ЗБОРНІК ВЕРШАУ "НЕБА РОДНАГА СКРЫЛЁЧКІ"

Белорусская поэзия. Классические и современные стихи белорусских поэтов.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ


БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему ЗБОРНІК ВЕРШАУ "НЕБА РОДНАГА СКРЫЛЁЧКІ". Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-25

ЗОЛАК ЯНКА

НЕБА РОДНАГА СКРЫЛЁЧКІ

THE SLICES OF NATIVE SKY





Цешаць сэрца васілёчкі -

Неба роднага скрылёчкі.

I



ДОБРА



Добра ў срабрыстую ночку

Зор залатых пільнаваць,

З мараў сплятаці вяночкі,

Думкі аб шчасьці снаваць.



Добра глядзецца у просінь

Срэбрам затканых нябёс,

Ведаць, што сытая восень

Наш упрыгожвае лёс.



Добра у шэпатах клёнаў

Чуць пахвалу сваіх дзей,

Бачыць багатыя плёны

Працы шчасьлівых людзей.



25.IX.1942 г.





НА СКОНЕ ДНЯ



Дзень канаў...

На захадзе хмурлівым

Адцьвітала ружаю зара,

І тушыла бляскаў пералівы

Хмараў буйных цёмная гара.



Дзень канаў,

І ночка-гаспадыня

Атуліла стомлены абшар.

Толькі сэрца ў цемры не астыне:

Там гарыць сьвятой надзеі жар.



Час бяжыць,

І ноч ля хат вясковых

Нітку чорнай цемры дапрадзе,

І вясёла ў променях вясновых

Усьміхнецца шчасьцем новы дзень.



7.VIII.1942 г.







МЛЕЧНЫ ШЛЯХ



За лясамі, за лугамі,

За люстранаю ракой

Хтосьці срэбнымі плугамі

Неба зорнае араў.

Ён магутнаю рукою

Падразаў карэньне траў.



І на ўзораным палетку

Лемяхом зарніц-заранак,

Заквітнелі зоры-кветкі,

Як валошкі у палях;

Ды застаўся не ўзараным,

Як агрэх той, Млечны Шлях.



20.X.1941 г.





УНОЧЫ

Сьпіць сяло ў тумане белым,

Зоркі сьвецяць, не мігнуць.

Сьпіць і сэрца анямела,

На душы якаясь муць.



Ціха ўсё... Ад краю вёскі

Даляцеў сабачы брэх...

Нікнуць рэха адгалоскі

Каля сьцен і каля стрэх.



Ціха зноў... А ў сэрца з болем

Сьлёзы капаюць з вачэй...

Не цягніся, ночка, болей!

Сонца, выблісьні хутчэй!



19.X.1941 г.





ВЯСЕНЬНІ ДЗЕНЬ

Сонца шле палём праменьні,

Песьціць ласкава іх рунь.

Дзень вясёлы, дзень вясеньні

Па зямлі інкнецца ўгрунь.



Шчырым сьмехам ручаёчкі

Зазьвінелі на дварэ...

Эх, вясеньнія дзянёчкі,

Не любіць вас - проста грэх!



Сэрца рвецца на прасторы,

Да прагалінаў лясных,

Дзе птушыным звонкім хорам

Набрынялі дні вясны.



2.III.1944 г.



ВЯСНОЙ У САДЗЕ

Вясёлым сонцам сад расквечан;

Пялёсткі сыплюцца, бы сьнег,

Сьпяшаюцца на сход свой, веча,

Пяюць аб ласкавай вясьне.



Нібы пялёсткаў завіруха,

Снуюцца й думкі ў галаве;

А я ляжу ў пялёсткаў пуху

На мяккай шоўкавай траве.



І так прыемна маім вочам

Сачыць за росквітам вясны,

Якая радасьць мне прарочыць

І навявае крозы-сны.



20.XI.1943 г.







ВЕЧАР



Луг, палеткі апавіты

Срэбнай ватай туману...

Вечар мяккі, сакавіты

У вільгоцьце патануў.



У саду салоўка звонка

Расьпявае ў гольлі сьліў.

Вечар дзіўную гамонку

Над прасторамі разьліў.



Па вадзе лагоднай рэчкі

Чуцен вёслаў лёгкі ўсхліп.

Вечар дзіўны на парэчкі

Галаву сваю схіліў.



Апавіўшы цемрай сёлы,

Кудры клёнаў, вежы ліп,

Вечар пахкі, вечар кволы

Да вакна майго прыліп.



31.V.1942 г.



ЖАЎРУК

Яшчэ сонца ня ўстала з пасьцелі,

Не прамыла расою вачэй,

А ўжо зь неба дзівосныя трэлі

Раз-па-разу ліюцца званчэй.



Ці аматар-музыка ў блакіце

Рассыпае званочкі ў прастор,

Ці то струны - чароўныя ніці,

Ці анёлаў сьпяваючых хор?



То на арфы цудоўнае граньне,

Не ігра чарадзеевых рук, -

Гэта ў небе, вітаючы раньне,

Расьпявае шчасьлівы жаўрук.



12.IV.1943 г.





ШПАКІ

У садочку дружным хорам

Песьняй цешацца шпакі;

Селі, быццам па згавору,

Упрыгожыўшы узорам

Гольле дрэва і сукі.



Не адслухацца, так міла

Засьпявалі на вярбе.

Што за гукі, што за сіла,

Маё сэрца паланіла,

Прыкавала да сябе!



Тыя гукі, шчабятаньне -

Дань міжвольная журбе;

Гэта - песьня адцьвітаньня;

Гэта - зь летам разьвітаньне

Чую сёньня на вярбе.



3.VIII.1943 г.







ВОСЕНЬ



Адплылі каласістыя дні

У бязьмежныя сінія далі.

Ў небе гусі шнуркамі караляў

Праплылі над абшарамі ніў.

На палетках, калючых ад жніў,

Ветры песьні свае засьвісталі.

Неба шэрага нудныя далі

Пачынаюць сьлязіцца і гніць.



Прытуліўся да плоту, прылёг

І так жаласна плача-скуголіць,

Просіць сонцавай ласкі, патолі,

Пасівелы ад часу, быльнёг.

На мяжы сірата-васілёк

Шэпча ветру пра сумную долю.

У зрудзелым, бязрадасным полі

Толькі ён цешыць сэрца здалёк.



Восень яркаю медзьдзю згары

Асядае на клён і каліну,

І туман свае чары накінуў,

Каб схаваць ясны погляд зары.

Не хачу аб журбе гаварыць,

Толькі восень любіць не пакіну,

Бо, за працу і пот, селяніну

Аддае яна шчодра дары.



18.IX.1943 г.





НЕЧАКАНАСЬЦЬ

Хоць восень яшчэ панавала,

Зьбірала багацьця дары,

Ды з поўначы ветрам нагнала

Прыкметы зімовай пары.



Ўсе клёны, вязы і бярозы

Яшчэ лістапад не атрос,

А землю скавалі марозы,

Насыпала сьнегу зь нябёс.



17.X.1941 г.







ПАРОША



Эх, дзянёк які харошы!

А паветра - нібы хмель...

Сёньня выпала пароша,

І срабрыцца ўсюды бель.



Я іду... А песьня птушкай

Вырываецца з грудзей;

Залатыя сьнегу стужкі

Робяць сэрца маладзей.



Эх, дзянёк які харошы!

Навакол іскрыцца бель.

Сёньня выпала пароша,

Разьліла ў паветры хмель.



1.II.1943 г.







ПЕСЬНЯ ЗАВІРУХІ



Закружуся, завірую

І пасьцелю сьнегавую

Я навокал пасьцялю.

Я пуховую пярыну

Па усёй зямлі раскіну,

Ўсё дазваньня пабялю.



І, гайсаючы па полю,

Мо’ чыю сустрэну долю:

Укладу, закалышу.

А за песьні-весялухі

Беласьнежнай завірухі

Адбяру ў яе душу.



Надарэмна бацька, маці

Будуць сына свайго ждаці, -

К ім ня вернецца ўжо ён.

Надарэмна жонка, дзеці

У вакно будуць глядзеці,

Адганяючы прэч сон.



Не шкадую я нікога:

Ні старога, ні малога,

Хто ў маю пасьцелю лёг.

Я адна, ў бялюткім пуху,

Уладарка-завіруха

На дарогах і ў палёх.



29.X.1941 г.







ЗІМОВЫ АДПАЧЫНАК



На прасторах зіма-чараўніца

Лебядзіны рассыпала пух,

Красіць твары, як сонца суніцы,

Ветрам колкім захлупвае дух.



Ды ня нам гэтых ветраў пужацца,

Гэтых жартаў свавольнай зімы:

Па скрыпучаму сьнегу прамчацца

У нядзелю задумалі мы.



Пад праменьнямі сонца іскрыста

Зьзяе срэбрам пуховая бель.

Рвецца вецер шалёна, са сьвістам,

Каб спыніць маладосьці разьбег.



Па раўніне, па ўзгорках, па схілах

Лыжы гонкія пішуць наш круг.

Ні мароз, ні вятры нас ня схіляць,

Маладосьці запал не сатруць.



7.XI.1941 г.





II





* * *

Не кажы мне, што сэрца астыла,

Што у ім больш няма пачуцьця,

І што Паркі - варожая сіла -

Перарве маю нітку жыцьця.



Ты мяне яшчэ знаеш замала...

Хоць прайшлі маладыя гады,

Маё сэрца цябе пакахала,

Як ня ўмее кахаць малады.



Маё сэрца яшчэ не астыла...

Покуль нітку дапрадзе,

Нашых дзён бурапенная сіла

Не дае яму стыць, халадзець.



25.II.1944 г.







НЕ СУЦЯШАЙ



Не суцяшай!.. Ласкавым словам

Ты не загоіш сэрца боль,

Бо ў дамавіне хто пахован,

Не ажыве ніколі больш.



Усё, што ўзятае магілай,

Ня можа к сонцу мець зварот.

Ты не заменіш сэрцу мілай,

Хоць апячэш цалункам рот.



І мы, нібы ад буралому, -

Час прыдзе - ляжам у зямлю.

Дук не заві-ж мяне к старому

І не пытай, хто сэрцу люб.



Не суцяшай!.. Яна з магілы

Ка мне ужо ня прыйдзе больш...

Ты-ж не заменіш сэрцу мілай

І не загоіш сэрца боль.



16.IV.1942 г.







ЖНІЎНЫМ ВЕЧАРАМ



Жніўным вечарам задумным

Ты ішла сярод жанок,

З карагодам несла шумным

Залатых жытоў вянок.



У вяночку тым зьвілося

Жыта буйнае калосьсе;

Між калосься - васілёчкі -

Неба роднага скрылёчкі.



Ты ішла, а я - насустрач...

Усьміхнуўся грамадзе,

І адчуў, што нехта шустра

На чало мне штось кладзе.



Глянуў я: аж то - вяночак

Зьзяе ласкай сініх вочак;

А ў вяночку - васілёчкі -

Неба роднага скрылёчкі.



Прыпыніўшыся на грудзе,

Я ўдыхаў жытоў цяплынь,

І лілася ў мае грудзі

Песьняў радасная плынь.



Гэтых жніўных песьняў хвалі

Маё сэрца хвалявалі,

Бо ў тых песьнях - васілёчкі -

Неба роднага скрылёчкі.



На ўспамін аб днёх шчасьлівых,

Нібы ў гожыя вянкі,

Я у песень пералівы

Уплятаю васількі.



"Бо няма таго цьвяточка,

што мілей над васілёчка."

Цешаць сэрца васілёчкі -

Неба роднага скрылёчкі.



6.VI.1942 г.







ЛЯ РЭЧКІ



Нямытае неба. Заспаныя хмары

Паволі над цёмнаю рэчкай плывуць,

І месяц двурогі ня кідае чары

На хваляў рачных каламуць.



Ад подыху ветру чарот, нібы п’яны,

Хістае-калыша галоўкі свае.

І вобраз каханай з пуховых туманаў

У дзіўнай красе паўстае.



І томяцца грудзі салодкім жаданьнем

Той вобраз чароўны пяшчотай абвіць,

Напіцца бальзаму з крыніцы каханьня,

Каб раны душы загаіць.



22.VIII.1943 г.







УСПАМІН



Ціха... Ноч... Аксамітавы змрок...

Мы ў саду, пад кудраваю вішняй,

Перайшлі запаветны парог,

Насустрэчу нязнанаму вышлі.



І тады, ў гэту цёплую ноч,

Мне шаптала зялёнае вецьце,

Што пагляд васілёчкавых воч

Не дарыла нікому ты ў сьвеце.



Верыў я і жадаў яшчэ больш

Патануць у пяшчотах каханьня,

Піць, забыўшы мінулага боль,

Пацалункі да сіняга раньня.



Каб я мог, я-б табе у касу

Уплясьці-б хацеў нізанку зорак,

Ды зьнячэўку рассыпаў расу

Па мурожнай траве новы золак.



19.IV.1942 г.







НЕ ПЫТАЙ



Не пытай,

чаго ўздыхаю

Раз-па-разу гарачэй:

Не пытай,

ці я кахаю

Сінь вазёрную вачэй.



Не пытай,

куды імклівіць

Ручаінка думак-мар;

Не пытай,

ці я шчасьлівы

Ў цеплыні дзявочых чар.



Не пытай,

аб чым я мару

Вечароваю парой,

Калі водблескам пажару

Сонца зьнікне за гарой.



Не пытай,

ці сэрца звоніць,

Калі ты, у час такі,

Валасы мае

і скроні

Песьціш дотыкам рукі.



Не пытай,

чаму іскрыста

Зіхацяць каралі слоў,

І чаму я

так срабрыста

Рассыпаю дум цяпло.



Не пытай,

чаму ня плача

Залацісты летні дзень.

Не пытай!..

Сама ты бачыш:

Я - шчасьліўшы ад людзей.



3.VIII.1943 г.







* * *

Ты прыйдзі, як засьвецяцца зоры

Дыямэнтамі ў высі нябёс.

Сядзем побач з табой, пагаворым

Пра жыцьцё, пра каханьне і лёс.



Будзем слухаць пад вэлюмам ночы

Таямнічых істот галасы,

Буду ласкава зорыць у вочы,

Буду песьціць твае валасы.



Абніму я цябе і пяшчотна

Пацалункамі ўкрыю чало.

Я забуду аб долі самотнай,

Як адчую каханьня цяпло.



Месяц к нам у вакенца загляне,

Усхвалюе пачуцьці, й бяз сну

Я сустрэну ружовае раньне

І яшчэ раз услаўлю вясну.



Ты прыйдзі, майго сэрца жаданьне,

Безь цябе болей жыць не магу.

Ты прыйдзі! Я ўсю сілу каханьня

Для цябе аднае берагу.



Ты прыйдзі! Няхай сэрца ня плача.

Я сваею цябе назаву.

Ты прыйдзі! Няхай людзі убачаць,

Што шчасьлівы і я наяву.



19.XI.1943 г.







* * *

Як зірну я ў бяздонныя вочы,

На крамянасьць грудзей і плячэй, -

Так і хочацца ў срэбныя ночы

Выпіць сум з васільковых вачэй;



Піць яго пакрысе, паступова,

Каб самому быць п’яным у дым,

Каб з тваёй маладосьцю, нанова

Адчуваць і сябе маладым;



Піць цалункі - кавалачкі долі,

Каб у сэрцы пажар затушыць

І забыць, што на сьвеце ёсьць болі:

Болі сэрца і чулай душы.



Глупства ўсё: і багацьця чырвонцы,

Калі ёсьць вось такія, як ты,

Што сагрэе, як промені сонца,

Не дазволіць пачуцьцям астыць.



28.IX.1942 г.







ЗДРАДА



Вёска зьнікла, а лёгкія сані

Ўсё лятуць у туман, у сьнягі...

Ты казала, мяне не абманіш

І ніколі ня будзеш з другім.



А сягоньня ў марознай дрымоце

Разьліваецца звон з-пад дугі...

Маё сэрца баліць у самоце,

Бо цябе абнімае другі.



Мабыць сэрца чароўнай жанчыны

Таямніча, як сіні туман,

Сустракае там часта мужчына

Абяцаньне і здраду-абман.



3.XI.1941 г.







* * *

Гнула, гнула вішаньку, -

Не сагнула:

Легла я пад вішаньку

Дый заснула.

Як прыехаў міленькі -

Не пачула.

А прыешаў міленькі

З гарадочку

Не пару кароткую -

Адну ночку.

Я-ж яго ня бачыла:

Я праспала,

Ці кахае шчыранька

Не спытала.

Прападзі-ж ты пропадам,

Сон дзявочы!

З-за цябе я выплачу

Кары вочы.



29.I.1942 г.







* * *

Мілы жыта сеяў,

Я за ім грамадзіла;

Ён са мной кахаўся.

Я яго прынадзіла

Русаю касою,

Юнаю красою.



Завітаць учора

Абяцаў міленькі,

Разагнаць мой смутак,

Прыгалубіць шчыранька.

Ждала я мілога

З просьбаю да Бога.



Я прасіла Бога

- Божа мой каханенькі,

Прынясі мілога

Да мяне ты раненька.

Цяжка мне, марозна

Жыці зь мілым розна.



Рана ці ня рана,

Хоць парою познаю

Хай прыедзе мілы мой

З думкаю нягрознаю.

Сумна мне, маркотна

Дзеўчыне самотнай.



Хай прыедзе мілы мой,

Як сьцямнее вокала.

Пра жыцьцё, здароўечка

Запытаю ў сокала:

Ці жывы-здаровы,

Чаго хмурыць бровы.



30.V.1942 г.







ТЫ ПАРАНІЛА СЭРЦА



Красавала вясна па-над сьветам,

Наліваліся сокам палі...

Ты параніла сэрца паэта,

І цяпер яно моцна баліць.



Чым я вылечу гэтую рану,

Дзе я лекаў для сэрца знайду?

І няўжо ў ціхі сонечны ранак

Я сканаю ад болю і дум?



Не рабі-ж маё сэрца калекай!..

Покуль сонца аквеціць лугі,

Дай ты мне, даражэнькая, лекаў,

Няхай грудзі ня сохнуць з тугі.



17.III.1944 г.





III





СЬВЯТА ПРАЦЫ І ВЯСНЫ



Сьвяціла сонца зь небнай далі,

Вакол цьвіла жыцьцём вясна,

Але мы радасьці ня зналі,

Душу ня цешыла яна.



Ішлі гады нямой пакуты,

Стагнаў у роспачы наш Край;

І быў цяжэй за зьдзекі, путы

Для нас чужы, варожы май.



А сёньня сонейка зычліва

Свае пяшчоты шле і нам...

Са сьвятам Травеня шчасьлівым

Ідзе і нашая вясна.



Былое мы зьмяцём дазваньня,

Ня будзе сэрца болем ныць

У Сьвята Працы і Яднаньня,

У свята нашае Вясны.



25.IV.1944 г.







МОЛАДЗІ



Табе, наша моладзь, ад шчырага сэрца

Мы дорым пачуцьцяў агні.

Твой сьцяг вызваленьня над краем ўзаўецца,

І воляй аквецяцца дні.



Ты - нашая сіла і наша надзея!

Магутнымі ўзмахамі крыл

Прагоніш нядолю і шчасьце пасееш,

Расквеціш зарой небасхіл.



Жыві-ж і красуйся не радасьць і славу

Свабоднай, васкросшай зямлі!

Жадаю ад сэрца, каб вашыя справы

Прыгожаю кветкай цьвілі.



21.VI.1943 г.







МАТУЛІ



Бывай, матуля! Ненадоўга

Цябе пакіне родны сын.

Пайду, каб выканаць свой доўг я,

А ты дажджом сьлязін ня сып!



Я веру, маці: не загіну...

Ня трэба ліць каштоўных сьлёз.

У бойцы жорсткай за краіну,

Здабыць ёй мушу лепшы лёс.



Ня трэба плакаць, турбавацца,

Ты - лепш - мяне багаславі...

У бойцы з ворагам - прызнацца -

Нямала выльлецца крыві.



Маліся, мама, каб Магутны

Мне даў адвагі, новых сіл,

Каб вораг куляю бяспутнай

Мяне дачасна не скасіў.



Калі адгрукаюць гарматы,

Вятры разгоняць бітвы дым, -

Вярнуся я да роднай хаты

Яшчэ дужэйшым, маладым.



Ня трэба, любая, журыцца,

Застацца дома не заві;

Я мушу сэрцу пакарыцца,

А ты мяне багаславі.



Бывай, матуля! Ненадоўга

Цябе пакіне родны сын...

Іду, каб выканаць свой доўг я,

Каб шлях расчысьціць для красы.



14.VI.1944 г.







САЛДАТКА



Ты чакаеш... У вочах надзея:

Вось ён прыдзе дадому ізноў,

Буйнай радасьцю сэрца сагрэе,

Гадаваць будзе разам сыноў.



Будзе песьціць, купляць ім дарункі...

А калі адляцяць жураўлі,

Будзе дум сваіх плесьці карункі

Аб жыцьці на уласнай зямлі.



А пасьля, за марозным вакенцам

Ветры песьні зімы завядуць...

Пад гудзеньне свайго вераценца,

Ты забудзеш былую бяду.



Неўзаметку надыйдуць Каляды,

Затрашчаць ад марозу платы,

Але ў хаце - ялінка-прынада,

Дзеткі сьмехам зьвіняць залатым.



Скончыць песьню сваю вераценца,

Вытчаш кужаль, нашыеш хусьця...

І вясной за вільготным вакенцам

Заліе сонца даляў прасьцяг.



Ён паедзе араць, сеяць поле,

Ты-ж ля град завіхнесься спарней.

Усьміхнецца вам ласкава доля -

Годзе, годзе ў бядоце марнець.



Дык чакай... Бог дасьць, гэтак і будзе

Зажывеш зь ім шчасьліва ізноў,

Акрыяюць змарнелыя грудзі,

Дачакаеш пацехі з сыноў.

3.III.1944 г.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ:
Комментируем публикацию: ЗБОРНІК ВЕРШАУ "НЕБА РОДНАГА СКРЫЛЁЧКІ"


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.