ЗБОРНІК ВЕРШАУ "АГОНЬ ДУШЫ"

Белорусская поэзия. Классические и современные стихи белорусских поэтов.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ


БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему ЗБОРНІК ВЕРШАУ "АГОНЬ ДУШЫ". Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-25

ЗОЛАК ЯНКА

АГОНЬ ДУШЫ

THE FIRE OF SOUL

АГОНЬ ДУШЫ

Агонь мае душы ў прасторы

Ня згасьне сьвечкай васкавой.

Ён будзе ў радасьці і ў горы

Сьвяціць паходняй баявой.



Свой Край і люд, што у прымусе,

Агонь мае душы асьвеціць,

Пра долю роднай Беларусі

Ён разьнясе па белым сьвеце.



І, дзе сьвятло яго пральлецца,

Мой родны брат – Беларусін

Ад сну цяжкога атрапнецца,

І – што ён варт – пакажа ўсім.



7.XII.1942 г.





I





У ПОШУКАХ ДОЛІ



Цісьне грудзі мне скруха-навала,

Цісьне, душыць і ўдзень і ўначы.

Дзе-ж ты, доля мая, запрапала?

Мо’ прыстала ў палёх, ідучы?



Зь ціхім плачам гамоняць у гаю

Кроны сумныя белых бяроз.

Хоць я песьню калі й засьпяваю,

Зрок туманіцца вільгацьцю сьлёз.



Хай сумуюць бярозы у гаю!..

Па шляхох Беларусі пайду:

Або долю сваю напаткаю,

Або крыж пад бярозай знайду.



Я іду, а над роднай краінай

Цёмнай хмарай ляцяць крумкачы,

Не даюць мне прасьветлай хвіліны

І спакою ні ўдзень, ні ў начы.



Я іду, а прысады шапочуць

Мне ціхутка і ўдзень і ўначы,

Нібы гольлем сказаць яны хочуць:

“Долю знойдзеш, зь людзьмі ідучы!”



2.X.1941 г.







НЕ КУВАЙ



Не кувай, зязюля,

у зялёным гаю,

Бо цябе у сьведкі

я не пазаву.

Не кувай, зазюля,

я не загадаю,

Я не загадаю,

колькі пражыву.



Для чаго мне жыці

і цярпець пакуты?!

Дык нашто аб жыцьці

у цябе пытаць,

Калі ў родным краі,

ланцугамі скуты,

Не магу спакойна

ні заснуць, ні ўстаць?



13.XI.1943 г.







ЗАКЛІНАНЬНЕ ЗІМЫ



Што ты, нямілая, лютая зімка,

Ў сковах трымаеш зямлю?!

Ці табе поўначы цёмнае, дзікае

Вольны прастор стаў ня люб?



Што ты халоднаю жудасьцю вееш,

Сьнегам заносіш палі,

Смуткам з жахлівасьцю сееш

Ўсюды на роднай зямлі?



Згінь, прападзі! Хай на доўгія векі

Пахне вясновай парой,

Шчасьцем і доляю для чалавека,

Краснаю ружай-зарой.



Хай маё сэрца ад холаду лютага

Не супыняе біцьцё;

Хай у Радзіме, ад путаў раскутае,

Б’ецца струменем жыцьцё.



Згінь, прападзі! Дай убачыць у росквіце

Мне дарагую краіну маю.

Променям сонца над роднаю постацяй

Песьню хвалы я сьпяю.



Дай мне убачыць над роднай зямліцаю

Працы свабоднае плён,

Дай мне пачуць, як ліецца крыніцаю

Ворагу вечны праклён!



25.XII.1941 г.







* * *

Хоць як ні жыві ты:

Пануй, ці мадзей, —

Спагады ня знойдзеш

Ніколі ў людзей.



Ці ён — твой знаёмы,

Калега, сваяк, —

Бліжэй яму к целу

Сарочка свая.



Ці восень, ці лета,

Вясна, ці зіма,

Знаёмых ёсьць процьма,

А сябра няма.



Жыві-ж, пакуль долю

Па кропцы зьбярэш,

Або, як сабака,

Пад плотам памрэш.



24.IV.1942 г.







ДАГАРАЮЦЬ ДРОВЫ



Дагараюць апошнія дровы,

Ўецца сінімі зьмейкамі чад.

У часы завірухі зімовай

Я жыцьцю свайму нават ня рад.



У пару завірухі зімовай

Сэрца прагне вясны і цяпла,

Хоча суму цяжкія аковы

Спапяліць на вугольлі датла.



Дагараюць апошнія дровы,

Ўецца зьмейкамі чад угары.

Не парваўшы надолі аковы,

Непрыкметна й жыцьцё дагарыць.



7.II.1942 г.





Я-Б НЯ ПЛАКАЎ



Апрануўшы схуднелыя плечы

Лахманамі убогай апраткі,

Я пайду па шляхох чалавечых,

Пераходзячы сьлізкія кладкі.



На плячах спрацаваных, сагнутых

Непасільнаю працаю ў крук,

Міма твараў пыхліва надзьмутых

Пранясу, як нагноены струп,



Сваю крыўду, адвечнае гора:

Хай глядзіць і дзівуецца сьвет;

Хай, убачыўшы, людзі гавораць:

“Чаго плачаш і ныеш, паэт?”



Адкажу, не хаваючы болю:

“Я-б ня плакаў ніколі й нідзе,

Каб народ мой знайшоў сваю долю,

Сваё месца заняў між людзей!”



1.V.1942 г.







* * *

Мне народ падарыў сваё сэрца.

Ў гэтым сэрцы надзеі жывуць;

Яны сьцелюцца гожым каберцам,

Хоць вакола – вайны каламуць.



Хоць вакола – глыбокія раны

Болем ціснуць Радзіму маю, –

Веру: край, ад вякоў рабаваны,

Знайдзе некалі долю сваю.



І тады, упрыгожаны ў краскі,

Зазіхціць ясным сонейкам дзень,

Прынясе санцавейныя ласкі

Шчасьця новага сьвежы струмень.



А цяпер, хоць крывавяцца раны,

І шчыміць несуцерпная боль, –

Я вітаю народжаны ранак,

Што прагоніць асеньнюю золь.



11.IV.1943 г.







* * *

Чорнай птушкаю ночка плыве,

Мігацяць залацістыя зоры;

Разам зь імі, у сьне й на яве

Абыходжу Радзімы прасторы.



Бачу: ўсюды з сабою вайна

Прынясла нам крывавыя раны;

Дзе віхурай прайшлася яна –

Нівы кроўю заліты, стаптаны.



І хаця ўжо далёка ад нас

Адляцелі грымоты снарадаў, –

Часам зь лесу ідуць на папас

Дзікай гурмаю лютыя гады:



Нішчаць хаты, рабуюць дабро,

Забіваюць жанок, малалетак,

Разьліваюць нявінную кроў

І драсуюць сялянскі палетак,



Ды жыве яшче вера ў вачах

Юных носьбітаў нашай свабоды.

Любы край наш зусім не зачах, –

Яго веліч убачаць народы.



Прыдзе час – лепшай долі гады, –

Мы залечым крывавыя раны.

Загучыць шчасьцем сьмех малады

На прасторах, красою убраных.



6.VI.1943 г.







ДА БЯРОЗЫ



Не сумуй, бялявая бяроза,

Не сумуй!

Не ўсыпляй ты мары-крозы

На зіму!



Хоць ня вернем дагарэўшых вёсен

Мы ізноў, –

Нам натчэ надзея кросен

Пра любоў.



Пачуцьця ня зможа сівер-скруха

Нам зглуміць,

І зіма ў бялюткім пуху

Адшуміць.



Мы з табою радасьць напаткаем

Не адну

Ды сугучна засьпяваем

Пра вясну.



К нам вясна у кветкавым убраньні

Прыдзе зноў;

Зноў к нам вернецца каханьне

І любоў.



18.X.1941 г.







ДАЖДЖОМСЯ



Хоць восень лютуе ў прасторах –

Прадвесьніца жорсткай зімы, –

Мы верым і ведаем: скора

Дажджомся прадвесьня і мы.



Хоць можа зіма і наложыць

На землю аковы і сны,

Мы верым: яна нас ня зможа,

Дажджомся прыходу вясны.



1.X.1941 г.







БЛІЗКА ДЗЕНЬ



Ночка з чорнае кудзелі

Нітку доўгую прадзе,

Зьнекуль думкі наляцелі:

“Ці прыжду я новы дзень?”



Час ідзе хадой пачварнай;

Ды ў маруднай той хадзе

Хтось рукою уладарнай

Тушыць зоры, блізіць дзень.



Веру: хутка за ваконцам

Ноч кудзелю дапрадзе,

І ў праменьнях сьвежых сонца

Прывітаю новы дзень.



6.VI.1943 г.







* * *

Часам стане сумна дужа...

Каб разьвеяць гэты сум,

Паплыву я, мілы дружа,

На чаўне шчасьлівых дум.



Паплыву я у краіну,

Шчасьця поўную й красы,

Каб сьпяваць, а сум свой кінуць

На сухія верасы.



Дык плыві са мною, дружа,

На чаўне шчасьлівых дум;

Хай віхры над намі кружаць,

Разганяюць песьняй сум!



20.IX.1942 г.







СОНЦУ



Ты ўзыйдзі, зазьзяй,

Сонца яснае!

Прагані, спужай

Ночку цёмную;



Ты рассып-расьсей

Шчодрай жменяю

Па краіне ўсёй

Косы-промені;



Разгані, разьвей

Хмары-воблакі,

Асьвяці, сагрэй

Землю-матухну;



Залацісты бляск

Лей над нівамі,

Атулі наш Край

Ласкай матчынай!



7.VIII.1941 г.







* * *

Прылятае зь вясной лёгкакрылай

Сонцавейнае радасьці зьніч.

Я выходжу, каб песьняю шчырай

Прывітаць нашы новыя дні.



Над маёю Радзімай прадвесьне

Рассыпае пяшчотаў цяпло.

І цьвітуць мае звонкія песьні

Каляровай вясёлкаю слоў.



Жаўруковымі песьнямі звоніць

Маладая вясновая даль.

Усьміхаецца ласкава сёньня

Нам бяздоннага неба крышталь.



Абагрэтая ласкаю шчырай,

Мкнецца ў далі дарога жыцьця...

Так і хочацца звонкаю лірай

Сеяць песьні па краю наўсьцяж.



Так і хочацца мне, каб сягоньня

Васілёчкамі песьні цьвілі,

Каб луналі над цёплым улоньнем,

Абагрэтае сонцам, зямлі.



4.IV.1943 г.







ДА ЛІРЫ



Ты чаго сумуеш,

Ліра песьнярова?

Ці ты гора чуеш,

Ці мо’ нездарова?



Кінь журыцца, ныці,

Засьпявай вясёла,

Як у сьпелым жыце

Наліваны колас!



Засьпявай, сяброўка,

Аб каханым краю,

Як пяе салоўка

На сьвітаньні ў гаю!



Рассыпай навокал

Трэлі дзіўных тонаў,

Каб пайшлі у сокі

Нівы і загоны!



Дык-жа кінь журыцца,

Песьнярова ліра,

І нахай срабрыцца

Сьмех вясёлы шчыра!



16.V.1942 г.







ЗВАРОТ ПЕСЬНІ



Чорны смутак цудоўную песьню

Прад зімой у мяне адабраў,

І пад ногі сабе падабраў

Чорны смутак цудоўную песьню.



Калі ў небе курлыкаў жураў,

Несучы прывітаньне прадвесьню,

Ён на лёгкіх крылах маю песьню

Беражліва прынёс і аддаў.



10.X.1941 г.







* * *

Я пасею песьні

На радзімых гонях,

Можа яны ўзыйдуць,

Зь ветрам загамоняць;



Зашумяць, як жыта

Буйнае калосьсем;

Загудуць мо’ ў небе

Сьпевам-сугалосьсем;



Новаю пагудкай

Зазьвіняць-заграюць

Пра жыцьцё і дзеі

Дарагога Краю.



Як узыйдуць песьні

На радзімых нівах,

Паляціць над сьветам

Голас іх шчасьлівы;



Мо’ пачуюць гуд іх

У вякох народы

У праменьнях сонца

Радасьці і згоды.



Буду сеяць песьні

На радзімых гонях,

Хай цьвітуць, красуюць

І нуду прагоняць;



Хай ляцяць іх тоны,

Як у небе гусі,

І пяюць аб долі

Маці-Беларусі.



6.VI.1942 г.







НОВАЙ ДАРОГАЙ



Новай дарогай іду, пазіраю

Сёньня вясёлы і горды.

Вецер прынёс мне з далёкага краю

Песьні вясновай акорды.



Сэрца мне поўняць мэлёдыі, гукі

Самі складаюцца песьні;

Ведаю: Край мой пазбаўлены мукі,

Нанава заўтра ўваскрэсьне.



Край дарагі мой упэўнена будзе

Долю сваю будаваці...

Краю радзімы! Гаротныя людзі!

Нельга пра вас не сьпяваці!



3.XI.1941 г.







ДА ШЧАСЬЛІВЫХ ДЗЁН



Грамадою шчыльнай, дружнай, –

Да пляча плячо –

Крочым сьмела мы і мужна

Да шчасьлівых дзён.

Не бяда, калі міжвольна

Сум блісьне ў вачох!

Перад намі ў далях вольных

Ясны шлях відзён.



Ні маланак бліскавіцы,

Ні грымотаў грук

Нас ня змусяць супыніцца,

Наш ня збочаць крок.

Ёсьць у сэрцы ў нас навага,

Сіла нашых рук...

Біцца з ворагам з адвагай

Мы далі зарок.



І мы ўсе гарым жаданьнем:

Датрымаць зарок,

Выйсьці з гэтага змаганьня

Да шчасьлівых дзён

Сіле віхараў свавольных

Не спыніць наш крок,

Бо прад намі ў далях вольных

Просты шлях відзён.



22.IX.1943 г.







* * *

Жыцьцё – нібы мора:

Ягоныя хвалі

Пужаюць і вабяць мяне...

Аб клятым Учора –

Ні капелькі жалю...

Няхай захлынецца ў багне!



Хаця яшчэ Сёньня

Віруе у далях,

Дзе чуецца рокат глухі, –

Міну я прадоньне

Разьюшаных хваляў

І выйду на бераг сухі.



Я сілаю волі

Скікую мой човен,

Упэўнена рушу ў прасьцяг

І выплыву к долі,

Надзеямі повен

На сьветлае Заўтра жыцьця.



4.VI.1943 г.







ГАДЫ ПРАМІНАЮЦЬ



Гады прамінаюць,

віхраць у прасторы;

Адтуль ім звароту няма.

Які зь іх шчасьлівы,

няшчасны каторы, –

Ня знае мо’ й доля сама.



А кожны з нас хоча

і шчасьця, і волі,

І кожнаму хочацца жыць.

Ды толькі патрэбна

жаданую долю

У жорсткім змаганьні здабыць.



Шчасьлівую долю

ня кожны знаходзіць,

Ня кожны, што хоча яе.

Жывым із змаганьня

мацьнейшы выходзіць

І гімн перамозе пяе.



Гнілое, благое

і слабае духам

Загіне і згубіць сьляды;

Зьмянецца, як пыл

у часы завірухаў,

І новае ўстане тады.



Дык хай сабе годы

лятуць у прасторы,

Зьмяняючы крокі падзей.

Які зь іх шчасьлівы,

няшчасны каторы, –

Залежыць ад нас, ад людзей.



1.VI.1943 г.





II



* * *

Калі часам у словах людзей

Мне пачуецца крыўда, абраза, –

Тады ў сэрцы маім зазьвініць-загудзе

Струн акорд і замоўкне адразу.



І ні болю, ні злосьці няма

На таго, хто пакрыўдзіць задумаў;

Толькі сэрца маё сьцісьне лёдам зіма,

І чало апаўецца задумай.



Калі-ж хто будзе ганьбіць мой Край,

Ці пасьмее над ім наглуміцца, –

У мяне тады ўспыхне на шчоках зара,

Запылаюць у гневе зарніцы;



Закіпіць тады ў сэрцы ў мяне

Хваля крыўды пякучай адразу;

І таму, хто святыню душы закране,

Не дарую ніколі абразу!



1.III.1944 г.







ЖЫВІ ЎСМАК



Плывуць вясноваю паводкай

Сягоньня думы да мяне,

Яны мне кажуць аб кароткай

Людзкое існасьці вясьне.



Вясна людзей, як і прыроды, –

Ўсяго адзін шчасьлівы міг;

За ёю-ж – буры і нягоды;

І – чалавек згарэў і зьнік.



Пакуль вясна твая красуе

І не прыйшла жыцьця зіма,

Пакуль у целе кроў пульсуе,

Жыві, каб чуць у жыцьці смак!



А смак жыцьця – не у пярынах,

Жаночых пешчах і хвальбе;

Той смак – у перунах, хмурынах,

У жорсткай зь лёсам барацьбе.



Жыві-ж, каб бурнаю паводкай

Пражыць жыцьця свайго вясну,

І ў марах кволых і салодкіх

Ня даць душы тваёй заснуць!



9.IV.1944 г.







СЯБРУ ПАЭТУ



Лявону Случчаніну.



Табе, як сябру і паэту,

За дружбу цёплую тваю,

Сяброўскай ласкаю сагрэты,

Ад сэрца шчырага пяю

Я гэту песеньку сваю.



Свае найлепшыя парывы,

Агонь душы і сэрца жар

Нясеш ты ў сьпеве гутарлівым

Любімай Бацькаўшчыне ў дар,

Як верны сын яе й пясьняр.



І ты, як чулы сын народу,

Гарыш агнём ягоных дум.

Калі-ж душу ў часы нягоды,

Як ланцугом зацісьне сум, –

Сьпявай пра шчасьце і красу!



Няхай цьвіце на роднай глебе

Твой сьпеў, як гожы васілёк;

Няхай лунае ў нашым небе,

Як лёгкакрылы матылёк

Лунае ў сонечных палёх!



21.III.1942 г.







НЯ ЗДРАДЗІМ КРАЮ



І.Н. Хіхлушу



Былі часы... Цяжар няволі

Хаваў ад нас блакіт нябёс.

Ісьці цярністаю дарогай

Наканаваў нам жорсткі лёс.



І мы ішлі... Даўгія годы

Цярпелі зьдзекі і прымус;

Ды выбіў час: пад громы буры

Ідзе да волі беларус.



Пад сьвіст суворай навальніцы,

Пад гул разгневаных стыхій,

Любоў сьвятая да Радзімы

Злучыла нашыя шляхі.



І сёньня мы напорным крокам

Прастуем сьмела у жыцьцё.

Дае нам сілу, гарт і мужнасьць

Стыхіяў грознае выцьцё.



Зьмяніць кірунак, здрадзіць Краю

Суворы лёс ня змусіць нас,

Мы будзем роднай Беларусі

Сынамі вернымі ўвесь час.



14.II.1944 г.







ДАЙЦЕ КРЫЛЬЛЕ



Дайце магутнае крыльле!

Я палячу да нябёс.

Там, дзе вятры завіхрылі,

Можа здабуду свой лёс.



Буду змагацца зь вятрамі,

Біцца на сьмерць да крыві,

Покуль магутнае раме

Не распрастае крывіч.



Буду змагацца да змогі.

Покуль час прыдзе ўміраць,

Можа прышле мне падмогу

Наша бунтарская раць.



Стаўшы магутнай гурбою,

Зможам віхровы хаўрус,

Грымнем наш кліч пасьля бою:

“Жыў і жыве беларус!”



1.IV.1942 г.







МАЛАДОСЬЦЬ



Языком сасмаглым

вецер землю ліжа,

Языком сасмаглым

вецер ліжа сьнег.

Хай мароз сіберны

твар і цела ніжа,

Не заб’е ён мары,

мары аб вясьне.



Жорсткі сьнег рыпліва

пад нагамі енчыць,

Ды імкнуцца крокі, –

не спыніць іх бег!

Маладосьці нашай

непрыстойна кленчыць;

Не сагнуць ёй шыю

ні мароз, ні сьнег.



Маладосьць заўсёды

пераможным маршам

Непахісна мкнецца

ў новых дзён прасьцяг.

Дадае нам сілаў,

грэе сэрцы нашы

Бел-чырвона-белы

над Радзімай сьцяг.



21.II.1942 г.







РАЗМОВА ЗЬ ВЕТРАМ



– Буйны вецер, сябрук гутарлівы!

Раскажы, не хавайся ад нас:

Ці прыждом, каб над краем шчасьлівы

Промень долі ніколі ня гас?



– Не сумуй, не бядуй! – кажа вецер: –

Беларусь яшчэ ўстане ад сну;

Яе доля ня блудзіць па сьвеце,

Яна ў муках народзіць Вясну.



16.VI.1943 г.







З НОВЫМ ГОДАМ



З Новым Годам!

з новым шчасьцем

Вас вітаю, крывічы!

Хай сягоньня ў вашай хаце

Сьмех вясёлы загучыць!



Мы ня марна працавалі,

Год Стары ня зганьбіў нас:

Мы сваё жыцьцё кавалі,

І наш горан не пагас.



І хаця ў баёх за долю

Паў ахвярай не адзін,

Ды каваць для нас няволю

Мы нікому не дадзім!



І хай Год Стары аб стратах

Нас прымусіў патужыць, –

Беларусь дажджэцца сьвята,

Беларусы будуць жыць!



Хоць ад тых крывавых ранаў

І цяпер нас боль пячэ,

Край, вякамі рабаваны,

Досыць мае сіл яшчэ.



Новы Год нясе надзею,

Што мы ў жорсткай барацьбе,

Сілай мужнасьці, у дзеях

Волю выкуем сабе.



Мы збудуем на руінах –

Згуртаванаю сям’ёй –

Долю роднае краіны,

Шлях да вольнасьці сваёй.



Дык сьмялей у бой з напасьцяй

У змагарны гэты час!

З Новым Годам,

з новым шчасьцем,

Крывічы, вітаю вас!



24.XII.1943 г.







МОЙ АДКАЗ



Мне кажуць так:

“Ня псуй паперу,

закінь у запечак

пяро,

Бо прыдуць ‘нашы’

і, халеру –

цябе –

пасадзяць у астрог;



Або прашыюць

куляй грудзі

І цела

кінуць без труны;

Цябе навек

забудуць людзі,

Твой труп

расьцягнуць груганы.



Ты не заслужаш

гучнай славы,

Не нажывеш

багацьця ты,

Ня ўбачыш сонца

твар яскравы,

Не для цябе

агонь сьвяты!”



То кажуць мне,

што марна трачу

Я залатыя

дні жыцьця,

Што усёроўна

ўжо ня ўбачу,

Як сьпее шчасьцем

даль-прасьцяг.



Я адкажу

ілжэпрарокам,

Якія плямяць

чэсьць душы,

Якія хочуць

страху змрокам

Мае парывы

задушыць:



“Ня трэба славы

мне німала,

А я хачу,

каб мой народ

Больш не цярпеў

пакут Тантала

І не папаў

пад цяжкі бот.



Хоць шмат я жыў, –

жыцьця ня бачыў,

І сьмерць

ня страшна для мяне,

Цяжэй

за ўсякія няўдачы, –

Калі цябе

народ кляне!”



І не скажу ім

больш

ні слова...

Палезуць зноў, –

я плюну ў твар.

Ды свой

да скону –

ганарова –

ня выпушчу

я з рук

штандар.



25.II.1944 г.

МАЯ МАЛІТВА



О ня дай, Бог, больш нікому

Гэткай чорнай долі,

Як таполі адзінокай,

Што расьце у полі,

Што вятрыскі абвяваюць,

Гнуць і ломяць гольле…

Хай-бы лепей затанула

Гэтакая доля!



О ня дай, Бог, больш нікому

Гэтакага зьдзеку,

Як вісіць над нашым краем

І над чалавекам!

Пакажы яму, о Божа,

Шлях да вызваленьня,

Дай Ты сілу, дай Ты долю

І багаславеньне!



23.X.1941 г.





III





НАВАГОДНІЯ ДУМКІ



Яшчэ адзін змагарны год

Сышоў з жыцьцёвай явы...

Хоць мелі ў ім мы шмат нягод, –

Ён быў і годам славы.



Яму на зьмену Новы йдзе,

Сьнягамі ахрышчоны...

Каму: ці шчасьцю, ці бядзе

Ён – бацька нарачоны?



Ці-ж нам аб гэтым варажыць,

Сядзець, чакаць патолі?!

Калі па-людску хочам жыць, –

Каваць выходзьма долю!



Ніхто ня знае загадзе,

Што нам рыхтуюць годы...

Нас можа Новы павядзе

Да шчасьця, да свабоды.



1.І.1944 г.



РОДНАМУ КРАЮ



Родны край, людзьмі забыты,

Колькі ты пакуты зьнёс!

Колькі раз, чужынцам біты,

Праліваў ты моры сьлёз!



А ці раз твае палеткі

Спусташаў пажар вайны,

І рассейваліся дзеткі –

Твае дочкі і сыны?!



Твае дзетухны-нябогі

Жабракамі ў сьвет ішлі,

Лёс пакутны, лёс убогі

На паказ людзям нясьлі,



І ці раз крывёю сэрца

Аблівалася ў грудзях,

Як у цяжкай паняверцы

Ты стагнаў, шукаў свой шлях?!



Колькі раз, мой родны краю,

Над табой вісеў туман!..

А цяпер, хоць сьвет палае,

Йдзі шукаць свой талісман!



8.XII.1941 г.



РАДЗІМЕ



Над табой, дарагая Радзіма,

На тваіх васільковых прасторах,

Лютавалі шалёныя зімы,

І скуголіла ў роспачы гора.



Але ты, нібы волат-асілак,

Непахісны, цярплівы і дужы,

Не сагнутая іхняю сілай,

Не скарылася сіверу-сьцюжы.



І сягоньня пасьля дзікіх зімаў,

Іх сібернага скогату-песьні,

Ты выходзіш нязломнай, Радзіма,

На прастор і чакаеш прадвесьня.



9.II.1943 г.







КРАІНЕ



Мілая Маці-Краіна,

Любая сэрцу да сьлёз!

Плакалі мы, што ты гінеш,

Бачылі чорны твой лёс.



Доўга жыла ты ў прыгоне,

Гора цярпела і зьдзек...

Верылі мы: не заслоняць

Хмары твой сонечны дзень.



Верылі: зьнікнуць напасьці,

Што навісаюць гурбой,

Кветка Купальская шчасьця

Будзе цьвісьці прад табой.



Час прамінуў... Нашы путы

Зьбіты магутнай рукой.

Верым душою раскутай:

Прыйдзе і к нам супакой.



З радасьцю, з гордасьцю бачу:

Зьнік з тваіх вочаў дакор;

Зь вераю моцнай ва ўдачу,

Тчэш сваіх дзён чантыкор.



Мілая Маці-Краіна,

Любая сэрцу да сьлёз!

Знаю, што ты не загінеш;

Сэрцам я чую твой лёс.



27.IX.1942 г.

СВАЙМУ НАРОДУ



Узьнімайся, хто быў катаваны,

Хто адважны, хто мужны і дуж!

Нібы рэкі, вясной раскаваны,

На сваіх варагоў лютых руш!



Узьнімайся да плённае працы,

Скінь з павекаў адвечныя сны

Ды будуй свайго жыцьця палацы,

Пракладай шлях да Шчаснай Вясны!



Узьнімайся! Грамадаю дружнай

Выйдзі, выйдзі на вольны разлог!

Кроч да шчасьця чаканага мужна

Каляінамі трудных дарог!



Кінь адвечную жальбу і гора!

Бач, як зоры на небе гараць,

І над роднай зямліцы прасторам

Долі новае ўсходзіць зара?!



Узьнімайся-ж грамадаю дружнай,

Годзе ў горы і роспачы ныць;

Кроч да шчасьця чаканага мужна,

Церабі шлях да новай вясны!



15.XII.1941 г.



БЕЛАРУСУ



Годзе пець сумныя песьні,

Годзе ўжо плакаць, тужыць;

Скінуўшы покрывы плесьні,

Трэба змагацца і жыць!



Помняць збалелыя плечы

Зьдзекі, мінулы прымус...

Трэба жыцьцём чалавечым

Жыць і табе, беларус!



Трэба вясёлкавай песьняй

Нашу расквеціць зямлю;

Трэба, каб промень прадвесьня

Дораг быў сэрцу і люб!



Хай расьцьвіце васількамі

Праўды сьвятое прамень;

Хмарай закрыты вякамі,

Выблісьне сонечны дзень!



Годзе-ж пець сумныя песьні;

Помнячы зьдзекі, прымус,

Скінуўшы покрывы плесьні,

Кроч у жыцьцё, беларус!



31.V.1943 г.







БРАТУ БЕЛАРУСУ



Прачынайся, мой брат, мой нябога,

Прачынайся з адвечнага сну

Ды выходзь да шырокай дарогі

Сустракаць маладую вясну!



Станавіся пад сьцяг вызваленьня,

Станавіся сьмялей і ня трусь;

Хай квітнее ў сваім адраджэньні

Дарагая табе Беларусь!



Прачынайся! Свой голас магутны

Загучэць па-свабоднаму змусь;

Па ўсім сьвеце няхай будзе чутна,

Што жыве родны край – Беларусь!



7.XII.1941 г.



ДАВОЛІ



Даволі плакаць і журыцца,

Сыны Крывіцкае зямлі,

Даволі сьлёзы крыўды ліць!

Хіба-ж над намі не іскрыцца

Свабоды новая зара;

Ня йдзе шчасьлівая пара?



Браты, зірніце! Перад вамі –

З руінаў, з вогнішчаў вайны,

Дзе колісь нашыя сыны

Сваімі клалі галавамі

Для зорнай будучыні шлях, –

Раджае волатаў зямля.



Яна радзіла нашу сілу.

Пагоні роднай белы конь,

І меч у коньніка – агонь –

Нясуць для ворагаў магілу;

А нам, крывіцкія сыны, –

Дзянькі шчасьлівае вясны.



Даволі-ж плакаць і журыцца,

Сыны Крывіцкае зямлі,

Даволі сьлёзы крыўды ліць!

Над намі зорамі іскрыцца

Свабоды ясная зара,

Ідзе чаканая пара.



1.II.1943 г.







ДАЛАКОПАМ



Гэй, выходзьце, браты-далакопы!

Час глыбокую яму капаць,

Каб нядолю-няволю краіны

Назаўсёды у ёй пахаваць.



Не пужайцеся цяжкае працы

І што ў вас на руках мазалі,

Бо ідуць грамадою шматлікай

На ўспамогу да вас кавалі.



Яны выкуюць з моцнае сталі,

Гартаванае векам, труну,

Каб нядолю-няволю краіны

Там на вечныя векі замкнуць,



Ды укінуць труну тую ў яму;

Вам-жа трэба зямлёй засыпаць.

Дык выходзьце-ж, браты-далакопы,

Для нядолі магілу капаць!



3.I.1944 г.



Грыцько ЧУПРЫНКА

(украінскі паэта)



БАЦЬКУ



(Вольны перасьпеў)



Бацька, пакінь галавою панураю

Роспачна-горна ківаць!

Час ліхалетні мне грознаю бураю

Сіл не здалеў падарваць.



Ёсьць у мяне яшчэ сіла кіпучая,

Сэрца аб волі трызьніць.

Кліча нас блізкая доля квітучая,

Хто-ж мяне можа спыніць?!



Сэрца мне поўніць жаданьне адзінае:

Хочу змагацца і жыць.

Што-ж мяне стрэне наступнай гадзінаю, –

Рана яшчэ варажыць.



Шчасьце, зьмяшанае з горкай атрутаю,

Можа і стрэну я дзе;

Толькі ты ведай: зь няпраўдаю лютаю

Сын твой змагацца ідзе.



Хто не змагаўся зь ліхою гадзінаю,

Дань не аддаў барацьбе, –

Хай пахавальную, хай лебядзіную

Песьню сьпявае сабе.



Ты-ж, нібы дуб у баю зь непагодамі,

Горда трымай галаву!

Долю здабыць баявымі паходамі

Сурмы рашуча завуць.



Вер: наліюцца жывільнымі сокамі

Вольныя нашы палі;

Мы яшчэ ўзьнімем да неба высокага

Славу сваю, як калісь!



7.I.1944 г.



МАЦІ



Маці! ня плач, не журыся,

Сьлёз дарагіх не рані,

Думкам ліхім не карыся,

Роспач ад сэрца гані!



Цяжка – я ведаю, – маці,

Сына чакаці з вайны,

Думаць аб долі дзіцяці,

Сьніць ноччу страшныя сны.



Вер, што твой сын не загінуў,

Шчасьце ня здрадзіць яму,

Ён абміне дамавіну,

Хоць і нацерпіцца мук.



Зло не заўсёды на сьвеце;

Пройдзе навала нягод, –

Новай зарою засьвеціць

Шчасьця народнага ўсход.



Вернецца к роднай на ўлоньне

Твой ненаглядны сынок,

Пацеркі-сьлёзы аброніць

Радасьць матуліна зноў.



Прыдзе жаданая доля,

Сядзеш ты з сынам за стол,

Сэрца ня ныцьме ад болю,

Больш не пакрыўдзіць ніхто.



1.I.1944 г.



ДЗЯЎЧЫНЕ



Над ракою ў канцы вёскі

Вербы долу гнуцца...

Плача бедная дзяўчына,

Градам сьлёзы льлюцца.



Ня хілеце, вербы, долу

Гальляйко паныла!

Ой ня плач ты, дзяўчыначка,

Не тужы аб мілым!



Яму выпала дапрасьці

Спраў вялікіх ніці –

Ён ідзе ў палках магутных

Край свой бараніці.



Дзе дыміць зямля крывёю,

Дзе усё ў руінах,

Там твой мілы з варагамі

Б’ецца за краіну.



Прыйдзе восень, лісьце вербаў

Паплыве з вадою...

Мілы вернецца дадому

Пераможцам з бою.



Будзе палка мілаваці

Пацалункам шчырым...

Ой ня плач ты, дзяўчыначка,

Не тужы аб мілым!



14.IV.1944 г.





IV





ТОДАРУ ЛЕБЯДЗЕ



(Адказ на лісты)



О, любы дружа!

Як балючы

Твае

сібірскія лісты!

На сэрца цісьне

боль палючы,

Ў вачах ад сьлёз

туман густы.



Табе, –

ты пішаш, –

апастылеў

Чужы

халодны край –

тайга,

Дзе ў царстве сьнегу,

вечнай стыні

Бізун лютуе

і наган.



Ня лепш і ў нас,

гаротны дружа!

Свой родны край

ты-б не пазнаў.

Тут кроў людская

стыне ў лужах –

Пакуты,

зьдзекаў

сьвежы знак.



Амаль штодня

у нас хаўтуры:

Хаваюць

нашу маладосьць...

Я ў родным краю –

цень пануры,

Не гаспадар,

а толькі госьць.



Мы ўсе жывём

у вечным страху

За наша

хісткае жыцьцё,

Бо шмат каго

ужо на плаху

Крывавы кат

бязьвінна цёг.



Цудоўны край

паволі вяне,

Ідзе на глум

яго краса.

Спыніць наругу

мы не ў стане,

І сьлёзы нашыя –

раса.



Хоць бэз сінее

каля плоту,

Ды толькі ён

ня цешыць нас,

Бо і на ім

чэкіст у ботах

Трымае

кованы абцас.



Ня толькі дзесьці,

за Байкалам,

Касьцьмі лажыцца

беларус;

І ў нас

чужацкая навала

Расправу чыніць

і прымус.



Сялян

бязь іхнае ахвоты

Усіх сагналі

у калгас,

І трэба ліць ім

рагі поту,

Каб зарабіць

на хлеб

і квас.



Табе ў чужыне

сьніцца ніва.

Дзе песьні звонкія

дзяўчат

Ліюцца гучна,

зь пералівам,

І будзяць

росным змрокам

сад.



Але павер,

гаротны дружа,

Што гэта –

толькі

гожы сон!

Жняя ня можа

нават здужаць,

Каб заглушыць

пакутны стогн.



Пакутна жыць...

Ды сэрца грэе

Краса палёў,

краса садоў.

Яна трымае

ў нас надзею

На прыйсьце

вольнасьці гадоў.



1.III.1944 г.



РОДНАЕ СЛОВА



“Беларускай Газэце”



Над палеткамі роднага краю

Праняслася пажога вайны

Спапяліла шалёную зґраю,

Зґраю цемры і дзікай маны;



Разагнала цямраныя хмары,

Ясным сонцам сагрэла зямлю,

Ціхай радасьцю ўквеціла твары,

Абудзіла зьнядолены люд.



Ў гэты час ты, радзімае слова,

Паляцела, як ластаўка, ў сьвет,

Загучэла пагудкаю новай

Для таго, хто нясыт, неадзет.



Ты ўзышло на адвечных руінах,

Цёплай ласкай сагрэла душу.

Над радзімай зьнядбанай краінай

Паляцеў неўміручы твой шум.



Ты збудзіла да новага жыцьця

Сонны горад, сіротку-сяло,

Зацьвіло васілёчкамі ў жыце,

Зазьвінела каралямі слоў



Такіх родных, знаёмах спрадвеку.

Неўміручае, роднае! Ты

Абудзіла ў душы чалавека

Нізку мараў, надзей залатых.



Дык жыві-ж, мілагучнае, вечна,

Над радзімай старонкай зьвіні,

Абдары сваёй ласкай сардэчнай

Нашы, сонцам сагрэтыя, дні!



Сей разумную праўду народу,

Абуджай, заклікай і вядзі.

Як паходня, ў баю за свабоду

Беларускаму люду сьвяці!



23.VII.1942 г.



НАШЫМ ВОРАГАМ



Памяці змагароў-патрыётаў

В. Іваноўскага

і Ў. Казлоўскага



Чаго вам хочацца, сатрапы?

Нашто вам трэба наша кроў?

Нашто рвяцё агіднай лапай

З кагорты нашай змагароў?



За што вы помсьціце, скажэце?!

Хіба за тое, што яны

Вучылі як жывуць на сьвеце

Бяз крыўды, зьдзекаў і маны?



Няўжо вы хочаце наганам

Спыніць за Бацькаўшчыну рух,

Сваёю сілаю паганай

Здушыць крывіцкі вольны дух?



Няўжо вы хочаце прымусьць

Крывіцкіх доблесных сыноў

Зрачыся Маці-Беларусі

Й надзець ланцуг няволі зноў?



Ня ўдасца вам, забойцаў зґрая,

На Беларусь надзець хамут!

Вам не гуляць у нашым краі,

Ня цешыць сэрца звонам пут!



Дарэмны вашы намаганьні:

Жыў беларус і будзе жыць!

Ён сам здалее у змаганьні

Свой шлях да волі пралажыць!



Вы не спужаеце нас болей

Пагрозай сьмерці з-за вугла;

І, шлях цярэбячы да волі,

Мы зьнішчым вас усіх датла.



Надыйдзе грозны час расплаты!

За кроплі нашае крыві, –

Ня хопіць вам, забойцы-каты,

Ўсёй вашай чорнае крыві.



14.XII.1943 г.



МАЕ ХАЦЕНЬНІ



Хочацца мне: на хвіліну

Гора забыўшы й пра сьмерць,

Разам з каханай дзяўчынай

Выпіць вясны мае хмель.



Хочацца: покуль сканаю,

Сілы вярнуць свае зноў,

Зьвіць для радзімага краю

Песьняў цудоўны вянок.



Хочацца мне: для айчыны

Штосьці такое зрабіць,

Каб паказаць, як у чынах

Трэба Радзіму любіць.



1.III.1944 г.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ:
Комментируем публикацию: ЗБОРНІК ВЕРШАУ "АГОНЬ ДУШЫ"


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПОЭЗИЯ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.