«Зацюканы апостал». Характарыстыка персанажаў, іх сімвалічнасць і падкрэсленая абагульненасць

Критика на произведения белорусской литературы. Сочинения, эссе, заметки.

NEW КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ


КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ: новые материалы (2025)

Меню для авторов

КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему «Зацюканы апостал». Характарыстыка персанажаў, іх сімвалічнасць і падкрэсленая абагульненасць. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2023-09-25
Источник: Навукова-метадычная установа «Нацыянальны інстытут адукацыі» Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь

Па вызначэнні самога аўтара, у п’есе «Зацюканы апостал» «дзейнічаюць такія асобы»: Тата, Мама, Сын, Дачка, Дзед, палітычны каментатар. Героі не маюць ні прозвішчаў, ні імёнаў, у чым выявілася аўтарская задума стварыць абагульненыя вобразы, вобразы-сімвалы. Кожны з герояў выступае ў творы выразнікам пэўных маральных прынцыпаў, пэўнай жыццёвай філасофіі.


Галоўным героем п’есы з’яўляецца Сын, або Малыш, як называюць яго ў сям’і. Менавіта з яго вобразам звязана назва твора. Вызначэнне жанру твора як трагікамедыі абумоўлена сцэнічным лёсам Сына. З яго вобразам звязаны ўсе падзеі, калізіі п’есы. Малыш з’яўляецца ў трагікамедыі «Зацюканы апостал» своеасаблівым кампазіцыйным цэнтрам, «галоўным “рухавіком” у раскрыцці драматычнага канфлікту твора» (Ю. Сохар). Ад правільнага асэнсавання вобраза галоўнага героя залежаць усведамленне аўтарскай ідэі, разуменне канцэпцыі п’есы.


Літаратурныя і тэатральныя крытыкі, рэжысёры па-рознаму прачытвалі і сцэнічна ўвасаблялі гэты вобраз. Літаратуразнавец Марыя Шаўлоўская ў 1970-я гады адзначала, што «ўсе персанажы трагікамедыі “Зацюканы апостал” у пэўнай ступені з’яўляюцца абстрактнымі фігурамі, але асабліва абстрагаваны вобраз Сына. Ён найбольш адкрытая персаніфікацыя аўтарскай ідэі». С. Лаўшук, наадварот, сцвярджаў, што паміж героем п’есы і аўтарам няма агульнасці. Блізкі сябар А. Макаёнка і даследчык яго творчасці Г. Колас сведчыў, што сам аўтар «Трыбунала» і «Зацюканага апостала» пра сябе сказаў так: «Калабок — я. І Апостал — я».


Ю. Сохар лічыў, што драматург стварыў «вобраз не ардынарны… Складанасць вобраза Сына ў тым, што аўтар паказвае яго шматпланавай фігурай. У ім факусіруецца галоўная ідэя твора — невырашальнасць канфлікту асобы і… грамадства; праз барацьбу канкрэтных характараў пазнаецца сутнасць ідэалагічных, сацыяльна-маральных супярэчнасцей».


С. Лаўшук звярнуў увагу на тое, што «пераважная большасць даследчыкаў схільны бачыць у гэтым вобразе ўвасабленне станоўчасці. Для іх ён — апостал справядлівасці, які, нягледзячы на свой юны ўзрост, смела кінуў выклік мяшчанскаму царству хлусні, прыстасаванства, ханжаству і фарысейству. І зусім не бянтэжыла іх тая немалаважная акалічнасць, што апостал зацюканы — як бы ўжо і не апостал. Варта было звярнуць увагу на аўтарскую характарыстыку героя. З аднаго боку, у ёй прарываецца яўнае захапленне: «Не дзіця, а камяк голых нерваў. Гарачлівы. Калючы. Мазгавіты. У нас гэткіх разумнікаў не бывае, а калі дзе і трапіцца, дык пра гэта звычайна кажуць: малады, ды ранні. А ў іх вундэркіндам завуць. Але гэты — вундэркінд асобага роду: ён — не матэматык, не музыкант, не шахматыст, не паліглот, а зусім нечакана — вундэркінд-палітык. Пакуль што малавопытны, бо малады: што думае, тое і гаворыць».


У асобе маладога-ранняга палітыка даследчыка насцярожвае тое, што ён як непатрэбшчыну адкідвае такія якасці, як «дабрата, шчырая сумленнасць, ласкавасць». С. Лаўшук пісаў, што «вобраз Сына — унікальная мастацкая з’ява ў беларускай драматургіі. Створаны ў тэхніцы “святла-ценю”, ён уражвае не толькі сваёй супярэчнасцю і парадаксальнасцю, але і маштабнасцю, якой няма ў большасці герояў-малалетак з сусветнай літаратуры, у тым ліку і ў прастадушна-праўдзівага хлапчука андэрсенаўскай казкі «Голы кароль», з якім ахвотна параўноўвалі яго многія даследчыкі».


Малыш і яго сястра выхоўваюцца ў прыстойнай сям’і з матэрыяльным дастаткам. Тата працуе чыноўнікам у адной саліднай установе, Мама — выкладчыцай у каледжы. Але Сын заўважыў, што яны жывуць у свеце хлусні і падману, іх разважанні пра дабрачыннасць, высакароднасць не падмацоўваюцца рэальнымі ўчынкамі і паводзінамі. Малыш хоча перайначыць свет, бо яму не падабаецца, як жывуць яго «продкі». Толькі крэсла прэзідэнта можа даць вундэркінду такую магчымасць. I ён пачынае рыхтаваць сябе да гэтай адказнай пасады: штудзіруе кнігі па гісторыі, праве, уважліва сочыць за палітычнымі падзеямі, што адбываюцца ў свеце.


Здавалася б, неблагая мара, але насцярожвае тое, дзеля чаго Сын імкнецца да ўлады. У палеміцы з Мамай, якая бачыць сэнс жыцця ва ўменні «грошы рабіць», герой заўважае: «Улада даражэй за ўсякія грошы».


За знешняй нязгодай з пануючай мараллю грамадства праяўляецца тонкі і цынічны разлік наваяўленага прэтэндэнта на прэзідэнцкае крэсла. З мноства прачытаных кніг ён цвёрда засвоіў, што для таго, каб апынуцца на вяршыні палітычнай піраміды, трэба з дзяцінства выхоўваць у сабе адпаведныя рысы: «Сучасны цэзар павінен умець быць абаяльным, каб выклікаць пачуцці прыязнасці ва ўсіх, хто хоць раз пабачыцца з ім. Павінен умець прыкідвацца праўдзівым, калі нахабна хлусіць, прыкідвацца чэсным, калі беспардонна ашуквае, шчырым, будучы фальшывым, цвёрдым і ўпэўненым, калі нават грызуць сумненні, прыкідвацца добрым і ласкавым, падпісваючы смяротны прыгавор».


Малады палітык прыходзіць да высновы, што для дасягнення мэты свайго жыцця яму трэба навучыцца майстэрству хлусіць, шантажыраваць, ашукваць, і імкнецца праверыць свае тэарэтычныя веды на практыцы. Лабараторыяй яго палітычных эксперыментаў становіцца сям’я. Улічваючы ўмоўнасць пабудовы сюжэта, А. Макаёнак прыадчыніў перад чытачом заслону ў будучыню: па паводзінах Малыша ў сям’і няцяжка ўявіць, што ён рабіў бы, каб быў кіраўніком дзяржавы.


Метады кіравання Сына, спосабы ўздзеяння на людзей носяць дыктатарскі, аўтарытарна-цынічны характар. Ён падслухоўвае размовы Мамы і Таты па тэлефоне, якія іх кампраметуюць, і шляхам шантажу патрабуе ад бацькоў матэрыяльнай кампенсацыі за захаванне тайны.


У фінале п’есы драматург вяртае свайго героя ў свет рэальнага жыцця. Сын перастае іграць ролю цэзара і зноў становіцца звычайным падлеткам. Ён пачынае разумець сапраўднуюсутнасць знешняй добрапрыстойнасцi блізкіх і папракае іх у крывадушнасці: «Вы вялікія. I ваша хлусня — аграмадная». Такім чынам, маскі скінуты, дарослым няма чаго сказаць у адказ свайму дзіцяці. Праўда згуртавала Тату, Маму і Дзеда супраць Малыша.


У шырокім сэнсе гэта трэба разумець як гатоўнасць кансерватыўных сіл грамадства да апошняга абараняць свае прынцыпы. Яны вымушаны прымяніць сілу і тым самым прызнаць сваё ідэйнае паражэнне, маральную нежыццяздольнасць. Для самога вундэркінда канфлікт з роднымі, а значыць і канфлікт з грамадствам, абярнуўся трагедыяй.


Яго вуснамі А. Макаёнак вымушаны быў канстатаваць сумную ісціну: «Пакуль ёсць праўда і крыўда, ёсць багатыя і бедныя, ёсць сытыя і галодныя... ёсць жандары і паэты, ёсць асуджаныя і ка´ты, да таго часу будуць зайздрасць, падман, грабеж, нянавісць, барацьба, каварства, кулакі, локці, зубы...» Аўтарскі песімізм навеяны тагачаснымі рэаліямі, але заключныя акорды п’есы даюць спадзяванне на лепшую будучыню чалавецтва.


Новые статьи на library.by:
КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ:
Комментируем публикацию: «Зацюканы апостал». Характарыстыка персанажаў, іх сімвалічнасць і падкрэсленая абагульненасць

подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.