Пятрусь Броўка. Паэма «Голас сэрца» як лірычная паэма
Критика на произведения белорусской литературы. Сочинения, эссе, заметки.
Паэмны жанр арганічна спалучае ў сабе адзнакі лірыкі і эпасу, аднак іх суадносіны могуць быць рознымі. «Голас сэрца» адпавядае асноўным характарыстыкам лірычнай паэмы. Напісаны ў форме маналога-споведзі, твор раскрывае розныя адценні перажыванняў лірычнага героя, увасабляючы агульную для канца 1950—1960-х гадоў тэндэнцыю да лірызацыі, узмацнення суб’ектыўна-лірычнага пачатку. У адрозненне ад паэм з перавагай эпасу, падобныя творы не маюць выяўленага сюжэта, а грунтуюцца найперш на ракрыцці складанага спектра лірычных перажыванняў, асобныя фрагменты аб’ядноўваюцца на аснове асацыятыўнай сувязі, а не па прынцыпе лагічнай паслядоўнасці. Падобная мастацкая арганізацыя тэксту характэрна для створаных у гэты перыяд паэм «Маналог» Аркадзя Куляшова, «Блакада» Рыгора Барадуліна і іншых, што ў фармальных адносінах бліжэй да цыклаў вершаў, злучаных вобразам лірычнага героя і праблемна-тэматычным адзінствам.
Адсутнасць скразнога сюжэта ў «Голасе сэрца» Петруся Броўкі становіцца фонам для перадачы «падзей» у душы лірычнага героя, дазваляе спалучаць розныя часавыя пласты, неаднолькавыя па сваім настроі адрэзкі тэксту, вяртацца да раней сказанага з мэтай акцэнтаваць увагу чытача на самым важным.
Лейтматыў —
мacтaцкi вoбpaз (дэтaль, дyмкa), штo пpaxoдзiць пpaз yвecь мacтaцкi тэкст, шэpaг лiтapaтypныx твopaў або нaвaт пpaз ycю твopчacць пicьмeннiкa.
Твор складаецца з чатырох частак, кожная з якіх прысвечана асобнай тэме, мае свой адметны настрой і раскрывае розныя грані душэўных перажыванняў лірычнага героя. Лейтматывам, што яднае фрагменты ў адзінае мастацкае цэлае, выступае памяць пра маці. У першай частцы ўзноўлены эмоцыі, якія перапаўнялі сына ў момант знаходжання «між дратоў Асвянціма». З першых радкоў паўстае вобраз маці-паланянкі, створаны пры дапамозе прачула-лірычных і трагедыйных інтанацый.
Другая частка поліфанічная па гучанні: трагедыйнасць то саступае месца сцішанаму лірызму, калі ўзгадваецца жывая маці за штодзённай працай, то выцясняецца патрыятычна-ўзрушанымі нотамі, калі гаворка ідзе пра матуліну дапамогу партызанам, то змяняецца публіцыстычнай ідэйна-эмацыянальнай накіраванасцю ў развагах пра пагрозу новай вайны і з’яўлення паслядоўнікаў фюрэра.
У трэцяй частцы публіцыстычна-выкрывальны пафас выступае на першы план: у паэме ўзнікае стэрэатыпны для часоў халоднай вайны вобраз заакіянскага ворага, для якога галоўная каштоўнасць — «грошы і зброя».
Халоднай вайной называюць перыяд супрацьстаяння паміж СССР і ЗША з 1946 года да канца 1980-х гадоў. Барацьба паміж лагерамі вялася без узброеных сутыкненняў і адбывалася ў сферы ідэалогіі.
У перыяд напісання паэмы адносіны паміж дзвюма звышдзяржавамі — СССР і ЗША — былі вельмі напружанымі, і пагроза новай сусветнай вайны здавалася рэальнай. На думку савецкіх людзей, і Петруся Броўкі ў тым ліку, усясветнае зло мела карані ў амерыканскай сталіцы. У паэме малюецца ўрбаністычны пейзаж Вашынгтона: ад помніка Лінкальну аўтарскі позірк сягае да штаб-кватэры Міністэрства абароны ЗША Пентагона і далей — да Арлінгтона, дзе знаходзяцца вайсковыя могілкі. Гэтыя назвы ўвасабляюць у паэме вайну і смерць.
Пятрусь Броўка не пазбегнуў рэзкіх абвінавачванняў у адрас амерыканцаў, як і не абышоўся без ідэалізацыі савецкага ладу жыцця ў чацвёртай частцы. Пры гэтым вернасць тагачасным ідэалагічным устаноўкам не перашкодзіла паэту палымяна, пераканаўча, публіцыстычна завострана выказаць ідэю захавання міру, клопат пра абяздоленых і пакрыўджаных. Выразны антываенны і гуманістычны пафас твора засноўваецца не толькі на роздумах над асабістым болем, але і на аналізе глабальных праблем сучаснага паэту жыцця.
Антываенныя ідэі могуць увасабляцца не толькі ў літаратуры, але і ў іншых відах мастацтва, напрыклад, у кінематаграфічным, музычным, выяўленчым. Найбольш пазнавальным ва ўсім свеце сімвалам міру з’яўляецца малюнак Пабла Пікаса — выява белай галубкі, якая нясе аліўкавую галінку. «Галубка Пікаса» ўзнікла ў 1949 годзе як эмблема Сусветнага кангрэсу прыхільнікаў міру, што праходзіў у Парыжы і Празе пры ўдзеле дэлегацыі Савецкага Саюза.
У паэме спалучаюцца лірычны і публіцыстычны пачаткі: моцны лірычны струмень, звязаны з вобразам маці, засцерагае паэму ад дэкларатыўнасці і лозунгавасці, уласцівых апошнім часткам. У заключным раздзеле паэт зноў звярнуўся да самага роднага чалавека з рытарычнымі воклічамі. Паўтарэнне ў фінале фразы «Маці! Адна ты, адна між мільёнаў», якая ў крыху змененым выглядзе ўжывалася ў самым пачатку і ў другой частцы, стварае своеасаблівы кампазіцыйны каркас, садзейнічае змястоўнай цэласнасці і фармальнай завершанасці твора. Адчуванне страты выходзіць далёка за межы сыноўняй, пашыраецца да страты агульнанароднай і агульначалавечай. Трагедыя сына абвастрае пачуцці паэта, грамадзяніна, чалавека, асабістае непарыўна спалучаецца з агульназначным.
ССЫЛКИ ДЛЯ СПИСКА ЛИТЕРАТУРЫ
Стандарт используется в белорусских учебных заведениях различного типа.
Для образовательных и научно-исследовательских учреждений РФ
Прямой URL на данную страницу для блога или сайта
Полностью готовые для научного цитирования ссылки. Вставьте их в статью, исследование, реферат, курсой или дипломный проект, чтобы сослаться на данную публикацию №1695586711 в базе LIBRARY.BY.
Добавить статью
Обнародовать свои произведения
Редактировать работы
Для действующих авторов
Зарегистрироваться
Доступ к модулю публикаций