Францішак Багушэвіч. Біяграфія
Критика на произведения белорусской литературы. Сочинения, эссе, заметки.
Падчас паўстання 1863—1864 гадоў былы настаўнік Доцішскай школы Францішак Багушэвіч ваяваў у атрадзе Людвіка Нарбута. У сутычцы з рускай арміяй ён быў паранены. Ад смерці пісьменніка выратавалі сяляне. Праз колькі гадоў юрыст Багушэвіч стане «сялянскім адвакатам» і будзе бясплатна абараняць правы простых людзей у судзе.
Францішак Багушэвіч нарадзіўся 21 сакавіка 1840 года ў фальварку Свіраны каля Вільні. Сям’я паходзіла са старадаўняй збяднелай шляхты.
Бацька паэта Казімір Багушэвіч мусіў даказваць сваё шляхецтва ў геральдычнай камісіі расійскага Сената. Неўзабаве пасля нараджэння Францішка Багушэвічы пераехалі ў спадчынны маёнтак Кушляны, што ў Ашмянскім павеце. Там прайшло дзяцінства хлопчыка. Пачатковую адукацыю ён атрымаў, хутчэй за ўсё, дома, а працягнуў вучобу ў Віленскай гімназіі. У навучальнай установе Багушэвіч надзвычай зацікавіўся гісторыяй і нават прыняў удзел у збіранні экспанатаў для Віленскага музея старажытнасцей.
Ёсць вялікая верагоднасць таго, што ў Вільні Францішак пазнаёміўся з вядомым польскабеларускім паэтам Уладзіславам Сыракомлем. Ва ўсякім разе Францішак быў запрошаны на адкрыццё музея, дзе прысутнічала ледзь не ўся інтэлектуальная эліта: Адам Кіркор, Яўстах Тышкевіч, Вінцэсь Каратынскі, Ігнат Ходзька. Словам, паэт трапіў у кола патрыятычна настроеных, надзвычай адукаваных і прагрэсіўных людзей, якія, безумоўна, паўплывалі на яго сталенне. Атмасфера ў гэтым асяроддзі нагадвала тую, што некалі была сярод філаматаў і філарэтаў, і зусім невыпадкова, што менавіта філаматы (Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан) сталі для Багушэвіча своеасаблівым маральным і жыццёвым арыенцірам.
У 1861 годзе Францішак Багушэвіч завяршыў навучанне ў гімназіі. Яго прозвішча згадвалася ў ліку лепшых выпускнікоў. Наперадзе — бліскучыя перспектывы. Паэт паступіў на фізікаматэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, аднак вучыцца там яму не давялося. Пачаліся студэнцкія хваляванні супраць новых правілаў, якія абмяжоўвалі правы студэнтаў. У лістападзе Францішак Багушэвіч прасіў рэктара аб звальненні «з прычыны цяжкай хваробы». Тым часам студэнцкі пратэст стаў такім сур’ёзным, што хутка прашэнне аб звальненні падаў сам рэктар, а напрыканцы снежня ўніверсітэт наогул быў часова закрыты ўладамі.
Таленавіты юнак вярнуўся на Радзіму, дзе вучыў беларускіх дзетак у прыватнай школе на Лідчыне. Беларусь (як і іншыя землі былой Рэчы Паспалітай) знаходзілася ў перадрэвалюцыйным стане, людзі марылі аб свабодзе. У 1863 годзе выбухнула паўстанне, і Францішак Багушэвіч прыняў у ім удзел. Змагаўся ў Аўгустоўскіх лясах, дзе быў паранены. Нейкім цудам яму ўдалося пазбегнуць трагічнага лёсу кіраўнікоў паўстання. Багушэвіч быў вымушаны скрывацца, з’ехаць з Беларусі на тэрыторыю Украіны, хоць у тагачасных умовах гэта было перамяшчэнне ў межах адной дзяржавы — Расійскай імперыі.
У 1865 годзе ён паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй, навучанне ў якім завяршыў толькі ў 1868 годзе. Гэта быў надзвычай складаны перыяд жыцця паэта: яму даводзілася літаральна змагацца за жыццё, хапацца за любую магчымасць зарабіць на кавалак хлеба. Атрымаўшы атэстат, Багушэвіч спачатку пераехаў у Чарнігаў, потым — у Кралявецкі павет, потым зноў у Чарнігаў. Працаваў судовым следчым.
У 1871 годзе яго перавялі ў Валагодскую губерню. Для такіх частых пераездаў, зразумела, была свая прычына — былы паўстанец скрываўся, не мог рабіць кар’еру, бо гэта прыцягнула б да яго залішнюю ўвагу. Толькі ў 1883 годзе, праз 20 гадоў пасля паўстання, пасля каранацыі Аляксандра ІІІ была аб’яўлена амністыя. Тады сотні «ўдзельнікаў польскага мяцяжу» пачалі вяртацца на Бацькаўшчыну.
У 1884 годзе Францішак Багушэвіч прыехаў у Вільню, прывёз небагаты набытак, а таксама жонку Габрыэлю, якая нарадзіла яму дачку Канстанцыю і сына Тамаша.
На Радзіме Багушэвіч зарабляў на жыццё адвакацкай дзейнасцю, пры гэтым набыў рэпутацыю абаронцы мужыкоў. З бедных людзей Багушэвіч грошы не браў, чым ускладняў і без таго няпростае матэрыяльнае становішча ўласнай сям’і.
Першыя вядомыя паэтычныя спробы Францішка Багушэвіча датуюцца 1880 годам, хаця не выключана і тое, што да мастацкага слова паэт звяртаўся значна раней, яшчэ падчас свайго навучання ў Нежынскім ліцэі.
Паэтычныя зборнікі Францішка Багушэвіча выклікалі неадназначную рэакцыю ў сучаснікаў. Знаходзіліся «добразычліўцы», якія папракалі паэта ў залішняй увазе да «мужыцкай» мовы і культуры. Надзвычай прыхільна да беларускамоўных вершаў Багушэвіча паставілася пісьменніца Эліза Ажэшка. Яна адзначыла і мілагучнасць, і хараство беларускай мовы, і багатую палітру паэтычнага таленту аўтара «Дудкі беларускай».
У 1891 годзе ў Кракаве першы зборнік паэта «Дудка беларуская» выйшаў неверагодным па тым часе тыражом у 3000 экзэмпляраў і актывізаваў кнігавыданне: пасля яго пачалі штогод выходзіць кнігі пабеларуску, аўтарскія або перакладныя. Беларуская мова ў ім перадавалася не кірылічным, а лацінскім
шрыфтам — беларускай лацінкай. Зборнік складаўся з 16 вершаў і паэмы «Кепска будзе!». Самыя вядомыя публіцыстычныя вершы гэтай кнігі — «Мая дудка», «Бог не роўна дзеле», «Праўда».
У 1907 годзе, праз сем гадоў пасля смерці Францішка Багушэвіча, кніга «Дудка беларуская» была перавыдадзена суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» ў дарагім (50 капеек) і танным (25 капеек) афармленні. Потым кніга вытрымала яшчэ пяць перавыданняў і была адной з самых шматтыражных на мяжы стагоддзяў.
Францішак Багушэвіч узяў сабе псеўданім — Мацей Бурачок. Такое імя спатрэбілася, каб чытач хутчэй даверыўся аўтару, які нібыта быў такім самым селянінам, а не збяднелым шляхціцам татарскага паходжання, кім па крыві насамрэч быў Францішак Багушэвіч.
Навукоўцы гавораць. Паводле Ігара Запрудскага, псеўданімы Мацей і Сымон былі абраныя Францішкам Багушэвічам невыпадкова: Мацей выступае як «той, хто гаворыць», а Сымон (у перакладзе са старажытнаяўрэйскай мовы) — як «той, хто чуе». Так, у другім зборніку «Смык беларускі» паэт зрабіў адсылку да першай кнігі: быццам бы Сымон Рэўка зпад Барысава, прачытаўшы «Дудку беларускую» Мацея Бурачка, пачуў беларускае слова і таксама стаў пісаць.
Другі прыжыццёвы зборнік «Смык беларускі» Францішак Багушэвіч выдаў, хутчэй за ўсё, у Познані ў 1894 годзе.
Навукоўцы гавораць. Верш «Смык», што даў назву другой кнізе паэта, верагодна, прысвечаны яго дачцэ Канстанцыі (Туні), на будучыню якой паэт ускладаў шмат спадзяванняў, нават вазіў яе ў Дрэздэн для навучання музыцы і спевам. Дзяўчына раптоўна страціла свой чароўны голас. А смык — гэта музыкатворчы інструмент, які павінен быў даць голас, відаць, не толькі самому паэту (Паводле Ігара Запрудскага).
Як і першая кніга, ён быў надрукаваны лацінкай, хоць пазней перавыдаваўся і кірыліцай. Падобна да таго, што, ужываючы некалькі псеўданімаў, Францішак Багушэвіч імітаваў наяўнасць актыўнага літаратурнага жыцця, прысутнасць на беларускім паэтычным Парнасе адразу некалькіх аўтараў. «Смык ёсць, а хтось скрыпку, можа, даробе, а там была “Дудка” — вот і мы зробім музыку». Гэта спатрэбілася, каб давесці чытачу, што беларусы нарэшце абудзіліся, што ўсё часцей з іх шэрагаў выходзяць паэты, а значыць, ёсць надзея на нацыянальнае і сацыяльнае адраджэнне.
Увогуле, тагачасныя псеўданімы мелі шмат функцый. Даследчыца Жанна Некрашэвіч-Кароткая лічыць, што прыналежнасць да шляхецкага саслоўя была ў ХІХ стагоддзі спосабам ідэнтыфікацыі: калі шляхціц, то паляк. Прычым слова «паляк» выкарыстоўвалася для абазначэння не этнічнай, а дзяржаўнай прыналежнасці.
У гэтых умовах Францішак Багушэвіч напісаў: «Маліся ж, бабулька, да Бога, каб я панам ніколі не быў», сцвярджаючы нешляхецкую і няпольскую нацыянальную прыналежнасць мясцовага насельніцтва. З той жа прычыны Цётка ў прадмове да «Скрыпкі беларускай» звярталася да чытачоў ад імя Гаўрылы з Полацка — тутэйшага чалавека: «Доўга я гадаў і думаў, як сябе зваць, ці то палякам, ці то літоўцам, бо слова “тутэйшы” мне нексьць не смакавала. І так колькі гадоў я хістаўся то на ту, то на другую сторану, аж покі не папала ў мае рукі “Дудка” Мацея Бурачка». Іншымі словамі, Цётка, як і многія чытачы твораў Францішка Багушэвіча, зразумела беларускасць гэтага аўтара праз яго адмаўленне ад «шляхецкасці» на карысць «мужыцкасці», што паказвалі і абраныя ім псеўданімы — Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава.
Змест зборніка «Смык беларускі» вельмі блізкі паводле сацыяльнай скіраванасці і вобразнага напаўнення да кнігі «Дудка беларуская». У яго ўвайшлі творы розных жанраў: вершы, песні, калыханка, балада, байка.
Навукоўцы гавораць. «Адзін сходзіць к народу са сваёю творчасцю. Другі сваёй творчасцю выходзіць з гэтага народу. Ад свету да народу — зверху ўніз — такі шлях Марцінкевіча (Дуніна-Марцінкевіча. — Аўт.) і, наадварот, ад народу да асветы — знізу ўверх — ішоў Францішак Багушэвіч» (Крытык Адам Бабарэка, член літаратурнага аб’яднання «Узвышша» (1920-я гады)).
У 1896 годзе Францішак Багушэвіч неспадзявана атрымаў спадчыну і адбудаваў сядзібу ў Кушлянах. Паэт падаў у адстаўку і вырашыў прысвяціць астатак жыцця творчасці. У красавіку 1900 года пад страхой бацькоўскага дома Францішак Багушэвіч памёр, аднак пакінуў пра сябе самую светлую памяць, застаўся ў гісторыі Беларусі як адзін з пачынальнікаў новай нацыянальнай літаратуры.
Уклад у развіццё літаратуры
1. Францішак Багушэвіч даў беларускай літаратуры ўзор аўтарскай сялянскай паэзіі. Нават псеўданімы падбіраў адпаведныя: Мацей Бурачок, Сымон Рэўка зпад Барысава. Да яго беларускамоўныя творы былі альбо ананімныя, альбо напісаныя шляхціцамі пра мужыкоў. Шляхціц жа Багушэвіч для актывізацыі літаратурнага працэсу пісаў ад імя селяніна.
2. Багушэвіч быў аўтарам першай цалкам беларускамоўнай кнігі паэзіі, стварыў першыя беларускія апавяданні «Тралялёначка», «Дзядзіна», «Палясоўшчык». З 1891 года, калі была выдадзена яго першая кніга, пачалі штогод выходзіць кнігі пабеларуску, аўтарскія альбо перакладныя.
3. Паэт сваёй творчасцю ініцыяваў узнікненне крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры.
4. У прадмове да «Дудкі беларускай» Багушэвіч падняў статус беларускай мовы ад гаворкі да еўрапейскай мовы, абапіраючыся на звесткі па дэмаграфіі, гісторыі і геаграфіі Беларусі, якія таксама сталі адкрыццём для яго чытачоў.
5. Францішак Багушэвіч вызначыў развіццё беларускай літаратуры на некалькі дзесяцігоддзяў наперад: надзвычайная папулярнасць яго вершаў пра сялян і сялянскае жыццё паказала паэтам наступных пакаленняў запатрабаванасць і важнасць гэтай тэмы.
ССЫЛКИ ДЛЯ СПИСКА ЛИТЕРАТУРЫ
Стандарт используется в белорусских учебных заведениях различного типа.
Для образовательных и научно-исследовательских учреждений РФ
Прямой URL на данную страницу для блога или сайта
Полностью готовые для научного цитирования ссылки. Вставьте их в статью, исследование, реферат, курсой или дипломный проект, чтобы сослаться на данную публикацию №1695483332 в базе LIBRARY.BY.
Добавить статью
Обнародовать свои произведения
Редактировать работы
Для действующих авторов
Зарегистрироваться
Доступ к модулю публикаций