Iван Шамякін. Біяграфія

Критика на произведения белорусской литературы. Сочинения, эссе, заметки.

NEW КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ


КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ: новые материалы (2025)

Меню для авторов

КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Iван Шамякін. Біяграфія. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь



Перш чым стаць добрым спецыялістам, трэба стаць чалавекам. Проста чалавекам. Праўдзівым, шчырым...


І. Шамякін.


Iван Пятровіч Шамякін — народны пісьменнік Беларусі, адзін з класікаў айчыннай літаратуры, творы якога перакладаліся больш чым на 30 моў свету. Усе самыя важныя падзеі, што адбываліся ў савецкай краіне на працягу амаль шасці дзесяцігоддзяў, знайшлі адлюстраванне ў яго аповесцях і раманах.


Нарадзіўся будучы пісьменнік 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма´ Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. У аўтабіяграфіі творца зазначаў: «Запісваў святы айцец на чацвёртым годзе рэвалюцыі па старому ці па новаму стылю — невядома. Маці мая не помніць дату майго нараджэння, як не помніць яна дат нараджэння і ўсіх другіх дзяцей...». Яго бацька, Пётр Мінавіч, страціўшы надзею разжыцца на ўласнай зямлі, з 1925 года пачаў працаваць лесніком у Цярэшкавічах пад Нова-Беліцай. Па сведчанні Івана Пятровіча, у памяці на ўсё жыццё засталіся гэтыя прыгожыя мясціны, дубы на беразе Сожа і першы раз убачаны параход. У 1927 годзе сям’я пераехала на новае месца бацькавай працы — у леснічоўку пад Пясочнай Будай Церахоўскага раёна.


Цікавыя факты пра бацькоў пісьменніка можна знайсці ў кнізе «Іван Шамякін: вядомы і невядомы: успаміны, эсэ, аповесць», укладальнікам якой з’яўляецца дачка пісьменніка, вядомы літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, прафесар Таццяна Іванаўна Шамякіна. Прывядзём некаторыя з іх:


«Бацька Івана Шамякіна — Пятро Мінавіч Шамякін (1899—1966) — нарадзіўся ў вёсцы Карма Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Добрушскі раён Гомельскай вобласці). Сын батрака. Скончыў два класы царкоўна-прыходскай школы ў Карме. <…> Чалавек быў горды, непадкупны, бездакорна нёс службу лесніка. <…>


У час Вялікай Айчыннай вайны дапамагаў партызанам… <…>


Любіў чытаць, ведаў на памяць «Біблію» Кандрата Крапівы і шмат якія мясціны з «Новай зямлі» Якуба Коласа. <…>


Нават у старасці адрозніваўся надзвычайнай цікавасцю да розных праяў жыцця і вялікай рухавасцю.


Маці Івана Шамякіна — Сынклеція Сцяпанаўна Калініна (1897—1970). Паходзіла з багатай сялянскай сям’і. Бацька яе да 1917 года шмат гадоў быў старастам вялікага сяла (700 двароў). Маці будучага пісьменніка нарадзілася ў Карме Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Добрушскі раён Гомельскай вобласці).


Была непісьменная. Умела толькі распісацца і чытала па складах. <…>


Маці Шамякіна — нястомная працаўніца. Усё ўмела рабіць: араць, сеяць, касіць. Не Пятро Мінавіч, які нёс службу лесніка і не меў часу працаваць на зямлі, а менавіта яна выконвала ўсю сялянскую работу.


У 1920—1930-я гады сям’я жыла бедна. Прычым калі Пятро Мінавіч быў ашчадны, дык Сынклеція Сцяпанаўна — выключна шчодрая, вызначалася і выключнай дабрынёй, усе яе любілі. <…>


Рысы характару сваёй маці Іван Шамякін увасобіў у эпізадычных гераінях ужо першай аповесці «Помста» і ў раннім апавяданні «Наташа». Ва ўсёй жа цэласнасці сваёй натуры маці пісьменніка паўстае ў рамане «У добры час» (1954). <…>


У рамане «Крыніцы» (1956) таксама прысутнічае вобраз маці братоў Касцянкоў. Тут, выбіраючы імя для гераіні, пісьменнік ушанаваў матулю сваёй жонкі Уліту Парфёнаўну (у рамане Уліта Антонаўна), але рысы характару зноў-такі браў ад сваёй маці».


Пачатковую школу будучы пісьменнік скончыў у вёсцы Краўцоўка. З-за частых пераездаў бацькі-лесніка І. Шамякіну давялося часта мяняць школы. У пятым і шостым класах ён вучыўся ў Кармянскай школе, скончыў Макаўскую сямігодку.


 


З цеплынёй успамінаў пісьменнік настаўніцу роднай мовы і літаратуры Яўгенію Кузьмінічну Анціпаву: «Яна неяк асабліва змагла прывіць любоў да роднага слова, такую моцную, што пранёс я яе і праз тэхнікум, дзе мову не вывучалі, і праз вайну, дзе заўсёды гаварыў па-руску».


Пасля заканчэння сямігодкі І. Шамякін паступіў у Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. З якіх меркаванняў і чаму выбраў гэту навучальную ўстанову, не мог патлумачыць нават у сталым узросце. У студэнцкія гады ён пачаў пісаць спачатку вершы, а затым і празаічныя творы. Хутка стаў членам літаратурнага аб’яднання пры абласной газеце «Гомельская праўда». Там пазнаёміўся з беларускімі паэтамі: Л. Гаўрылавым, які пазней загінуў на вайне, К. Кірэенкам і Д. Кавалёвым, вядомым рускім паэтам і перакладчыкам з беларускай мовы.


Пасля заканчэння тэхнікума ў 1940 годзе І. Шамякін быў накіраваны ў горад Беласток, дзе працаваў тэхнікам прамкамбіната, але хутка быў прызваны ў армію. Ён служыў у зенітна-артылерыйскай часці ў Мурманску. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, зенітчыкі абаранялі Мурманск, Кандалакшу, Петразаводск ад варожых самалётаў. Іван Шамякін спачатку быў камандзірам гарматы, пасля — камсоргам дывізіёна.


Ён па-ранейшаму пісаў вершы і апавяданні. У апошні год вайны вайсковую часць, у якой служыў пісьменнік, перакінулі ў Польшчу, пасля — у Германію. У гэты час І. Шамякін напісаў апавяданне «У снежнай пустыні» (1944), аповесць «Помста» (1945) — творы пра чалавечую годнасць, выпрабаваную вайной. Вялікую Перамогу пісьменнік сустрэў на Одэры, але служыў яшчэ да восені. 


Пачаткам сур’ёзнай літаратурнай дзейнасці І. Шамякіна лічыцца 1945 год. У часопісе «Полымя» была надрукавана яго аповесць «Помста». Пасля дэмабілізацыі пісьменнік вярнуўся на Гомельшчыну, дзе жылі жонка з дачкой. Стаў працаваць настаўнікам, займаўся аднаўленнем разбуранай гаспадаркі, збіраў матэрыял для рамана «Глыбокая плынь».


Іван Шамякін паступіў вучыцца на завочнае аддзяленне Гомельскага педінстытута. У гэты перыяд яму працавалася плённа. Ён напісаў раманы «Глыбокая плынь» (1949) — пра партызанскі рух у Беларусі, «У добры час» (1953) — пра пасляваеннае аднаўленне. Мастак слова быў запрошаны на першы пасляваенны пленум Саюза пісьменнікаў БССР. У 1948 годзе І. Шамякін паступіў у Рэспубліканскую партыйную школу і пераехаў у Мінск.


Доўгія гады займаў адказныя пасады ў апараце Саюза пісьменнікаў БССР, у тым ліку пасаду першага намесніка старшыні і першага сакратара праўлення. Яму пашчасціла сустракацца з Якубам Коласам і М. Лыньковым, працаваць з П. Броўкам і Максімам Танкам, сябраваць з І. Мележам і А. Макаёнкам.


У 1980-я гады І. Шамякін стаў галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя П. Броўкі». Ён таксама займаў шэраг дзяржаўных пасад: выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і СССР, даволі працяглы час быў старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. У 1972 годзе І. Шамякіну было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР.


За актыўную творчую і грамадскую дзейнасць ён быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР, Дзяржаўнай і Літаратурнай прэміямі імя Якуба Коласа. Прызнаннем яго заслуг стала абранне акадэмікам Акадэміі навук Беларусі ў 1994 годзе.


Галоўнай справай жыцця І. Шамякіна заўсёды была творчая праца. Надзвычай плённай яна аказалася ў другой палове 1950-х — 1970-я гады, калі былі напісаны раман «Крыніцы» (1956) і пенталогія «Трывожнае шчасце», якую склалі аповесці «Непаўторная вясна » (1957), «Начныя зарніцы» (1958), «Агонь і снег» (1959), «Пошукі сустрэчы» (1959), «Мост» (1965).


Дзве тэмы — вайна і сучаснасць — былі цэнтральнымі ў творчасці Івана Пятровіча, часта яны спалучаліся ў адным творы. Так адбываецца ў раманах «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Вазьму твой боль» (1979) і інш.


У апошні перыяд творчасці (1985—2004) І. Шамякін шмат пісаў. Гэта раманы «Зеніт» (1987), «Злая зорка» (1991), «Вялікая княгіня » (1996), 19 аповесцей, апавяданні, дзённікавыя запісы... Яны склалі кнігі «Сатанінскі тур» (1995), «Палеская мадонна» (1998), «Роздум на апошнім перагоне» (1998), «Пошукі прытулку» (2001) і «Промні маленства» (2002).


Постсавецкая рэчаіснасць узбагаціла творчасць І. Шамякіна новымі тэмамі, праблемамі, вобразамі. Былі напісаны творы сацыяльнай тэматыкі: аповесці «Падзенне», «Сатанінскі тур», «Без пакаяння», «Крывінка» і інш. У аповесцях «Вернісаж », «Адна на падмостках» паказаны драматычны лёс інтэлігенцыі ў новы час. «Цяпер я адгукаюся на ўсё тое, што з намі адбываецца, я не магу прайсці міма. Калі пісьменніку жывецца дрэнна — ці ад яго можна чакаць светлых і станоўчых вобразаў? Адбываецца падзенне нораваў у грамадстве.


Мае творы — гэта мая трывога, мой боль, мой звон: “Людзі, апомніцеся!” », — тлумачыў пісьменнік сваю мастакоўскую пазіцыю ў адным з інтэрв’ю. Застаючыся летапісцам сучаснасці, І. Шамякін не мог застацца абыякавым да чарнобыльскай катастрофы. Яго родная Гомельшчына якраз і аказалася ў эпіцэнтры бяды. Ён першым у беларускай літаратуры напісаў твор буйной жанравай формы чарнобыльскай тэматыкі — раман «Злая зорка» (1991), а пазней — аповесць «Зона павышанай радыяцыі » (1997). Чарнобыльская тэма ў гэтых творах перакрыжоўваецца з тэмай вайны ў Афганістане.


Прататып (ад грэч. protos — ‘першы’; typos — ‘арыгінал’), або правобраз, — рэальная асоба, рысы характару, жыццё або нейкія ўчынкі якой паслужылі пісьменніку асновай для створанага ім лiратурнага вобраза.
Надзвычай балюча перажываў І. Шамякін смерць жонкі, з якой пражыў пяцьдзясят восем гадоў. Мужная і адданая жанчына нават у час невылечнай хваробы перадрукоўвала творы мужа-пісьменніка. Гэтыя перажыванні нарадзілі адзін з лепшых твораў апошняга перыяду — аповесць «Слаўся, Марыя!» (1998). Марыя Філатаўна была прататыпам многіх жаночых вобразаў у шамякінскіх раманах і аповесцях (Саша Траянава з пенталогіі «Трывожнае шчасце», Галіна Адамаўна, жонка доктара Яраша, з рамана «Сэрца на далоні» і інш.).


Вынікам творчай эвалюцыі пісьменніка стаў гістарычны раман «Вялікая княгіня» (1997), які быў неадназначна ўспрыняты крытыкамі. Але, нягледзячы на гэта, у ім знайшлі адлюстраванне хрысціянскія матывы, што значна ўзбагаціла філасофскі змест твора, раскрыла новыя грані Шамякіна — творцы і чалавека. Мастак слова сцвярджаў прыярытэт духоўных каштоўнасцей у няўстойлівай постсавецкай прасторы.


У параўнанні з іншымі пісьменнікамі І. Шамякін пакінуў шмат дзённікавых запісаў. Дзённікі 1980—1995 гадоў апублікаваны пад назвай «Роздум на апошнім перагоне». «Начныя ўспаміны» — гэта запісы апошніх гадоў жыцця пісьменніка. Яны друкаваліся ў «Полымі » за 2003 год, а ў наступным годзе І. Шамякіна не стала. Дарэчы, гэтым годам датуецца і апошняе яго апавяданне «Ваня-матэматык», што сведчыць пра творчую і грамадзянскую актыўнасць І. Шамякіна да канца жыцця, заклапочанасць народнага пісьменніка лёсам Беларусі.


Новые статьи на library.by:
КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ:
Комментируем публикацию: Iван Шамякін. Біяграфія

подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.