ЗОЛАК ЯНКА
Юры КЛЭН
ПАМОЛІМСЯ
Памолімся за тых, што у разлуцы
Памруць, із родных вырваныя хат;
За тых, што ў роспачы на волю рвуцца,
Ўначы грызуць пранты зялезных крат,
Што душаць жаль у невымоўнай муцы;
За тых, каго вядзе на згубу кат.
Над імі, Госпадзі, ў нябеснай цьвердзі
Раскінь далоні міласэрдзя!
Памолімся за тых, хто ў бездарожжы,
Надзею страціўшы у сілы,
Пайсьці на чын і дзеяньне ня можа,
Каго нядоля у ярмо схіліла,
Хто у няшчасьці (зьлітуйся, о Божа!)
Гавора, што ён самы найшчасьлівы.
Паэтаў тых, Магутны, не карай,
Што пекла услаўляюць, нібы рай!
Бо лёс іх, можа, самы найцяжэйшы:
Яны, ўслаўляючы чужы закон,
Які нікога не сагрэў і не пацешыў,
Выпростваюць у хаце вольную далонь,
Уночы іншыя складаюць вершы
І кідаюць дзеля бясьпекі у агонь.
Ня ўбачыць іх: вясна у тых канцонах
Галосіць так, што на душы сьцюдзёна.
Памолімся-ж за тых мы шчыра ўсе,
Каго суворы лёс наш не прыгорне,
Хто не зазнае радасьці й уцех,
Каго бязьлітасна друзґочуць жорны,
Каму замёр у горле крыкам сьмех.
Хто ў днёх захмараных, як ночы, чорных.
Ня кінь Ты, Божа, ў цемрадзі ўсіх тых,
Багаславі іх на шляхох крутых!
З украінскае мовы.
Опубликовано 25 сентября 2004 года