Янка Лучына. Біяграфія

Критика на произведения белорусской литературы. Сочинения, эссе, заметки.

NEW КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ


КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Янка Лучына. Біяграфія. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2023-09-23

Пасля няўдалага падзення ва ўзросце каля 30 гадоў у Янкі Лучыны паралізавала ногі.


Спачатку ён мог хадзіць толькі на мыліцах, потым — з двума кіямі. Але гэта не зламала моцнага духам паэта — ён наведваў тэатры і нават хадзіў на рыбалку, на паляванне.


Янка Лучына — псеўданім Івана Неслухоўскага, польска-беларускага паэта, грамадскага дзеяча.


Ён нарадзіўся 6 ліпеня 1851 года ў Мінску. Яго бацька паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Лучыўка-Неслухоўскіх, вядомага яшчэ з ХІІІ стагоддзя, таму верагодна, што псеўданім Лучына звязаны з прыдомкам1 Лучыўка. Пачатковую адукацыю Іван Неслухоўскі атрымаў у прыватным пансіёне настаўніка Ціля. Навучанне ў пансіёне, відаць, не дужа падабалася хлопчыку, бо ў дзевяцігадовым узросце ён напісаў першы верш, у якім выказаў тугу па родным доме. Калі будучаму паэту споўнілася 14 гадоў, ён паступіў у 3-і клас Мінскай класічнай гімназіі, дзе вучыўся на выдатна.


У 1870 годзе Іван Неслухоўскі завяршыў навучанне ў гімназіі і паступіў на матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Да мая 1871 года ён старанна наведваў лекцыі, аднак потым нечакана папрасіў у рэктара дазволу на адпачынак і з’ехаў дадому. Юнак зразумеў, што матэматыка не прываблівае яго. У тым самым годзе ён паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, на механічнае аддзяленне, а ў 1877-м — стаў дыпламаваным інжынерам.


Падчас канікул будучы паэт адпачываў у бацькоўскім фальварку Мархачоўшчына пад Стоўбцамі. Некалі гэтым фальваркам валодаў Аляксандр Кандратовіч — бацька знакамітага паэта Уладзіслава Сыракомлі. Калі гэта і супадзенне, то надзвычай сімвалічнае: творчасць Сыракомлі ўсё жыццё было для Янкі Лучыны ідэйна-мастацкім арыенцірам.


Вядомы верш Уладзіслава Сыракомлі «Паштальён» паэт Леанід Трэфалеў яшчэ ў ХІХ стагоддзі пераклаў на рускую мову і назваў «Ямщик». І сёння яго многія ведаюць як рускую народную песню «Когда я на почте служил ямщиком».


Пасля інстытута Янку Лучыну накіравалі служыць на чыгуначныя склады ў горад Тыфліс (цяпер Тбілісі, Грузія) — тагачасны буйны прамысловы цэнтр Расійскай імперыі. Праз два гады Іван Неслухоўскі прыехаў на пабыўку ў Мінск, дзе захварэў на параліч. У Тыфліс ён не вярнуўся і ўладкаваўся на службу ў мінскае тэхнічнае бюро Лібава-Роменскай чыгункі.


З успамінаў. «Якую трэба было мець сілу волі, каб працягваць жыць паўнакроўна, не замкнуцца, не стаць мізантропам? Сучаснікі пісалі пра пісьменніка: быў ён “заўсёды вясёлы, дасціпны, у сямейным жыцці далікатны, добры, лагодны”; “гумар <...> яго ніколі не пакідаў, нягледзячы на калецтва”; “ні аднастайная праца, ні хвароба не здолелі сцерці з сімпатычнага твару аптымізм і бадзёрасць, не здолелі развеяць энергію, якая біла з той сумленнай душы моцным струменем”. Гэта быў варты павагі чалавек, далёкі ад ашуканства» (Ігар Запрудскі. «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя»).


Паэтычны дэбют Івана Неслухоўскага адбыўся ў 1886 годзе. У першым нумары прыватнай газеты «Мінскі лісток» быў надрукаваны яго верш «Не ради славы иль расчёта», які чытачы ўспрынялі як своеасаблівы дэвіз рэдакцыі «Лістка». У тым самым годзе ў папулярным польскім часопісе «Каласы» паэт надрукаваў верш «Раскоша натхнення», у якім ён прызнаўся ў любові да Радзімы і роднага люду. Такім чынам, Іван Неслухоўскі дэбютаваў адначасова на рускай і польскай мовах. А псеўданім Янка Лучына ён упершыню паставіў пад беларускамоўнымі вершамі-вітаннямі «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова» і «Дабрадзею артысту Манько». Украінскія артысты, якія ў 1887 годзе гастралявалі ў Мінску, так зачаравалі паэта сваімі меладычнымі песнямі і мілагучнай украінскай мовай, што падштурхнулі яго да беларускага слова. Але гэтыя творы Янка Лучына так і не надрукаваў.


Навукоўцы гавораць. «Мы бачым тут і глыбокае веданне паэтам (магчыма, нават інтуітыўнае адчуванне) прасадычных2 уласцівасцей беларускай мовы (рухомы націск, поўнагалоссе), для якой (як і для рускай мовы) больш арганічная менавіта сілабатоніка, а не сілабіка, так характэрная для блізкай яму польскай паэзіі.


У гэтым сэнсе Янка Лучына сапраўды пэўным чынам апераджаў свой час…» (Вячаслаў Рагойша).


Першы беларускі верш Івана Неслухоўскага выйшаў у 1889 годзе таксама ў «Мінскім лістку» і называўся «Вясновай парой». З гэтага часу творы ўсё часцей выходзілі з-пад пяра паэта па-беларуску. Мова роднага краю была для Лучыны арганічнай, а пераход з польскай і рускай моў на беларускую не выклікаў ніякіх цяжкасцей. Паэт размаўляў з чытачом ад імя мужыка («Што думае Янка, везучы дровы ў горад»), трапна перадаваў яго мову, пранікаў у псіхалогію селяніна. У вершы «Стары ляснік» Лучына стварыў рэалістычны вобраз палешука-паляўнічага Грышкі, у якім увасобіў духоўную моц, адлюстраваў ментальнасць беларуса, нястомнага і ўпартага працаўніка, годнага чалавека, носьбіта ўнутранай маральнасці.


Навукоўцы гавораць. Даследчык Уладзімір Мархель адзначыў, што верш «Стары ляснік» з’яўляецца арыгінальным творам, але мае цесную сувязь з часткай паэмы «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» пад назвай «Стары паляўнічы», якая была аўтарскім самаперакладам на беларускую мову з польскай.


 


Грышку можна паставіць у адзін рад з іншымі яркімі персанажамі літаратуры Беларусі гэтага перыяду — айчымам з паэмы «Кепска будзе!» Францішка Багушэвіча, Паўлам з аповесці «Хам» Элізы Ажэшка. Яны своеасаблівыя вясковыя праведнікі, беларускія апосталы, якія жывуць па законах праўды.


У 1892 годзе быў надрукаваны верш Янкі Лучыны «Роднай старонцы», якому было наканавана надзвычай моцна паўплываць на беларускі літаратурны працэс. Гэты верш разбіралі на эпіграфы і цытаты навукоўцы і пісьменнікі (Яўхім Карскі, Ядвігін Ш., Максім Багдановіч), з тэксту верша нарадзіліся назвы першых беларускіх газет «Наша ніва» і «Наша доля»: «Сонца навукі скрозь хмары цёмныя // Прагляне ясна над нашай ніваю, // I будуць жыці дзеткі патомныя // Добраю доляй — доляй шчасліваю!..»


 


Пры жыцці Івана Неслухоўскага выйшаў толькі нарыс «З крывавых дзён». Выдання польскамоўных твораў у зборніку «Паэзія» ён так і не дачакаўся. 16 ліпеня 1897 года Янка Лучына памёр, пакінуўшы неўпарадкаваны архіў, у тым ліку з беларускімі вершамі. Пахаваны ён на Кальварыйскіх могілках у Мінску.


Уклад у развіццё літаратуры


1. Творы Янкі Лучыны сталі адпраўным пунктам нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. Ідэйна-мастацкім арыенцірам яму служылі эпічныя творы Адама Міцкевіча. Іван Неслухоўскі захоўваў традыцыі паэзіі Уладзіслава Сыракомлі. Вершы паэта былі своеасаблівай уверцюрай да твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа.


2. Янка Лучына ўвасобіў у паэзіі беларускую нацыянальную ідэю як гуманістычную, рацыянальную, жыццёвую — праз шанаванне беларускага слова. Ён сфарміраваў у нашай культуры традыцыю абапірацца на духоўныя сілы чалавека, яго самадастатковасць, разуменне сябе і свету. Сацыяльныя пытанні Лучына закранаў апасродкавана, праз унутраныя перажыванні лірычнага героя.


3. Іван Неслухоўскі фактычна стварыў у мастацкай творчасці тып беларуса ХІХ стагоддзя, з яго тонкім складам душы, псіхалагічнай адметнасцю, цэласнай асобай.


4. Вялікія набыткі ў Лучыны і ў галіне стылю. У спакойных, стрыманых творах паэта ўзаемадзейнічаюць рэалістычны i рамантычны пачаткі. Ён свядома пазбягаў перанасычанасці паэтычнага радка дэкаратыўнымі, фальклорнымі элементамі, а больш давяраў арыгінальным вобразна-выяўленчым сродкам. Псіхалагізм i лірызм яго паэзіі супрацьстаялі парадыйна-бурлескнай традыцыі ў беларускай літаратуры, адкрывалі шлях да паглыбленага інтэлектуалізму ў паэзіі (Паводле Уладзіміра Конана, Уладзіміра Мархеля, Аляксандра Смоліка, Людмілы Кухто, Сяргея Дубаўца).


_____________________


1 Прыдóмак — першая частка шэрага складаных шляхецкіх прозвішчаў, якая ўказвае на прыналежнасць ўладальніка прозвішча да пэўнага роду.
2 Прасóдыя — раздзел фанетыкі, у якім разглядаюцца вышыня, сіла, працягласць, прыдыханне і іншыя дадатковыя прыметы артыкуляцыі гукаў.


Новые статьи на library.by:
КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ:
Комментируем публикацию: Янка Лучына. Біяграфія


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.