LIBRARY.BY → КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ → Аляксандр Разанаў. «Барана» → Версия для печати
Дата публикации: 28 сентября 2023
Автор: Мельнікава З. П., Ішчанка Г. М., Мішчанчук М. І., Садко Л. М., Смаль В. М., Кавалюк А. С., Сенькавец У. А., Шчэрба С. М., Кахновіч Н. Д., Тарасава Т. М.
Публикатор: Алексей Петров (номер депонирования: BY-1695849177)
Рубрика: КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ
Источник: (c) Навукова-метадычная установа «Нацыянальны інстытут адукацыі» Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь
На думку А. Разанава, «у наваколлі ёсць шмат з’яў, прадметаў. І кожны прадмет, кожная з’ява, якая мае сваю назву, сваё слова, сваё паняцце, — яны, па сутнасці, хочуць адкрыцца, яны хочуць расказаць пра сябе». Пісьменнік, па словах І. Штэйнера, «бярэ на сябе ролю медыума, які дае магчымасць існаму распавесці пра сябе». Гэтыя існыя прадметы або з’явы трансфармуюцца ў вобразы твора. Нежывыя ў соцыуме, яны часта адухаўляюцца, набываюць у тэксце ўласцівасці жывога свету. Кожны з гэтых прадметаў або з’яў мае, па меркаванні паэта, сваю суб’ектываваную адметнасць, непадобнасць, якія расчытваюцца праз раскадзіраванне фонасемантычнага1 зместу і сэнсу пэўнага слова. Слова гэтае звычайна становіцца загалоўным, «выяўляе і вымаўляе сябе» і ўрэшце «вымалёўваецца ў карціну».
«Барана». У аснову гэтага верша паэт паклаў канфлікт паміж прыроднай існасцю і сацыяльнай неабходнасцю. «Барана — з бору», а калі з бору, то з дрэва, а калі з дрэва, то з жывога. Хто запытаўся ў дрэва, ці хоча яно развітацца са сваёй генетычнай першароднасцю: расці на зямлі, мацавацца да яе сваімі каранямі. Барана (дрэва) «не згаджаецца са сваёй абранай роляй», таму яна змагаецца, «абараняецца рукамі і нагамі ад прымусовага абранніцтва». Але праз гэта змаганне, учэпістасць у зямлю і здзяйсняецца працэс баранавання, апрацоўкі глебы.
Прыродная зададзенасць быць прыкутай, нерухомай вымагае ад бараны ўпартасці ў адстойванні сваёй натуральнай існасці. Але яе прымушаюць рухацца, яе «валакуць» насуперак яе жаданню, «пераадольваючы яе натуру, яе супраціўленне».
Барана — дамінантны вобраз вершаказа, але без поля яна не была б настолькі значнай сельскагаспадарчай прыладай. Поле таксама інертнае, бяздзейнае само па сабе — без бараны яно заставалася б здзічэлым дзірваном. Барана акультурвае зямлю і робіць яе полем, «бароніць яго ад няўроду».
Этымалагічна слова «барана» сапраўды роднаснае слову «бор», але паэт на аснове вымаўлення збегу зычных [б] і [р] з галоснымі [а] і [о] («барана», «бор», «забраная», «абараняецца», «абранніцтва» і інш.) стварае ўласныя асацыяцыі. Праз ланцужок лагічнай кампаноўкі названых лексем выяўляецца дынаміка аўтарскіх разважанняў, што ўтварае своеасаблівы лірычны сюжэт, заснаваны на акрэсленым вышэй канфлікце (бор і барана). Сюжэт мае экспазіцыю, завязку, кульмінацыю і развязку. Гэтыя этапы развіцця дзеяння-разважання аформлены ў строфы. Апошні сказ твора — ключавы: у ім утрымліваецца своеасаблівая выснова: «усякае поле для бараны — поле барацьбы, поле “брані”». Як бачым, А. Разанаў пашырае змястоўную насычанасць за кошт набыцця дадатковых значэнняў у пераносным сэнсе слова «поле» — яно ўсякае, бо барана пасіўная ў сваім выбары, і яно для бараны становіцца полем бітвы, пасля якой з’яўляюцца пераможцы і пераможаныя.
Прааналізаваны вершаказ чарговы раз сведчыць пра творча-кагнітыўны2 падыход А. Разанава да паэтычна-асацыятыўнага тлумачэння паходжання і прызначэння будзённых рэчаў, «без якіх не ўяўляецца рэальнасць». Яго тлумачэнні звычайных жыццёвых праяў, па словах І. Штэйнера, зыходзяць з паэтавага «ўяўлення аб тым, што ў слове заўсёды прысутнічае таямніца, закадзіравана нешта вельмі істотнае, схавана сапраўднае радовішча». Бачыць гэту слоўную таямніцу ўласціва толькі людзям з вялікім талентам інтуітыўна-творчага пазнання, якім, несумненна, валодае А. Разанаў.
________________________
1 Фонасемáнтыка — напрамак мовазнаўства, які вывучае гукавыяўленчую сістэму мовы. Яго сродкамі шырока карыстаюцца літаратуразнаўцы ў фонасемантычным аналізе твораў паэзіі.
2 Кагніты́ўны — пазнавальны.
Опубликовано 28 сентября 2023 года