Літаратура эпохі Барока (XVІІ—XVІІІ стагоддзі). Барока ў беларускай літаратуры
Критика на произведения белорусской литературы. Сочинения, эссе, заметки.
У XVIІ—XVIІІ стагоддзях беларуская літаратура развівалася ў рэчышчы якасна іншым у параўнанні з папярэдняй эпохай. У адрозненне ад культуры Адраджэння, якая арыентавалася на антычную гармонію і меру, мастацтва новага перыяду было скіравана на вытанчанасць, дасціпнасць, арыгінальнасць. Гэты новы напрамак пранік ва ўсе віды мастацтва і атрымаў назву барока — ад італьянскага слова «барока», што ў перакладзе азначае ‘нeзвычaйны’, ‘дзiўны’.
Як ні дзіўна, станаўленне барока як эстэтычнага светапогляду адбывалася адначасова з развіццём такіх логіка-рацыянальных навук, як алгебра, вышэйшая матэматыка (дзейнасць Рэнэ Дэкарта, Ісаака Ньютана, Готфрыда Лейбніца).
У беларускім барока спалучыліся заходнееўрапейскія, візантыйскія і мясцовыя традыцыі.
Найярчэй барока праявілася ў архітэктуры: былі пабудаваны храмы, магнацкія рэзідэнцыі, частка з якіх захавалася да нашых дзён (напрыклад, касцёл езуітаў у Нясвіжы (цяпер касцёл Божага Цела), кляштар дамініканцаў у Стоўбцах (цяпер касцёл Св. Казіміра), Фарны касцёл у Лідзе, Спаская царква ў Магілёве).
Паралельна ішла эвалюцыя паркавага мастацтва. У жывапісе расквітнеў жанр параднага партрэта. З’явіліся барочныя пастаноўкі ў тэатры Францішкі Уршулі Радзівіл — першай на тэрыторыі Беларусі жанчыны-драматурга, «нясвіжскай Мельпамены». Яе творы — камедыі, трагедыі, оперы — гэта перапрацоўка вядомых фальклорных або літаратурных сюжэтаў, зробленая згодна з маральна-этычнай пазіцыяй аўтара.
Ствараліся музычныя кампазіцыі ў новых жанрах: канцоны, сюіты («Полацкі сшытак»), выкарыстоўваліся новыя інструменты. Узбагацілася барочнымі традыцыямі кніжная графіка, прыкладам чаго могуць стаць магілёўскія старадрукі.
Творам літаратуры барока былі ўласцівы складаная метафарычнасць, эмацыянальная напружанасць, драматызм; героі маглі трапляць у незвычайныя сітуацыі, падзеі — адбывацца ў экзатычных мясцінах; героем твора была асоба няўпэўненая, раздвоеная, якая вагалася паміж аптымізмам і песімізмам, паміж раскаванасцю і стрыманасцю.
З умацаваннем каталіцызму амаль спынілася рэлігійная палеміка, якая была ўласціва Адраджэнню. На змену міжканфесійнай перапісцы і водпаведзям прыйшлі свецкія сатырычныя творы-пародыі на жанры афіцыйнай літаратуры — сеймавыя прамовы, дзелавыя пасланні.
Парадыйна-сатырычная проза — праяўленне свядомай мастацкай творчасці з ярка выяўленымі рысамі барочнага стылю (гратэскнасць, шматзначнасць). Найбольш выразнымі прыкладамі палітычнай сатыры можна лічыць ананімныя «Прамову Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча».
Творцы эпохі барока карысталіся стараславянскай, польскай і лацінскай мовамі, прычым пераважала польская (нават мясцовае летапісанне ажыццяўлялася па-польску, напрыклад хронікі Магілёва і Віцебска). Таму вельмі важным крокам у развіцці беларускай літаратуры стала вершатворчасць на беларускай мове.
Паколькі хутка развівалася тэатральнае мастацтва, вылучыўся прыдворны тэатр, а пры дварах арыстакратыі нават былі створаны аркестры, то заканамерна, што адбывалася развіццё і драматургіі. У духоўных навучальных установах — калегіях — з’явіўся так званы школьны тэатр, які даў пачатак станаўленню школьнай драмы.
Палітычная сатыра
«Прамова Мялешкі» — сатырычная пародыя на афіцыйны жанр сеймавай прамовы, які выкарыстоўваўся на пасяджэннях урада Рэчы Паспалітай. Невядомы аўтар для праўдападабенства сітуацыі выкарыстаў імя гістарычнай асобы — Івана Мялешкі — мазырскага падкаморыя1 і кашталяна2 смаленскага, але зрабіў гэта, хутчэй за ўсё, пасля яго смерці (1622). Разам з тым магчыма, што гэта рэальная прамова самога Мялешкі на сейме 1589 года,
толькі літаратурна апрацаваная.
Аўтар супаставіў час кіравання Жыгімонта І з праўленнем Жыгімонта ІІІ (Сігізмунда ІІІ Вазы) і паказаў, што за колішнім каралём было намнога лепш, як за сённяшнім: «Адзін толькі Жыгімонт Першы — салодкая памяць яго! <...> I значна лепей пры ім нашым жылося, хоць і не хадзілі ў дарагіх світах». Вялікае Княства Літоўскае ў часы Жыгімонта Старога было самастойнай дзяржавай: менавіта тады ўбачылі свет кнігі Францыска Скарыны, паэма «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага, быў прыняты першы Статут Вялікага Княства Літоўскага. Зусім іншая справа — гады праўлення Жыгімонта ІІІ, у прысутнасці якога нібыта і была сказана прамова: «...што старыя нашы князі сабралі — тое ўсё немцам раздалі нашыя гаспадары!»
У тэксце актыўна выкарыстоўваецца жывая гутарковая мова, можна сустрэць прыказкі, прымаўкі. Сам Мялешка паказаны іранічна — як чалавек старамодны, які трымаецца за ўсё старасвецкае. Вось як ён, напрыклад, ставіцца да навамодных рэчаў: «I тое на свеце дуроцце — гадзіннікі! <...> Добры наш гадзіннік — певень, бо няхібна апоўначы кукарэкае». Такая наіўнасць прамоўцы ў адлюстраванні і характарыстыцы звычаяў сучаснага яму шляхецкага асяроддзя пададзена невыпадкова: праз гэта крытыкавалася распаўсюджванне чужароднай культуры, падкрэслівалася перавага айчыннага перад іншаземным. «Прамова Мялешкі» хоць і прасякнута гумарам, але надзвычай патрыятычная паводле ідэі.
«Ліст да Абуховіча» быў створаны, як пазначана ў тэксце, 6 ліпеня 1656 года і падпісаны імем Цыпрыяна Камунякі. Ліст звернуты да рэальнай гістарычнай асобы — былога смаленскага ваяводы Піліпа Абуховіча. Той абвінавачваўся ў здрадзе інтарэсам Рэчы Паспалітай праз добраахвотную капітуляцыю даручанага яму гарнізона перад маскоўскім ваяводам Міхаілам Шэіным. Аўтар падтрымліваў распаўсюджаную версію здрады і дакараў адрасата ліста. Твор напісаны вельмі эмацыянальнай мовай, аўтар падкрэслівае ганебнае становішча здрадніка: «Лепей было, пане Піліпе, сядзець табе ў Ліпе. Укачаўся ўвесь у вялікую славу, як свіння ў бруд, горай тое сталася, чым хтось упадзе ў новым кажуху ў густое балота, у злым разуменні, у абгаворах людскіх і ў сораме сядзіць, як дзяцел у дупле».
Менавіта выкарыстанне элементаў размоўнай лексікі, трапных выразаў, дасціпнага гумару, іроніі, народнай вобразнасці, фразеалогіі яднае гэтыя два вострыя публіцыстычныя тэксты. У XVII стагоддзі гэта, несумненна, забяспечвала моцнае ўздзеянне твораў на чытачоў або слухачоў, фарміравала ў іх пэўную грамадскую пазіцыю ў адносінах да важных дзяржаўных, палітычных пытанняў.
_______________
1Падкамо´рый — супрацоўнік судовых органаў, якія займаюцца зямельнымі пытаннямі.
2 Кашталя´н — адміністратар замка і прылеглых тэрыторый.
Вершатворчасць на беларускай мове
Выдатным прадстаўніком літаратуры барока з’яўляецца Сімяон Полацкі (Самуіл Пятроўскі-Сітняновіч) (1629—1680) — пісьменнік, асветнік, філосаф, педагог.
Паходзіў ён з заможнай полацкай сям’і. Вучыўся спачатку ў Кіева-Магілянскай калегіі — адной з лепшых навучальных устаноў таго часу, а пасля — у Віленскай акадэміі. У 1656 годзе пастрыгся ў манахі. А праз восем гадоў прыняў запрашэнне рускага цара Аляксея Міхайлавіча і пераехаў у Маскву.
Сімяон Полацкі арганізаваў у Маскве лацінскую школу для служачых Прыказа тайных спраў. А ў 1667 годзе яго афіцыйна прызначылі выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей — царэвічаў Аляксея, Фёдара і царэўны Соф’і.
Наглядаў беларускі асветнік і за навучаннем будучага цара Пятра І, для якога выдаў у 1679 годзе «Букварь языка славенска, сиречь начало учения детям, хотящим учиться чтению и писанию».
Творчая спадчына Сімяона Полацкага шматгранная. Ён пісаў сатыру, драматычныя і багаслоўскія творы, віршы, павучанні, словы.
Сімяон Полацкі імкнуўся да ўдасканалення літаратурнага майстэрства, займаўся паэтычнымі эксперыментамі. Яшчэ ў кіеўскі і віленскі перыяды ён напісаў кнігу «Розныя вершы» на польскай і лацінскай мовах. Творы зборніка вызначаліся дыдактызмам і маралізатарствам, як, напрыклад, верш «Папярэджвай на пачатку», дзе паэт-настаўнік дасціпна і даходліва тлумачыў, чаму варта пазбягаць ліхіх думак:
Дубчык маладзенькі як хочаш скіруеш —
Дрэва ж старое ўжо не напрастуеш.
Рэчку з вытоку ўтаймаваці можна,
А разальецца — грэбля не паможа.
Полымя ў іскры тушаць: разгарыцца —
Можа так стацца — вады не збаіцца.
<...>
Гэтак і думак брыдкіх не трымайся —
Выкінь без жалю, з імі развітайся.
Навукоўцы гавораць. Беларускамоўная пісьмовая культура да ХVI стагоддзя не ведала самавызначэння «пісьменнік». Нават Сімяон Полацкі акрэсліваў сябе як «делатель Симеон Полоцкий».
А лацінамоўныя, а потым і польскамоўныя паэты Беларусі лічылі сябе прыналежнымі да цэху літаратараў. Выхаваныя на заходнееўрапейскай культурнай традыцыі, гэтыя аўтары эпох Рэнесансу і барока лічылі паэта другім богам, а значыць творцам (Паводле Уладзіміра Кароткага).
Барочная эстэтыка з яе ўскладненасцю формы і пышнай дэкаратыўнасцю найбольш яскрава выявілася ў графічных, або фігурных, вершах Сімяона Полацкага — каліграмах. У яго набытку ёсць фігурныя вершы ў выглядзе крыжа, сэрца, васьміканцовай зоркі, серпанцінавай стужкі, геаметрычных фігур. Паэт таксама захапляўся стварэннем неалагізмаў, слоўнай гульнёй — прыёмам, што быў закліканы забаўляць чытачоў, якія стаміліся ад навучання. Дзякуючы звароту да рэбуснай паэтыкі пісьменнік раскрыў не толькі талент вершатворцы-эксперыментатара, але і здольнасці педагога-наватара.
Асветнік актыўна займаўся і перакладчыцкай працай: ён ажыццявіў адзін з першых усходнеславянскіх паэтычных перакладаў Песняў цара Давіда і выдаў іх асобнай кнігай «Псалтыр рыфматворная».
Прапаведніцкае майстэрства Сімяона Полацкага раскрылася ў зборніках пропаведзяў «Абед духоўны» і «Вячэра духоўная», кожны з якіх налічвае больш за 1500 старонак. Таксама вядомы яго паэтычныя зборнікі «Вертаград1 шматкветны», дзе ў вершаванай форме пададзены звесткі з гісторыі, геаграфіі, антычнай міфалогіі, тэалогіі, і «Рыфмалагіён», куды ўвайшлі творы патрыятычнага зместу. Вядомы і драматычныя творы пісьменніка.
Часам асветнік запазычваў вобразы, сюжэты, матывы з антычнай літаратуры, інтэрпрэтаваў іх. У нейкай ступені ён спрыяў распаўсюджванню жанру байкі, бо пісаў і гумарыстычныя творы. Сваёй дзейнасцю Сімяон Полацкі сцвярджаў у свядомасці сучаснікаў уяўленне пра асаблівую каштоўнасць пісьменніцкай працы.
Дзейнасць Сімяона Полацкага аказала ўплыў на развіццё кнігадрукавання, а таксама сілабічнай паэзіі і драматургіі ў Расіі.
Паэт змог пераканаць цара, што друкарская справа прынясе таму «славу и прибыток», — і адкрыць друкарню ў Маскве.
Тамсама наш зямляк быў пачынальнікам стылю барока, які ў апошняй трэці ХVІІ стагоддзя стаў вядучым у маскоўскай прыдворнай культуры. Расійскія літаратуразнаўцы ўказвалі таксама на факт уплыву беларускай драматургіі на рускую, згадваючы менавіта імя беларускага асветніка (Паводле Уладзіміра Каялы).
_______________________
1Вертагра´д — сад; абгароджаныя пасадкі.
ССЫЛКИ ДЛЯ СПИСКА ЛИТЕРАТУРЫ
Стандарт используется в белорусских учебных заведениях различного типа.
Для образовательных и научно-исследовательских учреждений РФ
Прямой URL на данную страницу для блога или сайта
Полностью готовые для научного цитирования ссылки. Вставьте их в статью, исследование, реферат, курсой или дипломный проект, чтобы сослаться на данную публикацию №1695068845 в базе LIBRARY.BY.


По стандарту ВАК Республики Беларусь
По ГОСТу Российской Федерации



Добавить статью
Обнародовать свои произведения
Редактировать работы
Для действующих авторов
Зарегистрироваться
Доступ к модулю публикаций