
— Так! гэта так, — Міхал згадзіўся, —
Яшчэ той брат наш не радзіўся,
Каб на ўзві-вецер жыць багата
І ў дні будныя спраўляць свята.
Але дзе поле адзічала,
То й там, васпане, смаку мала —
Зрабі зямлю з такой аблогі!
Праз год не станеш тут на ногі! —
Браты, наколькі было можна,
Вялі падходы асцярожна,
Каб збіць цану, хоць той цаны
Яшчэ не ведалі яны.
Ды як-ніяк зямлі валока,
Міхал прыкідвае на вока
Рахункі гэтай важнай справы.
Ў яго ваччу ўставалі лавы
Жытоў, што ўласнаю рукою
Засее восенню другою
На ўласнай гэтай на зямельцы...
А ўсё відаць, як на талерцы!
На курганку лясок мяшаны —
Такі прыветны, хоць да раны
Яго вазьмі ды прылажы ты;
Далок паўз рэчку самавіты,
І гэтай рэчкі від усцешан,
Блішчыць, бы срэбра, з-пад алешын.
Там хутаркі, ды ўсё з садамі,
То як папала, то радамі
Параскідаліся па полі.
Зямлі і пашы там даволі.
А завядзеш і тут парадак,
То й сам харош ты будзеш, гладак.

Прайшлі мужчыны па граніцы
І ўсе агледзелі драбніцы
Ды сцісла бралі пад увагу,
Як многа дасць зямля пасагу,
Калі б яе купіць прыйшлося.
Міхал звярнуўся да Антося:
— Ну, як, Антось, твае пагляды
Наконта гэтае пасады? —
Міхал пытае, а ў самога
Купіць зямлю ахвоты многа,
І вочы поўны спадзявання,
Што ім тут будзе панаванне.
— Зямля, брат, важна! ох, зямля!
Як сажа, чорная ралля.
Купляй, заплюшчыўшы хоць вочы,
Ды колькі грошай ён захоча?
Ці будзе, брат, нам па кішэні?
Бо шчуплаваты нашы жмені... —
І мелі доўгую нараду,
А потым моўчкі йшлі ў пасаду.
— Заходзьце ў хату, калі ласка,
Бо ўжо гатова і папаска, —
Гасцей Хадыка сустракае
І на сняданне заклікае.
Антось да воза адвінуўся
І зараз з торбаю вярнуўся.
Міхал з Антосем вайшлі ў хату,
З двара зусім падслепавату,
З заметна зніжанаю столлю
І з павуццём па завуголлю.
Паўздоўж сцяны стаялі лавы;
І печ і сцены ўсе куравы,
Зямля няроўна, ўся на ямах,
На падваконні і на рамах
След чарвяточыны замецен,
Не, выгляд хаты непрывецен!
— Сядайце ж, людзейкі-нябогі,
Ды пасілкуйцеся з дарогі! —
Да госцяў кажа гаспадыня,
Сама Фядосіха Аксіня.
Яна абрусам стол накрыла,
Гасцей уважна папрасіла;
А на стале — скаварадзішча,
І скваркі правяць там ігрышча,
Звычай спраўляючы свінячы,
І скрозь яешню пар гарачы
Клубкамі коціцца і смыча
І нос прыемненька казыча.
Для завяршэння ладнай справы
Хадыка вынуў штось з-пад лавы.
І ставіць ён на стол... бутэльку,
Каб акрапіць сваю зямельку.
І вось, як чарка разоў пару
Прайшла ад госцяў к гаспадару,
Тады ўсе разам зашумелі
І праканаліся на дзеле,
Якія людзі яны просты,
Што ашуканства, як каросты,
Цярпець не могуць і не зносяць,
Ідуць на чыстую, і досыць!
Што з першых слоў адны ў другіх
Пачулі блізкіх і сваіх,
А як падводзілі рахункі,
То іх скраплялі пацалункі.
— Я вас люблю! — казаў Хадыка. —
І сам я — мінскі гарамыка;
Пасябраваць хачу я з вамі,
Ядзяць вас мухі з камарамі!
І толькі вам, мае браточкі,
Каб не дажыў я гэтай ночкі,
Хачу прадаць сваю пасаду,
А сам за гандаль я засяду,
Мае вы родненькія братцы, —
Хачу я сальнікам заняцца.
— Браток Фядос! — Міхал гаворыць. —
Не будзем доўга мы гуторыць:
Вось вам рука! — Фядос даў руку,
І ў тым агульным шуму-гуку
Зачаўся торг, пайшлі бажыцца
Ў жаданні шчырым падружыцца,
Каб потым, далей, пры спатканні
Не мець ніякіх нараканняў.
— Дык так: тры тысячы, Фядосе! —
Той пальцам шоргае па носе,
Мінуту мысліць, разважае.
Мінута важная, цяжкая.
І ціха-ціха стала ў хаце.
— Няхай так будзе, пане браце! —
Гукнуў Хадыка канчаткова.
Яны рукамі крэпяць слова,
Антось ім рукі разнімае.
— Няхай жа Бог нам памагае!
— Панамі будзеце, панамі,
Ядзяць вас мухі з камарамі!

ХХVІІ. ПА ДАРОЗЕ Ў ВІЛЬНЮ

Дарогі, вечныя дарогі!
Знаць, вам спрадвеку самі богі,
Калі красёнцы жыцця ткалі,
І вашы лёсы вызначалі,
Няма канца вам, ні супыну;
Вы жывы кожную часіну,
То задуменны, смутна строгі,
Як след захованай трывогі,
То поўны чараў спадзявання,
То страхаў цёмнага знікання,
Калі душа свой лёс прачуе
І ноч нябыту зацянюе...
Дарогі, цёмныя дарогі!
Вы так маўклівы, вы так строгі!
Хто вас аблічыць? Хто вас змерыць?
Хто вашы звівы ўсе праверыць?
Хто вашы ходы абшукае?
Бо ўсё сваю дарогу мае!

Я не зайздрошчу тым з вас, брацці,
Каго спрадвечныя закляцці
Не парушалі, не тамілі
І цяжкім каменем не білі
І для каго ўвесь гэты свет
Ёсць аднае цялежкі след,
Пытанні толькі дабрабыту,
Дзе ўсё прыводзіцца к карыту,
І гэта ёсць адна дарога,
Апроч яе няма нічога.
Не! духу волі плынь жывая
Такога ладу не прымае
І не прыхіліцца ніколі
Да гэтай лішне простай долі,
Бо свет і жыцце мнагалучны
І мнагавобразны, выключны.
Таемна схованы, цікавы
І разнастайны іх праявы,
Дзе кожны момант хвалі новай
Нам штось гуторыць сваёй мовай
Для сэрца і для разумення;
Дзе поўна ўсё свайго значэння,
Прыгоства, чар і глыбіні,
Дзе граюць вечныя агні,
Дзе патаемныя крыніцы
Звіняць, як струны зараніцы...
І толькі шкода: абмяжован
Ты, круг жыцця, і ў путы скован
Варожым поясам спавіты,
Сатканым злыднямі ў тры ніты,
З прыбітай цёмнаю пячаццю,
Як падзалежнае закляццю.

Я знаю: скончыцца дарога,
Бо ноч нябыту, ноч-аблога
Сачыць наш час ад дня раджэння
Сляпымі зрэнкамі зацьмення,
Як дух закляцця, дух праклёну.
Ды покі круг мой не замкнёны,
Я зноў хачу зірнуць назад
Пад тыя стрэхі родных хат,
Дзе зачалася пуцявіна,
Дзяцінства светлая часіна...
Дарогі, вечныя дарогі!
Не вечна ж ходзяць па вас ногі!
Ды так: зрабілі і пачатак —
Тры соткі дадзены ў задатак!..
Няўжо то праўда, не вяроза?
Няўжо канец табе, пагроза,
І вечны ціск пад панскім ботам,
І страх знайсці канец пад плотам?
Няўжо то праўда, а не сненне
І мара йдзе ў ажыццяўленне?
Цяпер няма назад адходу!
Скідай з дарогі перашкоду,
Ні перад чым не запыняйся
І з гэтай спадчынай сквітайся,
Што асталося ад бацькоў —
Зямелькі некалькі шматкоў,
І толькі трэба йсці станоўка,
Адно хай думае галоўка:
Як абярнуцца тут лаўчэй,
Каб справу выканаць хутчэй,
А першым дзелам справа пільна —
Паехаць трэба ў банк у Вільню
Навесці спраўкі, сёе-тое
Ці разрашэнне там якое.
Аб гэтым шмат тут гаварылі
І ехаць дзядзьку прысудзілі.

Убраўся дзядзька, як у свята;
Сказаць — не вельмі зухавата;
Пільчак быў простага суконца
І той весь вырыжаў ад сонца;
Кашуля зрэбна, але бела,
А шапка козырам сядзела,
Хоць і зналася добра з горам;
А боты вымазаў ён здорам;
А на кіёчку за плячамі
Вісела торба з кутасамі;
У торбе хлеб, кавалак сала,
З кішэні люлька пазірала —
Таварыш верны і нязменны —
І з тытуном капшук раменны.
Незухавата, але гладка
На ім ляжала ўся апратка.
Вось дзядзька ўжо Маргі мінае
І ў даль з задумай паглядае;
Ідзе, на жыта погляд кіне,
На нівах сэрцам адпачыне,
Ідзе далей, ізноў сцігае,
Дарога гэта — немалая!..

І думаў дзядзька, каб танней як,
Хоць бы за трыццаць пяць капеек —
А чым танней, тым лепш, вядома, —
Далей ад'ехацца ад дому.
У дзядзькі ў Стоўбцах быў дружака,
Вакзальны стораж, Доніс Драка;
Ён машыністаў знаў каротка,
Кандуктарчыха — яго цётка,
А з качагарам жыў, як з братам,
І быў канторшчык яго сватам;
З тэлеграфістамі ён знаўся,
А з дзядзькам летась сябраваўся,
Падумаць толькі — чуць не шышка!
І з аднаго яны кілішка
У цёткі Гені выпівалі,
І разам восі яны кралі.

І гэтай думкай, як бы хваляй,
Падхвачан дзядзька, чэша далей
З узгорка ўніз, ізноў на ўзгорак,
Як бы па хвалях лёгкі корак.
Але не-не ды смутна стане,
Як ён палі вакол агляне,
І гэты лес, смугой засланы,
І родны Нёман, і курганы,
І хвайнякі, і грушы ў полі,
Як бы не бачыў іх ніколі.
І блізкі сэрцу яго сталі
Малюнкі гэтай роднай далі,
І нейкі смутак, жаль нахлынуў,
Як бы надоўга іх пакінуў.

Ідзе наш дзядзька, разважае
І лес Сустрэнаўку мінае,
Праходзіць грэблю і балота.
Лажылась сонца пазалота
На верх лясоў чырвоным шляхам,
І ноч панурым сваім гмахам
У змрок нізіны спавівала
І сон на землю навявала.

Вось кончан лес, і Стоўбцы блізка.
Туман на возера лёг нізка,
Вада шумела каля млына,
Свістала голасна машына,
А там за возерам, як струнка,
Пралегла роўненька чыгунка.
Вось пераезд, даўно знаёмы;
Правей вакзальныя харомы.
Антось зварочвае направа
Ды йдзе на станцыю рухава.
Ўсё там кіпіць, бы ў час разрухі,
Снуюць служачыя, як мухі,
Гудуць, шумяць, бы ў вуллі пчолы,
І ходзяць шумна балаголы,
Каменяцёсы з малатамі,
Гандляркі бегаюць з кашамі.
У ліхтарах агні трапечуць!
А гандляры крычаць, шчабечуць
І б'юць у грудзі кулакамі,
Як бы забіць хацелі Шмульку.
А дзядзька паліць сваю люльку,
Сядзіць, другую накладае
І свайго сябра выглядае.
— А, брат Антоні! — дзядзька чуе.
Глядзіць — аж Драка сам шыбуе,
Ідзе, ківае галавою
І газы пах нясе з сабою.
— Здароў, брат Доніс! — дзядзька рады,
Сябру ківае для нарады:
— Скажы мне, браце, ці няможна, —
Пры гэтым дзядзька асцярожна
Прыгнуўся к Донісу, замяўся,
Ды Доніс зразу дагадаўся,
Што за патрэбу мае сябар, —
Дык ці не можна б мне... за хабар
Крыху паехаць на машыне?
— А вось пастой, хай люд адхлыне,
Кур'ерскі пройдзе, а тым часам
Мы перамовімся з Уласам...
Спакойны будзь: мы ўсё абладзім,
Хоць на таварны, а пасадзім.
— Дык ты, брат Доніс, пастарайся!
— Будзь пэўны, брат, не сумнявайся:
З казамі мы на торг паспеем.

У гэты момант лютым змеем
Ляціць кур'ерскі. Задрыжалі
Ўсе шыбы ў вокнах на вакзале,
І ўвесь народ ураз мятнуўся,
І дзядзька наш не аглянуўся,
Як і яго людская хваля
Нясла, бы шчэпку ў перавале.
Як бы хто іх тут страшна спудзіў.
Плячук тут дзядзька прынапрудзіў,
Крутнуўся моцна навакола,
Чуць з ног не збіўшы балагола,
Ды наступіў на бот падпанку,
Зато між цел прабіў палянку
Ён гэтым моцным паваротам,
У цвёрды грунт упёршысь ботам.

Званок, другі і зараз трэці,
І дрыгнуў поезд, быццам чэрці
Яго сярдзіта скаланулі,
Дождж цэлы іскар сыпанулі
І страшным рогатам заржалі
Ды з дымам далей паімчалі.
Вакзал пусцеў, люд распаўзаўся.
Антось сядзеў або сланяўся,
Балелі ногі, ўнікла сіла,
А спаць так моцненька кланіла!
— Ну, што, Антоні, рыбу вудзіш?
Заснеш, брат, потым і не ўзбудзіш.
Хадзем, брат, вып'ем, пагаворым!
Сябры выходзяць крокам скорым.
Сядзяць за півам, выпіваюць,
Аб розных справах разважаюць,
А піва ім вяселіць душы,
І чырванеюць у іх вушы;
А праз кароткую хвіліну
Антось садзіўся на машыну.
На паравозе без білета
Чхаў да Баранавіч дасвета.
Відаць, у добрую часіну
Збіраўся дзядзька ў пуцявіну:
Ў Баранавічах налучыўся
Кандуктар добры: ён згадзіўся
Давезці ў Вільню дзядзьку сходна.
Ўздыхнуў тут дзядзька наш свабодна
І, азіраючысь трывожна,
Ў вагон шыбуе асцярожна,
Куды кандуктар тыкнуў пальцам.
І вось наш дзядзька едзе «зайцам».
Тым часам сонейка ўсхадзіла,
Палёў узгоркі залаціла,
І белаватаю смугою
Туман навіснуў над вадою.
Вагон бітком набіт народам.
Імчыцца поезд поўным ходам,
І толькі пыл ён падымае,
Як ад табакі, дзядзька чхае.
Пайшоў кандуктар і вачамі
Шукае торбу з кутасамі.
Стхарыўся дзядзька у куточку,
І торба з ім на тым кіёчку,
З якім наш дзядзька пехатою
Учора йшоў адзін душою.
Не спаў ён праве цэлай ночы,
На свет глядзець не хочуць вочы,
А галава сама гуляе,
Машыне тахты выбівае:
Наніз падзе, назад рванецца,
Туды-сюды яна качнецца
І грукне ў сцену, як дурная,
Як толькі карк яе трымае!
Так на вяселлі маладуха,
Калі датне яе сівуха,
Забудзе ўсё ды пойдзе ў скокі
І чэша дробна, рукі — ў бокі,
Не чуе долу пад нагамі
І плешча ў тахт яна рукамі.
«Лягаш» у дзядзьку ўцікаваўся
І, як з ім толькі параўняўся,
Пад бок штурхнуў яго рукою,
Маргнуў, паклікаў галавою.
Ўсхапіўся дзядзька наш праворна
І за кандуктарам пакорна
Ідзе ён, стомлены, заспаны,
Не раз схінуўшыся, як п'яны.
Прывёў ён дзядзьку ў карыдорчык
(Абодвух іх трымае ворчык).
— Ідзі сюды! — кандуктар кажа. —
Я буду сам стаяць на стражы —
Ідзе кантроль, дык ты схавайся,
Сядзі цішком, не адзывайся,
Не кашляй моцна і не грукай! —
І з гэтай мудраю навукай
Кандуктар дзверы адчыняе,
І хітра пломбу ён знімае,
Засадзіць гвозд, ключом пакруціць,
А страх аж вочы дзядзьку муціць,
І губа ходзіць, бы ў жаробкі.
Тым часам дзверы бруднай «топкі»
Ўраз адамкнуў кандуктар лоўка
І зачыніў, бы ў клетцы воўка,
Запхнуўшы дзядзьку чуць не сілай
Да гэтай дзіркі апастылай.

Ступіў наш дзядзька крок, спыніўся —
І свет яму тут зачыніўся,
Стаіць, як дурань, небарака.
— Куды ж ты ўпхнуў мяне, вужака?
Бадай ты спрах з сваёй нарою! —
Гамоніць дзядзька сам з сабою.
— Ну ж, удружыў, гад! вось усунуў! —
І ў цёмны кут ён злосна плюнуў.
— Ах, вэй! што гэта? ці сляпы ты?
То ж тут жа мы! — з кутка сярдзіты
Пачуўся голас чалавечы,
Аж узняліся ў дзядзькі плечы,
Ды каб схаваць, што ён спужаўся,
Спакойна дзядзька адазваўся:
— А, гэта вы! Нашто ж пад сліну
Было вам ставіць абразіну?
Тут толькі стаў ён прыглядацца —
«Зайцы» сярдзіта мітусяцца.
Яны даўно ўжо там стаялі,
Як мышы з норак, выглядалі.
Пярэдні з іх, такі вяртлявы,
Яшчэ ўсё цёрся аб рукавы.
Было ўсё чорна тут ад сажы,
Насілась густа пылу пража;
Адно акенечка і тое
Глядзела цьмяна насляпое.
А цесната — ні стаць, ні сесці,
Тырчы, як пень, на адным месце!
Але сяк-так прымайстраваўся
Наш падарожны каля печы,
Размяў крыху грудзіну, плечы
І закурыць нарыхтаваўся,
У кут паставіўшы крывульку.
Дастаў капшук, агледзеў люльку,
Прадзьмуў цыбук, задаўшы смроду,
Аж пасажыр сівабароды —
Даўно ўжо ён на дзядзьку дзьмуўся
Шмаргнуўшы носам, адвярнуўся.
Але наш дзядзька не шманае:
Тытун у люльку накладае;
Тытун быў свой, а не куплёны,
І драў ён горла, як шалёны,
І, як казаў у нас Дзямешка,
Па галаве біў, як даўбешка.
Тытун быў хвацкі, адмысловы,
І не адзін курэц здаровы,
Хваціўшы дыму галт знячэўку,
Як бы спірытусу кватэрку,
І чхаў, і пырхаў з паўгадзіны,
І выціраў з вачэй слязіны,
Аж пуп яго трашчаў і рваўся
(Ён бесарабскім называўся —
Тытун той дзядзькаў самавіты).
Як чорт, быў дым яго сярдзіты.
Наклаўшы люльку, выняў скалку,
Адкалупіў ён цыру галку
І гасіць крэсівам. Іскрынкі,
Як залаценькія пылінкі,
З нягромкім трэскам узвіліся,
На цыр багата паліліся.
Вось дзядзька люльку раздзімае,
Цыбук хрыпіць, пішчыць, спявае.
Дым усё большымі клубамі
Звісае ў дзядзькі над вусамі.
І вось як люлька разгарэлась —
Курыць даўно яму хацелась, —
Набраў ён дыму рот паўнюткі —
Цягнуў не меней паўмінуткі —
І клуб, як з коміна, пускае.
Нясецца дым, насы зрывае,
«Зайцам» духі ён забівае;
І мух тым дымам даняло:
Гудуць жалобна, б'юцца ў шкло.
Падняўся кашаль між «зайцамі»,
І ўсе зашморгалі насамі.
— Ой, фэ! не вытрываць! ратуйце!
Хоць нашу старасць пашкадуйце! —
Крычаць «зайцы» ўсе ў адзін голас
І на бародах скубуць волас,
А дзядзька пыхкае клубамі
І смех хавае пад вусамі.
Ды ў гэты момант з карыдора
Пачуўся голас кандуктора
І грук у дзверы кулакамі.
— Эй ты, там, торба з кутасамі!
Якога чорта гэта смаліш?
Ты мне вагон увесь разваліш!
Пакінь курыць, бо і праз дзверы
Праходзіць дым сюды без меры...
Але і дым: аж з ног скідае!
Ну, проста нос табе зрывае!
Кантроль, даў Бог, прайшоў удатна.
Вайшлі ў вагон, і так прыятна
Ў вагоне дзядзьку паказалась!
Прад ім раўніна рассцілалась
Палёў, засеяных хлябамі;
Загоны стройнымі радамі
Антосю вочы весялілі
І на працягу цэлай мілі
Узад пачціва адхадзілі
І расступалісь прад машынай,
Як кавалеры прад дзяўчынай
Ці як прад свёкрам маладзіца.
Яна ж, як вольная арліца,
Ляціць стралою, грозна дыша
І сівым дымам цяжка пыша.
І кожны міг каля чыгункі
З'яўлялісь новыя малюнкі:
Слупы мільгалі верставыя,
Дарожкі, сцежачкі крывыя,
Што чуць заметна спаміж збожжа
Віліся йстужкаю прыгожа;
Лясы, гаёчкі вынікалі,
І цэрквы вежамі блішчалі
Ў жывых вянках бяроз і клёнаў,
І пакручастых рэчак гоны,
І мігацелі сёлы, дворы,
Сады, курганы, касагоры.
— Ото разгон і шыр якая! —
З сабою дзядзька разважае. —
Зірнеш — не згледзіш канца-краю,
І гэта ўся зямлі армада
Гаспадара-цара аблада!
Вялікі ён багач на свеце,
Ды толькі бедны яго дзеці:
Ядуць хлябок яны з мякінай,
«Зайцамі» ездзяць на машыне.
Якія дворы, Божа мілы!
А ўсюды бедны люд пахілы
Кішыць, гаротны, як мурашкі, —
І ўздых задушаны ды цяжкі
Гатоў з грудзей яго прарвацца,
На гоман думак адазвацца.
«Эх, дзецца людзям бедным недзе!»
І ўспомніў дзядзька, куды едзе
І што яму ў той Вільні трэба.
Эх, цяжка ты, скарынка хлеба!
Пакуль пачуеш кроплю сілы,
То банк мо выматае жылы
Налогам, гербавым, там, зборам,
Не развітаешся ты з горам,
І пусціць жыць бадай не голых.

У гэтых думках невясёлых
Антось да Вільні пад'язджае
І свой гарнітур папраўляе.

ХХVІІІ. ДЗЯДЗЬКА Ў ВІЛЬНІ

І не спынілася машына,
А ўжо пайшла мітусяніна:
Хватаюць клумкі пасажыры,
Пад рукі б'юць «зайцы»-праныры,
Паны складаюць чамаданы,
Лубкі-каробкі, дзе схаваны
Паненак розныя прыпасы
Для завівання, для падкрасы,
Каб трохі зменшыць перашкоды,
Пахібкі матухны-прыроды.
Срэдзь люду рознага і панства
І між усякага убранства
Відна і дзядзькава апратка,
Пільчак і шапачка-аладка.
Машына стала. Валіць валам
Люд у тунелі пад вакзалам,
А з ім і дзядзька цісне збоку,
Ад шэрых світ непадалёку.
Яшчэ ніколі дзядзька з роду
Не бачыў гэтулькі народу,
Паноў, чыноўнікаў багатых,
Такіх таўшчэразных, пузатых,
Што можна б смела з'есці булку,
Каб абысці гэту качулку;
І выступаюць такім тузам,
Ідуць, не бачаць ног за пузам,
Аж дол каменны чуць не гнецца,
Як студзень, карк яго трасецца.
«Ото паноў! о, Божа мілы!
Якія гладкія іх рылы!
Якія вусы і бароды!
Паставіць бы іх у гароды —
Ні вераб'і і ні вароны
Не смелі б сесці на загоны!
І процьма-та ж іх тут якая! —
У мыслях дзядзька разважае. —
А морды ззяюць, як пад лакам,
Відаць, жывуць яны са смакам.
А ўзяць паненак — ажно ззяюць
І ходзяць — долу не чапаюць:
Так лёгка, плытка, далікатна,
Як бы матыль той, акуратна.
Ды што рабіць дачушкам бруку?
У гэтым іх уся навука.
Растуць, як краскі, ў добрай долі,
Не трэба йсці з сярпом на поле,
Дзе праца ўсю красу знімае,
А ржышча ногі прабівае».
Ідзе наш дзядзька і баіцца,
Каб часам як не памыліцца
І не ступіць каму на ногі
І каб не збіць каго з дарогі.
А боты, падлы, ну, відочна,
Не так, як людзі, йдуць нарочна:
На ўвесь вакзал грымяць насамі,
Як конь па току капытамі.
Дзівіўся дзядзька тут нямала,
Йдучы тунелем да вакзала.
Як хітра, мудра збудавана!
Як чыста, хораша прыбрана!
А колькі вулачак і ходаў,
Палітурованых усходаў!
Там, угары, над галавою,
Ідуць вагоны чарадою!..
О, хітры свет, на штукі здаўся!

Тунель тым часам раздзяляўся,
І вал сярмяжнага народу
Ідзе да правага праходу.
Паны налева важна садзяць,
Дзе іх сярмяжнікі не здрадзяць
Ні пахам дзёгцю, ні карчагі,
Ні відам латанай сярмягі.
Як выйшаў дзядзька наш з вакзала,
Яму аж моташна нейк стала:
Такое пекла — шум страшэнны,
Застой паветра і дух дрэнны;
Народ таўчэцца каля конкі,
Па бруку б'юць падковы звонка,
Грымяць павозкі, буды, колы,
Аж проста глушаць балаголы —
І гэта процьма ўсякіх зыкаў
Злілася ў гул адзін вялікі,
Дзе з непрывычкі вуху цяжка,
Дзе б'юць па сэрцы яны важка.
Снуе народ, як на пажары,
Пад ім аж гнуцца тратуары.

Эй, божы люд! Якая сіла
Цябе віхрамі закруціла?
Куды ты йдзеш, чаго шукаеш?
Які ты ў сэрцы смутак маеш?
Куды вядзе твая дарога?
Чаму задума і трывога
Пячаць на твар твой палажыла?
Чаго глядзіш ты так няміла?
Няма ў тваіх вачах прывету,
Як бы не рады сонцу, свету,
Ідзе народ, як хвалі мора,
Як хмары ў небе на прасторы,
Адны другім усе чужыя.
Ідуць старыя і малыя,
Ідуць, шнуруюць чарадою,
Заняты кожны сам сабою.
І дзядзька з гэтым людам зліўся,
Як зерне ў зернях, загубіўся.

Быў дзядзька ў пушчах, у барох
І расчытаць іх голас мог,
І з старасвецкімі дубамі
Каротка знаўся, як з сябрамі.
А тут — адзін, бо ўсе чужыя,
Не знаеш, хто яны такія,
І сам для іх ты чужаніца.
На камяніцы камяніца,
Не згледзіш неба край за імі
І ціснуць сценамі сваімі.

Ідзе так дзядзька і па бруку
Адзін за дзесяць робіць груку.
А дзе ж той банк? — карціць пытанне,
Так правандруеш да змяркання,
А сам туды не пападзеш
І толькі дзень дарма звядзеш.
Ды дзядзьку страшна прыступіцца,
Спытаць людзей ён тут баіцца,
Бо ўсе такія надзіманы,
І хоць бы твар адзін рахманы
Або свой брат, мужык-трудзяга, —
Нідзе не свеціцца сярмяга.
І дзядзька наш стаў прыглядацца,
Ў каго б дарогі запытацца,
Бо ён зрабіў адну ўжо спробу,
Спытаў чумазую асобу,
Дык тая так яму сказала,
Што лепш бы ёй няхай зарвала!
Тут дзядзька кроку падбаўляе
І пана з цэшкай наганяе;
Ступіў яшчэ ён колькі крокаў,
Да пана коціцца ён бокам;
А пан не бачыць ці не хоча
Глядзець, як дзядзька наш клапоча
І ў ім патрэбу дужа мае,
Ідзе і палачкай махае.
Тут дзядзька трошачкі прыгнуўся,
Рукою пана дакрануўся:
— Скажы, паночку, як далёка
Зямельны банк? — Пан кінуў вока
На дзядзьку скрыва так і строга:
— Спытай аб тым гарадавога! —
Сказаў і кроку пан прыбавіў,
Як бы пытаннем абясславіў
Яго наш дзядзька прад панамі,
Прад тымі вось капелюшамі.
«Ото завіў, настроіў лыжы,
Як бы чарцяка той ад крыжа», —
Антось сабе сам усміхнуўся
І на ўсе бокі азірнуўся,
Як бы хацеў сказаць: «Глядзеце,
Якая цаца ззяе ў смецці!»
Памалу стаў ён разглядацца.
Э, што! няма чаго баяцца!
Ідзе вальней, глядзіць смялей.
На сэрцы стала весялей,
І трохі карк ён падымае,
На крамах вывескі чытае —
Нядарма ж дзядзька быў у школе,
Навуку ведаў ён даволі.
Ды перабраў тут дзядзька меру:
На слуп узбіўся, на халеру,
Ды так аб падлу штурхануўся,
Што свет яму перавярнуўся,
На брук зляцеў ён з тратуару,
Перакруціўся разоў пару
І так у брук бядак загасіў,
Траха манеркі не расквасіў.
Ды дзядзька борздзенька схваціўся,
Знячэўку ён ашаламіўся,
Як той шчупак, папаўшы ў нерат.
Не знае ён, дзе зад, дзе перад.
— Бадай цябе агні спалілі!
На які чорт слупоў набілі? —
Гаворыць дзядзька сам з сабою,
Пыл абіваючы рукою.
І тут ён толькі азірнуўся,
Глядзіць — у кут глухі упхнуўся,
Сцяна прад ім і сцены збоку,
Ўпярод не ступіш ані кроку —
Прапала вуліца, ды годзе!
Таўчэцца дзядзька, як у бродзе
Той сом, прыціснуты плытамі,
Што ў букце век жыў пад карчамі.
«Бадай ты спрахла! дзе ж дарога?
Нагвалт крычы гарадавога!
Куды нялёгкая загнала!»
Аж проста дзядзьку страшна стала
І з перавулачка глухога
Ідзе шукаць гарадавога,
Ідзе і горад праклінае;
Падшыбла злосць яго такая,
Што каб прымеў бы, ўзяў саломы
Ды падпаліў бы ўсе харомы,
Бо ўсе дарогі загрузілі
І свет яму тут зачынілі.
Мінут праз колькі з перавулка
На свет ён выбіўся, дзе гулка
Нясліся зноў страшэнна зыкі,
Дзе горад гуў многаязыкі.
Цяпер наш дзядзька не чытае,
А больш пад ногі паглядае
Ды кіне вока, ці не блісне
Жаданы шнур, ды далей цісне.
Шукае дзядзька наш, як Бога,
Ў людской галдзе гарадавога.
А вось і ён! стаіць плячысты
І погляд кідае празрысты;
Стаіць, як той пастух над статкам,
І наглядае за парадкам —
На тое ж горад і губерня.
Тут з тратуара дзядзька верне,
Ідзе, за брыль здалёк бярэцца,
«Дзень добры» кажа, як вядзецца,
Яшчэ крок бліжай падступае,
Аладку-шапку падымае.
— Скажыце, як мне ў банк папасці?
Мне па зямельнай трэба часці.
— А вось як пойдзеш, чалавеча,
Таму касцёлу насустрэчу,
Там будзе вуліца направа, —
Пачаў казаць служака бравы, —
Ты правай вуліцы трымайся,
А там другога запытайся,
І скора банк той будзе блізка.
Скланіўся дзядзька яму нізка,
Бо надта ж добрым паказаўся,
І так ён дзядзьку спадабаўся,
Што калі будзе ўсё шчасліва,
То вып'е з ім хоць пару піва
І з'есць з ім разам кусок сала;
І весялей зноў дзядзьку стала.

Зрабіўшы два-тры павароты,
Людзей спытаўшы раз мо ў соты,
Спыніўся дзядзька каля банка,
Дзе ўсходы чыстыя, як шклянка,
Шырокі крок яго стрымалі
І ў душу страх яму нагналі.

Стаіць наш дзядзька ў задуменні,
Не смее ўзняцца на ступені:
Баіцца ён мужычым ботам,
Прапахлым дзёгцем, здорам, потам,
Тут наслядзіць або напляміць,
Лепш іх не знаць, няхай іх цяміць!
Ступі не так, падымуць сварку
Ды на барыш дадуць па карку.
І гэта «іх», як здань ліхая,
Спакой ад дзядзькі адганяе;
«Іх» — нешта злое, цемень-сіла,
Што душу дзядзькаву муціла;
«Іх» — гэта тое, што варожа
І ў рог барані сагнуць можа.
Ды дзядзька страх перамагае,
Ён шапку загадзя знімае,
Па ўсходах чыстых, як мурашка,
Паўзе ўгару, ступае цяжка.
Забіты дух яго вякамі
Ўжо чуе страх перад панамі.

Ў прасторнай, чыстай, светлай залі
Паны туды-сюды снавалі,
Развязна, моцна гаманілі,
Цыгары доўгія курылі,
А дзе каторы шарганецца,
Каля яго прыслужнік трэцца
І падае яму адзенне,
А сам — пакора і жычэнне;
А пан той руку ткне ў кішэню,
Яму «дзесёнтку» суне ў жменю;
Прыслужнік, ну, чуць не прысядзе,
Аж смех бярэ, на гэта глядзя.
Але й паны не ўсе тут роўны:
Адны з іх круглыя, як броўны,
Ідуць спаважна, ўперавалку;
Другія выпетрылі ў палку;
Адны трымаюць нос высока,
Другія ў дол спускаюць вока.
Апроч паноў, у гэтай залі
І мужыкі ў кутках стаялі,
І людзі простага больш звання
Таўкліся ў банку ўжо ад рання.
Між імі гоман ціха вісне,
Туды і дзядзька Антось цісне.
Прыйшоў, суседзяў змерыў вокам
І да сцяны прыпёрся бокам.
— Сядай, мой мілы, мой харошы,
Бо за «пастой» не плацяць грошы, —
Сказаў сярмяжнік дабрадушна,
На лаўку дзядзька сеў паслушна,
Ўздыхнуў, падзякаваў суседу.
Ўжо пажылому, чуць не дзеду.
Пайшлі пытаць адзін другога,
Хто ён, адкуль, сяла якога,
Губерні, воласці, павету.
— Прыехаў я сюды з-за свету,
З-пад самых Стоўбцаў — чулі, можа?
— Не, не здаралася, нябожа.
— А самі скуль вы? — Я з-пад Ліды,
З сяла Вялікія Дзяміды
(Ён Грышкам Верасам назваўся);
Яшчэ са ўчора затрымаўся.
Пустая справа, ды і тую
Не давядзеш ты да ладу —
Гадоў са два яе вяду,
Як тут ні ладжу, ні мяркую...
Эх, мілы мой ты! за панамі
Няма прадыху. Хто з грашамі
І мажа збоку, — той і едзе,
Так вось і робіцца, суседзе.

Ён знаў чыноўніцкія сеці —
Недарма ж соваўся па свеце,
Зямлі шукаючы з сябрамі,
І добра знаўся з пісарамі.
— Вам трэба з банка разрашэнне,
Пішэце, мілы мой, прашэнне;
І, калі хочаце, параю:
Пісарчука такога знаю,
Што вам прашэнейка за злоты
Напіша з мілаю ахвотай.
— Ах, калі ласка, пане Верас.
Скажу вам дзякую яшчэ раз,
Бо покі сам чаго даб'ешся,
То і жыцця свайго зрачэшся.
— Ну, то хадзі! — Ўстаюць, выходзяць
І па панах вачамі водзяць,
І каля століка пустога —
Там не было цяпер нікога,
Апроч бутэлечкі чарніла
З шырокім донечкам, без рыла, —
Сябры спыніліся маўкліва.
— Вам што? — пытае іх пачціва
Сам пісарчук. Ён стараваты,
І росту нізкага, кашлаты,
І вынік ён перад сябрамі,
Як тая порхаўка часамі
Па цёплым дожджыку з зямлі.
— А вось да вас якраз прыйшлі, —
Тут дзядзька ўперад выступае
І просьбу ціха выкладае.
— Пастойце ж трошкі, пачакайце,
А вось вам крэселца, сядайце! —
З стала ён выняў ліст паперу,
І ўсю пісарскую манеру
Ён перад дзядзькам выяўляе:
З-за вуха ручку выцягае,
Рукою водзіць, нібы піша,
І трэ свой лоб ды носам чмыша.
Паразважаўшы для прыкрасы,
Пайшоў выводзіць выкрунтасы;
Уважна дзядзька пазірае,
У жмені злот даўно трымае.
— Ну, вось прашэнне і гатова,
Прашэнне — «рэхт»! ну, адно слова!
Вы, можа, граматны часамі?
— А так — распішамся і самі. —
І дзядзька пальцы разгібае,
Бярэ ён ручку і мачае;
Ды граблі-пальцы, як чужыя
Ці як калочкі дзервяныя,
Пяро трымаюць бокам, крыва
І водзяць ручку баязліва;
І покі дзядзька распісаўся,
На лбе буйны пот паказаўся,
Бы дзядзька летняю парою
Прайшоў па купінах з касою.
— Цяпер ідзіце ў тыя дзверы
Зрабіць адметку на паперы, —
Ківае пісар галавою.
І дзядзька дробнаю ступою
Падходзіць к дзверам, адчыняе,
Прашэнне ў скрутачку трымае.
А там, за доўгімі сталамі,
У стол уткнуўшыся насамі,
Сядзяць пісцы, як гною кучкі,
Скрыпяць іх пёрцы, ходзяць ручкі,
Трашчаць, як конікі на сене
Ці тыя шашалі ў палене, —
Заняты кожны сваім дзелам.
Ступіў наш дзядзька крокам смелым,
Ідзе к сталу, што быў пабліжай,
Да барады счырвона-рыжай —
І перад тою барадою
Схіліўся нізка галавою.

Чыноўнік буркнуў штось сярдзіта,
Як той япрук каля карыта,
Але прашэнне ён прымае,
Насупіў бровы і чытае.
— Ідзі ў той стол, налева трэці! —
Махнуў чыноўнік барадою,
Як саламянаю мятлою.
— Адкуль яны бяруцца, чэрці? —
Прамармытаў руды пісака.
Пайшоў наш дзядзька-небарака,
На стол паказаны трапляе
Ды зноў там галаву скланяе
І перад новым палупанкам
Стаіць, прыгнуўся абаранкам.
Чыноўнік толькі лыпнуў вокам
І павярнуўся к дзядзьку бокам
Ды водзіць пёркам па «бумазе»
(Ужо такі пачот сярмязе!).
Стаіць наш дзядзька, не адходзіць.
«Ну, што ж? няхай пяром паводзіць:
Не на дажджы я, часу маю,
Не пан я, трохі пачакаю».
Чыноўнік лыпнуў зноў вачыма,
Як бы на цёшчу ці айчыма,
Зноў у паперы ён уткнуўся,
А дзядзька наш не зварухнуўся.
Злаваць чыноўнік пачынае,
Што дзядзька вытрыманасць мае.
Чыноўнік злосны не стрымаўся:
— Табе чаго тут? — запытаўся,
Сярдзіты, поўны нецярпення.
— Наконт зямлі: вось і прашэнне, —
Гаворыць дзядзька так салодка,
Як толькі можна, ды каротка
Яго чыноўнік злы спыняе:
— Не важна справа, пачакае;
Прыйдзі сюды праз тры гадзіны!
Ўздыхнуў Антось ад той навіны.
«Ось дзе выжыга! ось бізун,
Бадай цябе забіў пярун!
Чакай дабра ты ад хамулы,
Няхай табе дасць Бог тры скулы!
Няхай цябе водзяць сляпога,
Як водзіш ты за нос другога!»
І як ні кляў ён гэту п'яўку,
Ды мусіў даць рубля за спраўку.

ХХІХ. НА ЗАМКАВАЙ ГАРЫ

— Ну, што ж? — пытае дзядзька Грышку.
Хіба дзе выпіць па кілішку
Ды падкрапіцца б мала-мала?
Я з дому ўзяў кавалак сала,
І хлеба ёсць крышан са мною,
Чаго ён сохне сіратою?
— Падмацавацца б не мяшала,
Бо ў жываце штось заспявала,
А нашча чарачку кульнуць —
Усё адно што ў рай зірнуць.

Сябры ўстаюць, ідуць спавагу
І на прашпект нясуць сярмягу,
Дзе панства ўсякага багата
Ідзе і едзе, як у свята.
І скуль набраліся яны?
І ўсё важнецкія паны,
І так адзеты, так убраны,
Што той Ракоўскі надзіманы —
Няхай яго там возьме боль —
У параўнанні з імі — ноль —
Ну, проста так, звычайны Лыска:
І не стаяў каля іх блізка!
Зірнеш і ўнікнеш: прад табою
Мо князь з графіняю якою!
Так далікатна спацыруюць
І не гавораць, а варкуюць!
Або спаткаеш генерала, —
Яго ўся Вільня, пэўна, знала:
У медалях уся грудзіна!
І што за погляд! што за міна!
Ну ж і паноў! не дай ты Божа!
Антось стрымацца ледзьве можа —
Няхай ім дрэннае прысніцца, —
Каб тым панам не пакланіцца.
Ды Верас з дзядзькі тут смяяўся.
— Ты не ўважай, што ён убраўся,
Гальштук павесіў і манішку,
А каб раздзець яго, брацішку,
То пэўна ходзіць без кашулі,
На ланцужку — кусок цыбулі.
Па віду пан і ходзіць панам,
А спіць напэўна пад парканам,
Таго й глядзіць, каб што ўварваць...
Такіх паноў — хоць гаці гаць!
Чым болей дзядзька разглядаўся,
Ён тым мацней тут захапляўся.
Які тут рух і беганіна!
Як ззяюць вокны магазінаў!
І колькі тут дабра, багацця!
А колькі слёз у ім, пракляцця?
Якія брычкі і карэты!
А для каго ўся роскаш гэта?
Антосю стала чагось смутна.
Ці гэта роскаш так атрутна,
Што голас зайздрасці ўзбудзіла
І свой адбітак палажыла?
Ці то пратэст, бунт проціў здзеку,
Які пануе тут адвеку
І дзеліць люд на дзве галіны,
На дзве няроўныя часціны:
На багачоў і на галоту?
Адным — сланяцца каля плоту
Сваіх задворкаў цёмна-брудных
У мыслях-думках шэра-будных,
Жыць у гразі, хадзіць сляпымі
Ў імгле пустой і ў едкім дыме,
Цярпець пакорліва, маліцца
І з гэтай доляю гадзіцца,
А ўсе надзеі на збавенне
І на канец таго мучэння,
Які настане ўсё ж нарэшце,
На той бок смерці перанесці!
Другім — тут рай і панаванне
І ўсіх дабротаў спажыванне.
Ты ім служы, ты ім працуй
І нейкі страх прад імі чуй.

— Ото, брат, горад! от дамішчы,
Ото дзе сыпалі грашышчы!
Якія вежы і касцёлы!
Як толькі іх трымаюць долы!..
Зірні, зірні: гара якая!
На ёй і будка цагляная...
Ото б адтуль зірнуць на горад! —
Забыўся дзядзька і пра голад
І падбівае сябра Грышку
Ўзысці на тую гару-вышку.
Яна так пышна, так высока
І так ласкае тваё вока!
А гэты скат такі зялёны!
Там каштаны, там ліпы, клёны
Глядзяць здалёк адным кустом,
Адным вялізарным шатром.

Прашпект, касцёл сябры мінулі
І ў сквер зялёны павярнулі.
Ў цяньку развесістых галінак
Дарожкі ўюцца між раслінак,
Такія чыстыя, аж міла.
І люду мноства тут хадзіла,
Найболей моладзь гарадская,
Ды худасочная, благая,
Ўсё панічы-зухі, паненкі,
А станік іх, бы ў восак, ценкі;
Ідуць, шнуруюць па дарожках,
А чаравічкі на іх ножках
Так і паскрыпваюць, спяваюць,
Нібы капыцікі мільгаюць;
Ідуць, спусціўшы вачаняткі,
На погляд ціхі, як ягняткі.
А панічы снуюць стрыжамі,
Ў паненак цэляцца вачамі,
Так от і льнуць, як рой да грэчкі,
Як матылі на тыя свечкі.
На доўгіх лаўках пажылыя
Сядзяць паны, як бы святыя,
Багата ўсе яны адзеты,
Чытаюць кнігі ды газеты.
Антось на ўсё глядзіць уважна,
І сам ідзе ён трохі важна,
Крыху асвойтаўся з панамі,
Ідзе, пагруквае нагамі.
Сябры тым часам сквер мінулі,
Налева ўгору павярнулі;
Тут з будкі стораж іх спыняе:
— Куды йдзяце? — сяброў пытае.
— Куды ж? на гору, ёсць вядома.
— А ці вам правіла знаёма,
Што безбілетным ход запынен?
Хто йдзе на гору, той павінен
Білет купіць на права ўходу.
Сябры спынілісь — грошай шкода;
Ў чупрыны рукі запускаюць,
Аб гэтай справе разважаюць:
За што плаціць? пустая справа...
Але ж ізноў — зірнуць цікава,
Як там з гары ўсё выглядае.
І дзядзька стоража пытае:
— А колькі той білет каштуе?..
Ніяк у Вільні не шанцуе!
— Ўсяго шэсць грошаў. Заплацеце,
Тады сабе, здаровы, йдзеце.
— Дзе наша, брат, не прападала:
Каб наша ліха не даждала! —
Гаворыць дзядзька наш разважна,
Ў кішэню лезучы адважна.
Сябры білеты пакуплялі
І на гару пашыбавалі.
— Ото, гара, як печ, крутая!
І вось чаму дарожка тая,
Бы шрубка, ўецца па-над бокам:
Узлезь, папробуй, простым крокам!
Ну, брат, гара, аж ногі млеюць. —
Сябры ідуць і весялеюць.
— Ці то яе такая ўрода?
Рукою, мусібыць, народу
Яна насыпана спрадвеку...
Ото, мой Божа: чалавеку
Заўсёды мала, не хватае, —
Антось уголас разважае. —
Ці ёсць канец яго патрэбам?
Чаго няма пад гэтым небам!..
— Не: не здаволіш чалавека,
І будзе вечна ён калека:
Чаго-нібудзь, а будзе брак,
Ужо бо створаны ён так!
Твардоўскі пан быў — мо чувалі? —
Яму ўсе чэрці слугавалі
І ўсе выконвалі жаданні,
І што ж? шчаслівы быў? нізвання!
Ды ўзяць хоць нас, не тое ж сама?
І мы, як тая багна-яма,
Ўвесь век варушымся, збіраем,
Канца ж патрэбам тым не знаем.
Сябры на верх гары ўзняліся,
Аж упацелі, засапліся,
І ногі іх спынілісь самі.
А слаўны від перад сябрамі
З гары высокай адчыняўся!
Хто відам тым не любаваўся?
Ўнізу гары ляглі прыгожа,
Як бы разоркі паміж збожжа,
Дарожкі роўныя, крывыя.
Над імі дрэвы маладыя
Ў сваёй пакоячай цішы
Сплялі жывыя салашы.
Агромны горад, цесна збіты,
Ўвесь блескам сонейка заліты,
Займаў узгоркі і нізіны;
Дамы стаялі, як віціны,
То ўдоўж, то ўпоперак радамі,
То закрываліся садамі
Або дзе ўзгоркам крутабокім;
А дзе васпанам адзінокім,
Расцерабіўшы сабе пляц,
Як горды пан, стаяў палац.
Будынкі цесна ў рад стаялі,
Як бы адны другіх трымалі
У часе нейкай небяспекі
І асталіся так навекі.
А між высокіх дамоў-градак,
Свой пэўны маючы парадак,
Віліся вулачкі так-гэтак
Густою тканню цёмных клетак.
Ўгары, высока над дамамі,
Пазалачонымі крыжамі
Блішчалі цэрквы і касцёлы,
Узняўшысь к небу галавамі,
На сонцы ззяючы вярхамі;
І гоман іх званоў вясёлы
Ў паветры гуў таемна, злучна
І заміраў дзесь мілагучна.
Налева, між гор крутабокіх,
У берагах сваіх высокіх,
Па камянях, бы тая змейка,
Вілася шумная Вілейка
І, закруціўшыся дугою,
Знікала зараз за гарою.
А справа ўніз свабодным махам
Лягла другая рэчка шляхам,
Як бы сталёвая пружына;
То Вілія, Літвы дзяціна,
Няслася пышна між абрываў
Бліскучай стужкай гожых звіваў,
Як бы жывое срэбра. Хвалі
На сонцы песцілісь, дрыжалі.
Так майскім днём дрыжыць лістамі,
Абліты сонейка агнямі,
Зялёны клён і пышна ззяе,
На сонцы лісцікі купае.
Па левым беразе ў шнурочак
Зялёных дрэў пралёг радочак,
Як стрэлка, роўненька, пад меру,
Як тыя буквы на паперу.
Дамы, каменныя грамады,
Палацы, пышныя пасады,
Крутыя горы з жоўтым скатам,
Пяскамі, глінаю багатым,
Ўвесь правы бераг абступалі,
У рэчцы цені іх дрыжалі.
І адбівалісь, бы ў люстэрцы,
У Віліі хмурынак перцы,
Што віслі белай чарадою
Высока ў небе над зямлёю.

А там, за горадам, так здатна
І так прыгожа, так прыятна
Узгоркі леглі ў сіняй далі;
Па іх адложыстых уклонах
Любоўна ветры па загонах
Жытцо, ярынку чуць гайдалі,
Як нянька добрая ці матка
Ў калысцы гойдае дзіцятка.
Палоскі нівак йшлі абрусам,
Гаі, лясочкі здольным вусам
Ў палях то тут, то там чарнелі,
Як бы на сонейку гарэлі.
І ў абразах тых самавітых
Палёў, задумаю спавітых,
Пачулісь родныя павевы
І дарагія сэрцу спевы
Для мужыкоў, сыноў заўзятых
Палёў, лясоў, лугоў багатых;
Там іх душа і там іх думы,
Ім далей хочацца ад шуму
Траскучых вуліц, перавулкаў,
Ад пылу, смроду закавулкаў,
А на гары было спакойна.
Чуць далятаў сюды нястройна
Далёкі шум і той змякчаўся,
Сюды нейк боязна ўрываўся.
Гара спакойна пазірала,
Маўклівасць важную хавала,
Як сведка той вялікай справы,
Што для пустой людской забавы
Ніколі вусн не раскрывае
І моцна тайнасць ахраняе.
— Ну, што, Антоні: надзівіўся? —
Ад думак Верас абудзіўся. —
Ці не пара б пасілкавацца,
Бо трубіць чэрава, прызнацца?
— Так, час ісці, глядзець даволі,
Бо не нагледзішся ніколі.

Сябры назад з гары звярнулі,
Шырокім крокам сціганулі.
— Пастой! а там што? — Там — гармата.
— Чаму ж няма пры ёй салдата? —
Пытае дзядзька. — Мо старая,
А мо фальшывая якая, —
Не буду спрэчвацца заўзята. —
З такой гаворкай да гарматы
Прыйшлі яны і важна сталі,
Гармату доўга разглядалі,
Глядзелі ззаду і з бакоў,
Аб ёй сказалі колькі слоў.
Калёсы дзядзька разглядае
І бліжай-бліжай падступае,
Хацеў яе яшчэ пагладзіць.
— Ой, не чапай, а то рассадзіць!
Няхай яна, брат, лепей спрахне!
Зачэпіш, падлу, ды як гахне!
І вочы высмаліць, і кішкі
Шпурне, глядзі, аж на Лукішкі.
О, з ёю, брат, такія штукі! —
Спужаўся дзядзька, борзда рукі
Рвануў назад, як ад гадзюкі,
Ды так, што Грышка стаў смяяцца.
— Хадзем, брат, лепей сілкавацца!

ХХХ. СМЕРЦЬ МІХАЛА

Канец... Як проста гэта слова
І мнагазначна, заўжды нова!
Як часта мы пад крыжам мукі
Ў тамленні духу ўзносім рукі
І вочы, поўныя гарэння,
І прагнем мігу вызвалення!
Шчаслівы міг, бо палі путы!
Канец — і нейкі круг замкнуты
У небыццё ідзе і гіне,
Каб месца іншай даць часіне;
І вера ў той канец няўхільны
Знішчае тлен гнілы, магільны.

Канец!.. Як многа разважання
І засмучонага пытання
У гэтым простым, страшным слове
Пры іншым з'явішчы і ўмове,
Калі астатняю мяжою
Канец кладзецца між табою
І тым, што дорага і міла,
Што душу грэла і хіліла
І сэрца моцна парывала,
Як гімн у вуснах перавала,
Калі змутнелаю вадою,
Дзе сонца цешыцца сабою,
Шуміць ён вольны і імкненны
І гучна-звонны й бела-пенны!
І ты, маё апавяданне,
Жыцця адбітак, разважання,
Нязжыты след прасцяцкай долі,
Адвечны водгук праўды, волі,
Ўжо бачыш дзень свайго змяркання.
І сціхне ліры звон тужлівы,
Бо блізак захад той маўклівы,
Апошні крок твайго блукання.
І смутна мне: я жыў з табою
Адною думкаю, душою,
Насіў цябе, як носіць маці
Няясны воблік той дзіцяці.
Ды ты, відаць, не ў міг шчаслівы
На свет радзілася бурлівы
Яшчэ далёкаю вясною
За мураванаю сцяною
Ў няволі жудаснай астрога,
Калі над намі ноч-аблога
Навісла цемраю густою
І гнула цяжкаю пятою,
Як неадхільная навала,
Усё, што жыцце асвятляла.
Ды ноч мінулася памалу
Ў агульным жыцця перавалу,
А там дарога, зноў дарога,
Разлука з краем і трывога
І паднявольнае блуканне
І гэта нуднае змаганне
За інтарэсы жывата,
Ды зноў варожая пята...

Як часта я жывіў табою
Ў разлуцы з роднаю зямлёю
Гадзіну смутку, летуцення
І момант радасці — натхнення!
Святым агнём душа палала,
І злучнасць-згоду адчувала
Таемных чараў-сугалосся
І чула шум тады калоссяў
На родных гонях на далёкіх
І песні жнеек яснавокіх.
А выгляд горак крутабокіх,
Лясочкаў, хвоек кучаравых,
Такіх прыветных і ласкавых,
Як дабрадушныя бабулі,
І грэлі сэрца і гарнулі,
Ў вачах стаялі, як жывыя.
Дрыжалі струны гаваркія,
Ў агульны тон суладдзя гралі
І на нявідныя скрыжалі
Трох неажыццеўленых слоў
Пісалі напісы вякоў...
Дык так: часіна развітання,
Апошні крок твайго блукання!

З зямлёю клопат быў вялікі,
Прыйшлося ездзіць да Хадыкі
Ды варушыць і галавою
Над гэтай справай грашавою.
А грошы йшлі, плылі, як сліна,
Аж высякалася чупрына
І брала нейкая нудота,
І адпадала ўся ахвота
Зямлю купляць і нават жыць —
Такая хваля набяжыць.
А колькі гэтай валакіты!
І ўсе на грошы прагавіты:
Таму рубель, таму дваццатку,
А ўсё няма ладу-парадку,
Куды ні кінься і ні ткніся;
Бадай яны былі звяліся
І ўсе натарусы, канторы
І іх пісакі-кручкатворы!

Вандруеш, бы ў той Чартавіцы;
Ці дурань сам, ці ўсе дурніцы,
Ці проста кпяць з цябе, дурнога,
Бо ты не ведаеш нічога,
А толькі грошы выцягаюць,
Але на грош не памагаюць.

Прыйшлося дзядзьку весці справу
І папацець-такі на славу.
Бывала, вернецца з дарогі,
Бяда і смех з яго, нябогі:
Сярдзіты, чорны, як махнуша,
І нават нос той, дуля-груша,
Відаць, таксама не ў гумору
І задзярэцца больш угору;
Малыя шэранькія вочкі
Яшчэ больш звужваюць куточкі,
Глядзяць з-пад броў зусім панура,
І ўся выраза яго хмура.
У хаце ў першыя часіны
Маўчыць, не кажа пра навіны,
Зямлі не лае і не хваліць,
Але канторы агнём паліць
І крэпасць купчую без меры
Кляне і жычыць ёй халеры
Ды злосна кідае паперы
На стол з кішэні і бубніць.
Да дзядзькі страшна прыступіць,
Але патроху і памалу
Ён траціць імпаты запалу,
Ў яго душы сціхаюць громы,
Ён зноў такі, як нам вядомы:
Лагодны, добры, клапатлівы,
На ўсё спагадны і руплівы.

Праз нейкі час сямейка ў зборы.
Тут маці сходзіць да каморы,
Нясе збанішча тварагу,
Каб скрасіць дзядзькаву тугу.
Залье туды яшчэ смятаны,
І дзядзьку хоць кладзі да раны!
Смятана гэта з тварагом —
Краса-дзяўчына з жаніхом!
Хоць зараз іх вядзі да шлюбу.
І вось маўклівасці той шрубу
Адкруціць дзядзька з галавы,
Вясёлы робіцца, жывы,
І ўсе прыгоды, ўсе нягоды,
І ўсе парогі-перашкоды
Пачне апісваць сакавіта
І пераймаць таленавіта
Пісцоў, іх закіды-намеры
За тыя копіі-паперы
Ў тваю сярмяжную кішэню
Спрытней, глыбей засунуць жменю.
Ох, трэба ведаць іх, псялытак!..
Сказаць жа — гэта іх прыбытак.

Сядзіць, расказвае Антоні,
Што чуў, што бачыў у Заблонні,
Хадыку высмее часамі
І яго «мухі з камарамі».
А скончыць тым апавяданне,
Што многа трэба вандравання
І гэтай нуднай цяганіны,
Каб дацягнуць да палавіны...
Так, многа клопатаў з зямлёю!
Як цяжка голаю рукою
Рабіць, вясці такія справы!
І больш той гутаркі і славы,
І гэтай зайздрасці і плётак
Дзядзькоў дасужых і іх цётак
І ўсіх наогул сваякоў,
Бо чалавек ужо такоў, —
Ну, больш галасу, чым карысці.
Ох, цяжка, цяжка ў людзі выйсці
І моцна стаць на свае ногі,
Бо многа ў свеце вас, парогі.
І часта роздараж іх быту
Над імі зляжа, як навала,
І гэта даль падчас пужала,
Як нейкі лёс пусты, сярдзіты.
І засмуткуеш паняволі
Ад гэтых думак цёмнай долі,
Калі набытак і скарб хатні
Ідуць на звод на той астатні.
Але ці ёсць, ці ёсць парука,
Што будзе сэнс мець гэта мука?
Ці дасць зямля табе збавенне
Ад злога панскага насення?
З адным рассватаешся тут,
Там у другі залазь хамут.
Паны ж і розныя чынушы
І там патрапяць выбіць душы
І павыцягваць з цябе жылы,
Бо ты без права і без сілы. —
Такія думкі, разважанні,
Як молат, білі ў сэрца Ганне. —
Тут справа не ў сваёй сядзібе,
А ў ладзе гэтым уся злыбедзь.
Хмурнеў тады Міхал таксама.
Няўжо ж у свет замкнёна брама?
Няўжо старанне пойдзе прахам? —
Пытаў Міхал сябе са страхам.
Ды цяжка мары-думкі траціць —
Пажыць, пажыць у сваёй хаце!
— Гэ! — так казаў Міхась бывала. —
Вядома, клопату нямала,
Ды што без клопату даецца? —
І тут ён нават засмяецца,
Каб цень развеяць тае смуты:
— І трэба часам крыж пакуты
Панесці, мілыя мае вы,
Зазнаць і гора, неспадзевы!
Але раз ты наважыў дзела,
Ідзі станоўка, роўна, смела,
Ідзі, назад не аглядайся
І на другіх не пакладайся!
А вам, сынкі мае любыя,
Не век сядзець на маёй шыі!
Пара падумаць, небажаткі,
Як жыць без бацькі і без маткі,
Бо іх жыццё — не вечна ў свеце.
Вось тут глуздом паварушэце!
Дык трэба грунт мець пад нагамі,
Каб не бадзяцца батракамі.
Які ж то грунт? Зямля, навука,
Але не панская прынука.

Адзін Міхал і грэў імкненне
Давесці справу да сканчэння.
Але няўзнакі, неўзаметкі
Вязала ліха свае сеткі,
Каб іх накінуць на Міхала,
І нінавошта не зважала,
Бы тая злосная намова:
Міхал прыцяміў выпадкова
Густы, чырвоны след крываўкі!
«Эге, брат, дрэнныя праяўкі:
Прыйшла згінота на Міхася!» —
Падумаў ён у нейкім страсе,
І нават сэрца ў ім апала.
Што за праява напаткала?
Няўжо яна, смерць, неўзірана?
Не, не! аб ёй і думаць рана.
Міхал жахнуўся. Нейкі смутак,
Ліхіх пачуццяў цёмны скрутак
Яго агортваюць істоту;
Ён чуе ў свеце адзіноту,
Як бы варожых лёсаў сіла
У вочы глянула няміла
І ўстала нейкім грозным валам
Між тым жыццём і ім, Міхалам.
І першы раз ён так балюча
Адчуў той момант немінучы,
Які ўсіх нас вартуе пільна,
Бо гэта смерць — зло неадхільна.
«Няўжо памру і стану трупам,
Згнію ў зямлі нікчэмным струпам
На целе гэтае зямлі?»
І цені страшныя ляглі
Яму на душу і на сэрца,
І ён так ясна, бы ў люстэрцы,
Убачыў смерці ўсе пячаці
І ўсе адзначныя пастаці.
Міхал пачуў, што ён — пылінка,
А век людскі — адна хвілінка.

І перад ім самі сабою,
Чуць-чуць засланыя імглою,
Жыцця асобныя кускі —
Малюнкі, з'явы, абразкі,
Калісь прачуты, перажыты, —
Ўсплылі, як сон, даўно забыты,
І пачуванне адзіноты,
Пустэчы цёмнае, тускноты
Яго прыгнула, прыдушыла.
І стала ўсё яму няміла.
Адно цяпер яго прагненне —
Прад кімся пасці на калені,
Прасіць заступы, абароны
Ад гэтай страшнае праклёны.

І ўспомніў ён адну драбніцу,
Свой страх дзіцячы ў навальніцу.
Жахліва ночка была тая!
О, гэту ноч ён памятае!
Прачнуўся — шум, бразгочуць шыбы,
Гарыць паветра іх сялібы
Агнём сляпячым, сіняватым.
Старыя вербы каля хаты
Гудуць і гнуцца ва ўсе бокі,
Над долам сцелюць верх шырокі,
І круціць бура ім галіны,
Кудлаціць, крышыць верхавіны,
Бы рве іх вострымі зубамі;
А гром цяжэрнымі клубамі
Зямлю, здаецца, прабівае,
І стогне хатка іх старая,
І ўся трасецца, бы націна.
А ён, малы, як ліст асіны,
Дрыжыць ад страху, жмецца, плача.
— Засні, мой хлопча-небарача!
Не бойся, мілы: ты — са мною! —
І матка цёплаю рукою
Яго за шыю абнімае,
А ён да маткі прынікае;
І ўжо не страшна бура тая,
Бо ён захован, повен шчасця.
А да каго цяпер прыпасці?
Каго прасіць? каму маліцца?
І як ад смерці бараніцца?
А можа, гэта так, пустое?
А пэўна, глупства там якое,
Бо нават следу няма болю,
І ўсё, нарэшце, ў божай волі!
Ў ім абуджаецца надзея,
Адводзіць страх той, сэрца грэе,
Як сонца землю пасля буры,
Бо так заложана ў натуры.
Ды тое ліха было ўпарта,
І строіць жартаў з ім не варта.
Праз нейкі час, ужо пад зіму,
Міхал у моцным быў абніму
Хваробы цяжкай і паганай,
Неспадзяванай, негаданай.
І гора ў тым: хвароба гэта
Даўно цягнулася, не з лета,
І ў тым была яе і сіла,
Што незаметна налучыла,
І спатайка гадоў праз колькі
Яе жывілі манаполькі,
Пакуль яна не разнялася
І не зваліла з ног Міхася.
Спярша Міхал перамагаўся
І той хваробе не даваўся,
А потым кінуўся і ў лекі,
Больш з саматужнае аптэкі:
Піў зёлкі розныя і травы,
Ды не палепшваў свае справы.
Да дактароў ужо па часе
Вазілі хворага Міхася,
Вазілі ў холад і ў марозы,
А ліха-боль свае занозы
Глыбей у цела запускала,
І ўжо з тых лекаў толку мала.

Ляжыць Міхал маўклівы, смутны,
І вочы выцвілі і мутны,
У глыб душы глядзяць гаротна,
Глядзяць тужліва і маркотна.
І горка гэта сузнаванне,
Што ад жыцця ты ўжо адсечан,
І нават можа быць адмецен
І блізак час яго сканання.
Жыццё ж ішло, як і звычайна,
Крыху марудна, аднастайна,
Калі трушком, калі ступою
Сваёю бітаю трапою.
А з гэтым жыццем нага ў ногу
Як бы ў адну ўсе йшлі дарогу,
І толькі ён, адсталы, хворы,
Папаў у нейкія зажоры
І лічыць нудныя часіны —
Ён моцна выбіт з каляіны,
І тым жыццём ён не жыве —
Другія думкі ў галаве,
Зусім другія пачуванні,
Другі настрой і разважанні.
І тое, што даўней, бывала,
Яго так моцна захапляла,
Цяпер здавалася няўзрачным
І непатрэбным і нязначным;
Яго цікавіць лёс уласны,
Лёс пагражаючы, няясны,
Зацята схованы, замкнёны,
Бы кара цёмнае праклёны,
Што кожны момант над табою
Звісае страшнаю марою,
І кожны час яна гатова,
Свядома або выпадкова,
Узнесці грозна булаву
І апусціць на галаву
І разам скончыць, адным махам,
З жыццём і з цёмным гэтым страхам.
Але што ёсць там, за заслонай,
За гэтай сцежкаю замкнёнай?
Няўжо пустэлі мрок разліты,
Канец астатні, ноч нябыту?
Міхалу вусцішна і жудка,
І сэрца стукае ў ім пудка.
Ох, страшна гэта ноч-пустэля!
Яна ў пякельны мрок засцеле
Яго жыццё і гэты свет;
Сатрэцца, згіне яго след
У тым сусветным праху-смерці,
Як бы й не жыў на гэтым свеце.
Ён чуе страшнае тамленне,
Яго жахае зніштажэнне,
Ён хоча жыць... Прэч, цені мроку!
Там сэрцу цяжка, цёмна воку...
І гэта там ён адпачыне?!
О, не!.. І кроў у жылах стыне,
І сэрца ў страсе замірае,
І пот халодны выступае.
Якая гэта недарэчнасць?!
Хіба ён жыў?.. о, вечнасць, вечнасць!
Як зразумець цябе і змерыць?
І каго слухаць? каму верыць?
Міхал ахоплен цёмнай хваляй,
Не хоча думка йсці ўжо далей,
Ён хоча сцішыць жудасць тую,
Ён прагне чуць душу жывую.
— Ну, што ты, маці: ты б прысела, —
Да жонкі мовіць ён нясмела,
А вочы просяць спачування,
Жывога слова, спагадання.

І ёй таксама несалодка —
Каротка, песня, ты, каротка
І заціхаеш так не ў часе!
Баліць ёй сэрца аб Міхасю;
Яна адгадвае душою,
У якім ён цяпер настроі.
І цяжка ёй. Яна ўздыхае,
Ідзе, сябе перамагае,
І горла ціснуць ёй залозы,
І волі, волі просяць слёзы.
— Памру я, Ганна! — кажа ціха. —
Дайшоў да дна свайго кяліха.
Міхась глядзіць кудысь далёка,
І нудна ёй ад тога ўзроку,
Надзеі гіне рэштка тая,
І большы смутак пашыбае.
Міхал здзівіўся: ён не тое
Хацеў сказаць, а штось другое,
Ды так сказалася. Ну, што ж?
— Не думай гэтак ты, нябож!
Ці мала людзі так хварэлі?
Хварэлі годы — не нядзелі,
Такіх здарэнняў вельмі многа,
Але ачуньвалі, й нічога.
І ты, дасць Бог, на ногі станеш,
Пяройдзе ліха, ачуняеш.
Міхал глядзіць ёй пільна ў вочы,
Штось расчытаць па твары хоча.
Але з усмешкаю крывою
Трасе адмоўна галавою —
Пацеха, знаць, яму малая;
І погляд дзесь ізноў блукае,
Але не тут, а там, далёка;
Слязою мгліцца яго вока,
Ён штось яшчэ сказаць імкнецца,
І цень на твар яго кладзецца.

З двара ўваходзіць дзядзька ў хату;
Ідзе прамовіць слоўка брату.
Антось гаворыць смела, стала,
Каб падбадрыць крыху Міхала,
Надзею добрую падаць
І думкі смутныя прагнаць.
— Як пачуваешся, Міхале?
Мацуйся, браце, з мала-маля!..
А дзень які! эх, дзень харошы!
Пайсці б цяпер, брат, па парошы!
— Так, брат, пайду ды ці вярнуся?
Якраз патраплю да Пятруся
Ў Церабяжы пад крыж хваёвы, —
Сказаў Міхал у тон размовы,
Бы то звычайнае здарэнне,
Сказаў з усмешкай засмучэння.
— Ну, ўжо і пойдзеш! не, брат, дудкі.
Аб тым паходзе няма й чуткі;
Яшчэ паходзіш за сахою
І над уласнаю зямлёю
Ты папацееш, і не мала,
На картах бабка так казала;
Не, жыць, брат, трэба і жыць — многа! —
Антось гаворыць, а ў самога
На сэрцы стала штось трывожна,
Бо спадзявацца ўсяго можна;
За кожным ходзіць смерць-сляпіца.
І дзіўна рэч: цяпер драбніца
Ці проста рысачка якая
Значэнне, сэнсу набывае
І з гэтай смерцю сувязь мае,
Ці куры ў хаце сваім дурам
Падымуць часам шурум-бурум;
Ці абярэцца з іх якая,
Знячэўку пеўнем заспявае
Для большай важнасці, вагі;
Ці дзесь крумкач разок, другі
У небе крумкне смутна-глуха;
Ці ў юшках песню завіруха
Зацягне жаласна, нудліва;
Ці загугукае страхліва
Злы гэты дух — сава-начніца
Ў кустах альховых над крыніцай,
Гугукне так, што сэрца ные;
Або сабака той завые, —
Ўсё гэта — дрэннае злучэнне,
Праявы страшнай абвяшчэнне,
І тую думку мімаволі
На смерць наводзіць, як ніколі.
А прыйдзе ноч. Эх, ноч-цямніца,
Зацятых страхаў таямніца!
Глядзіш у вокны ты варожа
З свайго цямнюсенькага ложа
І за вуглом стаіш тулягай,
Відаць, з нядобраю развагай.
Ў мярцвячых лісцях зімняй стужы
Стаіўся месячык дасужы,
На шыбах беліць ён палотны,
Такі тужлівы і маркотны.

Міхал не спіць, а боль тупая
Яму пад сэрца падступае.
Няма надзей, няма жадання,
Цяпер на свеце ўсё дазвання
Яму няміла, нецікава,
І сну няма, не лезе страва.
Жыццё... ды што жыццё такое?
Эх, глупства, глупства ўсё! пустое!
Міхал глядзіць на блеск газніцы.
У вочы ўбіліся драбніцы —
Дрыгучы блеск і цені тыя
І танцы-скокі іх нямыя.
Яны варушацца, трасуцца,
Пустымі смехамі смяюцца,
То расплываюцца па столі,
То зноў насунуцца паволі.
Агоньчык дрыгае і скача...
Бы штось чуваць, нібы хто плача,
Ці то званочак пад дугою
Звініць бясконцаю тугою?
Там вочы нейчыя міргнулі...
І мыслі раптам скаканулі
У багны часаў і прастораў,
Бо ім няма граніц, запораў.

Глядзіць Міхал... што за хвароба?
Ён не адзін — іх дзве асобы:
Адзін Міхал — нядошлы, млявы,
Другі — здаровы і рухавы!
Адзін ляжыць, другі вандруе,
Ідзе па лесе, ў вус не дуе
І не гадае ні аб чым.
Дурны: не цяміць, што за ім
Таксама ходзіць хтось варожы,
Страшэнна здрадлівы, нягожы,
У нейкім доўгім балахоне
І водзіць пальцам па далоні;
Кіўне смяшліва, знак паложыць,
Бы штось запісвае, варожыць.
Хто ён такі? чаго ён хоча?
Чаго схіліўся і шамоча?
І нейкай тухаллю і тленню
Нясе ад чорнага адзення,
І востры пах чуваць кадзіла...
Ах, гэта ж смерць тут захадзіла!
Ці гэта поп?.. І ўсё прапала,
Няма і почуту Міхала.
Куды ж ён дзеўся? Дзе ён? дзе?
Эх, быць бядзе! ну, быць бядзе!..
Ах, не: унь ён! ён воўкам стаўся.
Бяжыць як можа — знаць, спужаўся.
Ой, ой — стрыжэнь! Ён — гоп туды!
Ніяк не вылезе з вады.
Капут... Міхал-воўк прападае,
Пад лёдам знік, як мыш рудая,
А ўсё вакол глядзіць здзіўлёна.
І раптам нейкая заслона
Чыёюсь страшнаю рукою,
Сінь неба лучачы з зямлёю,
Ўсё пасуваецца бліжэй!
Міхалу робіцца цяжэй,
Ў грудзях дыханне забівае,
А ноч-заслона націскае,
І светлы круг, прамень пустыні,
Вось-вось у багне-цьме загіне.

Міхал крычыць і б'ецца ў страсе.
Заслона чуць-чуць адышлася,
Ён вочы цяжка размыкае —
Ў руцэ рука чыясь другая,
І вочы, поўныя пакуты,
Да мутных воч яго прыкуты.
Зняможан цяжкім ён змаганнем.
З глыбокім жалем, садрыганнем
Ратунку просіць у людзей,
У брата, жонкі і дзяцей,
Бо неба жорстка, неба глуха
І не прыклоніць свайго вуха,
Хоць ты прасі, хоць ты малі,
Хоць грудзі рві і сэрца выні —
Ты не кранеш яго цвярдыні,
Яно далёка ад зямлі,
Яно зацята, бо нямое,
Яно маўкліва, бо пустое.
— Ты пазнаеш мяне, Міхаська? —
Ён уздымае вочы цяжка,
Глядзіць на жонку. — Ганна... Маці...
Ратунку дайце мне!.. О, браце!
Ратуй мяне! ратуйце, дзеткі!.. —
Сляза-палын балюча-едкі
На ўпалых вочах выступае...
Міхал зяхае — заціхае...
— Ой, свечку, свечку: ён канае!
На твары след пякельнай мукі,
На грудзі палі яго рукі.
Міхал яшчэ раз здрыгануўся,
Зяхнуў так цяжка, ўвесь памкнуўся,
Яшчэ раз вочы расчыняе,
Глядзіць, бы штось прыпамінае;
Ён цяжка дыша, духу мала, —
І ўсё адразу ясна стала.
— Антоська!.. родны мой! канаю...
Перагарэў, адстаў, знікаю...
Вядзі ж ты рэй, вядзі... адзін...
Як лепшы брат, як родны сын.
Бог не судзіў мне бачыць волі
І кідаць зерні ў свае ролі...
Зямля... зямля... туды, туды, брат,
Будуй яе... ты дай ёй выгляд...
На новы лад, каб жыць нанова...
Не кідай іх... Га-а-х! — І — гатова!
Ні слоў жывых, ні сэрца стуку,
І халаднеючую руку
Антось цалуе і рыдае
І к трупу з енкам прыпадае.

У полі, полі
Пры дарожачцы
Пахіліўся крыж
Над магілаю.
Беглі сцежачкі
Ў свет шырокенькі,
Прывялі ж яны
К той магіланцы!..
Ой вы, дарожанькі людскія,
Пуцінкі вузкія, крывыя!
Вы следам цьмяным снуяцеся
І ўсё блукаеце, бы ў лесе,
Вас горне шлях прасторнай плыні
І далягляд ружова-сіні,
Дзе так панадна свеціць сонца,
Дзе думка тчэ свае красёнцы,
Каб новы свет жыцця саткаць,
Заспакаенне сэрцу даць
І разагнаць яго трывогі!..
Прасторны шлях! калі ж, калі
Ты закрасуеш на зямлі
І злучыш нашы ўсе дарогі?

1911-1923


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ:
Комментируем публикацию: НОВАЯ ЗЯМЛЯ


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.