Вы здесь:
БЕЛОРУССКАЯ ЛИТЕРАТУРА

ПРАВІЛЬНАСЦЬ МАЎЛЕННЯ: СІНТАКСІЧНЫЯ НОРМЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ


ЗМЕСТ:

1. Уступ

2. Cінтаксічныя нормы.

3. Кантамінацыя. Яе ўзнікненне.

4. Тыпы кантамінацыі.

5. Сінтаксічная стылістыка.

· Поўныя і няпоўныя сказы.

· Умоўчанне.

· Аднасастаўныя і двухсастаўныя сказы.

· Асабовыя і безасабовыя сказы.

· Намінатыўныя сказы.

· Пытальныя сказы.

· Пабуджальныя і клічныя сказы.

· Сцвярджальныя і адмоўныя сказы.

6. Спіс выкарыстанай літаратуры

Уступ

(Ад аўтара)

Тэма рэферата была выбрана не проста так, не спантанна. Сінтаксічныя нормы беларускай мовы – самы цяжкі раздзел у граматыцы беларускай мовы. А знайсці матэрыял на гэту тэму даволі цяжка. І калі такія раздзелы, як пунктуацыя, арфаграфія, марфалогія, можна знайсці ў любым дапаможніку для паступаючых у ВНУ, то сінтаксіс – толькі ў спецыяльных навуковых працах і выданнях. І вельмі шкада, таму што менавіта сінтаксічныя і стылістычныя памылкі, якія мы робім у сачыненнях, у гаворцы, -- самыя цяжкія для выпраўлення. Мы ўжо прызвычаіліся да іх, не заўважаем, як яны зрываюцца з нашых вуснаў. Асабліва сорамна чуць гэтыя памылкі ў вядучых тэле- і радыёпраграм.

Таму мэта напісання рэферата – сабраць і абагульніць матэрыял па тэме, каб вызначыць некаторыя асноўныя прынцыпы правільнага маўлення з кропкі гледжання сінтаксісу. Рэферат мае некалькі незвычайную форму: тут не сабрана вялізарная колькасць правілаў, а проста паказана як не трэба гаварыць ці пісаць. На мой погляд, гэта і зручней, і цікавей, і весялей. Што ў мяне атрымалася – вам вырашаць.

Сінтаксічныя нормы

Сінтаксічная норма вызначае межы спалучэння слоў. Аднак межы заўсёды вужэй за магчымасці: існуючыя словазлучэнні – гэта толькі частка таго, што можа рэалізавацца ў мове. Сінтаксічная норма грунтуецца на дыялектычным адзінстве таго, што замацавалася, што выпрабавана часам, і таго, што толькі нараджаецца і спрабуе замацавацца ў мове. Кансерватызм сінтаксічнай нормы мае станоўчы характар да той пары, пакуль норма спрыяе лёгкасці і натуральнасці моўнага ўзаемаразумення людзей, і шкодны, як толькі яна пераўтвараецца ў зброю барацьбы з усім новым, што нараджае жывая моўная практыка. Норма павінна пракладаць мяжу не паміж тым, што існуе і да чаго прызвычаілася моўная свядомасць людзей, і тым, што з’яўляецца новым, а паміж тым новым, што натуральна і лёгка ўліваецца ў жывую моўную плынь, і тым, што хоць і новае, але не натуральнае, або збыткоўнае, ці функцыянальна не нагружанае. Гэта мяжа – не цагляны мур, а хутчэй лёгкае збудаванне, узведзенае на падмурку моўнай адукаванасці носьбітаў мовы, іх моўнага чуцця і нават моўных густаў.

Новыя словазлучэнні – гэта, як правіла, новае лексічнае напаўненне існуючых сінтаксічных мадэлей. Сінтаксічная мадэль вызначае толькі самыя агульныя законы спалучэння – і не канкрэтных слоў, а цэлых класаў лексічных адзінак, напрыклад: дзеяслоў + назоўнік він. скл. (чытаць кнігу, выхоўваць дзяцей, вартаваць сад і г.д.). але запаўненне мадэлі рэгламентуецца мноствам семантычных, граматычных і стылістычных правіл, а таксама сэнсам выказвання, логікай разважання. Парушэнне такіх правіл вядзе да ўзнікнення словазлучэнняў, якія не адпавядаюць сінтаксічнай норме, напрыклад:

У Віцебску экспануецца выстаўка мастакоў. Нарыс пра гісторыю роднага краю. Калі ўважліва прыгледзецца наўкол, можна заўважыць... З таго часу музыка Афенбаха і сёння гучыць у тэатрах. На працягу трыццаці гадоў опера была пастаўлена на ўсіх сцэнах краіны. Поспех атрымалі нашы спартсмены і ў спаборніцтвах па. Трэба ўзараць яшчэ 85000 га, каб ажыццявіць мерапрыемствы, прынятыя на партыйных актывах. Мы прыйшлі падзівіцца вялікімі дасягненнямі вашага калгаса ...

Парушэнні якіх моўных заканамернасцей прывялі да памылак у прыведзеных сказах? Тут і таўталогія (экспануецца выстаўка, уважліва прыгледзецца), і недакладнае кіраванне (нарыс пра гісторыю, падзівіцца дасягненнямі), і «скрыжаванне» двух блізкіх па сэнсу, але розных па будове словазлучэнняў (музыка Афенбаха гучыць з таго часу і сёння, ажыццявіць прынятыя мерапрыемствы), і іншыя памылкі.

Аднак усе памылковыя спалучэнні слоў маюць адну агульную рысу: яны з’яўляюцца вынікам узаемадзеяння двух ці больш словазлучэнняў, звычайна блізкіх па сэнсу, параўнайце: экспануюцца карціны, адкрыта выстаўка®экспануецца выстаўка; ажыццявіць мерапрыемствы, выканаць прынятыя рашэнні® ажыццявіць прынятыя мерапрыемствы.

Кантамінацыя і яе ўзнікненне

Узаемадзеянне двух ці болей словазлучэнняў, у выніку чаго нараджаецца трэцяе, і ёсць кантамінацыя. Вынік кантамінацыі – новае словазлучэнне – часта не адпавядае сінтаксічнай норме. Неадпаведнасць сінтаксічнай норме можа быць большай або меншай, і таму ў некаторых выпадках даволі цяжка вызначыць, ці мае новая фраза права на існаванне. Пэўная колькасць кантамінаваных выразаў з цягам часу ўспрымаецца як парушэнне сінтаксічнай нормы. Так, у прыведзеных прыкладах словазлучэнне нарыс пра гісторыю хоць і захоўвае яшчэ адценне сінтаксічнага неалагізма (параўн.: апавяданне пра гісторыю, але нарыс гісторыі), мае падставы замацавацца ў мове. Да ліку словазучэнняў, якія з’яўляюцца вынікам кантамінацыі, але ўжываюцца ў літаратурнай мове, належаць і наступныя: дубліраваць на іншую мову (з перакладаць на іншую мову і дубліраваць), адстаяць краіну (з адстаяць свабоду і абараніць краіну), уплыў усё больш узрастаў (з уплыў узрастаў і уплыў станавіўся больш моцным), адплаціць дабром на дабро (з адплаціць за дабро і адказаць на дабро дабром), аўтар паставіў свёй мэтай вызначыць ( з паставіў задачу і зрабіў сваёй мэтай), над чым думаюць фізікі ( з думаць аб чым і працаваць над чым), ад каго ты навучыўся ( з пераняць ад яго і навучыцца ў яго). Але значна часцей кантамінаванае словазлучэнне супярэчыць інснуючай сінтаксічнай норме і ўспрымаецца як адхіленне ад яе.

Чаму адбываецца кантамінацыя, якія прычыны яе выклікаюць?

Кожная мова, у тым ліку і беларуская, мае велізарныя магчымасці апісання пэўнай пазамоўнай сітуацыі. Чалавек, які карыстаецца мовай, але не цікавіцца яе будовай і магчымасцямі, нават і не падазрае, што амаль для кожнага сказа, які ён вымаўляе, ёсць дзесяткі так званых сітуацыйных сінонімаў-сказаў. Але ўжо 2-3 сінонімы, якімі ён прызвычыўся карыстацца, заўсёды ставяць яго перад выбарам: як сказаць?

Механізм кантамінацыі грунтуецца на дзеянні моўнага закону аналогіі, які ў сваю чаргу з’яўляецца праяўленнем тэндэнцыі мовы да захавання і «ўдасканалення» сваёй сістэмы: словазлучэнні (як і іншыя адзінкі мовы) уваходзяць, па-першае, у пэўныя класы словазлучэнняў, а, па-другое, кожнае новае словазлучэнне будуецца ў адпаведнасці ці па аналогіі з ужо існуючым. Так, у сказе Сустрэча моладзі працягвае работу звяртае на сябе ўвагу выраз сустрэча працягвае работу. Ці можа сустрэча працягваць? Што прывяло да такога незвычайнага спалучэння слоў?

Па-першае, уключэнне слова сустрэча ў адзін сінанімічны рад са словамі з’езд, канферэнцыя, злёт (сэнсавая аналогія). Па-другое, сэнсавая блізкасць пацягнула за сабой прыпадабненне сінтаксічных уласцівасцей:

з’езд

канферэнцыя

злёт

сустрэча
працягвае работу

працягвае работу

працягвае работу

x


Зразумела, што x – таксама працягвае работу. Застаецца толькі спрачацца, ці можна, ці варта так гаварыць па-беларуску.

Вось яшчэ прыклад такой семантыка-сінтаксічнай прапорцыі:

поспехі невялікія

поспехі малыя

поспехі скромныя
страты невялікія

страты малыя

х


Што можа з’явіцца на месцы х? Адказаць няцяжка: страты скромныя. І сапраўды чуем: Страты ў в’етнамцаў у апошнія месяцы скромныя.

Як узнікла словазлучэнне тэлеперадачы для дзяцінства ў сказе Ён працуе галоўным рэдактарам тэлеперадач для дзяцінства? Відаць, па наступнай аналогіі:

юнакі—юнацтва—тэлеперадачы для юнацтва

дзеці—дзяцінства—тэлеперадачы для дзяцінства

Але юнацтва мае і абстрактнае значэнне якасці, і канкрэтнае значэнне «юнакі і дзяўчаты», а дзяцінства – толькі абстрактнае значэнне якасці, і таму словазлучэнне тэлеперадачы для дзяцінства цалкам пазбаўлена сэнсу.

Тыпы кантамінацыі

1. Першы кантамінацыйны тып прадстаўлен сінанімічнымі ў асноўным двухслоўнымі словазлучэннямі. Кожнае словазлучэнне мае адметнае лексічнае напаўненне. Сутнасць кантамінацыі ў дадзеным выпадку заключаецца ў спалучэнні часткі аднаго словазлучэння (дзеяслова) з часткай другога (назоўнікам), у выніку чаго парушаюцца заканамернасці лексічнай спалучальнасці. Некаторыя з кантамінаваных словазлучэнняў можна ўжо лічыць цалкам дапушчальнымі (сказы з такімі словазлучэннямі тут і ў іншых раздзелах адзначаны зорачкамі).

2. Гэты кантамінацыйны тып уключае словы з розным кіраваннем. Кантамінацыя заключаецца ў парушэнні граматычных (ці, дакладней, лексіка-граматычных) заканамернасцей кіравання на падставе лексічнай або кантэкставай сінанімічнасці галоўных слоў двух словазлучэнняў.

3. Кантамінацыя можа ўзнікаць як вынік аб’яднання частак дзвюх, трох і болей сінтаксічных канструкцый, якія ўжываюцца для апісання адной і той жа пазамоўнай сітуацыі. Такія сітуацыйныя сінонімы-фразы маюць вельмі разнастайную сінтаксічную структуру і лексічнае напаўненне. Кантамінацыя вядзе да парушэнняў і лексічных, і граматычных правіл спалучальнасці.

4. Сітуацыйным сінонімам слова ці словазлучэння можа стаць перыфрастычны выраз. Паколькі перыфраза адрозніваецца ад прамога выказвання лексічным складам, яна мае і свае адрозненні ў семантыка-сінтаксічных сувязях. З прычыны сітуацыйнай і лагічнай сінанімічнасці перыфрастычнага і прамога выказванняў адбываецца іх кантамінацыя.

5. Кантамінацыя можа прывесці да ўзнікнення плеанастычнага словазлучэння, калі да асобнага слова далучаецца частка сінанімічнага гэтаму слову словазлучэння або ўвесь сінонім (асобнае слова).

6. У асобны кантамінацыйны тып варта вылучыць змешванне фразеалагічнага словазлучэння з іншым словазлучэннем – свабодным ці фразеалагічным. У такіх выпадках кантамінацыя вядзе не толькі да парушэння заканамернасцей лексіка-граматычнай спалучальнасці, але ў першую чаргу да разбурэння вобразнасці выказвання.

7. Дадзены кантамінацыйны тып прадстаўлен словазлучэннямі, у якіх адлюстроўваецца змешванне беларускіх і іншамоўных канструкцый. Такую кантамінацыю можна разглядаць і як даслоўны пераклад з чужой мовы, і як уласна кантамінацыю – спалучэнне беларускай лексемы з граматычнымі асаблівасцямі яе «сіноніма» -- іншамоўнага эквівалента.

8. Аднакарэнныя словы могуць мець розныя граматычныя характарыстыкі. Лагічная сувязь слоў-паняццяў таксама не абавязкова вядзе да іх граматычнага прыпадабнення. Кантамінацыя словазлучэнняў, у склад якіх уваходзяць аднаканрэнныя ці лагічна звязаныя словы, адбываецца на падставе змешвання адносін: абстрактнасць – канкрэтнасць, род – від і пад.

9. Гэты тып прадстаўлен кантамінацыяй выказванняў, у склад якіх уваходзяць пабочныя словы.

10. Пэўныя групы акалічнасцей у сказах семантычна звязаны з граматычнымі асаблівасцямі дзеяслова – трываннем, станам і г.д. Парушэнне іменна такога роду сувязей і адлюстроўваюць наступныя кантамінаваныя словазлучэнні.

11. Кантамінавацца могуць граматычныя канструкцыі, г. зн. мадэлі словазлучэнняў, якія адрозніваюцца сваёй граматычнай будовай і сваімі сінтаксічнымі функцыямі ў сказе, але маюць нязменнае лексічнае напаўненне. Да іх далучаюцца і сінанімічныя фармальныя сродкі мовы (напрыклад, злучнікі).

12. Складанае кантамінаванае словазлучэнне можа быць вынікам неправамернага аб’яднання частак некалькіх словазлучэнняў у якасці аднародных. Пры гэтым могуць парушацца і граматычныя, і лексіка-семантычныя нормы спалучальнасці.

13. Нарэшце, кантамінацыя можа не весці да парушэння ўласна моўнай нормы, але застаецца неправамернай, паколькі парушае лагічныя сувязі паміж паняццямі і ўяўленнямі, вядзе да недакладнасці або нават лагічнай супярэчнасці ў выказванні.

СІТАКСІЧНАЯ СТЫЛІСТЫКА

Поўныя і няпоўныя сказы. Поўныя сказы – гэта прыналежнасць галоўным чынам кніжнага маўлення – навуковага і афіцыйна-дзелавога стыляў. Часта ўжываюцца яны і ў мастацкай прозе. Поўныя сказы больш самастойныя па сэнсу, чым няпоўныя, і менш залежаць ад кантэксту: Была глыбокая восень. Толькі што мінула пара безупынных дажджоў. Паабапал шашы стаяла вада на полі.

Няпоўныя сказы, наадварот, распаўсюджаны ў вусным маўленні, у размоўным стылі. Яны амаль заўсёды экспрэсіўныя. Найбольш часта выкарыстоўваюцца ў дыялогу:

-- Калі гэта я гаварыла?

-- Учора.

-- Каму?

-- Людзям. Думаеш я нічога не ведаю?

-- Бо і не ведаеш.

-- Ведаю.

-- А ты чула, як я гаварыла?

-- Чула.

Няпоўныя сказы стылістычна важныя як сродак лаканічнага маўлення. Яны моцна звязаны з кантэкстам, без якога змест іх бывае незразумелы.

Умоўчанне. Некалькі адрозніваюцца ад няпоўных сказаў канструкцыі з умоўчаннем, г. зн. спецыяльна, знарок незакончаныя. Умоўчанне – сінтаксічна фігура, якая выкарыстоўваецца ў размоўным, мастацкім і публіцыстычных стылях для ўзмацнення экспрэсіі маўлення, для выражэння пэўных эмоцый гаворачага: Бывала, у нас там, дома, у гэтую пару...

Аднасастаўныя і двухсастаўныя сказы. Параўноўваючы сказы Я стаўлю пытанне на галасаванне і Стаўлю пытанне на галасаванне, можна адзначыць, што яны выступаюць у сінанімічнай функцыі. Першы (двухсастаўны) сказ і другі (аднасастаўны) адрозніваюцца чыста стылістычна (калі толькі асабовы займеннік лагічна не падкрэсліваецца), бо сэнс сказа застаецца аднолькавым незалежна ад наяўнасці або адсутнасці займенніка - дзейніка.

Аднасастаўныя сказы больш экспрэсіўныя, дынамічныя, чым двухсастаўныя: Устаў рана. Хутка сабраў, пазваў Анісю. Разам паснедалі ў людным, але па-ранішняму ціхім рэстаране. (І.М.)

Асабовыя і безасабовыя сказы. Безасабовыя сказы абазначаюць з’явы прыроды, псіхічны ці фізічны стан чалавека ці жывой істоты, дзеянні і працэсы, якія адбываюцца незалежна ад утваральніка, быццам самі па сабе, мімаволі; параўн.: Я добра працую і Мне добра працуецца; Я не сплю і Мне не спіцца; Думаю і Думаецца. Першыя ў гэтых парах – сказы з дзейнікам, другія бяздзейнікавыя.

Блізкія па значэнню няпэўна-асабовыя і безасабовыя сказы: Прапануюць прыступіць да працы і Прапануецца прыступіць да працы. Апошнія ўжываюцца пераважна ў дзелавым маўленні – у паведамленнях на сходах, у афіцыйных аб’явах, інфармацыях і г. д.

У няпэўна-асабовых сказах увага сканцэнтравана на факце, падзеі, дзеянні, а суб’ект дзеяння застаецца ўбаку, бо ён ці невядомы, ці, наадварот, добра вядомы і таму не называецца.

Няпэўна-асабовыя сказы часта ўжываюцца ў якасці загалоўкаў газетных карэспандэнцый і артыкулаў: «Пабудавалі новы клуб»; «Злачынцаў выпусцілі на волю».

Некалькі іншую стылістычную функцыю выконваюць абагульнена-асабовыя сказы, у якіх дзеянне, абазначанае дзеясловам, можа адносіцца да любой асобы, да кожнага, хто аказваецца ў адпаведных умовах. Гэтым і тлумачыцца той факт, што абагульнена-асабовыя сказы ўспрымаюцца часта як вывад, павучэнне, заключэнне і г.д. Нездарма форму такіх сказаў маюць шматлікія народныя выказкі, прымаўкі, прыказкі: Адным светам сэрца не запаліш. Аднымі рукамі многа не зробіш.

Сінанімічная замена асабовых канструкцый безасабовымі магчыма толькі тады, калі гутарка ідзе пра неадушаўленыя прадметы (з’явы прыроды, рэчывы і г.д.): Быццам упершыню дыхнула на яго салёным ветрам недалёкай Балтыкі. Безасабовыя канструкцыі нельга ўжываць, калі гутарка ідзе пра асоб і жывёл: Лесарубы звалілі дрэва (нельга сказаць: Лесарубамі зваліла дрэва).

Намінатыўныя сказы. Намінатыўныя сказы, у якіх адзіны галоўны член выражаны назоўным склонам назоўніка, толькі называюць прадметы або з’явы: Імглісты дзень. Мокры скавыш. Казарма. Палігон. Вайна.

Намінатыўныя сказы, як правіла, вельмі лаканічныя, кароткія. Ужываюцца яны як у пісьмовым маўленні, так і ў вусным (пераважна ў размоўным стылі).

Блізкія па сваіх функцыях да намнатыўных вакатыўныя сказы (адзіны член – зваротак): Ой, хлопчыкі! Казакі!

Таксама фармальна блізкія да намінатыўных сказаў такія сінтаксічныя канструкцыі, як назоўныя тэмы, якія не самастойныя, цесна звязаны з наступным сказам у адрозненне ад самастойнага намінатыўнага сказа: Эх, Люся,Люся! Калі я прыйшоў у полк, яна яшчэ была ў гэтай батарэі санітарным інструктарам.

Пытальныя сказы. Пытальныя сказы з’яўляюцца ў цэлым экспрэсіўнымі і часцей за ўсё ўжываюцца ў вусным маўленні. Яны падзяляюцца на дзве групы ў залежнасці ад характару адказа, які чакаецца. У адных выпадках той, хто гаворыць, толькі чакае падцвярджэння ці адмаўлення думкі, якую выказвае; пытальныя сказы тады звычайна адрозніваюцца ад апавядальных толькі інтанацыяй або пытальнай часціцай і не маюць іншых пытальных лексічных сродкаў мовы: Вы падрыхтавалі даклад? Тут магчымыя толькі два адказы – «так» ці «не».

У другіх выпадках, наадварот, той, хто пытаецца, хоча высветліць якія-небудзь падрабязнасці, атрымаць поўную інфармацыю; у пытальны сказ уключаюцца пытальныя словы калі, чаму, чаго, куды, адкуль, навошта, дзе і г.д.: Адкуль жа вы?

Пытальны сказ, які выражае сцвярджэнне або дамаўленнеі не патрабуе адказу, называецца рытарычным пытанннем. У мастацкім і публіцыстычным стылях рытарычнае пытанне -- распаўсюджаная стылістычная фігура. Яна ўжываецца як прыём стварэння ўрачыстых, узнёслых, паэтычных кантэкстаў: Што ім людзі, прапаведнікам атамных і вадародных бомб?

Пабуджальныя і клічныя сказы. Пабуджальныя сказы выражаюць розныя адценні пабуджэння: пажаданне, параду, просьбу, забарону, загад, патрабаванне і г.д.: Пакажыся свету, свету ды народу, родная старонка, як зара да ўсходу!

Клічныя сказы выражаюць самыя разнастайныя пачуцці: захапленне, радасць, замілаванне, здзіўленне, спачуванне, прывітанне, шкадаванне, смутак, адчай, абурэнне. Эмацыянальнасць клічных сказаў узмацняюць разнастайныя дзеясловы, займеннікі і займенныя прыслоўі, якія з’яўляюцца паказчыкам граматычнай структуры гэтых сказаў: Ой, іх збіраць ахвоту маю!.. Эх, мілы край адвечнай мукі!

Клічнымі з’яўляюцца і такія пытальныя і апавядальныя сказы, у якіх значэнні паведамлення, пытання ўскладняюцца эмацыянальнымі значэннямі і якія вымаўляюцца з клічнай інтанацыяй: Але час настаў!

Сцвярджальныя і адмоўныя сказы. Сцвярджальныя сказы выражаюць такія сувязі паміж паняццямі, якія адлюстроўваюць рэальныя сувязі паміж з’явамі рэчаіснасці: Купала – вялікі паэт Беларусі.

Адмоўныя сказы ўжываюцца часам у значэнні сцвярджальных (рытарычнае адмоўе): Чым толькі не бароняцца, як не ратуюцца в’етнамцы ад грабежных нападаў!

Некаторыя віды адмоўных сказаў маюць стылістычна абмежаванае выкарыстанне. Афарбоўку вуснага маўлення маюць, напрыклад, няпоўныя адмоўныя сказы, у якіх адмоўе выражаецца ўзмацняльнай часцінай ні (ані) або адмоўнымі займеннікамі і прыслоўямі. Такім сказам сінанімічныя поўныя сказы з часціцай не, якія выражаюць адмоўе менш экспрэсіўна, параўн.: «Ні з месца!» -- загрымеў Букрэй у святліцы. (Параўн.: Не кранайцеся з месца!)

Канструкцыі з двайным адмоўем маюць афарбоўку пісьмовага маўлення. Яны больш экспрэсіўныя, чым сінанімічныя ім сцвярджальныя канструкцыі (параўн.: Ён прыйшоў і Ён не мог не прыйсці).

Спіс выкарыстанай літаратуры:

1. А.Я. Міхневіч Сінтаксічная норма і кантамінацыя словазлучэнняў Мн., 1973.

2.Цікоцкі М.Я Стылістыка беларускай мовы: Вучэб. дапам. для фак. журналістыкі. Мн.: Універсітэцкае, 1995.

3. Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том 5. Нарысы, артыкулы, пераклады. Мн., «Маст. літ», 1976.

© Минская коллекция рефератов


Комментарии:


ИНФОРМАЦИЯ ПО РЕФЕРАТУ:

СТУДЕНТАМ! Уважаемые пользователи нашей Коллекции! Мы напоминаем, что наша коллекция общедоступная. Поэтому может случиться так, что ваш одногруппник также нашел эту работу. Поэтому при использовании данного реферата будьте осторожны. Постарайтесь написать свой - оригинальный и интересный реферат или курсовую работу. Только так вы получите высокую оценку и повысите свои знания.

Если у вас возникнут затруднения - обратитесь в нашу Службу заказа рефератов. Наши опытные специалисты-профессионалы точно и в срок напишут работу любой сложности: от диссертации до реферата. Прочитав такую качественную и полностью готовую к сдаче работу (написанную на основе последних литературных источников) и поработав с ней, вы также повысите ваш образовательный уровень и сэкономите ваше драгоценное время! Ссылки на сайт нашей службы вы можете найти в левом большом меню.

ВЕБ-ИЗДАТЕЛЯМ! Копирование данной работы на другие Интернет-сайты возможно, но с разрешения администрации сайта! Если вы желаете скопировать данную информацию, пожалуйста, обратитесь к администраторам Library.by. Скорее всего, мы любезно разрешим перепечатать необходимый вам текст с маленькими условиями! Любое иное копирование информации незаконно.



Флаг Беларуси Поиск по БЕЛОРУССКИМ рефератам