Апавяданне «Тралялёначка»
Критика на произведения белорусской литературы. Сочинения, эссе, заметки.
Атмасфера паслярэформеннай Беларусі яскрава паўстала ў апавяданні Францішка Багушэвіча «Тралялёначка». Адмена прыгоннага права хоць і зменшыла сацыяльнае напружанне, аднак не прынесла сялянам той свабоды, пра якую яны марылі. На змену пану-прыгонніку і аканому прыйшлі свае ж, больш спрытныя і хітрыя аднавяскоўцы, якія цягнулі з мужыка апошнюю капейку, даводзілі да жабрацтва.
У цэнтры апавядання — селянін Бартак Сасок. Аўтар ахарактарызаваў яго наступным чынам: «…нядобры быў чалавек: як пазыча суседу рубель, то яму трэба дзень араць, дзень касіць, дзень жаць, кожны дзень па грошу працэнту аддаць, а рубель рублём». Філасофія Бартака простая — там добра, дзе ёсць прыбытак. Аднак грошы не самамэта для яго. Бартак разумеў, што разам з багаццем атрымае ўладу над аднавяскоўцамі, зажыве па-панску.
Неўзабаве гэта мара вясковага скнары спраўдзілася. Бартак набыў суседні маёнтак, куды пераехаў разам з сям’ёй. Багушэвіч стварыў гратэскны вобраз хцівага селяніна, які пераапранаецца ў сурдут, набывае сякі-такі глянец, аднак па сутнасці застаецца тым самым драпежнікам, які з яшчэ большым размахам эксплуатуе вяскоўцаў. Колькі слоў варта сказаць і пра жонку Бартака — Касю. Яна моцна нагадвае Франку — гераіню аповесці Элізы Ажэшкі «Хам», напісанай за некалькі гадоў да апавядання Францішка Багушэвіча. Лёс абедзвюх жанчын шмат у чым падобны. У юнацтве яны патрапілі ў маёнтак да багатага пана, дзе набраліся «панскага духу», забыліся на сялянскую працу і сталі з пагардай глядзець на простых людзей. Касю спакусіў Камісар — і даў ёй 300 рублёў пасагу. Сквапны Бартак праз гэты пасаг і ўзяў Касю за жонку.
Ці магла такая сям’я быць шчаслівай? Пісьменнік адказаў на гэта пытанне адмоўна: у доме, дзе пануе не каханне, а халодны разлік, рана ці позна выбухне бяда. Бартак і Бартачыха разышліся, але толькі на пэўны час, каб у фінале апавядання яшчэ раз схапіцца ў непрымірымым змаганні за маёмасць. Грошы, багацце не прынеслі шчасця персанажам апавядання. Хутчэй, наадварот, сталі іх праклёнам.
Бартаку Саску і яго філасофіі нажывы супрацьпастаўлены свет працавітых і сумленных вяскоўцаў, якія за безліччу жыццёвых клопатаў не забываліся на міласэрнасць і спагаду. Тут зноў нельга не правесці паралель з вобразамі, якія стварыла Эліза Ажэшка ў аповесцях «Хам», «Дзюрдзі», «Людзі і кветкі на берагах Нёмана», «Нізіны», бо яны ўвасобілі агульны падыход да селяніна як асобы ў літаратуры ХІХ стагоддзя. Пісьменнікі ў адным ключы паказвалі беларускіх сялян як людзей з прыродным адчуваннем дабра, «інстынктам праўды», якія супрацьпастаўляліся людзям «цывілізаваным», бяздушным, для якіх грошы галоўнае. Падобны канфлікт, дарэчы, таксама стаў адным з асноўных у «Паляўнічых акварэльках з Палесся» Янкі Лучыны (вобраз Грышкі)1.
Другая жонка Бартака бліжэй да простых людзей, яны яе празвалі Тралялёй. Вось што паведаміў пісьменнік пра жанчыну: «…добрая была, вечны ёй пакой: бывала, хто ў вёсцы захварэе, то яна і па доктара пашле, і на лякарства дасць, і дзецям то па грушачцы, то па яблычку. Любілі тыкі мы яе, гэту Тралялю». На жаль, лёс гэтай жанчыны склаўся трагічна. Яна памерла, пакінуўшы малую дачку. «Тралялёначку ж тую бедную мы, злажыўшыся з душы па дзесяць грошы, аддалі, як сваё дзіця, да Марціскі крывой на мамкі на рок (да карміцелькі на год. — Аўт.), а далей не ведалі, што рабіць з беднай сіротачкай, дык ксёндз зыскаўся літасцівы — узяў малую кузянятачку да старой арганісціхі».
Канфлікт паміж светам сялян і светам сляпой нажывы хоць і меў востры сацыяльны характар, быў пададзены аўтарам у хрысціянскім этычным напрамку. За ўчынкі, тыя крыўды, якія здзяйсняў, Бартак быў пакараны — маёнтак згарэў, а сам ён трапіў у турму, дзе хутка і памёр.
______________________
1 Названы твор Янкі Лучыны разгледжаны далей.
ССЫЛКИ ДЛЯ СПИСКА ЛИТЕРАТУРЫ
Стандарт используется в белорусских учебных заведениях различного типа.
Для образовательных и научно-исследовательских учреждений РФ
Прямой URL на данную страницу для блога или сайта
Полностью готовые для научного цитирования ссылки. Вставьте их в статью, исследование, реферат, курсой или дипломный проект, чтобы сослаться на данную публикацию №1695483494 в базе LIBRARY.BY.
Добавить статью
Обнародовать свои произведения
Редактировать работы
Для действующих авторов
Зарегистрироваться
Доступ к модулю публикаций