Беларуская літаратура пасляваенных дзесяцігоддзяў (1945—1965)
Критика на произведения белорусской литературы. Сочинения, эссе, заметки.
Першае пасляваеннае дзесяцігоддзе
Першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі ўяўляюць сабой важны, але неаднародны ў ідэйна-эстэтычных адносінах перыяд літаратурнага развіцця. Разгледзім асноўныя тэндэнцыі, якія фарміравалі аблічча нацыянальнага прыгожага пісьменства ў 1945—1965 гадах.
Першае пасляваеннае дзесяцігоддзе
Перамога СССР у Вялікай Айчыннай вайне абумовіла патрыятычны і жыццесцвярджальны пафас літаратуры гэтага перыяду. Цэнтральнымі ў слоўным мастацтве з’яўляліся тэмы нядаўняй вайны і аднаўлення мірнага жыцця, адбудоўвання гарадоў і вёсак. Аслабленая за гады рэпрэсій і ваеннага ліхалецця пісьменніцкая супольнасць (Кастусь Кірэенка, Анатоль Вялюгін, Аляксей Пысін, Мікола Аўрамчык, Аляксей Кулакоўскі, Iван Мележ, Iван Шамякін, Кастусь Губарэвіч, Андрэй Макаёнак, Максім Танк, Янка Брыль) захавала некаторых прадстаўнікоў старэйшага пакалення і прырасла яркімі індывідуальнасцямі з ліку былых франтавікоў і прадстаўнікоў заходнебеларускай літаратуры.
Паэзія
У многіх вершах паэтаў-франтавікоў адлюстраваны складаныя пачуцці салдата, які сустрэў доўгачаканую Перамогу, вярнуўся ў родныя мясціны, але замест квітнеючых садоў убачыў папялішчы (вершы 1945 года: «Франтавік» Пімена Панчанкі, «Зварот» Пятра Глебкі, «Скончыўшы паход» Максіма Лужаніна, «Сумна пахне палын...» Анатоля Вялюгіна). У лірыцы першых пасляваенных гадоў яшчэ чулася водгулле нядаўняй трагедыі, паўставалі малюнкі руін і спусташэння, а таму ў ёй гучалі тужлівыя ноты. Але, нягледзячы на гэта, у большасці твораў увасаблялася надзея на лепшае, адчуваўся энтузіязм і рашучасць былых воінаў аднавіць знішчанае ворагам. Гэта ідэя была прадыктавана сапраўдным народным рухам па аднаўленні Радзімы і працоўным гераізмам.
Вядучая для ўсёй пасляваеннай літаратуры тэма адбудовы разбуранай гаспадаркі і стваральнай працы знайшла адлюстраванне ў лірыцы Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі, Аляксея Пысіна, Анатоля Вялюгіна, Сяргея Дзяргая і інш.
Захапленне навакольнымі краявідамі і паяднанне лірычнага героя са светам прыроды выявіліся ў лірыцы былога франтавіка Кастуся Кірэенкі. Пейзажныя вершы «Асенняе рэха», «Раніца на Свіцязі », «Летняя ноч» не толькі раскрылі самабытны талент аўтара, але сталі адметнай з’явай тагачаснай паэзіі. Прыродаапісальная лірыка побач з інтымнай і філасофскай шырока прадстаўлена і ў шматлікіх вершах з першых пасляваенных зборнікаў Максіма Танка («Каб ведалі»; «На камні, жалезе і золаце»; «У дарозе»).
Здабыткі ў жанры паэмы
У блізкім тэматычным ключы развівалася і беларуская паэма: творы Петруся Броўкі «Ясны кут», «Хлеб», Пімена Панчанкі «Маладосць у паходзе», Аркадзя Куляшова «Новае рэчышча», «Толькі ўперад» і іншыя сведчылі пра мастацкія пошукі аўтараў у гэтым жанры.
Проза
Для літаратуры гэтага перыяду характэрны павышаная цікавасць да тэмы вайны і партызанскага змагання, паказ кіруючай ролі камуністычнай партыі, яе вызначальнага ўкладу ў перамогу над ворагам. Усе падзеі ўзнаўляліся з панарамным, эпапейным размахам, як, напрыклад, у раманах Івана Шамякіна «Глыбокая плынь», Міхася Лынькова «Векапомныя дні», Івана Мележа «Мінскі напрамак», Аляксея Кулакоўскага «Расстаёмся ненадоўга». У творах дзейнічала вялікая колькасць персанажаў, якія рэзка размяжоўваліся на станоўчых (савецкіх людзей) і адмоўных (фашыстаў і іх паслугачоў). Вобразы галоўных герояў белетрызаваліся і рамантызаваліся.
Трэба адзначыць, што такое захапленне героямі вайны і працы было прадыктавана не толькі ідэалагічнымі ўстаноўкамі, але і рэальнасцю: краіна была спустошана — і толькі людзі вялікай духоўнай сілы, трываласці маглі ўзняць яе з руін.
Замежныя даследчыкі, што пісалі пра Другую сусветную вайну, у адрозненне ад беларускіх літаратараў, не мелі доступу да савецкіх архіваў. Таму англійскі гісторык Эрыксан у навуковым даследаванні спасылаўся на мастацкі тэкст Івана Мележа «Мінскі напрамак», дзе вельмі дакладна прапісаны ўсе фактаграфічныя дэталі (напрыклад, знаходжанне савецкіх войск у пэўны дзень у пэўнай мясцовасці).
На фоне твораў, прысвечаных нядаўняй вайне, усенароднаму змаганню на фронце і ў тыле, вылучаліся адзінкавыя мастацкія тэксты на вясковую тэму Аляксея Кулакоўскага, Івана Шамякіна, аўтабіяграфічныя аповесці Янкі Брыля, што раскрывалі рэаліі Заходняй Беларусі («Сірочы хлеб», «У сям’і»). Заходнебеларуская тэматыка развівалася і ў рамане Піліпа Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах», дзе паказваліся складанасці жыцця і змагання пад польскай уладай.
Напісаннем аповесці «На ростанях» была завершана шматгадовая праца Якуба Коласа над аднайменнай трылогіяй, у якой асэнсоўваліся перыпетыі станаўлення нацыянальнай інтэлігенцыі, адлюстроўваліся пошукі адукаванымі маладымі людзьмі і самім пісьменнікам адметнага беларускага шляху.
Драматургія
Як і ў эпічнай паэзіі, у беларускай драматургіі пасляваеннага дзесяцігоддзя ярка выявілася патрэбнасць у асэнсаванні трагічных і гераічных падзей мінулай вайны. Па меркаванні даследчыка Міколы Мішчанчука, для падобнай тэматыкі найбольш прыдатны драматычны жанр — гераічная драма. Пры гэтым у пасляваенны час пачала плённа развівацца камедыяграфія. Лепшымі драматычнымі творамі дзесяцігоддзя справядліва лічацца п’есы на ваенную тэму: «Мілы чалавек», «З народам» Кандрата Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» Аркадзя Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» Кастуся Губарэвіча.
Першая п’еса беларускага драматурга Аркадзя Маўзона «Канстанцін Заслонаў » пра легендарнага беларускага партызана мела незвычайны поспех.
У 1947 годзе яна была пастаўлена ў Беларускім тэатры імя Янкі Купалы (сёння — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), у ролі Крушыны — Уладзімір Дзядзюшка, у ролі Кроплі — Глеб Глебаў.
Гэты спектакль атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. У 1949 годзе па п’есе быў зняты аднайменны фільм, які тады паглядзелі больш за 17 мільёнаў гледачоў.
Побач з творамі гераічнага зместу папулярнасцю ў драматургаў карыстаўся жанр лірычнай камедыі, дзе ўвага аўтараў звярталася на праблемы сучаснасці, аднак без заглыблення ў іх сутнасць. Нават такі таленавіты і вопытны камедыёграф, як Кандрат Крапіва, гаворачы пра пасляваеннае калгаснае жыццё ў п’есе «Пяюць жаваранкі», не пазбег спрошчанасці і павярхоўнасці ў вырашэнні канфлікту.
Тэорыя бесканфліктнасці —
тэрмін у літаратурнай крытыцы, які абазначаў адмаўленне ў творчасці ад традыцыйнага канфлікту «добрага з дрэнным» і сцвярджэнне правамернасці канфлікту «добрага з лепшым». Творы, напісаныя ў рэчышчы гэтай тэорыі, паказвалі савецкую рэчаіснасць у прыхарошаным выглядзе, у іх дзейнічалі толькі станоўчыя персанажы.
Падзеяй стала з’яўленне камедыі Андрэя Макаёнка «Выбачайце, калі ласка!», дзе аўтар засяродзіўся на выкрыцці сапраўдных заган грамадства, на высмейванні махінатараў і прыстасаванцаў. Камедыя маладога беларускага драматурга хутка атрымала агульнасаюзную папулярнасць і прынесла аўтару шырокую вядомасць. У ёй знарок парушаліся прынцыпы тэорыі бесканфліктнасці, што прадвызначала развіццё ўсіх сфер савецкага мастацтва.
Вынікам панавання тэорыі бесканфліктнасці сталі адыход ад традыцый рэалістычнага мастацтва, вялікая колькасць схематычных, ілюстрацыйных твораў, ігнараванне праблем надзвычай складанай пасляваеннай эпохі.
Не пагаджаючыся з падобным станам рэчаў, Кандрат Крапіва выступіў з палемічнымі і смелымі на той час артыкуламі «Аб сатырычнай камедыі» і «Канфлікт — аснова п’есы». Аўтар патрабаваў свабоду і самастойнасць для драматургаў, незалежнасць ад партыйных куратараў мастацтва і падпарадкаваных ім крытыкаў.
Другое пасляваеннае дзесяцігоддзе
Смерць Іосіфа Сталіна ў 1953 годзе прадвызначыла пафас абнаўлення і сацыяльнага аптымізму. Старэйшыя пісьменнікі Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Максім Танк, Янка Брыль, Іван Мележ, Іван Шамякін і іншыя выяўлялі новыя грані майстэрства. Пасля вымушанага маўчання і забыцця вярнуліся ў літаратуру творцы, якім пашчасціла выжыць пасля рэпрэсій (Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Сяргей Грахоўскі, Алесь Звонак і інш.). З прыходам маладой генерацыі «дзяцей вайны» (Вячаслаў Адамчык, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Васіль Зуёнак, Уладзімір Караткевіч, Iван Пташнікаў, Міхась Стральцоў, Янка Сіпакоў і інш.) распачаўся новы яркі этап у гісторыі айчыннай літаратуры.
ХХ з’езд КПСС (1956), на якім быў асуджаны культ асобы Іосіфа Сталіна, стаў пачаткам так званай «адлігі» — перыяду адноснай палітычнай і творчай свабоды ў савецкім грамадстве.
Паэзія
Характар паэзіі другога пасляваеннага дзесяцігоддзя вызначала тэндэнцыя да лірызацыі, узмацнення асобаснага пачатку. Любоў да роднага краю і клопат пра захаванне мовы сталі лейтматывамі лірыкі Пімена Панчанкі, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Караткевіча і інш. Шырокую прадстаўленасць мела філасофская лірыка, новым словам у якой загучала тэма асваення космасу (Аркадзь Куляшоў). У грамадзянскай лірыцы старэйшых паэтаў (Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пімен Панчанка) адлюстравалася пераацэнка ранейшых каштоўнасцей і ўласных творчых набыткаў. Паказальным у гэтых адносінах стаў верш Пімена Панчанкі «Анкета» — прызнанне ў тым, што паэт не заўсёды на высокім узроўні трымаў планку літаратурнага майстэрства, растрачваючы свой талент на пустыя словы.
Роздум над прызначэннем і прыродай паэтычнага мастацтва, часам балючы і пакутлівы, даў добрыя вынікі. Новы этап творчай эвалюцыі вопытных аўтараў засведчылі кнігі «Пахне чабор» Петруся Броўкі, «Смага» Кастуся Кірэенкі, «Новая кніга» Аркадзя Куляшова, «Мой хлеб надзённы» Максіма Танка, «Пры святле маланак» Пімена Панчанкі, «Твае далоні» Аляксея Пысіна.
Па-ранейшаму паэты не пакідалі без увагі ваенную тэму. У вершах 1960-х гадоў, напісаных прадстаўнікамі франтавога пакалення («Іван-чай» Аляксея Пысіна, «Сустрэча былых канагонаў» Міколы Аўрамчыка, «Акупацыя» Сяргея Дзяргая), знаходзілі мастацкае асэнсаванне трагічныя франтавыя падзеі, супраціўленне ў падполлі, знясільваючая праца і прыгнёт у палоне. Атрымала развіццё заяўленая раней тэма вогненных вёсак і лагераў смерці («Трасцянец» Максіма Танка, «Рэквіем па кожным чацвёртым» Анатоля Вярцінскага, «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына» Ніла Гілевіча).
Побач з гэтым радасцю жыцця, аптымізмам маладосці, адкрытасцю свету, настроямі вясны і абнаўлення поўніліся вершы паэтаў-пачаткоўцаў, пра што сведчаць назвы іх першых лірычных зборнікаў: «Песня ў дарогу», «Прадвесне ідзе па зямлі» Ніла Гілевіча, «Маладзік над стэпам», «Рунець, красаваць, налівацца!» Рыгора Барадуліна, «Сонечны дождж», «Лірычны вырай» Янкі Сіпакова і інш.
Аптымістычныя ноты, абумоўленыя вяртаннем на Радзіму, магчымасцю адкрыта займацца творчасцю і выдаваць кнігі, загучалі ў вершах рэабілітаваных літаратараў (Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Станіслаў Шушкевіч, Мікола Хведаровіч). У некаторых творах выяўляліся душэўныя пакуты вязня, рабіліся звароты да тэмы сталінскіх рэпрэсій (Сяргей Грахоўскі).
Проза
Шматлікія творы гэтага перыяду засведчылі вяртанне да класічных традыцый рэалістычнага мастацтва. Павысілася цікавасць літаратуры да ўнутранага свету звычайнага чалавека (апавяданні Івана Мележа, Янкі Брыля, Iвана Пташнікава, Івана Чыгрынава, Міхася Стральцова).
Дзякуючы Уладзіміру Караткевічу проза ўзбагацілася творамі гістарычнай тэматыкі (аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха»; раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»). Гістарычныя аповесці і раманы пісьменніка садзейнічалі папулярызацыі беларускага мінулага, абуджэнню нацыянальнай годнасці. Героі твораў — выключныя, смелыя, неардынарныя людзі — не пакідалі абыякавымі чытачоў рознага ўзросту. З імем Уладзіміра Караткевіча і яго аповесцю «Дзікае паляванне караля Стаха» звязана ўзнікненне ў айчыннай літаратуры жанру гістарычнага дэтэктыва.
Літаратурныя сувязі. Распачатую Уладзімірам Караткевічам традыцыю беларускага гістарычнага дэтэктыва працягваюць сучасныя пісьменнікі.
У 2004 годзе выдавецтвам «Мастацкая літаратура» заснавана серыя «Сучасны беларускі дэтэктыў». Першым быў выдадзены зборнік «Карона Вітаўта Вялікага». Гістарычныя дэтэктывы пісалі Міраслаў Адамчык («Забойства на Каляды»), Сяргей Балахонаў («Імя грушы»), Максім Клімковіч («Сцэнарый смерці», разам з Уладзімірам Сцяпанам — «Тэолаг»), Людміла Рублеўская («Золата забытых магіл»), Тэафілія Сабоцкая («Сапежынскі прывід»).
З часам развілася лінія беларускага міліцэйскага дэтэктыва, якая брала вытокі з сацыяльна-бытавой прозы: творы Мікалая Чаргінца, Віктара Праўдзіна, Андрэя Федарэнкі, Алеся Наварыча, Валянціны Кадзетавай, Уладзіміра Шыціка, Франца Сіўко.
У другое пасляваеннае дзесяцігоддзе з’явіліся раманы на тэму нядаўняга мінулага і сучаснасці, якія пазней стануць нацыянальнай класікай. Iван Мележ завяршыў працу над кнігай «Людзі на балоце», што разам з наступнымі раманамі «Подых навальніцы», «Завеі, снежань» складзе маштабнае мастацкае палатно «Палеская хроніка», прысвечанае паказу жыцця землякоў у паваротны перыяд гісторыі — напярэдадні і ў час калектывізацыі.
Раман Янкі Брыля «Птушкі і гнёзды», названы аўтарам «кнігай адной маладосці», узнаўляў старонкі біяграфіі самога пісьменніка: заходнебеларускае маленства, служба ў войску, гітлераўскі палон, прымусовая праца ў нямецкага гаспадара-баўэра, уцёкі на радзіму... У стылявых адносінах гэты твор значна адрозніваўся ад традыцыйнага рамана, паколькі ў ім пераважала лірычная плынь. Разгортванне знешніх падзей выцяснялася перадачай складанага ўнутранага жыцця галоўнага героя. Ключавыя тэмы і праблемы рамана — вызначэнне сутнасці фашызму і сталінізму, ідэя захавання міру, разуменне патрыятызму — раскрываліся праз лірычныя маналогі, з якіх складаецца гэты наватарскі ў тэматычных і жанравых адносінах твор.
Новымі павевамі ў грамадскім жыцці пасля ХХ з’езда партыі выклікана з’яўленне рамана Івана Шамякіна «Сэрца на далоні». Асноўная калізія заснавана на сутыкненні прадстаўнікоў старой і новай, паслясталінскай, эпохі. Цяжкія шляхі праўды пра гарадское падполле, запаўненне «белых плям» у яго гісторыі, звяржэнне ашуканцаў і рэабілітацыя абылганых падпольшчыкаў — тыя моманты, што ўтваралі галоўную сюжэтную лінію рамана. Пісьменнік закранаў і заўсёды актуальныя праблемы бацькоў і дзяцей, узаемаадносін у сям’і, паказваў стаўленне розных герояў да кахання, вернасці, сяброўства.
Рамантычнае разуменне гэтых паняццяў выяўлялася ў рамане Уладзіміра Караткевіча «Нельга забыць» — «амаль што сентыментальным » творы пра сапраўднае, наканаванае лёсам каханне, перашкодай для якога можа стаць толькі смерць.
У рамане «Нельга забыць» прататыпам Ірыны Горавай, каханай галоўнага героя, стала Ніна Молева, якая была выкладчыцай Уладзіміра Караткевіча на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве.
У якасна іншым рэчышчы адбывалася асэнсаванне ваеннай тэмы: спрошчанасць і апісальнасць, гераізацыя і рамантыка саступалі месца суровай «акопнай» праўдзе. На змену шырокаму ахопу рэчаіснасці прыходзіла ўдумлівае мастацкае даследаванне лакалізаваных у прасторы і часе падзей, заглыбленне ў псіхалогію персанажаў. Грамадскі рэзананс выклікалі ваенныя аповесці Васіля Быкава, які першы адмовіўся ад панарамных твораў і сканцэнтраваў увагу на малой колькасці персанажаў — радавых удзельнікаў вайны («Жураўліны крык», «Здрада», «Трэцяя ракета», «Альпійская балада», «Пастка»).
У аповесцях Васіля Быкава вайна паўставала ў самых суровых праявах, калі чакаць удару даводзілася не толькі ад ворага. Пісьменнік паказваў перараджэнне ўчарашняга таварыша, што вырашыў захаваць сваё жыццё цаной здрады, агучваў думку пра непрафесіяналізм камандавання, бяздумныя загады якога абарочваліся вялікімі чалавечымі стратамі, гаварыў пра блізкае суседства сапраўднага гераізму з крывадушнасцю, дробязнасцю і баязлівасцю, якія на вайне маглі каштаваць жыцця.
Адметнае месца ў прозе Васіля Быкава займае тэма ахвяр вайны: яго непакоіць і абурае тое, што за геапалітычныя гульні паміж краінамі плоцяць сваёй кроўю і жыццём ні ў чым не вінаватыя жанчыны, дзеці, старыя. Гэтай праблеме прысвечана, напрыклад, аповесць «Альпійская балада».
Партызанскі вопыт пісьменнікаў паслужыў асновай для раманаў Івана Навуменкі «Сасна пры дарозе» і Алеся Адамовіча «Вайна пад стрэхамі», дзе паказвалася асобаснае станаўленне і ўзмужненне ўчарашніх школьнікаў ва ўмовах акупацыі, іх барацьба ў тыле ворага.
Навукоўцы гавораць. Традыцыі ваеннай тэмы ў беларускай літаратуры закладаліся класікамі: Максімам Гарэцкім, Кузьмой Чорным, Міхасём Лыньковым.
Вылучаюцца тры перыяды ў эвалюцыі беларускай ваеннай прозы:
1) 1940—1950-я гады — «чорна-белы», часам рамантызаваны паказ вайны, з ідэальным героем і бесканфліктнасцю, уласцівымі паэтыцы сацрэалізму. Герой — просты і мужны чалавек, часцей селянін, які глядзіць на наступствы вайны вачамі гаспадара;
2) канец 1950-х—1970-я гады — адыход ад схематызму ў паказе сваіх салдат і ворагаў, увага да псіхалогіі герояў. Вайна — найперш фон для вырашэння праблем чалавечага існавання. Прыход у літаратуру «дзяцей вайны»;
3) 1980—2000-я гады — пераасэнсаванне вайны (Іван Навуменка, Васіль Быкаў, Вячаслаў Адамчык, Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік, Мікола Аўрамчык). Выяўленне ў творы таго, што героі нібыта ведаюць пра факты і дакументы, якія адкрыліся толькі ў пазнейшы час (Іван Чыгрынаў, Васіль Быкаў). Раскрыццё тэмы калабарантаў-здраднікаў (Вячаслаў Адамчык, Іван Чыгрынаў). Паказ вайны ў новым ракурсе: жанчына на вайне (Іван Шамякін, Святлана Алексіевіч), святары і вернікі на вайне (Васіль Быкаў, Ірына Жарнасек).
У творах маладзейшых пісьменнікаў народная трагедыя паўставала ў новым ракурсе — праз успрыняцце дзіцяці і падлетка. У апавяданнях Івана Пташнікава «Алёшка», Міхася Стральцова «На чацвёртым годзе вайны», Вячаслава Адамчыка «Салодкія яблыкі» і іншых даследаваліся складанасці сталення маленькага чалавека ў бесчалавечны час, раскрываліся таямніцы дзіцячай душы, мары, якім далёка не заўсёды суджана збыцца. Названымі творамі ў беларускай літаратуры заявіла пра сябе тэма абпаленага вайной маленства, што будзе плённа распрацоўвацца ў наступныя дзесяцігоддзі. Прадстаўнікі гэтага пакалення паклалі пачатак і ў засваенні айчыннай прозай хатынскай тэмы (аповесць «Тартак» Івана Пташнікава).
Драматургія. Папулярнай заставалася тэма Вялікай Айчыннай вайны: ёй прысвечаны п’есы «Юныя мсціўцы» Аляксандра Гутковіча і Уладзіміра Хазанскага, «Выбух» Міхаіла Алтухова і Мікалая Гарулёва, «Людзі і д’яблы» Кандрата Крапівы, «Марат Казей» Валянціна Зуба і інш. Узнікалі творы рэвалюцыйнай тэматыкі, рабіліся спробы асвоіць жанр сямейна-бытавой драмы, стварыць п’есы маральна-этычнай праблематыкі (Кастусь Губарэвіч, Аркадзь Маўзон, Валянцін Зуб, Іван Козел і інш.). Як адзін з галоўных вектараў развіцця драматургіі выразна абазначылася цікавасць аўтараў да сучаснай рэчаіснасці, надзённых пытанняў. Акрамя вядомых драматургаў, што працягвалі пошук новых тэм і канфліктаў, у новай якасці паспрабавалі сябе і паспяховыя празаікі Іван Мележ («Пакуль вы маладыя»), Іван Шамякін («Не верце цішыні»; «Выгнанне блудніцы»). Тым не менш драматургія, якая паступова пераадольвала наступствы тэорыі бесканфліктнасці, не мела такіх значных дасягненняў, як паэзія і проза.
Паслабленне ідэалагічных і цэнзурных абмежаванняў, адносная свабода творчасці, рэабілітацыя бязвінна асуджаных пісьменнікаў, шматлікія мастацкія знаходкі — усё гэта дало падставы даследчыкам называць другое пасляваеннае дзясяцігоддзе літаратурным рэнесансам, параўноваць з «бурапеннымі» 1920-мі гадамі.
ССЫЛКИ ДЛЯ СПИСКА ЛИТЕРАТУРЫ
Стандарт используется в белорусских учебных заведениях различного типа.
Для образовательных и научно-исследовательских учреждений РФ
Прямой URL на данную страницу для блога или сайта
Полностью готовые для научного цитирования ссылки. Вставьте их в статью, исследование, реферат, курсой или дипломный проект, чтобы сослаться на данную публикацию №1695586808 в базе LIBRARY.BY.
Добавить статью
Обнародовать свои произведения
Редактировать работы
Для действующих авторов
Зарегистрироваться
Доступ к модулю публикаций