Янка Купала. Біяграфія

Критика на произведения белорусской литературы. Сочинения, эссе, заметки.

NEW КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ


КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Янка Купала. Біяграфія. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2023-09-23

З любой вандроўкі Янка Купала прывозіў не сувеніры, а звычайныя каменьчыкі. Памятаў, адкуль кожны з іх, любіў перабіраць.


З часам у мінскім асяроддзі інтэлігентаў распаўсюдзілася гэта мода. Напрыклад,дома ў Петруся Броўкі таксама захоўвалася падобная калекцыя каменьчыкаў.


Іван Луцэвіч, якога мы больш ведаем як Янку Купалу, быў тым чалавекам, які ў многім прадвызначыў шляхі развіцця беларускай культуры ў ХХ і ХХІ стагоддзях. Гэта ўнікальная асоба, якая стварыла самабытную прастору ў сусвеце прыгожага пісьменства.


Янка Купала перажыў цяжкія часы: перыяд нацыянальнага адраджэння на стыку ХІХ і ХХ стагоддзяў, Першую сусветную вайну, тры рэвалюцыі, Грамадзянскую вайну, складаны час станаўлення савецкай улады, пачатак Вялікай Айчыннай вайны.


Іван Дамінікавіч Луцэвіч нарадзіўся ў вёсцы Вязынка, што недалёка ад Заслаўя, 7 ліпеня 1882 года. Бацькі пісьменніка арандавалі маёнткі ў розных мясцінах і часта пераязджалі. Атрымаўшы пачатковую адукацыю, Іван Луцэвіч мусіў заняцца гаспадаркай, бо памёр бацька.


Першыя вершаваныя спробы былі па-польску, але знаёмства з Ядвігіным Ш. перавярнула свядомасць будучага паэта: «Гэта была для мяне вялікая падзея, бо я ўпершыню сутыкнуўся з чалавекам, які не толькі пісьменнік, якога друкуюць, але і піша па-беларуску». Пасля выхаду першага зборніка «Жалейка» (1908) Купалу запрасілі на працу ў «Нашу ніву».


У 1908 годзе ў Пецярбургу ў выдавецкай суполцы «Загляне сонца i ў наша аконца» выйшла першая кніга Янкі Купалы «Жалейка». Сучасная даследчыца Ірына Багдановіч адзначыла: «Вобраз селяніна ў вершах “Жалейкі” далёкі ад таго забітага і пакорлівага тыпу, якім прызвычаіліся апісваць яго некаторыя гісторыкі “паўночна-заходняга краю царскай Расіі”. Селянін шукае віноўных у сваім бяспраўі, у ім выспявае жаданне барацьбы». І калі для беларусаў Купала быў паэтам першай велічыні, то для імперскіх чыноўнікаў яго творчасць выглядала небяспечна.


Янка Купала «...рэзка нападае на сучасны несправядлівы, па яго меркаванні, парадак рэчаў, пры якім можа існаваць, з аднаго боку, задаволенае, сытае і забяспечанае жыццё адных людзей, з другога — працоўнае, але, нягледзячы на гэта, поўнае нястач i нэндзы жыццё сялян. Глыбока жальбуе аўтар і аб тым, што народ не карыстаецца той свабодай, пры якой жыццё яго не магло быць такім няшчасным і беспрасветным» (З дакладной запіскі члена камітэта па справах друку пасля арышту кнігі). .


З успамінаў. «У тыя часы Янка Купала меў сталую працу ў бібліятэцы-пажычальні Даніловіча (пажычальня — грамадская бібліятэка, у адрозненне ад хатняй або прыватнай. — Аўт.), а ў “Нашай ніве” меў дапаможную працу... за перагляд і падгатоўку вершаў у “Нашу ніву” меў месца ў канторы для свайго раскладнога ложка... і пенсію» (Вацлаў Ластоўскі. «Успаміны аб Янку Купалу»)..


У хуткім часе паэт з’ехаў у Пецярбург, дзе навучаўся на агульнаадукацыйных курсах А. Чарняева (1909—1913). Жыў у кватэры прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы. Калі ў кватэру прафесара прыходзілі госці, то, паводле ўспамінаў Паўліны Мядзёлкі, «заўсёды з нецярплівасцю чакалі прыходу Янкі Купалы. <...> Не вельмі гаваркі ў часе шумных спрэчак, заўсёды сур’ёзны, Янка Купала ўважліва прыслухоўваўся да выказаных думак, час ад часу падаючы кароткія і трапныя заўвагі». У раздзеле «Світанак» кнігі «Кругі» Ян Скрыган успамінаў: «За час работы ў газеце я заўважыў адну характэрную рысу ў Янкі Купалы. Ён ніколі ці бадай што ніколі не прыносіў сваіх вершаў і не браў за іх ганарару. Усё гэта рабіла за яго цётка Уладзя. Ён жа звычайна заходзіў пасядзець, пагаварыць, папытацца, як пажываем. І тут жа каля яго збіраўся цэлы гурт. <…> Я ніколі не бачыў, каб Купала хадзіў адзін — вечна за ім цэлы хвост маладых. <…> А ён наперадзе. Твар шчаслівы, харошы, сяды-тады прабяжыць па ім усмешка».


У вольныя вечары наведваў тэатры, рыхтуючыся да ўласнага драматургічнага дэбюту: у Пецярбургу былі напісаны драматычная паэма «Сон на кургане» (1910), п’есы «Паўлінка» (1912) і «Раскіданае гняздо» (1913).


У 1913—1915 гадах Янка Купала быў рэдактарам газеты «Наша ніва». Потым з’ехаў у Маскву, дзе ў пачатку 1916 года ажаніўся з Уладзіславай Станкевіч.


Навукоўцы гавораць. Дзеля сцвярджэння беларускай ідэі Янка Купала развітаўся ва ўласнай творчасці са сваім шляхецтвам, якое атаясамлівалася з польскасцю, і заявіў: «Я — мужык-беларус, пан сахі і касы». Дзеля сцвярджэння той жа беларускай ідэі ён развітваецца і з самой іпастассю паэта-творцы. Жыццёва неабходна было рашуча заявіць: «Я не паэта, о крый мяне Божа, не рвуся я к славе гэткай нямала». І гэта зрабіў Купала (Паводле Жанны Некрашэвіч-Кароткай)..


Перыяд паміж Кастрычніцкай рэвалюцыяй 1917 года і пачаткам Другой сусветнай вайны стаў адным з самых нялёгкіх у жыцці паэта. Гэта быў час, калі востра паўстала пытанне прыняцця або непрыняцця новых парадкаў. Усе гістарычныя падзеі Янка Купала ўспрымаў як адданы Беларусі чалавек. У гэты час на Радзіме адна за адной змяняліся ўлады, а Купала заставаўся верным ідэі незалежнасці Беларусі, каб беларусы маглі «людзьмі звацца».


У творчасці Янкі Купалы перыяды аптымізму змяняліся днямі дэпрэсій і сумненняў, вынікам якіх з’явіліся алегарычныя творы «Сон», «Млечны Шлях», «Спадчына», «Паязджане» і інш. У аўтабіяграфіі 1919 года, дасланай Яўхіму Карскаму, Купала пісаў: «У душы маёй быў вечна нейкі пякельны разлад».


З успамінаў. «Ён, ад прыроды надзелены ўжо замкнутым характарам, яшчэ больш замкнуўся ў сабе, схаваўся ў нейкую зверхнюю халоднасць і, я сказаў бы, нават жорсткасць» (Вацлаў Ластоўскі. «Успаміны аб Янку Купалу»).



У 1920—1930-я гады Янка Купала актыўна займаўся грамадскай працай: быў адным з ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута беларускай культуры, удзельнічаў у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). За ўклад у літаратуру Янка Купала ў 1925 годзе атрымаў званне «Народны паэт БССР» і стаў першым, хто так быў ушанаваны.


«Народны паэт» — гэта ганаровае званне, якое прысвойвалася паэтам за асаблівыя заслугі ў паэтычнай дзейнасці, напісанне высокамастацкіх твораў, значны ўклад у айчынную літаратуру і шырокае грамадскае прызнанне.


Пасля Янкі Купалы гэта званне атрымалі Якуб Колас (1926), Пятрусь Броўка (1962), Аркадзь Куляшоў (1968), Максім Танк (1968), Пімен Панчанка (1973), Ніл Гілевіч (1991), Рыгор Барадулін (1992).



У 1930-я гады нязгода са спыненнем беларусізацыі вылілася ў тое, што паэт на нейкі час перастаў пісаць. Націск на беларускую інтэлігенцыю закрануў Купалу толькі ўскосна, але гэта надзвычай моцна яго параніла псіхалагічна. Да таго ж суправаджалася шальмаваннем яго творчасці ў друку. Лукаш Бэндэ1 так пісаў пра паэта ў 1932 годзе: «Такім чынам, і Янка Купала, і Якуб Колас у першыя гады пасля сканчэння грамадзянскай вайны яшчэ не ўспрымаюць перамогу рабочых і сялян над сваімі ворагамі, не мірацца з фактам існавання пралетарскай дыктатуры, дзе рабочыя і сяляне Беларусі з’яўляюцца “самі сабе гаспадарамі”, а застаюцца яшчэ на буржуазна-нацыяналістычных пазіцыях».


Восенню 1941 года Янка Купала разам з жонкай пераехаў у Татарстан, куды быў эвакуіраваны Саюз пісьменнікаў БССР. Адтуль ён адзін накіраваўся ў сваё апошняе падарожжа ў Маскву. Адправіў жонцы тэлеграму, што даехаў добра і ўдакладніў адрас: гасцініца «Масква», нумар 414. 28 чэрвеня 1942 года Янка Купала ўпаў у лесвічны пралёт у гасцініцы і разбіўся. А 30 чэрвеня не стала яго маці Бянігны Іванаўны. Пісьменнік не дажыў да свайго 60-гадовага юбілею некалькі дзён.


У гэты час Мінск быў акупаваны, таму паэта пахавалі на Ваганькаўскіх могілках у Маскве. У 1962 годзе прах Янкі Купалы быў перавезены ў Беларусь і змешчаны побач з магілай яго маці на Вайсковых могілках у Мінску.


Уклад у развіццё літаратуры


1. Янка Купала асэнсаваў і з вялікай мастацкай сілай увасобіў у слове трагедыю народа, якому адмаўлялі ў праве называцца нацыяй і мець дзяржаўнасць. А пясняр абвясціў гэта права, пішучы пра беларускі народ як пра цэласнасць.


2. Янка Купала абуджаў чалавечую годнасць сялян, ён заклікаў «людзьмі звацца» беларусаў, якія былі ўпэўнены, што нічога ў жыцці змяніць нельга. Паэт і вершамі, і ўласным прыкладам паказаў чытачам, што жыццё можна змяніць, калі прыкласці намаганні. Яго раннія нашаніўскія вершы займелі надзвычайны розгалас з прычыны агульнай рэвалюцыйнай сітуацыі ў Расійскай імперыі, у склад якой тады ўваходзіла тэрыторыя Беларусі.


3. Тэму сялянскага жыцця, якую Францішак Багушэвіч раскрываў на рэальна-побытавым узроўні, Янка Купала ўзняў да філасофскага абагульнення. З сялянскага паэта ён вырас у паэта нацыянальнага.


4. Янка Купала — апявальнік выключнага, таму сярод яго герояў шмат людзей надзвычайнага лёсу: да вядомых у літаратуры вобразаў беззямельнага, сіраты, жабрака ён дадаў рамантычныя вобразы бунтара, які паўстае супраць сацыяльных абставін, і апантанага чалавека, якога не разумее народ (паэма «Сон на кургане»).


5. Паэзія класіка надзвычай багатая ў эстэтычным плане: хоць па светаадчуванні Янка Купала — паэт-рамантык, у яго творах ёсць праявы не толькі рамантызму (верш «Цару неба й зямлі», паэма «Курган»), але і неарамантызму (паэма «Магіла льва»), і сімвалізму (верш «Паязджане», паэма «Адвечная песня»).


6. Як драматург Купала даў узоры драмы («Раскіданае гняздо»), камедыі («Паўлінка»), трагікамедыі («Тутэйшыя»). Распрацаваў новы для беларускай літаратуры жанр — драматычную паэму.


Адным словам, Купала быў не толькі паэтам-дэмакратам, песняром мужыцкай нядолі, але і паэтам-філосафам, які мысліў у планетарным маштабе і звяртаўся да праблем глабальнай значнасці: «прарок і натоўп», «паэт і народ», «нацыя і сусвет», а таксама да пытанняў пра чалавечае існаванне, прызначэнне жыцця, чалавечую долю і лёс (Паводле Пятра Васючэнкі).


__________________________________


1 Лукаш Бэндэ — прадстаўнік спрошчанай сацыялагізатарскай крытыкі, якая разглядае не мастацкія вартасці літаратурных тэкстаў, а паходжанне або нацыянальнасць аўтара і наяўнасць або адсутнасць у творы пралетарскай агітацыі. Артыкулы Лукаша Бэндэ ў друку часта станавіліся падставай для выключэння пісьменнікаў з літаратурных арганізацый, высылкі, зняволення, арышту.


Новые статьи на library.by:
КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ:
Комментируем публикацию: Янка Купала. Біяграфія


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.