Паэма «Сцяг брыгады»
Критика на произведения белорусской литературы. Сочинения, эссе, заметки.
Паэма мае форму паэтычнага дзённіка (апавяданне вядзецца ад імя Алеся Рыбкі). Сюжэт, выбраны Аркадзем Куляшовым (тры байцы выносяць з акружэння сцяг брыгады), дазволіў яму паказаць найбольш драматычныя падзеі ваеннага часу.
Умоўна-сімвалічны пачатак паэмы выявіў боль расстання з родным домам, горыч і роспач першых дзён вайны. Загаварылі, «нібы жывыя», хатнія рэчы: «конь майстэрскай работы, з кардону на колах драўляных» («Забяры, гаспадар, // Бо я тут усё роўна загіну»), лялька («Гаспадар, ты падай мне руку, // I не стой на парозе, // I вядзі, як дачку, // У натоўпе людскім па дарозе»).
Аўтар надзвычай праўдзіва перадаў успрыманне адступлення як жахлівай неверагоднасці («Што мяне палявыя дарогі // Вядуць, — я не веру, // Што па іх мае босыя ногі // Ідуць, — я не веру...»), гаркоту ад сваёй часовай бездапаможнасці, неабходнасці скрывацца ад ворага, які гаспадарыў у родным краі («Месяц сцежку ў дубняк // Залівае халодным праменнем; // Не магу аніяк // Я з уласным асвойтацца ценем...»), страшныя відовішчы фашысцкіх здзекаў, суровыя выпрабаванні грамадзянскай сілы і чалавечай мужнасці.
З успамінаў. «24 чэрвеня Мінск перажыў жудасную бамбардзіроўку, і бацька разам са знаёмым журналістам і выкладчыкам пад бомбамі шукаў ваенкамат, каб запісацца на фронт. У Калодзішчах на армейскім пляцы толькі чырвоныя пятліцы нагадвалі пра тое, што тут была армія — усе сталічныя ваенкаматы ўжо выехалі. Убачыўшы гэта, бацька страціў прытомнасць. Гэта быў яго першы інфаркт. Сябры па няшчасці неслі яго барысаўскімі балотамі тры дні. Урэшце Куляшоў устаў на ногі, і яны дабраліся да Оршы, дзе яшчэ дзейнічаў прызыўны пункт» (Валянціна Куляшова, дачка паэта).
Галоўны герой паэмы Алесь Рыбка пакінуў родны Мінск у трагічны час; вайна прынесла ў яго дом вялікае гора, разбурыла любімы горад, разлучыла з сям’ёй. Адчуваючы сябе сынам Радзімы, часцінкай свайго народа, ён пайшоў на суровую і цяжкую бітву з фашызмам, даючы святую клятву вярнуцца дамоў толькі з перамогай: «Я табе абяцаю і попелам родным клянуся, // Што з дарогі ўначы не саб’юся, // Вярнуся, вярнуся!..». Герой і ў самыя драматычныя моманты франтавога жыцця, нават пераходзячы лінію фронту, верыў у перамогу, справядлівасць змагання. Ён хацеў вярнуцца «не нікчэмным, слабым жабраком», а пераможцам: «…як бацька прыйду я ў дом, // Сонца ў дом // Прынясу на штыку, // Малаком // Напаю дачку, // Пасаджу свайго сына я // На жывога, // На баявога // Каня».
У героя паэмы чыстае сумленне і прыгожая душа. Ён не шкадаваў жыцця, выратоўваючы сцяг вайсковай брыгады, вынес з поля бою цяжка параненага Заруднага і гэтым выканаў свой высокі воінскі і грамадзянскі абавязак.
Мужнасцю і стойкасцю вызначаецца і камісар Зарудны. У цяжкія моманты змагання ён натхняў байцоў брыгады верай у перамогу. Правобразам героя паслужыў член Ваеннага савета 11-й арміі брыгадны камісар I. В. Зуеў, з якім Аркадзь Куляшоў быў асабіста знаёмы.
Паэт параўнаў мужнасць Заруднага і Алеся Рыбкі з паводзінамі Мікіты Ворчыка — наводчыка гарматы, аднаго з тых, каму пашанцавала застацца жывым. Пад уплывам панічных чутак Ворчык не бачыў сэнсу ў далейшым змаганні, не знаходзіў у сабе дастаткова сіл, каб пераадолець разгубленасць. У выніку ён кінуў баявых сяброў, шукаючы «цішыні і спакою» дома, дзе даведаўся пра трагічную смерць жонкі Марыны і яе перадсмяротную запіску з просьбай адпомсціць ворагу за здзекі і слёзы. Высветлілася таксама, што Ворчык, пакідаючы сваіх сяброў, забраў ватоўку з зашытым брыгадным сцягам. За здраду Мікіту выносіцца суровы прысуд.
Экзаменам на воінскую і грамадзянскую сталасць з’явілася для герояў твора пытанне: ісці далей у надзеі дагнаць фронт або заставацца ў «добрай удавы» Лізаветы:
— I куды, і куды мы ідзём? —
Крыкнуў Ворчык ад злосці.
У якую магілу нясём
Непатрэбныя косці?
Можа, войска няма,
Можа, праўду ўдава мне казала,
Што карычневая чума
Дапаўзла да Урала...
У вобразах хутаранкі Лізаветы, старасты-паслугача Мядзведскага, Мікіты Ворчыка аўтар паказаў маладушных людзей, здраднікаў.
«Паэма — гэта дамінуючае ўзыходжанне», — лічыў вядомы французскі паэт Рэнэ Шар. Гэта выказванне вельмі сугучна з куляшоўскім творам. Яго паэма паэтапна «нарошчваецца» не толькі ў сюжэтным развіцці, але і праз новыя эмацыянальныя ўзмацненні: напружаны бой («Вораг лезе і лезе, — лезе // У брані і жалезе, // Перамогу ён чуе...»); горкае адступленне («Доўга помніцца будзе мне гэтае // Чорнае ранне // І халодная сцежка мая...»); маркотнае вяселле («Ладзіць гэта вяселле Мядзведскі — // Прыслугач нямецкі. // ˂…˃ // За Мядзведскага замуж ідзе // Пад пагрозай дзяўчына, // Бо бацькі яе ў лютай бядзе...»); пакаранне Мікіты Ворчыка, шчымлівая сустрэча з хлопчыкам, які вельмі нагадвае Алесю Рыбку сына («Мне здаваўся даўгім яго шлях, // Босы, бег ён праз ямы, // Па халоднай зямлі, па лістах // І па сэрцы маім // Таксама...»).
Шырока ўвайшла ў паэму фальклорная плынь — народнае галашэнне з адценнем гістарычнай песні, якое нагадвае стыль «Слова пра паход Ігараў». Гэта праяўляецца ў выключнай сілы словах пра роднае, здратаванае чужынцамі жыта («Пакасілі яго кулямёты, // Усё пакасілі, // А тупыя фашысцкія боты // Яго малацілі. // Танкі гусеніц жорнамі // Жыта пасля памалолі, // Коні потныя, чорныя // Хлеб замясілі на полі»), у размове з ручаём («Што ж, прымай нас, ручай, // І вядзі па вадзе нас далёка, // І кустамі з бакоў засланяй // Ад нямецкага вока»), а таксама ў народных выслоўях («Калі пойдзеш полем, напрост, — // Да мястэчка дванаццаць вёрст, // А як пойдзеш шляхам — // Дванаццаць з гакам…») і ў песенным стылі («Сялянская хата // Стаяла над светлай ракою. // I жыў там араты // З Агатай сваёй і дачкою»).
Навукоўцы гавораць. «Куляшову, калі ён пісаў сваю сапраўды народную паэму, было важна аднавіць і ў сваёй душы, і ў душах усіх тую мелодыю, якою народ на працягу стагоддзяў выказваў самае запаветнае» (Рыгор Бярозкін).
Пазней, абагульняючы набыткі і вопыт беларускай паэзіі ваенных гадоў, Аркадзь Куляшоў гаварыў: «Асабліва моцна абвастралася пачуццё блізкасці з роднай зямлёю ў часы грозных выпрабаванняў для народа і Радзімы. Можа, у адзін з такіх момантаў і нарадзіліся словы… старадаўняга галашэння. Хіба не сугучна яно гору сірот, родныя якіх сталі ахвярай карных куль, попелам і дымам Майданекаў і Асвенцімаў?»
Нескароны беларускі народ выступіў непераможнай сілай. Гэты матыў набыў асаблівае гучанне ў пранікнёных лірыка-філасофскіх адступленнях і вырас у палымяны пратэст супраць цёмных сіл руйнавання i вайны: «Я хачу, каб вякі // Чорных асаў спалілі праклёнам, // Каб спалілі забойцу таго, // Яго сына i ўнука, // Хто з-пад крылля свайго // Бомбу першую кінуў на брук наш. // Хай загіне ўвесь род // I таго, хто апошнюю кіне, // Хай загіне ўвесь род, увесь зброд, // У пакутах загіне!».
Важную ролю ў мастацкім асвятленні падзей у паэме адыгрывае пейзаж. Малюнкі роднай прыроды лаканічныя, але яскравыя i эмацыянальна насычаныя; яны садзейнічаюць раскрыццю асноўнай патрыятычнай iдэi твора. Так, безназоўны лясны ручай «выводзіць» воінаў з акружэння, беражэ ix ад варожага «нямецкага вока» і нарэшце «прыводзіць» да хаты лесніка, дзе байцы знаходзяць часовы прытулак. Хаваючы іх у лесе, «след замяла // У дуброве мяцель залатая». А пасля «ў вячыстым спакоі // Шумелі i сосны, і хвоі», вартуючы сон стомленых салдат.
Прырода заўсёды гатова падтрымаць і абараніць сваіх дзяцей, якія за доўгі час вандраванняў непазнавальна змяніліся: «Я гляджуся ў крыніцы свае. // — Гэта хто? — пытаюць яны. // Я гляджуся ў ручай лясны, // І ў здзіўленні // Ручай звініць...». Гэта з’яднанасць чалавека з навакольным светам сімвалізуе глыбіню патрыятычных пачуццяў людзей, непарыўна звязаных са зняволенай зямлёй, што таксама стамілася ад варожай навалы і даўно «чакае ратунку».
Заключныя радкі твора гучаць аптымістычна: вестуном жаданай перамогі ў «Эпілогу» становіцца адноўленая брыгада, якая на чале з Зарудным пад сваім выпрабаваным у баях сцягам заняла зыходныя пазіцыі для штурму: «Бачыць кожны // На ўласныя вочы: // Вось яны — дарагія, // Маладыя, суровыя, // Гарадскія, вясковыя, — // Да акопаў белаю хмарай // Набліжаюцца дзецюкі; // Хутка, // Хутка па ворагу ўдараць // Гартаваныя іх штыкі».
Паэма Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады» сцвярджала духоўныя каштоўнасці народа — вальналюбства, высакародства, чалавечую годнасць і адначасова выяўляла нянавісць да ворагаў і іх паслугачоў. Аляксандр Твардоўскі назваў твор «голасам сэрца, напоўненага болем за родную беларускую зямлю, плачам па ёй і гарачай светлай верай у яе сілы да барацьбы, у яе вызваленне».
«Паэма, якая стваралася ў цяжкую пару, у самы разгар вайны, сёння ўспрымаецца як выдатны мастацкі дакумент свайго часу, які рознабакова раскрывае сэнс нашай перамогі, падтрымлівае нязгасную памяць аб вялікіх народных выпрабаваннях» (Аляксандр Твардоўскі).
ССЫЛКИ ДЛЯ СПИСКА ЛИТЕРАТУРЫ
Стандарт используется в белорусских учебных заведениях различного типа.
Для образовательных и научно-исследовательских учреждений РФ
Прямой URL на данную страницу для блога или сайта
Полностью готовые для научного цитирования ссылки. Вставьте их в статью, исследование, реферат, курсой или дипломный проект, чтобы сослаться на данную публикацию №1695583215 в базе LIBRARY.BY.
Добавить статью
Обнародовать свои произведения
Редактировать работы
Для действующих авторов
Зарегистрироваться
Доступ к модулю публикаций