LIBRARY.BY → КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ → Аляксандр Разанаў. «Горад» (1992) → Версия для печати
Дата публикации: 28 сентября 2023
Автор: Мельнікава З. П., Ішчанка Г. М., Мішчанчук М. І., Садко Л. М., Смаль В. М., Кавалюк А. С., Сенькавец У. А., Шчэрба С. М., Кахновіч Н. Д., Тарасава Т. М.
Публикатор: Алексей Петров (номер депонирования: BY-1695849198)
Рубрика: КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ
Источник: (c) Навукова-метадычная установа «Нацыянальны інстытут адукацыі» Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь
«Горад» (1992) — гэта вершаказ, які даследчыкі творчасці А. Разанава называюць аўтарскім і найбольш нацыянальным жанрам. Упершыню быў змешчаны ў кнізе «Танец з вужакамі». Творы, напісаныя вершаказам, не заўсёды магчыма перакласці на іншыя мовы свету. Гэта і адзін з самых суб’ектыўных жанраў, бо трактоўка таго або іншага слова, якое «пачынае гаварыць само», але вуснамі і розумам аўтара, не заўсёды супадае з меркаваннямі чытачоў.
Вершаказ нараджаецца ад спалучэння фанетычных, марфалагічных і граматычных адметнасцей слова, у ім увасоблена здольнасць паэта да асацыятыўнага мыслення, лагічнага супастаўлення, фантазіі. Вершаказ нагадвае гульню са словам, у працэсе аналізу аўтар «расшчапіў» слова на асобныя часцінкі: склады, гукі, літары і г. д. На іх аснове адшукваюцца іншыя словы, блізкія па гучанні і значэнні. Іх спалучэнне стварае сказы, а сказы разам — вершаказ, твор.
У першай страфе, роўнай аднаму складанаму сказу, даецца ацэнка гораду — проста гораду, без назвы, без указання месца яго знаходжання: горад «горды і высакародны». Метафарызаваная характарыстыка ажыўляе горад. Ён стаіць на грудзе, узвышаючыся ў ландшафце, але не адлучаючыся ад наваколля. Алесь Разанаў у першай страфе згадзіўся з традыцыйнай трактоўкай этымалогіі слова «горад»: горад ад слоў «груд» і «агароджваць». Груд уздымае горад, агароджа вылучае яго з навакольнага асяроддзя, робіць горад «цэнтрам», «сярэдзінай», «сарцавінай».
У другой страфе не проста канстатуецца тая або іншая ўласцівасць горада — паэт паказаў яго дзейснасць, стваральнасць: горад — «бесперапыннае пераўтварэнне дольняга ў “горнае”, мінулага ў “градучае”». А таму што ён «цэнтр», да яго скіраваны «ўсе позіркі», «усе дарогі сыходзяцца ў ім».
У трэцяй страфе А. Разанаў працягнуў даваць характарыстыку гораду: ён ужо «загартаваны» — вытрымаў выпрабаванні ў часе і барацьбе, быў надзейнай перашкодай для канкрэтных заваёўнікаў: «ордэна» і «арды». Указанне на пэўных імкліўцаў «да валадарства» ўдакладняе нацыянальную прыналежнасць горада. Беларускасці гораду надае згадка аўтара пра крывічоў і радзімічаў: ён для іх — «нібы ўзнагарода, родны і дарагі». Лагічны рад аўтарскіх разважанняў дае падставы сцвярджаць, што горад, аб’яднаўшы «вёскі, лясы, пасады, палі, агароды», стварае Радзіму, а «разнаісную грамаду смердаў, рамеснікаў, гандляроў — гуртуе ў народ».
Горад, урэшце, на думку А. Разанава, нават калі і згарае дашчэнту, то становіцца месцам, радовішчам, «з якога ён адраджаецца зноўку». Апошні сказ вершаказа падсумоўвае аўтарскія разважанні, хоць і не ўказвае на канкрэтны горад, але называе знакамітых яго жыхароў, родапачынальнікаў усіх полацкіх князёў — Рагвалода і яго дачку Рагнеду. У вершаказе «Горад», як і ў іншых творах гэтага жанру, А. Разанаў шырока карыстаўся алітарацыяй — паўтарэннем зычных «г», «р», «с», «з» і іншых, што выклікае дадатковыя сэнсавыя ўяўленні ў кожнага чытача.
Опубликовано 28 сентября 2023 года