ЗБОРНІК ВЕРШАУ "КРЫЛАТАЕ СЭРЦА"

Белорусская поэзия. Классические и современные стихи белорусских поэтов.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ


БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему ЗБОРНІК ВЕРШАУ "КРЫЛАТАЕ СЭРЦА". Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-25

ЗОЛАК ЯНКА

КРЫЛАТАЕ СЭРЦА

THE WINGED HEART



КРЫЛАТАЕ СЭРЦА

Як сонца ў зэніце,

Як зоры ў блакіце,

Як водарны вецер гаёў, –

Над роднай Краінай

Вітае няспынна

Крылатае сэрца маё.



Як гукі прадвесьня,

Як жніўная песьня,

Як срэбраны звон ручаёў, –

Сьмяецца, сьпявае

І горна рыдае

Крылатае сэрца маё.



Як пчолка, старанна

З палёў назьбіраны,

Нясе мёд да родных вульлёў, –

Так роднаму Краю

Дабро прыспарае

Крылатае сэрца маё.



Як сьвечка ў алтары,

Што шчырай ахвярай

Палае для Бога агнём, –

Для роднага Краю

Паволі згарае

Крылатае сэрца маё.



Калі-ж я ў чужыне

Спачну ў дамавіне,

Прыкрыты няроднай зямлёй, –

Свой Край не забудзе,

Вітаць над ім будзе

Крылатае сэрца маё.



1.IV.1951 г.

—31.V.1954 г.





I





СУМ ПА РАДЗІМЕ



З краю роднага, з роднага дому,

У чужы і няведамы край

Мяне выгнаў мой лёс-пустадомак

Сумаваць і павольна ўміраць.



Я жыву і – здаецца – вясёлы

Па чыжыцкай вандрую зямлі,

Толькі сьняцца мне нашыя сёлы,

Сьняцца любыя сэрцу палі.



Сьніцца мне: на вячорках дзявочых

Песьні родныя срэбрам зьвіняць...

Сьлёзы горкія льлюцца мне з вочаў,

Аніяк не магу іх суняць.



І тады я павольна згараю

У пякучай сардэчнай журбе..!

О, мой любы, гаротны мой Краю,

Як-жа цяжка мне жыць без цябе!



14.III.1945 г.







СЭРЦУ



Беднае сэрца, чаго ты жадаеш?

Беднае сэрца, куды ты імкнеш?

Часта журбою мяне спавіваеш,

Часта хвалюеш мяне.



Часта хвалюеш мяне ты да болю...

Што-ж мне рабіць у нягодзе такой?

Чым я цябе, маё сэрца, здаволю,

Дзе я знайду супакой?



Дзе я знайду супакой на хвіліну?

Пэўна ня тут, у чужой старане...

Можа я разам з табой не загіну?

Ты на Радзіму імкнеш?



16.II.1945 г.







БОГА ПРАШУ Я



Я сёньня сумую і плачу,

І сьлёзы мае – сьлёзы сына,

Што, можа, ужо і ня ўбачу

Цябе, дарагая краіна.



А хочацца мне, як ніколі,

З тваімі прасторамі зьліцца,

Абняць і лясы твае й поле,

З гаючых крыніцаў напіцца.



І Бога прашу я, каб хмары

Сплылі з тваяго небасхілу,

Каб зьдзейсьніў Ён нашыя мары,

Даў волю, даў долю і сілу.



4.III.1945 г.







КАМУ ПАСКАРДЖУСЯ



Каму паскарджуся, каму?

Свой сум пушчу на вецер,

Няхай ён цяжар маіх дум

Нясе па белым сьвеце.



Няхай нясе у родны край

Маю тугу па родных

І скажа: “Цяжка паміраць

На чужыне бязродным!”



3.VI.1945 г.







НЕДАСЛАНЫ ЛІСТ



О тата родны!

Мама дарагая!

Нашто, няшчасны, я прышоў на сьвет?

Чаму яшчэ ў юнацкім маю

Апаў-асыпаўся жыцьцёвы цьвет?



За грэх які я змушан сяньня

На лёс цяжкі, суворы наракаць,

І ў чужыне, у роспачы выгнаньня

Вясны чужое росквіт сустракаць?



Ня знаю я, што вам пісаць аб долі

Маёй, знаёмых і сяброў...

Прад намі – разьляглося поле,

А мы – за дротам лягероў.



Жыцьцё сабачае... Нібы ў палоне...

Яда – “ґемюзэ” (бручка) на штодзень,

Дый той так мала, што ўжо сёньня

Не чалавек я – толькі цень.



Нуда мне сушыць розум; сэрца

Смыліць тугой аб доме і аб вас.

Няўжо мне з вамі болей не сустрэцца?

Няўжо прамень надзеі згас?



О, цяжкі лёс! Такія мукі!

Як перажыць, як перажыць?!

Калі-ж суціхне боль разлукі,

Што рэжа сэрца, як нажы?



О тата родны!

Мама дарагая!

Праз дрот кардонаў, празь лясы,

Што у няволі дагарае,

Цалуе вас

выгнанец-сын.



5.VI.1945 г.







ВОБМАЦКАМ



Хаджу я вобмацкам, блукаю

Ў густой і прыкрай цемнаце.

Хоць не згубіў што, а шукаю,

І штось душу маю гняце.



Няўжо-ж я мушу век пакуту

Цярпець у страшных ланцугох?

Пячэ нутро маё атрута,

І галава – бы ў абцугох.



Мяне пужае нават ціша,

Трызьненьне хворай галавы,

Ці шэлест-грай халодных мышаў

Каля ракі ў кустох травы.



14.VIII.1946 г.







* * *

Як шалёныя ў пене коні,

Праняслася мая маладосьць,

І цяпер маё сэрца палоніць

Ліхадзейная мачыха – злосьць.



З маладосьцю прайшло каханьне,

І цяпер – толькі сум і туга.

Прада мной не жыцьцё, а бадзяньне

Без дарог, бяз пуцін, наугад.



2.II.1945 г.







* * *

Галашэньнем азвалася скрыпка,

Пацякла ручаінай сьляза.

Маю песьню заціснула хрыпка,

Затужыла ля рэчкі лаза.



Маю песьню заціснула хрыпка,

Не ўзьвіецца яна ў сіняву.

Залатая чароўная рыбка

Не гаворыць зь людзьмі наяву.



Залатая чароўная рыбка

Болей шчасьця людзям не дае,

Галашэньнем заплакала скрыпка,

І заплакалі песьні мае.



29.VII.1949 г.







* * *

Ручайкі залатых летуценьняў

Перасохлі ад сьпёкі жыцьця,

Толькі, часам, празрыстыя цені,

Ціхі шэпат сухога трысьця

Прыгадаюць аб іх на імгненьне

І ледзь чутна ў душы зашасьцяць:

“Ручайкі залатых летуценьняў

перасохлі ад сьпёкі жыцьця”



26.IV.1949 г.







ЮНАЦКІЯ ГОДЫ



(Трыялет)



Адляцелі юнацкія годы

У далёкі, няведамы вырай.

Нібы гук ледзь кранутае ліры,

Адляцелі юнацкія годы.



Не вярну я малітваю шчырай

Віхрабежныя іх карагоды...

Адляцелі юнацкія годы

У далёкі, няведамы вырай.



14.I.1944 г.







ІЗНОЎ АДЗІН



Адзін... Ізноў адзін,

нібы забыты ў полі колас...

Дзе шчасьце радасных гадзін,

дзе твой пяшчотны голас?



Дзе твой пагляд вачэй палючых,

тваіх пяшчот агністасьць дзе?

І раняць сэрца мне балюча

кусочкі колішніх надзей.



Няма твайго цяпла. У далі

ты павазла яго з сабой.

Нібы на рэчцы бурнай хвалі,

імкнуцца думкі за табой.







* * *

Сярод мужчын я самы нешчасьлівы:

Мяне ніхто ня можа пакахаць.

Мае душы палаючай узьвівы

Я ціхай песьняй мушу калыхаць.



Ды гэтай песьні сумныя акорды

Ня маюць сілу ўзьвіцца угару.

Тады самотны і зацята-горды

У полымі пачуцьцяў я гару.



У грудзях крыўда пеніцца бурліва

На самаго сябе, на сьвет і лёс.

Каб патушыць у сэрцы боль шчымлівы,

Кусаю губы да крыві да сьлёз.



Але тых мук маіх ніхто ня бачыць;

Я галавой ня кідаюся ў вір,

А цісну сам, вяжу вузлом сабачым

Мае душы чульлівае узьвіў.



З пагардай да ўсяго, зацята-горды,

Я мукі песьняй мушу калыхаць.

Мо’ прыдзе час, за песьні той акорды

Мяне хто-небудзь зможа пакахаць.



5.XII.1945 г.







* * *

Сумна мне з табою, Янка Золак,

Каратаць бязрадасныя дні,

Завіваць, плясьці у сорак столак

Дум сваіх, жаданьняў ніць.



Ты ня здолен сэрца мне і душу

Абагрэць пяшчотаю, цяплом.

Тваіх думак песенныя грушы

На зямлю асыпалі свой плён.



Напаіў ты песьні горкаю атрутай,

Апавіў пялёнкаю тугі,

Патаптаў бяз жалю сваю руту,

Здрасаваў жыцьцёвыя лугі.



Дык навошта-ж віць у сорак столак

Ненадзейных думак-мараў ніць?

Сумна мне з табою, Янка Золак,

Каратаць бязрадасныя дні.



21.XI.1945 г.







ЖЫЦЬЦЁ – ВАР’ЯЦТВА



Жыцьцё – найбольшае вар’яцтва,

І той вар’ят, хто ‘шчэ жыве.

Нашто-ж аберучкі трымацца

За гэты прасьмярдзелы сьвет?



Парваць жыцьцё раз назаўсёды –

Ня бачыць зьдзеку і маны.

Няхай апошні раз адзвоняць

Па мне хаўтурныя званы.



Ня лейце толькі сьлёз над трупам;

Вы труп ня здольны ажывіць,

Ды й вам сьляза не дапаможа...

Дык лепш – душою не крывіць.



Жыцьцё – найбольшае вар’яцтва,

Прытулак злосьці і маны.

Парву жыцьцё; няхай адзвоняць

Па мне апошні раз званы.



2.VI.1946 г.







СПАДЗЯВАНЬНІ Й МАРЫ



Мае спадзяваньні і мары усе,

Як дым у блакіце, расталі.

Ізноў адзінота, як сябра-сусед,

Мяне кліча-вабіць у далі.



Ды шляхам адвечным маё йдзе жыцьцё,

Гайдае, як чайку на хвалях.

Я зь ціхай мальбою далоні прасьцёр:

Заву сваю песьню з аддаляў.



Яна, як сяброўка, ідзе да мяне

І ласкава зорыць у вочы;

Ня кратае ранаў душы, не кляне,

А мне аддаецца ахвоча.



І зь ёю нуда маё сэрца ня сьсе,

І чары ка мне завіталі,

І мары мае, спадзяваньні усе,

Як вырай, вяртаюцца з даляў.



17.II.1946 г.







МОЙ ДУХ



(Трыялет)



Мой дух ня страціў маладосьці,

Хоць пачалі срабрыцца скроні;

Хоць да магілы старасьць гоніць,

Мой дух ня страціў маладосьці.



Жыцьцё яшчэ у сэрцы звоніць,

Крынічаць думкі весялосьці...

Мой дух ня страціў маладосьці,

Хоць пачалі срабрыцца скроні.



14.I.1944 г.







Я НЕ ПАДДАМСЯ ТРЫВОГАМ



Край мой! Я, скрыўджаны Богам,

Змушан пакінуць цябе.

Торбу узьдзеўшы на плечы,

Сьцежкай пакут чалавечых

(Долі цяжкой не пазьбег),

Сумна паплёўся ў дарогу.



Сумна паплёўся ў дарогу,

Цяжкі свой крыж несучы.

Жаль непамерны разлукі

Скоўваў мне ногі і рукі,

Ціха шаптаў: “Адпачынь,

Ты не пазбудзеш трывогаў.”



Хоць не пазбуду трывогаў,

Крочу ў нязнаную даль.

Крочу шукаць сваю долю

І, у змаганьні за волю –

Супраць бушуючых хваль –

Згінуць, ці ўзяць перамогу.



Хоць я пакрыўджаны Богам,

Тварам ня падаю ніц.

Горды, хоць, часам, пануры,

Крочу праз буры-віхуры

Зь верай у лепшыя дні.

...Я не паддамся трывогам!



18.I.1945 г.





II





ПРЫЗНАНЬНЕ



Не магу я табе абяцаць

Горы скарбаў, малочныя рэкі.

І каханьне да скону, навекі

Не магу я табе абяцаць.



Многа горычы, крыўды зазнала

Маё беднае сэрца ў жыцьці.

Дык ці-ж можа каханьне цьвісьці,

Калі горычы сэрца зазнала?



Як і кожны сьмяротны зь людзей,

Я і ў горы меў шчасьця хвіліны;

І аб іх я жыву успамінам,

Як і кожны сьмяротны зь людзей.



У жыцьці я паслушны і шчыры

І лагодны, як водблеск зары.

А ня хочаш мне ласкі дарыць, –

Адыйду я, паслушны і шчыры.



Не пакрыўджуся я, не заплачу,

Калі ўцьвеляць душу яшчэ раз.

Каб у сэрцы агонь не пагас,

Не пакрыўджуся я, не заплачу.



16.I.1945 г.







* * *

На сэрца зноў туга апала,

Як на траву зь нябёс раса.

Кахала ты, ці не кахала, –

Не адкажу сабе і сам.



Відаць, я марна думкі песьціў,

Дарэмна мары-крозы ткаў.

Хацеў я жыць каханьня песьняй,

Але адказу не спаткаў.



Таму ізноў туга апала,

Як на траву зь нябёс раса.

Кахала ты, ці не кахала, –

Не адкажу сабе і сам.



17.II.1946 г.







* * *

Ня кіну я табе дакору,

Ня буду болей дакучаць...

Ці-ж не такія, як учора,

І сёньня зорачкі гараць?



Ці-ж не такі і сёньня вецер

Злуецца, сьмешны, за вакном?..

Хіба-ж сышоў, як ліхалецьцем,

Сьвет клінам на табе адной?



Мяне другія пакахаюць,

Калі кахаць ня хочаш ты;

У сэрцы зноў запалыхаюць

Агні надзеяў залатых.



І заўтра гэтак, як учора,

У небе зоркі не згараць...

Перажыву я моўчкі гора,

Цябе-ж ня буду даракаць.



17.II.1946 г.







* * *

Прыйшла... Зь вясёлаю усьмешкай

Мае кранула валасы,

І зазьвінелі ў маім сэрцы

Званочкі шчасьця і красы.



Прыйшла й вясну мне падарыла.

Хоць за вакном зіма і стынь,

Сьмяюцца ў пацерках іскрыстых

Шыпшыны пышныя кусты.



Пайшла... пакінула надоўга

Зьвінець вясну ў маёй душы.

Ні злыя людзі, ні завеі

Ня змогуць звон той заглушыць.



26.XII.1945 г.







ПАПАЦЁМКУ



(Трыялет)



Аб чым ты мроіш папацёмку,

Каго чакаеш ля вакна?

Вячорнай зоркаю, адна

Аб чым ты мроіш папацёмку?



Сядзіш ты, часам, да відна

І дум сваіх снуеш тасёмку.

Аб чым ты мроіш папацёмку,

Каго чакаеш ля вакна?



22.VIII.1949 г.







АФАРЫЗМЫ



1.



Не сумуй пры няўдачах

ды іх не пужайся,

Сьмейся ў горы, ў бядзе

і ты іх не зазнаеш.



2.



Калі суворы лёс

табе дасьць аплявуху,

Суцеш сябе,

што быць магло-б і горш;

Пакуль жывеш,

ня траць надзеі, веры,

Што прыдзе да цябе

прамудрасьць і любоў.



28.VI.1946 г.





III





* * *

Я шчасьлівы сёньня, як ніколі;

Шчасьце хмелем пеніцца праз край.

Толькі хтосьці шэпча мне: “Паволі!

Ты зьнячэўку шчасьця не спужай!



Вельмі цяжка, горна і балюча

Атрымаць бязьлітаснае ‘Прэч!’:

Сотні дзідаў, войстрых і калючых,

Могуць душу пацягнуць на грэх.



А ці помніш? Сэрцам сваім чыстым

Ты кахаў калісь (і ці адну?!)

Заміж хмелю радасьці іскрыстай

Выпіваў ты горыч і ману.”



Вось затым я гэтакі халодны

І закуў пачуцьці ў ланцугі,

Каб яны ракою паўнаводнай

За свае ня вышлі берагі.



Але я шчасьлівы, як ніколі,

Шчасьце хмелем пеніцца праз край.

Што пачуцьцям не даю я волі,

Сёньня ты мяне не даракай.



8.VI.1946 г.







МАЯ БЭАТРЫЧЭ



Душа імкне у высі, кліча,

І ў высях зорачкай лунае.

Ля хваляў мутнага Дунаю

Здалося мне: Вы – Бэатрычэ.



З пашанаю сьвятой, глыбокай,

З душой узрушанай, бы хвалі,

Глядзеў на Вас я. Вы сьпявалі

Аб родных нівах сінявокіх.



У плыні песьні ціхазвоннай

Узьлёт красы я сэрцам вычуў;

Бо Вы – ня толькі Бэатрычэ,

Вы – мне здавалася – Мадонна.



Душа імкне кудысьці, кліча...

Куды? Я сэрцам адчуваю:

На бераг шустрага Дунаю,

Да Вас, Мадонна, Бэатрычэ.



13.V.1946 г.







ВЫ ПРАСІЛІ



Л.І. Каліноўскай.



Вы прасілі мой верш. Я гатовы

Услужыць. Ды аб чым напішу?

Хіба-ж можна ў звачайныя словы

Пераліць пачуцьцё і душу?



Напісаць пра вясновую цьвецень,

Ці пра восені звонкую медзь?..

Мы ўжо, дзякаваць Богу, ня дзеці,

Што ня ўмеюць бяз слоў разумець.



Лепей проста скажу Вам сардэчна

(І ніколечкі тут не схлушу):

Ваша прыязьнь ка мне, чалавечнасьць,

Закранулі глыбока душу.



І прад Вамі – ў падзяку – гатовы

Я паслаць пачуцьця свайго шоўк.

Вершы – толькі прыгожыя словы,

А душа застаецца душой.



30.IV.1946 г.







АБ ЧЫМ ПІСАЦЬ



Л.І. Каліноўскай.



Аб чым пісаць, ня ведаю. Ня лёгка

У словы вершаў душу пераліць.

Хіба сказаць, што блізка і далёка

Вы ад мяне, як неба ад зямлі.



Хіба сказаць, што, лёсам занядбаны,

Магу я толькі мроіць, толькі сьніць,

А сны і мроі ў памяці курганы

Хаваць навек, як даўнішнія дні?



Хіба сказаць, што кубак з акавітай

Ад нас вартуе пільна сьмерць?..

Душа мая надломана, разьбіта...

Ці-ж хто яе здалее зразумець?!



Ды знаю я: і блізка і далёка

Вы ад мяне, як неба ад зямлі.

Нашто-ж пісаць, калі нялёгка

У пэрлы словаў душу пераліць?



Красавік 1946 г.







ВІЮЦЦА ЎСПАМІНЫ



Лідусі.



Віюцца ўспаміны цудоўнаю нізкай

Аб тым, як вясною цябе я сустрэў.

Ты стала мне мілаю, роднаю, блізкай,

І прагна чакаў я з табою сустрэч.



Я помню і бераг Дунаю, і ўзгоркі,

І кветкі лясныя, і гуд камароў;

Пазьней – закаханыя шэпты, гаворкі,

Абдымкі, пяшчоты ў цішы вечароў.



Я помню і дзень незабыўны навекі,

Што зьвёў нас аднымі шляхамі ісьці,

Піць разам і болі й гаючыя лекі,

І долю й нядолю дзяліць у жыцьці.



З табою пражыў я ня так яшчэ многа,

Ды шчасьця такога ні з кім я ня знаў.

І сэрцам, душою я дзякую Богу

За тое усё, што дала мне вясна.



1.XI.1946 г.







ЛІДУСЯ



(Акраверш)



Люблю я зьзяньне яснай зоркі

І вэлюм срэбнае начы.

Ды хіба-ж ім перамагчы

У сэрцы чар твае гаворкі?

Сумоту, боль пякуча-горкі

Яна здалее залячыць.



29.VIII.1946 г.







ЧАСАМ ХОЧАЦЦА



Часам хочацца

стаць на калені

Перад Вамі ў начной цішы,

Перадаць у гарачым маленьні

Ўсе пачуцьці – крышталь душы.



Часам хочацца

моцна, да болю

Сьціснуць Вас у абдымках рук:

Даць пачуцьцям усьпененым волю,

Цалаваць, як сваю сястру.



Ды пакрыўдзіць, абразіць баюся

Нават словам, паглядам Вас

І, ўсхвалёваны сэрцам, малюся,

Каб агонь пачуцьця ня згас.



25.V.1946 г.







ХАЦЕЎ-БЫ Я



Хацеў-бы я... Прабачце мне

Мае дзівачныя хаценьні,

Бо ў іх маланкай бліскане

Душа паэта ў летуценьнях.



Глядзець на гордае чало

Хацеў-бы доўга, немігуча,

Ці зьнічкай зыркаю далоў

Зваліцца; іскраю бліскучай



Упасьці блізу Вашых ног,

Шаптаць з пашанай Ваша імя...

Хацеў-бы я, каб толькі мог,

Уславіць песьнямі сваімі



Красу і Вас, як неба дар,

Як сонца вечныя праменьні.



Пакуль ня згас у сэрцы жар,

Язык ня змоўк у аняменьні, –

Хацеў-бы, каб душы пажар

Пылаў у слоўным зіхаценьні.



Травень 1946 г.







ВАСІЛЬКІ



Помню... Помню:

каштаны і клёны

ў неба

голавы

горда ўзьнялі.

У алеях,

вячорна-сьцюдзёных,

цені

ўзорам карункаў

ляглі.



Сонца

долу хілілася

ў стоме,

расьсьцілала

свае касьнікі.

мы ішлі

па алеях знаёмых

і плялі

успамінаў вянкі.



Мы ішлі

у баварскае поле,

напаіць

свае сэрцы

красой

там,

дзе вецер

гарэзіць-сваволіць,

дорыць ласкі свае

каласом.



Навакола нас –

мора палёў тых,

гадаванцаў

чужое рукі.

Як-жа радасна,

ветла

здалёку

усьміхнуліся нам

васількі.



Мы вярталіся

зь ціхіх аддаляў,

сэрцы білі,

як моцы стае.

Васілёчкаў пучкі

прыгадалі

нам

палеткі

Радзімы свае.



6.II.1948 г.







НАША ТРОХГОДЗЬДЗЕ



Лідусі.



У руках тваіх кніжка паэзій,

Вочы сочаць радок кожны пільна,

А на вуснах усьмешка гарэзіць,

Ды усьмешка такая мілая.



Ты чытаеш паэзіі іншых,

А сама, відаць, думаеш штосьці.

Можа ўспомніла годы калішнія,

Як хадзіў да цябе ў госьці.



Тры гады прамінула з тых часаў.

Тры гады... Перажыта-ж нямала.

Гэты цас веснавою акрасай

Ды каханьне у нас палала.



Тры гады – немалая дарога,

Ды малая яна для нас...

Пражывём мы каротка, ці многа, –

Успамінаў ня згасіць час.



3.VIII.1949 г.







СПАТКАНЬНЕ МУЗЫ



– Добры вечар, Муза, добры вечар!

Зноў прышла ты да мяне у госьці?”

Абняла пяшчотліва за плечы,

Як у маладосьці.



“Не пайду я, мілы, больш у прочкі, –

Зашаптала горача, з запалам. –

Я й цяпер кахаю твае вочкі,

Як даўней кахала.”



Прыгарнуў я Музу і, бяз сваркі,

Дараваў ранейшыя правіны.

“Налівай-жа, любая, у чаркі

Пеністыя віны!”



22.X.1950 г.







БАЛЬЗАМ ВЯСНЫ



Блакітны пыл цярусіцца з вышыняў,

Мігціць, хвалюецца блакітны пыл.

Найчульшых струн кранаецца пашчотна

І будзіць звон найчульшых струн.



Палойкі кос расьпешчанага сонца

Струменяць золата – палойкі кос.

Бальзам вясны ліецца хмельнай брагай,

П’яніць душу бальзам вясны.



26.IV.1949 г.







РАМАНС



Россыпам яркіх маністаў

Зорачкі ў небе гараць...

Шчыра каханьнем агністым

Буду цябе абдараць.



Кожная зорачка рада

Вечна сьвятло сваё ліць...

Хочу я смутак і радасьць

Разам з тобою дзяліць.





IV





ДА ВОЛІ



Сэрца штосьці прарочыла, клікала,

Каб ішоў я за ім усьлед;

І дарогай цярністай, вялікаю

Павяло мяне ў дзіўны сьвет.



Я ішоў, спатыкаўся і падаў,

Узьнімаўся і зноў ішоў.

І сіпеньне зласьлівае гадаў

Забрудняла шляхоў маіх шоўк.



Прад сабою шукаў я мэты,

А за мной дагаралі масты.

Быў і босы я, быў і разьдзеты,

Але сіл дадавала мне ты.



Ты была пуцяводнаю зоркаю

Ды казала: “Ідзі, давяду!”

Хоць нямала ‘шчэ зьведаю горкага,

Да Цябе я усё-ж дайду!



9.VI.1946 г.







ТАБЕ



Над табой насьміхаліся, кпілі,

зьневажалі Тваё імя.

Каб я целам і духам абмяк, –

над табой насьміхаліся, кпілі,

зьневажалі Тваё імя.



Абляплялі, абкідвалі брудам

найсьвятое мае душы.

Каб любоў да цябе задушыць, –

абляплялі, абкідвалі брудам

найсьвятое мае душы.



Гэтай крыўды я век не забуду,

не дарую я кпін над Табой!

Хоць памру, уступіўшы у бой, –

гэтай крыўды я век не забуду,

не дарую я кпін над Табой!







ХРЫСТОС ВАСКРОС



Хрыстос Васкрос! Хрыстос Васкрос! –

Званы званіцаў звоняць.

А Родны Край – у моры сьлёз,

Крывавіцца ў палоне.



Хрыстос Васкрос! Хрыстос Васкрос! –

Пяюць паўсюдах людзі.

І гэты сьпеў, як сьпеў нябёс,

Надзею ў сэрцы будзіць.



Хрыстос Васкрос! Хрыстос Васкрос!

Як хор анёлаў з раю,

Пяе ў душы маёй патос:

– І Ты ўваскросьнеш, Краю!



14.IV.1949 г.







ЗВАНЫ СЬВЯТОЙ САФІІ



Зьвіняць адвечныя званы

Сьвятое Полацкай Сафіі;

З далёкай мілай стараны

Нясуць надзеяў хвілі.



Зьвіняць званы. Я чую іх

Праз пушчы, горы, долы, рэкі;

Мая душа ў палоне ў іх

Ад сёньня і да веку.



Я чую іх, і у мяне

Ў душы праменіцца надзея:

Ня вечна быць у чужыне

Выгнанцам скрух-падзеяў.



Зьвіняць адвечныя званы

Сьвятой Прамудрасьці – Сафіі;

Праз безьліч прыкрасьцяў, яны

Нясуць мне шчасьця хвілі.



7.IX.1946 г.







ПРЫЙСЬЦЕ



(Санэт)



Мой дух, узьвіўшыся ў прасторы,

Да сонца, зораў і плянэт,

Глядзіць з вышынь на Божы сьвет –

Істужкі рэк, грамады гораў.



І бачаць ён: як прывід-змора,

Блукае ў цемры зь веку ў век

Сварлівы, злосны чалавек –

Каваль жыцьця і дойлід гора.



Яму насустрач – яркі промень

Сьвідруе цемру, крышыць, ломіць,

Бы крохкае й сухое лісьце.



Шточас імклівей ды іскрысьцей

Ідзе магутным ледаломам

Жаданае вякамі Прыйсьце.







ВАСІЛЁЧКІ



Васілёчкі, каханыя кветкі, –

родных ніваў аздоба-краса!

Вас ці ўбачу на родных палетках,

я ня знаю напэўна і сам.



Мо’ ў далёкай, нязнанай краіне

дажыву мне прызначаны час;

ды куды мяне лёс ні закіне,

буду помніць заўсёды пра вас.



Буду сьніць я Радзімы палеткі

і рачулку, дзе йскрыцца жарства,

васілёчкі, любімыя кветкі, –

сымбаль вечнай Красы-Хараства.







* * *

Цяжка сёньня забыцца на тое,

Што калісьці было,

бо й цяпер яно ёсьць:

Брат на брата

гадуе ў душы зьмяю-злосьць,

Лезе ў вочы сьляпіцай-слатою.



Перагрызьліся ўсе між сабою,

Асьляпіла ўсім зрок

прагавітасьць-аса;

Паўз людзей

праплывае-праходзіць Краса,

Не прыносячы ў сьвет супакою.



14.IV.1949 г.







МАЛАДЫМ



Хай вас клічуць зялёнаю парасьцю, –

Не крыўдуйце! бо так яно й ёсьць.

Але добра, як з мудраю старасьцю

Ў цеснай дружбе жыве маладосьць.



Што прайшло, не кацілася покатам

У багатым старэйшых жыцьці,

А сабрана ў скарбніцу; і вопыт той

Старасьць хоча да вас данясьці.



І, хто п’е гэты вопыт, як сокі

П’е з багатай зямлі маладняк,

Той расьце і магутны й высокі

Штогадзіны, ня толькі штодня.



Хай вас клічуць зялёнаю парасьцю...

Покуль сілы у вас яшчэ ёсьць.

Падружыцеся з мудраю старасьцю,

Каб ня траціць дарма маладосьць.



14.I.1949 г.







* * *



Людміле Каліноўскай.



Ні ўзьлётам дум, ні прагай чынаў

Цябе ня скрыўдзіў добры кон.

А васямнаццаць год, дзяўчына,

То – першы крок за Рубікон.



Сьпявай, пясьнярка і сьпявачка;

Цьвіці, як ружа ў летні дзень!

Твая рука – рука мастачкі

Кладзе сьвятло умела й цень.



З-пад гнуткіх пальцаў тваіх, гукі

Няхай плывуць шырока ў сьвет!

Працуй, вучыся, каб бяз мукі

Ісьці дарогай прышлых лет!



2.II.1950 г.







МАЛЕНЬКАМУ СЯБРУ



Люсіку (Алегу)

Каліноўскаму.



Маленькі сябра, любы мой!

Тваім сяброўствам я сагрэты...

Сваёю чыстаю душой

Ты зразумеў душу паэты,



Мне слоў звычайных не стае,

Каб перадаць мае пачуцьці...

Гляджу на забаўкі твае,

І думка рве гадоў акуцьці.



Лістаю дні, гады свае;

І прада мной, бы на экране,

Маё маленства паўстае

І болем сэрца маё раніць.



Я шчасьлівейшы быў, як ты,

Ня меў хоць забавак і цацак:

Я мог – дзіцёнак беднаты –

Прыродай роднай забаўляцца.



Я піў Радзімы пах лясны

І сьпеў птушыны на сьвітаньні,

А ты, у дні свае вясны, –

Атруту горкую выгнаньня.



Таму і думкі ўсе мае,

І сэрца

боль мне смуціць,

І слоў звычайных не стае,

Каб перадаць мае пачуцьці.



30 IV.1946 г.







ТАНКІ



I



Песьню ў лёт пусьці,

Хай яна чаруе сьвет!

Не заўжды ў жыцьці

Вішня дасьць і ўвосень цьвет.

Сэрцу-ж – двойчы не цьвісьці



II



Крок людзей заўжды

Скіраваны проста ў даль!

Нашыя сьляды –

Пена ў отмуці ад хваль.

Ад радзін да сьмерці – цаль.



III



Песьню прапела

Яна ў белым хораме.

Песьня нясьмела

Птахам за горамі

Мляўка у стоме асела.



4-6.VIII.1951 г.







ГАЗЭЛА



За вакном маім ластаўкі кружаць...

Пасьля дожджыка яркая ружа



Усьміхаецца ласкавей неяк.

І п’яніць мяне водарам ружа.



Маё сэрца цяпер палымнее,

Як расьцьвіўшая толькі што ружа.



І душа мая гэтак-жа сьвежа,

Як абмытая дожджыкам ружа.



Я гляджу на вясёлкі мярэжу...

Гэта – ярка цьвіце ў небе ружа.



Я і сам маладзею, мой дружа,

Як пад сонцам і дожджыкам ружа.



25.XII.1965 г.







АФАРЫЗМЫ



I



Б’ецца, трапечацца бедная рыбка,

Трапіўшы ў сець рыбака.

Гэтак-жа б’есься і ты, чалавеча,

Злоўлены ў нерет жыцьця.



1.12.1949 г.



II



Вішня на дрэве на тое і сьпее,

Каб потым яе хто сарваў.



III



(Акраверш)



Ня будзь ні горкім, ні салодкім!

І саладосьць і гарчыня –

На ногі цяжкія калодкі,

А не сьвятло і цеплыня.



10.V.1959 г.





V





ТЫСЯЧА ВАСЯМСОТ

ШЭСЬЦЬДЗЕСЯТ ТРЭЦІ



Ня звонам зьвініць сьпелы колас,

Ня вецер шуміць у траве, –

То праўды мужыцкае голас

Народ на змаганьне заве.



Ня мора бушуе ў нягоду,

Узносячы пеністы вал, –

То віхрыць над краем

свабоды

І гневу народнага шквал.



Ня бура-пярун з бліскавіцай

Грукоча, грыміць над зямлёй, –

Над змучаным краем

ірдзіцца

Народнае волі узьлёт.



У, змучанай катам, краіне

Вызвольніцкі ўзьвіўся штандар,

Да неба пагрозьліва хлынуў

Народнае помсты пажар.



Ня зьзяньне на небе віруе,

Ня сьвеціць на моры маяк, –

То сілай паўстанцаў кіруе

Кастусь Каліноўскі – ваяк.



Прыслухайся! Гэта ня громы,

Ня дзікі разбойніцкі сьвіст, –

У жаху сьмяротным харомы

Дрыжаць, як асінавы ліст.



І вось, нібы цёмную хмару,

Цар шле сваё войска у край:

Тушыць вызваленьня пажары,

Змаганцаў за волю – караць.



Ня змог народ цёмнае сілы,

Паўстаўшы за волю сваю...

Зламаны арліныя крылы,

Арол горда паў у баю.



Табе, мой народзе, Радзіме,

Здабыць хацеў шчасьця пару...

Яго легендарнае імя

Запомніць навек Беларусь.



26.I.1946 г.







ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ ДЗЕНЬ

САКАВІКА



У прыгожы ясны дзень вясновы –

Дваццаць пяты дзень сакавіка, –

Тоўсты лёд, бы ржавыя аковы,

Разарвала бурная рака.



Застагналі зь енкам крыгі лёду

У струменях вольнае ракі…

Зазьвінелі радасьцю народу

У блакітных высях жаўрукі.



Беларускі люд, што быў закуты,

Зрабаваны сілай чужака, –

Разарваў свае няволі путы

Ў дваццаць пяты дзень сакавіка.



Засьвяціла сонца й беларусу…

Толькі б жыць і цешыцца вясной;

Ды навокал носьбіты прымусу

Зноў вілі нам церневы вянок.



Не судзіў нам лёс… І край гаротны

Ні вясны, ні волі не ўтрымаў.

Зноў прышлі к нам хваляю зваротнай

Чужакі, няволя і зіма.



Цісьне сівер… Ды рака над лёдам

Набірае сілаў да вясны.

Не зламана волі і ў народа

Скінуць з плеч прымусу кайданы.



Верым: прыдзе, вернецца вясновы

Дваццаць пяты дзень сакавіка,

Зноў няволі нашае аковы

Разарве народная рака.



24.III.1963 г.







НА ПРАСТОРАХ

СЛУЧЧЫНЫ



На прсторах Случчыны

восеньская стынь

ладзіць баль-заручыны,

голячы кусты.



З холаду завялаю,

пала ружа ніц...

Коціцца навалаю

зґрая чужаніц



з думкаю драпежнаю:

паняволіць край,

і душу мяцежную

у палон забраць.



Прагрымеў над Случчынай

кліч, нібы прыбой:

“Гэй, народзе змучаны,

час ісьці у бой!”



Водгульле грымучае

рвала карані...

І пайшлі рашучыя

край свой бараніць.



Над кагортай сьмелаю,

вабячы ў прасьцяг,

бел-чырвона-белаю

птушкай рэе сьцяг.



Босыя, разьдзетыя,

забывалі сны, –

біліся з саветамі

случчакоў сыны.



Палымнелі топалі

сьвечкамі ля хат...

Цімкавічаў, Копыля

не забудзе кат.



Над палёў абшарамі

кулі пыл уюць...

Многія ахвярамі

паляглі ў баю.



Сіл ня стала здужаці

бальшавізму здань;

адступілі мужныя

аж за рэчку Лань.



Але, пад Сіняўкаю

ў цела случчакоў

упілася п’яўкаю

здрада палякоў.



Змоўклі, і выгнанцамі

пабрылі у сьвет

тыя, што паўстанцамі

слалі волі сьлед.



Ды ня змоўклі гонкія

Случчыны лясы.

Славе песьню звонкую

склалі верасы.



Песьня тая й сёньнячы

водгульлем зьвініць,

кліча яна сонечны

край свой бараніць.



25.XI.1945 г.







* * *

Лістапад бязьлітаснай рукою

Атрасаў дрыготкі сумны сад,

Не плылі над Случаю-ракою

Галасы прывабныя дзяўчат.



Залягла пякучая трывога

Над прасторам Случчыны усьцяж...

Не адна матуля ад парога

Выпраўляла роднае дзіця.



“Знаю, сынку! Можа я ніколі

Сьлёз гарачых з вока не сатру,

Можа ты загінеш дзе на полі,

Каб жыла радзіма – Беларусь.”



Горна плача вецер у галінах, –

Не прышоў дамоў паўстанец-сын.

Дасьпявае ў Случчыне каліна,

П’юць журбу матулі верасы...



29.XI.1964 г.







ОДА МАЦІ



Прысьвячаю маме.



Хвала табе, жанчына-Маці,

Хвала і мой зямны паклон!

Бо ты, каб даць жыцьцё дзіцяці,

Сваё жыцьцё кладзеш на кон.



Дзяцей ты песьціш і гадуеш,

Каб іх людзьмі пусьціць у сьвет,

Хоць мо’ ня кожны зь іх шануе

Цябе – жыцьця зямнога цьвет.



Быць можа хто зь іх, неудзячны,

Прынёс у косы твае сьнег;

Ад іх ты, часам, і паплачаш,

Але дзяцей не праклянеш.



Ты – жыцьцядайная крыніца,

Што жывіць нас із роду ў род.

Табою сьмела ганарыцца

І сем’янін твой і народ.



Ня грэх тут будзе прыгадаці:

Табе пашану й Бог прынёс,

Бо празь цябе, людская Маці,

На сьвет прыйшоў Ісус Хрыстос.



Хвала-ж табе, руплівай Маці!

Я прад табой хілю чало.

Каб не магла жыцьця ты даці, –

На сьвеце й нас-бы не было.



10.V.1969 г.







МІНАЮЧЫ ПРЫСТАНЬ



ПАЭМА



I. Ліст да маці



Апанованы чорнай роспаччу,

Што бязьлітасна смокча мяне,

Даражэнькая! Я ня плачу,

Я ня плачу, матуля, не.



Чужына – не радзімая маці;

Чужына – як ліхая зьмяя.

Потам горкім у полі і ў хаце

Умываюся штодзень я.



Чужына не галубіць, ня песьціць,

Не пачуеш тут: ‘Сынку’, ‘Люблю’.

Што-ж рабіць мне? Мо’ лезьці

Галавою ў тугую пятлю?



Не, каханая! Я ня ў стане

Налажыць на сябе пальцы рук.

Сэрца прагне з табою спатканьня,

Сэрца прагне пазбыцца мук.



Не сумуй-жа, радзімая, болей!

Мы убачымся: еду к табе...

Што-ж так сэрца заходзіцца з болю?..

Штось нядобрае душу скрабе...



II. У цягніку



Закалыхваюць думкі і цела

Аднастайныя сьпевы калёс.

Як маланка, ў мазґу праляцела:

“Чым-жа стрэне, пацешыць лёс?”



Кружаць птушкаю думкі аб доме:

“Як-жа там маёй беднай старой?”

У куточку, на бруднай саломе,

Мроіць сны наяву мой гэрой.



“Вось прыеду да роднае маці,

Абніму, расцалую у твар;

Ўсё агледжу ля хаты і ў хаце,

Узару ўзьдзірванелы папар.



Ні спачынку, ні стомы ня знацьму,

Абы толькі прыехаць дамоў...”

Нейкі голас у сэрцы зьнянацку

Адазваўся і... раптам замоўк.



Расчыніўшы душу сваю насьцеж,

Прагна піў пачуцьцёвы наплыў

І, захоплены думкай аб шчасьці,

Ён у царства Марфея паплыў.



III. Сон



З гулам, грукатам, громам і сьвістам

Гураганіць вірлівая бель.

Абмінаючы ціхую прыстань,

Мора гоніць у даль карабель.



Ён то ў бездані дзесьці зальлецца,

То ўзьнясецца над хваляй-гарой...

Нібы птушка падбітая ў клетцы,

У няроўным змаганьні гэрой.



Наляцела раз’юшана хваля;

Карабель – толькі трэскі адны.

Зь дзікім рогатам ветры сьвісталі:

“Пахаваем жыцьцё без труны!”



“Божа, Божа! За што мне загуба?”

Вочы к небу з гарачай мальбой...

Карабельнае бэлькі абрубак

Ён убачыў, адчуў пад сабой.



Мора сьціхла. На хвалях паблізу

Перад ім параплаў задымеў...

Сьлёзы радасьці бурнай, вялізнай

Ад людзей захаваць не умеў.



IV. На разьбітым

прыстанку



Прахапіўся... Разьбіты прыстанак

Пазіраў на яго і на ўсіх.

Можа зараз хвіліна настане,

І пабачыць ён родных сваіх?



Можа хутка па моры загонаў

Паплыве ён да роднай страхі?..

Ды, з расчыненых насьцеж вагонаў,

Выганялі усіх штыхі;



Заганялі ў другія, дзе краты

І да кратаў – суворы канвой.

Кожны ўспомніў аб “долі чубатай”,

Разьвіваючы думак сувой:



“Ой, за што, за якія правіны

Заганяюць за краты нас?

Ці-ж за тое, што скарб свой адзіны

Зьбераглі мы ў няпэўны час?”



Праз ваконныя краты, у грудзі

Водар мёду струменіў зь ліп...

А гэроя панурыя людзі

З крыкам злосным кудысь вязьлі.



V. Крык душы



О, радзіма у цьвеце каліны!

Прабіваючы цемру начы,

Лётам сэрца свайго сакаліным

Я ляцеў, каб душой адпачыць.



Твае гоні мяне ўзгадавалі,

Ды прыблуды з чужое зямлі

Маё шчасьце – цябе – аплявалі,

А мяне у няволю ўзялі.



Мо’ цябе ўжо ня ўбачу да скону,

Праліваючы пот на чужых...

Душу смокча мне боль шалёны,

Сэрца крояць мне жалю нажы.



Што-ж чыніць мне?

Як вырвацца з клеткі,

Каб душою і целам ня сох?

О, любімыя сэрцам палеткі!

Хочу вашай упіцца красой.



У душы не змаўкаюць акорды...

Не праб’юся праз мур ілбом...

Лепш памерці мне стоячы, горда,

Чымсі жыць на каленях, рабом.



VI. Воляй лёсу



Толькі ноч закалыша жывое,

І глыбокі, салодкі сон

Разаўе сваіх чараў сувоі, –

Ён жыцьцё сваё ставіць на кон.



Ціхачом і зацята, як мышы,

У падлогу ўгрызаецца нож...

Не варушыцца сам, ня дыша.

Утаймоўвае цела дрож.



Дні трывожныя, ціхія ночы

Ўзгадавалі жаданы плён...

“Божа Моцны, ратуй!..” і скончыў

У цямрынь, на зямлю пад вагон.



Апрытомнеў... Знаёмыя далі

Пракаўтнулі далёкі гук...

Навакольныя пушчы звалі

У абдымкі магутных рук.



Усьміхнуліся зоры іскрыста,

Задрыжалі над морам начы...

Воляй лёсу, мінаючы прыстань,

Плыў ён, помсту сваю несучы.



26.VI.1947 г.





VI





А.С. ПУШКІН



ВЯЗЕНЬ



Сяджу я за кратамі ў цемры гады.

Узрослы на волі арол малады,

Сябрук майго суму, махае крылом,

Крывавую ежу клюе за вакном.



Клюе і кідае, глядзіць у вакно,

Як быцца са мною задумаў адно;

Заве мяне погладам, крыкам сваім,

І хоча сказаць мне: “Давай паляцім!



Мы вольныя птахі; пара, брат, пара!

Туды, дзе за хмарай бялее гара,

Туды, дзе за морам віднее маяк,

Дзе толькі вятрыскі гуляюць ды я.”



З расейскае мовы.



16.IV.1947 г.







А.С. ПУШКІН



ПТАШКА



Я і ў чужым краю хаваю

Радзімы звычай даўніны:

На волю пташку выпускаю

У сьвята сьветлае вясны.



Я ў гэтым маю суцяшэньне;

За што-ж на Бога наракаць,

Калі хоць аднаму стварэньню

Я волю змог падараваць?



З расейскай мовы.



17.IV.1947 г.







Тарас ШЭЎЧЭНКА



НА ЧУЖЫНЕ



Я на гору высокую

Выходжу, дзіўлюся

І згадваю Ўкраіну,

І згадаць баюся.



І тут стэпы, і там стэпы,

Тут інакш пакрыты:

Тут да чырвані рудыя,

Там – нібы з блакіту,



Зялёныя, вышытыя

Нівамі, палямі;

Высокімі магіламі,

Цёмнымі лугамі.



З украінскае мовы.



4.IV.1947 г.







Юры КЛЭН



ПАМОЛІМСЯ



Памолімся за тых, што у разлуцы

Памруць, із родных вырваныя хат;

За тых, што ў роспачы на волю рвуцца,

Ўначы грызуць пранты зялезных крат,

Што душаць жаль у невымоўнай муцы;

За тых, каго вядзе на згубу кат.

Над імі, Госпадзі, ў нябеснай цьвердзі

Раскінь далоні міласэрдзя!



Памолімся за тых, хто ў бездарожжы,

Надзею страціўшы у сілы,

Пайсьці на чын і дзеяньне ня можа,

Каго нядоля у ярмо схіліла,

Хто у няшчасьці (зьлітуйся, о Божа!)

Гавора, што ён самы найшчасьлівы.

Паэтаў тых, Магутны, не карай,

Што пекла услаўляюць, нібы рай!



Бо лёс іх, можа, самы найцяжэйшы:

Яны, ўслаўляючы чужы закон,

Які нікога не сагрэў і не пацешыў,

Выпростваюць у хаце вольную далонь,

Уночы іншыя складаюць вершы

І кідаюць дзеля бясьпекі у агонь.

Ня ўбачыць іх: вясна у тых канцонах

Галосіць так, што на душы сьцюдзёна.



Памолімся-ж за тых мы шчыра ўсе,

Каго суворы лёс наш не прыгорне,

Хто не зазнае радасьці й уцех,

Каго бязьлітасна друзґочуць жорны,

Каму замёр у горле крыкам сьмех.

Хто ў днёх захмараных, як ночы, чорных.

Ня кінь Ты, Божа, ў цемрадзі ўсіх тых,

Багаславі іх на шляхох крутых!



З украінскае мовы.







Міхайло ОРЭСТ



ДУША



Ваду, закаханую ў неба, цёмная зямля паланіла;

Параю стаўшы, яна ў родныя высі ляціць.

Але законаў адвечных ёй самахоць не здалеці:

Зноў на землю дажджом падае смутна яна.



З украінскае мовы.



22.VI.1946 г.







Олэкса ВЛЫЗЬКО



МАТРОСЫ



Мы гартованы сонцам, вятрамі,

Нам – няведамы сьвет праплысьці,

Мы ня ведаем сьцежкі і брамы,

Да якое прыйсьці.



Сэрца кінуўшы ў штормы і шцілі,

Мы прлюём табе ў твар, вадзянік,

І упарта на тоны і мілі

Мы разьлічваем дні.



Наша зброя – гартованы корцік,

Нашы думы – марскі бурацьвет,

Наша сэрца – у чорным порце,

Антрацыту дзе цьвет.



З украінскае мовы.



17.XII.1947 г.







Ян ЛЕШЧА



СЛАНЕЧНІК



Сіл набіраю, як схіляю голаў,

Хачу у жменях чуласьць удзяржаць;

Па-за далоньмі – бронзавыя пчолы

І цень зямлі – сланечніка іржа.



Лісты прыкладаю да губ, далоняў,

І ўжо надзея – у самім замеры,

Што буду ведаць слова я: забудзь,

Прымервай формы і пакінь, бязь веры.



Зь зямлёй згаджуся, далонь змыкаю.

Таўчэ вятрыска тарчу зеляніны.

Упаў, як сон, сланечнік і зьнікае,

Зьвініць жалобна у гнязьдзе шарсьнёвым.



З польскае мовы.



15.II.1958 г.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ:
Комментируем публикацию: ЗБОРНІК ВЕРШАУ "КРЫЛАТАЕ СЭРЦА"


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.